Вольга ШАТАЛАВА. Карціна свету беларускіх сялян 19-20 стст. Зямля і праца
Лекцыя 1.
У пачатку 1833 г. адстаўны афіцэр расійскай арміі Гібер фон Грейфенфельс набыў маёнтак Царковішча ў Віцебскай губерні. Тут ён, немец па паходжанні, упершыню сустрэў беларускіх сялян і пад уражаннем ад убачанага напісаў: “У маёнтку знаходзіліся такія нягоднікі маладыя і здаровыя, якія дабраахвотна ніколі не хадзілі на паншчыну, хаваліся па лясах і па суседніх маёнтках (…). Я не маю намеру пералічаць падрабязна ўсе заганы беларускага народа, супярэчныя ўсякаму добраму хлебаробу, а назаву толькі галоўныя ў сваіх сялян знойдзеныя. Гэта крадзеж, п’янства, грубіянства, зайздрасць і лянота ў высокай ступені”[i]. Назіранне іншаземца натуральна выклікае пытанні: Ці апісаная сітуацыя адпавядала рэчаіснасці? І калі так, то чаму? Адказ на іх варта шукаць у сістэме каштоўнасцяў беларускага сялянства, у яе сэнсастваральным элеменце – зямлі.
Для земляроба першай паловы ХІХ ст. зямля з’яўлялася не проста кавалкам поля. Гэта была антрапамарфічная істота – “Маць-зямля”, якая валодала асаблівай сілай: сілай разбурэння (у сітуацыях, калі, стомленая ад цяжару, яна расступалася, г.зн. адкрывала пашчу і паглынала ўсё, што траплялася ёй на дарозе) альбо сілай тварэння (у моманты, калі яна нараджала карысныя расліны, запалохвала смерць)[ii]. Часта “Маць-зямлю” атаесамлялі з Багародзіцай: перад ёй каяліся ў грахах, звярталіся па дапамогу, прыносячы малітвы, здзяйснялі прыродны суд: “Самая страшная клятва для беларуса – гэта клятва, вымаўленая з зямлёю ў роце ці руцэ. Да гэтай клятвы звяртаюцца зрэдку, і калі беларус сведчыць пра што-небудзь, узяўшы дробку зямлі ў рот, яго землякі яму, несумненна, павераць. Калі ж ён зманіць, то думаюць, што (ён) пачарнее як зямля”[iii].
Важным момантам у стаўленні да зямлі стала ўспрыняццё яе як “Божага дара” – падарунка, які быў дадзены сялянам з нябесаў. Важным, бо менавіта ў ім адлюстравалася светапогляднае непадабенства рускіх і беларусаў. Першыя лічылі, што, паколькі зямля з’яўляецца Божым дарам, то толькі Гасподзь вызначае велічыню гадавога ўраджаю і дабрабыту чалавека. Усведамленне гэтай абумоўленнасці захавалася ў рускім фальклоры. У комплексе прыказак, сабраных У. Далям, у 39 выпадках гаварыцца аб тым, што “ўсё на свеце робіцца не нашым розумам, а божым судом”, у 21 прыказцы – “чаму быць, таго не абмінуць”, у 3 – “усё ва ўладзе божай і ўладаравай”, і толькі ў 7 прыказках – “на Бога спадзявайся, а сам не хіб”[iv]. Таму любое імкненне да ўзбагачэння альбо звышпрацы разглядалася рускімі як непажаданае Богу і падаўлялася абшчынай.
Хаця беларускі селянін прызнаваў зямлю “Божым дарам”, ён лічыў яго несправядліва малым: “Бог болей мае, як раздаў”[v], “Абяцаў Бог даць, але казаў пачакаць”[vi]. Да таго ж, і сам Гасподзь ацэньваўся крытычна. Сяляне лічылі, што ён (як і чалавек) схільны да змены настрою: можа дапамагчы, а можа і нашкодзіць. Часта адносіны вёска – Бог будаваліся адпаведна схемы: Богу пакланяліся да таго часу, пакуль адчувалі яго дапамогу, калі падтрымка знікала – звярталіся да іншага боства альбо каралі гэтае. Так у 1865 г. у Смургоні была знята з крыжа і патоплена фігура Ісуса Хрыста, які, на думку мясцовых жыхарак, не пачуў іх просьбы і не спыніў дождж, які доўжыўся больш за месяц[vii]. Зразумела, што ў сітуацыі, калі падпарадкаванне Божай воле не гарантавала ўраджаю (бо кепскі настрой Бога мог усе змарнаваць), беларусы разлічвалі на ўласныя сілы. У большасці беларускіх прыказак, сабраных Я. Рапановічам, сцвярджаецца, што малітва не пракорміць: “Паверыў папу, што ўсё ад Бога, і сабраў хлеба адну капу, а каб не верыў – я б хлеб асьмінамі мерыў”, “Богу маліся, а сам працуй, бо згаладаеш”[viii]; і што, толькі працуючы, можна сабраць добры ўраджай: “Не зямля родзіць, а работа”, “Зямля – талерка: што пакладзеш, то і возьмеш”[ix]. Таму праца (прычым менавіта праца на зямлі) стала падмуркам і галоўнай гарантыяй сялянскага жыцця. Яна давала пачуццё ўнутраннай свабоды, тлумачыла ролю вяскоўца ў вачах грамадства: ён карміў краіну. Апроч таго, праца на зямлі ўспрымалася сялянамі як асобая плата за надзелы: “На зямлю беларус глядзіць як на ўласнасць, сялянскую ўласнасць, і зразумець не можа, чаму гэта цар пакінуў столькі зямлі ў руках паноў: яны ж яе не апрацоўваюць”[x].
