Змест друкаваных медыя і запатрабаванні аўдыторыі. Даклады 1—2

У аснову даследавання пакладзены аналіз зместу 6 недзяржаўных і 2 дзяржаўных газет, а таксама апытання аўдыторый гэтых медыя. Аналіз дзяржаўных выданняў з’яўляецца фонавым і служыць дзеля таго, каб выявіць і адцяніць адрознасць зместу дзяржаўных і недзяржаўных выданняў, які ёсць вынікам рознаскіраваных інтэрпрэтацый беларускай рэчаіснасці (у залежнасці ад палітычнай заангажаванасці ці незаангажаванасці выдання, яго арыентацыі на тыя ці іншыя каштоўнасці, геапалітычны выбар, сістэму ўлады, нарэшце, у залежнасці ад культурніцкага кантэксту, у межах якога будуецца рэальная камунікацыя з чытачамі).

Мэта даследавання — выявіць канкрэтныя супадзенні/несупадзенні чытацкіх запатрабаванняў і рэальных прапановаў недзяржаўных газет (уяўленні журналістаў пра тое, чаго хочуць іхныя аўдыторыі), а таксама зместавую скіраванасць, асноўныя семантычныя акцэнты, коды маўлення ды іншыя асаблівасці, характэрныя для сучаснай беларускай прэсы. Разам з тым была зробленая спроба ацаніць якасць сённяшняй незалежнай беларускай журналістыкі паводле такіх крытэраў, як празрыстасць, “драматургічнасць”, лагічнасць і паслядоўнасць разгортвання тэмы і выкладання матэрыялу, арганізацыя кантэксту выдання, сістэма “навігацыі” і т.п. Звернем увагу на тое, што ўсе выданні аналізаваліся паасобку, а таму кожнаму з іх прысвечаны адпаведны параграф, які ўтрымлівае канкрэтныя вынікі апытання, аналіз зместу, высновы і рэкамендацыі.

Тэкст даклада мае досыць вялікую колькасць табліц, якія падаюць вынікі апытання. Таму не лішне будзе заакцэнтаваць увагу на тым, як “чытаць” гэтыя табліцы, і перадусім тыя, што рэпрезентуюць вынікі апытання чытачоў і журналістаў адносна ўяўленняў пра аб’ём асвятлення той ці іншай тэмы, а таксама цікавасць да яе з боку чытачоў. (Табл. 1—3).

Каб ацаніць, ці варта выдаўцам і журналістам газеты “прыслухоўвацца” да думкі чытачоў, неабходна параўнаць лічбы ва ўсіх чатырох калонках, маючы на ўвазе наступнае: чым большы адсотак нявызначаных, тым менш актуальная тэма (менш эмацыйна напоўненая). І наадварот. Другая важная пазіцыя — адсоткі “за” і “супраць”. Чым меншы адсотак “супраць”, тым большую вагу набываюць пажаданні чытачоў. А ў тых выпадках, дзе лічбы “за” і “супраць” аднолькавыя ці прыкладна аднолькавыя, гэта азначае, што тэма “палярызаваная”. І пашырэнне яе асвятлення можа выклікаць канфлікт чытацкіх інтарэсаў.

Метадалогія даследавання, а таксама змест апытальнікаў распрацаваныя аўтарамі гэтага даследавання.

You may also like...