Захар ШЫБЕКА. Гарадскі камфорт: гісторыя і праблемы сучаснасці
Лекцыя 1. Камфорт матэрыяльнага плану і бяспека
План:
1. Землеўладанне і землекарыстанне
2. Даступнасць гарадскога транспарту
3. Добраўпарадкаванасць: цэнтр — ускраіны
4. Экалагічная бяспека
5. Забяспечанасць жыллём
6. Злачыннасць і культура спажывання
Жыццё ў гарадах заўсёды было больш камфортнае. Ідэю камфорту, відаць, упершыню заклаў багаты дом Рымскай імперыі. Гарадскі камфорт, дарэчы, спарадзіў спакусу стварэння штучных асяродкаў жыцця, ідэальных для людзей. Успомнім твор Кампанелы “Горад Сонца” (1602) ці “Прыгоды Тэлемаха” (1699) Фенелона пра ідэальны горад Салянт. Горад стаў прыкладам для мадэлявання ідэальных грамадстваў і дзяржаў. Гарадскія утопіі выкшталтавалі і камуністычную утопію.
1. Землеўладанне і землекарыстанне
Сучасныя праблемы гарадскога жыцця пачалі ўзнікаць у ХІХ ст., у эпоху індустрыялізацыі. У ХХ ст. яны толькі ўскладняліся, набывалі больш маштабныя памеры.
Як і на Захадзе, у гарадах Расійскай імперыі ў ХІХ ст. праводзілася муніцыпалізацыя зямлі. Але землеўпарадкаванне, асабліва ў гарадах Беларусі, рабілася недастаткова радыкальна і паслядоўна. Правы вотчыннікаў (уласнікаў зямлі) тут ставіліся вышэй за правы гараджанаў, бо ў беларускіх гарадах жылі пераважна яўрэі ды палякі, інтарэсы якіх рускі цар мог ігнараваць. У 1830-я гг. у прыватнаўласніцкіх гарадах існавала 28 пабораў на карысць вотчынніка.
Заставалася чыншавае права з яго ўзаемаабмежаваннем землекарыстання як з боку вотчынніка, так і з боку арандатара (чыншавіка). Прынцып раздзеленай уласнасці, на якім яно трымалася, ніяк не спрыяў зямельнай мабілізацыі, а значыць і землеўпарадкаванню гарадоў ці муніцыпалізацыі гарадскіх плацаў. Ні гаспадар зямлі, ні яе арандатар не мелі права без узаемнай згоды ні прадаць зямлю, ні падараваць, ні падзяліць яе. Чыншавыя кантракты заключаліся навечна. Часам здаралася так, што горад не мог набыць чыншавы плац, каб пракласці праз яго вуліцу ці пашырыць ужо існую. Рост гарадоў у Беларусі на пачатку ХХ ст. выклікаў зямельную спекуляцыю.
Пасля ўстанаўлення савецкай улады праблема зямлі знялася тым, што права чалавека на зямельную ўласнасць скасоўвалася і гараджане страцілі ўсялякую мажлівасць уплываць на горадабудаванне. На дзяржаўнай дармовай зямлі забудова вялася абыякава і шаблонна. Сацыялістычны горад не належыў гараджанам. Ён быў дзяржаўны, нібыта нічыйны, а на самай справе ім распараджалася бальшавісцкая эліта. Жыхар царскага горада ў сваім доме, на ўласнай зямлі пачуваўся камфортней, чым савецкі гараджанін у дзяржаўнай кватэры, якую нельга было прадаць і якую можна было лёгка страціць за непаслухмянасць камуністычнаму рэжыму. Нічыйная зямля стала неад’емнай часткай залежнага ад партыйнага дыктату сацыялістычнага горада і яго жыхароў. Дзяржаўная ўласнасць на зямлю выключала атрыманне зямельнай рэнты на карысць гарадоў і гараджанаў, што рабіла іх поўнасцю эканамічна залежнымі ад дзяржавы.
І прыклад горада, і прыклад вёскі яскрава сведчаць, што нацыяналізацыя зямлі, дый увогуле ліквідацыя прыватнай уласнасці, была самым вялікім эканамічным злачынствам бальшавікоў. Эканамічна бяспраўны савецкі чалавек станавіўся бездапаможным заложнікам эксперыментаў: яго заганялі ў калгасы і на сталінскія будоўлі, высылалі ў гулагі.
Рана ці позна любы горад сутыкаецца з праблемай нястачы зямлі. Гэтым выкліканыя шчыльнасць забудовы, рост будынкаў у вышыню і ў глыбіню. Да прыкладу, у Нью-Ёрку, на Манхэтане, дзе бракуе плошчы, трэба плаціць не толькі за квадратныя метры пад будынкамі, але і за пустыя квадратныя метры над будынкамі, іншымі словамі, калі фундамент дазваляе надбудаваць новыя паверхі, але тое не зроблена, то даводзіцца плаціць за паветра. У Беларусі да гэтага справа яшчэ не дайшла, але свой дом на ўласнай зямлі становіцца для сучаснага гараджаніна ўсё больш папулярнай і прываблівай марай.
2. Даступнасць гарадскога транспарту
Грамадскі транспарт з’явіўся ў гарадах Беларусі напрыканцы ХІХ ст. Так, пасля ўзвядзення ў 1886 г. будынка чыгуначнага вакзала ў Брэсце гэты вакзал з цэнтрам горада і з Брэст-Літоўскай крэпасцю злучылі амнібусы — шматмесныя конныя карэты, а датуль гараджане хадзілі пешшу ці наймалі рамізнікаў. Высокія царскія чыны, вышэйшае духавенства, пачэсныя грамадзяне, купцы першай і другой гільдый карысталіся правам мець карэты, запрэжаныя чацвёркай, двойкай коней або адным канём у залежнасці ад займанага месца ў іерархічнай сістэме расійскага грамадства.
Транспарт заўсёды меў вырашальнае значэнне ў жыцці горада. Ён і цяпер прадвызначае марфалогію і функцыянаванне гарадскіх паселішчаў. Бо — гарады гістарычна ўзніклі ў вузлавых кропках транспартных сістэмаў;
— сістэма камунікацыі вызначае размяшчэнне ўсіх відаў дзейнасці гараджанаў, якая звычайна канцэнтруецца ўздоўж чыгунак і магістраляў. Там узнікаюць прамысловыя, гандлёвыя і дзелавыя цэнтры гарадоў. Буйныя гандлёвыя цэнтры будуюць на ўскраіне мегаполісаў, побач з ажыўленымі транспартнымі магістралямі;
— развітасць транспарту ўплывае на памеры гарадскіх паселішчаў. А павелічэнне хуткаснасці перамяшчэння ўнутры горада заўсёды спрыяла пашырэнню яго тэрыторыі.
Старыя гарады, як вядома, былі пешаходныя. Таму ўся дзейнасць людзей канцэнтравалася ў цэнтры горада з уласцівай яму высокай шчыльнасцю забудовы. Найважнейшае, выведзенае з практычнага жыцця правіла патрабуе, каб гарадская тэрыторыя дазваляла шараговаму гараджаніну дабірацца з любой ускраіны да цэнтра горада на працягу адной гадзіны. Так, пешаходны Мінск меў радыус прыкладна 3 км. Далейшае пашырэнне плошчы гарадоў на пачатку ХІХ ст. прывяло да транспартнага крызісу: перамяшчэнні займалі шмат часу, не выратоўвалі і рамізнікі. Толькі з’яўленне новых відаў транспарту ў канцы ХІХ ст. (прыгарадны цягнік, трамвай, метрапалітэн) зноў скарацілі час на дарогу да адной гадзіны з любога прыгарада. У Мінску пасля адкрыцця ў 1892 г. конкі (рэйкавы вагончык, запрэжаны коньмі) радыус горада павялічыўся да 6 км, а пасля наладжвання трамвайнага руху, у 1929 г., — да 9 км.
Стан грамадскага транспарту ўплывае таксама і на псіхалагічны клімат у гарадскіх паселішчах. Камфортнасць горада вызначаецца даступнасцю яго транспарту. Гадзіна шляху доўга выступала стандартам такой камфортнасці і забяспечанасці горада транспартам. Цяпер гэты стандарт павялічыўся да палутара і нават дзвюх гадзінаў. Сучасны транспарт сцягвае ў горад насельніцтва не толькі з прыгарадаў, але і з гарадоў-спадарожнікаў. Натуральна, узрасла транспартная стомленасць людзей. Многія пасажыры камфортна пераносяць толькі 40 хвілінаў у дарозе. У адпаведнасці з існымі стандартамі, на адным квадратным метры транспартнага салона павінна знаходзіцца не больш як 3—4 пасажыры. У Мінску гэты паказчык у гадзіну пік сягае 10 і болей. Дадатковую нервознасць у гараджанаў выклікае нерэгулярнасць руху транспартных сродкаў і неабходнасць у перасадках. Доўгія маршруты часта разрываюцца, бо для бяспекі руху кіроўца мусіць знаходзіцца за рулём не больш за гадзіну. Выхад можна знайсці ў павелічэнні колькасці машын на маршрутах і ўмяшчальнасці пасажырскіх салонаў, увядзенні дакладнага (пахвіліннага) графіка руху і хуткасных маршрутаў.
Між тым адмоўным бокам развіцця транспарту становіцца траўматызм і гібель людзей на дарогах.
Самым непасрэдным чынам уплывае транспарт і на планіровачны каркас гарадоў. Ён бывае двух відаў: радыяльна-кальцавы і прастакутны. Першы варыянт забудовы абумоўлены лініямі трамвая і метро, другі — аўтамабільным транспартам. У першым выпадку ўзнікае монацэнтрычны горад, у другім — поліцэнтрычны. Рэйкавы транспарт стварае монацэнтрычныя гарады радыяльна-кальцавой планіроўкі. Ён мае магістральны напрамак — ад ускраінаў да цэнтра, але ёсць і прыклады кальцавых рэйкавых дарог (кальцавыя лініі метрапалітэна ў Парыжы ці Маскве). Нейкі час існавала імкненне пазбавіцца ад трамвая ў вялікіх гарадах, але жыццё паказала яго незаменнасць. У мадэрнізаваным выглядзе трамвай вярнуўся ў Лондан і некаторыя амерыканскія гарады.
Прыкладам монацэнтрычнага горада з прастакутнай планіроўкай лічыцца Лос-Анжэлес (ЗША). Плошча падобных да яго гарадоў вельмі раскіданая, а таму цэны на зямлю адносна нізкія ў параўнанні з цэнтральнымі зонамі монацэнтрычных гарадоў. Аднак пры арыентацыі на аўтамабільны транспарт трэба ўлічваць непазбежнасць узнікнення дарожных коркаў.
Для планавання развіцця транспартнай сеткі важна ведаць патокі перамяшчэння пасажыраў. Сучасныя даследчыкі вылучаюць пяць асноўных тыпаў транспартных сістэмаў:
1. Сістэма хуткаснага рэйкавага транспарту (электрычка) + дадатковая аўтобусная сувязь у перыферыйных жылых раёнах (у тым ліку за межамі горада), з аднаго боку, і сувязь падземнымі трасамі метро ў цэнтры горада — з другога. У Мінску метро дзейнічае толькі з 1984 г., а айчынныя электрычкі і дызелі, відавочна, адстаюць ад парыжскіх экспрэс-цягнікоў RER.
2. Сістэма хуткаснага рэйкавага транспарту (электрычка) + выкарыстанне ўласных аўтамабіляў для паездак у жылых раёнах, з аднаго боку, і сувязь падземнымі трасамі метро ў цэнтры горада — з другога. На Захадзе жыхары прыгарада, дабіраючыся на працу, даязджаюць да бліжэйшай станцыі хуткаснай дарогі і на ўвесь дзень пакідаюць аўтамабіль на недарагой стаянцы побач са станцыяй. Такая сістэма ў нас яшчэ не прыжылася.
3. Самая простая сістэма прадугледжвае выкарыстанне толькі асабістага аўтамабіля і на ўскраінах, і ў цэнтры. Але яна вядзе да ўзнікнення коркаў і вялікага забруджвання паветра, вымагае будаўніцтва новых і рэканструкцыі старых магістраляў, а таксама адкрыцця новых месцаў паркоўкі, што абарочваецца гораду вялікімі выдаткамі праз дарагоўлю зямлі. У нас гэтая сістэма ўсё больш пашыраецца, ствараючы шэраг праблемаў, якія вырашаюцца не самым лепшым чынам: у гістарычным цэнтры Мінска, напрыклад, будуюцца паркінгі.
4. Сістэма экспрэснай аўтамабільнай сувязі прыгарадаў і цэнтральнай зоны. Па эфектыўнасці яна набліжаецца да першай і шырока выкарыстоўваецца ў Беларусі.
5. Сістэма экспрэснай аўтамабільнай сувязі + падземныя трасы метро ў цэнтральнай зоне горада. Такая сістэма пашыраецца і ў беларускай сталіцы.
