Іван САЦУКЕВІЧ. Тапанімія вуліц і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў
План:
1. Планіровачная структура і колькасць вуліц у дарэвалюцыйным Менску
2. Асаблівасці тапаніміі вуліц дарэвалюцыйнага горада
3. Агляд назваў вуліц розных прадмесцяў Менска
1. Планіровачная структура і колькасць вуліц у Менску
У канцы XVIII — пачатку ХIX ст. у Менску захоўвалася планіровачная структура XVI — XVII стагоддзяў: радыяльна-веерная вулічная сістэма, калі вуліцы адыходзілі ад цэнтра ў кірунку выездаў з горада. Асаблівасцю гэтай сістэмы было існаванне дзвюх цэнтральных плошчаў: Нізкага рынку (сёння плошча 8 сакавіка) і Высокага рынку (плошча Свабоды). Асноўную транзітную нагрузку несла плошча Нізкага рынку: на ёй сыходзіліся дарогі з Барысава, Вільні, Койданава, Магілёва, Ракава.
Да плошчы Высокага рынку вяла дарога з Ігумена і адгалінаванне ад дарогі з Койданава. Галоўны дыяметр Менска, які перасякаў горад з захаду на ўсход, складаўся з Нямігскай вуліцы, Няміга-Школьнай (Няміга ад Петрапаўлаўскай царквы да моста праз Свіслач), плошчы Нізкага рынку і вуліцы Траецкай (пачатак вуліцы Багдановіча). Таксама важнай для горада была вуліца Юраўская (Ракаўская), якая пераходзіла за горадам у Ракаўскую дарогу, а таксама Зыбіцкая (Гандлёвая), што ішла ад Нізкага рынку ўздоўж Свіслачы. Вуліца Школьная (эстакада праспекта Пераможцаў) і Козьмадзям’янаўская (пешаходная сцежка ад метро “Няміга” да Кафедральнага сабора) злучалі дзве галоўныя плошчы Менска. Некалькі вуліц промнямі разыходзіліся ад плошчы Высокага рынку: Койданаўская (Рэвалюцыйная), Зборавая і Валоцкая (заходні і ўсходні адрэзкі Інтэрнацыянальнай), Францішканская (Леніна), Дамініканская (Энгельса), Бернардынская (Кірылы і Мяфодзія).
Калі ў сярэдзіне XIX ст. у Менску было ўсяго 46 вуліц і завулкаў, у 1874 г. — 83, то ў 1911 — каля 305. Хуткі рост колькасці вуліц быў выкліканы значным пашырэннем тэрыторыі і ростам насельніцтва горада, чаму паспрыяла будаўніцтва праз горад Маскоўска-Брэсцкай (1871) і Лібава-Роменскай (1873) чыгунак. Менск пачаў расці на поўнач (прадмесце Пярэспа), паўночны ўсход (Камароўка), усход (Доўгі брод і Архірэйская слабада), захад (Пляшчанка) і асабліва на поўдзень (Серабранка, Козырава) і паўднёвы захад (Уборкі, Добрыя мыслі, Грушаўка).
2. Асаблівасці гарадской тапаніміі
У 1866 г. большасць вуліц гістарычнага цэнтра былі перайменаваныя царскімі ўладамі, што з’яўлялася шараговай мерай у барацьбе царызму з нацыянальна-вызваленчым рухам пасля паўстання 1863 г. У 1866 г. “Мінскія губернскія ведамасці” паведамілі, што 17 вуліц і завулкаў Менска змянілі свае назвы, што было рэакцыяй на паўстанне 1863 — 1864 гг. і спробай абмежавання каталіцкага, “польскага” ўплыву. Францішканская (Леніна) стала Губернатарскай, пэўна, таму, што на ёй знаходзіўся дом губернатара, Феліцыянаўская (Камсамольская) — Багадзельнай, бо там месцілася гарадская багадзельня, Зборавая (заходняя частка Інтэрнацыянальнай) — Турэмнай, таму што злучала горад з турэмным замкам. У народзе гэты замак называлі Пішчалаўскім, бо пабудаваў яго памешчык Пішчала па праекце М.Чахоўскага ў 1825 г. Старыя назвы Менска павольна, але няўхільна саступалі месца новым, хоць яшчэ ў канцы ХIX ст. самі чыноўнікі блыталіся ў назвах вуліц — што тут казаць пра простых жыхароў.
