Юры ВАШКЕВІЧ. Тры таталітарызмы

Лекцыя 1.

План:

1. Панятак і дэфініцыі таталітарызму

2. Інтэрпрэтацыі і тыпалогія таталітарызмаў

 

1. Панятак і дэфініцыі таталітарызму

Паняцце “таталітарызм” і тэарытычныя канструкцыі таталітарызму, актыўна распрацоўваныя на Захадзе з 1940-х гг., знаходзіліся ў Савецкім Саюзе пад забаронай і практычна былі недаступныя даследчыкам. Савецкія энцыклапедычныя крыніцы да паловы 1970-х гг. нават не змяшчалі артыкулу “таталітарызм”. Ён быў улучаны толькі ў Вялікую савецкую энцыклапедыю 1977 году выдання, дзе разглядаўся як адна з форм аўтарытарнай улады, “што характарызуецца поўным кантролем дзяржавы над усімі сферамі жыцця грамадства”, ды як адна з варыяцый да фашысцкага рэжыму.

У Беларускую энцыклапедыю адпаведны артыкул, аўтарам якога з’яўляецца Я.Бабосаў, увайшоў толькі ў 2002 г. Там таталітарызм вызначаецца як “…сацыяльна-палітычная сістэма, у якой ажыццяўляецца поўнае падпарадкаванне грамадства, яго палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і духоўнага жыцця ўладзе панавальнай эліты”. Далей у артыкуле таталітарызм звязваецца з фашызмам. У сувязі ж з камунізмам таталітарызм коратка згадваецца толькі ў самым канцы, калі гаворыцца, што тэрмін “таталітарызм” “скарыстоўваўся для крытыкі камуністычнай сацыяльна-палітычнай сістэмы”.

Дэфініцыі таталітарызму адрозніваюцца між сабой, часам даволі істотна. Гэта адбываецца таму, што сама канцэпцыя таталітарызму дасюль не мае адназначнага навуковага тлумачэння. Першую ў сучаснай паліталогіі спробу вычарпальна вызначыць таталітарныя рэжымы зрабіў Карл Фрыдрых (1901—1984), які прапанаваў лічыць таталітарным такое грамадства, якому ўласцівыя ніжэй пералічаныя рысы:

— існаванне афіцыйнай ідэалогіі, якая ахоплівае ўсе аспекты чалавечага быцця і, прынамсі, пасіўна ўхваляецца грамадствам. Гэтая ідэалогія скіравана на дасягненне ўяўнага дасканалага стану чалавечай супольнасці і змяшчае патрабаванні ўтапічна-міфычнага характару, заснаваныя на катэгарычным непрыняцці “старога” грамадства ды імкненні заваяваць свет дзеля збудовы новага ладу;

— дзейнасць толькі адной масавай палітычнай партыі, зарганізаванай паводле іерархічнага і алігархічнага прынцыпу, якая або стаіць над бюракратычным дзяржаўным апаратам, або цалкам пераплецена з ім;

— наяўнасць сістэмы тэрарыстычнага паліцыйнага кантролю, скіраванага супраць ворагаў рэжыму і адвольна выбраных груп насельніцтва;

— тэхналагічна абумоўлены і амаль што ўсёабдымны кантроль з боку партыі ўсіх сродкаў камунікацый;

— ажыццяўленне поўнага партыйнага кантролю над усімі ўзброенымі сіламі;

— цэнтралізаваны кантроль і кіраванне ўсёй эканомікай з боку партыі або падпарадкаваных ёй органаў.

Вышэйпералічаны набор чыннікаў, названы Фрыдрыхам таталітарным сіндромам, мог, паводле яго меркавання, узнікнуць толькі ў асяроддзі, якому ўласцівыя такія рысы, як дэмакратыя, хрысціянізацыя, развітая тэхналогія ды індустрыялізацыя. Таму ён з’яўляецца спецыфічным тыпам грамадства, характэрным для ХХ стагоддзя. Аўтар разважаў наступным чынам. У гісторыі існавалі розныя формы аўтакратыі: неабмежаваная ўлада правадыроў у першабытным грамадстве, усходнія дэспатыі, тыраніі ў старажытнагрэчаскіх дзяржавах і гарадах-дзяржавах Італіі эпохі Адраджэння, абсалютныя манархіі ў сярэднявеччы і Еўропе новага часу, у тым ліку ў царскай Расеі. Але гэтак жа ў гістарычным сэнсе існуе толькі частковае падабенства таталітарных дыктатур ХХ ст. і вышэйзгаданых старых аўтакратый. Апошнія зусім не імкнуліся цалкам завалодаць чалавекам, а задавальняліся аддаленнем яго ад адных сфер дзейнасці і звыш-эксплуатацыяй у іншых. Сутва ж таталітарызму заключаецца ў татальным кантролі за паўсядзённым жыццём людзей, іх учынкамі і нават складам думак, хаця абсалютны кантроль за гэтымі сферамі жыцця ўсталяваць немагчыма. Гаворка вядзецца найперш пра намаганні рэжыму перарабіць, ператварыць сваіх грамадзян пад акрэсленую ідэалогію. З гэтага гледзішча тэакратычныя формы ўлады мінуласці не могуць быць прылічаны да таталітарных рэжымаў. Усе шэсць вышэйпералічаных прыкмет таталітарызму разам адсутнічалі ў традыцыйных аўтакратычных рэжымах. Яны маглі там выяўляцца толькі паасобку і ў іншым выглядзе.

Наяўнасць афіцыйнай ідэалогіі К.Фрыдрых безумоўна лічыць найважнейшай уласцівасцю, якая вылучае таталітарную форму арганізацыі грамадства. Не выпадкова яна пастаўлена на першае месца. Аднак, уважае аўтар, сапраўды новая рыса таталітарных рэжымаў ХХ ст. заключаецца ў арганізацыі і метадах ажыццяўлення кантролю за грамадствам з дапамогай дасягненняў сучаснай навукі і тэхнікі.

Прыхільнікам іншай канцэпцыі быў Леанард Шапіра. У кнізе Таталітарызм (1972) ён вылучае пяць асноўных “контураў” таталітарызму: наяўнасць правадыра; падпарадкаванне законнага парадку ягонай палітычнай волі; кантроль за асабістай мараллю; пастаянная мабілізацыя грамадзян на выкананне вызначаных задач; легітымізацыя ўлады праз масавую падтрымку ці яе імітацыю.

Над феноменам таталітарызму разважаў таксама вядомы французскі філосаф, палітолаг і сацыёлаг Раймон Арон. На яго думку, пяццю асноўнымі прыкметамі гэтай сістэмы з’яўляюцца: манапольнае права нейкай адной партыі на палітычную дзейнасць; наяўнасць у гэтай партыі ідэалогіі, якой нададзены статус адзінага аўтарытэту і афіцыйнай дзяржаўнай ісціны; выключнае права дзяржавы на сілавое ўздзеянне і на сродкі пераконвання праз кіраванне ўсімі сродкамі масавай інфармацыі; падпарадкаванне дзяржаве ўсіх відаў эканамічнай і прафесійнай дзейнасці; паліцэйскі, а таксама ідэалагічны тэрор адносна палітычных і ідэалагічных “парушэнняў” грамадзян. Усе гэтыя прыкметы Р.Арон прапануе разглядаць у сукупнасці, бо гэтая з’ява атрымлівае закончаны выгляд толькі тады, калі вышэйпералічаныя рысы аб’яднаны і цалкам выяўлены.

Вялікую папулярнасць набыла тэорыя эмігранткі з гітлераўскай Германіі, філосафа і палітолага Ханны Арэндт. Яна зважыла на беспрэцэдэнтнасць формы ідэалогіі і тэрору, дзе зыходным элементам з’яўляецца наяўнасць г.зв. аб’ектыўных ворагаў — напрыклад, эксплуататарскіх класаў ці габрэяў, якія падлягаюць знішчэнню на падставе “законаў” гісторыі альбо прыроды — не за ўчыненныя дзеянні, а толькі з прычыны свайго існавання. Арэндт азначала таталітарныя сістэмы як легальна крымінальныя, раз тое, што дагэтуль лічылася злачынствам, было ўведзена ў ранг дзейных агульных прынцыпаў. Такім чынам, усе былі вінаваты і, адначасна, у грамадстве не было злачынцаў. Гэтыя рэжымы імкнуліся ўсё чалавецтва ўцягнуць у злачынства, што мусіла дапамагаць стабілізацыі сістэмы. Нават тыя, хто не забіваў, адчувалі сябе вінаватымі — з тае прычыны, што трапілі ў пастку самападману. Бо часта гэта была адзіная магчымасць выжыць.

Асаблівы погляд на паходжанне сістэмаўтваральных элементаў таталітарызму выказаў пісьменнік Джордж Оруэл, які бачыў таталітарызм як спробу скарэння людзей знутры, праз кантраляванне іх думак і пачуццяў. Паводле Оруэла, трэба разумець, што кантроль думкі мае ў гэтым выпадку дваісты характар — негатыўны і пазітыўны. Справа ў тым, што забараняецца не толькі падзяляць, а тым больш выказваць пэўныя меркаванні, але й накідаць пэўны спосаб мыслення і такім чынам звучаць асобу да ідэалогіі дзеля кіравання яе эмацыйным жыццём і паводзінамі.

