Вольга Дашук. Гісторыя амерыканскій медый і журналістыкі. Лекцыя 1

ЛЕКЦЫЯ 1. З’ЯЎЛЕННЕ ПРЭСЫ НА АМЕРЫКАНСКІМ КАНТЫНЕНЦЕ

План:

1. Пачатак амерыканскай журналістыкі

2. Газеты ў амерыканскіх калоніях

Лічыцца, што газета без забойстваў і абрабаванняў, згвалтаванняў і інцэсту, садаміі, блюзнерства, падбухторваючых пісьмаў, фальшываманетчыкаў, пакаранняў і дуэлей прысвечана навінам. Энан.

Зададзім пытанне: што за імпульс паспрыяў узнікненню прэсы? Якія палітычныя, эканамічныя і культурныя ўмовы прывялі да нараджэння медыя ў іх сучаснай форме?

Звычайна ў якасці тэарэтычнага падмурк а для вывучэння развіцця медыя называюць дзве сацыяльныя парадыгмы. Гэта эвалюцыйная перспектыва (у яе сацыяльнай форме) і мадэль сацыяльнага канфлікту. Эвалюцыйная перспектыва тлумачыць ускладненне грамадства ці якой-небудзь канкрэтнай часткі грамадства (напрыклад, масавай камунікацыі) як механізм у адаптацыі да ўмоў сацыяльнага жыцця, якія ўвесь час змяняюцца. Сацыяльная эвалюцыя — гэта працэс змены розных форм узаемадзеянняў паміж людзьмі. Маленькія змены прыводзяць да інавацый, якія дасягненне нейкай мэты робяць больш хуткім і эфектыўным.

Эвалюцыйны сацыяльны працэс не такая ўжо таямнічая рэч. Творчыя людзі прапаноўваюць, развіваюць і ўдасканальваюць шляхі вырашэння праблем. Некаторыя прапановы прымаюцца і з цягам часу робяцца неад’емнай часткай культуры. Іншыя ж адхіляюцца ці выпрабоўваюцца нейкі перыяд, каб усё ж саступіць месца больш эфектыўным ідэям. Чалавек, як і астатнія жывыя істоты, імкнецца выжыць, што таксама адбываецца праз адбор ці, больш дакладна, праз практычнае выпрабоўванне розных ідэй. У рамках гэтага працэсу выпрацоўваюцца мадэлі сацыяльнай адаптацыі.

Мадэль канфлікту таксама дапамагае зразумець развіццё сучасных медыя. Яна ўспрымае грамадства як сукупнасць груп людзей, чые інтарэсы адрозніваюцца і чые мэты з’яўляюцца процілеглымі, супярэчаць адна адной. Паводле такой схемы, канфлікт — паўсюдны і непазбежны. Змена наступае тады, калі перамагае адзін бок ці калі абодва бакі выпрацоўваюць кампраміс. Паколькі розныя групы канфліктуюць і трэба вынайсці рашэнне, то медыя паўстаюць як адзін са сродкаў вырашэння розных канфліктных сітуацый праз камунікацыю паміж людзьмі і групоўкамі з рознымі сацыяльнымі інтарэсамі, што імкнуцца да іх рэалізацыі.

Як вынік павольнага эвалюцыйнага працэсу развіцця грамадства і дзеяння ў ім шматлікіх канфліктаў сучасныя мас-медыя выпрацавалі сістэму кантролю і інстытуцыялізаваных нормаў, таксама як і характэрныя формы выяўлення зместу таго, што адбываецца ў грамадстве ці розных сацыяльных групоўках. З цягам часу былі ўсталяваны і спецыфічныя тыпы фінансавай падтрымкі медыя, а таксама былі рэгламентаваныя адносіны паміж медыя і такім важным сацыяльным інстытутам, як урад. Усе мас-медыя сутыкаюцца і з дылемай уласных мэт, якія ў большасці выпадкаў супадаюць з мэтай адпавядаць запатрабаванням большасці і спадзяванням тых, чый культурны густ і адукацыйны ўзровень вышэйшы, чым у большасці грамадзян.

