Алесь АНЦІПЕНКА. Журналісцкая этыка

Плян:

1. Агульная і прафэсійныя этыкі

2. Свабода выказваньня і свабода прэсы

3. Прынцыпы журналісцкай этыкі

Нагадаю, што слова “этыка” мае грэцкае паходжаньне і літаральна азначае “характар”, “звычка”. Як навуковая дысцыпліна, якую часам называюць маральнай філязофіяй, этыка вывучае прынцыпы чалавечых паводзінаў і найчасьцей выкладае іх (гэтыя прынцыпы) у прадпісальнай форме. Прадпісальнасьць этычных прынцыпаў азначае, што яны маюць абавязковы характар і іх неабходна датрымоўвацца ў тых выпадках, калі вы ў сваіх паводзінах кіруецеся да нейкай вельмі істотнай для вас мэты. Гэтая мэта можа быць зьвязаная з запытаньнем пра сэнс вашага жыцьця альбо з вашай прафэсійнай дзейнасьцю, зразуметай, аднак, ня толькі прагматычна. Гаворка йдзе тут пра шырэйшы кантэкст, у якім істотнымі робяцца такія рэчы, як самаацэнка, ацэнка вас як прафэсіянала з боку іншых людзей, пачуцьцё задавальненьня-незадавальненьня, а таксама розныя матывацыі на карысьць таго ці іншага выбару, у сытуацыі якога вы знаходзіцеся.

Прадпісальнасьць этычных нормаў і прынцыпаў зусім не азначае, што яны ёсьць чымсьці вонкавым ці навязаным нам нейкімі зьнешнімі сіламі (грамадзтвам, уладай, лідэрам і да т.п.).

Якраз наадварот, прадпісальнасьць этычных нормаў вынікае з таго, што яны — частка нашага “я”, што яны насамрэч уштукаваныя ў асобу чалавека. З другога боку, этычныя нормы як бы існуюць у аб’ектываваным выглядзе. Гэта выяўляецца тады, калі мы, ведаючы пра тыя ці іншыя этычныя правілы, не выконваем альбо нават парушаем іх. На гэтым, дарэчы, палягае адрозьненьне этычных прынцыпаў ад юрыдычных законаў: этычная сытуацыя — гэта такая сытуацыя, якая базуецца не на прымусе, а на свабодзе індывідуальнага выбару кожнага канкрэтнага чалавека. Практычна гэта азначае, што ніводнага чалавека немагчыма прымусіць быць маральным, гэтак жа сама як немагчыма прымусіць яго быць шчасьлівым альбо свабодным; маральным ці свабодным чалавек можа быць толькі сам, г.зн. са свайго ўласнага і нязмушанага выбару. І ў той жа час не ўсялякі свабодны выбар зьяўляецца маральным, а свабода па-за межамі маральных прынцыпаў ужо не зьяўляецца свабодай (тут мы якраз маем справу з парадаксальнасьцю свабоды і свабоды выбару). Гэтая думка нам яшчэ прынадзіцца, калі мы будзем гаварыць пра свабоду выказваньня і свабоду прэсы, а таму будзем памятаць надалей пра парадаксальнасьць фэномэна свабоды.

Пакуль жа коратка спынімся на асноўных этычных ідэях, якія паўсталі ў гісторыі этыкі і якія праілюструюць нам адрозьненьні, што існуюць паміж агульнай і прафэсійнай этыкамі.

Што ёсьць найвялікшае дабро для чалавека, альбо ў чым сэнс чалавечага жыцьця, — гэта галоўнае запытаньне, якое ляжыць у аснове ўсіх агульных сыстэмаў этыкі. Адносна гэтага запытаньня не існуе адзінага адказу.

Адно з найбольш раньніх вызначэньняў дабра належыць філязофіі геданізму. Паводле гэтай філязофіі, найвышэйшым дабром для чалавека зьўляецца задавальненьне. Гаворка ідзе тут, аднак, зусім не пра фізычныя задавальненьні. Праблема, якую высоўвалі геданісты, палягала ў наступным: якое задавальненьне зьўляецца найбольш трывалым, інтэнсіўным і працяглым? А сутнасьць праблемы вызначалася калізіяй паміж фізычнымі і інтэлектуальнымі задавальненьнямі. Якім ці якому з задавальненьняў аддаць перавагу і чаму? Якое з задавальненьняў найлепш адпавядае прыродзе чалавека? На якія з задавальненьняў патраціць жыцьцё, і наагул, ці варта траціць жыцьцё дзеля задавальненьняў? Вось у чым сутнасьць праблемы.