Польскі філосаф Лешак Колакоўскі адной з характэрных рыс таталітарызму лічыць “татальную хлусню”. Да прыкладу, часам позняга перыяду сталінізму не толькі ўсё было зафальшавана, але “была сцерта мяжа між тым, што “правільнае”, і тым, што “праўдзівае”. Як кіраўнікі, так і насельніцтва, паўтараючы ўвесь час адны й тыя ж абсурдныя рэчы, самі пачыналі ў іх верыць, або напаўверыць.

Майкл Кэрціс паспрабаваў зрабіць абагульнены пералік асноўных характарыстык таталітарызму, што сустракаюцца ў адпаведнай літаратуры. Да іх ён прылічыў: 1) афіцыйную і адзіную ідэалогію ці сукупнасць поглядаў, якія грамадства забавязваецца вызнаваць і якія паўстаюць падмуркам стварэння новага тыпу палітычнага і сацыяльнага парадку і новага чалавека; 2) іерархічна збудаваную аднапартыйную сістэму, або рэжым, створаны на аснове нейкага руху, у якім цалкам адсутнічае паняцце плюралізму; 3) манаполію кантролю ўсіх сфер жыцця грамадства, а таксама прыватнага жыцця людзей і іх думак, сродкаў масавай інфармацыі, сістэм адукацыі і культуры; 4) выкарыстанне тэрору, канцлагераў і палітычнай паліцыі для стварэння атмасферы поўнай падпарадкаванасці і пастаянна навіслай пагрозы асобе; 5) падпарадкаванне цэнтральнай уладзе ўсіх асабістых і грамадскіх інтарэсаў, якія маглі б спрыяць развіццю сапраўднай натуры асобы; акцэнтаванне адзінства ды інтэграцыі, калі апазіцыя, іншадумства разглядаюцца як злачынствы; 6) знішчэнне усіх законных абмежаванняў у дзеяннях улады, адсутнасць асэнсаваных свабодных выбараў і права грамадзян на выезд за мяжу ці нават перамяшчэнне ўнутры краіны; 7) абсалютны партыйны кантроль над узброенымі сіламі; 8) цэнтралізаваную планавую эканоміку; 9) выключнасць уладара-дыктатара, асоба якога часам можа вызначаць і прыроду палітычнага рэжыму.

Абсалютная большасць даследчыкаў уважае, што таталітарызм — гэта з’ява, якая розніцца ад усіх іншых недэмакратычных сістэм праўлення, і яго нельга атаясамліваць толькі з манапалізацыяй палітычнай улады, бо гэта не звычайная адсутнасць дэмакратыі.

Нельга атаясамліваць таталітарызм з аўтарытарызмам. Аўтарытарныя рэжымы або існавалі ў такіх гістарычных перыядах, калі яшчэ не было тэхнічных сродкаў, патрэбных для ажыццяўлення татальнага кантролю, што рабіла немагчымым кантраляванне ўсіх галін жыцця грамадства, або існуюць тады, калі ім не ўдалося яшчэ накінуць на грамадства ўсеахопную ўладу. Адрозна ад таталітарызму, аўтарытарны парадак можа дапускаць свабоду слова (калі тая не пагражае непасрэдна яго існаванню), прыватную ўласнасць і вольны рынак. Адначасова, праўда, аўтарытарызм пазбаўляе грамадзян палітычнай свабоды, выціскае іх з палітычнага жыцця, саштурхвае ў пасіўнасць і канфармізм.

За таталітарызмам дзяржава ператвараецца ў рэгулятара або заменніка ўсіх сацыяльных узаемін, улучаючы нават інтымныя. Аўтарытарызм жа можа дапускаць абмежаваны плюралізм, пэўную грамадскую аўтаномію ўнутры сістэмы. Калі таталітарная сістэма практыкуе ўсеахопную ідэалогію, аўтарытарная абмяжоўваецца прапагандысцкімі штампамі, якія фармуюць належныя атмасферу і настроі. Таталітарная сістэма абапіраецца на перманентную палітычную мабілізацыю, стымуляваную масавую “ініцыятыву” і маніпуляваны масавы рух — зазвычай у форме жорстка іерархізаванай партыі. Яна патрабуе актыўнай дэманстрацыі грамадзянамі іх адданасці партыі і дзяржаве. Аўтарытарная ж сістэма задавальняецца апатыяй людзей, адсутнасцю адкрытага змагання, супрацівам з боку падданых і зазвычай не пераследуе за палітычныя погляды тых, хто не з’яўляецца актыўным супраціўнікам рэжыму. У аўтарытарным грамадстве або адсутнічаюць апазіцыйныя партыі і рухі, або яны маюць вельмі малы ўплыў на грамадства.

Падсумоўваючы, можна сказаць, што тэрмінам “таталітарызм” вызначаюцца такія спосабы панавання ў ХХ ст., якія адрозніваюцца ад тыпу дэмакратычнай канстытуцыйнай дзяржавы, аўтарытарнай дзяржавы і ўсіх папярэдніх форм аўтакратыі. Пад таталітарызмам разумеюць татальны кантроль дзяржавы над усімі важнымі ў грамадзтве галінамі жыцця, улучна й з думкамі грамадзян. Таталітарная дзяржава накідае на грамадства адзіную ідэалагічную сістэму. Асобы, якія адкрыта не падзяляюць дзяржаўнай ідэалогіі, падпадаюць пад рэпрэсіі. Свабода аб’яднанняў, абмену ідэямі, атрымання і распаўсюду інфармацыі зліквідоўваецца. Мэта таталітарызму прадугледжвае ўсталяванне наўпроставай або ўскоснай улады над усімі эканамічнымі рэсурсамі краіны. Уласнасць, якая з самой сваёй прыроды вызначае межы панавання дзяржаўнай улады, або скасоўваецца, або ператвараецца ў гаспадарства для паслуг кіроўнай партыі.

Пададзеныя вышэй разважанні і высновы дазваляюць сфармуляваць больш агульнае вызначэнне таталітарызму як замкнёнай сістэмы скарэння грамадства праз татальнае задушэнне несанкцыянаванай зверху ініцыятывы асобы, якую апрацоўваюць пад паноўную ідэалогію, калі ніводная з галін грамадскага жыцця не застаецца па-за кантролем улады монапартыі, што практыкуе ўсеабдымную індактрынацыю і гвалт.

2. Інтэрпрэтацыі і тыпалогія таталітарызмаў

Камунізм і фашызм — розныя ідэалогіі, але ў сваіх структурах, інстытутах і метадах праўлення яны шмат чым падобныя. Існуюць скрайнія інтэрпрэтацыі, з якіх вынікае, што яны або цалкам аднатыпныя, або розныя. Абедзве нельга прызнаць слушнымі. Бо, апроч ідэалагічных, назіраецца нямала іншых разыходжанняў паміж рэжымамі камуністычнага і фашысцкага тыпу. Разам з тым гэтыя ідэалогіі дастаткова блізкія, каб аднесці іх да адной і той жа класіфікацыйнай катэгорыі, якая нічога супольнага ня мае не толькі ад дэмакратычных канстытуцыйных сістэм, але і ад больш ранніх відаў дэмакратыі. Таму камунізм, фашызм і нацыянал-сацыялізм — як найважнейшыя палітычныя з’явы ХХ ст. — трэба разглядаць разам. Бо яны параднёныя між сабой тыпалагічна і дастаткова падобныя з палітычнага пункту гледжання. Да таго ж, і звязаны гістарычна, раз паўсталі ў прамысловую эру як рэакцыя на з’яўленне шматмільённай, пазбаўленай каранёў, грамады рабочых і дэкласаваных элементаў. Істотную ролю адыгралі таксама дэстабілізацыйныя наступствы першай Усясветнай вайны. Другая Усясветная вайна, спароджаная барацьбой гітлераўскай Германіі і камуністычнага Савецкага Саюзу, неўпрыкмет сцерла памяць пра тое, што змагаліся, папраўдзе, дзве падобныя палітычныя сістэмы. Якраз яны й ператварылі дзяржаву ў найвышэйшы орган калектыўнага дзеяння, з ужываннем жорсткага тэрору і ўчыненнем беспрэцэдэнтных масавых забойстваў, з афіцыйным прапаведаннем нянавісці — класавай, нацыянальнай і расавай.

Але калі сістэмы былі падобнымі, дык як вытлумачыць іх нязмірную варожасць адна да адной?

Гэта было абумоўлена як унутрыпалітычнымі, так і знешнепалітычнымі абставінамі. У барацьбе за ўплыў на шырокія масы рабочых, дэкласаваных элементаў і дробных гаспадароў, г.зн. за сваю асноўную сацыяльную базу, фашысты і нацыянал-сацыялісты сутыкнуліся з галоўнымі супернікамі на гэтым шляху — камуністамі. Усё тое, што ўтрымлівае фашысцкая крытыка карумпаванага парламентарызму або капіталістычнай эксплуатацыі, можна было знайсці ўжо ў вучэнні Леніна. Фашысты таму й былі найвялікшымі ворагамі камуністаў, што зайшлі на не “сваё” поле. Супярэчнасці між іх былі выкліканы не антаганізмам прынцыпаў, не розненнем метадаў і задач, а суперніцтвам за сімпатыі мас, барацьбой за здабыццё максімальнага ліку прыхільнікаў, галасоў выбаршчыкаў. Вось характэрнае выказванне Гітлера, якое добра гэта ілюструе: “З самага пачатку сваёй палітычнай дзейнасці я ўзяў за правіла не праяўляць дабразычлівасці да буржуазіі. Палітычная пазіцыя гэтага класу ўтрымлівае прыкметы маладушнасці (…) Я імкнуўся, наадварот, абудзіць энтузіязм усясветнага рабочага класу да маіх ідэй. Таму першыя гады маёй барацьбы былі засяроджаны на гэтай мэце — адваяваць рабочы клас на бок нацыянал-сацыялізму. І вось як я гэта рабіў: 1. Я трымаўся прыкладу марксісцкіх партый, размалёўваючы плакаты ў колкі для вока чырвоны колер; 2. Я выкарыстоўваў прапагандысцкія аўтамашыны, літаральна скрозь абклееныя плакатамі вогненна-чырвонага колеру, з замацаванымі на іх чырвонымі сцягамі… (…) Разумна скарыстоўваючы ўсе пералічаныя метады, мне ўдалося заваяваць падтрымку вялікай колькасці лепшых элементаў рабочага класу…”.

