Юрась ПАЦЮПА. Культура беларускай мовы (Лекцыі 1—2)

Уступ

Мы жывем у сьвеце, дзе білінгвізм або мультылінгвізм становяцца будзённаю зьяваю. У сьвеце, дзе штодзённа размываецца этнічны субстрат, і ў выніку — усе мовы, якія ёсьць, адзержваюць такое быццё, ставяцца ў такія варункі існаваньня, якіх дагэтуль яны ніколі ня зьведвалі, хоць мінула не адно цывілізацыйнае тысячагодзьдзе.

Мала таго, мы жывем у краіне, дзе білінгвізм афіцыйна ўзаконены. Урэшце, мы жывем у грамадзтве, дзе дзьвюхмоўе набыло гэтакія пачварныя формы, што мова тытульнага этнасу, беларуская мова, прыніжаецца, выкараняецца й перакажаецца. Дайшло да абсурду: інстытуты, якія з найменьня павінны вывучаць і бараніць мову, цынічна працуюць на яе вынішчэньне… Але сёньня мы маем гаварыць не аб прычынах, а аб прадуктах існае моўнае сытуацыі.

Скароты

Лсл. — Ластоўскі В. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. —Коўна, 1924.

РБсл. — Русско-белорусский словарь. В 2-х т. —Минск, 1982.

Сс. — Сіноніма славена-роская // Старабеларускія лексіконы. —Мн., 1992.

Ссл. — Станкевіч Я. Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік. —Нью-Ёрк, [1990].

 

Лекцыя 1. Тэарытычныя аспэкты культуры мовы

Пытаньні:

1. Культура мовы й пурызм

2. Беларускі пурызм

3. Гістарычныя падставы пурызму

4. Тэарэтычныя падставы пурызму

5. Барбарызмы ў сыстэме мовы

 

§ 1. Культура мовы й пурызм

Калі вам хоць раз даводзілася выконваць працу рэдактара, карэктара, асабліва ў газэце, і калі вы працавалі адначасна і зь беларускімі і з расейскімі тэкстамі, дык пэўна што адчулі розьніцу: праца з расейскім тэкстам пасьля беларускага — падаецца дзіцячай забаўкай. А ўзяўшыся за беларускі тэкст — вы лучаеце ў неабсяжную багну няпэўнасьцяў. Сэмантычных. Граматычных. Лексычных. Можна папраўляць скрозь і спрэс! А можна й амаль ня рупіцца, не папраўляць… Усё залежыць ад вашай стараннасьці, сумленнасьці й падрыхтаванасьці. Дый мала хто ўсьведамляе, у які бок скіроўваць мову.

На жаль, усё больш і больш беларусаў засвойваюць беларускую мову з кнігі, частакроць, — у сталым веку. “Роднай” яна можа лічыцца толькі ў плашчыні аксыялёгіі , а не псыхалёгіі. Цікава, што звонку лексычны пласт часамі нават “багацее”, становіцца больш арыгінальным. Але пурыстычныя намогі выглядаюць як аплікацыі да заганнага узусу “адной мовы з двума тэрмінамі”. Калі мова беларускіх пісьменьнікаў XIX, пач. XX стст. паказвала, адкуль тыя паходзілі, дык у сучасных паказвае, якія слоўнікі яны чытаюць. Цьвяроза разважыўшы, разумееш: на сёньня ў нас і “экспэртаў” для ацэны становішча не засталося…

Дык жа зьместам гэтага чытаньня і мае стаць культура мовы ў яе сыстэмна-гістарычным асьвятленьні, а таксама — найвастрэйшыя пытаньні беларускага пурызму. Скажу больш, наша сумоўе мажлівае толькі на пурыстычнай падставе, як дыялёг абароньнікаў чысьціні мовы. Бо непурыстыя, з грунту, не пераймаюцца станам Слова. І мера іхнай свабоды, таксама, як і навуковай тэлеалёгіі, цалкам упісваецца ў слыннае й векапомнае: “Хто как хаціт, тот так і гаварыт”. Ніжэй я агучу тыя праблемы, да якіх ужо ня раз публічна зьвяртаўся, яшчэ маю зьвяртацца, і тыя праблемы, да якіх толькі думаю зьвярнуцца.

Заразом хачу нагадаць: трэба ясна сабе ўсьведамляць такія паняткі, як культура мовы ды моўная інжынэрыя, з аднаго боку, і культура маўленьня — зь іншага. Інжынэрыя мовы — чыннасьць рэвалюцыйня, культура маўленьня — рэстаўратарства. Культура маўленьня неадменна йдзе побач з стылістыкай, а моўная інжынэрыя часта ўступае з апошняй у канфлікт. Дзе няма пэўнасьці з моваю — там дарма брацца й за маўленьне. А наша ўнівэрсітэцкая практыка кожнага разу на гэтым спатыкаецца, бо й праблематыку, і нават практычныя рэкамэндацыі, стылёвыя нормы — яна мэханічна пераносіць з расейскага асяродку, дзе пытаньня культуры мовы не існуе як такога, у асяродак беларускі, дзе гэтае пытаньне — на першым месцы.

Належала б гэта запытацца, а навошта нам патрэбен пурызм? Якая зь яго наўда?

Рэч у тым, што мова, існаваньне якой стаіць пад пагрозаю, рана ці позна ня можа не зазнаць пурыстычнага ўплыву. Абарона кожнага яе элемэнту ўпаасобку — гэта й ёсьць абарона мовы як цэлага. Нездарма ж пурыстых гэтак ня любяць асымілятары й калянізатары. Бо ведама, што ня толькі звужэньнем кола сваіх носьбітаў, але й зьмяншэньнем колькасьці адметных адзінак: слоў, канструкцыяў, выразаў, афіксаў — мова занепадае. Чужародны элемэнт, які шматкроць паўтараецца, дзеіць накшталт кампутарнага вірусу, разьядаючы сыстэму мовы зь сярэдзіны.

Аднак усякі пурысты лучае ў досыць нецікавае становішча і застаецца сам-насам перад шэрагам пытаньняў:

— да якой ступені разумна ачышчаць мову ад пазычаньняў?

— які пэрыяд у гісторыі мовы найлепей браць за ўзор?

— за кошт чаго папаўняць слоўнікавы запас?

— паводле якіх адзнакаў тое ці іншае слова лічыць заганным?

— ці ня будуць наватворы аддаляць мову ад яе прыроды?

— і, урэшце, у чым замыкаецца прырода тае ці іншае мовы?

Я не хацеў бы гэтыя пытаньні хаваць пад сукно, але й ня хлюбіўся б на ўсе даць вычарпальны адказ. Спадзяюся, што збольшага я іх разьвяжу. А рэштаю — няхай яны й надалей застаюцца апорыямі, якія цьвеляць, жывяць ды мацуюць думку практычнага, гарачага й неабыякавага мовазнаўства.

§ 2. Беларускі пурызм

Колькі слоў трэба сказаць і пра беларускі пурызм у асобах. Першым пасьлядоўным пурыстым, быў, як ведама, рамантык нацыянальнай ідэі Вацлаў Ластоўскі. Далей Ян Станкевіч, найбуйнейшы й найпасьлядоўнейшы з усіх абароньнікаў чысьціні нашае мовы, улічыў ягоны як дадатны, так і адмоўны досьвед, надумаўшыся паставіць свой пурызм не на рамантычны, а на пазытывісцкі грунт. Асноўнай рысаю Станкевіча быў радыкалізм: за што б ён ні браўся, ці за чысьціню мовы, ці за моўны арэал — усюды йшоў да крэсу. Фактычна, ягоная дзейнасьць — гэта моўная інжынэрыя ў чыстым выглядзе.

Адваротам Станкевічаваму пурызму ў БССР стаў пісьменьніцкі пурызм Кузьмы Чорнага, які хутчэй можна аднесьці да культуры маўленьня. Калі Станкевіч свой ідэал мовы бачыў пазытыўна й канкрэтна, дык Чорны аказваў толькі нэгатыў, абуджаючы ў сваіх чытачоў творчую волю да пазытыву. Станкевіч, абапіраючыся пад тое на чэскі досьвед, стараўся абмежаваць літаратурацэнтрызм і пераарыентаваць моўную інжынэрыю з слоўнага мастацтва на навуку, але заставаўся адзінотным. У савецкіх умовах гэта дало б вынікі, адваротныя чаканым, бо найрэакцыйнейшую ролю пры кадыфікацыі беларускае мовы адыгрывала (і дагэтуль адыгрывае) афіцыёзная лінгвістыка. А якраз пісьменьнікі выступалі якімі-ніякімі захавальнікамі ідэяў пурызму.

Дзеля прыраўнаньня варта зацеміць матывацыйную, і нават катэгарыяльную, розьніцу між беларускімі пурыстычнымі праектамі: Ян Станкевіч — “чысьціня мовы”, Кузьма Чорны — “лад мовы”, Максім Лужанін — “магчымасьці мовы”, Ян Скрыган — “праўда мовы”. Заўважым, гэта не адвольныя выразы, а тыя характарыстычныя словы, якімі кожны з пурыстых абгрунтоўваў свае парады. Апрача называных аўтараў у розныя часы шмат спрычыніліся да культуры мовы й маўленьня Уладзімер Дубоўка, Пятро Глебка, Мікола Лобан, Валянцін Рабкевіч, Янка Саламевіч, Уладзімер Содаль.

