Юры ВАШКЕВІЧ. Ад рэвалюцыі да “вялікага пералому” — саветызацыя Беларусі ў 1917—1928 гг. (Лекцыі 1—3)
Лекцыя 1.
План:
1. Панятак і перыядызацыя
2. Знішчэнне “старога свету” і фармаванне структур савецкай улады
3. Палітычныя змены
4. Мадэль эканамічнага развіцця
1. Панятак і перыядызацыя
Савецкая таталітарная сістэма мае шэраг адрозненняў ад усіх астатніх недэмакратычных сістэм праўлення. Таму яе нельга рэдукаваць толькі да такой асаблівасці, як манапалізацыя палітычнай улады, бо камуністычны таталітарызм звычайна вызначаўся не толькі адсутнасцю дэмакратыі.
Камуністычныя перавароты 20 ст. заўсёды адбываліся ў краінах эканамічна адсталых, якія не мелі дэмакратычных традыцый, вопыту жыцця ва ўмовах законнасці і грамадзянскай супольнасці. Звычайна гэта адбывалася ў перыяды палітычных крызісаў. Пераломныя моманты заўсёды спараджалі перманентны тэрор і зняволенне грамадзян, а новыя ўлады імкнуліся да пераўтварэння чалавека такім чынам, каб мець магчымасць зрабіць яго ў будучыні апорай таталітарнага рэжыму. Што ж тычыцца таталітарызму савецкага ўзору, дык не было дасюль у гісторыі настолькі скрайняга выпадку і так маштабна задуманай спробы ажыццяўлення абстрактнай і адарванай утопіі, якой быў камунізм. Упартая і нязменная практыка яго пабудовы ў СССР нагадвае пэўнага кшталту сацыяльнае вар’яцтва. Гэты эксперымент скончыўся поўнай паразай. Савецкі Саюз знік з палітычнай мапы, але створаны ў гэтае дзяржаве тып асобы разам з закадаванай у ім сістэмнай мадэллю застаўся, намагаючыся аднаўляць былыя ўзоры палітычнага, сацыяльнага ды эканамічнага жыцця ў новых, постсавецкіх рэаліях.
Савецкая імперыя ўяўляла сабой асаблівы тып імперыялізму, які вылучаўся ідэалагічным і ідэакратычным характарам. Яна імкнулася не толькі да заваявання іншых народаў, захопу іх тэрыторыяў і матэрыяльных рэсурсаў. Яна ставіла за мэту навярнуць іх на камуністычную “веру”, накінуць савецкі стыль жыцця.
Прынцыпы захавання савецкага ладу былі нязменнымі на ўсіх этапах яго існавання. Змяняліся толькі спосабы і метады стабілізацыі рэжыму. У першыя гады пасля захопу ўлады бальшавікі разлічвалі выключна на гвалт. У пазнейшы перыяд, які прыпадае на 1920-я і пачатак 1930-х гг., калі татальна індактрынаваная свядомасць грамадства спазнала значныя пераўтварэнні, пачалося ўзвядзенне больш вытанчаных інфармацыйных бар’ераў, што магло ствараць ілюзію дэмакратызацыі сістэмы.
Напярэдадні бальшавіцкага перавароту Ленін з запалам утапіста напісаў у сваім праграмным творы Дзяржава і рэвалюцыя, што дзяржава знікне разам са звязаным з ёй апаратам прымусу, і што гэта будзе не толькі канчатковым вынікам рэвалюцыі, але таксама і буйнамаштабным працэсам, які пачнецца пасля здабыцця ўлады. У сапраўднасці ж бальшавіцкі пераварот прывёў да беспрэцэдэнтнага ўзрастання рэпрэсіўнага кантролю дзяржавы над грамадствам.
Храналагічна можна вылучыць пяць галоўных этапаў саветызацыі. Першы прыпадае на 1917—1928 гг., для якіх характэрна разбурэнне “старога свету”, а таксама фармаванне і ўмацаванне бальшавіцкае ўлады. 1929—1938 гг. — гэта перыяд г.зв. “вялікага пералому” ці яшчэ — вялікага тэрору, палітыкі будаўніцтва “сацыялізма” ў адной краіне і развіцця таталітарнай сістэмы. 1939—1953 гг. — перыяд г.зв. спелага сталінізму і канца сталінскай эпохі. На 1954—1989 гг. прыпадае хрушчоўская “адліга”, праграма “будаўніцтва камунізма”, перыяд “развітага сацыялізма”, ці перыяд застою, і пачатак “перабудовы”. Канец інстытуцыянальнай саветызацыі настаў у 1990—1991 гг.
Трэба падкрэсліць, што пачаткі працэсу саветызацыі мелі на Беларусі свае асаблівасці, бо працякалі ва ўмовах войнаў, што вяліся на яе тэрыторыі. У 1918—1920 гг. большая частка тэрыторыі краіны знаходзілася па-за бальшавіцкім кантролем. З моманту стварэння структур савецкай улады ў снежні 1917 г. да часу яе канчатковага ўсталявання ў кастрычніку 1923 г., бальшавікі былі пры ўладзе ў Мінску цягам перыяду трохі большым за дзесяць месяцаў, з вялікімі перапынкамі, выкліканымі нямецкай акупацыяй і польска-бальшавіцкай вайной. Таму для Беларусі ў гэты час не былі характэрныя тыя глыбокія ўнутраныя пераўтварэнні, што адбываліся ў еўрапейскай частцы Расіі. Глыбінны працэс інстытуцыянальнай саветызацыі Беларусі пачаўся толькі ў другой палове 1920 гг.
Варта таксама патлумачыць абгрунтаванасць самаго тэрміну “саветызацыя” у кантэксце ўзнятае тэмы. Мы скарыстоўваем яго з мэтай адрозніць мэтаскіраваную сістэму дзейнасці ВКП (б) — КПСС ад “саветаў” як стыхійна народжанай палітычнай арганізацыі насельніцтва перыяду лютаўскай расейскай рэвалюцыі 1917 г. Лозунгамі аб перадачы ўлады саветам бальшавіцкае кіраўніцтва прыкрывала сваё імкненне да аднапартыйнай дыктатуры, бо пасля бальшавіцкага перавароту “саветы” выконвалі чыста цырыманіяльную паказную функцыю, не валодаючы аніякай рэальнай уладай, якая непадзельна знаходзілася ў руках камуністычнай партыі. Яна і вырашала пытанні г.зв. прадстаўніцтва “прадстаўнікоў працоўных мас”. Тым не менш панятак “савецкі” стаўся хадзячай назвай дзеля акрэслення ўсяго, што было звязана з Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і яго грамадскім ладам, хаця ў вышэйзгаданым сэнсе можна было б таксама скарыстаць тэрмін “камунізацыя”. Аднак ён мае універсальнае вымярэнне, у той час як выраз “саветызацыя” адназначна змяшчае гэты працэс на абшары савецкае дзяржавы і ў сферы яе ўплываў. Таму тэрмін “саветызацыя” мы ўжываем з агаворкай, што гэтым паняткам мы будзем карыстацца дзеля абазначэння распаўсюджання і ўмацавання камуністычнай улады, бо менавіта ВКП(б) — КПСС была ў Савецкім Саюзе ля стырна ўлады. А “саветы” былі толькі фармальнай інстытуцыянальнай абалонкай фактычнай улады партыі. Тым не менш, гэты назоў замацаваўся ў наменклатуры ў выглядзе акрэслення “савецкая ўлада”, а навязванне гэтае ўлады атрымала найменне “саветызацыі”.
Распад савецкай імперыі ў 1991 г. можна лічыць канцом пэўнай гістарычнай эпохі. А разам з канцом гэтай эпохі разбурыўся і вонкавы ахоўны слой, створаны з камуністычных міфаў-хімер. Гэтыя міфы страцілі фармальны сэнс існавання, і выявілася жудасная рэчаіснасць ва ўсіх галінах грамадскага і гаспадарчага жыцця. Падзенне савецкай імперыі пазбавіла савецкіх людзей адзінага бадай што стымулу існавання іх у савецкай дзяржаве — гонару за прыналежнасць да “вялікай” краіны, працягу былой імперскай славы падданых царскай Расеі, скораных рабоў, якія марылі пра панаванне над светам. Ва ўсіх постсавецкіх краінах на змену гэтай імперыялістычнай ідэалогіі прыйшла нацыянальна-дзяржаўная ідэя.
У Беларусі такую канцэпцыю ў маштабах усяго грамадства сфармуляваць, аднак, не ўдалося, паколькі ў БССР саветчына развівалася не побач з нацыянальнай ідэяй, а замест яе. Менавіта праз катэгорыі савецкай ідэалогіі беларус усведамляў сэнс свайго існавання ў новых умовах савецкай супольнасці, а гэта, у сваю чаргу, непазбежна аслабляла патрэбу фармавання ўнутрынацыянальных сувязей. У выніку беларускае грамадства было пазбаўлена магчымасці вызначаць і фармуляваць свае агульныя ідэалы і механізмы іх рэалізацыі. Адсюль, згодна з прынцыпам вакууму, такое выразнае імкненне да вяртання стану, што існаваў да распаду СССР. Як і раней, для большасці беларускіх грамадзян характэрна мысленне катэгорыямі прыналежнасці да Савецкага Саюза (ці яго заменніка — Расеі), уяўнага падтрымлівання грамадскіх вузаў з неіснуючай дзяржавай і супольнасцю савецкіх людзей. Панятак нацыянальных інтарэсаў і інтарэсаў беларускай дзяржавы па-ранейшаму застаецца чужым большасці жыхароў краіны, якія эмацыянальна звязаныя з былой савецкай імперыяй.
Вышэйзгаданая рэфлексія часткова адказвае на пытанне: які практычны сэнс мае даследаванне савецкасці і працэсаў саветызацыі? Апроч тэарэтычнага яно мае і сучасна практычнае значэнне, бо рэальная палітыка некаторых постсавецкіх дзяржаў, у тым ліку і Беларусі, у вялікай ступені з’яўляецца працягам савецкай палітыкі ў новых геапалітычных умовах і яе адаптацыяй да вонкавых сістэмных змен. Цяжкая палітыка-ідэалагічная спадчына Савецкага Саюза надалей захоўвае свой дэструктыўны патэнцыял у постсавецкіх дзяржавах, перашкаджаючы наладжванню эканамічнага жыцця і дэмакратызацыі.
Зразумець сутнасць гэтай палітыкі дапамагае перадусім пачатак (першая дэкада) бальшавіцкай улады, калі актыўна закладаўся падмурак і выпрацоўваліся метады дзейнасці, якія затым мелі вырашальнае значэнне для формы палітычнай мадэлі (савецкі таталітарызм) і фармавання пазнейшага аблічча ўсяго постсавецкага абшару.
2. Знішчэнне “старога свету” і фармаванне структур савецкай улады
Бальшавіцкі пераварот у Беларусі і на заходнім фронце адбыўся, па сутнасці, бяскроўна. Галоўная кватэра ў Магілёве, штаб заходняга фронту ў Мінску і структуры часовага ўраду ў беларускіх губернях не змаглі нічога супрацьпаставіць бальшавікам, на бок якіх перайшла большасць вайсковых частак. Улада апынулася ў руках ваенна-рэвалюцыйных камітэтаў. Абвешчаныя бальшавікамі лозунгі аб заключэнні міру, усеагульным надзяленні зямлёй, усеўладдзі саветаў, абяцанні лепшага жыцця пасля звяржэння “эксплуататараў” ухваляліся жыхарамі гарадоў і вёсак. Пераможцы прыйшлі да ўлады, абвяшчаючы “знішчэнне старога свету” і “разбурэнне старой дзяржаўнай машыны”. Ужо на другі дзень пасля перавароту ў Петраградзе — 26 кастрычніка 1917 г. — яны ўзялі ўладу ў Мінску, стварылі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, часовую структуру бальшавіцкай улады на Беларусі, якая панавала на тэрыторыі, не занятай нямецкімі войскамі. Гэта азначала, што ўсю ўладу ўзяў орган, які ніхто, апрача бальшавікоў, на гэта не ўпаўнаважваў.
Пасля кастрычніка 1917 г. Беларусь знаходзілася выключна пад вайсковым упраўленнем, паколькі Заходняя вобласць і Заходні фронт былі аб’яднаныя ў супольную тэрытарыяльную адзінку, уяўляючы сабой двухзвённае цывільна-вайсковае ўтварэнне. Гэта паўплывала на сістэму органаў дзяржаўнай улады, што функцыянавалі на гэтай тэрыторыі. Тут дзейнічалі: Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, Выканаўчы камітэт абласных саветаў і фронту, Савет камісараў вобласці і фронту.
Саветы, нягледзічы на тое, што пераварот быў учынены ад іх імя, пачалі функцыянаваць толькі на пачатку 1918 г. У сапраўднасці ж гэта быў толькі прыхаваны намер увесці аднапартыйную дыктатуру. Такім чынам, найвышэйшая ўлада засяроджвалася выключна ў руках арганізатара перавароту — партыі бальшавікоў, а дэклараваная “рэвалюцыйна-дэмакратычная дыктатура рабочых і сялян” адразу была заменена дыктатурай адной партыі. Тая ж, з увагі на сваю нешматлікасць, а таксама з прычыны адсутнасці папулярнасці і падтрымкі з боку абсалютнай большасці насельніцтва краіны, адразу ж перайшла да тэрарыстычных метадаў праўлення. Мясцовая выканаўчая ўлада была перададзена рознага роду надзвычайным органам: ваенна-рэвалюцыйным камітэтам, ВЧК, рэвалюцыйным трыбуналам, камісарам.
Згодна з марксісцка-ленінскай дактрынай бальшавікі ўважалі, што пасля здабыцця ўлады “рабочымі і сялянамі” нацыянальнасць становіцца другараднай прыкметай. Тым не менш, калі паўстала пытанне легалізацыі і ўмацавання ўлады на тэрыторыях, далучаных да савецкай Расеі, яны пайшлі нават на стварэнне часовых нацыянальных урадаў з мэтай пазбегнуць абвінавачванняў у правядзенні захопніцкай палітыкі. На палітыку Масквы ўплывалі таксама падзеі ў замежжы. Менавіта напрыканцы 1918 г. узнікла неспрыяльная для савецкай Расеі міжнародная сітуацыя, у сувязі з чым было вырашана стварыць уздоўж яе заходняй мяжы бар’ер, што складаўся з фармальна незалежных савецкіх рэспублік. Урэшце, сам факт існавання сацыялістычнай беларускай рэспублікі павінен быў спрыяць саветызацыі беларусаў. Тактыка дзейнасці бальшавікоў палягала таксама на нейтралізацыі нацыянальных рухаў, і нават часовага саюзу з імі на камуністычнай ідэалагічнай платформе, з мэтай скарыстання іх для рэалізацыі сваіх задум.
Утварэнне беларускай савецкай квазідзяржавы было, такім чынам, з’яваю, абумоўленай перадусім тактычнымі меркаваннямі, што вынікалі з тагачаснай унутранай і замежнай палітыкі Расеі, якая ў 1918—1919 гг. апынулася ў даволі складанай геапалітычнай сітуацыі.
Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь (ССРБ) была абвешчана 1 студзеня 1919 г. Зроблена гэта было таемна, без удзелу самаго беларускага народа на VI Паўночна-заходняй абласной канферэнцыі Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў), згодна з дырэктывай маскоўскага ЦК. Па яўным загадзе маскоўскіх уладаў гэтая канферэнцыя была прызнаная І З’ездам камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі.
Пра тое, што бальшавікі аніяк не жадалі дзяржаўнай самастойнасці беларусаў, сведчыць адвольнае і сітуацыйнае маніпуляванне беларускай тэрыторыяй і яе шчодрая раздача сумежным дзяржавам. Восенню 1919 г. савецкая Расея гатова была аддаць Польшчы амаль усю Беларусь у замен за стрымліванне ваенных дзеянняў; у ліпені 1920 г. яна падпісала з Літвой паразуменне, паводле якога перадавала ёй Віленшчыну і Гарадзеншчыну, а падчас перамоваў у Рызе ў 1921 г. прапанавала Польшчы Міншчыну з дзяржаўнай мяжой на Бярэзіне. Паколькі ішлося пра пэўны “санітарны кардон”, бальшавікі асабліва не клапаціліся пра “нацыянальнае самастанаўленне”. Аб гэтым сведчыць рашэнне ЦК РКП(б) ад 16 студзеня 1919 г., паводле якога без узгаднення з савецкім урадам Беларусі ад яе былі аддзелены Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні. Пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы тэрыторыя БССР скурчылася да шасці раёнаў Мінскай губерні. У 1924 і 1926 гг. усходнія тэрыторыі былі часткова вернутыя БССР. На той час “санітарны кардон” стаўся ўжо не патрэбны. Ваенная пагроза прайшла, а ў межах новаўтворанага СССР адміністрацыйная прыналежнасць тэрыторый збольшага не мела для Масквы значэння.