1. Пачатак амерыканскай журналістыкі

У Англіі друк стаў вядомы ў канцы 1400-х гг. Але прайшло каля паўстагоддзя, пакуль з’явіліся першыя прадвеснікі газет. Іх сталі называць corantos. Іх змест складалі замежныя навіны, і выходзілі яны нерэгулярна. З самага пачатку выпуск corantos жорстка рэгуляваўся ўрадам. А ў XVII істагоддзі быў уведзены кантроль над усімі формамі друкаваных выданняў.

Гісторыя развіцця прэсы выяўляе некаторыя заканамернасці. Напрыклад, у грамадствах з моцнай цэнтралізаванай уладай яе развіццё ідзе вельмі марудна. Пры слабай уладзе сродкі камунікацыі хутка прагрэсуюць. Чым больш урад залежыць ад грамадскай думкі, тым гэта больш спрыяе развіццю свабоднай прэсы. Моцнай манархіі, напрыклад, не ўласцівыя дыскусіі адносна таго, што кожны грамадзянін думае па тым ці іншым пытанні.

Развіццё прэсы распачалося ў перыяд, калі старыя феадальныя манархіі прыйшлі ў заняпад і надзённымі сталіся розныя канцэпцыі дэмакратыі. Змена палітычных інстытутаў, якая мела вынікам уладу грамадскай большасці, аказала ўплыў на масавую камунікацыю. Гэтыя змены паклалі пачатак традыцыям журналістыкі, а газеты зрабіліся арэнай палітычных дэбатаў, пратэстаў, каментарыяў.

У перыяд, што папярэднічаў амерыканскай і французскай рэвалюцыям, у заходнім грамадстве адбываліся самыя розныя змены. “Цемра” сярэднявечча саступіла месца Адраджэнню. На змену феадальнаму грамадству прыйшла новая сацыяльная структура, у якой сярэдні клас пачаў адыгрываць вельмі значную ролю. Гэтыя змены спалучаліся з развіццём камерцыі, што вылілася ў прамысловую рэвалюцыю. Бізнес, у сваю чаргу, рабіўся ўсё больш залежным ад сродкаў камунікацыі. Таму паўстала патрэба ў больш эфектыўнай камунікацыі, каб каардынаваць вытворчасць, кіраваць перавозкай грузаў, забяспечваць здабычу сыравіны, ажыццяўляць фінансавыя аперацыі, падтрымліваць рынкі збыту.

2. Газеты ў амерыканскіх калоніях

У XVI стагоддзі, калі Еўропа перажывала перыяд творчых пошукаў у галіне журналістыкі, тэрыторыя сучасных Злучаных Штатаў толькі асвойвалася прадстаўнікамі еўрапейскай цывілізацыі. Першыя геаграфічныя апісанні гэтых зямель былі зроблены іспанцамі, французамі і англічанамі. Адно з такіх апісанняў мае ў сваёй назве слова Relation. Аўтар — Альва Нуньес Кабеса дэ Васа, які падарожнічаў па тэрыторыі сучасных Тэхаса і Арызоны ў 1528—1531 гг., надрукаваў сваю кнігу ў 1542 г. Яна была перакладзена на мноства моў і мела вялікі поспех. За ёй у другой палове XVI стагоддзя з’явілася цэлая серыя замалёвак пра падарожжы па Амерыцы.

У XVII стагоддзі развіццю літаратуры пра Амерыку паспрыялі французы, у прыватнасці, Самюэль дэ Шампэн, аўтар падарожных апісанняў, выдадзеных у 1613 г. У той жа перыяд у друку з’явіліся кнігі галандцаў і англічан. Асаблівае месца сярод гэтых аўтараў займае Рычард Хекліт , аўтар “Розных прыгод”, выдадзеных у 1582 г.

У канцы XVI стагоддзя выдавец з Франкфурта-на-Майне Тэадор дэ Брэй задумаў серыю перыядычных публікацый пра геаграфічныя адкрыцці. Выданне меркавалася ілюстраваць гравюрамі. Інфармацыю і малюнкі прывозілі ў Еўропу падарожнікі. Першая серыя такіх апавяданняў выйшла ў 1590 г. Гэта былі нататкі англічаніна Томаса Харыята пра паўночнаамерыканскія землі, ілюстраваныя яго спадарожнікам Джонам Уайтам. У 1592 г. дэ Брэй выдаў “Надзвычайныя гісторыі Фларыды”.

