Віктар ЖЫБУЛЬ. Манаверш ува ўсясьветнай і беларускай літаратуры

Плян:

1. Вызначэньне манаверша

2. Манавершы ды іншыя мініятурныя формы

3. Манавершы ў старажытнай літаратуры

4. Манавершы ў літаратуры XVIII — пачатку ХІХ ст.

5. Валерый Брусаў і ўсходнеславянская традыцыя манаверша

6. Гіём Апалінэр і заходнеэўрапейская традыцыя манаверша

7. Перадумовы разьвіцьця манаверша ў беларускай літаратуры. Творчасьць Максіма Багдановіча, Рыгора Суніцы

8. Манаверш у творчасьці Алеся Наўроцкага, Міхася Стральцова, Іосіфа Скурко

9. Разьвіцьцё беларускага манаверша ў канцы ХХ — пачатку ХХІ ст.

10. Манавершы Анатоля Дэбіша

11. Манавершы Алеся Ліпая

12. Манавершы Аксаны Бязьлепкінай

13. Манавершы Віктара Ыванова

15. Манавершы ў творчасьці іншых аўтараў

16. Нацыянальныя адметнасьці беларускага манаверша

17. Выпадковыя манавершы

18. Манаверш у агульным кантэксьце мініятурных паэтычных форм

 

Манаверш — адна з найбольш ляканічных форм эўрапейскай паэзіі й літаратурных форм наагул. Сам тэрмін манаверш паходзіць ад грэцкага monos — адзін і лацінскага versus — верш, радок. У беларускім літаратуразнаўстве замацаваўся таксама тэрмін аднарадковік (параўн. з расейскім однострок, одностишие. “Верш, які складаецца з аднаго радка, завершанага па сэнсе, па сінтаксічнай і метрычнай структуры” [8, 404] — так азначае манаверш Вячаслаў Рагойша ў сваім “Паэтычным слоўніку”. Падобную фармулёўку прапануе й Сяргей Бірукоў, аднак дадае істотную заўвагу: “…Але гэтага [пэўнага памеру і рытму] яшчэ недастаткова й для таго, каб назваць вершамі шматрадковы тэкст, якому ўласьцівыя зьнешнія прыкметы паэтычнага твору. Відавочна, верш (аднарадковы ці шматрадковы) гэта перадусім канцэнтрацыя — мысьленчая, эмацыйная, інтанацыйная. Зразумела, тут можа быць улічаны і момант парадаксальнасьці” [11, 87—88].

Таму манавершы варта адрозьніваць ад іншых аднарадковых літаратурных зьяў — у паасобку, ад афарызмаў, якія дасьледчыкі схіляюцца прылічваць да празаічнай формы. (Тут мы маем на ўвазе афарызмы як самастойны літаратурны жанр, а ня як складнік мастацкага тэксту, у тым ліку й паэтычнага.) З аз вычай афарызмы ўяўляюць зь сябе лягічна завершанае выказваньне, выслоўе, у якім сьцьвярджаецца трапная (найчасьцей філязофская) думка ці канстатуецца пэўнае жыцьцёвае назіраньне. А манавершы будуюцца па агульных законах паэзіі: ім характэрныя павышаная эмацыйнасць, ужываньне сьмелых тропаў і стыл ёвы х фігур, яркае вобразнае напаўненьне, нярэдка — музычны пачатак, падмацаваны алітэрацыямі й асанансамі. Манаверш можа мець пытальную, клічную інтанацыю ці нагадваць фразу, выхапленую з гутаркі . І, такім чынам, манаверш разьлічаны на асацыяцыйнае мысьленьне чытача. Агульнае ж паміж афарызмам і манавершам — іх ляканічнасць. Падборка твораў, аб’яднаная аўтарам паводле гэтага прынцыпу, можа ўлучаць узоры як першай, так і другой з названых форм, і часам выразна разьмежаваць іх даволі цяжка. Пра падобныя зьявы паэт расейскага замежжа, літаратуразнаўца Ўладзімір Маркаў разважыў: “…бывае афарыстычны аднарадковік, — бо існуе ж “празаічная” паэзія, раман у вершах і г.д.” [16, 347]. Прычынай сьціраньня родавых і жанравых межаў у аднарадковых творах папросту можа стаць і скрайняя мінімалістычнасьць — калі тэкст з двух-трох слоў (лёзунг, эпітафія і г.д.) паводле рытмічна-мэтрычных асаблівасьцяў можа выпадкова (ці амаль выпадкова) супадаць з пэўным вершаваным памерам, але да паэзіі (у агульным разуменьні гэтага слова) не належаць. Такія выпадкі атрымалі ў навуковым ужытку тэрмін удэтэрон (ад грэцкага udeteros — ні той, ні гэты, у дадзеным выпадку — “ні верш, ні проза”) [12, 144], прапанаваны Ўладзімірам Бурычам і ўдакладнены Сяргеем Кармілавым (удэтэрон — “і верш, і проза”) [14, 126].

У культурах многіх краін манаверш існаваў здаўна ў выглядзе прыказак і прымавак, эпітафій, разнастайных дэвізаў і г.д. — але ня быў акцэнтаваны як самастойная вершаваная форма. Пра блізкасьць малых форм фальклёру да манавершаў напісана ў многіх літаратуразнаўчых даведніках. Гэтак, Аляксандар Квяткоўскі ў сваім “Поэтическом словаре” (1966), пішучы пра манаверш, адсылае да артыкулу “Страдания”, а Вячаслаў Рагойша ў “Паэтычным слоўніку” (2004) азначае: “А[днарадковікамі], па сутнасці, з’яўляюцца й некаторыя рытмічна арганізаваныя прыказкі, прымаўкі, народныя выслоўі, якія часам надпісваюцца на посудзе, мэблі, малюнках. Напрыклад:

У родным краю, як у раю.

Чым хата багата, тым рада.

Які дагляд, такі і лад.

Хлеб-соль еж, а праўду рэж” [8, 404—405].

