Алесь СМАЛЯНЧУК. Палеская вёска ў стасунку да Пана (Лекцыі 1—2)
1. Палессе як унікальная даследчая праблема
Палессе ў межах Беларусі і сёння з’яўляецца адным з найбольш адметных і самабытных рэгіёнаў. У прадстаўнікоў гуманітарных навук асаблівую цікавасць выклікаюць тыя рысы традыцыйнай культуры, якія, нягледзячы на маштабныя працэсы сацыяльнай трансфармацыі ХХ ст., усё ж захаваліся на Палессі ды па-ранейшаму ёсць часткай светаўспрымання яго жыхароў. Сацыяльныя антраполагі адзначаюць, напрыклад, прысутнасць у свядомасці старэйшых пакаленняў вясковага насельніцтва кагнітыўных структур, сфарміраваных яшчэ ў перыяд феадалізму і звязаных з міфалагічным светапоглядам.
Багатая мазаіка архаізмаў і навацый, перамешванне новага і старога былі яшчэ больш відавочнымі ў міжваенны час, калі Палессе знаходзілася ў межах Польскай дзяржавы. Гэтая палеская асаблівасць рабіла рэгіён прыцягальным для этнографаў, сацыяльных антраполагаў, этнасацыёлагаў ды інш. Праграма па вывучэнню Палесся, якую курыравалі Інстытут даследаванняў нацыянальных спраў і Камісія навуковага вывучэння ўсходніх земляў, ахоплівала моўныя, дэмаграфічныя, эканамічныя і этнасацыялагічныя даследаванні. Палессе ператварылася ў свайго роду даследчую лабараторыю асаблівасцяў сацыяльна-культурных працэсаў, у т.л. у гістарычнай рэтраспектыве.
Адным з найбольш грунтоўных даследчыкаў Палесся міжваеннага часу ў галіне сацыяльнай антрапалогіі быў Юзаф Абрэмбскі (1905—1967). Галоўным аб’ектам ягонай увагі стаўся “адказ” традыцыйнай культуры на “выклікі” навейшага часу.
Даследчык адзначыў узмацненне працэсаў сацыяльнай дэзарганізацыі, што было выклікана як пэўным крызісам старэйшых пакаленняў, звязаным з прыстасаваннем да новай эканамічнай і прававой сітуацыі, так і ігнараваннем моладдзю традыцый і аўтарытэтаў. Менавіта моладзь была авангардам разбурэння традыцый і лабіравання новых каштоўнасцяў, узятых па-за светам палескай вёскі. Адметнай рысай новай мадэлі жыцця станавілася тое, што Ю.Абрэмбскі акрэсліў тэрмінам панскасць[1]. Гэта было выразнае імкнення быць панам, жыць як пан і мець тыя ж самыя правы.
Перайманне гэтай новай мадэлі адбывалася праз кантакты з польскім грамадствам і гараджанамі. Але пры гэтым вясковыя разбуральнікі традыцый, як правіла, не мелі магчымасці далучыцца да вышэйшай сацыяльнай групы і былі асуджаныя на пагарду з яе боку, на сацыяльную і культурную “непаўнавартасць”. Адказам на гэта стаў рост варожасці да палякаў.
Другая палова 30-х гг. ХХ ст. была часам абвастрэння сацыяльных (сялянска-панскіх) супярэчнасцяў. Ю.Абрэмбскі сцвярджаў, што крышталізацыя ў палешука пачуцця крыўды выціснула традыцыйнае мужыцкае горэ з ягоным фаталізмам і абярнулася ростам нянавісці да ўсяго польскага асяродку, і ў першую чаргу да лясной адміністрацыі, служачых у маёнтках (падпанкаў) і чыноўнікаў мясцовай адміністрацыі ніжэйшага ўзроўню[2].
Прысутнасць пэўных этнакультурных рысаў у (сялянска-панскім) канфлікце таксама была абумоўленая тым, што на тагачасным Палессі сацыяльныя межы часта супадалі з нацыянальнымі. Гэта засведчылі і вынікі перапісаў насельніцтва 1921 і 1931 гг.[3] Сацыяльныя ролі палешука амаль не выходзілі за межы сялянскага стану. Пасады, нават самыя нязначныя, напрыклад, у мясцовых органах кіравання, займалі палякі.
Трэба таксама заўважыць, што ў традыцыйным успрыняцці палескай вёскі польскасць была непарыўна звязаная з панам. Паляк (або лях) у калектыўнай памяці заўсёды быў сінонімам пана. Такі важны элемент сялянскай калектыўнай ідэнтычнасці як апазіцыя селянін/пан на Палессі здаўна мела форму апазіцыі “рускі мужык/польскі пан”.
