Алесь СМАЛЯНЧУК. Асоба Кастуся Каліноўскага як даследчая праблема

План:

Уступ

1. К.Каліноўскі ў польскай гісторыяграфіі

2. Літоўская і беларуская гісторыяграфія пра Каліноўскага

3. Праблема інтэрпрэтацыі

Дакументы

Уступ

10 сакавіка 1864 г. у Вільні на шыбеніцы загінуў Вікенцій Канстанцін (Кастусь) Каліноўскі. Людзі, якія прыйшлі ў гэты дзень на Лукішскую плошчу, былі ўражаныя мужнасцю аднаго з кіраўнікоў паўстання. Нават у апошнія хвіліны жыцця ён захоўваў цвёрдасць духу і яснасць думкі. Падчас чытання смяротнага прысуду ён не ўтрымаўся ад рэплікі: “У нас нет дворян. Все равны…”[1] Гэты эпізод, а таксама іншыя звесткі пра апошнія дні жыцця ды напісаныя ім “Лісты з-пад шыбеніцы” прымушаюць яшчэ раз задумацца над яго асобай. Што дапамагло яму годна і мужна сустрэць смерць? Упэўненасць ва ўласнай праваце? Зацятасць і імкненне нават на эшафоце працягваць барацьбу? Шляхецкая бравада? Ці ён прымаў смерць з пачуццём, што гэта не канец?..

І сапраўды, фізічная смерць Кастуся Каліноўскага сталася пачаткам яго існавання як “справядлівага”, “рэвалюцыйнага дэмакрата”, “народнага героя”, “дыктатара Літвы”, “польскага тэрарыста” і г.д. у гістарычных даследаваннях, у публіцыстыцы, у літаратуры, ва ўсім тым, што нямецкія даследчыкі Яан і Алейда Асманы акрэслілі паняццем “культурная памяць”[2].

Зразумець матывы яго ўчынкаў, разгадаць загадку яго асобы складана. Каліноўскі ў нечым быў “тыповым чалавекам” сваёй эпохі, такім як усе, у нечым — такім як некаторыя, а ў нечым — не падобным ні да каго. Юры Лотман калісьці раіў даследчыкам, калі яны хочуць вытлумачыць нейкую гістарычную асобу, навучыцца аналізаваць яе пачуцці і эмоцыі. На жаль, даводзіцца канстатаваць, што амаль за стагоддзе беларускага каліноўсказнаўства якраз у гэтым накірунку зроблена было не шмат.

Пачынаць такую працу неабходна з аналізу гістарыяграфіі Беларусі, Польшчы, Літвы і Расіі. У гэтым артыкуле я засяроджуся на вывучэнні таго, як вобраз Каліноўскага паступова набываў беларускія нацыянальныя рысы ды пэўныя чалавечыя якасці…

1. К.Каліноўскі ў польскай гісторыяграфіі

Першымі, хто пачаў пісаць пра Каліноўскага, былі польскія даследчыкі, якія з’яўляліся непасрэднымі ўдзельнікамі паўстання[3], і ў прыватнасці сярод іх — Агатон Гілер, вядомы дзеяч групоўкі “белых” падчас паўстання. У чатырохтомнай працы Historia powstania narodu polskiego (Парыж, 1867—1871) гісторык характарызаваў К.Каліноўскага як галоўнага арганізатара паўстання ў Літве, адзначыў ягоную надзвычайную актыўнасць і “нязломнасць характару”. Нават смерць Каліноўскага, паводле А.Гілера, выглядала як перамога, бо “зрабіла моцнае ўражанне смеласцю і надзеяй на будучыню Польшчы”. Безумоўнай заслугай Гілера была публікацыя дакументаў, звязаных з асобай Каліноўскага. Пад назвай “Да беларускага народа” быў надрукаваны перадсмяротны зварот, сёння больш вядомы як “Лісты з-пад шыбеніцы”. Але аналізаваць дакументы А.Гілер не стаў. Незалежна ад іх зместу ён успрымаў Каліноўскага як польскага паўстанца, які дзейнічаў на тэрыторыі Літвы і Беларусі.

Таксама трэба прыгадаць працы Аляксандра Навалецкага (1868),Валерыя Пшыбароўскага (1887—1888; 1899—1919), ягоны пяцітомнік Dzieje 1863 roku. Апошні аўтар падаў кароткі біяграфічны нарыс Каліноўскага, у якім паведаміў пра ягоную прыналежнасць да роду дробнай мазурскай шляхты, якая некалі перасялілася ў Беларусь, прыгадаў бацьку-ткача са Свіслачы, адзначыў, што сам Каліноўскі ўжо падчас вучобы ў Пецярбургскім універсітэце ўваходзіў у рэвалюцыйную арганізацыю.