Удакладнім: прыказкі й прымаўкі магчыма прымаць за манавершы толькі ў запісаным выглядзе. Аднак пачаткова яны ўзьніклі як формы вуснай творчасьці, і тая ці іншая (аднарадковая, двухрадковая…) графіка для іх “не зьяўляецца неад’емным структурным элемэнтам” [15]. Сапраўды, пададзеныя выслоўі можна запісаць і двума радкамі — асабліва калі кіравацца прынцыпам рыфмы:

У родным краю,

як у раю

Чым хата багата,

тым рада

Які дагляд,

такі і лад

Хлеб-соль еж,

а праўду рэж

Яшчэ адна сумежная галіна — г.зв. ляпідарны стыль, пад якім разумеюць стыль рэальных эпітафій (выбітых на надмагільлях) і іншых разнастайных помных надпісаў, ляканічных, амаль ананімных і ня ўлучаных у літаратурны кантэкст.

“Мэта ляпідарных надпісаў заўсёды адна — ушанаваньне памяці чалавека, яго значнага ўчынку ці важнай падзеі. Адсюль нязьменна высокі стыль, які пераважна імкнецца альбо да ўрачыстага клясыцыстычнага, альбо да сэнтымэнтальнага варыянту…

Ляпідарны стыль — не літаратура, але элемэнт паэзіі ў ім абавязковы” [14, 126], — піша расейскі дасьледчык Сяргей Кармілаў.

У клясычнай старажытнасьці аднарадковікі былі законнай і даволі шырока распаўсюджанай паэтычнай формай, запісваліся найчасьцей гекзамэтрам і ўяўлялі зь сябе “…надпісы на будынках і вазах, эпітафіі, эпіграмы ў шырокім і вузкім сэнсе, рэлігійныя вершы (сярод аўтараў — св. Грыгорый Багаслоў), пералічэньні, прадказаньні аракулаў, радкі, што зьмяшчаюць усе літары альфабэту, кпінкі з жыхароў якой-небудзь мясцовасьці, шарады й арыфмэтычныя задачы” [16, 345]. З грэцкіх аўтараў манавершаў вядомыя імпэратар Адрыян, драматургі Эўрыпід і Мэнандр, з лацінскіх — паэты Вэргілій, Марцыял і Аўзоній. Але большасьць аднарадковікаў ананімныя — аўтарства іх невядомае. Ня выключана таксама, што многія зь іх зьяўляюцца аскепкамі больш буйных твораў, якія да нас не дайшлі.

Антычная паэзія выклікала цікаўнасьць спачатку ў лацінамоўных паэтаў эпохі Адраджэньня (напрыклад, ангельца Томаса Кэмпіена), пазьней — у нямецкіх клясыцыстаў XVIII — пачатку ХІХ стст. Карла Вільгельма Рамлера, Ёгана Крыстафа Фрыдрыха Хаўга і Ёгана Генрыха Фоса, якія займаліся перакладамі й перайманьнямі клясычных аднарадковікаў. Вось, напрыклад, манаверш Ё.К.Ф. Хаўга “Да Ліны” ў расейскім перакладзе Ўладзіміра Маркава:

Лина, ты правда сама, а правду, ты знаешь, люблю я

У Расеі першыя літаратурныя манавершы напісаў паэт і байкапісец Іван Хемніцэр у 2-й палове XVIII ст. Асобныя зь іх ператварыліся ў крылатыя выслоўі:

Кто родился глупцом, от книг умён не будет

Большому кораблю и плаванье большое

Мікалай Карамзін у 1792 г. зрабіў з просьбы знаёмай дамы пяць варыянтаў эпітафіі ейнай памерлай дачцы. Пяты зь іх мае форму аднарадковіка:

Покойся, милый прах, до радостного утра!

Характар эпітафій маюць таксама вядомыя манавершы Гаўрыіла Дзяржавіна і Дзьмітрыя Хвастова.

Пачынальнікамі традыцыі манаверша ў эўрапейскай паэзіі ХХ ст. лічацца расейскі паэт Валерый Брусаў і французскі творца Гіём Апалінэр.

Знакаміты манаверш В.Брусава “О закрой свои бледные ноги” быў апублікаваны ў 1895 г. у трэцім выпуску альманаху “Русские символисты” і адразу ж выклікаў надзвычай вострую рэакцыю літаратурнай грамадзкасьці. Крытыкі палічылі публікацыю манаверша за эпатажны выклік, бо не маглі ўспрыняць тэкст з аднаго радка як паўнавартасны мастацкі твор. Брусава называлі “дэкадэнтам”, “упаднікам”, “вырадкам”, звінавачвалі за зьдзекі з чытача, грэбаваньне найлепшымі традыцыямі расейскай літаратуры.

Трэба сказаць, што да гэтага манаверша паэт прыйшоў даволі выпадкова. Літаратуразнаўца Дзьмітрый Кузьмін, дасьледуючы брусаўскія чарнавікі, зрабіў цікавую выснову. Аказалася, што ў сьнежні 1894 г. В.Брусаў займаўся перакладам тэксту нявысьветленага аўтара, і першы радок атрымаўся “Обнажи свои бледные ноги”. Потым перакладчык закрэсьліў першае слова, упісаўшы замест яго Протяни, але далей праца не пайшла. Вось гэты самы радок-аскепак В.Брусаў і апублікаваў праз год у альманаху — праўда, памяняўшы сэнс на супрацьлеглы. Дз.Кузьмін дазнаўся таксама, што некаторыя іншыя манавершы, што ўлучаюцца ў пасьмяротныя выданьні В.Брусава, насамрэч зьяўляюцца толькі накідамі незавершаных перакладаў [15]. Як бы там ні было, але ў культурнай сьвядомасьці ўсходніх славян аднарадковая форма на цэлае стагодзьдзе зьвязалася з імём Валерыя Брусава.