Савецкая Беларусь ад пачатку была штучным утварэннем. Фармальна яна лічылася самастойнай савецкай рэспублікай, але фактычна была часткай бальшавіцкай Расеі. На яе тэрыторыі дзейнічалі рашэнні Усерасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта (рас. скар. ВЦИК) і Савета народных камісараў РСФСР. Усе кардынальныя пастановы, датычныя Беларусі, прымаліся ў ЦК РКП(б). Расея прымала канчатковыя рашэнні адносна палітыкі ў галіне міжнародных зносін, фінансаў і сродкаў сувязі БССР. Самастойнасць рэспублікі зводзілася да аўтаноміі ў межах вызначаных уладамі РСФСР.
Такога кшталту федэралізм сімуляваў прысутнасць прыкметаў дзяржаўнасці нацыянальных рэспублік, хаваючы сапраўдную строга цэнтралізаваную сістэму праўлення. Гэтая ж мадэль стала таксама ўзорам для стварэння СССР. У жніўні 1922 г. было вырашана прыспешыць працэс “федэралізацыі” нацыянальных акраін, каб такім чынам легалізаваць іх захоп. 30 снежня 1922 г. І З’езд саветаў СССР зацвердзіў дэкларацыю і дамову аб утварэнні СССР.
Нягледзячы на вонкавую федэратыўную форму, Савецкі Саюз фактычна быў унітарнай дзяржавай, што хавалася за фасадам фармальна нацыянальных палітычных і культурных інстытутаў саюзных рэспублік, кіраваных прадстаўнікамі нацыянальнай камуністычнай наменклатуры пад строгім кантролем Палітбюро ЦК ВКП(б) — КПСС у Маскве. У гэтым, па сутнасці, і заключалася наўмыснасць ленінскага плана “федэратыўнага ўладкавання”, маючага на мэце прыглушэнне ўплываў мясцовых нацыяналізмаў шляхам каналізавання іх у рамках квазінацыянальных дзяржаўных структур. Аўтэнтычныя ж нацыянальныя рухі жорстка падаўляліся праз бязлітасныя рэпрэсіі.
3. Палітычныя змены
Першыя гады савецкай улады сталіся перыядам усталявання палітычнай дыктатуры. Гэты працэс складаўся з некалькіх этапаў. Пачалося ад абмежаванняў выдавецкай дзейнасці, у межах якіх ліквідаваліся небальшавіцкія выданні. Знішчаліся таксама апазіцыйныя палітычныя партыі і незалежныя грамадскія інстытуты. Адначасова ўзмацняўся тэрор палітычнай паліцыі ВЧК—ГПУ.
Канцэпцыя грамадскага ладу камуністычнай дзяржавы адразу выявілася ў стаўленні да прафсаюзаў, арганізацый найшырэйшага прадстаўніцтва “працоўнага люду”, выразнікам якога тая дзяржава сябе называла. Камуністы заўсёды лічылі палітычную нейтральнасць прафсаюзаў буржуазнай канцэпцыяй. Паводле іх яны павінны былі быць складовай часткай дзяржаўнага механізму. Ужо ў першыя гады пасля захопу ўлады пачалі рабіцца захады ў кірунку элімінацыі прафсаюзаў з палітычнага жыцця краіны. Новыя ўладары разумелі, што прымусовая праца і забарона страйкаў магчымыя толькі пры ўмове нейтралізацыі актыўнасці і самастойнасці рабочых. Таму праблему незалежнасці прафсаюзаў узнялі ўжо ў студзені 1918 г. У тым жа годзе ўзнікла канцэпцыя спалучэння кіраўніцтва прафсаюзаў з органамі кіравання прамысловасцю, г.зн. фактычнага падпарадкавання прафсаюзнага руху дзяржаўнаму апарату. У БССР такое паглынанне было ажыццёўлена ў 1920 г. Гэткім чынам прафсаюзы былі пазбаўлены іх асноўнай функціі — абароны інтарэсаў працоўных.
Падпарадкаванне дзяржаве іншых грамадскіх аб’яднанняў адбылося шляхам рыгарыстычнай рэгламентацыі іх дзейнасці. Усе грамадскія арганізацыі былі абавязаны рэгістравацца ў органах НКВД, а пасля ўтварэння СССР быў уведзены асобы парадак выдачы дазволаў на іх рэгістрацыю. З 1922 г. дзяржава пачынае таксама рэгуляваць дзейнасць творчых саюзаў. Ступень гэтага кантролю ніколі не падавалася бальшавікам задавальняючай. Апроч непасрэднага скрупулёзнага нагляду за дзейнасцю афіцыйна дазволеных грамадскіх арганізацый, шырока скарыстоўвалася сетка канфідэнтаў і агентаў бяспекі. У сваім рапарце ў Маскву, датаваным 1926 г., намеснік упаўнаважанага прадстаўніка ОГПУ у БССР Іосіф Апанскі наракаў на адсутнасць магчымасці кантраляваць выпадковыя сустрэчы прадстаўніккоў творчых арганізацый рэспублікі, падчас якіх тыя “будучы між сабой моцна ідэйна з’яднанымі, разумеючы адно аднаго з паўслова”, абменьваліся звесткамі.
Да моманту ўзнікнення дыктатуры ленінскага тыпу дзяржава традыцыйна дзялілася на дзве часткі — грамадзян і структуры ўлады. Разам з перамогай бальшавікоў быў уведзены новы элемент — монапартыя, ці партыя, манапалізуючая ўладу, якая стаяла над урадам і грамадствам, адхіляючы хоць які кантроль з іх боку. Партыя бальшавікоў не была таксама партыяй у звычайным значэнні гэтага слова, гэта была свайго роду карпарацыя, якая ажыццяўляла непасрэднае праўленне ў дзяржаве. Гэты арганізацыйны тып нагадваў вайсковую субардынацыю, а сама партыя атрымала назоў “партыі новага тыпу”. З самага пачатку савецкая дзяржава была партыйнай (бальшавіцкай), а партыя de facto дзяржаўным інстытутам. Усе пастановы па пытаннях, жыццёва важных для дзяржавы, прымаліся не на дзяржаўным узроўні, а на партыйным. У першай палове 1920-х гг. у партыйных камітэтах усіх узроўняў былі створаны галіновыя аддзелы, што дублявалі дзяржаныя структуры. Мэтай іх стварэння было выкананне партыйных дырэктыў. Такім чынам, ужо на першым этапе існавання савецкай дзяржавы фактычнае злучэнне партыйных структур з дзяржаўнымі пры дамінаванні першых дало магчымасць выкарыстання органаў і дзяржаўных сродкаў з мэтай рэалізацыі партыйных заданняў. У БССР рашэнні, датычныя палітычнага, эканамічнага, грамадскага і культурнага жыцця, прымалі кіраўнічыя органы КП(б)Б — КПБ, якія фактычна выконвалі функцыю праўлення рэспублікай. З самага пачатку свайго існавання КП(б)Б — КПБ была мясцовым аддзелам РКП(б) — ВКП(б) і стаяла на антыбеларускіх пазіцыях, што заахвочвалася маскоўскім цэнтрам.
На пачатку 1920-х гг. камуністы яшчэ не былі адзінай палітычнай партыяй на Беларусі. Дзейнічалі таксама лаяльныя да бальшавікоў Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз “Бунд”, Яўрэйская камуністычная партыя “Паалей сіён” і найбольш шматлікая на той час, найбольш папулярная сярод нацыяналаў і сялян Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР). Такое становішча па вызначэнні не магло працягвацца доўга. Не толькі таму, што камуністы бачылі ў гэтых партыях сваіх патэнцыяльных канкурэнтаў. Монапартыйная сістэма была ўмовай існавання і развіцця таталітарнага ладу, паколькі толькі маючы манаполію на ўладу “партыя”-карпарацыя магла мець гарантыю непадзельнага панавання ў краіне.
Бачачы галоўнага канкурэта ў БПСР, бальшавікі ў 1921 г. арыштавалі некалькі сотняў яе найбольш актыўных дзеячоў і правялі шэраг судовых працэсаў. Прысуды і пераследы дэмаралізавалі астатніх сяброў партыі, і ў ліпені 1924 г. яе з’езд прыняў рашэнне аб самароспуску з увагі на “поўны распад партыі”. Самароспуск БПСР і іншых партый азначаў ліквідацыю на Беларусі арганізаванай апазіцыі. Сыход з палітычнай арэны БССР у палове 1920-х гг. небальшавіцкіх палітычных партый быў таксама апошнім этапам усталявання сістэмы аднапартыйнага праўлення. Гэткім чынам была выключана магчымасць легальнай кансалідацыі небальшавіцкіх палітычных сілаў. Камуністычная партыя засталася адзінай палітычнай арганізацыяй, якая ажыццяўляла ўладу ў краіне.
Аднак правадыры бальшавікоў добра разумелі, што для ўвядзення ў дзяржаве ідэалагічнай манаполіі роспуску партый недастаткова. Таму пад кантроль былі ўзятыя ўсе сродкі, якія маглі служыць мэтам прапаганды: выдавецкая дзейнасць, радыё, кінатэатры, тэатры, масавыя сходы і ўся сістэма адукацыі. Такім чынам, партыя пры дапамозе палітычных сродкаў рабіла захады па ізаляцыі краіны з мэтай выключэння магчымасці пранікнення адрозных поглядаў, што быццам бы рабілі падкоп пад “ідэалагічнае адзінства” народа і выключала магчымасць параўнання з іншымі стандартамі матэрыяльнага і духоўнага жыцця.
З мэтай увядзення кантролю за падборам кадраў у сістэме дзяржаўных органаў камуністы на пачатку 1920-х гадоў пачалі ствараць слой савецкай партыйна-дзяржаўнай наменклатуры. Менавіта ў той час былі ўведзены спісы катэгорый службовых асоб. Усе прызначэнні або звальненні ўключаных у гэтыя спісы чыноўнікаў адбываліся толькі пасля зацверджання іх кандыдатур Цэнтральным камітэтам камуністычнай партыі або пасля абавязковага ўзгаднення з арганізацыйна-кантрольным аддзелам ЦК. Адпаведна, у структуры органаў партыйнага апарату ніжэйшага ўзроўню былі створаны спецыяльныя кантрольныя аддзелы, якія між іншым займаліся падборам супрацоўнікаў на кіраўнічыя пасады. Асноўным крытэрыем прыдатнасці кандыдата была ягоная лаяльнасць да камуністычнай ўлады і ідэалогіі. У так жорстка арганізаваным грамадстве сацыяльная дынаміка асобы была абмежавана. Часта людзі здольныя не мелі магчымасці займацца дзейнасцю, якая адпавядала іх інтэлектуальнаму ўзроўню, а асобы вельмі ардынарныя маглі падымацца на вяршыні сацыяльнай іерархіі толькі таму, што былі адданыя пануючай сістэме.
Прававая база кадравай сістэмы СССР стваралася цягам 1922—1925 гг. У 1926 г. быў уведзены пералік наменклатурных пасадаў, улучна з г.зв. выбарнымі пасадамі, якія зацвярджаліся спецыяльнымі камісіямі ЦК РКП(б). У іх увайшлі 5133 пасады. Апроч цэнтральнага агульнасаюзнага, была ўведзена таксама мясцовая сістэма наменклатуры БССР, якая, канечне, была значна сціплешая за маскоўскую. У свой час яна налічвала 266 пасадаў, што належалі да наменклатуры ЦК КП(б)Б.
Сяброўства ў партыі давала палітычныя і матэрыяльныя прывілеі, таму вельмі хутка ўзнікла своеасаблівая “кліентура”, зацікаўленая ў захаванні існуючага ладу, свайго роду бальшавіцкая “арыстакратыя”, прыналежнасць да якой адкрывала шлях да ўлады. Сярод сяброў партыі не бракавала людзей ідэйных, але большасць уступала ў партыю менавіта з-за прывілеяў, якія былі абяцаныя. Месца ў партыйнай іерархіі гарантавала дадатковыя даброты ў выглядзе магчымасці займаць наменклатурныя пасады і атрымліваць высокія заробкі, добрых жыллёвых умоваў, асобых медыцынскіх паслуг, доступу да дэфіцытных тавараў. Партыйныя функцыянеры стаялі быццам бы над правам. Іх нельга было арыштаваць або судзіць без згоды партыйных органаў адпаведнага ўзроўню. Паступова гэты партыйна-наменклатурны слой пачаў служыць узорам кар’ернага росту і жыццёвага поспеху для шырокіх мас насельніцтва СССР, асабліва маладога пакалення, якое ведала толькі савецкія рэаліі. Такая практыка выпрацавала калектыўную псіхалагічную арыентацыю, сутнасць якой палягала на перакананні, што толькі валоданне ўладай дае прывілеі і дабрабыт, і што начальніку дазволена ўсё, пакуль ён гэтую ўладу мае.
4. Мадэль эканамічнага развіцця
Сутнасць палітыкі бальшавікоў у пытанні рэгулявання эканамічных працэсаў у краіне заключалася ў імкненні да аб’яднання вытворчасці ў адно цэлае і яе манапалізацыі. Лічылася, што змяншэнне лічбы гаспадарчых суб’ектаў, а таксама канцэнтрацыя кантролю эканамічнага жыцця ў адным цэнтры спросціць эканамічнае ўладкаванне і дасць магчымасць “шырокім слаям працоўных” удзельнічаць у кіраванні як паасобнымі прадпрыемствамі, так і ўсёй народнай гаспадаркай, нават нягледзячы на верагодную адсутнасць адукацыі і вопыту кіравання.
Гэтая эканамічная праграма як аксіёму прызнавала таксама тэзіс, што адмена прыватнай уласнасці на зямлю і іншыя сродкі вытворчасці не толькі патрабуе агульнага для ўсёй краіны плана, але і робіць гэтую працэдуру дастаткова простай. Іншымі словамі, меркавалася, што нацыяналізацыя, у выніку якой прадпрыемствы пачынаюць працаваць “выключна дзеля задавальнення патрэб насельніцтва”, а не прыбытку, стварае ўмовы, у якіх адпаведнае планаванне становіцца справай тэхнікі і ўжо не звязана з інтарэсамі рэальных гаспадарчых суб’ектаў. У сапраўднасці ж усё аказалася не так проста. Негатыўныя наступствы гэтага тыпу механізму “планавага” гаспадарання хутка праявіліся ў выглядзе імкнення прадпрыемстваў да заніжэння сваіх вытворчых магчымасцей. Яны праявіліся таксама ў дыспрапарцыянальнасці цэнтралізаванага забеспячэння матэрыяльнымі рэсурсамі і скрайняй нерацыянальнасці іх выкарыстання; у абсалютным дамініраванні галіновых інтарэсаў насуперак агульнадзяржаўным. Гэта хутка развеяла ілюзію адносна погляду, што ўсталяванне “пралетарскай” улады і нацыяналізацыя сродкаў вытворчасці з’яўляецца адзінай магчымай перадумовай перамогі планавай гаспадаркі. Перспектыва канчатковага эканамічнага краху змусіла бальшавікоў да саступак і часовага аднаўлення рыначных прынцыпаў функцыянавання эканомікі пад строгім кантролем дзяржавы ў выглядзе г.зв. новай эканамічнай палітыкі (НЭП).
Першыя палітычныя і грамадска-эканамічныя змены на Беларусі мелі прыкметы “ваеннага камунізма”, які на тэрыторыі РСФСР фармаваўся як інтэгральная эканамічная сістэма. Урад савецкай Беларусі старанна капіяваў гэтую мадэль, якая патрабавала стварэння надзвычайных органаў улады (перадусім мясцовай) і прывяла да максімальнай цэнтралізацыі ўпраўлення гаспадаркай. Палітыка г.зв. ваеннага камунізму была выклікана зусім не вайной і спусташэннем, як сцвярджалі бальшавікі, а вельмі саманадзейнай і надзвычай наіўнай спробай хуткай пабудовы ў краіне камуністычнага ладу. Пра гэта сведчыць, між іншым, рэгулярная і сістэматычная барацьба камуністаў з прыватнай уласнасцю.
