Аляксандр КЛАСКОЎСКІ. Уводзіны ў інтэрнет-журналістыку

Плян:

1. Трохі гісторыі

2. Спэцыфіка і пэрспэктывы

3. Творчая кухня

4. Інфармацыйныя рэсурсы і пошукавыя сыстэмы. Праца з экспэртамі

5. Фэномэн блогерства

6. Заканадаўчыя і этычныя аспэкты

 

1. Трохі гісторыі

Цягам некалькіх апошніх гадоў шэраг беларускіх друкаваных мэдыяў быў вымушаны “эміграваць” у Інтэрнэт. Так, у сеціўныя выданьні ператварыліся “Салідарнасьць”, “БДГ. Деловая газета”. А з 2006 г. вельмі актыўна стала працаваць у он-лайне і “Наша Ніва”, што таксама не ў апошнюю чаргу тлумачыцца адчуваньнем небясьпекі закрыцьця. Таму на гэткі выпадак варта мець запасную пляцоўку.

Разам з тым, фактам ёсьць і тое, што газэтчыкі міжволі адчулі смак сеціўнай журналістыкі (у якасьці сынонімаў можна выкарыстоўваць такія тэрміны, як ўэб-журналістыка, сеціўная журналістыка, кібэр-журналістыка, он-лайн-журналістыка, інтэрнэт-журналістыка). Рэдактары ўбачылі, што Інтэрнэт дае дадатковыя магчымасьці. Так, калі сайт “Нашае Нівы” (http://www.nn.by/) стаў жыць самастойным жыцьцём, апэратыўна абнаўляцца (а ня проста дубляваць папяровую вэрсію, як было да пары да часу), рэзка падвысілася ягонае наведваньне, стаў імкліва разьвівацца інтэрактыў і г.д.

Увогуле сайты друкаваных мэдыяў умоўна можна падзяліць на дзьве катэгорыі.

1. Люстэрка друкаванай вэрсіі. Такія сайты (хіба зь невялікімі варыяцыямі) маюць практычна ўсе дзяржаўныя выданьні. Зь недзяржаўных на сёньняшні дзень такі сайт робіць, у прыватнасьці, “Народная воля” (http://nv-online.info). Пасьля выхаду чарговага нумару ўсе артыкулы акуратна дублююцца ў Сеціве.

2. Аўтаномны праект, які жыве сваім жыцьцём. Такая эвалюцыя адбылася ў выпадку “Нашае Нівы”.

Так ці іначай, для шэрагу незалежных беларускіх мэдыяў Сеціва стала паратункам, запасным аэрадромам ва ўмовах уціску традыцыйнай незалежнай прэсы. У нашых палітычных умовах Сеціва — гэта таксама адна зь нішаў свабоды слова. І ў гэтым сэнсе мы таксама назіраем фэномэн, так бы мовіць, змушанай эміграцыі носьбітаў незалежнае думкі ў Інтэрнэт.

Але ж трэба зважаць ня толькі на гэтыя спэцыфічныя чыньнікі. Некалі напэўна ж будуць і ў нас болей цывілізаваныя ўмовы для незалежнай журналістыкі. Тым часам трэба асэнсоўваць, што інтэрнэт-мэдыі сталі самастойным фэномэнам у сусьветным маштабе. І сеціўная журналістыка набыла самастойнае значэньне. Таму варта спасьцігаць яе асаблівасьці, сакрэты і магчымасьці, каб напоўніцу імі карыстацца.

У заходніх краінах сеціўныя мэдыі ствараюць ужо сур’ёзную канкурэнцыю папяровым выданьням. Зь іншага боку, назіраецца фэномэн узаемадапаўненьня. То бок добры сайт не адбівае чытача ад папяровай вэрсіі, а наадварот, спрыяе яе папулярнасьці. Салідныя замежныя газэты ўсяляк разьвіваюць сайты. На Захадзе пераканаліся, што добрая інтэрнэт-вэрсія толькі ўздымае наклад.

Інтэрнэт-газэта таксама вымагае наяўнасьці рэдакцыі. Гэта можа быць нейкае падразьдзяленьне ў структуры традыцыйнай газэтнай рэдакцыі ці, напрыклад, інфармацыйнай кампаніі (так, напрыклад, рэдакцыя інтэрнэт-газэты “Беларускія навіны” ўваходзіць у склад кампаніі БелаПАН). А можа быць і асобнае, самастойнае фармаваньне.

У рэдакцыі сеціўнага выданьня захоўваецца ў агульных рысах звыклая герархія: галоўны рэдактар, намесьнік, журналісты і г.д. Ёсьць і спэцыфіка. Напрыклад, замест зьменных сакратароў — дзяжурныя рэдактары (назвы пасадаў, канечне, могуць быць і іншыя. Гэта ўжо справа густу). Зьяўляюцца і новыя амплюа: ўэб-майстар, ўэб-дызайнэр і г.д. Звычайна штат болей кампактны. І часта журналісты становяцца, так бы мовіць, шматстаночнікамі. То бок самі робяць і карэктуру, і ўэб-рэдагаваньне, а то і выстаўляюць матэрыялы на сайт. Калі ёсьць жаданьне і густ, то можна самому аздобіць тэкст ілюстрацыямі, зрабіць каляж. Такая ўнівэрсальнасьць таксама спрыяе большай эканамічнасьці ўэб-праектаў.

У Беларусі першай поўнамаштабнай грамадзка-палітычнай інтэрнэт-газэтай былі ўжо згаданыя “Беларускія навіны” (http://www.naviny.by). Гэты праект пачаў ажыцьцяўляцца ў 2002 г. Ваш пакорлівы слуга стаў першым галоўным рэдактарам гэтага выданьня. Ужо празь некалькі месяцаў працы на сайт штодня заходзілі па дзьве-тры тысячы наведнікаў. Тады гэта быў вельмі прыстойны паказчык.