На эміграцыі, побач з Станкевічавым пурызмам, разгортваўся пурызм Ант. Адамовіча, ці не найлепшага беларускага стылізатара мовы навукі. На савецкай, а далей постсавецкай тэрыторыі цэлыя пурыстычныя школы заснавалі — спачатку Фёдар Янкоўскі, потым — Алесь Каўрус і Павел Сьцяцко. Шмат рупіўся дзеля культуры мовы Пётра Садоўскі. У беларускага пурызму ёсьць ужо пэўныя традыцыі, апрычоная праблематыка й свае ворагі — антыпурыстыя, матывацыя ўчынкаў якіх часамі досыць-такі загадкавая…

На жаль, з кожным годам заўважаецца паслабленьне пурыстычнага імпэту. Нават мова эміграцыі, у тым ліку й старой, шмат у чым саветызавалася. А ў самых пурыстычных праектах спакойна прыжываюцца саветызмы. Дзейнасьць пурыстычных школаў набывае кропкавы характар: кожны распрацоўвае сваю галіну, а на рэшту мовы — даўно махнуўшы рукою. Апошні чыньнік вымагае вяртацца да клясычных працаў Яна Станкевіча.

Зацемлю, Станкевічавы рэкамэндацыі толькі для дылетантаў падаюцца занадта экстрэмісцкімі. Ня ў гэтым іх апрычонасьць. Збольшага ўсё, што ён пісаў, фрагмэнтарна сустракаецца і ў менш радыкальных аўтараў. Але бяда ў тым, што кожны пурысты засяроджваўся толькі на ўласных прапановах. А Станкевічавы парады — абымаюць мову ўсебакова. Практычна ён адзіны, хто не абмяжоўваўся касмэтычнымі карэктывамі, якія ў існасьці нічога не мянялі. Калі ўжо гаварыць пра Станкевічаў радыкалізм, дык трэба яго разумець, не як экстрэмізм, не як экзотыку, а як сыстэмнасьць у падыходзе да мовы. Гэта й даўнімаецца пры насьледаваньні вялікаму пурыстаму.

Нельга сказаць, што ўсякая Станкевічава рэкамэндацыя слушная й карысная, але павярхоўнае адпрэчваньне ягоных прац, ідэалізацыя сучаснага узусу — дарога тупіковая. Мае разыходжаньні з Станкевічам палягаюць у непрыняцьці ягонае ўтопіі “чыстае” беларускае мовы. Бо ні ў дыялектным распадзеле мовы, ні ў сваіх пурыстычных рэкамэндацыях ён не аддзяляе этнічнага пачатку ад культурнага, не вылучае асобна заданьняў нармацыйных і заданьняў стылёвых.

§ 3. Гістарычныя падставы пурызму

З гледзішча лінгвістыкі дэскрыпцыйнае — культура мовы нелегітымная, бо парушае юрысдыкцыю навукі, спрабуе насуперак закону Юма перакінуць масток ад бытнасьці да мусовасьці . Аднак ня варта забывацца, што ўсе прыродніцкія навукі ад досьледаў рана ці позна пераходзяць да практыкі, ад навукі — да тэхналёгіі й тэхнікі. Без інжынэрыі навука ператвараецца ў прыватнае гобі. Гуманітарыі, калі хочуць канкураваць з натуралістымі, ня мусяць шукаць сабе прывілеяў. Культура мовы, моўная інжынэрыя не супярэчаць дэскрыпцыйнай навуцы, а ўдзержваюць яе ў сабе як грунт, як базавы матар’ял. І чым трывалейшы гэты грунт, тым трывалейшыя канструкцыі ў кадыфікатара мовы.

І ўсё ж унівэрсум прапаноў такі неабсяжны, што ўсе выракі розуму няўхільна абяртаюцца выракамі густу. Пурысты, як вышэй зазначалася, лучае ў сытуацыю благой бясконцасьці, і ачышчаньне мовы ператвараецца ў банальныя ўцёкі ад рэальнасьці. Прыкладам, калі б мы захацелі вызваліць беларускую мову ад палянізмаў, дык мусілі б вярнуць яе ў стан смаленскае граматы 1229 году. Але й там не адзержалі б чаканага адхланьня, бо намест палянізмаў знайшлі б невялікую жменьку царкоўнаславянізмаў. Таму для ўсіх нашых рэкамэндацыяў мусіць быць устаноўленая нейкая тэарэтычная рама.

Гэтай тэарэтычнаю рамаю ёсьць сыстэмнасьць мовы. Сыстэмнасьць можа праектавацца дваякім спосабам: тэарэтычным, праз пазнаньне законаў мовы, і практычным , праз апісаньне народнага маўленьня, якое, супраць кніжнага, “інтэлігенцкага”, ісьніць сабою тыя законы, што ня зь неба зваліліся, а склаліся гістарычна. Такім парадкам, сыстэма мовы — гэта гісторыя мовы ў зьнятым выглядзе. Ці прасьцей, сыстэма мовы ёсьць прадуктам гісторыі мовы. А гісторыю, як ведама, нельга перамяніць. І таму сыстэма заўжды жорстка дэтэрмінаваная. У гэтым апраўданьне пурызму. І аб гэты ж камень пурыстыя найчасьцей спатыкаюцца. Дык перш чым перайсьці да тэорыі, яшчэ раз засяродзімся на гісторыі.

Рэч у тым, што ў кожнай пісьмовай мове апрача базавых адзінак ёсьць пласт адзінак культурных, якія становяць суб-, а лепш сказаць супэрсыстэму . Яны, у той ці іншай меры, пазычаныя, і аказваюць ня этнас, а той культурны рэгіён, у якім этнас абарачаецца. Просталінейны пурызм заўжды рызыкуе зьмесьці гэты пласт, што абяртаецца стратай стылёвай гіерархіі й аняменьнем стылёвых рэгістраў. Нездарма сфармаваная мова, дзе базавыя й культурныя адзінкі ўстаяліся, вельмі балюча рэагуе на зьмену культурнага кантэксту — яна ня мае патрэбы ў радыкальным запазычваньні, якое ўжо нічога новага ня можа ёй прапанаваць, але неадменна пагражае збурыць тое добрае, што ў ёй ёсьць, множыць грувасткія гібрыды й таўталёгіі. Ад такіх “гасьцей” мову трэба бараніць.

Тэарэтычнай пабудовай, якая дазваляе сыстэматызаваць факты гісторыі беларускай мовы (як гутарковай, так і кніжнай) і акрэсьліць пурыстычную чыннасьць, служыць ідэя балтыйска-чарнаморскага моўнага хаўрусу. Яна вызваляе нас ад мэханістычнага ваганьня паміж Усходам ды Захадам, ратуе ад наканаваньня “ўсходнеславянскіх” ідэалягемаў. Згодна з гэтай тэорыяй беларуская мова становіць сабою два гіерархічна неаднародныя пласты: 1) базавых аўтэнтычных адзінак, узрослых з праславянскага дыялекту, палеглага на балцкім субстраце, і 2) адзінак культурных, перш-наперш — палянізмаў, германізмаў ды лацінізмаў, якія наслаіліся на аснову.

Кадыфікацыя сыстэмы беларускае мовы адбывалася ў абсягах колішняе Рэчы Паспалітае. І дэмаркацыя польскіх, беларускіх ды ўкраінскіх элемэнтаў — няпростая, нават небясьпечная, для сыстэмы стыляў. Затое няма жаднага расеянізму, у якім была б пільная патрэба. Беларуская літаратурная мова скадыфікавалася раней за расейскую й незалежна ад яе. Так, нельга не прызнаць блізкасьці некаторых базавых элемэнтаў расейскае й беларускае моў, але іх культурны пласт цалком адрозны й нават несумяшчальны. Наша мова такая й ня можа бяз стратаў стаць іншаю , на патрэбу нейкаму густу ці ідэалёгіі.

Таму адна справа зражваньне расеянізмаў, якія занялі месца тутэйшае лексыкі ды разьядаюць мову, іншая — выкрыцьцё палянізмаў, украінізмаў, якія выдаюцца за беларускія словы, і зусім іншая рэч тыя адзінкі, няхай сабе й пазычаныя, што адвеку займаюць апрычоныя сэмантычныя вузы, утвараючы адметныя сынанімічныя шэрагі. Адзінкі, якія ёсьць супольным набыткам моўнага хаўрусу, нельга скасоўваць, бо пурыстычная практыка абернецца самаедзтвам. А выкараненьне барбарызмаў — не самамэта для пурыстага, гэта толькі спосаб эфэктыўнага выкарыстаньня ўласных моўных рэсурсаў, уласных сыстэмных, эстэтычных і сьветаглядных мажлівасьцяў.

Беларуская ж мова мае такую багатую гісторыю, што практычна ў ёй няма нераспрацаваных пластоў, але іх эфэктыўнаму тарнаваньню замінае пагалоўная неведзь, якая выдаецца за нераспрацаванасьць самой мовы. Праўда, засваеньню ўласных рэсурсаў замінае, з аднаго боку, ленасць і нядбальства, з другога — пэўныя каляніяльныя стэрэатыпы.

§ 4. Тэарэтычныя падставы пурызму

Сыстэма ўсякай літаратурнай мовы заўжды рэглямэнтуецца нормаю, а норма складваецца на падставе пэўнага узусу. Норма і узус — гэта тыя скрані, паміж якімі чыняцца інавацыі і паміж якімі тоўпіцца дзейнасьць лінгвістага. Кадыфікатар мовы апісвае узус і на гэтым грунце пастулюе моўныя нормы. Калі кадыфікатар ставіцца да узусу крытычна — ягоная практыка абяртаецца моўнай інжынэрыяй ці культурай маўленьня.

Традыцыйны й апрабаваны спосаб укладаньня слоўнікаў на падставе выпісаў з тэкстаў дазваляе бясконцыя адзінкавыя факты маўленьня аказаць як факты мовы. Узус у такім разе ўяўляецца важнейшым за норму і вызначае яе, а маўленьне, сваім парадкам, вызначае мову, дакладней, яе наступнасьць, “адчасаваньне”. Такая практыка перадусім агадвае тарнаваньне колькасных мэтадаў: тое, што часьцей ужываецца — і становіцца правілам. Але ў мовах, падпалых асыміляцыі, колькасна-індукцыйны падыход небясьпечны, ён можа толькі паскорыць асыміляцыю.