Нягледзячы на такую арыентаванасць на працу беларуская вёска часта знаходзілася на мяжы біялагічнага выжывання, і гэта вынікала з аб’ектыўных прычын. Першай прычынай быў зямельны голад, які пагаршаўся малаўрадлівасцю мясцовай глебы. Другой – вонкавыя (вайна 1812 г., паўстанне 1830-31 гг., эпідэміі) і ўнутраныя фактары (палітыка царскай адміністрацыі на далучаных землях). Адна вайна з Напалеонам настолькі спустошыла вёску (былі знішчаны пасевы і пашні, канфіскаваны ўраджай), што яе наступствы адчуваліся ў другой палове ХІХ ст.
Негатыўным фактарам, які латэнтна разбураў гаспадарку краю, стаў абавязак кармлення прыгонных сялян у галодныя гады, ускладзены на памешчыкаў дзяржавай. Дадзеная практыка часта прыводзіла да згалення маёнткаў: “Хто меў у запасе капітал, той быў змушаны спажыць яго на ўтрыманне сялян, якія засталіся без усялякіх сродкаў да жыцця (…). Адсюль у большай часткі дробназаможных уладальнікаў у доме і гаспадарцы з’явілася беднасць, якая пазбавіла іх апошняй магчымасці дапамагчы сялянам”[xi]. У перспектыве адсутнасць грошай закрывала магчымасць рэфармавання памешчыцкіх і сялянскіх гаспадарак, павялічэння пагалоўя жывёлы, набыцця новага абсталявання альбо ўгнаенняў для беднай ворнай зямлі. Да гэтага дадавалася адсутнасць дапамогі з боку дзяржавы. Больш за тое, пасля ўключэння беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі, пачалася масавая перадача сялян расійскім памешчыкам (з 750.000 чалавек мужчынскага полу было перададзена 150.550 чалавек). Працэс перадачы быў спынены масавымі пратэстамі вяскоўцаў, якія не пагаджаліся з пераводам іх з больш прывілеяванай катэгорыі “дзяржаўныя” ў менш прывілеяваную катэгорыю “прыватнаўласніцкія” сяляне[xii].
У выніку беларуская вёска апынулася ў настолькі складанай сітуацыі, што аб ёй загаварыла губернская адміністрацыя. У данясенні Віцебскага генерал-губернатара ад 1855 года гаварылася: “Сяляне амаль не ведаюць хлеба, харчуюцца грыбамі і рознымі рэчывамі, якія спараджаюць хваробы”[xiii]. Голад пранік нават у адносна заможную Гродзенскую губерню, дзе ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя адбыўся дэмаграфічны спад насельніцтва.
Рэзкае пагаршэнне жыцця паставіла вёску перад выбарам: змяніць існуючы стан рэчаў, захаваць status quo альбо спыніць працу. Большасць земляробаў адмовілася ад перамен, а для ўласнай абароны перайшла да “пасіўнага супраціву” (вызначэнне Джэймса Скота)[xiv]. Нязначная частка сялян абрала шлях змен і пачала рэалізоўвацца ў іншым сацыяльным праэкце. Напрыклад, у 1815 годзе У. Прывалаў – прыгонны селянін графа М. Румянцава – пазычыў у Гомельскай эканоміі 1.000 рублёў і пазней арганізаваў гандаль у Прусіі і шэрагу губернях Расійскай імперыі; а селянін М. Рымараў, зарабіўшы 5.000 рублёў, адкупіўся з сям’ёй на волю[xv]. Другой малаколькаснай групай вяскоўцаў, якія адыйшлі ад традыцыйнага занятку, сталі маргіналы-прапойцы. Пра традыцыю злоўжывання беларусамі алкаголю пісалі многія даследчыкі: “Ад 14-цігадовага хлопчыка да 60-цігадовага старога, не выключаючы жанчын, усе горача любяць гарэлку: многія гатовы аддаць за яе апошнюю авечку”[xvi]. Штодзённае п’янства, узмоцненае цяжкай эканамічнай сітуацыяй, нараджала расчараванне ў працы, змяншала цікавасць да зямлі: “Тутэйшы селянін глядзіць на ўраджай абыякава, ён перакананы ў тым, што за выплатай пазычак (…) яму альбо нічога не застанецца, альбо застанецца збожжа толькі на першыя месяцы”[xvii]. Шмат у чым адказнасць за дэградацыю вяскоўцаў ляжала на мясцовых памешчыках, уладальніках корчмаў і вінакурняў, якія актыўна прывучвалі сялян да гарэлкі. Як піша Іна Соркіна, “шматлікія абшарнікі нават вызначылі абавязковую колькасць алкагольных напояў, якую селянін павінен быў выпіць за год. Усе звышпрацы ў памешчыка аплачваліся гарэлкай альбо талонамі ў карчму”[xviii].
