“Алесь Разанаў: невядомая велічыня”
by калегіюм · 25.10.2021
Запіс падзеі
Сустрэча прайшла. Запіс можна паглядзець на youtube-канале Беларускага калегіюма (відэа вышэй).
ЗНО. ЛІТАРАТУРНА-ФІЛАСОФСКАЯ КАВЯРНЯ
“Алесь Разанаў: невядомая велічыня”
Што
Алесь Разанаў быў першым публічным прамоўцам Беларускага Калегіюму, на чыё ўрачыстае адкрыццё ён адмыслова напісаў і прачытаў свой славуты тэкст “Слова пра спадчыну”. І кожны новы этап у развіцці Калегіюму нязменна пачынаўся з гутарак з Алесем Разанавым. Апошняя з іх адбылася на пачатку 2020 году, яшчэ ў жывым фармаце. А зумаўскі працяг зладзіць планавалі, ды не паспелі… Цяпер гутаркі і тэксты могуць быць ужо толькі пра яго…
Мы будзем асэнсоўваць маштаб постаці і творчасці Разанава відаць столькі, колькі будзе Беларусь мысліць, і кожная эпоха будзе мець свайго Разанава, кожнае пакаленне будзе адкрываць яго для сябе ды наноў прачытваць, а ён будзе заставацца “ўперадзе на ўзмах крыла заўсёды”.
А пакуль ён зусім жывы ў нашай памяці, мы будзем гаварыць і пісаць пра яго, пра велізарную велічыню, з якой нам давялося сустрэцца і ў судатыкненні з якой мы кшталтавалі сябе.
28-га кастрычніка ў літаратурна-філасофскай кавярні ЗНО – названай акурат Разанаўскім словам – адбудзецца першая з такіх спроб прагаварыць “свайго Разанава”, згадаць важнае, узгадаць раней напісанае, прачытаць з ягоных тэкстаў самае любімае…
Хто
Валянцін Акудовіч, Ігар Бабкоў, Тацяна Вадалажская, Сяргей Дубавец, Ірына Дубянецкая, Мікола Матрунчык, Генадзь Сагановіч, Сяржук Сокалаў-Воюш ды іншыя.
Калі
28 кастрычніка 2021 г. (чацвер), 19.00.
Фота: скрыншот відэа budzma.org