Ірына РАМАНАВА. Мадэліраванне савецкай ідэнтычнасці (1920-1930-я гг.), альбо выхаванне падрастаючага пакалення (Лекцыі 1—2)
Лекцыі 1—2
План
1. Стварэнне новага культурнага асяроддзя
2. Палітызацыя свету дзяцінства
3. Роля цэнзуры і метаду сацыялістычнага рэалізму ў фарміраванні савецкай ідэнтычнасці
4. Спіс выкарыстанай літаратуры
1. Стварэнне новага культурнага асяроддзя
Сусветная вайна, затым рэвалюцыі, грамадзянская смута, польска-савецкая вайна пераўтваралі соцыум у масу, сціралі сацыяльнае і індывідуальнае ў чалавеку. Аднак не гвалт першых паслярэвалюцыйных гадоў ці афіцыйная ўлада, а новыя адносіны дазволілі ў 1930-я гады сфарміраваць у СССР пакаленне, якое ідэнтыфікавала сябе як савецкіх людзей.
У гісторыі краіны (і сусвету) цяжка знайсці падобны прыклад сацыяльных, эканамічных і палітычных зрухаў цягам кароткага перыяду часу. Гэта была і своеасаблівая эпоха дасягненняў, але, як заўважыла гісторык Ш.Фіцпатрык, і эпоха хвальбы, шуміхі ды бессаромнага перабольшвання ўсяго дасягнутага.
Комплексны падыход да “вытворчасці” савецкага чалавека ўключаў у сябе ўвядзенне жорсткіх норм рэвалюцыйнай маралі, дзяленне ўсяго свету на чорнае і белае, тлумачэннне выхаваўчых задач падкопамі ворагаў. Разам з тым, будуючы новую ідэнтычнасць, значная ўвага надавалася пазітыву (радасць ад стваральнай працы, ад новых перамог).
Бальшавікі канструявалі новую культурную прастору выкарыстоўваючы досыць шырокую палітру мерапрыемстваў. Сярод іх — стварэнне новага культурнага ландшафту шляхам шматлікіх перайменаванняў. Замест існаваўшых раней амаль у кожным горадзе Уладзімірскай, Нікольскай і Спаскай вуліц узніклі Савецкая, Народная, Чырвонаармейская, Камуністычная і г.д. Рэвалюцыйныя назвы даваліся прадпрыемствам і нават дзіцячым дашкольным установам. Першыя перайменаванні ў Мінску праходзілі ў 1919, 1922 гг. У гэты час вуліцы набылі імёны К.Маркса, Ф.Энгельса, К.Лібкнехта, Р.Люксембург, Я.Свярдлова, В.Валадарскага, М.Урыцкага, з’явілася плошча Парыжскай камуны, губернатарскі парк стаў садам “Прафінтэрн” (з 1936 г. — парк імя Горкага). У 30-я гады яшчэ шэраг вуліц атрымалі імёны рэвалюцыянераў і камуністычных дзеячаў: С.Кірава, В.Куйбышава, А.Мяснікова, К.Цэткін, В.Чапаева, М.Шчорса і інш.
Гербы і старыя эмблемы саступалі месца савецкай сімволіцы, здымаліся ўсе манархічныя помнікі, новыя помнікі адкрываліся ў памяць рэвалюцыянераў усіх часоў і народаў і асоб, аднесеных бальшавікамі да прагрэсіўных дзеячаў. У Мінску пачаткам рэалізацыі гэтага плана сталі помнік салдату-рэвалюцыянеру (1917 г., скульптар А.Краснапольскі) і часовы бюст-помнік К.Марксу (1920 г., скульптар К.Елісееў). Новабудуемыя ўрадавыя ўстановы шырока аздабляліся барэльефамі і тэматычнымі пано, скульптурнымі кампазіцыямі на тэмы рэвалюцыйнай барацьбы і сацыялістычнага будаўніцтва. Так, пры будаўніцтве Дома ўрада была створана галерэя скульптурных партрэтаў: К.Маркс і Ф.Энгельс (скульптар М.Керзін), Г.Бабёф, Ф.Дзяржынскі, А.Мяснікоў (скульптар З.Азгур), М.Чарнышэўскі (скульптар А.Арлоў), К.Лібкнехт (скульптар Г.Ізмайлаў), цэнтрам скульптурна-архітэктурнай кампазіцыі стаў помнік Ул.Леніну (скульптар М.Манізер). Скульптурным аздабленнем суправаджалася будаўніцтва Дома афіцэраў, Палаца піянераў і іншых будынкаў.
Спосабам канцэптавання акаляючай рэчаіснасці і чалавечай сутнасці з’яўляюцца міфы. Сёння тэрміны “міф” і “міфалогія” выкарыстоўваюцца не толькі датычна старажытных уяўленняў пра свет, але і датычна штодзённасці. У дадзеным раздзеле пад гэтым паняццем мы будзем мець на ўвазе: 1) адносна ўстойлівыя стэрэатыпы масавай будзённай свядомасці, абумоўленыя недастатковым узроўнем інфармаванасці і даволі высокай ступенню даверлівасці; 2) прапагандысцкія і ідэалагічныя клішэ, якія мэтанакіравана фарміруюць грамадскую свядомасць.
Стварэнне міфаў і іх укараненне ў новых палітычных умовах стала асноўнай задачай разгалінаванага агітацыйна-прапагандысцкага апарата. Першым, напэўна, па сваёй значнасці стаў міф аб светлым будучым. Кожны дзень, праз радыё і газеты, на мітынгах і сходах працоўным даводзілі, што з ліквідацыяй эксплуатацыі і прывілегій, ростам вытворчасці сацыялізм абавязкова прынясе дастатак і ўзровень жыцця павысіцца. Людзі павінны былі зразумець неабходнасць часовых ахвяр і цяжкасцей на шляху пераадолення адсталасці — спадчыны царскай Расіі. Прапагандысцкі апарат даводзіў, што да рэвалюцыі ў працоўных не было шанцаў атрымаць адукацыю, зараз яны могуць стаць інжынерамі; тады сялян эксплуатавалі памешчыкі, а рабочых — буржуі, зараз — рабочыя і сяляне самі ўласнікі земляў, фабрык і заводаў. (Дарэчы, з пераходам да здзяйснення “рэвалюцыі зверху” супрацьпастаўленне “тады” і “зараз” шырока выкарыстоўвалася і самім народам, але ў перавернутым выглядзе: адбывалася ідэалізацыя часоў НЭПа, Леніна, Троцкага, узнікалі вобразы дарэвалюцыйнага “веку багацця”).
Наступны міф паводле сваёй дыхатаміі даволі падобны на папярэдні, але галоўным крытэрыем падзелу быў не часовы фактар, а геаграфічны: “тут” — у першай дзяржаве рабочых і сялян і “там” — ва ўсім астатнім капіталістычным свеце. Працоўныя верылі, што ўсе даброты, якія дасягнуты ў іх, былі створаны імі і што ўвесь астатні свет пазбаўлены гэтага: школа, ахова здароўя і г.д.
Ідэалагічная перадумова наступнага міфа палягала ў тым, што капіталістычныя нацыі, якія акружаюць Савецкі Саюз, ніколі не змірацца з існаваннем першай і адзінай у свеце сацыялістычнай дзяржавы, імперыялісты ўсіх краін не сёння-заўтра паспрабуюць растаптаць адзіную ў свеце дзяржаву рабочых і сялян. Складаныя міжнародныя абставіны былі даволі моцным аргументам на карысць фарсіравання сацыяльна-эканамічных змен, служылі абгрунтаваннем палявання на розных “шпіёнаў” унутры краіны.
Народ тэму магчымай вайны таксама не абыйшоў сваёй увагай. На працягу ўсяго перыяду ў грамадстве функцыянавалі розныя чуткі адносна вайны і яе магчымых наступстваў, мяняўся вораг, але тое, што вайна абавязкова будзе, здаецца, не сумняваўся ніхто.
Міфы, акрамя ідэалагічнага забеспячэння штодзённасці, давалі магчымасць уладам тлумачыць супраціўленне сацыялістычным пераўтварэнням (а фактычна ўладнаму гвалту) адсталасцю, страхамі і забабонамі неадукаваных мас.
Да таго ж новае сацыялістычнае грамадства абвяшчалася грамадствам высокай культуры і быта. Рэлігія была аднесена да цемрашальства і павінна была саступіць месца навуцы. Складовай часткай культурнага выхавання рабочых станавілася развіццё г.зв. свядомасці, якая ўключала ў сябе ўменне разбірацца ў пытаннях міжнароднага становішча, класавай барацьбы і г.д. Перавыхаванне рабочых праводзілася пры дапамозе шырокай сеткі парт- і палітасветы. Так, у 1934 г. у Мінску ўстановамі такога тыпу было ахоплена каля 15 тыс. чалавек, дзейнічала 547 партшкол і марксісцка-ленінскіх гурткоў. Асноўнымі культурна-асветнымі і выхаваўчымі ўстановамі ў гарадах станавіліся клубы, на вёсцы — хаты-чытальні, якія ажыццяўлялі свае функцыі шляхам арганізацыі лекцый, дакладаў, гутарак на палітычныя, эканамічныя, прыродазнаўчыя тэмы, пастаноўкі канцэртаў і спектакляў, дэманстрацыі кінафільмаў.