“Беларускія навіны” адразу зрабілі стаўку на арыгінальны, эксклюзіўны кантэнт. Сайт стаў абнаўляцца, прычым даволі інтэнсіўна, і ў выходныя дні. Гэта была своеасаблівая рэвалюцыя для беларускага Інтэрнэту (шэраг інфармацыйных рэсурсаў у нас і цяпер на суботу ды нядзелю заміраюць).

Акрамя інфармацыйных жанраў, “Беларускія навіны” сталі актыўна практыкаваць і ўласную апэратыўную аналітыку. Былі выпадкі, калі амаль што сынхронна са сканчэньнем трох-чатырохгадзіннай прэсавай канфэрэнцыі выстаўлялі на сайт аналітычны артыкул на гэтую тэму.

Адразу ж адчулі, што недасяжны раней узровень апэратыўнасьці — мажлівы. Сталі ня толькі асьвятляць падзеі он-лайн, але і камэнтаваць іх па меры разьвіцьця. Пераканаліся, што інтэрнэт-выданьне ў гэтым сэнсе мае перавагі нават над такімі нібыта “хуткімі” СМІ, як тэлевізія і радыё. Часьцяком апэратыўнасьць гэтых электронных мэдыяў ілюзорная. Тэлевізійнікі, напрыклад, надта залежаць ад грувасткай тэхнікі. Ім патрэбен немалы час, каб змантажаваць адзняты матэрыял, уставіць яго ў этэравую сетку і г.д.

Сёньня айчыннае Сеціва дынамічна разьвіваецца, і “Беларускія навіны” ў пэўнай ступені сталі ўжо ўзорам для іншых праектаў. Дарэчы, ня кожнаму зь іх шанцуе “раскруціцца”, нават калі за справу бяруцца дасьведчаныя журналісты. Гэта лішні раз пацьвярджае: у кібэржурналістыкі — свае сакрэты. Свае, як кажа моладзь, “фішкі”.

2. Спэцыфіка і пэрспэктывы

Аўтары папулярнага дапаможніка па інтэрнэт-журналістыцы А.А.Калмыкоў і Л.А.Коханава наступным чынам сфармулявалі, што новага дае журналістыцы Сеціва.

Інтэрактыўнасьць. “Дыялёгавасьць, інтэрактыўнасьць закладзеныя ў саму тэхналёгію WWW, што прымушае журналістыку не на словах, а насамрэч адмаўляцца ад выключна аднаскіраваных спосабаў камунікацыі. Прычым ня толькі ўэб-журналістыку, але і журналістыку ўвогуле. Гэтая новая задача, відавочна, будзе ўносіць істотныя зьмены ў стылёвыя адметнасьці журналісцкай працы, у арганізацыйныя аспэкты выдавецкай дзейнасьці і да т.п. Павуціньне дае магчымасьць ня толькі нешта паведамляць абязьлічанаму чытачу, але і даведвацца пра ягоную рэакцыю і нават навучацца ў яго. Традыцыйныя падыходы, разьлічаныя на абстрактнага чытача, тут ня ёсьць вартымі”.

Пэрсанальны падыход. “Зьявілася магчымасьць улічваць патрэбы і звычкі канкрэтнага чытача і/або групы чытачоў”.

Інфацэнтрычнасьць. “Убудаваная магчымасьць як заўгодна глыбокай герархічнасьці інфармацыі дапускае пры ўдзеле чытача практычна любую ступень дэталізацыі выкладаньня безь перагрузкі непатрэбнымі дэталямі…”

Імгненнасьць. “Паколькі хуткасьць перадачы інфармацыі ў Сеціве пастаянна расьце, а яе перадача праз Інтэрнэт — сапраўднае масмэдыя”.

Вымяральнасьць. “Сеціва валодае інструмэнтамі (напрыклад, лічыльнікі наведваньняў), што дазваляюць хутка ацаніць папулярнасьць той або іншай публікацыі. Элемэнты мэдыя-маркетынгу, такім чынам, аказваюцца аўтаматычна ўбудаванымі ў саму сыстэму… Просты падлік клікаў карыстальнікаў на рэклямных матэрыялах дазваляе (прыблізна і нават з пэўнай дакладнасьцю) вызначыць, які матэрыял выклікаў цікавасьць, а які — не”.

Гнуткасьць. “Дазваляе выкладаць матэрыял самым мудрагелістым чынам і хутка яго абнаўляць, дае магчымасьць наведнікам самім удзельнічаць у пабудове старонкі, падтрымліваючы такім чынам пастаянную цікавасьць да матэрыялу”.

Узаемазьвязанасьць. “Маюцца на ўвазе магчымасьці гіпэртэксту”.

Эканамічнасьць. “Газэтныя рэдактары адразу адзначаюць эканамічнасьць інтэрнэт-выданьня. Ня трэба траціць грошы на паперу, друк, распаўсюд і г.д. Невялікую ўэб-старонку можна атрымаць ад правайдэра нават бясплатна. Разгалінаванае інтэрнэт-выданьне ёсьць, безумоўна, дастаткова складанай сыстэмай. Яно вымагае мноства прыладаў, у прыватнасьці, сыстэмаў аўтарызацыі, пошуку, бясьпекі і г. д. Каб распрацаваць зручныя праграмы кіраваньня сайтам, прывабны дызайн ды падтрымліваць сайт, трэба карыстацца паслугамі кваліфікаваных адмыслоўцаў. І ўсё ж інтэрнэт-газэта атрымліваецца нашмат болей таннай, чым традыцыйная, папяровая.

