Юры ВАШКЕВІЧ. Польскі чыннік вестэрнізацыі Беларусі. (Лекцыі 1—2)
Лекцыя 1.
План:
Уводзіны
1. Гістарычныя польска-беларускія ўзаеміны і іх уплыў на фарміраванне народа
2. Шляхта як сацыяльна-культурны феномен
3. “Сацыялістычная” Польшча — акно ў Еўропу
Уводзіны
Беларусь заўсёды знаходзілася на памежжы двух макрарэгіёнаў — усходняга (візантыйскага) і заходняга (лацінскага), на памежжы усходнеславянскага і заходнеславянскага светаў. У яе культуры лёгка можна знайсці сведчанні прысутнасці і таго, і другога. Прычым, на працягу гісторыі ў нашай краіне ўсходнія і заходнія ўплывы не толькі сутыкаліся і супрацьдзейнічалі адзін аднаму, але і ўзаемадзейнічалі, ствараючы новую якасць.
Сярод даследчыкаў г.зв. расейска-савецкага гарту было прынята прадстаўляць заходнія ўплывы на Беларусь як адназначна негатыўныя, а ўплывы Усходу — як выразна пазітыўныя. На жаль, гэтая традыцыя жыўцом перакачавала ў сучасную беларускую гуманітарную навуку, перадусім гісторыю, і шмат якія беларускія аўтары працягваюць сцвярджаць, што культурныя ўплывы Польшчы — гэта “апалячванне”, а адпаведныя расейскія — “роднасныя”. Дастаткова, напрыклад, параўнаць загалоўкі некаторых раздзелаў у кнізе Леаніда Лыча і Уладзіміра Навіцкага Гісторыя культуры Беларусі (Мінск, 1997): “Рэакцыя беларускага народа на акаталічванне і паланізацыю” (Гл. 3, 3.5) і “Кантакты беларускай культуры з украінскай і рускай” (Гл. 3, 3.6). Пазбягаючы ацэнкавых меркаванняў наконт падобных падыходаў, адзначым толькі тое, што мае сэнс задумацца над прычынамі селектыўнасці ў ацэнцы адных і тых жа з’яў.
Тут варта прыгадаць, што ўзаемныя ўплывы заўсёды існуюць, ва ўсіх частках свету. Напрыклад, кітайская культура магутна паўплывала на японскую, Венгрыя да пачатку ХХ ст. амаль дашчэнту мад’ярызавала Славакію, Германія паглынула заходне-паморскіх славян.
1. Гістарычныя польска-беларускія ўзаеміны і іх уплыў на фарміраванне народа
Да ХІV ст. беларускія землі, безумоўна, яшчэ належалі да ўсходняга, візантыйскага свету. Але ўжо ў ХV — першай палове ХVІ ст., асабліва на хвалі Рэнесансу і Рэфармацыі, узмацніліся заходнія ўплывы, якія ішлі сюды пераважна праз Польшчу і Чэхію. У той час яны яшчэ не парушалі раўнавагі. Аднак з сярэдзіны ХVІ ст. пачаўся павольны ўхіл ВКЛ у заходні, польскі бок. Ранейшая раўнавага паступова саступала месца заходнееўрапейскаму пачатку.
Чым гэта было выклікана?
Безумоўна, адной з прычын было імкненне пануючага саслоўя — беларуска-літоўскай шляхты — да атрымання прывілеяў, якія мела шляхта Польскага Каралеўства. Таму яна дабівалася больш цесных дзяржаўна-палітычных адносін з Польшчай, а гэта непазбежна ўцягвала яе ў кола адпаведнай традыцыі і культуры. Былі, канечне, і іншыя чыннікі ўздзеяння, напрыклад, знешнепалітычныя. Дастаткова прыгадаць пагрозу з боку імперскіх памкненняў Маскоўскага княства, якое пачало пазбаўляць ВКЛ яго усходніх земляў і пагражала самому існаванню гэтае дзяржавы.
Уплывы іншых краін не былі такімі моцнымі па розных прычынах. Поўдзень, тэрыторыя сённяшняй Украіны, у цывілізацыйным і культурным сэнсе мала адрозніваўся ад беларускіх земляў, да таго ж, яна была аддзелена ад Беларусі спецыфічным абшарам Палесся (гэтым тлумачыцца, напрыклад, адсутнасць у беларускім фальклоры вобразу ўкраінца, месца якога на поўдні займаў паляшук). Поўнач і Усход, у згаданым сэнсе, былі больш адсталымі ў параўнанні з цэнтральнымі і паўдневымі ўсходнеславянскімі рэгіёнамі, таму цяжка было б казаць пра іх культурныя выпраменьванні. Жамойція ж была запозненая ў сваім культурным развіцці з прычыны позняга прыняцця хрысціянства, а Маскоўшчына — з-за доўгатэрміновай татарскай няволі і наступнай самаізаляцыі. А таму заставаўся Захад.
Як жа выглядала культурная сітуацыя ў тагачаснай Польшчы? У ХVІ ст. краіна перажывала перыяд гэтак званага “залатога веку”, які праявіўся не столькі ў яе гаспадарча-палітычным развіцці, колькі ў культурным росквіце. У тыя часы Польшча становіцца адным з перадавых цэнтраў культуры Адраджэння на ўсходзе Еўропы. Яна перажывае яго як актыўны сябра вялікай супольнасці еўрапейскай грамады, не толькі засвойваючы здабыткі іншых, але і ўзбагачаючы іх уласнымі дасягненнямі. Як і іншыя народы, найболей чэрпала Польшча з італьянскага Адраджэння. Адначасна яе тэрыторыя заставалася адным з еўрапейскіх злучальнікаў паміж Усходам і Захадам. Дарэчы, звязаная з гэтым культурная дзейнасць як у ХVІ ст., так і ў стагоддзі ХVІІ, вядомая, на жаль, дастаткова аднабакова. Раней польскія гісторыкі разглядалі яе галоўным чынам з пункту гледжання цывілізацыйнай місіі Польшчы на Усходзе, якая павінна была заключацца ў нясенні здабыткаў заходнееўрапейскай культуры або насельніцтву, якое аказалася ў межах Рэчы Паспалітай, або яе ўсходнім суседзям.