Каб далёка не хадзіць, возьмем нашу сытуацыю беларуска-расейскага білінгвізму. Тут паміж мовамі з аднае групы спакваля ўзьнікае зона дыфузіі : элемэнты данае сыстэмы перамешваюцца з адзінкамі іншае сыстэмы, а іх дэмаркацыя становіцца ўсё больш і больш праблематычнай. Заўважым, у гэтай сытуацыі беларуская мова мінарытарная, а расейская — мажарытарная. Мінарытарная мова ня проста папушчае сваёй супарцы, яна — хварэе, перабываючы прыгнечаны стан сыстэмы. А мажарытарная мова — выракуе ўсё: і ззычвае лексыку, і задае словаўтваральныя мадэлі, і накідвае сваю эстэтыку.

Вось жа, узус неадменна дрэйфуе, норма пульсуе. Маўленьне поўніцца аказіяналізмамі, слоўнікі і граматыка — варыянтамі. Што ў такім разе рабіць кадыфікатару? Абаперціся на нешта больш пэўнае, тое, без чаго азначэньне мовы як сыстэмы становіцца пустым гукам, на нейкую неадменную існасьць, канстанту. Яе і павінен знайсьці дасьледнік, калі ён ня мёртвы статысты, а гаспадар у сваёй дзедзіне. І гэтую існасьць я б абазначыў як фэномэн. Фэномэн можа праяўляцца то як сыстэмнасьць, то як традыцыйнасьць. Ён становіць сабою нутраны бок узусу, яго пазачасавую іпастась.

Як бачым, вакол нормы (правіла) вылучаюцца катэгорыі: узус (звычай) і фэномен (зьява). У тых мовах, якія разьвіваюцца натуральна, бяз вонкавых чужаземных перакажэньняў, фэномэн і узус суіснуюць як два бакі аднаго мэдаля. І наадварот — мовы, падпалыя няспыннаму ўціску, носьбіты якіх празь некалькі пакаленьняў білінгвы, — такія мовы вымагаюць як адзінага ратунку — вылучэньня фэномэну. Фэномэн не адпрэчвае працы з картатэкаю, але мяняе прыярытэты. Праявы маўленьня, каб уважацца за зьявы мовы, мусяць вывучацца не індукцыйна, згодна з колькаснымі паказьнікамі, а дэдукцыйна, праз даўняцце мадэляў.

Фэномэн — гэта ўстойлівасьць моўнай адзінкі ў часе, якая перарастае ў сыстэмнасьць, а пры ўстойлівым існаваньні сыстэмы супадае з узуальнасьцю. Арыентуючыся пры кадыфікацыі мовы на фэномен, мы аддаем прыярытэт не гарызанталі, а вэртыкалі. Фэнамэналягічны падыход засьцерагае норму ад засьмечваньня аказіяналізмамі больш пэўна, чым падыход статыстычны. Гэта не адмаўленьне колькасьці як крытэра, а тая колькасьць, якая ўжо сталася якасьцю, як сказалі б дыялектыкі. Фэномэн, як і узус, праяўляецца на ўсіх роўнях, ад фанэтыкі да сэмантыкі.

Калі б давялося мадэляваць мову мэтафарычна, дык я б сказаў так: гэта гіерархічная стужка Мёбіўса. Апісаць яе можна праз тры характарыстыкі, уяўляючы іх увадначасьсе:

1. Мову складаюць гіерархічныя роўні: 1) фанэмны, 2) марфэмны, 3) лексычны, 4) сынтаксычны.

2. Кожны ровень мае два пляны: зьместу і формы.

3. Тое, што ўтварае зьмест ніжэйшага роўню, служыць формаю для вышэйшага.

Першы пункт агульна ведамы і зразумелы, другі — ведамы, але не заўжды адэкватна зьясьняны, а трэці — прымушае па-іншаму глянуць на сама звыклыя зьявы. Часамі кажуць, што лексыка становіць сабою больш рухомы ровень мовы, а фаналёгія і сынтакс, наадварот, больш устойлівы. Гэта так і не зусім так. Бо што такое лексычны склад? Калі голыя словы, дык збольшага ўсё слушна. А калі браць пад увагу сэмантыку, дык лексыка так шчыльна пераплятаецца з ідыяматыкай (словаспалучэньнем), з аднаго боку, ды з дэрывацыяй (словаўтварэньнем), з другога, што пра яе рухомасьць не выпадае й гаварыць.

Найпадступнейшую ролю ў разьвіцьці мовы, а таксама пры яе вывучэньні і пры кадыфікацыі адыгрывае сэмантыка. Гэта, можна сказаць, адваротны бок месяца. Месяц да зямлі ўвесь час павернены толькі адным бокам. Гэтаксама й мова, заўжды відаць толькі з боку формы. А ў выніку — аб сэмантыцы існуюць уяўленьні або сама дзікія або… ніякіх. Яна зьясьняецца як хімэрычныя канцэпты, як міталягізаваныя вобразы і пад.

Чым ніжэйшы пласт, тым часьцей у ім адмаўляюць сэмантыку, а то й наадварот, перагружаюць фантастычным сымбалізмам. І менавіта на гэтым груньце нават у найвыдатнейшых навукоўцаў часта ўзьнікаюць абмылы ды хібы. Найпадступнейшае ў сэмантыцы тое, што мы яе ўспрымаем рэчыўна. Тым часам сэмантыка задаецца не рэфэрэнцыяй, а самою сыстэмаю мовы, якую мы тарнуем падсьведама. Гэта, можна сказаць, “правілы гульні словам”.

Паспрабуем прасачыць даную лёгіку. З кампаратывістыкі мы ведаем: якасная падобнасьць адзінак, прыналежных да розных сыстэмаў, не гаворыць пра іх генэтычную тоеснасьць, затое рэгулярнасьць адменаў пры пераходзе з аднае сыстэмы ў другую якраз пацьвярджае такую тоеснасьць. Праўда, у мовах вельмі блізкіх захоўваюцца і падобнасьць, і рэгулярнасьць. Але гэта далёка ня ўсё, што характарызуе адзінкі сыстэмы.

Ня менш, калі не сказаць больш важную ролю адыгрывае сэмантыка адзінак. Яна недаступная воку і вуху, але шчыльна ўплятае іх у сыстэму мовы. Адпаведна, устойлівасьць сэмантыкі гаворыць пра ўстойлівасьць мовы як сыстэмы, а няўстойлівасьць, наадварот, пра эвалюцыю, выкліканую тымі ці іншымі чыньнікамі, зазвычай канвэргентнымі працэсамі. Вось жа, пры канвэргенцыі часта здараецца, што захоўваецца вонкавая тоеснасьць адзінак, але вымываецца іх аўтэнтычная сэмантыка.

Каб патлумачыць што я маю на ўвеце, зробім некалькі простых прыраўнанняў: 1) белар.: урода ‘ураджай’, польск.: uroda ‘краса’, чэс.: urода ‘ураджай’, рас.: урод ‘пачвара’, балг.: урод ‘пачвара’; 2) белар.: пазор ‘добры выгляд’, польск.: pozor ‘відомасьць, уяўнасьць’, чэс.: pozor ‘увага’, серб.: позор ‘увага’, рас.: позор ‘ганьба’, балг.: позор ‘ганьба’. Пры перакладзе нядоўга й абмыліцца, бо чэская dobra sprava, па-беларуску — добрая вестка а ня добрая справа, прыраўнайма расейскае — справляться ‘даведвацца’. І такіх прыкладаў куды больш, чым можа падацца на першы пагляд. Вось жа, апрычонасьць мовы залежыць не ад яе матар’яльных носьбітаў, а ад нутраной сэмантычнай структуры, яе “сэмантычных палёў”.

 

Але дарма сэмантыку зьвязваць адно зь лексыкай. Прыкладам, і ў беларускай і ў расейскай мовах ёсьць фарманты -уха, -ушка, а іх сэмантычна-функцыянальныя парамэтры — зусім розныя. Па-беларуску -ушка не ўжываецца як любосны суфікс — рас.: девушка, Ленушка, а белар.: дзевухна, Аленачка. Затое ад слова пяюха можна ўтварыць пяюшка, ад нясуха нясушка. Тым часам беларуская “гендэрная” пара носьбітаў уласьцівасьці — бягун — бягуха, крыкун — крыкуха, а расейская — бегун — бегунья, крикун — крикунья.

Праўда, і тут трэба пільнавацца, бо ёсьць расейскія “міта-абстракцыі” бытовуха, мокруха, чернуха, якія ня маюць нічога супольнага зь беларускай мовай. Зрэшты, іх няцяжка пазнаць — яны не ўтвараюць мужчынскіх параў (*мокрун, *чернун). Па-беларуску падобныя пэрсаніфікацыі маюць фармант -іца: багавіца, бліскавіца, касавіца, пільніца (але адначасна — завіруха, мадуха, мытуха ). Усё гэта (амаль што няўлоўнае) і стварае той непаўторны мысьлёвы лад, які ўсмоктваецца з малаком маці, які можа адчуць толькі носьбіт мовы і які робіць мову тоеснай сабе самой.

Дзівосы пачынаюцца пры моўных кантактах. На адной з апошніх стадыяў асыміляцыі ўзьнікае фэномэн, ведамы як “адна мова з двума тэрмінамі”. Якраз тады міжмоўныя амонімы ды паронімы зазнаюць наймацнейшы ціск. У сучаснай беларускай мове адбываецца менавіта гэты працэс, які дае два супраціўныя вынікі: адна частка аўтэнтычных слоў адмірае, прыкладам, канечны (рас. необходимый), пазорны (рас. благолепный), харошы (рас. красивый); другая — мяняе сэмантыку — адмена (рас. разновидность, а не отмена), бачны (рас. осторожный, а не видимый), вопыт (рас. опрос, а не опыт), затым (рас. потому, а не потом), перабываць (рас. терпеть, а не пребывать ), узрост (рас. возростание, а не возраст).

