Захар ШЫБЕКА. Чаму Вільня не стала сталіцай БНР?

План:

1. Універсал 1915 г. і міжнародная канферэнцыя ў Лазане (1916 г.)

2. Беларуска-літоўскі праект адраджэння ВКЛ у студзені 1917 г. і ўступленне ў гульню немцаў на баку літоўцаў

3. Два праекты беларускай дзяржаўнасці: федэратыўнае ВКЛ і унітарная БНР

4. Ідэя канфедэрацыі Літоўскай Рэспублікі і БНР, пазіцыя Германіі

 

1. Універсал 1915 г. і міжнародная канферэнцыя ў Лазане (1916 г.)

З уступленнем у Вільню 5 верасня 1915 г. кайзераўскіх войскаў лёс Вільні аказаўся ў руках немцаў. Прыход акупацыйных войскаў прынёс новыя беды, але ў той жа час адхіліў ад актыўнай гульні рускага і польскага актораў. Дзеля супрацьвагі польскаму нацыянальнаму руху і дзеля ціску на Расію немцы сталі на шлях выкарыстання нацыянальных памкненняў беларусаў і літоўцаў. Беларускія сілы дзяліліся лініяй фронту. Таму беларускія лідэры маглі разлічваць адно на частковую рэалізацыю нацыянальных інтарэсаў у межах акупаваных немцамі беларускіх зямель. Рабілася спроба ператварэння гарадской рады Вільні ў прадстаўнічы орган усіх гараджанаў шляхам кааптацыі туды беларусаў, літоўцаў, яўрэяў. Спроба, аднак, выявілася безвыніковай. Няўдалым аказаўся і план стварэння Віленска-Ковенскага абывацельскага камітэта — прадстаўнічага органа ўсіх тутэйшых народаў.

У снежні 1915 г. беларускія лідэры сталі ініцыяваць стварэнне Часовай рады Канфедэрацыі ВКЛ і прыняццё гэтай Радай 15 снежня 1915 г. Універсала, які, хутчэй за ўсё, быў напісаны Іванам Луцкевічам. Універсал змяшчаў заяву пра незалежнасць Літвы і Беларусі ў форме іх супольнай дзяржавы, гарантуючы яе грамадзянам усе правы. Беларуска-літоўская дзяржава абвяшчалася ў межах акупаваных немцамі беларускіх і літоўскіх зямель без надання ім аўтаномнага статусу. У лютым 1916 г. Універсал быў дапоўнены зваротам пад загалоўкам “Грамадзяне!”, у якім канкрэтызавалася мэта канфедэрацыі. Гаворка ішла пра сейм у Вільні, які зацвярджаў канстытуцыю будучай дзяржавы. Адначасова прагназавалася, што пасля перамогі Германіі ўсе польскія, літоўска-беларускія і прыбалтыйскія землі будуць аддзеленыя ад Расіі і створаць дзяржаўныя адзінкі ў той ці іншай камбінацыі з сярэдне-еўрапейскімі дзяржавамі. З гэтай заявы ды звестак, пададзеных Антонам Луцкевічам, вынікае, што канфедэрацыя стваралася ў якасці пераходнай формы дзяржаўнай самастойнасці, каб пазней, сумеснымі намаганнямі, дабіцца незалежнасці для ўсёй Літвы і ўсёй Беларусі. Але гэта ўдакладненне не ўратавала пагадненне аб канфедэрацыі ад развалу.

З улікам новай палітычнай сітуацыі створаны ў пачатку 1916 г. патаемны Беларускі народны камітэт удакладніў сваю тактыку. Беларусы прыехалі на міжнародную канферэнцыю ў Лазане (чэрвень 1916 г.) з асобным Мемарандумам, у якім выказалі спадзяванне, што народы Еўропы дапамогуць беларусам абараніць свае правы, якія дадуць ім магчымасць стаць гаспадарамі на ўласнай зямлі. Мемарандум зноў засведчыў, што яго аўтары не забываліся пра землі, якія кантраляваліся Расіяй. Гэты дакумент яшчэ больш выразна, чым Універсал аб адраджэнні ВКЛ, выявіў сапраўдныя мэты віленскіх беларусаў: імкненне да поўнай незалежнасці сваёй краіны з захаваннем у яе межах Вільні. А што тычыцца канфедэрацыі, то існавала надзея, што з яе дапамогай удасца прыцягнуць усходнія беларускія землі, затым дабіцца раўнапраўнай федэрацыі з літоўцаміі, нарэшце, атрымаць шанцы на непадзельную і незалежную Беларусь, якая не дапусціць ніякіх прэтэнзіяў на яе землі з боку суседзяў, у тым ліку і Літвы.

