Патрык Плескат (Польша). Апазіцыя ў “краінах народнай дэмакратыі”: 1945—1990 гг.

План:

1. Уводзіны: савецкая імперыя

2. “Збройны” супраціў: 1944—1947/50

3. “Працаўнік” і палітычная апазіцыя: 1953—1956 гг.

4. Апазіцыя інтэлігенцыі ў 1960-я гг. 1968 г.

5. Пачатак “масавай” апазіцыі. 1970-я гг.

6. Абуджэнне “масавай” апазіцыі. 1980-я гг.

Відавочна, што ў адной лекцыі немагчыма нават у самых агульных рысах ахарактарызаваць антыкамуністычную (ці некамуністычную) апазіцыю ў краінах сацыялістычнага лагеру ў перыяд ад 1945 да 1990 г. Менавіта таму я абмяжуюся агульнымі заўвагамі ды вымушаны буду апусціць шматлікія важныя імёны і падзеі.

У досыць спрошчаным і схематычным выглядзе я прапаную падзяліць гісторыю антыкамуністычнай апазіцыі на пяць перыядаў, кожны з якіх мае ўмоўную назву. Факты і падзеі, якія стаюцца іх часткамі, не мелі месца ва ўсіх краінах, але гэткая гістарычная храналагізацыя дазволіць лепш зарыентавацца ў гэтай складанай праблематыцы.

1. Уводзіны: савецкая імперыя

Перш за ўсё мне хацелася б падкрэсліць, што, калі мы кажам пра Усходнюю і Цэнтральную Еўропу за часам камунізму, мы мусім адрозніваць шэраг ступеняў ці ўзроўняў залежнасці ад савецкай імперыі. Савецкі Саюз, як вядома, фармальна быў федэратыўнай дзяржавай, што складалася з 15 рэспублік (ад 1945 да 1956 г. іх было 16). Цэнтрам савецкай сістэмы была Расійская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, якая, неабходна адзначыць, не была гамагеннай дзяржавай, бо яна аб’ядноўвала мноства народнасцяў і мела ў сваім складзе шэраг аўтаномных рэгіёнаў. Усе Савецкія Сацыялістычныя Рэспублікі стваралі фармальна добраахвотны саюз. Менавіта гэты факт дазволіў Беларускай і Украінскай Савецкім Рэспублікам быць прынятымі ў ААН на правах асобных чальцоў арганізацыі. Асобныя рэспублікі захавалі правамоцтвы абараняць інтарэсы нацыянальных меншасцяў. Яны мелі свае канстытуцыі, якія, разам з канстытуцыяй СССР, фармальна вызначалі распадзел улады ў федэрацыі. Акрамя 15 саюзных рэспублік у склад СССР уваходзілі аўтаномныя рэспублікі на Каўказе, шматлікія аўтаномныя рэгіёны і г.д. Тым не менш, усе гэтыя адзінкі былі часткамі Савецкага Саюза і складалі першы ўзровень залежнасці, які ставаўся найбольш жорсткім і азначаў найменшую свабоду.

Да краінаў другога ўзроўню залежнасці належалі гэтак званыя “краіны-сатэліты”, якія стваралі “сацыялістычны блок”. У палітычным плане некаторыя з іх мелі большую свабоду (напрыклад, Югаславія ці Румынія), іншыя былі больш залежнымі ад СССР (Усходняя Германія, Балгарыя). Разам з тым з фармальнага пункту гледжання ўсе яны былі суверэннымі дзяржавамі.

Трэці ўзровень залежнасці складалі краіны, якія самастойна фармавалі сваю знешнюю і ўнутраную палітыку, вызначалі эканамічны лад і належалі да заходняга блоку, але былі вымушаныя праводзіць сваю знешнюю палітыку з аглядам на Савецкі Саюз (Аўстрыя і Фінляндыя). Акрамя таго, існавалі краіны (яны складалі чацвёрты ўзровень), якія залежалі хутчэй ад эканамічнай дапамогі Масквы, чым ад яе палітычнай волі (напрыклад, некаторыя афрыканскія краіны ці Куба). Нарэшце, асобны выпадак — пазаблокавыя камуністычныя дзяржавы, такія, як Кітай (або Куба). Мая лекцыя прысвечаная апазіцыйным рухам, што мелі месца ў дзяржавах першага і другога ўзроўняў залежнасці, а менавіта там, дзе пераход у апазіцыю да камуністычнай улады патрабаваў надзвычайнай мужнасці.

