24 верасня – Жывая бібліятэка ў Галерэі ТUT.BY
Сустрэнься з Iншым на Жывой бібліятэцы!
Іншы – гэта адна з цэнтральных катэгорый сучаснай філасофіі, якая выйшла за акадэмічныя межы і сёння з’яўляецца адным з падмуркаў еўрапейскай культуры. Разуменне і прыняцце Іншага – гэта не толькі этычныя ўстаноўкі, звязаныя з рэалізацыяй правоў чалавека. Праз сустрэчу з Іншым мы разумеем свет, разумеем культуры і каштоўнасці, а найперш разумеем сябе. Іншы неабходны для мыслення. Каб узнікла ідэя, каб сфармуляваць праблему, каб крытычна аднесціся да любой з’явы, каб не быць спакушаным відавочнасцю і стэрэатыпамі важна бачыць не тое, што падобна на цябе, а іншае. Іншую думку, іншы лад жыцця, іншы спосаб мыслення і карціну свету. Пра ўсё гэта можна даведацца з кніжак, праз фільмы ці неяк інакш. Але галоўным носьбітам ўсіх гэтых іншых сусветаў – ёсць чалавек, асоба. Сустрэча з іншым – гэта магчымасць праз незразумеласць пашырыць свае асабістыя межы. Сустрэча з іншым – гэта тое, што чакае вас на Жывой бібліятэцы.
Жывая бібліятэка – гэта незвычайная бібліятэка. Тут людзі са сваімі гісторыямі становяцца “кнігамі” для таго, каб адказаць на вашыя пытанні. “Кніга” – гэта чалавек, які належыць да нейкай стыгматызаванай сацыяльнай групы, мае асаблівы светапогляд, унікальную прафесію, належыць да спецыфічнай субкультуры ці мае веравызванне, нязвыклае для большасці з нас. Агулам вельмі падобна на сапраўдную бібліятэку: вы прыходзіце, атрымліваеце картку чытача, запісваеце ў бібліятэкара “кніжку”, якую хочаце пачытаць, і пачынаеце “чытанне” калі надыходзіць час сесіі.
Дата: 24 верасня
Час: 13.00 – 18.00
Месца: Галерэя ТUT.BY, пр.Дзяржынскага, 57 (ст.м. Міхалова)
Не забывайце падпісвацца на нас у ВК і FB і дзяліцца навінамі з сябрамі! Мы заўсёды рады новым людзям у камандзе! Калі вы хочаце стаць валанцёрам на Жывой бібліятэцы, дапамагчы з пошукам кніг ці вы самі кніга, пішыце нам у сацыяльных сетках або на human.library.belarus@gmail.com.
Жывая бібліятэка праходзіць у межах Тыдня беларускага мыслення (19-25 верасня), які сумесна арганізавалі Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь“, Лятучы ўніверсітэт, грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!”, Беларускі Калегіум, “Мова Нанова”, “Беларусский журнал”, кнігарня “ЛогвінаЎ”, Інстытут палітычных даследаванняў “Палiтычная сфера”.