Як бачым, сам зь сябе жадны элемэнт мовы нічога ня значыць. Толькі забясьпечаны пэўнай сэмантыкай, ён можа разглядацца як паказьнік тае ці іншае сыстэмы. Калі сыстэма разьвіваецца інэрцыйна, без моцнага ўплыву звонку, дык ні матар’яльныя роўні мовы, ні іх сэмантычны падклад не зазнаюць істотных менаў. Калі ж моўная сытуацыя спрыяе канвэргенцыі, тады ўзнікае падобнасьць у сынтаксе, марфалёгіі, нават у фанэтыцы.

Гэтак утвараюцца моўныя хаўрусы. Мовы, прыналежныя да аднаго хаўрусу, назапашваюць супольны пласт культурных слоў, але розьняцца элемэнтарнаю лексыкай. На кожным роўні розныя элемэнты па-рознаму паддаюцца асыміляцыі. Ёсьць рэгіянальныя лексычныя адзінкі, якія захоўваюцца стагодзьдзямі (ведама ж, калі не адбываецца вялікіх пературбацыяў), бо нават пры канвэргентных кантактах сыстэма мовы ня страчвае тоеснасьці. Ад старажытнасьці да нашых дзён падобных працэсаў беларуская мова ня зьведвала. А гэта сьведчыць пра тое, што канвэргентныя працэсы, якія ў ёй ішлі, былі нязначныя. Куды ня тое цяпер.

§ 5. Барбарызмы ў сыстэме мовы

Расейскі лінгвісты Леў Шчэрба пісаў: “Мы яшчэ помнім, якая вялікая значнасьць надавалася ў свой час як чысьціні расы, так і чысьціні мовы”. Тады катэгорыя “чысьціні” мовы служыла мераю яе “вартасьці”. Сёньня падзел мовы на “чыстую” й “папсаваную” з навуковага гледзішча ня надта карэктны й без канкрэтызацыі гучыць двухсэнсоўна. Фактычна чыстых моў няма ў прыродзе. Але практычная праблема “свайго” і “чужога” трывае заўжды. І тут нам важна зразумець, наколькі арганічна, як сыстэмна другое дапасуецца да першага, ці не пагражаюць барбарызмы тоеснасьці мовы. Урэшце, як нам ставіцца да “чужога”, калі маем “сваё”?

Нормы беларускае мовы за апошнія дзесяцігоддзі зрушыліся, маўляў крыгі на веснавой рацэ. У сытуацыі гэтага “крыгаходу” часамі можна пачуць заклікі: “Давайце ўратуем тое, што ёсьць!” Так ці гэтак — прапаноўваецца “замарозіць” існае становішча, усталяваць свайго роду status quo для беларускае мовы. Заразом “замарожваць” мову гатовыя як шчырыя й гарачыя яе сымпатыкі, так і прыхаваныя незычліўцы. Насамрэч status quo немажлівае, бо працэс размываньня мовы ў сытуацыі білінгвізму, а пагатоў у сытуацыі псэўдабілінгвізму тутэйшага гатунку, рухаецца імклівымі тэмпамі. Пакуль абароньнікі мовы спрачаюцца, русіфікатары ўсе як адзін за status quo. Бо ведаюць ці здагадваюцца, куды яно вядзе. Але часамі — яны ня супраць “разьвіцьця”, калі тое ідзе ў патрэбным для іх кірунку…

Не люблю спэкуляцыяў вакол “разьвіцьця” мовы, але мушу прызнаць, што ў пэўным сэнсе яна запраўды “разьвіваецца”. Адно толькі ўдакладню: у сытуацыі дзьвюхмоўя меншая мова заўжды “разьвіваецца” ў бок большае, аж пакуль не паглынецца тою. Таму меншыя мовы вымагаюць “разьвіцьця” рэгуляванага, прасьцей кажучы — догляду й апекі , а большыя — проста не паддаюцца рэгуляваньню. Тую стыхійнасьць разьвіцьця, тыповую для вялікіх моў, асымілятары спрабуюць усталяваць як закон і для малых моў, каб такім спосабам, нібыта праз “навуковую” тэорыю, перакрыць усе захады апанэнтаў на спыненьне асыміляцыі.

Як гэта робіцца, Ян Станкевіч зацеміў яшчэ ў 30-я гады:

Калі [чалавек] пішучы (й гамонячы) у сумлеўных прыпадках ужыве хвормаў расейскіх — можа быць спакойны, жадная нагонка яго ня стрэне.

Інакш кажучы, адступленьне ад нормаў у бок расейскае мовы часьцей ухваляецца (дакладней, не заўважаецца), а ў бок беларускае — далёка не заўжды ўхваляецца, асабліва, калі тое ўжываньне выходзіць па-за рамкі зьяў частотных. Маўляў, “незразумела”, “цьмяна”! Вось і выходзіць, што шанцы на захаваньне маюць толькі адзінкі шырокаўжываныя, дый то ня ўсім шанцуе.

Ад 30-х гадоў мінула шмат часу, і зацемлены Станкевічам падыход ператварыўся ў аўтаматычны мэханізм, які некалі на старонках “ARCHE” я абазначыў як гнасэалягічны парадокс “кляпан”:

Паблажліва ставімся да асобных расеянізмаў, але адразу выкрэсьліваем незразумелае для нас беларускае слова. (Пашыраны сярод рэдактараў газэт).

Псыхалёгію гэтага мэханізму, які ляжыць у аснове “кляпану”, апісаў яшчэ Казімер Лышчынскі, толькі зь іншай, ня моўнай, нагоды:

Просты люд — у сваёй прыгнечанасьці людзьмі больш дасужымі (sapientiuribus) выдуманай верай <…>; і гэтую ягоную прыгнечанасьць яны так пільнуюць, што, калі б мудрыя захацелі яго ад гэтае прыгнечанасьці вызваліць, адкрываючы праўду, дык іх [мудрых] гэты самы люд і ўтаймоўвае.

Інакш кажучы, мовы ўжо ня трэба русіфікаваць, збліжаць з “братняю”, як гэта рабілася ў 30-я гг., яе носьбіты самыя тое робяць ахвотна. А не — дык рэдактары дапамогуць. Адзін рэдактар, падкрэсьліўшы ў маім тэксьце (балазе не перакрэсьліўшы) усё, што яму было незразумела, аргумэнтаваў свае справункі так: “Мне трэба прадаць часопіс, а ня рупіцца аб чысьціні й багацьці мовы”. Амаль прэзыдэнтавы словы: маўляў, Брыль думае толькі пра мову, а я пра ўсю краіну ! Дык пры такім падыходзе ці не рэнтабельней зусім перайсьці на расейскую (заадно й беларуская ня будзе псавацца)?

Асыміляцыя нутраная — сыстэмная — небясьпечнейшая за асыміляцыю вонкавую — сацыяльную. Проста першую далёка ня ўсе заўважаюць і ня ўсе разумеюць яе небясьпеку. Неяк раз пры абмеркаваньні няўдалых наватвораў мяне супакойвалі: маўляў, чаго ты пераймаесься, гэтыя словы складаюць мізэрную долю ўва ўсёй мове! І я так разгубіўся, што не адразу даў рады адказаць. А потым ня раз абурана ўспамінаў гэтую “тэорыю малой долі”. Але калі мы возьмем славуты РБсл., дык выявіцца, што доля заганных слоў вялізманая, аж занадта. Практычна там не знайсьці беззаганнага артыкулу.

Дый што значыць “малая доля”? Відаць, малая ў колькасным складзе ўсяе беларускае лексыкі ? Але тады ўзьнікаюць іншыя, куды істотнейшыя, пытаньні, якія павінны рацыяналізаваць праблему барбарызмаў. І якія мусіць сабе задаць кожны, хто неабыякавы да мовы.

1. Якая доля ў складзе базавай лексыкі?

2. Якая доля паводле частотнасьці ўжываньня?

3. Якая доля ўплыву на словаўтварэньне паводле аналёгіі?

4. Якая доля значнасьці як стылёвага маркеру?

5. Якая доля сярод сьветаглядных катэгорыяў?

Падпалыя асыміляцыі адзінкі маюць розную ступень забыцьця, але забытыя ці забываныя — ня значыць непатрэбныя. Пад канец для самааналізу я б прапанаваў наступную шкалу “стратных” адзінак мовы.

Група A: катэгорыя роспачы. (A:)

Група B: катэгорыя рызыкі. (B:)

Група C: катэгорыя пільнасьці. (C:)

Група D: катэгорыя наяўнасьці. (D:)

 

Лекцыя 2. Найважнейшыя практычныя праблемы культуры мовы

Пытаньні:

1. Гісторыя мовы й сучаснасьць

2. Складанаскарочаныя словы

3. Барбарызмы на -чык; -шчык і на -ка

4. Субстантывацыя прыметнікаў

5. Замкненьне

 

§ 1. Гісторыя мовы й сучаснасьць

У XI—XIII стагодзьдзях на ўсіх землях, менаваных “рускімі” ці “ўсходнеславянскімі”, склалася моўная сытуацыя, якую называюць дыглясія. Пры дыглясіі дзьве розныя мовы суіснуюць функцыянальна разьмежавана, як два розныя стылі. Адна зь іх, царкоўнаславянская, служыла для літаратурнае камунікацыі, а другая — дыялектная — абслугоўвала патрэбы камунікацыі вуснае. Пры дыглясіі на кніжнай мове не гавораць, а на гутарковай — ня пішуць. Менавіта з гэтае прычыны мясцовыя гаворкі атрымваюць толькі фрагмэнтарную пісьмовую фіксацыю. І менавіта з гэтае прычыны кніжную мову ня могуць засвоіць шырокія масы. Аднак у часы Вялікага княства Літоўскага дыглясія пераходзіць у дзьвюхмоўе. Тым часам у расейцаў яна праіснавала амаль да канца XVIII стагодзьдзя.