Дарэчы, адразу хачу падкрэсьліць: распачынаючы ці разьвіваючы інтэрнэт-праект, ня варта эканоміць на дызайне. Ён мусіць быць густоўным і функцыянальным. Салідныя інтэрнэт-праекты пэрыядычна ладзяць рэдызайн, каб не адставаць ад патрабаваньняў часу. Наведнік усё гэта ацэніць.

Тэарэтыкі інтэрнэт-журналістыкі А.А.Калмыкоў і Л.А.Коханава выкарыстоўваюць такі тэрмін, як “юзабіліці” (барбарызм, але сапраўды цяжка знайсьці адпаведнік). У іхняй трактоўцы “юзабіліці” — гэта сукупнасьць элемэнтаў сайту, што ўплывае на лёгкасьць дасягненьня наведнікам пастаўленых ім мэтаў.

“Юзабіліці, — пішуць аўтары, — вызначаецца складанасьцю для разуменьня элемэнтаў навігацыі, асаблівасьцямі структуры сайту, напаўненьнем сайту з гледзішча інтарэсаў карыстальнікаў”.

Напрыклад, тэксты, што выстаўляюцца на сайт, у сярэднім меншыя паводле аб’ёму, чым газэтныя публікацыі. Бо з экрану чытаць цяжэй. Дый увогуле наведнік Сеціва звычайна праглядае інфармацыю ў болей шпаркім тэмпе. Так што трэба яе адпаведным чынам кампанаваць. Галоўная ж адметнасьць інтэрнэт-выданьня палягае ў іншай стылістыцы, іншай філязофіі канструяваньня тэкстаў.

А.А.Калмыкоў і Л.А.Коханава адзначаюць: “Неабходна яшчэ раз падкрэсьліць, што традыцыйнае пісьмо было замененае інтэрнэт-тэкстам з мноствам вонкавых сувязяў, што змушае і чытача, і пісьменьніка перайсьці ад бесьперапыннага і лінейнага ўспрыманьня інфармацыі да дыскрэтнага і аб’ёмнага (шматвымернага). Гэтым гіпэртэкст нагадвае думкавы працэс, які ідзе адразу ў некалькіх кірунках. Ідэі і вобразы ўсплываюць, афармляюцца і згасаюць адначасна на розных узроўнях, узаемадзейнічаюць адно з адным, узаемна пранікаючы і прымнажаючы адно аднаго. Гіпэртэкст дазваляе мадэляваць такія думкавыя сувязі, што дынамічна пераплятаюцца”.

Пра гіпэртэкст мы яшчэ пагаворым далей.

Адзначым і такі важны момант: спэцыфіка Інтэрнэту дае магчымасьць рэдагаваць ужо выстаўленыя на сайт матэрыялы. Можна выкарыстоўваць, калі хочаце, знакаміты прынцып Парэта, або прынцып 80/20. То бок дзеля апэратыўнасьці выстаўляць матэрыял, калі ў ім ужо ёсьць галоўнае, на сайт, а потым ужо — дашліфоўваць і аздабляць дадатковымі дэталямі (напрыклад, дадаваць ілюстрацыі, рабіць болей гіпэрспасылак). Безумоўна, прынцыпам Парэта варта карыстацца разумна, каб на сайт не траплялі сырыя, не правераныя як сьлед матэрыялы.

Іншым разам і водгукі (на сеціўным слэнгу — “камэнты”) чытачоў дапамагаюць выявіць нейкую недакладнасьць. Тады можна хутка яе выправіць. Што таксама немагчыма ў звычайным пэрыёдыку. Там адзінае выйсьце — зрабіць удакладненьне ў наступным нумары.

Варта сказаць і пра спэцыфіку аўдыторыі Інтэрнэту. Лічыцца, што ў Беларусі Сецівам карыстаецца ўжо траціна насельніцтва. Але да гэтай лічбы варта ставіцца крытычна. Бо яна атрыманая праз апытаньні. Нехта хоча проста выглядаць болей “прасунутым”, нехта зазірае ў Інтэрнэт зрэдзьчас. Доля актыўных карыстальнікаў, а менавіта яны і складаюць бальшыню аўдыторыі сеціўных СМІ, пакуль што не такая вялікая, як на Захадзе.

Наведнік сеціўных СМІ ў параўнаньні з традыцыйным чытачом ці гледачом — болей малады, адукаваны, “прасунуты”. Яго ў бальшыні выпадкаў ня трэба агітаваць, напрыклад, за рынкавую эканоміку. Яму бліжэйшыя каштоўнасьці дэмакратыі і эўрапейскага выбару.

Тэарэтыкі сеціўнай журналістыкі падкрэсьліваюць: праектуючы старонку, можна праектаваць і аўдыторыю інтэрнэт-выданьня. Дзеля гэтага трэба выкарыстоўваць нейкія найболей прыцягальныя для пэўнай аўдыторыі паняткі. Можна прыцягваць увагу мэтавай аўдыторыі, калі разьмяшчаць свае банэры на папулярных для яе сайтах.

Дарэчы, ў рэдакцыі ўэб-выданьня зьяўляецца магчымасьць тонка адчуваць сваю аўдыторыю. Канечне, і ў звычайныя газэты чытачы дасылаюць лісты (хаця і ня так актыўна, як было за савецкім часам). Але водгук на сайт, калі ствараецца адпаведная тэхнічная магчымасьць, можна закінуць імгненна. Акрамя таго, рэдакцыя можа ладзіць адмысловыя апытаньні. Яны, вядома, ня ёсьць рэпрэзэнтацыйнымі дасьледаваньнямі, але дапамагаюць зразумець, чым дыхае твой чытач.

