Алесь АНЦІПЕНКА. Жоўтая журналістыка

План:

1. Запачаткаваньне жоўтай прэсы

2. “Жоўтае дзіцятка”

3. “Асновы” жоўтай журналістыкі

4. Жоўтая прэса сёньня

1. Запачаткаваньне жоўтай прэсы

Фэномэн жоўтай прэсы паўстаў у 90-я гг. 19 ст. у ЗША. І быў адлюстраваньнем новай сытуацыі, калі газэта зрабілася даступнай кожнай амэрыканскай сям’і. Тады выданьне газэт і ператварылася ў сапраўдны бізнэс. З гэтай прычыны істотна ўзрасла канкурэнцыя, якая змусіла выдаўцоў і рэдактараў ня толькі шукаць новыя спосабы ды прыёмы, каб прывабіць чытачоў, але й змагацца між сабой. Досыць хутка высьветлілася, што шлях да шырокага чытача просты: той — аказалася — прагне сэнсацый, скандалаў, неверагодных навін ці папросту прыдуманых гісторый, якія закраналі б ягонае ўяўленьне і абуджалі эмоцыі ды жарсьці.

Першымі новую сытуацыю адэкватна ацанілі Джозэф Пулітцэр[1] і Уільям Рэндолф Херст[2] — пасьпяховыя выдаўцы і рэдактары дзьвюх нью-ёрскіх газэт — New York World і New York Journal. Абодва былі асобамі амбітнымі, і кожны парываўся стаць першым. Асабліва жорсткая барацьба між іх разгарнулася ў пэрыяд з 1895 да 1898 гг.

Ды напачатку ўсё ж была “новая журналістыка” Джозэфа Пулітцэра. У 1883 г. Пулітцэр купляе досыць пасьпяховую штодзённую газэту New York World. Івырашае, між тым, зьмяніць яе канцэпцыю. Паступова выданьне пачынае губляць сваю ранейшую рэспэктабэльнасьць, у ім зьяўляецца ўсё больш сэнсацыйных матэрыялаў, а таксама публікацый з выкрыцьцём карупцыі і сацыяльнай несправядлівасьці. Да таго ж, чытацкую ўвагу газэта стала прыцягваць вялізнымі загалоўкамі ды кідкімі вульгарнымі ілюстрацыямі. Сёньня гэтым нікога ня зьдзівіш, бо сучасная пэрыёдыка поўная і скандальных матэрыялаў, і вялізных загалоўкаў, і правакацыйных ілюстрацый. Аднак на той час гэткае было навіной.

Посьпех газэты азначаў, што сфармавалася ня толькі новая, не падобная да ранейшай, журналістыка, але й новая аўдыторыя. Гэтыя чытачы зусім не патрабавалі сур’ёзных матэрыялаў. Перадусім іх цікавіла тое, што эмацыйна ўзрушвае, што кідаецца ў вочы, патыхае скандалам, выкрывае злачынства. А гэта сьведчыла пра паўставаньне масавай культуры і, адпаведна, масавай аўдыторыі. Прэса ж, апроч іншага, ператваралася ў сродак масавай інфармацыі.

2. “Жоўтае дзіцятка”

yellowkid_01.jpgЯшчэ адзін рэвалюцыйны элемэнт уражваў у выданьні Пулітцэра — “жоўтае дзіцятка”, апранутае ў начную кашульку, — галоўны пэрсанаж коміксаў Рычарда Фэлтана Аўтколта (Richard Felton Outcault (1863-1928). Герой Аўтколта зьявіўся спачатку ў чорна-белым варыянце (17 лютага 1895 г). Аднак ужо ў траўні таго ж году выяву хлопчыка выдрукавалі ў колеры.

Коміксы і колер былі выключна вынаходніцтвам New York World, бо нічога падобнага раней у газэтах не сустракалася.

Папулярнасьць коміксаў і “жоўтага хлопчыка” была неймавернай. Таму Херст, набыўшы ў тым жа годзе газэту New York Journal, адразу вырашае перацягнуць Аўтколта ў сваё выданьне. І гэта яму нарэшце ўдаецца. Ад кастрычніка 1986 г. да студзеня 1898 г. газэта Херста выдае тры сэрыі коміксаў з “жоўтым дзіцяткам” у якасьці галоўнага пэрсанажу. Надзвычай пацешная склалася сытуацыя: пасьля сыходу Аўтколта Пулітцэр наймае новага мастака, які й далей малюе для New York World улюбёнага публікай героя. А Херст тым часам перацягвае ў сваю газэту таксама іншых таленавітых супрацоўнікаў Пулітцэра.

yellowkid_02.jpgГэткім чынам, між двума найбольш папулярнымі нью-ёрскімі выданьнямі фактычна распачынаецца вайна за першынства. Дзеля перамогі скарыстоўваюцца ўсе магчымыя сродкі. Але ў самую моцную зброю ператвараюцца сэнсацыі, скандальныя матэрыялы і падман.