Марксісцка-ленінскі тэзіс аб шкодных уплывах прыватнай уласнасці і неабходнасці яе адмены не быў новы. Ён паходзіў з узніклага яшчэ ў антычныя часы ўяўлення аб тым, што чалавецтва сапсавана інстытутам прыватнай уласнасці і можа цешыцца шчасцем толькі пазбаўляючыся ад яе згубнага ўплыву. Не новым было таксама намаганне практычнай рэалізацыіі гэтай ідэі і арганізацыі супольнасці без прыватнай уласнасці. Новым быў маштаб эксперыменту, які быў праведзены ў агромістай краіне са шматмільённым насельніцтвам. Аднак гісторыя ўсіх існуючых дасюль грамадстваў сведчыць аб паўсюднай і незнішчальнай прысутнасці ў іх уласніцкіх дамаганняў, імкненні індывідуумаў мець уласнасць, марнасці добраахвотных або прымусовых намаганняў арганізацыі грамадскага ладу, які не прызнае ўласнасць. Міф аб “першабытным камунізме” быў такі ж беспадстаўны, як і ўяўленне, што схільнасць да валодання прышчапляецца грамадствам, з чаго рабілася выснова аб неабходнасці яго пераўтварэння. Імкнучыся да рэалізацыі тэорыі Маркса аб адміранні дзяржавы, бальшавіцкая мадэль, насупярэч чаканням яе прыхільнікаў, прывяла да гіпертрафіі кантрольных функцый ва ўсіх галінах гаспадаркі і разрастання сістэмы органаў, якія ёю кіравалі. Бальшавікі меркавалі, што нацыяналізацыя ўласнасці дазволіць рашучым чынам змяніць сітуацыю ў прамысловасці, павялічыць прадукцыйнасць працы і эфектыўнасць гаспадаркі. Таму адразу пасля перавароту пачаткова ставілася мэта знішчэння капіталізму і нацыяналізацыі прадпрыемстваў. У рэальнасці ж сітуацыя пагоршылася яшчэ больш. У наступныя гады ўсе намаганні былі скіраваныя на стрымліванне нарастаючага эканамічнага спада і далейшага зніжэння вытворчасці, што і спрабавалі зрабіць шляхам цэнтралізацыі кіравання прамысловасцю і мілітарызацыі працы.
Нацыяналізацыя прамысловасці, якая знаходзілася пад уладай саветаў, фармальна пачалася ўжо ў 1917 г. Быў створаны Вышэйшы савет народнай гаспадаркі (рас. скар.: ВСНХ) з шырокімі паўнамоцтвамі і падпарадкаваны ўраду. Ён мог канфіскоўваць і зачыняць кожнае прадпрыемства. Пасля нацыяналізацыі паасобных прадпрыемстваў і акцыянерных суполак у маі 1918 г., савецкі ўрад прыступіў да адзяржаўлівання цэлых галін прамысловасці. Буйную прамысловасць было вырашана нацыяналізаваць у чэрвені 1918 г. Цягам наступных шасці месяцаў была нацыяналізавана лёгкая прамысловасць, гуртовы і раздробны гандаль, банкі, кааператывы і ўсе дробныя прадпрыемствы, рамесныя майстэрні.
Па прыкладзе РСФСР на Беларусі таксама пачалася нацыяналізацыя прамысловасці. Тут адзяржаўліванне прамысловых прадпрыемстваў адбывалася вельмі нераўнамерна ў сувязі з частымі зменамі ўлады. У першыя месяцы пасля бальшавіцкага перавароту ў распараджэнне дзяржавы было перададзена толькі 1,5% прадпрыемстваў. У той час, калі савецкі ўрад РСФСР (з чэрвеня 1918 г.) праводзіў масавую нацыяналізацыю буйных прамысловых прадпрыемстваў, вялікая частка Беларусі знаходзілася пад кантролем нямецкай арміі. Пасля зыходу немцаў і перад польска-бальшавіцкай вайной (з кастрычніка 1918 г. да чэрвеня 1919 г.) было нацыяналізавана больш за сто фабрык і заводаў, што складала 19,2% тагачаснай прамысловасці Беларусі. Толькі ў 1920 г., пасля зыходу польскіх войскаў, нацыяналізацыя была завершана. Са жніўня 1919 г. да снежня 1920 г. было нацыяналізавана 74,5% вялікіх і малых прамысловых прадпрыемстваў. Вынікаў гэтай палітыкі не трэба было доўга чакаць. Панаванне адміністрацыйных метадаў, цэнтралізацыя, ігнараванне эканамічных законаў, адсутнасць досведу працы ў бальшавіцкіх кадраў, дыктат камуністычнай ідэалогіі цягам некалькіх гадоў давялі эканоміку да поўнага распаду.
Асновы планавання дзяржаўнай гаспадаркі таксама былі закладзены ў 1917 г., падчас стварэння ВСНХ. У 1921 г. у яго структуры быў створаны орган доўгатэрміновай каардынацыі эканомікі — Дзяржаўная камісія планавання (рас. скар.: Госплан). У той час ён адыграваў нязначную ролю, але пазней стаўся цэнтральным звяном гаспадарчай сістэмы СССР, бо менавіта “кіраваная гаспадарка” была адной з канчатковых мэтаў камунізму. У шырокім маштабе планаванне ўпершыню было рэалізавана ў 1926 г., калі Госплан прапанаваў першы пяцігадовы план, які быў зацверджаны на XV з’ездзе ВКП(б) у снежні 1928 г. Гэта паклала пачатак стварэнню агульнадзяржаўнай сістэмы доўгатэрміновага планавання ў Савецкім Саюзе, што ў выніку прывяло да аб’ектывізацыі суб’ектыўнай дзейнасці органаў планавання. Гэта праявілася ў характары прыманых эканамічных рашэнняў і планавых заданняў. Яны пачалі лічыцца “абгрунтаванымі” толькі з таго, што былі прынятыя партыйнымі і дзяржаўнымі органамі. Цэнтралізаваныя вытворчыя заданні ў канчатковым выніку прыраўноўваліся да аб’ектыўнай грамадскай патрэбы. Фактычна партыйны апарат браў на сябе функцыю рынка ў працэсе каардынацыі попыту і прапановы, прэтэндуючы пры гэтым на аб’ектыўнасць сваіх патрабаванняў. Напрыканцы 1920-х гг. гэтыя прэтэнзіі набылі рэальную форму эканамічнай тэорыі, якая прызнавала дзяржаўны план “эканамічным правам сацыялізма”.
У канцы 1918 г. у Расеі быў уведзены ўсеагульны абавязак прымусовай працы, а пазней ён быў распаўсюджаны на захопленыя бальшавікамі тэрыторыі. Згодна з тагачасным працоўным кодэксам, праца была абавязковай для ўсіх працаздольных грамадзян ад 16 да 50 год, а беспрацоўныя не мелі права адкінуць прапанову працаўладкавання па сваёй спецыяльнасці. Згортвалася таксама прыватнае прадпрымальніцтва ў прамысловасці і гандлі. Напрыканцы 1920 г. на дзяржаўных прадпрыемствах Беларусі працавала 80% усіх прамысловых рабочых, а ў прыватных толькі 19%.
Было павялічана падаткаабкладанне прыватнага капіталу, і пачалася канчатковая нацыяналізацыя дробнай вытворчасці і гандлю, у якіх падаткавы цяжар павысіўся да 70%. На працягу 1926—1928 гг. доля прыватнага сектара ў агульнай прамысловай вытворчасці БССР зменшылася амаль удвая. У той час як прыватныя прадпрыемствы апыналіся ў сітуацыі поўнага банкруцтва, дзяржаўным прадпрыемствам аказвалася фінансавая дапамога з бюджэту. Але нават у такіх неспрыяльных умовах удзел прыватных прадпрыемстваў у гаспадарцы рэспублікі быў істотны. У 1925—1926 гг. яны выраблялі 31,7% агульнай колькасці прамысловай прадукцыі, а іх удзел у дробнай вытворчасці складаў 69,1%.
З другой паловы 1920-х гг. дзяржава пачала актыўна рэгуляваць цэны на прадукцыю, асабліва вырабленую ў прыватным і кааператыўным сектарах гаспадаркі. Самавольнае перавышэнне ўсталяваных зверху цэнаў каралася.
Такая абсурдная эканамічная палітыка прывяла да пагаршэння забеспячэння і зніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва. Таму ў 1928 г. была ўведзена карткавая сістэма забеспячэння, якая існавала да сярэдзіны 1930-х гг. і была адной з характэрных рысаў камуністычнага ладу.
Да 1917 г. сістэма гаспадарчых адносін на тэрыторыі Беларусі трохі адрознівалася ад пануючых у Расеі. Асабліва гэта было адчувальна ў вёсцы, дзе гаспадарка вялася іншым чынам. Большасць беларускіх зямель не зведала абшчыннага валодання зямлёй (“община”, “мир”). У гэтым сэнсе беларускія сяляне былі бліжэй да сялян еўрапейскіх, з моцна ўкарэненым у іх пачуццём уласнасці. У адрозненне ад Расеі, на Беларусі існавала развітая фальваркавая сістэма, а наяўнасць даіндустрыяльных чыннікаў і залежнасць ад маёнтка былі меншыя. У 1913 г. заможныя сяляне і землеўладальнікі, да якіх належала 11,1% гаспадарак, сабралі 49,1% збожжа і 53% бульбы. Малазямельныя сялянскія гаспадаркі, што складалі 2\3 ад агульнай колькасці гаспадарак, давалі менш за 25% збожжа і бульбы. Вялікія зямельныя валоданні на Беларусі ўяўлялі сабой арганізаваныя вытворчыя гаспадаркі, яны не перадаваліся ў арэнду сялянам, як расейскія. Таму на Беларусі ў 1917 г. значна радзей здараліся сялянскія бунты і выпадкі знішчэння і рабунку маёнткаў землеўладальнікаў, а таксама масавага самавольнага перадзелу зямлі. Варта падкрэсліць, што Беларусь не была самастойным ачагом зменаў, і рэвалюцыйныя працэсы, якія там адбываліся, не вынікалі з унутранай сітуацыі, а былі прыўнесены звонку. Беларускія сяляне занялі пазіцыю чакання ў адносінах да аграрных распараджэнняў савецкіх уладаў. Да ідэі нацыяналізацыі зямлі і стварэння “супольнай маёмасці” сяляне паставіліся дастаткова падазрона.
Галоўныя палажэнні бальшавіцкага “Дэкрэта аб зямлі” ад 27 кастрычніка 1917 г. былі развітыя ў “Асноўным законе аб сацыялізацыі зямлі”, які прадугледжваў прыярытэтнае развіццё калектыўных форм уласнасці. На Беларусі рэалізацыя савецкіх аграрных пераўтварэнняў адбывалася па меры ўсталявання савецкай улады на яе тэрыторыі пасля адыходу нямецкіх і польскіх войскаў. Гэтыя дзеянні адлюстроўвалі намаганні ўлады, скіраваныя на стварэнне суцэльнай неперсаніфікаванай дзяржаўнай або калектыўнай уласнасці, уніфікацыю ўсіх эканамічных укладаў у вёсцы шляхам арганізацыі калектыўных і дзяржаўных гаспадарак — сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў (калгасаў) і дзяржаўных сельскагаспадарчых гаспадарак (саўгасаў). У тэзісах ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, датаваных 1920 г., катэгарычна пацвярджалася адмена прыватнай уласнасці на зямлю, якая мелася стаць грамадскай уласнасцю. Ніхто не меў права яе купляць, атрымліваць у спадчыну або дараваць.
Экспрапрыяцыя землеўладальнікаў і “выкараненне” прыватнай уласнасці сялян на кантраляванай бальшавікамі частцы Беларусі, г. зн. у губернях Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай пачалася ў лістападзе-снежні 1917 г., праходзіла ў маланкавым тэмпе і была завершана ў лютым 1918 г. Усяго было канфіскавана каля трынаццаці тысяч прыватных гаспадарак. На базе былых вялікіх зямельных гаспадарак пачаў стварацца новы грамадскі сектар эканомікі. Саўгасы, калгасы і камуны карысталіся льготамі і палёгкамі пры надзяленні зямлёй, забеспячэнні насеннем, цяглавай сілай, прыладамі працы, атрымлівалі фінансавую падтрымку. Ствараючы калектыўныя гаспадаркі Саветы спадзяваліся, што дзякуючы гэтай акцыі яны атрымаюць падтрымку сярод незаможнага вясковага насельніцтва. Менавіта з гэтай мэтай вялася актыўная прапаганда за ўступленне ў камуны і кааператывы. Але жыццё не пацвердзіла гэтых надзей, дэманструючы, што класавая тэорыя не стасавалася з грамадскай псіхалогіяй вясковага насельніцтва. Нават найбяднейшыя ўпарта імкнуліся атрымаць уласны надзел зямлі, што рабіла магчымым здзяйсненне іх мараў аб самастойным гаспадаранні і павышэнні свайго сацыяльнага статусу. На пачатку 1920 г. ва ўсходняй частцы Беларусі кааператыўныя гаспадаркі ахоплівалі толькі 3% ворных земляў . Таму цягам 1920-х гадоў савецкая ўлада імкнулася да аслаблення прыватных гаспадарак і ўзмацнення пазіцый сялянская беднаты і сельскагаспадарчых камун. Рабілася гэта, між іншым, шляхам вызвалення ад падаткаў калгасаў, пры адначасным шматразовым павелічэнні падаткаабкладання жыццяздольных заможных індывідуальных гаспадарак. Такая палітыка не толькі аслабляла эканамічныя магчымасці апошніх, але і распальвала канфрантацыю сацыяльных груп, спрыяючы тым самым нівеляванню маёмаснага стану вясковага насельніцтва, а таксама ўмацаванню сацыяльнай базы бальшавікоў у вёсцы. У выніку прыватныя гаспадарчыя суб’екты паступова даводзіліся да разбурэння, што тармазіла развіццё ўсёй сельскай гаспадаркі.
Каб прымусіць сялян да арганізацыі калектыўных гаспадарак, быў уведзены кантроль паставак сельгаспрадукцыі шляхам увядзення строга рэгламентаванай манаполіі на гандаль хлебам, з адначаснай камунізацыяй вёскі. З 1 студзеня 1919 г. была ўведзена г.зв. “продразвёрстка”. Кожная адміністрацыйная адзінка павінна была аддаваць дзяржаве папярэдне вызначаную колькасць збожжа і іншай сельгаспрадукцыі, у залежнасці ад прагназаванага (!) ураджаю, падлічанага вельмі адвольным чынам. Прычым кожная вёска несла адказнасць за сваю частку паставак, і толькі пасля іх выканання сялянам даваўся дазвол на набыццё абмежаванай колькасці прамысловых тавараў. Калі сяляне пераканаліся, што дзяржава забірае сабе тое, што яны мерыліся прадаць на рынку, яны страцілі матэрыяльную зацікаўленасць. Пасяўныя плошчы рэзка зменшыліся, і большая частка адчужанай зямлі ляжала аблогай.
Савецкія ўлады прыкладалі ўсе намаганні да таго, каб падзяліць вёску на “сваіх” і “чужых”, дасягнуць яе ідэалагічнай дыферэнцыяцыі па прынцыпу заможнасці. З гэтай мэтай, між іншым, ствараліся “камбеды” (камітэты вясковай беднаты), надзвычайныя органы ў вёсцы, скіраваныя супраць заможных гаспадароў. Увядзенне ў вёсцы элементаў класавай барацьбы і нязгоды, якія раздзялялі сялянства, было магутным дэстабілізацыйным чыннікам.
Няма чаго здзіўляцца, што ў такой сітуацыі вёска пачынала бунтаваць супраць бальшавіцкай улады. Па ўсёй Беларусі пранеслася хваля стыхійных хваляванняў і ўзбурэнняў. У другой палове 1918 г. антыбальшавіцкія сялянскія паўстанні выбухнулі ў Аршанскім, Гарадоцкім і Дзісненскім уездах Віцебскай губерні, Горацкім, Клімавіцкім, Быхаўскім і Чэрыкаўскім уездах губерні Магілёўскай. У 1919 г. цэлыя абшары краіны знаходзіліся пад кантролем бунтуючых сялян, як гэта было, напрыклад, на беларускім Палессі, дзе справа даходзіла да сапраўдных баёў з “чырвонымі”. У 1920 г. узброеныя змаганні сялян з бальшавіцкімі аддзеламі адбываліся ў Слуцкім, Ігуменскім, Мінскім, Барысаўскім, Мазырскім уездах.