Гераічная эпоха патрабавала гераічных асоб і подзвігаў. Слова “герой” сустракалася паўсюль, так называлі рэкардсменаў дальніх палётаў, палярнікаў, пагранічнікаў, стаханаўцаў, герояў працы і інш. Усе савецкія падлеткі марылі быць лётчыкамі, палярнікамі, пагранічнікамі. Газеты друкавалі вялікую колькасць нататак аб выбітных дасягненнях герояў і дасягненнях простых людзей, змяшчалі вялікую колькасць фотакартак.
Людзі будучага павінны былі атрымаць новыя, сугучныя пафасу эпохі імёны. Друкаваліся новыя іменасловы па ўзору рэлігійных. Так, “Беларускі сялянскі настольны каляндар” на 1928 год прапаноўваў дзецям, што нарадзіліся ў студзені, даваць наступныя імёны: Пабеда, Іскра, Спартак (у гонар кіраўніка паўстання рабоў у старажытным Рыме), Зарніца, Роза (у гонар Розы Люксембург), Карл (у гонар Карла Маркса), Міра, Кім (Камуністычны інтэрнацыянал моладзі), Праўда. Сярод новых імёнаў таксама былі: Свабода, Ідэя, Праўдзіна, Піонэр, Краснамір, Акцябрына, Калектыва, Сцяг, Воля, Зорка, Дарвін, Адвага, Энгель (у гонар Энгельса), Сьмела. Праўда, шырокага распаўсюджвання гэтыя імёны так і не набылі.
У 1920-я гады для будаўніцтва ідэалагічнага падмурка новай сістэмы актыўна выкарыстоўваліся рэвалюцыйныя святы, якія да таго ж служылі адным з галоўных каналаў масавай камунікацыі. Выключную важнасць у ацэнцы свята як сродка індактрынацыі мае пункт гледжання Э.Канэці, якi вылучыў асаблівы стан масы — святочную масу. Людзі, якія ў звычайным жыцці чужыя адно аднаму, урачыста і цэлымі групамі запрашаюць адно аднаго частавацца. Атмасфера “святочнай масы” — гэта адчуванне, быццам бы свята гарантуе іншыя, наступныя ўсеагульныя задавальненні. С.Масковічы звяртае тут увагу на праблему крытычнага, усвядомленага мыслення індывіда і бессвядома-аўтаматычнага дзеяння масы.
“Педагагічная энцыклапедыя” 1927 г. адзначала: “Значэнне святаў ва ўсе часы, ва ўсіх краінах заўсёды ўлічвалася пануючым класам як сродак прапаганды класавых ідэй, як форма ўздзеяння на масы […] Пры дапамозе святаў у свядомасць мас праводзіліся і замацоўваліся класавыя палітычныя ідэі, ідэі рэлігійныя, у аснове якіх ляжалі таксама палітычныя ідэі пануючых класаў ці класаў, якія імкнуцца да панавання”.
Савецкая сістэма вельмі хутка навучылася прадукаваць новыя святы, бо гэта было важна як на этапе станаўлення сістэмы, так і дзеля яе падтрымання. На першым этапе новыя святы і памятныя даты дадаваліся да ранейшых рэлігійных, паступова выцясняючы іх. Найперш гэта былі: гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі, 9 Студзеня, 1 Мая, Дзень смерці Леніна, гадавіна Чырвонай Арміі, Дзень Парыжскай Камуны, Міжнародны дзень работніц, Міжнародны юнацкі дзень, Лютаўская рэвалюцыя, Міжнародны дзіцячы тыдзень, Дзень МОПР і г.д. Пералічаныя дні адносіліся да “святаў чырвонага календара”, спіс якіх паступова змяняўся. Побач з новымі “літургічнымі” ў жыццё ўкараняліся і “новыя культурна-бытавыя святы”: Дзень ураджаю, Дзень леса, Дзень кааперацыі, тыдзень Авіяхіма і інш. Рэлігійныя святы зніклі з календароў у 1930 г.
Аднак было б вялікім спрашчэннем лічыць, што новыя святы навязваліся насельніцтву гвалтам. “Маленькі чалавек” сам ахвотна ўдзельнічаў у іх. Некаторыя святы мелі карані ў архаічнай культуры і выконвалі канструктыўную (у адносінах да сацыякультурнага макракосма, які нараджаўся) і звязваючую (у адносінах да базавых традыцый чалавецтва) ролю. Менавіта гэта дазволіла бальшавікам больш ці менш арганічна ўкараніць культуру рэвалюцыйных святаў.
З першых дзён бальшавіцкай улады ў гарадах ладзіліся шматлюдныя дзействы. Яны былі закліканы падкрэсліць эпахальнае значэнне Кастрычніка, паказаць глыбіню разрыву з мінулым, наглядна ўвасобіць у бачных вобразах народныя спадзевы, звязаныя з сацыялізмам. Сюжэты інсцэніровак, як правіла, былі простыя: “рабочыя здзяйсняюць рэвалюцыю”, “чырвонаармейцы змагаюцца” і г.д. Значэнне бытавых, індывідуалізуючых падрабязнасцей зводзілася да мінімуму, да функцыі сацыяльных знакаў-маркераў, якія абазначалі “зараз” і “раней”, “сваё” і “чужое”. Разам з тым, святы савецкага грамадства былі перш за ўсё афіцыйнымі; нават карнавалы афіцыйна санкцыянаваліся — яны высмейвалі мінулае (за выключэннем рэвалюцыйнага) і ў розных формах прышчаплялі пазітыўныя экспектацыі датычна будучыні.
Сіламі мастацкай самадзейнасці горада Мінска ў 1921 г. у садзе “Прафінтэрн” было праведзена масавае тэатралізаванае дзеянне “Праца і капітал”. Масавым народным святам у Мінску суправаджалася перадача самалёта “Савецкая Беларусь” (быў пабудаваны на ахвяраванні працоўных) Чырвонай Арміі 25 ліпеня 1923 г.
Як сведчаць лісты, да святаў ахвотна далучыліся і сяляне, перш за ўсё сялянская моладзь. Так, сакратар Гольчыцкага сельсавета Залескі ў лісце ў “Крестьянскую газету” даволі падрабязна апісаў святкаванне гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі ў вёсцы Гольчыцы. Залескі, здаецца, не сумняваўся, што ліст будзе надрукаваны, таму і атрымаўся ён больш падобным на перадавіцу газеты, чым на звычайны ліст. Тут адзначалася і вялікая праца сельсавета па падрыхтоўцы святкавання 8-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, і праца хаты-чытальні і інш. Тым не менш, факты, якія прыводзіць рэспандэнт, сапраўды сведчаць аб тым, што народ прымаў удзел у святах ахвотна:
“…8 лістапада з ночы і да 1 гадзіны дня стаў падаць снег, у той час як і без яго ў в. Гольчыцы на вуліцы была па калені непралазная вадкая гразь і, дзякуючы яшчэ снегу, які валіў камякамі, можна было, напэўна, думаць аб тым, што дэманстрацыя не адбудзецца, але нягледзячы на гэта ўся моладзь адзін за адным стала плыць у хату-чытальню і сельсавет, дзе да 10 г. раніцы сабралася ад 40 да 50 членаў, з іх 25 дзяўчат. На вуліцу, з прычыны снежнай мяцеліцы, нельга было і высунуць носа, і ўсе сталі чакаць яснага надвор’я, якое да 1 гадзіны дня сапраўды праяснілася. Да 2 г. чакалі прыбыцця членаў сельсавета, настаўнікаў з актывам навакольных вёсак, але, на жаль, з’явіўся адзін настаўнік Клеўскай школы з членам сельсавета і больш ніхто. Надвор’е, верагодна, сапсавала ўвесь настрой насельніцтва і паўплывала на ўсіх астатніх членаў сельсавета і настаўнікаў, якія пабаяліся па дарозе размокнуць, спужаліся бруднага мокрага надвор’я.
У 2 г. выстраіўшыся ў канцы в.Гольчыцы ў арганізаваныя шэрагі з актывам моладзі — хлопцамі і дзяўчатамі, нязначнай колькасцю каля 50 чалавек, па калені ў гразі, з рэвалюцыйнымі песнямі, з красным сцягам наперадзе, рушылі па вёсцы міма будынка сельсавета, дзе наша дэманстрацыя нечуванным чынам стала павялічвацца і, дайшоўшы да ўладкаванай аркі на другім канцы вёскі, вырасла да 300 чалавек пры ўсіх жыхарах вёскі ў 400 душ, засталіся дома стары ды малы. Каля аркі нашая дэманстрацыя была сустрэта музыкай і вучнямі Гольчыцкай школы ў колькасці 60, заглушаючы музыку крыкамі “Ура”, дзе разам рушылі з песнямі да будынка Гольчыцкага л[ясніцт]ва, адкрыўшы там мітынг. Выступалі прадстаўнікі ад сельсавета, ад школ, Л[ясніцт]ва, мабілізаваных чырвонаармейцаў, сялянскага камітэта, жанчын і школьнікаў, віншуючы са святам 8-ай гадавіны Кастрычніцкай Рэвалюцыі і тлумачачы, і знаёмячы насельніцтва з дасягненнямі Савецкай улады ў галіне с-гаспадаркі і прамысловасці. Пасля кожнай прамовы іграла музыка і апускаліся чырвоныя сцягі. Па сканчэнні мітынга ўсё так жа ў стройным парадку з музыкай і песнямі рушылі назад, дзе частка разышлася па хатах, а частка — у хату-чытальню, устроіўшы невялікія танцы”.
