Вольга КОВАЛЬ. Перыядычныя выданні Беларускай дыяспары (пачатак ХХ ст. — 1945 гг.)

План:

1. Эканамічная і палітычная эміграцыя

2. Цэнтры палітычнай эміграцыі і іх выданні

3. Перыёдыка асяродкаў ваеннай і паваеннай эміграцыі

4. Гуманітарная праблематыка ў акупацыйных і эміграцыйных перыядычных выданнях

 

1. Эканамічная і палітычная эміграцыя

Дзейнасць беларускіх эмігрантаў на працягу ХХ ст. была шырокай і разнастайнай. Выданне газет і часопісаў адыгрывала ў гэтай дзейнасці важную ролю, бо аб’ядноўвала розныя асяродкі беларускіх эмігрантаў.

Неабходна падкрэсліць, што ацэнка дзейнасці эмігрантаў застаецца на сённяшні дзень неадназначнай. Вывучэнне гэтай тэматыкі распачалося толькі на пачатку 90-х гадоў. Нягледзячы на тое, што была праведзена вялізарная праца па даследаванні гісторыі эміграцыі, далёка не ўсё яшчэ высветлена. З аднаго боку, сустракаецца адкрытая крытыка дыяспары, з другога — цалкам станоўчае апісанне дзейнасці прадстаўнікоў эміграцыі, эміграцыйных арганізацый і устаноў.

Прычынай шматлікіх хваляў эміграцыі (усяго ў гісторыі Беларусі іх можна вылучыць дзевяць) стала геаграфічнае становішча нашай краіны. Беларусь цягам сваёй гісторыі шмат разоў рабілася ці плацдармам вядзення разбуральных войнаў, ці аб’ектам тэрытарыяльных прэтэнзій з боку суседніх дзяржаў.

Беларуская эміграцыя звычайна была эканамічнай, але ў ХХ ст. яна паступова робіцца і палітычнай. Даволі складана вывучаць эканамічную эміграцыю, бо беларусы, якія выехалі за мяжу шукаць лепшай долі, лепшых умоў, не пакінулі там спадчыны ў выглядзе дакументаў ці напісанай гісторыі, якія можна было б даследаваць. Канец ХІХ — пачатак ХХ ст. стаў часам менавіта эканамічнай эміграцыі. Вывучэнне яе нават праз аналіз статыстычных дадзеных ускладняецца тым, што беларусы не мелі дакладна зафіксаванага этнічнага акрэслення ні пры выездзе з Бацькаўшчыны, ні пасля свайго прыбыцця ў іншыя краіны свету. Справа ў тым, што на той час канфесійная прыналежнасць атаясамлівалася з нацыянальнасцю: беларусаў рыма-каталіцкага веравызнання залічвалі да палякаў, а праваслаўных — да расейцаў. Стварылася дзіўная сітуацыя: вядома, што беларусы прыязджалі ў Амерыку ў вялікай колькасці, аднак статыстычныя дадзеныя пра колькасць беларускіх эмігрантаў вельмі недакладныя і аніяк не адлюстроўваюць маштабы эміграцыі.

Пасля І сусветнай вайны, рэвалюцыі 1917 г. Беларусь пакінула 122 тыс. яе жыхароў. Як сцвярджае Аўген Калубовіч, гэта была шостая хваля эміграцыі з тэрыторыі Беларусі. Частка скіравалася на ўсход — у Маньчжурыю і Кітай, аднак асноўная маса з’ехала на захад — у Фінляндыю, Германію, Чэхаславакію, Францыю, ЗША.

У 20-я — 30-я гг. у пошуках лепшай долі за мяжу выехала каля 250 тыс. чалавек з Заходняй Беларусі, якая знаходзілася ў складзе польскай дзяржавы. З савецкай усходняй Беларусі эміграцыі на Захад фактычна не было, бо самі намеры выехаць за межы СССР нават на непрацяглы тэрмін ужо лічыліся антысавецкімі.

2. Цэнтры палітычнай эміграцыі

У міжваенны перыяд пачынаюць фармавацца цэнтры палітычнай эміграцыі, важнае значэнне адводзілася дыпламатычным утварэнням БНР. Асноўным цэнтрам беларускай эміграцыі становіцца Чэхія, якая прымала сяброў беларускага ўраду, Рады БНР, слуцкіх паўстанцаў, а таксама беларускую моладзь, што прыязджала туды здабыць сабе вышэйшую адукацыю. Спачатку эмігранцкі рух аб’ядноўваўся вакол прадстаўніцтва БНР, пасля — каля Беларускай Рады ў Празе. Тут, у Чэхіі, былі і іншыя беларускія арганізацыі: Беларускае Культурнае Таварыства імя Ф.Скарыны, Аб’яднанне Беларускіх Студэнцкіх Арганізацый і г.д.

Беларускае Культурнае Таварыства імя Ф.Скарыны гуртавала вакол сябе пераважна студэнцкую моладзь, выдавала часопіс “Іскры Скарыны”. Аб’яднанне Беларускіх Студэнцкіх Арганізацый кіравала ўсімі беларускімі студэнцкімі арганізацыямі, наколькі гэта дазвалялі тэхнічныя магчымасці.

Часопіс, які адлюстроўваў жыццё студэнцкіх гурткоў, так і называўся: “Беларускі студэнт”. Выходзіў ён у 1923 г. і выдаваўся на правах рукапісу таварыствам “Беларускі студэнт”. Можна азнаёміцца з 4, 5, 7 нумарамі часопіса за 1923 год. Нешматлікія нумары выдання прасякнутыя пачуццём патрыятызму і гонарам за свой народ. Галоўнае, з чым аніяк не хацелі змірыцца эмігранты, — гэта з тым, што няма іх незалежнай дзяржавы Беларусь, а існуюць толькі этнічныя тэрыторыі, якія належаць беларусам. “Няма Беларусі як асобнага гаспадарства, але ёсць як асобны народ, як зямля, заселеная гэтым народам, як этнічная, тэрытарыяльная і іншая цэласнасць, якая застаецца назаўсёды, як бы нас ні дзялілі”.

