Анатоль ТРАФІМЧЫК. Стаўленне бальшавікоў да дзяржаўнасці Беларусі ў 1917—1921 гг.

План:

Уступ. Асноўныя пазіцыі гістарыяграфіі па праблеме.

1. Геапалітычныя і прававыя перадумовы беларускай дзяржаўнасці ў 1917—1918 гг.

2. Тэорыя і практыка бальшавіцкага кіраўніцтва ў дачыненні да Беларусі.

3. Фактар незалежнасці Польшчы і абвяшчэнне БССР.

4. 1920 г. і паўторнае абвяшчэнне Савецкай Беларусі.

Падсумаванне і высновы.

Принцип на самоопределение должен быть средством борьбы за социализм. И.Сталин

Спрачаліся доўга,

Як край наш раскрасці,

Дый спеліся ўрэшце:

Парваць на дзве часці.

Адна часць Варшаве

Лізаць ногі будзе,

Маскве хай другая

Нясе свае грудзі.

Забыліся толькі,

Хаўруснікі ночы,

Спытаць беларуса,

Чым сам ён быць хоча?

Янка Купала, 19.10.1913

Тры сцежкі на нашай зямельцы праходзюць—

Тры сцежкі.

Адна на Заход — да Варшавы,

Другая на Ўсход — да Масквы.

А трэйцяя — проста ўпярод

Ідзе, ды ідзе, ды ідзе—

Далёка — да самага Сонца,—

Тры сцежкі.

Змітрок Бядуля, 27.12.1917

Ідзеш у край, які бязбожна

Жыўцом парэзалі на часці,

А брат проць брата стаў варожна

І памагае край раскрасці.

Янка Купала, 1919

Па кусочку цябе рвалі,

То на Захад, то на Ўсход

Казімір Сваяк, 31.12.1918

З двух бакоў айцы дубінай заганялі нас у рай.

Якуб Колас

На нашым карку торг спраўляе сьмела

Масква з Варшавай, з Рыгай і Літвой,

І наша змучанае катам цела

Штогодна новай кроіцца мяжой.

У.Дубоўка

Пасеклі наш край папалам,

Каб панскай вытаргаваць ласкі.

Вось гэта — вам, а гэта нам,

Няма сумленьня ў душах рабскіх…

…Раскалоўся б камень ад жальбы,

Калі б ён знаў, як торг над намі

Вядуць маскоўскія рабы

Зь вялікапольскімі панамі.

Алесь Дудар

Уступ

Пазіцыя Масквы датычна праблемы беларускіх земляў у 1917—1939 гг. з’яўлялася, як вядома, лёсавызначальнай для існавання Беларусі і яе далейшага развіцця. Якімі ж былі тагачасныя меркаванні бальшавісцкіх і савецкіх лідараў датычна гэтай праблемы — і сапраўдныя, і дэкларатыўныя? І як іх рэалізоўвалі?

Савецкая гістарыяграфія стварыла міф пра тое, што абяздолены беларускі народ толькі дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі займеў паўнавартасную дзяржаўнасць. А паралельна існавала ледзь не цалкам адваротная думка беларускіх эмігрантаў: маўляў, гэта была бальшавіцкая акупацыя. Аднак за рамантызмам і эмоцыямі тыя навуковыя даследаванні нярэдка гублялі сваю вартасць, таму абазначаная тэма заставалася слабадаследаванай і актуальнай. Сучасная гістарычная навука Беларусі стасоўна гэтай тэмы, як і многіх іншых, мае пэўныя здабыткі, якія, аднак, вельмі часта характарызуюцца прынцыповымі супярэчнасцямі. Даходзіць да парадоксаў: зробленыя ў канцы працы высновы могуць канцэптуальна пярэчыць папярэдняй аналітыцы. Такое становішча падштурхоўвае да яшчэ аднаго канструявання падзей, якое, штопраўда, не прэтэндуе на поўную завершанасць, аднак імкнецца абазначыць тэндэнцыі што да вырашэння беларускай праблемы кіраўнічымі органамі маладой савецкай дзяржавы (з 1922 г. СССР). Прычым уважлівы чытач убачыць, што абсалютная большасць матэрыялаў, якія ляглі ў аснову працы, з’яўляюцца агульнадаступнымі і даволі шырока вядомыя. Таму тым больш дзіўна, што па дадзенай праблеме кропкі над “і” яшчэ не расстаўлены.

1. Геапалітычныя і прававыя перадумовы беларускай дзяржаўнасці ў 1917—1918 гг.

У свой час шляхам трох падзелаў канфедэрацыі Кароны Польскае і ВКЛ — Рэчы Паспалітае — Расійская імперыя ўлучыла ў свой склад усе беларускія этнаграфічныя землі — тыя, на каторых магла б утварыцца беларуская нацыя і нацыянальная дзяржава ў разуменні Новае гісторыі. Чарговы ўздым нацыянальнага руху ў Еўропе актуалізаваў імкненні многіх “падымперскіх” народаў да самавызначэння. Палякі, адраджаючы сваю краіну, кіраваліся тым станам, у якім яна існавала да 1772 г., калі краіны-суседзі пачалі брутальна ўмешвацца ва ўнутранае развіццё канфедэратыўнае дзяржавы. Беларуская нацыянальная эліта ў 1918 г. знаходзіла не меншыя падставы для незалежніцкіх настрояў, тым больш, што “Дэкларацыя правоў народаў Расіі” (ад 2 лістапада 1917 г. па ст.ст.) гарантавала нацыям права на вольнае самавызначэнне аж да аддзялення і ўтварэння самастойнай дзяржавы. Да таго ж, 29 жніўня 1918 г. савецкі ўрад прыняў падпісаны У.І.Леніным дэкрэт, які адкідваў дамовы і акты, заключаныя ўрадам былое Расійскае імперыі аб падзеле Рэчы Паспалітай. А гэта значыць, расійская інкарпарацыя беларускіх земляў, якія з’яўляліся ядром ВКЛ, de iure ліквідоўвалася, а за іх насельніцтвам прызнавалася права на самавызначэнне — калі яны адмовіліся б ад ранейшага дзяржаўнага status quo ў выглядзе ВКЛ ці Рэчы Паспалітае, у якой Княства — у адрозненне ад Савецкае Беларусі — з’яўлялася далёка не фармальнай структурнай адзінкай, хоць яго статус у тандэме з Каронай і быў моцна паслаблены ў выніку спусташальных войн сярэдзіны ХVІІ ст. і далейшае расійскае экспансіі. Выбар народаў былое Рэчы Паспалітае (палякаў, літоўцаў, ураінцаў) быў зроблены на карысць самастойнага шляху дзяржаўнага будаўніцтва, што фактычна не пакідала альтэрнатывы беларусам. Паўставанне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і было спробай рэалізацыі гэтай альтэрнатывы.