Гэтую калізію вядомы грэцкі філёзаф Сакрат вырашаў на карысьць інтэлекту. Найвялікшым дабром для чалавека, сьцьвярджаў Сакрат, ёсьць веда. Чаму веда?

Паводле Сакрата, чалавек ёсьць чалавекам тады, калі выпытвае, пазнае і спасьцігае самога сябе дзеля ўдасканаленьня ўласнае душы. Веданьне маральных цнотаў ці дабротаў ёсьць веданьнем таго, што патрэбна чалавеку й ягонай душы. І, наадварот, калі чалавек ня мае веды самога сябе, ён як бы знаходзіцца ў стане непрытомнасьці, сьпіць, паводле Сакрата. А таму як харобраму вою не выпадае ўцякаць з поля бітвы (гэта будзе найвялікшай ганьбай для яго), гэтак і філёзафу не выпадае адмовіцца ад выпытваньня самога сябе і іншых дзеля абуджэньня да жыцьця.

“Я толькі тое і раблю, — кажа Сакрат, — што хаджу і пераконваю кожнага з вас, маладога і старога, клапаціцца перадусім не пра целы ці грошы, а пра душу… А таму я і магу вам сказаць, афіняне: паслухаеце вы Аніта ці не, адпусьціце мяне ці не, рабіць інакш, чым раблю, я ня буду, нават тады, калі мне прыйшлося б паміраць шмат разоў”.

Адсюль, відавочна, вынікае, што, каб спраўдзіць пакліканьне (пакліканьне самаспазнаньня), жыцьцё цела ня вартае жывой і відушчай душы.

Гэткім чынам, паводле Сакрата, веда — найвялікшае дабро для чалавека, і менавіта таму, што яна (веда) абуджае да жыцьця, якое на шматкроць большае за жыцьцё цела.

Вучэньне Сакрата спрычынілася да ўзьнікненьня ў Старажытнай Грэцыі чатырох філязофскіх школаў:кінікаў, кірэнаікаў, школы Эўкліда з Мегары і плятанізму.

Кінікі сьцьвярджалі, што найвышэйшым дабром для чалавека ёсьць самакантроль, самавалоданьне як спосаб удасканаленьня чалавечай душы.

Кірэнаікі вышэйшым дабром лічылі задавальненьне, але такое задавальненьне, якое не падпарадкоўвае сабе чалавека, задавальненьне, ад якога чалавек ня робіцца залежным. Гэта значыць, што ўсе задавальненьні адносна добрыя, калі чалавек кантралюе самога сябе.

Эўклід меркаваў, што найвышэйшым дабром можа быць і мудрасьць, і Бог, і розум, галоўнае, што гэтае дабро адкрываецца чалавеку, калі ён датрымоўваецца лёгікі альбо рацыянальнага разважаньня. І важна, каб чалавек ва ўсім не губляў здольнасьці развагі.

Больш дэталізаванае ўяўленьне пра найвышэйшае дабро для чалавека падае вучань Сакрата Плятон. Паводле Плятона, душа чалавека складаецца з трох элементаў: інтэлекту, волі і эмоцыяў. Для кожнага з гэтых элементаў ёсьць свая дабрадаць: для інтэлекту — гэта мудрасьць альбо веда, для волі — сьмеласьць, харобрасьць і рашучасьць, для эмоцыяў — стрыманасьць і самакантроль.

Калі кожная з гэтых частак душы выконвае сваю функцыю, тады нараджаецца справядлівасьць — найвышэйшае дабро для чалавека, паводле Плятона.

Вучань Плятона Арыстоцель пастулюе ў якасьці найвышэйшага іншае дабро. Гэта — шчасьце. Шчасьце, паводле Арыстоцеля, вынікае з рэалізацыі чалавечага патэнцыялу, г.зн. усіх ягоных здольнасьцяў: інтэлекту, волі і эмоцыяў. Галоўнае пры гэтым не ўваходзіць у скрайнасьці і датрымоўвацца залатой сярэдзіны. Няцяжка заўважыць, што ідэі Арыстоцеля блізкія да ідэяў Плятона, а таксама да ідэяў геданістаў і кірэнаікаў. Шчасьце — гэта трывалае задавальненьне, якое асягаецца праз самакантроль і разьвіцьцё ўсіх прыроджаных здольнасьцяў чалавека. Здабываньню шчасьця і варта, паводле Арыстоцеля, прысьвяціць сваё жыцьцё.