Залескі заканчвае свой ліст так: “Маладцы рабяты! Вы заслугоўваеце павагі! Вы адныя зразумелі важнасць свята, 8-ай гадавіны Кастрычніцкай Рэвалюцыі! Вы ўзбударажылі ўсю вёску, пакінуўшы прыемнае ўражанне”.
Для сцвярджэння ўласнай легітымнасці бальшавіцкая ўлада мабілізавала сакральныя сімвалы мінулага: новыя свецкія святы перанялі шмат чаго ад рэлігійных урачыстасцяў (жалобныя інтанацыі цырыманіялу, дэкараванне будынкаў і калон дэманстрантаў чырвонымі і чорнымі палотнішчамі і стужкамі; гірлянды; абавязковае наведванне могілак ці памятных месцаў). У савецкай прапагандзе 1 Мая часта называлася “Чырвонай пасхай працоўных”. Абавязковымі кампанентамі святаў з’яўляліся мітынгі і шэсці, сходы рабочых і служачых па іх установах, спектаклі, канцэрты, вечары ўспамінаў. Пры дапамозе ўсіх гэтых мерапрыемстваў мадэліравалася новая культурная памяць: мінулае малявалася змрочным і поўным пакут, насельніцтва павінна было асацыіраваць сябе з бунтарамі — ахвярамі старога парадку і барацьбітамі за вызваленне працоўных.
Аднак свой стыхійны дух святы пачалі страчваць даволі хутка. Стала відавочнай праблематычнасць генеральнай ідэі — пераўтварыць святы ў мастацтва “самаго народа”, перад арганізатарамі ўсё настойлівей паўставала задача стымуляваць самадзейнасць “зверху”. Пачаліся пошукі ўзораў з сусветнай гісторыі, першым з іх стала Французская рэвалюцыя. У Петраградзе пры Акадэміі навук была створана сацыялагічная лабараторыя для вывучэння сусветнага вопыту святкаванняў, у асноўным, зразумела,— рэвалюцыйных. Прыкладна ў тыя ж гады з’яўляюцца масавікі-зацейнікі, сотні часопісаў і брашур з назвамі тыпу “Массовик”, “Массовый организатор”, “Массовая культурно-просветительская работа”. Арганізацыя і правядзенне святаў стала важнай дзяржаўнай задачай, адпаведна, важным кампанентам таталітарнай культуры.
У канцы 20-х гадоў уводзіцца абавязковая стопрацэнтная яўка ўсіх працоўных на дэманстрацыі. Зацвярджаюцца адзіныя патрабаванні афармлення калонаў, вельмі важнымі элементамі якога становяцца партрэты кіраўнікоў. Ствараюцца гарадскія і раённыя штабы па арганізацыі святаў. Практычна ўсе святы, уключаючы спартыўныя і дзіцячыя, афарбоўваюцца ў мілітарысцкія таны. Падрыхтоўка да вайны адкрыта абвяшчалася важнай дзяржаўнай задачай. Ёй павінны былі служыць бясконцыя агляды ўсенавуча, конкурсы строя і песні, спаборніцтвы па стральбе, надзяванню супрацьгазаў і г.д. Увогуле спартыўным практыкаванням у гэты час надавалася асаблівая ўвага. З мэтай папулярызацыі спорту праводзіліся вялікія фізкультурныя святы, першае з іх рэспубліканскага маштабу адбылося ў Мінску ў 1924 г. У пачатку 1936 г. 13 рабочых і служачых фабрыкі “Октябрь” у супрацьгазах і супрацьіпрытных касцюмах здзейснілі пераход па маршруту Мінск — Масква. Удзельнікі акцыі былі ўзнагароджаны ордэнамі Саюза ССР і граматамі ЦВК СССР.
Не меншай пампезнасцю, чым афіцыйныя святы, вылучалася падрыхтоўка і правядзенне розных палітычных кампаній і акцый. Так, напярэдадні справаздачнай кампаніі Мінскага гарсавета 1934 г. па ініцыятыве камсамола было арганізавана факельнае шэсце па горадзе. Непасрэдна падчас перадвыбарчай кампаніі шырока праводзіліся сходы працоўных, жонак рабочых, работніц, мітынгі, масавыя дэманстрацыі, практыкаваўся гэтак званы “Жывы паказ дасягненняў Гарсавета”, сярод мерапрыемстваў якога былі экскурсіі, наведванне кватэр рабочых, чаяванні, калектыўныя чытанні і г.д. 75 рабочых завода імя Молатава былі азнаёмлены з дасягненнямі гарсавета шляхам аўтамабільнай экскурсіі на 3 машынах па горадзе. Разлік рабіўся на тое, што гэтыя рабочыя з’явяцца добрымі агітатарамі ў цэхах. Былі арганізаваны масавыя дэманстрацыі. Рабочыя і служачыя пад музыку і песні неслі плакаты, лозунгі, наперадзе калон на машынах ехалі знатныя людзі-ўдарнікі. Фабрыкі, заводы, цэхі і горад былі ілюмініраваны і ўпрыгожаны лозунгамі і плакатамі. Гаркам партыі выпусціў і распаўсюдзіў па горадзе больш за 100 тыс. адозваў на 4 мовах. Амаль на ўсіх буйных прадпрыемствах горада (фабрыках “Кастрычнік”, “Камунарка”, заводах “Бальшавік”, імя Молатава, імя Варашылава і інш.) былі выдадзены спецыяльныя нумары шматтыражак.
З нагоды падрыхтоўкі да выбараў у Вярхоўны Савет у шэрагу гарадоў у кастрычніку 1937 г. былі праведзены масавыя агульнагарадскія мітынгі. У Мінску, згодна з афіцыйнымі звесткамі, у мітынгу ўдзельнічала каля 70 тыс. чалавек, у Віцебску — 35 тыс. Падтрымку рашэння ЦК ВКП(б) аб выдзяленні Варашылава ў Вярхоўны Савет ад Мінскай гарадской выбарчай акругі павінен быў сімвалізаваць сабой мітынг 55 тыс. працоўных горада. У мітынгу равеснікаў Кастрычніка і маладых выбаршчыкаў удзельнічала каля 40 тыс. мінчан. У раёнах праходзілі палітдні па прадпрыемствах, саўгасах і калгасах. Шырока выкарыстоўвалася наведванне выбаршчыкамі кіно, ладзіліся шматтысячныя масоўкі, арганізоўваліся і працавалі перасоўныя агітмашыны, праводзіліся вечары, прысвечаныя кандыдатам. На адным з іх (прысвечаным дэпутату ў Вярхоўны Савет БССР Сталіну) на фабрыцы “Камунарка” (Мінск) прысутнічала больш за тысячу чалавек. У дакладной адзначалася: “Вечар прайшоў на высокім палітычным узроўні, на гэтым сходзе працоўныя яшчэ раз выказалі сваю любоў і адданасць партыі бальшавікоў і любімаму дэпутату — Вялікаму Сталіну”.
І ўсё ж нягледзячы на шматлікія спробы, так і не ўдалося стварыць новых абрадаў, якія па сіле свайго ўздзеяння можна было б супаставіць з традыцыйнымі.
2. Палітызацыя свету дзяцінства
Для выхавання новага грамадства рэжым не мог выкарыстоўваць “традыцыйныя” механізмы сацыялізацыі: рэвалюцыя рашуча паставіла крыж і на мінулым, і на канкрэтных носьбітах традыцый (старой інтэлігенцыі). Задача выхавання новага чалавека ўскладвалася на навучальныя і выхаваўчыя ўстановы. У навучальных планах і праграмах ВНУ, тэхнікумаў і школ значнае месца адводзілася ідэалагічнаму выхаванню. Так, удзельнік Акадэмічнай канферэнцыі 1926 г. дацэнт латвійскага ўніверсітэта Блесэ, даволі высока ацэньваючы культурную працу на Беларусі, тым не менш адносна адукацыйнай палітыкі адзначаў: “Трагедыя ў тым, што дзеці ставяцца да працы павярхоўна. Напрыклад, на ўроках рускай і беларускай мовы, як мне даводзілася назіраць, яны толькі свавольнічаюць і, не дачакаўшыся завяршэння вызначанага тэрміну, здаюць працы, што складаюцца з агульных стэрэатыпных фраз з камуністычным зместам, штодзень імі чутых ці пачэрпнутых з газет”.