Камунізм, фашызм і нацыянал-сацыялізм былі падобнымі ідэямі і рухамі, і менавіта таму канкурэнтнымі, нязмірнымі. Яны заставаліся ў стане ўзаемнага змагання таму, што мерыліся здабыць прыхільнікаў у тым жа самым асяроддзі, тымі ж самымі метадамі дзеля падобных, хаця й дактрынальна адрозных, мэт. Між “паўсацыялізмам нямецкіх фашыстаў і паўфашызмам расейскіх камуністаў — пісаў у 1934 г. прадстаўнік правага крыла французскай палітычнай думкі П’ер Дрыё ла Рашэль — існуе такая ж глухая “сямейная” няпрыязь, якая існавала між імперыялізмам Раманавых і імперыялізмам Гагенцолернаў і Габсбургаў. З абодвух бакоў — адна і тая ж глыбока нацыянальная база і, звыш таго, адно і тое ж імкненне ашчаслівіць чалавецтва”. Да таго ж, Гітлер абвяшчаў Савецкі Саюз галоўным аб’ектам сваёй тэрытарыяльнай экспансіі, а менавіта СССР з’яўляўся тым часам апірышчам міжнароднага камуністычнага руху ў свеце. Гэта й прадвызначыла вызнанне гітлерызмам антыкамунізму.

Тут дарэчы будзе прыгадаць, што фашызм і яго пазнейшая, скрайняя, праява — нацызм часта разглядаюцца як наўпроставая супрацьлегласць камунізму. Такая інтэрпрэтацыя асабліва папулярная сярод заходніх сацыялістаў і лібералаў, а для камуністычных гісторыкаў яна папросту была абавязковай. Для іх сам факт супастаўлення савецкага камунізму з фашызмам быў раўназначны дапушчэнню магчымай роднасці гэтых ідэалогій, бо фашызм, у іх уяўленні, з вызначэння ёсць супрацьлегласцю сацыялізму і камунізму. Характэрна, што ў Савецкім Саюзе сам тэрмін “нацыянал-сацыялізм” ужываўся вельмі рэдка і зазвычай паглынаўся абагульняльным тэрмінам “фашызм”.

У сярэдзіне 1930-х гг. Камуністычны Інтэрнацыянал сфармуляваў такую марксісцкую інтэрпрэтацыю фашызму, што яна ўлучыла яго ў катэгорыю ідэалагічных буржуазных плыняў. Такім чынам, у рамках схемы “рэвалюцыя — контррэвалюцыя” камунізм і фашызм разглядалі адно аднаго ў якасці антыподаў. Ставіўся знак роўнасці між камунізмам і антыфашызмам. Дзякуючы антыфашызму, камуністы маглі дэманстраваць прыналежнасць да дэмакратычнага лагеру, ані трохі не адмаўляючыся, па сутнасці, ад сваіх сапраўдных поглядаў. І тым жа часам, дэманізуючы камунізм, робячы з яго асноўнага ворага, фашысты і нацысты самі адштурхоўвалі яго да полюсу дэмакратыі.

Між тым, як згадвалася вышэй, у гэтых дактрынах, у іх сацыяльнай і дзяржаўнай практыцы было вельмі шмат агульнага. З усімі адрозненнямі гэтых рэжымаў, да іх найбольш агульных рыс можна аднесці: тоеснасць функцый, ускладаных на апарат улады; усталяванне манапольнай улады; наяўнасць агульнай мэты — знішчэнне грамадзянскай супольнасці і яе плюралістычна арыентаванай культуры. Адным з першых, хто выявіў сутнаснае падабенства сталінізму і нацызму, быў Франц Боркенаў — былы нямецкі камуніст, які эміграваў яшчэ да другой Усясветнай вайны ў Англію і выдаў там кнігу “Таталітарны вораг”. Боркенаў убачыў гэта падабенства як падабенства сістэм, што фармуюцца адным правадыром, адной партыяй і не церпяць канкурэнцыі. На ягоную думку, нацызм — гэта нішто іншае як разнавіднасць бальшавізму з пэўнымі адхіленнямі; бальшавізм жа можна азначыць як вышэйшую форму “чырвонага” фашызму.

Фашысцкія тэндэнцыі, як вядома, выявіліся ў камуністычнай Расеі раней, чым бальшавіцкія ў нацысцкай Германіі, аднак і бальшавізм, і нацызм — узорныя прыклады таталітарнай рэвалюцыі. “Не павінна быць ніякіх ілюзій, — пісаў Боркенаў — якія шырока распаўсюджваюцца нацысцкай прапагандай, што нацызм — гэта альтэрнатыва марксізму, а трыумф нацызму будзе азначаць перамогу над камунізмам. Дэзынфармацыі ўсясветнай грамадскай думкі шмат чым спрыялі самі камуністы і нацысты, жорстка звінавачваючы адно аднаго як незмірных антыподаў”. Паміж іншага, Германія пасля прыходу Гітлера да ўлады вельмі хутка рухалася да сацыяльнага рэжыму марксісцкага тыпу, да эканомікі, якая рабілася ўсё больш калектывісцкай. “Канешне, — прызнаваў ён — гэтыя два тыпы таталітарных рэжымаў адрозныя з паходжання, яны вызнаюць супрацьлеглыя ідэалогіі. І, як ні дзіўна, гэта роднасныя рэжымы”. Больш за тое: Боркенаў нават сцвярджаў, што бальшавізм з самага пачатку з’яўляецца нічым іншым як разнавіднасцю фашызму. Таму зусім невыпадкова ўсе таталітарныя рухі капіявалі расейскі рэжым, часам да дробных дэталяў.

У бальшавізму і нацызму, як азначаў памянёны аўтар, супадалі й канцэпцыі лідэрства — ажыццяўленне кіроўнай ролі. Ленін апярэдзіў Гітлера, рэалізаваўшы ў тэорыі і на практыцы канцэпцыю партыі і масавага руху, збудаваных на прынцыпе поўнага вертыкальнага падпарадкавання. Вядучы авангард у нацыстаў — бяскласавы, таму што ён складаецца з дэкласаваных элементаў. Бальшавіцкі ж авангард бяскласавы з вызначэння, г.зн. адпаведна з марксісцкай тэорыяй, бо ён мусіць складацца з прафесійных рэвалюцыянераў. Параўноўваючы бальшавіцкую Расею і нацысцкую Германію, Боркенаў прыходзіў да высновы, што Расея была больш таталітарнай за Германію. Прычыну гэтага ён бачыў у тым, што Ленін і бальшавіцкая партыя былі нацэлены на барацьбу за грунтоўна прапрацаваныя ідэалы, а Гітлер узначаліў жменьку палітычных авантурыстаў, аб’ядноўваючы іх вакол вельмі цьмяных і дастаткова недарэчных лозунгаў. “Расея з’яўляецца ўзорнай таталітарнай краінай, а камунізм — гэта самая чыстая і самая лагічная форма таталітарызму” — заключаў ён. Прыгадаем: пра роднаснасць камунізму і фашызму прыкладна тым жа часам пісаў таксама Карл Попер, даводзячы: “…фашызм часткова вырас з духоўнага і палітычнага зруйнавання марксізму”.

 

Лекцыя 2.

План:

1. Падабенства таталітарных сістэм

2. Адметнасці таталітарызмаў

3. Камунізм і нацызм

4. Замест заключэння

 

1. Падабенства таталітарных сістэм

Як у Савецкім Саюзе, так і ў Германіі панаваў рэжым з манапольным станам адной партыі і культам асобы дыктатара, з бутафорскімі “прадстаўнічымі” органамі, якія выконвалі чыста дэкаратыўныя функцыі. За камуністычным і гітлераўскім рэжымамі монапартыі валодалі абсалютнай манаполіяй на палітычную дзейнасць. На ўзбраенні ў іх знаходзілася “рэвалюцыйная” ідэалогія, г.зн. такая, што імкнулася да карэннага пераўтварэння грамадства згодна з акрэсленымі прынцыпамі (класавымі, расавымі і да г.п.). Абедзве партыі, хоці і дзеля розных мэт, звярталіся да аналагічных метадаў. Абедзвюм партыям характэрная маштабнасць памкненняў, радыкальнасць пазіцый і выбар найскрайнейшых агрэсіўных сродкаў.