Супадзенне этнічнага ці нацыянальнага падзелу з сацыяльным было надзвычай важным момантам. Ю. Абрэмбскі, аналізуючы стасункі палескай вёскі з навакольным светам польскага, украінскага і беларускага нацыяналізмаў, заўважыў пачатак фарміравання ў палешукоў нацыянальнага светапогляду[4].
Але наколькі глыбокімі былі гэтыя перамены? Ці закранулі яны традыцыйны вобраз пана/шляхціца? Ці набыў ён уласна нацыянальныя рысы мадэрнай эпохі?
Паспрабую адказаць на пастаўленыя пытанні, аналізуючы вобраз пана ў вуснай гісторыі. З 2001 па 2008 гг. у колішніх уладаннях Скірмунтаў на Заходнім Палессі, у вёсках Парэчча Пінскага раёна і Моладава Іванаўскага раёна, а таксама ў суседніх вёсках Табулкі, Чамярын, Рудка, Ахова, Моталь ды інш.[5] (усё Брэсцкая вобл.) ладзіліся экспедыцыі па вуснай гісторыі. Іх мэтаю быў запіс успамінаў пра Рамана Скірмунта, які быў галоўным аб’ектам нашай увагі, ды іншых прадстаўнікоў гэтага роду, а таксама пра стасункі паміж маёнткам і вёскай. Удзельнікі экспедыцый запісвалі інтэрв’ю, карыстаючыся распрацаваным апытальнікам, у рэдкіх выпадках фіксаваўся біяграфічны наратыў. Сабраная калекцыя вусных успамінаў датычыла пераважна постаці Рамана Скірмунта. Недахоп вусных успамінаў пра гаспадара Моладаўскага маёнтка Генрыка Скірмунта давялося кампенсаваць з дапамогай пісьмовых успамінаў[6]. Аўтарка ўспамінаў належала да іншай сацыяльнай групы (дачка аканома маёнтка), але гаспадар Моладава і для яе сям’і таксама быў панам.
Варта адзначыць, што нашыя суразмоўцы вельмі ахвотна распавядалі на тэму пана. Часам складвалася ўражанне, што распавядаючы пра Скірмунтаў, яны хочуць нешта важнае сказаць і пра сябе саміх.
Экспедыцыі сабралі даволі багаты і няпросты для аналізу гістарычны матэрыял. Змест індывідуальных успамінаў моцна залежаў таксама ад жыццёвага досведу нашых суразмоўцаў, іх інтэлектуальнага ўзроўню і спецыфікі калектыўнай памяці.
2. Паны Скірмунты
Парэчча і Моладава сталі ўладаннямі Скірмунтаў з канца XVIII ст., калі Сымон Скірмунт выкупіў гэтыя землі ў Міхала Казіміра Агінскага. Новыя гаспадары моцна прычыніліся да ператварэння звычайных памешчыцкіх маёнткаў у свайго кшталту плацдарм індустрыялізацыі Палесся.
Прадстаўнікі той галіны роду (цэнтрам эксперыментаванняў стаўся маёнтак Парэчча Пінскага павета Мінскай губ.), парушаючы пэўныя шляхецка-земянскія нормы жыцця, актыўна заняліся прадпрымальніцкай дзейнасцю. Ужо ў ХІХ ст. Парэчча стала вядомым сваёй суконнай фабрыкай, цукроўняй, крухмальным заводам, броварам, паспяховай меліярацыяй поймы р.Ясельды і перадавымі для таго часу тэхналогіямі сельскай гаспадаркі. Цікава, што першай пабудовай новых уладальнікаў былі карпусы суконнай фабрыкі. Палац, які звычайна з’яўляўся не толькі сямейнай рэзідэнцыяй, але таксама сімвалізаваў багацце і славу гаспадароў, у Парэччы наогул не быў збудаваны. У другой палове ХІХ ст. Аляксандр Скірмунт прыстасаваў пад сямейную рэзідэнцыю адзін з фабрычных будынкаў. Гэты прадстаўнік роду Скірмунтаў, як вядома, адыграў вялікую ролю ў працэсе адмены прыгону на Піншчыне, што адлюстравана ў надпісе на магільным помніку.
У міжваенны час уладальнікам маёнтка быў Раман Мар’ян Скірмунт (1868—1939), які працягваў традыцыі Скірмунтаў-наватараў. І гэта датычыла не толькі прадпрымальніцкай дзейнасці. На пачатку ХХ ст. Раман Скірмунт належаў да плыні краёўцаў. Апошнія ва ўмовах дамінавання этнакультурных нацыяналізмаў выступілі з канцэпцыяй палітычнай/грамадзянскай нацыі ліцвінаў, дзе галоўным крытэрыям нацыянальнай прыналежнасці з’яўляўся краёвы патрыятызм. Краёвасць Р. Скірмунта паступова эвалюцыянавала ў накірунку беларускага руху. Ужо ў канцы 1916 г. ён стаўся адным з кіраўнікоў гэтага руху, а ўвесну 1918 г. узначаліў урад БНР. Пасля ратыфікацыі сеймам ІІ Рэчы Паспалітай Рыжскага міру, які цалкам перакрэсліў ідэю беларускай незалежнасці, Р.Скірмунт адышоў ад палітычнай дзейнасці і заняўся аднаўленнем маёнтка, разбуранага падчас Першай сусветнай вайны. У палітычнае жыццё яго вярнулі падзеі мая 1926 г. Як прадстаўнік Беспартыйнага блоку супрацоўніцтва з урадам, ён быў абраны ў Сенат і ўвайшоў у Канстытуцыйную камісію. Але большую частку года па-ранейшаму праводзіў у Парэччы.