2. “Збройны” супраціў: 1944—1947/50

Напрыканцы Другой сусветнай вайны грамады дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы былі занадта абяскроўленымі, каб чыніць супраціў усталяванню сістэмы “народных дэмакратыяў”, прынесенай на штыхах Чырвонай Арміі і насаджанай пры дапамозе мясцовых камуністаў. Тым не менш, значная частка насельніцтва гэтых дзяржаваў вырашыла распачаць збройную партызанскую барацьбу супраць камуністычнай дыктатуры. Напрыклад, польскі збройны супраціў налічваў 200.000 чалавек (без уліку чальцоў іх сем’яў).

Значных маштабаў дасягнуў збройны супраціў і ў Літве, нават нягледзячы на тое, што ўмовы барацьбы там былі значна больш цяжэйшыя, чым у Польшчы. У 1944—1945 гг. каля 20.000 чалавек брала ўдзел у вайсковых дзеяннях, але з цягам часу гэтая лічба панізілася да некалькіх тысячаў. Адным з найбольш актыўных вайсковых фармаванняў было Літоўскае Вызвольнае Войска пад камандаваннем Казыса Веверскіса-Сеніса. Паводле некаторых даследчыкаў, літоўскі збройны рух быў значна мацнейшым за аналагічныя рухі ў Латвіі ці Эстоніі, але гэтыя ацэнкі падлягаюць праверцы. Паводле іншых дадзеных, латвійскі антыкамуністычны партызанскі рух налічваў 10.000 камбатантаў, падтрыманых 30.000 грамадзянскіх асобаў. Паводле пэўных крыніцаў, у Эстоніі супраць камуністычнай улады змагалася больш за 10.000 чалавек. Найбольш шматлікі антыкамуністычны рух існаваў на Украіне. Падчас свайго піку ў 1944—1946 гадах войскі Арганізацыі Украінскіх Нацыяналістаў і Украінскай Паўстанчай Арміі налічвалі каля 30.000 байцоў, пры гэтым у рух супраціву ўваходзіла каля паўмільёна чалавек. Збройнае змаганне часцяком падмацоўвалася грамадскімі выступленнямі эканамічнага характару.

Нягледзячы на сваю шматлюднасць, збройны супраціў быў вырачаны на паразу. “Народныя” камуністычныя ўлады, якія сканцэнтравалі ў сваіх руках усе крыніцы прымусу, пры дапамозе савецкіх войскаў здолелі знішчыць большасць вайсковых арганізацыяў да 1947 г. нягледзячы на тое, што асобныя атрады працягвалі змаганне цягам яшчэ некалькіх гадоў.

3. “Працаўнік” і палітычная апазіцыя: 1953—1956 гг.

Такім чынам, усталяванне сталінісцкіх рэжымаў у краінах “народнай дэмакратыі” выключыла ўсе магчымасці вайсковага супраціву. Праблемы камуністычных уладаў пачаліся адтуль, адкуль іх менш за ўсё чакалі, т.б. з боку працаўнікоў. Пасля смерці Сталіна камуністычны рэжым захістаўся нават у памяркоўнай Чэхаславакіі. Там у траўні 1953 г. у шэрагу гарадоў прайшлі забастоўкі і адбыліся сутычкі з паліцыяй. Так, у Плзэні адбылася шматлюдная акцыя пратэсту супраць падвышэння коштаў, якая скончылася чалавечымі ахвярамі. У гэтым жа месяцы прайшлі забастоўкі працаўнікоў заводаў у балгарскім Плоўдзіве. Найбольш драматычнымі сталіся падзеі ва Усходнім Берліне ў чэрвені 1953 г., якія скончыліся пабоішчам працаўнікоў, супраць якіх улады скіравалі танкі. Гэтая дэманстрацыя, часцяком называная Берлінскім паўстаннем, распаўсюдзілася на іншыя гарады Усходняй Германіі. Праз тры гады аналагічныя акцыі пратэсту працаўнікоў былі крывава задушаныя ў польскім горадзе Познані (чэрвень 1956 г.).

