Валянцін Акудовіч
Як аб’явілася “ЗНО”?
Апошнім часам Беларускі Калегіўм усё часцей запрашае сваіх сяброў на сустрэчы ў віртуальнай кавярні “ЗНО”. Многія з сяброў адгукаюцца, хаця наўрад ці хто з іх здагадваецца, што хавае гэтая абрэвіятура? А паколькі ніякай тайніцы тут няма, а ёсць сапраўды значная падзея, то я вырашыў распавесці, як стваралася першае “ЗНО”?
У 1993 годзе Міністэрства Культуры дазволіла тыднёвіку “Культура” раз на месяц у дадатак друкаваць на васьмі палосах “філасофію”, — і адно гэта ўжо было падзеяй, бо ніколі раней ў шырокай публічнай прасторы філасофскія тэксты на беларускай мове ніколі не друкаваліся.
Паколькі я ўжо даўно працаваў у “Культуры”, то мне і далучылі весці гэтую справу разам з “валанцёрамі” Ігарам Бабковым ды Алесем Разанавым.
Фантастычны быў час, бурапенны, але я тут мушу згарнуць аповед да выбару назвы для нашага літаратурна-філасофскага сшытка.
Гэта была сапраўдная эпапея. Найперш мы распрацавалі метадалогію пошуку назвы. З яе вынікала, што нам мус выправіцца на пошукі адразу ў чатырох накірунках. Першы – малавядомыя беларускія словы, другі – лацінізмы (дамінанта, дыскурс і да т.п.), трэці – грэцкія словы (топас, эйдас і да т.п.), чацвёрты – што заўгодна, адно каб не як у людзей.
О, гэта была праца дык праца! Два разы запар я перачытаў слоўка за слоўкам увесь слоўнік Вацлава Ластоўскага, а пасля тое самае перарабіў са слоўнікам замежных словаў. Цяпер ужо не памятаю, што непасрэдна чыталі мае хаўруснікі, але калі надыйшоў час падсумавання, то ў нас было столькі годных і прыгожых словаў, што іх, бадай, хапіла б на ўсе падобныя праекты еўрапейскага кантынента. А нам дык не, не хапіла. Кожнае прэзентаванае слоўка нечым муляла, нечым не задавальняла, нечым само сябе дыскрэдытавала.
Настаў момант, калі мне падалося, што лягчэй у пушчы знайсці авечку, якую даўно з’елі ваўкі, чым вартую назву для нашага сшытка.
Міналі дні, ужо першы выпуск быў лічы падрыхтаваны да друку, а назвы як не было, так і няма. Роспач ды адчай…
І вось тут ранкам заходзіць у рэдакцыю Алесь Разанаў. Вочы гараць, твар праменіцца натхненнем – быццам яго сёння анёлы ўмывалі. І адразу з дзвярэй урачыста паведамляе:
— Знайшоў!
— Не можа быць,– кажу каб не сурочыць.
Разанаў, як Цыцарон перад рымскім сенатам, ускідвае руку і ўрачыста паведамляе:
— Зно.
Я ўвачавідкі ніякавею. Што зно? Чаму зно? Навошта зно?
Разанаў не адразу разумее, што я нічога не разумею, а зразумеўшы, пачынае тлумачыць.
Я не ўпэўнены, што дзе знойдзецца чалавек, які здольны пераказаць тое, што кажа Алесь Разанаў. А калі такі чалавек ёсць, то гэта ўжо напэўна не я. Таму далей буду карыстацца ўласнай версіяй разанаўскага тлумачэння. Спрошчана яна выглядае так: Разанаў ператрос усе беларускія хронікі ды ўвесь сучасны лексікон і высветліў (ці вылічыў), што ў фанетычнай аснове калі не большасці, то вельмі многіх сутнастваральных і дынамічных беларускіх словаў знаходзяцца гэтыя тры гукі (-з-, -н-, -о-), натуральна, у розных спалучэннях і не заўсёды ў поўным складзе (звон, дно, воз, зноў і г.д і да т.п.).
Шчыра кажучы, лагічная аргументацыя разанаўскага тлумачэння не так ужо і моцна мяне пераканала, але я не мог не даць веры ягонаму вуху.
Дайце веры, у Разанава геніяльнае вуха. Разанаў чуе слова ў яго яшчэ вільготнай, трапяткой прааснове: можа быць, у вушных ракавінах Разанава (як у марскіх – мора) увесь час шуміць, пераліваючыся, магма тых першагукаў, з якіх потым і ўзнікаюць словы. Зрэшты, як у яго гэта адбываецца, не істотна. Але тое, што ёсць (вуха), тое ёсць.