Заўвагі ў часопісе дастаткова цікава акрэсліваюць палітычную сітуацыю беларускага народа ў 20-я гг. ХХ ст.: “Дык якая ж розніца паміж палякамі й маскоўскімі камуністамі? Аніякай. Розніца толькі ў тым, што калі ў Гродзеншчыне і Віленшчыне беларусаў рыштуюць і мучаюць тысячамі, дык ў Віцебшчыне, Магілёўшчыне ўсё беларускае так заціскаецца, што нават не дыхае, там і рыштаваць няма каго”.

Часопіс даволі шмат матэрыялаў прысвячае адукацыі на бацькаўшчыне, студэнцтву, публікуе некалькі артыкулаў пра рэктара БДУ У. Пічэту. Сустракаюцца ў часопісе і матэрыялы на тэмы культуры, мастацтва. Неабходна адзначыць высокі адукацыйны ўзровень журналістаў і выдаўцоў. І тут няма чаму здзіўляцца, бо ў 20-я — 30-я гг. найлепшыя прадстаўнікі беларускага народа атрымлівалі вышэйшую адукацыю ў Празе, менавіта яны і рабілі падобныя выданні. Ларыса Геніюш у сваіх успамінах таксама падкрэслівала высокі ўзровень адукацыі беларускіх эмігрантаў у Чэхіі.

Другі значны цэнтр беларускай эміграцыі размяшчаўся ў Амерыцы. Першая арганізацыя беларускіх эмігрантаў — Беларускі Нацыянальны Камітэт — паўстала 6 раўня 1921 г. у Нью-Йорку, падобная арганізацыя затым узнікла ў Чыкага. У 20-я — 0-я гг. амерыканскія беларусы, як адзначае В.Кіпель, даволі паспяхова пачалі наладжваць сваё нацыянальнае жыццё.

Дзейнасць арганізацый эмігрантаў асабліва ажывілася пасля прыезду ў Амерыку былога прэм’ера ўраду БНР Я.Варонкі і беларускага дзеяча Я.Чарапука. Прыехаўшы ў Амерыку, Я.Варонка 23 астрычніка 1926 г. пачаў выдаваць у Чыкага газету “Беларуская Трыбуна”. Мэтай газеты, як пазначалі самі выдаўцы, было змаганне з расейскім уплывам сярод беларускай эміграцыі, інфармаванне аб беларускім руху, аб гісторыі Беларусі, яе культуры. “Беларуская Трыбуна” пабуджала да працы дзеля адраджэння беларускага народа, заклікала дапамагаць беларусам на Бацькаўшчыне і інфармавала чужынцаў аб памкненнях беларусаў. Газета выходзіла нерэгулярна. Выдаўцы добра разумелі, што, каб дасягнуць шырэйшых чытацкіх колаў, яны мусяць звярнуцца да масаў на мове, якую тыя найбольш прызвычаіліся чуць у звычайным жыцці, а менавіта расейскай. Друкаваліся, канечне, і артыкулы па-беларуску, а таксама некаторыя матэрыялы на англійскай мове. Відаць, не ўсе пагаджаліся з такім вырашэннем моўнага пытання ў газеце, таму Я.Варонка даваў тлумачэнні: “Беларуская Трыбуна” выдаецца перш за ўсё для русіфікаваных беларусаў у Амерыцы. “Беларуская Трыбуна” мае за мэту казаць аб беларускім руху і нашым суседзям, якія разам з намі, — наша часта агульная гісторыя, якая дала нам і агульную “дыпламатычную” мову”.

Іншае перыядычнае выданне, што выходзіла ў Злучаных Штатах, — часопіс-праграма “Амерыканскі беларус”, які выдаваўся ў 1930 г. у Чыкага Беларуска-Амерыканскім нацыянальным саюзам. Ёсць падставы меркаваць, што выйшаў адзін нумар гэтага часопіса, бо пра яго няма ніякіх звестак у даследаваннях пра друк гэтага перыяду. Адразу хочацца заўважыць, што ў выданні няма прозвішчаў аўтараў, і гэта даволі характэрна для 20-х — 30-х гг.

Часопіс здзіўляе вялікай колькасцю анонсаў і рэкламы, якія адлюстроўваюць жыццё нашых суайчыннікаў у Амерыцы. Напрыклад, рэклама адзінага для беларускай калоніі беларускага пахавальнага бюро, беларуска-украінскага банку, абвесткі пра месца сустрэч беларусаў з украінцамі і г.д.

Асноўнай тэматыкай часопіса стала, безумоўна, жыццё беларусаў у эміграцыі. Апісанне беларускай дыяспары ў міжваенны час аўтарамі “Амерыканскага беларуса” дае дакладнае ўяўленне пра тэндэнцыі развіцця арагнізацыйнай працы: “Інтэлігентаў у беларускай калоніі вельмі мала, таму, напэўна, беларусы ў Амерыцы і падпарадкоўваюцца чужым, варожым беларускай справе людзям. Беларусы-каталікі маюць некалькі ўрачоў, адвакатаў, інжынераў, але, тыя, канечне, лічаць сябе “палякамі”. Гэтая ацэнка выдатна падкрэслівае праблемныя стасункі паміж эмігрантамі, гістарычныя супярэчнасці, якія прысутнічалі на радзіме і былі перанесенныя і на дыяспару.

Важным асяродкам беларускай дыяспары стала Францыя. Беларуская праца сярод эмігрантаў у Францыі распачалася напрыканцы 20-х гг. Можна адзначыць 1930 г., калі з Прагі прыехалі беларускія інжынеры М.Абрамчык і Л.Рыдлеўскі. Дзякуючы іх намаганням у Парыжы з’явілася беларуская эмігранцкая арганізацыя “Хаўрус беларускае працоўнае эміграцыі” з правам утвараць свае аддзяленні па ўсёй Францыі. У Парыжы паўстала беларуская бібліятэка, тыднёвыя курсы, выдавецтва ўласнага беларускага часопіса “Рэха” і “Бюлетэнь Хаўрусу беларускіх работнікаў у Францыі”.