Сапраўднай рэвалюцыяй у этыцы сталася хрысьціянскае вучэньне. Як вынікае з гэтага вучэньня, усе прапанаваныя старажытнымі філёзафамі сродкі асягненьня найвышэйшага дабра недастатковыя. Праблема хаваецца ўнутры чалавека. Гэта значыць, што чалавек, паводле хрысьціянскага вучэньня, нараджаецца недасканалым: на ім ляжыць першародны грэх ягоных продкаў. З прычыны недасканаласьці (грахоўнасьці) свае прыроды, а таксама недастатковасьці ўсіх тых сродкаў, якія ён мае, сапраўднае і найвышэйшае дабро для чалавека не можа быць ім асягнутае самастойна. Адных толькі высілкаў дзеля таго, каб здабыць, да прыкладу, шчасьце, мала.

Інтэлект чалавека недастаткова магутны, каб яму адкрылася ўся поўніца веды (дарэчы, пра гэта гаварыў яшчэ Сакрат), ягоная воля недастаткова непахісная (сам па сабе чалавек вельмі слабая істота), а эмоцыі могуць быць цалкам яму непадкантрольныя. Спакуса — гэта якраз і ёсьць прыклад некантраляванай эмоцыі і жаданьня, якія чалавек, абапіраючыся адно на ўласныя сілы, утаймаваць няздольны.

Для збаўленьня да ўласных высілкаў волі і спазнаньня трэба яшчэ дадаць саме галоўнае, а менавіта — веру ў Бога, без якога і без якой чалавек прынцыпова несвабодны, прынцыпова недасканалы і прынцыпова няпоўны. Гэткім чынам, дасканаласьці і свабоды, а насамрэч выбаўленьня ад сваёй недасканаласьці і нямогласьці чалавек можа дасягнуць толькі пры дапамозе ўсемагутнага і дасканалага Бога.

Хоць і спрошчана, але веру ў Бога можна вызначыць як найвялікшую прагу ісьціны, свабоды, сьвятла і дасканаласьці. Ісьціна, дасканаласьць, свабода і сьвятло — гэта ёсьць некаторыя з вызначэньняў Бога, якія вы якраз і можаце знайсьці ў Сьвятым Пісаньні. Тут яшчэ раз вернемся да пазначанага намі вышэй парадоксу свабоды. Свабода якраз і палягае ў тым, каб падпарадкоўвацца ісьціне і сьвятлу, г.зн.падпарадкоўвацца Найвышэйшаму.

Хрысьціянства фармулюе таксама і новую візію чалавека. Яно падзяляе прыроду чалавека на дзьве часткі: на вышэйшую, нябесную альбо Боскую (чалавек створаны на ўзор і падабенства Божае), і на ніжэйшую, альбо зямную, уласна чалавечую, тую частку, дзе пануюць жарсьці, эгаістычныя пачуцьці, інстынкты, страх і сьмерць.

Яшчэ адзін найістотны элемент хрысьціянскага вучэньня — гэта панятак адказнасьці, якога не было ў ніводнай з папярэдніх этычных дактрынаў. Чалавек адказны перад самім сабой, г.зн., што ён адказны перадусім за свае ўчынкі, да таго ж ён адказны і перад іншымі людзьмі. А вынікае адказнасьць чалавека якраз з таго, што ён мае вышэйшую прыроду. Гэта вышэйшая прырода хаваецца ў тым, што мы зазвычай называем душой.

І калі мы ў сваіх паводзінах адхіляемся ад сваёй вышэйшай прыроды, г.зн. ад праўды, сьвятла, тады і паўстае сытуацыя маральнай адказнасьці, а самым істотным патрабаваньнем адказнасьці зьяўляецца тое, што чалавек ня мусіць адмаўляцца ні ад свае волі, ні ад свабоды выбару.

З адказнасьцю чалавека зьвязаная і ягоная унікальнасьць і індывідуальнасьць. Вы і толькі вы ёсьць цэнтрам любога вашага ўчынку, думкі, памкненьня, жаданьня і пачуцьця. Па-за вамі ёсьць толькі іншыя людзі, і па-за вамі вас няма. Вы ёсьць толькі там, дзе вы ёсьць. А унікальвае ў вас ёсьць тое, што любы іншы чалавек у прынцыпе ня здольны і ня можа зрэалізаваць. Напрыклад, унікальным у кожным чалавеку зьяўляецца яго здольнасьць мысьленьня. Я і ніхто іншы, акрамя вас, ня здольны і ня можа за вас мысьліць, а таксама дзейнічаць, адчуваць, любіць за вас, дыхаць і г.д.