На Беларусі дадатковую перашкоду калектывізацыі ствараў фальварачны характар яе гаспадарак. Паводле прыкладнага перапісу 1927 г., хутары складалі ў рэспубліцы каля 20% усіх гаспадарак. Усведамляючы гэтую праблему, бальшавікі намагаліся пераадолець “ізаляцыю” значнай часткі сялян і прадухіліць “раздрабненне” двароў, якія народны камісар сельскай гаспадаркі БССР Дзмітры Прышчэпаў называў “воўчымі кутамі”. Быў створаны міф аб шматлікім і моцным класавым ворагу — “контррэвалюцыянерах”-кулаках, якіх трэба было вынішчыць. Абвяшчэнне гэтай своеасаблівай грамадзянскай вайны было патрэбнае з мэтай канчатковага апанавання вёскі і падпарадкавання яе палітыцы ўладаў. Масавы наступ пачаўся ў 1929 г., знамянуючы пачатак г.зв. вялікага пералому, які характарызаваўся масавай калектывізацыяй, усеагульным закабаленнем і рабункам сялянства, а таксама фізічным вынішчэннем найзамажнейшай і найбольш актыўнай яго часткі. Адзначым, што ў 1925—1926 гг. удзел дзяржаўнага і кааператыўнага сектараў у агульнай вытворчасці сельскай гаспадаркі Беларусі складаў толькі 2,5%. Калгасаў было ў БССР напрыканцы 1928 г. толькі 0,7% ад агульнай колькасці сялянскіх гаспадарак.
Распачатая бальшавікамі спроба маланкавага ўвядзення на руінах старога грамадства камуністычнага ладу з трэскам правалілася. Накінуты краіне “ваенны камунізм”, народжаны на грунце марксісцкіх догмаў і ілюзій, аказаўся цалкам няўдалым. Спробы ажыццяўлення ўтапічных праграм зруйнавалі прамысловасць і нанеслі шкоду сельскай гаспадарцы. Перад абліччам поўнай гаспадарчай паразы бальшавікі мусілі хутка ад іх адмовіцца. Каб стабілізаваць сітуацыю і адхіліць пагрозу магчымай страты ўлады, бальшавікі адмовіліся ад рэвалюцыйных метадаў дзеяння і зрабілі спробы ўключэння ў савецкую сістэму элементаў рынкавай гаспадаркі. Яны спадзяваліся, што дзякуючы гэтым захадам ім удасца выйсці з крызісу (які, зрэшты, яны самі і спарадзілі), з наступным працягам рэалізацыі камуністычнага праекта. Гэты працэс атрымаў назоў “новай эканамічнай палітыкі”, якая зрабіла магчымым пэўнае прыстасаванне камуністычных ідэалаў да рынкавых умоваў як найбольш адпавядаючых прагрэсу краіны. Пачатак гэтай палітыцы паклаў Х з’езд РКП(б) у сакавіку 1921 г. Не было толькі адказу на пытанне: навошта ідэалы, якія супярэчаць ідэалам прагрэсу? Канец новай эканамічнай палітыкі наступіў у 1928—1929 гг., з пераходам улад да сістэмы закупак і паставак збожжа дзяржаве метадамі адміністрацыйнага прымусу. У гэты ж перыяд пачаўся рагром прыватнага гандлю і дробнай вытворчасці, была ўзноўлена палітыка павелічэння дзяржаўнага сектара. Адбылася таксама яшчэ адна рэарганізацыя сістэмы кіравання гаспадаркай па чыста адміністрацыйных прынцыпах — падпарадкаванне дыктату плана, адначасна са зваротам да мілітарызаванай індустрыялізацыі і татальнай калектывізацыі.
Літаратура
1. Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2000). Мінск, 2003.
2. Нарысы гісторыі Беларусі. Т. 2. Мінск, 1995.
3. Гісторыя Беларусі. Т. 5 (Беларусь у 1917—1945 гг.). Мінск, 2006.
4. Пайпс Р. Русская революция. Москва, 2005.
5. Верт Н. История советского государства 1900—1991. Москва, 2002.
6. Хоскинг Д. История Советского Союза 1917—1991. Москва, 1995.
7. Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мінск, 2000.
8. Протько Т.С. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941). Минск, 2002.
9. Бердяев Н.А. Истоки и смысл русского коммунизма. Москва, 1990.
10. Вішнеўскі А.Ф. Палітыка-прававы рэжым савецкай дзяржавы (1917—1953). Мінск, 2002.
11. Декреты советской власти. Т. 1—17. Москва, 1957—2006.
12. Чёрная книга коммунизма. Преступления, террор, репрессии. Москва, 1999.
Лекцыя 2
План:
1. Тэндэнцыі грамадскага жыцця
2. Цэнзура
1. Тэндэнцыі грамадскага жыцця
Савецкі камуністычны лад быў ладам ідэалагічным.
Часцей за ўсё тэрмін “ідэалогія” служыць для акрэслення сістэмазаванай сукупнасці ідэй і поглядаў, у якіх пэўная група ці сацыяльны слой фармулюе ўласцівае яму тлумачэнне свету, гісторыі і сваю ўласную сітуацыю і мэты. Таталітарная ж ідэалогія з’яўляецца асноўным сродкам маніпуляцыі і мабілізацыі масаў, выступае ў ролі своеасаблівага квазірэлігійнага credo, якое мае на мэце змяненне самога чалавека. Камуністычная ідэалогія акрэслівае мэты і найважнейшыя метады дзейнасці партыі, паколькі таталітарная партыя існуе і дзейнічае выключна дзеля таго, каб здабыць у грамадстве як мага больш прыхільнікаў для сваёй палітыкі і правесці ў ім пераўтварэнні згодна з патрабаваннямі пануючай дактрыны.
Першай разнавіднасцю такой ідэалогіі была савецкая камуністычная дактрына, зразуметая як асноўная навука камунізму, якая, пры ўмове яе прыняцця, абяцала збаўленне на гэтым свеце і накідвала палітычную практыку, мэтай якой было радыкальнае змяненне грамадства ў духу зыходных марксісцка-ленінскіх догмаў. У савецкім грамадстве ідэалогія выконвала вельмі важную функцыю. Яна вучыла, як трэба разумець падзеі ў атачаючым свеце, як паступаць, якое стаўленне мець да “чужых”, як ставіцца да суграмадзян і нават чальцоў сям’і. Унушалася думка, што жыццё без ідэалогіі немагчымае. Адначасна ўсеахопнасць ідэалогіі ў штодзённым жыцці грамадзян рабіла магчымым затушоўванне ўтапічнай тэарэтычнай фікцыі псеўдарэчаіснасцю, якая рэальныя дзеянні і поспехі падмяняла абяцаннямі будучага ўсеагульнага шчаслівага жыцця.
Самі камуністы прызнавалі, што іх ідэалогія прынцыповым чынам розніцца ад ідэалогій грамадстваў усіх папярэдніх эпох, тлумачачы гэта спецыфічным характарам камуністычнай фармацыі. Яны лічылі, што ідэалогіі адрозніваюцца паміж сабой не толькі па прыкметах, што вынікаюць з іх філасофска-тэарэтычных асноў і спосабу адлюстроўвання рэчаіснасці, але таксама паводле іх класавай прыналежнасці.
Камуністычнай ідэалогіі ў СССР уласцівыя пэўныя характэрныя рысы. Гэта было перадусім дагматычнае бачанне свету, якое грунтавалася на перакананні, што ўдалося ўрэшце выпрацаваць канчатковы светапогляд, палітычную філасофію і (“адзіна правільную”) тэорыю грамадства, а таксама спазнаць натуру дасканалага парадку людскіх спраў, які будзе ажыццёўлены з дапамогай метадаў, выведзеных тэарэтычным шляхам. Прымітыўнае адмаўленне ўсялякага кампрамісу было ўзведзена ў ранг прынцыпу і прызнана асновай артадоксіі. Гісторыя і свет бачыліся скрозь прызму барацьбы і канфлікту ва ўсіх галінах жыцця. Абвяшчалася, што іншы палітычны парадак не мае права на існаванне, з’яўляецца беспадстаўным і падлягае знішчэнню з моманту з’яўлення спрыяльных тактычных магчымасцей. Такім чынам, запэўніванне манаполіі ўласнай ідэалогіі азначала ў выніку недапушчэнне ідэалогій альтэрнатыўных.
Легалізацыя таталітарнай улады з’яўляецца наступнай палітычнай функцыяй камуністычнай ідэалогіі. Для абгрунтавання і легітымізацыі такой улады важную ролю адыгрывае спосаб, якім партыя або правадыр запэўніваюць манапольную пазіцыю дактрыны, што яны вызнаюць. Менавіта гэтая акалічнасць абумоўлівае неабходнасць кантролю ўсіх сродкаў масавай інфармацыі, а таксама школ і інстытутаў усіх узроўняў. Валоданне такімі магчымасцямі запэўнівае не толькі прапагандаванне і навязванне ўласнай ідэалогіі, яно ўскладняе ўспрыманне грамадзянамі думак, крытычных у дачыненні да ўлады.
Калі пры дэмакратычным ладзе прапаганда з’яўляецца толькі прынадай палітыкі, дык ва ўмовай камуністычнай сістэмы яна становіцца непасрэднай праявай ідэалогіі. Да гэтага кіраўнікі ніколі не прысвячалі прапагандзе столькі ўвагі, і ніколі яна не займала такога месца ў жыцці насельніцтва краіны. Традыцыйна яна была толькі спосабам прадстаўлення рэчаіснасці ў адпаведным святле, а ў СССР перад ёю ставілася задача замены гэтай жа рэчаіснасці нейкім прыдуманым, няісным светам. Таму рабіліся высілкі пераканаць савецкіх людзей у тым, што вобраз штучна створанага свету, адрозны ад рэаліяў іх жыцця і штодзённага досведу, і ёсць самой рэчаіснасцю. Выкананне гэтай задачы было магчымым толькі дзякуючы поўнаму кантролю камуністычнай партыі над крыніцамі інфармацыі і фармаваннем грамадскай свядомасці грамадзян. Ва ўмовах небывалага размаху ідэалагічнай работы і з прымяненнем вытанчаных метадаў уздзеяння прапагандаваны ўяўны свет паступова засланяў у свядомасці людзей рэальнасць, прымушаючы іх паверыць у прыдуманыя з’явы і рэчы, нават супярэчныя іх асабістаму досведу. Фальшывая, але няспынна і рэгулярна паўтаральная інфармацыя стварала рэчаіснасць-муляж.
З сярэдзіны 1920-х гг. прапагандысцкая работа праводзілася планава і сістэматычна. Усе звязаныя з гэтым акцыі фінансаваліся з дзяржбюджэту. Па прыкладзе савецкай Расеі насельніцтва Беларусі падверглася масаваму прапагандысцкаму ўздзеянню ў духу камуністычнай ідэалогіі, а таксама тактычных палітычных мэтаў кіруючай партыі-клікі.
Недахопы савецкай сістэмы былі асабліва відавочнымі падчас сутыкнення з нармальнымі ўмовамі існавання, таму ўлады заўсёды імкнуліся максімальна ізаляваць савецкіх грамадзян ад атачаючага свету. Ішлося пра перакананне жыхароў СССР, што іх спаткала найвялікшае шчасце, пакуль не наступіць лепшае, “камуністычнае”. Ім тлумачылі, што за мяжой сітуацыя ва ўсіх адносінах горшая, і гэтая ілюзія ўмела падтрымлівалася. Кожны павінен быў быць удзячны за тое, што жыве пры ладзе, які аберагае яго ад найгоршых няшчасцяў. Гэтага можна было дасягнуць толькі адзіным магчымым спосабам — старанна ізалюючы грамадзянаў ад усялякіх кантактаў з вонкавым светам. Да Другой сусветнай вайны замежныя паездкі савецкіх грамадзян былі практычна немагчымыя, за выключэннем падарожжаў дзяржаўных службоўцаў і сябраў афіцыйных дэлегацыяў, якія накіроўваліся ў іншыя краіны са службовымі або прапагандысцкімі мэтамі.
Адной з найвялікшых пераменаў, якія адбыліся ў савецкім грамадстве, была дэфармацыя асобы, што праявілася ў міжчалавечых адносінах, стаўленні да працы, культуры, гісторыі. Усе працэсы ў гэтай сферы мэтава накіроўваліся, а канчатковым вынікам мусіў стацца “новы чалавек”. У дасягненні гэтай мэты сфера выхавання мела прыярытэтнае значэнне і лічылася асноўнай у г.зв. культурнай рэвалюцыі.
Сфармуляваная Леніным задача “выхавання народных мас па новаму ў духу сацыялізма” была пастаўлена адразу пасля бальшавіцкага перавароту як адна з найбольш актуальных і неадкладных. Новая савецкая школа прыходзіла на змену старой, а бальшавіцкая праграма вызначала адукацыю як інструмент пераўтварэння грамадства . Паколькі змены ў ім пачыналіся з чалавека, галоўная ўвага надавалася ўздзеянню на асобу, яе адпаведнаму інтэлектуальнаму і культурнаму развіццю, што звязвалася перадусім з выхаваннем і адукацыяй. Вырашальнае значэнне ў гэтым мела школа. Спецыфіка адукацыйнай думкі ў СССР заключалася ў тым, што яна ў роўнай ступені мела на мэце як перадачу дазаваных ведаў, так і фармаванне асобы згодна з камуністычнай ідэалагічнай арыентацыяй.
У маі 1918 г. усе школы ў краіне былі перададзены пад манапольнае кіраванне Народнага камісарыята асветы. Гэта абгрунтоўвалася неабходнасцю ўвядзення новай сацыялістычнай педагогікі і рэфармавання адукацыйна-выхаваўчай справы на прынцыпах сацыялізму. У справаздачы гэтага камісарыята, датаванай 1917—1918 гг., тлумачылася, што новы сацыяльны лад патрабуе ад школы выхавання грамадзян сацыялістычнай рэспублікі, і ў гэтых умовах ставіцца задача “стварэння зусім новага, нідзе яшчэ не выпрабаванага тыпу школы — школы сацыялістычнай”. У жніўні 1918 г. было забаронена карыстацца старымі падручнікамі.
Палемізуючы з педагогамі старой школы, у 1925 г. народны камісар асветы А.В.Луначарскі падкрэсліваў, што “справа асветы была, ёсць і будзе справай чыста палітычнай”. Рэальнасць гэтых дэкларацый пацвярджаюць сведчанні сучаснікаў, якія ў той час наведалі СССР. На пачатку 1920-х гадоў бельгійскі прафесар Шарль Саролеа перад падарожжам у Расею сустрэўся з чэхаславацкім прэзідэнтам Масарыкам, адным з найбольшых тагачасных аўтарытэтаў па расейскіх справах. Той параіў яму перадусім вывучыць пытанні, звязаныя з савецкім школьніцтвам. Бо ён дасканала разумеў, адзначае Саролеа, што ў савецкіх школах можна знайсці “найбольш пераканаўчы паказчык бальшавіцкіх палітычных мэтаў, а таксама найбольш пераканаўчы паказальнік і вымернік іх поспеху і банкруцтва”. У савецкай Расеі адукацыя мусіць служыць перш за ўсё палітычным мэтам, пісаў прафесар. “З бальшавіцкага гледзішча, навучанне і муштраванне дзяцей ёсць, можа, найвялікшым і найтрывалейшым вынікам дзейнасці савецкага ўраду. (…) Можа аказацца, што ў рэшце рэшт ім удасца стварыць новы тып чалавецтва. Але калі б гэта ім сапраўды ўдалося, няхай жа воля Божая ўратуе Расею і Еўропу ад гэтага будучага пакалення…”,— рабіў выснову Саролеа. У 1924 г. ён пачуў у Маскве ад аднаго высокапастаўленага савецкага чыноўніка выказванне наступнага зместу: “Трэба знішчаць, перш чым пачынаць будаваць. Нават калі вы маглі б даказаць, што мы не можам прывесці на сваю карысць аніводнага пазітыўнага ўчынку, не трэба забывацца, што нам удалося зрабіць асноўнае, значна важнейшае, чым усё наша знішчэнне: стварыць новы чалавечы матэрыял. (…) Калі мы сыдзем, наша справа не памрэ разам з намі”. У гэтай пахвальбе — піша Саролеа — заключаецца бязлітасная праўда, бо бальшавікі сапраўды пасеялі зерне будучых катастроф, бо ім удалося атруціць розумы ўсяго пакалення, і наступствы гэтага яшчэ праявяцца”.