Як лічыць дзеяч БНР Кляўдуш Душ-Душэўскі, і Польшча, і Савецкая Расія фактычна прызналі БНР у 1918 г. Пра такое прызнанне згадвае Старшыня польскае дэлегацыі ў сваёй заяве на другім паседжанні Галоўнае камісіі мірнае канферэнцыі 4 кастрычніка 1920 г.: “Польская республика, не ожидая шагов со стороны России, признала независимость Литвы, Украины и Белоруссии”. А ў дэкларацыі расійскае дэлегацыі ад 24 лістапада 1920 г. гаварылася пра прызнанне Расіяй незалежнасці Беларусі яшчэ ў 1918 г. Ёсць і юрыдычныя дакументы, якія на прававым узроўні прызнаюць Расіяй паўнамоцтвы, прынамсі, прадстаўнікоў БНР пры ўрадзе РСФСР (такім у якасці генеральнага консула быў Алесь Бурбіс, копія дыпламатычнага пашпарта якога захавалася). Па меркаванні беларускага гісторыка Анатоля Грыцкевіча, “бальшавікі ў Маскве вымушаны былі лічыцца з трэцяй Устаўной Граматай да народаў Беларусі. У лістападзе 1918 г. урад Леніна нават спрабаваў дамовіцца з тагачасным урадам БНР на чале з Антонам Луцкевічам, але потым спыніў перамовы”. Дый Варшава таксама мела дыпламатычныя стасункі з прадстаўнікамі БНР. Прэзідэнт Рады БНР П. Крэчэўскі прыводзіць дакументы з цытатамі аб прызнанні ў 1918 г. незалежнасці Беларусі і Польскай Рэспублікай, і РСФСР. Па меркаванні А. В. Ціхамірава, урад Украінскай Народнай Рэспублікі прызнаваў Беларусь дэ-факта, але адмовіўся прызнаць яе дэ-юрэ, спасылаючыся на ўмовы Брэст-Літоўскай мірнай дамовы. Прыкладна такую ж пазіцыю заняў і гетман Скарападскі, які прыйшоў да ўлады пасля дзяржаўнага перавароту.

Такім чынам, маем шэраг фактычных прызнанняў БНР з боку непасрэдных суседзяў (Расіі ў тым ліку), якія — будзем аб’ектыўнымі — у цэлым не былі зацікаўлены ў такім ходзе падзей. Іншая справа, што тыя прызнанні былі вельмі асцярожнымі і амбівалентнымі. Выяўляць канкрэтнасць — таго ці іншага парадку — міжнародна-палітычная кан’юнктура не дазваляла, бо: 1) існаванне незалежнай Беларусі не прадугледжвалася — у першую чаргу Савецкай Расіяй ды Польшчай, 2) канкрэтнасць пазіцыі па гэтай праблеме касавала б гнуткасць палітыкі, што праводзілі гэтыя краіны.

1918 г. не стаў для беларусаў годам аднаўлення дзяржаўнасці: ў адрозненне ад заходняга суседа (і Літвы), не хапіла сіл (унутранага патэнцыялу і знешняй падтрымкі) забяспечыць БНР, абвешчанай 9 сакавіка з дэклараваннем незалежнасці 25 сакавіка 1918 г., жыццяздольнасць. Сілы беларускага адраджэння на той час не маглі супрацьстаяць неспрыяльнаму развіццю міжнародных падзей па аб’ектыўных прычынах: разгром бальшавікамі ў канцы 1917 г. Усебеларускага Кангрэса стварыў сітуацыю, у якой нацыянальныя сілы Літвы і Украіны апынуліся ў больш авантажным становішчы, што прымусіла звярнуць увагу ваюючых бакоў на праблему самавызначэння гэтых усходнееўрапейскіх народаў.

Пытанне Усебеларускага Кангрэса патрабуе асобнае ўвагі. Паводле сваёй рэзалюцыі, ён імкнуўся да “отстаивания цельности, неделимости Белоруссии и неотторжения ее от Российской Федеративной республики и всех остальных принципов демократического мира, провозглашенного Советом Рабочих, Солдатских и крестьянских Депутатов”. Між тым пазіцыя Петраграда, агучаная Сталіным, выглядала нібыта так: “Никакого насильственного удержания народов в рамках какого бы то ни было государства, (“Декларация советской делегации на первом пленарном заседании Мирной конференции в Брест-Литовске” от 9 декабря 1917 г. — А.Т.) народу обеспечивает права свободного самоопределения путем референдума. <…> По вопросу о Белоруссии могу сказать то же самое, что и обо всех прочих народах России, т.е. полное самоопределение вплоть до отделения”. Здавалася б, гэтыя словы можна расцэньваць як дазвол нацыянальнасцям на дзяржаўніцкую самадзейнасць, тым больш на глебе савецкае ўлады і федэралізму з Расіяй. Але праз пару месяцаў чарговае выказванне І.Сталіна ўдакладняе вышэйзгаданае: “Принцип на самоопределение должен быть средством борьбы за социализм”. Гэтым самым давалася метадалагічная ўстаноўка да правядзення нацыянальнай палітыкі, у тым ліку і стасоўна беларускага народа. Той палітыцы адводзілася роля сродку, але не мэты. А, успомнім, паводле марксізму, сродкі апраўдваюць мэту. Таму, калі насамрэч запахла беларускім сепаратызмам, хай сабе і з савецка-сацыялістычным ухілам, яго памкнуліся адразу задушыць у зародку. У святле пражэктаў У.Леніна планаваўся выхад Расіі з вайны, каб: 1) узмацніць Германію супраць саюзнікаў (“пусть они истощаются (пока не взорвет революция и у них”); 2) “додушить русскую буржуазию и переорганизовать социалистически Россию, затем начинать революционную войну”. І каб не рызыкаваць лёсам сацыялістычнай рэвалюцыі, У.Ленін быў гатоў згубіць Польшчу, Літву і іншыя тэрыторыі (без сумневу, у той шэраг уваходзіць і Беларусь) на карысць Германіі”. Аднак ніякае самастойнасці Беларусі ў святле тых праектаў не прадугледжвалася.