Як адзначаюць адмыслоўцы, для ўэб-публікацыі важны момант тэхналягічнай “раскруткі”. Гаворка ідзе пра тое, каб яе хутка знаходзілі розныя пошукавыя сыстэмы. Напрыклад, каб пры пошуку па нейкіх асноўных словах яна зьяўлялася ў першых радках выніку пошуку. Бо карыстальнік у бальшыні выпадкаў абмяжоўваецца менавіта гэтымі першымі радкамі.

Ўэб-праекты вымагаюць адмысловага мэнэджмэнту. Дзеля гэтага трэба валодаць комплексам сучасных ведаў і адпаведным досьведам. Пры дапамозе інтэрнэт-выданьняў могуць вырашацца рэклямныя, піяраўскія задачы. У інтэрнэт-сфэры пачынаюць круціцца ўсё большыя грошы, фармуецца адпаведная галіна бізнэсу. Зрэшты, гэта ўжо асобная тэма, якую мы тут разгортваць ня будзем.

3. Творчая кухня

Пісаць у сеткавае выданьне — гэта зусім іншае, чым як у звычайную папяровую газэту. Цяжкасьці, зьвязаныя са спэцыфікай Інтэрнэту, напачатку зьведваюць і тыя аўтары, што ўжо зьелі зубы на традыцыйнай журналістыцы.

Калі зірнуць на кароткую гісторыю інтэрнэт-журналістыкі, то варта прызнаць, што ля яе вытокаў стаялі пераважна аматары, якія ў бальшыні сваёй ня мелі дачыненьня да традыцыйных мэдыяў. Гэтае аматарства і сёньня яскрава выяўляецца, напрыклад, у блогерстве.

Зь іншага боку, як ужо адзначалася, віртуальны абсяг пакрысе пачалі абжываць і профі з традыцыйных, найперш папяровых мэдыяў. Яны прынесьлі свой досьвед, традыцыі. У прыватнасьці, традыцыі акуратнай працы з фактамі, пісьменнасьці, увагі да стылю і г.д. Але газэтчыкам напачатку зазвычай цяжка даецца, напрыклад, спэцыфіка гіпэртэксту.

Тэарэтыкі (А.А.Калмыкоў, Л.А.Коханава) адзначаюць, што “падрыхтоўка матэрыялу для Web мае на ўвазе неабходнасьць лягічна яго структураваць адпаведна з патрабаваньнямі гіпэртэксту. Такога кшталту праца называецца лягічным дызайнам, элемэнтамі якога ёсьць ня толькі тэкст, але і графіка, а таксама гіпэртэкставыя сувязі. Дзеля ўсяго гэтага неабходна вельмі разнастайнае праграмнае забесьпячэньне, якое таксама варта разглядаць як кампанэнт абсталяваньня працоўнага месца”.

Гэтыя ж аўтары заўважаюць: “Існуе думка, што падрыхтоўка зьместу (кантэнту) публікацыі і яе гіпэртэкставае афармленьне — гэта дзьве розныя задачы, якія могуць выконваць розныя адмыслоўцы: зьмест рыхтуе журналіст, а кадаваньне ў HTML ажыцьцяўляе ўэб-дызайнэр ці ўэб-майстар. Такое становішча рэчаў мае часовы характар. Пакуль журналісты не навучацца думаць і пісаць катэгорыямі гіпэртэкстуальнай рэальнасьці, он-лайнавая журналістыка будзе заставацца традыцыйнай журналістыкай”.

Такім чынам, дзьве плыні ўэб-журналістыкі, умоўна кажучы, блогерска-аматарская і прафэсійна-газэтная, пакрысе збліжаюцца, пераплятаюцца, ствараюць нейкую сынтэтычную зьяву. Напрыклад, цяпер вельмі папулярныя блогі прафэсійных аўтараў. Такі жанр практыкуецца на сайтах шэрагу салідных замежных выданьняў. Пра блогі будзе асобная гаворка ў гэтай лекцыі.

У мэдыях, што заснаваныя на сучасных тэхналёгіях, зьяўляецца ўнікальная магчымасьць камэнтаваць падзеі ў рэжыме рэальнага часу. Гэта вымагае асаблівай апэратыўнасьці ды тэхналягічнасьці ў працы над матэрыялам.

Такім чынам, сеціўная журналістыка дае дадатковыя тэхнічныя магчымасьці. Але ня толькі ў гэтым рэч. Як адзначаюць ў сваёй кнізе пра інтэрнэт-журналістыку А.А.Калмыкоў і Л.А.Коханава, “было б вельмі проста вызначыць інтэрнэт-журналістыку толькі як журналістыку, што выкарыстоўвае новыя тэхналягічныя магчымасьці. Аднак ёсьць важкія падставы меркаваць, што ў абліччы інтэрнэт-журналістыкі мы маем справу зь якасна новым культурным і цывілізацыйным фэномэнам. Гэтая выснова напрошваецца хаця б праз тое, што Інтэрнэт напачатку спарадзіў інтэрнэт-журналістыку дэ-факта, а потым ужо журналістыка стала асвойваць Інтэрнэт як асяродзьдзе сваёй прафэсійнай дзейнасьці ды прызнала ўэб-журналістыку дэ-юрэ”.

Дык вось, у інтэрнэт-выданьні ад газэтчыка патрабуецца, калі хочаце, мэнтальная перабудова. Кібэржурналістыка дыктуе іншую стылістыку, у нейкім сэнсе — іншы творчы спосаб.