Некаторыя з вуліц мелі па некалькі назваў: Ракаўскую называлі і Юраўскай і Новафранцішканскай, Траецкую (Багдановіча) — Новааляксандраўскай, Шпітальнай, а з сярэдзіны ХIX ст. Аляксандраўскай. Некаторыя вуліцы за кароткі тэрмін “здолелі” паслядоўна змяніць шэраг імёнаў: Лошыцкая (Маркса) з 1866 г. стала Базарнай, а з 1870-х гг., калі базар перанеслі на іншае месца, атрымала назву Падгорнай. Сучасная вул.Берсана, якая забудоўвалася з 80-х гг. ХIX ст. драўлянымі хаткамі, першапачаткова звалася Затурэмным завулкам, бо знаходзілася “за турмой”. У канцы ХIX — пачатку ХХ ст. — гэта ўжо Трубная вуліца. Тэрмін “труба” раней азначаў рэчышча невялікай рэчкі. І тут (цяпер вуліца Берсана), відаць, некалі працякаў ручэй, які ўпадаў у Нямігу. Старую Койданаўскую дарогу (вуліца Мяснікова) ў першай палове ХІХ ст. называлі таксама “Каралеўскім шляхам”, пазней — вуліцай Раманаўскай, Койданава-Раманаўскай, Маскоўскай, а з канца ХІХ ст. — Нова-Маскоўскай.
Новыя вуліцы часта атрымлівалі імёны па назвах тых мясцін, куды яны скіроўваліся, — Брылеўская (цяпер на месцы фальварка Брылевічы — вуліца Дружба), Даўгабродская (Казлова), Ігуменскі тракт (Маякоўскага); па найменнях прадмесцяў, у якіх пралягалі, — Залатагорская (Чырвоназоркавая), Пляшчанская (Люксембург), Верхне- і Ніжне-Ляхаўская (Беларуская і Кастрычніцкая); па назвах прафесій іх жыхароў — Бондараўская (Гікалы), Шорная. Часцяком вуліцы называліся паводле тых аб’ектаў, якія на іх знаходзіліся — Вакзальная, Шпітальная (Фрунзэ). У часы Расійскай імперыі вуліцы Менска толькі двойчы называліся ў гонар канкрэтных асобаў. У 1882 г. гарадскія ўлады перайменавалі вуліцу Батальённую (да 1866 — Кашарская, зараз — Чырвонаармейская) у Скобелеўскую ў гонар героя расійска-турэцкай вайны генерала Скобелева, а ў пачатку ХХ ст. новую вуліцу чыгуначнага раёна назвалі Пушкінскай (цяпер Фізкультурная).
Новых вуліц было шмат, бо горад хутка рос. Таму непазбежна з’яўляліся дзесяткі аднатыповых, недарэчных назваў, такіх як Андрэеўская, Вяземская, Іванаўская, Загарадная, Самарская, Сяргееўская, Уфімская. У служачых гарадской управы часам не хапала фантазіі. У 1911 г. было 2 Безымянныя вуліцы і ажно 19 Безымянных завулкаў! Сістэма нумарацыі будынкаў прыжывалася цяжка. Звычайна людзі паведамлялі хатні адрас наступным чынам: “Жыву ў Добрых мыслях, на Маскоўскай вуліцы ў доме (прозвішча ўладальніка)”. Шыльды на менскіх вуліцах з’явіліся толькі ў пачатку ХХ ст., таму шукаючы патрэбны дом дзесці ва Уборках, можна было праблукаць не адзін дзень.
А зараз разгледзім назвы вуліц горада пачынаючы ад цэнтра.
На месцы былога замка пралягала некалькі вуліц: Замкавая, Падзамкавая, Завальная, Рэзніцкая (з 1866 — Мясніцкая), Стара-Рэзніцкая (Стара-Мясніцкая), Падзамкавая на балоце. Усе яны знаходзіліся ў раёне праспекта Пераможцаў ад метро “Няміга” да Палаца спорту. Захаваўся толькі невялікі ўчастак Замкавай у двары магазіна “Алеся”.