Працэс саветызацыі адукацыі на захопленых Расеяй усходніх тэрыторыях Беларусі пачаўся адразу пасля бальшавіцкага перавароту. Існуючая да гэтага школьная сістэма скасоўвалася, і ўводзілася адзіная савецкая школа. У студзені 1918 г. была ліквідавана Віленская школьная акруга, якая ахоплівала таксама беларускія землі. Адначасова на кантраляванай бальшавікамі тэрыторыі пачалася планавая рэарганізацыя школьніцтва. Напрыканцы лістапада 1918 г. Камісарыят асветы Заходняй вобласці ліквідаваў духоўныя семінарыі і прыхадскія навучальныя ўстановы. Замест шматлікіх тыпаў школ і навучальных устаноў была ўведзена адзіная дзевяцігадовая сярэдняя рабочая школа. У 1922 г. пачалі дзейнічаць зацверджаныя Леніным “Вучэбныя правілы”, якія паклалі канец аўтаноміі вышэйшых устаноў. Згодна з гэтымі правіламі ўся навукова-выхаваўчая і адміністрацыйна-гаспадарчая праца аказалася пад кантролем мясцовых партыйных органаў. Рэктар універсітэту не абіраўся, як раней, на навуковай радзе, а прызначаўся Народным камісарыятам асветы.
У структуры Цэнтральнага выканаўчага камітэту БССР была створана Вучэбная ўправа, якая кантралявала навучальныя ўстановы “з палітычнага і навуковага гледзішча”, а таксама кіравала іх адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасцю. Гэтая ўправа давала рэкамендацыі аб прызначэнні на пасады рэктараў, дэканаў, прафесараў, давала дазвол на арганізацыю новых факультэтаў. Праводзіліся таксама рэгулярныя праверкі вучэльняў і “ачышчэнне” іх ад “варожых элементаў”. У БССР першая такая чыстка адбылася ў чэрвені 1924 г. У яе выніку з Дзяржаўнага універсітэту ў Мінску і яшчэ трох вышэйшых навучальных установаў было выключана 30% студэнтаў, прызнаныя “класава чужымі элементамі” і “палітычна непісьменнымі”. Адначасна звальняліся выкладчыкі несавецкай школы. Напрыклад, па рашэнні Бюро ЦК КП(б)Б у 1926 г. быў звольнены з працы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце гісторык М.В.Доўнар-Запольскі, адзін з нешматлікіх на той час беларускіх спецыялістаў у гэтай галіне. Яго вінавацілі ў тым, што ён у сваіх працах і лекцыях прапагандаваў ідэалогію “буржуазнага нацыяналізму” і тэорыю “залатога веку”. На пачатку 1920-х гадоў была ўведзена новая форма навучання студэнтаў, якая спалучала асноўныя веды з ідэалагічнымі дысцыплінамі. Сярод іх былі, між іншым, такія прадметы, як “дыялектычны і гістарычны матэрыялізм”, ці марксіцкая філасофія дыялектычнага матэрыялізму і вучэнне Маркса аб гістарычным развіцці, “капіталізм і пралетарская рэвалюцыя”, абавязковыя для навучання ва ўсіх навучальных установах і на ўсіх факультэтах. Моладзь аб’ядноўвалася ў масавыя “камсамольскія” і “піянерскія” арганізацыі, асноўнай задачай якіх было выхаванне маладога пакалення ў духу марксісцка-ленінскай ідэалогіі. У 1920-я гг. гэтыя арганізацыі яшчэ не мелі масавага характару, але ў хуткім часе яны сталі ўсеахопным сродкам кантролю над моладдзю і падрыхтоўкі будучых партыйных кадраў.
Цягам адносна нядоўгай савецкай гісторыі школа ў СССР набыла форму выключна рэакцыйнага і кансерватыўнага дзяржаўнага інстытута. Яна не прышчэплівала навыкаў самастойнага аналітычнага мыслення, навыкаў пастаноўкі пытанняў і пошуку адказаў, крытычнага аналізу інфармацыі, бо гэтыя рысы супярэчылі прынцыпам функцыянавання ўсталяванага ладу, а таму адкідваліся савецкай сістэмай выхавання і адукацыі.
Культура таксама мела для бальшавікоў вартасць перадусім прапагандысцкую. Яна ацэньвалася не паводле традыцыйных крытэрыяў, а з “класавых пазіцый”. Народны камісарыят асветы не толькі кіраваў палітычна-асветнай працай, але і ўзначальваў усё інтэлектуальнае жыццё: літаратуру, мастацтва, друк. Пад эгідай гэтага камісарыяту было заснавана Дзяржаўнае выдавецтва, якое мела манаполію на друк кніг і іх цэнзураванне. Гандаль кнігамі і іншай выдавецкай прадукцыяй таксама быў манапалізаваны.
Адзяржаўленне культуры савецкай уладай дасягнула беспрэцэдэнтнага размаху, што фактычна перапыніла безупыннасць культурнага развіцця грамадства. У 1920-х гг. яшчэ не быў выпрацаваны канчатковы варыянт палітыкі ў дачыненні да культуры, таму ў той перыяд аўтэнтычнае культурнае жыццё цалкам не замерла. Лаяльныя да ўлады гэтак званыя непралетарскія пісьменнікі і дзеячы мастацтва мелі пэўныя магчымасці для самастойнай творчасці. Захаваліся таксама некаторыя атрыбуты традыцыйнага мастацтва, розных яго напрамкаў і стыляў. Дазвалялася нават эксперыментаванне ў духу мадэрнізму. Пачаткова рэжым фармальна не навязваў мастацтву акрэсленай афіцыйнай партыйнай лініі, што, відаць, можна патлумачыць тактычнымі меркаваннямі, жаданнем стварыць прыязную атмасферу ў творчых асяродках. Але ўжо ў сярэдзіне 1920-х гг. пачаўся працэс актыўнай элімінацыі як традыцыйных, так і наватарскіх форм мастацтва, якія, на думку бальшавікоў, выканалі сваё заданне.
У Беларусі ў сярэдзіне 1920-х гг. галоўнай літаратурнай арганізацыяй быў “Маладняк”, які налічваў больш за тысячу сяброў. У кастрычніку 1926 г. частка сяброў гэтага аб’яднання стварыла яшчэ адну літаратурную групу — “Узвышша”. У 1928 г. існавала ўжо восем літаратурных аб’яднанняў. У тым жа годзе наваствораная Расейская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў ухваліла праграму, згодна з якой літаратура мела выконваць канкрэтныя сацыяльна-палітычныя заказы. З гэтага моманту культура афіцыйна стала часткай “генеральнай лініі партыі” і, як і ўсё грамадскае жыццё, падлягала цэнтральнаму планаванню. Улічваючы змены ў палітыцы “цэнтра”, ЦК КП(б)Б правёў у лістападзе 1928 г. рэарганізацыю, аб’яднаўшы ўсіх пісьменнікаў, якія “стаяць на пазіцыях пралетарскай ідэалогіі”, у Беларускі саюз пісьменнікаў, што з’яўляўся часткай Саюза пісьменнікаў СССР.
Істотнае значэнне для лёсаў беларускай літаратуры савецкай эпохі мела пастанова ЦК КП(б)Б “Аб беларускай літаратурна-мастацкай і тэатральнай крытыцы”, якая акрэслівала ролю мастацтва і літаратуры як “класава-выхаваўчую”. “Нашай задачай у галіне мастацкай літаратуры — гаварылася ў гэтым партыйным дакуменце — з’яўляецца шматбаковае спрыянне развіццю творчасці пісьменнікаў, якія ўваходзяць або ўжо ўвайшлі на платформу пралетарскай класавай барацьбы…” У якасці недахопу адзначалася адсутнасць марксісцкіх крытыкаў сярод старэйшага пакалення беларускіх пісьменнікаў і даследчыцкай працы марксістаў у галіне беларускай літаратуры, недастатковае прыцягненне да гэтай працы камуністаў. А народнаму камісарыяту асветы Беларусі было рэкамендавана скласці “нацыянальны па форме і пралетарскі па зместу” тэатральны і кінарэпертуар.
2. Цэнзура
Манапалізаваную культуру, як і ўсю інфармацыю, савецкі рэжым кантраляваў пры дапамозе строгай цэнзуры.
Расейская цэнзура да 1917 г. мела багатыя традыцыі, выпрацавала разнастайныя яе віды і формы, скіраваныя на абмежаванне свабоды слова і доступу да рознага роду інфармацыі, падаўленне нонканфармізму і г.д. Савецкая таталітарная сістэма ўвабрала ўвесь гэты набыты ў мінулым досвед, ствараючы сістэму кантролю і забаронаў, не маючую аналогіі ў гісторыі чалавецтва. Дзяржаўная манаполія на ўсе без выключэння формы калектыўнага жыцця падтрымлівалася не толькі забаронамі. Скарыстоўваліся таксама найбольш вытанчаныя метады ўздзеяння на грамадства. Кантраляваліся не толькі словы, але і вобразы, інтэрпрэтацыі, і нават інтанацыі, а таксама іншыя выяўленчыя сродкі.
Бальшавікі ўвялі цэнзуру ўжо на другі дзень пасля перавароту. 27 кастрычніка быў выдадзены першы, падпісаны Леніным, дэкрэт Савета народных камісараў аб закрыцці ўсіх газет, якія крытычна ставіліся да новай улады. Такім чынам было “прысябечана” права спыніць выданне любой газеты ці часопіса і накінута цэнзура, што адмяняла свабоду слова і друку. Цягам 1918—1920 гг. уся апазіцыйная прэса была практычна ліквідавана.
З кастрычніка па люты 1918 г. на Беларусі былі зробленыя крокі, скіраваныя на забарону не адпавядаючых бальшавікам выданняў. Першымі былі зачыненыя газеты “Социалист-революционер”, “Минская жизнь”, “Минский вестник”, прыватная друкарня Усманава. Была нацыяналізавана друкарня былой мінскай губернскай управы і перададзена Савету народных камісараў Паўночна-заходняга фронту і вобласці, які ў лютым 1918 г. выдаў дэкрэт аб нацыяналізацыі газетных і кніжных кіёскаў, а таксама ўсіх пунктаў продажу друкаванай прадукцыі на тэрыторыі Беларусі. У студзені 1921 г. пастановай прэзідыуму Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР было створана Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі — Белдзяржвыдат, якое цэнтралізавала друкарскую справу ў рэспубліцы. У ім была засяроджана ўся літаратурна-выдавецкая дзейнасць, уводзіўся таксама цэнтралізаваны кантроль над распаўсюджаннем друкаваных матэрыялаў і размеркаваннем паперы. Фактычна Белдзяржвыдат выконваў функцыі цэнзуры. Без дазволу гэтай установы нічога нельга было друкаваць.
Па меры стабілізацыі савецкага ладу забароны і рэгламентацыя ў гэтай сферы павялічваліся і дэталізаваліся. Інстытуцыянальна яны набылі рэальны кшталт Галоўнай управы па справах аховы ваенных і дзяржаўных таямніц у друку (Главліт). Гэты орган быў створаны пры непасрэдным удзеле Леніна, дэкрэтам Савета народных камісараў у чэрвені 1922 г. Пачаткова ён знаходзіўся ў сістэме Народнага камісарыята асветы (!), а пазней у падпарадкаванні Савета Міністраў СССР. Адпаведныя структуры былі створаны ў саюзных рэспубліках. Яны выконвалі функцыі палітычнай цэнзуры, маглі засноўваць і ліквідаваць выдавецтвы. Главліт кантраляваў усё, што выходзіла, а таксама замежную друкаваную прадукцыю, якая трапляла ў краіну. Кантраляваліся нават рукапісы, што вывозіліся з краіны. Гэтая ўстанова выконвала шэраг іншых функцый забаронна-кантрольнага характару: змяшчала кнігі ў “спецхраны”, праводзіла планавыя кантрольныя праверкі рэдакцый, выдавецтваў і г.д. На Главліт быў ускладзены абавязак недапушчэння ўсялякіх звестак, крытычных у адносінах да камуністычнай партыі і савецкай улады, а таксама спрэчных з марксісцка-ленінскай камуністычнай ідэалогіяй. Гэта датычыла абсалютна ўсіх галін грамадскай дзейнасці. Пад кантролем знаходзілася праца ўсіх суб’ектаў дзейнасці, пры дапамозе якіх маглі збірацца і распаўсюджвацца матэрыялы аб савецкай рэчаіснасці. А тая не была такой “ружовай”, якой яе прадстаўляла камуністычная прапаганда. Таму не выпадкова з 1925 г. у СССР было забаронена даваць інфармацыю аб самазабойствах, выпадках вар’яцтва на глебе беспрацоўя, пра голад і экспарт збожжа.
Савецкая цэнзура была арганічна звязаная з палітычнай паліцыяй і заўсёды знаходзілася пад двайным надзорам — з боку ЦК і органаў бяспекі. Уласна кажучы, гэта была сістэма кантролю ўсялякага друкаванага слова ў СССР, якая выконвала ў гэтай сферы паліцэйскія функцыі.
Рашэнні маскоўскага Гавліта былі абавязковыя для Галоўнай управы па справах выдавецтваў і літаратуры БССР (Галоўлітбел), якая была створана ў 1922 г. у структуры Народнага камісарыята асветы рэспублікі. Гэты орган савецкай цэнзуры на Беларусі фактычна знаходзіўся ў распараджэнні прапагандысцка-агітацыйнага аддзела, а затым аддзела друку ЦК КП(б)Б. Дырэктывы партыйнага кіраўніцтва былі абавязковымі для Галоўлітбела, а адпаведныя справаздачы сістэматычна абмяркоўваліся на паседжаннях бюро ЦК. Органы цэнзуры БССР кіраваліся ў сваёй дзейнасці інструкцыямі, большасць якіх паходзіла з Масквы. У задачы мясцовай цэнзуры ўваходзіў кантроль усіх прызначаных для друку або распаўсюджання матэрыялаў, кніг, перыядычных выданняў, складанне спісаў забароненых друкаваных матэрыялаў. Сфера дзейнасці і паўнамоцтвы Галоўлітбела штогод пашыраліся. Кантралявалася таксама і замежная літаратура, якая рознымі шляхамі трапляла ў краіну. Тая яе частка, якая была выключана з публічнага абароту, знішчалася або змяшчалася ў спецхраны, а бібліятэкары, якія ёй апекаваліся, мусілі мець спецыяльны дазвол, як для працы з сакрэтнымі матэрыяламі. Галоўлітбел кантраляваў не толькі ўсе выдавецтвы, змест публікацый у прэсе, але таксама рэпертуар тэатраў і кінатэтраў. Без яго згоды не маглі ўзнікаць новыя перыядычныя выданні, адбывацца публічныя імпрэзы. Дзяржаўнай цэнзуры не падлягалі толькі выданні камуністычнай партыі, якая сама выконвала гэтую функцыю праз аддзел друку ЦК КП(б)Б.
Да бальшавіцкага перавароту прадметам цэнзуры ў Расеі былі гатовыя тэксты і створаныя вобразы. Савецкая цэнзура вынайшла новую форму кантролю. Яна ўмешвалася непасрэдна ў працэс творчасці, уплываючы на канцовы змест твораў. Ужо ў першай справаздачы Галоўлітбела на паседжанні прапагандысцка-агітацыйнага аддзела ЦК КП(б)Б у 1923 г. з цынічнай шчырасцю канстатавалася, што гэты орган савецкай цэнзуры замяняе царскую цэнзуру. Але ў адрозненне ад апошняй Галоўлітбел “у пэўнай ступені надае кірунак літаратурнай працы”. Прыкладам, у сувязі з забаронай Галоўлітбелам у 1926 г. пастаноўкі купалаўскіх “Тутэйшых”, аддзел прапаганды ЦК КП(б)Б указваў на неабходнасць перапрацоўкі твора аўтарам.
Рэаліі грамадскіх адносін пры таталітарызме раней ці пазней прымушалі людзей да “самацэнзуры”, адной з асноўных формаў кантролю ідэй. Перш чым адважыцца штосьці напісаць або стварыць, чалавек задаваў сабе пытанне — “пройдзе” гэта ці “не пройдзе”? Каб на яго адказаць, трэба было перадусім пераняць спосаб мыслення ўлады, скарыстаць яе крытэрыі. Таму загадзя накідвалася самаабмежаванне і, звычайна, усё рабілася такім чынам, каб напісанае — “прайшло”. Паступова грамадства прывучылі да замены наўпроставых выказванняў намёкамі, да прымітыўнага спосабу зносін, эзопаўскай мовы, эўфемізмаў, прыхаванага іранізавання, якія не толькі падаўлялі і скажалі думку, але і знішчалі яе. Не маючы магчымасці поўнасцю выказаць сваё меркаванне, чалавек страчваў здольнасць дадумваць яго да канца. Таму цэнзура пераносілася ў падсвядомасць, парушаючы самую здольнасць мыслення.