Варта падкрэсльліць, што праца ў інтэрнэт-выданьні вымагае асаблівага напружаньня. Канечне, і ў звычайнай газэце даводзіцца напружвацца. Але там ёсьць такі панятак, як графік выхаду нумару. Здалі нумар у друкарню — расслабіліся. На радыё, тэлевізіі — свая цыклічнасьць. Таксама “адстраляліся”, паставілі выпуск у этэрную сетку — і адпачываюць. Што ж да інтэрнэт-газэты, то яна ў ідэале мусіць абнаўляцца 24 гадзіны на суткі.

Трэба нястомна маніторыць іншыя рэсурсы, вылучаць галоўнае ды імгненна рэагаваць. Важна адразу ацаніць важнасьць і падтэкст нейкага факту, падзеі. Трэба ўмець аддзяляць зярняты ад шалупіньня. Чыньнік апэратыўнасьці становіцца асабліва важным. Бо калі страціш момант, ужо стрэліць паведамленьнем на гэтую тэму іншы інтэрнэт-рэсурс.

Трэба хутка фармуляваць фразы, хутка набіраць тэкст, хутка выходзіць на экспэртаў і вылучаць галоўнае ў іх думках. Нарэшце, мець добрую эрудыцыю, бо мала часу, каб праверыць усю фактуру, знайсьці ўсе даведкі па тэме. Многае мусіш даваць па памяці.

Так што праца інтэрнэт-журналіста ў пэўным сэнсе катаржная. Разам з тым, гэта, калі хочаце, новае вымярэньне творчае свабоды. Атрымліваеш незвычайную асалоду, калі выходзіш на аўдыторыю без пасярэднікаў. Бо дасьведчаны сеціўны журналіст сам афармляе тэкст у адпаведнасьці з патрабаваньнямі Інтэрнэту і нярэдка сам закідае матэрыял на сайт. Праз хвіліну цябе чытае ўвесь сьвет. Тэарэтычна. Хаця і на практыцы наведваньне папулярных рэсурсаў сапраўды глябальнае. Празь некалькі месяцаў працы “Беларускіх навінаў” у іх актыве былі ўжо чытачы прыкладна са 120 краінаў сьвету, у тым ліку і афрыканцы, і аўстралійцы, і жыхары розных экзатычных выспаў. Такая аўдыторыя газэтчыку і ня сьнілася.

У сеціўнай журналістыцы размываюцца межы ня толькі паміж дзяржавамі, але і паміж жанрамі. У прыватнасьці, праз выкарыстаньне гіпэртэксту (напрыклад, у нататцы, то бок інфармацыйным матэрыяле, можа быць спасылка на нейкі камэнтар, то бок матэрыял аналітычны). Разам з тым у аснове працы ўэб-журналіста ляжаць тыя ж традыцыйныя жанры.

4. Інфармацыйныя рэсурсы і пошукавыя сыстэмы. Праца з экспэртамі

У газэту, у тым ліку і інтэрнэт-газэту, не напішаш “ад ліхтара”: патрэбна інфармацыйная падстава.

Інтэрнэт — гэта акіян інфармацыі. Нібыта раздольле. Але ў гэтай бязьмежнай віртуальнай стыхіі важна не патануць самому журналісту. Трэба абапірацца на апэратыўныя і надзейныя крыніцы. Скептыкі называюць Інтэрнэт вялікай памыйкай. Гэта грубаватае і ня надта аб’ектыўнае азначэньне. Разам з тым, журналіст мусіць мець на ўвазе, што тут можна пагарэць і на неправераных паведамленьнях, і на наўмыснай дэзынфармацыі.

Іначай кажучы, трэба ведаць, дзе што ляжыць у Інтэрнэце. І ня надта спадзявацца на пошукавыя сыстэмы, нават такія магутныя, як “Яндэкс” ці “Гугл”. Бо гэта ўсё ж машыны. Умоўна кажучы, ім ўсё адно, ці вы шукаеце біяграфію імпэратара Напалеона, ці рэцэпт аднайменнага торта.

Увогуле, як фармулююць тэарэтыкі, журналісту пры выбары крыніцы інфармацыі важныя наступныя парамэтры: эксклюзіўнасьць, аўтарытэтнасьць і актуальнасьць. Характарыстыкай аўтарытэтнасьці выданьня лічыцца імпакт-фактар. Ён тым вышэйшы, чым болей цытатаў з публікацыяў гэтага выданьня сустракаецца ў прэсе.

Безумоўна, усё ведаць немагчыма. Трэба ўмець арыентавацца ў акіяне інфармацыі і знаходзіць тое, што патрэбна, каб зь веданьнем справы напісаць матэрыял.

Некалі, за савецкім часам, журналісту, які хацеў мець сваё дасье, даводзілася складаць выразкі ў кардонныя тэчкі. Сызыфава праца! Потым, калі зьявіліся кампутары, стала магчымым весьці падобныя дасье ў электронным выглядзе. Але гэта таксама адбірала багата часу. Дзякуй богу, урэшце зьявіўся Інтэрнэт. Цяпер не абавязкова шмат капіяваць зь Сеціва ды раскладаць па электронных тэчках на жорсткім дыску свайго кампутара. Хаця самую важную даведачную інфармацыю лепей мець заўжды пад рукой, ва ўласным электронным архіве.

Важна таксама мець добрую калекцыю выбраных спасылак у сваім інтэрнэт-браўзэры. І не ленавацца яе папаўняць ды пэрыядычна ўпарадкоўваць. Гэта зэканоміць вам каштоўны час, калі спатрэбіцца хутка “навудзіць” патрэбных даведак па нейкай гарачай тэме. Цяпер зьявіліся таксама вельмі зручныя праграмы для чытаньня RSS-плыняў. Яны эканомяць і час, і трафік.