Распачаты ў Маскве працэс дэсталінізацыі мусіў знайсці сваё адлюстраванне і ў краінах-сатэлітах СССР. Неадназначасць сацыяльных трансфармацыяў 1956 г. для ўсяго сацыялістычнага блоку найлепшым чынам адлюстраваная дыяметральна супрацьлеглым развіццём падзеяў у Польшчы і Венгрыі. Так, у кастрычніку 1956 г. Польшча на кароткі час стала сімвалам паспяховых палітычных рэформаў: Уладзіслаў Гамулка, увязнены падчас сталінскіх рэпрэсіяў, заслужыў давер Хрушчова і павярнуўся ва ўладу. Ён карыстаўся шырокай падтрымкай у польскім грамадстве і распачаў абмежаваныя рэформы. Тым часам савецкае войска ўварвалася ў Венгрыю. Паводле разумення Масквы, Імрэ Надзь зайшоў у сваіх рэформах занадта далёка (ён прагнуў выйсці з Варшаўскага пакту, абвесціць Венгрыю нейтральнай дзяржавай і стварыць кааліцыйны ўрад з некамуністамі) і мусіў быць адхілены ад улады. Яго месца заняў Янаш Кадар. Так, 1956 г. стаў у Венгрыі сімвалам паразы і згортвання працэсаў дэмакратызацыі. У іншых краінах сацыялістычнага блоку ўсе сціплыя намаганні правесці “адлігу” і выказаць салідарнасць з Венгрыяй былі задушаныя.

4. Апазіцыя інтэлігенцыі ў 1960-я гг. 1968 г.

У 1960-я гг. нарадзілася іншая форма антыкамуністычнай апазіцыі. У яе склад увайшлі нешматлікія, але ўплывовыя прадстаўнікі інтэлігенцыі, пераважна былыя камуністы. Гэтая “памяркоўная” апазіцыя, што прагнула не фізічнай, але інтэлектуальнай канфрантацыі з уладай, распачала шмат важных грамадскіх ініцыятываў. Першыя падобныя намаганні адносяцца да часу “адлігі”, калі свае працы пачалі друкаваць Ілля Эрэнбург ці Адам Ванжык (абодва былыя палымяныя камуністы). У 1962 г. у часопісе “Новы Мір” быў надрукаваны раман Аляксандра Салжаніцына “Адзін дзень Івана Дзянісавіча”, прысвечаны існаванню ў сталінскіх лагерах, што сталася выбітнай падзеяй для краінаў сацыялістычнага блоку. У 1962 г. Андрэй Сахараў выступіў з пратэстам супраць ігнаравання ахвяраў выпрабаванняў ядравай зброі. У гэты час савецкіх дысідэнтаў пачалі ўвязніваць у псіхіатрычных лякарнях, якія прыйшлі на змену працоўным лагерам. Пасля прыходу да ўлады Брэжнева ўціск інтэлектуалаў узмацніўся. Так, у 1965 г. быў арыштаваны паэт Іосіф Бродскі. У наступным годзе падобны лёс напаткаў двух савецкіх пісьменнікаў — Андрэя Сіняўскага і Юрыя Даніэля. Ім не дапамог нават ліст 63 чальцоў Саюза пісьменнікаў СССР, якія выступілі ў падтрымку дысідэнтаў. Больш за тое, Аляксандар Гінзбург, Уладзімір Букоўскі і іншыя дысідэнты атрымалі шматгадовыя тэрміны турэмнага зняволення. Нягледзячы на гэтыя захады, у 1967 г. ва ўсім СССР налічвалася каля 400 дысідэнцкіх груповак — ад рэлігійных да марксісцкіх. Узрасталі наклады публікацыяў самвыдату. У тым самым 1967 г. Салжаніцын выступіў з крытыкай цэнзуры, а на Украіне Вячаслаў Чарнавіл і Валянцін Мароз патрабавалі большай свабоды ў сферы культуры.