Савецкая сістэма спарадзіла яшчэ адну з’яву цэнзурнага характару, г.зв. ачыстку бібліятэчных фондаў. Гэты тэрмін належыць савецкаму перыяду гісторыі і азначае канфіскацыю літаратуры з бібліятэк па палітычна-ідэалагічных прычынах. Канфіскацыі “непажаданых” кніг пачаліся адразу пасля бальшавіцкага перавароту. Як сведчыла Н.К.Крупская, практычна ўсе існуючыя да кастрычніка 1917 г. бібліятэкі “…трэба было прагледзець і ачысціць іх ад масы кніг проста шкодных…”.
Пачатак небывалай “чысткі” публічных бібліятэк паклала снежаньская 1920 г. інструкцыя Галоўнага палітычна-асветнага камітэта Народнага камісарыята асветы РСФСР. Да яе быў далучаны дадатак з пералікам 1200 кніг, якія падлягалі канфіскацыі. Апроч забароненых аўтараў і назваў у гэтай інструкцыі называліся цэлыя кірункі ў навуцы, культуры, літаратуры, “недапушчальныя” у публічных бібліятэках. Прыкладам, з аддзела “філасофіі, псіхалогіі і этыкі” павінны былі быць прыбраныя “кнігі ў духу ідэалістычнай філасофіі”. У далучаным спісе аўтараў, якія падлягалі канфіскацыі, аказаліся творы: Дэкарта, Канта, Маха, Платона, Спенсера, Шапэнгаўэра, Ул.Салаўёва, Крапоткіна, Л.Талстога, Матэрлінка, Ніцшэ і інш. Канфіскоўваліся таксама выдадзеныя да рэвалюцыі падручнікі і белетрыстыка. Таму астатняя частка фондаў мела аднабаковы характар. Поўнай чыстцы падвергнуўся таксама аддзел рэлігіі. Сярод кніг рэлігійнага зместу тут былі канфіскаваныя: Біблія, Каран, Талмуд, тэалагічныя творы. Што ж тычыцца мастацкай літаратуры, дык гэты аддзел “ачышчаўся” “ад кніг дрэннага эмацыйнага і ідэйнага зместу (…) якія праслаўлялі побыт, мараль і ідэалогію буржуазнага і мяшчанскага грамадства”. Зыходзячы з гэтага меркавання, згаданая вышэй інструкцыя патрабавала выдалення шэрагу кніг класікаў літаратуры.
Пагром бібліятэк азначаў разрыў традыцыі і культурнай неперапыннасці, ён быў скіраваны супраць добрасумленных навуковых і гістарычных ведаў. Гэта быў адзін з найбольш эфектыўных інструментаў уздзеяння на свядомасць, дзякуючы якому за кароткі час удалося выхаваць людзей, якія не ведалі сапраўднай гісторыі і культуры сваёй айчыны.
Такім чынам, ужо ў сярэдзіне 1920-х гг. былі выпрацаваны асноўныя прынцыпы апрацоўкі грамадскай думкі пры дапамозе абмежавання доступу да крыніц інфармацыі і ведаў. Яны зводзіліся да адмаўлення вышэйшых духоўных патрэб асобы і падмены іх эрзацам культуры ідэалагічнай афарбоўкі. Адрыў ад уплываў альтэрнатыўных ідэй і меркаванняў, абмежаванне інтэлектуальнай і духоўнай свабоды чалавека, спыненне праяваў самастойных чалавечых паводзінаў стваралі спрыяльныя ўмовы для рэвалюцыйных “пераўтварэнняў” і ўтрымлівання ўлады. Супольнасць, падвергнутая сістэматычнаму і аднабаковаму ўздзеянню тэндэнцыйнай інфармацыі, з цягам часу непазбежна страчвала арыентацыю ў грамадскім жыцці і здольнасць крытычнага мыслення. У гэтым менавіта і заключалася мэта татальнай савецкай цэнзуры.
Стаўленне беларускіх пісьменнікаў і дзеячоў мастацтва да бальшавікоў не было адназначным. Улады добра пра гэта ведалі. Каб трымаць інтэлігенцыю пад кантролем, з кастрычніка 1922 г. дзейнасць творчых саюзаў, аб’яднанняў, гурткоў і таварыстваў пачала рэгламентавацца. Іх трэба было рэгістраваць у Народным камісарыяце ўнутраных спраў рэспублікі, а ўсе матэрыялы, звязаныя з рэгістрацыяй, правяраліся ў сакрэтным аддзеле ГПУ Беларусі. Уладальнікі і дырэктары друкарняў пад пагрозай крымінальнай адказнасці абавязваліся друкаваць толькі тыя тэксты, якія мелі дазвол Главліта. Цэнзура паклала канец мінімальным спробам адхілення ад г.зв. афіцыйнай лініі. Напрыклад, Язэпу Пушчы закідвалі “нізкі ідэйна-мастацкі ўзровень твора” і “наяўнасць у ім песімістычных нотак”; Язэпу Лёсіку ставіўся ў віну “нацыяналістычны змест” у творы пад назовам “Асноўныя матывы ў творчасці М.Багдановіча”; Кандрат Крапіва падазраваўся ў “сатыры на палітыку партыі ў галіне друку”; Янку Купалу прыпісваўся “шавіністычны і антысавецкі змест” вершаў; у шавінізме абвінавачваўся таксама Якуб Колас. Аднаго з драматургаў абвінавацілі ў тым, што ён “карыкатурным чынам прадстаўляе жыццё рабочага класа, не паказваючы ролі партыйнай арганізацыі”. З прычыны “шавіністычнага зместу” у 1926 г. не былі дапушчаны да публікацыі артыкулы шэрагу ўдзельнікаў акадэмічнай канферэнцыі, прысвечанай рэформе беларускага правапісу і алфавіта.
У 1919 г. дзяржава пераняла кантроль над тэатрамі. Яны перадаваліся ва ўпраўленне Народнага камісарыята асветы. Як і ў літаратуры, у тэатральным мастацтве з сярэдзіны 1920-х гадоў быў узмоцнены дзяржаўны ідэалагічны кантроль рэпертуару, зместу пастановак і нават гульні актораў. Прыкладам, у 1926 г. згаданая ўжо п’еса “Тутэйшыя” была выкрэслена з рэпертуару Беларускага дзяржаўнага тэатру, бо цэнзура ўгледзела ў ёй акцэнты, варожыя ў дачыненні да савецкай улады і “лініі партыі”. Уведзены ж былі новыя сцэнічныя творы, напісаныя драматургамі “пад заказ”, якія ўслаўлялі “вернасць камуністычным ідэям” і “энтузіязм працоўных мас”. Добрай ілюстрацыя гэтае з’явы могуць служыць выказванні Францішка Аляхновіча, які ў 1926 г., пасля прыезду з Вільні на падсавецкую Беларусь, наведаў мінскі тэатр і падзяліўся сваімі ўражаннямі ад прагледжанага спектакля: “І ў гэтых п’есах шмат што не падабалася (…) … сяляне з 1863 г. гаварылі мовай сучасных камсамольцаў. Гадка яму рабілася, калі аднаго з герояў п’есы “Каваль ваявода”, пабітага, пераможанага, вешалі на сцэне, закідаючы яму вяроўку на шыю. Не мог уцяміць, чаму прававернаму савецкаму грамадзяніну Брызгаліну ў апошнім акце выносіцца прысуд расстрэлу — толькі за ягоныя старыя грахі, даўно ўжо адпакутаваныя (…) — Але ж гэтыя вашы эфекты!… Як жа можна дапускаць гэткія рэчы ў драматургіі!… Гэта ж агіда! І гэта нават можа зрабіць уражанне зусім іншае, як хацеў аўтар… — Вораг павінен быць дабіты… — адказвалі яму. (…) Ясна, што тэатр становіць сабой найбольш магутны спосаб агітацыі. Кожны савецкі фільм, кожная тэатральная п’еса мусіць быць перадусім беззаганнай з ідэалагічнага боку. Вузкія рамкі бальшавіцкае ідэалогіі — ясна — адлюстроўваюцца і на тэмах гэтых п’есаў”.
У 1919 г. савецкая ўлада нацыяналізавала таксама кінематаграфію і кінатэатры, а фільмы былі прызнаныя найважнейшым прапагандысцкім сродкам. З гэтай мэтай складаўся адпаведны рэпертуар. Такі ж самы лёс напаткаў камерцыйную фатаграфію. Трохі пазней было ўведзена цэнзураванне сцэнарыяў і “мастацка-ідэалагічнае кіраўніцтва” у галіне кінематаграфічнай вытворчасці. Адначасова быў забаронены паказ фільмаў без дазволу Главліта. У 1923 г. пры Галоўлітбеле быў створаны Камітэт па кантролю за рэпертуарам, задачай якога была выдача дазволаў на інсцэнізацыю драматычных, музычных і кінематаграфічных твораў. Камітэт меў права кантраляваць рэпертуар усіх відовішчных мерапрыемстваў і забараняць іх правядзенне ў выпадку парушэння адпаведных распараджэнняў. У 1927 г. гэты камітэт быў ператвораны ў Галоўны камітэт кантролю за рэпертуарам (Галоўрэперткам), які меў свае аддзелы ва ўсіх адміністрацыйных адзінках рэспублікі. Апроч выдачы дазволаў на інсцэнізацыю ў БССР тэатральных твораў, у яго функцыі ўваходзіла зацверджанне сцэнарыяў, выдача дазволаў на гастролі тэатральных труп і музычных ансамблей, складанне рэестраў забароненых твораў, а таксама кантраляванне друкаваных рэкламных матэрыялаў.
Строгі кантроль і беспрэцэдэнтная цэнзура нанеслі культуры непапраўную шкоду, паколькі па сваёй прыродзе яна не падлягае рэгламентацыі. Справа ж не толькі ў творах мастацтва, якія ёсць матэрыяльным увасабленнем працэсу творчасці. У шырэйшым сэнсе культура — гэта спосаб успрымання і разумення атачаючага свету, а таксама выразнік стаўлення да рэчаіснасці, абумоўлены досведам папярэдніх пакаленняў. Перапыненне гэтага безупыннага працэсу азначае пазбаўленне культуры яе натуральнай асновы, наступствам чаго становіцца заміранне аўтэнтычнага культурнага жыцця. Зняволенная і пазбаўленая ўласцівых ёй рысаў, скарыстаная ў выключна палітычных мэтах, яна ялавее і страчвае сваю вартасць. Менавіта такі лёс напаткаў “савецкую культуру”, падмурак якой быў закладзены ў 1920-я гады ХХ ст., і гісторыя якой можа служыць прыкладам пастаяннага творчага заняпаду.
Літаратура
1. Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2000). Мінск, 2003.
2. Нарысы гісторыі Беларусі. Т. 2. Мінск, 1995.
3. Гісторыя Беларусі. Т. 5 (Беларусь у 1917—1945 гг.). Мінск, 2006.
4. Пайпс Р. Русская революция. Москва, 2005.
5. Верт Н. История советского государства 1900—1991. Москва, 2002.
6. Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мінск, 2000.
7. Протько Т.С. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941). Минск, 2002.
8. Глыбінны Ул. Доля беларускай культуры пад саветамі. Мюнхен, 1958.
9. Вішнеўскі А.Ф. Палітыка-прававы рэжым савецкай дзяржавы (1917—1953). Мінск, 2002.
10. Жирков Г.В. История цензуры в России ХІХ—ХХ вв. Москва, 2001.
11. Перед крутым поворотом. Тенденции в политической и духовной жизни Беларуси (1925—1928 гг.). Отражение времени в архивных документах. Минск, 2001. С. 172.
12. История советской политической цензуры (Сборник документов). Москва, 1997.
13. Цензура в Советском Союзе 1917—1991. Документы, Москва 2004.
14. Беларусізацыя; 1920-я гады: Дакументы і матэрыялы. Мінск, 2001.
15. Декреты советской власти. Т. 1—17. Москва, 1957—2006.
16. Віцьбіч Ю. Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі (выданне другое, выпраўленнае). Смаленск, 2007.
17. Чёрная книга коммунизма. Преступления, террор, репрессии. Москва, 1999.
Лекцыя 3
План:
1. Навука і рэлігія
2. Нацыянальная палітыка
3. Тэрор і рэпрэсіі як метад саветызацыі
4. Высновы
1. Навука і рэлігія
Усе навуковыя веды ў СССР кантраляваліся з пазіцый тэорыі марксізму-ленінізму і адпаведных пастаноў камуністычнай партыі, зыходзячых з таго, што навуковымі могуць лічыцца толькі тыя тэорыі, якія згодныя з афіцыйным “навуковым светапоглядам”. Тое, што з’яўляецца “навуковым светапоглядам”, і якім чынам можна спраўдзіць ступень “згоднасці з праўдай” — вырашалі партыйныя інстанцыі на падставе ўласцівых ім крытэрыяў і ацэнак. Да найважнейшай групы г.зв. кантраляваных навук належалі: філасофія, сацыялогія, палітычная эканомія і гісторыя. Гэтыя дысцыпліны, на думку прадстаўнікоў сістэмы, мелі ключавое значэнне, паколькі іх прадметы тычыліся не толькі пытанняў, істотных для стабілізацыі і функцыянавання камуністычнай сістэмы, але і для самой марксісцка-ленінскай ідэалогіі, якая была асновай легітымізацыі рэжыму. Філасофія і палітэканомія павінны былі абгрунтоўваць камуністычную міфалогію, а сацыялогія як навука ў вялікай ступені эмпірычная ўяўляла пагрозу для рэалізацыі гэтых мэтаў.
З пазіцый індактрынацыі і прапаганды істотнае значэнне мела канструяванне і папулярызацыя пэўнага асацыятыўнага вобразу мінуўшчыны, які павінен быў апраўдаць існаванне сістэмы і нібыта гістарычна абгрунтаваныя прэтэнзіі бальшавіцкай партыі на ўладу. Таму спасылкі рабіліся на адпаведным чынам прэпараваную інтэрпрэтацыю гістарычнай традыцыі. Пры такім падыходзе савецкім гісторыкам трэба было напісаць уласныя гістарычныя творы, у якіх нацыянальны чыннік павінен быў быць падпарадкаваны “аб’ектыўным тэндэнцыям развіцця грамадства”, і хутчэй служыць іх ілюстрацыяй згодна з патрабаваннямі пануючай дактрыны.
Асаблівае месца ў камуністычнай ідэалогіі займае рэлігія. Марксісцка-ленінская дактрына прыводзіць два аргументы, якія адмаўляюць рэлігію і змагаюцца з ёй — з аднаго боку, гэта няправільнае вучэнне, а з другога, — шкодная ідэалогія. Такі вобраз рэлігіі распаўсюджвала савецкая прапаганда, дзейнічаючы паводле прынцыпаў, распрацаваных Леніным. Ён заўсёды называў рэлігію “падманам мас”, “тупасцю”, “цемрашальствам”, “філістэрствам”, “духоўнай сівухай”. Няма нічога больш агіднага, чым рэлігія, — пісаў ён. Усякая рэлігійная ідэя ёсць небяспечнай найнеймавернейшай агіднасцю, найнікчэмнейшай заразай. Менавіта погляды Леніна мелі вырашальны ўплыў на фармаванне савецкай палітыкі ў дачыненні да царквы і рэлігіі, на ступень атэістычнай прапаганды. Пасля здабыцця ўлады бальшавікі прыступілі да ўвасаблення тэорыі ў жыццё. Была і яшчэ адна акалічнасць, што ўплывала на варожае стаўленне савецкай дзяржавы да рэлігіі і царквы. У іх яна бачыла небяспечнага канкурэнта, успрымала іх як “ідэалагічных” праціўнікаў.
Пераслед і ўціск царквы пачаліся з падкопвання эканамічных асноваў яе існавання. Ужо ў 1917 г. царква была пазбаўлена права ўласнасці на зямлю. Амаль што адначасова былі зроблены захады, скіраваныя на адхіленне царквы ад удзелу ў грамадскім жыцці, асабліва ў сферы адукацыі і выхавання. Адметная ваенна-палітычная і грамадска-эканамічная сітуацыя на Беларусі ў 1918—1920 гг. зрабіла немагчымым паслядоўнае ажыццяўленне на яе тэрыторыі выдадзеных у РСФСР дэкрэтаў, якія знішчалі асновы існавання царквы. Яны пачалі дзейнічаць толькі пасля выдання ў 1922 г. беларускага дэкрэту “Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы”, практычная рэалізацыя якога была даручана спецыяльнай камісіі, створанай пры аддзеле культаў Народнага камісарыята асветы БССР.