Пітушчыя і няздольныя прадуктыўна працаваць вяскоўцы сталі звяртацца да крадзяжу як да сродку жыццязабеспячэння. Пры гэтым ў ХІХ ст. крадзежы ў межах вёскі стрымліваліся “свойскай мараллю”: усе кепскае, што рабілася ў дачыненні да “свайго”, лічылася грахом, роўна, як усе кепскае, здзейсненнае “чужому”, апраўдвалася: “Скрасці можна ў пана – гэта паўграха; у габрэя, права, заслуга; але ў суседа, гаспадара – гэта вельмі кепска”[xix]. Таму любое злачынства ў “сваіх” жорстка каралася. Дробныя правіны (захоп мяжы надзела, патрава раллі і г.д.) асуджаліся; у тых, хто правініўся, забіралі вопратку ці працоўныя прылады, іх ганьбілі перад грамадой; дзяцей, затрыманых на месцы злачынства, каралі крапівой; чынілі самасуд. Гэта спрыяла нармалізацыі добрасуседскіх адносін і прадухіляла паўтарэнне сітуацыі ў будучыні. У Віленскай губерні памешчыкі не ўмешваліся ў сялянскі суд, паколькі лічылі, што ён “заўсёды будзе стражэй, чым той, які мог прыдумаць уладальнік”[xx].
Сітуацыя ў вёсцы пагаршалася зямельным голадам, які спрыяў захаванню патрыярхальнай сям’і, дзе права на надзел залежала ад выканання шэрагу правілаў. Першым і асноўным было тое, што зямля магла падзяляцца толькі паміж мужчын. Пры гэтым кожны з іх (нават “здольнік” і “прымак”) мог разлічваць на частку надзела; і, насупраць, любы, хто доўгі час адсутнічаў, а, значыць, не прыносіў карысці сям’і (напрыклад, рэкрут альбо адыходнік), губляў яго. Побытавы прагматызм беларусаў распаўсюджваўся на сямейную іерархію: гаспадаром лічыўся той, хто працай даказаў сваё становішча: працаваў многа і цяжка (часам болей за іншых чальцоў): “У цяжкай сялянскай працы гаспадар выступае першым, і ўзмах яго касы вызначае хуткасць працы іншых касцоў”[xxi]. Таму па нормах звычаёвага права кожны мужчына з сям’і, які быў незадаволены дзейнасцю гаспадара, мог паскардзіцца ў валасны суд альбо заняць яго месца.
Становішча гаспадыні было менш зайздросным. Няроўныя гендэрныя адносіны (больш высокая статусная роля мужчын) праяўляліся з моманту нараджэння асобы. З’яўленне хлопчыка (спадкаемцы, работніка) сустракалася з радасцю, народжанне дачкі засмучала бацькоў, якія лічылі, што гадуюць яе для іншай сям’і. Гэты стан рэчаў быў адлюстраваны ў песенным фальклоры беларусаў:
“Калі ў мяне сын народзіцца,
Я знайду для гасцей вішнёвы сок,
Калі дачка – вадой іх прыму,
Калі сын – пабудую высокую хату,
Калі дачка – і будана не пастаўлю”[xxii].
Таму і жаночы лёс значна адрозніваўся ад лёсу мужчыны і быў самым цяжкім у сялянскім асяроддзі. Воля жанчыны была падпарадкавана рашэнням мужчыны: да шлюба – бацькі, пасля шлюба – мужа (альбо гаспадара мужавай сям’і). Кіруючыся эканамічнымі меркаваннямі, сям’я рана жаніла сына (і праз гэта хучэй атрымлівала дадатковую пару рабочых рук) і пазней выдавала дачку замуж, каб яшчэ адзін-два гады скарыстацца з яе працы.
Зямельнае пытанне вызначала стаўленне селяніна да дзяцей, іх сацыялізацыі і адукацыі. Дзіця ў вёсцы лічылася маленькім дарослым, якое мела частку гаспадарчых абавязкаў і роляў: “Пяцігадовае дзіця няньчыць сваіх малодшых братоў і сясцёр, у 7-8 гадоў ён ужо пасвіць жывёлу, ідзе за коламі і г.д.; у 12 гадоў (…) грабе сена, скродзіць; у 15 гадоў ён ужо бярэ цэп і касу, а праз два гады яшчэ і саху, так што да 20 гадоў ён становіцца сапраўдным “хлебаробам” (…). Дзяўчына 16-17 гадоў ужо выконвае ўсе жаночыя работы”[xxiii]. Таму асноўнай задачай, якая стаяла перад бацькамі на гэтай ніве, было “навучыць таму-сяму, што самі ўмеюць, гэтага хопіць. Новых дарог не імкнуцца ім пракладваць: няхай жывуць нябедна і спакойна ў тым жа сялянскім асяроддзі – гэта ўсё, пра што для сваіх дзяцей мараць, гэта адзінае і найважнейшае для іх імкненне”[xxiv].