Такім чынам, друкаваныя звесткі пра Амерыку з’явіліся ў Еўропе раней, чым узнікла ўласна амерыканская журналістыка. Развіццё арыгінальнай амерыканскай літаратуры і журналістыкі пачалося ў XVII стагоддзі, а менавіта з таго моманту, як на кантыненце з’явіўся друкарскі варштат.

А з’явіўся ён у 1613 г. у Кембрыджы (штат Масачусетс). На ім наборшчык Стывен Дэй надрукаваў “Кнігу псалмоў калоніі Масачусетс” і самы ранні звод законаў гэтай калоніі. У другой палове гэтага ж стагоддзя друкарскія варштаты сталі з’яўляцца ў Бостане, Філадэльфіі, Нью-Йорку. У бостанскай друкарні вывучаў рамяство наборшчыка і Бэнджамін Франклін.

На поўдні справа развівалася больш марудна. Першадрукаром тут лічаць партнёра Б.Франкліна Льюіса Цімаці, які адчыніў друкарню ў 1733 г.

У 60-я гг. XVIIІ стагоддзя друкарская справа распаўсюдзілася ва ўсіх амерыканскіх калоніях. Пры гэтым кожны ўладальнік друкарні раней ці пазней пераходзіў ад друкавання псалмоў да выдання газеты. Выданне “Грамадскай падзеі”, што адбылося 25 верасня 1690 г. у Бостане, было першай спробай выдання газеты. “Грамадская падзея” пражыла, аднак, усяго 4 дні, таму што яе выдавец Б.Харыс пачаў справу без папярэдняга дазволу губернатара. Сапраўднай першай амерыканскай газетай лічыцца “The Boston News Letter. Газета была заснавана Джонам Кэмпбелам і выходзіла да таго, як пачалася вайна за незалежнасць.

Далей газетная справа і, адпаведна, журналістыка развіваліся вельмі хутка. У 1735 г. толькі ў Бостане было 5 газет. А ў Філадэльфіі пачынаючы з 1719 г. стала выходзіць газета “American Weekly Mercury”.

У 1725 г. з’явілася першая штотыднёвая газета ў Нью-Йорку. Значны штуршок развіццю амерыканскай перыёдыкі надало вынаходніцтва Бэнджамінам Франклінам ручнога друкарскага варштата больш дасканалай канструкцыі. Нарэшце, друкаваныя газеты паўсталі ў самых розных гарадах краіны.

Заваёва Амерыкай незалежнасці сур’ёзна паўплывала на развіццё амерыканскага друку. Штодзённыя газеты з’явіліся ў ЗША ўжо падчас самой рэвалюцыі. Першай была “American Daily Advertiser”, якая стала выходзіць у Філадэльфіі ў 1784 г.

Хаця амерыканская рэвалюцыя была ў нейкім сэнсе працягам англійскай, яна, аднак, мела свой, зусім адрозны, характар. Яе асаблівасцю было развіццё ў двух накірунках. Першы — антыкаланіяльны, гэта барацьба з метраполіяй за нацыянальную незалежнасць. Другі — барацьба паміж мясцовымі арыстакратамі і дэмакратычнай часткай насельніцтва. Абодва гэтыя накірункі развіваліся паралельна, ператвараючы ўсіх амерыканцаў у рэвалюцыянераў і аднадумцаў, але да пэўнай мяжы, пасля якой яны рабіліся ворагамі. Менавіта ў перыяд амерыканскай рэвалюцыі былі закладзены асновы сучасных рэспубліканскай і дэмакратычнай партый.