У адрозненне ад Парэчча, Моладаўскі маёнтак прэзентаваў традыцыйны тып панскай гаспадаркі. Гаспадары жылі ў прыгожым палацы пасярод парку з кветнікамі, які быў збудаваны на пачатку ХІХ ст. на месцы былога палацу Міхала Казіміра Агінскага. Іх болей цікавілі мастацтва і літаратура, чым прадпрымальніцтва і палітыка. Зрэшты, на пачатку ХХ ст. палітыка ўсё ж такі ўвайшла ў жыццё Моладаўскага маёнтка. Канстанцін Скірмунт (1866—1849) з 1909 па 1917 гг. быў сябрам Дзяржаўнай Рады Расійскай імперыі, дзе прэзентаваў кансерватыўную земянскую плынь. Крах Расійскай імперыі паспрыяў яго далучэнню да польскага руху. У 1917 г. ён стаў адным з заснавальнікаў Польскага нацыянальнага камітэта і яго прадстаўніком у Рыме. Быў міністрам замежных справаў ІІ Рэчы Паспалітай, а потым — паслом у Вялікабрытаніі. У сярэдзіне 30-х гг. вярнуўся ў Моладава. У справы гаспадаркі не ўмешваўся. Панам для сялянаў з Моладава быў фактычны гаспадар маёнтка, ягоны брат Генрык (1868—1939). Ён увайшоў у польскія энцыклапедыі як паэт і кампазітар.
Усе згаданыя Скірмунты не мелі ўласных сем’яў і ўласных дзяцей, прынамсі, афіцыйных…
Паспрабуем прааналізаваць вобраз Пана праз прызму такіх адвечных для сялянскага светапогляду каштоўнасцяў, як праца, зямля і вера. Варта адзначыць, што для традыцыйнага сялянскага светаўспрымання характэрнае пастаяннае падкрэсліванне панска-шляхецкай вышэйшасці, якая, звычайна, складаецца з сацыяльнага і прававога дамінавання, багацця, пэўнай культуры паводзінаў. У “беларускім выпадку” гэта вышэйшасць асацыюецца таксама з польскасцю і каталіцкім веравызнаннем.
3. “Добры пан” Раман Скірмунт
На пачатку звернем увагу на такую істотную для сялянскага разумення сацыяльнага свету апазіцыю, як праца/непраца. У традыцыйным светаўспрыманні дамінавала перакананне, што пан не працуе.
У выпадку Рамана Скірмунта адразу сустракаемся з выразным парушэннем гэтай нормы. Суразмоўцы з Парэчча часта распавядалі пра фізічную працу пана ў парку, ім жа заснаваным. Сяляне бачылі, як уладальнік маёнтка пілаваў крывыя дрэвы, абразаў або абсякаў сухія галіны: “Памешчык кожны дзень на работу выязджаў. У яго быў тапорык, пілачка была. Ён працаваў, не то што якія…”[7] (Хведар Лукашык, 1922 г. нар., в.Парэчча).
Таксама суразмоўцы з гонарам распавядалі пра тыя прамысловыя прадпрыемствы, якія існавалі ў Парэцкім маёнтку, прыгадвалі палітычную дзейнасць Р.Скірмунта ў Варшаве, хоць і не лічылі гэта працай у традыцыйным разуменні:
• Ён быў сенатар, але не за грошы, а проста так, бо разумны (Хведар Хвісюк, 1912 г. нар., в.Парэчча).