Каб пошук быў эфэктыўны, патрэбен грунт — базавыя веды ў адпаведнай галіне плюс пастаянны маніторынг сваёй тэматыкі, каб быць у курсе асноўных падзеяў ды тэндэнцыяў. Надзвычай важна таксама навучыцца вылучаць галоўныя, асноўныя факты. Дасьведчаны аналітык можа разгарнуць канцэпцыю, абапіраючыся і на дробны, здавалася б, фактык. Важна адчуць за ім тэндэнцыю, заканамернасьць. Ухапіўшыся за адно зьвяно, можна выцягнуць цэлы ланцуг красамоўнай фактуры. Пры гэтым ня варта цягнуць коўдру на сябе: дайце ў матэрыяле слова і адмысловым знаўцам праблематыкі. Звыш усяго, экспэрты будуць удзячныя за піяр.

Важна напрацоўваць кола экспэртаў. Можна вылучыць наступныя крыніцы, паводле якіх варта шукаць экспэртаў: прэса; матэрыялы круглых сталоў, канфэрэнцыяў, сымпозіюмаў і г.д.; дакумэнты, што фіксуюць склад профільных камісіяў і камітэтаў органаў прадстаўнічай улады; экспэртныя апараты органаў улады і грамадзкіх арганізацыяў; рэдакцыі і навуковыя рады профільных выданьняў; аўтары спэцыяльных выданьняў, манаграфіяў і матэрыялаў у спэцыяльнай пэрыёдыцы; аўтарэфэраты дысэртацыяў; “экспэрты па экспэртах”, то бок вусныя рэкамэндацыі ўжо вядомых экспэртаў датычна сваіх меней публічных калегаў; навукова-папулярныя і публіцыстычныя перадачы на тэлевізіі.

Варта і тут адзначыць айчынную палітычную спэцыфіку. Маладыя журналісты мусяць быць гатовымі да таго, што прадстаўнікі дзяржаўных інстытуцыяў не заўжды ахвотна ідуць на кантакт зь незалежнымі мэдыямі. Некаторыя экспэрты могуць згадзіцца на камэнтар толькі на ўмовах ананімнасьці.

Дарэчы, вельмі важныя і чыста чалавечыя стасункі між журналістам ды экспэртам. Каб чалавек быў гатовы, умоўна кажучы, праз мабільнік адкуль-небудзь зь пікніку табе адкамэнтаваць што трэба. Карацей, важны момант даверу. Таму варта цытаваць экспэртаў вельмі карэктна. Не падганяць іхнія думкі пад сваю канцэпцыю матэрыялу. І не забываць спасылацца. Не прысабечваць чужыя меркаваньні.

З тэхнічных парадаў варта даць такую: ня злоўжывайце дыктафонам. Іншым разам ён незаменны. Але часта рызыкуеш трапіць у палон гэтай тэхнікі. Камэнтары ў выніку атрымліваюцца доўгія і сумбурныя. Найлепей канспэктаваць асноўныя думкі і потым працаваць з гэтымі тэзамі. А калі просіцца даслоўнае выказваньне, можна, між іншым, выставіць на сайт аўдыёфайл. Гэта яшчэ адна з рысаў інтэрнэт-журналістыкі — мультымэдыйнасьць. Журналіст атрымлівае магчымасьць аздобіць матэрыял пры дапамозе фота, аўдыё, відэа, флэш-анімацыі і г.д. Можна стварыць інтэрактыў, то бок прапанаваць апытаньне на тэму артыкулу.

5. Фэномэн блогерства

Блог (blog) — гэта скарачэньне ад ангельскага web log (сеціўны дзёньнік). У кнізе пра інтэрнэт-журналістыку мы чытаем: “Па форме гэта — старонка з кароткімі запісамі наступнага фармату: спасылка на месца ў Сеціве і невялікі, часта падкрэсьлена суб’ектыўны камэнтар. Ўэблог — гэта інфармацыйна напоўнены дзёньнік, то бок адна з формаў аўтарскага праекту. Аўтары ўэблогаў (блогеры) зазвычай пішуць пра тое, што зь імі адбываецца, выказваюць свае меркаваньні з нагоды тых ці іншых палітычных і культурных падзеяў, а таксама камэнтуюць публікацыі ў Інтэрнэце, зьвязваючы камэнтары гіпэрспасылкамі з крыніцай”.

Цяпер — мода на блогі. Актыўна скарыстоўваюцца “Жывы часопіс”, іншыя папулярныя плятформы. Шмат каго з карыстальнікаў Сеціва ахоплівае спакуса паспытаць сябе ў ролі блогера, апаноўвае ілюзія, нібыта кожны цяпер можа стаць журналістам. Але большасьць блогаў — дылетанцкія. І наведваньне ў іх, мякка кажучы, сьціплае.

Зрэшты, аўтарытэтны часопіс The Economist спрагназаваў, што блогеры выціснуць традыцыйную журналістыку на пэрыфэрыю. Зьявілася нават канцэпцыя “народнай журналістыкі”. Ёсьць адпаведныя рэсурсы. Яны спэцыялізуюцца на друкаваньні такіх аўтараў-непрафэсіяналаў.

Але, думаю, выснова паважанага часопіса ёсьць перабольшаньнем. На “Форуме расейскіх рэдактараў” (http://editorsweblog.ru) давялося ўбачыць трапнае выказваньне Джона Бэрка: “У гэтай практыцы, якую ў нашыя дні гучна называюць народнай журналістыкай, няма нічога кепскага. Праўда, да журналістыкі яна ня мае ніякага дачыненьня”.