Пік суперніцтва прыпадае на пярэдадзень гішпанска-амэрыканскай вайны (красавік — жнівень 1898 г.), у разьвязаньні якой абедзьве газэты адыгралі немалую ролю. Некаторыя дасьледчыкі нават лічаць, што менавіта Херст і Пулітцэр уцягнулі Злучаныя Штаты ў гэтую вайну. У 1895 г. абодва выданьні пачынаюць пісаць пра падзеі ў найбліжэйшай да ЗША гішпанскай калёніі — Кубе. І робіцца так перадусім у зьвязку з Другой кубінскай рэвалюцыяй.

У тагачасных матэрыялах нязьменна прысутнічалі гераічныя кубінцы і зламысныя гішпанцы, што ўчыняюць масавыя рэпрэсіі супраць мірных жыхароў калёніі. Чытачам распавядалі нават пра збройныя сутычкі, якіх насамрэч ніколі не было. Самыя нязначныя падзеі на Кубе выклікалі непадробнае зацікаўленьне, таму газэты няспынна публікавалі артыкулы пра неверагодныя дзікунскія гісторыі (да прыкладу, пад загалоўкамі кшталту “Гішпанскі канібалізм” ці “Нечалавечыя катаваньні”).

Гэтак спакваля распальвалася варожасьць да гішпанцаў. І ўрэшце пад прэтэкстам “абароны амэрыканскіх інтарэсаў” вырашана паслаць на Кубу ваенны карабель Maine. У порце Гаваны карабель прабыў тры тыдні. За гэты час аніякіх забурэньняў на выспе заўважана не было. Якраз наадварот: усё было спакойна, і капітан разьлічваў, што ў хуткім часе місія Maine будзе завершана. Але здарылсая непрадбачанае: на караблі здарыўся выбух, узьнік пажар. І карабель патануў. Адбылося гэта 15 лютага 1898 г. Афіцыйнае расьсьледаваньне, праведзенае адразу пасля інцыдэнту, прычыны выбуху ня выявіла[3].

Празь некалькі дзён пасьля здарэньня Херст публікуе ў сваёй газэце сэнсацыйны артыкул пад назвай “Ад выбуху д’ябальскага варожага прыстасаваньня ваенны карабель Maine раскалоўся на дзьве часткі”, які раскрывае, як гішпанцы падвялі пад карабель тарпэду і ўзарвалі яе зь берага. Больш за тое, неўзабаве газэта абнародавала й чарцяжы сакрэтнай гішпанскай тарпэды. Амэрыканцы былі шакаваны. Бо паверылі ў праўдзівасьць гэтай гісторыі. Усьлед за New York Journal газэты ўсяе краіны сталі друкаваць зьвінаваўчыя артыкулы пра жахлівыя злачынствы гішпанцаў[4].

Абураныя амэрыканцы запатрабавалі ад ураду ўвесьці войскі на Кубу ды ў іншыя гішпанскія калёніі. І ўжо прыкладна празь месяц разьвязалася гішпанска-амэрыканская вайна.

Такім чынам, уплыў мэдыяў на грамадзкую апінію і рэальную палітыку дзяржавы аказаўся настолькі моцным, што справакаваў сапраўдную вайну. Такое здарылася ўпершыню за час існаваньня прэсы. І гэтая гісторыя паказала, што сродкі масавай інфармацыі магчыма пасьпяхова выкарыстоўваць як дзеля распальваньня нэгатыўных пачуцьцяў, так і для маніпуляваньня грамадзкай думкай увогуле. Таму Херста і Пулітцэра можна лічыць вынаходцамі фэномэну масавай прапаганды, якая без удзелу мэдыяў — найбольш эфектыўнага інструмэнту яе рэалізацыі — наўрад ці дзейнічала б так упэўнена.

З тае пары за прэсай гэткага кшталту й замацавалася назва “жоўтая” — паводле колеру “дзіцяткі” Аўтколта.