Затое палітычная дзейнасць Р.Скірмунта заўсёды звязвалася з зямлёй. Многія суразмоўцы сцвярджалі, што ўладальнік Парэчча неаднаразова выступаў за перадачу зямлі сялянам:
• Вон шчодры быў. Воны чуствовалі, што вайна вось-вось пачнецца. І маліся гэту зямлю вось-вось роздаці крестьянам. Отобраць гэтую ўсю землю ад памешчыкаў польскія власці хацелі: Гэта не ваша зямля, гэта народа зямля. …Парэцкі Скірмунт таксама выступаў, хацеў зямлю крестьянам роздаці (Рыгор Дарашэнка, 1930 г. нар., в.Палтаранавічы);
Пры гэтым рэспандэнты адзначалі, што падобная пазіцыя была небяспечнай:
• Кагда-то ў Варшаве быв Санат як зара Дума, так он жа тожэ участвовал там. То он сказаў, што всю зямлю трэба ў памешчыкаў забраць і аддаць крэсцьянам. Памешчыкам надо покінуць по 40 гектар. Хваціт з іх. А всю зямлю забраць і народу роздаць. Дык у яго стралялі, і он цераз акно выпрыгнуў. Тая Дума (ілі як) страляла. Матка мая расказвала. Он сам прыехаў у Парычча і народу казаў, што так выступаў, а па мне стралялі. (Калбаска Мікалай Андрэевіч, 1925 г. нар., в.Рудка).
Таксама парэцкія суразмоўцы прыгадвалі асабістую шчодрасць пана, які раздаваў зямлю сялянам (напрыклад, у якасці вясельных падарункаў ці як аплату за працу хвабрыкантаў на прадпрыемствах) або прадаваў надзелы за невялікія грошы: “Харошы быў чалавек… Раздаваў зямлю: палову так аддаў, палову — за грошы” (Рыгор Цудзіла, 1913 г. нар., в.Табулкі). Нават былая камуністычная актывістка, якая ў 60—70-я гг. ХХ ст. нібыта ўласнаручна пілавала крыжы ў вёсцы, а потым была дырэктарам школы, прызнала: “Многім ён даваў зямлю. Мой бацька таксама хадзіў прасіць. Скірмунт не даў: “Я ўсім не надаюся”. Бацька часта супраць пана выступаў і сцяг савецкі вешаў” (Лізавета Епішка, 1927 г. нар., в.Табулкі). Яна ж назвала пана “прагрэсіўным памешчыкам”.
Асаблівай увагі заслугоўваюць адказы на пытанні, што датычылі веравызнання, нацыянальнасці і мовы Рамана Скірмунта. Тут адсутнічала стэрэатыпнае атаясамліванне пана і паляка.
Большасць нашых рэспандэнтаў не без пэўных ваганняў сцвярджала, што ён быў каталіком:
• Скірмунты, наверна, былі польскай веры, каталічаскай… Мне кажэцца, он польскай веры быв (Васіль Казак, 1924 г. нар., в.Ахова).
Пры размове пра веравызнанне суразмоўцы абавязкова адзначалі талерантнасць Р.Скірмунта і ягонае непрыняцце рэлігійнай канверсіі:
• Скірмунт быў супраць перамены веры. Казаў: “Якім нарадзіўся, такім і памірай”. Празднічнага рэжыму Скірмунт не парушаў. Ні свайго, ні праваслаўнага. Адна жанчына ў каталіцкае свята пайшла жаць, дык выклікаў жаўнераў і яе прагналі (Павел Клімовіч, 1925 г. нар., в.Парэчча);
• Адзін рабочы перайшоў з беларускай веры на польскую, а Скірмунт не адобрыў: “Ты дурак!” (Павел Рак, 1917 г. нар., в.Парэчча).
Пытанне пра нацыянальнасць Рамана Скірмунта звычайна выклікала пэўную разгубленасць рэспандэнта і прымушала яго апеляваць да веравызнання:
• Скірмунт — паляк, бо хадзіў у касцёл (Павел Рак, 1917 г. нар.);
Як пэўны кур’ёз можна расцаніць сцвярджэнне, нібыта “людзі казалі, што Скірмунт — татарын (Рыгор Цудзіла, 1913 г. нар.).
Затое не было ніякіх праблемаў з адказам на пытанне, на якой мове размаўлялі Скірмунты:
• Скірмунт гаварыў па-мужыцку (Мікалай Куцко, 1911 г. нар., в.Табулкі);
• Скірмунт как мы гаворыў. Ілі па-беларуску. Как мы гаворым. Ён і па-польску умеў гаварыць. Канечне! Ён жа католік быв (Мікалай Калбаска, 1925 г. нар., в.Рудка);
• Скірмунты разговарвалы как людзі… (Васіль Казак, 1924 г. нар., в.Ахова);
На трэці год нашай працы ў Парэччы атрымалася разгаварыць людзей на тэму інтымнага жыцця пана, якая ўсё яшчэ застаецца закрытай для “чужых”. Як адзначалася, сям’і ён не меў… Вельмі асцярожна і тактоўна нам распавялі пра ўдаву Кацярыну Цярэшка:
• Баба красівая была. Самы гады такі пад яго… То засакрэчана любоў (Марыя Кучыньская, 1919 г. нар., в.Парэчча).