Разгон Усебеларускага Кангрэса, які прытармазіў палітычнае станаўленне беларускай нацыі, і міжнародныя падзеі ва ўсходняй частцы Еўропы прывялі да таго, што пытанне пра беларускую дзяржаўнасць стала лабіравацца крыху пазней, чым пра незалежнасць паўночнага і паўднёвага суседзяў, аднак таго часавага адрэзка было дастаткова, каб гэтае пытанне аказалася лішнім для ўсіх, акрамя саміх беларускіх адраджэнцаў. Бо ўжо быў заключаны шэраг міжнародных дагавораў, якія не прадугледжвалі наяўнасць беларускага боку (што прывяло нават да правядзення па Заходняй Беларусі літоўска-ўкраінскае мяжы, але толькі на мапе). Самы значны тут быў Брэсцкі мірны дагавор. Праўда, у канцы 1918 г. пасля рэвалюцыі ў Германіі бальшавіцкая Расія дэнансавала яго. І, такім чынам, з улікам прынятых самімі бальшавікамі дакументаў адносна дзяржаўнага самавызначэння народаў, для дзеячаў БНР складвалася спрыяльнае юрыдычнае поле. А паколькі на большай частцы тэрыторыі Беларусі не было ніякай улады, яны прынялі IV Устаўную грамату, якая паўторна дэкларавала незалежнасць і самастойнасць беларускай дзяржавы ў выглядзе БНР.

2. Тэорыя і практыка бальшавіцкага кіраўніцтва ў дачыненні да Беларусі ў 1918 г.

Намеры Савецкай Расіі адносна заходніх земляў былой Расійскай імперыі не былі тайніцай. У сваёй тэлеграме да І. Вацэсіса ад 29 лістапада 1918 г. Ленін называе ўкраінскія і прыбалтыскія тэрыторыі акупаванымі. А дэклараваны прынцып самавызначэння ўрэшце аказваецца нічым іншым як хлуснёй: “Мы за автономию для всех частей, мы за право отделения (а не за отделение всех!) <…> В общем, мы против отделения. Но мы стоим за право на отделение. <… > Ничего, абсолютно ничего кроме права на отделение здесь нет и быть не должно” (усе вылучэнні аўтарскія). Такая вось імперыялістычная амбівалентнасць.

Выкрывае ў фарысействе У.Леніна і беларускі гісторык Іларыён Ігнаценка: “На пытанне: “Што вышэй — права нацый на самавызначэнне або сацыялізм?” У.І.Ленін адказваў: “Сацыялізм вышэй”. “Ці дазволена з-за парушэння права нацый на самавызначэнне аддаваць на з’яданне Савецкую сацыялістычную рэспубліку, падстаўляць яе пад удары імперыялізму ў момант, калі імперыялізм заведама мацнейшы, Савецкая рэспубліка заведама слабейшая? Не. Не дазволена. Гэта не сацыялістычная, гэта буржуазная палітыка”. З такім тлумачэннем У.Леніна можна было б пагадзіцца толькі пры адной умове — калі размова ішла б аб абароне сацыялістычнага грамадскага ладу. Але ў той час такая ўмова адсутнічала. Рэвалюцыя, якая адбылася ў кастрычніку 1917 г., не з’яўлялася сацыялістычнай, не было таксама і сацыялістычнага грамадскага ладу. Да 1920 г. У.Ленін быў упэўнены ў тым, што ў кастрычніку 1917 г. сацыялістычнай рэвалюцыі ў Расіі не было. Само кіраўніцтва савецкае краіны вызначала свой прыход да ўлады ў 1917 г. пераважна як пераварот. На несацыялістычнасць кастрычніцкай падзеі слушна ўказвае і польскі мысляр Лешак Калакоўскі: “Бальшавіцкі пераварот у Расіі не заслугоўвае на гэткае найменьне таму, што не сіляў сваю моц з канфлікту паміж буйнапрамысловым пралетарыятам і капіталам; ён быў праведзены пад лозунгамі, якія ня мелі ніякага сацыялістычнага зьместу, ня кажучы ўжо пра зьмест марксістскі (мір і зямля для сялянаў)”.

Нягледзячы на тое, што яшчэ летам 1916 г. У.Ленін катэгарычна не згаджаўся з тымі, хто адмаўляў няспеласць украінскага і беларускага нацыянальных рухаў, пытанне пра беларускую дзяржаўнасць не толькі не турбавала бальшавікоў, але і прыўносіла непатрэбныя складанасці на шляху распаўсюджання рэвалюцыі: у шэрагу немалаважных для будучага гістарычнага развіцця Беларусі дакументаў беларусы не згадваліся сярод народаў, якія маюць права на нейкую дзяржаўнасць. Пакуль беларускі нацыянальны рух (як, зрэшты, і іншыя) набываў сілу, бальшавікі ніяк не выказваліся супраць, бо гэтыя рухі аб’ектыўна падточвалі царызм. Праўда, напярэдадні кастрычніцкага перавароту У.Ленін заяўляў пра “немедленное восстановление полной свободы Финляндии, Украины, Белоруссии, для мусульман и т.д.” Калі ж бальшавікі захапілі ўладу, ім нацыянальныя рухі сталі непатрэбныя, і яны імкнуліся іх мінімізаваць ці фармалізаваць.