Ва ўмовах прыгоннага права і абмежаванай сацыяльнай мабільнасці адукацыя (нават простыя навыкі чытання і пісання) бачылася раскошай, якая не прыносіла практычнай карысці гаспадарцы. Апісваючы палескую вёску часоў Расійскай імперыі, Юзэф Абрэмбскі звярнуў увагу на наяўнасць асаблівых, у параўнанні з польскай альбо расійскай сітуацыяй, прычын непрыняцця школы мясцовымі сялянамі: “Паўсюдны (…) польскі звычай навучання сыноў на ксяндзоў на Палессі быў зусім невядомы. З часоў уніі духоўная кар’ера для палесскага селяніна была немагчымая па прычыне яго рускасці і прыгону. Вяртанне праваслаўя нічога не змяніла. Паляшук заставаўся аратым і пастухом. Духоўнае жыццё было справай бацюшкі, прысланага з глыбіні Расіі (…). Таксама і мясцовыя цывільныя кар’еры па-за межамі вёскі былі недаступнымі для палескага насельніцтва. Кола тутэйшай адміністрацыі, канторшчыкаў маёнтку, пісарчукоў, эканомаў, усякага роду “падпанкаў” здаўна складалася з польскай (…) збяднелай шляхты”[xxv]. Менавіта таму, па падліках прафесара філасофіі Варшаўскага ўніверсітэта, які ў 1819 г. інспекціраваў народную адукацыю ў Мінскай губерні, у большасці губернскіх школ на 5.000 мужчын-сялян прыходзіўся ўсяго 1 вучань[xxvi]. І калі адукаваны хлопец меў шанец змяніць свой лёс, для дзяўчыны такой магчымасці амаль не існавала.
У выніку, у другой палове ХІХ стагоддзя беларуская вёска апынулася ва ўмовах, якія істотна запавольвалі любыя перамены. Палітыка, якую праводзіла царская адміністрацыя, прывяла да росту прыгонных і часова залежных сялян, і, як следства, зменшыла лічбу эканамічна актыўных людзей. Большасць памешчыкаў і часовых арэндатараў была не зацікаўлена альбо нездольна правесці мадэрнізацыю маёнткаў. Апроч таго, на вяскоўцаў уздзейнічалі традыцыйныя аграрныя арыентацыі: асноўным аб’ектам прагненняў і адзінай крыніцай забеспячэння сваіх жыццёвых патрэб яны лічылі зямлю, аднак не мелі сродкаў і права на яе набыццё. Сітуацыя магла быць зменена толькі звонку. І важным крокам на гэтым шляху сталі аграрная рэформа Пятра Кісялёва (1840-1850), адмена прыгоннага права ў 1861 г. і рэформа Пятра Сталыпіна 1906 г.
Пачатак першай – рэформа П. Кісялёва – быў выкліканы крызісам беларускай сельскай гаспадаркі. Падчас яе была зліквідавана натуральная рэнта і ўведзена сістэма дэталёвай рэгламентацыі сялянскіх павіннасцяў (урочная сістэма); дзяржаўныя сяляне Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў былі пераведзены на пазямельны чынш, да іх надзелаў былі зроблены прырэзкі. Важнай зменай стала наданне беларускім дзяржаўным сялянам прававога статуса, роўнага статусу дзяржаўных сялян цэнтральнарускіх губерняў, г.зн. асабістай волі (права самастойна браць шлюб і вырашаць лёс дзяцей, распараджацца асабістай маёмасцю, займацца рамяством і здабычамі)[xxvii].
Другой рэформай стала адмена прыгону 1861 года. Згодна з “Маніфестам аб адмене прыгоннага права”, сяляне атрымалі палову памешчыцкага маёнтку, за якую абавязаліся заплаціць (20% ад сумы яны мусілі ўнесці самастойна, а 80% складаў дзяржаўны крэдыт, раскладзены на 49 гадоў). Пры гэтым набыццё зямлі ў памешчыка магло быць здзейснена не раней, як праз 9, і не пазней, як праз 20 гадоў ад пачатку рэформы. Высветлілася, што рэформа не толькі не здымае зямельны голад, але і паглыбляе залежнасць сялянства (на гэты раз ад дзяржавы). Надмерна высокія памеры выкупных плацяжоў, усталяваныя без уліку прыбытковасці сялянскай гаспадаркі і яе плацёжаздольнасці, прывялі да з’яўлення нядоімкі, якая з кожным годам павялічвалася і да канца ХІХ стагоддзя нашмат перавышала гадавы прыбытак сям’і. Ацэньваючы прыбытковасць сялянскай гаспадаркі (праз суаднясенне трох фактараў: колькасці зямлі, ураджайнасці і коштаў на прадукцыю), С. Пракаповіч прыйшоў да высновы, што ў канцы ХІХ стагоддзя пры існаваўшай у той час плошчы надзела вясковец проста не мог зрабіць гаспадарку прыбытковай. Больш за тое, большасць сялян мусіла галадаць. Паўсюдна ў імперыі напачатку ХХ стагоддзя пры норме 5.000 калорый (з улікам ступені выдаткоўвання энергіі на цяжкую фізічную працу) у вёсцы на аднаго едака ў дзень прыходзілася ў сярэднім 4.500 калорый, прычым 84, 7% з іх былі расліннага паходжання (у тым ліку 62, 9% хлебных) і толькі 15, 3% калорый – жывёльнага паходжання[xxviii].