Зьяўленьне першых царкоўнаславянскіх граматык Лаўрэна Зізанія й Мялета Сматрыцкага спрычынілася да кадыфікацыі кніжнае мовы. Менавіта беларуска-ўкраінская рэдакцыя царкоўнаславянскае мовы задамінавала ў славянскім сьвеце. У выніку гэтага ўплыву за норму царкоўнае мовы прызнаецца фрыкатыўны [h], а не старабаўгарскае й расейскае выбуховае [g], напісаньне: славяне заміж словяне й г.д. Яшчэ большы ўплыў беларускае мовы адчуваецца ў мове паэзіі, у Сімяона Полацкага, інш. Не царкоўна-славянская мова ўплывала на нашу, а наша на царкоўнаславянскую, а празь яе — і на іншыя. Паралельна з царкоўнаславянскай — узьнікае беларуская літаратурная мова, апераджаючы на колькі стагодзьдзяў расейскую літаратурную мову.

Старабеларуская мова фармавалася пераважна ў рэчышчы справовага пісьменства. Беларуская мова, як даўнейшая, так і сучасная, разьвілася не на кніжнай, а на народнай аснове. Паміж старабеларускай і сучаснай беларускай мовамі няма такога разрыву, які ёсьць паміж расейскай старажытнай і расейскай сучаснай. Мова Статуту — гэта ў нейкай меры сучасная беларуская мова, толькі з дамешкам архаізмаў. Так, з пастановы сойму 1696 г. перапынілася традыцыя беларускае канцылярскае мовы, але яшчэ да гэтае пастановы зь сярэдзіны XVII ст. пачынае разьвівацца літаратура нізавога барока, якая абапіралася на вусную народную стыхію. Таму гаварыць пра разрыў традыцыі не выпадае, можна гаварыць толькі пра звужэньне сфэры ўплыву беларускае мовы.

Мова нізавога барока — “Прамовы Мялешкі”, “Ліста да Абуховіча”, гратэскаў Дамініка Рудніцкага, фацэцыяў Караля Жэры, камэдыяў Каятана Марашэўскага й Міхала Цяцерскага — ні ў чым не папушчае мове Яна Баршчэўскага, Аляксандра Рыпінскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча й інш., а ў нечым — нават перасягае яе. Беларускі паэт XVIII стагоддзя Дамінік Рудніцкі на 35 гадоў старэйшы за Міхаіла Ламаносава, а яго тэксты нам больш зразумелыя, чым тэксты Ламаносава яго супляменьнікам. Праўда, беларуская мова супраць расейскае куды менш унармаваная, але гэта ўжо іншая рэч. На гэтым грунце часамі ўзьнікаюць хістаньні то на Ўсход, то на Захад. Аднак сыстэмны выбар моўных сродкаў, як было сказана вышэй, лёгка рэглямэнтуецца пільна прааналізаванай і добра зразуметай гісторыяй мовы.

Царкоўнаславянская мова ў Беларусі існавала хоць і ў абмежаванай сфэры, але ж на ёй, адцемiм, пісалі й гаварылi. А ў Расеі, нягледзячы на шырокае карыстаньне, царкоўнаславянская мова ня мела вуснага ўжытку. Там яна была кніжнаю іпастасьсю мовы расейскае, урэшце, абедзьвiя цесна перапляліся ды злучыліся ў адну сыстэму. Сучасная расейская літаратурная мова, як кажуць, — вынік разьвіцьця царкоўнаславянскае мовы на расейскай глебе. Прынамсі, нельга не прызнаць надзвычайнай ролi царкоўнаславянскіх элемэнтаў. Яны абымаюць перадусім галіну тэрміналёгіі і сфэру высокага стылю.

Часамі славянізмы і расеянізмы зьяўляюць устойлівыя супраціўныя пары, дзе на ролю першых прыпадае значаньне адцягненасьці, кніжнасьці, паэтычнасьці, а на ролю другіх — канкрэтнасьці, практычнасьці, пабытовасьці: град — город, хлад — холод, мраз — мороз, злато — золото, глава — голова, страж — сторож, власть — волость, прах — порох, хранить — хоронить, падеж — падёж, невежда — невежа, бремя — беременный, мрак – морочить і г.д.

Цяпер, у сытуацыі каляніяльнага білінгвізму, страты арыентыраў сама гісторыя мовы падказвае, чаму расейскаму тэрміну царкоўнаславянскага паходжаньня млекопитающие мусіць адпавядаць беларускае слова сысуны, а ня калька млекакормячыя. Аналягічна пресмыкающиеся — паўзуны. Чаму марна шукаць беларускіх адпаведнікаў да славянізмаў восторг, подвиг. Іх ня мае ніводная эўрапэйская мова, у тым ліку й беларуская. Бясконцымi падаюцца патугі выдумаць тоесную адзiнку да слова подвиг: патуга, спатуга, чын, спасіл, (В.Ластоўскі), вычын, дасягненьне (С.Станкевіч), зьдзейсьце (А.Разанаў) і г.д. Чым болей такіх спробаў, тым болей мы пераконваемся: жывую мову нельга выдумаць або стварыць на чужы ўзор, як нельга зьмяніць яе гісторыі. Дарэчы, паводле старажытных беларускіх лексыконаў слова подвиг мела два значаньні: а) ‘духовы ўчынак’ стараньне, чуйнае стараньне і б) ‘рыцарскі турнір’ шырмерства, запасьніцтва, валка.

У беларускай мове кніжных элемэнтаў куды менш, а калі яны й ёсьць, дык традыцыйна польскага паходжаньня, прыкладам: ня злато, а злота; ня прах, а прох; ня град, а грод. Праўда, старабеларуская мова мела куды больш палянізмаў, чым сучасная. Цікава, што польская форма злота сустракаецца ня толькі ў А.Гаруна (Звон бліскучы, З срэбра літы, З злота зьбіты), але і ў напісе на крыжы Аўфрасіні Полацкай (а кованье его — злото и серебро и каменье) — г.зн. задоўга да шырокіх польскіх уплываў. Аднак стылёвых параў беларусізмы з палянізмамі не ўтваралі, хоць і спатыкаліся ў гаворках, у фальклёры: золата — злота, балота — блоціць, голад — глодзіць.

У сучаснай жа беларускай мове, асабліва ў яе савецкай і постсавецкай адмене, нечакана намеркавалася тэндэнцыя для ўтварэньня стылёвых параў падобных да расейска-царкоўнаславянскіх, але польска-беларускага кшталту: абраць — выбраць; адпавядаць — адказваць; адповедзь — адказ; валадар — уладар; валодаць — улада; грод, места — горад; датычыць — датыкаць; еднасьць — адзінства; злота — золата; квет — кветка, краска; квітнець — цьвісьці, красаваць; мовіць — казаць; мрок, змрок — морак; памятаць — помніць; побыт — быт; срэбра — серабро; сьпяваць — пяяць, пець; чыніць — рабіць; шыхт — рад і г.д. Відаць, тут не абышлося без аналёгіі з расейскімі парамі, але ня гэта галоўнае. Важна тое, што даныя пары далёка не заўжды сымэтрычныя расейскім. А галоўнае — яны ўтвараюцца на груньце ўласнага моўнага хаўрусу. Дзіва бярэ, што мова, нібы запраграмаваная, працягвае помніць сваю гісторыю і дае плён, калі ўлічвае гэтую гісторыі.

Часамі пытаюцца, якая мова стаіць бліжэй да беларускае — расейская ці польская? Само пастаноўка пытаньня абмыльная: у якім сэньсе бліжэй? Рэч у тым, што, як я казаў, ёсьць дачыненьні сямейныя і хаўрусныя. З расейцамі нас зьвязваюць вытокі, базавыя элемэнты мовы, а з палякамі — культура, кніжныя пласты мовы. Калі ў расейцаў маркерамі кніжнага стылю служаць памянёныя царкоўнаславянізмы, дык у беларусаў гэткую ролю выконваюць палянізмы. Пры выбары моўных сродкаў, зважаючы на ідэю Балтыйска-Чарнаморскага моўнага хаўрусу, у склад якога ўходзілі палякі, беларусы, украінцы і літоўцы, шкодна замыкацца як на ідэі абсалютнага пурызму, так і на ідэі ўсходнеславянскасьці.

Я разумею, колькі адмоўных, узаемасупярэчлівых рэакцыяў можна чакаць на ўсе гэтыя цьверджаньні. Адмоўнае ўспрыняцьце падобных фактаў грунтуецца на тым, што польская мова — жывая, а гэта ўблытвае ў гутарку палітычныя моманты. Царкоўнаславянская ж мова ўважаецца памерлаю, і яе ўплыў успрымаецца нэўтральна. Але так бачыцца справа ў вачох дылетантаў. У запраўднасьці царкоўнаславянская мова — гэта мова старабаўгарская. І я не ведаю, чым баўгарызмы (і бізантызмы) лепшыя за палянізмы? Не кажу пра тое, што сёньня першыя да нас прыходзяць як выразныя расеянізмы, бо расейская стыхія ўжо даўно іх засымілявала. Амаль што ўсе яны аселі ў нас за савецкім часам і нясуць зусім не царкоўную, а чыста савецкую канатацыю. Зазначу, мала рызыкуючы абмыліцца: няма жаднага царкоўнаславянізму, безь якога беларуская мова не магла б абысьціся.