2. Беларуска-літоўскі праект адраджэння ВКЛ у студзені 1917 г. і ўступленне ў гульню немцаў на баку літоўцаў

Але сітуацыя мянялася. Прэтэнзіі адроджанай польскай дзяржавы на гістарычную Літву (беларускія і літоўскія землі) прымусілі літоўцаў і беларусаў зноў прадэманстраваць узаемаўзгодненныя дзеянні. У сярэдзіне студзеня 1917 г. прадстаўнікі Літвы і Беларусі пазнаёмілі нямецкага эмісара Фрыдрыха фон Ропа з супольнай палітычнай платформай. Гэта быў другі беларуска-літоўскі праект адраджэння ВКЛ (пакуль малавядомы нават гісторыкам). Вось яго асноўныя палажэнні: 1) незалежнасць тэрыторый ВКЛ і Курляндыі, аддзеленых ад Расіі; 2) аддзеленасць ад Польшчы; 3) падзел ВКЛ на тры аўтаномныя нацыянальныя часткі (літоўскую, беларускую і латышскую); 4) сталіца Вільня з дзвюма афіцыйнымі назвамі (Вільня, Вільнюс) належыць да літоўскай часткі.

Асобным пунктам, як бачым, вылучалася Вільня і тым падкрэслівалася важнасць яе для нацыянальнага самасцвярджэння абодвух народаў. Беларусы рабілі літоўцам важную ўступку, прызнаючы горад літоўскай часткай супольнай дзяржавы. Інакш не было б і агульнай платформы. Але для літоўцаў ідэя адраджэння ВКЛ выкарыстоўвалася толькі ў якасці дыпламатычнай гульні. Таму другі літоўска-беларускі праект адраджэння ВКЛ стаў і апошнім.

Віленскія ж беларусы працягвалі прытрымлівацца ідэі федэрацыі з літоўцамі, бо яны разглядалі яе як адзін з рэальных сродкаў утрымання Вільні і дасягнення ў канечыным выніку поўнай суверэннасці беларускай дзяржавы. Аднак немцы не падтрымалі беларускі канфедэратыўны праект, а пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. канчаткова адвярнуліся ад яго і зрабілі стаўку на літоўскую нацыянальную дзяржаву. Чаму так здарылася?

Па-першае — з прычыны міжнароднай сітуацыі. Перад акупантамі стаяла задача ўтрымаць Ober-Оst коштам сепаратнага міру з Расіяй. Разлік падштурхнуць царскі ўрад на такі крок, абвясціўшы незалежнасць Польшчы, не прынёс вынікаў. Расія і пасля Лютаўскай рэвалюцыі выказвала прэтэнзію на ўласнае разуменне пасляваеннага ўладкавання свету. Выкарыстаць палякаў для сваіх анексійных мэтаў у немцаў таксама не атрымлівалася. Будучыню Літвы польскія лідэры звязвалі з будучыняй Польшчы. А ідэя простай анексіі вельмі асуджалася ў Еўропе. Што ж тычыцца беларусаў, дык іх праект стварэння федэральнай дзяржавы з уключэннем у яе ўсіх беларускіх земляў закранаў да таго ж інтарэсы і яшчэ магутнай Расіі. У такой сітуацыі стаўка на выкарыстанне літоўскага нацыянальнага праекта рабілася непазбежнай.

Па-другое, узяць бок беларусаў немцы не маглі з-за слабасці беларускага руху і адсутнасці ў ім правага палітычнага крыла. За Вільню змагалася не ўся Беларусь і не ўся беларуская палітычная эліта, а пераважна выхадцы з заходнебеларускай шляхты. Літоўскі рух пачаўся гадоў на 30 раней за беларускі і здолеў узгадаваць нацыянальную інтэлігенцыю. Літоўскія лідэры мелі большую падтрымку з боку сялянскай масы, што было вынікам асветніцкай дзейнасці ў вёсцы яшчэ ў ХІХ ст.

Па-трэцяе, палітычныя мэты немцаў і літоўцаў часова супадалі. Літоўскія дзеячы пагаджаліся на ўсе ўмовы акупантаў. Тады як беларусы адмаўляліся ад германскага пратэктарату. Таму немцам было выгадна падтрымліваць літоўскую дзяржаву, якая магла быць поўнасцю залежнай ад Германіі.