Паўстае заканамернае пытанне: ці быў сэнс ў рэформе 1861 г.? Так, бо яна стала імпульсам да мадэрнізацыі гаспадаркі, дала асабістую свабоду раней залежным земляробам. На думку Сяргея Токця, неабходнасць сплочваць дзяржаве пазыку стымулявала сацыяльную мабільнасць і эканамічную актыўнасць вяскоўцаў[xxix]. Апроч таго, было легалізавана права на куплю зямлі – асноўную крыніцу сялянскага багацця і прэстыжу. У выніку толькі за перыяд з 1877 па 1905 гг. плошча набытых сялянамі земляў вырасла ў 8,3 разы[xxx]. Пасля 1861 года пачалі з’яўляцца новыя вёскі, якія паўставалі на выкупленых земляробамі былых памешчыцкіх землях. Часцей за ўсё некалькі чальцоў адной сям’і набывалі надзелы (хутары) і дзялілі іх пасля поўнага ўладкавання. Такая практыка толькі на час – да сярэдзіны 1870-х гадоў – стрымала распад патрыярхальнай сям’і. Але пры першай магчымасці маладыя сем’і ініцыіравалі раздзяленне гаспадарак, тым самым знімаючы ўнутранныя канфлікты.
Найбольш паспяховыя ў эканамічным сэнсе гаспадаркі пераходзілі на новы інвентар, паскараючы распад традыцыйнай культуры. Ранней усё жыццё селяніна праходзіла па выразна распісаным плане, ён жыў, карыстаючыся тымі ж станкамі, інвентаром і г.д., якімі карысталіся паў- і болей стагоддзі таму. Нязменнасць усіх кампанентаў бачылася асноўнай умовай бяспекі і стабільнасці свету вёскі. Такая пазіцыя мела падставы. У канцы ХIХ стагоддзя вялікая частка сялян Гродзенскай губерні перайшла з сярпа на касу. З аднаго боку, гэта замена значна павялічыла хуткасць і эфектыўнасць працы, з іншай – прывяла да знікнення комплексу “жніўных песен”, якія спяваліся жанчынамі падчас жніва сярпом[xxxi].
Рэформа 1861 года садзейнічала эканамічнай дыферэнцыяцыі вёскі: у канцы XIX стагоддзя вырасла мяжа паміж скрайнімі групамі – найболей беднымі і багатымі людзьмі. Як адзначаў у 1890-х гг. М. Доўнар-Запольскі, на Палессі “заўсёды ў кожнай вёсцы можна азначыць некалькі груп моладзі, складзеных ці з багатых, ці з бедных сем’яў. (…) Паміж прадстаўнікамі таго і іншага стану нельга не заўважыць некаторага антаганізму, які ад бацькоў пераходзіць да дзяцей. Таму апошнія і групуюцца адпаведна эканамічнаму стану першых. (…) Раз’яднанасць паміж сялянамі мае сваёй падставай не толькі недабразычлівае стаўленне бедняка да багацея, але таксама і раз’яднанасць эканамічных інтарэсаў і наогул жыццёвых умоў сяла”[xxxii].
Апроч таго, у 1890-я гг. назіраўся дэмаграфічны рост насельніцтва, які ва ўмовах недахопу зямлі зрабіў “лішнімі” 32, 7% жыхароў вёскі[xxxiii]. Склалася натуральная патрэба ў міграцыі сялян у горад альбо іншыя краіны (найчасцей гэта былі Сібір, Латвія, шахты Данбасу, Паўночная Амерыка). Раптоўныя змены памянялі стаўленне вёскі да адукацыі. Калі адна частка сялян усё яшчэ працягвала супраціўляцца адукацыі, другая ўбачыла ў навучанні рэальную магчымасць змяніць лёс сваіх дзяцей. Тым болей, што аплата курсаў ці школы (найчасцей дзетак адпраўлялі на курсы кавальскай справы, тэлеграфістаў ці вясковых настаўнікаў) каштавала танней, чым набыццё зямельнага надзела, і давала лепшыя сацыяльныя шансы.
Апошнім і важным этапам перамен (пераважна ў Віцебскай і Магілёўскай губернях) стала сталыпінская аграрная рэформа 1906 г. Падчас яе рэалізацыі з абшчыны выйшла каля 2 млн. чалавек, якія выкупілі за бясцэнак зямлю збяднелых суседзяў. На думку Андрэя Кіштымава, сталыпінская рэформа стала паваротным момантам у змене эканамічнага мыслення беларускага селяніна, прывяла да з’яўлення ў яго адмысловага стаўлення да ўласнасці, гаспадарчых інавацый, сваёй прадпрымальнасці і прадпрымальніцтва[xxxiv]. Упершыню больш чым за сто гадоў жыццё селяніна стала ўстойлівым і атрымала пазітыўны штуршок да развіцця.