У якасці эфектыўнага сродка індактрынацыі разглядаліся таксама святы, бо менавіта яны выклікаюць моцныя эмацыянальныя перажыванні. Напрыклад, у зборніку матэрыялаў “Ленінскі дзень” адзначалася: “Навучэнцы ярка перажываюць свята, ва ўсёй разнастайнасці, […] самі ўдзельнічаючы ў гэтым, выступаюць у ім як частка рэвалюцыйнага пралетарыята і прасякаюцца настроямі апошняга. Усё гэта, пакідаючы глыбокі след, аказвае ўплыў на выпрацоўку ў вучняў светаразумення, якое адпавядае поглядам рабочага класа”. Асаблівая ўвага звярталася на масавую псіхалогію, уплыў калектыўных эмоцый, для чаго патрабавалася прыцягнуць дзяцей да вулічных дэманстрацый, якія рабілі на кожнага ўдзельніка “незабыўнае ўражанне”. Менавіта пры дапамозе свята можна было пачынаць эмацыянальную апрацоўку дзяцей даволі рана — з 3—4-гадовага ўзросту. Г.зн. фактычна была знойдзена сістэма ранняй палітычнай сацыялізацыі.
Безумоўна, ні Новы год, ні тым больш Каляды не маглі быць галоўным святам. Так, ужо напачатку 1920-х гадоў замест свята вакол упрыгожанай ёлкі рэкамендавалася праводзіць лекцыі аб шкоднасці хрысціянства. У 1923 г. ёлка стала “чырвонай”: дрэва ўпрыгожвалі чырвонымі сцяжкамі і цацкамі ў выглядзе карыкатур на папоў, сацыялістаў-здраднікаў, капіталістаў. У 1924 г. тэарэтыкі дзіцячых святаў вырашылі зусім скасаваць ёлку і правесці зімовыя канікулы па наступнаму плану: усім піянерам і школьнікам было прадпісана “весці на працягу двухтыднёвага перарыву падрыхтоўку да дзён траура па Уладзіміру Іллічу Леніну”, умацоўваць сваё здароўе і здзяйсняць “у самыя дні Калядаў антырэлігійную прапаганду”. Аднак поўная забарона ёлкі адбылася побач з забаронай святкавання Калядаў і Новага года толькі ў 1930 г. Праўда, у 1935 г. дзецям ёлку вярнулі.
Галоўным святам года стаў дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Падрыхтоўцы да гэтага свята надавалася найбольшая ўвага. Так, у прыкладны план падрыхтоўкі і правядзення гэтага свята ў вясковай школе ўваходзілі сумесныя сходы ўдзельнікаў грамадзянскай вайны і Кастрычніцкай рэвалюцыі, бацькоў вучняў, членаў ячэек ВКП і ВЛКСМ, на якіх, у прыватнасці, абмяркоўваліся такія пытанні, як “падрыхтоўка і правядзенне агітацыі ў сем’ях і сярод насельніцтва з тым, каб да дня гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі прыбіралі, чысцілі, мылі і ўпрыгожвалі жыллё, рыхтавалі святочнае адзенне, хадзілі ў лазню, гатавалі святочны стол і ў дзень свята звялі да мінімуму звычайныя хатнія працы, спынілі звычайныя сялянскія работы і г.д.”
Ужо ў 1920-я гады свята разглядалася як дзейства сур’ёзнае і афіцыйнае, а самі дзеці — як інструмент прапаганды ў рабоце бальшавікоў з “навакольным асяроддзем”. У “Педадагічнай энцыклапедыі” адзначалася, што святы і памятныя дні не павінны выдумвацца школай, школа павінна пры дапамозе ўжо ўстаноўленых святаў “укараняць элементы працоўнай камуністычнай культуры”, спрыяць савецкаму будаўніцтву; арганізацыя і правядзенне святаў не павінна замыкацца ў сценах школы.
Паколькі святы выклікалі глыбокія эмацыянальныя перажыванні дзяцей, імі нельга было злоўжываць. Адзначалася, што масавыя мерапрыемствы не патрэбна праводзіць больш за 3—5 разоў на год. Галоўнымі святамі лічыліся Кастрычніцкая рэвалюцыя, 1 Мая і Дзень смерці Леніна. Астатнія святы адзначаліся больш сціпла.
Не меншая роля ў таталітарнай індактрынацыі дзяцей адводзілася гульням, перш за ўсё — гульням палітычным. Нідэрландскі гісторык і культуролаг Й.Хёйзінга, які стаў непераўзыдзеным аўтарытэтам у вывучэнні гэтага вельмі важнага элемента чалавечай культуры, у прадмове да “Homo ludens” адзначыў цесную сувязь гульні і свята.
“Педагогическая энциклопедия” 1927 г. пісала: “Палітгульні, якія складваюцца з тых ці іншых рухомых гульняў, […] з’яўляюцца правільным сродкам эмацыянальнага выхавання. Мэта палітгульні — […] перадаць удзельнікам пэўную палітычную тэму, спрыяючы ў той жа час фізічнаму развіццю піянераў. У палітгульні дзіця становіцца як бы ўдзельнікам рэвалюцыйных падзей, чым мы дасягаем таго, што дзіця не толькі разумее, але і перажывае тэму, якая прапрацоўваецца. Перажыванне глыбока ўразаецца ў душу піянера, пакідаючы ў яго памяці моцныя сляды. Асноўным прынцыпам палітгульні з’яўляецца яе калектыўнасць, масавасць; гэта робіць палітгульню магутным сродкам спайкі піянераў, іх калектывістычнага выхавання”.
Расійскі антраполаг А.Шчарбнін прааналізаваў і раскласіфікаваў паводле тэматыкі дзіцячыя гульні, якія прапаноўваў часопіс юных піянераў “Барабан” у 1925—1926 гг. На першае месца ён паставіў гульні, якія ўмоўна можна назваць “Нашыя — ворагі”. У гэтую групу гульняў уваходзяць усемагчымыя рухава-ваенізіраваныя гульні тыпу “Чырвоныя і белыя”, “У тыле ў белых”, “Узарваць парахавы склад белых”, “Сакрэтны дакумент”, “Будзёнаўцы”, “Будзёнавец за махноўцам”, “Злавіць банду атамана Маруські”, “Чырвонаармейцы на манеўрах” і г.д., што абыгрывалі падзеі нядаўняга рэвалюцыйнага мінулага, якое яшчэ помнілася і таму з’яўлялася зразумелым. Другая група гульняў звязана з дзейнасцю рэвалюцыянераў (замежных і нашых) па распаўсюджванню сусветнай рэвалюцыі, супрацьборству фашыстам на ўсіх франтах, карацей — барацьбой са знешнімі ворагамі: “Вандроўка па Еўропе”, “Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!”, “Дэлегацыя заходніх рабочых”, “Прарваць кальцо блакады”, “Чырвоны лётчык”, “Агітатары”, “Тэрміновая дэпеша”, “Пераход граніцы”. Да ўнутранай праблематыкі СССР ён аднёс гульні тыпу “Змычка горада і вёскі”, “Гонкі дабралёта”, “Авіяхім”. Барацьба заходніх рабочых супраць уласных рэжымаў адбіта ў гульнях “Сляпы жандарм”, “Вынаходлівы рэвалюцыянер”, “Лоўля арганізатара школьнай групы”, “Пашукай-ка”, “Дэманстрацыя”, “Радыёдэпеша”. А.Шчарбінін адзначае нязначную колькасць чыста пазнавальных гульняў (“Піянер, вывучай СССР, “Ланцуг правадыроў”).
Аналіз дзённікаў выхавацеляў дзіцячых садкоў 1920-х гадоў, праведзены расійскім гісторыкам Ю.Салава, паказаў, што і самі дзеці часцей за ўсё выбіралі гульню ў вайну. Разам з тым, даследчыца адзначае, што калі ў 1920 і 1921 гг. у дакументах зафіксаваны такія дзіцячыя гульні, як прыгатаванне ежы з гліны і кветак, лапта, “А мы проса сеялі”, “Скажы, скажы, верабей” і інш., то ў канцы 1920-х выхавацелі падобных гульняў не ўзгадваюць.
Рухомым гульням, як правіла, папярэднічала кароткая размова ці дзяленне ўдзельнікаў гульні на камуністаў і фашыстаў, чырвоных і белых. Так, гульні “Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!” папярэднічала размова аб К.Марксе; акцябрацкай гульні “Вандроўка па Еўропе” папярэднічаў расказ піянера “аб розных краінах Еўропы, колькі іх, хто там жыве і як яны кіруюцца” і г.д.
Фактычна ўсе гэтыя гульні будаваліся па схеме звычайных салак, пятнашак, жмурак, казакоў-разбойнікаў. Але дыдактычнымі правіламі таго часу не дапускалася ідэйна нейтральная актыўнасць, таму звычайныя “кошкі-мышкі” перарабляліся ў “піянер і фашыст”. Дзякуючы эмацыйнаму накалу на ўзроўні дзіцячай свядомасці ствараўся вобраз “Мекі і Медзіны” сусветнага сацыялізму.
