Жанна Некрашэвіч-Кароткая (нар. у 1972 г.) – беларуская мовазнаўца і літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук.
Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, аспірантуру пры кафедры гісторыі беларускай літаратуры, дактарантуру пры кафедры тэорыі літаратуры. З 1995 г. па 2020 г. займалася выкладчыцкай дзейнасцю ў Беларусі, працуючы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (у Мінску), Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце, Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. У зімовым семестры 2011 – 2012 гг. выкладала ў Інстытуце славістыкі ўніверсітэта імя Карла фон Асетцкі ў Ольдэнбургу (Германія). З 2021 г. – прафесар універсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані.
Кола навуковых інтарэсаў: гісторыя ўсходнеславянскіх літаратур, лацінамоўная паэзія ў літаратурах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, шматмоўная літаратура Беларусі XVI – XIX стст.
Пераклала шэраг літаратурных помнікаў з лацінскай, царкоўнаславянскай, польскай, старабеларускай моў на беларускую мову. Падрыхтавала сумесна з Федасеевай Т. В. вучэбны дапаможнік для студэнтаў гуманітарных спецыяльнасцяў “Лацінская мова”. Навуковы рэдактар перакладу Бібліі, зробленага кс. Уладзіславам Чарняўскім.
Выбраная бібліяграфія:
- Манаграфіі:
– “Беларуская лацінамоўная паэма: позні Рэнесанс і ранняе Барока” (2011);
– “Беларуская лацінамоўная паэзія: ранні Рэнесанс” (2009);
– “Гісторыі беларускай літаратуры XI–XVIII ст.” (у суаўтарстве) (т. 1; 2006)– “Нясвіжская Мельпамена: Драматургія Францішкі Уршулі Радзівіл” (2002).
- Укладальніца кнігі:
– Ян Вісліцкі “Пруская вайна”.
Спасылкі на тэксты аўтара, інтэрв’ю і мерапрыемствы:
- “Spatial turn і гісторыя беларускай літаратуры (геапаэтыка, ідэнтычнасць, культурны кантэкст)” – курс лекцый у Беларускім Калегіюме (2021).
- Кароткія лекцыі Жанны Некрашэвіч-Кароткай па старажытнабеларускай літаратуры (Wir.by).