Уздым інтэлігенцкага супраціву адбыўся і ў краінах сацыялістычнага лагеру. Ва Усходняй Германіі Роберт Хавемен адкрыта ганіў хібы сацыялістычнага ладу. У 1964 г. пражская паліцыя жорстка разагнала калі 3.000 чэскіх студэнтаў, якія слухалі вершы Карэла Махі. У сакавіку таго ж года група польскіх пісьменнікаў і даследчыкаў падпісала “Ліст 34” у абарону свабоды слова, складзены Антоніем Слонімскім. Важную ролю інтэлігенцыя адыгрывала і ў падзеях сакавіка 1968 г. у Польшчы і “пражскай вясны”. Так, першымі супраць камуністычнай улады выступілі польскія пісьменнікі: Стэфан Кіслеўскі назваў польскую камуністычную сістэму “дыктатурай дурняў”. Пасля гэтага студэнты (пераважна варшаўскія) абвесцілі страйк у знак салідарнасці з пераследаванымі дысідэнтамі Адамам Міхнікам, Яцэкам Куронем і Каралем Мадзэлеўскім. У Чэхаславакіі рэфарматарскія ідэі інтэлектуальнай і партыйнай эліты, якую ачольваў Аляксандар Дубчак, здабылі шырокую грамадскую падтрымку. У 1967 г. зварот Салжаніцына быў голасна зачытаны на з’ездзе чэшскіх пісьменнікаў, падчас якога Людвік Вацулік крытыкаваў адсутнасць рэформаў у Чэхаславакіі. У пражскім раёне Страхаў прайшлі студэнцкія дэманстрацыі. Вясной 1968 г. Дубчак абвесціў шэраг рэформаў, адной з якіх было скасаванне цэнзуры. Гэтыя падзеі сталіся лагічным працягам уздыму інтэлектуальнага антыкамуністычнага руху на Украіне і ў краінах Балтыі. Рэакцыя Крамля была надзвычай жорсткай. У паўтарэнне венгерскага сцэнару, у жніўні 1968 г. войскі Савецкага Саюза і яго хаўруснікаў паклалі канец намаганням стварыць у Чэхаславакіі “сацыялізм з чалавечым тварам”. У выніку палітыкі Нікалае Чаўшэску, які адбудоўваў румынскую мадэль нацыянал-камунізму і не падтрымліваў пэўныя ініцыятывы Масквы, румынскае войска не брала ўдзел у “дунайскай аперацыі”. У студзені 1969 г. студэнт Ян Палах падпаліў сябе ў адчайнай спробе палітычнага пратэсту. У дзень яго пахавання падобны ўчынак зрабіў васемнаццацігадовы юнак Ян Зайіц. Перад гэтым Рышард Сівец падпаліў сябе ў Варшаве. Пратэсты адбыліся нават у Маскве. Так, восем дысідэнтаў, у іх ліку паэтка Наталля Гарбанеўская са сваімі дзецьмі, зладзілі сімвалічную маніфестацыю, а Андрэй Амальрык выдаў сваю знакамітую кнігу “Ці праіснуе Савецкі Саюз да 1984 года?” Тым часам улады ўвязнілі ў псіхіатрычную лякарню Пятра Грыгарэнку. У 1970 г. Аляксандр Салжаніцын атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры.

5. Пачатак “масавай” апазіцыі. 1970-я гг.

Дзякуючы павольнай палітычнай лібералізацыі эпохі “разрадкі” і падпісанню ў 1975 г. Савецкім Саюзам Хельсінкскай канвенцыі, у 1970-я гг. грамадствы краінаў “народнай дэмакратыі” пачалі развівацца ў накірунку, асабліва небяспечным для камуністычнай улады, а менавіта адбудавання салідарнасці паміж рознымі сацыяльнымі слаямі на падставе агульнага непрыняцця тагачаснага грамадскага ладу. У 1970 г. Андрэй Сахараў заснаваў Маскоўскі Хельсінкскі Камітэт. У снежні 1973 г. на захадзе выйшаў першы том “Архіпелага ГУЛАГ”, які выклікаў “эфект Салжаніцына”, або расчараванне заходніх інтэлектуалаў у ідэях камунізму. Сам Салжаніцын быў высланы з СССР, у той час як іншыя актывісты праваабарончага руху, такія, як Аляксандар Гінзбург ці Анатоль Шчаранскі, былі ўвязненыя. У 1977 г., неўзабаве пасля свайго заснавання, быў жорстка задушаны першы незалежны прафсаюз. Улады пераследавалі чальцоў новапаўсталых Хельсінкскіх групаў у Кіеве (Мікола Рудэнка) ці “агульнасавецкай” групы (Юры Арлоў). Па ўсім Савецкім Саюзе шырыліся самвыдатаўскі рух (у Польшчы ён называўся “drugi obieg”) і мастацкая апазіцыя ў выглядзе творчасці Уладзіміра Высоцкага ці Вольфа Бірмана.