А.Шчарбінін піша: “Методыка выхавання з дапамогай гэтых архетыпічных формаў дапамагала Сістэме вырошчваць перакананых прыхільнікаў, якія дакладна ведаюць, дзе “наш” свет, а дзе ворагі, і што трэба зрабіць для дасягнення мэты. Больш за тое, канкрэтныя схемы палітычнай гульні (дзяленне на камуністаў і фашыстаў, чырвоных і белых і г.д.) рыхтавалі дзяцей да ўмоўнага, абстрактнага ўспрыняцця будучай палітычнай рэальнасці. І калі ўчарашнія куміры-правадыры (Троцкі, Бухарын і інш.), легендарныя камандармы, і проста людзі, “адданыя справе партыі і Сталіна”, абвяшчаліся ворагамі народа, гэта не выклікала эмацыянальнага шоку.
Спроба перавесці гульню з палітыка-выхаваўчай у палітыка-прагматычную плоскасць была ажыццёўлена падчас калектывізацыі. Пад лозунгам “Уключым энергію мільённых мас дзяцей працоўных на дапамогу партыі і камсамолу” піянеры стваралі піянерскія брыгады і дзіцячыя калгасы, жывёлаводчыя арцелі; па заданню партыі павінны былі знішчыць пэўную колькасць грызуноў і палявых шкоднікаў… Асаблівае месца ў піянерскім руху, побач з выяўленнем кулакоў і падкулачнікаў, заняла ахова ўраджаю. Не толькі газеты, але і песні таго часу малявалі вобраз піянера, які ахоўвае ўраджай, як і піянера-дазорнага ці піянера, які папярэджвае крушэнне цягніка.
У маі 1932 г. піянеры г.Магілёва пісалі Постышаву: “Некаторыя атрады нашай базы дапамагаюць выконваць прамфінплан; прагульшчыкаў-рабочых, якія спазніліся — сустракаюць барабанным боем, праводзяцца дэманстрацыі брака, выяўляюцца прагульшчыкі і тыя, якія робяць брак, і на іх вывешваюцца лозунгі, выпускаюцца насценгазеты […] Дапамагаем політзняволеным капіталістычных краін”.
Піянеры Бабініцкай няпоўнай сярэдняй школы Аршанскага раёна рапартавалі непасрэдна сакратару ЦК КП(б)Б А.Р.Чарвякову:
“Мы сёлета яшчэ наладжвалі работу шэфства над маладняком. Многа выкрылі недахопаў. Узялі шэфства над калгаснай газетай і бібліятэкай. Дапамагаем выпускаць газету. Падрыхтоўку да вясны распачалі. Праверылі ў калгасе сельскагаспадарчы інвентар, усхожасць насення, попел збіраецца. Школа да вясны падрыхтавана. Мы сёлета арганізуем яшчэ лепш працу з дазорамі, будзем даглядаць калгасную маёмасць як сваё адзінае вока. У школе разгорнута індывідуальнае соцспаборніцтва, школа са школай, вучань з вучнем, клас з класам, соцспаборніцтва ў нас правяраецца, але па некаторых пунктах не выконваецца”.
Да гэтага ліста як сведчанне праяўлення свядомасці быў прыкладзены “Соцдагавор дачкі вучаніцы 6 класа Ларчанка Ганны з бацькам і маткай”. Згодна з гэтым дакументам, бацька браў на сябе наступныя абавязкі: “Быць лепшым ударнікам у калгасе, выпрацаваць 360 працадзён; даглядаць калгасную маёмасць як сваё адзінае вока; даць дачцэ 8 руб. на кніжкі і 5 руб. на аблігацыю і іншыя патрэбы; выпісваць газеты і ў вольны час чытаць”. Маці абавязалася: “Даглядаць добра цялят, каб быць ударніцай у калгасе; змагацца за культурную хату, глядзець, каб у хаце было чыста і дзеці таксама былі чыстыя; варыць вучням своечасова абед…”. У адказ сама вучаніца 6 класа Ларчанка Ганна абяцала: “Змагацца за якасць вучобы і свядомую дысцыпліну; добра жыць з братамі, сёстрамі і з бацькамі; не пазніцца на лекцыі і не рабіць прагулаў без уважлівай прычыны; выпісваць газеты і чытаць іх; выконваць усе нагрузкі, якія мне даюць”.
Палітызацыя грамадства і свету дзяцінства даходзіла да кур’ёзаў. Так, Віктар Данілаў узгадвае: “У той час былі ва ўжытку вучнёўскія сшыткі, на пярэдняй вокладцы якіх красаваліся выявы трох асілкаў на конях з карціны мастака Васняцова. І вось калі ўважліва прыгледзецца, то можна было заўважыць, што капыты і сцёблы травы ўтвараюць літары, з якіх складаюцца словы: “долой ВКП(б)”. Ужываліся тады і запалкі з малюнкам полымя на карабку. Пры ўважлівым разглядзе ў абрысах полымя відзён быў твар тагачаснага старшыні Вярхоўнага Савета Калініна. Хутка гэтыя сшыткі і запалкі зніклі з продажу”. Былы піянер Уладзімір Іванавіч Святлоў расказаў такую гісторыю: “У 1937 г., калі ўсіх лічылі трацкістамі, бухарынцамі. Працэсы ішлі. У нас піянерважатая прыйшла і гаворыць: “Дзеці, здыміце гальштукі!”. Мы: “Навошта?”. А яна: “Здыміце гальштукі і паглядзіце, праверце на свет, таму што на іх могуць быць фашысцкія значкі!”. Праверылі. Але да задавальнення ці незадавальнення, фашысцкіх значкоў не аказалася”.
Па-за ўвагай не былі пакінуты і малыя будучыя будаўнікі сацыялізму — дашкольнікі. Ужо на пачатку 1920-х гадоў пры Наркамасветы працаваў Навукова-педагагічны інстытут гульні і цацак. Адной з галоўных задач яго была практычная рэформа і стварэнне новых узораў цацак.
Новыя цацкі і гульні набывалі сацыяльна-палітычнае значэнне, адлюстроўваючы працэсы, што адбываліся ў СССР. Так, напрыклад, былі створаны гульні “Ферма”, “Днепрастрой”, “Калгас”, “Пяцігодка”, “Бязбожнік”, “Горад”. Гэта былі настольныя альбо будаўнічыя гульні, якія іміціравалі тыя ці іншыя працоўныя і вытворчыя працэсы, і гуляць у іх маглі вялікія групы дзяцей. Праўда, такога тыпу цацкі не сталі масавай з’явай. Як не сталі масавымі і настольныя гульні тыпу “Ледакол Красін”, “Аэраплан на мірнай працы”, “Вандроўка па СССР” ці “Раней і зараз” .
У сваю чаргу, некаторыя цацкі (напрыклад, лялька) разглядаліся як перажытак дарэвалюцыйнага мінулага. Аднак поўнай забароны гэтай цацкі не адбылося, затое лялька змянілася, яна набыла выразна сацыяльныя рысы. Да 1927 г. у краіне масава ўжо выпускаліся чырвонаармейцы, піянеры і міліцыянеры, рабочыя, сяляне і сялянкі.
У сярэдзіне 1930-х гадоў “палітычнае” паступова знікае з назваў і зместу гульняў, што рэкамендаваліся дзецям. Гуляць у палітычныя гульні рабілася небяспечна. Так, 1 студзеня 1938 г. у клубе УВСР Лепельскай акругі каля 50 чалавек моладзі дзеля забаўкі прыдумалі гульню, якая па форме была падобнай на тыя, што крыху раней рэкамендаваў піянерскі часопіс “Барабан”. Спашлемся на дакладную, якая паведамляла аб гэтым факце: “Прысутны ў клубе электраманцёр Васіль Ягоравіч Сяроў прапанаваў правесці вядомую яму гульню “Галасаванне”, пры гэтым Сяроў заявіў, што “хоць Савецкая Канстытуцыя прадугледжвае тайнае галасаванне, але мы будзем галасаваць па старой Канстытуцыі адкрыта, хто допусціць памылку і будзе галасаваць за ворагаў народа, таго будзем пазбаўляць удзелу ў гульні, танцах і спевах”. “Галасаванне” праводзілася шляхам выкрыку Сярова “Хто за тав. Сталіна”, “Хто за Троцкага”, “Хто за т. Молатава”, “Хто за Рыкава і Бухарына”, “Хто за т.Калініна”. “Хто за сацыялізм”, “Хто за капіталізм”. Асобаў, якія падымалі руку за ворагаў народа, выводзілі з круга, абсмейвалі і пазбаўлялі ўдзелу ў гульнях”.
Цікава адзначыць, што гэтую гульню ніхто моладзі не навязваў, ад іх увогуле не патрабавалі праявіць пралетарскую ці палітычную свядомасць. Ініцыіравала і падтрымала гэтую гульню сама моладзь! Даволі хутка гульня, аднак, была спынена “адным партыйным таварышам”. Дакладную аб гэтым контррэвалюцыйным факце пракуратура пераслала ў ЦК КП(б)Б, а сам Сяроў быў прыцягнуты да судовай адказнасці.
І свята, і гульня выхоўвалі дзяцей і моладзь у рамантыцы будучыні, за якой проста не заўважаліся шэры побыт і штодзённая руціна будаўніцтва сацыялізму. Уздзейнічаючы на дзяцей, рэжым клапаціўся пра сваю будучую сацыяльную базу.