3. “Асновы” жоўтай журналістыкі

Якім жа чынам жоўтыя мэдыі завабліваюць і ўтрымліваюць каля сябе шырокія аўдыторыі ды яшчэ й прышчапляюць ім сваё бачаньне сьвету?

Найперш праз сэнсацыйнасьць. З усіх навінаў абіраюцца толькі здатныя прыцягнуць увагу чытача. Херст заўсёды патрабаваў ад сваіх супрацоўнікаў прадумваньня навіны як сэнсацыі і падаваньня яе ў асабліва зманлівай форме. Адсюль — ня толькі сьціслыя, кароткія тэксты, але й кідкія, зь вялікіх літар, загалоўкі — каб заінтрыгаваць (зьдзівіць, зьбянтэжыць, напалохаць) чытача. Прычым, не істотна, вядзецца гаворка пра  сапраўды нейкую рэальную падзею ці яе не існуе наагул. Карацей, дамінаваньне формы (манеры падаваньня) над зьместам — адна з характэрных рыс жоўтай журналістыкі.

Вышэй мы ўжо адзначалі, што Пулітцэр і Херст былі першымі, хто шырока пачаў выкарыстоўваць коміксы, карыкатуры і колер. Тым самым яны прапанавалі прынцыпова іншыя суадносіны друкаванага тэксту і візуальнагна вобразу — на карысьць апошняга. “Карцінка”, ці візуальны вобраз, адпаведна, зьмянялі спосаб чытаньня газэты і, так бы мовіць, павялічылі хуткасьць успрыманьня матэрыялу. Цяпер, каб даведацца пра чарговую “жахлівую” навіну, не патрабавалася шмат часу: карцінка дазваляла імгненна “счытаць” галоўную інфармацыю. А таму ў некаторых выпадках карыкатура, комікс ці фотаздымак зрабілі тэкст амаль непатрэбным.

Дзеля інтрыгі загалоўкі ў выданьнях жоўтай прэсы часам робяцца нават наўмысна не супадалымі са зьместам тэксту. І гэта лічыцца цалкам прымальным. Акрамя таго, жоўтая прэса часта перабольшвае значнасьць адбыванага. А калі нічога вартага ўвагі не здараецца, тады гісторыю можна прыдумаць самім і выдаць яе за рэальную. Важна не дазваляць чалавеку разьняволіцца. А насамрэч скрайняя драматызацыя — адзін з асноўных прыёмаў жоўтай прэсы — своеасаблівы мэтад стварэньня эмацыйнай напругі з мэтай трымаць спажыўца інфармацыі шчыльна пры сабе.

Вядома, чытач можа і ўсумніцца ў праўдзівасьці надрукаваных гісторыяў. У такіх выпадках скарыстоўваецца даўно адпрацаваны прыём: выданьне запрашае так званых экспэртаў, г.зн., людзей, гатовых пацьвердзіць ці аспрэчыць усё што заўгодна. Як піша гісторык мэдыя Мот (Frank Luther Mott), час ад часу жоўтыя газэты арганізоўваюць “парады аўтарытэтных, а папраўдзе фальшывых меркаваньняў так званых экспэртаў”[5].

Жоўтая журналістыка адпачатна ёсьць журналістыкай эпатажу. Таму ў цэнтры яе ўвагі — шакавальныя факты, учынкі і паводзіны. Інакш кажучы, гэта гісторыі, у якіх героі парушаюць грамадзкія нормы і правілы прыстойнасьці. Альбо, як піша расейскі дасьледчык Я.Сазонаў, гэта такое асьвятленьне тэм і праблем, якое “палягае ў адмове ад недатыкальнасьці любых, нават самых схаваных ад публічнага абмеркаваньня, сфэр чалавечага жыцьця”. Публічнай увазе прапануюцца інтымныя стасункі, выявы аголенага цела і да т.п. Характэрнай паўстае празьмерная цікавасьць да прыватнага жыцьця вядомых людзей і розных асацыяльных зьяў — такіх, як жорсткасьць, гвалт, агрэсія і г.д. Да таго ж, усё гэта набывае пад пяром журналіста скандальную, брутальную альбо й наагул непрыстойную форму. Як азначае вышэй памянёны аўтар, “калі якасная прэса абмяжоўвае глыбіню пранікненьня ў прыватнае жыцьцё этычнымі межамі, дык “жоўтая” гэтыя межы сьмела парушае”[6].

