Беларускае мысленне. Семінар Ігара Бабкова

семінар:

Беларускае мысленне. Семінар Ігара Бабкова

Мы ўсё яшчэ думаем па (стара)грэцку, сцвердзіў Марцін Гайдэгер у адным са сваіх позьніх тэкстаў. Уся філасофская традыцыя – гэта серыя падрадковых заўвагаў да Платона, заўважыў Уайтхед.

У гэтым кантэксце беларускае мысленне выступае як памкненне прасвятліць і прысвоіць для сябе заходнюю традыцыю думкі, часткай якой мы сябе знаходзім. Прысвоіць тут і цяпер, у беларускім кантэксце. З іншага, навучыцца ставіць гэты кантэкст пад пытанне, працаваць з ім як з выклікам і праблемай, выходзіць за яго межы.

Сэмінар складаецца з двух частак. У адной адбываецца работа з тэкстамі і ідэямі, што складаюць ядро, сэрцавіну заходняй філасофіі ў яе гістарычнай хадзе. Платон, Аўгусцін, Дэкарт, Кант, Ніцшэ, Гайдэгер…

У другой мы звяртаемся да постацяў і тэкстаў, у якіх беларускае мысленне апазнае сябе і навакольны ландшафт. Ластоўскі і Абдзіраловіч, Цвікевіч і Уладзімір Самойла, Разанаў і Акудовіч. У іх творах беларуская традыцыя, беларуская ідэнтычнасьць, дух і суб’ектнасць набываюць форму і змест, вучацца быць сутнаснымі і самадастатковымі. Урэшце становяцца інтанацыяй, сваім стылем, музыкай ландшафта.

ПАДАЦЬ ЗАЯЎКУ НА НАВУЧАННЕ

Ігар Бабкоў філосаф, паэт, празаік, гісторык ідэй. Кандыдат філасофскіх навук (2003), дацэнт.  

Кола навуковых інтарэсаў: інтэлектуальная гісторыя Беларусі (Усходняй Еўропы), беларуская ідэнтычнасць, гісторыя філасофскай думкі Беларусі, кампаратыўная філасофія, сучасная культурная і посткаланіяльная тэорыя.