3. Роля цэнзуры і метаду сацыялістычнага рэалізму ў фарміраванні савецкай ідэнтычнасці
Для выхавання новай генерацыі будаўнікоў сацыялізму “старыя творы”, відавочна, не падыходзілі. Кнігі, п’есы, кінафільмы мусілі мець адпаведны ідэалагічны змест, а ўсё тое, што не адпавядала задачам выхавання новага савецкага чалавека, падлягала забароне і ліквідацыі. У 1930-я гады адзіным метадам творчасці робіцца г.зв. сацыялістычны рэалізм. Ад пісьменнікаў і мастакоў патрабавалі паказваць жыццё якім яно стане, а не такім, якое яно ёсць. Сацыялістычны рэалізм быў не проста мастацкім стылем — ён быў часткай тагачаснай ментальнасці, што вызначала пэўныя межы ўспрыняцця і інтэрпрэтацыі рэчаіснасці. Фінскі даследчык Т. Віхавайнен заўважыў: “Віртуальны свет савецкага сацыялізму захоўваў сваю цэласнасць з непераўзыдзенай паслядоўнасцю. Усё, што афіцыйна не існавала, не магло быць паказана”. Разам з тым афіцыйна сцвярджалася, што цэнзуры ў савецкай Расіі не было.
Працэс знішчэння літаратуры, якая “не адпавядала задачам сацыялістычнага будаўніцтва”, пачаўся адразу пасля рэвалюцыі, а ў 1930-я гады, па выказванні гісторыка савецкай цэнзуры А.В.Блюма, ён набыў характар “татальнага бібліяцыду”.
Не было ніводнага збору твораў рускіх класікаў, які не стаўся б аб’ектам савецкай цэнзуры. Каб дапамагчы чытачу ўбачыць ідэйны змест твора ў правільным святле, кнігі друкаваліся з марксісцкімі прадмовамі.
Па ідэалагічных прычынах былі забаронены творы Артура Конан Дойля; як “непрымальныя з педагагічнага пункту погляду” — “Муха-Цакатуха” і “Бармалей” К.Чукоўскага. Супрацоўнікі палітасветы выкрывалі падрыўны змест пушкінскіх казак: “Сказка о попе и работнике его Балде” была прызнана містычнай, “Сказка о царе Салтане” — манархічнай. Затое “Сказка о дедке и репке”, на думку марксісцкіх крытыкаў, з’яўлялася палітычна вытрыманай: “Змест казкі не толькі глыбока сацыяльны — сіла калектыва, але і філасофскі — пераход колькасці ў якасць, скачок у прыродзе, у грамадстве, у мысленні…”. Крытыкаваліся і дзіцячыя вершы У.Маякоўскага — асабліва верш “Что такое хорошо…” за яго ідэал нэпманскай акуратнасці, чужы пралетарскім дзецям.
Ужо ў другой палове 1920-х да ліку забароненых быў аднесены шэраг твораў вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў: К.Крапівы (“Канцэрт”, “Бараны”), Я.Коласа (“Ваяцкі марш”), Я.Купалы (“Чужым”, “Тутэйшыя”) і іншыя.
22 лютага 1935 г. усе райкамы і гаркамы партыі БССР атрымалі сакрэтны загад “Аб выняцці контррэвалюцыйнай трацкісцка-зіноўеўскай літаратуры”, у якім, сярод іншага, паведамлялася, што “Галоўліт будзе сістэматычна дасылаць спісы кніг на беларускай, яўрэйскай, польскай і рускай мовах, якія падлягаюць выняццю з бібліятэк”. У тым жа годзе было разаслана тры такія спісы, у 1936 г. — шэсць, за першую палову 1937 г. — сем. Да ўсесаюзных спісаў у якасці дадатку прымацоўваліся рэспубліканскія. Так, у “Дадатковы спіс аўтараў, творы, якія падлягаюць канфіскацыі цалкам усіх гадоў, выдадзеныя на ўсіх мовах” 1936 г. увайшлі Я.Лёсік, М.Гарэцкі, А.Гарун, Ф.Аляхновіч, М.Доўнар-Запольскі, У.Ігнатоўскі, А.Смоліч, А.Луцкевіч, А.Цвікевіч, І.Цвікевіч, С.Некрашэвіч, У.Дубоўка, С.Рак-Міхайлоўскі, Р.Астроўскі, В.Ластоўскі, А.Багдановіч, А.Бабарэка, В.Волк-Левановіч, Я.Пушча, Д.Прышчэпаў, В.Дзяржынскі, В.Друшчыц, З.Даўгяла, А.Баліцкі, С.Ліхадзіеўскі, Ю.Таўбін, Х.Дунец, У.Пічэта, М.Лужанін, У.Жылка, Астапенка, Гародня, Л.Роземблюм, М.Югаў, Е.Рыўлін, М.Гольман, В.Сербента, Валобрынскі, Засценкер, Гессэн. У “чорны спіс” ад 20 красавіка 1937 г. трапілі С.Баранавых, А.Вольны, С.Дарожны, А.Дудар, Ц.Гартны, С.Знаёмы, А.Звонак, М.Зарэцкі, В.Каваль, Т.Кляшторны, В.Маркаў, Б.Мікуліч, З.Півавараў, В.Сташэўскі, Я.Скрыган, В.Хадыка, М.Чарот і іншыя. У дадатковы спіс Галоўліта ад 20 чэрвеня 1937 г. увайшло ўжо 399 найменняў на беларускай мове.
Да гэтага патрэбна дадаць велізарную колькасць кніг, якія ўвогуле не фігуравалі ў спісах Галоўліта, а знішчаліся мясцовымі працаўнікамі, якія кіраваліся “агульным” разуменнем і “класавым чуццём”. Часам нават выняццем кніг са школьнай бібліятэкі займалася мясцовая піянерарганізацыя. На працягу 1938—1939 гг. увогуле ў СССР былі знішчаны 16.453 назвы кніг, што склала больш за 24 млн. экзэмпляраў.
Фізічнаму знішчэнню падлягала не толькі літаратура, але і яе стваральнікі. Пасля разгромных 1930-х гадоў наўрад ці хто-небудзь з выжыўшых з ліку творчай інтэлігенцыі спрабаваў кінуць выклік сістэме.
Разам з тым, наклады кніг у СССР увесь час павялічваліся. Так, калі ў 1914 г. было надрукавана 130 мільёнаў экзэмпляраў, то ў 1932 г. — 265 мільёнаў, а ў 1938 г. — не менш за 693 мільёны. Ужо да 1934 г. “Мать” М.Горкага выйшла накладам 8 мільёнаў, толькі адно з выданняў “Ціхага Дона” М.Шолахава пабачыла свет у колькасці 3,5 млн экзэмпляраў.
Па распараджэнню калегіі Галоўліта перапрацоўцы падлягалі творы, якія былі напісаны да рэвалюцыі і ў якіх узгадваліся словы “Бог”, “крыж”, “нябёсы”. Слова “Бог” і яго вытворныя належала пісаць “малой літарай”. Калі ў кнізе ці творы сустракаліся толькі “асобныя памылкі”, альбо “не тыя” прозвішчы, назвы і інш., кнігу ці твор можна было выратаваць шляхам аперацыі: “не тыя” партрэты выразаліся, “не тыя” старонкі вырываліся, “не тыя” прозвішчы здымаліся. Напрыклад, Галоўліт БССР 7 студзеня 1937 г. забараніў выкарыстанне падручніка нямецкай мовы для 10 класа В.Адмоні і В.Александэр, а 10 сакавіка дазволіў, але ўказаў, што “выкарыстанне дадзенай кнігі ў бібліятэках і школах можа быць дапушчана пры ўмове выняцця (выдзіркі) з кнігі стар. 185—187”.
Пільнасць Галоўліта часам не можа не выклікаць усмешку. Так, у спісе найбольш важных выняццяў, выкрэсліванняў і скрыўленняў, якія былі выяўлены папярэдняй і наступнай цэнзурай Галоўліта БССР, у кніжнай прадукцыі выдавецтваў БССР за 1935 г. указваецца, што была забаронена да друку камедыйная п’еса “Герой” Рамановіча, бо “ў п’есе ёсць класавы вораг, але няма барацьбы з ім. Камсамолка не кахае хлопца, які да яе заляцаецца, не таму, што ён класава-чужы і шкодзіць на працы, а таму што ён непрыгожы і інш.” .
Апавяданне Купершмідта “Кузня” было недапушчана да друку “як ідэалізуючае самабытнасць мястэчка і яўрэйскага насельніцтва”. Раман Цішкі Гартнага “Перагуды” не з’яўляўся “безнадзейным” і мог быць выпраўлены: “У рамане кулакі паказаны аднабакова, няма канкрэтных фактаў іх контррэвалюцыйнай працы. Роля партарганізацыі амаль не бачна. Мова рамана засмечана правінцыялізмамі і мала даступным лексіконам слоў”. “У зборніку песен і вершаў яўрэйскага паэта Росіна, які рэдагаваўся яўрэйскім паэтам т.Харыкам, сярод вершаў поўных савецкага радаснага аптымізму аказалася некалькі вершаў, якія ўносяць рэзкі дысананс сваім нудным тонам, беспрынцыпным уздыханнем, хмыканнем, слязьмі. Па дамоўленасці з аўтарам і рэдактарам вершы выпраўлены”.