Дэкларацыі бальшавікоў засцілі вочы не ўсім. Некаторыя лідары беларускага нацыянальнага руху бачылі, што на практыцы савецкая Масква не збіраецца прадпрымаць нейкія крокі да задавальнення нацыянальных памкненняў беларусаў. А якія тое былі намеры, можна меркаваць па словах галоўнага бальшавіцкага ідэолага “Заходняй вобласці” В. Кнорына, якія недвухсэнсоўна характарызуюць палітычную лінію бальшавікоў: “Мы лічылі, што беларусы не з’яўляюцца нацыяй і што тыя этнаграфічныя асаблівасці, якія іх аддзяляюць ад астатніх рускіх, павінны быць зжыты. Нашаю задачаю з’яўляецца не стварэнне новых нацыяў, а знішчэнне старых нацыянальных рагаткаў. Беларускі ж рух з’яўляецца такім узвядзеннем новых нацыянальных рагаткаў, якіх не было да гэтых пор, а таму камуністы не могуць у якім бы то ні было выглядзе прымаць удзел у гэтым руху. …Мы, камуністы, у тым краі, што вы называеце Беларуссю, працуем, не лічачыся з тым, якога мы роду і племені. <…> Беларускі рух — гэта адраджэнне ў пачварных формах сацыял-шавінізму, з якім мы так доўга вядзем барацьбу” (восень 1918 г.).

Такім чынам, ужо адпачаткова было відавочна, што вышэйшыя інтарэсы рэвалюцыі прадвызначылі незайздросны лёс Беларусі, існавання якой не прадбачылася.

3. Фактар незалежнасці Польшчы і абвяшчэнне БССР

Тым не менш, задумкі бальшавікоў адносна экспансіі камунізму на Захад на тым этапе не заўсёды спраўджваліся. Яшчэ 29 красавіка 1917 г. У.Ленін заяўляў: “Конечно, теперь насилие царит над Польшей, но чтобы польские националисты рассчитывали на освобождение ее Россией — это измена Интернационалу”. А 22 верасня 1920 г., г.зн. пасля правалу наступлення на Варшаву, у палітычнай справаздачы ЦК ІХ Усерасійскай канферэнцыі РКП(б) У.Ленін прызнаўся не для друку, што тым наступам яны імкнуліся дапамагчы “саветызацыі Літвы і Польшчы”. І калі з БНР як такой бальшавікі маглі больш ці менш лёгка справіцца, то з узнікненнем другога чынніка — адроджанай Версальска-Вашынгтонскай сістэмай Польшчы, якая адразу ж выявіла імперскія амбіцыі — беларуская праблема рабілася больш складанай і патрабавала аператыўнага вырашэння.

Пазіцыя Польшчы (што, аднак, яе не апраўдвае) у дачыненні да Беларусі была ў нейкім сэнсе вымушанай: каб не стаць другой Украінай, палякі выяўлялі прэтэнзіі — “ад мора да мора”, што дазволіла б (і ўрэшце дазволіла) захаваць ядро дзяржавы, а ваеннастратэгічныя пралікі М.Тухачэўскага і памылкі савецкае дыпламатыі далі магчымасць ІІ Рэчы Паспалітай устанавіць сваю мяжу далёка на ўсход ад лініі Керзана.

Відавочна, без тэрытарыяльных прэтэнзій ІІ Рэчы Паспалітай на беларускія землі аўтэнтычнасць беларускае нацыі і яе права на геапалітычную акрэсленасць былі б праігнараваны бальшавіцкай Расіяй. Савецкае кіраўніцтва займала пазіцыю непрымання беларускага сепаратызму ў якім бы там ні было выглядзе.

“У газэце “Западная Коммуна” (орган Аблвыкамзаху) 21.12.1918 г. (г.зн. за 6 дзён перад адкрыцьцём 6-ай абласной партыйнай канфэрэнцыі) публікуецца рэдакцыйны артыкул “Национальные республики Советов”. У вартыкуле даводзіцца патрэба захаваць вобласьці й немэтазгоднасьць ствараць нацыянальныя рэспублікі. “Спрашивается, зачем эта игра в советские республики?.. Ведь для нас ясно, что Советская власть ставит своей задачей… не создание национальной обособленности в рамках маленьких национальных государств, а снесение всяких национальных рогаток. Провозглашение Советской республики Белоруссии не только не служило бы интересам борьбы с националистическими тенденциями мелкой буржуазии, но как раз развивало бы простор этим тенденциям. А это не в интересе социалистической революции. То, что мы признаем допустимым в одном месте в силу тактических соображений, не должно быть перенесено в другие места, где таковых практически соображений нет и быть не может”. Чаму ў арыгінале было вылучана іншым колерам і шрыфтам?

Аднак ужо 25 снежня 1918 г. па ініцыятыве І.Сталіна адбылася нарада з удзелам кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага камісарыята па абмеркаванні пытання “аб дзяржаўным уладкаванні Беларусі”, на якой прыйшлі да высновы, што “з прычыны сучасных міжнародных адносін, якія склаліся, у мэтах умацавання і пашырэння заваёў сацыялістычнае рэвалюцыі ў сусветным маштабе ў цяперашні момант поўнасцю наспела неабходнасць абвяшчэння Беларусі як самастойнай ва ўсіх адносінах нацыі, незалежнай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай”. Хоць незадоўга да гэтага адміністрацыйная камісія пры Усерасійскім ЦВК “прапаноўвала захаваць Заходнюю вобласць у складзе Смаленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Гродзенскай губерняў” у складзе РСФСР. У абставінах, калі рэальнай заставалася пагроза Савецкай Расіі, урад бальшавікоў выпрацоўваў “палітыку абароны рэвалюцыі”, што прадугледжвала ўтварэнне ўздоўж заходняй мяжы ланцуга савецкіх рэспублік, у ліку якіх былі найперш створаны Украінская, Эстонская, Латвійская і Літоўская. Польшча павінна была замкнуць гэты ланцуг, стаўшы апошнім яго звяном. Аднак надзеі на неадкладную рэвалюцыю ў Польшчы аказаліся нерэальнымі. Таму яе ролю ўсклалі на Беларусь.

На пачатку 1919 г., г.зн. адразу па першым абвяшчэнні Савецкае Беларусі, У.Ленін адзначаў, што рэспубліка буферная і патрэбна толькі таму, што мяжуе з іншымі краінамі, а што тычыцца ўсходніх яе губерняў (Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай), то іх можна выключыць са складу рэспублікі, бо яны не мяжуюць з іншымі краінамі. Усё ж пры першым абвяшчэнні Савецкае Беларусі 1 студзеня 1919 г. пэўны час (літаральна пару тыдняў) ёй былі адвялі амаль усю беларускую этнічную тэрыторыю, а гэта пяць губерній (адпаведная пастанова была прынята 30 снежня 1918 г. беларускімі бальшавікамі). “Тэрыторыя БССР у такіх памерах нават па самых прыблізных падліках складала больш за 300.000 кв. км з насельніцтвам блізу 10 млн чалавек”.