Гэткім чынам, хрысьціянства сьцьвярджае найвялікшую і найвышэйшую рэальнасьць і каштоўнасьць чалавека праз ягоную індывідуальнасьць і адказнасьць перад самім сабой, Богам і іншымі людзьмі.

Завершым наш кароткі агляд некаторых агульных этычных сыстэмаў выкладам галоўнай этычнай ідэі нямецкага філёзафа Імануіла Канта. Важна гэта зрабіць таму, што Кант дапоўніў разуменьне сутнасьці маралі і адказнасьці, сьцьвердзіўшы, што чалавек нясе адказнасьць ня толькі за свае ўчынкі, і што ня толькі ягоныя ўчынкі, але і матывацыі да ўчынкаў падлягаюць маральнай ацэнцы.

Кант небеспадстаўна лічыў, што наступствы чалавечых паводзінаў і дзеяньняў далёка не заўсёды прадказальныя і далёка не заўсёды залежаць ад волі чалавека і ягонага плянаваньня. А значыць, сьцьвярджаў Кант, пра маральнасьць учынкаў трэба меркаваць не па наступствах дзеяньняў, а па іх матывах, па тым, якую інтэнцыю меў чалавек, калі ён плянаваў нейкае дзеяньне. І таму, каб нейкае дзеяньне ў дачыненьні да іншых людзей было маральным, неабходна кіравацца наступным: заўсёды разглядай усіх людзей як “канцовую мэту і ніколі як сродак”. Гэта надзвычай важны прынцып, які карэлюецца з хрысьціянскім сьцьверджаньнем пра найвялікшую і найвышэйшую рэальнасьць і індывідуальную каштоўнасьць чалавека.

А галоўным маральным прынцыпам Кант лічыў прынцып унівэрсальнага дзеяньня і ўчынку. Ён пісаў: “Дзейнічай так, каб прынцып, на якім ты базуеш сваё дзеяньне, стаўся праз тваю волю унівэрсальным прынцыпам прыроды”. Відавочна, што такім прынцыпам ня можа быць ані прынцып эгаістычнага дзеяньня, ані асабістай выгоды коштам іншых людзей, ані прыватнае задавальненьне. Свой прынцып Кант называў катэгарычным імпэратывам, падкрэсьліваючы ягоную дапасавальнасьць вышэйшай прыродзе чалавека.

Ідэі і прынцыпы, пра якія мы казалі, складаюць асноўны корпус ідэяў агульнай этыкі. Акрамя агульнай этыкі існуюць таксама і сыстэмы прыкладной і прафэсійнай этыкі. (Прафэсійныя этыкі можна разглядаць як спэцыфічныя віды прыкладной этыкі.)

Найбольш распрацаванай прыкладной этыкай на сёньня зьяўляецца экалягічная этыка, а найбольш вядомымі відамі прафэсійнай этыкі — мэдычная, журналісцкая і пэдагагічная этыкі.

Мэдычная этыка трактуе праблемы, зьвязаныя з стаўленьнем да хворых людзей і іхным лячэньнем. Існуюць розныя кодэксы мэдычнай этыкі, а найбольш старажытным зь іх зьяўляецца вядомая “Клятва Гіпакрата”. Асноўны прынцып Гіпакратавай этыкі — “не зашкодзь”.

Трэба адзначыць, што практычна ўсе прынцыпы прыкладной і прафэсійнай этык зьяўляюцца трансфармацыямі якіх-небудзь больш шырокіх прынцыпаў агульнай этыкі альбо базуюцца на іх. Асноўны прынцып Гіпакратавай этыкі, да прыкладу, вынікае з вядомага ў старажытныя часы прынцыпу: “Стаўся да іншых так, як ты хацеў бы, каб іншыя ставіліся да цябе”. Натуральна, што ніхто з нас ня хоча сам сабе зашкодзіць, а таму не наносіць шкоды іншым людзям — гэта агульнаэтычная норма, ад невыкананьня якой урачом можа залежыць жыцьцё ці здароўе пацыента.