Для выбару той ці іншай схемы неабходныя канкрэтныя разлікі яе акупляльнасці. Найлепшым варыянтам ёсць іх комплекснае выкарыстанне. Урэшце, ні паасобку, ні ў комплексе існыя сістэмы транспартнай сувязі пакуль не вырашаюць праблему. Сучасны горад патрабуе прынцыпова новых сродкаў сувязі.
Адбываецца мадэрнізацыя. У Мінску робіцца стаўка на трамвай і метро, усе астатнія віды транспарту будуць падвозіць пасажыраў да іх прыпынкаў. Найбольш эфектыўным лічыцца рэйкавы транспарт, хоць ён патрабуе вялікіх выдаткаў на будаўніцтва і рамонт, але пры высокай загружанасці гарантуе стабільную акупляльнасць і нават прыбытковасць. Мінскае метро (хуткасць 40—45 км/г) за гадзіну перавозіць да 30 тысяч пасажыраў. Трамвай не забруджвае паветра, сабекошт будаўніцтва рэек у 10 разоў ніжэйшы, чым пракладка метро, дазваляе злучыць патрэбную колькасць вагонаў. Плануецца выкарыстоўваць новыя метады мацавання трамвайных рэек і праводзіць іх па-за аўтамабільнымі дарогамі. Сучасны трамвай стане бясшумным і хуткасным (да 60—70 км/г). Да таго ж ён выклікае рамантычныя пачуцці: гараджане арэндуюць трамвай, каб адзначыць дзень народзінаў, вяселле ці проста прагуляцца па горадзе.
На ўзор Мінска будзе мадэрнізавацца і транспарт Віцебска (першы трамвай тут з’явіўся яшчэ ў 1898 г.). У Бресце трамвай не плануецца з прычыны вузкіх вуліц. У Магілёве і Гомелі перавага аддаецца аўтобусам. У цэнтры Гародні ў перспектыве будуць хадзіць толькі экалагічна чыстыя тралейбусы.
3. Добраўпарадкаванасць: цэнтр — ускраіны
Гарады Сярэднявечча амаль цалкам страцілі вынайдзеныя ў Рымскай імперыі сродкі добраўпарадкавання: водаправод, каналізацыю, брукаваныя вуліцы. Жыхары сярэдневечнага горада пражывалі скучана ў 3-4-павярховых дамах. Панавала антысанітарыя. Здаралася, падчас эпідэмій гарадское насельніцтва вымірала поўнасцю. Тым не менш, практычна ўсе змены да лепшага ў побыце людзей пачыналіся ў гарадах. У Мілане пры Франчэску Сфорца (1450—1466 гг.) была пабудаваная першая ў свеце грамадская бальніца. Прыклады можна множыць. Добраўпарадкаванне гарадоў і паляпшэнне іх санітарнага стану пачалося ў перыяд індустрыялізацыі. Традыцыйна прыводзілі да парадку толькі цэнтр горада. Брукаваныя вуліцы, водаправод, электраасвятленне, тэлефон — усімі гэтымі здабыткамі гарадской цывілізацыі ў першую чаргу карысталіся заможныя жыхары цэнтральных кварталаў. Перыядычны друк ХІХ — пачатку ХХ ст. поўніўся нараканнямі на дрэнныя вуліцы, тратуары: увесну і ўвосень гарадскія газеты пісалі пра бруд, улетку — пра пыл, узімку — пра непрыбраны снег і лёд. Заасфальтаваныя вуліцы з’явіліся толькі на пачатку ХХ ст.
У некаторых гарадах улады імкнуліся стрымаць пашырэнне гарадоў, каб не набываць новых праблемаў, звязаных з неўладкаванымі ўскраінамі. Гэта вяло да павелічэння шчыльнасці забудовы і колькасці хмарачосаў. Шчыльная забудова абвастрала праблему стаянак і паркоўкі аўтамабіляў. Аўтамабільны транспарт забруджваў паветра. Жыццё нават у шыкоўных кватэрах цэнтра горада станавілася невыносным праз шум, мітусню, нездаровае паветра. Заможныя гараджане збягалі на ўскраіны ў ціхія і камфортныя катэджы, тым больш, што добрыя дарогі і тэхнічныя магчымасці камунальнай гаспадаркі дазвалялі беспраблемна жыць у прыгарадзе. Цэны на кватэры ў цэнтры зніжаліся. Там канцэнтраваліся дзелавыя і дзяржаўныя ўстановы. Жыллё ж менш заможных гараджанаў “прасоўвалася” бліжэй да цэнтра горада.
Не варта забывацца і на рост высокаарганізаванага крыміналу ў цэнтральных кварталах. Гэтая акалічнасць побач з пагаршэннем экалагічнай сітуацыі “выштурхоўвала” з цэнтра ў гарады-спадарожнікі, прыгарадныя зоны гарадскіх агламерацый нават жыхароў сярэдняй заможнасці. Перамяшчэнне гараджанаў на ўскраіны, названае субурбанізацыяй, рэзка абвастрыла транспартныя праблемы большасці мегаполісаў. Для развіцця гарадскога транспарту патрабаваліся вялікія капіталаўкладанні, а іх заўсёды не ставала. Таму мясцовая адміністрацыя мусіла клапаціцца аб прыбытковасці і эфектыўнасці сваёй муніцыпальнай гаспадаркі коштам гараджанаў, што стала істотнай прычынай дарагоўлі жыцця ў мегаполісах.
Недзе ад 1990-х гг. тэндэнцыя, аднак, змянілася. Цэнтральныя раёны вызваляліся ад ціску аўтамабільнага транспарту, увайшлі ва ўжытак кандыцыянеры, шумапаглынальныя матэрыялы. Камфортнасць жыцця ў цэнтры горада палепшылася, і туды пачалі вяртацца заможныя гараджане.
Савецкія гарады не мелі прэстыжных раёнаў. Існавалі толькі дамы для абраных. Праўда, у 1970-я гг. у Мінску прэстыжным раёнам стала вуліца Пуліхава: у народзе яе назвалі вуліцай “пыжыкавых шапак” (модныя зімовыя ўборы першымі адзелі чыноўнікі). У 1980-я гг. вакол сталіц з’явіліся элітныя катэджы. Феноменам буйных гарадоў Беларусі ёсць непарушнасць прэстыжу цэнтральных кварталаў: цэны на кватэры там самыя высокія. Адначасова фармуюцца прэстыжныя раёны, папулярным становіцца жыццё ў прыгарадных катэджах.
Аднак дасюль па ўсім свеце пэўная частка гарадскіх ускраінаў застаецца пачварнай. Нават у развітых краінах для буйных гарадоў характэрныя гарадскія гета.
4. Экалагічная бяспека
Праблемаў у сучасных гарадоў і урбанізаваных тэрыторый вельмі многа: і сацыяльных, і дэмаграфічных, і тэхнічных. Але самай вострай робіцца экалагічная праблема.
Непазбежнай і тыповай адметнасцю гарадской цывілізацыі з’яўляецца смецце. Па яго колькасці некаторыя эканамісты мяркуюць пра поспехі прамысловай вытворчасці ў горадзе. Засмечанасць горада ўзрастае ад цэнтра да ўскраінаў. Уражваюць горы смецця на прыгарадных звалках. На чатыры мінскія звалкі штодзень вывозіцца каля 5 тысяч тон смецця. У 2008 г. нарэшце пачалося праектаванне смеццепераапрацоўчых заводаў у Брэсце, Гродне і Мінску.
За часам індустрыялізацыі гарады празмерна выраслі, а гармонія з прыродным асяроддзем парушылася. У лік самых забруджаных уваходзяць гарады Расіі, Кітая, Індыі, Перу, Замбіі — пераважна там, дзе здабываюцца карысныя выкапні.
У Беларусі праблемы экалогіі выявіліся ў пасляваенны перыяд індустрыялізацыі, дакладней, у 1960-я гг. Канцэнтрацыя прамысловасці ў асобных гарадскіх цэнтрах краіны, развіццё аўтамабільнага транспарту выклікала рэзкае пагаршэнне экалагічнай сітуацыі — забруджванне паветра, водных басейнаў. Антрапагенная нагрузка на прыгараднай тэрыторыі ў многіх беларускіх гарадах стала перавышаць дапушчальную. Асабліва экалагічна небяспечнымі лічацца гарады вялікай хіміі: Салігорск, Наваполацк, Магілёў, Мазыр, Гродна. Іх хімічныя прадпрыемствы былі пабудаваныя без выкарыстання чыстых тэхналогій. Аднак, паводле апошніх афіцыйных звестак, па колькасці шкодных выкідаў у паветра сярод беларускіх гарадоў лідзіруе Мінск. І гэта выклікана не столькі дзейнасцю прамысловых прадпрыемстваў, колькі імклівым павелічэннем на сталічных вуліцах колькасці аўтамабіляў.
Экалагічная бяспека стала сусветнай праблемай і адной з прычынаў з’яўлення антыурбаністычных настрояў: далей ад цэнтра, бліжэй да прыроды. Сёння новабудоўлі імкнуцца размяшчаць на перыферыі гарадоў, але тым самым сфера негатыўнага ўздзеяння прамысловасці толькі пашыраецца. Стан прыроднага асяродку ў горадзе выразна сведчыць пра яго агульную культуру, дабрабыт, узровень развіцця.
З мэтай запабегчы негатыўныя тэндэнцыя цяпер распрацоўваюцца канцэпцыі сучаснага экалагічнага горада. Прапануюцца наступныя меры:
— увядзенне элементаў натуральнага пейзажу, зялёнага пояса;
— абмежаванне колькасці жыхароў горада да 100.000 чалавек;
— адмаўленне ад заснавання новых гарадоў;
— паяднанне чалавека з гарадскім асяроддзем, гуманізацыя;
— перавод аўтамабільнага транспарту на экалагічнае паліва;
— вывядзенне прамысловасці за межы горада.
Найбольш выказваецца прэтэнзій да прамысловых прадпрыемстваў, што асабліва моцна шкодзяць прыроднаму асяроддзю і “з’ядаюць” прастору. У гарадскіх цэнтрах свету пакуль застаюцца толькі прадпрыемствы па вытворчасці адзення, абутку і друкарні, бо ім неабходна быць бліжэй да спажыўца, а астатнія выводзяцца за межы горада. Аналагічная праблема стаіць і перад Мінскам: яго прамысловыя прадпрыемствы маральна састарэлі, іх рэканструкцыю неабходна спалучаць з адначасовым пераносам за гарадскую рысу. Дзякуючы вызваленым плошчам можна палепшыць інфраструктуру сталіцы і тым зрабіць яе прывабнай для інвестараў.
Штогод чалавецтва наносіць натуральнаму асяроддзю планеты ўрон на суму 50 млрд еўра. Для прадухілення сусветнай экалагічнай катастрофы ўсе краіны павінны адлічаць на паляпшэнне экалагічнай сітуацыі каля 1% валавага ўнутранага прадукту.
Зразумела, што вырашаць экалагічныя праблемы толькі ў межах гарадской рысы нельга. Гарадскія цэнтры паступова ператвараюцца ў лабараторыі па аздараўленні натуральнага асяроддзя ўсёй краіны. Гарады пачынаюць разглядаць не як замкнёныя, а як адкрытыя сістэмы.
Беларускія гараджане пакуль індыферэнтна ставяцца да экалагічных праблемаў сваіх гарадоў. Грамадскі рух “зялёных” практычна адсутнічае. Да прыкладу, на пачатку ХХ ст. абурэнне мінчукоў выклікаў дым ад дызельнага рухавіка першага кінематографа ў цэнтры горада (1906 г.). Забруджанасць гарадоў непазбежна вядзе да росту захворванняў іх жыхароў.
5. Забяспечанасць жыллём
Больш камфортным жыллё гараджан станавілася толькі ў эпоху Адраджэння. У XVI ст. з’явілася празрыстае шкло, хоць на ўсходзе Еўропы яно і ў ХІХ ст. не было звыклым. З канца XVIІ ст. пашырыліся папяровыя шпалеры. У XVIІІ ст. мэбляй абстаўлялі дамы і беднякі, хоць большасць спалі на саломе. Узнікла мода на паркет (гэта прывяло да вынішчэння дуброваў).
У дамах было халодна. Паводле звестак 1695 г., нават за каралеўскім сталом у Версалі віно і вада замярзалі ў келіхах. Аднак у 1720-я гг. удалося раскрыць сакрэт “цягі”, і ў гарадскія дамы прыйшло цяпло. На захадзе будавалі каміны, а ў Германіі, Венгрыі, Польшчы, Расіі — печы. Да XVIІІ ст. побыт не ведаў не толькі цеплынi, але i iнтымнасцi. Палацы арыстакратаў і каралёў былі больш прыстасаваныя для публічнага жыцця. Толькі пазней пачала паступова знiкаць грандыёзнасць інтэр’ера. Набылі папулярнасць маленькiя столiкi ў стылі ракако. Раскоша пранікала ў дамы заможных гараджанаў. Гарадскія кватэры запаўняліся мануфактурнымі вырабамі: карункамі, мэбляй, прадметамі са шкла. Вялікім попытам карысталіся цудоўныя фарфоравыя статуэткі. Аднак лазенка і ў XVIІІ ст. быў рэдкасцю. Блохi, вошы, клапы вадзіліся нават ў багачоў. У 1596 г. сэр Джон Хэрынгтан вынайшаў ватэрклазет (прыбiральню). Пазней яго ўдасканалілі: з’явіліся выцяжныя трубы, бачок з сiфонам. Але яшчэ i ў XVIІІ ст. начныя гаршкi вылiвалi праз вокны. У эпоху індустрыялізацыі з’явіўся вадаправод, электраасвятленне, тэлефон, ліфт і шмат іншых пабытовых тавараў.
