Набор на навучанне ў Беларускім Калегіюме ў 2022–2023 годзе

Запрашаем да навучання!

Беларускі Калегіюм — першая ў незалежнай Беларусі платформа дадатковай адукацыі, заснаваная ў 1997 годзе.

Мы прапануем навучанне па індывідуальнай праграме. У аснове — работа на даследчых / творчых семінарах (выкладчыкі — Ігар БабкоўІрына ДубянецкаяГанна Севярынец, Вінцук Вячорка, Павал Баркоўскі), а таксама на лекцыях і майстар-класах вядомых інтэлектуалаў, навукоўцаў, журналістаў, творчых асобаў.

Чаму мы вучым і чаму вучымся ў Беларускім Калегіюме? Вучымся думаць. Крытычна і самастойна. Думаць у беларускім кантэксце, з беларускай перспектывы. Думаць Беларусь.

У фокусе — гуманітарныя і сацыяльныя навукі: філасофія і літаратурная крытыка, сацыяльная і інтэлектуальная гісторыя, даследаванні культуры і сацыялогія, урбаністыка, работа ў медыя і візуальных фарматах ды інш.

Нашы курсы лекцый — трансдысцыплінарныя. Яны аб’ядноўваюць матэрыялы і падыходы розных кірункаў і арыентаваныя на праблематызацыю, пастаноўку пытанняў, работу з новым матэрыялам.

Нашыя навучэнцы — студэнты старэйшых курсаў ВНУ, магістранты і аспіранты, маладыя навукоўцы, людзі, якія ўсвядомілі недастатковасць фармальнай адукацыі і хацелі б вучыцца глыбей і далей — разам з сябрамі і калегамі.

Нашае навучанне — індывідуальнае. Гэта значыць, што пасля паступлення ў Калегіюм вы можаце выбраць: альбо разам з усімі прайсці двухгадовую праграму заняткаў, альбо скласці ўласны план работы, творачы з наяўных курсаў і майстар-класаў, работы ў семінарах і праектах індывідуальную навучальную праграму.

Навучанне ў Калегіюме займае два гады. У асобных выпадках індывідуальная праграма можа быць як карацейшая, так і даўжэйшая.

Нашыя праграмы не дублююць праграмы дзяржаўных і недзяржаўных універсітэтаў.

Сертыфікат Беларускага калегіюма не замяняе дыплом аб вышэйшай адукацыі.

Навучанне бясплатнае.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаем студэнтаў/ак старэйшых курсаў або асобаў з вышэйшай адукацыяй. Калі вы студэнт/ка малодшых курсаў, у асобных выпадках можам зрабіць выключэнне.

Мы прымаем на навучанне праз конкурс заявак — калі ласка, падбайце пра змястоўнае запаўненне анкеты.

У 2022–2023 годзе навучанне ў Калегіюме цалкам дыстанцыйнае. Мы асабліва звяртаем увагу на гэтую магчымасць студэнтаў з сярэдніх і малых гарадоў, вёсак і мястэчак Беларусі.

Студэнты Калегіюма маюць асаблівае права быць запрошанымі на шматлікія падзеі: адкрытыя лекцыі, майстар-класы, семінары, фестывалі, размовы і інш.

ПАДАЦЬ ЗАЯЎКУ НА НАВУЧАННЕ

творчыя практыкумы і акадэмічныя семінары

Беларускае мысленне Ігара Бабкова — гэта месца, дзе вучацца думаць. Разам з традыцыяй — беларускай, еўрапейскай, сусветнай. Насустрач традыцыі. А часам і насуперак ёй.

Культурныя коды цывілізацыі Захаду Ірыны Дубянецкай — гэта работа з каранямі нашай цывілізацыі. Заходнімі і ўсходнімі. Спроба кадыфікацыі яе складовых элементаў. Пошукі беларускай адметнасці, месца і ролі Беларусі ў сусветных культурных працэсах.

Металінгвістычны семінар Вінцука Вячоркі Мова. Культура. Грамадзтва мае мэтай не проста вывучаць мову як аб’ект, і нават не толькі навучыцца мове, а зразумець яе як месца, дзе мы ёсць, як інструмент, які дазваляе нам бачыць і разумець свет вакол нас, і ўрэшце як жывы арганізм, які змяняецца разам з намі.

Беларуская класіка па літарах: павольнае чытанне — семінар Ганны Севярынец скіраваны на адпрацоўку навыка павольнага чытання з разборам класічных тэкстаў у іх невідавочных дэталях. 

лабараторыі

Семінар “Інтэлектуальная гісторыя посткамунізма” — даследчая лабараторыя, што працуе ў рэжыме публічнага семінара як з нашым нядаўнім мінулым так і з сучаснасцю.

“ЗНО. Віртуальная кавярня” — сустрэчы, дыскусіі, “жывыя” рэцэнзіі і публічныя абмеркаванні найбольш важных кнігаў, падзеяў, творцаў сучаснай Беларусі.

Кіналабараторыя “БК” — новы праект Беларускага Калегіюма, сустрэчы з рэжысерамі і крытыкамі, прагляды, дыскусіі, абмеркаванні.

лекцыі

КУРСЫ ЛЕКЦЫЙ 2022–2023 года

Ян Новік, Ліля Ілюшына, Наталля Ламека, Віталь Зайка, Караліна Мацкевіч, Мікалай Пачкаеў, Андрэй Расінскі, Вальжына Морт, Уладзіслаў Гарбацкі, Андрэй Масквін, Алена Маркава, Аляксей Кажарскі і інш.

ПУБЛІЧНЫЯ ЛЕКЦЫІ І МАЙСТАР-КЛАСЫ

Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Міхаіл Баярын, Міхаіл Гулін, Сяргей Дубавец, Валер Булгакаў, Генадзь Сагановіч, Святлана Куль-Сільвестрава ды інш.

You may also like...