Розьніца, якая існуе паміж агульнай і прыкладнымі этыкамі, палягае на тым, што агульная этыка зьвяртае ўвагу чалавека перадусім на яго самога, на ягоныя ўласныя праблемы, апэлюе да ягонай уласнай душы і толькі потым — на існаваньне іншых людзей. Інакш кажучы, праблемы агульнай этыкі — гэта праблемы, што разгортваюцца ўнутры чалавека праз ягоны ўнутраны дыялёг з самім сабой. Праблемы прафэсійнай этыкі — гэта пераважна тыя праблемы, што паўстаюць у стасунках з іншымі людзьмі альбо ў стасунках з грамадзтвам, уладай ці калегамі.

Натуральна, што прафэсійныя этыкі трактуюць таксама і праблемы стаўленьня прафэсіянала да самога сябе, да той дзейнасьці, якой ён займаецца, яе сутнасьці і вышэйшай мэты, але вынікаюць гэтыя праблемы менавіта з стасункаў з іншымі людзьмі. І наадварот, у тых прафэсіях, дзе кантакты і камунікацыя з людзьмі неінтэнсіўныя, не настолькі важныя, як, да прыкладу, у прафэсіі журналіста, этычныя праблемы зьяўляюцца маргінальнымі. А таму наўрад ці калі будзе створаны спэцыяльны этычны кодэкс для, скажам, кампутарнага праграміста ці рабочага, які працуе на канвэеры.

Пасьля гэтых кароткіх уводзінаў пяройдзем цяпер да ўласна журналісцкай этыкі.

Як і розныя сыстэмы агульнай этыкі, прафэсійная этыка журналіста будуецца зыходзячы з вызначэньня галоўнага прынцыпу. Такім прынцыпам, ці найвышэйшым дабром, калі пакарыстацца традыцыйнай тэрміналёгіяй, зьяўляецца свабода выказваньня і свабода прэсы. На чым палягае важнасьць гэтага прынцыпу, і чаму менавіта гэты прынцып пакладзены ў аснову журналісцкай этыкі?

Як вядома, адной з найгалоўнейшых каштоўнасьцяў дэмакратычнага грамадзтва зьяўляецца свабода. Ёсьць чатыры асноўныя свабоды, якія складаюць падмурак любога дэмакратычнага грамадзтва. Гэтасвабода веравызнаньня, свабода выказваньня, свабода ад страху і свабода ад нэндзы. Першыя дзьве свабоды часам называюць свабодай для. Сэнс свабоды для ў тым, што такія свабоды гарантуюць чалавеку вольнае разьвіцьцё ўсіх ягоных духовых і інтэлектуальных здольнасьцяў. Сэнс свабоды адпалягае ў забесьпячэньні годнага сацыяльнага і эканамічнага жыцьця чалавека. Гэтыя свабоды ўтрымліваюць у сабе гарантыі недатыкальнасьці чалавечае асобы, найвышэйшай каштоўнасьці ягонага жыцьця, а таксама недатыкальнасьці жытла і маёмасьці.

Відавочна, што свабода выказваньня супадае з сутнасьцю журналісцкай дзейнасьці і трансфармуецца ў свабоду прэсы. Свабода прэсы ў дадзеным выпадку азначае забесьпячэньне права выказваньня кожнаму грамадзяніну і розным сацыяльным групам, а таксама іх права на бесперашкоднае атрыманьне любой інфармацыі, якая тычыцца сацыяльнага жыцьця, дзейнасьці дзяржаўных і недзяржаўных арганізацыяў, палітычных партыяў і ўрадавых структураў.

У адной са сваіх лекцыяў па “Тэорыі камунікацыі і мэдыяў” я вам казаў пра тое, што адсутнасьць інфармацыі альбо немажлівасьць шырокага доступу да яе ў канцовым выпадку прыводзяць да крызы грамадзтва. Інфармацыя ёсьць найважнейшым падставовым элементам прыняцьця адэкватных рашэньняў як на індывідуальным, гэтак і на калектыўным узроўні. А таму, калі інфармацыя адсутнічае альбо зьяўляецца скажонай, гэта стварае сытуацыю, калі прымаюцца дзясяткі, сотні і тысячы неадэкватных рашэньняў. Вынікам мноства неадэкватных рашэньняў заўсёды ёсьць сытуацыя палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай крызы.

У грамадзтве, у якім парушаецца свабода прэсы, як правіла, парушаюцца і ўсе астатнія правы.Прыкладаў гэтага незлічонае мноства. Найбліжэйшы да нас — гэта сытуацыя ў нашай краіне. Сёньняшняе гвалтоўнае парушэньне правоў чалавека ў Беларусі пачалася даўно і, здавалася б, пачыналася бяскрыўдна — з захопу цяперашняй уладай парлямэнцкай газэты “Народная газета”.

