21.12.2018. Ірына Дубянецкая: Калядная лекцыя
“Каляды ў 21-м стагоддзі: ад сакральнага зьместу да культурных кодаў. (Рэ)канструяваньне сэнсаў”.
Каляды – самае ўлюбёнае сьвята ўсяе Заходняе культуры. Радасьць з нагоды вяртаньня сьвятла, Божага нараджэньня, пачатку новага салярнага цыклю, і проста вясёлага сьвята, з ялінкай, таямнічым бляскам вагнёў, сьпевамі, мітусьнёй, прадчуваньнямі, хваляваньнямі і падарункамі, а таксама надзвычайнае багацьце і трываласьць традыцый, рытуалаў ды вераваньняў… Што хаваецца за ўсім гэтым? Якія сэнсы напрацаваліся за тысячагоддзі? І якое дачыненьне яны маюць да сучасных уяўленьняў пра сьвет? Чаму людзі зьвязваюць з калядамі свае спадзяваньні на перамены і пры чым да гэтых спадзяваньняў астранамічная зьява зімовага сонцавароту ці вялікая хрысьціянская традыцыя? Як каляды адыгрывалі культуратворчую ролю ў беларускай прыгодзе? І што ж адбываецца ў самым ашаламляльным Купалавым тэксьце – паэме “На куцьцю”?
Гэта прыблізнае кола пытаньняў, якія мы паспрабуем праясьніць у пятніцу, 21-га сьнежня – на зімовае сонцастаяньне.
Запрашаюцца ўсе, хто хацеў бы дакрануцца да су-разумення жывога сакрума, данесенага нам традыцыяй.
Вядоўца: Ігар Бабкоў.
21 снежня (пятніца), а 19.00, кнігарня “ЛогвінаЎ” (пр.Незалежнасці, 37А).