Першая сусветная вайна (1914-1918 гг.) прынесла сур’езнае узрушэнне беларускай вёсцы. Калі рэформы другой паловы XIX ст. – пачатку ХХ ст. стымулявалі мадэрнізацыю гаспадаркі; то вайна, насупраць, вярнула яе на дарэформавы ўзровень. Амаль 90% праваслаўнага насельніцтва заходніх губерняў (каля 1.340.000 чалавек) было прымусова адпраўлена ў центральнарускія і ўкраінскія землі, іх хаты спалены, жывёла, вазы і г.д. засталіся на перасылачных пунктах. Становішча ўсходнебеларускай вёскі было не менш складаным. Больш за палову працаздольных мужчын было мабілізавана на фронт (толькі з Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў было заклікана 634.400 чалавек), многія з іх былі забіты ці пакалечаны. Насельніцтва прыфрантавой паласы мабілізавалася на рамонт дарог, будаўніцтва мастоў, ахову чыгуначных ліній і г.д. Шматлікія рэквізіцыі хлеба, фуражу, хатняй жывёлы садзейнічалі хуткаму спусташэнню хутарскіх гаспадарак. Толькі Віцебскім аддзяленнем Сялянскага банка ў студзені 1915 года была зафіксавана продаж 333 хутарскіх участкаў. Для ўсё большай колькасці сялян зямля станавілася “цяжкай ношай”.
У выніку польска-савецкай вайны і заключэння Рыжскай мірнай дамовы (18.03.1921) беларускія тэрыторыі былі падзелены паміж Другой рэспублікай у Польшчы і Савецкім Саюзам. Менавіта ў польскую дзяржаву падчас Грамадзянскай вайны ў Расіі пачалі вяртацца эвакуіраваныя ў 1915 годзе людзі. Большасць з іх не мела грошай і матэрыялаў для будавання дамоў, а таму мусіла жыць у зямлянках ці буданах, якія часова замянялі хаты, страчаныя пры ад’ездзе. Як успамінае Рыгор Андранюк: “Вярнуліся (…), выкапалі зямлянку, два вакны паставілі, вышэй паставілі бэлькі, глінай іх абляпілі. Так і жылі (…). Жылі ў нястачы, да паноў хадзілі малаціць”[xxxv].
Становішча амаль не змянілася да 1930-х гг., паколькі адсутнічала дзяржаўная падтрымка вёскі, а з-за палітыкі польскага ўраду ў дачыненні да нацыянальных меншасцяў беларусы не мелі шансаў патрапіць на прадпрыемствы дзяржаўнага сектара (на транспарт, у цэнтры сувязі і ў дапаможныя службы). Усё разам гэта вяло да перагружаннасці зямельных надзелаў едакамі, а, як следства, да перманентнай нястачы: “У нашай хаце амаль кожную суботу пяклі хлеб, і мой сябар Уладак Кубаеўскі (…) прыходзіў да мяне, так хоць хлеб еў, таму што ў яго былі толькі цыбуля і часнык”[xxxvi]. Беднасць і адсутнасць сацыяльных магчымасцяў моцна стрымлівалі распачаты ў канцы XIX стагоддзя распад патрыярхальных сем’яў. На новым вітку гаспадарчай дэградацыі краю паўстала праблема ў псіхалагічным пераключэнні, якое ў XIX ст. здзяйснялася пры дапамозе гарэлкі. Аднак высокія кошты на алкаголь і пакаранне за выган самагону з боку польскай адміністрацыі прывялі да змяншэння побытавага п’янства ў вёсцы. Заменай яму стаў удзел сялян у шматлікіх сектах, якія, быццам грыбы пасля дажджу, з’явіліся на беларускіх і ўкраінскіх землях Другой рэспублікі ў Польшчы. Найбольш вядомай сярод іх стала секта Іллі Клімавіча (так званага “Іллі-прарока”) на Беласточчыне.
Як і ў пачатку ХХ ст. сітуацыя ў заходнебеларускай вёсцы не мела ўнутранага патэнцыялу для вырашэння. Сяляне пачалі чакаць на новую сілу, якая б памяняла status quo. Гэтай сілай стаў СССР, які не толькі прынёс змены, але гаворачы словамі А. Салжаніцына, “зламаў хрыбет” як заходнебеларускім, так і ўсходнебеларускім сялянам. Безумоўна, сітуацыя ў БССР мела ўнутраную дынаміку, і на час – да пачатку калектывізацыі ў 1929 г. – дала вяскоўцам перадышку ў выглядзе НЭПу і звязанага з ім росту дабрабыту. Аднак прымусовая калектывізацыя прывяла да страты набытай зямлі і жывёлы, а разам з тым – да страты стымулу да працы (як на сябе, бо заробленае магло знікнуць ў імгненне, так і на дзяржаву, бо гэта не прыносіла ні задавальнення, ні грошай). Апроч таго, многія з тых, хто да калектывізацыі праявіў сябе як добры і заможны гаспадар, патрапілі ў катэгорыю “кулакоў” альбо “ворагаў савецкай дзяржавы” і былі высланы па-за межы рэспублікі.
Нязгода з пераменамі прывяла да з’яўлення ў сялян трох тыпаў рэакцыі. Першай быў адкрыты антысавецкі супраціў. Па дадзеных ОГПУ, толькі за чэрвень 1930 года ў БССР адбылося 64 тэрарыстычныя акты: 3 забойствы, 4 раненні, 3 замахі, 6 выпадкаў збівання актывістаў, 48 падпалаў; было арыштавана 32 чалавека[xxxvii]. Аднак з дапамогай узброеных сіл пратэсты былі хутка падаўлены. Другой рэакцыяй (якая праіснавала ўсяго некалькі гадоў) стала выкарыстанне сітуацыі ва ўласных мэтах. Напрыклад, 2-3 сям’і сваякоў дэкларавалі стварэнне калгаса і пад свой “ілжэкалгас” атрымлівалі ільготныя крэдыты, тэхніку, зерне і г.д. Трэцяй рэакцыяй быў традыцыйны “пасіўны супраціў” – праца ў калгасе “як не сваімі рукамі”, утойванне сямейнай маёмасці і г.д. Паступова прыхаваны супраціў перарос у абыякавасць да зямлі і працы.