На другім этапе акупацыі (сакавік 1917 г. — канец 1918 г.), калі немцы зрабілі свой выбар на карысць літоўскай дзяржавы, у змаганні за Вільню літоўцы і беларусы дзейнічалі кожны паасобку, канфрантуючы паміж сабой. Вярталіся і старыя “гульцы” — адроджаная Польшча і абноўленая Расія. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі сярод беларускіх лідэраў Вільні ўзнікла спадзяванне на расійскі Часовы ўрад. Усходняя арыентацыя беларускай партыі акрэслілася летам 1917 г. у ходзе дыскусій беларускіх, літоўскіх, польскіх і яўрэйскіх радыкалаў. На праведзеным тады сацыялістычным мітынгу прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцяў Іван Луцкевіч кляйміў палітыку акупантаў і тых літоўцаў, якія пайшлі на супрацоўніцтва з імі. Антон Луцкевіч заяўляў, што беларуская партыя падтрымлівала ідэю стварэння беларуска-літоўскай дзяржавы ва ўмовах нямецкай акупацыі толькі таму, што ў Расіі царыў дэспатызм і заставалася надзея на ўтварэнне ў аддзеленай ад Расіі частцы Беларусі беларускага П’емонта. З прыходам жа ў Расію свабоды беларусы не могуць цярпець падзелу нацыі на дзве часткі, а таму імкнуцца да незалежнасці ўсёй Беларусі. З падобнымі заявамі ў ліпені 1917 г. на сходзе віленскай інтэлігенцыі выступаў і Іван Луцкевіч. Ён казаў: “Па-першае, у часе расійскай няволі [група] прагла нават частачкі свабоды і таму далучылася да літвінаў. Цяпер прагнуць свабоды для ўсёй Беларусі, і Літва ім непатрэбная. Вільня, аднак, [ёсць] сталіцаю Беларусі”. Іван Луцкевіч прытрымліваўся радыкальных поглядаў. Вільня была для яго самым любімым горадам. Хоць і Антон Луцкевіч у радыкалізме на той момант ад брата не адставаў. 22 ліпеня 1917 г. ён заявіў, што літоўцы сталі для беларусаў нават большымі ворагамі, чым палякі. І гэта не выпадкова. У літоўскім мемарандуме да нямецкіх уладаў, абвешчаным якраз у ліпені 1917 г., Літва выстаўлялася манапольнай пераемніцай гістарычнай спадчыны ВКЛ, там утрымліваліся прэтэнзіі на беларускія землі, дапускалася знявага беларусаў і іх мовы, якая называлася польска-рускім жаргонам.

А літоўцы тым часам выбралі ў верасені 1917 г. Тарыбу (Раду) і абвясцілі ў Вільні пра неабходнасць стварэння незалежнай Літоўскай дзяржавы ў этнаграфічных межах, куды ўключалася і Вільня. Немцы пагадзіліся з такой ідэяй, бо не хацелі, каб на Вільню прэтэндавала Польшча. Беларусы разам з палякамі і яўрэямі адмовіліся ад выдзеленных ім месцаў у Тарыбе. На беларускім сходзе 30 верасня 1917 г. была прынятая рэзалюцыя пратэсту, якая патрабавала, каб нямецкія ўлады дапусцілі скліканне ў Вільні беларускай нацыянальнай канферэнцыі дзеля ўтварэння беларускага прадстаўнічага органа на ўзор літоўцаў. Спроба нямецкіх уладаў схіліць Івана Луцкевіча да згоды прылучыць беларускія землі да Нямеччыны не мела вынікаў.

Прыкладна ў той жа час у Вільні ўтварылася арганізацыя на чале з В.Ластоўскім пад назвай “Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі”, якая поўнасцю адмаўлялася ад ідэі беларуска-літоўскай дзяржавы і выступала за поўную незалежнасць Белрусі са сталіцай у Вільні. Але не ўсе прытрымліваліся такога радыкалізму. Пагроза з боку непрадказальнай Расіі і маладой Польскай дзяржавы, што прэтэндавала на тэрыторыі ў межах былой Рэчы Паспалітай, прымушала віленскіх лідэраў і надалей ісці з літоўцамі на кампраміс. 19 жніўная 1917 г. Беларускі народны камітэт на сваім пасяджэнні выпрацаваў чарговую платформу беларуска-літоўскай канфедэрацыі. У ёй упершыню ўтрымлівалася прапанова ўнутранага размежавання аўтаномных беларускіх і літоўскіх земляў у складзе незалежнай і непадзельнай Беларусі і Літвы. Аднак літоўцы ішлі сваім курсам — 11 снежня 1917 г. Тарыба абвясціла Дэкларацыю аб стварэнні Літоўскай дзяржавы са сталіцай у Вільні і прыняла статус нямецкага пратэктарату. Сацыялістычныя арганізацыі беларусаў, расійцаў, яўрэяў і палякаў у Вільні прынялі ў студзені 1918 г. Дэкларацыю пратэсту супраць узурпацыі літоўцамі ўлады ў краі, але яна была проста праігнараваная. Беларуская мара пра Вільню азмрочвалася. Тым больш што спадзяванні на дэмакратызацыю Расіі пасля звяржэння царызму аказаліся марнымі.