Як адзначалася вышэй, друкаваным органам “Хаўрусу беларускае працоўнае эміграцыі” стаў бюлетэнь. Неабходна падкрэсліць, што газета вызначала сябе як газету непалітычную, выдаваную для патрэтаў беларускай працоўнай эміграцыі, што неаднаразова падкрэслівалася на яе старонках.

Як і ў іншых эмігранцкіх выданнях, шмат артыкулаў у бюлетэні распавядаюць пра Бацькаўшчыну, у іх прысутнічае патрыятычная тэматыка, ёсць матэрыялы па гісторыі і культуры Беларусі. Але асноўны змест газеты — гэта аповед пра жыццё і дзейнасць беларускіх арганізацый у Францыі. Цікава, што даволі вялікае значэнне надавалася паэзіі і паэтам Беларусі, шырока прадстаўлены вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Наталлі Арсенневай і іншых.

Перад ІІ сусветнай вайной важным цэнтрам беларускай эміграцыі была Германія і яе сталіца Берлін. Беларуская эміграцыя распачала сваю дзейнасць там пасля І сусветнай вайны і гуртавалася каля беларускага прадстаўніцтва ў Берліне, на чале якога стаяў прадстаўнік ураду БНР Н.Бараўскі. У 1932 г. у Берліне спрабавалі разгарнуць сваю працу камуністы, якія выдавалі свой часопіс “Барацьба”.

Такім чынам, перыядычныя выданні беларускай дыяспары да пачатку ІІ сусветнай вайны не мелі масавага характару, у большасці сваёй выдаваліся непрацяглы час, невялікімі накладамі. Тэндэнцыі развіцця прэсы звязаныя непасрэдна з гісторыяй эміграцыі, а менавіта эканамічнай матывацыяй пераезду за мяжу вялікай колькасці беларусаў. Неабходна падкрэсліць, што гэты перыяд стаў часам пачатку развіцця беларускамоўнай прэсы за мяжой.

У міжваенны перыяд беларуская эміграцыя пачала набываць якасна новыя рысы, якія цалкам аформіліся пасля заканчэння вайны. За мяжой пачалі фармавацца палітычныя цэнтры і культурныя асяродкі беларускай дыяспары. Дзякуючы такім цэнтрам беларускія перасяленцы не гублялі сувязі з радзімай.

3. Перыёдыка асяродкаў ваеннай і паваеннай эміграцыі

ІІ сусветная вайна акрэсліла трэцюю ў ХХ ст. хвалю эміграцыі. Менавіта гэтая хваля стала самай вялікай па колькасці і найбольш значнай для фармавання беларускай дыяспары.

Перыяд вайны на сённяшні дзень актыўна даследуецца і вывучаецца, меркаванні вучоных па адным і тым жа пытанні могуць быць кардынальна супрацьлеглымі. Адной з такіх дыскуйсійных праблем стала пытанне калабарацыянізму, ці супрацоўніцтва з захопнікамі. Цікавасць да гэтай тэмы звязаная з актыўнай выдавецкай дзейнасцю беларускамоўных перыядычных выданняў у Германіі падчас ІІ сусветнай вайны.

Адназначна можна сказаць, што пэўная частка беларускай нацыянальна скіраванай інтэлігенцыі паверыла ў абяцанні немцаў аднавіць дзяржаўнасць Беларусі, менавіта таму яны распачалі супрацоўніцтва з нямецкімі ўладамі. Беларусы дапамагалі ў прапагандысцкай працы, выдавалі перыядычныя выданні, займаліся перакладчыцкай дзейнасцю, працавалі ў адміністрацыі і г.д.

З пачаткам Другой сусветнай вайны і нападам Германіі на Польшчу у нямецкім палоне апынулася 70—80 тыс. беларусаў з ліку тых, хто быў прызваны з тэрыторыі Заходняй Беларусі і ваяваў у складзе польскага войска. З гэтага часу пачалося актыўнае вывучэнне беларускага пытання нямецкімі службамі. Прыклад — створанае ў Берліне ў лістападзе 1939 г. Беларускае прадстаўніцтва пры Міністэрстве ўнутраных спраў, якое займалася беларусамі ў Германіі, а пазней і на акупаваных тэрыторыях. У 1940 г. пры Беларускім прадстаўніцтве быў ўтвораны так званы Беларускі камітэт самадапамогі з філіяламі ў Варшаве, Празе, Вене, Лодзі, Мюнхене і іншых гарадах. Друкаваным огранам Беларускага прадстаўніцтва стаў штотыднёвік “Раніца” на беларускай мове.

Нямецкая ўлада адводзіла важную ролю сістэме прапаганды, якая была добра распрацаваная і актыўна дзейнічала на захопленых тэрыторыях. Сродкамі фармавання грамадскай думкі былі радыё і друк. Да візуальных сродкаў адносіліся кінамастацтва, фотамастацтва, перыядычныя выданні. Змест прапагандысцкіх матэрыялаў мусіў семантычна і лексічна адпавядаць культурна-гістарычным традыцыям беларусаў і не несці ў сабе прыкмет нямецкай стылістыкі і фразеалогіі. Буйныя антысавецкія кампаніі былі звязаныя са святамі 1 Мая, дня нараджэння Гітлера і г.д., што знайшло адлюстраванне ў беларускамоўным перыядычным друку.

Пасля нападу Германіі на СССР амаль 1,5 млн. жыхароў Беларусі былі эвакуяваныя на ўсход СССР, 380 тыс. чалавек былі прымусова адпраўлены з акупаванай БССР у Германію ў якасці таннай працоўнай сілы, каля 5 тыс. юнакоў і дзяўчат Саюза беларускай моладзі добраахвотна паехалі ў Германію і ўтварылі там працоўную групу СБМ.Сябры Саюза беларускай моладзі выбіраліся ва ўзросце ад 12 да 20 гадоў, каб складаць працоўны патэнцыял нямецкай нацыі. Моладзь СБМ працавала на авіяцыйных заводах Юнкерса і ў асяродках Арганізацыі дапаможнай службы Люфтвафэ.