Перамены закранулі і сям’ю вяскоўцаў: зніклі патрыярхальныя сем’і, скарацілася колькасць дзетак (да 2-3). Амаль роўная занятасць у калгасе, прыблізна аднолькавы ўзровень адукацыі і сацыяльныя шансы змянілі становішча жанчыны, якая набыла падобны да мужчыны статус ў сям’і і грамадстве. Другой важнай зменай стала ўспрыняццё крадзяжоў як неад’емнай часткі сялянскага жыцця. Як і раней забаранялася красці ў суседзяў, але, наадварот, стаў нормай крадзеж у калгасе. Напачатку ён здзяйсняўся, бо дазваляў выжыць ва ўмовах голаду і жабрацтва, а потым – таму што дазваляў вярнуць (кампенсаваць) у сям’ю тое, што было адабрана ўладамі падчас калектывізацыі.
Пасля распаду СССР Беларусь стала адзінай постсавецкай краінай, дзе захаваліся калгасы. Аднак савецкі і беларускі калгасы маюць шэраг адрозненняў. Большасць жыхароў савецкай вёскі была актыўным прадуцэнтам сельскагаспадарчай прадукцыі, за што атрымлівала ад дзяржавы большыя, чым пенсіянеры, грошы. Сёння асноўная маса вяскоўцаў – гэта пенсіянеры альбо людзі ў перадпенсійным узросце. Яны не працуюць, жывучы на пенсіі, якія па велічыні часта пераўзыходзяць альбо набліжаюцца да заробкаў калгаснікаў. Моладзь, якая працягвае жыць у вёсцы, не мае ні важных жыццёвых арыенціраў, ні магчымасці да іх рэалізацыі, а таму амаль паўсюдна п’е. П’янства вяскоўца – гэта праблема, якая не з’яўляецца новай, аднак мае іншыя, чым раней прычыны. Селянін, які піў у XIX ст., рабіў гэта з-за немагчымасці пазбавіцца асабістай залежнасці, набыць зямлю і стаць звычайным земляробам. Пры гэтым сапраўдныя прапойцы сустракаліся ў вёсцы ў малой колькасці і лічыліся ўбогімі маргіналамі. П’янства цяпер мае паўсюдны характар і вынікае з усведамлення безсэнсоўнасці жыцця. Найбольш скрайнім наступствам вясковага алкагалізму стаў рэзкі рост лічбы самазабойцаў у вёсцы (на сённяшні дзень Беларусь лідзіруе ў свеце па колькасці суіцыдаў, якія здзяйсняюцца негараджанамі). Пры гэтым максімальная колькасць самазабойстваў прыпадае на Віцебскую вобласць, і менавіта ў ёй з сямейнага бюджэту выдаецца найбольшая колькасць грошай на набыццё алкаголю[xxxviii].
Не менш важная прычына абыякавасці да ўласнага надзелу звязана з верай сялян у тое, што зямля ў ХХ стагоддзі перастала быць боствам, якасна змянілася: “Зямля не такая, якой была ў дзяцінстве: пагоркі неяк панізіліся, скурчыліся”[xxxix].
Калі ў 1833 годзе Гібер фон Грейфенфельс апісваў сваё ўражанне ад беларускіх сялян, ён не ведаў, што за “крадзежам, п’янствам, грубіянствам, зайздрасцю і лянотай” вяскоўцаў стаяла спроба выжыць ва ўмовах зямельнай нястачы, уласнай несвабоды і голаду, які вынікаў з аб’ектыўных прычын. Ён не мог таксама ўявіць, што беларускае сялянства яшчэ шмат разоў будзе не толькі патрапляць у неспрыяльныя ўмовы, але і паспяхова супрацьстаяць ім.
[i] Цытата з: Киштымов А. Эволюция экономического мышления белорусского крестьянина: от отмены крепостного права до октября 1917 г. // “Наш радавод”, кн. 7, 1996. – С. 278.
[ii] Никольский Н. История русской церкви. Предисловие А.А. Круглова. – Минск, 1990. – С. 59.
[iii] Богданович А. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. – Гродно, 1895. – С. 20.
[iv] Сухова О. Десять мифов крестьянского сознания. Очерки социальной психологии и менталитета русского крестьянства (конец XIX – начало ХХ в.) по материалам Среднего Поволжья. – Москва, 2008. – С. 113-115.
[v] Fedеrowski М. Lud bialoruski na Rusi Litewskiej. Materjaly do etnografii slowianskiej zgromadzone w latach 1877–1905. t. IV: Przyslowia, zarciki, wyrazenia stale oraz zagadki ludu, mieszczan i zagrodowcow z okolic Grodna, Sokolki, Bialegostoku, Bielska, Wolkowyska, Slonima, Nowogrodka, Slucka, Lidy, Wilejki, Swiecian i Oszmiany. – Warszawa, 1935. – С. 33.
[vi] Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі. Склаў Я.Рапановіч. Выданне 2-е. – Мінск, 1974. – С. 61.