Даводзілася ўдакладняць праграму дзеянняў. Дазволеная немцамі Беларуская канферэнцыя, якая адбылася 25—27 студзеня 1918 г. у Вільні, прыняла рэзалюцыю наступнага зместу. 1. Канферэнцыя згаджалася з пазіцыяй В.Ластоўскага, што толькі поўная дзяржаўная незалежнасць забяспечвае беларускаму народу ўсебаковае развіццё. 2. Канферэнцыя не прызнала дэкларацыі Тарыбы, якая ў аднабаковым парадку абвяшчала незалежнасць этнічнай Літвы з уключэннем у яе склад беларускіх земляў. 3. Канферэнцыя, улічваючы традыцыю супольнага жыцця, эканамічную неаходнасць выхаду да мора і складанае становішча, усё ж дамагалася ўтварэння федэратыўнай Літоўска-Беларускай дзяржавы з унутраным размежаваннем аўтаномных беларускіх і літоўскіх зямель. 4. Канферэнцыя выказала жаданне, каб рэшта беларускіх земляў на ўсходзе была далучаная да беларуска-літоўскай дзяржавы. 5. Канферэнцыя выказалася за скліканне Устаноўчага сейма Беларусі і Літвы ў Вільні для рэалізацыі сваіх прапаноў. 6. Канферэнцыя выказала меркаванне, што беларуска-літоўская канфедэрацыя будзе існаваць у цеснай сувязі з Латвіяй і Украінай. 7. Канферэнцыя стварала Віленскую беларускую раду (Беларускую Тарыбу) на чале з Антонам Луцкевічам. Рэзалюцыя канферэнцыі была пасланая нямецкаму канцлеру. Але немцы прамаўчалі. Канферэнцыя не спраўдзіла таго, чаго чакалі ад яе нямецкія ўлады. Беларуская арганізацыя засталася на незалежніцкіх пазіцыях. Не адрэагавалі і літоўцы. Прадухіліць працэс фармавання літоўскай дзяржаўнасці на беларускіх землях без удзелу беларусаў не атрымалася. 18 лютага 1918 г. Тарыба абвясціла Літву незалежнай дзяржавай, на гэты раз не запэўніваючы Германію ў сваёй вернасці.

3. Два праекты беларускай дзяржаўнасці: федэратыўнае ВКЛ і унітарная БНР

Пасля абвяшчэння Літвой Акта пра незалежнасць і наступу немцаў на ўсход Віленская беларуская рада заявіла 19 лютага 1918 г. ад свайго імя аб незалежнасці Беларусі ад бальшавіцкай Расіі і выказала жаданне, каб усе беларускія землі (па два бакі фронту) сталі асновай для адбудовы з дапамогай заходніх краін Вялікага Княства Літоўскага. Заява Віленскай беларускай рады прагучала тады (19 лютага), калі ў Мінску 9 лютага 1918 г. ужо было аб’ўлена аб стварэнні нацыянальнай дзяржавы пад назвай Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). Значыць, для віленскіх лідэраў праект адраджэння ВКЛ са сталіцай у Вільні быў больш значным і лёсавызначальным, чым абвяшчэнне БНР з цэнтрам у Мінску. Нават пасля прызнання кайзерам 23 сакавіка 1918 г. абвешчанай этнічнымі літоўцамі дзяржавы, праўда, як часткі сваёй імперыі, Віленская беларуская рада не толькі пратэставала, але і працягвала спадзявацца на дапамогу немцаў. У спецыяльным лісце да рэйхканцлера Нямеччыны (не вядома, ці адасланага адрасату. — З.Ш.) яна расцэньвала прызнанне Літвы як першы крок да ператварэння яе з дзяржавы літоўскай у беларуска-літоўскую шляхам склікання прадстаўнічага органа ад усяго насельніцтва краю. Аднак станавілася ўсё больш відавочным, што рэалізацыя канцэпцыі беларуска-літоўскага, а таксама і агульнарасійскага федэралізму ў новай сітуацыі не мае ніякіх шанцаў на поспех. Пасля таго, як савецкая Расія “падзялілася” з Германіяй беларускімі землямі, паводле Брэсцкага міру 3 сакавіка 1918 г., а кайзер прызнаў Літву (23 сакавіка 1918 г.), Віленскай беларускай радзе нічога не заставалася, як ініцыяваць абвяшчэнне незалежнасці БНР са сталіцай у Мінску.

Чаму віленскія лідэры так доўга і ўпарта прытрымліваліся ідэі федэралізму? Не толькі таму, што ім, як сацыялістам, ён быў блізкім, бо нагадваў пралетарскі інтэрнацыяналізм. І не толькі таму, што яны недаацэньвалі нацыяналізм, як гэта думае Тымаці Снайдэр. На іх думку, беларуская грамадства было не падрыхтаваным да незалежнасці. Беларуская буржуазія і беларуская нацыя не паспелі сфармавацца. Без сувязяў з марскімі партамі Літвы эканамічная магутнасць беларускай дзяржавы, на іх думку, істотна зніжалася. Добра разумелі віленскія лідэры і ідэалагічна-культурную важнасць Вільні, а таму не хацелі яе губляць. Увогуле, для самастойнай беларускай дзяржавы, паводле іх меркаванняў, не хапала ні эканамічнага, ні сацыяльнага, ні культурнага падмурка.