Няміга-Школьная вуліца — праездная частка вуліцы Нямігі ад Петрапаўлаўскай царквы да моста праз Свіслач. Самая ажыўленая вуліца дарэвалюцыйнага горада. На ёй знаходзіўся Ніжні рынак, сыходзіліся ўсе прыгарадныя тракты: Ракаўскі, Койданаўскі, Віленскі і Барысаўскі. Злучала Хлусаў мост і Ніжні рынак з вуліцамі Нямігскай і Ракаўскай, якія сустракаліся ля Петрапаўлаўскай царквы. Назва вуліцы тлумачыцца тым, што яе траса з’яўляецца працягам Нямігскай і перасякаецца Школьнай. У 1866 г. перайменаваная ў Кацярынінскую, як афіцыйна называлася Петрапаўлаўская царква з 1795 г., калі яе наведала імператрыца Кацярына II.
Нямігская вуліца — Няміга ад Петрапаўлаўскай царквы да вуліцы Караля. Траса вуліцы супадала з рэчышчам ракі Нямігі, якое накрылі драўляным насцілам. Нярэдка ў час вясновай паводкі Няміга рабілася паўнаводнай, зрывала насціл і затапляла першыя паверхі будынкаў. У 1926 г. Нямігу змясцілі ў бетонны калектар, а ў 1968—1976 гг. зруйнавалі ўсе дарэвалюцыйныя будынкі, акрамя Петрапаўлаўскай царквы. Частка вуліцы ў слабадзе Раманава (ад вуліцы Караля да Раманаўскай слабады) нярэдка называлася Няміга-Раманаўскай.
Ракаўская вуліца — цяпер таксама Ракаўская. Пачатак Ракаўскага тракту. Часцяком жыхары называлі яе Юраўскай, бо ў старажытнасці дзесці тут была Юраўская царква.
Юрава-Завальная вуліца — захавалася толькі палова былой вуліцы як безыменны пад’езд да хлебазавода на Ракаўскай. Праведзена ў 1865 г. за старым гарадскім валам. Злучала вуліцы Ракаўскую (Юраўскую) і Раманаўскую слабаду.
Няміга-Ракаўская вуліца — Віцебская. Злучала Нямігскую і Ракаўскую. Вельмі часта яе таксама называлі Нямігскім завулкам.
Зыбіцкая вуліца — Гандлёвая. Пралягае ўздоўж Свіслачы на “зыбі”, балоце. У 1866 г. перайменаваная ў Балотную, а ў 1882 г. па ініцыятыве жыхароў — у Гандлёвую. Амаль усе будынкі знесены ў 60-я гады XX ст.
Школьная вуліца — яе траса праходзіла на месцы моста праспекта Пераможцаў ад плошчы Свабоды да Нямігі. Злучала Ніжні рынак і Няміга-Школьную вуліцу з плошчай Высокага рынку. Назва хутчэй за ўсё паходзіць ад езуіцкай школы, якая існавала на плошчы ў XVIII ст.
Козьмадзям’янаўская вуліца — асфальтаваная сцежка ад Святадухаўскага сабора да прыпынку транспарта каля выхаду са станцыі метро “Няміга”. Пралягала паралельна Школьнай. У XV—XVII стст. тут знаходзіўся манастыр святых Казьмы і Дзям’яна. Гэта — самая вузкая вуліца дарэвалюцыйнага горада. Яе шырыня складала ад 3,5 да 4,5 метра. Зразумела, чаму жыхары называлі яе “Цёмнымі крамамі” — сонечнае святло не трапляла на яе брук, бо вуліца была шчыльна забудавана двух- і трохпавярховымі камяніцамі.
Плошча Высокага рынку — плошча Свабоды. Цэнтр дарэвалюцыйнага горада, дзе знаходзіліся дом губернатара, казённая палата, суд і прысутныя месцы. У адрозненне ад Ніжняга рынку, які месціўся ў нізіне, Высокі рынак знаходзіўся на ўзгорку. У 1866 г. перайменаваны ўладамі ў Саборную плошчу — у гонар праваслаўнага Петрапаўлаўскага сабора, які размясцілі ва ўніяцкай Святадухаўскай царкве (у 1936 г. узарваны). Ад плошчы ў розныя бакі разыходзілася сетка вуліц.