Разам з тым, факты, якія фігуруюць у цэнзурных данясеннях, не адбіваюць увесь працэс фільтрацыі. Перш за ўсё гэта тычыцца самацэнзуры аўтараў, якія да сярэдзіны 1930-х гадоў былі ўжо прывучаны і прыручаны. “Як бы чаго не выйшла” з’яўлялася дэвізам рэдактарскай цэнзуры.
Такім чынам, Галоўліт быў не першым звяном у ланцугу цэнзуры, а часам і не апошнім. Так, кінасцэнарый першага беларускага гукавога фільма “Двойчы народжаны” (аўтар Кобец, рэжысёр фільма Э.Аршанскі, у галоўнай ролі У.Арловіч), перад пастаноўкай быў пільна прафільтраваны Галоўрэперткомам, Галоўлітам, мастацкім аддзелам кінафабрыкі, Саюзкіно, а таксама праўленнем Белдзяржкіно і агульным сходам пісьменнікаў сумесна з работнікамі кінематаграфіі. Кожная інстанцыя ўносіла свае заўвагі і прапановы (можна нават сказаць, што кінасцэнарый быў ужо прадуктам калектыўнай творчасці названых інстанцый).
9 студзеня 1933 г. Кобец звярнуўся да сакратара ЦК КП(б)Б Гікалы: “Не вельмі даўно я аддаў гэты сцэнарый у друк у часопісе “Беларусь калгасная”. Работа была зацверджана і адобрана Галоўлітам. Раптам чамусьці зараз даведваюся, што Галоўліт пратэстуе супраць сцэнарыя, лічыць, што ён не адпавядае свайму прызначэнню, што ён быццам бы шкодны. І таму Галоўліт спрабуе забараніць як друкаванне, так і здымкі карціны, нягледзячы на тое, што і тое і іншае ўжо каштавала шмат грошай”.
На наступны дзень ЦК атрымаў тлумачэнні Галоўліта: “Кобец “Двойчы народжаны” друкаваць нельга па наступных прычынах. Вось яго твар. Прыжаты да абрыву вярхоўнымі калгаснікамі з’яўляецца ў кадры канакрад Лапух, які ўкраў калгаснага каня. Падкулачнік кідаецца да яго і б’е ў твар, б’юць і астатнія калгаснікі. Пасля вязуць яго ў калгас. “У калгасе разбяромся”. У калгасе канакрада бярэ да сябе Дубавік (старшыня калгаса), дзе ён і начуе. У размове з канакрадам высвятляецца, што ён умее рамантаваць збрую. Раніцай старшыня пад канвоем камсамольца Лёшкі з вінтоўкаю адпраўляе Лапуха ў амбар, дзе ляжыць збруя. Сам Лапух спачатку бярэцца рамантаваць збрую, пасля кідае, потым зноў бярэцца (“перараджаецца”). Пасля даведваюцца, што Лапух умее лячыць коней. Яго накіроўваюць у канюшню, дзе ён лечыць хворых калгасных коней. Канакрад перарадзіўся. Пасля прыходзіць міліцыянер і забірае Лапуха ў суд. Старшыня шкадуе і гаворыць: “Такі закон” і перадае ў суд просьбу ад калгаса, быць можа, аб вызваленні канакрада. Суд прыгаворвае канакрада на 5 гадоў умоўна. Лапух вяртаецца ў калгас. Вось хто такі ў прадстаўленні Кобеца канакрад — Лапух. З гэтага можна зрабіць вывад, што тых, хто раскрадае калгасную маёмасць, (…) трэба не расстрэльваць ці ізаляваць на 10 гадоў, а прымаць у калгас, і там яны праз некалькі дзён (літаральна) стануць ударнікамі сацыялістычнага будаўніцтва. Кобецу трэба было паказаць, хто такі канакрад Лапух, што яго штурхнула на гэта і г.д., каб выявіць перад масамі, што лапухі выконваюць справу класавага ворага, з’яўляюцца ворагамі народа і гэтым мабілізаваць масы на выяўленне лапухоў. Гэтага патрабуе дадзены этап класавай барацьбы ў краіне, а не ўзбуджаць любоў мас да злодзеяў, якія раскрадваюць дзяржаўнае і калгаснае дабро… Ёсць яшчэ шэраг момантаў менш важных па свайму значэнню, але таксама трэба адзначыць. Зусім няправільна робіць Кобец паказваючы, што калгас мае вінтоўкі і калгаснікі аперыруюць імі, як сродкам абароны калгаса. Гэта няправільна. Вінтоўка з’яўляецца баявой зброяй Чырвонай Арміі, а не некалькіх калгаснікаў. З палітычнага пункту погляду гэтую рэч друкаваць нельга”.
Нягледзячы на “несвоечасовае” прыняцце пастановы, фільм усё ж быў зняты. Больш за тое, фільм “Двойчы народжаны” (1934 г.) стаў галоўным дасягненнем беларускага кіно таго часу.
Разам з тым, афіцыйныя ўрадавыя пастановы часам ратавалі жыццё працаўнікам культуры. У студзені 1935 г. настаўнік 5-ай Мазырской фабрычна-заводскай сямігодкі Бяляўскі Аляксандр Сяргеевіч звярнуўся непасрэдна да Народнага Камісара Сувязі Рыкава з заявай: “Месяца паўтара таму назад па радыё з Масквы (здаецца, праз станцыю Камінтэрн) была перададзена харавая школьная песенька “Как мой садик свеж и зелен, распустилась в нем сирень” і г.д. (перадавалася вечарам). Гэтая песенька мне спадабалася, і я як настаўнік спеваў на ўроку стаў развучваць з вучнямі гэткую, спадзеючыся, што калі гэтая песенька перадаецца з Масквы па радыё, то ў ёй няма нічога заганнага, а тым больш контррэвалюцыйнага. Але нашыя мазырскія ўлады, у прыватнасці, РайАНА, паглядзелі на гэта інакш. У слове “мой садзік” яны ўбачылі пропаведзь індывідуалізму, а не калектывізму (напр., маўляў, спяваць “калгасны садзік” і інш.). Я спаслаўся на тое, што гэтую песеньку я чуў па радыё з Масквы і што гэткая, значыць, не забаронена. Нягледзячы на гэта, мяне, настаўніка з 26-ці гадовым стажам, абвінавацілі ў контррэвалюцыі. Каб апраўдаць сябе, я тыдні тры таму паслаў ліст на імя загад. сектарам радыёвяшчання (Масква, вул. Горкага, 17) з просьбай паведаміць, што гэтая песня не забаронена і таму, сапраўды, была перададзена па радыё, прыклаўшы на адказ на 20 к. марак паштовых. Але адказу да гэтага часу не атрымаў. Паміж тым, супраць мяне ўзбуджана справа аб укараненні індывідуалізму сярод вучняў і ледзьве не контррэвалюцыі, а на ўсіх сходах бічуюць гэтую песню. Становішча цяжкае і пагражае зняццем з працы, а апраўдаць сябе я не магу, так як радыёстанцыя не дае адказу. Прашу Вас, уздзейнічайце на каго трэба, каб мне неадкладна быў дадзены адказ аб тым, што ўказаная песня сапраўды перадавалася праз радыё з Масквы і што яна не забаронена да выканання, а то я дзякуючы гэтаму нявінна пакутую. 16.01.1934 г. А.Бяляўскі”.
На шчасце Бяляўскага, Масква нарэшце адказала. Ліст за подпісам старшыні Усесаюзнага камітэта па радыёфікацыі і радыёвяшчанні пры СНК СССР Кержанцава быў накіраваны ў ЦК КП(б)Б: “Намі атрыманы ліст ад настаўніка 5-й Мазырскай ФЗС Аляксандра Сяргеевіча Бяляўскага (г.Мазыр, БССР) аб тым, што на ўроку спеваў ён стаў развучваць з вучнямі харавую школьную песеньку “Как мой садик свеж и зелен, распустилась в нем сирень”, якая перадавалася з Масквы па радыё, Мазырскі АНА абвінаваціў гр.Бяляўскага ў пропаведзі індывідуалізму (словы “мой садзік”) і супраць яго ўзбуджана справа. Лічачы такую траўлю абуральнай, асабліва ў сувязі з апошняй пастановай партыі і ўраду аб развіцці індывідуальнага агародніцтва, прашу прыняць належныя меры для рэабілітацыі А.С.Бяляўскага”.
А як выглядала б справа Бяляўскага, калі б не “апошняя пастанова партыі і ўраду аб развіцці індывідуальнага агародніцтва” і калі б гэта быў не 1935 г., а пару гадоў пазней. Ці не стала б гэтая песенька прычынай (“за пропаведзь індывідуалізму”) арышту ўсяго камітэта Радыёвяшчання?