Колькасць акупацыйнай прэсы і роля нямецкай прапаганды павялічылася пасля пералому ў ходзе баявых дзеянняў: значна ўзраслі наклады выданняў, павялічыўся штат прапагандыстаў. Даклад кіраўніка аддзела прэсы на паседжанні 10 чэрвеня 1944 г. паведамляе: “На працягу апошніх месяцаў аддзел прэсы быў значна пашыраны дзеля таго, каб у поўнай меры ажыццявіць кантроль у кіраўніцтве ўсіх мясцовых газет у Беларусі, а таксама іх забеспячэнне палітычнымі дакладамі і інфармацыйнымі матэрыяламі; адначасова з гэтым працягваецца забеспячэнне матэрыяламі ў павялічанных аб`ёмах імперскай прэсы, імперскага міністэрства агітацыі і прапаганды насельніцтва, імперскага міністэрства акупаваных усходніх земляў”. Тактыка прапагандыстаў, скіраваная на павелічэнне колькасці прэсы, аднак, не давала чаканых вынікаў, бо насельніцтва ўжо паверыла ў перамогу Савецкага Саюза, ход баявых дзеянняў не дазваляў нацысцкай прапагандзе ўплываць на чытачоў.

Беларускамоўная прэса, як на акупаванай тэрыторыі, так і за яе межамі мела некаторыя агульныя рысы і развівалася ў прыкладна аднолькавых кірунках. Пры дапамозе прэсы нямецкая ўлада ажыццяўляла мерапрыемствы па агітацыйна-прапагандысцкай працы, каб вывезці працоўную сілу ў Германію, прыцягнуць беларусаў да супрацоўніцтва з нямецкай уладай, у тым ліку для вербавання ў паліцыю, падпарадкаваць рэжыму мясцовае насельніцтва для выканання абавязковых вайсковых паставак сельскагаспадарчых і прамысловых тавараў. Тыя беларускамоўныя выданні, што выдаваліся ў Германіі, працягвалі апісваць “шчаслівае” жыццё остарбайтэраў. Газеты павінны былі закласці ўпэўненасць у перамозе Германіі і “прывучыць” чытачоў да думкі, што іх роля ў грамадстве — быць працоўнай сілай “непераможнай” Германіі. Вельмі часта прапагандысцкія абавязкі акупанты прымушалі выконваць дактароў, святароў, прадстаўнікоў творчай і навуковай інтэлігенцыі, далучалі гэтых людзей да стварэння перыядычных выданняў, бо менавіта прэса адыгрывала важную ролю носьбіта прапагандысцкага матэрыялу ў грамадстве.

Асаблівасцю перыядычных выданняў, як на тэрыторыі акупаванай Беларусі, так і за яе межамі, стала крытыка савецкага ладу жыцця, сталінізму, адкрыты антысемітызм.

З акупантамі актыўна супрацоўнічала антысавецкая і радыкальна-нацыяналістычная частка беларускай інтэлігенцыі. Ю.Туронак зрабіў наступную характарыстыку беларусаў, якія супрацоўнічалі з немцамі, стваралі арганізацыі калабарантаў і праводзілі пранямецкую прапаганду: “Агульнай рысай гэтых груп было жаданне выступаць у ролі прадстаўнікоў беларускага народа і патэнцыяльных палітычных партнёраў Германіі і навязаць нямецкім уладам аптымальныя, на іх погляд, рэцэпты вырашэння беларускага пытання пасля спадзяванага разгрому СССР”. Нямецкая ўлада выкарыстоўвала беларускі інтэлектуальны патэнцыял у мэтах прапаганды. У некаторых асоб, якія супрацоўнічалі з немцамі, нарадзілася ілюзія, што немцы могуць дапамагчы ў стварэнні беларускай дзяржаўнасці, што было актыўна выкарыстана нацыстамі ў мэтах прапаганды сваёй ідэалогіі, чым і тлумачыцца дастатковае фінансаванне друку з боку нямецкай адміністрацыі. Неабходна адзначыць прафесіяналізм выдаўцоў і арганізатараў. Ужо з першых нумароў выданні выходзілі з ілюстрацыямі і фотаздымкамі, што сведчыць пра наяўнасць неабходага абсталявання, тэхнікі і спецыялістаў.

Як ужо адзначалася, адным з беларускамоўных выданняў, якое выходзіла за межамі Беларусі, была газета “Раніца”. Першы нумар яе выйшаў з друку 3 снежня 1939 г. у Берліне. Самі выдаўцы вызначылі выданне як беларускую тыднёвую газету. Спачатку памер газеты складаўся з чатырох старонак, часам два нумары аб’ядноўвалі, таму памер быў 8 старонак.

С.Жумар у сваім даследаванні пазначае прозвішчы галоўных рэдактараў “Раніцы” — гэта Ф.Акінчыц, Н.Шкялёнак, В.Тумаш, Ст.Грынкевіч, Ст.Станкевіч. Неабходна сказаць пра неаднолькавую ступень удзелу гэтых беларускіх калабарантаў у выхадзе газеты, бо вопыт работы на пасадзе галоўнага рэдактара пералічаных асоб быў розны.

Зразумела, інфармацыйны матэрыял газеты не быў аб’ектыўным. Ён дастаткова сур’ёзна кантраляваўся і адсочваўся нямецкім міністэрствам усходніх акупаваных абшараў. Аддзел прапаганды даваў устаноўкі выдаўцам беларускамоўнай перыёдыкі наступнага кшталту: “Гістарычная дата 22.06.1941 — гэта пачатак вызвалення беларусаў ад іуда-бальшавіцкай сістэмы, сталінская армія хутка адкацілася на ўсход, багаты ў мінулым беларускі край, даведзены бальшавікамі да поўнай разрухі, эканамічнага і культурнага заняпаду…” Такім чынам пазначаліся нямецкімі прапагандысцкімі органамі тэматычныя кірункі беларускамоўнай прэсы. Трэба заўважыць, што выдаўцы ўважліва прытрымліваліся пералічаных тэзісаў, у дастатковай ступені асвятлялі іх у кожным нумары газетаў, якія выходзілі, як на тэрыторыі акупаванай Беларусі, так і за яе межамі.