Раней ужо намі акрэсьлівалася цікаўнасьць жоўтай журналістыкі да ўсяго, што ёсьць адхіленьнем ад нормы. Прытым, яна ня толькі сымпатызуе лузэрам і ўсялякім “асацыяльным элемэнтам”, але й малюе іх ахвярамі сыстэмы альбо жорсткіх нечалавечых умоў.

Яшчэ адна асаблівасьць жоўтай прэсы — калейдаскапічнасьць і багатая разнастайнасьць матэрыялаў (так бы мовіць, на ўсе густы) у адным нумары. Пры тым, што ў збудове нумару почасту цалкам адсутнічаюць хоць якая лёгіка ці парадак. Зьмест арганізоўваецца паводле аднаго надзвычай простага крытэру: на першую паласу трэба вынесьці ўсё, што пэўна прыцягне ўвагу чытача. А ўжо далей на адной старонцы могуць суседзіць легкадумныя нататкі з тэкстамі на сур’ёзныя тэмы. І, што дзіўна, нават фармальна тыя “сур’ёзныя” тэксты аказваюцца насамрэч фрагмэнтарнымі і павярхоўнымі. Аб’ём  матэрыялаў, як правіла, невялікі — чытач не павінен стамляцца. А само чытаньне мусіць нагадваць бясклопатнае пераскокваньне птушкі з адной галінкі дрэва на другую. У выніку такога падыходу да асьвятленьня праблем заканамерна адбываецца іх прафанізацыя.

Яшчэ адзін базавы прынцып жоўтай прэсы — забаўляльнасьць. Гэтае патрабаваньне супадае з арыентацыяй масавай сьвядомасьці на атрыманьне задаваленьняў. Дарэчы, такая скіраванасьць жоўтай журналістыкі выглядае цалкам лягічнай яшчэ й таму, што яна “працуе” з падсьведамасьцю, па-за сьведамасьцю індывідуума. Згодна з гэтым прынцыпам, жоўтая журналістыка мінімізуе сфэру рацыянальнага, з чаго крытычнае стаўленьне да розных падзеяў сацыяльнай ці палітычнай рэчаіснасьці ў ейным дыскурсе практычна цалкам адсутнічае. Карацей, жоўтая прэса — гэта ўсяго толькі адзін з атракцыёнаў сучаснай індустрыі пацех.

Нарэшце жоўтая прэса яшчэ й бізнэс, які мала заклапочаны такімі рэчамі, як адказнасьць, прафэсійныя нормы ці журналісцкая этыка. Таму скандальнасьць, эпатажнасьць, бульварнасьць, эротыка ды сэксуальнасьць, без сумневу, выкарыстоўваюцца ёю як эфэктыўныя мэханізмы самапрамоцыі і самарэклямы. Аўтар рэцэнзіі на кнігу, прысьвечаную жоўтай прэсе, характарызуе гэта наступным чынам: “схільнасьць да самапрамоцыі з мэтай прыцягненьня ўвагі да выданьня”[7]. А таму любая жоўтая газэта імкнецца быць падобнай да таннага і прывабнага прадукту, здольнага пазабаўляць масавага кліента зь непатрабавальным густам.

4. Жоўтая прэса сёньня

Брутальнае спаборніцтва выданьняў Пулітцэра і Херста, пра якое мы пісалі напачатку, скончылася абурэньнем адукаванай часткі амэрыканскага грамадзтва. Уводзячы чытача ў зман, жоўтая прэса ўрэшце рэшт падрывала асновы свабоды слова. Крытычнае стаўленьне да гэтай прэсы ў выніку прывяло да таго, што спаборніцтва ў сэнсацыйнасьці паступова згарнулася, і напачатку 20 ст. газэта Пулітцэра New York World пакрысе адмовілася ад эпатажнасьці. Сёння стаўленьне да жоўтай прэсы адназначна нэгатыўнае. Цяпер яна ўспрымаецца як “мутантная варыяцыя журналістыкі, якая супярэчыць ключавым прынцыпам падаваньня інфармацыі і аб’ектыўнага ды нескажонага асьвятленьня навін”[8].