Вайна за незалежнасць працягвалася з 1775 па 1783 гг., але рух пратэсту супраць каланіяльнага панавання Англіі пачаўся раней. У 1765 г. у Нью-Йорку была створана нелегальная арганізацыя “Сыны свабоды”, якую ўзначалілі дробныя гандляры з радыкальнымі поглядамі. Яны выступілі не толькі ініцыятарамі байкоту англійскіх тавараў, але і запатрабавалі палітычнай роўнасці. Пазіцыя так званых “памяркоўных” амерыканцаў, галоўным чынам, буйных землеўласнікаў, спачатку была яўна праанглійскай. Адзін з “айцоў-заснавальнікаў” ЗША Г.Морыс (дарэчы, у амерыканскіх кніжках і артыкулах гэты выраз — “айцы-заснавальнікі” — сустракаецца надзвычай часта) выказваўся за “ўз’яднанне з бацькоўскай дзяржавай”, каб не апынуцца “пад валадарніцтвам мяцежнай чэрні”. Але найбольш дальнабачныя прадстаўнікі эліты, якія імкнуліся да незалежнасці, сталі хутка кантраляваць рэвалюцыйны рух. І ўсё ж на працягу ўсёй вайны ў рэвалюцыйным руху існавалі дзве сілы, што і сутыкнуліся ў грамадзянскай вайне.

Палітычная барацьба істотна паўплывала на характар журналістыкі гэтага перыяду. Палітычны памфлет атрымаў небывалае развіццё. Дарэчы, і да нашых дзён ён застаецца адной з важных форм журналісцкай творчасці ў ЗША.

Падчас рэвалюцыі большасць газет узяла бок каланістаў, што выступілі супраць Брытаніі, таму прэса адыграла важную ролю ў распаўсюджванні ідэй рэвалюцыі. Аднак гэтыя газеты яшчэ нельга назваць сродкамі масавай інфармацыі. Іх наклады былі маленькімі (звычайна 1.000 асобнікаў ці каля таго). А самі газеты былі дарагімі. Тэкст набіраўся ўручную. Прэсы друкавалі вельмі марудна, дастаўка каштавала дорага, а рэкламы, каб пакрыць усе выдаткі, было недастаткова. Тым не менш, палітыкі хутка заўважылі каштоўнасць прэсы і пачалі засноўваць выданні, якія выражалі б іх уласныя погляды. У час адміністрацыі Джорджа Вашынгтона, напрыклад, федэралісты выдавалі “Gazette of the U.S.”, антыфедэралісты — National Gazette”.

У перыяд з 1763 па 1783 гг. амерыканскія друкарні (іх было на той момант 200) выпускалі каля 9 тысяч друкаваных выданняў — газеты, кнігі, плакаты. Усе гэтыя выданні былі полем палітычнага змагання паміж федэралістамі і рэспубліканцамі. У ім удзельнічалі практычна ўсе лідэры амерыканскай рэвалюцыі, за выключэннем, можа быць, Вашынгтона. Найбольш яскравымі прадстаўнікамі супрацьлеглых бакоў былі Т.Джэферсан, Томас Пэйн і Аляксандр Гамільтан.

Т.Джэферсан — адзін з “айцоў-заснавальнікаў” нацыі, палітычны дзеяч, публіцыст і прэзідэнт ЗША — вылучаецца ў гісторыі краіны не толькі як адзін з лідэраў амерыканскай рэвалюцыі, але, перш за ўсё, як стваральнік знакамітай “Дэкларацыі Незалежнасці”. Дэкларацыя акумулявала ў сабе лепшыя ідэі англійскай, амерыканскай і французскай Асветы. Аўтар “Дэкларацыі” выступае як прыхільнік тэорыі “натуральнага права”, паслядоўнік філасофіі Джона Лока, у якога ён узяў ідэю “ўласных свабод грамадзян і абмежавання функцый дзяржавы”. Дэкларацыя напісана ідэалістам. У ёй абвяшчаюцца правы кожнага чалавека на “жыццё, свабоду і імкненне да шчасця”.

Джэферсан выступаў супраць моцнай улады і стварэння цэнтралізаванай дзяржавы ў ЗША. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны ён палемізаваў па гэтым пытанні з А.Гамільтанам.

Томас Пэйн — англійскі рамеснік, самавук, гуманіст і прыхільнік тэорыі “натуральнага права”. Ён прыехаў у Амерыку напярэдадні рэвалюцыі і адразу ж стаў яе ўдзельнікам, больш таго, натхняльнікам амерыканцаў. У 1775 г. Т.Пэйн ужо быў рэдактарам штомесячнага “Пенсільванскага часопіса”. За тры месяцы яго працы колькасць падпісчыкаў павялічылася з 600 да 1.500. Артыкулы, падпісаныя “Эзоп”, “Атлантыкус”, “Голас народа”, вызначаліся дасціпнасцю і прастатой. Першымі ідэямі, што завалодалі ім на амерыканскай зямлі, былі адмена рабства і антыкаланіяльная барацьба.