Баляслаў Ліманоўскі, які бачыў у дзейнасці К.Каліноўскага вытокі Польскай партыі сацыялістычнай (ППС), падаў больш падрабязную біяграфію Каліноўскага і паспрабаваў увесці ў гістарыяграфію ўжо не “дыктатара Літвы”, а рэальнага чалавека. Для яго Каліноўскі таксама заставаўся палякам, які ўздымаў на барацьбу беларускі народ між іншым з дапамогай Мужыцкай праўды.

У легальным друку Беларусі і Літвы артыкул “Канстанцін Каліноўскі” (аўтар Людвік Абрамовіч) з’явіўся толькі ў сакавіку 1906 г. на старонках Gazety Wilenskiej[4]. Рэдактарам газеты быў адзін са стваральнікаў ліберальна-дэмакратычнага накірунку “краёвай ідэі” Міхал Ромэр (1880-1945). Артыкул быў прымеркаваны да 42-й гадавіны смерці К.Каліноўскага.

Л.Абрамовіч (псеўданім Licz) зрабіў кароткі агляд жыцця і змагання Каліноўскага. Аўтар пісаў пра Мастаўляны, пра Свіслацкую прагімназію, вучобу ў Маскоўскім універсітэце, падчас якой Каліноўскі пачаў займацца актыўнай грамадскай дзейнасцю, за што калегі нават называлі яго “апосталам дэмакратычна-патрыятычных поглядаў”. Паводле публіцыста, за чытанне і распаўсюд забароненай літаратуры Каліноўскі быў выключаны з Маскоўскага ўніверсітэта, але здолеў працягнуць навучанне ў Пецярбургу. Там ён пазнаёміўся з Зыгмунтам Серакоўскім і Яраславам Дамброўскім, з расійскімі рэвалюцыянерамі, што аказала моцны ўплыў на яго погляды. Людвік Абрамовіч бачыў у Каліноўскім прыхільніка поглядаў Станіслава Ворцаля[5], Іахіма Лялевеля[6] і Аляксандра Герцэна[7]. Як некалі Людвік Мераслаўскі[8], К.Каліноўскі марыў пра адраджэнне Польшчы як “народнай федэратыўнай дзяржавы”.

Аўтар адзначыў велізарную ролю Каліноўскага ў паўстанні 1863 г., ягоную папулярнасць сярод радыкальнай моладзі, прыгадаў, што расійскія ўлады назвалі яго “дыктатарам Літвы”. Публіцыст распавёў пра арышт Каліноўскага, ягоную мужнасць падчас следства і смяротнага пакарання. Таксама быў прыгаданы зварот да беларускага народа, у якім Каліноўскі заклікаў да барацьбы “за чалавечыя і нацыянальныя правы”. Людвік Абрамовіч убачыў у дзейнасці і поглядах Каліноўскага вытокі краёвай ідэі ў яе дэмакратычным варыянце.

2. Літоўская і беларуская гісторыяграфія пра Каліноўскага

Ператварэнне Каліноўскага з польскага паўстанца ў героя беларускага вызвольнага руху адбылося ў перыяд аслаблення і распаду Расійскай імперыі і свайго роду “геапалітычнай рэвалюцыі” ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе другой дэкады ХХ ст.

Першая спроба паказаць значэнне Каліноўскага для беларусаў і беларускага руху належыць Леану Васілеўскаму[9]. У кнізе Litwa і Bialorus. Przeszloscteraz nie jszosctendencje rozwojowe (Кракаў, 1912) Каліноўскі быў згаданы як аўтар першых беларускіх палітычных тэкстаў.

Вялікае значэнне мелі даследаванні літоўскага гісторыка і грамадскага дзеяча Аўгусцінаса Янулайціса (1878—1950). У 1921 г. у перыядычным друку з’явіўся ягоны артыкул 1863 metu sukilimo veikejai Lietuvoje (Дзеячы паўстання 1863 г. у Літве) (Švietimo Darbas. 1921, Nr 1—2). А.Янулайціс упершыню трактаваў Каліноўскага як беларускага нацыянальнага героя, які моцна канфліктаваў з Варшавай. Пры гэтым ён паспрабаваў ахарактарызаваць асобу “дыктатара Літвы”. Літоўскі даследчык сцвярджаў, што Каліноўскі быў прыхільнікам жорсткіх дзеянняў і смяротнага пакарання шляхціцаў-здраднікаў толькі на словах. У практыцы такіх жорсткіх дзеянняў не было. Каліноўскі рабіў выключэнні і шкадаваў людзей. Ён таксама клапаціўся пра сяброў, якія траплялі ў рукі ворага. Нават пагроза арышту не перашкаджала “дыктатару” прысутнічаць пры пакараннях і высылцы сваіх сяброў і паплечнікаў[10].