Цікава, што знешнепалітычны кантэкст нават вымусіў Маскву прызнаць немэтазгодным хуткае ўключэнне Беларускае рэспублікі ў склад Савецкае Расіі на правах федэрацыі, бо гэта “ліквідуе ўсю выгаду існавання буфераў-рэспублік”, і прапанаваў метад працяглых перамоваў пра федэрацыю. 5.2.1919 г. газета “Звезда” ў рэдакцыйным артыкуле “К итогам сьезда Советов Белоруссии” тлумачыць: “Почему сьезд ограничился только пожеланием о вступлении в Российскую Советскую федерацию, почему он сразу не претворил в дело свое пожелание о полном объединении с Россией? Для этого были очень и очень важные причины международно-политического характера. Перед Белоруссией был поставлен вопрос, как она принесет больше пользы… существуя как самостоятельная республика или сливаясь с РСФСР. И после зрелого и всестороннего обсуждения данного вопроса… политическая мудрость говорит нам, что мы должны пока существовать самостоятельно”. Разам з тым, працягвае артыкул, “съезд потвердил, что потуги белорусской националистической интеллигенции к созданию “своего” белорусского языка, “своей” национальной культуры напрасны… Пусть примут это к сведению белорусские писатели”. Чаму ў арыгінале было вылучана іншым колерам і шрыфтам?

4. 1920 г. і паўторнае абвяшчэнне Савецкай Беларусі

Пасля выгнання палякаў з Беларусі перад другім абвяшчэннем ССРБ летам 1920 г. прадстаўнікі апазіцыі такога абвяшчэння кіраўнікі Заходняй вобласці Р. Пікель і І. Рэйнгольц паслалі ў ЦК КП(б) ЛіБ тэзісы “Да пытання аб стварэнні Беларускай Савецкай Рэспублікі”. У гэтых тэзісах, як адзначаюць Р. Платонаў і М. Сташкевіч, беларускаму народу фактычна адмаўлялася ў праве на самавызначэнне і стварэнне свае нацыянальнае дзяржаўнасці з наступным падагульненнем: “Сучасныя міжнародныя абставіны і рэальная суадносіны сіл між Савецкай Расіяй і капіталістычнымі краінамі Захаду зусім іншыя, чым у перыяд акупацыі Беларусі ў канцы 1918 г. У сувязі з гэтым пастаноўка пытання аб Савецкай Беларусі павінна быць іншай. <…> У перыяд рэакупацыі 1918 г. стварэнне Беларускай рэспублікі апраўдвалася ў першую чаргу неабходнасцю мець буферную дзяржаву між савецкай Расіяй і белагвардзейскай Польшчай, на выпадак засцярогі Савецкай Расіі ад нечаканага ўдару з боку белай Польшчы. Матывы этнаграфічнага, эканамічнага і культурнага характару выконвалі пры стварэнні савецкай рэспублікі пабочную ролю. <…> Цяпер барацьба Савецкай Расіі з белай Польшчай не патрабуе ніякіх скрытых формаў. Разгром яе, стварэнне ў ёй Савецкай Рэспублікі — чарговая задача сусветнай рэвалюцыі. Адсюль неабходнасць стварэння Беларускай Савецкай Рэспублікі павінна быць абгрунтавана іншымі аргументамі, чым стварэнне такой у 1918 г. Імі могуць быць — этнаграфічныя, эканамічныя і культурныя перадумовы. <…> Беларусы — не асобная нацыянальнасць або народнасць. Іх мова, рэлігія, культура нічым не адрозніваюцца ад вялікарускай. Беларускі нацыяналізм — чыста інтэлігенцкі мяшчанскі рух (і то нязначная частка), які не мае ніякай падтрымкі сярод працоўных мас”. Калі зыходзіць з тэзісаў, неабходна было вырашыць наступныя задачы: “1) падрыхтаваць меркаванні працоўных мас Беларусі да поўнага зліцця ва ўсіх адносінах з Савецкай Расіяй; 2) пакласці пачатак правільнаму, здароваму савецкаму будаўніцтву шляхам стварэння моцных губорганаў і паветцэнтраў на месцах; 3) савецкае будаўніцтва Белрэўкома павінна весціся выключна па лініі стварэння цвёрдага, якасна моцнага губернскага апарата Савецкай улады з адпаведнымі органамі на месцах на асновах і палажэннях, якія прыняты для ўсіх губцэнтраў у Савецкай Расіі”.

Увогуле ў 1920 г. адносна беларускага пытання бальшавікі вагаліся найбольш: сваю тактыку ЦК РКП(б) будаваў тут з улікам прасоўвання на захад Чырвонае Арміі, а яе поспехі былі пераменлівымі (прычым за кароткі адрэзак часу — напрацягу летняга сезона). Як толькі наступ аказваўся няўдалым, адразу паўставалі структуры для фармальнага замацавання прасавецкае Беларусі і наадварот. Бальшавікі працягвалі гандлявацца беларускай зямлёй, спярша з незалежнай Літвой, пазней — з Польшчай. Таму абвяшчэнне ССРБ 31 ліпеня 1920 г. падчас наступлення Чырвонае Арміі з’яўляецца фармальным (і, верагодна, напярэдадні распаўсюджання пралетарскае рэвалюцыі пачынаючы з Польшчы, рэкламна-прапагандысцкім), нацыянальныя ж сілы (у першую чаргу даволі папулярныя тады эсэры) пад ім не падпісаліся. Неабходна адзначыць у гэтай сувязі і ўкраінскі фактар: у маі 1920 г. польска-ўкраінскія войскі адбілі ў Чырвонай Арміі Кіеў; а гэта, у сваю чаргу, актывізавала дзеянні прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху. Насамрэч паралельна рыхтаваўся праект “поўнага зліцця” Беларусі “ва ўсіх адносінах з Савецкай Расіяй” (паўтараем працытаваныя словы Р.Пікеля і І.Рэйнгольца, па якіх і можна меркаваць пра тыя планы). Аднак з наступленнем войск Пілсудскага і пагрозай адрыву беларускіх земляў ад савецкае краіны планы тыя відавочна страцілі актуальнасць. Да таго ж, “фікцыйнасьць юрыдычнага статусу БССР падкрэсьліваў іншы факт: летам 1920 г. ня быў створаны ўрад рэспублікі, замест якога паўстаў у Менску Ваенна-рэвалюцыйны камітэт з кампетэнцыямі губэрнскага органу ўлады. Усё гэта сьведчыла аб ваганьні і няўпэўненасьці кіруючых органаў РСФСР што да лёсу Беларусі”. У канцы 1920 г. А.Чарвякоў указваў на крайне ненармальнае становішча ў сувязі з неўрэгуляванасцю дзяржаўных стасункаў Беларусі і РСФСР, у адказ на што У.Ленін прапанаваў: “Червякову поручить спешно выработку проекта детального письма ЦК РКП о Белоруссии и декрета СНК о том же (тайного)”. Перамовы прывялі да падпісання 16 студзеня 1921 г. “саюзнага рабочо-сялянскага дагавора” паміж рэспублікамі. Але і ён, з’яўляючыся хутчэй фікцыяй раўнапраўя, не вызначаў канчаткова беларуска-расійскіх адносін, пакідаючы Маскве шырокае поле для маніпулявання Беларуссю.