Не адмаўляючы гістарычнай ролі, якую ў гэтым сэнсе выканала Польшча, асабліва ў ХVІ і ХVІІ стст., цяжка было б інтэрпрэтаваць гэты працэс як аднанапрамкавы. Аб тым, што так не было, сведчыць хаця б развіццё польскага мастацтва эпохі Адраджэння і асабліва Барока, калі на землях Рэчы Паспалітай адбываецца своеасаблівае зліццё элементаў мастацтва Усходу і Захаду.
У гэты перыяд пачынае паспяхова развівацца літаратура. Між іншым, мемуарыстыка, якая дасягнула сваёй вяршыні ў ХVІІ ст. З’яўляюцца апісанні падарожжаў, хаця і не такія шматлікія, як у краінах “старога Захаду”. Дастаткова прыгадаць тут найбольш вядомую ў нас “Перэгрынацыю, або Паломніцтва Ясна Асветленага Князя Ягамосці Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Святую Зямлю” (1601).
На перыяд ранняга Барока прыпадае ў Польшчы і развіццё тэатра. І гэта не было выпадковае храналагічнае супадзенне. Тэатральнае прадстаўленне сваёй умоўнасцю, дэкаратыўнасцю, а таксама драматызмам адпавядала прынцыпам Барока, творцы якога ахвотна выказваліся ў гэтай форме. У Польшчы тэатр развіўся ў другой палове ХVІ ст. Адной з яго функцый была адукацыя і пашырэнне ідэй, пераважна рэлігійных. Таму тыпова барочнай з’явай быў школьны тэатр. З Польшчы тэатр прыйшоў у Беларусь напрыканцы ХVІ ст. разам з ордэнам езуітаў, якія ўкарэніліся ў Полацку. Паступова школьныя тэатры ўзніклі ў каталіцкіх і ўніяцкіх калегіумах у Віцебску, Гродне, Жыровічах, Мінску, Наваградку, Нясвіжы, Пінску і іншых градах і мястэчках.
Звычайна заходнееўрапейскія архітэктары, мастакі, скульптары, кампазітары спачатку прыязджалі ў Польшчу, знаходзячыся пераважна пры каралеўскім двары. Але потым, прывабленыя багатымі дварамі Радзівілаў, Сапег, Сангушкаў, Чартарыйскіх, Храптовічаў і інш., пераязджалі ў ВКЛ, тым больш, што многія са згаданых магнатаў маглі прапанаваць умовы, шмат больш прывабныя за каралеўскія.
Адзначым, што існуючыя дасюль даследаванні не выяўляюць ролі насельніцтва ўсходніх земляў Рэчы Паспалітай у стварэнні агульнай для ўсёй дзяржавы культуры перыяду Адраджэння і Барока. З беларускіх прац, непасрэдна прысвечаных гэтай праблеме, адзначым толькі невялікі даклад Адама Мальдзіса на ХІ Міжнародным з’ездзе славістаў: “Беларуская культура Барока як пасярэдніца паміж заходнеславянскім і ўсходнеславянскім светамі”.
Асаблівая роля ў культурных працэсах належала гуманістам. У Польшчы гуманістычныя плыні пачалі развівацца ў ХV ст. Яны засяроджваліся вакол Кракаўскай акадэміі і каралеўскага двара. Ствараліся літаратурна-навуковыя гурткі. Да найбольш ранніх належаў літаратурны гурток пры двары львоўскага архіепіскапа Гжэгажа з Санока. Пазней падобны гурток арганізаваў у Кракаве Калімах, а ў хуткім часе пасля яго нямецкі гуманіст Конрад Цэльсіс стварыў першае ў гэтай частцы Еўропы гуманітарнае літаратурнае таварыства SodalitasLitterariaVistulana. Шмат падобных гурткоў існавала ў Польшчы цягам ХVІ ст. Да найбольш значных належаў навуковы гурток Ежы Йоахіма Рэтыка, матэматыка і астранома, а таксама Анджэя Дудыча, што дзейнічалі ў Кракаве ў 1554—1575 гадах.
Кола гуманістаў у тагачаснай Польшчы не было шматлікім. Але яно было вельмі дыферэнцыявана сацыяльна, ахоплівала як шляхту, так і мяшчан, пісьменнікаў, вучоных, артыстаў, а таксама мецэнатаў мастацтва і навукі, зацікаўленых антычнай культурай, грунтоўна адукаваных, якія займаліся літаратурнай творчасцю і падтрымлівалі сувязі з гуманістамі па ўсёй Еўропе, якія ўтваралі адну супольнасць, аб’яднаную падобнымі мэтамі. Менавіта ў ХVІ ст. польская павука дасягнула свайго найвышэйшага росквіту (Ян Каханоўскі, Мікалай Рэй, Анджэй Фрыч-Маджэўскі).
Першыя друкарні былі заснаваны ў Кракаве ў 1473 г., аднак першае польскамоўнае выданне выйшла ва Уроцлаве ў 1475 г., у выдавецтве Каспра Еліяна.