У 1922 г. улады распачалі сапраўднае наступленне на царкву. Канфіскаваліся каштоўнасці і вартасныя рытуальныя прадметы. Гэта было зроблена з нагоды барацьбы з голадам, які наступіў у выніку дэзарганізацыі эканомікі, выкліканай бальшавіцкім пераваротам і справакаванай ім грамадзянскай вайной. Кіраўнік Камуністычнай партыі Беларусі Вацлаў Багуцкі ў 1923 г. заявіў, што адной з найважнейшых кампаній ЦК была канфіскацыя царкоўнай маёмасці, і што партыя ўзяла ў гэтым “самы актыўны і руплівы ўдзел”. Канфіскацыі выклікалі абурэнне вялікай часткі святароў і вернікаў, а ў некаторых мясцовасцях дайшло да хваляванняў, зрэшты, жорстка падаўленых. Святароў пазбаўлялі грамадзянскіх правоў, арыштоўвалі, без прысуду ўтрымлівалі ў турмах, каралі смерцю.
Адначасна са знішчэннем эканамічных і прававых асноваў царквы пачаўся пераслед самой веры. Рэлігійнае выхаванне адмянялася, яго месца заняла атэістычная прапаганда. Пачалася масаваная антырэлігійная кампанія, узніклі “спецыялізаваныя выданні”, а з 1924 г. пачало сваю дзейнасць надзвычай агрэсіўнае “Таварыства ваяўнічых бязбожнікаў”. У вёсках і гарадах арганізоўваліся антырэлігійныя арганізацыі (гурткі), якія актыўна падтрымлівалі закрыццё і разбурэнне храмаў, увядзенне новых святаў і абрадаў. Сістэма камуністычных дзяржаўных святаў фармавалася цягам 1918—1921 гг. і ўжо не была звязана з рэлігійнымі ўрачыстасцямі, традыцыйнымі народнымі звычаямі. Тры з іх: “Дзень пралетарскай рэвалюцыі”, “Новы год”, “Дзень абароны сацыялістычнай айчыны”, з трохі змененымі назвамі, адзначаюцца ў Беларусі дасюль.
У Беларусі вядучай грамадскай арганізацыяй, створанай дзеля барацьбы з царквой, быў “Саюз ваяўнічых бязбожнікаў”, заснаваны ў 1926 г. па ініцыятыве ЦК КП(б)Б. Аднак яго дзейнасць аказалася не надта эфектыўнай. У 1928 г. сакратар ЦК Вільгельм Кнорын прызнаваў, што “задачу распаўсюджання антырэлігійных уплываў” камуністычная партыя Беларусі вырашыць не здолела. Трэба адзначыць, што гэта быў толькі пачатковы этап палітыкі, якая ў далейшым прывяла да вынішчэння духоўнага жыцця.
2. Нацыянальная палітыка
Насуперак часта ўжыванай інтэрнацыянальнай рыторыцы, бальшавікі заўсёды былі прыхільнікамі асіміляцыі нацыянальных меншасцей савецкай імперыі, бо паводле Леніна гэта павінна было аблегчыць існаванне дыктатуры пралетарыяту, “які не меў айчыны”. Таму былі адкінуты ўсе варыянты вырашэння нацыянальнага пытання, якія рэальна ўзмацнялі б або інстытуцыяналізавалі нацыянальныя адметнасці. Адначасова прысутнічала разуменне, што ва ўмовах нестабільнасці бальшавіцкага рэжыму на пачатковым этапе яго існавання падтрымка з боку нацыянальных меншасцей, якія складалі амаль палову насельніцтва расейскай імперыі, было неабходнай умовай канчатковай перамогі бальшавікоў. Каб не страціць такой важнай падтрымкі “нацыянальных акраін”, па чыста практычных меркаваннях быў узняты лозунг “аб праве нацый на самавызначэнне”. З аднаго боку, гэта павінна было падмацаваць папулярнасць бальшавікоў сярод нерасейскіх народаў Расеі, а з другога — паслужыць своеасаблівым выбуховым матэрыялам, які меўся раскалоць падмурак унітарнай адзінаўладнай дэспатыі. Але пасля распаду імперыі і захопу камуністамі ўлады наваствораныя нацыянальныя ўрады былі нізрынутыя ваеннай сілай. Былыя акраіны зноў заваёўваліся і далучаліся да новай, ужо савецкай імперыі. Новае заключалася адзіна ў тым, што савецкія квазінацыянальныя ўтварэнні надзяляліся знешнімі элементамі дзяржаўнасці, але пры ўмове, што іх установы і дзейнасць будуць кантралявацца Масквой. У выніку ўзнік бутафорскі федэралізм, што імітаваў існаванне нацыянальных дзяржаў. У прапагандысцкім сэнсе яны павінны былі пераконваць, што нацыянальныя памкненні нерасейскага насельніцтва СССР здзейсніліся і былі ажыццёўлены на прынцыпах самавызначэння і права на ўтварэнне ўласнай дзяржаўнасці ў межах саюза раўнапраўных савецкіх рэспублік. На самай справе за гэтым хавалася жорсткая і строга цэнтралізаваная дыктатура Крамля. Менавіта такая мадэль была ад самага пачатку пакладзена ў аснову СССР. Таму савецкая таталітарная сістэма заўсёды падаўляла нацыянальнае развіццё заваяваных народаў новай імперыі. Аўтэнтычныя праявы нацыянальнага жыцця, яго развіццё ў рэчышчы інтарэсаў паасобных народаў супярэчылі мэтам дыктатуры бальшавікоў. Камуністычная ідэалогія афіцыйна дэкларавала імкненне да стварэння новай чалавечай супольнасці — “савецкага народа”. Зыходзячы з гэтых пазіцый, усе “нацыянальныя бар’еры” былі перашкодай у рэалізацыі савецкай інтэграцыйнай палітыкі.
Стварэнне “новай супольнасці” Масква планавала ажыццявіць, абапіраючыся выключна на расейскую нацыянальную базу, што фактычна азначала савецкі варыянт русіфікацыі. Ужо ў 1930-я гг. крамлёўскае кіраўніцтва адмовілася ад сімулявання дзяржаўнага самавызначэння саюзных рэспублік і абмежаванага самастойнага нацыянальнага развіцця, характэрнага для 1920-х гг. Ім на змену прыйшоў мадыфікаваны варыянт расейскага нацыяналізму.
Але пачаткова камуністычная ўлада не магла абысціся без падтрымкі мясцовага насельніцтва “акраін”, яе нацыянальнай інтэлігенцыі, і мусіла здабыць яе сімпатыю. Вайна 1918—1920 гг. выразна пераканала бальшавікоў, што калі яны хочуць панаваць на нерасейскіх абшарах, дык павінны пайсці на саступкі нацыянальным рухам. Таму было вырашана правесці безадкладную акцыю “нацыяналізацыі”, сутнасць якой палягала ва ўключэнні прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва ў структуры лакальнага партыйнага і дзяржаўнага апарату (г.зв. карэнізацыя). Яна павінна была таксама выконваць важную функцыю экспарту бальшавіцкай рэвалюцыі і распаўсюду яе ідэй. Таму не выпадкова пачатковы перыяд існавання Беларусі ў складзе СССР, які доўжыўся да канца 1920-х гг., праходзіў пад знакам “беларусізацыі”. Гэтая палітыка хавала ў сабе жаданне здабыцця сімпатыі карэннага насельніцтва да савецкіх уладаў праз пашырэнне нацыянальнай мовы ва ўсіх галінах грамадскага жыцця (у той час гэта ўспрымалася большасцю насельніцтва як станоўчая з’ява). Афіцыйна асноўнай задачай савецкай дзяржаўнай “беларусізацыі” лічылася пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы і развіццё нацыянальнай культуры. У сапраўднасці ж акцыя гэтая была ініцыяваная зусім не дзеля нацыянальнага адраджэння беларусаў. Прыхаваным намерам гэтае палітыкі была шырока задуманая саветызацыя, згодна з тэзісам Леніна аб “нацыянальнай форме і сацыялістычным змесце”. Пацверджаннем гэтаму могуць служыць партыйныя дырэктывы пачатковага перыяду беларусізацыі. Кіруючыся імі, органы асветы Беларусі ў сваёй працы павінны былі не дапускаць “адыходу ад агульнаасветнай палітыкі, вызначанай партыяй”. Пастанова нарады ЦК РКП(б) ад чэрвеня 1923 г. акрэслівала гэтую палітыку як разгортванне “з непралетарскіх і паўпралетарскіх элементаў аўтахтоннага насельніцтва маладых камуністычных арганізацый нацыянальных рэспублік, усебаковую дапамогу гэтым арганізацыям, каб яны маглі стаць на ногі, атрымаць сапраўднае камуністычнае выхаванне”. Партыйныя функцыянеры забавязваліся да “…выхаду насустрач элементам, якія з’яўляюцца рэвалюцыйна-дэмакратычнымі ці нават проста лаяльнымі ў адносінах да савецкай улады, саступак на карысць тых мясцовых нацыянальных элементаў, якія хочуць і могуць лаяльна працаваць у рамках савецкай улады”. Мікалай Бухарын наступным чынам выказваў пазіцыю партыі па гэтым пытанні: “…на нацыянальных акраінах стаіць падвойная задача: з аднаго боку, вылучэнне з абарыгенаў сапраўдных камуністычных кадраў, з другога боку, фактычны блок з дэмакратычна-рэвалюцыйнай часткай абарыгенаў. Апошняе неабходна цягам адносна доўгага перыяду”.
Менавіта ў гэтым і была справа. Ставілася мэта прыцягнення на свой бок беларускіх мас і інтэлігенцыі, заваяванне іх сімпатыі дзеля справы савецкага камунізму.
Варта адзначыць, што ўся “беларусізацыйная” кампанія была праведзена па-майстэрску, ствараючы ілюзію адраджэння беларускасці і пабудовы дзяржаўнасці на аснове нацыянальных культурных вартасцей. Пэўная гаспадарчая адліга ў перыяд новай эканамічнай палітыкі 1920-х гадоў, а таксама спектакулярныя поспехі БССР у галіне пабудовы “нацыянальнай дзяржавы” пасадзейнічалі таму, што пэўная частка ўплывовай беларускай палітычнай эміграцыі перайшла ад канфрантацыі з савецкай уладай да супрацоўніцтва з ёй. У сапраўднасці ж камуністы ніколі не разглядалі сур’ёзна сваю часовую, абсалютна кан’юктурную і прытворную палітыку “нацыяналізацыі”. Яны з самага пачатку не мелі даверу да рухаў нацыянальных меншасцей і зусім не мелі намеру спрыяць іх нацыянальнаму развіццю, чакаючы толькі адпаведнага моманту, каб нанесці апошні смяротны ўдар. Пра гэта сведчыць не толькі трагічны канец “беларусізацыі”, але таксама факты і дакументы. Ужо ў 1922 г. у БССР пачаліся пошукі “контррэвалюцыянераў” сярод інтэлігенцыі. У тайных данясеннях ГПУ 1920-х гг. Масква інфармавалася, што дзейнасць “контррэвалюцыйных груп” засяроджвалася нібыта вакол Інстытуту беларускай культуры (Інбелкульта), у якім працавалі прадстаўнікі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, якія дзейнічалі на карысць справы адраджэння беларускай культуры. Яны абвінавачваліся ў распаўсюджанні сярод моладзі нацыянальнай свядомасці, у прапагандаванні ідэй дззяржаўнай незалежнасці і палітычнай самастойнасці Беларусі ў яе этнічных межах. Іх вінавацілі таксама ў папулярызацыі погляду, што савецкая ўлада на Беларусі мае русіфікацыйны характар і абмяжоўвае развіццё беларускай культуры. У якасці асноўных цэнтраў дзейнасці называліся універсітэты, тэхнікумы і педагагічныя курсы, беларускія школы. “Назіраецца нацыяналістычная работа беларускага настаўніцтва ў школах” — даносілі чэкісты. “Дзеці выхоўваюцца ў нацыянальным духу”. Да сярэдзіны 1920-х гг. на ўліку ў ГПУ стаяла большая частка нацыянальнай інтэлігенцыі. У тагачасных савецкіх дакументах Янка Купала, Якуб Колас, Язэп Лёсік і Змітрок Бядуля характарызаваліся як беларускія інтэлігенты-шавіністы, “якія прыўносяць у літаратуру настроі, чужыя рэвалюцыі, а калі-некалі і контррэвалюцыйныя тэндэнцыі”. У 1926 г. намеснік упаўнаважаннага прадстаўніка ОГПУ ў БССР І. Апанскі рапартаваў Маскве, што Народны камісарыят асветы ў Мінску з’яўляецца стрыжнем, вакол якога развіваецца беларускі “шавіністычны” рух. Надалей крытычна ацэньвалася галоўная тагачасная ўстанова краіны — Інстытут беларускай культуры. Сцвярджалася, што гэта “штаб” усяго беларускага нацыянальнага руху, што ён варожа ставіцца да КП(б)Б і не хоча працаваць пад яе кіраўніцтвам. У якасці “актыўных праціўнікаў савецкай улады” былі ўзяты на ўлік 70% супрацоўнікаў Інстытуту. Характар дзеянняў ГПУ ў адносінах да беларускай інтэлігенцыі акрэсліваўся як дзеянні, скіраваныя на яе аслабленне шляхам агентурнай распорацоўкі з мэтай прыцягнення да правядзення савецкай палітыкі. Адзначым, што ўсё гэта адбывалася ў кульмінацыйны момант “беларусізацыі”.
Аналіз дакументаў і дзейнасці камуністычнай партыі па нацыянальным пытанні паказвае, што нарастанне нацыянальна-вызваленчага руху і сапраўднае развіццё нацыянальных супольнасцей у СССР не ўваходзілі ў планы бальшавіцкай дыктатуры. Саступкі пачатковага перыяду яе існавання мелі мэтай не нацыянальнае адраджэнне беларусаў, а далёкасяжныя палітычныя планы. Гэтая палітыка не прадугледжвала доўгатэрміновага паступовага развіцця нерасейскіх нацыянальнасцей, паколькі такі сцэнар супярэчыў яе асноўнаму ідэалагічнаму тэзісу “аб будучым інтэрнацыянальным з’яднанні пралетарыяў усіх краін”.
Беларусізацыя мела на мэце паскораную саветызацыю беларускага насельніцтва шляхам выкарыстання нацыянальных, моўных і культурных асаблівасцей. Яе канчатковай мэтай была дэнацыяналізацыя, першы этап якой заключаўся ў адсячэнні ад традыцыйных дасавецкіх нацыяўтваральных чыннікаў. З’яўляючыся часткай палітычнай традыцыі партыі, гэтая палітыка не мела нічога агульнага са спробай ліберальнага вырашэння нацыянальнага пытання, была тактычнай саступкай у працэсе нацыянальнага паняволення. Таму ў гэтым выпадку можна казаць хутчэй пра пэўны тактычны манеўр савецкіх улад, ці часовую палітычную хітрасць, чым пра задавальненне нацыянальных памкненняў беларусаў.
Тым не менш, кароткі перыяд беларусізацыі пазітыўна паўплываў на развіццё культуры. Трэба адзначыць, што сярод савецкіх партыйных дзеячоў БССР было нямала тых, хто шчыра верыў у магчымасць адраджэння ва ўмовах СССР. Паступова гэта прывяло да сітуацыі, у якой мясцовая інтэлігенцыя пачала ўсё больш выразна праяўляць схільнасць да незалежнасці ад Масквы, імкнуцца да здабыцця большай свабоды дзеянняў, перадусім у галіне культуры. З другога боку, савецкая дзяржава ўмацавалася настолькі, што магла лёгка здушыць нацыянальна-культурны рух. Напрыканцы 1920-х і на пачатку 1930-х гг. палітыка “беларусізацыі”, якую бальшавікі скарыстоўвалі для ўмацавання сваёй улады ў рэспубліцы, была цалкам згорнута. Наступіў перыяд жахлівых рэпрэсій у адносінах да інтэлігенцыі і беларускай культуры, беларускай мовы, усяго таго, што было звязана з аўтэнтычнай беларускасцю. Ініцыявала рэпрэсіі ЦК ВКП(б), а кіраўніцтва беларускай камуністычнай партыі выступіла як непасрэдны выканаўца гэтых задач. Таму вельмі хутка ў рэспубліцы была “выкрыта” фікцыйная нацдэмаўская антысавецкая арганізацыя, якую ОГПУ назвала “Саюзам вызвалення Беларусі”. З гэтае нагоды былі арыштаваны 108 выдатных беларускіх навукоўцаў, пісьменнікаў і іншых вядучых прадстаўнікоў нацыянальнай эліты.