Беларуская гістарыяграфія жыцця і дзейнасці Кастуся Каліноўскага пачынаецца з артыкула Вацлава Ластоўскага “Памяці справядлівага” ў газеце Гоман (№ 1 ад 16 лютага 1916 г.). Аналіз гэтага тэксту дазваляе сцвярджаць, што В. Ластоўскі выкарыстаў факталагічны матэрыял ужо згаданай публікацыі Л.Абрамовіча (1906). Каб падкрэсліць беларускасць галоўнага героя, В.Ластоўскі апублікаваў фрагменты “Лістоў з-пад шыбеніцы” з пэўнымі праўкамі. У прыватнасці, у вершы Каліноўскага замест “Марыські чарнабрэвай” пачала фігураваць “Беларуская зямелька, галубка мая” і г.д. Таксама ўпершыню была выкарыстана адна з беларускіх формаў імя Канстанцін — Касцюк.

У 1919 г. ксёндз Уладзіслаў Талочка ў артыкулах на старонках газеты “Беларускае жыццё” (№№ 9, 10) характарызаваў К.Каліноўскага як “глаўнага ваяку за дэмакратычнае Адраджэнне Беларусі”, “чалавека, які вельмі любіў Беларусь”, “вялікага ваяку за Адраджэнне беларускага народу”. Аўтар распавядаў пра адкрыццё беларускіх школ, падрыхтоўку да выдання беларускіх кніг і г.д. Ён паўтарыў публікацыю “Лістоў з-пад шыбеніцы” (па версіі “Гомана” 1916 г.), але пры гэтым заўважыў, што Каліноўскі і яго паплечнікі (Сонгін, Ражаньскі, Урублеўскі) “адначасна былі польскімі патрыётамі”.

Пазней з’явіліся публікацыі Івана Цвікевіча (1921), Усевалада Ігнатоўскага (1930) ды Адама Станкевіча (1933), якому належаць найбольш грунтоўныя працы міжваеннага перыяду. У пазнейшыя часы вялікі ўнёсак у каліноўсказнаўства зрабілі Вячаслаў Шалькевіч, Генадзь Кісялёў, Анатоль Смірноў, Міхась Біч ды інш. Аўтарам найбольш значнага біяграфічнага даследавання стаў В.Шалькевіч (1988), а дзякуючы Г.Кісялёву мы маем збор дакументаў “За нашую вольнасць” серыі “Беларускі кнігазбор” (1999). Таксама належыць згадаць матэрыялы зборнікаў дакументаў, падрыхтаваных да 100-годдзя паўстання 1863 г. пры актыўным удзеле расійскага даследчыка Анатоля Смірнова[11].

Лёс Каліноўскага ў беларускай гістарыяграфіі не быў занадта шчаслівым. Перыядычна распачыналіся дыскусіі наконт яго месца ў беларускай гісторыі. Такія даследчыкі, як С.Агурскі (30-я гг.), у пазнейшыя часы У.Казбярук, І.Новік і г.Марцуль (90-я гг.) спрабавалі занесці Каліноўскага ў спіс “фальшывых маякоў” беларускай гісторыі. Сёння гэтыя спробы набылі больш прадуманы характар, бо за публікацыямі Аляксандра Гронскага, Якава Трашчанка, Анатоля Астапенкі ды некаторых іншых бачная цень ідэолагаў сучаснай беларускай дзяржавы. Дастаткова прыгадаць характарыстыку Кастуся Каліноўскага ў падручніку па гісторыі Беларусі для 10 класа сярэдніх школ з беларускай мовай навучання (2008, пад рэд. Я.Трашчанка). Кіраўнік паўстання “За вольнасць нашу і вашу” на старонках гэтага выдання ператвараецца ў польскага фанатыка-рэвалюцыянера, які адстойваў польскае панаванне ў Беларусі. Між тым, паводле Трашчанка, “адраджэнне Беларусі як нацыі магчыма толькі ў дзяржаўным саюзе з Расіяй” і г.д.

Пры ўсёй выразнай палітызаванасці чарговай спробы дэгераізацыі Каліноўскага, сучасная дыскусія вакол ацэнкі яго жыцця і дзейнасці высветліла пэўныя праблемы. Нават павярхоўны агляд гістарыяграфіі прымушае прызнаць, што беларускія даследчыкі так і не здолелі стварыць цэльнага вобраза чалавека, які стаяў на чале паўстання. Вобраз распадаецца на асобныя фрагменты, сярод якіх выразна дамінуе постаць “дыктатара Літвы”. Між тым відавочна, што дзеля разумення, напрыклад, свядомасных арыенціраў Каліноўскага, трэба значна пашырыць нашы веды пра чалавека, які пражыў кароткае, але вельмі насычанае падзеямі жыццё, у якім апроч паўстання былі звычайныя чалавечыя радасці і расчараванні, а мужнасць апошніх дзён і заклікі працягваць змаганне з Імперыяй спалучалася з успамінамі пра нарачоную Марылю Ямант (“Марыська чарнабрэва, галубка мая…”).

