Запрашаем у падарожжа па “Беларускай Адэсе”

21 лютага Беларускі Калегіюм і Лятучы Ўнівэрсітэт запрашаюць ў навуковае падарожжа з Ірынай Дубянецкай і Сяргеем Харэўскім з цыклю “Трэцяя беларуская праўда”:

БЕЛАРУСКАЯ АДЭСА: Гомель і праблема нацыянальнай ідэнтычнасці (Па маршруце Менск-Бабруйск-Светлагорск-Рэчыца-Гомель).

SONY DSC

Старажытны ці малады? Гомель перажыў некалькі нараджэньняў. У даўніну ён быў цэнтрам славянскага племяннога хаўрусу радзімічаў, што асеў на ўсход ад Дняпра ў даліне Сожа. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», радзімічы на чале са сваім князем Радзімам прыйшлі ў Беларусь з захаду – «от ляхов», то бо з Польшчы. Тут, паміж Дняпром і Сожам, яны знайшлі сабе радзіму й стварылі ўнікальную культуру. За часамі Вялікага Княства Літоўскага й Рэчы Паспалітай Гомель з сваім магутным замкам абараняў рубяжы краіны, ня раз робячыся аб’ектам нападаў Масковіі. Аднак у канцы 18-га – пачатку 19-га стагоддзяў, ужо ў складзе Расейскае імпэрыі, Гомель нарадзіўся як буйны гандлёвы цэнтар на скрыжаваньні водных ды сухапутных (у тым ліку чыгуначных) шляхоў, шматэтнічны, шматрэлігійны, шматкультурны, прыцягальны для самага рознага роду публікі, ад уцекачоў-старавераў да каталіцкіх інтэлектуалаў. Тут разгарнуўся талент ангельскага архітэктара Джона Кларка, які збудаваў у Гомлі шматлікія жылыя, культавыя, адміністрацыйныя ды гардлёвыя комплексы.

Як пачуваецца горад на мяжы трох краін, з людзьмі, якія прынеслі сюды ідэнтычнасьці дзясяткаў розных нацый? Як такі горад даў сучаснай Беларусі надзвычай вялікую колькасьць нацыянальна сьвядомых культурных і грамадзкіх дзеячаў? Якую ролю адыгрывае Гомель у цяперашніх працэсах фармаваньня нацыянальнае тоеснасьці?

Мы будзем мець прыемнасць разважаць над гэтымі пытаннямі падчас шпацыру па старасвецкіх гомельскіх вуліцах і па яго ўнікальным парку на беразе Сожа, па экспазіцыях славутага палацу, а таксама падчас агляду сабору Пятра і Паўла, старадаўніх стараверскіх цэркваў і каталіцкага касцёлу Нараджэння Божае Маці.

SONY DSC

Па дарозе мы даследуем славуты Бабруйск над Бярэзінай, малады Светлагорск – колішнія Шацілкавічы, ды легендарную Рэчыцу над Дняпром. Радзіма радзімічаў — край вялікіх рэк ды стражытных кураганаў, што перажыў стагоддзі, – чакае нас!

Па інфармацыю тэлефануйце +375(29) 1802838 (Святлана).

You may also like...