Бальшавіцкая, фашысцкая і нацысцкая канцэпцыі права супадалі. Паводле іх, закон — не ўвасабленне правасуддзя, а інструмент панавання. Камуністычны і нацысцкі рэжымы характарызаваліся звышжорсткай рэпрэсіўнай сістэмай і масавым тэрорам, а дакладней — спалучэннем ідэалогіі і тэрору як прылады барацьбы супраць ідэалагічных ворагаў (якія лічацца больш небяспечнымі, чым крымінальныя злачынцы) аж да генацыду, ажыццяўлянага праз сетку канцэнтрацыйных лагераў. Нацысты таксама перанялі ў камуністаў ідэю арганізацыі органаў бяспекі: з прыкладу ленінскага ВЧК (ГПУ, НКВД) Гестапа (паліцыя бяспекі) і СС наладжвалі бяспеку партыі і не падпарадкоўваліся кантролю з боку дзяржавы. Аніводзін з гэтых органаў не прытрымліваўся судаводных норм і працэдур. Як і ў бальшавіцкай Расеі, фашысцкія і нацысцкія партыі ўсталявалі ўрадавую манаполію ў сферы інфармацыі. Так, у бальшавіцкай Расеі ўся незалежная прэса была зліквідавана ў 1918 г., у фашысцкай Італіі свабоду друку афіцыйна адмянілі ў 1925 г. (праз тры гады пасля прыходу Мусаліні да ўлады), а ў Германіі свабодную прэсу здушылі праз некалькі дзён пасля заняцця Гітлерам пасады канцлера ў 1933 г.

Падобнымі былі й шмат якія ідэалагічныя пастулаты. Бальшавізм тлумачыў сваю сацыяльную нязмірнасць “законамі” класавай барацьбы, нацыянал-сацыялізм усё апраўдаваў “законамі” барацьбы рас. Абодва рэжымы як мага дальнабачна скарыстоўвалі спрашчэнні: метад, ужываны для прапаганды ідэалогій, заключаўся ў абвяшчэнні адной “адзіна слушнай” ідэі, якая паўтаралася нястомна, аж да нудоты. Нарэшце палітыка і камуністаў і нацыянал-сацыялістаў была антырэлігійнай. Хаця ў СССР у рэпрэсіўных і разбуральных праявах яна зайшла значна далей. Усё гэта моцна прадвызначыла найбольш фундаментальную роднасць трох таталітарных рэжымаў, выяўляную перадусім у псіхалагічным аспекце. Камунізм, фашызм і нацыянал-сацыялізм, адмятаючы дэмакратычны вопыт, бязлітасна распальвалі і эксплуатавалі, абапіраючыся на сляпую нянавісць, найбольш нізкія пачуцці і забабоны — класавыя, расавыя, этнічныя. Ленін спекуляваў на адвечным пачуцці няпрыязі да багатых, каб прыцягнуць на свой бок дэкласаваныя элементы. Мусаліні замяніў класавую барацьбу канфліктам “бедных” і “абуржуеных” народаў. Гітлер жа, прыняўшы гэтыя прыёмы, інтэрпрэтаваў наспелыя ў свеце антаганізмы як барацьбу між “арыйскімі” і “неарыйскімі” расамі і нацыямі. Але ва ўсіх выпадках нянавісць паўставала ў якасці вызначальнага чынніка.

На думку вядомага нямецкага гісторыка і філосафа Эрнста Нольтэ, нацызм быў відам рэакцыі на спадзяваную саветызацыю Германіі, а бальшавіцкая класавая экстэрмінацыя павінна была даць нацыстам мадэль экстэрмінацыі расавай. Без бальшавіцкага жадання ўчыняць знішчэнні — уважае Нольтэ — і без жаху будучых знішчальнікаў (нацыстаў) перад абліччам сучаснага генацыду (бальшавікоў), без ГУЛАГ-у Асвенцім ня быў бы магчымы. Апаненты Нольтэ ўгледжвалі ў спасылках на бальшавізм спробы поўнага ці частковага апраўдання нацыстаў і маральнай рэлятывізацыі нацысцкіх злачынстваў.

Аднак, нягледзячы на агульнасць асноўных рыс, нельга сцвярджаць, што камунізм, які ўзнік і ўсталяваўся як таталітарная сістэма першым, спарадзіў фашызм і нацыянал-сацыялізм. Бо тыя мелі ўласныя сацыялістычныя карані. Але цалкам праўдзіва казаць, што лідэры фашысцкай Італіі і нацысцкай Германіі шмат што перанялі з бальшавіцкага досьведу захопу і ажыццяўлення ўлады. Мусаліні захапляўся камунізмам і Марксам, якога называў сваім настаўнікам, “вялікім філосафам рабочага насілля”, вывучаючы тым жа часам палітычныя метады і практыку дзеяння Леніна. У 1920-я гады Мусаліні звяртаўся да камуністычнай фракцыі італьянскага парламенту з наступнымі словамі: “Між намі і камуністамі няма палітычнай роднаснасці, але ёсць інтэлектуальная. Як і вы, мы ўважаем неабходным цэнтралізаваную і адзіную дзяржаву, якая патрабуе жалезнай дысцыпліны ад усіх, толькі з той розніцай, што вы прыходзіце да гэтай высновы праз канцэпцыю класаў, а мы праз канцэпцыю нацыі”. Ён таксама казаў пра бальшавізм: “Я адкідаю ўсе формы бальшавізму, але калі б мне прыйшлося выбіраць, я выбраў бы бальшавізм Масквы і Леніна, хаця б з-за яго гіганцкіх, варварскіх, усяленскіх памераў”. Блізкасць фашызму з камунізмам Мусаліні прызнаваў і ў 1930-я гады, сцвярджаючы, што адносна адмаўлення лібералізму, дэмакратыі і парламентарызму фашысты і камуністы ва ўсім сыходзяцца. Гісторыя сведчыць, што італьянскі фашызм узнік не як кансерватыўны праварадыкальны рух ці ідэалогія, а выйшаў з скрайне левага (“бальшавіцкага”) крыла італьянскага сацыялізму. Гітлер засвойваў досвед гэтых сваіх папярэднікаў, таксама як і метады Сталіна. Пасля свайго прыходу да ўлады, у 1934 г., ён прызнаваў: “Я шмат чаму навучыўся ў марксістаў. І я прызнаю гэта без ваганняў. (…) Я вучыўся іх метадам. (…) Прыгледзьцеся больш уважліва. Рабочыя спартовыя саюзы, завадскія ячэйкі, масавыя шэсці, прапагандысцкія ўлёткі, складзеныя ў даступнай для мас форме, — усе гэтыя “новыя” сродкі палітычнай барацьбы пераважна бяруць свой пачатак у марксістаў. Мне дастаткова было ўзяць у іх гэтыя сродкі і ўдасканаліць іх — і мы атрымалі тое, што нам патрэбна” . Таксама Гебельс (і не толькі ён адзін) у перыяд барацьбы нацыстаў за ўладу заяўляў пра глыбокую роднаснасць нацыянал-сацыялізму і бальшавізму. На пачатку 1926 г. у сваёй брашуры “Другая рэвалюцыя” ён пісаў адкрыта: “Мы азіраемся на Расею, бо яна першая разам з намі абярэ сцяжыну, што вядзе ў бок сацыялізму. Расея — гэта партнёр, якога падаравала нам прырода ў барацьбе супраць д’ябальскай сапсаванасці і мяккасці Захаду”. Пільная патрэба паўстання расейска-нямецкага саюзу існавала “не таму, што мы любім бальшавізм, што любім габрэйскіх прыхільнікаў бальшавізму, а болей дзеля таго, што ў саюзе з сапраўды нацыянальнай Расеяй мы заўважаем пачатак нашага ўласнага сацыялістычнага самаакрэслення”. Падобная ж думка пра бальшавікоў развівалася й пасля прыходу да ўлады, хаця гэта ўжо не гаварылася адкрыта. Нацысты таксама апелявалі да сацыялістычных традыцый нямецкіх працоўных, абвяшчаючы рабочых асноўным класам грамадства, а буржуазію асуджаным класам. Пра сваю Германскую нацыянал-сацыялістычную рабочую партыю Гебельс казаў напрыканцы 1920-х гадоў, што гэта была партыя рэвалюцыйных сацыялістаў, а гітлераўская канцэпцыя аднапартыйнасці супадала з ленінскім уяўленнем пра монапартыю як баявую арганізацыю.

Збігнеў Бжазінскі ўважае, што не было б перабольшаннем цверджанне пра Гітлера як ленінца да той жа ступені, да якой Сталін быў нацыстам. Відава і гістарычна абодва таталітарныя правадыры былі роднаснымі. Абодва тыраны тлумачылі ўсталяванне поўнага кантролю дзяржавы адкрыта абвешчанымі мэтамі перабудовы ўсяго грамадства з верху да нізу, згодна з дагматычнай, хоць і цьмянай ідэяй новага ўтапічнага ладу. Перабудова мусіла адбыцца дзякуючы непасрэднаму выкарыстанню ўлады дзяржавы, якая нішчыць традыцыйныя формы сацыяльнага жыцця і элімінуе ўсе праявы грамадскай ініцыятывы.