§ 2. Складанаскарочаныя словы

Асабліва пільна трэба ставіцца да складанаскарочаных слоў. Расейская мова шмат гэтакіх адзінак скалькавала з падстаркаватае бізантыйскае мовы (праз царкоўнаславянскую), а далей ужо звыкла калькавала іх зь нямецкае, дзе складаныя ўтварэньні ёсьць тыповаю зьяваю, праўда, як зазначаў Л. Шчэрба, маюць адметнае граматычнае значаньне: “Многія гэтак званыя “складаныя словы” <…> нямецкае мовы ці санскрыту, ёсьць у гэтых мовах словамі адно толькі паводле формы, а ў ісьце больш адпавядаюць тым найпрасьцейшым адзінкам “маўленьня” (parole), якія я называю сынтагмамі : бальшыня складаных слоў гэтых моў робяцца ў гаварэньні і ня ўходзіць у рэпэртуар “мовы як сыстэмы””. Але ў славянскай моўнай стыхіі — гэта далёка не сынтагмы, а лексэмы, і лексэмы не заўжды ўдалыя.

У Сс. спатыкаецца нямала артыкулаў, дзе складанаскарочанаму царкоўнаславянскаму слову адпавядае беларускае суфіксальнае ці прыстаўкавасуфіксальнае ўтварэньне. Шмат што з тых артыкулаў мае значнасьць і ў сучасным расейска-беларускім перакладзе, прыкладам: велеречивый — моўны; добродетель — цнота; долготерпение — цярплівасьць; достоверно — праўдзіва; злословить — ганьбіць; косноязычный — бакатлівы, гугнівы, недарэкі; лицемер — хітляны, змышляч ; лицемерный — хітляны, аблудны; маловерный — недаверак; маломощный — недалугі. Цікава, што старабеларуская мова ахвотна запазычвала нямецкія карані: домостроитель — шафар; живописец — маляр; живопись — малярства; прелюбодей — байстар і г.д., але ніколі не пераймала нямецкае структуры слоў, як пазьней гэта рабіла расейская мова, якая здаўна “прызвычаілася” да складаных слоў.

Суседзтва з расейскаю моваю ператварыла разьдзел складанае дэрывацыі ў свайго роду “зону небясьпекі”, дзе калькі множаць і аўтары тэкстаў, і лексыкографы. Ёсьць цэлы пласт расейскае лексыкі, да якога ўжо мала хто здольны падабраць адпаведнікі, якія не былі б калькамі: видоизменять — адмяняць; разновидность — адмена; единодушие — згода; долгожданный — чаканы; закономерность — пасьлядоўнасьць; победоносный — пераможны; умиротворенный — замiраны; нововведение — навіна; взаимоотношения — дачыненьні; первоначально — спачатку; первоначальный — выточны, пачатны; своевременно — у час. Асабліва пільным трэба быць у выпадках: доброжелательный — зычлiвы; добросовестный — сумленны, дзе ёсьць пагроза таўталягічных калек “добразычлівы”, “добрасумленны” і пад. А найболей абмежваныя мажлівасьці складанаскарочаных слоў пры ўтварэньні nomina actionis: жертвоприношение — ахвяраваньне; сеноуборка — сенаваньне; стихотворство — вершаваньне.

Складанаскарочаныя словы непажаданыя госьці і ў беларускай тэрміналёгіі. З даўных даў існуе эканомная айчынная традыцыя перакладаньня царкоўнае лексыкі з пачатным фармантам благо-: благодать — ласка; благоволение — упадабаньне; благолепный — пазорны; благочестивый — дабратлівы. У гэтым рэчышчы ў 20-я гг. ХХ ст. рабіліся даволі ўдалыя спробы ўтварэньня сельскагаспадарчых тэрмінаў праз суфіксацыю: овощевод — гароднiк; овощеводство — гароднiцтва; свиновод — сьвінар; свиноводство — сьвінарства. Эканомнейшымі мелі быць і многія філязофскія тэрміны, калі б ня гналіся за расейска-нямецкімі мадэлямі, скажам: целенаправленный — мэтны; целеустремлённый — мэтлівы; целеполагающий — намэтны ; целесообразный — дамэтны іх дэрывацыйныя мадэлі таксама сягаюць 20-х гг. ХХ ст.

І ўсё ж гэта ня значыць, што беларуская мова мусіць наўпрэч адмовіцца ад складаных слоў. Проста яны не павінны замяняць іншых, больш прадукцыйных мадэляў. Праўда, і тут ёсьць адна адметнасьць беларускага словаўтварэньня супраць штучнага царкоўнаславянскага — беларускія складаныя словы маюць бяссуфіксавую выточную форму, прыкладам: домостроительство — дамарад; земледелец — земляроб; древнехранилище — старасхоў. Асабліва не прымае беларуская мова складаных слоў з канчарамі спакменьнікаў дзеяньня –аньне, -эньне, -ба, прыкладам: новообразование — наватвор; лесонасаждение — лесасеў; смолотечение — смалацёк. У Лсл. яшчэ сустракаюцца: дамавер; грамадзей (272); дабрадзей; казнадзей; каладзей (267); цудадзей (747); зубадзёр (141); слабадум (657); старадум (155); слабадух (657); драванос (162); зубасад (141); мутасьвет (337); дурасьвет (Савіч-Заблоцкі); слабасіл (657, 714); даматур; дабрахот; мовасьпеў (614); словачын (121).

Прыгледзеўшыся ўважлівей да гэтых і іншых падобных адзінак, можна заўважыць, што іх канцавыя карані могуць разглядацца як суфіксоіды, скажам, фармант -роб у слове земляроб. У цэлым жа, складанаскарочаныя словы ў беларускай мове адносяцца да маргінальных словаўтваральных мадэляў і, як бачым, маюць шмат структурных забаронаў. Вялікая колькасьць такіх адзінак занячышчвае мову, робіць яе грувасткай, можна нават сказаць, чыста мэтафарычна, што флексійнай індаэўрапейскай сыстэме — яна надае пэўныя рысы інкарпароўнае.

§ 3. Барбарызмы на -чык; -шчык і на -ка

А найбольшая небясьпека для беларускае мовы бачыцца ў nomina agentis на -чык, -шчык і ў nomina actionis на -ка. Беларуская мова мае вельмі зладжаную сыстэму словаўтварэньня: носьбіты прафэсіі найчасьцей маюць суфікс -ар (аптакар, сталяр), носьбіты шырокае функцыі — -нік (дасьледнік, лясьнік), носьбіты працы — -ец (вазец, касец), носьбіты дзеяньня — -аньнік, -альнік (купаньнік, нашэньнік), носьбіты часовага дзеяньня або непаважлівае функцыі — -ач (чытач, таўкач), носьбіты прыкметы — -ун, -уха (бягун , бягуха, харашун, харашуха), носьбіты высокай функцыі — -ца (збаўца, знаўца, створца), цікава назіраць, як узвышэньне прафэсійнае функцыі мяняе -нік на -нічы (лясьнік — лясьнічы і такім самым спосабам — даньнічы, паляўнічы).

Каб пацьвердзіць сказанае — зробім выбег у гісторыю. Спакменьнікі nomina agentis на -чик, -щик разьвіліся ў мове расейскіх канцылярыяў, г.зв. “прыказаў” на мяжы XV—XVI стст., іх прадукцыйнасьць была тады проста шалёная: В его не въещают ни ямщик ни боровщик, ни бобровник (Грамота 1483—1501); А проведчики и доводчики поборов своих у них не берут (Грамота 1509); мастеров всяких было много: иконники, книжные писцы, серебреные мастеры, кузнецы и плотники и каменщики, и всякие кирпищики и стеныщики и всякие рукодельники (Домострой). У нас тады існавала іншая намэнклятура: боровщик гаёўнік; кирпищик цагляр; проведчик сок; доводчик віж; каменщик муляр.

На Беларусь суфікс праточваўся павольна, разам з расейскай тэрміналёгіяй, вялікай пагрозы, як быццам, ня нёс, скажам: Энэй канторшчыкам у нас (В.Равінскі); К яму падбег лясьнічы і далажыў, што ўсё гатова, толькі яшчэ няма Кузьмы, кухараўскага аб’ездчыка (К.Каганец). Яшчэ ў сьпісе паэмы “Тарас на Парнасе”, які на сёньня можна лічыць найаўтарытэтнейшым пішацца: Чы знаў з вас, браты, хто Тараса, // Што у палесаўніках быў. На жаль, прыняты ў школьнай практыцы тэкст “Тараса на Парнасе”, прыгладжаны, але не аўтэнтычны, мае расеянізм палясоўшчык. А за Саветамі суфіксы -чык, -шчык сталі бядою-наканаваньнем беларускага словаўтварэньня, дарэшты навадніўшы тэрміналёгію.

Але пры жаданьні заўжды можна знайсьці беларускае слова, ці даўнейшае, ці дыялектнае, ці новае, створанае паводле ўласных мадэляў дэрывацыі, прыкладам: болельщик заўзятар; бунтовщик — бунтаўнік; удильщик ву/даль, рыбак; выдумщик ілгун, ашуканец; докладчик чытар, лектар; кабатчик карчмар, шынкар, рандар; купальщик — купаньнік; начотчик схаляст; подпольщик — падпольнік; перевозчик — перавозьнік; пикетчик — пікетовец; разьведчик выведнік; сыщик дэтэктыў, стблр.: віж або сок; фарцовщик фарцоўнік.