Пачаткова літаратура эпохі Адраджэння ў Польшчы была лацінамоўнай. Па-польску выходзілі толькі пераклады, зробленыя на патрэбу неадукаваных людзей, якія не ведалі лаціны, галоўным чынам мяшчан. І толькі ўплывы Рэфармацыі, імкненне пашыраць свае ідэі сярод грамадскасці, прывялі да карэннага пералому. Польская мова ў інтэлектуальным жыцці Польшчы ўсё больш умацоўвалася, аж пакуль не заняла дамінуючыя пазіцыі.
Хоць Барока і не прынесла столькі выдатных твораў, як часы Адраджэння, тым не менш польская культура захавала да пачатку ХVІІІ ст. сваю прыцягальную сілу, якая надалей выконвала ролю пасярэдніка ў распаўсюджанні новых культурных дасягненняў паміж Усходам і Захадам. Пры гэтым гаворка ідзе нават не толькі пра тэрыторыі, якія аказаліся ў межах Рэчы Паспалітай, — Беларусь, Літву, Украіну, часткова Інфлянты, але таксама суседнія краіны, якія меншы ці большы час знаходзіліся пад уплывам польскай культуры. Сама польская мова стала ў той час міжнароднай, ёй карысталіся дыпламаты паўднёва-ўсходняй Еўропы: татары, расейцы, валахі і малдаване. Зрэшты, гэтае значэнне польскае мовы дасягала і Захаду. Таксама немцы ў ХVІІ ст. з тэрыторыі Сілезіі, Памор’я, Саксоніі, Брандэбурга ахвотна яе вывучаюць. У Цюбінгене ў 1677 г. нават сцвярджалася, што найважнейшай з усіх моваў пасля нямецкай з’яўляецца польская. Паўсюдна можна было сустрэць русінаў (беларусаў, украінцаў), малдаван і немцаў, якія публікавалі свае польскамоўныя творы. У Маскве на кароткі перыяд, напрыклад, напрыканцы ХVІ — пач. ХVІІ ст., польская мова і строй былі прынятыя дваром.
Гэтая моц уздзеяння польскай культуры была важным элементам у асіміляцыйным працэсе этнічна няпольскага насельніцтва Рэчы Паспалітай. Менавіта ў ХVІІ ст. наступіла паланізацыя большасці літоўскай і значнай часткі беларускай і ўкраінскай шляхты. Значна меней закраналі гэтыя працэсы мяшчанства і практычна не датычылі сялян. Такім чынам, вонкава наступіла моўная і культурная ўніфікацыя краіны, хаця ў сапраўднасці яна не выходзіла па-за пануючае саслоўе.
А што ж беларушчына? Пачынаючы з ХVІ ст. назіраецца заняпад старажытнарускай літаратуры, бо цяжка прызнаць літаратурай рукапісныя копіі ці друкаваную царкоўную літаратуру (нават калі іх тэксты трохі мадэрнізаваліся), або перакладзеныя с польскай мовы на “рускую” антытрынітарскія выданні. Арыгінальныя творы не з’яўляліся, хаця патрэба ў іх існавала. Таму ўсё часцей пачалі звяртацца да польскамоўных крыніц, якія перакладаліся літаральна. Такім чынам, упершыню было разарвана зачараванае кола візантыйскай культуры. Пры гэтым нават розніца хрысціянскай дагматыкі не спыняла гэты працэс. У ХVІ ст. перакладаў з польскай мовы было зроблена шмат. Перакладалася Хроніка свету Марціна Бельскага, гістарычная аповесць пра Аляксандра Вялікага, гісторыі пра ірландскага рыцара Тундала і венгерскага Ацілу, гісторыя аб пераносе Трох Волхваў у Кёльн, Нікадзімава Евангелле, легенда пра святога Аляксея і г.д. Апроч перакладаў, на Беларусі чыталі польскамоўную літаратуру ў арыгінале, пераймалі яе стыль і форму, засвойвалі канструкцыю польскага верша, скарыстоваючы яго найчасцей у г.зв. прысвячэннях.
Беларускае прыгожае пісьменства ў ХVІІ—ХVІІІ ст. надалей знаходзілася ў стане адноснага крызісу. Выкліканы ён быў неабходнасцю пераходу да новых якасцяў. Старая, сінкрэтычная (першапачатковая, неразвітая) літаратура на той час ужо вычарпала магчымасці свайго развіцця. Кніжная мова ўсё далей адыходзіла ад жывой гутарковай, “касцянела” ў стараславяншчыне. Новая ж літаратурная мова не магла скласціся шляхам адраджэння або абнаўлення старой — да ўзроўню літаратурнай мовы трэба было ўзняць тагачасную гутарковую. Тое не маглі зрабіць прыгнечаныя, неадукаваныя і бяспраўныя сяляне. Гэта было заданнем эліт, але яны ўжо пачалі хутка паланізавацца.
Адным словам, склалася сітуацыя, калі не было людзей, якім не хапала б літаратурнай беларускай мовы, як гэтую сітуацыю акрэсліў амерыканскі гісторык Тымаці Снайдэр. “У Вялікім Княстве Літоўскім прынесеная звонку мова (польская) выціснула з ужытку традыцыйную тутэйшую мову палітыкі і права — канцылярскую ўсходнеславянскую — і саступіла дарогу мясцоваму варыянту — русінскай, замінаючы яе развіццю ў літаратурную беларускую”, — піша Снайдэр. Да таго ж, на літаратуры адбіліся наступствы заходняга ўплыву, які па часе супаў з эпохай Барока. З усіх відаў мастацтва таго часу мастацкая літаратура, натуральна, найбольш была звязана са словам і мовай. Таму тут асабліва адчуваўся ўплыў паланізацыі, якая, як ужо згадвалася, пачала актыўна пашырацца з другой паловы ХVІ ст. Літаратурнае жыццё Беларусі ХVІІ—ХVІІІ стст. было складовай часткай літаратурнага жыцця Рэчы Паспалітай. Праз Кракаў, Варшаву, Вільню ішлі сюды новыя, заходнееўрапейскія павевы, новыя густы.