Шляхам засваеньня манаверша, пракладзеным В.Брусавым, расейскія паэты рушылі ў двух накірунках. Адзін, паводле вызначэньня Дз.Кузьміна, вынікаў з “футурыстычнай эскаляцыі досьведу сымбалістаў” (маюцца на ўвазе манавершы Васіліска Гнедава і Васіля Каменскага). Другая тэндэнцыя “была зьвязана зь першымі спробамі нармалізаваць аднарадковую форму ў якасьці легітымнага спосабу мастацкага выказваньня, які не нясе абавязковай эпатажнай нагрузкі” (манавершы Самуіла Вермеля, Пятра Ўсьпенскага, Канстанціна Бальмонта).

Вытокі традыцыі манаверша ў заходнеэўрапейскіх літаратурах дасьледчыкі суадносяць з імём Гіёма Апалінэра — французкага паэта, які, між іншым, меў беларускія карані. Варта прыгадаць, што яшчэ да яго верш з аднаго радка зьявіўся ў “Кнізе гадзін” (1905) нямецкага паэта Райнэра Марыя Рыльке:

А беднасьць ёсьць вялікі сьветач з глыбіні…

(Пераклад Васіля Сёмухі.)

Аднак гэты верш у першым варыянце зборніка (1899—1903) складаўся зь пяці радкоў, а потым быў скарочаны да аднаго. Авангардыст Г.Апалінэр тым часам свой тэкст “Той, хто сьпявае” (1914) напісаў адразу манавершам. У расейскім перакладзе Ўладзіміра Маркава ён выглядае наступным чынам:

И несравненный шнур из медных труб морских

Следам за Г.Апалінэрам да манаверша зьвярнуліся й іншыя французкія паэты — напрыклад, Макс Жакоб і Рэнэ Шар. А Эмануэль Лашак у 1936 г. выдаў цэлую кнігу аднарадковікаў пад назваю “Monostiches”. Зьявіліся манавершы і ў Вялікай Брытаніі, і ў Гішпаніі (Антоніо Мачада), і ў Італіі (Джузэпэ Унгарэці), і ў Румыніі (Іён Пілат, які ў 1965 г. у сваю кнігу “Poezii” ўлучыў разьдзел аднарадковікаў, назваўшы яго “Poeme intr ‘ un vers”).

Пісьменьнік і публіцыст Рамон Гомэс дэ ля Сэрна (1891—1963), адзін зь вядомых прадстаўнікоў гішпанскага авангардызму, на аснове ўзораў сярэднявечных малых жанраў распрацаваў блізкую да манаверша аўтарскую літаратурную форму — грэгерыю, якая паўстае недзе на мяжы паэзіі й прозы. Грэгерыі ўяўляюць зь сябе парадаксальна-афарыстычныя мініятуры, збудаваныя на нечаканых асацыяцыях, напрыклад: Вясёлка — гэта стужачка, якой прырода павязвае валасы пасьля купаньня. Жанр, створаны Р.Гомэсам дэ ля Сэрнам, неўзабаве перастаў быць толькі аўтарскім і займеў пасьлядоўнікаў у літаратурах іншых краін, у тым ліку на Беларусі. Зварот некаторых аўтараў (Уладзімера Дзялендзіка, Адама Глобуса, Андраніка Антаняна, Уладзімера Сьцяпана і інш.) да грэгерый можна патлумачыць прыхі- льнасьцю да экзатычных паэтычных форм, памкненьнем пабагаціць айчынную паэзію. “Грэгерыя — дзіця еўрапейскай метафары і японскага хайку” [1], — характарызуе гэты від паэзіі А.Глобус, заснавальнік форуму “Грэгерыя” на сайце litara.net.

Для сучаснай расейскай літаратуры манаверш стаў больш-менш пашыранай формай, а для некаторых паэтаў — нават адным з асноўных відаў творчасьці. Кнігі манавершаў выдалі такія розныя аўтары, як Тацьцяна Міхайлоўская і Ўладзімір Вішнеўскі. Калі стылістыка аднарадковікаў Т.Міхайлоўскай (“Да, мы — дамы. Да? Мы?”, “Зело зла золотая пчела… Ззззззззззззззззззззз…”) набліжаецца да авангардысцкай, то У.Вішнеўскі стварыў на аснове манаверша аўтарскі гумарыстычна-гіранічны жанр, дзякуючы якому паэт і набыў шырокую папулярнасьць. Вось некаторыя прыклады яго творчасьці:

И долго буду тем любезен я, и этим…

Был отвергаем, но зато — какими!..

О, не целуй меня в таком объёме!..

Не каждый свитер неразрывно связан…

Я в этой жизни рано стал ребенком…

Как важно оборвать стихотворе… [13, 77—78]

З сучасных украінскіх паэтаў да аднарадковікаў зьвяртаюцца Юрко Пазаяк (“Відлебеділо лібідо”), Назар Ганчар (“пихві”), Ільля Странгоўскі (“вічність нарізана поколіннями”, “твоi металопластикові очі…”, “лежала боса на все тіло”), Яфрэм Пацюкевіч (“В той день ми більше не читали “Капітал” — “Божественна комедія”) і інш.

Калі ж зьявіўся першы манаверш у беларускай літаратуры? Шукаць яго найбольш мэтазгодна ў аўтара 1-й трэці ХХ ст., які меў бы эстэтычныя зацікаўленьні гэткага кшталту:

1) антычная паэзія;

2) творчасьць Валерыя Брусава і іншых расейскіх паэтаў Срэбранага веку;

3) ляканічныя літаратурныя формы, празаічныя і паэтычныя афарызмы.

Першы, хто адпавядае ўсім пералічаным патрабаваньням, — Максім Багдановіч. Ён перакладаў антычных паэтаў, цікавіўся творчасьцю сваіх расейскіх сучасьнікаў, афарызмы ж зьбіраў у нататнік. Аднак ніводнага манаверша мы ў яго не знаходзім, хоць зьвярнуцца да такой формы ён цалкам мог. (Не будзем забывацца, што нас цікавяць найперш “самаідэнтыфікаваныя” манавершы — калі паэт піша аднарадковік менавіта як самастойны і завершаны ў эстэтычным пляне літаратурны твор.)