У кантэксце нашых разважанняў ускосным сведчаннем ідэалагічнай блізкасці дзвюх сістэм можа служыць і рэлятывісцкае стаўленне савецкай гістарыяграфіі да нацыянал-сацыялізму. У 1930-я гады не было аніводнай гістарычнай працы пра нацыянал-сацыялізм, а таксама ніякай агульнай працы, якая тычылася б унутранай і замежнай палітыкі ІІІ Рэйху, а ў свеце тым часам з’явілася сотні такіх прац. Аніводная савецкая навуковая праца не кранала нацысцкіх планаў здабыцця “жыццёвай прасторы”, пытання спрадвечнай нямецкай экспансіі на Ўсход ці асаблівай нямецкай агрэсіўнасці. А вось пасля вайны ўжо ўсе гэтыя тэмы былі часткай нязменнага рэпертуару савецкай гістарыяграфіі. Пакт Гітлера са Сталіным 1939 г. насамрэч пацвярджае, што ў тыя часы абодва бакі яшчэ мелі агульныя геастратэгічныя інтарэсы, а стаўленне да сумесна акупаваных зямель Польскай Рэспублікі ў 1939—1941 гг. ілюструе практычнае падабенства абодвух рэжымаў: пакуль у сваёй частцы акупаванай Польшчы гітлераўскія акупанты ўводзяць паліцэйскі рэжым, Саветы распачынаюць у сваёй зоне палітычную чыстку. У тую пару гэта была адзіная краіна на свеце, якая адначасна зазнала Гестапа і НКВД. Дзеля панавання антысеміцкага і антыславянскага рэжыму Гітлер перасяляе і вынішчае мясцовае насельніцтва. Сталін высяляе і забівае ў імя камунізму. Гэткім жа чынам, як Заходняя Беларусь і Ўкраіна былі першай замежнай тэрыторыяй, на якія Сталін накінуў сацыяльны і палітычны лад камуністычнага тыпу, што пазней экспартаваўся ва Ўсходнюю і Цэнтральную Еўропу, так этнічна польскія землі сталі раёнам, дзе Гітлер рэалізоўваў расавыя прынцыпы.

У сувязі з вышэйзгаданым дарэчы падаць вельмі характэрныя ўражанні савецкага дысідэнта Міхаіла Васленскага. “Улетку 1946 году я прыехаў у Нюрнберг у якасці перакладчыка на працэсе галоўных нямецкіх ваенных злачынцаў. Гэта была мая першая паездка за мяжу. Узгадаваныя савецкай прапагандай, мае калегі і я ўпершыню сутыкнуліся з рэальнасцю іншага свету. Свет гэты аказаўся раздвоеным: з аднаго боку новая Германія, якая нараджалася ў заходніх зонах акупацыі, ды й Амерыка, якую мы адчулі праз размовы з амерыканцамі, іх газеты, фільмы, — усё надзіва новае, нечаканае; з другога боку, рэальнасць нацысцкага рэйху, што разгортвалася ў матэрыялах працэсу, якая таксама нас уразіла, толькі не навізной, а дзіўным падабенствам да звыклага нам савецкага жыцця. Былі, канешне, і адрозненні: прыватныя прадпрыемствы, добрыя кватэры, уладкаваны побыт. Але ў астатнім, у галоўным, усё было ў немцаў за Гітлерам таксама, як у нас за Сталіным: геніяльны правадыр; ягоныя бліжэйшыя паплечнікі; маналітная адзіная партыя; партыйныя бонзы — вяршэльнікі чалавечых лёсаў; псеўдапарламент, узаконеная няроўнасць; жорсткая іерархія; лютая паліцыя; канцэнтрацыйныя лагеры; навязлівая ілжывая прапаганда; адсочванне і даносы; катаванні і смяротныя кары; напышлівая ваеншчына; да духоты нагнецены нацыяналізм; прымусовая ідэалогія; сацыялістычныя і антыкапіталістычныя лозунгі; балбатня пра народнасць — увогуле шмат што. Падабенства даходзіла да смешнага: абодва — Гітлер і Сталін — загадалі называць сябе найвялікшымі палкаводцамі ўсіх часоў (Сталін дадаў “і народаў”). Затое нам зусім не смешна было даведацца, як Сталін, называючы Берыю нацысцкім кіраўнікам, патлумачыў: “Гэта наш Гімлер”. Бо мы чыталі дакументы й пра тое, што вытвараў Гімлер.

Відочнае падабенства савецкага сацыялізму з нямецкім нацыянал-сацыялізмам і сходнымі з ім структурамі ў іншых краінах, што зазвычай зваліся фашызмам, літаральна кідалася ў вочы. Так узнік тэрмін “таталітарызм” для азначэння ўсіх аднатыпных грамадстваў, незалежна ад іх суадносін адно з адным”.

2. Адметнасці таталітарызмаў

Нягледзячы на тое, што агульнае між камунізмам, фашызмам і нацызмам было больш істотным, чым тое, што іх адрознівала, — гэта не былі тоесныя рэжымы. Яны розніліся між сабой зместам ідэалагічных сістэм, дзейных дактрын, сферай і спосабам іх ажыццяўлення, задачамі і формамі дзейнасці партый. Гаворачы пра розніцу між імі, варта мець на ўвазе неаднолькавыя сацыяльныя, эканамічныя і культурныя ўмовы, у якіх гэтыя рэжымы паўставалі. Трэба таксама ўлічваць, што роля фашысцкіх рэжымаў у Еўропе аказалася не такой значнай, як рэжыму камуністычнага, бо іх існаванне было непараўнальна больш кароткім.

Каб спасцігнуць своеасаблівасць кожнага з таталітарызмаў, належыць заняцца параўнаннем іх.

Істотная розніца між камунізмам, з аднаго боку, і фашызмам і нацыянал-сацыялізмам, з другога, заключалася ў іх стаўленні да прыватнай уласнасці. Напрыклад, у СССР уся вытворчасць была ўласнасцю дзяржавы, а прыватная ўласнасць была скасавана канчаткова. Заўважнай уласцівасцю камуністычных сістэм з’яўляецца тое, што “партыйна-дзяржаўны” апарат асабліва няшчадна ўмешваецца ў сферу эканамічнага жыцця. У гэтых сістэмах эканоміка, якая, аднак жа, працінае ўсе пласты жыцця, дакладна зарганізавана паводле правіл штучна сканструяванага сцэнару. Вытворчасць, падзел, абарачэнне прадуктаў вытворчасці мусяць праходзіць згодна з прынцыпамі дактрыны і паводле арбітральна ствараных цэнтральнай уладай правіл. Гэта робіць камуністычны таталітарызм поўным, амаль абсалютным.

Мусаліні і Гітлер уважалі, што ў іх дзяржавах прыватная ўласнасць можа мець месца, хаця й не прызнавалі валоданне ёю святарным і неад’емным правам. Так, напрыклад, Гітлер лічыў, што дзяржава ні ў якім разе не павінна замяняць прыватнага прадпрымальніцтва, бо гэта цягне за сабой “жудасную” бюракратыю і поўны застой ва ўсіх галінах эканомікі”. Наадварот, на яго думку, нацыянал-сацыялісцкая дзяржава павінна спрыяць прыватнай ініцыятыве. Праўда, за дзяржаўным ладам фашысцкага тыпу таксама мела месца імкненне шляхам разнастайных націскаў падпарадкаваць эканамічнае жыццё ідэалагічным мэтам. Аднак гэта не было тым самым, чым з’яўлялася камуністычнае кіраванне гаспадаркі. Прадпрыемствы і гандаль, па сутнасці, дзейнічалі згодна з правіламі рынкавай эканомікі. Але апарат прымусу спрабаваў умешвацца ў функцыянаванне гэтае гаспадаркі такім чынам, каб яна адэкватна служыла мэтам фашысцкагай дзяржавы. Да прыкладу, ён умешваўся ў працэс вытворчасці і размеркавання прыбытку, калі-нікалі адхіляў ад працы кіраўнікоў прадпрыемстваў і фірм. Гэта было, між тым, умяшальніцтвам, якое толькі парушала свабоду функцыянавання эканамічных законаў, не змяняючы тым часам іх асноў.

Фашысты і нацысты фактычна захавалі сацыяльныя структуры з часоў італьянскай манархіі і Веймарскай рэспублікі, не вынішчаючы традыцыйных класаў традыцыйна незалежных ад дзяржавы — памешчыкаў і буйных прамыслоўцаў, не кажучы ўжо пра гарадскі і вясковы сярэдні клас. Камунізм жа выкараніў усё, што мела хаця б найменшыя прыкметы эканамічнай незалежнасці, — не толькі капіталістаў і землеўладальнікаў, але таксама працавітых заможных сялян (у савецкай лексіцы — кулакоў).

Характэрнай рысай камуністычнага таталітарызму было дзеянне законаў шызафрэнічнай рэчаіснасці: абавязанне да ўдзелу ўсіх у цырыманіяльных вонкавых “абрадах” — з адначасным стаўленнем да іх такім чынам, нібыта яны не былі толькі праформай. Згодна з гэтай знешняй уяўнасцю, прыкладам, “тэорыя” класавай барацьбы служыла прыкрыццём і адначасова апраўданнем палітычных рэпрэсій. Існаваў паўсюдны інстытут выбараў, якія ў сапраўднасці не былі выбарамі, бо адзіны кандыдат прызначаўся зверху. Гэтак званая народная ўлада была папросту ўладай савецкай партыйна-дзяржаўнай наменклатуры, абвешчанае ж адзінства народу фактычна не было адзінствам. Прымусовыя маніфестацыі падаваліся як маніфестацыі спантанічныя. Усебаковае і творчае развіццё індывіду выяўлялася ў гатовасці падпарадкавання і выканання загадаў, а пры гэтым актыўны ўдзел зводзіўся да пасіўнага паслушэнства і г.д. Ад гэтага падваення нельга было ўхіліцца, маючы жаданне здзейсніць якія-кольвек жыццёвыя мэты, хаця б і мэты выключна прыватныя. Такія правілы паводзін урэшце рэшт пераходзілі ў своеасаблівы сакральны рытуал. Калі б хто-небудзь захацеў надаць вонкавым формам сапраўдны змест ці наадварот — раскрыць сапраўдны змест дзейных правіл, ён зрабіў бы замах на сутнасныя прынцыпы існавання сістэмы.