У 20-я гады Кацярына Цярэшка пастаянна жыла ў маёнтку. Людзі казалі пра чатырох сыноў Кацярыны ад пана. На пытанне, чаму вы лічыце, што гэта яго сыны, адказвалі: “Падобныя як партрэты”. Усе яны атрымалі адукацыю, жылі і працавалі ў маёнтку, мелі прозвішча Цярэшкаў, але “па-вулічнаму” былі “Скірмунтавымі”.
Моцнае ўражанне рабіла тая асцярожнасць і тактоўнасць, з якой парэчане распавядалі пра адносіны пана і сялянкі. Але падчас наступных экспедыцый высветлілася, што Р.Скірмунт меў таксама іншых вясковых каханак. Стаўленне вёскі да гэтага боку панска-сялянскіх адносінаў было даволі спакойнае. Склалася ўражанне, што парэчане прызнавалі сэксуальныя правы пана, што, верагодна, месцілася ў рэчышчы пэўнай традыцыі. Прынамсі, права першай ночы (jusprimaenoctis) да адмены прыгону ў 1861 г. было нормай жыцця палескай вёскі.
Адначасна ўспаміны малююць вобраз пана-апекуна вёскі, пана-ратавальніка, які быццам знішчаў сацыяльна-культурную дыстанцыю паміж маёнткам і вёскай:
• Люди расказвали, что он был неплохой пан. Всем помогал, кто зайдёт и чего-нибудь попросит. Бацька положительно отзывался о Скирмунте: хороший человек был, к людям хорошо относился. И сейчас, те кто помнит, как и я, все положительно относятся к нему (Сяргей Глушко, 1925 г. нар., в.Рудка);
• Трапіць да пана Скірмунта было проста. Пастукаемся і зойдзем. Не тое, што зараз. Не дабрацца да якога прэдсэдацеля. А тады: “Паночку, так і так, дзело ёсць”. І ён дапамагаў (Рыгор Цярэшка (1932 г. нар.);
• Пан добры быў, добры… Усё у нас згарыло, дом, карова… Пан прыехаў і гаворыць: “Не плач! То не твая карова згарэла, а мая”. А мужу кажа: “А ты, Міхал, прыдзі заўтра ў кантору”. Муж прыйшоў, а пан даў яму 100 злотых на карову (Ганна Пракопчык, 1930 г. нар., в.Моладава).
• Ён быў харошы. Гэтакіх людзей мала бывае, як Скірмунт быў. Я да яго не ходзіла, я яму не робыла, не была я ў яго, но він быв харошы чалавек (Харыта Чырко, 1913 г. нар., в.Парэчча).
Вонкавая блізкасць пана да вёскі ўжывалася з надзяленнем яго пэўнай чарадзейнай сілай. Нам неаднаразова распавядалі пра магічную здольнасць Р.Скірмунта спыняць полымя:
• Калі здараўся пажар, то Скірмунт сам выязджаў туды. Заўсёды абыходзіў пажарышча, і агонь далей не ішоў. Людзі цікавіліся ягоным сакрэтам, але ён нікому гэтага не казаў (Марыя Нікалайчык, 1920 г. нар., в.Парэчча);
• Некалі, я вам скажу, хлеў загарэўся. І пайшло, і пайшло гарэць. І прыехаў пан, стаў, рукі злажыў — і сціхло. Вецер прыціх. Ціхэнько, ціхэнько… (Анастасія Вакульчык, 1911 г. нар., в.Парэчча).
Рэспандэнты прыгадвалі, што часта вітаўся першым, аказваў дапамогу асабліва для будаўніцтва, дазваляў касіць траву (“даваў сенакос”), рабіў падарункі на святы, “пагэтаму людзям вельмі падабалася ў яго працаваць, і яны ніколі ад яго не ўходзілі” (Марыя Нікалайчык, 1920 г. нар., в.Парэчча).
Асабліва выразна блізкасць пана да людзей перадавалася ў аповедах пра апошнія хвіліны жыцця Рамана Скірмунта. Ён быў забіты 7 кастрычніка 1939 г. разам са шваграм Баляславам Скірмунтам. Паводле савецкай літаратуры, забілі “мясцовыя савецкія актывісты”, паводле памяці жыхароў вёскі, забівалі “мясцовыя дурні”, “такія нэндзы”, “хуліганы”, “падхалімы”, “гулякі”, за спінамі якіх маячылі постаці савецкіх камісараў Холадава, Кавалёва і Маскалёва. Суразмоўцы вельмі эмацыянальна перадавалі апошнія словы пана:
• Скірмунту перад смерцю загадалі адвярнуцца. Адмовіўся: “Я ад народа не адварочваюся (Павел Клімовіч, 1925 г. нар., в.Парэчча);
• І таму пану, і шурыну той Соловэй казаў: Адвярніся задам. Коб у зад страляць. А він гаворыць: Я ад людзей не адварочваўся. Хто да мяне прыходзіў, я каждаму помоч даваў”. У ліцо выстраліў. Так тому Солоўю он мо гадоў з дзесяццю, мо і бульш, як застрэліў, так у вачах усё ўрэмя стаяў. Што ў ліцо страляў… (Мікалай Калбаска, 1925 г. нар., в.Рудка).