Таму адлік гісторыі беларускага манаверша, напэўна, больш лягічна пачаць з аднаго, здавалася б, маргінальнага, але шмат у чым прадвызначальнага факту літаратурнага жыцьця пазьнейшага пэрыяду. У 1934 г. паэт Рыгор Суніца (малодшы брат вядомага празаіка Міхася Лынькова) даслаў у Маскву свайму сябру Аляксею Зарыцкаму фатаздымак (які незадоўга да гэтага яны зрабілі напамяць утрох разам з Васілём Віткам), і на адвароце напісаў:

“Ад шчырага сэрца вітаю Маскву!*

Рыгор Лынькоў. 27/І-34 г. Бабруйск”

А ў зносцы да гэтага радка дадаў: “*Амаль верш. Больш нічога за тры гады”.

Пазнаёміўшыся зь біяграфіяй і бібліяграфіяй Рыгора Суніцы (Лынькова) [10, 131—132], пераконваемся, што ў пэрыяд 1931—1934 гг. ён сапраўды нічога не напісаў, акрамя некалькіх газэтных нататак, і на фоне гэтага маўчаньня подпіс на адвароце фатаздымку сапраўды выглядае паэтычным творам і нечым нагадвае манаверш — прынамсі, вытрыманым вершаваным памерам (“Ад шчырага сэрца вітаю Маскву” — 4-стопны амфібрахій), а таксама завершанасьцю выказваньня.

Сам подпіс “Амаль верш” сьведчыць, што паэт дапускаў існаваньне вершаў з аднаго радка, але менавіта гэты свой радок назваць у поўным сэнсе вершам не наважваўся.

Папраўдзе аднарадковік Р.Суніцы мае агульнае як з “ляпідарным стылем” (радок можна вызначыць як помны надпіс, вытрыманы ва ўрачыстым стылі), так і з уласна літаратурай — асабліва калі ўлічыць, што й многія шматрадковыя вершы таго часу ўяўлялі зь сябе гімны-хваласьпевы кіраўнікам камуністычнае партыі, урачыстае апяваньне посьпехаў сацыялістычнага будаўніцтва — пры гэтым вобразнае і фонасэмантычнае напаўненьне такіх твораў магло заставацца мінімальным.

Але ці ведаў Рыгор Суніца наагул пра існаваньне манаверша ў літаратуры? Аналіз яго творчай спадчыны паказвае, што аўтар прагнуў разнастайнасьці й дасканаласьці паэтычнае формы. Літаратуразнаўца Янка Казека падкрэсьліваў: “Рыгор Лынькоў імкнуўся ўзбагаціць беларускую паэзію новымі формамі, не цураўся эксперыментаў у галіне паэтычнай строфікі” [4, 75]. Ён пісаў трыялеты (“З уласнага”, 1926), першым у айчыннай паэзіі зьвярнуўся да такой складанай і вытанчанай формы верша, як лірычная сэкстына (“На сконе дзён”, 1930). Значыць, ён быў знаёмы з творчымі набыткамі расейскіх паэтаў Срэбранага веку — у прыватнасьці, Валерыя Брусава і Міхаіла Кузміна. Адпаведна ж, мог ведаць і пра манаверш.

Але зьмясьціць манаверш у тагачасным і пазьнейшым друку было праблематычна: акурат пасьля 1934 г. савецкая палітыка ў галіне літаратуры пакіравалася на барацьбу з фармалізмам.

Мы памятаем, што з расейскіх паэтаў у 1960-я гг. манавершы стваралі найперш прадстаўнікі непадцэнзурнай паэзіі андэграўнду, якія так ці інакш асацыявалі сябе з авангарднай літаратурнай традыцыяй — Леанід Вінаградаў, Аляксей Хвасьценка, Уладзімір Эрль, Ры Ніканава, Леанід Аранзон і інш.

Характэрна, што і ў беларускай літаратуры да манаверша зьвярнуўся паэт, які радыкальна вылучаўся на тле агульнае плыні, а пазьней і ўвогуле набыў вядомасьць дысыдэнта. Гаворка вядзецца пра Алеся Наўроцкага, які ня толькі напісаў, але й здолеў апублікаваць манаверш. У ягонай кнізе “Неба ўсміхаецца маланкаю” (1962) дзявяты верш зь нізкі “Элегіі” складаецца з аднаго радка:

Спеў салаўя заглушае кваканне жаб

Манаверш адметны алегарычнасьцю і двухсэнсавай сынтаксычнай канструкцыяй, зладаванай паводле схемы “быцьцё вызначае сьвядомасьць”. Ён арганічна ўліваецца ў цыкаль, іншыя творы якога таксама прыцягваюць увагу фармальнымі й зьместавымі асаблівасьцямі, імкненьнем да абсурдава-парадаксальнага паказу рэчаіснасьці. Зь дзесяці вершаў цыклю як мінімум пяць зьяўляюцца вэрлібрамі, астатнія маюць нерэгулярную рыфмоўку.

Застаецца дадаць, што неардынарная па фармальных і ідэйных асаблівасьцях кніга нарабіла, з вызначэньня Міхася Скоблы, “вялікага пярэпалаху ў тагачасным літаратурным асяродку”. Рэдактар зборніка Васіль Сёмуха быў неўзабаве звольнены, а за аўтарам, Алесем Наўроцкім, устанавілі пільны нагляд спачатку агенты спэцслужбаў, а потым і псыхіятры.

Між тым, зацікаўленьне паэтаў-вэрлібрыстаў манавершамі адзначыў расейскі літаратуразнаўца Юрый Арліцкі (праўда, разглядаў ён літаратуру 1980-х гг.) [15]. У беларускай паэзіі прасачыць падобную заканамернасьць даволі цяжка, бо нават аўтары, якія рэгулярна зьвярталіся да вэрлібра і часам адчувалі патрэбу ў аднарадковіках, імкнуліся схаваць яе ў творы большае даўжыні:

Я хачу напісаць радок,

толькі адзін радок,

які наіўны паэт

з галавой, кучаравай, як воблака,

мог бы ўзяць за эпіграф.

Напішу хоць бы так:

“Я аднойчы бачыў кепскага чалавека” [9, 70].