На сучасным этапе ўзмацненне нераўнамернасці эканамічнага развіцця асобных тэрыторый вядзе да імклівага ўзрастання ролі мегаполісаў. Аднак вялікі горад спараджае не толькі эканамічныя, але і сацыяльныя праблемы. Прыток людзей у гарады нясе з сабой цяжар сацыяльна-эканамічных праблемаў — нястачу працоўных месцаў і жыллёвы крызіс.
У гарадах падцарскай Расіі пачатку ХХ ст. праблема кватэр не стаяла так востра, як цяпер. Кваліфікаваны рабочы мог пабудаваць сабе драўляны дом на гарадской ускраіне, а кватэры ў прыгарадах здымалі нават жабракі. Інтэлігенты і дзяржаўныя служачыя без асаблівага напружання арандавалі 6-7-пакаёвыя кватэры, якія займалі цэлы паверх невялікай трохпавярховай камяніцы. Многіх гараджанаў гэта задавальняла, і яны нават не імкнуліся да будаўніцтва ўласных дамоў, тым больш што часам даводзілася мяняць месца працы. Зямля пад забудову была танная.
Забеспячэнне жыллём усіх насельнікаў стала адной з мэтаў сацыялістаў. Пры ўладзе расійскіх бальшавікоў усе кватэры перайшлі ва ўласнасць дзяржавы. Пачаўся “жыллёвы перадзел”. Кватэры заможных гараджанаў гвалтам засялялі працоўным людам. Кожнай сям’і адводзілі толькі адзін пакой — і шматпакаёвая кватэра ператваралася ў так званую камуналку. Але і такая мера не развязвала праблему. У гарадах савецкай Беларусі кватэр заўсёды бракавала. Індустрыялізацыя і мілітарызацыя БССР выклікала прыток у гарадскія цэнтры, асабліва буйныя, вялікай колькасці былых вяскоўцаў і вайскоўцаў.
Падчас мінулай вайны гарадскі жыллёвы фонд Беларусі быў вынішчаны амаль на 60%. У пасляваенны перыяд тут была створаная самая магутная ў параўнанні з іншымі рэспублікамі Савецкага Саюза індустрыя будаўніцтва. Пры М. Хрушчове (1953—1964 гг.) пачалося ўзвядзенне пяціпавярховых маламетражных дамоў з сумешчанымі ваннамі і прыбіральнямі (іх празвалі “хрушчобамі”), і імклівае павелічэнне іх колькасці дазволіла змякчыць жыллёвую праблему. З 1959 г. людзі перасяляліся з “камуналак” у індывідуальныя кватэры. У 1962 г. дзяржава пачала прыцягваць для будаўніцтва шматкватэрных дамоў сродкі насельніцтва. Арганізоўваліся жыллёвыя кааператывы. Яны атрымоўвалі ад дзяржавы крэдыт у памеры 60% ад кошту кватэры на тэрмін 10—15 гадоў. Узводзіліся кааператыўныя дзевяціпавярховыя дамы, але іх жылая плошча складала толькі крыху больш за 12% ад усёй здадзенай на пачатку 1960-х гг. у эксплуатацыю.
У 1960 г. у паўмільённым Мінску было зарэгістравана каля 80 тысяч чалавек, якія не мелі аніякага жылля, 42 тысячы чалавек, якія мелі менш за чатыры квадратныя метры жылля. Многія прамысловыя прадпрыемствы будавалі жылыя дамы гаспадарчым спосабам. Часам сродкі выкарыстоўваліся неэфектыўна: узводзіліся магутныя прамысловыя аб’екты, меліярацыйныя сістэмы, інжынерныя збудаванні, а жылля бракавала. У 1970-я гг. 30% сем’яў савецкай Беларусі стаялі ў чарзе на кватэру — гэта самы вялікі паказнік сярод усіх саюзных рэспублік. Будаўніцтва аднаго дома зацягвалася на год-два, тады як у Нью-Ёрку ўжо на пачатку ХХ ст. нават хмарачосы вырасталі на працягу месяца. Ратавала індывідуальнае будаўніцтва. За савецкім часам у малых гарадах склалася высокая ўдзельная вага прыватнага сектара. У 1960-я гг. палову, а часам на дзве траціны плошчы беларускіх гарадоў займалі прыватныя драўляныя дамкі з садкамі і гародчыкамі.
На пачатку 1990-х гг. суверэнная Беларусь па колькасці кватэраў, пабудаваных на 100 жыхароў за год, займала трэцяе месца ў свеце (пасля Японіі і Фінляндыі) і апярэджвала такія краіны, як ЗША, Бельгія, Францыя, Швецыя. Аднак і цяпер кватэр бракуе нават у беларускай сталіцы.
Як паказвае гістарычны досвед, забяспечыць усіх жыхароў горада кватэрамі немагчыма. Рабілася шмат спробаў, у тым ліку і ў БССР, але ўсе яны былі беспаспяховыя. Будаўнічая індустрыя не паспявае за тэмпамі росту колькасці гараджанаў і іх запатрабаванняў да якасці і камфорту жылля.
Ва ўсім свеце кватэры будуюць у крэдыт, часта для здачы ўнаймы. Шырока распаўсюджаны іпатэчны крэдыт. Іпатэку (грэц. hypoteca — “заклад”) прыдумалі грэкі дзве з паловай тысячы гадоў таму. Для атрымання доўгатэрміновага крэдыту закладвалася зямля пад будаўніцтва. Механізм зямельнай рэнты і іпатэчнага крэдыту ў Беларусі дагэтуль не прыведзены ў належны рух.
На Захадзе пустуюць дамы, тады як многія людзі не маюць даху над галавой. Праўда, бомж — гэта не толькі жабрацтва, але і філасофія бестурботнага жыцця. Бяздомныя захопліваюць пустыя дамы і ператвараюць іх у сквоты — своеасаблівыя інтэрнаты, якія дзяржава часам бярэ пад сваю апеку.
Гарадская кватэра выступае сімвалам гарадскога камфорту. Трэба толькі, каб у кожнага гараджаніна існаваў рэальны шлях атрымання жылля. Найбліжэйшыя перспектывы беларускіх гарадоў шчыльна звязаныя з павелічэннем аб’ёмаў жыллёвага будаўніцтва ў сувязі з бесперапыннай урбанізацыяй і абвастрэннем праблемы даступнасці жылля. Таму ў дзяржаўных планах прадугледжана: 1) павелічэнне магутнасці будаўнічага комплексу; 2) засваенне новых будаўнічых тэхналогій; 3) мадэрнізацыя старых блочных кварталаў.
У 1990-я гг. адбывалася скарачэнне будаўніцтва і пераарыентацыя будаўнічага комплексу на каркасныя і цагляныя жылыя дамы. Паводле афіцыйных звестак, у 2008 г. у Беларусі буйнапанэльнае домабудаўніцтва складала 21,5% (у 1991 г. — больш за 55%) ад агульнага аб’ёму жылога будаўніцтва, каркаснае — каля 28%, з цэглы — да 18%, іншыя віды, у тым ліку і на вёсцы, — да 32,5%. Апошнім часам становяцца моднымі маналітныя дамы.
Зразумела, што ў пасляваенны перыяд буйнапанэльнае будаўніцтва паспрыяла змягчэнню праблемы жылля. Але цяпер старыя дамы не адпавядаюць сучасным патрабаванням. Блочныя будынкі эпохі сацыялізму патрабуюць ачалавечвання. Ёсць магчымасць падумаць пра вобраз горада, гарадскога раёна, кожнага жылога дома. Спрошчаныя бетонныя прастакутнікі ў мікрараёнах неабходна ператварыць у жывую і разнастайную структуру, як гэта зроблена на Захадзе. У Расіі так званыя хрушчоўкі паступова зносяць і на іх месцы ўзводзяць новыя дамы. А ў Беларусі вядзецца капітальны рамонт такіх дамоў, які, на думку спецыялістаў, працягне іх жыццё яшчэ на 100 гадоў. Акрамя таго, рэканструкцыя павялічыць камфортнасць і жыллёвую плошчу (на 60%) дамоў хрушчоўскай пары без засваення новых тэрыторый коштам ушчыльнення, прыбудоваў і надбудовы паверхаў.
І надалей буйнапанэльнае домабудаванне ў мадэрнізаваным выглядзе будзе працягвацца, бо яно найбольш таннае сярод іншых будаўнічых сістэмаў. Таннасць гарадскіх дамоў для насельнікаў з нізкімі даходамі можна дасягнуць, на думку прафесара архітэктуры Вальмена Аладава, шляхам памяншэння плошчы кватэраў у запланаваных для пабудовы дамах, прычым дзеля эканоміі сродкаў адмовіцца ад будаўніцтва дамоў з балконамі і лоджыямі, тым больш што на Беларусі няма неабходнасці хавацца ад спякоты, і зашклёныя лоджыі пагаршаюць асвятленне жылых пакояў.
6. Злачыннасць і культура спажывання
Буйныя гарадскія цэнтры прыцягвалі людзей сваім камфортам. Там заўсёды можна было падабраць хоць нейкія крошкі з панскага стала. Там было што і ўкрасці. Па меры назапашвання ў гарадах багаццяў павялічвалася і злачыннасць. Гэтая заканамернасць выяўляецца, калі суаднесці рост злачыннасці з тэхналагізацыяй гарадскога побыту, падвышэннем яго камфорту.
На першым этапе, у так званую цудоўную эпоху 1890—1914 гг., у беларускіх гарадах з’явіліся веласіпед, конка, электраасвятленне, тэлефон, першыя аўтамабілі, матацыклы, заасфальтаваныя вуліцы і шматпавярховыя камяніцы з ліфтам. У жыццё ўваходзілі грамафоны, швейныя машыны, дзіцячыя вазкі, кефір, піва, фабрычныя каўбасы і торты, сродкі засцярогі ад цяжарнасці і шмат якія іншыя рэчы. У Лондане, Берліне, Парыжы напрыканцы ХІХ ст. ужо дзейнічала метро. З такой хуткасцю звыклы свет яшчэ ніколі не мяняўся. Многія не паспявалі прыстасавацца да новых абставінаў. Мадэрны горад даваў шмат магчымасцяў, але і шмат спакусаў. Антыграмадскія ўчынкі можна было лёгка схаваць. Ва ўмовах, калі старые нормы паводзінаў не адпавядалі змененым рэаліям гарадскога жыцця, а новыя яшчэ не сфармаваліся, мелі месца дэвіянтныя (не адпаведныя традыцыйным нормам) паводзіны, што выявілася ў розных відах злачыннасці, карупцыі, тэрарысцкай дзейнасці, алкагалізме, наркаманіі, сексуальных адхіленнях. На Беларусі злачыннасць пачыналася пераважна з індывідуальнага крыміналу.
Другі этап камфартызацыі жыцця мясцовых гараджанаў прыпадае на 1920-я гг.: аўтобусны пасажырскі рух, каналізацыя, грамадскія лазні, цырульні, першыя механізаваныя пральні. У 1925 г. пачала дзейнічаць першая радыёстанцыя. Тады з’явілася калектыўная форма злачыннасці — бандытызм.
Трэці этап надышоў у 1950-я гг. Сталіца БССР займела шмат якіх ноўніцтваў: тралейбусы (1953 г.), тэлевізары (1956 г.), буйнапанэльнае жыллё, газ у кватэрах (1958 г.), халадзільнікі. У пасляваенны час зарадзілася арганізаваная злачыннасць.
Потым дзякуючы нафтарублям умовы жыцця гараджанаў яшчэ больш палепшыліся, асабліва ў сталіцы. З’явіліся імпартныя тавары, адчыніліся першыя валютныя крамы (1966 г.). Са снежня 1963 г. пайшла першая электрычка “Мінск — Аляхновічы”, у 1966 г. яе маршрут быў падоўжаны да Маладзечна. Дабрабыт рос. Асабліва камфортна жылося сталічнай наменклатуры. Пачалі дзейнічаць мафіёзныя структуры.
Барацьба са злачыннасцю і яе прафілактыка — рэчы вельмі важныя для эканомікі горада. Па-першае, большасць парушэнняў закону адбываецца ў гарадах і, зразумела, самыя вялікія злачынствы робяцца ў цэнтральных раёнах. Па-другое, узровень злачыннасці ўплывае на прэстыж горада, на яго прывабнасць для перасяленцаў і інвестараў.