Апісанне паразаў немцаў прапускалася, не ўдакладнялася колькасць падбітых танкаў ці самалётаў. Выдаўцы “Раніцы” ўсімі магчымымі сродкамі падтрымлівалі тэзіс “непераможнай” Германіі. Газета для ваеннапалонных і остарбайтэраў як арганічная частка прапагандысцкай сістэмы, павінная была падтрымліваць настроі магчымай перамогі. Нават у 1945 г. першыя старонкі “Раніцы” пачыналіся артыкуламі кшталту “Перамога будзе за намі!” ці “Моцны ўдар нямецкага лётніцтва”, дзе выдаўцы актыўна тлумачылі чытачам, што перамога немцаў непазбежная, што цяжкасці на фронце часовыя, што праціўнік нясе ўжо вялізныя страты: “Баі, якія трываюць цяпер ў Польшы, — гаварылася ў “Раніцы”, —вядуцца ўласьна за выйграш часу, але не за той або іншы кавалак тэрыторыі. Немцы вядуць змаганьне не за тое, каб абавязкова ўтрымаць у сваіх руках, прынамсі, Радам, Кельцы або які іншы горад. Важным зьўляецца захаваць цэласьць фронту або ў выпадку яго пералому як найхутчэй аднавіць яго. Аб зацятасьці нямецкага супраціву сьветчаць першыя пададзеныя лічбы стратаў Саветаў. За першыя дні баёў немцы зьнішчылі або ўнерухомілі 1.000 савецкіх танкаў, што адпавядае ўзбраеньню шасьцёх бальшавіцкіх танкавых карпусоў”.

Недзе ад пачатку 1943 г., паводле меркавання А.Вініцкага, пачала выходзіць іншая беларуская эмігранцкая газета ў Берліне — “Беларускі работнік”. С.Жумар у сваёй працы лічыць, што выданне выходзіла з чэрвеня 1943 г. па лістапад 1944 г. Гэта быў адмысловы тыднёвік для новапрывезеных у Германію беларускіх працоўных, гэтак званых остарбайтэраў.

З’яўленне гэтай газеты было звязана з вядзеннем прапаганды сярод вялікай колькасці беларусаў, якія апынуліся ў Германіі ў якасці працоўнай сілы. Усяго існавала два віды працоўных. Да першага адносіліся тыя, што апынуліся ў Германіі да нападу на СССР і мелі роўныя правы з чэшскімі, італьянскімі і французскімі грамадзянамі. Якраз на іх і была разлічана “Раніца”. Гэтых людзей курыраваў беларускі аддзел пры Арбайтфронце. Аднак большасць беларусаў, што апынуліся ў Германіі пасля 1941 г., адносілася да катэгорыі “Ост”. Яны былі абмежаваныя ў правах і жылі ў спецыяльных лагерах. Курыраваў остарбайтэраў-беларусаў беларускі аддзел Міністэрства ўсходніх акупаваных абласцей. Менавіта на гэтых людзей і быў разлічаны “Беларускі работнік”, які рыхтавала да друку рэдакцыя “Раніцы”.

Амаль у кожным нумары “Беларускага работніка” друкаваліся спецыяльныя артыкулы для остарбайтэраў, якія з мэтай прапаганды распавядалі пра выдатныя ўмовы працы і неблагія грошы беларусаў у Германіі. Чытачы павінны былі паверыць, што нямецкая ўлада, а асабліва Адольф Гітлер цэніць іх працу, ахоўвае іх і дапамагае ім. Напрыклад, артыкул пад назвай “Новая эра ў жыцьці ўсходніх работнікаў” заканчваўся словамі: “Нямеччына прыняла на сябе гэты абавязак апекі ў перакананьні, што па справядлівасьці належыцца гэтым людзям ня толькі надзея на будучыню, а і цяпер, калі яны ўсе свае сілы і натугі злажылі дзеля мэты супольнага змаганьня, супольную і роўную долю ў гэтых цяжкіх часох”.

У Германіі выходзілі і іншыя перыядычныя выданні на беларускай мове. Неабходна падкрэсліць, што прэса беларускіх калабарантаў была разнастайнай па тэматыцы, мела розныя наклады і розныя мэты.

У час Другой сусветнай вайны немцы арганізоўвалі разнастайныя прапагандысцкія курсы для прадстаўнікоў акупаваных народаў, такое навучанне было арганізавана і для былых грамадзян СССР. Некаторыя рэдактары беларускіх газет накіроўваліся на трохмесячныя курсы павышэння кваліфікацыі ў Берлін. Менавіта слухачы прапагандысцкіх курсаў у Германіі мелі магчымасць выдаваць часопіс на беларускай мове пад назвай “Беларускі студэнт”.

Усяго выйшла два нумары выдання. Даследчык акупацыйнай перыёдыкі С.Жумар пазначае, што часопіс быў падрыхтаваны ў сярэдзіне 1942 г. удзельнікамі двухмесячных педагагічных курсаў. Дакладны час выхаду нумароў “Беларускага студэнта” пазначаны ў кнізе Вітаўта і Зоры Кіпеляў “Беларускі друк на Захадзе”, дзе першы нумар выдання датуецца вераснем 1942 г., а другі — лістападам 1942 г.

“Дзённік загадаў” і “Вучэбны лісток” пачалі выдаваць у Мінску, аднак апошнія нумары давялося рыхтаваць да друку ўжо за мяжой Беларусі, што было абумоўлена вызваленнем Мінска. Часопісы скончылі сваё існаванне ў г.Трапаў (сучасная Апава, Чэхія).