Аповеды пра смерць Рамана Скірмунта канчаліся сцвярджэннем, што ўсе забойцы вельмі кепска закончылі свае дні, усе былі пакараныя Богам:
• У яго ўсе тыкалі пальцам: “Соловэй пана забіў! Соловэй пана забіў! То ён ныхліў, ныхліў, то так помэр. А тыя дуракі двое, недзе поіхалы. І яны ў дзярэўні не памерлі. Недзе на свіці пропалы (Харыта Чырко, 1913 г. нар.).
Варта адзначыць, што пры аповедах пра смерць Р.Скірмунта звычайна суразмоўцы цалкам ігнаравалі прысутнасць у Парэччы салдат і камісараў Чырвонай Арміі. У забойстве вінавацілі выключна “сваіх”, падкрэслівалі ўнутраныя матывы. Пашыраная вясковая версія сцвярджала, што забойцы праявілі самавольства і забілі Р. Скірмунта, бо разлічвалі на вялікую ўзнагароду:
• Яны такія былі вумныя, бо счыталі, што ім награду дадуць. І ўсё. Яны бідны былі, постухі… (Харыта Чырко, 1913 г. нар.).
Магчыма, у гэтым забойстве таксама праявілася тая прага да панскасці, пра якую пісаў Ю.Абрэмбскі. Відаць, у верасні 1939 г. актуалізаваўся варыянт: забіць пана, каб стаць панам…
Блізкасць Рамана Скірмунта да вяскоўцаў, ягоная вонкавая прастата, якая звычайна трактуецца як антанімічны полюс шляхетнасці і канстытуіруе аўтастэрэатып мужыка, аднойчы ва ўспамінах ператваралася ў пэўнае ганаровае прызнанне Скірмунта “сваім”:
• Во, што я знаю пра Скірмунта. Харошы мужык быв! (Мікалай Калбаска, 1925 г. нар., в.Рудка).
Зрэшты, падобная ацэнка была выключэннем… Той жа суразмоўца прызнаў, што пан “у канцы мог быць прэзідэнтам”.
Пры ўсёй сваёй прастаце і блізкасці да вёскі Раман Скірмунт усё роўна заставаўся для яе панам. Магчыма, гэтаму спрыяла багацце і ўплывовасць пана, традыцыйная роля апекуна вёскі. Менавіта сацыяльнае вызначала гэтую дыстанцыю і тое, што Раман Скірмунт заставаўся для вяскоўцаў панам. Ягонае стаўленне да мясцовай гаворкі, колішнія сімпатыі да беларускага руху, усё тое, што можна залічыць да этнічнай ці нацыянальнай сферы жыцця, вызначальным не было…
4. “Плахі пан” Генрык Скірмунт
Вусныя ўспаміны таксама высветлілі лакальнасць памяці вяскоўцаў. У Парэччы людзі прыгадвалі ўладальніка Моладава Генрыка Скірмунта выключна дзеля таго, каб падкрэсліць станоўчыя рысы “свайго пана”:
• У Моладаве быў худшы пан. Бывае і сабаками нацкуе (Рыгор Цярэшка, 1932 г. нар.);
• Моладаўскі пан лесу не даваў, нават пагарэльцам. Казаў, што знарок хату спалілі (Хведар Лукашык, 1922 г. нар).
Таксама распавядалі гісторыю пра тое, як Г.Скірмунт забараніў хаваць на родавых могілках у Моладаве пляменніка, які пакончыў жыццё самагубствам. Роспач маці, што прывезла цела сына ў труне з Варшавы, не зрабіла на пана ніякага ўражання. Урэшце, дапамог Раман Скірмунт, і самагубцу пахавалі ў Парэччы, у скірмунтаўскім парку.
У памяці жыхароў дзвюх вёсак ніяк не адлюстраваліся адносіны паміж уладальнікамі Парэчча і Моладава. Падобна, што яны былі даволі напружанымі. Прынамсі, вядома, што Канстанцін Скірмунт аднойчы назваў Рамана “нашым бальшавіком”. Не мог паспрыяць паляпшэнню гэтых адносінаў і дазвол Р.Скірмунта пахаваць пляменніка ў Парэччы…
Моладава знаходзіцца ў 8 км ад Парэчча, але вусная гісторыя сведчыць пра адлегласць памерам у цэлую гістарычную эпоху. Моладаўскі пан быццам спрабаваў спыніць час і жыць па ўзорах пыхлівай шляхты часоў Рэчы Паспалітай абодвух народаў.