Яскравым прыкладам збліжэння інтэлігенцыі і працаўнікоў стала заснаванне ў верасні 1976 г. Камітэту Абароны Працаўнікоў. У яго склад, між іншымі, уваходзілі Яцэк Куронь, Антоні Мацірэвіч, Генрык Вуец і Сафія ды Збігнеў Рамашэўскія. Нягледзячы на тое, што ўлады здолелі ізаляваць хваляванні працаўнікоў у Памераніі ў 1970 г., інтэлігенцыя адыгрывала значную ролю ў страйках працаўнікоў у Радаме і Варшаве ў 1976 г. Ініцыятывай, падобнай да Камітэту Абароны Працаўнікоў, стаў “Ліст 13” у абарону працаўнікоў, дасланы ў часопіс “Le Nouvel Observateur”. У 1977 г. былі заснаваныя Рух у Абарону Правоў Чалавека і Грамадзянскіх Свабодаў і Камітэт Студэнцкай Салідарнасці. Актыўна дзейнічала Асветніцкая і Адукацыйная Грамада. У гэты перыяд пачаўся працэс стварэння камітэтаў самаабароны і свабодных прафсаюзаў. У 1978 г. кракаўскі арцыбіскуп Караль Вайтыла быў абраны Папам Рымскім. Гэта маральна ўзрушыла польскае грамадства, а яго візіт у Польшчу ў наступным годзе яшчэ больш паспрыяў абуджэнню грамадства.

Глыбокі эканамічны і сацыяльны крызіс выклікаў пратэсты ў шматлікіх гарадах па ўсёй Усходняй Еўропе. У чэрвені 1972 г. вулічныя пратэсты прайшлі ў Днепрапятроўску і Камянцы-Падольскім. У Латвіі ладзіліся акцыі пратэсту супраць русіфікацыі. У Літве гучалі патрабаванні рэлігійных свабодаў, і айцец Сігітас Тамкевічус выдаваў часопіс пад назвай “Хронікі Каталіцкай Царквы ў Літве”. Працаўнік Раманас Калантас падпаліў сябе ў Коўне, што выклікала шматлікія дэманстрацыі пратэсту. У 1979 г. дысідэнты трох балтыйскіх рэспублік падпісалі “Балтыйскую Адозву”. На Украіне адраджаўся нацыянальны рух і актыўна распаўсюджваліся падпольныя друкаваныя матэрыялы (напрыклад, часопіс “Украінскі Віснык” Вячаслава Чарнавіла), а ў траўні 1973 г. адбыўся агульны страйк у Кіеве.

У большасці краінаў “народнай дэмакратыі” (Усходняй Германіі, Румыніі, Чэхаславакіі, Балгарыі) не было масавых выступаў, але грамадскі спакой там быў уяўным. У Чэхаславакіі адбываліся працэсы гэтак званай “нармалізацыі” і пераследаваліся нават непалітычныя ініцыятывы, такія, як рок-гурт “Plastic People of the Universe”. Нягледзячы на гэта, у 1977 г. амаль 240 актывістаў апазіцыі (сярод іх Вацлаў Гавел, Йіржы Хаек, Ян Паточка) падпісалі Хартыю 77, якая сталася маніфестам праваабарончага руху. Большасць падпісантаў Хартыі была ўвязненая. Ва Усходняй Германіі, дзе існаваў загад страляць па тых, хто спрабаваў уцячы на Захад, быў увязнены пісьменнік Рудольф Баро. У 1976 г. святар Оскар Брусевіч здзейсніў акт самаспалення, а балгарскія сакрэтныя службы забілі ў лонданскім метро пісьменніка Георгія Маркава. Прыватны Фонд дапамогі бедным, створаны пад уплывам Камітэту Абароны Працаўнікоў, паўстаў у 1979 г. у Венгрыі. Румынскі пісьменнік Павел Гома крытыкаваў падаўленне грамадскіх свабодаў, а румынскія шахцёры зладзілі страйк.

6. Абуджэнне “масавай” апазіцыі. 1980-я гг.