З Беларуссю было звязана жыццё і творчасць многіх значных прадстаўнікоў польскай культуры, якая развівалася пры магнацкіх дварах, каталіцкіх і ўніяцкіх храмах. Духавенства, бадай што, адзінае добра адукаванае саслоўе, прасякалася пальшчызнай, размаўляла і пісала па-польску, чытала польскія кнігі, як свецкія, так і духоўныя, паступова адвыкала ад “рускіх” кніг і пісьменства і, у рэшце рэшт, паланізавалася. Тое ж тычылася і іншых элітарных колаў грамадства: буйной і сярэдняй шляхты, вышэйшых слаёў гараджан, якія паступова дэнацыяналізаваліся, прымалі разам з каталіцкай верай польскую мову і польскую культуру. Сваю ролю адыграла таксама блізкасць і зразумеласць польскай мовы. Яна не ўспрымалася як чужаземная, варожая. “Руськая” (старабеларуская) мова выцяснялася з афіцыйнай сферы, а ў літаратуры ўжывалася ў сатырычных творах, каб перадаць мясцовы каларыт або выклікаць камічны эфект. У інтэрмедыі Каспера Пянткоўскага, што гралася ў Раство 1584 г. у Віленскім універсітэце, дзейнічаюць тры персанажы: Ціман, Шляхціч (польскамоўныя) і Шавец (“русін”), які размаўляе на сваёй мове, як, напрыклад, у гэтым фрагменце:
Wielmi premudry czіowiek taki tu, skazali,
Pod tu skazalі mieszkaje. Pilozop jego zwali.
Choczu jego pohledziс.
Czy charast, Spodaru?
Дарэчы, тут варта прыгадаць, што д’ябал (чорт) у гэтых п’есах прамаўляе па-польску. Відаць, яго залічалі да адукаваных асоб.
Трэба ўсведамляць, што з прыняццем мовы раней ці пазней прымаецца культура, паколькі мова з’яўляецца жывым яе носьбітам. Паглыбляючыся ў стыхію мовы, г. зн. прымаючы яе ў якасці роднай ці, прынамсі, у якасці сродка штодзённай камунікацыі, чалавек непазбежна уваходзіць у культурнае кола таго народа, чыю мову прымае, пачынае мысліць яго катэгорыямі, пераймае яго звычаі і светапогляд. Спрошчваючы, можна сказаць: чыя мова, тая і культура.
Нават пасля знікнення Рэчы Паспалітай з мапы Еўропы працэс паланізацыі не спыніўся, а ў першай палове ХІХ ст. інтэнсіўна працягваўся. Немалую ролю адыграў у гэтым Віленскі ўніверсітэт, які пасля 1815 г. стаўся магутным цэнрам адукацыі і культуры на нашых землях. Яго дзейнасць адбывалася цалкам у рэчышчы польскай мовы і адпаведнай ёй традыцыі. Тым не менш, уся яна была прасякнута мясцовым каларытам, часам да такой ступені, што калі-некалі ўспрымалася “караняжамі” (жыхарамі земляў, што належалі Польскаму Каралеўству) як чужая. Гэтыя мясцовыя ўмовы існавання нараджалі літаратуру, якая пісалася па-польску, але ў духу зямлі, на якой яна стваралася. Дастаткова прыгадаць тут творы Ігната Ходзькі, Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Яна Баршчэўскага, Элізы Ажэшкі, дзейнасць пісьменніка Юзэфа Крашэўскага і віленскага выдаўца Завадскага.
Канец польскім культурным уплывам паклаў 1863 г. На Беларусі (Літве і Украіне) былі забаронены польскамоўныя выданні і тэатр. Нельга было нават размаўляць па-польску ў грамадскіх месцах. Дайшло да таго, што на публічных прыбіральнях былі размешчаны надпісы: “Здесь по-польски говорить запрещается”.
Літаратура:
Аляхновіч Ф. Беларускі тэатр // Выбраныя творы. Беларускі кнігазбор. Мінск, 2005.
Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мінск, 1997.
Мальдзіс А. Беларуская культура Барока як пасярэдніца паміж заходнеславянскім і ўсходнеславянскім светамі. “Навука і тэхніка”. Мінск, 1993;
Як жылі нашы продкі ў XVIII ст. Мінск, 2001.
Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі. Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мінск, 1990;
Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры. Мінск, 2003.
Лекцыя 2
2. Шляхта як сацыяльна-культурны феномен
Асаблівую ўвагу варта прысвяціць гэтаму саслоўю таму, што менавіта яно мела найбольшы ўплыў на фарміраванне “высокай” культуры і ўзораў сацыяльных паводзінаў. Асноўныя элементы шляхецкай культуры ў Польшчы ўздзейнічалі на Беларусь надзвычай інтэнсіўна, тым больш, што ў XVI ст., як ужо адзначалася, Польшча перажывала перыяд культурнага росквіту і каштоўнасці польскай культуры станавіліся ўсё больш прывабнымі. Менавіта ў другой палове XVI ст. распачаўся шырокі працэс паланізацыі беларускай шляхты, які ў выніку разбіў этнічнае адзінства Беларусі. Землеўладальнікі і рэшта загановай шляхты паланізаваліся, польская мова станавілася іх штодзённай і літаратурнай мовай.