Часопіс “Дзённік загадаў” складаўся з пранумараваных загадаў шэфа кіруючага штаба СБМ М.Ганько. Выданне з’яўляецца важнай гістарычнай крыніцай дзейнасці арганізацыі калабарантаў СБМ, бо на сваіх старонках змяшчае не толькі дакументы справаводства, але і матэрыялы, у якіх дакладна распісаныя службовыя ступені, функцыі кожнай пасады, схемы іерархіі арганізацыі. Часопіс распаўсюджваўся не толькі на тэрыторыі Беларусі, нават калі выходзіў у Мінску, бо інфармацыя пра дзейнасць СБМ датычыла і актывістаў, якія дзейнічалі ў Германіі. Напрыклад, у нумары 4 за 1944 г. у Загадзе № 23 з нагоды 25 сакавіка актывісты атрымлівалі павышэнне ад М.Ганько: “за добрую службу: 1) правадніка Гэнрыка Барановіча кіраўніка Працоўнае Групы СБМ у Нямеччыне на старшага правадніка”.

Акрамя “Раніцы” і “Беларускага работніка”, у Берліне (а пасля ў Плауэне, Саксонія) выходзіў яшчэ і часопіс “Малады змагар”, выйшла толькі 5 нумароў выдання. “Малады змагар” выдавала працоўная група СБМ у Берліне з мая па снежань 1944 г. Адказным рэдактарам часопіса быў Г.Барановіч. С.Жумар падкрэслівае, што наклад часопіса 5000 дакладна суадносіўся з колькасцю маладых беларусаў, якія працавалі на заводах Юнкерса ў Германіі, бо выданне рыхтавалася працоўнай групай Саюза беларускай моладзі. Гэты факт сведчыць аб дастатковым фінансаванні нямецкім кіраўніцтвам друку для прапагандысцкіх мэтаў.

Цікавым выданнем стаў часопіс “За незалежнасьць!”, які быў прызначаны для ваеннаслужачых 30 дывізіі СС (1 Беларускай) і выходзіў са студзеня па красавік 1945 г. у г.Гіршаў (Германія). Выданне заклікала калабарантаў не баяцца смерці, фармавала у падсвядомасці чытачоў вобраз ворагаў: “У нас толькі адзін вораг: гэта бальшавіцкая Масква. Іншыя нам ня страшны. (З прадмовы Прэзыдэнта БЦР Р.Астроўскага да жаўнераў 1-й Беларускай Грэнадырскай Дывізіі СС 25 сакавіка 1945 г.)”. Пад канец вайны для выдання важна было падтрымліваць веру калабарантаў у перамогу, выхоўваць самаахвярнасць і нават настройваць людзей загінуць без страху.

Такім чынам, нямецкія ўлады спецыяльна стваралі і падтрымлівалі выдавецтвы беларускамоўных газет і часопісаў у Германіі. Асаблівасцю акупацыйнай беларускамоўнай перыёдыкі была залежнасць ад палітычных службаў акупацыйнай адміністрацыі і вялікая ступень кантролю іх тэматыкі. Неабходна падкрэсліць значныя наклады прэсы, якая з’яўлялася носьбітам вялікага аб’ёму інфармацыі.

Акрамя перыядычных выданняў, якія рыхтаваліся беларускімі калабарантамі, у час Другой сусветнай вайны існавалі беларускамоўныя газеты і часопісы эмігрантаў у Новым свеце. Прыкладам можа служыць перыядычнае выданне прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Аргенціне. Першыя вядомыя выданні беларусаў у Аргенціне — гэта сценгазеты. А.Латышонак прыводзіць назвы такіх выданняў: “Голас беларуса”, “Кузніца”, “Наша думка”, “Зорка”. На сённяшні дзень дакладныя даты выхаду і больш поўныя звесткі пра сценгазеты не захаваліся.

З 1940 г. па 1947 г. у Буэнас-Айрэсе выходзіў “Беларускі ілюстраваны каляндар”, усяго было выдадзена 5 выпускаў на 1941, 1942, 1943, 1944 і 1947 г., пазней каляндар выходзіў у выданні газеты “Наш голас” Календары былі двухмоўныя, на беларускай і расейскай мовах. Пасля вайны колькасць беларускамоўных выданняў скарацілася: дзейнасць беларускай эміграцыі ў Аргенціне трапіла пад ідэалагічны ўплыў савецкага знешнепалітычнага і дыпламатычнага кіраўніцтва.

У кнізе “Беларускі друк на Захадзе” В.Кіпеля і З.Кіпель узгадваецца яшчэ адно выданне Аргенціны. Гэта газета “Эхо”, якую выдавала Беларуская Федэрацыя ў Аргенціне з 1942 г. па 1943 г. Выданне было тыднёвікам, большасць тэкстаў друкаваліся на расейскай мове, але неаторыя выходзілі і па-беларуску.

Гэтая перыёдыка дазваляе пашырыць спіс беларускамоўных перыядычных выданняў у перыяд Другой сусетнай вайны, якія не былі ідэалагічнымі і не служылі аніякім рэжымам.

4. Гуманітарная праблематыка на старонках акупацыйных і эміграцыйных перыядычных выданняў

Беларускамоўныя акупацыйныя перыядычныя выданні, акрамя матэрыялаў, прысвечаных нацысцкай ідэалогіі, пытанням прапаганды, ходу баявых дзеянняў, палітыцы акупацыйных уладаў, змяшчалі таксама артыкулы і матэрыялы гуманітарнага кірунку. Шматлікія публікацыі на тэму гісторыі, адукацыі і культуры мелі яскравую нацыяналістычную афарбоўку і скіраванасць. Выдаўцамі газет і часопісаў у Германіі сталі антысавецкая і радыкальна-нацыяналістычная частка беларускай інтэлігенцыі. Немцы выкарысталі жаданне прадстаўнікоў нацыяналістычнай інтэлігенцыі мець свае друкаваныя органы.