Пасля першых сутычак “сыноў свабоды” з англічанамі ў студзені 1776 г. у Філадэльфіі выйшла маленькая кніжка пад назвай “Здаровы сэнс”. Гэта быў памфлет Томаса Пэйна, які ўскалыхнуў усю Амерыку. Памфлет не проста зрабіў знакамітым свайго аўтара, ён стаў сімвалам, гімнам амерыканскіх барацьбітоў за незалежнасць. Такой папулярнасці не мела яшчэ ніводнае друкаванае выданне ў Амерыцы. Наклад памфлета дасягнуў 500 тысяч асобнікаў. Ён захапіў літаральна ўсіх амерыканцаў і зрабіў іх прыхільнікамі незалежнасці.

“Здаровы сэнс” — гэта заклік да барацьбы. “Усё вырашыцца падчас бою”,— пісаў аўтар. Але гэта не толькі лозунг. У памфлеце дадзена абгрунтаванне натуральнага права амерыканскага народа на барацьбу за незалежнасць. Паступаць згодна з гэтым правам — гэта і быў той здаровы сэнс, да якога заклікаў Пэйн.

Сіла памфлета палягала не столькі ў выкладанні тэорыі натуральнага права (тут Пэйн быў толькі паслядоўнікам сваіх вялікіх папярэднікаў — Гобса, Русо), колькі ў тым, што ён зрабіў гэтую тэорыю даступнай і блізкай народу, выказаў яе простай мовай, пераканаўча і страсна.

Пасля выхаду “Здаровага сэнсу” Пэйн робіцца трыбунам “незалежных”. Ён бярэ ўдзел у ваенных дзеяннях і працягвае пісаць. У “Пенсільванскім часопісе” на працягу наступных сямі год друкуецца серыя з 13 артыкулаў пад назвай “Амерыканскі крызіс”, у якіх закранаюцца праблемы ваенных часоў (шпіянаж на карысць Англіі, фінансавае бязладдзе, праблемы кіравання новай дзяржавай, нацыянальнае адзінства…). Менавіта ў адным з артыкулаў гэтага цыкла ўпершыню прагучала назва “Злучаныя Штаты Амерыкі”.

Пасля падпісання Парыжскай мірнай дамовы, калі маладая амерыканская дзяржава пачынае будаваць тое, што пасля назавуць амерыканскай дэмакратыяй, Пэйн выступае на баку рэспубліканцаў. У гэты час ён робіцца сябрам “Грамадства палітычных даследаванняў”, створанага Франклінам. Ён абараняе Пенсільванскую канстытуцыю і выступае за аўтаномію штатаў. У 1786 г. выходзіць яго трактат “Развагі пра дзяржаву, банкі і папяровыя грошы”, у якім ён выступае за ліквідацыю папяровых грошай, выпушчаных у вялікай колькасці ў цяжкія ваенныя часы, і за захаванне банка.

Акрамя журналістыкі, Пэйн меў яшчэ многа захапленняў і заняткаў. Адным з іх быў праект пабудовы маста. Аднак ажыццявіць гэту ідэю ў Амерыцы не ўдалося, таму ён паехаў у 1787 г. у Францыю з надзеяй увасобіць свой праект у Еўропе. Цікавы лёс: Пэйн апынуўся ў Парыжы напярэдадні Вялікай Французскай рэвалюцыі і стаў удзельнікам дзвюх найвялікшых падзей XVIIІ стагоддзя. У 1791 г. Пэйн разам з Кандарсэ выдаваў у Парыжы газету “Рэспубліканец”.

У 1802 г. Пэйн вярнуўся ў Амерыку, дзе працягваў займацца журналістыкай. У рэспубліканскай газеце “Нэшнл Інтэліджэнсэр” былі надрукаваны 8 ягоных лістоў “Да грамадзян Злучаных Штатаў”, у якіх ён падтрымліваў палітыку Джэферсана і выступаў супраць федэралістаў.