3. Праблема інтэрпрэтацыі

Стварэнню цэльнага вобраза Каліноўскага можа дапамагчы біяграфістыка (біяграфіка), якая з перыферыйнага накірунку гістарычных даследаванняў паступова ператвараецца ў асобную галіну гуманітарных ведаў. Даследаванні сацыёлагаў, псіхолагаў і філосафаў ХХ ст. Шарлоты Бюлер, Зігмунда Фрэйда, Мікалая Рыбнікава, Ралана Джорджа Калінгвуда, Поля Кендала, Міхаіла Ярашэўскага, Юрыя Лотмана дапамаглі зразумець, наколькі складаную структуру мае жанр навуковай біяграфіі. У другой палове ХХ ст. нарадзілася інтэлектуальная гісторыя, якая ў адносінах да біяграфіі прапанавала храналагізм і факталагічную дакладнасць, а таксама выявіла здольнасць да шматаспектнага вывучэння біяграфіі. Якраз інтэлектуальна-гістарычны кантэкст з’яўляецца кагнітыўным падмуркам для біяграфістыкі, якая, безумоўна, належыць да сферы міждысцыплінарных гуманітарных даследаванняў.

Біяграфістыку сёння трактуюць як рэканструкцыю гісторыі індывідуума, якая дапамагае адказаць на наступныя пытанні: як асоба, яе жыццёвы шлях, дынаміка сацыяльных роляў упісваецца ў гістарычны і культурны кантэкст; як зафіксаваць унікальнасць і непаўторнасць перажывання сацыяльных працэсаў самімі ўдзельнікамі гістарычнай падзеі; як адмовіцца ад разумення індывідуальнасці як свайго роду сацыяльнага атама, паводзіны якога нібыта дэтэрмінаваны сацыяльнымі законамі, ды інш.[12]

Але біяграфістыка не можа быць эфектыўнай без адпаведных крыніцаў. Наогул многія складанасці ў вывучэнні жыцця і дзейнасці Каліноўскага абумоўленыя якраз нявырашанасцю крыніцазнаўчай праблемы. Перадусім, трэба адзначыць, што мы і сёння не ведаем, што з тэкстаў, вядомых нам за подпісам “Яські-гаспадара з-пад Вільні”, напісаў сам Каліноўскі, што ён пісаў у сааўтарстве, што пісалі іншыя, карыстаючыся ягоным псеўданімам.

Адсутнічае комплексны аналіз усіх тэкстаў “Яські-гаспадара…” Можна казаць толькі пра спробы такога аналізу. У прыватнасці, беларускі філолаг з Варшавы Ніна Баршчэўская, аналізуючы мову “Мужыцкай праўды” і “Лістоў з-пад шыбеніцы”, звярнула ўвагу на істотныя моўныя адрозненні № 7 газеты[13]. Таксама трэба адзначыць, што гэты нумар выразна адрозніваецца зместам (вельмі брутальны, з пагрозамі, нагадвае змест вядомага Загаду-звароту да сялян зямлі літоўскай і беларускай, што з’явіўся прыблізна ў той самы час (чэрвень 1863 г.), нарэшце, утрымлівае непраўдзівыя звесткі пра дапамогу паўстанцам з боку Францыі, пра вяртанне польскаму сялянству ўніяцкіх храмаў і г.д.). Між тым, першая беларуская газета выразна трымалася ідэі праўды, “мужыцкай праўды”…

Вядомы літоўскі гісторык культуры і супрацоўнік бібліятэкі Акадэміі навук Літвы Владас Абрамавічус у рукапісе працы, прысвечанай гісторыі беларускага друку (1949), сцвярджаў, што №3 “Мужыцкай праўды” быў напісаны Валерыем Урублеўскім[14]. Меркаванне даследчыка, хутчэй за ўсё, грунтавалася на паметцы “Pisal Walery Wróblewski” на асобніку гэтага нумару “Мужыцкай праўды”, які захоўваецца ў Аддзеле старой перыёдыкі гэтай бібліятэкі. Аўтарам гэтай паметкі звычайна лічаць адваката і краёўца Тадэвуша Урублеўскага, які сабраў унікальную калекцыю кніг, рукапісаў і перыядычнага друку. (Дарэчы, на згаданым асобніку “Мужыцкай праўды” захаваўся наклеены экслібрыс “Wlasnosc Eustachego Tyszkiewicza”…)

Праблема аўтарства ўзнікае ў дачыненні да вядомага ліста “Яські-гаспадара з-пад Вільні” “Да мужыкоў зямлі польскай”. У свой час яшчэ Адам Станкевіч сцвярджаў, што Каліноўскі не з’яўляецца аўтарам гэтага звароту. Святар і гісторык быў пэўным, што Каліноўскі не мог звярнуцца да беларускіх сялянаў са словамі: “Мы, што ямо хлеб польскі…”[15] У пазнейшыя часы польскі гісторык Кшыштаф Канкалеўскі таксама сцвярджаў, што аўтара гэтага ліста трэба шукаць сярод “белых” у Варшаве, што хтосьці з польскіх дзеячаў (Дзюлеран?) выкарыстаў папулярны псеўданім[16]. Да такой жа думкі схіляўся і Міхась Біч[17].