Такім чынам, паўсюдным і няспынна дзейным правілам камуністычнай сістэмы быў абавязак адначаснага захавання ўяўных вонкавых форм і паводзін паводле прынцыпу знейтралізавання суб’ектыўнасці на карысць паслушэнства. У канчатковым выніку самі кіраўнікі, маніпулюючы знешнімі формамі, пачыналі ставіцца да іх, як да праўды, што пазбаўляла камуністычную сістэму рыс рацыянальнасці.

Параўнальна з камуністычным таталітарызмам фашызм і нацыянал-сацыялізм, нягледзячы на своеасаблівы ірацыяналізм і клімат фанатычнай агрэсіўнай экзальтацыі, як сістэмы функцыянавалі больш прагматычна. Напрыклад, гаспадарчыя, навуковыя і ваенныя мэты, задавальненне эканамічных патрэб народу ажыццяўляліся паслядоўна са скарачэннем непатрэбных выдаткаў. Для камуністычнага ж рэжыму было важна, каб яго ўспрымалі не ў рэальным вымярэнні, паводле дзеянняў у цяперашнім часе, а ў катэгорыях будучага здзяйснення пастаўленых мэт, ім абвешчаных. У прапагандзе камуністычнай дзяржавы рэчаіснасць была ледзь распазнавальнай, затое пра ідэалогію і “светлую будучынь” яна нагадвала на кожным кроку.

Асаблівай рысай камуністычных сістэм былі прынцыпы, згодна з якімі адбываліся змены ў палітыцы і ў арыентацыях. Гэтая рыса ў фашысцкай сістэме таксама прысутнічала, але ў камунізме яна абазначылася асабліва востра і выразна. Кожны раз, калі наступала змена правіл і прыярытэтаў, перапынялася гістарычная бесперапыннасць, нейкі фрагмент папярэдняй эпохі быццам бы забываўся. Асноўным правілам тут была пільнасць сцірання ў памяці сістэмы папярэдніх значэнняў і прызнання актуальнай сістэмы значэнняў такім чынам, нібыта яна была вечнай. Прыкладам, з кожнай “зменай афіцыйнай лініі” адначасова кожны раз рэканструявалі гісторыю, асабліва гэта тычыцца найноўшай гісторыі.

Прывабным бокам марксізму-ленінізму быў універсалізм з ягонай ідэяй эгалітарных чалавечых пачуццяў у якасці галоўнай псіхалагічнай спружыны, які ўлучаў яго ў сістэму дэмакратычных канцэпцый. Фашызм, каб разбурыць буржуазны індывідуалізм, звяртаўся толькі да пэўных груп людзей, да народу або расы. Гэтым самым ён выключаў з абсягу сваіх ідэй тых, хто не быў іх часткай, ставячыся да іх, як да сапраўдных ворагаў. Адзінства супольнасці дасягалася, такім чынам, дзякуюы пачуццю яе вышэйшасці. І нават пастаяннага антаганізму адносна іншых чалавечых груп. Тых, хто не належаў да “вышэйшай расы” або да “выбранага народу”, фашызм асуджаў на паразу і вынішчэнне. Камуністы зусім наадварот — верныя, нібыта, дэмакратычным інспірацыям марксізму, ставілі сабе за мэту вызваленне ўсяго чалавецтва. Таму ў фашызме і нацызме магчыма было пазнаць ворага дэмакратыі значна лягчэй, чым у камунізме. Гэты апошні хаваў свой антыдэмакратычны характар, а першыя два стварылі з яго сваё credo.

Усе тры рэжымы — камунізм, фашызм і нацызм — нарадзіліся з гістарычнага здарэння — першай Усясветнай вайны, былі часткай рэвалюцыйнага перавароту, метаду дамінавання праз страх. Калі казаць пра метады, то рэкамендаваныя і ўжываныя бальшавізмам знаходзілі сабе месца і ў фашысцкім рэпертуары. Галоўны з іх фармуляваўся так: усе сродкі добрыя, пакуль паслугуюць справе. Усе гэтыя рэжымы, і толькі яны, вырашалі ажыццявіць дэструкцыю грамадскага палітычнага ладу, цалкам падпарадкоўваючы індывідаў ідэалогіі і тэрору партыі-дзяржавы. У выпадку камунізму і нацызму міфалогія аб’яднання народу пад кіраўніцтвам партыі і яе “непамыльнага” правадыра прывяла да катастрофы. Лучыла іх таксама адкрыта вызнаваная рэлігія ўлады, якая апраўдвала скарыстанне ўсялякіх сродкаў дзеля яе ўтрымання, улучна з тэрорам. І не так ужо важна, што паняткі розуму і гісторыі ў гэтых рэжымаў розніліся. У філасофскім сэнсе маецца, канешне, істотная розніца. Не аспрэчыш, аднак, надзвычайнага падабенства як прыроды, так і механізму гэтых палітычных сістэм.

Камунізм, фашызм і нацыянал-сацыялізм мелі рознае інтэлектуальнае паходжанне. На практыцы, між тым, гэтыя адрозненні сціраліся, бо таталітарныя інстытуты, падпарадкоўваючы сабе ідэалогію, змянялі яе і скарыстоўвалі паводле сваіх меркаванняў. Асноўнай мэтай пры гэтым заставалася дасягненне поўнага падпарадкавання і ўяўнага адзінства сваіх грамадзян. Відочным было імкненне да грамадскай уніфікацыі. Гэтаму паслугавалі шматлікія арганізацыі, якія ахоплівалі чалавека, пачынаючы з дзіцячага ўзросту. Выявіўся небывалы ніколі раней трыумф палітычнага гвалту. Знешняя палітыка таксама ставілася на службу ваяўнічай ідэалогіі. У канчатковым выніку усе гэтыя віды рэжымаў аказаліся аднолькава дэструктыўнымі і антыгуманнымі. А таму абодва віды таталітарызму, з іх непрыхаваным тэрорам, адказныя за пагібель мільёнаў людзей. Калі савецкі таталітарызм быў звернуты пераважна ўсярэдзіну, супраць “класавых ворагаў”, дык фашызм і нацыянал-сацыялізм — перадусім навонкі, супраць “ворагаў нацыі і расы”. Ды абодва рэжымы аднолькава пакінулі па сабе прыкмету і памяць свайго трывання ў гісторыі — суровую лагерную сістэму.

3. Камунізм і нацызм

Свайго апагею таталітарызм дасягнуў за часам валадарання камуністычнай і нацыянал-сацыялістычнай сістэм улады. Між Трэцім рэйхам за Гітлерам і Савецкім Саюзам за Леніным — Сталіным можна правесці шмат аналогій. У арганізацыі тэрору, прапаганды і масавай актывізацыі грамадства (да іх адносяцца масавыя шэсці, гіганцкія ваенныя парады і дзіўны культ правадыра) роднасць СССР і Трэцяга рэйху з’яўляецца бясспрэчнай. Толькі ступень таталізацыі СССР была выразна большай за гітлераўскую ў Германіі. Трэці рэйх аказаўся выразна менш маналітным, чым камуністычная сістэма ў сталінскім Савецкім Саюзе, якая, да таго ж, значна больш жорстка распраўлялася з людзьмі метадам чыстак. Хоць нацысцкае злачынства дасягнула роўню, да якога камунізм не дарос, даводзіцца прызнаць, што камунізм прынёс куды больш разлеглыя ў часе і глыбокія маральныя спустэленні. Перадусім таму, што новыя маральныя нормы былі накінуты на ўсё насельніцтва, падпалае пад рэадукацыю. У камуністычным уціску гэтыя нормы былі найбольш невыносныя. Усё астатняе — адсутнасць палітычных і грамадзянскіх свабод, паліцэйскі нагляд, фізічныя рэпрэсіі, нават страх — папраўдзе выдае на нягегласць параўнальна з педагогікай, што пярэчыла жывым пачуццям і розуму, скалечваючы душы. Да таго ж, ёй былі падпарадкаваны ўсе “сродкі дзейнасці” і “органы”. Постсталінскі Савецкі Саюз хаця і не ўжываў ужо масавага фізічнага тэрору, затое гвалціў грамадзян цэлым наборам памылкова-ўтапічных і атрутных ідэй, бязлітасна караючы за адступніцтва ад іх. А раз камунізму, адрозна ад гітлерызму, было адведзена значна больш гістарычнага часу, плады камуністычнага выхавання паспелі выявіцца напоўніцу.

Польскі пісьменнік Юзаф Мацкевіч, які цягам кароткага адрэзку часу зазнаў жыцця ў абедзвюх сістэмах, наступным чынам малюе значэнне і ўплыў гэтых двух таталітарызмаў: “Нацызм — гэта ў перспектыве гісторыі une petit merde (маленькае дзярмо — Ю.В.), фрагмент фізічнага тэрору, які быў і будзе. А вось камунізм гэта une peste (чума — Ю.В.). Ніякая дактрына яшчэ не адбірала ў людзей да такой ступені права на сумнеў, права на тое, каб параўноўваць розныя рэчы. Ніводная не адбірала да такой ступені рэштак розуму, не была такой эфектыўнай і зацятай…”

Таму зруйнаванне камунізму пакінула па сабе пустэчу не толькі ў галіне эканомікі, экалогіі, аховы здароўя і палітыкі, але таксама, а можа й найперш, у розумах і душах грамадзян. Атручаныя душы тут цяжэй ачысціць чым у Германіі, якая, зачэпленая адносна кароткім шаленствам, здольна была да ачышчальнага пакаяння (хай сабе й з дапамогай дзяржаў-пераможцаў у вайне, што правялі г.зв. дэнацыфікацыю).