Пазіцыю магнацтва, а ў след за ім і ўсёй шляхты, вырашыў уваход пануючай дынастыі Ягелонаў у кола польскай культуры, а таксама польскасць ахопленых іх апекай школы і царквы, перадусім каталіцкай. Сялянскія ж масы заставаліся вернымі роднай мове, захавалі беларускі нацыянальны характар, звычаі, а часткова і старыя вераванні. Асіміляцыя адбывалася тады, калі браталіся “свабодныя са свабоднымі” і “роўныя з роўнымі”. Сялянам у такой супольнасці не было месца, таму і захавалі сваю мову. Захавалі яны і пачуццё чужасці ў адносінах да шляхты як пануючага стану, нягледзячы на тое, што тыя паны былі аднапляменнымі з імі. Адным словам, вёска засталася па-за абсягам шляхоў, якімі крочыла польскасць.
У айчыннай гістарычнай традыцыі дасюль існуе вельмі пашыраны погляд, што шляхта на Беларусі была польская ці літоўская, а народ беларускі. Гэта не зусім так. У XVI—XVIII ст. сам факт карыстання польскай мовай яшчэ не вызначаў нацыянальнасць асобы. Сучаснае пачуццё нацыянальнай прыналежнасці (у сэнсе nation) пачало фарміравацца ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе толькі ў другой палове XIX ст. Дарэчы, калі мы карысталіся б толькі моўным крытэрыем, дык павінны былі б прызнаць, што беларусаў у сённяшняй Беларусі вельмі мала, хаця, паводле перапісу, яны складаюць блізу 83—86% усяго насельніцтва краіны.
Культурная паланізацыя і захапленне польскай культурай не заўсёды ўплывалі, аднак, на палітычныя пазіцыі. У XVI ст. палітычнае паняцце “народ” адпавядала або правінцыі, якая калісьці мела аўтаномію ці асобнае дзяржаўнае існаванне, або цесна звязвалася з дзяржавай. Калі былі дзве дзяржавы: літоўская і польская, дык былі і два народа. А вось што мы ведаем пэўна, дык гэта тое, што з другой паловы XVI ст. узрастае адсотак шляхты, якая карысталася польскай мовай. На схіле існавання Рэчы Паспалітай яе ведалі 80—90% прадстаўнікоў гэтага саслоўя. Хто не ведаў польскай мовы з дзяцінства, вучыўся ёй на публічных форумах (на сойміку, у Сойме, трыбунале), падчас сяброўскіх кантактаў і падарожжаў па краіне, на вайсковай службе і ў школе.
Але, нягледзячы на гэта, у Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ доўга “руськая” мова прызнавалася ў якасці афіцыйнай. Арыстакратыя беларускага і ўкраінскага паходжання, напрыклад, Сангушкі, Хадкевічы, Збаражскія, Астрожскія і інш. яшчэ захоўвалі “руськую” мову, калі этнічныя літоўцы (жамойты) у сваёй прадстаўнічай частцы, паланізаваліся. Беларуская шляхта выказвала нават пэўную занепакоенасць лёсам сваёй мовы пад уладараннем польскіх каралёў. Гарантавання захавання мовы бацькоў і яе правоў шляхта дамагалася ў петыцыях пачынаючы ад Люблінскай уніі. Гэтае пытанне не-не ды і ўзнікала як у сеймікавых інструкцыях, так і ў сеймавых дыскусіях. Беларуская мова надалей з’яўлялася шмат у якіх дакументах. Праўда, у XVII ст. яна ўсё часцей абмяжоўвалася загалоўкамі і заканчэннямі. І толькі ў 1697 г. большасцю галасоў было вырашана “па-польску, а не па-руску пісаць”. У гэтым годзе шляхта ВКЛ, свядома дзейнічаючы насуперак Сапегам, запатрабавала зраўнання ў правах з польскай “каронай” і вылучыла адпаведны праект, прыняты сеймам. У выніку з’явілася пастанова зусім адкінуць беларускую мову ў якасці мовы справаводства і пісаць усе дакументы па-польску.
Гэтае рашэнне канчаткова ўсталёўвала перамогу пальшчызны ў Беларусі і Літве, рабіла яе новай афіцыйнай мовай у Вялікім Княстве Літоўскім. Так далёка зайшла на той час паланізацыя шляхты Княства, што яна запатрабавала гэтай афіцыйнай змены. Дарэчы, гэтае рашэнне дасюль прадстаўляецца некаторымі гісторыкамі як “забарона беларускай мовы”, што падказвае думку аб нейкім зламысным дзеянні. У сапраўднасці ж на канфедэратыўным сойме 1696 г. шляхта ВКЛ патрабавала канчатковага ўраўнання яе правоў з правамі шляхты Польскага Каралеўства. Падчас абмеркавання працэдуры, датычнай выканання судовых прысудаў шляхам увядзення ў судах ВКЛ парадку разбіральніцтва, прынятага ў польскіх судах, а таксама іншых судовых дзеянняў, і быў уключаны пункт аб замене афіцыйнай “рускай” (старабеларускай) мовы на польскую. Гэтая пастанова і ўступіла ў законную сілу ў 1697 г.
Чым бліжэй да канца XVII ст., тым больш беларуская шляхта прасякалася польскай культурай і польскай нацыянальнай свядомасцю. Паланізацыі, г.зн. прыняццю ў якасці роднай польскай мовы, даволі часта спадарожнічала засвойванне польскіх звычаяў і культуры, а часам нават пачуцця прыналежнасці да адпаведнай гістарычнай традыцыі. Аднак гэта апошняе не было правілам. “Ліцьвіны” не атаясамлівалі сваёй уласнай традыцыі з традыцыяй польскага народа. Гэткім чынам, хаця ў XVII ст. уся шляхта этнічна няпольскага паходжання культурна паланізавалася, аднак далёка не ўсе яе прадстаўнікі лічылі сябе палякамі.