У 1929 г. у спіс забароненых песень і рамансаў налічваў ужо каля 900 пунктаў, а к 1932 г. іх колькасць перавысіла 3000. У 1925 г. выйшаў дэкрэт: пласцінкі, якія ўтрымліваюць манархічныя, патрыятычныя, імперскія ідэі, а таксама парнаграфічныя і зневажаючыя годнасць жанчыны ці распявадаючыя аб адносінах “барына” да “мужыка”, падлягалі канфіскацыі ДПУ.
Рашэннем Галоўлітбела ад 29 лістапада 1932 г. з продажу і музычных бібліятэк “як халтурныя з музычнага боку” былі выняты народныя песні з нотамі “А ў бары”, “А ў лесе, лесе”, “Мужык жыта прадае”, “ідэалагічна чужымі і варожымі” былі прызнаны народныя песні “Ой ты, белая бяроза”, “А ды ня пыл”.
Цэнзура кантралявала не толькі кнігі, плакаты, брашуры, але нават і бутэлечныя ярлыкі, запалкавыя этыкеткі ды ўсе іншыя вырабы славеснай і мастацкай творчасці.
На думку сакратара ЦК КП(б)Б П.Панамарэнкі, тэрмінова неабходна было “вырашаць пытанне” адносна антысавецкасці беларускай мовы. У сваім вядомым лісце да таварыша Сталіна ад 21 лістапада 1938 г. “О белорусском языке, литературе и писателях” ён, сярод іншага, правёў “аналіз” некаторых слоў. Працытуем П.Панамарэнку: “Слово “под’ём” заменено каким-то диким словом “уздым”, образование — адукацыя, краски — фарбы, правительство — урад???, годовщина — гадавина (белорусы говорят так в смысле гад — гадюка), безопасность — бяспечнасць (отсюда органы государственной безопасности, органы государственной беспечности). […] В лозунге “Пролетарии всех стран, соединяйтесь” слово “соединяйтесь” заменено словом “злучайцеся”, а в народе “злучайся-злучка”, все равно, что и по-русски “случайтесь-случка”. Лозунг “Да здравствует годовщина Октябрьской революции” на белорусском языке “Няхай жыве гадавина Кастрычницкай рэвалюцыи”, испохаблен от начала до конца. Белорусы говорят здравствуй, а “няхай” означает “пусть” в смысле пренебрежительного “так и быть”. Гадавина означает гада большого размера. Так и говорят “Ух якая гадавина”. Кастрычник — октябрь. Но кастрица — это не лен, а отбросы от льна”.
Яшчэ падчас працы Першага Усесаюзнага з’езда савецкіх пісьменнікаў (1934 г.) (на якім, дарэчы, асноўным метадам творчасці савецкага пісьменніка быў абвешчаны метад сацыялістычнага рэалізму) сакратар ЦК КП(б)Б Гікала фармуляваў задачы беларускай савецкай літаратуры наступным чынам: “Што нам, што была лапатная Беларусь, нам пакажыце, якая сёння яна. І вось, калі хочаце, матывы апошніх рэчаў, якія далі беларускія пісьменнікі, паэты, якраз новыя матывы, матывы будоўлі, матывы будучых сацыялістычных перспектыў. Бадзёрасць — вось што важна. У вас недахоп вялікі — смеху мала. Вось я прачытаў шэраг рэчаў і я б сказаў, што няма жывасці. Няўжо наша беларуская калгасная вёска сёння ці наш новы сацыялістычны горад сёння, які змяніў свой твар за гэтыя гады пяцігодкі, няўжо яны не ахоплены смехам. Вы паглядзіце, калі выходзяць фізкультурнікі, рабочыя ідуць на працу, калгаснікі працуюць у полі, колькі там смеху, жыцця, радасці. Няўжо вы гэта сваім пяром, хаця б на канец свайго пяра, злавіць не можаце. Вось такога роду рэчы ў вас няма. Смеласці трэба больш”.
Да сярэдзіны 1930-х гадоў кінарэжысёр А.Аляксандраў стварыў фільм са знакавай назвай “Весёлые ребята”. Радасць, праца, любоў — вось што прыходзіла на змену змрочным вобразам рэвалюцыйных і першых паслярэвалюцыйных гадоў. Усе, хто працаваў над гэтым фільмам, стваральнікі новага вобразу краіны, у поўнай меры ўсведамлялі сваю адказнасць. Як пісаў пазней Е.Далматоўскі пра працу над тэкстам песні да кінафільма (“Марш веселых ребят”): “Задача ж была цяжкая — не бяздумная песенка для джаза, а легкакрылая формула жыцця маладога пакалення, камсамольская песенька. Адточвалася кожная фраза, на кожную страфу ўскладвалася сэнсавая нагрузка”.
Новае пакаленне савецкіх людзей павінна было выхоўвацца на творах, у якіх было шмат аптымізму і веры ў светлае будучае. Песнямі новых людзей былі “Мы рождены, чтоб сказку сделать былью”, “Все выше, и выше, и выше”, “Мы покоряем пространство и время” і нават “Жить стало лучше”. Адраснасць масавай савецкай песні, яе нацэленасць менавіта на моладзь, адзначалі і літаратурныя крытыкі таго часу. Песні гучалі як бы ад масы людзей працы. Як адзначае расійская даследчыца В.Цяжэльнікава: у краіне літаральна разварочвалася кампанія “насаджэння радасці”.
Зусім недапушчальным з’яўлялася не толькі ўсё, што магло быць кваліфікавана як антысавеччына ці нацыяналізм, але і песімізм, мяшчанства. За гэта, як вядома, крытыкавалі К.Буйло, Г.Ахматаву ды іншых.
“Насаджэнне” вяселля і радасці стала асабліва актуальна пасля выступлення І.Сталіна на Першай Усесаюзнай нарадзе стаханаўцаў 17 лістапада 1935 г., дзе ён сказаў: “Асновай стаханаўскага руху паслужыла перш за ўсё карэннае паляпшэнне матэрыяльнага становішча рабочых. Жыць стала лепш, таварышы. Жыць стала весялей. А калі весела, то і праца ідзе спарней…”
Гэткім чынам, фарміраванне новай савецкай ідэнтычнасці — гэта выразна двухбаковы працэс, адну частку якога складалі цэнзура, магутная ідэалагічная індактрынацыя, падмацаваная рэпрэсіямі, а другую — савецкі (афіцыйна культываваны) аптымізм і вера ў светлую будучыню, своеасаблівы варыянт масавага ідэалагічнага замбіравання.
Літаратура
Выкарыстаны дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ у г.Мінску), Расійскага дзяржаўнага архіва эканомікі (РДАЭ у г.Масква).
1. Блюм А. За кулисами “министерства правды”: Тайная история советской цензуры, 1917—1929. СПб., 1994.
2. Блюм А. Советская цензура в эпоху тотального террора (1929—1953). СПб., 2000.
3. В помощь дошкольному работнику. Л., 1925.
4. Вихавайнен Т. Внутренний враг: борьба с мещанством как моральная миссия русской интеллигенции. СПб., 2004.
5. Данілаў В. ГУЛАГ, сістэма і метады // Ніколі болей. Вільня, 2000.
6. Захаров А.В. Народные образы власти // Полис. 1998. №1. С.23—35.
7. Канетти Э. Масса и власть. М., 1997.
8. Коньков Р., Лепилин Я. Ленинский день: Сб. материалов для школьной и клубной работы. М.-Л., 1926.
9. Масковичи С. Век толп. Исторический трактат по психологии масс. М., 1996.
10. Мелетинский Е.М. Избранные статьи. Воспоминания. М., 1998.
11. Мінск незнаёмы: 1920—1940 // Аўт.-уклад. І. Куркоў. Мн., 2002.
12. Нарский И. Жизнь в катастрофе: Будни населения Урала в 1917—1922 гг. М., 2001.
14. Пивоев В.М. Мифологическое сознание как способ освоения мира. Петрозаводск, 1991.
15. Раманава І. Беларусь перажывае бурнае нацыянальнае адраджэнне пад уплывам камуністаў. Акадэмічная канферэнцыя 1926 г. у галасох відавочцаў // Arche. 2006. №1—2.
16. Педагогическая энциклопедия. Т. 2. М., 1927.
17. Пионерский песенник. Сост. Горинштейн И. М., 1936.
18. Протько Т. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941). Мн., 2002.
19. Сакулина Н. Праздник в детском саду. М., 1947.
20. Салова Ю.Г. Игровая среда советских детей-дошкольников // История российской повседневности. Материалы Двадцать шестой Всероссийской заочной научной конференции. СПб., 2002.
21. Сталин И.В. Вопросы ленинизма. Изд. одиннадцатое. ОГИЗ, 1939.
22. Тяжельникова В.С. От послереволюционного атомизма к цельной советской идентичности / / История в ХХI веке: Историко-антропологический подход в преподавании и изучении истории человечества. Материалы международной Интернет-конференции, проходившей 20.03—14.05.2001 г. на информационно-образовательном портале http://www.auditorium.ru, М., 2001.
23. Фицпатрик Ш. Повседневный сталинизм. Социальная история Советской России в 30-е годы: город. — М., 2001.
24. Щербинин А.И. Тоталитарная индоктринация: у истоков системы. Политические праздники и игры // Полис. 1998. №5.