Так гучыць верш “Эпіграф” (1973) Міхася Стральцова — адметнага паэта, празаіка і крытыка, аднаго з тых, хто ў канцы 1960-х — 1970-я гг. разьвіваў беларускі свабодны верш.

Да аднаго з М.Стральцовым пакаленьня (хоць і пачаўшы друкавацца на 10 гадоў пазьней) належыць паэт Іосіф Скурко. У публікацыі занатовак зь ягоных запісных кніжак (“Першацьвет”, 1996, № 8) знаходзім і два аднарадковікі:

Статак, нібы пасцілка рабая

Дзве лыжні, што разышліся, як лёс

Аднак жа раз публікацыя — пасьмяротная, мы ня можам з пэўнасьцю сказаць, ці яны задумваліся як манавершы, ці засталіся толькі ключавымі радкамі так і не напісаных буйнейшых твораў. На карысьць апошняга сьведчыць сынтаксычная збудова аднарадковікаў. У “сьвядомых” манавершах мы найчасьцей маем справу з “цэльнымі”, “жывымі мэтафарамі”, а не з падкрэсьленымі параўнаньнямі, замацаванымі часьціцамі кшталту нібы, што. Завершаныя, сьвядома аформленыя, манавершы гучалі б, напэўна так: “Статак — пасцілка рабая” і “Дзве лыжні разышліся, як лёс”.

Ідэнтыфікацыя манаверша як самастойнай формы ў беларускай літаратуры адбылася ў канцы 1980 — пачатку 1990-х гг. ХХ ст. Цікавасьць да аднарадковікаў абудзілася ў агульным рэчышчы захапленьня мінімалістычнымі формамі. У друку ўсё часьцей сталі зьяўляцца мініятурныя формы ўсходняй (танка, хоку) і заходняй (грэгерыя) паэзіі. Распрацоўваліся, дарэчы, і спэцыфічна беларускія (квантэмы і пункціры, уведзеныя А.Разанавым). Зрэдку ў паэтычныя зборнікі, газэтныя й часопісныя публікацыі аўтары пачалі сьвядома ўлучаць і вершы з аднаго радка.

Першым паэтам, чые манавершы тады прыцягнулі ўвагу крытыкаў і літаратуразнаўцаў, аказаўся Барыс Жанчак. У кнізе “Некалі потым” (1993) ён зьмясьціў два аднарадковікі:

Сама лёгка вучыць усё чалавецтва адразу

і

Гэты вечны сорам перавагі

І хоць першы зь іх больш нагадвае афарызм, менавіта ён адразу ж патрапіў у літаратуразнаўчыя даведнікі як ілюстрацыя да артыкулаў “Аднарадковік” або “Манаверш” [8, 404]. У 18-томавай “Беларускай энцыклапедыі” ў якасьці айчынных манавершаў падаюцца толькі прыказкі й прымаўкі, затое з азнакаю: “У апошні час м[анавершы] ствараюць некаторыя маладыя бел[арускія] літаратары” [6, 56]. Цьверджаньне цалкам слушнае, але, напрыклад, у 1994 г. у часопісе “Крыніца” (№ 11) зь нечаканым творчым актам выступіў 52-гадовы паэт Іван Арабейка: пасярод чыстай старонкі поруч з фатаздымкам і прозьвішчам аўтара паўстаў звышмінімалістычны тэкст:

НА ПЛІТАХ ЛІТАРЫ

Дый вышэйзгаданаму Б.Жанчаку на момант выхаду ягонай кнігі ўжо было 56. Усе астатнія прыхільнікі манаверша —сапраўды маладзейшага ўзросту. Але ж выснуем: ні адзін з гэтых аўтараў не абраў аднарадковік за ўлюбёны жанр творчасьці: у большасьці зь іх хіба налічыш 1—5 манавершаў.

І ўсё-ткі можна вылучыць трох аўтараў, якія калі й не зьвяртаюцца да манаверша пасьлядоўна, дык пасьпелі стварыць на сёньняшні дзень больш-менш аб’ёмны корпус аднарадковых тэкстаў, што й дазваляе скласьці ўяўленьне пра індывідуальныя асаблівасьці падыходу да згаданае формы кожнага з паэтаў. Гэта — Алесь Ліпай, Васіль Дэбіш і Аксана Бязьлепкіна.

Алесь Ліпай асвойвае манаверш перадусім у клясычным, звыклым варыянце: у яго пераважаюць аднарадковікі, большасьць зь якіх захоўвае строгі вершаваны памер (пераважна ямб і амфібрахій, але сустракаюцца таксама й розныя варыянты дольніка) і зьяўляецца закончаным вобразным выслоўем:

Ноч тым цямнейшыя, чым болей ліхтароў

Празрыстасьць душ ёсьць іх прыкмета

Трухлеюць вёскі, бо шырацца клады

Многія манавершы А.Ліпая вытрыманы ў жанры інтымнай лірыкі:

Ноч замінае толькі тым, хто не ўлюбёны

Лебедзь тваёй рукі ловіць з вуснаў маіх пацалункі

Каханьне ёсьць узьлёт вышэй няма

Дзякуй Богу, што мы супалі па часе

Я ў Вашых руках — быцца гліна, о Іна

(Унутраная рыфма гліна — Іна правакуе зрабіць гэты верш двухрадковікам. Але інтанацыйная паўза пасьля слова гліна тут не такая выразная, як у вершы “Паэма” Рыгора Барадуліна, справядліва падзеленым аўтарам на два радкі:

Мне цябе не стае

Тае…

Наагул, праблема паўзаў у аднарадковым вершы сёньня зьяўляецца адной з актуальных для дасьледчыкаў паэтычных мініятур.)

Свае вершы Алесь Ліпай аб’ядноўвае ў цыкаль пад назовам “Стрэмкі”, які пасьлядоўна, па часе напісаньня, зьмяшчае ва ўласных паэтычных зборніках і на асабістай інтэрнэт-старонцы [5]. І гэта сьведчыць пра памкненьне паэта падаць аднарадковікі як своеасаблівы аўтарскі паджанр.