Сур’ёзнага тэкстуальнага аналізу патрабуюць апублікаваныя беларускімі і польскімі даследчыкамі тэксты “Мужыцкай праўды” і “Лістоў з-пад шыбеніцы”. Як ужо адзначалася, упершыню яны былі апублікаваныя Агатонам Гілерам. Трэба прызнаць, што змест “Лістоў з-пад шыбеніцы” ў некаторых публікацыях моцна адрозніваўся ад тэксту ў кнізе А.Гілера. Першыя выпраўленні заўважаныя ў згаданым артыкуле Вацлава Ластоўскага (1916). Хто і калі ўнёс гэтыя праўкі ў змест апошніх лістоў Каліноўскага, мы не ведаем. Ці зрабіў іх сам Ластоўскі, ці ён атрымаў ужо папраўленыя тэксты?..

Таксама варта адзначыць недастаткова ўважлівае прачытанне тэкстаў К.Каліноўскага. Далёка не ўсе даследчыкі ўсведамляюць той факт, што аўтар, прынамсі, большасці тэкстаў “Мужыцкай праўды” атрымаў вельмі добрую юрыдычную адукацыю (выпускнік факультэта камеральнага права Пецярбургскага ўніверсітэта са ступенню кандыдата права) і, да таго ж, дзякуючы старэйшаму брату Віктару добра арыентаваўся ў гісторыі Літвы-Беларусі.

Істотным недахопам беларускага каліноўсказнаўства з’яўляецца недастатковая ўвага да дакументаў, якія належаць да свайго роду “сямейнага архіва” Каліноўскага. У прыватнасці, грунтоўнага аналізу патрабуюць паказанні бацькі, Сымона Каліноўскага. Недастаткова асэнсаваная роля Віктара Каліноўскага ў фарміраванні свядомасці малодшага брата. Неабходна працягваць пошукі матэрыялаў, звязаных з іншымі прадстаўнікамі шматлікай сям’і. Паводле В.Шалькевіча, толькі ад шлюбу Сымона Каліноўскага з Веранікай Рыбіньскай нарадзілася 12 дзяцей (большасць памерла ў дзяцінстве). У другім шлюбе з Ізабэлай Лазарэвіч нарадзілася яшчэ 5 дзяцей[18].

Пра значны даследчы патэнцыял гэтых дакументаў сведчаць, між іншым, лісты сястры Каліноўскага Казіміры Багушэвіч і Марыі Плаўскай (гл. ніжэй), якая, верагодна, таксама была ягонай сястрой альбо блізкай сваячаніцай. Лісты былі напісаныя ўвесну 1905 г. невядомаму адрасату ў Вільню. Яны знаходзяцца ў фондзе Таварыства сяброў навук Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва. Гісторыя гэтых дакументаў патрабуе асобнага даследавання.

Пакуль можна толькі адзначыць, што ў 1905 г. нехта з кола віленскіх “літоўскіх палякаў” і, верагодна, краёўцаў пачаў збіраць матэрыялы пра Каліноўскага. Пошукі адрасата гэтых лістоў прымушаюць уважліва прыглядзецца да тагачаснай віленскай польскай эліты дэмакратычнай і краёвай арыентацыі. Адрасатам, напрыклад, мог быць ужо згаданы карэспандэнт “Gazety Wilenskiej” Людвік Абрамовіч. Аднак параўнанне той інфармацыі, якая ўтрымлівалася ў лістах Казіміры Багушэвіч і Марыі Плаўскай, са зместам артыкула Л.Абрамовіча сведчыць, што яны, хутчэй за ўсё, былі невядомыя апошняму. У ягоным артыкуле пераважаюць звесткі, прыведзеныя Баляславам Ліманоўскім у кнізе Historia powstania narodu polskiego. 1863 і 1864 (Львоў, 1882).

Верагоднымі збіральнікамі інфармацыі пра Кастуся Каліноўскага могуць быць Уладзіслаў Захорскі і Станіслаў Касцялкоўскі. У сакавіку 1907 г. менавіта яны ўвайшлі ў кіраўніцтва віленскага Таварыства сяброў навук і актыўна займаліся гістарычнай праблематыкай. Таксама адрасатам К.Багушэвіч і М.Плаўскай мог быць Вацлаў Студніцкі. У лютым 1916 г. ён быў адным з ініцыятараў раскопак магілы паўстанцаў на вяршыні Замкавай гары ў Вільні. Пазней на старонках “Dziennika Wilenskiego” В.Студніцкі падрабязна апісаў гэтыя раскопкі, а ў 1925 г. апублікаваў даследаванне смяротных пакаранняў дзеячаў паўстання[19]. У кожным выпадку, высвятленне таямнічага адрасата можа абярнуцца знаходкамі новых дакументальных матэрыялаў, звязаных з Каліноўскім.