Пад канец лета 1920 г. (у сувязі са шпаркім адступленнем Чырвонай Арміі на савецка-польскім фронце) роля Беларусі як буфернага ўтварэння зноў актуалізавалася. Гэтым разам планавалася аддаць пад Савецкую Беларусь 18 паветаў. Ізноў было катэгарычна адмоўлена ва ўсходняй частцы этнічна беларускіх земляў уключна з Віцебскам, Смаленскам і Магілёвам на той падставе, што нібыта там няма ніякіх беларусаў, як заявіў В.Кнорын. Хоць у “Дэкларацыі пра абвяшчэнне незалежнасці ССРБ” ад 31 ліпеня 1920 г. чорным па беламу было напісана, што межы рэспублікі з Савецкай Расіяй і Украінай вызначаюцца “вольным выражэннем беларускага народа на павятовых і губернскіх з’ездах Саветаў у поўнай згодзе з урадам РСФСР і ССРУ”. (Нехта ў таго народа пытаў!)

Савецка-польскія баявыя дзеянні знясілілі абодва бакі. І яны пайшлі на заключэнне мірнага дагавора. У той час большая частка ССРБ знаходзілася ўжо пад польскай акупацыяй. Ніводную з дзвюх беларускіх дэлегацый (ад БНР і ад ССРБ) за стол перагавораў не пусцілі. Паводле мандата ад Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта ССРБ, яе інтарэсы прадстаўляла дэлегацыя РСФСР. Пазіцыя апошняй стасоўна мяжы з Польшчай, як адлюстравана і вышэй, была няўстойлівай. І ў Рызе бальшавіцкая беспрынцыповасць была чарговы раз прадэманстравана. Калі яшчэ летам 1920 г. Масква дамагалася правядзення савецка-польскай мяжы па “лініі Керзана”, дык праз некалькі месяцаў яна прадэманстравала, што можа ахвяраваць усёй навастворанай Савецкай Беларуссю (чым фактычна выявіла свае адносіны да яе функцыі ў міжнароднапалітычных варунках). Больш за тое, 23 верасня 1920 г. Усерасійскі выканаўчы камітэт звярнуўся да кіраўніцтва Польшчы з прапановай адкінуць пытанні аб самавызначэнні народаў і абмежавацца ўсталяваннем усходняй мяжы Польшчы. Але і гэта не ўсё. Масква аддавала ССРБ ІІ Рэчы Паспалітай фактычна на ўмовах непрызнання гэтай тэрыторыі беларускай, што з аднаго боку станавілася перашкодай для стварэння так званага беларускага П’емонту на тэрыторыі адроджанай польскай дзяржавы. Але з іншага — гэткім чынам бальшавіцкі Крэмль манапалізоўваў прэрагатыву арганізацыі беларускай дзяржаўнасці, якую, да таго ж, мусіла прызнаць Варшава.

Як пракаменціраваў тую сітуацыю беларуска-польскі пісьменнік Сакрат Яновіч, “палякам Ленін аддаваў пасля і Менск, але яны не захацелі, расшыфраваўшы бальшавіцкую задуму накарміць “польскага гусака” меншасцямі да такое ступені, што скончыўся б з абжорства…”. Гэтым самым С. Яновіч пагаджаецца з К. Душ-Душэўскім, які ў свой час адзначыў, “што маскоўскія бальшавікі прырэзалі кавалак Беларусі для Польшчы для таго, каб “палякі падавіліся гэтымі землямі”, як яны кажуць”. (NB: Душ-Душэўскі прыпісвае меркаванне самім бальшавікам.) А польскі гісторык-беларус Ю.Туронак мяркуе, што бальшавікі загадзя рыхтаваліся аддаць Польшчы частку беларускіх абшараў — тую, што ўваходзіла ў склад ЛітБел, каб маніпуляваць ёю “як тэрыторыямі зь неакрэсьленым дзяржаўным статусам, якія ў залежнасьці ад канкрэтнага ваенна-палітычнага становішча маглі быць перададзеныя ў сфэру ўплыву Польшчы ці Расеі або падзеленыя паміж імі”. Масква была гатова саступіць Беларусь Польшчы яшчэ ў 1919 г. у якасці платы за мір, неабходны бальшавікам, каб засяродзіцца на франтах грамадзянскае вайны. А падчас заключэння Мірнага дагавора ў Рызе ўжо ва ўступнай фазе перамоваў кіраўнік савецкай дэлегацыі Адольф Іофэ быў схільны аддаць Беларусь пад уплыў Польшчы наўзамен за прызнанне ёю Савецкае Украіны, — яшчэ адзін бок разменнай манеты пад назвай “Беларусь”.