Нягледзячы на тое, што маштабы антыкамуністычнага руху ў 1980-я гг. былі значна шырэйшыя, чым у мінулыя дзесяцігоддзі, неабходна адзначыць, што гэтая тэндэнцыя вылілася ў стварэнне толькі двух шырокіх грамадскіх рухаў напрыканцы дзесяцігоддзя: польскай “Салідарнасці” і “Вясны народаў” ва Усходняй Еўропе. Дзякуючы “Салідарнасці” у 1980 г. у сацыялістычнгым лагеры паўстала новая форма супраціву ўладам, якая характарызавалася масавасцю і негвалтоўнасцю. Калі 31 жніўня Лех Валенса падпісаў гданьскія дамовы, якія гарантавалі выкананне “21 патрабавання” працаўнікоў, у Польшчы пачаўся “карнавал Салідарнасці”, які доўжыўся 16 месяцаў. Рашучасць людзей і глыбокі эканамічны крызіс упершыню прымусілі ўлады сацыялістычнай краіны пайсці на кампраміс і нагэтулькі доўга трываць апазіцыйныя выступленні. Легальны некамуністычны прафсаюз, які налічваў 9,5 мільёнаў чальцоў, быў вельмі незвычайнай з’явай для сацыялістычнага лагеру. Працаўнік Лех Валенса і яго дарадцы-інтэлектуалы (Браніслаў Герэмек, Тадэуш Мазавецкі і іншыя) сталі сімваламі барацьбы за свабоду ва ўсім свеце. У Польшчы была паслабленая цэнзура і створаныя сялянскія і студэнцкія прафсаюзы. Тым не менш, абвяшчэнне 13 снежня 1981 г. вайсковае становішча і арышт некалькіх тысячаў актывістаў апазіцыі хутка паклалі канец перыяду адноснай свабоды. Тым не менш, як выявілася пазней, рэакцыя пратрымалася ўсяго некалькі гадоў. Нягледзячы на падаўленне “Салідарнасці”, нават за часам вайсковага становішча падпольная “Салідарнасць” (Богдан Ліс, Уладзіслаў Фрасынюк) ладзіла дэманстрацыі і актыўна дзейнічала за мяжой.

У іншых краінах сацыялістычнага лагеру не адбылося паўтарэння польскіх падзеяў, але пагаршэнне эканамічнай сітуацыі вылілася ў актывізацыю страйкавага руху. Пратэстныя настроі выяўляліся ў формах мірных акцыяў, асабліва ва Усходняй Германіі (напрыклад, мірнай дэманстрацыі ў Дрэздэне ў 1982 г.). У Балгарыі быў зладжаны шэраг выбухаў, што было нехарактэрным для антыкамуністычнай барацьбы ў сацыялістычных краінах. У адрозненне ад збройных акцыяў камуністычных уладаў, апазіцыйны рух ніколі не пераймаў тэрарыстычныя метады барацьбы. У СССР актыўную грамадскую пазіцыю займалі некаторыя інтэлектуалы і прадстаўнікі творчай эліты: Андрэй Таркоўскі, Валянцін Распуцін, Ілля Глазуноў, Алла Пугачова ды сацыёлаг Таццяна Заслаўская. У кастрычніку 1981 г. у Латвіі паўстала ініцыятыва ў падтрымку абвяшчэння зоны Балтыйскага мора тэрыторыяй, вольнай ад ядравай зброі. Акрамя таго, з’яўляліся машыны з эмблемамі “Салідарнасці”.

У другой палове 1980-х гг. рэформы Міхаіла Гарбачова (перабудова і галоснасць) спрычыніліся да пашырэння масавых акцыяў грамадскага пратэсту ва ўсім сацыялістычным блоку. Паволі распачыналіся працэсы, якія неўзабаве абрынуць жалезную заслону. Падобным чынам, у СССР узрастаў нацыянальны рух. У чэрвені 1988 г. на Украіне шырока адзначалася тысячагоддзе хрышчэння Русі. У Эстоніі рэфарматары стварылі рух у падтрымку перабудовы пад назвай “Rahvarinne”. У жніўні 1988 г., у дзень падпісання пакта Молатава-Рыбентропа, дзесяткі тысячаў людзей выйшлі на вуліцы Таліна, Рыгі і Вільнюса. У кастрычніку паўстаў рэфармацыйны рух у Літве (Sajudis). Адначасова з ім быў створаны Народны Фронт Эстоніі, вітаны 300.000 жыхароў Таліна (аналагічны Фронт быў створаны і ў Латвіі). Так распачалася “рэвалюцыя спеваў”. Усе Народныя Фронты будуць адыграваць значную ролю ў дэмакратычных выбарах у 1990-я гг. Незалежніцкі рух квітнеў нават у прарасійскай Балгарыі. У Празе 10.000 дэманстрантаў выйшлі на акцыю пратэсту ў дзень дваццатай гадавіны савецкай агрэсіі. У Венгрыі актыўна дзейнічаў масавы экалагічны рух “Дунайскае Кола”. У верасні 1987 і 1988 г. былі створаныя Венгерскі Дэмакратычны Форум і Альянс Маладых Дэмакратаў (Fidesz).