Паводле сялянскіх уяўленняў, Генрык Скірмунт не працаваў. Пра яго захапленне музыкай і паэзіяй суразмоўцы нават не ведалі. Зрэшты, сустрэчы вяскоўцаў з панам былі даволі рэдкімі. Уваход на тэрыторыю палаца, абнесеную агароджай, быў забаронены. Прыгадваліся выпадкі, калі пан (гэтыя ўчынкі прыпісваліся менавіта яму, а не слугам!) спускаў на парушальнікаў, у т.л. на дзяцей, сабак.
Якраз стаўленне пана да сялянаў, слуг і рабочых маёнтка было дамінуючай тэмай успамінаў пра Г.Скірмунта:
• Звалі яго нашы людзі “шалёным”… Бо ён быў нервны, мне адзін раз в морду даў (Стэфан Кіпень, 1920 г. нар, в.Моладава);
• Паненка была добрай, а пан был плахі. Як зайдуць да яго, то сабаку пусціць, нацкуе на людзей (Надзея Вакульчык, 1927 г. нар., в.Моладава);
• А Генрык быў гадасць-гадасць. Сабак спускаў на людзей. На Каляды, калі прыйшлі спяваць калядкі, ледзь не пазабіваў за нашую мову (Ніна Шаталава, 1927 г. нар., в.Моладава)
Ірэна Шарэцка-Сасноўска, якая была дачкой аканома маёнтка Станіслава Шарэцкага, пакінула пісьмовыя ўспаміны, у якіх ахарактарызавала Генрыка Скірмунта як псіхічна неўраўнаважанага чалавека[8]. Але гэтая “неўраўнаважанасць” датычыла толькі тых, хто знаходзіўся на ніжэйшых прыступках сацыяльнай лесвіцы.
У памяці колішняй дзяўчынкі, што жыла на тэрыторыі маёнтка, захаваўся вобраз пана з кіем у руках, заўсёды чырвонага і раззлаванага, які наводзіў страх на людзей. Яна ж прыгадвала звычайную практыку звальнення работнікаў без папярэджання з патрабаваннем у некалькі гадзін пакінуць маёнтак, адмовы плаціць грашовыя кампенсацыі за траўмы і г.д. Ніякага апякунства з боку пана ніхто не мог прыпомніць. Відавочна, што паміж вёскай і маёнткам захоўвалася велізарная сацыяльная дыстанцыя. Генрык Скірмунт разбураў стэрэатып пана як культурнага, ветлівага, велікадушнага, далікатнага.
Пры гэтым палац быў аточаны паркам, патынаў у ружах, якія даглядаў адмысловы спецыяліст. Тут гасцявалі вядомыя літаратары (у прыватнасці, Эліза Ажэшка), славутыя спевакі, гучала музыка і паэзія, існаваў культ Англіі. Атмасфера была напоўнена арыстакратычным снабізмам і пыхай. І.Шарэцка-Сасноўска пісала пра пастаянную “дэманстрацыю сярэднявечнага феадалізму”[9]. Дарэчы, нават адсутнасць у палацы радыё, што моцна прычынілася да трагедыі верасня 1939 г., была звязана з перакананнем гаспадара, што радыё — гэта атрыбут плебсу.
У 30-я гг. у палацы жылі таксама брат гаспадара былы міністр замежных справаў ІІ Рэчы Паспалітай Канстанцін Скірмунт, барон Вайсэнгоф з жонкай, сваячка Скірмунтаў з роду Бутрымовічаў, нарэшце, сястра гаспадара Марыя.
Апошняя, паводле ўспамінаў, была моцна непадобная да свайго брата:
• Паненка была добра. На біднага мела ўвагу. У нас каровы не було, змарнавалася, а мой бацька хадзіў ежэдневно на работу, і вона прызнала даваці нам, дзецям, молоко… Як хто хварэе, то трудно.. Няма грошай да доктара ісці. Ідуць да яе. Яна напіша бумажку доктару, дасць 1-2 злотых. (Кацярына Мядзведзева, 1920 г. нар., в.Моладава);
• Вона, як у нас хто захварэе, то пійдэ да паненкі, і вона нікогда не отказывалась, старалася, каб чалавіку помоч… Очэнь хороша была (Ніна Шаталава, 1927 г. нар.).
Гэтая ж тэма гучала ў аповедах пра апошнія хвіліны жыцця Марыі і Генрыка Скірмунтаў. Суразмоўцы часта паўтаралі словы Генрыка, адрасаваныя забойцам: “Мяне біце, бо я плахі, а паненку не чапайце. Яна ж добрая была да вас…” (Вольга Шык, 1922 г. нар.).
Сястра таксама заснавала школу для дзяўчынак, вучыла іх спевам. Яе стаўленне да вёскі было ўзорам жаночага апякунства, характэрнага для многіх земянскіх сем’яў.