Да вуліцы Гандлёвай і берага Свіслачы з Высокага рынку можна было прайсці па чатырох вуліцах. Першая з іх — Вялікая Бернардзінская (Кірылы і Мяфодзія). Пралягала паміж жаночым (сучасны Святадухаўскі сабор) і мужчынскім (у будынку цяпер знаходзіцца архіў) Бернардзінскімі касцёламі. З 1866 г. вуліца атрымлівае назву Манастырскай. Другая — Малая Бернардзінская (Герцана). Пасля 1866 г. — Мала-Манастырская. Побач знаходзіўся Петрапаўлаўскі завулак (Музычны), які так называўся з-за Петрапаўлаўскага сабора, што з 1836 г. месціўся на Саборнай плошчы. З 1882 г. завулак сталі называць Музыканцкім.
На скрыжаванні сучасных вуліц Гандлёвай і Інтэрнацыянальнай, там, дзе стаіць рэстаран “Журавінка”, у старажытнасці знаходзілася мясціна, якую называлі “Валокі Полацкія”. Да яе з цэнтра вяла вуліца Валоцкая. Як мяркуюць некаторыя гісторыкі, туды полацкія купцы маглі цягнуць “волакам” па Свіслачы ладдзі са сваім таварам, бо рака не заўсёды была паўнаводнай. У 1866 г. Валоцкая вуліца была перайменаваная ў Хрышчэнскую (Інтэрнацыянальная). На Валоцкай жылі кампазітар Станіслаў Манюшка і мастак Валенцій Ваньковіч (будынкі захаваліся).
На поўдзень з плошчы Высокага рынку вяла вуліца Дамініканская (Энгельса). Назву атрымала ад размешчанага на ёй Дамініканскага касцёла і манастыра, які быў пашкоджаны падчас Вялікай Айчыннай вайны і знесены ў 1952 г. У 1866 г., калі расійскія ўлады перайменавалі ўсе “польскія” назвы ў горадзе, вуліца стала Петрапаўлаўскай, бо пачыналася ля таго ж самага Петрапаўлаўскага сабора.
Паралельна ёй ішла вуліца Францішканская (Леніна) — самая элітарная вуліца дарэвалюцыйнага Менска. Яна злучала Высокі рынак з галоўнай вуліцай горада Захараўскай (праспект Францішка Скарыны, а цяпер праспект Незалежнасці). На ёй знаходзілася самая шыкоўная гасцініца горада “Еўропа” (самы высокі будынак Менска), Дваранская дума, Дом губернатара, Менская губернская пошта. Пасля 1866 г. вуліца называлася Губернатарскай — у гонар усіх губернатараў, рэзідэнцыяй якіх быў будынак былой езуіцкай школы на плошчы Высокага рынку (зараз там месціцца Музычны ліцэй).
На ўсход з Саборнай плошчы можна было прайсці па вуліцы Зборавай (усходняя частка Інтэрнацыянальнай). Мяркуюць, што назву гэтая старажытная вуліца атрымала ад кальвінскага збору — пратэстанцкай царквы, якая існавала тут ў XVI ст. У 1866 г. яе назвалі Турэмнай, бо вяла яна да менскай турмы, якая была пабудавана ў 1825 г. Але назва не вельмі падабалася яе жыхарам, і ў 1882 г. па іх ініцыятыве вуліцу перайменавалі ў Праабражэнскую — у гонар Праабражэнскай царквы, якая знаходзілася ў будынку былога Бенедзікцінскага касцёла (зараз на гэтым месцы стаіць будынак Пракуратуры РБ).
Паралельна Зборавай пралягала вуліца Койданаўская — Рэвалюцыйная. У XVI—XVII стст. яна пераходзіла ў Койданаўскі тракт — дарогу з Менска ў Койданава, Бярэсце, Варшаву.
Вуліца Феліцыянаўская (Камсамольская) праходзіла каля Марыінскага касцёла (Кафедральны касцёл на плошчы Свабоды), у адной вежы якога захоўваліся мошчы Св.Феліцыяна, абаронцы горада. Але пасля 1866 г. яна атрымлівае назву Багадзельнай, бо на ёй знаходзілася гарадская багадзельня.