Апалагетам федэралістаў быў Аляксандр Гамільтан. Адна даследчыца назвала А.Гамільтана “Русо правых”. Гамільтан заклікаў да скасавання асабістых інтарэсаў на карысць інтарэсаў нацыянальных і бачыў у гэтым вышэйшую дабрачыннасць. Але самым бездакорным ахоўнікам нацыянальных інтарэсаў, на яго думку, можа быць толькі манарх ці губернатар — прадстаўнік моцнай улады.

А.Гамільтан браў удзел у вайне за незалежнасць. Ён быў ад’ютантам Д.Вашынгтона і праявіў сябе на гэтай пасадзе як чалавек таленавіты і мэтанакіраваны. Але галоўным яго заняткам была палітычная дзейнасць. Пасля заканчэння вайны ён атрымоўвае юрыдычную адукацыю і пачынае весці актыўнае грамадскае жыццё.

У 1781—1782 гг. у газеце “Нью-Йорк пакет” выйшла 6 вялікіх артыкулаў, падпісаных “Кантыненталіст”. Гэта былі артыкулы Гамільтана. У іх была распрацавана аргументацыя на карысць цэнтралізаванай улады. Вядомы афарызм аднаго з лідэраў федэралістаў Дж.Джэя выразна акрэслівае пазіцыю палітычнай групоўкі: “Тыя, хто валодае краінай, хай ёю і кіруюць”.

Гамільтан прысвяціў сябе фарміраванню і прапагандзе тэарэтычнай базы федэралізму. Больш таго, ён многа зрабіў для заснавання эканамічнага падмурка будучай дзяржавы, стварыўшы першы амерыканскі нацыянальны банк.

Дыскусія паміж федэралістамі і рэспубліканцамі, распачатая артыкуламі “Кантыненталіста”, атрымала развіццё. Аргументацыя Гамільтана, выкладзеная ў 1781—1782 гг., была дасканала распрацавана ў серыі артыкулаў пад агульнай назвай “Федэраліст”, напісаных падчас стварэння амерыканскай канстытуцыі, якая мела мэтай перадаць уладу з рук многіх нямногім. Неабходнасць гэтага трэба было абгрунтаваць. Пры гэтым перад правымі стаяла задача знішчэння апазіцыі. Гэта можна было зрабіць, давёўшы да большасці слушнасць асноўных палажэнняў зводу законаў.

За гэтую справу і ўзяўся Гамільтан (з двума памочнікамі — Мэдзісанам і Джэем). Менш чым за год (з верасня 1887 па жнівень 1788 гг.) яны напісалі 85 артыкулаў (53 — Гамільтан, 27 — Мэдзісан, 5 — Джэй). Асноўная роля ў стварэнні “Федэраліста”, гэтай бібліі амерыканскай дэмакратыі, што лічыцца дасюль лепшым тлумачэннем Канстытуцыі ЗША, належыць Гамільтану. Менавіта Гамільтан выконваў функцыю выкрывальніка рэспубліканцаў і прапагандыста канцэпцыі “моцнай прэзідэнцкай улады”. Трэба адзначыць вытанчанасць журналісцкіх прыёмаў дзеяча. Гамільтану прыходзілася даказваць, што дэмакратыя (такія яе формы, як біль аб правах і свабодах, абмежаванне паўнамоцтваў прэзідэнта і г.д.) супярэчыць ідэі рэспублікі, а моцная дзяржаўная ўлада, наадварот, адпавядае прынцыпам рэспублікі. Казуістыка Гамільтана была скіравана на дасягненне наступнай мэты — стварэння такога дзяржаўнага механізму, які дазваляў бы частцы “моцных” людзей, што прадстаўляюць інтарэсы нацыі, кіраваць і маніпуляваць грамадствам.

Гісторыкі пішуць, што пазнейшая федэралісцкая прэса, якая на пачатку ХХ стагоддзя складала дзве пятыя ўсіх газет ЗША, вызначалася асаблівай неразборлівасцю ў сродках дасягнення сваіх мэт. Дарэчы, менавіта федэралісты ўпершыню ўжылі тэрмін “падрыўная дзейнасць” у дачыненні да палітычных эмігрантаў.