Прачытанне лістоў Казіміры Багушэвіч і Марыі Плаўскай дапамагае абвергнуць сумненні Я.Трашчанка і яго аднадумцаў у правамоцнасці ўжывання імя “Кастусь” (“Канстанцін, Konstanty”) у даследаваннях. Блізкія Каліноўскага ў двух кароткіх лістах 13 разоў згадвалі імя “Konstanty”. Форма “Wincenty Konstanty” прыводзілася толькі ў выпадку цытавання афіцыйных дакументаў, напрыклад, запісу ў метрычнай кнізе. Зразумела, што ў сямейным і сяброўскім ужытку “Канстанціна” павінны былі замяняць пэўныя змяншальна-ласкавыя формы.

Таксама звяртае на сябе ўвагу адназначнае сцвярджэнне Казіміры Багушэвіч, што Кастусь Каліноўскі ніколі не вучыўся ў Маскве. Гэта здзіўляе, бо пра сваё маскоўскае навучанне казаў сам Каліноўскі падчас следства. Аднак дакументальнае пацвярджэнне ягонай вучобы ў Маскоўскім універсітэце да гэтага часу не знойдзена.

Цікавасць выклікае згадка пра ліст Каліноўскага, які яго сям’я атрымала з Пецярбурга напрыканцы 1862 г. Паводле Марыі Плаўскай, ліст быў перададзены вайсковаму начальніку Ваўкавыскага павета падпалкоўніку Казанлі[20]. Аднак у рукі даследчыкаў гэты ліст пакуль не трапіў.

Аналіз зместу лістоў таксама дазваляе вызначыць кола асобаў, якія яшчэ на пачатку ХХ ст. маглі мець пэўныя дакументы або прадставіць уласныя ўспаміны пра асобу славутага “дыктатара Літвы”. У прыватнасці, гэта Фелікс Ражаньскі і Эльжбета Данцэвіч, а таксама стрыечны брат Казіміры Багушэвіч з Берасцейскага пав. Дарэчы, запісы, зробленыя віленскім адрасатам лістоў, сведчаць, што менавіта дзякуючы Казіміры Багушэвіч мы маем вядомы фотаздымак Кастуся Каліноўскага, выкананы А. Банольдзі ў 1862 г. Яна ж паведаміла пра існаванне страчанага архіва Віктара Каліноўскага.

ДАКУМЕНТ

Літоўскі Дзяржаўны гістарычны архіў. Фонд 1135. воп. 4, ад.з. 381. Арк. 1 -1 адв. Карэспандэнцыя, якая датычыць Канстанціна Каліноўскага. 1905

Ліст Казіміры Багушэвіч з Каліноўскіх[21]

Шаноўны пан!

Як прыгадваю, ці не знаходзіцца фотаздымак с.п. Канстанціна ў майго стрыечнага брата ў Брэсцкім[22], куды ў хуткім часе збіраюся паехаць, калі ён там сапраўды ёсць, здаецца, у большым фармаце і лепшы, то вышлю яго да Пана. Фотаздымак, які даслала, быў зроблены ў 1862 г. у Вільні, дзе найбольш знаходзіўся, меў тады 26 гадоў. Шмат інфармацыі пра с.п. Канстанціна можна было б даведацца ў пана Фелікса Ражаньскага, які ў тыя часы займаў пасаду каморніка ў Вялікай Бераставіцы ў графа Касакоўскага. З ім Канстанцін сябраваў. Падчас знаходжання Канстанціна ў доме ён часта ў нас бываў, і часцяком яны разам выязджалі. Пасля 63 г. Ражаньскі пасяліўся ў Кракоўскім, ведаю, што там ён ажаніўся і праз пані Дамброўску з Шніпава , якая ездзіла ў Кракоўскае, прыслаў знаёмым і сябрам фотаздымак свой і жонкі, такім чынам і для мяне прыслаў, але, ці ён жывы і дзе пражывае, не ведаю. Не ведаю, ці Ш. Пан ведае, што Канстанціна забраў у Пецярбург с.п. Віктар, і што Канстанцін закончыў прагімназію ў Свіслачы, 5 класаў. Паехаўшы ў Пецярбург, падрыхтаваўся і паступіў на Праўна-камеральны факультэт, атрымліваў стыпендыю, закончыў кандыдатам. Чытала замежную кніжку пра паўстанне, дзе пераблыталі с.п. Віктара і Канстанціна, бо ў Маскве быў толькі Віктар і ў Публічнай імператарскай бібліятэцы сляпіўся ў Пецярбургу с.п. Віктар і скончыў сухотамі. Шмат прывёз папераў сваёй працы, а с.п. Эльжбета Данцэвіч прадала іх за некалькі соцен рублёў у Варшаве, а каму, не ведаю. У тых паперах было шмат помнікаў старажытнасці. Таксама пра с.п. бацьку сказана сын ткача, на самай справе ў Якушоўцы была фабрыка льняных вырабаў, трымаў работнікаў, а сам імі кіраваў. Пра с.п. Канстанціна з тых часоў магла бы…

(далей неразборліва. Заканчэнне ліста адсутнічае — А.С.)