Панскасць у Моладаве была неад’емна звязаная з польскасцю і каталіцкасцю. Рэспандэнты не мелі сумнення, што Генрык і Марыя Скірмунты палякі па нацыянальнасці, што яны размаўлялі па-польску:
· А пана… ненавідзелі, бо то ж паляк, другая раса. Співалы: “Надоело жыць пры Польшчы, надоело працаваць, надоело кажду сволоч “Прошэ пана” называць”… З панам і паненкай размаўлялі па-польску, бо воны мо і нэ зналы, нэ понымалы як по-нашаму” (Ніна Шаталава, 1927 г. нар.).
Генрык застаўся ў памяці таксама як зацяты каталік. Ёсць падставы казаць пра пэўны празелітызм у рэлігійным жыцці Моладава. Так, І. Шарэцка-Сасноўска прыгадала, што ў касцельным хоры прымушалі спяваць праваслаўных дзяўчат з вёскі. Аляксандр Шык (1924 г. нар.) прыгадаў эпізод, калі настаўнікі па загаду Пана павялі сваіх праваслаўных вучняў на набажэнства ў касцёл. Дзеці атрымалі ў якасці падарункаў папяровыя абразкі каталіцкіх святых. Але на выхадзе з маёнтка іх ужо чакалі старэйшыя школьныя калегі, якія рвалі гэтыя абразкі. Скончылася звальненнем з школы.
Ва ўспамінах моладаўцаў і сёння досыць адчувальнае расчараванне тым, як Генрык Скірмунт распарадзіўся зямельнай маёмасцю. Жыхары Моладава спадзяваліся, што пасля смерці Скірмунтаў, якія не маюць нашчадкаў, іх зямлю падзеліць вёска. Гэта цалкам адпавядала звычаёваму праву, што зямля належыць тым, хто на ёй працуе… Але надзеі абрынуліся напрыканцы 30-х гг., калі Генрык Скірмунт перадаў усе землі сёстрам Уршулянкам. Яны пасяліліся ў афіцыне і пачалі гаспадарыць. Ва ўласнасці моладаўскіх Скірмунтаў застаўся толькі лес.
Відавочны даволі востры сацыяльны канфлікт паміж вёскай і панам у Моладаве:
· Скірмунтаў забілы таму, што воны булы панамі (Ніна Шаталава, 1927 г. нар.)
Нацыянальныя супярэчнасці ў вусных успамінах слаба адчувальныя. Толькі Ірэна Шарэцка-Сасноўска тлумачыла забойствы Скірмунтаў тым, што, па-першае, яны былі палякамі, а, па-другое, землеўласнікамі. Успаміны большасці жыхароў палескай вёскі сведчылі пра іншае Сацыяльная напружанасць паміж вёскай і палацам у Моладаве выбухнула на пачатку вайны і знішчыла гаспадароў палаца.
Аповеды жыхароў Моладава пра забойства ў верасні 1939 г. Генрыка і Марыі Скірмунтаў не суправаджаліся праклёнамі забойцаў. Гучала шкадаванне:
· Мотоляне забілі. І пана забілі, і паненку, і захавалы ў лесе. Свое забівалы… (Вольга Шык, 1922 г. нар.). Ніхто не згадаў і пра Божае пакаранне забойцаў…
Аналіз вусных успамінаў дазваляе сцвярджаць, што панска-сялянскія стасункі ў гэтым кутку Палесся па-ранейшаму вызначаліся фактарам сацыяльнай няроўнасці. Нацыянальнае значнай ролі яшчэ не адыгрывала. Нават ва ўспамінах з Моладава пра “худшага пана” не адчуваецца, што стаўленне да яго вызначалася нацыянальным канфліктам. Верагодна, што той сацыяльны (сялянска-панскі) канфлікт, пра які пісаў Ю.Абрэмбскі, датычыў мясцовага польскага асяродку, але не распаўсюджваўся на самога пана, які яшчэ не трактаваўся ў нацыянальных катэгорыях. Эпоха нацыяналізму насоўвалася на Палессе, але традыцыйны вобраз пана ўсё яшчэ паспяхова ёй супрацьстаяў.
[2] Ibidem, s. 127.
[3] Гл., напр., Eberhardt P. Przemiany narodowosciowe na Bialorusi. Warszawa, 1994.
[4] Jozef Obrebski, Dzisiejsi ludzi Polesia i inne eseje, s. 150.
[5] Аўдыязапісы ўспамінаў жыхароў вёсак захоўваюцца ў архіве аўтара.
[6] Pamietnik Jreny Szareckiej-Sosnowskiej (rekopis zachowuje sie w rodzinie).
[7] Усе цытаты даюцца з захаваннем асаблівасцяў вымаўлення жыхароў в. Парэчча.
[8] Pamietnik Jreny Szareckiej-Sosnowskiej.
[9] Ibidem.