Такім чынам, першыя газеты былі палітычнымі органамі, якія фінансаваліся партыямі і абаранялі партыйныя інтарэсы. Газеты не мелі незалежных уладальнікаў і не мелі да 1830-х гг. вялікіх накладаў. Не былі яны і даўгавечнымі. Большасць выдаўцоў страхавала свой бізнес тым, што распаўсюджвала газеты па падпісцы. З сотняў газет, што ўзніклі ў Нью-Йорку з 1725 па 1825 гг., да канца гэтага перыяду засталіся толькі дзве.

У назвах першых штодзённых газет ЗША амаль нязменна прысутнічала слова “адвертайзер” (“газета з аб’явамі”), што паказвала яе прызначэнне: служыць публікацыі розных гандлёвых і іншых абвестак.

Рэдакцыйныя артыкулы былі рэдкія, часта яны складаліся ўсяго з аднаго абзаца. Тры чвэрці першай паласы займала сумесь з гарадскіх навін, плётак, “свецкай хронікі” і г.д. На другой паласе змяшчаліся замежныя і мясцовыя навіны. На трэцяй і чацвёртай — аб’явы.

“Дэйлі Іўнінг Транскрыпт”, заснаваная ў 1830 г. у Бостане, была першай штодзённай “цэнтавай” газетай у ЗША. З разлікам на масавы наклад падпісны кошт газеты складаў 4 долары на год. Аднак выхад яе хутка спыніўся. У Філадэльфіі ў гэтым жа годзе пачалося выданне таннай газеты пад назвай “Цэнт”. У Нью-Йорку з’явіліся паспяховыя штодзённікі New York Sun” і New York Herald” (пра іх далей мы пагаворым больш падрабязна), якія каштавалі ўсяго пені.

Друкарамі і выдаўцамі валодала ідэя таннай газеты, што магла б прадавацца не па гадавой падпісцы, а ў розніцу. Розныя шляхі вырашэння гэтай праблемы выпрабоўваліся і ў Англіі, і ў Злучаных Штатах, але безвынікова. Невядомаму нью-йоркскаму друкару Бэнджаміну Дэю пашчасціла вынайсці формулу поспеху. Яго маленькая газетка The New York Sun” выйшла 3 верасня 1833 г. пад дэвізам: “Яна свеціць кожнаму”. Як паказалі далейшыя падзеі, кожнаму яна і “засвяціла”. Дэй пачаў новую эру ў журналістыцы, якая праз некалькі год прывяла да рэвалюцыі ў газетнай справе.

“The Sun” паведамляла мясцовыя навіны, гісторыі, цікавыя для ўсіх, і нават друкавала сенсацыйныя рэпартажы. Напрыклад, каб дадаць вастрыні газетнаму зместу, Дэй наняў рэпарцёра, які пісаў у гумарыстычным стылі пра выпадкі, што здараліся напярэдадні ў паліцэйскім судзе. У газеты адразу знайшлася аўдыторыя сярод адукаванай часткі рабочага класа. Газету сталі прадаваць за пені бойкія хлопцы. Гэтыя хлопцы хутка сталі асноўнымі распаўсюджвальнікамі (як бы цяпер сказалі, дылерамі). Толькі за два месяцы наклад “The Sun” узрос да 2.000 асобнікаў. Жывы стыль газеты і наладжаны продаж павялічылі праз 4 месяцы гэту лічбу да 5.000, а праз 6 месяцаў — да 8.000 асобнікаў. Такі ашаламляльны поспех газеты моцна занепакоіў астатніх выдаўцоў.

Розныя вынаходніцтвы стымулявалі пашырэнне індустрыі навін. Тэлеграф (вынайдзены ў 1837 г.) замяніў выкарыстанне галубоў-кур’ераў для перадачы навін і зрабіў магчымым адначасовую публікацыю навін па ўсёй краіне. Ратацыйны прэс (1847) дазволіў выдаўцам зрабіць працэс друкавання значна хутчэйшым і больш танным. Тэхнічныя праблемы вытворчасці і распаўсюджвання вялікай колькасці газет былі вырашаны, і з’яўленне масавай прэсы стала неаспрэчным фактам.