Палякі не прынялі падарунка, і толькі 2/3 з адведзенай пад ССРБ тэрыторыі пасля Рыгі апынуліся ў складзе Рэчы Паспалітае. Дарэчы, можна, мусіць, пашкадаваць, што палякі ў 1921 г. адмовіліся ад усіх ім прапанаваных 18 паветаў разам з Менскам, бо пры ўмове, што бальшавікі не змянілі б выкарыстаны пасля метад/падставу далучэння “кроўных братоў” да адпаведных рэспублік (акрамя Беларусі, маем прыклад Украіны ды Фінляндыі), дык Крамлю давялося б арганізоўваць БССР на ўсходніх этнічных землях беларусаў, у тым ліку на тых, што зараз уваходзяць у склад Расіі. Да падобнага меркавання схіляюцца Р.Платонаў і М.Сташкевіч, кажучы, што ўключэнне ў склад РСФСР Магілёўскай і Віцебскай губерняў, калі б іншыя тэрыторыі ССРБ захапіла Польшча, у перспектыве стала б асновай адраджэння беларускае дзяржаўнасці. У такім выпадку патрэбна было б пераўзысці плошчай БССР плошчу этнічнае беларускае тэрыторыі, што апынулася пад Польшчай. Таму сёння Рэспубліка Беларусь у выніку магла б мець нашмат больш тэрыторыі. Тым не менш, гэта ўсяго толькі разважанні з вобласці прасторы альтэрнатыўнае гісторыі, хоць і з мэтай усебаковага адлюстравання прычын і вынікаў дзяржаватвочых працэсаў. Аднак у дадзеным выпадку менавіта на іх фоне лепш усведамляюцца рэаліі гістарычнага развіцця Беларусі ў міжваенны перыяд.

Падсумаванне і высновы

Такім чынам, рэспубліка была расціснута молатам (бальшавіцкай Расіяй) на кавадле (ІІ Рэчы Паспалітай), што было замацавана 18 сакавіка 1921 г. Шасціпавятовая Беларусь, як адзначае Я.Юхо, хоць і аб’яўлялася незалежнай, аднак фактычна і юрыдычна з’яўлялася аўтаномнай вобласцю ў складзе РСФСР, аб чым сведчыць і пастанова ІІІ з’езда Кампартыі Беларусі (лістапад 1920 г.), у якой аб прававым становішчы рэспублікі напісана: “Белоруссия, являясь Социалистической Советской Республикой, одновременно является составной частью РСФСР, и все органы в области общих мероприятий должны быть подчинены соответствующим комиссариатам РСФСР, однако они должны иметь определенную свободу в области разрешения вопросов местной жизни”. Праўда, падпісаўшы прэлімінарны дагавор з Польшчай, Масква пайшла на фармальныя саступкі і, як ужо было сказана, 16 студзеня 1921 г. заключыла з савецкім Мінскам дагавор, у якім прызнаваўся суверэнітэт Савецкае Беларусі, што было пацверджана пры стварэнні СССР.

У Рызе быў скончаны першапачатковы складаны этап станаўлення новае беларускае дзяржаўнасці. Найбольшымі “ворагамі беларушчыны” (Янка Купала) праявілі сябе бальшавікі (напачатку зусім не хаваючы гэтага). Але пазней былі вымушаны не толькі прызнаць нацыянальныя памкненні беларускага народа, але і арганізаваць намінальную дзяржаву, кіруючыся, праўда, меркантыльнымі інтарэсамі — не выпусціць гэты народ са сваёй палітычнай арбіты. Як гаркава-іранічна сказаў быў той жа Янка Купала, “далі шэсць паветаў, дзякуй й за гэта”.

А варыянтаў вырашэння “беларускага пытання” на пачатак 1920-х гг. існавала некалькі. Беларускі гісторык Т.Процька выдзяляе шэсць мадэляў: “антибелорусская модель автономных областей (через Облиспокомзап), национальная автономия (через Белнацком), независимая советская социалистическая республика (БССР, первое объявление), независимая социалистическая республика-буфер (ССРБ) и образцовая коммунистическая республика БССР”. Між іншым, напэўна, варта дадаць, што да гэтага часу дэактуалізаваліся такія мадэлі эвентуальнага развіцця беларускае дзяржаўнасці, як пратэктарат Германіі або Польшчы, федэрацыя з апошняй, літоўска-беларуская дзяржава (па-савецку (ЛітБел) ці — пражэкт В. Ластоўскага часоў Першае сусветнае вайны — у выглядзе адроджанага ВКЛ), а таксама задума А. Луцкевіча стварэння Чарнаморска-Балтыйскай канфедэрацыі ў складзе Літвы, Беларусі, Украіны, Польшчы як самастойнымі суб’ектамі.

Сёння відавочна, што палітыка бальшавікоў характарызавалася яўным фарысействам стасоўна праблемы самывызначэння беларускага народа з самага пачатку ўзнікнення гэтае праблемы — з часоў Першае сусветнае вайны. Як адзначае беларускі гісторык У.Снапкоўскі, “міждзяржаўныя адносіны паміж РСФСР і ССРБ складваліся на падставе “рэвалюцыйнай мэтазгоднасці” і сацыялістычнага права. Дакладнага вызначэння гэтым тэрмінам не было”. (Гэта не значыць, што палітыка Польшчы была нашмат лепшай — дадзеная праблема заслугоўвае асобнага даследавання, але ні ў якім разе нельга прыпісваць Маскве галоўную ролю аўтара беларускае дзяржаўнасці і тым больш усур’ёз дзякаваць ёй за гэта.)

Можна канстатаваць, што вынік вырашэння беларускага пытання ў выглядзе ССРБ не адпавядаў мэтам ні бальшавікоў, прасякнутых ідэяй сусветнае рэвалюцыі, ні адроджанай Польшчы з яе ідэаламі межаў 1772 г., ні тым больш незалежніцкім памкненням нацыянальных беларускіх сілаў, згуртаваных вакол ідэі БНР. Як слушна заўважае М.Сташкевіч, “масштаб действия классовых и социальных сил, логика политической борьбы предопределили поражение тех, кто пытался реализовать идею БНР. В этом противостоянии и родилась белорусская государственность на советской основе”. Але даследчык, тлумачачы правал нацыянальных незалежнікаў іх слабасцю ў параўнанні з класава-сацыяльнымі сіламі, не дадае, што савецкі варыянт — гэта вынік не жадання тых класава-сацыяльных сілаў (бальшавікоў), а менавіта логікі палітычнай барацьбы, у якой згаданыя сілы беларускую дзяржаўнасць выкарыстоўвалі як адзін з інструментаў рэалізацыі сваіх інтарэсаў. Праўда, М.Сташкевіч усё ж прыводзіць цытату, якая здольная падказаць, што абвесціць Савецкую Беларусь бальшавікоў падштурхнулі непадуладныя ім абставіны.