Дзеяньне ў беларускай мове таксама перадаецца інакш, як у расейскай мове — рэгулярна, праз суфіксы -ньне, -еньне (адмаўляньне, кіненьне, паданьне), вынік дзеяньня — пра нулявую суфіксацыю ці -ак (упадак, спад), дапаўняюць іх суфіксы “рытуальнага” дзеяньня -іны, -ункі (уходзіны, рабункі), суфіксы хаатычнага дзеяньня -ня, -аніна (бягня, беганіна), пры пэўных дзеясловах — -ля (будоўля, галадоўля). Затое суфікс -ка як носьбіт дзеяньня — беларускай мове зусім не ўласьцівы, прыкладам: оценка ацэна або ацэньваньне; вывозка вываз, вывожваньне; вылазка выбег; давка цісканіна; смычка лучнасьць; порубка расьцяроб або шкода; переписка ліставаньне; перестрелка страляньне, страляніна, стральба; явка — юр.: станьне або рэвал.: прытул, прытульле.

Відаць, з гэтае прычыны функцыя -ка абмяжоўваецца і ў наступных выпадках: не ацэнка, а ацэна, ня выстаўка, а выстава, не дастаўка, а дастава і г.д. А пры нагодзе зацемлю: у расейскай мове суфікс -ка наагул часта дэсэмантызуецца, у тым ліку і ў памяншальнай функцыі, што для беларускай мовы — зусім не характэрна, прыкладам: коленки — калені; пятки — пяты; стенка — сьцяна; полоска — паласа; щасливчик — шчасьлівы, шчасьлівец. А каленькі, пяткі, сьценка, палоска, шчасьлівенькі па-беларуску гавораць тады і толькі тады, калі выказваюць памяншальна-любоснае значаньне.

Спакменьнікі nomina actionis на -ка таксама разьвіліся ў расейскай прыказнай мове, бадай што, не раней, як у XVII ст., хутчэй за ўсё — у выніку перараскладаньня nomina agentiis -чик, -щик. І зараз жа набылі немалую прадукцыйнасьць: Честных сотен и слобод тяглым людем для корчемныя выимки выбирати по годом и себя десяцких (Соб. Уложение); а в приказех подавати письменые явки (Тамсама); И много тех присылок было говорено кое о чём (Авакум). Словы на -ка ў гэтай сваёй функцыі, як і словы на -чик, -щик, ня маюць аналягаў у іншых славянскіх мовах, у тым ліку і ў беларускай, гэта — калярытная рыса расейскага жывога маўленьня, прыкладам: Видно пишет без оточки (В.Казін). У беларускай мове -ка сталі шырыцца толькі за Саветамі.

Аднак апошні момант даў падставу такім філёлягам, як Ф.Філін, адносіць суфікс да “ўсходнеславянскіх”. (Ведама, якая навуковая вартасьць той “усходняй славяншчыны” !) Насамрэч у беларускай мове, як і ў польскай, суфікс -ка абазначае прылады працы. І вельмі рэдка — дзеяньне, але не як працэс, а як зьяву. Прыкладам, зьява — жаброўка або жэбры, працэс — жабраваньне. Нашыя словы на -ка, супраць расейскіх, не захоўваюць дзеяслоўнай транзытыўнасьці. Колькасьць псэўдабеларускіх адзінак за кошт суфіксаў -ка і -чык/-шчык дасягае ў цэлым астранамічных лічбаў.

Некаторыя мовазнаўцы спрабуюць ссунуць -чык/-шчык на пэрыфэрыю нізкага стылю, але яны не разумеюць, што раз ёсьць прэцэдэнт, які заразом сілкуецца вонкавым уплывам расейскае мовы, дык ад закону аналёгіі не ўхіліцца, пытаньне стаіць: або — або. Калі мы пойдзем дарогаю згоды, дык у беларускай мове не застанецца нічога беларускага — гэта ж не адзіны разьдзел словаўтварэньня, дзе рэй вядзе расейшчына. Я ўжо не гавару пра тое, наколькі словаўтварэньне зьвязана зь лексыкай, сэмантыкай і, урэшце, сьветаглядам.

З гэтае нагоды спынюся на двух сэмантычна скарэляваных дзеясловах: гібаць ‘хіляць у розныя бакі’ і гнуць ‘хіліць ў адзін бок’. Фактычна, афіцыйная норма дазваляе толькі другі кампанэнт — гнуць, але бязь першага — гібаць — ён не працуе. Скажам, у слоўніку машынабудавальнай тэрміналёгіі прапануецца спакменьнік гібшчык, а ў слоўніку тэрмінаў металюргіі — гібка і гібачны, хоць за колькі старонак раней было напісана выгінальны (аўтамат). Натуральна, усе аказаныя тэрміны — убогія перайманьні з расейшчыны. Бо, выходзячы з аднаго дзеяслова гнуць, нельга разгарнуць сыстэмы беларускіх адпаведнікаў. Тэрмін выгінальны, бадай, найлепшае, што тут можна было вынайсьці. Затое гібаць (ці гбаць ) свабодна дае нам: гбаньне, гбаньнік, гбальны, бяз жадных –чык, -шчык. (Дарэчы слова гібаць выводзіць і на іншыя беларускія словы як выгба — ‘арка’ ў Лсл., сугба, сугбавы, агбавы ў Драздовіча і г.д.)

§ 4. Субстантывацыя прыметнікаў

Вельмі падступную ролю адыгрывае наша жаданьне запоўніць усе лякуны аднае мовы на ўзор іншае. Гэта часта здараецца ў стылістыцы, але бывае і ў словаўтварэньні. Такая зьява, як субстантывацыя прыметнікаў — надзвычай характэрная для беларускае мовы. І часам зусім няма патрэбы да ўсіх расейскіх спакменьнікаў шукаць тоесныя адзінкі. На жаль, сытуацыя шматгадовага двюхмоўя выклікала процьму надуманых суфіксавых дэрыватаў, якія запоўнілі тэксты пісьменьнікаў і пратачыліся ў нарматыўныя слоўнікі.

Прыкладам, у народным маўленьні ў якасьці спакменьнікаў тарнуюцца прыметнікі адважны, добры, злы, подлы, стары, спрытны, а тым часам зрасеізаваная фантазія вынаходзіць розных “сьмельчакоў”, “дабракоў”, “зьлюкаў”, “падляцоў”, “старыкоў”, “старцаў”, “спрытнюгаў”, “спрытнякоў”. Сёньня некаторыя з гэтых недарэчных вынаходніцтваў могуць падавацца за норму, але ў свой час супраць іх запярэчваў М.Гарэцкі ў рэцэнзіі на творы М.Лынькова: сьляпец (=сьляпы, сьляпун); храбрацы (=адважныя). Я.Станкевіч у рэцэнзіі на часопіс “Крывіч” таксама зацеміў: Нашае незнаёмы ўжываецца і ў значэньню назоўнага імя.

Калі ж надта ня хочацца ўжываць прыметнікаў, дык заміж “спрытнюгі” й “спрытняка”, можна прапанаваць менш пашыранае, але натуральнае ёмкач, ад ёмкі (рас. ловкий) прыкладам: Тут былі самыя ёмкачы: Юзя Малатарка, Мікіта Бяда, Марка Хаўрусны <…> і Сымон Шворан (У.Галубок). Прр., кніжнае слова патомныя (але не патомкі!) і дыялектнае нашчадзь, што суіснуюць у А.Абуховіча: Той каралеўскай жадаў кароны, // Ня дбаў аб чэсьць у патомных.

У старабеларускай мове, як відаць з Сс., досыць часта тарнаваліся прыметнікі і дзеепрыметнікі заміж царкоўнаславянскіх спакменьнікаў: завоеваный, …пленникъ; запроверженный, изнасилъникъ; здраливый, наветникъ; постягливый, воздержникъ; свянготливый, обретословецъ. А яшчэ часьцей, відаць, пад уплывам польскае мовы, — незалежныя дзеепрыметнікі цяперашняга часу: вспомогаючій, съпоспешникъ; змышляючій , притворитель, лицемеръ; мнемаючій, непщеватель; набываючій, стяжатель; погубляючій, губитель; поправуючій, строитель; примушаючій, насиловникъ, нудитель; продкуючій, …предводитель, наставникъ; строфуючій, обличитель, обличникъ; упомінаючій, …обличитель. Зь дзеепрыметнікамі сустракаюцца цэлыя канструкцыі: войско шикуючій, подвигоположникъ; нагороду рицеромъ даваючій, подвигоположникъ; любячій Бога, Боголюбец; доброче любячій, благолюбецъ; зазле маючій, недугователь; игры справуючій, сеновникъ; учту справуючій, пировникъ; наметы робячій, скиннотворецъ. Хоць гэта зьявы чыста кніжныя — яны шмат што кажуць нам пра станаўленьне беларускае мовы як сыстэмы.

Нездарма найменьні пасадаў даўней называліся: возны, гуменны, даньнічы, дэцкі, канюшы, крайчы, лаўнічы, лоўчы, лажнічы, падкаморы, падскарбі, падчашы, піўнічы, прысяглы, радны, скарбны. Да сучаснага араты ў старых тэкстах знаходзім аналягічныя дэрываты: косны ‘касец’, цяглы ‘прыгонны’. Заразом нельга блытаць субстантывацыю прыметнікаў як такіх з субстанцывацыяй прыметнікаў у форме ніякага роду, якая, наадварот, ёсьць калькаваньнем расейскіх формаў: будучае (ад рас. будущее), мінулае (ад рас. прошлое) і г.д. Часьцяком такія ўтварэньні тарнуюцца ў філязофскай літаратуры для абазначэньня катэгорыяў, прыкладам: камічнае, трагічнае, высокае, жахлівае, прыгожае. Апошняя зьява вельмі новая, штучна-кніжная і ня надта карысная для здароўя мовы як сыстэмы, таму заміж “прыгожае” лепш усё ж казаць хараство, краса і пад.