Мелі месца і іншыя рэвалюцыйныя змены. “The Sun” павялічыла свой наклад за кошт “новага” чытача, які раней не меў доступу да газет. Адной з найбольш характэрных рыс газеты Дэя і тых, што з’явіліся пасля яе, былі навіны, разлічаныя на насельніцтва з нізкім узроўнем адукацыі. Да гэтай пары “навінамі” звычайна былі рэпартажы пра самыя важныя сацыяльныя, камерцыйныя ці палітычныя падзеі. Бэнджамін Дэй запоўніў сваю газету навінамі іншага кшталту — паведамленнямі пра злачынствы, “гісторыямі граху”, няшчаснымі выпадкамі, катастрофамі — навінамі, што краналі, забаўлялі, цікавілі людзей з вуліцы. Рэдакцыя нават арганізавала містыфікацыю — “навуковае адкрыццё” жыцця на Месяцы. Калі падман быў выкрыты іншай газетай, яе чытачы ўспрынялі інфармацыю з гумарам.

Газета была вульгарнай, таннай і сенсацыйнай. Яна арыентавалася на масы. Вядома, сустракаліся і сур’ёзныя матэрыялы. У 1837 г. за дзень разыходзілася 30.000 асобнікаў газеты “The Sun”, што перавышала сумарную колькасць накладаў астатніх нью-йоркскіх штодзённых газет.

Вельмі хутка ў Дэя з’явіліся пераймальнікі. Танныя газеты сталі надзвычай прыцягальнымі для рэкламадаўцаў. Размяшчэнне інфармацыі пра розныя тавары за грошы стала выгадным для выдаўца.

Патэнтаваныя лекавыя сродкі “для чалавека і жывёлы” былі адным з масавых прадуктаў, які адыграў вялікую ролю ў падтрымцы танных газет. Сціплыя ўкладанні ў рэкламу прыносілі прыбытак на дзесяткі тысяч долараў. Такі “закон вялікіх лічбаў” прывёў да жорсткай канкурэнцыі, упартай барацьбы за прыцягненне новых чытачоў. А гэта, у сваю чаргу, паспрыяла развіццю прэсы.

У 1824 г. ЗША мелі 24 штодзённыя газеты, 66 газет, што выдаваліся двойчы на тыдзень, і 422 штотыднёвікі накладам 1.500 асобнікаў. У канцы 20-ых гг. ЗША мелі болей і газет, і чытачоў, чым якая іншая дзяржава ў свеце.

У адпаведнасці з перапісам 1880 г., у Амерыцы выдаваліся 971 штодзённая газета і 8.633 штотыднёвікі. Вялікія гарады мелі некалькі газет: Нью-Йорк — 29, Філадэльфія — 24, Сан-Францыска — 21, Чыкага — 18.

Найбольш паспяховым канкурэнтам Бэнджаміна Дэя быў Джэймс Гордан Бэнэт, які заснаваў газетную імперыю, маючы ўсяго 500 долараў. Бэнэт, практычны і моцны шатландзец, пачаў выдаваць у Нью-Йорку “Herald”. Ён не палічыўся з кансерватыўнымі маральнымі нормамі таго часу і прадставіў публіцы гісторыі пра забойствы, згвалтаванні, “грэх і распусту”. Адначасова ён бойка асвятляў палітычныя, фінансавыя праблемы і нават жыццё эліты. Такі змест забяспечыў вялікі попыт на “Herald” і ўмацаваў фінансавы поспех газеты. Але ж тым самым Бэнэт нажыў сабе і шмат ворагаў. У 1836 г. ён пісаў: “Кнігі ўжо аджылі сваё, і тэатр аджыў, і рэлігія. На змену ўсяму гэтаму прыйшла газета, каб рухаць наперад чалавечую думку і цывілізацыю. Газета можа адправіць у Нябёсы і выратаваць ад апраметнай больш душ, чым усе цэрквы ў Нью-Йорку — разам з тым зарабляючы грошы”.

Прароцтва Бэнэта не спраўдзілася, але газеты сталі адыгрываць усё большую ролю ў грамадскім жыцці.