Вуліца Юраўская праходзіла паралельна сучаснаму праспекту Незалежнасці ад вуліцы Леніна да Янкі Купалы там, дзе зараз знаходзіцца Палац Рэспублікі. Назва, хутчэй за ўсё, паходзіць ад уніяцкай царквы Св.Юрыя, якая знаходзілася ў канцы XVIII ст. у раёне сучаснага Музея Вялікай Айчыннай вайны. Сёння ад былой вуліцы застаўся адзіны будынак, які схаваўся за Палацам культуры прафсаюзаў і музеем Вялікай Айчыннай вайны.
Вуліцы Ракаўскага і Татарскага прадмесцяў. На Юбілейнай плошчы Ракаўская вуліца разыходзілася на Кальварыйскую і Нова-Чырвоную (Максіма Танка). Кальварыйская часта ўзгадвалася як Кальварыйска-Ракаўская, бо перад чыгункай падзялялася на ўласна Кальварыйскую (дарога да могілак) і Ракаўскі тракт (вуліца Харкаўская), што злучаў горад з прадмесцямі Тучынка і Нядзвежына, вядомымі сваімі цагельнямі. Нова-Чырвоная за горадам пераходзіла ў дарогу на ўрочышчы Міхалянку, Падгрушава, Пагулянку, Шырокае балота, у якіх сотні менчукоў арандавалі гарадскую зямлю пад пашню. На Юбілейнай плошчы стаяў даволі сціплы помнік — невысокая калона з каталіцкім крыжом наверсе, які даў назву плошчы. Ён быў усталяваны ў 1826 г., калі менскія каталікі святкавалі 1500-гадовы юбілей Першага Нікейскага сабора. Вуліца Уваскрасенская (Вызвалення) атрымала назву ад Уваскрасенскай царквы, якая знаходзілася там у XVI—XVIII стст., а на Уваскрасенскім завулку (вуліца Шпалерная) у канцы XIX ст. была пабудавана шпалерная фабрыка. Працягам Уваскрасенскай была вуліца Вялікая Татарская (Дзімітрава), на пачатку якой знаходзілася каменная сінагога (знесеная ў 2001 г.), а ў канцы — каменная мячэць (у 1962 г. на месцы разбуранай мячэці пабудавалі гасцініцу “Юбілейную”). Тамсама знаходзілася вуліца Малая Татарская (траса праспекта Пераможцаў ад “Юбілейнай” да вуліцы Дразда), Замячэтны завулак (не захаваўся), Татарская Глухая вуліца (траса вуліцы Мельнікайтэ), Татарская Людамонцкая (праспект Машэрава каля стэлы “Горад-герой”).
Вуліцы Раманавай слабады. Вуліца Раманаўска-Койданаўская (Мяснікова) вырасла на старым Койданаўскім тракце, які вельмі часта называлі Каралеўскім шляхам, а з сярэдзіны 1880-х называлася Нова-Маскоўскай. У 1880 г. быў адкрыты Затурэмны завулак (месціўся паралельна Мяснікова), які пралягаў уздоўж сцен менскага турэмнага замка. Бліжэй да Юбілейнай плошчы знаходзіліся ў Раманаве вуліцы Загарадна-Раманаўская (Караля), Нова-Раманаўская (Раманаўская слабада), Сухая (цяпер таксама Сухая). Каля яўрэйскіх могілак прытуліліся вуліцы Яўрэйская (Калектарная) і Маісееўская (Перакопская).
На Пляшчанцы знаходзілася вуліца Нямецкая, ці Мала-Лютэранская (Карла Лібкнехта), якая вяла да лютэранскіх могілак, вуліца Матвееўская (траса вуліц Розы Люксембург і Нямігі за Музычным тэатрам), вуліца Дамашэўская (Волаха), што падыходзіла да фальварка Дамашэўка Гераніма Дамашэвіча. Дагэтуль захавалася забудова пачатку XX ст. на Паўночным завулку прадмесця Пляшчанкі.
Галоўнай вуліцай горада была Захараўская (праспект Незалежнасці), названая так ў гонар першага менскага губернатара Захарыя Карнеева. У сярэдзіне XIX ст. яна пралягала ад сучаснай вуліцы Валадарскага да моста праз Свіслач. Участак ад моста да Камароўскай плошчы (плошча Якуба Коласа) да пачатку XX ст. называўся Захараўскай слабадой. У 1870-х гг. быў забудаваны драўлянымі дамамі Новы Койданаўскі тракт (вуліца Савецкая), які з 1881 г. стаў называцца Новазахараўскай вуліцай, а з канца XIX ст. стаў працягам Захараўскай.