Дакладней кажучы, аматарская журналістыка можа быць дапаўненьнем да прафэсійнай. Блогеры іншым разам наводзяць “звычайных” журналістаў на цікавую, актуальную тэму. Апошнія часта шукаюць для сябе тэмы ў блогах. Можна згадаць, што менавіта блогеры ўзьнялі тэму бойкі ў электрычцы “Менск — Пухавічы” пасьля Дня гораду ў верасьні 2006 г. У выніку мусілі зрэагаваць і дзяржаўныя мэдыі, і ўладныя структуры.

Але, на маю думку, блогерства не заменіць прафэсійную журналістыку. Бо квітнее дылетанцтва, аўтары часьцяком не адчуваюць адказнасьці за словы, не правяраюць зьвесткі ды і ня ўмеюць гэтага рабіць як сьлед.

Маскоўскі журналіст Андрэй Калесьнікаў напісаў добры артыкул пад назвай “Аффтар сжог, или Почему я не веду интернет-дневников” (http://www.rian.ru/authors/20061018/54898650.html). Назва, як вы разумееце, парадыйная. А піша ён пра ўзровень пісьма ды культуру дыскусіі на форумах і ў блогах, дакладней — пра яе брак. Андрэй Калесьнікаў зазначае: “Журналістыка, як бы ні прэтэндавалі на ляўры народных рэпартэраў насельнікі форумаў ды пісьменьнікі дзёньнікаў, усё ж ёсьць рамяством, якое падпарадкоўваецца пэўным правілам. Адна з таямніцаў рамяства — рэдактура, выбудоўваньне герархіі навінаў, фармаваньне кампазыцыі інфармацыйнага малюнку”.

Хутчэй, маюць пэрспэктыву псэўдаблогі (тэрмін, які вынайшаў, здаецца, Андрэй Дынко — шматгадовы рэдактар “Нашай Нівы”). Гэта калі вядоўца — прафэсійны журналіст, які піша артыкулы без рэдактара, сам іх аздабляе і ставіць на сайт. Калі хочаце, гэта ў пэўнай ступені мімікрыя пад модны жанр (хаця і насамрэч выкарыстоўваюцца ягоныя “фішкі”). Ваш пакорлівы слуга, дарэчы, на прапанову згаданага Андрэя Дынька распачаў у кастрычніку 2006 г. весьці ўласны блог на сайце “Нашай Нівы”. Адпаведная рубрыка атрымала назву “Аляксандар Класкоўскі. Кропкі над “і”. Такім чынам пашэнціла адчуць сапраўды ўнікальныя магчымасьці, так бы мовіць, прафэсійнага блогерства.

Зноў жа падкрэсьлю такі канёк, як апэратыўнасьць. Калі адбываюцца нейкія важныя падзеі, ёсьць магчымасьць рэагаваць імгненна. І чытачы адразу адгукаюцца. Кантраст, розьніцу ў апэратыўнасьці асабліва выразна адчуваеш, маючы досьвед супрацоўніцтва з друкаванай вэрсіяй “Нашай Нівы”, якая выходзіць раз на тыдзень.

Блог — гэта творчае самаабслугоўваньне. Ніякай рэдактуры (тым болей цэнзуры), ніякіх прамежкавых зьвёнаў між табой і чытачом.

Гэта і асаблівая стылістыка. Тут цалкам дарэчныя болей лірычныя, камэрныя, спавядальныя інтанацыі, зьяўляецца магчымасьць распавесьці пра тое, што ня лезе ў пракрустаў ложак традыцыйных жанраў.

Важны таксама момант зваротнай сувязі. Аўтары камэнтароў дапаўняюць аўтара артыкулу. Зрэшты, гэтую зваротную сувязь ня варта абсалютызаваць. Сярод заўсёднікаў блогу трапляюцца і дастаткова зласьлівыя. Іншым разам могуць і дапякаць. Тым болей што аўтар — пад перакрыжаваным агнём крытыкі, аўтары ж “камэнтаў” хаваюцца пад сеціўнымі псэўданімамі — нікамі. Ёсьць, вядома, і кодэксы сеціўнай этыкі. У прыватнасьці, адно з правілаў палягае у тым, што ня варта пісаць пад нікам тое, чаго не сказаў бы ў вочы. На жаль, ня ўсе гэтай этыкі блогераў прытрымліваюцца. Нецярпімасьць, адсутнасьць культуры дыскусіі — усё гэта мае месца. Так што зважаць на любую рэпліку, а тым болей трапляць у псыхалягічны палон, старацца дагадзіць усім наведнікам блогу — ня варта. Дый кожнаму і не дагодзіш.

Але разам з тым бясспрэчна, што водгукі дапамагаюць лепей адчуваць аўдыторыю. І, як ні банальна, адказнасьць за кожнае слова.

Блог — гэта асаблівая стылістыка, эстэтыка, структура тэксту. Кідкі загаловак і моцная ўрэзка набываюць асаблівае значэньне (зрэшты, гэта тычыцца любой інтэрнэт-публікацыі). Звышзадача — каб наведнік “клікнуў”. Хаця ніхто цябе не абмяжоўвае, ня варта пісаць надта доўгія тэксты. Іх проста не дачытаюць.

Нарэшце, дзівосныя творчыя магчымасьці адкрывае гіпэртэкст. Гіпэрспасылкі дазваляюць пісаць болей ляканічна. Можна не разжоўваць перадгісторыю, усе акалічнасьці сюжэту, карацей, ня трэба рабіць вялікі “бэкграўнд”. Гіпэрспасылкі насычаюць, узбагачаюць тэкст дадатковай інфармацыяй. Надаюць яму большую верагоднасьць, доказнасьць. Увогуле, задаюць іншую стылістыку (можна мімаходзь кінуць фразу “глядзеце вось тут”, “гэты тэкст ляжыць тут” — і перакінуць ад яе масток-гіпэрспасылку на патрэбны рэсурс).

