Беларускае мысленне. Семінар Ігара Бабкова

семінар:

Беларускае мысленне. Семінар Ігара Бабкова

Мы ўсё яшчэ думаем па (стара)грэцку, сцвердзіў Марцін Гайдэгер у адным са сваіх позьніх тэкстаў. Уся філасофская традыцыя – гэта серыя падрадковых заўвагаў да Платона, заўважыў Уайтхед.

У гэтым кантэксце беларускае мысленне выступае як памкненне прасвятліць і прысвоіць для сябе заходнюю традыцыю думкі, часткай якой мы сябе знаходзім. Прысвоіць тут і цяпер, у беларускім кантэксце. З іншага, навучыцца ставіць гэты кантэкст пад пытанне, працаваць з ім як з выклікам і праблемай, выходзіць за яго межы.

Сэмінар складаецца з двух частак. У адной адбываецца работа з тэкстамі і ідэямі, што складаюць ядро, сэрцавіну заходняй філасофіі ў яе гістарычнай хадзе. Платон, Аўгусцін, Дэкарт, Кант, Ніцшэ, Гайдэгер…

У другой мы звяртаемся да постацяў і тэкстаў, у якіх беларускае мысленне апазнае сябе і навакольны ландшафт. Ластоўскі і Абдзіраловіч, Цвікевіч і Уладзімір Самойла, Разанаў і Акудовіч. У іх творах беларуская традыцыя, беларуская ідэнтычнасьць, дух і суб’ектнасць набываюць форму і змест, вучацца быць сутнаснымі і самадастатковымі. Урэшце становяцца інтанацыяй, сваім стылем, музыкай ландшафта.

ПАДАЦЬ ЗАЯЎКУ НА НАВУЧАННЕ

Ігар Бабкоў філосаф, паэт, празаік, гісторык ідэй. 

Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута Філасофіі НАН Беларусі, кандыдат філасофскіх навук (2003), дацэнт. Дырэктар-заснавальнік і прафесар Беларускага Калегіюма. Галоўны рэдактар часопіса “Абдзіраловіч”

Кола навуковых інтарэсаў: інтэлектуальная гісторыя Беларусі (Усходняй Еўропы), беларуская ідэнтычнасць, гісторыя філасофскай думкі Беларусі, кампаратыўная філасофія, сучасная культурная і посткаланіяльная тэорыя.

Больш пра выкладчыка можна прачытаць тут.