Трэба яшчэ раз нагадаць, што польская культура XVI—XVII стст., перш за ўсё шляхецкая, сама па сабе валодала вялікай асіміляцыйнай здольнасцю, з’яўляючыся своеасаблівым мастом, які аблягчаў кантакты паміж Цэтральна-Усходняй Еўропай і іншымі рэгіёнамі кантынента. Гэта была добраахвотная асіміляцыя, бо ніхто не перашкаджаў шляхце няпольскага паходжання захоўваць сваю мову, адметнасць звычаяў і роднай культуры. Але практычныя патрэбы і ўплыў атачэння рабілі сваё.
Аналагічныя, таксама складаныя працэсы адбываліся і ў сферы рэлігіі, цесна звязанай з пытаннем нацыянальнай свядомасці. Вядомы польскі гісторык і знаўца рэлігійных праблем перыяду Рэфармацыі Януш Тазбір уважае, што ў той перыяд паланізацыйныя працэсы былі палегчаны і прыспешаны. Гэта адбывалася таму, што праваслаўная беларуская, украінская і літоўская шляхта часта прымала кальвінізм ці арыянізм і з гэтых веравызнанняў пераходзіла, па меры сваёй паланізацыі, у каталіцтва. Такая з’ява тлумачыцца, відаць, тым, што рымска-каталіцкае веравызнанне, з якім цесна была звязана польская культура і традыцыя, адштурхоўвала яе ў XVI ст., калі цывілізацыйная розніца паміж жыхарамі ВКЛ і Польскага Каралеўства была значна большая. Рэфармацыя ж, незалежна ад таго, у якім выглядзе яна прыходзіла, знаёміла шляхту ВКЛ з заходняй культурай, не прыводзячы да непасрэднай канфрантацыі з польскай традыцыяй. Але выданне ў 1563 г. на землях Вялікага Княства Літоўскага галоўнага твора Рэфармацыі — Берасцейскай, ці Радзівілаўскай Бібліі менавіта па-польску, было не толькі сведчаннем паланізаванасці, але і адкідвання магнацкімі і інтэлектуальнымі асяродкамі намеру захоўваць, ці, хутчэй, стварыць уласную літаратурную мову на базе старабеларускай.
Трэба адзначыць, што паланізацыя не заўсёды азначала змену нацыянальнасці, калі гэта была змена “малой радзімы” на “вялікую”, а значыць, пашырэнне пачуцця прыналежнасці да рэгіёна на свядомасць, звязаную з Рэччу Паспалітай і ўсёй польскай культурай. У самой Рэчы Паспалітай увага звярталася хутчэй на непадабенства паміж землямі, што вынікала з іх гістарычных традыцый, чым на нацыянальныя адрозненні, якія звычайна звязваліся з месцам пражывання. Паасобныя этнічныя групы, як правіла, характарызаваліся паводле рэгіёна свайго паходжання ці пражывання: Прусіі, Жамойціі, Літвы, Русі (Украіны) і т.п., незалежна ад таго, якой мовай карысталася іх насельнікі.
Між тым, прыярытэтны характар польскай мовы лічыўся ў вачах прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, якія насялялі тагачасную Рэч Паспалітую, чымсьці відавочным. Праўда, дробная беларуская шляхта і надалей размаўляла ў хаце па-беларуску. Польскую ж мову вывучалі ў школе, засвойвалі падчас службы ў панскім маёнтку, у войску. Вучыліся тым ахвотней, што польская мова асацыявалася з прыналежнасцю да сацыяльна-культурнага шляхецкага кола.
На працягу ХІХ ст. згаданы вышэй палітонім “паляк” праходзіў эвалюцыю, паступова змяняючы сваю сэнсавую афарбоўку ў нацыянальным кірунку. У перыяд фарміравання сучасных нацый, у тым ліку і польскай, ён канчаткова страціў свой палітычны сэнс, азначаючы адно палякаў, якія жылі на Беларусі і ў Літве. Таму дзеля лепшага разумення працэсаў, якія ўплывалі на фарміраванне культурнага аблічча беларускай шляхты, варта прыгледзецца больш уважліва і да гэтага феномену. Перш за ўсё гаворка ідзе пра трывалае захаванне часткай шляхты традыцыі польскай культуры і мовы. Менавіта гэтая катэгорыя і склала аснову польскай нацыянальнай меншасці на Беларусі, паколькі міграцыя этнічна польскага насельніцтва на беларускія землі цягам стагоддзяў была нязначнай і адносна шматлікі характар мела толькі з Мазовіі на Падляшша і Заходнюю Гарадзеншчыну.
Значны ўплыў польскай культуры на працягу стагоддзяў быў адным з асноўных чыннікаў, якія ўплывалі на фарміраванне тыпалагічных рысаў шляхецкай культуры беларускіх земляў. Як адзначае С.Я.Куль-Сяльвестрава, польская культура, якая мела толькі саслоўную стратыфікацыю, была монанацыянальнай і дастаткова маналітнай, а значыць, больш здольнай для этна-культурных пераўтварэнняў і больш магутнай. Яе дамінантамі былі польская мова, каталіцтва, культурныя і гістарычныя традыцыі Польшчы і Рэчы Паспалітай.