У сувязі з будаўніцтвам чыгункі у 80-я гг. XIX ст. хутка пачалі забудоўваць тэрыторыю паміж горадам і чыгуначнымі вакзаламі. Вуліца Лошыцкая (Карла Маркса ад Камсамольскай да Аляксандраўскага сквера), якая злучала сквер са старой базарнай плошчай (квартал паміж вуліцамі Маркса, Камсамольскай, Кірава і Валадарскага), у 1866 г. была перайменавана ў Базарную, а з 1881 г. называлася Падгорнай, а вуліца Падгорная з гэтага ж 1881 г. стала Падгорным завулкам (сёння там захаваўся даходны дом турка Ахмеда Офлі на Я. Купалы, 5). Вуліцу Магазінную (Кірава ад Свярдлова да ракі) так назвалі таму, што яна праектавалася непадалёку ад магазінаў (складаў). Вуліца Кашарская (Чырвонаармейская) злучала цэнтр з Кашарамі, і ў 1866 г. была перайменавана ў Батальённую, а ў 1882 г. — у Скобелеўскую. На месцы сучаснай сярэдней школы № 4 стаяў драўляны домік, дзе ў 1878—1982 гг. жыў герой расійска-турэцкай вайны генерал Скобелеў. У гонар 119-га Каломенскага і 120-га Сярпухаўскага палкоў, якія гераічна змагаліся ў Балгарыі падчас гэтай вайны, былі названы новыя вуліцы — Каломенская (Свярдлова) і Сярпухаўская (Валадарскага).
У прадмесці Уборкі былі праведзены наступныя вуліцы: Ладварава-Роменская шаша (галоўны шлях на Віленскі вакзал, з 1883 г. — Пецярбургская), Міхайлаўская (Кірава ад Свярдлова да Бабруйскай), Сяргееўская (пралягала паралельна паміж Пецярбургскай і Міхайлаўскай), Мікалаеўская (ішла за Міхайлаўскай паралельна ёй), Ільінская (Ульянаўская ад Бабруйскай да Свярдлова), Бабруйская. Паміж чыгункамі ва Уборках будаваліся дамы па Вакзальнай (захавалася яе траса), Мала-Георгіеўскай (Льва Талстога), 2-й Сяргееўскай (Рабкораўскай). Сёння можна ўбачыць кавалкі вуліц прадмесця Уборкі і за чыгункамі: вуліца Прыгожая, Слонімская,Барысаўская (Студэнцкая).
Галоўнай вуліцай прадмесця Добрыя мыслі была Маскоўская, якая вяла да вакзала Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. Яе працягам за чыгункай быў Койданаўскі тракт (вуліца Чкалава). Таксама ў Добрых мыслях знаходзіліся вуліцы Рыгораўская (Фабрыцыуса), Дабрамысленскі завулак (траса захавалася), Вірская (захавалася), Кавальскі завулак (пачатак вуліцы Варанянскага), Стара-Мяшчанская (яшчэ некалькі гадоў таму існавала траса вуліцы Асавіяхімаўскай) і Брылеўскі завулак (Брылеўская вуліца) — старажытная дарога ў фальварак Брылевічы.
За майстэрнямі Маскоўска-Брэсцкай чыгункі (Вагона-рамонтны завод імя Мяснікова) у пачатку XX ст. будавалася Грушаўка — прадмесце чыгуначнікаў. Там былі адкрытыя вуліцы Кандуктарская (Чыгуначная), Іосіфаўская (Разінская), Грушаўская, Пакгаўзная (Хмялеўскага), Жандармская (Пуцейская), Благавешчанская (Аўтадораўская).
У Серабранцы быў пабудаваны яшчэ адзін чыгуначны пасёлак. Там галоўнай вуліцай з’яўляўся Ігуменскі тракт (вуліца Маякоўскага да Дзянісаўскай). Узніклі вуліцы Аранская (траса захавалася, назва паходзіць ад урочышча Араны), Пажарная (захавалася частка вуліцы ля Свіслачы, а назва паходзіць ад існаваўшага каля Чэрвеньскага рынка другога менскага пажарнага дэпо), Аранжарэйная (захавалася; там знаходзіліся прыватныя парнікі), Надзеінская (захавалася), Безымянная (Палеская), Лугавая (захавалася).