Гэткім чынам, зусім невыпадкова свабода выказваньня, альбо свабода прэсы, зьяўляецца найвышэйшым прынцыпам журналісцкай этыкі.

Можна заўважыць, што гэты прынцып добра суадносіцца з некаторымі агульнаэтычнымі ідэямі, якія мы выкладалі вышэй. Перадусім узгадаем Сакрата. Найвышэйшым дабром Сакрат лічыў веду. Інфармацыя — гэта найгалоўнейшы элемент веды. Якім чынам Сакрат здабываў веду? Распытваючы розных людзей і ставячы іхныя сьцьверджаньні пад сумнеў. Ці не нагадвае гэта вам працу журналіста, які бярэ інтэрвію з тым, каб высьветліць пазыцыю таго ці іншага чалавека адносна нейкай важнай праблемы ці сытуацыі?

За што пакаралі сьмерцю Сакрата? За тое, што сваімі пытаньнямі ён часам ставіў сваіх вядомых суразмоўцаў у тупік і тым самым вельмі “шкодзіў” рэпутацыі тых людзей, якія, як ім падавалася, усё і пра ўсё ведалі. А суразмоўцамі Сакрата даволі часта былі вядомыя людзі, якія мелі вялікую ўладу.

Сакрату маглі б дараваць жыцьцё, калі б ён сыйшоў з Афінаў альбо адмовіўся ад сваіх запытаньняў. Але ён гэтага не зрабіў. Адказ Сакрата вам вядомы: “Рабіць інакш, чым раблю, я ня буду, нават тады, калі мне прыйшлося б паміраць шмат разоў”. Дарэчы будзе адзначыць, што Сакрат жыў у той час, які гісторыкі называюць пэрыядам канца афінскай дэмакратыі. А спрабаваў ён абудзіць да жыцьцягрэцкае грамадзтва, у якім ужо пачыналіся працэсы распаду.

Вернемся аднак яшчэ раз да пазначанага вышэй парадоксу свабоды. Быць свабодным — значыць падпарадкоўваць свае дзеяньні найвышэйшаму ці найвышэйшай прыродзе чалавека. Гэтым найвышэйшым натуральна ня можа быць ні ўлада, ні сіла, ні карпаратыўныя інтарэсы, ні мае ўласныя эгаістычныя памкненьні. Найвышэйшае, узгадаем тут Канта, ёсьць рэч унівэрсальная. Свабода выказваньня як раз і ёсьць рэч унівэрсальная. Гэта відавочна, калі ўжыць аргумэнт ад супрацьлеглага: няма ніводнага чалавека, які б быў за тое, каб ягонае права выказваньня нехта абмяжоўваў. Затое, праўда, заўсёды знаходзяцца людзі, якія жадалі б абмяжоўваць права выказваньня іншых людзей.

Другой парадаксальнай характарыстыкай свабоды зьяўляецца тое, што яна не існуе без адказнасьці. Нагадаю пададзеную вышэй трактоўку адказнасьці. Быць адказным азначае: а) не адмаўляцца ад свае ўласнае волі, свабоды выбару ці, калі заўгодна, ад свае індывідуальнасьці; б) датрымоўвацца патрабаваньняў найвышэйшага. У полі адказнасьці патрабаваньні найвышэйшага для мяне і іншага фактычна цалкам супадаюць. Я не хачу, каб нехта чыніў нада мной гвалт, гэтага ж ня хоча і кожны іншы чалавек. Я не хачу, каб у мяне нешта скралі. Чалавек, які крадзе, дарэчы, таксама ня хоча, каб у яго нешта скралі. Гвалтаўнік заўсёды хоча, каб у дачыненьні да яго іншыя людзі паводзіліся маральна. Нарэшце, чалавек, які просіць спагады, апэлюе менавіта да маральнай, найвышэйшай прыроды чалавека.

Як жа канкрэтна зрэалізоўваецца ў дэмакратычных грамадзтвах свабода выказваньня і свабода прэсы? Спосабаў іх рэалізацыі некалькі. Перадусім гэта прававыя гарантыі, якія вынікаюць з прагалошанага канстытуцыямі дэмакратычных краінаў права свабоды выказваньня і свабоды прэсы. Гэтае права мае забараняльны характар. Да прыкладу, Біл аб правах амэрыканскай канстытуцыі забараняе любому ўраду ЗША абмяжоўваць у якой бы там ні было форме права на свабоднае выказваньне грамадзянаў і ажыцьцяўленьне свабоды прэсы. Гэтае права гарантуецца судовай сыстэмай, а ягонае парушэньне вядзе да крымінальнай і іншых відаў адказнасьці. Як і якія прававыя нормы забесьпячэньня свабоды слова і прэсы дзейнічаюць у розных краінах, вы ўжо ведаеце з лекцыяў па заканадаўству аб СМІ.