Аналітыкамі найноўшае гісторыі прызнавалася, што нацыі без дзяржавы, якая спрабуе набыць незалежнасць, складана за яе змагацца: тут нельга абысціся без спрыяльнага збегу акалічнасцей. З такой тэзай, прынамсі, у нашым выпадку неабходна пагадзіцца. Сам па сабе фактар БНР не быў рашаючым вырашальным у справе надання Заходняй вобласці нават нейкіх намёкаў на дзяржаўнасць. Савецкую Беларусь стварылі перадусім пад ціскам абставін міжнароднай палітыкі. Чыннік БНР тыя абставіны запачаткаваў і ўзмацніў, але бальшавікі не надавалі яму аператыўнай увагі: ні першае, ні другое абвяшчэнне Савецкай Беларусі не былі непасрэднай рэакцыяй на прэтэнзіі беларускіх нацыянальных сепаратыстаў. Роля буфера, якая адводзілася Савецкай Беларусі, магла быць ускладзена на Літву і Украіну, межы якіх можна было зрабіць агульнымі па беларускай тэрыторыі (тым больш, што тэарэтычны досвед ужо быў у 1918 г.). Але і прыніжаць значэнне БНР нельга, бо бальшавікі, ствараючы Савецкую Беларусь, ставілі на мэце ў тым ліку і нівеліраваць фактар беларускіх нацыянальных сіл з іх імкненнем да самастойнасці.

Разам з тым ніводзін з бакоў не атрымаў і сакрушальнага паражэння ў той барацьбе, якая пасля Рыгі не скончылася, а толькі перайшла ў больш спакойнае рэчышча. Беларусь жа не толькі не знікла з геаграфічнае мапы, але і ў 1920-х гг. павялічыла свае адміністрацыйныя межы як Савецкая Рэспубліка, у чым немалаважную ролю адыграў менавіта Рыжскі дагавор. Не было б БССР, ці атрымала б сённяшняя Беларусь суверэннасць? Ці не была б яна паглынута Імперыяй, як Карэла-Фінская ССР, якая не выканала свае гістарычнае місіі ў справе распаўсюджання сусветнае рэвалюцыі?

А неадназначнасць падзелу Беларусі ў 1921 г. адзначалася ўжо тады. Нехта інжынер Зябіцкі, згаданы беларускім дзеячам Б.Тарашкевічам у curriculum vitae, спачуваў беларускаму руху: “Рыскі трактат робіць палажэньне трагічным, — аднак далей заўважаў наступнае. — Але ня трэба маркоціцца, таму што магчыма, што якраз падзел Беларусі стане паваротным пунктам яе адраджэньня: наступіць спадужаньне паміж абодвума бакамі граніцы, урады будуць старацца беларускае пытаньне выкарыстаць адзін супраць другога. Ён (Зябіцкі — А.Т.) і яго палітычныя прыяцелі належаць да тых, якія хацелі б судзеяць стварэньню беларускага П’емонту на занятай Польшчаю тэрыторыі”.

Штопраўда, перавага так званых інтэгрыстаў (на чале з Р.Дмоўскім) над федэралістамі (ачольваў Ю.Пілсудскі) азначала перакрэсленне шанцаў на стварэнне нейкага “беларускага П’емонта”, які даў бы магчымасць у будучым вярнуцца да праблемы незалежнай беларускай дзяржаўнасці. 1939 г. зверыфікаваў памылковасць дзеянняў польскай дэлегацыі, якая фармальна дабілася ад Расіі і Украіны згоды не выкарыстоўваць назваў накшталт “Заходняя Беларусь” ці “Заходняя Украіна”, бо на практыцы, аднак, сталася ўсё наадварот, што ішло, канечне, на шкоду ІІ Рэчы Паспалітай.

Працягваючы думку далей, можна наогул дайсці да таго, што падзел Беларусі ў 1921 г. стаў у пэўным сэнсе карысным для будучыні краіны, а мо й наогул Рыжскі дагавор быў выратаваннем для яе (па вялікім рахунку, Беларусь у Новай і Найноўшай гісторыі паўстала як такая менавіта паміж двух агнёў і нават у многім дзякуючы ім, а калі б адзін з іх пагас, дык верагоднасць знікнення — праз паглынанне-асіміляцыю — цэлае аўтэнтычнае краіны, відавочна, рэзка ўзрасла б, — такая ўжо, відаць, яе доля ці, як адцеміў беларускі мысляр Ігнат Абдзіраловіч, “адвечны шлях”). Да таго ж, як заўважае выбітны знаўца гісторыі і культуры міжваеннае Заходняе Беларусі Арсень Ліс, падзел зусім не азначаў спынення працэсу кансалідацыі беларускага народа. І ў гэтым істотнае значэнне адыграў менавіта падзел Беларусі. Лагічна будзе меркаваць, што менавіта яно вяло да ўз’яднання нацыі і краіны.

Літаратура:

Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 2. ХІХ — ХХ стагоддзя: Курс лекцый / П.І.Брыгадзін, У.Ф.Ладысеў, П.І.Зялінскі і інш. —Мн.: РІВШ БДУ, 2002.

Ладысеў У.Ф. Паміж Усходам і Захадам: Станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.) / У.Ф.Ладысеў, П.І.Брыгадзін. Мн.: БДУ, 2003.

Трафімчык А. Да 90-годдзя абвяшчэння Савецкай Беларусі // http://www.gants-region.info/publ/3-1-0-37

Трафімчык А. Да праблемы станаўлення дзяржаўнасці Беларусі (1917—1921): палітыка Крамля // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. — Bialystok, 2009. — № 31. С. 92—114.

Трафімчык А. Рэцэнзія на: У. Ф. Ладысеў, Паміж Усходам і Захадам: Станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.) / У. Ф. Ладысеў, П. І. Брыгадзін, БДУ, Мінск, 2003, сс. 307 // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. — Bialystok, 2006. — № 26. — С. 288-299. (Памылкова пад прозвішчам Дзмітрый Крывашэй.)

You may also like...