Гэта аднак не азначае, што жоўтая журналістыка зьнікла. Не. Яна працягвае існаваць, і нават у розных варыянтах. Так бы мовіць, у “чыстым выглядзе”, калі гаворка ідзе пра скандальныя выданьні. І ў варыянце частковага выкарыстаньня асобных яе элемэнтаў. Некаторыя зь іх шырока прысутнічаюць ва ўсіх мэдыях . Напрыклад, колер, ілюстрацыі, графікі. Разам з тым, і такія элемэнты, як сэнсацыйнасьць ды эпатажнасьць, досыць часта выкарыстоўваюцца і ў выданьнях, якія рэпрэзэнтуюць сябе ў якасьці сур’ёзных мэдыяў.

Жоўтая прэса ў “чыстым выглядзе” — гэта бессаромная, грубая і прадажная журналістыка, якая паслугуе альбо нейкім палітычным мэтам, альбо “чыстагану”, г.зн., назапашваньню капітала “любым коштам”. Як пісаў ангельскі літаратар і журналіст Гільбэрт Кейт Чэстэртон (Gilbert Keith Chesterton; 1874-1936), “калі францускі журналіст хоча раздражніць і раззлаваць публіку, ён гэта й робіць, распавядаючы, што прэзыдэнт рэспублікі забіў трох сваіх жонак. Наша жоўтая прэса ў той жа ступені бессаромная і беспрынцыповая; праз сваю маральную нікчэмнасьць яна мала клапоціцца пра дакладнасьць.

Увесь сучасны сьвет прагне сэнсацыйнай журналістыкі. Гэта спраўдзіў адзін вельмі здольны і чэсны журналіст-інтэлектуал, містэр Блэтчфорд, які пачаў кампанію супраць хрысьціянства; і хаця… усе думалі, што гэтым ён разбурыць сваю газэту, журналіст упарта працягваў сваю  справу…У выніку высьветлілася, што, шакаваўшы сваіх чытачоў, ён калясальна павялічыў наклад сваёй газэты”[9].

Яскравым прыкладам сучаснай жоўтай журналістыкі зьяўляюцца карыкатуры на прарока Мухамада, што спачатку зьявіліся ў дацкіх газэтах, а потым перадрукоўваліся па ўсім сьвеце.

Даволі заўважнай зьяўляецца прысутнасьць жоўтай журналістыкі на тэлебачаньні. Адна з праграм расейскага каналу НТВ так і называецца “Русские сенсации”. Яна робіцца паводле ўсіх канонаў жоўтага жанру. У варыянце беларускага тэлебачаньня элемэнты жоўтай журналістыкі выкарыстоўваюцца галоўным чынам дзеля дыскрэдытацыі апанэнтаў рэжыму ці іх паплечнікаў па-за межамі краіны.

Сучасны “глямур”, альбо “глянец” — гэта найноўшы варыянт жоўтай прэсы, калі чытач прывабліваецца, акрамя ўсяго іншага, высакаякаснымі фотаздымкамі і адметным друкам на вельмі добрай паперы. Да таго ж, “глянец” — гэта высокатэхналягічны маркетынгавы прадукт, які кваліфікавана ўлічвае ўсе запатрабаваньні адпаведнага чытача.

Падсумоўваючы, заўважым: зыходзячы з сутнасьці “жоўтага жанру” журналістыкі, варта культываваць крытычнае, а нават і скептычнае стаўленьне да якасьці яе мэдыяпрадукту.

 

[1] Джозэф Пулітцэр (1847—1911). Зрабіў газэту New York World самай папулярнай у краіне. Яе наклад сягаў 600 000 асобнікаў. Адной з прычын папулярнасьці было тое, што газэта пісала пра праблемы беднасьці і ўмовы жыцьця ў Нью-Ёрку. Напрыканцы свайго зямнога шляху ён ахвяраваў Калюмбійскаму ўнівэрсытэту 2 млн. даляраў на заснаваньне Школы журналістыкі. Ягонае імя носіць самая прэстыжная ў галіне журналістыкі прэмія.

[2] Уільям Рэндолф Херст (1863—1951). На вяршыні сваёй кар’еры меў ва ўласнасьці 28 газэт, 18 часопісаў, некалькі радыёстанцый і кінакампаній. У 1895 г. Херст купіў New York Journal, канкурэнцыя якой з пулітцэраўскай New York World вылілася ў сапраўдную вайну выданьняў.

[3] Гл.: Remember the Maine: http://viswiki.com/en/The_Yellow_Kid

[6] Сазонов Е.А. Феномен “желтой прессы” http://www.relga.ru/Environ/WebObjects/tgu-www.woa/wa/Main?textid=497&level1=main&level2=articles

[8] Anurati Tandon Yellow Journalism

You may also like...