Але падзеі прыспешвалі хоць бы дэклараваць свае намеры. 25 сакавіка 1918 г. у Мінску было аб’яўлена аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Мінск станавіўся сталіцай, а Вільня — часткай абвешчанай беларускай дзяржавы. Кіраўніцтва БНР, пакуль у Мінску прысутнічалі нямецкія вайскоўцы (да канца 1918-га), усялякія ідэі аб дзяржаўным саюзе з суседнімі народамі ўвогуле не прымала. Пераважалі ідэалы поўнай незалежнасці беларускага краю і надзея на падтрымку народаў дэмакратычнага свету (хоць прарасійская партыя ў Мінску і была вельмі моцнай). Мінскія лідэры БНР, у адрозненне ад віленскіх, ішлі шляхам стварэння не федэратыўнай, а унітарнай нацыянальнай дзяржавы, які выбіралі тады практычна ўсе народы былой Расійскай імперыі.

Літоўская Тарыба прызнала БНР з цэнтрам у Мінску ў ліку першых, абы адчапіцца ад беларусаў. Але гэта не азначала, што яна прызнавала яе дэклараваныя межы. Не выключаўся і ціск на літоўцаў з боку немцаў. Кіраўніцтва БНР таксама прызнала незалежнасць Літвы. Але гэта не азначала прыняцця Мінскам літоўскіх прэтэнзій на Вільню і на беларускія землі. У Мемарыяле Народнага Сакратарыяту БНР імперскаму канцлеру Нямеччыны ад 5 красавіка 1918 г. адстойвалася непадзельнасць беларускіх земляў і асабліва падкрэслівалася, што “горад Вільня знаходзіцца на беларускай тэрыторыі, акаляючай яго з боку Літвы паўкругам радыуса 20—60 вёрст”. Урад БНР аказваў фінансавую падтрымку віленскай беларускай газеце “Гоман”, якая бараніла заходнія рубяжы беларускага краю.

Красавік стаў перыядам актыўнай дыпламатыі вакол БНР. Акупанты змірыліся з існаваннем БНР, бо, відаць, убачылі ў гэтым нейкую карысць. 22 красавіка 1918 г. у друку выйшла лістоўка амаль фантомнай арганізацыі В.Ластоўскага “Сувязь незалежнай і непадзельнай Беларусі” з заклікам да стварэння федэрацыі з Украінай. На думку Антона Луцкевіча, такая заява была інспіраваная немцамі, каб адцягнуць увагу беларусаў на поўдзень (ад Балтыйскага мора ў бок Чорнага), самім жа спакойна ўзяць Беласточчыну, а Гродзеншчыну і Віленшчыну падарыць этнічнай Літве. Аднак пазнейшыя падзеі паказалі беспадстаўнасць разлікаў нямецкіх акупантаў.

23 красавіка 1918 г. у Вільні А.Луцкевіч, Д.Сямашка, кс.Станкевіч пайшлі на перамовы з прадстаўнікамі літоўскага кіраўніцтва аб удзеле беларусаў у Тарыбе. І рабілі яны гэта, магчыма, не без уліку вышэйакрэсленай нямецкай палітыкі. У якасці ўмовы літоўцы патрабавалі прызнання Літвы са сталіцай у Вільні і ведання літоўскай мовы. Беларускія прадстаўнікі высунулі сустрэчныя патрабаванні: 1) ператварэнне Тарыбы з прадстаўнічага органа літоўцаў у прадстаўнічы орган усяго краю, у якім беларусы будуць прэзентаваныя прапарцыйна іх колькасці, 2) прызнанне недзялімасці этнаграфічнай тэрыторыі беларускага народу, 3) адраджэнне ВКЛ як федэрацыі ўсёй Літвы і ўсёй Беларусі, з гарантыяй надання беларускім землям статусу “аўтаномнага арганізму”. Тут важна падкрэсліць, што пад канфедэрацыяй меўся на ўвазе саюз новых дзяржаў — Літоўскай Рэспублікі і БНР. Літоўцы згаджаліся толькі на культурную аўтаномію для беларусаў. Але галоўнае, што прывяло перамовы ў тупік, было тое, што бакі ніяк не маглі дамовіцца аб межах паміж дзвюма аўтаномнымі дзяржавамі і аб тым, на якім баку застанецца Вільня.