Абедзве ідэалогіі прыйшлі да ўлады ў ХХ ст., ставячы за мэту стварэнне “дасканалага” грамадства шляхам элімінавання крыніц зла. У выпадку камунізму крыніцай зла была прыватная ўласнасць, г.зн. яе ўладальнікі — усе людзі, “сапсаваныя духам капіталізму”. Нацыянал-сацыялісты пачатак зла бачылі ў г.зв. ніжэйшых расах. І камуністы і нацысты мелі амбіцыі выракаць насельніцтва на перавыхаванне і ствараць “новага чалавека”. Абедзве дактрыны звярталіся да ўзнёслых ідэалаў, здатных збудзіць бязмежную самаадданасць і гераізм, і адначасова з абедзвюх вынікала права, і нават абавязак, фізічнага знішчэння супраціўнікаў. Абедзве плыні ўглядаліся наперад і назад, прэтэндуючы і на будучынь і на мінуласць.

Таталітарныя папулізмы развіліся, па сутнасці, з рэвалюцыйных папулізмаў. Адрозна ад даўніх дэспатызмаў, новыя рухі патрабавалі ідэнтыфікацыі з “народам”, “масамі”. Дакучнае дамаганне лаяльнасці індывіду да калектыву стала, такім чынам, апірышчам не толькі камунізму, але і фашызму і нацыянал-сацыялізму. Як і камунізм, фашызм і нацыянал-сацыялізм, захапіўшы ўладу, падпарадкавалі індывіда дзяржаве — як прадстаўніку ўсёй супольнасці. Супольнасць, канешне, вызначалася гэтымі ідэалогіямі па-рознаму.

Ані камунізм, ані нацызм не перамаглі ва ўсясветным маштабе, на што кожны меў разлік і спадзеву. Таму абодва рухі і рэжымы, імі ўсталяваныя, цяпер праўдзіва ўспрымаюцца як няўдалыя. Таксама паўстае станоўчы адказ на пытанне, ці камунізм і фашызм, а дакладней бальшавізм і радыкальны фашызм першай паловы ХХ ст., былі раўназначнымі скрайнасцямі — значыць таталітарызмамі. Але ж нельга ім абодвум з пэўнасцю прыпісаць гістарычную непазбежнасць. Не магчыма прыняць да ўвагі й хоць якія аргумэнты пра недапушчальнасць параўнання, а яшчэ дакладней — ідэнтыфікацыі абмеркаваных намі сістэм. Гэтаксама, як, з іншага боку, зусім няслушна было б супрацьпастаўляць гэтыя ідэалогіі.

І ўсё ж невыпадкова паўстае пытанне: чаму гістарычнай памяці людзей абедзве гэтыя сістэмы трактуюцца па-рознаму? Адной з прычын з’яўляецца тое, што камунізм і нацызм размясціліся, нібыта, на двух супрацьлеглых палітычных палюсах — левым і правым. Усеагульная тэорыя савецкіх ідэёлагаў менавіта з такой класіфікацыяй памянёных палітычных сістэм набыла найбольш шырокі распаўсюд і поспех. Як ужо адзначалася, за міжваенны перыяд камуністычныя прапагандысты перапрацавалі паняцце “фашызм”, спачатку прывязаўшы яго значэнне да нацыянал-сацыялізму, а затым прыстасаваўшы й да любога рэжыму, які супрацьстаіць камунізму. Такое ўяўленне зусім не адпавядае рэчаіснасці. Да прыкладу, між фашысцкай Італіяй і нацыянал-сацыялістычнай Германіяй заўважна вялікая розніца, не кажучы ўжо пра іншыя краіны. Настойлівае цверджанне Масквы, што фашызм уяўляе з сябе дыяметральную супрацьлегласць камунізму, было падтрымана Камуністычным інтэрнацыяналам і шырока скарыстоўвалася ў сацыялістычных і ліберальных колах Захаду.

Дзякуючы гэтым намаганням, у калектыўнай свядомасці характэрныя рысы нацызму сцерліся. Змешчаны ў спектры правых рухаў, ён кідаў на іх цень і дыскрэдытаваў ужо праз сам факт атаясамлівання з імі. Нацызм, гэткім чынам, выявіўся як скрайняя форма правага руху, а савецкі камунізм увасобіў скрайнюю форму левага. Вельмі хутка забылася цверджанне нацыянал-сацыялістаў, што яны таксама ворагі капіталізму, экспрапрыявалі або зліквідавалі былыя эліты і надавалі свайму руху рэвалюцыйны выгляд, здабываючы права належаць да гісторыі сацыялізму.

І так спакваля нашы разважанні пахіляюцца ў бок змяшчэння камунізму, фашызму і нацыянал-сацыялізму да скрайне левых рухаў. Далей у гэтай класіфікацыі ідуць ліберальныя сістэмы, а на правым крыле фігуруюць аўтарытарныя сістэмы.

Варта задумацца, адкуль бярэцца асіметрыя ў трактоўцы камунізму і нацызму. Калі фашызм і нацызм атрымалі належную ацэнку, дык камунізм часта падаецца як ідэя, не паспелая належным чынам зрэалізавацца. Гэтаму паспрыялі, вядома, прыгаданыя ўжо прапагандысцкія поспехі камуністаў. Ленін і яго паслядоўнікі сцвярджалі, што яны дзейнічаюць дзеля карысці чалавецтва, універсалізму, прыцягваючы шматлікіх прыхільнікаў, дарэчы, сярод заходняй інтэлігенцыі. І якраз гэта давала ім вялікую перавагу над нацызмам. Бо той, звяртаючыся да вузкай расавай тэорыі, абмяжоўваў абсяг свайго ўплыву на іншыя краіны і народы. Савецкая таталітарная дзяржава абапіралася, як і гітлераўская, на тэрор, але, апроч гэтага, яшчэ й на татальную ману. Еўрапейцы нават не разумеюць, на якую хлусню ішла савецкая сістэма: яны ж не прызвычаены да яўнай і абсалютнай хлусні. Да гэтага дадалася еўрапейская гістарычная амнезія. На Захадзе ахвотна асудзілі нацызм, але вырашылі памілаваць савецкі камунізм. Спачатку заходнія маральныя аўтарытэты заявілі, што камуністы заслугоўваюць амністыі. А пасля наступіла амнезія, г.зн. усеагульнае забыццё. Нацызм лепш вядомы, таму што пераможныя саюзнікі шырока асвятлілі яго злачынствы, а вінаватых пакаралі, праводзячы дэнацыфікацыю. Фашызм здрадзіў заходняй цывілізацыі і з 1940 г. запанаваў ледзь не ва ўсёй Еўропе. Таму ён зрабіўся ў вачах Захаду большай за камунізм пагрозай, стаўшы паталагічнай разнавіднасцю заходняга развіцця. Гэтак фашызм, нібыта, аспрэчваў культурную місію Захаду. А Савецкі Саюз гістарычна заставаўся звонку Еўропы, таму эксцэсы бальшавізму турбавалі свет менш. Урэшце рэшт, з 1941 г. СССР паўстаў саюзнікам у барацьбе з гітлерызмам, апынуўшыся на адным баку з Захадам. Таму тагачасны камунізм не меў на Захадзе адкрытых ворагаў і перастаў выклікаць падазронасць, ператварыўшыся ў вялікага пераможцу нацызму.

Скарыўшы амаль увесь кантынент, нацызм учыніў еўрапейскую трагедыю,. Усім народам, цярпелым гітлераўскі ціск, гэтая акупацыя бачылася страшэннай катастрофай. Між тым, пераможны камунізм асталяваўся толькі ў краінах, вызваленых чырвонай арміяй, г.зн. толькі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе. Толькі там ён і стане рэальным досведам. І надалей на Захадзе камунізм будзе функцыянаваць ва ўяўным выглядзе, незалежна ад сваёй рэальнай формы. Параза нацызму толькі ўзмацняла гэту ілюзію. Гэтым можа тлумачыцца факт, што гістарычных і паліталагічных прац, датычных нацызму, непараўнальна больш, чым тых, дзе аналізуецца камунізм.

Гады пасля другой Усясветнай вайны былі для камуністычнай ідэі надзвычай паспяховымі перадусім таму, што яны суправаджаліся эйфарыяй перамогі ў вайне. Параза гітлерызму дала другому, пераможнаму, таталітарызму застацца не толькі незакранутым, але й пачувацца ўсемагутным. Анічога ён не страціў у валадаранні лёсамі і жыццямі ўласных грамадзян. Ды яшчэ й здолеў прыцягнуць дэмакратычныя дзяржавы да фактычнага суўдзелу ў гэтым гвалце.