У прадмесці Ляхаўка існавала некалькі вуліц: Ляхаўская (пешаходны праход каля стадыёна “Дынама”, Верхне-Ляхаўская, ці Круглая (Беларуская), Ляхаўская слабодка (не існуе; былая Лодачная), Ніжне-Ляхаўская (Кастрычніцкая), яшчэ Ніжне-Ляхаўская (Ульянаўская ад Беларускай да Чырвонаармейскай), і яшчэ адна Ніжне-Ляхаўская (захавалася часткова як Індустрыяльная).
Вуліцы Траецкай гары. Галоўнай вуліцай гэтай часткі Менска была Аляксандраўская (Максіма Багдановіча), названая так у гонар імператара Аляксандра I. Паралельна ёй ішла вуліца Старавіленская (захавалася). Гэтыя вуліцы злучаліся некалькімі завулкамі. Першы з іх — Аляксандраўская набярэжная (Камунальная набярэжная). Тут знаходзіліся славутыя менскія лазні, якія стаялі на самым беразе Свіслачы. Другі — Траецка-Паліцэйскі завулак (пачатак сучаснай вуліцы Старажоўскай ля Траецкага прадмесця). Трэці — 1 Семінарскі завулак (Камунальны), а чацверты — 2 Семінарскі, ці Мітрапалітанскі, завулак, які месціўся за мужчынскай духоўнай семінарыяй (Сувораўскае вучылішча). Лаўская набярэжная цягнулася ад Хлусава (Багдановіча) да Паліцэйскага (Купалы) моста. Вуліца Георгіеўская (захавалася частка яе трасы — вуліца Чычэрына) ішла ад Свіслачы праз Траецкі рынак (плошча Парыжскай камуны) на Камароўку. Вуліца Плябанская (Куйбышава) пралягала паралельна Георгіеўскай. Назва тлумачыцца знаходжаннем каля яе трасы млына Траецкай залатагорскай плябаніі. У 1866 г. перайменавана ў Шырокую. Траса вуліцы Белацаркоўнай (не існуе; пралягала ад тэатра Оперы і Балета да плошчы Перамогі) супадала са старажытнымі шляхамі на Магілёў і Барысаў. Назва паходзіць ад Белай царквы, як называлі мяшчане царкву каля жаночага духоўнага вучылішча (штаб Міністэрства абароны РБ).
За Траецкай Гарой на Пярэспе і Старажоўцы знаходзіліся: вуліца Міхайлаўская (Камуністычная), вуліца Старасцінская слабада (пралягала паралельна Міхайлаўскай ля берага Свіслачы; праз яе трасу цяпер праходзіць сучасная Старажоўская), Мікалаеўская (Крапоткіна), Старажоўская (Кісялёва ад Чырвонай да царквы Марыі Магдалены), Камароўская (Варвашэні ад Крапоткіна да Куйбышава), 2-я Старавіленская (Даўмана), Старавіленскі тракт (захаваўся), Даўгінаўскі тракт ( вуліца Чарвякова) і Смаргоўскі тракт (часткова захаваўся).
Вуліца Паліцэйская (Янкі Купалы) атрымала назву ад драўлянага доміка, у якім жылі першыя паліцмайстары. Да сярэдзіны XIX ст. ён струхнеў і яго аддалі пад багадзельню, а назва вуліцы засталася. Частка вуліцы ў Траецкім прадмесці да 1866 г. называлася Ягораўскай, пасля — Паліцэйскай, ці Траецка-Паліцэйскай. Вуліца Садовая (існавала на месцы парку Я.Купалы) размяшчалася насупраць Гарадскога саду (парк Горкага), а Садова-Набярэжная — на беразе Свіслачы.
Вуліцы Архірэйскай слабодкі. Вуліца Шпітальная (Фрунзэ) вяла да вайсковага шпіталю, там жа былі тры Шпітальныя завулкі (вуліца Румянцава, завулкі Бранявы і Вайсковы). Вуліца Правіянцкая (Захарава) злучала цэнтр з вайсковымі правіянцкімі складамі, што размяшчаліся каля чыгункі. Вуліца Канюшневая (не існуе; тэрыторыя парку Горкага ўздоўж вуліцы Фрунзэ) месцілася побач вайсковымі стайнямі. Таксама там былі вуліцы Вясёлая (Першамайская), Архірэйская слабодка (Пуліхава), Стара-Загарадная (Азгура), Слясарная, Іванаўская, Андрэеўская, Нагорная, Саламяная, Антонаўская (захаваліся толькі трасы).