Такім чынам, віленскія лідэры прадэманстравалі немцам вернасць першапачатковаму варыянту развязання беларускага пытання ў выглядзе беларуска-літоўскай федэрацыі. Гэты варыянт, між іншым, узбагачаў і арсенал беларускай дыпламатыі. Для існай БНР рыхтавалася падстрахоўка. Літоўска-беларуская дзяржаўная супольнасць магла лічыцца ў тых складаных умовах больш жыццяздольнай і хутчэй атрымаць міжнародную падтрымку. Не выключана, што Мінск ва ўяўленнях віленскіх палітыкаў адпавядаў тактычным мэтам дасягнення беларускай дзяржаўнасці, а Вільня — стратэгічным. Вільня лічылася імі неадрыўнай часткай незалежнай Беларусі і найлепшым горадам для патэнцыяльнай сталіцы суверэннай беларускай дзяржавы. Па сутнасці і пасля абвяшчэння незалежнасці БНР Вільня заставалася кіроўным цэнтрам беларускага руху. Мінск паказваў сябе як горад прарасійскай арыентацыі. Кіраўніцтва БНР у гэтым горадзе не мела моцнага лідэра, цвёрдага курсу ды выяўляла часам разгубленасць і бездапаможнасць. Усе найважнейшыя пытанні прэм’ер урада БНР Язэп Варонка ўзгадняў з Антонам Луцкевічам.

Значныя інтэлектуальныя сілы былі адцягнутыя для вядзення перамоў з Украінскай Народнай Рэспублікай аб межах і пазыках. Дэлегацыю Народнага Сакратарыяту БНР у Кіеве ўзначальваў Аляксандр Цвікевіч, кансультантам выступаў прафесар Мітрафан Доўнар-Запольскі. Хутка яны зразумелі бездапаможнасць УНР і вырашылі “зацікавіць немцаў стварэннем Беларусі”, “адстаяць для нас Вільню, нашу сталіцу”. Прафесарам Доўнар-Запольскім быў складзены спецыяльны Мемарыял, які 25 красавіка 1918 г. быў перададзены Адольфу Мум фон Шварцэнштайну, часоваму дыпламатычнаму прадстаўніку Нямеччыны пры ўрадзе УНР. У дакуменце выказвалася просьба прызнання БНР, дазволу на ўласныя ўзброеныя сілы і захавання тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. Асабліва настойліва выказвалася просьба пакінуць за Беларуссю Гродзеншчыну, цячэнне ракі Прыпяць і Вільню. “…Адносна г.Вільні мы павінны напомніць, — пісаў прафесар, — што гэты горад зараз — гэта разумовы цэнтр Беларусі, найбольш жыццёва ўсведамляючы ідэю беларускай дзяржаўнай незалежнасці”. Толькі ў вузкім коле аднадумцаў прафесар дазволіў сабе назваць Вільню “нашай сталіцай”. У афіцыйных дакументах яна так не называлася. Там Вільня вызначалася як “адвечная сталіца краю”, як “стары гістарычны цэнтр краю” і г.д.

Такім чынам, ні віленскія, ні мінскія, ні кіеўскія беларусы не адмаўляліся ад прэтэнзій на Вільню. Гэтыя прэтэнзіі вынікалі з іх непахільнага імкнення да цэласнасці і непадзельнасці беларускіх земляў. Аднак каб дабівацца незалежнасці ў адзіночку, не хапала падтрымкі зрусіфікаванага народу, інтэлектуальных сілаў, уласнага войска ды і спрыяльных умоваў пад нямецкай акупацыяй. А яшчэ беларусам, відаць, не хапала той напорыстасці, якую дэманстравалі літоўцы.

Абставіны прымушалі адмовіцца ад стаўкі толькі на ідэю унітарнай нацыянальнай дзяржавы, да якой імкнуўся беларускі Мінск і беларускі Кіеў. Беларускія лідэры ўсё больш выяўлялі гатоўнасць ісці на федэратыўны саюз з суседнімі краінамі пры ўмове прызнання імі цэльнасці і непадзельнасці беларускіх земляў. Ужо ў чэрвені ўдзельнікі беларускай дэлегацыі ў Кіеве дыскутавалі пра неабходнасць федэрацыі БНР з Літвой, Украінай ці Расіяй. Мітрафан Доўнар-Запольскі настойваў на заходнім кірунку, бо гэта давала, на яго думку, магчымасць захаваць Гродзеншчыну і Віленшчыну. З боку ўкраінскага дзяржаўнага дзеяча, сацыяліста С.Шалухіна, паступіла прпанова аб украінска-беларуска-літоўскай федэрацыі.