Зусім натуральна, што менавіта польская культура перамагла ў асяроддзі, якое аформілася як пануючы стан паводле польскага ўзору. Таму і роля польскай мовы абмяжоўвалася адно слаямі актыўнымі ў палітычных і рэлігійных адносінах, толькі ў мінімальнай ступені закранаючы агромністую большасць насельніцтва Беларусі, якую складалі сяляне. Аднак сам факт распаўсюджанасці мовы не азначаў поўнай паланізацыі шляхты Вялікага Княства Літоўскага. Каб на беларускіх землях утварылася польскамоўная супольнасць, якая ў значнай ступені ідэнтыфікавала сябе як палякаў этнічнай Польшчы, патрэбныя былі яшчэ істотныя элементы палітычнага і канфесійнага кшталту.
Невыпадкова ў другой палове ХІХ ст. і на пачатку ХХ-га ў адраджэнскім нацыянальным руху беларусаў, сярод дзеячоў гэтага руху, мы сустракаем прозвішчы дробнай шляхты, а часам і прадстаўнікоў яе больш заможных слаёў. Шляхецкае саслоўе Беларусі належала да самага высокаадукаванага слоя грамадства, таму менавіта з яго шэрагаў выводзілася большая частка беларускай інтэлігенцыі. Калі ж улічыць, што абсалютная яго большасць належала да каталіцкага веравызнання, то атрымліваецца, што ля вытокаў беларускага культурнага адраджэння стаялі менавіта шляхцічы-каталікі.
Характэрнай рысай польскіх асяроддзяў на Беларусі таго перыяду была цікавасць да культуры народа, які размаўляў на іншай мове. Часткова гэта вынікала з асветніцкіх тэндэнцый, узмоцненых Рамантызмам, а часткова тлумачылася пошукамі каранёў, што ўзбагачалі б гістарычную свядомасць традыцыямі Вялікага Княства Літоўскага. Цягам усяго ХІХ ст. на Беларусі мелі месца з’явы полілінгвізму. Літаратары, якія жылі на Беларусі, пісалі свае творы часам на некалькіх мовах, напрыклад, польскай, беларускай і расейскай. Яны таксама ўдзельнічалі ў літаратурным жыцці паасобных нацыянальнасцей, публікуючы свае творы ў расейскай і польскай прэсе. Напісанне ж твораў на беларускай мове першапачаткова вынікала з цікавасці да фальклору, а затым да літаратурнай беларускай мовы і рэгіяналізму, ці з свядомай прыналежнасці да прыватнай, малой айчыны і сувязей з зямлёй як месцам нараджэння і жыхарства. Карацей кажучы, з эмацыянальнага стаўлення да радзімы і люду. Гэтае зацікаўленне людам набыло ў ХІХ ст. характар культурнай беларускасці, знамянуючы сабой з’яву пэўнай рэбеларусізацыі.
Але беларуская шляхта не стала вытокам беларускага нацыянальнага руху, бо ў асноўнай сваёй масе апелявала перадусім да сваіх саслоўных правоў, экспануючы сваю родавую, палітычную і культурную вышэйшасць у адносінах да люду. З гэтае прычыны яна не магла стаць на чале беларускага нацыянальнага руху (чытай сялянскага, беларускага), не запярэчыўшы пры гэтым сваёй традыцыйна зразуметай шляхецкасці. Таму падтрымка, якую яе прадстаўнікі аказалі ў ХІХ ст. развіццю беларускасці, мела выключна культурна-літаратурны характар. Тым не менш, гэта несумнеўна спрыяла ўмацаванню беларускай культурнай асновы, а ў будучыні — нараджэнню аўтэнтычнага беларускага нацыянальнага руху.
Беларусы, таксама як літоўцы і ўкраінцы, не мусяць адкідваць той факт, што ў мінулым палякі зрабілі важкі ўнёсак у дзяржаўнае, грамадзянскае і культурнае жыццё іх краін. Гэты ўнёсак сёння належыць гісторыі беларускага народа, таму адмаўленне даробку польскай культуры азначала б памяншэнне беларускай нацыянальнай спадчыны.
3. “Сацыялістычная” Польшча — акно ў Еўропу
У шчыльна замкнёным ад якіх-кольвек знешніх уплываў савецкім грамадстве Польшча, няхай сабе і “народная”, кіраваная камуністамі, была своеасаблівым акном у свет. Гэта тычылася польскамоўнай літаратуры (у тым ліку, а можа, у першую чаргу, перакладной), прэсы, музыкі, кіно. Мова культуры вызваляла савецкіх чытачоў польскіх культурніцкіх і інтэлектуальных выданняў, слухачоў польскага радыё і гледачоў польскае тэлевізіі ад замкнёнасці ў рыгарызме, адкрывала цалкам новы досвед пачуццяў. Як адзначаў польскі рэжысёр Кшыштаф Занусі: “Калі Расея не мела доступу да свету, Польшча была самым вясёлым баракам у лагеры, карысталася большай свабодай, і таму была прывілеяваным пасярэднікам. Моўная блізкасць была прычынай таго, што сусветную літаратуру лягчэй за ўсё было засвойваць расейцам па-польску. Гэта не польская культура, а палітычная сітуацыя рабіла Польшчу прывабнай”.
Акном у Еўропу была перадусім польская прэса. Для многіх гэта была адзіная збольшага праўдзівая крыніца інфармацыі. Праз польскую прэсу можна было адсочваць міжнародныя падзеі, пра якія ў СССР не пісалася, або пісалася мала, няясна ці хлусліва. З’ява своеасаблівай “палёнаманіі” была характэрнай рысай духоўнага жыцця 1960-х — першай паловы 1980-х гадоў. Часам людзі, якія з польскасцю не мелі нічога супольнага, вывучалі польскую мову, каб магчы чытаць тое, што яшчэ не было выдадзена па-расейску ці па-беларуску. Па-польску тады чыталі, між іншым, заходнюю літаратуру: Джойса, Фолкнера, Пруста, Марыяка і інш., якая або не перакладалася ў СССР, або выходзіла такімі малымі накладамі, што была практычна недаступнай звычайнаму грамадзяніну. Парадаксальным чынам гэта тычылася нават расейскай літаратуры. Шмат хто ўпершыню прачытаў, напрыклад, Майстра і Маргарыту М.Булгакава па-польску, набыўшы кнігу ў польскім перакладзе ў кнігарні “Дружба”.