Зусім у іншым кірунку разьвівае аднарадковую паэзію Анатоль Дэбіш. Манавершаў “клясычнага ўзору”, якія ўзыходзяць да брусаўскай традыцыі, у яго мала. Да прыкладу:

Першы вясновы гром, гарэзлівы крык дзіцяці

Альбо:

О, якое цяжарнае неба

Значна больш у паэта аднарадковікаў, сваяцкіх, паводле вобразнага напаўненьня і сынтаксычнай будовы, з хаку:

Белая лілея, па шыю ў вадзе — просіць піць

У сутонні збалелай душы сонца ўзышло

За чорным вэлюмам мораку — хавае ноч сваю самоту

На дне кубка з гарбатай прытаілася мая смага

Ідзе снег — нявеста скідвае вэлюм

Іншыя аднарадковікі А.Дэбіша маюць усе прыкметы афарызму (“Позна не бывае ніколі — нават памерці”, “Забыццё пачынаецца з надакучлівасці”, “Абсурд — шлях да ісціны”) альбо афарызму і манаверша адразу (“Камяні вырастаюць з маўчання”, “Сон спазняецца на спатканне — не стану чакаць”, “За чорнай фіранкай — чорны свет”). Апошнія паводле сэмантычна-сынтаксычнай і вобразнай структуры нагадваюць грэгерыі (параўнаем з грэгерыямі Ўладзімера Дзялендзіка: “Верце, верталёт — гэта птушкаед”, “Пыл — гэта звестка з падземнага царства”, “Елка зайздросціць ракеце”). Здаецца, сам аўтар нават і не разьмяжоўвае сваіх мініятур на паэтычныя і празаічныя: у яго нізцы “Усё гэтак проста: Імгненныя ўражанні” [2, 184—189] пададзены мініятуры ўсіх выяўленых намі тыпаў, прычым, у асобных зь іх “прынцып аднаго радка”, важны для манаверша, ня вытрыманы. Падобны камбінаваны характар мае, напрыклад, цыкаль Юрася Барысевіча “Ілюмінатары” (у кнізе “Alter nemo”, 2003): большасьць мініятур успрымаецца ўсё ж як празаічныя, але сустракаюцца й такія, што маюць усе прыкметы манавершаў, напрыклад: “На экране каўбоі ня пахнуць” (гэтае парадаксальнае назіраньне запісана 3-стопным анапэстам). Анатоль Сідарэвіч знайшоў манавершы ў Янкі Брыля — вядомага празаіка, прызнанага майстра лірычнае мініятуры. На думку крытыка, найлепшы зь іх — “У сцягах нашых многа святла” (гл.: http://tbm.org.by/index.php?option=com_content&task=view&id=46&Itemid=1). Такім чынам, кантэкст публікацыі (паэтычны/празаічны зборнік/цыкаль) не заўсёды можа разглядацца як крытэр для жанравага вызначэньня манаверша.

Аксана Бязьлепкіна — не без уплыву У.Вішнеўскага — зьвяртаецца да гіранічных манавершаў. Найчасьцей гэта гіронія лірычнай гераіні з нагоды асабістых жыцьцёвых расчараваньняў:

ВІРТУАЛЬНА-РАСЧАРАВАЛЬНАЕ

Ты фота не просіш маё…

СПАТКАННЕ Ў КАВЯРНІ

Я заплачу сама. Ты толькі запрасі!

СТРАСНАЕ

Аплявуха да самага вуха…

ХІРАМАНЦКАЕ

Эх, няма фатаздымкаў на лініі лёсу…

БЕЗНАДЗЕЙНАЕ

Дамафон, ліфт, кансьержка… Адны перашкоды…

*

1) Самаспалюся! Дайце запальнічку!

2) Самаспалюся, толькі дапалю…

РАСТАННЕ

Намалюю цябе на шпалерах. У чаканні рамонту

А.Бязьлепкіна — адна зь нямногіх беларускіх аўтараў (разам зь Верай Бурлак і Віктарам Ывановым), хто схіляецца даваць сваім манавершам назвы. У дадзеным выпадку іх функцыі — увядзеньне ў кантэкст выказваньня альбо жанрава-тэматычнае вызначэньне. Цікава, што А.Бязьлепкіна зьвярнулася да такога фармальна-кампазыцыйнага ўтварэньня, як паэма ў манавершах. Твор мае назву “Такі час”:

1.

Мы ўсе калісь гулялі ў партызан…

2.

Я — у дзяцінстве, у юнацтве — вы.

3.

Вы не паспелі вылезці з акопа…

4.

Кантузія. Здаецца, назаўсёды

5.

Я людзям раскажу, што вы былі героем!

6.

Дванаццаць подзвігаў. А мо яшчэ прыдумаць?..

Аднак ці ўсе радкі-разьдзелы “паэмы” зьяўляюцца манавершамі? Ці ўсе яны ёсьць закончанымі выслоўямі? Асабліва спрэчным выглядае другі радок, калі толькі не разумець яго як “Я [ у гэты момант знаходжуся ] у дзяцінстве (у стане дзяцінства), у юнацтве (у стане юнацтва) — вы”.

Гіронія, але ўжо зусім іншага кшталту, напаўняе манавершы Віктара Ыванова. У некаторых зь іх прысутнічае нівэліроўка лёзунгаў савецкай і постсавецкай эпохі (“Любі сваю Айчыну колькі ўлезе”), іншыя напісаны з мэтаю выклікаць у чытача адвольныя, але відочна антыэстэтычныя асацыяцыі (“Я скарыстаную ня ем”, варыянт “Я скарыстаныя ня ем”) альбо збудаваны на сумяшчэньні розных узроўняў чытацкага ўспрыманьня. Так, у “Монавершы Пасюкевіча” на сэнсавым (сэмантычным) узроўні згадваюцца постаці старажытнагрэцкай літаратуры й гісторыі, а на фанэтычным — чуюцца намёкі на заніжана-жаргонную лексыку: “Я — Піндар, Архілох і Пісістрат!!!”. Абгульваньне высокапатасна-стылёвых кніжных стэрэатыпаў прысутнічае і ў іншых аднарадковіках паэта: “Зямлі было на полі па калена…” (“Філязофскі”), “Санэты зь вянка — як клубніцы з кампоту…”. Аднак гіранічнасьць сьветаўспрыманьня не замінае В.Ыванову ствараць і глыбока лірычныя, пачуцьцёвыя манавершы: “Шмат зор у небе, сонейка — адно” (“Пра каханьне”).