Пераклад з польскай аўтара

Літоўскі Дзяржаўны гістарычны архіў. Фонд 1135. воп. 4, ад.з. 381. Арк. 2 -3 адв.

Ліст Марыі Плаўскай

1905 году 29 сакавіка

Шаноўны пан!

Нарэшце атрымала патрэбныя звесткі пра с.п. Канстанціна. Свіслацкі пробашч вельмі заняты ўпарадкаваннем касцёла, ставіць агароджу на могілках. Узорнага маем цяпер ксяндза.

Канстанцін быў хрышчаны Ялоўскім пробашчам, бо Мастаўляны належаць да Ялоўскай парафіі. Вінцэнт Канстанцін нарадзіўся 1838 года 21 студзеня. Маці Вераніка Рыбіньска з Янушэўскіх, бацька — Сымон… (далей неразборліва — А.С.)

Канстанцін перад сваёй смерцю наведаў дом: пасля смерці с.п. Віктара, які памёр у кастрычніку перад хваляваннямі ў Каралеўстве Польскім, праз два тыдні пасля яго смерці прыехаў Канстанцін да дому і, нягледзячы на ўсе просьбы с.п. бацькі, не стаў доўга затрымлівацца. Быў у доме толькі адзін дзень, а пасля яго выезду на другі дзень прыехала свіслацкая паліцыя, шукаючы яго, а разам з ёй нейкая фігура з Гродна.

Другі раз быў у доме толькі некалькі гадзін. Прайшоў вайсковы атрад, а ён прыехаў тады з Ялавеска (?) з другім маладым чалавекам, якога, відавочна, вельмі паважаў. Маладзён быў прыстойны і меў сівыя валасы. Тады ён апошні раз быў у доме, а тады, калі прыязжаў пасля смерці брата, то яго пераследавалі, але яны былі на другім баку Нёмана, а калі Канстанцін дабраўся да Гродна, то знайсці яго ўжо не здолелі.

Аднойчы таксама прыслаў нам ліст з Пецярбургу, які прадставілі мы вайскому начальніку Казанлі.

Влодзя метрыку дастала з кнігі. Ксёндз адмаўляў, не хацеў сам высылаць яе да кансістора, але цяпер пагадзіўся з тым і ўзяў 3 рублі. Ці гэтай сумы будзе дастаткова невядома, як вернецца метрыка з кансісторыя.

Сымонак у Пецярбургу пасля чакання пэўны час быў прыняты кандыдатам на начальніка ст. або касіра, назначана чатыры месяцы навучання, як пісаў, а іншым год часу, таму напісаў, што не ведае, ці будзе для яго добра ці кепска, калі атрымаецца здаць экзамен, прызначаная пенсія 25 руб. Пісаў, што разам з ім паступілі інжынеры і сыны вышэйшых чыноўнікаў чыгуначных, таму, гаворыць, што экзамен напэўна для іх будзе лягчэйшы. Сымона рэкамендавала нейкая Пані.

Заканчваю сваю балбатню, бо ўжо шмат нагаварыла.

Абдымаю Ядзю, кланяюся пану Зыгмунту, застаюся з глыбокай павагай і шчырымі пажаданнямі

Марыя Плавска.

Прашу шаноўнага пана паведаміць пра атрыманне майго ліста

Пераклад з польскай аўтара

Гэтыя лісты сведчаць пра высокі даследчы патэнцыял вядомай нам крыніцазнаўчай базы каліноўсказнаўства, а таксама пра неабходнасць пошуку іншых крыніцаў і верагоднасць новых знаходак.

Можна толькі пашкадаваць, што беларускія даследчыкі часцяком нагадваюць пажарную каманду, якая раз-пораз кідаецца тушыць “пажар” вакол знакавых постацяў беларускай гісторыі. Варта падумаць над доўгатэрміновай праграмай вывучэння жыцця і дзейнасці Кастуся Каліноўскага, каб зразумець не толькі “Яську-гаспадара з-пад Вільні”, але і таго маладога мужчыну, жыццё якога трагічна абарвалася на Лукішскай плошчы ў Вільні ў сакавіку 1864 г.

[1] Апошнія словы (паводле А. Масалова) // Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасць. Творы, дакументы. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 1999. С. 208.

[2] Ассман Я. Культурная память. Письмо, память о прошлом и политическая идентичность в высоких культурах древности. Москва, 2004.

