Цыкль лекцый “Беларускі сакрум“

Sakrum_Dubianieckaja
Play Video

Сфэра сакральнага ў беларускай традыцыі

У аснове ідэнтычнасьці традыцыйнага – і ня толькі – грамадзтва ляжыць сфэра сакральнага, дзе знаходзяцца канцэпты, вобразы, сымбалі і фэномэны, якія выклікаюць у супольнай сьвядомасцьі пачуцьцё духоўнага трапятаньня, уздыму ці страху, глыбокую неаспрэчную павагу, шанаваньне й пакланеньне, якія ў калектыўным уяўленьні аддзеленыя ад прафаннага / будзённага, якія маюць дачыненне да боскага, духоўнага і ўсяго таго, чаму надаецца статус сьвятасьці. 

У беларускай традыцыі асноўнай пэрсаніфікацыяй сакральнасьці выступае Бог, комплексны канцэпт, які працінае ўсе сфэры чалавечага існаваньня і рэчаіснасьці ў цэлым, адначасова імманентны і трэнсцэдэнтны ёй. Асноўнымі складнікамі сфэры сакруму ёсьць, напрыклад, сакральная прастора і сакральны час, сакральная гісторыя, сакральныя пэрсанажы, сакральныя рэчы, зьявы і аб’екты, а таксама сакральныя адносіны і паводзіны.

Тры каралi.  1997 г., папера, выцінанка, 60×80
фота – budzma.by, ілюстрацыя – “Тры каралі” Ніны Сокалавай-Кубай
Play Video

Містэрыя ініцыяцыі: сьмерць і нараджэньне на Вадохрышча або духоўныя дары Трох каралёў

У рытуале ініцыяцыі чалавек памірае ў звыклым для яго сьвеце і нараджаецца ў звабную невядомасьць, дзе ён будзе расьці й уваходзіць у духоўную моц, ажно пакуль ня спраўдзіць сваё найвышшае прызначэньне, не супадзе з самым сабою. А там – новая гісторыя і новы сьвет, пра які ані сам ініцыят, ані супольнасьць пасьвячоных, да якой ён далучаецца, нічога ня ведаюць – і толькі нямногія прадчуваюць. 

У беларускай сакральнай традыцыі – ці, дакладней, у тым абсягу традыцыі, які ўвайшоў у нашую веду пра яе і можа быць рэканструяваным і асэнсаваным – рытуал пераходу супадаў з хрысьціянскай ініцыяцыяй. Для індывідуюма найперш абрадамі хросту і канфірмацыі. А для ўсяе супольнасьці на пачатку кожнага году як завяршэньне і кульмінацыя каляднага цыклю, які запускаў наноў усе механізмы быцьця і пераствараў рэчаіснасьць.

Дубян
Play Video

Беларускі сакрум. Касмагонія эквіноксу і велікодны цуд

Беларускія велікодная і вясновая традыцыі набылі з цягам стагоддзяў сваё ўнікальнае аблічча, свае рысы й разуменьні, якія і лучылі краіну з шырэйшым сьветам, і падкрэсьлівалі яе адметнасьць. Нацыянальнае мысьленьне, літаратура й мастацтва ўвабралі ў сябе іх эстэтыку й глыбінныя сэнсы і перастварылі наноў. Гэты сусьвет рассыпаецца на вачох, траціць сваю шматстайнасьць і непаўторнасьць. Што ж застанецца ад гэтых традыцый, што ў іх вартае сучаснага асэнсаваньня і як яны могуць убудавацца ў наш новы час? Будзем знаходзіць адказы разам

radaunica

Радаўніца: культ продкаў і ўваскрошаньне ў кіберпрасторы

На сусьветных раздарожжах, дзе мы цяпер,
дзе ў кіберпрасторы веюць касьмічныя скразьнякі,
дзе новыя энергіі поўняцца новаю прагаю, і дзе
няма ўказальнікаў, –
якое мейсца маюць мець нябожчыкі,
род, і памяць пра нашых герояў,
пра любых, сыйшоўшых у Наву?
Але настае Радаўніца,
і мы йдзем на сумоўе з тымі, каго беражэ памяць, –
як пакаленьне таму, як стагоддзе й тысячагоддзе таму.