У невялічкіх паселішчах злачынстваў мала, бо ўсе ведаюць адзін аднаго, а ў вялікім горадзе злодзей нябачны. Паводле звестак за 2007 г., самай небяспечнай сталіцай краінаў Заходняй Еўропы прызнаны Стамбул (Турцыя), за ім ідзе Рыга (Латвія). У дзесятку крымінагенных увайшлі сталіцы Славеніі, Італіі, Кіпра, Іспаніі, Грэцыі, Ліхтэнштэйна, Венгрыі.
Праваахоўным органам Беларусі пакуль не ўдаецца спыніць рост злачыннасці. Крымінагенная сітуацыя ў краіне з 2001 г. пагаршаецца. Паводле афіцыйных дадзеных (на сакавік 2008 г.), за апошнія шэсць гадоў узровень злачыннасці ў разліку на 100 тысяч насельніцтва ўзрос на 70%, колькасць пацярпелых павялічылася больш чым у два разы, а колькасць загінулых і параненых у крымінальных здарэннях перавысіла 40 тысяч. Да 50% злачынстваў застаюцца не раскрытымі.
Крымінагеннае становішча стварае сацыяльная напружанасць у гарадскіх кварталах для бедных. Багатыя гараджане заўсёды імкнуліся адгарадзіцца ад бяднейшых. Асобныя дамы і кварталы для заможных насельнікаў пачалі з’яўляцца і ў Беларусі. Толькі гэта не вырашае праблемы. У Лос-Анжэлесе падчас выступу чарнаскурых грамадзянаў гарэлі менавіта багатыя кварталы.
Абвастрэнне крымінальнай сітуацыі ў гарадах патрабуе высокай прафесійнасці гарадской паліцыі (міліцыі) і падтрымкі грамадскасці. Элементарны грамадскі парадак — гэта справа ўсіх гараджанаў. У гарадах царскай Расіі за ім сачылі шматлікія дворнікі. Шмат залежыць ад жадання грамадзянаў супрацоўнічаць са структурамі, што займаюцца аховай грамадскага парадку. Дзейнасць дружыннікаў у савецкі час не мела вялікіх поспехаў, бо ажыццяўлялася прымусова. Варта памятаць, што калі гараджанін выходзіць на вуліцу, ён становіцца публічнай асобай і мусіць паводзіць сябе так, каб не нашкодзіць іншым.
Злачынствы здзяйсняюцца не толькі праз беднасць. Гэты промысел становіцца выгодным. Сучасны злодзей — чалавек рацыянальны: ён ідзе на справу, калі чаканыя выгоды перавышаюць чаканыя выдаткі. Папярэджанне злачынстваў патрабуе велізарных затратаў. Перавыхаванне не ёсць эфектыўным сродкам паляпшэння крымінальнай сітуацыі. Вынішчыць злачыннасць, відаць, немагчыма. На думку амерыканскага эканаміста Артура о’Салівана, уяўляецца разумным змірыцца з нейкім аптымальным узроўнем крыміналу. Эксперыментальна ўстаноўлена: аптымальная такая яго колькасць, калі гранічныя выдаткі на ахвяры (раненні, страта маёмасці) роўныя гранічным выдаткам на абарону ад злачынцаў (страхоўка, утрыманне карных органаў і г. д.). Урэшце, прымальная такая колькасць злачынстваў, якую можна раскрыць.
Гарадская цывілізацыя спарадзіла грамадства спажывання. Гараджане, разбэшчаныя камфортам, імкнуцца ні ў чым сабе не адмаўляць і прыдумваюць усё большыя спакусы і паслугі. Але ці вытрымае прыроднае асяроддзе выпрабаванне гарадской цывілізацыяй? Ці пратрывае чалавек выпрабаванне гарадской цывілізацыяй? Як ні намагаюцца людзі згарманізаваць гарадское жыццё, заганы горада ўвесь час пашыраюцца разам з павелічэннем вольнага часу гараджанаў і багаццяў. Існуе меркаванне: свет мяняецца, але не паляпшаецца; ён такі, якім бачаць яго людзі (гэта ведалі яшчэ старажытныя грэкі); да чалавека і чалавечых адносінаў ідэя прагрэсу не падыходзіць. Але калі так, то шлях да паўтарэння лёсу Рыма ў сусветным маштабе не выключаецца. Таму гараджане ўсё ж павінны вучыцца нейтралізоўваць адмоўныя ўплывы гарадской цывілізацыі. Іх бяспечнай жыццядзейнасці магла б паспрыяць філасофія аскетызму і гармоніі з натуральным асяроддзем (рацыянальнае харчаванне, рацыянальны камфорт, рацыянальнае спажыванне прыродных рэсурсаў). Зразумела, што грамадству спажывання прыняць такую філасофію не так проста, але неабходна. Для таго гэта грамадства мусіць толькі павысіць сваю духоўнасць. А што тычыцца стварэння гарманічнага асяроддзя для жыццядзейнасці людзей, то гэта справа зусім рэальная.
Спіс літаратуры
1. Бриггс, А., Клейвин, П. Европа в Новое время, 1789—1980. —М., 2006.
2. Браткоўскі, Стэфан. Некалькі спосабаў дасягнуць немажлівага. —Менск, 2002.
2. Benevolo, Leonardo. Miasto w dzieach Europy. —Warszawa, 1995.
3. Вебер, М. Город. —М., 1923.
4. Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. —Т. 1—6. —Мінск, 2004 (выданне не завершана)
5. Грамадскі быт і культура гарадскога насельніцтва Беларусі. —Мінск, 1990.
9. О’Салливан. Экономика города. — 4-е изд. —М., 2002.
10. Азбукін, М. Паселішчы гарадскога тыпу ў БССР // Матэрыялы да геаграфіі і статыстыкі Беларусі. —Т. 1. —Мінск, 1928.
12. Городская экономика: проблемы городов // Макконнелл К.Р., Брю С.Л. Экономикс: принципы, проблемы и политика: В 2 т. —Т. 2. —М., 1992. —С. 256—276.
13. Джекобс, Джейн. Экономика городов. —НП “СибГУД”, 2007.
15. Егоров, Ю. Градостроительство Белоруссии. —Минск, 1954.
16. Жучкевич, В.А., Малышев, А.Я., Рогозин, Н.Е. Города и села Белорусской ССР: историко-географический очерк. —Минск, 1959.
17. Занадворов, В.С., Занадворова, А.В. Экономика города. —М., 2003.
18. Козловская, А.Е. Улучшение жилищных условий городского населения Беларуси в 1959—1965 гг. // Из истории революционной борьбы и социалистического строительства: сборник научных трудов молодых ученых. —Минск, 1976. —С. 127—135.
18. Коробко, В.И. Экономика городского хозяйства. —М. : Академия, 2006.
19. Красовский, К.К. Урбанизация в Беларуси: экономико-географический анализ. —Брест, 2004.
20. Польский, С.А. Урбанизация в Белорусской ССР. —Минск, 1985.
21. Сенявский, А.С. Урбанизация России в ХХ веке: Роль в историческом процессе. —М., 2003.
22. Симионов, Ю.Ф., Кантер, М.М. и др. Экономика градостроительства. —Москва—Ростов-на-Дону, 2003.
24. Таболин, В.В., Емельянов, А.С., Черногор, Н.Н. Экономика города. Правовой аспект. —М., 2006.
25. Хорев, Б. Городские поселения СССР. —М., 1967.
26. Черкес, В. Очерк развития городов в капиталистическом хозяйстве. —Харьков, 1930.
27. Шибеко, З.В. Минск в конце ХІХ начале ХХ в.: очерк социально-экономического развития. —Минск, 1985.
28. Шыбека, Захар. Гарады Беларусі (60-я гады ХІХ — пачатак ХХ стагоддзяў). —Мінск, 1997.
29. Шыбека, З. Беларускі шлях да гарадской цывілізацыі // Гісторыя, якой няма ў падручніках. —Мінск, 2002.
30. Шыбека, З.В. Мінск сто гадоў таму. —Мінск : Беларусь, 2007.
31. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. —Т. 1—6. —Мінск, 1993—2003.
Лекцыя 2. Камфорт духоўнага плану і распуста
План:
1. Адаптацыя да гарадской цывілізацыі
2. Нацыянальны камфорт
3. Духоўны камфорт
4. Прастытуцыя
5. Падсумаванне
1. Адаптацыя да гарадской цывілізацыі
Кожны народ пераадольвае парог недаверу і нават варожасці да гарадской цывілізацыі. Псіхалагічны бар’ер узнікае ў эпоху індустрыялізацыі. Адарванасць ад вёскі і прыроды прыгнятае людзей. Крызіс тоеснасці (ідэнтычнасці) у першай палове ХІХ ст. перажывала ўся Еўропа. Індустрыялізацыя выклікала спробы гарманізацыі гарадскога асяроддзя шляхам стварэння гарадскіх паркаў, выкарыстання ландшафтнай архітэктуры, выпрацоўкі праектаў тыпу англійскага горада-саду.
Асабліва хваравіта гэты працэс праходзіў у Беларусі. З ХІХ ст. беларуская душа была адарваная ад горада, пачувалася там безабаронна. Тагачасныя беларускія гарады былі ў асноўным населеныя яўрэямі (на ўсходзе тагачаснай Беларусі праходзіла мяжа аселасці) і рускім чынавенствам. Нязвыкласць гарадскога пейзажу, часам далёкага ад нацыянальных традыцый, цеснасць прыводзіла да таго, што беларускі селянін, трапіўшы ў вялікі горад, перажываў сапраўдны стрэс.
Класік беларускай літаратуры Якуб Колас пісаў пра горад:
Колькі шуму, колькі груку!
Я дзіўлюся, як тут жыць,
Па каменням, гэтым бруку
За грахі адны хадзіць.
А яшчэ раней Францішак Багушэвіч бачыў горад нават варожым:
Не люблю я месца…
Надта там цяснота і вялікі сморад,
А паноў — як маку, ды сярод гароду
Апроч таго пропасць рознага народу!
Наш брат як увойдзе, — сам сябе баіцца.
Ці ісці без шапкі, ці гдзе пакланіцца?
Сярэднявечная традыцыя гарадскога жыцця беларускага народа была перарваная напрыканцы ХVIII ст., і з таго часу ён ніколі не адчуваў сябе ў горадзе ўтульна, гаспадаром, мусіў размаўляць там на чужой мове.
Мігрантам з вёскі, што прыязджалі ў горад савецкай Беларусі, даводзілася адаптоўвацца да новага ладу жыцця, новых матэрыяльных і культурных каштоўнасцяў. Паўсюль рускае начальства, руская дакументацыя, справаводства. Беларускі вясковы хлопец імкнуўся, каб яго прызналі за гараджаніна, і намагаўся гаварыць па-руску.
Аналіз сучасных міграцыйных працэсаў паказвае, што і цяпер для значнай часткі насельніцтва працэс адаптацыі да гарадскіх умоваў жыцця праходзіць балюча. Былыя вяскоўцы, адарваныя ад каранёў, звыклага побыту, бываюць часам бездапаможнымі, а часам — агрэсіўнымі. Прыняць гарадскі лад жыцця ім цяжка, у іх іншыя псіхалогія, менталітэт, шкала каштоўнасцяў. Асабліва складаныя праблемы выкарыстання вольнага часу і выбудовы міжасабовых зносінаў. Безабароннасцю гараджанаў вясковага паходжання шмат хто карыстаецца. Горад, перабудаваны захопнікамі, пазбаўлены нацыянальнага духу, выглядае чужым і варожым. Душа, адцятая ад горада, няздольная вытрываць небяспеку.
Стандартызаваны і ў многім безаблічны сучасны беларускі горад мае вострую патрэбу ў нацыянальным каларыце.
Задача адаптацыі былых вяскоўцаў да ўмоў гарадскога жыцця патрабуе звароту гуманітарных навук — гісторыі архітэктуры, этнаграфіі, этнакультуралогіі і этнасацыялогіі — да праблемаў горада. Асаблівай увагі заслугоўвае праблема гарадской ідэнтычнасці і магчымасці перарастання яе ў ідэнтычнасць нацыянальную.
2. Нацыянальны камфорт
Гарады Беларусі застаюцца ў значнай ступені небеларускімі і тым ствараюць для карэнных жыхароў краіны нацыянальны дыскамфорт. Гэта праблема цесна звязана з незавершанасцю нацыятворчых працэсаў. А ці можа горад паскорыць гэты працэс і стаць беларускім? Шмат што ў спецыфіцы сучаснай беларускай сітуацыі тлумачаць асаблівасці гарадской ідэнтычнасці мясцовых гараджан. Каб гэтыя асаблівасці высветліць, звернемся да Фернана Бродэля, вядомага спецыяліста ў галіне еўрапейскай урбаністыкі. На яго думку, фармаванне сучаснага еўрапейскага горада прайшло тры стадыі: 1) адкрыты, або аграрны, горад, 2) закрыты, або горад гандлёвы, самадастатковы і вольны, 3) горад, падпарадкаваны дзяржаве, індустрыяльны, уштукаваны ў нацыянальную дзяржаву. Узніклая на другім этапе трывалая гарадская ідэнтычнасць (усе жыхары Парыжа — парыжане) перарасла на трэцім этапе ў ідэнтычнасць нацыянальную (усе жыхары Францыі — французы). Нацыянальная дзяржава, што падпарадкоўвала горад, сама фармавалася па ўзору вольных гарадоў.