У красавіку і жніўні 1988 г. дзесяткі тысячаў чалавек распачалі забастоўку ў Польшчы. Нягледзячы на афіцыйную забарону, “Салідарнасць” пачала дзейнічаць адкрыта. Пад ціскам складанага эканамічнага становішча ўлады выявіліся няздольнымі кантраляваць сітуацыю ў краіне і вырашылі заключыць пагадненне з апазіцыяй ды распачаць працэс прыватызацыі. Ад лютага да красавіка 1989 г. дзейнічаў “круглы стол”, які спрычыніўся да правядзення першых вольных выбараў у Польшчы ад часу Другой сусветнай вайны. Апазіцыя, прадстаўленая “групай Валенсы”, здабыла ўсе магчымыя парламенцкія мандаты. Неўзабаве Тадэуш Мазавецкі стаў першым некамуністычным прэм’ер-міністрам краіны ад 1945 г. Цягам некалькіх месяцаў палітычны лад Народнай Рэспублікі Польшчы быў зменены ў выніку мірных дзеянняў апазіцыі, але Лех Валенса стаў першым прэзідэнтам-некамуністам незалежнай Польшчы толькі ў снежні 1990 г.

Польскія падзеі прыспешылі хуткія змены ў суседніх дзяржавах. Восенню 1988 г. пачалі з’яўляцца шматлікія апазіцыйныя арганізацыі ў Венгрыі. У снежні парламент краіны ўхваліў законы пра свабоду сходаў, слова, рэлігіі і аб’яднанняў. У сакавіку 1989 г. больш за 100.000 чалавек выйшла на дэманстрацыю пратэсту ў Будапешце, прысвечаную ўгодкам венгерскай рэвалюцыі. У чэрвені распачаў сваю дзейнасць “трыкутны стол” і было зладжанае публічнае пахаванне Імрэ Надзя, якое перарасло ў стыхійную дэманстрацыю. У верасні была адкрытая мяжа з Аўстрыяй, куды рушылі ўцекачы з Усходняй Германіі. У кастрычніку 1989 г. былі ўнесеныя змены ў канстытуцыю Венгрыі, і сотні тысячаў людзей ушанавалі памяць падзеяў 1956 г. У лістападзе адбыўся рэферэндум, які стаўся падрыхтоўчым этапам да свабодных парламенцкіх выбараў, што адбыліся вясной 1990 г. На выбарах перамогу здабыў Венгерскі Дэмакратычны Форум на чале з Йозэфам Анталам.

У студзені 1989 г. чэхаславацкая паліцыя жорстка разагнала маніфестацыю, прысвечаную дваццатай гадавіне смерці Яна Палаха. У чэрвені актывісты “Хартыі 77” выступілі з заклікам распачаць рэформы. Напрыканцы года адбыліся пратэсты, падаўленыя паліцыяй. 200.000 чалавек выйшлі на вуліцы Прагі ў красавіку. Урад распачаў перамовы з апазіцыяй, аб’яднанай у Грамадзянскі Форум. Да канца снежня Дубчак ачоліў Нацыянальную Асамблею, а Вацлаў Гавел стаў прэзідэнтам краіны. У лютым 1989 г. быў заснаваны незалежны балгарскі прафсаюз “Podkrepa” на чале з Канстанцінам Трэнчавым. Актыўна дзейнічаў экалагічны рух “Eco-glasnost”. У лістападзе гэтага года шматгадовы партыйны лідар Тодар Жыўкаў быў адхілены ад улады. Цягам некалькіх тыдняў праходзілі буйныя маніфестацыі і пачалі паўставаць палітычныя партыі. У студзені 1990 г. распачаў сваю дзейнасць балгарскі “круглы стол”. У чэрвені адбыліся выбары, але апазіцыя (Саюз Дэмакратычных Сілаў) абвінаваціла ўлады ў фальшаванні іх вынікаў. Дэманстрацыі ладзіліся цягам усяго году, але першыя цалкам вольныя выбары адбыліся толькі ў кастрычніку 1991 г.