Праз шматлікія матэрыялы на старонках беларускамоўнай акупацыйнай перыёдыкі пра літаратуру, выяўленчае мастацтва, тэатр і г.д. нямецкая грамадзянская ўлада імкнулася падкрэсліць “больш высокі” культурны і маральны ўзровень нямецкай нацыі. На старонках перыёдыкі можна сустрэць шматлікія заклікі да падтрымкі Трэцяга Рэйха, з якім звязвалася адзіная магчымая перспектыва развіцця Беларусі. Аднак такія артыкулы не апісвалі канкрэтную палітычную перспектыву такой будучыні, а лозунгі і заклікі не падмацоўваліся рэальным фактычным матэрыялам.

Значнае месца ў беларускамоўнай перыёдыцы адводзілася краязнаўчым матэрыялам. На старонках газет “Раніца” і “Беларускі работнік” змяшчаліся артыкулы пра Беларусь, яе гарады, становішча краіны. З нумара ў нумар выданні друкавалі краязнаўчыя даследаванні, кшталту “Што трэба ведаць кожнаму беларусу пра сваю бацькаўшчыну”, “Нарач — найбольшае возера Беларусі”, “Пінск — сталіца нашага заходняга Палесься”, “Крыху пра Нясьвіж” і іншыя. Сістэматычна вяліся рубрыкі “Беларуская хроніка”, “Пазнайма свае месты”, “З гісторыі”.

Час ад часу з’яўляліся і артыкулы па гісторыі Беларусі ў выглядзе канспектаў лекцый. Так, у 1943 г. “Раніца” (№№ 45—46) надрукавала “Гісторыю Беларусі ў расказах В.Будзіловіча”, шэраг гэтых артыкулаў быў перадрукаваны ў некаторых нумарах “Беларускага работніка” за 1944 г., а таксама ў №№ 4—6 часопіса “Жыве Беларусь” за 1944 г.

Выдаўцы “Раніцы” пазначалі: “Ідучы насустрач піянэрам нашага адраджэньня — беларускаму настаўніцтву, мы здэцыдавалі зьвярнуцца да ведамых нам беларускіх педагогаў-гісторыкаў, і на гэта атрымалі ад спадара Васіля Будзіловіча апрацаванне нашай гісторыі, якое бязсумліўна будзе з вялікай карысьцяй служыць узгадаваньню нашай моладзі”. В.Будзіловіч ў сваёй “Гісторыі Беларусі” выдзяляў параграфы з наступнымі назвамі: “Мы — беларусы, а наша Бацькаўшчына — Беларусь”, “Беларускія княствы, жыццё і іх парадак”, “Полацкія князі”, “Асветнікі Беларусі” і г.д. У №№ 4—6 за 1944 г. сустракаецца перадрук “Апавяданняў з гісторыі Беларусі”.

Асаблівую ўвагу выдаўцы гістарычных артыкулаў надавалі сярэднявеччу, а менавіта гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Н.Шкялёнак (рэдактар “Раніцы”) пісаў: “Беларуская гаспадарственнасць у форме Вялікага Княства Літоўскага пераняла традыцыі Крыў, і барацьбы з Усходам і была тым мурам, аб які стагоддзьзямі разьбіваліся татара-мангольскія хвалі”. Пытанні гісторыі і, у прыватнасці, сярэдневечча выкарыстоўваліся аўтарамі дзеля крытыкі, часам нават агрэсіўнай, савецкага рэжыму.

Сустракаліся на старонках беларускамоўных акупацыйных газет і краязнаўчыя апавяданні ці невялікія даследаванні, напрыклад, “Б’е з-пад муру крыніца” Юркі Віцьбіча — аповед пра Гарадоцкую крыніцу.

Выдаўцы газет і часопісаў часта звярталіся да нацыянальных пачуццяў чытачоў праз паэзію, друкавалі біяграфіі і творы розных паэтаў і празаікаў, такіх як Ю.Віцьбіч, А.Гарун, Л.Геніюш, Н.Арсеннева, А.Салавей, Я.Купала і інш. Дастаткова характэрнай з’явай былі спасылкі і артыкулы па беларускай літаратуры ХІХ — пачатку ХХ ст. Прыкладам можа быць зварот да жыцця і творчасці М.Багдановіча.

Можна сустрэць меркаванне пра тое, што менавіта “Раніца” адыграла адну з асноўных роляў у творчасці паэткі Ларысы Геніюш. Выдаўцы газеты не шкадавалі месца для здольнай аўтаркі, толькі на працягу 1941 г. на газетных старонках з’явілася больш за паўсотню вершаў паэткі. Акрамя вершаў, можна сустрэць і артыкулы Л.Геніюш, адзін з іх пад назвай “Над магілаю В.Захаркі ў Празе”, дзе паэтка звяртаецца да чытачоў са словамі: “Усім прадстаўніком арганізацыяў і прыватным асобам, каторыя пасьпяшылі на апошняе разьвітаньне з маім дарагім дзядзькам Васілём Захаркай, гэтым складаю словы сваёй шчырай і глыбокай удзячнасьці”.

Цікавым было стаўленне выдаўцоў “Раніцы” да творчасці Янкі Купалы. У першых нумарах газеты, якія выходзілі да нападу Германіі на СССР, актыўна друкаваліся вершы паэта: “Песня сонцу”, “Запела вясна”, “Пакінем спадчыну мы для патомкаў”, “На сход”. З пачаткам баявых дзеянняў Германіі супраць СССР творчасць Я.Коласа і Я.Купалы была забаронена. У 1943 г. забарону знялі, але зноў друкаваць творы паэтаў не пачалі.

Спачатку забарона, а пазней дазвол на друк твораў самых знакамітых беларускіх паэтаў сведчыць пра змены ў сістэме нямецкай прапаганды, якія адбыліся ў 1942 г. праз падзеі на Усходнім фронце. Зразумела, што забарона на публікацыю твораў Я.Купалы і Я.Коласа звязаная з дзейнасцю паэтаў, якія ў гэты час знаходзіліся ў эвакуацыі, актыўна падтрымлівалі сваімі літаратурнымі творамі і публіцыстычнымі артыкуламі байцоў Чырвонай Арміі. Творчасць паэтаў знікла не толькі з прэсы Генеральнай акругі Беларусь, але нават з беларускамоўных перыядычных выданняў, якія выходзілі ў Германіі. Аднак новыя паразы нямецкай арміі, акружэнне войскаў Паўлюса пад Сталінградам прымусілі нямецкае кіраўніцтва ўнесці шматлікія змены ва ўсходнюю палітыку, сярод такіх змен — дазвол на публікацыю твораў паэтаў, бо ў Беларусі іх шырока ведалі. Трэба зазначыць, што такія рашэнні распаўсюджваліся на беларускамоўную перыёдыку, якая выходзіла як на акупаванай тэрыторыі Беларусі, так і ў Германіі.