[3] Больш грунтоўна гэтая тэма разглядалася ў артыкуле А. Смаленчука Кастусь Каліноўскі ў польскай гістарычнай традыцыі  (Спадчына. 1998. № 2. С. 84-105).

[4] Gazeta Wilenska. 1906 № 17 ад 7 (20).03.1906

[5] Станіслаў Ворцаль (Worcell) (1799-1857) – палітык, удзельнік паўстання 1830-1831 г., дзеяч “Вялікай эміграцыі”, прыхільнік сацыялістычных ідэй.

[6] Іахім Лялевель (1786-1861) – польскі гісторык і палітык, старшыня Патрыятычнага таварыства (1830), прыхільнік грунтоўных сацыяльных рэформ.

[7] Аляксандр Герцэн (1812-1870) – рускі пісьменнік, публіцыст, філосаф. Ягоныя погляды перажылі эвалюцыю ад лібералізму (“лібералы-западнікі”) да сацыялізму (дактрына А. Прудона).

[8] Людвік Адам Мераслаўскі (1814-1878) – удзельнік паўстання 1830-1831 г., актыўны дзеяч “Вялікай эміграцыі”.

[9] Леан Васілеўскі (1870-1936) – дзеяч ППС, прыхільнік федэрацыі Польшчы, Літвы і Беларусі і саюза з незалежнай Украінай. Пасля Рыжскага міра выступаў супраць паланізацыі беларусаў і ўкраінцаў. Даследчык нацыянальна-культурнай праблематыкі Беларусі і Літвы, на пачатку 30-х гг. кіраўнік Інстытута даследавання нацыянальных праблем (Варшава).

[10] Janulaitis A. 1863 metu sukilimo veikejai Lietuvoje // Švietimo Darbas. 1921, Nr 1-2, p. 53-54. (у аддзеле рукапісаў Бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук захоўваецца асабісты архіў Аўгусцінаса Янулайціса, у якім між іншым знаходзяцца фрагменты гістарычных дакументаў, важныя як для вывучэння постаці Каліноўскага, так і гісторыі самога паўстання).

[11] Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861-1862 гг.: Документы и материалы. Москва, 1964; Восстание в Литве и Белоруссии. Москва, 1965.

[12] Валевский А.Л. Основания биографики. Киев: Наукова думка, 1993.

[13] Omeljaniuk N. Wersje jezykowe gazety „Muzycka Prauda” // Studia z Filologii Rosyjskiej i Slowianskiej. Т. 15. Warszawa, 1989. S.101-109; Яна ж. Jeszcze o jezyku i autorstwie „Muzyckiej Praudy” i listów „z-pad szybienicy” // Studia z Filologii Rosyjskiej i Slowianskiej. Т. 18. Warszawa, 1989. S. 201-208.

[14] Абрамавичюс В. Библиография белорусских периодических изданий. 1861-1944 (рукапіс, 1949) // Аддзел рукапісаў Бібліятэкі імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы. F21-2250.

[15] Станкевіч А. Кастусь Каліноўскі. “Мужыцкая праўда” і ідэя незалежнасьці Беларусі // З Богам за Беларусь. Збор твораў. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. С. 230.

[16] Kakolewski K. Konstanty Kalinowski  i jego pisma w latach 1862-1864 // Z dziejów wspólpracy rewolucyjnej Polaków i Rosjan w drugiej polowie XIX w. Wroclaw, 1956.

[17] Біч М. “…І думаў аб самастойнасці Літвы” // Беларуская мінуўшчына. 1997. № 5. С. 37-41.

[18] Шалькевич В.Ф. Кастусь Калиновский. Страницы биографии. Минск: Университетское, 1988. С. 48.

[19] Rok 1863. Wyroki smierci. Pod red. W.Studnickiego. Wilno, [1925].

[20] Гэта ж пацвердзіў у сваіх паказанняў Сымон Каліноўскі, бацька паўстанца.

[21] Лісты Казіміры Багушэвіч і Марыі Плаўскай друкуюцца з захаваннем усіх асаблівасцяў арыгіналу. Пераклад з польскай мовы А. Смаленчука. Лісты былі выяўлены ў Літоўскім Дзяржаўным гістарычным архіве студэнтам праграмы “Гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія” Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Андрэем Мастыкам падчас рэалізацыі навуковага праекта “Беларусістыка ў архівах і біліятэках Вільні” (Інстытут гістарычных даследаванняў Беларусі ЕГУ, Гісторыка-антрапалагічны гурток імя М.Улашчыка).

[22] Паводле Г.Кісялёва, у Берасцейскім пав. жыў дзядзька Каліноўскага Юры Сцяпанавіч (Г. Кісялёў. Кастусь Каліноўскі: яго час і спадчына // Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасць. Творы, дакументы. Мінск: Беларускі кнігазбор, 1999. C. 287).

You may also like...