У кастрычніку 1918 г., калі пачаўся вывад нямецкіх войскаў з беларускіх земляў, а месца Нямеччыны пачыналі займаць савецкая Расія і новая Польшча, мінскія лідэры таксама вымушаны былі шукаць дзяржаву, якая б згадзілася на саюз з БНР, папярэдне прызнаўшы яе незалежнасць. У верасні 1918 г. была створаная Надзвычайная дэлегацыя Рады БНР для замежных перамоў пад старшынствам Антона Луцкевіча. Яна выехала ў Кіеў. Цікава, што намаганні кіеўскай дэлегацыі Рады БНР у справе абароны інтарэсаў Беларусі падтрымалі дэлегаты Саюза зямельных уласнікаў Магілёўскай губерні, якія прыехалі ў Кіеў у сувязі з наступленнем бальшавікоў. Адмысловыя дэлегацыі рабілі падарожжы ў Нямеччыну, Польшчу, Літву, Швейцарыю. Газеты “Беларускі шлях” і “Беларусь” абгрунтоўвалі думку аб заснаванні канфедэратыўнага саюза Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі і, магчыма, Украіны. Аднак перамовы скончыліся безвынікова гэтаксама, як і з чырвонай і белай Расіяй. Не знімалася з парадку дня і ідэя абароны незалежнасці БНР. Дзеячы БНР пратэставалі супраць наступлення Расіі і Польшчы, неаднаразова прасілі прызнання і дапамогі ў Германіі, звярталіся нават да прэзідэнта ЗША і дзяржаў Еўропы, што ваявалі. І ўсё безвынікова. Аднак дыпламатычная актыўнасць дзеячаў БНР сведчыла пра іх высокі напал патрыятызму, пра іх жаданне захаваць для беларускага народу ўсе яго землі і гарады, уключна з Вільняй.

4. Ідэя канфедэрацыі Літоўскай Рэспублікі і БНР, пазіцыя Германіі

Найбольш рэальным саюзнікам заставалася Літва. Цікава, што ідэю дзяржаўнага саюза з ёй спачатку падтрымалі і клерыкальна-памешчыцкія колы Міншчыны. З пачаткам германскага адступлення (кастрычнік 1918-га ) яны абралі дэлегацыю на чале з Юрыем Чапскім, які называў сябе беларусам, і перадалі ад яе імя мемарандум шэфу штаба Х арміі, дзе прасілі імператара Вільгельма стварыць пад апекай Германіі Вялікае Княства Літоўска-Беларускае з цэнтрам у Вільні. Існавала апошняя надзея супольнымі намаганнямі з літоўцамі ўтрымаць Вільню пасля таго, як яе пакінуць разбітыя немцы, бо на горад з двух бакоў наступалі войскі бальшавіцкай Расіі і новай Польшчы. Але пераадолець літоўскі нацыяналізм, а таксама “пралітоўскасць” ды і “прарасійскасць” немцаў не атрымалася.

Ваенны разгром нямецкага войска і рэвалюцыя ў Нямеччыне зрабілі паглынанне Обер-Оста немагчымым. Таму немцы далі літоўцам шанец арганізаваць у Вільні свой урад, а супраць Рады БНР у Мінску пагражалі ўжыць сілу за спробу арганізаваць свае ўласныя ўзброеныя сілы. На Віленшчыне і Гродзеншчыне акупанты прызнавалі толькі літоўскія органы ўлады. Немцы фактычна не дапусцілі дзейнасці ўрада БНР у Вільні, і ён мусіў перабрацца ў Горадню.

Перад непазбежным наступленнем Чырвонай Арміі Віленская беларуская рада ўрэшце пайшла на супрацоўніцтва з Тарыбай, каб хоць неяк утрымаць беларускую справу. Ад урада БНР выступаў Янка Станкевіч. Каб павялічыць сваю вагу ў перамовах, Віленская беларуская рада 3 лістапада 1918 г. абвясціла сябе органам, раўнапраўным з Літоўскай Тарыбай на тэрыторыі так званай першай нямецкай акупацыі або наваўтворанай Літоўскай дзяржавы і патрабавала найхутчэйшага ўтварэння беларуска-літоўскага часовага парламента і часовага ўрада. Беларуская дэлегацыя на чале з Вацлавам Ластоўскім згаджалася прыступіць да сумеснай з Тарыбай працы на наступных умовах: 25% агульнага ліку месцаў у Тарыбе, адзін міністэрскі партфель, утварэнне сакратарыята па беларускіх справах з правам зацвярджэння ўрадавых асоб на пасады на беларускіх тэрыторыях, размеркавання паміж літоўцамі і беларусамі сродкаў прапарцыянальна іх колькасці і плошчы этнічнай тэрыторыі, прызнанне непарушнасці заходніх беларускіх межаў з Беластокам і Бельскам, аўтаномнасць беларускіх земляў з наданнем на іх беларускай мове статусу ўрадавай, стварэнне асобнай беларускай школьнай інспекцыі. Пытанне аб Вільні ў адсутнасці Антона Луцкевіча, які ўзначальваў у той час урад БНР, не ўзнімалася. Літоўцы пагадзіліся адно стварыць беларускія школьныя інспекцыі і Беларускі сакратарыят без права зацвярджэння на пасадзе чыноўнікаў. Давялося пагаджацца.