202764394_487258889026667_4178260566528856917_n
Play Video

Узьлёт і падзеньне летняга солстысу або Купала на Йвана

І па ўсёй Беларусі ў гонар Купальля людзі палілі гумовыя пакрышкі… І бадай адзінаю агульнавядомаю легендай была папараць-кветка, а ледзь не адзінаю беларускаю песьняй, якую так ці інакш ведалі ўсе, была “Купалінка”.

Што ж у сьвяце летняга сонцастаяньня такога, што яно патрапіла стацца культурным кодам, які неўсьвядомлена для большасьці сваіх носьбітаў падтрымліваў ці падсілкоўваў іх беларускую прыналежнасьць? Якія сэнсы меў гэты солстыс, званы Купальлем, у народнай традыцыі, у хрысьціянскім каляндары, у выкшталцоных працах мысьляроў і творцаў? Чаму Янка Купала, які і назваўся ж паводле гэтага сьвята, зьвязваў з ім найвышшую тайніцу чалавечага пакліканьня? І чым гэтае сьвята ёсьць цяпер? Якую ролю адыгрывае ў фармаваньні сучаснай беларускай ідэнтычнасьці?

дзяды-1-1

Дзяды як партал у іншасьвет: кантакты з продкамі падчас зьмяшэньня часоў і прадоннага сонца

На пачатку лістапада адзначаецца адно з самых дзіўных і насычаных рытуаламі сьвят у традыцыі многіх народаў. У нас яно завецца дзяды. Калісьці гэтым часам людзі імаверна пазначалі пачатак новага году. Але гэта ня быў хранаметрычна дакладны пераход ад аднога цыклю да іншага. Тут хутчэй адзін цыкль паступова завяршаўся, а новы паступова пачынаўся – і абое прысутнічалі адначасова, перамешваючы часавыя і прасторавыя вымярэньні. Мінулага ўжо няма, а будучага яшчэ няма. Праз гэты зазор праточваюцца і зблытваюцца сьвятло й цемра, сьвет бачны й сьвет нябачны, сьвет жывых і сьвет дзядоў, людзей і несьмяротных духаў, праведнікаў і грэшнікаў. Таму задачаю людзей ёсьць расставіць усё па месцах, каб сусьветны лад не парушыўся і сувязі паміж фізічным і метафізічным узнавіліся з карысьцю для жывых.

Lekcyja_Iryna_Dubianieckaja
Play Video

“У маём домі ні долі, ні волі, – прастол на прастолі”: Магічная карціна сьвету і трансмісія народнай таемнай веды

Беларуская магічная карціна сьвету захавалася з розных прычын толькі часткова, аднак дасьледаваньне народных магічных тэкстаў дазваляе меркаваць, што яны – прынамсі некаторыя вобразы і сюжэты – сягаюць каранямі ў глыбокія тысячагодзьдзі і перагукваюцца з сюжэтамі і вобразамі з тэкстаў старажытнага Блізкага Ўсходу і таемнай гнастычнай традыцыі, а прынцыпы магічных рытуалаў, запісаных у Беларусі ў ХІХ ці ХХ стагодзьдзі адпавядаюць канцэпцыям, вядомым хітыцкім магам ІІ тысячагодзьдзя да н.э. Гэта дае нам, як мінімум, магчымасьць асэнсаваць маштабы свайго культурнага кантэксту. 

У падмурку народных магічных практык закладзена ўяўленьне пра адзінства сусьвету, якое забясьпечвае карэляцыю паміж рознымі элемэнтамі мікракосму і макракосму або сакральнай зоны і яе прафаннага адпаведніку. Магічная карціна сьвету адным з асноўных законаў мае той, што апісаны на Смарагдавай таблічцы Гэрмэса Трысмэгіста: Што зьверху, тое і зьнізу: што ўнутры, тое і навонкі…