Практычным механізмам ажыцьцяўленьня свабоды слова і прэсы зьяўляецца таксама функцыянаваньне разнастайных СМІ. (Калі ў грамадзтве не існуе шырокай разнастайнасьці СМІ, свабоду слова забясьпечыць цяжка альбо ўвогуле немагчыма.)

Як вядома, людзі не зьяўляюцца падобнымі адзін на аднаго па сваіх поглядах, інтарэсах і перакананьнях. У дэмакратычных грамадзтвах, да таго ж, існуе вялікае мноства разнастайных сацыяльных групаў і груповак, погляды і інтарэсы якіх не супадаюць. Права на свабоду слова гэтых розных асобаў, групаў і груповак якраз і забясьпечваецца праз існаваньне шырокага спэктру сродкаў інфармацыі, якія рэпрэзэнтуюць грамадзкую апінію практычна ўва ўсіх яе сэгмэнтах. На пасіўным узроўні свабода выказваньня забясьпечваецца праз свабодны выбар на інфармацыйным рынку тых выданьняў альбо радыё- і ТВ-каналаў, якія найбліжэй адлюстроўваюць вашыя погляды, меркаваньні і ацэнкі. Урэшце, любая сацыяльная групоўка ці асоба бесперашкодна — менавіта бесперашкодна — можа стварыць любы сродак інфармацыі дзеля выяўленьня сваіх поглядаў і перакананьняў. І гэта адбываецца менавіта так, бо свабода прэсы ёсьць насамрэч неад’емнай часткай свабоды асобы. Як казаў яшчэ ў 1786 годзе Томас Джэфэрсан, бацька амэрыканскай Дэклярацыі аб незалежнасьці: “Наша свабода залежыць ад свабоды прэсы, і яе немажліва абмежаваць, каб не згубіць цалкам”.

Нарэшце, свабода прэсы забясьпечваецца таксама і праз свабоду журналісцкай дзейнасьці, якая ў дэмакратычных грамадзтвах прызнаецца сацыяльна значнай, а журналістам гарантуецца права на бесперашкоднае атрыманьне інфармацыі.

У гэтым шэрагу канкрэтных мэханізмаў забесьпячэньня свабоды слова ў дэмакратычных грамадзтвахжурналісцкая этыка зьяўляецца ўнутраным альбо прафэсійным мэханізмам асягненьня свабоды слова. Яна рэгулюе журналісцкую дзейнасьць такім чынам, каб вынікам гэтай дзейнасьці была аб’ектыўная, г.зн. праўдзівая, усебаковая і поўная інфармацыя. Відавочна, што ўсе пералічаныя азначэньні інфармацыі маюць непасрэднае дачыненьне да свабоды слова. Свабода слова немажлівая, калі інфармацыя не аб’ектыўная, не праўдзівая, не ўсебаковая і ня поўная.

Мінімальным патрабаваньнем аб’ектыўнасьці інфармацыі зьяўляецца яе неілжывасьць. А таму адзін з прынцыпаў журналісцкай этыкі прагалошвае: “Публікацыя ілжывай інфармацыі недапушчальная”. У асабова-прадпісальнай форме гэты самы прынцып будзе гучаць так: “Не публікуй ілжывай інфармацыі”.

Чаму публікацыя ілжывай інфармацыі недапушчальная, і якім чынам яна супярэчыць свабодзе слова?

Перадусім ілжывая інфармацыя можа зашкодзіць канкрэтнай асобе. Калі гэтая інфармацыя тычыцца якой-небудзь кампаніі, ці арганізацыі, ці партыі, яна негатыўна паўплывае на іхны імідж альбо рэнамэ. Не зашкодзь, як вядома, — гэта ня толькі прынцып Гіпакратавай клятвы, але і частка агульнага этычнага прынцыпу. Да таго ж трэба мець на ўвазе, што растыражаваная ілжывая інфармацыя можа стацца падставай для прыняцьця неадэкватных рашэньняў; у крызысных сытуацыях яна можа лёгка разбурыць атмасфэру даверу і прывесьці да ўзьнікненьня канфліктных сытуацыяў. Нарэшце, ілжывая інфармацыя шкодзіць і самому выданьню, якое яе распаўсюджвае. Яна падрывае давер чытача да гэтага выданьня.