На беларускіх землях таксама існаваў адкрыты горад (ІХ—ХV стст.). Гэта — час гэтак званай Кіеўскай Русі і ранняга перыяду Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Узнік і паўзакрыты горад, вольны, але не да канца, таму што часткова залежыў ад мясцовых феадалаў. Ён існаваў у ХVI—XVIII стагоддзях, на стадыі росквіту ВКЛ (першая палова ХVI ст.) і ў перыяд Рэчы Паспалітай (другая палова ХVI — XVIII стст.). Тады па ўзору адносна вольных гарадоў была створана свабодная шляхецкая дзяржава беларусаў, літоўцаў, палякаў і ўкраінцаў. Тады ж гарадская ідэнтычнасць набыла грамадскую каштоўнасць. Гаражане з гонарам называлі сябе “палачанамі”, “берасцейцамі”, “случанамі”, бо гэты назоў (урбонім) азначаў для іх свабоду ад феадальных парадкаў. Пра важнасць гарадской ідэнтычнасці сведчыць і габрэйская традыцыя выбіраць сабе прозвішча па назве гарадскога паселішча: Мінскі, Пінскі, Капыскі і г.д.
А вось уласна беларуская, нацыянальная дзяржава па ўзору вольных гарадоў узнікнуць не паспела. У выніку раздзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі былі вырваны з еўрапейскага кантэксту і апынуліся ў сферы ўплыву расійскага еўразізму, дзе не існавала эпохі закрытага, вольнага для эксперыментаў горада. Там не горад панаваў над вёскай, а вёска — над горадам. Там не горад мадэляваў дзяржаву, а феадальна-дэспатычная дзяржава стварала па сваім узоры горад.
У выніку жорсткай расійскай дзяржаўнай рэгламентацыі, гарады Беларусі перарабляліся на аўтакратычны лад. Такімі яны застаюцца, у пэўнай меры, і дагэтуль. Таму тут гарадская ідэнтычнасць не перарасла ў нацыянальную. Расійская дзяржава мела вясковае паходжанне. А ўзніклая ў межах Рэчы Паспалітай гарадская ідэнтычнасць аказалася не запатрабаванай, а таму губляла ранейшую важнасць, а разам з тым і трываласць сваёй асновы — гарадскую ментальнасць, якая дэфармавалася, размывалася.
Адбывалася гэта, найперш, у выніку разбурэння самаўладдзем вольнай гарадской абшчыны. Магдэбургскае права гарадоў касавалася. Акрамя таго, носьбіты гарадской ідэнтычнасці і гарадской ментальнасці вынішчаліся ў ходзе вайны 1812 г. і наступных антыцарскіх паўстанняў, а таксама ў выніку перасяленняў у сельскую мясцовасць і ў вядучыя гарадскія цэнтры імперыі. Мясцовыя гарады, перапоўненыя яўрэямі і слаба індустрыялізаваныя, не давалі вялікіх перспектыў для росту нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў.
У пасляваеннай савецкай Беларусі магутны націск урбанізацыі 1960—1970-х гг., з аднаго боку, і традыцыя вёскі і вясковай дзяржавы, з другога, нарадзілі сярод гарадскога насельніцтва маргінальную (вяскова-гарадскую) ментальнасць, якая названа мной недаурбанізаванай ментальнасцю. Яе носьбітамі былі навабранцы горада. Унутраны стан разгубленасці гэтых насельнікаў горада адлюстраваў фальклор.
Ні гарадскі
І не вясковы…
Дык хто ж я ўсётака такі?
— Саветаў доўбень шараговы,
Вясковец сельска-гарадскі.
Маргінальны стан, экзістэнцыя недаурбанізаванасці зацягваецца. Адна з прычын таго — вельмі моцнае ўздзеянне на ментальнасць беларускіх гараджан бальшавіцкай ідэалогіі. Сфармаваўся своеасаблівы тып савецкага гараджаніна БССР: шэры, баязлівы, няўпэўнены ў сваіх сілах, нецярплівы і агрэсіўны да сябе падобных, угодлівы начальству, жорсткі ў сям’і; любіць добра паесці, выпіць, пакурыць, паляжаць на канапе перад тэлевізарам, смачна вылаяцца. Людзьмі з маргінальнай свядомасцю, з недаурбанізаванай ментальнасцю заўсёды лёгка кіраваць.
Безумоўна, у савецкіх гарадах ствараліся ўмовы для самарэалізацыі. Гараджанін меў вольны час для падвышэння адукацыі і кваліфікацыі. Аднак выхадцы з вёскі не так ужо і часта гэтым карысталіся. Той, хто дасягаў поспеху, звычайна імкнуўся перабрацца ў Маскву ці Ленінград. Заставаліся людзі пераважна сярэдніх здольнасцяў. Іх задавальняла становішча правінцыялаў. Беларуская інтэлігенцыя мірылася з роляй падначаленых расійскім спецыяліствам. Рускамоўная эліта замежнага паходжання дэманстравала агрэсіўныя, ваяўніча-зласлівыя адносіны да беларускай мовы. А ў мясцовай інтэлігенцыі не хапала сілы духу абараніць свой нацыянальны гонар.
Другая прычына кансервацыі сялянскай ментальнасці сярод гараджан абумоўліваецца перавагай у Беларусі малых і сярэдніх гарадоў. У іх ступень набліжанасці гарадской ментальнасці да вясковай — намнога большая. Эмпірычныя даследаванні сацыёлагаў сведчаць, што для насельніцтва невялікіх гарадскіх цэнтраў характэрны правінцыялізм, нізкая дэмакратычнасць, невысокія патрабаванні да якасці жыцця і ў той жа час — добразычлівасць, спагада, пачуццё гумару.
Сервілізм, ганарлівасць, зайздрасць і іншыя рысы сялянскай ментальнасці шкодзілі згуртаванасці і кансалідацыі беларускіх гараджан. Таму правясковая (недаурбанізаваная) ментальнасць і не стварала спрыяльных умоў для існавання стабільнай гарадской ідэнтычнасці. Прыдушаная маштабнасцю савецкай дзяржавы і сацыяльнымі эксперыментамі таталітарнага рэжыму, яна была размытай. “Мой адрес — не дом и не улица, / Мой адрес — Советский Союз”, — такія словы адной з папулярных песняў таго часу. Гарады не станавіліся для былых вяскоўцаў малой радзімай. У іх яны працавалі, зімавалі, каб зноў і зноў вяртацца ў родны кут. На лецішчах, у бацькоўскім доме яны як жыхары гарадоў былі не падпарадкаванымі мясцовай уладзе, а таму пачуваліся адносна вольнымі.
Спецыфіка беларускай гарадской ідэнтычнасці шмат у чым тлумачыць абыякавыя адносіны сучасных беларускіх гараджан да грамадска-палітычных рухаў у гарадах, да нацыянальнай культурна-гістарычнай спадчыны, слабую прыстасаванасць да гарадскога жыцця.
Праблема гарадской ідэнтычнасці становіцца надзвычай актуальнай у сувязі з працэсамі фармавання нацыі, якія адбываюцца ў Беларусі. Узнікае пытанне — наколькі рэальна тут узнікненне ўстойлівай нацыянальнай ідэнтычнасці на аснове гарадской ідэнтычнасці па прыкладу Захада? Шмат, калі не ўсё, залежыць ад суадносінаў патэнцыялаў гарадоў і дзяржавы ды ад таго, якія ўзаемаадносіны складуцца паміж гарадамі і дзяржавай.
Спачатку — пра гарады, а потым — пра дзяржаву. Ці зможа беларускі горад нацыянальна крышталізаваць асобу і кансалідаваць нацыю, як гэта зрабіў заходнееўрапейскі горад? Ці зможа ён стаць узорам дэмакратыі, каб і дзяржава па яго прыкладу стала дэмакратычнай? Іншымі словамі, ці зможа ён прайсці той, перарваны царска-бальшавіцкай экспансіяй, шлях ва ўзаемаадносінах з дзяржавай, які прайшлі гарады Захаду? Гэта — не простае пытанне. Тым больш, што той заходні горад, які раней стаяў каля калыскі нацыі і цярпліва вырошчваў нацыянальную ідэнтычнасць, зараз разбурае нацыянальныя традыцыі, становіцца ўсё больш транснацыянальным і транскультурным.
Але ж сучасны беларускі горад — гэта зусім іншая справа. Працэс глабалізацыі закрануў яго яшчэ не так моцна, як гарады Захаду. Ён не можа разбураць нацыянальную ідэнтычнасць, абмінуўшы стваральную фазу. Уласна, няма чаго і разбураць. Аптымізм павялічваецца і той акалічнасцю, што раней дэфармаваная гарадская ідэнтычнасць паступова ўзнаўляецца. Другое і асабліва трэцяе пакаленне гараджан Беларусі ўжо лічыць свой горад малой радзімай, набывае гарадскую ментальнасць, усё больш актыўна ўключаецца ў грамадскае жыццё гарадоў, выяўляе цікавасць да іх гісторыі.
На карысць поспеху сведчыць і досвед заходнееўрапейскіх краін. Кожная еўрапейская нацыя перажыла ў сваім развіцці паласу сацыяльных канфліктаў, выпакутавала сацыяльную талерантнасць і, нарэшце, дасягнула сацыяльна-эканамічнай і духоўна-культурнай кансалідацыі. Вядучую ролю ў тым меў горад, які пастаянна дэманстраваў неабходнасць узаемадапамогі людзей дзеля выжывання.
На прыкладзе развітых краін становіцца ўсё больш відавочным, што дзяржава падпарадкавала горад не надоўга. Экалагічная напружанасць зараз дасягнула высокага ўзроўню. Гэтая праблема закранае найперш гараджан. Дзяржава дэманструе бездапаможнасць. Фінансавыя алігархі, якія жывуць у прыгарадных катэджах і вілах, усё больш ухіляюцца ад праблем горада. Пад іх уплывам палітыка дзяржавы часам набывае негарадскі дыскурс. Не выключана, што ў Еўропе спее чарговая муніцыпальная рэвалюцыя. Сучасны горад, урэшце, выраўніўся ў правах з дзяржавай і нават дыктуе ёй сваю волю. Практычна зараз усё, у тым ліку і дзяржава, служыць гораду.
Новы этап ва ўзаемаадносінах горада і дзяржавы дае шанец беларускай гарадской супольнасці ўплываць на дзяржаву. Але ці захоча вясковая па паходжанні беларуская дзяржава вучыцца ў горада дэмакратызму і цярплівасці, ці скарыстаецца гарадскім рэсурсам у справе фармавання беларускай нацыі?
Цяперашняя беларуская дзяржава слаба спрыяе фармаванню сучаснай палітычна-культурнай нацыі. У Мінску жывуць мінчукі, а ў Беларусі побач з беларусамі — рускія, палякі, яўрэі, украінцы… Сярод іх мала хто лічыць сябе беларусам рускага, польскага, яўрэйскага, украінскага або іншага паходжання. Іх погляды скіраваны ў бок Расіі, Польшчы, Ізраіля, Украіны. Дзяржава наладжвае для іх маніфестацыі нацыянальных культур, фактычна культур замежжа.
Тым не менш, пасля атрымання дзяржаўнай незалежнасці ў Беларусі ідзе даволі спецыфічны працэс разбурэння калгасна-вясковай (савецкай) эрзац-нацыі, якая характарызуецца перавагай савецкай свядомасці над нацыянальнай, і фармавання на яе руінах нацыі гарадской. Гэты працэс ажыццяўляецца ў большай ступені дзякуючы гораду, а не дзяржаве. Горад, ды яшчэ далёкае замежжа, з іх жорсткім эканамічным рацыяналізмам і пэўнай гарантыяй для ўзбагачэння, ачышчае людзей ад савецкай свядомасці нават насуперак волі прасавецкага кіраўніцтва. Беларусы пачынаюць дыстанцыявацца ад іншых нацый, асабліва, калі пабываюць за межамі сваёй краіны. Яны ўсё больш асэнсавана ўзнімаюць прэстыж беларускай культуры і беларускай мовы.
Паўтараецца сітуацыя, што існавала ў царскай Расіі, калі пазбаўлены дзяржаўнасці народ тварыў нацыю стыхійна, самадзейна, называючы сябе “тутэйшым”. У гэтым — адметнасць запозненага працэсу стварэння нацыі ў Беларусі, яго нетыповасць для Еўропы. Другая асаблівасць заключаецца ў тым, што гэты працэс адбываецца не на аснове сялян, а на аснове гараджан. Вясковы рэсурс вычарпаўся, а рэсурс горада аказаўся не менш прыдатным. Гарадская ідэнтычнасць у прынцыпе ахоплівае гарадское насельніцтва Беларусі, не залежна ад этнічна-нацыянальнай прыналежнасці.