Так –зно- сталася “ЗНО”. Яно досыць міралюбна суіснавала з газетай (як дамініён з метраполіяй), рабіла тое, што лічыла патрэбным, аднак пры гэтым улічвала, што ягоная свабода досыць умоўная і абараняць гэтую свабоду ад чынавенства даводзіцца не таму, хто рыхтуе сшытак, а таму, хто адказвае за ўвесь тыднёвік.
***
Першы выпуск “ЗНО” пабачыў свет у траўні 1993 г. Графічны вобраз сшытка стварыла наш таленавіты дызайнер Наталля Овад. А зварот да чытача прымусіў мяне напісаць Алесь Разанаў. Не маючы іншага выйсця, я і накрэмзаў усялякага рознага аж на цэлую старонку (як на сённяшні розум, дык добрую палову выкінуў бы з палёгкай). Але ж апошні фрагмент хацеў бы працытаваць.
“Шаноўны чытач!
Літаратурна-філасофскі сшытак “ЗНО” пры газеце “Культура” мае на мэце:
— актуалізаваць айчынны досвед інтэлектуальнай творчасці;
— спрыяць вылучэнню з універсальнага зместў уласнай філасофіі ў формах тоесных беларускаму досведу;
— стварыць адпаведны кантэкст для тых літаратурных і філасофскіх тэкстаў, што пакуль вымушаныя шукаць выпадковага прытулку ў традыцыйных выданнях ці ўвогуле не могуць знайсці свайго друкара;
— падтрымаць інтэлектуальную эсэістыку на шляхах станаўлення жанру;
— папулярызаваць лепшыя здабыткі еўрапейскай і сусветнай гуманістыкі.
Мы будзем вітаць паэзію сэнсаў і сэнсатворную паэзію.
Не станем пераконваць чытача, што неўзабаве ўсё пажаданае спраўдзіцца. Лепей нагадаем беларускую прымаўку: рабі што можаш і хай будзе, як будзе”.
Мы былі ўзрушаныя. Уся рэдакцыя. І тыя, хто не меў ніякага дачынення да “ЗНО”, не менш за астатніх. Газета ў адначассе вырасла ў два разы – з васьмі да шаснаццаці палос. Аднаго гэтага было дастаткова для салодкага хвалявання (цяпер было што ў руках патрымаць). Толькі галоўная радасць паходзіла з іншага. Усе разумелі, што ніколі раней нічога такога ў нашай публічнай прасторы не было. Беларускае перыядычнае выданне прэзентавала сябе, як філасофскае!
Сентыментальна гартаю той першы выпуск літаратурна-філасофскага сшытка “ЗНО”. Распачынаюць яго (пасля маёй прадмовы) “Нататкі з нічэйнай зямлі” Алеся Разанава. Лішне казаць, што яны наскрозь мысліўныя. Наступная паласа за Ігарам Бабковым. Яго канцэптуальны трактат “Беларуская традыцыя: на зломе сэнсаў” будзе мець працяг яшчэ ў двух нумарах. Далей я пераказваю гутарку з нашым славутым перакладчыкам Васілём Сёмухай пра адметнасці перакладу філасофскай літаратуры. Тады ў сп. Васіля ўжо была падрыхтаваная да друку кніга Фрыдрыха Ніцшэ “Так казаў Заратруста”. Ладную частку з яе мы пазычылі для “ЗНО”. Затым экзістэнцыйныя “Версэты” празаіка Уладзіміра Арлова. А паэт Леанід Дранько-Майсюк наадварот прапанаваў вялікі ўрывак з ego-essai “Стомленасць Парыжам”. Апошнім у выпуску быў тэкст таленавітай паэткі (і на той час супрацоўніцы рэдакцыі) Галіны Булыка, якая прааналізавала філасофскую складовую знакамітага навукоўцы і мысляра Іллі Прыгожына.
“Пасля кароткага, але поўнага радаснай эмоцыі балявання ў рэдакцыі, мы з Ігарам Бабковым рушылі пешкі ў рэстарацыю Дома літаратараў. Падзея была вартая працягу за келішкам і сярод сцішанага сумоўя сам-насам. Няспешна азіраючы праспект у веснавым падвячорку, я раптам адчуў такую стому, быццам выканаў галоўную справу свайго жыцця.
Хаця насамрэч усё толькі пачыналася…