Аднак трэба помніць, што ў старабеларускай мове існаваў такі сэгмэнт, дзе субстантывацыя прыметнікаў у форме ніякага роду мела пашырэньне, ідзецца пра найменьні рознага мыта, наагул усякую плату: валочнае, гарадавое, маставое, медавое, памільнае, папалае, пісчае. Нават граматыка І.Ужэвіча адводзіць асобнае месца гэтай мадэлі: належнае ‘плата за знойсьце’, тарговае ‘мыта за гандаль’. Прр.: А каторыя бы… агурыліся, таковыя маець за агурнае памільнага па грошу даці (1548 г.). І каторы чалавек на работу ня выйдзець, іно за первый дзень адгурнага грош заплаціць (1561 г.). Гэтая мадэль перахавалася й пашырылася ў народнай мове. Прр.: Што астанецца ад пяці рублёў, каб аддалі п. Ф.Чарнышэвічу на пагарэлае (М.Гарэцкі).

Мы бачым, што ў пурыстычных выраках важная не сама празь сябе дэрывацыйная мадэль, а тая сэмантычная функцыя, якую яна выконвае. Калі для адной дэрывацыйнай мадэлі нейкі мэханізм характэрны, дык з гэтага зусім не вынікае, што ён будзе дарэчы ў іншай якасьці ці ў іншым сэгмэнце сыстэмы. Абсалютызуючы нейкую адну зьяву за кошт другой можна моцна нашкодзіць мове, гэтаксама, як і пры неабмежаваным запазычваньні.

§ 5. Замкненьне

Усіх праблем культуры мовы зараз не апішаш, дык прапаную пад канец паразважаць над простым пытаньнем. Як перакласьці на беларускую мову расейскае слова осматриваться ? Б’юся аб заклад, што мала хто ведае. Можа “аглядацца? Не! А мо’ азірацца? Таксама не! І “аглядаюцца” і “азіраюцца” толькі назад, а нам трэба — вакол. Па-беларуску гэта будзе — разглядацца, і ніяк інакш. А хто ня верыць — хай пачытае нашых старых пісьменьнікаў. Цяпер удакладнім заданьне, вось вы прыехалі ў незнаёмую мясцовасьць і сталі, што называецца па-расейску, осматриваться по сторонам, як гэтае словазлучэньне выбудаваць па-беларуску? Адказы можна чакаць аднолькава несамавітыя. Не прапануе аглядацца па баках, нехта — азірацца па бакох. З грунту ж, розьніца невялікая, і тая і другая фраза — скалькаваныя з расейскае мовы. А ў жывой беларускай гаворцы, аналягічнае словазлучэньне мусіць чытацца так: разглядацца на бакі. Але гэта яшчэ ня ўсё…

Вось вы ўбачылі нейкую будыніну, аточаную прыбудовамі, пра якія па-расейску можна сказаць, што яны стаяць — по бокам. А па-беларуску? Ізноў жа — не па баках і не па бакох! І ўжо, натуральна, не на бакі”. Цяпер пра тыя прыбудовы трэба казаць так: яны стаяць — з бакоў. Але ўрэшце вы надумаліся заняцца сабою. Як даехалі? Ці не пакамячылася на вас вопратка, ці яна не запэцкалася? І па-расейску свае дзеяньні, вы таксама, перадасьцё дзеясловам осматриваться. У нашай жа мове добра ўжытым дзеясловам будзе — не аглядацца ці азірацца, бо гэта — назад, не разглядацца, бо гэта — вакол і вонкі, а менавіта — абглядацца. Сябе вы акурат — абглядаеце, абглядваеце, і менавіта — з бакоў (у люстэрку — разглядваеце). А далей, едучы пара коньмі ў брычцы, ды па гразкай дарозе, вы натуральна абпырскаліся, таксама — з бакоў. І вось пасьля ўсяго, як толькі разгледзеліся на мясцовасьці ды абгледзеліся самыя, вы бачыце: вада ў вас цячэ — па бакох, у каня авадні ды бонкі поўзаюць — таксама — па бакох. Тут і спатрэбілася забракаванае на пачатку словаспалучэньне.

Гэткая розьніца ў беларускім і расейскім сынтаксе ды словаўжыванні, відаць, невыпадковая. Калі ў расейскай мове тарнуюцца два розныя словы сторона й бок, дык у беларускай — маем пераважна адно: бок. Слова старана ўзьнікае спарадычна, часьцяком як дыялектнае. А нястача — кампэнсуецца сынтаксычнай шматстайнасьцю: разглядацца вакол на бакі, абглядацца з усіх бакоў, аглядацца назад, поўзаць па бакох… І, калі вы ўжо добра разабраліся, дзе трэба — разглядацца, дзе — аглядацца ды азірацца, а дзе — абглядацца, калі ведаеце, дзе ўжыць — на бакі, дзе — з бакоў, а дзе — па бакох, дык ня надта й страшна будзе, як раптам напішаце “па баках”. Абы не наадварот — усюды зухавата крэмзаць па бакох, а рэшты ня ведаць.

Дарэчы, нашу экскурсію можна прадоўжыць. Вось вы пайшлі прахаджвацца, сталі разглядваць будынкі, у будынках — абглядаць усе закамаркі. І нарэшце — агледзелі сабе патрэбную рэч. Абгледзелі хмызьнякі і зноў жа — агледзелі там птушынае гняздо. Тут зноў трэба адрозьніваць словы абгледзець ‘разгледзець з усіх бакоў’ і агледзець ‘раптам угледзець’ (як тое гняздо) ці ‘урэшце нагледзець’ (як тую “патрэбную рэч”). Дзеяслоў абгледзець абазначае працэс, расьцягнены ў часе і неаднаразовы, а дзеяслоў агледзець — пэўны вынік гэтага працэсу.

Такіх прыкладаў процьма, на кожным кроку. Якая граматыка іх апіша? І дзе тут лексыка, дзе сынтакс, а дзе сэмантыка — адказаць няпроста. Часамі можна пачуць меркаванне, быццам лексыка — лухта, галоўнае — сынтакс. Але дзе сканчаецца лексыка й пачынаецца сынтакс? Скажам, старабеларускім словам выступнік, выступак адпавядала словазлучэньне выступіць з права, а расейскім словам преступник, преступление, адпавядае — преступить закон. Тут, як бачым, структура сынтагмы й структура лексэмы цесна карэлююцца. Усё гэта й ёсьць сыстэмнасьць мовы. Гэта й ёсьць тое моўнае бачаньне, якое ўсмоктваецца з малаком маці або… набываецца страшэннымі высілкамі ўсяе нацыі, а ня проста вывучваецца як правапісныя нормы.

Літаратура

Гармонія беларускага слова: Падручныя нарысы для журналістаў. —Гродна, 1999.

Жураўскі А. Беларускае савецкае мовазнаўства: здабыткі, праблемы, шляхі разьвіцьця // Беларуская мова і літаратура ў школе, 1988, № 2.

Каўрус А. Мова народа, мова пісьменніка. —Мінск, 1989.

Клышка А. Гаворым і чытаем па-беларуску: Самавучак беларускай мовы // Маладосьць, 1991, № 1—7.

Лужанін М. Пісьменьнік і мова // Збор твораў. У 4-х т. Т. 4. —Мінск, 1981.

Пацюпа Ю. [Адказ на анкету: “Ці добра ўчынілі адраджэнцы канца 80-х, зрабіўшы выбар на карысьць “тарашкевіцы”?”] // Arche, 2003, № 2.

Пацюпа Ю. Гордзіеў вузел, або Як разьвязаць пастанову? // Культура, 1996, 6—12 жн.

Пацюпа Ю. Дык хто першы разьвязаў пастанову? // Свой лад, 2003, № 5.

Пацюпа Ю. З новых зацемак // Культура, 1995, 5 ліп.

Пацюпа Ю. З трасянкі на мову: Тыповыя лексычныя абмалы, хібы, недакладнасьці // Свой лад, 2003, № 8.

Пацюпа Ю. Зацемкі на палёх філасофскага слоўніка // Культура, 1994, 30 ліст.

Пацюпа Ю. Навука, навучаньне навучальны // Свой лад, 2003, № 4.

Рабкевіч В. Верш і літаратурная норма // Вобраз-’81. Мінск, 1981.

Садоўскі П. Ад малоў радзімы да вялікай // Вобраз ’83: Літаратурна-крытычныя артыкулы. —Мінск, 1983.

Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця: Апавяданні, успаміны, роздум. —Мінск, 1990.

Станкевіч С. Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу. —Мінск, 1994.

Станкевіч Я. Язык і языкаведа. —Вільня, 2007.

Сцяцко П. Праблемы нормы, культуры мовы. —Гродна, 1998.

Сьцяцко П. Праблемы лексічнага нармаваньня беларускае мовы. —Гродна, 1999.

Урбановіч І. Саўка З. “Звёзныя” хваробы-2: Вынікі назіраньня за моваю газеты “Звязда” ў 2001—2003 гг. // Абажур, [2003], № 28—30.

Успенский Б.А. Краткий очерк истории русского литературного языка (XI—XIХвв.). Москва, 1994.

Чорны К. Небеларуская мова ў беларускай літаратуры // Чорны К. Збор твораў. У 8 т. —Мінск, 1975. Т. 8.

Шуба П. Польскі ўплыў на мову беларускіх сродкаў масавай інфармацыі // Роднае слова, 1997, № 10.

Щерба Л. В. Избранные работы по языкознанию и фонетике. Т. 1. —Ленінград, 1958.

Югов А. Думы о русском слове. Москва, 1975.

Янкоўскі Ф. Пытаньні культуры мовы. —Мінск, 1961.

Янкоўскі Ф. Роднае слова. —Мінск, 1967.

Янкоўскі Ф. Само слова гаворыць: Філал. эцюды, абразкі, артыкулы. —Мінск, 1986.

 

You may also like...