У выніку становіцца магчымай новая мадэль палітычнай нацыі не імперскага, а муніцыпальнага ўзору з моцным беларускім этнакультурным кампанентам. Асноўным духоўным рэсурсам для пабудовы такой нацыі паслужыць этнічная свядомасць беларусаў і гарадская ідэнтычнасць прадстаўнікоў іншых этнічных груп. Для паспяховага ажыццяўлення такога праекта найбольш падыходзіць дэмакратычная дзяржава еўрапейскага ўзору. Створаная па лекалу вольнага горада, такая дзяржава, як вядома, паспяхова забяспечвала перарастанне гарадской ідэнтычнасці ў нацыянальную.
Але ці магчыма дэмакратызацыя і нацыяналізацыя сучаснай беларускай дзяржавы з яе рудаментамі савецкага палітычнага ладу? Калі ўлічваць сучасныя тэндэнцыі грамадскага развіцця, то становіцца зусім відавочным, што час безадказных эксперыментаў дзяржаўцаў-дыктатараў канчаецца. Грамадскі лад, грамадскія адносіны падпадаюць пад магутнае ўздзеянне гарадскіх цэнтраў, гарадской грамадскасці. Не столькі дзяржава, колькі горад прадвызначае структурызацыю грамадства і грамадскі лад.
Аўтарытарная беларуская дзяржава аказваецца не ў стане стрымліваць працэсы ўзнаўлення сітуацыі эканамічнай і палітычнай мэтазгоднасці. Акрамя таго, неабходна ўлічваць і тое, што беларусы маюць ліберальную мадэль ментальнасці. Ужо ў 2007 г. 80% беларускіх гараджан бачылі сябе еўрапейцамі. Іншымі словамі, яны дэманстравалі гатоўнасць прыняць еўрапейскія каштоўнасці. Дзяржава мусіць усведамляць прыярытэтную значнасць вырашэння нацыянальна-культурных і нацыянальна-сацыяльных пытанняў найперш у гарадах. Хоць не выключана, што ў Беларусі спачатку нацыянальным стане горад і толькі потым — дзяржава.
Можна меркаваць, што працэс будаўніцтва беларускай нацыі і беларускай нацыянальнай дзяржавы зможа завяршыцца пасля ўстанаўлення ў Рэспубліцы Беларусь паўнавартасных рыначных адносінаў. Бо нацыянальная свядомасць становіцца пануючай ва ўмовах рынкавай эканомікі, а нацыянальную дзяржаву ствараюць суб’екты рынкавай эканомікі. Менавіта так і было ў Заходняй Еўропе ў ХІХ ст.
Ва ўсякім разе, жыхары беларускіх гарадоў будуць пачувацца сапраўды камфортна, калі стануць беларусамі і будуць жыць у нацыянальных гарадах ды ў нацыянальнай дзяржаве. Гэта — галоўнае для духоўнага камфорту гараджан Беларусі.
3. Духоўны камфорт
Не магчымая гарманізацыя гарадскога жыцця і без уліку фактараў культурнасці, адукаванасці, духоўнасці, дабрачыннасці. Цяпер гараджанаў хвалююць не толькі праблемы дабрабыту, экалогіі і злачыннасці — іх прыгнятае духоўны дыскамфорт.
Асабліва актуальным у горадзе становіцца дасягненне гармоніі грамадскага і індывідуальнага жыцця. Сярэднявечны горад дазваляў схавацца ад вуліцы. З павелічэннем шчыльнасці забудовы і пашырэннем шматпавярховак давялося жыць праблемамі суседзяў, праблемамі вуліцы. Пазней, асабліва ў пасляваенны час, публічнасць у заходнееўрапейскіх гарадах адступала на задні план. Назіраліся індывідуалізацыя гарадскога побыту, рост камфортнасці гарадскога памяшкання. Заможныя гараджане пачалі ўцякаць ад шумнага горада ў прыгарадныя катэджы.
У савецкай дзяржаве, наадварот, пастаянна нарасталі гегеманізм публічнасці і абыякавасць да асабістага жыцця людзей. Жыццё гараджанаў выносілася на плошчы, як вяскоўцаў — на вуліцу. Насаджалася казармшчына. У 1937 г. у Мінску практыкаваліся паходы ў адгазніках. Усур’ёз ішла падрыхтоўка да пераходу ў адгазніках па маршрутах Мінск — Барысаў (жанчыны) і Мінск — Смаленск — Ленінград — Масква (мужчыны).
Раскоша грамадскіх будынкаў кантраставала з убогасцю “камуналак” і “хрушчовак”. Гіганцкія плошчы мемарыяльнага прызначэння выкарыстоўваліся пераважна для парадаў і дэманстрацый, а ў астатні час пуставалі, у лепшым выпадку служылі стаянкай для аўтамашынаў, але ва ўсякім разе ў гарадскі бюджэт не прыносілі істотнага прыбытку. Тут не віравалі, як было натуральна ў даўніну, кірмашы, не мелася, як прынята паўсюль у Еўропе, крамаў. Савецкія гарадскія плошчы застаўляліся помнікамі-сімваламі і дзяржаўнымі ўстановамі, нібыта ў чаканні чарговых афіцыйных урачыстасцяў.
У такіх умовах савецкія гараджане напрактыкаваліся жыць па-за сістэмай. Паводле сацыялагічных апытанняў 1986 г., каля 20% гараджанаў не ўдзельнічалі ў грамадскай рабоце, бо не жадалі. Прыкладна чвэрць апытаных патаемна адзначалі рэлігійныя святы. У малых гарадах гэтыя паказнікі былі яшчэ большыя — да 50%.
Сёння кірмашы для зручнасці пакупнікоў выносяць за горад, да прыкладу з Мінска ў Ждановічы. Крамы хаваюць пад зямлю, каб было зручней праехаць аўтамабілям. Горад становіцца халодным і няўтульным.
Цяпер, калі адраджаецца прыватная ўласнасць, праблема суаднясення агульнагарадскіх і асабістых інтарэсаў насельнікаў абвастраецца. Канцэпцыя гарманізацыі гэтых інтарэсаў, выпрацаваная ў Заходняй Еўропе ў першай палове ХХ ст., прадугледжвае ўдзел дзяржавы ў пераўтварэннях гарадскога арганізма і недапушчэнне гульні прыватных зацікаўленасцяў. Паводле яе, улады дзейнічалі без нанясення якой-небудзь шкоды матэрыяльным інтарэсам асобных уласнікаў, а дзяржаўныя і прыватныя ініцыятывы ў гарадскіх справах ураўнаважваліся.
Для гараджанаў заўсёды было актуальным захаваць пераемнасць новага горада са старым. Ужо Дантэ аплакваў горад “за старымі мурамі” і кляйміў паўсталы, дзе “новыя людзі і лёгкія прыбыткі”. Гарадская тэрыторыя пастаянна забудоўвалася ці перабудоўвалася. У сувязі з тым узнікалі праблемы рэканструкцыі тэрыторый, пераходу на больш высокі ўзровень урбанізаванасці. Асабліва вострай падавалася праблема рэканструкцыі цэнтра. Цэны на зямлю раслі. Вытворчыя структуры выносіліся на перыферыю ці за горад. Фірмы вялі наступ на гістарычную забудову, ператвараючы яе ў офісы. Праўда, заходнееўрапейцы ўжо к сярэдзіне ХІХ ст. у асноўным пераадолелі хваробу вынішчэння старога. У ЗША тое адбылося пазней. Так, рэзкае ўзмацненне ролі цэнтральных кварталаў Нью-Ёрка ў другой палове ХІХ ст. стымулявала знос сярэднепавярховых будынкаў (у тым ліку і зусім новых) і замену іх хмарачосамі.
Гісторыя паказала, што вартасць даіндустрыяльных гарадскіх аб’ектаў намнога вышэйшая за вартасць больш новых збудаванняў. У пасляваенны час усталявалася правіла: замест прывядзення гістарычнага цэнтра да сучаснага выгляду горада, як гэта было ў ХІХ ст., неабходна мадэрнізаваць пазнейшую забудову, змяняць яе структуру, каб яе кантраст са старой не так кідаўся ў вочы. З 1972 г. такога прынцыпу трымаецца ў сваёй палітыцы Рада Еўропы. Асабліва вялікая заслуга ў захаванні старых гарадоў належыць Італіі. У 1970—1980-я гг. у рэстаўрацыі зацвердзіліся новыя падыходы. Па-першае, гістарычны цэнтр разглядаецца як адзіны арганізм, які падлягае ахове і комплекснай рэстаўрацыі. Па-другое, звяртаецца ўвага на спецыфіку старых аб’ектаў: яны не ёсць музейнымі рэчамі, а ствараюць паўсядзённую жыццёвую прастору. Па-трэцяе, падкрэсліваецца вялікая духоўная вартасць старых гарадскіх кварталаў. У іх захоўваецца тое, чаго няма ў сучасным горадзе, — гармонія жыцця гараджанаў з навакольнай архітэктурай, паяднанне чалавека і яго асяроддзя.
Са старымі гарадамі цесна звязаныя гістарычныя традыцыі народаў. Людзі пачуваюцца больш камфортна і ўпэўнена, калі маюць за спінай даўнюю гісторыю, сведкамі якой выступаюць старыя муры гарадоў. Праблема палягае не толькі ў захаванні, але і ў выкарыстанні старой забудовы на карысць грамадства. Пытанне захавання і выкарыстання гістарычнай спадчыны тычыцца ўсяго свету. Патрабуецца шмат намаганняў, каб зберагчы створаны гісторыяй разнастайны характар горада — жывога арганізма, працягу чалавека. Каб захаваць нежывыя прадметы, дастаткова іх закансерваваць і знайсці месца ў музеі, а каб захаваць жывы арганізм старога горада, неабходныя гарманізацыя інтарэсаў і прыняцце ўзважаных рашэнняў. Майстэрства горадабудаўнікоў палягае ў тым, каб напоўніць старыя мяхі новым віном.
У Беларусі разбурэнне старых камяніц, перабудова касцёлаў пад цэрквы пачалася пасля ўстанаўлення тут царскай улады і працягваецца дасюль. У выніку амаль усе беларускія гарады не захавалі архітэктурнай пераемнасці, зрабіліся проста савецкімі. Мы страцілі вобраз старых горадоў, тое, што выклікае пачуцці адвечнасці і гонару за сваю Айчыну. Рэстаўрацыя, як паказвае прыклад Мінска, падмяняецца рэканструкцыяй, што практычна раўназначнае руйнаванню. Усё гэта стварае дыскамфорт. Толькі адчуваючы прыналежнасць да гістарычнай спадчыны, сучасны гараджанін будзе пачувацца духоўна камфортна.
Аднак трэба захоўваць і адраджаць не толькі старую забудову, але і даўнія традыцыі культуры і духоўнасці. І гарадскія кварталы таксама служаць умяшчальняй духу нацыі.
Раней вялікае месца ў жыцці гараджанаў займала рэлігія. Адзначалі рэлігійныя святы, пасціліся. У кожным доме меліся абразы і іншыя культавыя рэчы. Гарадское паветра поўнілася царкоўным звонам. На вялікія святы ў храмы прыходзілі ўсе вернікі, ладзіліся народныя гулянні. Адбываліся ўрачыстыя хросныя хады. Свае ўчынкі чалавек узгадняў з рэлігійнай мараллю. Малітва ўзнаўляла духоўную раўнавагу. Таму вынішчэнне рэлігіі было адным з самых вялікіх злачынстваў бальшавікоў. Атэізм, праўда, нарастаў і па меры поспехаў індустрыялізацыі. Сучасны гараджанін імкнецца свае праблемы развязаць самастойна, не шукаючы спагады ні ў кога. Жыццё вез веры, без Бога, без Царквы збядняе духоўны свет чалавека.
Неад’емная частка гарадскога асяроддзя — могілкі. З імі таксама звязаны духоўны камфорт гараджанаў. Па меры пашырэння гарадской тэрыторыі месцы пахаванняў трапляюць у забудову. Складваецца ўражанне, што гарады растуць на могілках. Маральны абавязак жыхароў кожнага старадаўняга горада — шанаваць памяць памерлых. Усе мясціны былых могілак павінны быць пазначаныя нейкімі мемарыяльнымі сімваламі. “Мёртвы горад”, што капіюе і планіроўку, і архітэктуру жывога горада, захоўвае адметную атмасферу, якая не можа не ўплываць на людзей. І гэта трэба ўлічваць.
Урбанізацыя вядзе да ўсё большай адасобленасці і адзіноты чалавека праз разрыў сувязяў з традыцыйнай грамадою і немагчымасцю захаваць яе ў горадзе. Індустрыяльны горад пераплаўляе людзей у безасабовую масу. Гарадскім ладам жыцця спароджаныя такія негатыўныя псіхалагічныя з’явы, як “сум новых гарадоў і мікрараёнаў“, “неўроз вялікага горада”, “гарадскі стрэс”, адчужанасць, апатыя, “транспартная стомленасць”, “феномен чаргі”, “гукавае ап’яненне” (патрэбнасць у гарадскім шуме) і інш. Пачуцці самотнасці і бездапаможнасці чалавека ў вялікім горадзе ствараюць спрыяльныя ўмовы для алкагалізму, наркаманіі, самазабойства.