Такім чынам, другая Усясветная вайна, знішчаючы адны таталітарныя дзяржавы, узмацніла іншыя, зліквідаваўшы рэжымы Мусаліні і Гітлера, узнесла Сталіна на самыя вяршыні. Гэтая перамога дала Савецкаму Саюзу надзвычайную ўладу на ўсясветную грамадскую думку. Савецкі Саюз ніколі не меў такой вялікай сілы ўплыву, як у 1945 г. Ён фігуруе адначасова ў першым шэрагу ахвяр і першым шэрагу пераможцаў, а гэтага дастаткова, каб забыцца пра яго прыроду. Факт, што СССР, які заключыў саюз з заходнімі дэмакратыямі — Англіяй і ЗША, заплаціў за гэтую перамогу найдаражэйшай, платай, дазваляе свету забыцца пра савецкі генацыд, учынены адносна мільёнаў уласных грамадзян падчас сталінскіх рэпрэсій. Парадокс пасляваеннай маральнай сітуацыі заключаецца таксама ў тым, што грамадская думка на Захадзе, як падаецца, зусім не акцэнтуецца на гітлераўска-савецкім пакце 1939 г. Савецкая перамога прымацоўвае сваю знакавую сістэму да ўсяго, што здарылася да вайны. Французскі гісторык і палітолаг Стэфан Куртуа піша, што ўдзел камуністаў у другой Усясветнай вайне, іх уклад у адоленне нацызму спрыяў перамозе паняцця “антыфашызм” як крытэру праўдзівасці, і камуністы пастараліся выставіць сябе лепшымі прадстаўнікамі і абаронцамі антыфашызму. Антыфашызм стаўся для камунізму своеасаблівай прэстыжнай “таварнай маркай”. Пераможаны нацызм быў азначаны пераможцамі-саюзнікамі як абсалютнае зло, што аўтаматычна перасунула камунізм у лагер Дабра. Перамога над нацызмам абарочвалася доказам перавагі савецкай сістэмы. Камуністычная прапаганда максімальна скарыстоўвала настроі, панавалыя тады ў краінах Заходняй Еўропы, вызваленых саюзнікамі, — пачуццё ўдзячнасці чырвонай арміі і вінаватасці перад народамі Савецкага Саюзу, якія паклалі велізарныя ахвяры дзеля перамогі.

Трэба таксама ўлічыць слабізну груп, здольных захаваць памяць пра злачынствы камунізму ўнутры самога “сацыялістычнага лагеру”. Нацызм панаваў 12 гадоў, а еўрапейскі камунізм — ад 50 да 74. Цягам такога доўгага часу грамадства было расколата, эліты паступова вынішчаны, заменены, рэадукаваны. Да таго ж, большасць людзей, якія думалі самастойна, была пазбаўлена шанцаў атрымаць праўдзівыя веды пра ўласную гісторыю і страціла здольнасць крытычнага аналізу. І пры тым у большасці краін, якія выходзілі з камунізму, не ўзнікала й гаворкі пра пакаранне асоб, адказных за забойствы, зняволенне, руйнаванне і ачмурэнне двух або трох пакаленняў грамадзян. Таму што ў пераважнай большасці гэтых краін, а таксама ў былых савецкіх рэспубліках, пры ўладзе па-ранейшаму заставаліся кадры, выгадаваныя старой сістэмай.

Гітлераўская Германія адкрыта дзейнічала як захопнік і акупант. Савецкі Саюз, наадварот, прыкідваўся вызваляльнікам занятых тэрыторый, насельніцтва якіх мусіла “прасіццца” ў СССР, робячыся часткай сістэмы. Нацыянал-сацыялізм быў настроены на эксплуатацыю і знішчэнне іншых народаў у інтарэсах свайго. Перадумовай паўставала таталітарная дыктатура ў самой Герамніі і бязлітасныя рэпрэсіі ў выпадку хоць якіх-кольвек спроб не тое каб супраціву, а выказвання незадавалення. Злачынства галоўным чынам прызначалася на экспарт. Таму, пасля паразы і апрытомнення, наступіла натуральнае разуменне віны. Камунізм жа быў і ёсць арыентаваны перадусім на фармаванне апанаванага і падпарадкаванага грамадства. Кожнага ён стараўся зрабіць суўдзельнікам сістэмы, мала каму пакідаючы магчымасць быць выключна ахвярай. Гітлерызм скончыўся спектакулярнай паразай, а камуністычны эксперымент, выступаючы ў якасці ўніверсальнай ідэі для ўсіх, усё яшчэ ашуквае многіх. Ён пачаўся ў 1917 г. і жыве дасюль, функцыянуючы ў Паўночнай Карэі і Кітаі, на Кубе і ва В’етнаме.

4. Замест заключэння

Пра складанасць і актуальнасць пытання сведчыць палеміка, што разгарэлася ў Германіі ў 1980-х гадах. У ходзе дыскусіі гісторыкаў сярод шматлікіх палітычных і гістарычных пытанняў найбольшыя супярэчнасці выклікала пытанне экстэрмінацыі габрэяў падчас другой Усясветнай вайны: ці гэта мае быць прызнана выключным і адзінкавым здарэннем, ці адбываліся калі-небудзь і дзе-небудзь дагэтуль такога кшталту акты генацыду. Супраціўнікі апошняй пазіцыі звінавачвалі сваіх апанентаў за спробу “нармалізавання” нацысцкага перыяду і недаацэнкі Галакосту. Разгарнулася й спрэчка наконт таго, ці праўдзіва прызнаваць Савецкі Саюз вінаватым за злачынствы, параўнальныя з Галакостам. Адзін з удзельнікаў гэтай дыскусіі, англійскі гісторык Алан Булак, сцвярджае, што ў выніку сталінскіх рэпрэсій загублены жыцці значна большай колькасці людзей, чым у выніку дзейнасці нацыстаў.

Пытанне гэтае не страціла актуальнасці і ў нашы дні. Так, прынамсі, засведчвае сітуацыя, адбываная з міністрам замежных спраў Латвіі Сандрай Калнетэ. У сакавіку 2004 г., прамаўляючы на адкрыцці штогадовага кніжнага кірмашу ў Лейпцыгу, яна выснавала, што абодва таталітарныя рэжымы — нацызм і камунізм — былі аднолькава злачыннымі. Гэта выклікала негатыўную рэакцыю пэўных колаў нямецкага грамадства, а сур’ёзная газета “Frankfurter Allgemeine Zeitung” у каментары на першай паласе востра асудзіла зробленае Калнетэ параўнанне камунізму з нацызмам. Аргументацыя падаецца дастаткова заблытанай, але логіка праглядаецца ў тым, што такое параўнанне некарэктнае, бо камунізм… не адказвае за злачынствы Галакосту. Крытыкуючы С.Калнетэ, газета пісала таксама, што камунізм пасля 1945 г. ужо не практыкаваў масавых знішчэнняў людзей.

Гэтае здарэнне характэрным чынам перадае стан сённяшняе грамадскае думкі што да ацэнкі абедзвюх таталітарных сістэм, стаўленне да якіх, як аказалася, вельмі селектыўнае. Адным з вынікаў такога падыходу з’яўляецца меркаванне, згодна з якім нават агульнае параўнанне гітлераўскай Германіі і камуністычнага СССР пачынае лічыцца частковым апраўданнем нацыстаў. На Захадзе, які не меў досведу панавання камуністычнага ладу, учынены нацызмам Галакост, лічыцца абсалютным злом. Таму спробы прызнання раўнавартасці Галакосту з рэпрэсіўным характарам савецкага таталітарызму ўспрымаюцца як рэлятывізацыя, памяншэнне таго зла. За такія прыпушчэнні прыхільнікі раўназначнасці двух таталітарызмаў звінавачваюцца, паміж іншага, за антысемітызм. Аднак за ўсім гэтым забываюцца почасту, што без развязання вайны, да якой спрычыніліся абодва рэжымы, не было б і Галакосту.

Камунізм поруч з гітлерызмам нясе аднолькавую адказнасць за выбух Другой усясветнай вайны, а значыць і за яе ахвяры. І факт, што савецкі таталітарызм стаў пасля тае вайны менш злачынным, не памяншае яго віны за мільёны панішчаных і забітых раней. Цяжка таксама пагадзіцца й з прапановай злітавацца да камунізму толькі з улікам тае акалічнасці, што ён не кіраваўся расавай матывацыяй у вынішчэнні прадстаўнікоў самых розных рас і рэлігій.

Літаратура:

1. Арендт Х. Истоки тоталитаризма. Москва, 1996.

2. Арон Р. Демократия и тоталитаризм. Москва, 1993.

3. Бердяев Н.А. Истоки и смысл русского коммунизма. Москва, 1990.

4. Буллок А. Гитлер и Сталин. Жизнь и власть. Т. 1—2. Смоленск, 1994.

5. Верт Н. История советского государства 1900—1991. Москва, 2002.

6. Вішнеўскі А.Ф. Палітыка-прававы рэжым савецкай дзяржавы (1917—1953). Мінск, 2002.

7. Восленский М. Феодальный социализм // “Новый мир”. 1991. №4.

8. Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мінск, 2000.

9. Конквест Р. Большой террор // “Нева”. 1989. №9—12; 1990 №1—12.

10. Малиа М. Советская трагедия. История социализма в России 1917—1991. Москва, 2002.

11. Пайпс Р. Россия при большевиках. Росспэн. Москва, 1997.

12. Пртотько Т.С. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941). Минск 2002.

13. Раушинг Г. Говорит Гитлер. Зверь бездны. “Миф”. Москва, 1993.

14. Солженицин А. Архипелаг ГУЛАГ // Малое собрание сочинений. Т. 5—7. Москва, 1991.

15. Соловьёв Э.Г. Тоталитаризм в политической жизни России и Запада. Москва, 1992.

16. Тоталитаризм: что это такое? Москва, 1993.

17. Тревор-Ропер Х. Застольные беседы Гитлера 1941—1944. Москва, 2004.

18. Чёрная книга коммунизма. Преступления, терор, репрессии. Москва, 1999.

19. Brzezinski Z. The Grand Failure: The Birth and Death of Communism in the Twentieth Century. New York 1989.

20. Friedrich C.J., Brzezinski Z.K. Totalitarian dictatorship and autocracy. Harvard University Press. Cambridge (Mass.), 1956.

 

You may also like...