У перапісцы аддзела прэсы Рэйхскамісарыята “Остлянд” з выдаўніцтвамі беларускіх газет, у прыватнасці, у лісце ад 21 кастрычніка 1943 г. пра Я.Купалу і Я.Коласа маецца дастаткова абцякальная фармулёўка пра дазвол на публікацыю іх твораў: “У адказ на Ваш тайны ліст ад 12 кастрычніка 1943 г. паведамляю Вам, што ў газетах, якія выходзяць у Генеральнай акрузе Беларусь, імёны беларускіх пісьменнікаў Коласа і Купалы больш не ўспаміналіся. На публікацыі ў літоўскай прэсе, нават калі гаворка ідзе пра беларускія газеты, мы ніякага ўплыва не маем”.

Рэакцыяй на няўпэўненасць немцаў адносна мэтазгоднасці друкаваць беларускіх класікаў стала адсутнасць іх твораў у прэсе і пасля 1943 г. Пра сувязь паміж агульнай прапагандысцкай лініяй на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі і за мяжой можна прачытаць і ў іншых лістах з перапіскі з аддзелам прэсы Рэйхскамісарыята “Остлянд”: “У дадатку выступы прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі з прадмовай генеральнага камісара фон Готберга і прэзідэнта БЦР Астроўскага. Я прашу пра магчымасць уплыва на прэсу Рэйха і на замежную прэсу”.

Творы Янкі Купалы зноў з’явіліся на старонках перыёдыкі толькі ўлетку 1944 г. Вершы паэта “На сход!”, “Паўстань!”, “За свбоду сваю” былі надрукаваныя ў №№ 4—6 за 1944 г.часопіса СБМ “Жыве Беларусь”, а твор Купалы “Не загаснуць зоркі ў небе” з’явіўся ў тым жа выданні ў наступным нумары (№№ 7—8) за 1944 г.

Таксама на старонках “Раніцы” з’яўляліся матэрыялы пра новыя кнігі беларускіх эмігрантаў. Першая рэцэнзія на зборнік “Мае песьні” Алеся Салаўя была змешчана ў № 7 ад 10 верасня 1944 г. Артыкул пад назвай “Песьні радасьці й мукі” пачынаўся лірычнымі словамі: “З самага полымя вайны ўдалося выхапіць зборнік вершаў нашага маладога паэта Алеся Салаўя “Мае песьні”. Аўтарам рэцэнзіі быў Хвёдар Ільяшэвіч, які схаваў сваё аўтарства пад ініцыяламі Ю.М.

Трэба заўважыць, што літаратурны дадатак “Раніцы”, які з’явіўся ўпершыню 30 лістапада 1941 г. у нумары 28, карыстаўся пэўнай папулярнасцю. Існаваў дадатак за кошт складак чытачоў, таму часам выдаўцы газеты друкавалі спіс складак.

Цікавыя рубрыкі мела газета “Беларускі работнік” — рубрыкі “Гумар” і “З народнай мудрасьці”, якія змяшчалі беларускія народныя прымаўкі і прыказкі. Адной з частых рубрык “Раніцы” стала рубрыка “Зь беларускага жыцьця”, якая часам распавядала пра беларускія канцэрты, тэатральныя пастаноўкі, дзейнасць жаночага аб’яднання. Так, рубрыка “Зь беларускага жыцьця” змяшчала інфармацыю пра паспяховы канцэрт М.Забэйды-Суміцкага: артыкул меў назву: “Беларуская песьня ў Бэтховэнснай залі ( канцэрт Забэйды-Суміцкага ў Берліне)”.

Асоба спевака Міхася Забэйды-Суміцкага заставалася ў цэнтры ўвагі аўтараў беларускамоўнай акупацыйнай прэсы. З’яўляліся артыкулы, прысвечаныя яго таленту, творчасці, розным канцэртам. Адзін з такіх артыкулаў меў назву “Наш слаўны сьпявак Міхал Забэйда-Суміцкі”, да артыкула дадаваўся фотаздымак спевака.

Беларускі спявак Міхась Забэйда-Суміцкі (сапраўднае імя Забэйда Міхась Іванавіч) у час вайны жыў у Празе. Пасля вайны хацеў вярнуцца на радзіму, але не атрымаў дазволу ад улад БССР, яго абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з немцамі. Ён падтрымліваў сувязі з вядомымі дзеячамі беларускай культуры: М.Танкам, Я.Брылём, С.Грахоўскім, У.Караткевічам і інш.

Успаміны М.Сяднёва таксама сведчаць пра папулярнасць спевака М.Забэйды-Суміцкага. “Ларыса Геніюш прывеціла мяне добра, старалася дапамагчы, чым толькі магла. Пазнаёміла мяне з некаторымі беларусамі, што былі тады ў Празе, у тым ліку з Забэйдам-Суміцкім, Янкам Станкевічам, Уладзімірам Сядурам (У.Глыбінным), Жарскім, Русаком і іншымі”, — гаварылася ва ўспамінах.

Такім чынам, у акупацыйных перыядычных выданнях нямецкія службы прапаганды актыўна выкарыстоўвалі нацыяналістычныя пачуцці беларусаў, што рабілася з мэтай пашырэння кола чытачоў ды прыцягвання іх да супрацоўніцтва з немцамі. Частка калабарантаў, у сваю чаргу, мела ілюзіі адносна таго, што нямецкі акупацыйны рэжым з цягам часу зможа аднавіць незалежнасць Беларусі.

You may also like...