Афіцыйна зарэгістраваных наркаманаў у сучаснай Беларусі каля 10,5 тысяч, і іх колькасць штогод павялічваецца ў сярэднім на 800 чалавек. Паводле дадзеных за 2007 г., наша краіна займае трэцяе месца ў свеце па колькасці фактаў суіцыду (пасля Літвы і Расіі). Сярод прычынаў самазабойствў пераважаюць праблемы ў асабістым і сацыяльным жыцці. Пра маштабы п’янства красамоўна сведчыць штодзённая практыка гарадскога жыцця. Спажыванне алкагалю перавышае 11 літраў на кожнага жыхара Беларусі пры максімальнай норме 8 літраў, штогод ад алкагалізму памірае каля 10 тысяч чалавек.
У вялікіх гарадах абвастраецца дыскамфорт у выніку наплыву мігрантаў. Гэтая з’ява неадназначная. Усім вядомы ўклад рускіх мігрантаў у развіццё французскай культуры, асабліва пасля рэвалюцыі 1917 г. Аднак ёсць і адмоўныя прыклады. У гарадах Прыбалтыкі за савецкім часам будавалася шмат прадпрыемстваў, і сюды з’язджаліся мігранты-рабочыя, былыя вяскоўцы, з усіх куткоў СССР. Яны не прымалі мясцовай культуры і нават зніжалі агульны культурны ўзровень гарадскога насельніцтва Эстоніі, Латвіі, Літвы. Таму пасля распаду Савецкага Саюза патрабаваліся вялікая воля кіраўніцтва гэтых краінаў і патрыятызм мясцовага насельніцтва, каб зберагчы нацыянальную культуру, мову, традыцыю.
Цяпер у гарадах Заходняй Еўропы пражывае шмат прыезжых з былых калоній. Хоць усе яны абавязкова прымаюць мову краіны, а часам і яе культуру, аднак у большасці трымаюцца адасоблена. Прагназуецца, што ў брытанскіх гарадах Лутоне, Бірмінгеме, Істэры ў бліжэйшыя 30 гадоў белае насельніцтва застанецца ў меншасці, менее колькасць белых і ў Лондане. З цягам часу ўзнікне неабходнасць у імпартнай рабочай сіле і ў беларускіх буйных гарадах.
У гарадскім жыцці важна кантактаваць з суседзямі, праяўляць да іх звычайную спагадлівасць, дапамагаць і разлічваць на дапамогу ў выпадку патрэбы. Амерыканцы маюць добры спосаб пераадольвання ананімнасці чалавека ў вялікім горадзе — кандамініум. Ім можа быць уласнасць кааператыва, суполкі ці таварыства жыхароў гарадскога шматкватэрнага дома: крама, цырульня, бібліятэка, басейн, малая кіназала, рэстаранчык ці кавярня толькі для ўдзельнікаў аб’яднання. Ствараецца своеасаблівая местачковая ці вясковая абшчына сярод гарадской стыхіі.
4. Прастытуцыя
Публічная прастытуцыя ўзнікла ў гарадах, дзе існаваў попыт і большая магчымасць схаваць грахі. Лічыцца, што першы публічны дом і падатак на прастытутак увёў у гарадах Старажытнай Грэцыі яе правіцель Салон у VI ст. да н.э.
На Беларусі прастытуцыя, відаць, мела месца ў гарадскіх цэнтрах старажытнабеларускіх княстваў, куды сцякаліся княжацкія дружыны. У гарадах ВКЛ продаж жаночага цела ўзнік у значнай ступені пад уплывам Захаду і ў сувязі са з’яўленнем у вялікакняжацкім войску заходнееўрапейскіх наёмнікаў. “Салдацкія дзеўкі” бралі ўдзел у вайсковых паходах, а адначасова даглядалі параненых. Пашырэнне прастытуцыі адбылося ў XVI ст. Дзейнічалі публічныя дамы. Часам магістраты наладжвалі аблавы на прастытутак, білі іх бізунамі, пасылалі на грамадскія працы. Аднак законам прастытуцыя не забаранялася. Недаступныя прыгажуні абвяшчаліся вядзьмаркамі, але на вогнішчы іх не палілі, як на Захадзе (можа, таму Беларусь і цяпер вылучаецца вялікай колькасцю прыгожых жанчын?). У еўрапейскіх краінах прастытуцыя спрадвеку не забаранялася, але ў XVIII ст. публічных кабет бралі на ўлік і пад нагляд паліцыі. Каралася толькі зводніцтва.
У Расіі склалася парадаксальная сітуацыя. Прастытуцыя забаранялася законам, а фактычна была поўнасцю легалізаваная. Пасля далучэння да Расійскай імперыі многія распусніцы-беларускі трапілі ў Іркуцк на прымусовыя працы на фабрыках. Пры Паўлу І і Аляксандру І прастытутак пераследавалі па ўсёй імперыі. Гэта прывяло да росту тайнай прастытуцыі і эпідэміі сіфілісу. Мікалай І палічыў за лепшае легалізаваць прастытуцыю. З 1843 г. такія жанчыны падлягалі ўліку і медычна-паліцэйскаму нагляду. Відаць, дваранская годнасць не дазваляла кіраўніцтву Расіі ўзаконіць гандаль жаночым целам.
Расійскі ўрад выпрацаваў правілы нагляду за прастытуткамі і ўсклаў гэты абавязак на гарадскую паліцыю і гарадское самакіраванне. Тыя, што здавалі кватэры пад гэтую справу без дазволу паліцыі, абкладаліся штрафам. Аднак поўнасцю кантраляваць сітуацыю не ўдавалася. Прыемны “промысел” падзяляўся на легальны і тайны. Легальна дзейнічалі публічныя дамы і дамы спатканняў. Адкрыта займаліся сваім рамяством і прастытуткі-адзіночкі, якія стаялі на ўліку і мелі санітарную кніжку. Большасць жа гандляроў жаночым целам (сутэнёраў) і прастытутак-адзіночак працавалі патаемна. Таксама існавалі тайныя прытоны.
Кожны горад меў уласную спецыфіку: свае правілы нагляду, свае нормы і традыцыі. У 1891 г. Мінская гарадская дума прыняла “Абавязковую пастанову аб санітарным наглядзе за прастытуцыяй”. Тады ж пры гарадской управе пачаў працаваць гарадскі санітарны камітэт, дзейнасць якога звялася да нагляду за прастытуткамі. У 1898 г. пры санітарным камітэце адкрылася гарадская бальніца для прастытутак на 27 месцаў. Дасюль прастытуткі лячыліся ў сіфілістычных аддзяленнях губернскай (12 ложкаў) і яўрэйскай (8 ложкаў) бальніц.
Гарадское кіраўніцтва патрабавала, каб вокны дамоў распусты былі шчыльна завешаныя фіранкамі, а нанач зачыняліся аканіцамі. Публічныя дамы дазвалялася размяшчаць толькі на гарадскіх ускраінах, у строга вызначаным месцы. Гэта рабілася па даўняй традыцыі, яшчэ з часоў Антычнай Грэцыі. Правілы патрабавалі закрываць бардэлі ў нядзелю, на святы і ў дні посту, але на самай справе яны працавалі без выходных. Публічныя дамы мелі пэўныя прыкметы. Звычайна гэта былі аднапавярховыя драўляныя будынкі на 4—10 пакояў для 3—9 прастытутак. Адзін пакой пакідаўся для гаспадыні са служанкамі. Часта над уваходам запальвалі чырвоныя ліхтары.
Мінская вуліца, аблюбаваная ўладальніцамі публічных дамоў, атрымала недвухсэнсоўную назву — Вясёлая. Гэтыя дамы ціснуліся ля салдацкіх казармаў у Кашарах і Вясёлага маста праз Свіслач. Ляхаўская вуліца не была перайменаваная ў 1899 г. у Пушкінскую толькі праз тое, што на ёй знаходзіліся дамы распусты (цяпер прырэчны раён вуліц Кірава і Чырвонаармейскай). Але ў 1901 г. у сувязі з засяленнем Ляхаўкі заможнымі гараджанамі хрысціянскіх веравызнанняў публічныя дамы былі перанесеныя ў раён паміж Замчышчам, Татарскімі гародамі і вуліцай Нова-Чырвонай (цяпер раён Палаца спорту, гатэля “Юбілейны” і вуліцы Максіма Танка). Назва вуліцы Нова-Чырвонай, відаць, звязвалася з новымі жыхарамі пад чырвонымі ліхтарамі. Мясцовасць была нізінная, на вуліцах і ўлетку не перасыхаў бруд, але ахвотнікаў да вясёлых прыгодаў тое не спыняла. Побач з новым раёнам засялення, на правым беразе Свіслачы, каля Мала-Татарскай вуліцы з 1864 г. размяшчаліся салдацкія казармы.
У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. прытонамі ў цёплы час года служыла кустоўе Губернатарскага саду (цяпер парк імя М. Горкага) і Аляксандраўскага скверу (цяпер Цэнтральны) і закінутыя яўрэйскія могілкі на Магазіннай вуліцы (цяпер стадыён “Дынама”), а ў халадэчу — кватэры дворнікаў, дзе тулілася хатняя прыслуга, калі страчвала месца, а таксама піўныя і чайныя з жаночай прыслугай, пральні.
Тайныя прытоны наведвалі пераважна ніжнія чыны. Больш заможныя кліенты маглі знайсці ўцеху сярод харыстак, дзяўчат з кафэ-шантанаў, масажыстак. Распуста квітнела ў гатэлях, мэбляваных пакоях, у рэстаранах і кандытарскіх, лазнях. Практыкавалася здача пакояў для маладых мужчынаў. “Біржай” для прастытутак служыла Захар’еўская вуліца паміж Губернатарскай і Багадзельнай (Леніна і Камсамольскай), а таксама Аляксандраўскі сквер і трэк у Губернатарскім садзе. Урэшце, сутэнёрам было дзе разгарнуцца. У 1911 г. у Мінску дзейнічалі 32 гатэлі, 80 мэбляваных пакояў, пастаялых і заезных дамоў, 9 масажных кабінетаў. На ўзор Санкт-Пецярбурга ў Мінску адкрыўся рэстаран “Акварыум” з асобнымі кватэрамі для артыстак, якія выступалі перад наведнікамі. Спявачак можна было запрасіць у спецыяльныя ложы і кабіны. З 1910 г. нагляд за тайнай прастытуцыяй у Мінску зусім прыпыніўся. Паліцыя прызнала сваю бездапаможнасць. Распуста ахапіла ўсю сферу паслуг горада. У гады Першай сусветнай вайны прыфрантавы Мінск ператварыўся ў прыстанак прастытутак з усёй Расіі. З другой паловы дня ў горадзе пачыналася шаленства. Прастытуткі і іх асноўныя прыхільнікі — вайскоўцы — віравалі на кожным кроку: на вуліцах, у рэстаранах, кавярнях, кінематографе, у садах і скверах. Асяродкам распусты стаў адчынены ў 1914 г. “Сад Рэнесанс” і размешчаны ў ім тэатр “Вар’етэ” (раён цырка).
Паводле звестак мінскага санітарнага камітэта, у 1909 г. пад наглядам паліцыі знаходзілася 12 публічных дамоў, 8 тайных прытонаў, ці дамоў спатканняў, а таксама 5 кватэраў для адзіночак — усяго 25 “устаноў”. У дамах распусты ўтрымліваліся 260 жанчын, прастытутак-адзіночак пад наглядам паліцыі было 129, а пад падазрэнне ў тайнай прастытуцыі трапілі 146 жанчын — усяго 535. Фактычна ж, на думку мінскіх лекараў, іх колькасць перавышала 2 тысячы, што складала 2% гарадскога насельніцтва. Для параўнання, у 1890 г. у Мінску налічвалася не менш за 300 прастытутак, або каля 0,5% усіх жыхароў горада.
Прастытуцыя не ёсць такім ужо бяскрыўдным заняткам. Ёй спадарожнічаюць венерычныя захворванні. Усе меры па кантролі за прастытуцыяй былі абумоўленыя якраз страхам перад гэтай хваробай. З 1890-х гг. мінскія прастытуткі двойчы на тыдзень праходзілі праверку. Ажыццяўлялася бясплатнае лячэнне ўсіх хворых на сіфіліс. Аднак не ўсе з’яўляліся на даследаванні і лячыліся. У 1909 г. з 260 жанчын публічных дамоў на працягу года выявілі 134 інфікаваных, сярод адзіночак такімі былі ўсе, з 146 тайных — 30. Хворых накіроўвалі ў бальніцу. Колькі лячылася ў фельдшараў і знахарак, ніхто не ведае. Мінскія дактары сведчылі, што на сіфіліс пакутавалі 40% прастытутак, а на бленарэю (трыпер) — не менш як 97%. У гарадах Расіі хворыя на сіфіліс сярод прастытутак складалі 35—40%. У Мінску паказнік захворванняў быў адзін з найвышэйшых у імперыі. На працягу 1908—1913 гг. штогод тут фіксавалася прыкладна па 4 тысячы венерычных захворванняў. Гэта быў час, калі дабрабыт мінчукоў заўважна паляпшаўся.