Ілжывая інфармацыя, аднак, можа цалкам сьвядома распаўсюджвацца ў СМІ. У такім выпадку яна мае на мэце маніпуляваньне грамадзкай думкай. Яе мэтамі зьяўляюцца таксама забесьпячэньне якіх-небудзь карпаратыўных інтарэсаў, змаганьне супроць апанэнтаў і канкурэнтаў, утрыманьне ўлады незаконнымі сродкамі і дыскрэдытацыя апазыцыйных палітычных сілаў. Такая сытуацыя характэрная для аўтарытарных і таталітарных рэжымаў. Відавочна, што ілжывая інфармацыя мае найбольш шанцаў распаўсюджвацца ў тых грамадзтвах, дзе не існуе рэальнай свабоды прэсы і менавіта ў тым сэнсе, што ў такіх грамадзтвах ёсьць толькі кантраляваная, найчасьцей дзяржавай, прэса і адсутнічаюць альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі.

Неілжывасьць, гэткім чынам, — мінімальнае і абавязковае патрабаваньне аб’ектыўнасьці інфармацыі. Другім яе патрабаваньнем зьяўляецца бесстароннасьць.

У прадпісальнай форме гэты прынцып журналісцкай этыкі можа гучаць так: “Будзь бесстароньні ў падрыхтоўцы і падачы інфармацыі”.

Быць бесстароньнім азначае быць перадусім незаангажаваным у нейкую толькі адну пазыцыю, нават калі гэтую пазыцыю падзяляе большасьць людзей. Гэты прынцып базуецца на тым факце, што ніхто з нас не валодае абсалютнай ісьцінай. А людзі, якія сьцьвярджаюць, што яны ведаюць ісьціну, гэта найверагодней людзі ідэалягічна заангажаваныя. У гісторыі чалавецтва прэтэнзіі на веданьне ісьціны найчасьцей сыходзілі ад стваральнікаў розных ідэалёгіяў і іх пасьлядоўнікаў. Канцовыя ісьціны для ўсяго чалавецтва прагалошвалі ідэолягі марксызму, фашызму, расавай альбо нацыянальнай выключнасьці, прадстаўнікі розных рэлігійных сэктаў і вучэньняў поўнага шчасьця для ўсяго чалавецтва.

Аб’ектыўная інфармацыя — гэта толькі складовая частка веды, але зусім ня шчасьця і не канцовай ісьціны, пра што журналіст і мусіць памятаць пры ажыцьцяўленьні сваёй прафэсійнай дзейнасьці.

Бесстароннасьць — гэта таксама і эмацыйная незаангажаванасьць. Суаднясем гэтае патрабаваньне журналісцкай этыкі з тым, што сьцьвярджалі кінікі. Найвышэйшым дабром для чалавека ёсьць самакантроль і самавалоданьне як спосаб удасканаленьня чалавечай душы. Эмоцыі, і тым больш моцныя эмоцыі, могуць скажаць нашае бачаньне рэчаіснасьці. У залежнасьці ад таго, любім мы нешта альбо ненавідзім, мы па-рознаму будзем апісваць адзін і той жа прадмет. А таму бесстароннасьць — гэта неабходная ўмова аб’ектыўнага асьвятленьня той ці іншай грамадзкай падзеі альбо зьявы.

Калі ж гаворка ідзе пра нейкую падзею, у якую заангажаваныя многія людзі, і яны ставяцца да гэтай падзеі па-рознаму, важна ў артыкуле падаць пункты гледжаньня ўсіх зацікаўленых бакоў. Гэта якраз і забясьпечыць бесстароннасьць альбо, калі заўгодна, рознабаковасьць асьвятленьня падзеі. Асабліва важна гэта зрабіць, калі гаворка ідзе пра нейкую канфліктную сытуацыю. Як пішуць аўтары брашуры “Асновы журналістыкі. Амэрыканскі досьвед”, “калі ў матэрыяле прадстаўленыя ня ўсе бакі, ён ня дасьць чытачу цалкам праўдзівай карціны здарэньня альбо канфлікту. Нават пункт гледжаньня меншасьці — хоць гэта можа быць і экстрэміст, і фанатык, і які-небудзь шаленец — таксама варты таго, каб быць прадстаўленым”.

You may also like...