[vii]Лобач У. Беларуская традыцыйная культура і хрысціянская царква ў ХІХ – пачатку ХХ ст. // http://kryuja.org/artykuly/druvis/lobacz_tradycyja_i_carkva.html.
[viii] Беларускія прыказкі … – С. 69, 63.
[ix] Там жа. – С. 106, 101.
[x] А.Х. Очерки сельского населения Белоруссии. Корреспонденция из Витебского уезда // “Русская речь”, № 6, 1880. – С. 88.
[xi] Генерал-майор Безкорнилович. Военно-статистическое обозрение Российской империи, изданное во Высочайшему повелению при 1-м Отделении Департамента Генерального Штаба. Т.VIII, ч. 1: Витебская губерния. – СПб, 1852. – С. 144.
[xii] Гісторыя сялянства Беларусі са старажытных часоў да нашых дзён, у 3-х т, Т. 2. Гісторыя сялянства Беларусі ад рэформы 1861 г. да сакавіка 1917 г. З.Е. Абезгауз, Х. Ю. Бейлькін, А. Р. Бухавец і інш.; пад. рэд. В.Панюціча, Мінск, 2002. – С. 269.
[xiii] Шендрик Д.З., Довнар-Запольский М. Распределение населения Верхнего Поднепровья и Белоруссии по территории, его этнографический состав, быт и культура // “Россия. Полное географическое описание нашего Отечества. Настольная и дорожная книга для русских людей”. Под редакцией В.П.Семенова. Том 9, 1905.
[xiv] Пад “пасіўным супрацівам” Джэймс Скот разумее працу праз рукавы, неразуменне распараджэнняў, безыніцыятыўнасць, дробны крадзеж, нявыхады на працу і г.д. Пра гэта: Фицпатрик Ш. Сталинские крестьяне. Социальная история Советской России в 30-е годы. Деревня. – Москва, 2001. –С. 12.
[xv] Эканамічная гісторыя Беларусі. Вучэбны дапаможнік. 3-выданне. Пад рэдакцыяй В.І. Галубовіча. – Мінск, 1999. – С. 135.
[xvi] Шендрик Д.З., Довнар-Запольский М. …– С. 150.
[xvii] Генерал-майор Безкорнилович … – С. 152.
[xviii] Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. – Вільня, 2010. – С. 70.
[xix] Obrebski J. Polesie. Studia etnosocjologiczne. t. I. Redakcja naukowa i wstep Anna Engelking. – Warszawa, 2007. – С. 172.
[xx] Киркор А. Этнографический взгляд на Виленскую губернию // “Этнографический сборник”, вып. 3, 1858. – С. 174.
[xxi] Шендрик Д.З., Довнар-Запольский М. … – С. 150.
[xxii] Цытата з: Ракава Л.В. Традыцыі сямейнага выхавання ў беларускай вёсцы. – Мінск, 2000. – С. 8.
[xxiii]Довнар-Запольский М. Очерки семейного обычного права крестьян Минской губернии // “Этнографическое обозрение”, №1, 1891. – С. 17.
[xxiv] Obrebski J. Polesie … – С. 170.
[xxv] Там жа. – С. 346.
[xxvi] Там жа. – С. 338.
[xxvii] Гісторыя Беларусі. Вучэбны дапаможнік. У 2-х частках. Ч.1. Пад рэдакцыяй Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. – Мінск, 1998. – С. 283-284.
[xxviii] Сухова О. Десять мифов крестьянского… – С. 141, 149.
[xxix] Токць С. Беларуская вёска ў эпоху зьменаў. Другая палова ХІХ — першая траціна ХХ ст. – Мінск, 2007. – С. 36.
[xxx] Гісторыя сялянства Беларусі … – С. 161.
[xxxi] Pawluczuk W. Swiatopoglad jednostki w warunkach rozpadu spolecznosci tradycyjnej. – Warszawa, 1972. – С. 143.
[xxxii] Довнар-Запольский М. Женская доля в песнях пинчуков // Женщины на краю Европы. Под редакцией Е. Гаповой. – Минск, 2003. – С. 325-326.
[xxxiii] Носевич В. Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе. – Минск, 2004. – С. 238.
[xxxiv] Киштымов А. Вопросы экономического развития Беларуси и белорусская национальная идея в начале ХХ в. // “Bialoruskie Zeszyty Historyczne”, № 17, 2002. – С. 97.
[xxxv] Бежанства 1915. Рэдактар В. Луба. – Беласток, 2000. – С. 22.
[xxxvi] У новай айчыне. Штодзённае жыццё беларусаў Беласточчыны ў міжваенны перыяд. Рэдактар В. Луба. – Беласток, 2000. – С.19.
[xxxvii] Протько Т. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917-1941 гг.). – Минск, 2002. – С. 545.
[xxxviii] Kandrychyn S. Podzialy historyczne a zroznicowanie przestrzeni spolecznej Bialorusi. Rozprawa doktorska napisana pod kierunkiem prof. dr. had. Karola Piaseckiego. Rekopis, 2006.
[xxxix] Архіў ОБТА: размова праведзена ў ліпені 2004 г. у в. Ляды, Дубровінскага р-на Віцебскай вобласці А.Смалянчуком і В. Шаталавай з жанчынай 1915 г. нар.