У адпаведнасці з велічынёй “ганарараў” мінскія прастытуткі падзяляліся на тры катэгорыі. На пачатку ХХ ст. купецкая прастытутка атрымоўвала ад 3 рублёў і болей, мяшчанская — 1 рубель і болей, салдацкая — 30 капеек, і ёй неабходна было абслужыць трох мужчыноў, каб выйсці на ўзровень дзённага заробка чорнарабочага. Прастытуткі падаткаў не плацілі, бо прыраўноўваліся, так бы мовіць, да наёмных рабочых, хоць часам і высокааплачваных. Ім даводзілася адкупляцца толькі ад паліцэйскіх. Гаспадары дамоў распусты плацілі гарадскі падатак у абавязковым парадку. Гэтыя грошы побач з іншымі сродкамі горада ішлі на ўлік і лячэнне жанчын лёгкіх паводзінаў.
“Матылькі” знаходзіліся на вуліцы да гадзіны ночы (больш не дазвалялася). Пры паступленні ў публічны дом замест пашпарта жанчыны атрымоўвалі санітарную кніжку. Вярнуцца назад яны маглі толькі тады, калі іх забіралі бацькі, калі выходзілі замуж і калі адпрацавалі тры гады ў абшчынах сясцёр міласэрнасці. Але такіх выпадкаў было мала, звычайна дзяўчаты траплялі ў сексуальнае рабства да таго часу, пакуль маглі абслугоўваць кліентаў. З 1901 г. урадавы цыркуляр устанавіў для жанчын публічных дамоў мінімальны ўзрост — 21 год. Пашыраная думка, што прычынай прастытуцыі была нястача, не заўсёды пацвярджаецца. Паводле некаторых звестак, у Расіі ў 1910 г. праз галечу прастытуткамі сталі толькі 10% ад іх агульнай улічанай колькасці. Звычайна рэкрутаваліся дзяўчаты з няўдалых у маральным плане сем’яў ва ўзросце 16—17 гадоў. Часам бедныя бацькі самі падштурхоўвалі сваіх дачок да такога “промыслу”.
Белашвейкі, мадысткі, служачыя кандытарскіх, увогуле жанчыны са сферы паслуг зацягваліся ў павуцінне тайнай прастытуцыі і працавалі “па сумяшчальніцтве”. Лічылася, што кожную з іх можна выкарыстаць, купіць, — такі быў узровень маральнасці мужчынаў. Набожнасць не перашкаджала ці, мажліва, слабела ва ўмовах навукова-тэхнічнага прагрэсу.
Траплялі на ўлік паліцыі і малалетнія. Мінскія лекары сарамліва прызнавалі неабходнасць выдачы білетаў на прастытуцыю дзецям. 10—14-гадовымі падлеткамі гандлявалі цёткі-камісіянеркі. У 1895 г. у гарадскі радзільны прытулак трапіла рожаніца ва ўзросце 15 гадоў. Дзіцячая прастытуцыя сустракалася ў прытулках міласэрнасці, у рамесных майстэрнях, сярод беспрытульных. Да таго ж дочкі пераймалі занятак маці.
Прастытуцыя абвастрыла праблему незаконнанароджаных. Пра гэта сведчыць той факт, што роды незамужніх жанчын сталі ў Мінску звычайнай справай. За першую палову 1895 г. сярод рожаніц гарадскога радзільнага прытулка каля дзвюх трацінаў складалі незамужнія. У 1905 г. у бясплатным радзільным прытулку Расійскага таварыства абароны жанчын палова рожаніц была не замужам.
На пачатку ХХ ст. колькасць нараджэння пазашлюбных дзяцей паменшылася. Гэта было звязана з пашырэннем абортаў і выкарыстаннем прэзерватываў, якія вольна прадаваліся ў любой аптэцы горада. Грамадства негатыўна ставілася да такіх родаў, таму жанчыны стараліся пазбавіцца ад нежаданых дзяцей. У 1899 г. траціна мінскіх мацярок пакідала немаўлятак.
Адукаванае грамадства зусім не ўхваляла прастытуцыю. Выкладчыкі мінскіх школаў скардзіліся, што ва ўсіх табачных крамах адкрыта выстаўляліся і прадаваліся парнаграфічныя паштоўкі, а на вітрынах у кнігарнях пераважалі выданні па полавых пытаннях. Усё гэта, на іх думку, мела дрэнны ўплыў на моладзь. На пачатку ХХ ст. у аптэках свабодна прадавалі сродкі накшталт сучаснай віягры. Грамадскае і царкоўнае асуджэнне было адной з прычынаў распаўсюджанасці тайнай прастытуцыі. Жанчыны хавалі свой занятак, выходзілі на панэль позна ўвечары, калі горад засынаў. Вялікім сорамам лічыўся і сіфіліс. Прастытуцыя кідала цень на прыстойных мінчанак. Мужчына мог кінуць абразлівыя словы на адрас жанчын нават тады, калі яна таго не заслугоўвала, альбо абвінаваціць у заражэнні сіфілісам, і ў апошнім выпадку паліцыя гвалтам цягнула яе на зневажальны агляд да лекара. Грамадства адначасова адгароджвалася ад распусты і спараджала яе.
Мінск уваходзіў у лік распусных гарадоў. Ён размяшчаўся ў цэнтры беларускіх земляў, на перакрыжаванні дзвюх чыгуначных магістраляў. Распуста ішла з Расіі. У Мінску канцэнтраваліся вялікія расійскія вайсковыя сілы. Штат губернскай адміністрацыі і ўпраўлення Лібава-Роменскай чыгункі запаўняўся пераважна расійскімі чыноўнікамі. На новыя прамысловыя прадпрыемствы запрашалі маладых спецыялістаў з прамысловых цэнтраў Расіі. Гандлёва-прамысловы Мінск даваў працу вясковай і местачковай моладзі. Па складзе насельніцтва горад быў малады, вылучаўся вялікай канцэнтрацыяй нежанатых мужчынаў. Існаваў попыт. Карэнных мінчанак не ставала. Колькасць прастытутак узрастала за кошт вясковых дзяўчат, але не так хутка, як у расійскіх гарадах. Заязджалі і “гастралёршы” з іншых гарадскіх цэнтраў. Аналагічная сітуацыя была характэрная і для ўсіх губернскіх гарадоў Беларусі.
Легальная прастытуцыя больш карысная дзяржаве і цывілізаванаму бізнесу, чым грамадству. Яна, як і ўжыванне алкаголю, служыць пэўным сацыяльным амартызатарам: адцягвае моладзь ад грамадскіх справаў. Царызм выбраў найбольш прыдатны для сябе варыянт. У мілітарнай дзяржаве не магло быць іначай. Прастытуцыя выступала своеасаблівым тылавым забеспячэннем шматтысячнага расійскага войска — невыпадкова яе легалізаваў цар-салдафон Мікалай І.
У 1917—1920 гг. публічныя дамы яшчэ існавалі. Мінскія прастытуткі абслугоўвалі папераменна то расійскіх бальшавікоў, то немцаў, то палякаў. Толькі 9 жніўня 1920 г. дзейнасць дамоў распусты ў Мінску была забароненая Ваенрэўкамам БССР. Прастытуткі трапілі ў падполле. Аднак іх лёс яшчэ доўга турбаваў грамадскасць. Першы фільм, зняты ў Беларусі ў 1926 г., меў назву “Прастытутка, прыбітая жыццём”, праўда, ён так і не выйшаў на экраны.
Дагэтуль працягваюцца спрэчкі: што лепей — легалізацыя ці забарона прастытуцыі. Калі існуюць рынкавыя адносіны, то павінен працаваць і прынцып: усё прадаецца і ўсё купляецца. Прадаюцца часткі чалавечага арганізма. Гітлераўцы ператваралі чалавека ў сыравіну для прамысловасці. Цела прастытуткі не прадаецца, а здаецца, так бы мовіць, на пракат, у часовае карыстанне — прадаецца ўцеха. Рынак патрабуе легалізацыі прастытуцыі. З пункту гледжання эканомікі ўсё вельмі лагічна, а з боку маралі выглядае вельмі праблематычна. Легалізацыя прастытуцыі дэвальвуе жаночую годнасць, узмацняе разбэшчанасць грамадства, разбурае сям’ю. Як паказвае гістарычны досвед, вольная прастытуцыя не выключае тайную, а значыць, і некантраляваную крыніцу распаўсюджвання венерычных захворванняў.
Цяпер у Беларусі прастытуцыя знаходзіцца па-за законам. Старажытная прафесія існуе патаемна. Можна забараняць ці не забараняць, а яна ўсё адно застаецца невынішчальнай, як і любы іншы недахоп чалавецтва.
5. Падсумаванне
Праблемы гарадскога жыцця можна пералічаць далей, але і акрэсленыя тут дазваляюць зразумець, чаму беларускі народ так і не стварыў сваёй гарадской утопіі, не рэалізаваў нацыянальнага праекта ідэальнага горада, горада-сонца. Галоўны праспект сталіцы — гэта толькі фрагмент няздзейсненай савецкай гарадской утопіі, накінутай звонку. Мара Арыстоцеля, Кампанэлы, Фенелона пра стварэнне гарманічнага гарадскога асяроддзя, дзе чалавек мог бы задаволіць усе свае матэрыяльныя і духоўныя патрэбы, застаецца актуальнай.
Узнятая ў гэтай лекцыі тэма — надзвычай шматгранная. Тут пададзеныя толькі невялічкія яе абразкі. Але рэпрезентаваны матэрыял адкрывае шырокі прастор для дыскусій.
Спіс літаратуры
1. Бриггс, А., Клейвин, П. Европа в Новое время, 1789—1980. —М., 2006.
2. Браткоўскі, Стэфан. Некалькі спосабаў дасягнуць немажлівага. —Менск, 2002.
3. Бродель, Фернан: Материальная цививлизация, экономика и капитализм, ХV—VIII вв. Т. І. Структуры повседневности: возможное и невозможное. — 2 изд. —Москва 2006.
4. Benevolo, Leonardo. Miasto w dzieach Europy. —Warszawa, 1995.
5. Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. —Т. 1—6. —Мінск, 2004 (выданне не завершана).
6. Грамадскі быт і культура гарадскога насельніцтва Беларусі. —Мінск, 1990.
7. О’Салливан. Экономика города. — 4-е изд. —М., 2002.
8. Городская цивилизация: методология, теория, практика. Труды конференции / Тищенко В.И., Брустон А., Юэт А. и др. —М., 1991.
9. Городская экономика: проблемы городов // Макконнелл К.Р., Брю С.Л. Экономикс: принципы, проблемы и политика: В 2 т. —Т. 2. —М., 1992. —С. 256—276.
10. Джекобс, Джейн. Жизнь и смерть великих американских городов. —М., 1968.
11. Егоров, Ю. Градостроительство Белоруссии. —Минск, 1954.
12. Жучкевич, В.А., Малышев, А.Я., Рогозин, Н.Е. Города и села Белорусской ССР: историко-географический очерк. —Минск, 1959.
13.История имперских отношений: беларусы и руские. 1772—1991 / Составаитель и редактор Анатоль Тарас. —Смоленск 2008.
14. Коробко, В.И. Экономика городского хозяйства. —М. : Академия, 2006.
15. Красовский, К.К. Урбанизация в Беларуси: экономико-географический анализ. —Брест, 2004.
16. Польский, С.А. Урбанизация в Белорусской ССР. —Минск, 1985.
17. Сенявский, А.С. Урбанизация России в ХХ веке: Роль в историческом процессе. —М., 2003.
18. Страчаная спадчына / уклад. Т.В. Габрусь. —Мінск, 2003.
19. Таболин, В.В., Емельянов, А.С., Черногор, Н.Н. Экономика города. Правовой аспект. —М., 2006.
20. Хорев, Б. Городские поселения СССР. —М., 1967.
21. Черкес, В. Очерк развития городов в капиталистическом хозяйстве. —Харьков, 1930.
22. Шыбека, З. Гарады Беларусі (60-я гады ХІХ — пачатак ХХ стагоддзяў). —Мінск, 1997.
23. Шыбека, З. Семантыка беларускай гарадской традыцыі (пераемнасць і перарыўнасць у ХІХ—ХХ стагоддзях) // Шуфляда. Часопіс найноўшай гісторыі. —1999. —№ 1.
24. Шыбека, З. Беларускі шлях да гарадской цывілізацыі // Гісторыя, якой няма ў падручніках. —Мінск, 2002.
25. Шыбека, З.В. Мінск сто гадоў таму. —Мінск : Беларусь, 2007.
26. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. —Т. 1—6. —Мінск, 1993—2003.