Ад снежня 1989 г. антыўрадавыя дэманстрацыі праходзілі і ў Румыніі. Першыя пратэстныя акцыі ладзіліся прадстаўнікамі венгерскай меншасці ў Цімішаары. У красавіку 1987 г. румынская сакрэтная служба (Securitate) жорстка падавілі пратэсты працаўнікоў у Брашаве. Праз два гады падзеі пачалі развівацца хутка і драматычна. Адбылася рэвалюцыя, якая скончылася расстрэлам Нікалае Чаўшэску і яго вельмі ўплывовай жонкі. Тым не менш, румынскія камуністы былі пазбаўленыя ўлады толькі ў 1991 г. Цягам усяго 1989 г. немцы Усходняй Германіі масава сыходзілі на Захад. У другой палове года пачалі паўставаць незалежныя партыі, у тым ліку і сацыялістычныя. У кастрычніку адбыліся буйныя дэманстрацыі ва Усходнім Берліне, Дрэздэне і Лейпцыгу. 4 лістапада больш за мільён жыхароў Усходняга Берліна выйшлі на вуліцы з патрабаваннямі свабодных выбараў. Праз некалькі дзён пачаўся дэмантаж Берлінскай сцяны, які сімвалізаваў падзенне жалезнай заслоны. Гельмут Коль абвесціў праграму аб’яднання Германіі, якое мусіла адбыцца ў кастрычніку 1990 г.

Шлях да свабоды ўсходнееўрапейскіх краінаў, якія былі часткамі СССР, выявіўся найцяжэйшым. 23 жніўня 1989 г., у дзень пяцідзесяцігоддзя падпісання пакта Молатава-Рыбентропа, 800.000 грамадзян Эстоніі, Латвіі і Літвы стварылі 600-кіламетровы “жывы ланцуг” ад Таліна да Вільні ў якасці пратэсту супраць савецкай акупацыі. У лютым 1990 г. апазіцыйны рух “Саюдзіс”, які ачольваў Вітаўтас Ландсбергіс, перамог на парламенцкіх выбарах і абвесціў незалежнасць Літвы ў сакавіку 1990 г. Напрыканцы сакавіка, нягледзячы на пагрозу вайсковай агрэсіі з боку Масквы, аналагічнае рашэнне было ўхваленае ў Эстоніі. Латвія абвесціла сваю незалежнасць 4 траўня. Сустрэча прэзідэнтаў трох рэспублік у Таліне аднавіла дзейнасць Балтыйскай Рады. Літва была вымушаная прыпыніць чыннасць дэкларацыі незалежнасці пад вайсковым і эканамічным ціскам з боку СССР. У студзені 1991 г. савецкі спецназ беспаспяхова паспрабаваў гвалтам павярнуць Літву і Латвію ў склад Савецкага Саюза. На рэферэндуме ў лютым 1991 г. 90% літоўцаў выказалася ў падтрымку незалежнасці. Падобныя рэферэндумы адбыліся напачатку сакавіка ў Эстоніі (78% галасоў на карысць незалежнасці) і Латвіі (74%). Да канца жніўня 1991 г. Эстонія і Латвія афіцыйна абвесцілі незалежнасць. За некалькі дзён да гэтага Літва зрабіла аналагічны крок, такім чынам ануляваўшы “прыспыненне” дэкларацыі незалежнасці.

У верасні 1989 г. быў заснаваны Украінскі Народны Рух. Паўмільёна ўкраінцаў стварылі 500-кіламетровы “жывы ланцуг” ад Кіева да Львова. У сакавіку 1990 г. апазіцыя стварыла кааліцыю з рэфармісцкім крылом камуністычнай партыі. 24 жніўня 1991 г. Украіна абвесціла сваю незалежнасць. На наступны дзень аналагічны крок зрабіла Беларусь. Расійская Федэрацыя на чале з Барысам Ельцыным таксама здабыла незалежнасць. Так, канчатковы распад СССР выявіўся толькі пытаннем часу.

***

У завяршэнне неабходна падкрэсліць, што адрозненні ў актыўнасці апазіцыйных рухаў у сацыялістычным лагеры стаюцца вынікам, па-першае, рознага ўзроўню свабодаў (сітуацыя ў Польшчы адрознівалася ад сітуацыі ва Усходняй Германіі ці краінах Балтыі) і, па-другое, розных культурных і гістарычных умоваў (прарасійскія настроі ў Балгарыі, папулярнасць камунізму ў Чэхаславакіі і г.д.). Без уліку гэтых разнастайных чыннікаў немагчыма параўноўваць уплывовасць апазіцыйных рухаў у азначаных краінах, пры тым, што неабходнасць і цікавасць падобнага параўнання відавочная.

You may also like...