Літоўцы аддалі беларусам у Тарыбе ўжо не два, а шэсць месцаў. У канцы лістапада 1918 г. Беларуская Рада нак і равала туды сва і х прадстаўн і коў. Уступаючы ў склад Тарыбы, беларускія дэлегаты 27 лістапада склалі дэкларацыю, у якой напомнілі літоўцам пра пастанову Беларускай канферэнцыі 25—27 студзеня 1918 г. аб утварэнні федэратыўнай Літоўска-Беларускай дзяржавы. 1—3 снежня 1918 г. Беларускі нацыянальны кангрэс Гродзеншчыны вынес рэзалюцыю аб далучэнні гродзенскай часткі БНР да Літвы ў мэтах абароны ад Польшчы.

Нягледзячы на саступкі, найбольш важныя пытанні літоўцы па-ранейшаму вырашалі за спінай беларускага прадстаўніцтва. Літоўскі ўрад не адмаўляўся ад сваіх намераў падпарадкаваць Віленшчыну і Гродзеншчыну ды абмежавацца аўтаноміяй для беларускага насельніцтва. Коўна так і не дала грошы А.Луцкевічу для паездкі ў Парыж, дзе са студзеня 1918 г. працавала Парыжская мірная канферэнцыя па выпрацоўцы ўмоваў міру з пераможанай Германіяй і яе саюзнікамі. Усё гэта прымусіла яго разам з братам і большасцю беларускіх дэпутатаў дэманстратыўна пакінуць Тарыбу. Утрымаць Вільню літоўскаму ўраду не ўдалося. Не здолеўшы стварыць уласнае войска, ён эвакуяваўся ў пачатку студзеня 1919 г. у Коўну. А 5 студзеня 1919 г. Вільню заняла Чырвоная Армія.

Нямецкая акупацыя ніяк не спрыяла ажыццяўленню беларускай мары пра Вільню. Ролю ІІ Рэйха ў беларускай гісторыі не варта перабольшваць.

Архіўныя крыніцы і навуковыя працы

1. Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі / Скл. С.Шупа. Т.1. Кн .1. Вільня — Нью-Ёрк — Менск — Прага, 1998.

2. Ваяводская публічная бібліятэка імя Лапацінскага ў Любліне. Рукапісны аддзел, №1944.

3. Гімжаўскас Эдмундас. Беларускі фактар утварэння сучаснай літоўскай дзяржавы. 1915—1917 гг. // Гістарычны альманах. Т.11. Гародня — Беласток, 2005. С.57—70.

4. Грыцкевіч А. Беларуска-літоўскія дачыненні: 1918—1922 // Спадчына, 1994. № 5. С.58—63.

5. Казлоў Леў, Цітоў Анатоль. Беларусь на сямі рубяжах. Мінск, 1993. С. 30—42.

6. Літаратура і мастацтва. 1990. 23 лістапада.

7. Луцкевіч Антон. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы / Укл., прадм., камент., анат., індэкс імёнаў А.Сідарэвіча. Мінск, 2003.

8. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). Ф.62 (Беларускай Народнай Рэспублікі). Воп.1. Спр.4, 21, 31, 40.

9. Пашкевіч Алесь. Выбары ў Віленскі сойм у 1922 г. і адносіны да іх беларускай грамадскасці // Беларускі гістарычны агляд. Т.12. Сш.1—2 (22—23). Снежань 2005. С.111—130.

10. Сідарэвіч А. Антон Луцкевіч і гісторыя беларускага руху // Луцкевіч Антон. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы. Мінск, 2003.

11. Смалянчук Алесь. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. Выд.2. Санкт-Пецярбург, 2004.

12. Снайдэр Тыматы. Спрэчкі за літоўска-беларускую Айчыну // Дзеяслоў. 2004. №12. С. 191.

13. Турук Ф. Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белоруссов. Москва, 1921. [ Факсимильное издание. Москва, 1994. ] С. 28.

14. Шыбека Захар. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002). Мінск, 2003.

15. Deruga Aleksy. Polіtyka wschodnіa Polskі wobec zіem Lіtwy, Bіalorusі і Ukraіny (1918—1919). Warszawa, 1969.

16. Ponarskі Z. Konfederacja Wіelkіego Ksіestwa Lіtewskіego 1915—1916 // Bіaloruskіe Zaszyty Hіstoryczne. 1998. №10.

17. Wіelhorskі Wladyslaw. Narod bіal oruskі w srod swych sacіadow. London, 1949.

You may also like...