Вуліцы прадмесця Камароўкі. Галоўнымі вуліцамі Камароўкі былі Лагойскі (вуліца Якуба Коласа) і Барысаўскі (праспект Ф.Скарыны за плошчай Я.Коласа) тракты, якія разыходзіліся на Камароўскай плошчы (Якуба Коласа). Побач знаходзіліся вуліцы Бондараўская (Гікалы; там сяліліся рамеснікі-бондары), Чырвоная, Казакоўская (Пугачоўская; назва пайшла ад прозвішча уладальніцы гэтага ўчастка зямлі памешчыцы Аўгустыны Казаковай), Паміжтрактавая (не існуе), Кітайская (Усходняя), Турэцкая (Беламорская).
Вуліцы Залатой горкі і Доўгага броду. Асноўным шляхам ад Залатой горкі і цэнтра да Доўгага броду і вайсковых могілак была 1-я Даўгабродская вуліца (Казлова). Таксама туды трапіць было магчыма па вуліцах Залатагорскай (Чырвоназоркавая) і 2-й Даўгабродскай (часткова Чапаева). Вуліца Кладбішчанская (Смалячкова) знаходзілася паміж вайсковымі і залатагорскімі могілкамі, Высокая (часткова Платонава) і Цвёрдая (не захавалася) пралягалі па высокім і сухім узгорку. Таксама там былі вуліцы Мар’еўская (захавалася часткова), Берасцянская (тое ж), Маляўшчынская, Сляпянская (абедзве не захаваліся).
Абсалютная большасць старых унікальных і непаўторных назваў вуліц дарэвалюцыйнага Менска зніклі з мапы горада ў змрочныя для гарадской тапанімікі 20-я—50-я гады ХХ ст., калі Саветы сталі выкарыстоўваць назвы вуліц у якасці інструмента ідэалагічнай барацьбы.
Літаратура:
1. Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993.
2. Баравы Р. Ціхія мінскія ўскраіны // Добры вечар. 1991, 30 снежня.
3. Боровой Р. Историческая топография древнего Минска. Обзор источников и современное состояние проблемы // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 12. Мінск, 1997.
4. Дзянісаў У. Плошча Свабоды ў Мінску. Мінск, 1985.
5. Карповіч Т.А. Культурнае жыццё Мінска 1-й паловы ХІХ стагоддзя. Мінск, 2000.
6. Кісялёў Генадзь. Пачынальнікі. Мінск, 1977.
7. Kowalewska Z. Obrazki minskie. Wilno, 1912.
8. Марцынкевіч Н., Шыбека З. Перапіс нерухомай маёмасці Менска 1910 г. // Спадчына. 2001. № 3.
9. Минск. Энциклопедический справочник. Минск, 1983.
10. Пазьняк З. Рэха даўняга часу. Мінск,1985.
11. Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. У 4-х кн. Кн. 1—2. Мінск, 2001, 2002.
12. Справочный адресный указатель с планом Минска и календарём на 1904 год. Минск, 1904.
13. Сыракомля Уладзіслаў. Мінск. Беглы агляд сучаснага стану Мінска. Мінск, 1992.
14. Чернявская В. Петросова Е. Памятники архитектуры Минска XVII — начала XX вв. Минск, 1984, с. 18.
15. Шамов В. Памятники Минска. Минск, 1991.
16. Шибеко З.В. Минск в конце ХІХ — начале ХХ вв. Очерк социально-экономического развития. Минск, 1985.
17. Шпилевский П. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. Минск, 1992.
18. Штыхаў Георгій, Собаль Валянцін і інш. Мінск // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 5. Мн., 1999.
19. Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мiнск. Старонкi жыцця дарэвалюцыйнага горада. Мінск, 1994.
20. Ягораў Ю. Да пытання аб горадабудаўнічай гісторыі Мінска ў XVII — першай палове XIX ст. // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. 1955, № 3.