Увогуле ж сучасны беларускі манаверш паўстае ў самых розных жанрава-стылёвых кірунках. У межах аднаго радка можа быць і гратэскава-гіранічная просьба ці дакор ( “—Займіце мне кацёл у пекле!” Дзяніса Хвастоўскага; “Ты здраджваеш мне з іншымі чытачамі!” — “Кніжная рэўнасьць” Веры Бурлак), і лірычна-філязофская мініятура (“Перабірае вечнасьць пацеркі стагодзьдзяў”, “Над морам ноччу зьзяе маяк — бурштынавы ліхтар”, “На аскепках цывілізацый нараджаецца новы прарок” Арцёма Арашонка; “Мы жывем — гэта значыць, што мы вар’яты” Вікі Трэнас; “Заўсёды здаецца, што недзе трава зелянее” Міраславы Навіш), і панкаўская трансфармацыя матываў інтымнае лірыкі (“Я ХАЧУ ПІЦЬ ТВОЙ ПОТ” Альгерда Бахарэвіча). Асобная катэгорыя — манавершы, збудаваныя на самадастатковай моўнай гульні, асабліва папулярныя сярод паэтаў мадэрнісцкай і авангардысцкай скіраванасьці. Тут могуць ужывацца самыя розныя прыёмы і тропы: паранімічная атракцыя (“барзьдзей па баразьне брадзіць у барадзе”, “ямчэй мачаць мячы ў мачы”, “Мінута міне, як мяне няня мые ў яміне” Дзяніса Хвастоўскага), таўталёгія (“Страціў веру? Вера ў веру верне веру” Аляксея Бацюкова; “Засунь мяшкі ў мяшок зь мяшкамі” — “Апафэоз пустэчы” Веры Бурлак), фанэтычна-сэмантычны зрух (“Ужо пайду-пайду я…” — “Perpetuum mobile” Веры Бурлак), алітэрацыя і паэтычны этымалягізм (“Дарога доўгая, бо думкі даўкія”, “Гора — быццам кроў — згортваецца” Алеся Ліпая), анаграматызм (“Бездакорны радок” Насты Кудасавай) ці арганічнае спалучэньне розных відаў моўнай гульні ў межах усяго некалькіх слоў ( “Поўзаў По ў запоі” — “Шлях паэта” Веры Бурлак). Манавершы паэтаў-авангардыстаў могуць уяўляць зь сябе ланцужкі адвольных асацыяцый і ўтрымліваць элемэнты “аўтаматычнага пісаньня” (“моналіза кося адламаныя калёсы бязкрылы пегас”, “мона-мі ахякая музыка” Яўгена Лёсіка).

Часам манаверш ці іншы мінімалістычны твор скарыстоўваецца як элемэнт паэтычнага пэрформансу. Напрыклад, Алесь Сьпіцын, выступаючы перад публікай, абвяшчаў: “Я прачытаю вам верш бяз назвы”. Памаўчаўшы крыху, ён казаў: “Верш ня толькі бяз назвы, але й бяз слоў. Наступны мой верш складаецца з аднаго слова: “бітунікатныя”. Па зале праходзіла хваля зьдзіўленьня, нехта хіхікаў, а паэт працягваў: “А зараз я прачытаю верш і з назвай, і са словамі, але бяз рыфмы”. Характэрна, што непадрыхтаваная публіка сьмяялася нават пасьля апошняга абвяшчэньня: у грамадзтве, далёкім ад літаратуры, даўно склалася меркаваньне, што вершаваныя радкі абавязкова павінны рыфмавацца [2, 29].

У пэўным сэнсе чытаньне вершаў “з аднаго слова” і “бяз слоў” — працяг традыцыі, распачатай расейскімі футурыстамі. У 1913 г. Васіліск Гнедаў выдаў кнігу “Смерть искусству: Пятнадцать (15) поэм”. Асаблівасць кнігі — у тым, што кожная з паэм складаецца з аднаго радка (у якім — адно слова ці нават адна літара). Завяршаецца кніга “Поэмой конца” ў выглядзе чыстай старонкі. Дарэчы, кніга “Корпус” сучаснага беларускага паэта Алеся Туровіча таксама зьмяшчае ў канцы “Белы аркуш паперы”.

На працяг размовы пра фармальныя асаблівасьці беларускага манаверша, напэўна, варта закрануць і пытаньне вершаванага памеру. Аналіз сабраных намі аднарадковых тэкстаў паказаў, што трэцяя частка іх напісана ямбам, 23% — рознага кшталту дольнікамі, па 9% — амфібрахіем і анапэстам, 2% — дактылем і 14% — умоўна кажучы, акцэнтным вершам, а таксама неакрэсьленымі памерамі.

Часам пры стварэньні манавершаў вялікую ролю адыгрывае выпадковасьць. Вядомы прыклады манавершаў, якія нарадзіліся з фраз, выпадкова прамоўленых у гутарцы. Распавядзем пра адзін з найбольш кур’ёзных прыкладаў — Міраслава Навіш і Юрась Пацюпа ў тэлефоннай размове спрачаліся акурат на тэму “Ці можна лічыць манаверш паўнавартаснай паэтычнай формай?”. Юрась даводзіў, што нельга, бо каб назваць твор паэтычным, ён павінен мець больш за адзін радок. Міраслава засыпала яго контраргумэнтамі, і ўрэшце Юрась сказаў: “Каб ведаў я, дзе праўда тая ёсьць”. “Гэта ж манаверш!” — усклікнула Міраслава і адразу ж прапанавала: “Можна нават надрукаваць!”. Як ні дзіўна, Юрась пагадзіўся, і да старонкі манавершаў, што рыхтавалася тады ў часопісе “Роднае слова” (2006, № 5) дадаліся яшчэ два:

Юрась ПАЦЮПА

Каб ведаў я, дзе праўда тая ёсьць

Міраслава НАВІШ

Дзе праўда ёсьць, там нас з табой няма

Гэтаксама выпадкова атрымаўся аднарадковік Веры Бурлак “Апафэоз пустэчы”: фраза “Засунь мяшкі ў мяшок зь мяшкамі” была прамоўлена падчас хатняй прыборкі.