6. Заканадаўчыя і этычныя аспэкты

Пакуль што Інтэрнэт у Беларусі не ахоплены законам аб СМІ. Незалежныя журналісты кажуць: і дзякуй богу! Тым часам улады раз-пораз цьвердзяць пра намер “увесьці заканадаўчае рэгуляваньньне Інтэрнэту ў дзяржаве”. У 2006 г. такую заяву зрабіў міністр інфармацыі Ўладзімер Русакевіч. На пачатку 2007 г. аналягічным чынам выказаўся старшыня камісіі ў пытаньнях правоў чалавека, нацыянальных дачыненьняў і сродкаў масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Юры Кулакоўскі. Між тым аўтарытэтны экспэрт у галіне Інтэрнэту, кіраўнік парталу TUT.BY Юры Зісэр мяркуе, што ў адмысловым законе дзеля рэгуляваньня Сеціва няма патрэбы. “На мой погляд, цалкам дастаткова існых законаў, — кажа Зісэр. — І гэта агульнапрынятая практыка ў сьвеце. Інтэрнэт, на мой погляд, — сродак сувязі, на базе якога можна ствараць ўсё што заўгодна, і СМІ ў тым ліку”.

Канечне, змагацца з Інтэрнэтам пры дапамозе рэпрэсіўнага заканадаўства цяжэй, чым супраць звычайных мэдыяў. Разам з тым, недаацэньваць небясьпеку ня варта.

Тым болей што пры жаданьні, як паказвае практыка, прыцягнуць да адказнасьці за матэрыял, зьмешчаны ў Сеціве, могуць і без адмысловага закону. Знойдуць іншы артыкул. Нагадаю: калі у 2002 г. судзілі гарадзенскіх журналістаў Міколу Маркевіча ды Паўла Мажэйку, то ў якасьці доказу на судзе фігуравала менавіта раздрукоўка з сайту газэты “Пагоня”. Бо яе наклад быў сканфіскаваны ў друкарні і да чытача не дайшоў (то бок узьнікала пытаньне: а ці можна лічыць публічнай інкрымінаваную ім абразу кіраўніка дзяржавы?). У 2007 г. публікацыя ў Сеціве стала падставай для пачатку крымінальнай справы супраць палітыка і літаратара Андрэя Клімава.

Пакінем у баку імаверныя палітычныя нюансы згаданых гісторыяў. Падкрэсьлім залаты прынцып: публікацыі для Сеціва мусяць рыхтавацца гэтак сама бездакорна, як і для звычайнай газэты. То бок нельга лічыць Інтэрнэт асяродзьдзем, меней патрабавальным да якасьці матэрыялаў. Рэдагаваць іх для Сеціва варта без аніякіх скідак. Трымаць тую ж самую планку патрабаваньняў, што ўжываецца ў традыцыйнай журналістыцы. Я маю на ўвазе і юрыдычныя, і этычныя крытэры, і проста элемэнтарную пісьменнасьць. Дзякуй богу, той дзіцячы пэрыяд разьвіцьця Сеціва, калі многае элемэнтарна не вычытвалася, пакрысе мінае.

Узьнімаецца і ўзровень сеціўнай этыкі. Раней было горай. Калі мы ў 2002 г. пачыналі праект “Беларускія навіны”, то адразу гэта адчулі. Многія лічылі інтэрнэт “дурніцай”, безгаспадарным месцам, адкуль можна спакойна цягаць матэрыялы без спасылак. А іншым разам даводзілася бачыць свае артыкулы ці вялікія іх фрагмэнты пад чужымі подпісамі. Даводзілася сарамаціць несумленных калегаў.

Такім чынам, як бачым, праца ўэб-журналіста ёсьць заняткам няпростым. Інтэрнэт вымушае авалодваць новым арсэналам, вымагае дадатковай абазнанасьці. Разам з тым, ён адкрывае новыя магчымасьці, досыць новую ступень творчае свабоды.

Літаратура:

Брэтон Ф., Пру С. Выбух камунікацыі. Нараджэнне новай ідэалогіі. — Мінск: Беларускі Фонд Сораса, 1995.

Градюшко А.А. Сетевая пресса в системе СМИ. — Минск, 2005.

Джазоян А.Е., Коханова Л.А., Калмыков А.А. и др. СМИ и современные медиатехнологии. — Москва, 2000.

Журналистика в стиле онлайн. — Москва, 1999.

Интернет для журналиста. — Москва: Галерия, 2001.

Калмыков А.А., Коханова Л.А. Интернет-журналистика. — Москва: Юнити-Дана, 2005.
(http://media.utmn.ru/library.php?show_book=1&parent=17&bid=345)

Кихтан В.В. Информационные технологии в журналистике. — Ростов-на-Дону: Феникс, 2004.

Маклюэн М. Галактика Гутенберга. — Киев, 2003.

Мелюхин И.С. Информационное общество: истоки, проблемы, тенденции развития. — Москва, 1999.

От книги до интернета. Журналистика и литература на рубеже нового тысячелетия. — Москва, 2000.

Почепцов Г.Г. Коммуникативные технологии двадцатого века. — Москва: Рефл-бук, Киев: Ваклер, 2000.

Рэддик Р., Кинг Э. Журналистика в стиле онлайн. — Москва, 1999.

Скотт Э. Компьютерные технологии в журналистике. — Москва, 1999.

You may also like...