3. Тэрор і рэпрэсіі як метад саветызацыі
Пры таталітарным ладзе тэрор з’яўляецца штодзённай практыкай улады. Яго задача — утрымліваць грамадства ў перманентным страху. Мэтай бальшавіцкага тэрору, які суправаджаўся шырокамаштабнымі індактрынацыйнымі захадамі, было татальнае запалохванне і прадухіленне ўсялякай магчымай апазіцыі — знішчэнне і паняволенне мільёнаў, скарэнне рэшты грамадзян. Бо масавыя забойствы былі патрэбныя бальшавікам не толькі для таго, каб пазбавіцца ад рэальных і патэнцыяльных праціўнікаў, але таксама і для таго, каб ажыццяўляць псіхалагічны ўціск з мэтай застрашвання і пацыфікацыі грамадзян. Масавы тэрор даваў людзям зразумець, што нават адсутнасць віны не ёсць гарантыяй захавання жыцця, а гэта значыла, што праіснаваць можна толькі адмаўляючыся ад грамадскай дзейнасці, паколькі гэтая сфера непадзельна адводзілася дзяржаве. Па сутнасці, гэта быў адзіны спосаб, пры дапамозе якога абсалютная меншасць магла панаваць над мільённымі масамі.
Насуперак абвешчанай дактрыне тэрор быў скіраваны супраць усіх без выключэння сацыяльных груп, а не толькі супраць “эксплуататараў”. Пры гэтым першымі пацярпелі ад яго нацыянальныя эліты.
З пункту гледжання марксісцка-ленінскай тэорыі наогул не магло быць усеагульнай законнасці, паколькі ў арганізаваным грамадстве, што ўтварае дзяржаву, усе з’явы маюць выразны класавы характар. З гэтага рабілася выснова, што законнасць магла быць толькі буржуазнай, “фальшывай”, “абмежаванай”, “неэфектыўнай” або сацыялістычнай, “сапраўднай” законнасцю, якая служыць інтарэсам працоўных класаў і паклікана спрыяць пабудове камуністычнага грамадства. Звядзеннем закона да ролі інструмента класавага ўціску і праўлення марксісцка-ленінская тэорыя і практыка парвала са шматгадовай традыцыяй, згодна з якой прававая сістэма функцыянавала ў акрэсленых межах этычных абмежаванняў. Зыходзячы з такой канцэпцыі бальшавікі ставіліся да закону як да працягу палітычнай улады.
Адмаўленне бальшавікамі прынцыпу прыярытэту закона і, як след, адмаўленне савецкай улады ад механізму законнасці як сродку прававога рэгулявання ў галіне грамадска-палітычных адносін азначала перадусім якасную змену ў стаўленні да традыцыйных інстытутаў грамадства, права і асобы, калі заканатворца не бачыць у чалавечай асобе суб’екта пэўных правоў і навата не імкнецца гэтага заўважаць. Пры гэтым прызнавалася магчымым прымяненне рэпрэсіўных сродкаў у адносінах да “класавых ворагаў” не толькі ў выпадку іх рэальнай віны, але таксама і з мэтай прадухілення небяспечных, на думку бальшавікоў, дзеянняў. Адмаўленне ад прынцыпу прызумпцыі невінаватасці зрабіла магчымым прымяненне рэпрэсій нават пры адсутнасці складу злачынства ці прыкмет індывідуальнай віны. У выпадку г.зв. “контррэвалюцыйных” злачынстваў, што ахоплівалі, па сутнасці, усе дзеянні, якія не адпавядалі ўладам, віна магла быць устаноўлена шляхам доказу аб’ектыўна зразуметага намеру, а не фактычных учынкаў. Такая крымінальная палітыка тлумачылася складанасцю палітычнай сітуацыі, неабходнасцю “падаўлення класа эксплуататараў”, а таксама барацьбы з “прыхаванай контррэвалюцыяй”. Кульмінацыяй падзей, што вынікалі з гэтага тыпу перадумоваў, стала ўхваленне Саветам народных камісараў РСФСР дэкрэту ад 5 верасня 1918 г. “Аб чырвоным тэроры”, у якім падкрэслівалася, між іншым, што “у сённяшней сітуацыі гарантаванне тылоў шляхам тэрору з’яўляецца безумоўнай неабходнасцю”, і што трэба ўберагчы рэспубліку саветаў ад класавых ворагаў “праз іх ізаляванне ў канцэнтрацыйных лагерах”. Такім чынам, вышэйшы выканаўчы орган савецкай дзяржавы легалізаваў увядзенне ў ёй тэрарыстычнага праўлення.
Феномен новай бальшавіцкай улады заключаўся, такім чынам, у тым, што гэтая дыктатура змясціла сябе па-за правам, што азначала адсутнасць легітымнасці яе інстытутаў, а таксама суцэльнае свавольства ў выбары функцый і адвольнасць прысябечаных паўнамоцтваў. У гэтай сітуацыі страчвалі свой сэнс такія паняткі, як перавышэнне ўлады, захаванне канстытуцыйных нормаў і іншых прававых прадпісанняў.
Адной з ключавых устаноў новага ладу, роля якой пастаянна ўзрастала, была палітычная паліцыя. Свой будучы выгляд яна набыла ў снежні 1917 г., пасля ўтварэння славутай ВЧК — Усерасейскай надзвычайнай камісіі па справах барацьбы з сабатажам і спекуляцыяй. Яе называлі “мячом пралетарыяту”, паколькі ў хуткім часе прыярытэтным напрамкам яе дзейнасці стала барацьба з палітычнымі праціўнікамі. Сетка гэтых надзвычайных камісій пакрывала ўсю савецкую дзяржаву. Гэтыя органы самі арыштоўвалі, самі вялі дазнанне і следства, самі прыгаворвалі і самі ж выконвалі прысуды. Смяротнае пакаранне, за адмену якой у царскай Расеі змагаліся бальшавікі, была афіцыйна адноўлена ўжо ў чэрвені 1918 г., і да таго ж у маштабах, якіх яно ніколі не дасягала пры папярэднім рэжыме. Стварэнне ВЧК было неабходным і важным для Леніна этапам у яго палітыцы камунізацыі краіны, а традыцыя нялюдскіх адносінаў да палітычных вязняў стала для савецкіх карных органаў традыцыйнай і шырока прымянялася ў практыцы дзейнасці паслядоўнікаў “чэка”.
Адносная лібералізацыя, звязаная з перыядам новай эканамічнай палітыкі, прывяла да інстуцыянальных зменаў у сістэме апарату гвалту. У 1922 г. ЧК была пераўтворана ў Галоўнае палітычнае ўпраўленне (ГПУ). Услед за расейскай была рэфармаваная беларуская ЧК. У сакавіку 1922 г. у сістэме Цэнтральнага выканаўчага камітэта БССР было створана ДПУ Беларусі, якое ў сваёй дзейнасці кіравалася заканадаўствам РСФСР. Пасля стварэння СССР 30 снежня 1922 г. ГПУ перайменавалі ў ОГПУ (Аб’яднанае галоўнае палітычнае ўпраўленне), узнімаючы яго статус да ўзроўню камісарыяту, ці ранга міністэрства пры Савеце народных камісараў. ГПУ саюзных рэспублік уваходзілі ў склад ОГПУ ў якасці структурных адзінак. Трохі абмяжоўваючы размах тэрору, гэтая спецслужба захавала, тым не менш, шырокія магчымасці ў галіне прымянення сродкаў прымусу і гвалту, якія рабілі рэальным фізічнае знішчэнне палітычных праціўнікаў. Апроч ссылак і заключэння ў канцэнтрацыйныя лагеры практыкаваліся таксама нелегальныя сродкі ліквідацыі.
Ідэалагічна бальшавіцкі тэрор абгрунтоўваўся ленінскай канцэпцыяй аб неабходнасці фізічнага знішчэння буржуазіі. Сам гэты тэрмін быў вельмі цьмяны і змяшчаў зусім невыразны сэнс. Фактычна бальшавікі прылічвалі да “эксплуататараў” тых, хто з увагі на свае погляды, незалежна ад сацыяльнага паходжання і маёмаснанга стану, не пагаджаліся з камуністычнай палітыкай. Ленін усялякімі спосабамі заахвочваў да “народнага тэрору”. У 1918 г. ён востра крытыкаваў петраградскіх бальшавікоў за стрымліванне рабочых ад масавага тэрору: “Рашуча пратэстую. — пісаў Ленін. — Мы кампраметуемся, пагражаем нават у рэзалюцыях Савета дэпутатаў масавым тэрорам, а калі даходзіць да справы, тармазім рэвалюцыйную ініцыятыву мас, цалкам слушную. Гэта недапусціма! (…) Трэба заахвочваць энергію масавага тэрору…” Выказваўся ён і больш дэталёва. У дэпешы, накіраванай да камуністаў Пензы, Ленін загадваў: “Таварышы! Паўстанне пяці валасцей кулацтва павінна прывесці да бязлітаснага падаўлення. (…) 1) Павесіць (абавязкова павесіць), каб народ бачыў не менш за 100 яўных кулакоў, багацееў, крывасосаў. 2) Апублікаваць іх імёны. 3) Забраць у іх увесь хлеб. 4) Вызначыць закладнікаў”.
Такім чынам, уводзілася таксама сістэма закладнікаў, невядомая ў дарэвалюцыйнай Расеі. Сістэма закладнікаў дапаўнялася іншым, датуль невядомым метадам рэпрэсій — канцэнтрацыйнымі лагерамі. Гэтае акрэсленне ўпершыню скарыстаў Троцкі ў загадзе ад 4 чэрвеня 1918 г. Ён прапанаваў тады заключыць былых афіцэраў у “канцэнтрацыйныя лагеры”, а ў жніўні таго ж года хадайнічаў аб пашырэнні катэгорыі вязняў, якія ў іх утрымоўваліся. У гэтым жа месяцы Ленін дае распараджэнне аб правядзенні бязлітаснага масавага тэрору супраць кулакоў, папоў і белагвардзейцаў, прапануючы “падазроных заключыць у канцэнтрацыйныя лагеры за горадам”. Канцэнтрацыйныя лагеры становяцца пастаянным універсальным сродкам тэрору супраць уласных грамадзян. Гэты сродак рэпрэсій быў узаконены ў верасні 1918 г., але ў шырокіх маштабах пачаў прымяняцца ў 1919 г. па ініцыятыве Дзяржынскага. У гэтым жа годзе Цэнтральны выканаўчы камітэт адобрыў структуру сістэмы лагераў, канчаткова і падрабязна вызначыўшы ўмовы прымусовай працы ў іх. Ад моманту ўтварэння і ва ўсе перыяды далейшага існавання савецкіх канцэнтрацыйных лагераў заключаныя ў іх вязні прымушаліся да выканання цяжкай фізічнай працы.
Паступова ў савецкай дзяржаве паўстала лагерная імперыя, якой да таго не ведала гісторыя чалавецтва.
4. Высновы
У момант, калі Беларусь агарнулі расейскія рэвалюцыйныя працэсы, у краіне яшчэ не наступіла кансалідацыя нацыянальных сіл, а іх уплыў на беларускае грамадства быў нязначны. Разам з вонкавай агрэсіяй гэта зрабіла немагчымым стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы. А паўставанне беларускай савецкай рэспублікі было абумоўлена тактычнымі меркаваннямі, што вынікалі з унутранай і замежнай палітыкі, а таксама ідэалогіі бальшавіцкай Расеі. У гэтым дзяржаўным утварэнні адразу былі забаронены ўсе палітычныя партыі і незалежныя грамадскія інстытуты. Адначасна ўводзіўся таталітарны лад. Упершыню ў гісторыі была ажыццёўлена дыктатура монапартыі, якая манапалізавала ўладу, дзейнічаючы па-над урадам, грамадствам і не падлягаючы ніякаму кантролю. У галіне эканомікі палітыка бальшавікоў заключалася ў імкненні да цэнтралізацыі і манапалізацыі вытворчасці. Як аксіёма прызнаваўся тэзіс аб неабходнасці адмены прыватнай уласнасці на зямлю і іншыя сродкі вытворчасці. Была таксама зроблена спроба навязвання краіне “ваеннага камунізма”, які быў лагічным наступствам ажыццяўлення марксісцкіх догмаў, што канчаткова падарвала гаспадарку. Былі зроблены першыя спробы яе комплекснага дырэктыўнага планавання. Мэтай савецкай ідэалогіі было навязванне камуністычнай палітычнай практыкі і радыкальная змена грамадства згодна з марксісцка-ленінскімі догмамі. Ад пачатку існавання савецкай дзяржавы яна выконвала ў ім важную функцыю, пераконваючы, што жыццё без ідэалогіі немагчымае. Ніколі дагэтуль правіцелі не прысвячалі столькі ўвагі прапагандзе, і ніколі яна не займала такога значнага месца ў жыцці краіны, як у Савецкім Саюзе, дзе яе задачай была падмена рэчаіснасці ўяўным светам міфаў і ўтопіі. Каб пазбегнуць іх абвяржэння, патрабавалася беспрэцэдэнтная ізаляцыя савецкіх грамадзян ад атачаючага свету. Культура таксама мела для бальшавікоў прапагандысцкую вартасць, а творчасць у гэтай сферы была аб’ектам уздзеяння дзяржавы. Адзяржаўленне і ідэалагізацыя культуры выклікалі разрыў дагэтуль бесперапыннага культурнага працэсу, паколькі бальшавіцкі рэжым стварыў сістэму кантролю і цэнзуры, якія не мелі аналогіі ў гісторыі чалавецтва. Падмуркі гэтай сістэмы ў СССР былі закладзены ў 1920-х гадах ХХ стагоддзя. У галіне навукі на той час яшчэ не былі выпрацаваны эфектыўныя механізмы кантролю з боку палітычнай улады. Яна задаволілася паступовым пазбаўленнем ад навукоўцаў старой школы. Марксісцка-ленінская дактрына разглядала рэлігію як ідэалагічнага саперніка, таму стаўленне савецкай дзяржавы да рэлігіі і царквы быў рашуча варожае. Палітыка савецкай улады з самага пачатку была скіравана на выцясненне царквы з грамадскага жыцця і татальную прымусовую атэізацыю грамадства. Неад’емным інструментам, які ўжываўся ў ходзе будаўніцтва камунізму, быў тэрор. Ён суправаджаў камуністычную дыктатуру ад моманту яе ўстанаўлення ў якасці аднаго з асноўных элементаў гэтай сістэмы і меў перманентны характар. Яго пачатак датуецца момантам скасавання традыцыйнай прававой сістэмы дзяржавы і законнасці, пачаткам скажэння паняцця правасуддзя.
Ужо ў 1918 г. існавалі ў асноўным усе характэрныя прыкметы “ладу новага тыпу”, мадэлі, паводле якой павінна было адбывацца развіццё савецкага грамадства да самага распаду СССР. На пачатку 1920-х гадоў ХХ стагоддзя ў савецкай дзяржаве ўзніклі, у прынцыпе, усе асноўныя інстытуты саветызму, быў вызначаны іх характар і кшталт. Менавіта ў тыя гады быў закладзены фундамент савецкага ладу ў тым выглядзе, у якім ён існаваў да свайго падзення.
Літаратура
1. Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2000). Мінск, 2003.
2. Нарысы гісторыі Беларусі. Т. 2. Мінск, 1995.
3. Гісторыя Беларусі. Т. 5 (Беларусь у 1917—1945 гг.). Мінск, 2006.
4. Пайпс Р. Русская революция. Москва, 2005.
5. Верт Н. История советского государства 1900—1991. Москва, 2002.
6. Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мінск, 2000.
7. Протько Т.С. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941) . Минск, 2002.
8. Глыбінны Ул. Доля беларускай культуры пад саветамі. Мюнхен, 1958.
9. Лінднэр Р. Гісторыкі і ўлада. Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ—ХХ ст. Мінск, 2003.
10. Перед крутым поворотом. Тенденции в политической и духовной жизни Беларуси (1925—1928 гг.). Отражение времени в архивных документах. Минск, 2001. С. 172.
11. Декреты советской власти. Т. 1—17. Москва, 1957—2006.
12. Архивы Кремля. Политбюро и церковь 1922—1925 гг. Кн. 1. Москва, 1997.
13. ЦК РКП(б) — ВКП(б) и национальный вопрос, книга 1 (1918—1933 гг.). Москва, 2005.
14. Віцьбіч Ю. Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі (выданне другое, выпраўленнае). Смаленск, 2007.
15. Кузнецов И. Конвеер смерти. Минск, 1997.
16. Репрессивная политика советской власти в Беларуси, Выпуски 1—3. Минск, 2007.
17. Чёрная книга коммунизма. Преступления, террор, репрессии. Москва, 1999.