Асобная гаворка — пра манавершы, народжаныя непасрэдна ў інтэрнтэт-прасторы. Так, у 2006 г. на сайце litara.net зьявіўся форум “Манавершы”, удзельнікі якога нават спрабавалі весьці дыялёгі ў гэтай паэтычнай форме. Аднак ён (адрозна, скажам, ад форумаў “Хайку”, “Грэгерыя”) аказаўся недаўгавечным, і з кастрычніка 2006 году амаль не аднаўляўся. Ці ня сьведчаньне таго, што манаверш уваходзіць у айчынную літаратуру праз пэўныя складанасьці й супярэчнасьці?

Насамрэч сучасны беларускі манаверш мала чым адрозьніваецца ад агульнаэўрапейскага. Але некаторыя спэцыфічна беларускія рысы ўсё ж можна вылучыць. Гаворка пойдзе найперш пра адлюстраваньне ўласна беларускіх рэалій, абгульваньне беларускага фальклёру ды інш. Напрыклад, манаверш Алеся Пораха “Жыве! — адказалі мянты” бадай немагчыма адэкватна перакласьці на любую іншую мову (нават блізкароднасную). Калі й паспрабаваць гэта зрабіць, то прадстаўнікам іншага народу давядзецца доўга і падрабязна тлумачыць усю абсурднасьць сытуацыі, змадэляванай у працытаваным аднарадковіку: на які менавіта лёзунг трэба адказваць “Жыве!” і чаму ахоўнікі правапарадку ў рэчаіснасьці ня могуць на яго адказаць. Малазразумелы замежнікам быў бы, напэўна, і манаверш Андрэя Гуцава “Беларусь, мая рыбка! Не сьмярдзі галавой”: тут ад чытача патрабавалася б пэўная дасьведчанасьць у славянскіх прыказках і фальклёрных традыцыях наагул.

Надзвычай рэдкі ў папярэднія пэрыяды разьвіцьця літаратуры, манаверш аказаўся запатрабаваны ў сучасную эпоху сынтэзу, калі межы між літаратурнымі жанрамі й формамі сьціраюцца і падпадаюць пад сумнеў — і гэта бачна як на прыкладзе “літаратуры абмежаваньняў”, так і на прыкладзе мінімалістычных (“эмбрыянальных”) тэкстаў. Менавіта ў такім ракурсе трэба разглядаць і ўвагу творцаў да “клясычнага” манаверша, які застаецца рэдкай, хоць і заканамернай, паэтычнай формай. Зрэшты, як можна пераканацца, у беларускай літаратуры тэндэнцыя да мінімалізацыі выяўляецца не ў манавершах, а пераважна ў зваротах да іншых — усходніх (танка, хоку) і заходніх (грэгерыя) — ці ў вынаходніцтве ўласных аўтарскіх паэтычных форм, якія зазвычай складаюцца з больш чым аднаго радка (пункціры і квантэмы Алеся Разанава, “жарынкі” Алега Мінкіна, “гучанкі” Алега Гучка, “трыленсы” Алега Нікуліна, “ілюмінатары” Юрася Барысевіча, “лагізмы” Міхася Башуры, “марскія шпількі” Ганны Ціханавай, “адзор’і” Казіміра Камейшы, “антырымы” Андрэя Хадановіча, “парцэлы” Алеся Макрацова і інш.).

Літаратура:

1. Грэгерыя // http://www.litara.net/forum/23

2. Дэбіш А. Усё гэтак проста: Імгненныя ўражанні // Крыніца. 1999. № 9. С. 184—189.

3. Жыбуль В. Толькі адзін радок: Манаверш як мініяцюрная паэтычная форма // Роднае слова. 2006. № 5. С. 27—29.

4. Казека Я. Падарожжа ў маладосць: Артыкулы. Літ. партрэты. Успаміны. —Мінск: Маст. літ., 1984.

5. Ліпай А. Стрэмкі // http://lipay.biz/sb1/1_6.html

6. Манаверш // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. —Т. 10. —Мінск: БелЭн, 2000. С. 56.

7. Монавершы // http://www.litara.net/forum/765/all

8. Рагойша В. Аднарадковік // Рагойша В. Паэтычны слоўнік. —Мінск: Бел. навука, 2004. С. 404—405.

9. Стральцоў М. Выбранае: Проза, паэзія, эсэ. —Мінск: Маст. літ., 1987.

10. Шынкарэнка В., Барташэвіч М. Лынькоў Рыгор // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік: У 6 т. Т. 4. —Мінск: БелЭн, 1994. С. 131—132.

11. Бирюков С. Одинокая строка // Бирюков С. Року укор: Поэтические начала. —Москва: Российск. гос. гуман. ун-т, 2003. С. 87—91.

12. Бурич В. Тексты. Москва: Сов. писатель, 1989.

13. Вишневский В. Спасибо мне, что есть я у тебя: Книга стихов. —Москва: ПРАМИНКО, 1992.

15. Кормилов С. Русский лапидарный “удетерон” и моностих // Известия АН СССР. Серия литературы и языка. 1991. Т. 50. № 2.

16. Кузьмин Д. История русского моностиха: Автореферат дисс. на соискание ученой степени канд. филол. наук // www.vavilon.ru/dk/avtoreferat.html

18. Марков В. Трактат об одностроке // Марков В. О свободе в поэзии: Статьи, эссе, разное. СПб.: Изд-во Чернышова, 1994.

You may also like...