Тое ж адбывалася і з навуковай літаратурай, асабліва па гуманітарных навуках. Савецкія інтэлектуальныя эліты часта знаёміліся з заходняй культурай праз даступныя ім польскія пераклады. Прыкладам, беларускія гісторыкі (а таксама літоўскія і ўкраінскія) звесткі пра выдатных прадстаўнікоў сваёй культуры ХVІ—ХІХ стст. знаходзілі ў Польскім біяграфічным слоўніку. Менавіта ў Польшчы выходзілі больш аб’ектыўныя даследаванні па гісторыі Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай, бо цэнзурныя абмежаванні былі там нашмат меншыя, а польская гістарычная школа значна апярэджвала савецкую метадалагічна. У адрозненне ад СССР і большасці камуністычных краін, у Польшчы справа не дайшла да татальнага пагрому гуманітарных навук. Пасля 1956 г. палітычнае кіраўніцтва ПНР прызнала, што толькі працы, якія тычацца найноўшай гісторыі, мусяць паўставаць у выніку шчыльнага супрацоўніцтва аўтара і цэнзара, каб не пакрыўдзіць магутнага і надта ж ужо крыўдлівага суседа — Савецкі Саюз.
А працы, прысвечаныя больш аддаленым стагоддзям, практычна не спазналі цэнзурнага ўмяшальніцтва, за выключэннем некаторых тэм, што тычыліся польска-расейскіх дачыненняў, ці, напрыклад, сармацкага вобразу “Маскавіта”. Дастаткова прыгадаць толькі адзін прыклад, публікацыю познаньскага гісторыка Юзэфа Можы Дэмаграфічны крызіс у Літве і Беларусі ў ІІ палове XVII стагоддзя, у якой ён падлічыў насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага да і пасля войнаў з Маскоўшчынай сярэдзіны XVII ст., а таксама прадставіў дэмаграфічны рэгрэс, выкліканы ваеннымі дзеяннямі на Беларусі ў 1648—1667 гадах, у выніку якіх колькасць насельніцтва знізілася пасля вайны больш чым напалову. Гэтая ўнікальная праца была належным чынам ацэнена беларускімі гісторыкамі, якія шматразова спасылаліся ў сваіх публікацыях на дадзеныя, атрыманыя Ю. Можы. Беларускі гісторык В. І. Мялешка ацэньваў згаданую манаграфію наступным чынам: “Я думаю, што гэтая праца займае важнае месца ва ўсёй пасляваеннай літаратуры, якая датычыць гісторыі феадальнай Беларусі і Літвы. Хачу падкрэсліць, што праблемы дэмаграфіі Літвы і Беларусі ў феадальную эпоху дагэтуль не былі падрабязна распрацаваны”. Дададзім, што падобная праца проста не магла б з’явіцца ў савецкай Беларусі па цэнзурных і ідэалагічных меркаваннях.
Тое ж тычылася кінематографа і нават творчасці паасобных савецкіх рэжысёраў. Прыкладам, фільм Ніхто не хацеў паміраць літоўскага рэжысёра Жалакевічуса, безумоўна, быў зняты пад уражаннем і паводле ўзору польскага фільма Анджэя Вайды Попел і дыямент. Польскі кінематограф паўплываў і на раннія фільмы Віктара Турава. Далёка не ўсе польскія фільмы траплялі ў савецкі пракат па цэнзурных меркаваннях. Тым не менш, нават тыя акрышыны польскага кіно, якія праслізгвалі праз “жалезную заслону”, стваралі трывалае ўяўленне пра Польшчу як пра краіну бязмежнай творчай свабоды.
Трэба сказаць, што вецер гэтак званага польскага “Захаду” распаўсюджваўся па тэрыторыі СССР нераўнамерна. Ягоны ўплыў быў асабліва адчувальны ў заходніх рэгіёнах, якія калісьці былі арэалам культуры Ягелонаў: у Беларусі, Літве, Украіне.
Пасля распаду СССР і адмены цэнзуры, калі зніклі ўсе абмежаванні кантактаў з вонкавым светам, а сусветны духоўны і культурны даробак стаўся даступным усім жыхарам краіны на агульна зразумелай для іх мове, польскі чыннік хутка страціў усю сваю былую прывабнасць. Яго ўплыў сёння амаль не заўважны.
Літаратура:
Вашкевіч Ю. А. Беларуска-польскія сувязі ў 1945—1991 гадах. Мінск, 2004.
Куль-Сяльвестрава С.Я. Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур. Фарміраванне культуры Новага часу на беларускіх землях (другая палова ХVIII ст. — 1820-я гады). Мінск, БДУ, 2000.
Крукоўскі У., Срэбраная страла. З гісторыі беларускіх прыватных гербаў. Мінск, “Мастацкая літаратура”, 2010.
Снайдэр Т. Рэканструкцыя нацый: Польшча, Украіна, Літва і Беларусь 1596—1999. Мінск, 2010.
Kultura szlachecka w Polsce. Rozkwit — upadek — relikty. Wiedza Powszechna. Warszawa, 1983.
Volumina legum (wyd. J. Ohryzko). Petersburg, 1860. T. V. f. 863.