“Цытуй сваё!”: стартуе новы супольны праект

 

21 траўня пачынае сваю працу новы культурны праект “Цытуй сваё!”. Беларускі калегюм разам з шэрагам інстытуцый грамадзянскай супольнасці ды адукацыйных устаноў заклікаюць беларусаў ўзгадаць лепшае з беларускай думкі.

B3C

Мэта праекту – актуалізацыія найлепшых узораў беларускай думкі, запрашэнне да ўважлівай чытанкі ды асэнсавання прамоўленага і засьпяванага.

“Пакуль што ідэі і нават імёны мысляроў фактычна не ўключаны  ў нашае самаразуменне. Між тым яны з’яўляюцца  спробамі ўгледзіцца ў свае мінулае і будучыню, у саміх сябе. Яны ёсць складнікам самастойнага еўрапейскага мыслення і развіцця” – адзначае Таццяна Вадалажская.

“Ластоўскі і Купала, Акудовіч і Разанаў, Дубянецкая і Вольскі – гэта ўсё беларускае мысленне, ланцужок канцэптаў з мінулага ў будучыню. Яны неабходныя нацыі, каб паразумецца са светам – і крочыць далей, пазбаўляючыся ад каланіяльнай не-да-свядомасці.”– дадае Максім Жбанкоў.

“Цытуй свае!” прапануе супольныя пошукі лепшага з беларускага мыслення, народны хіт-парад без ідэйнай цэнзуры і культурных абмежаванняў. “Сваё” тут – не толькі беларускамоўнае.

“Кожная трапна і ёмка выказаная думка – наш супольны нематэрыяльны скарб, цагліна ў тым, што мы сёння называем беларускай культурай, яшчэ не да канца ўсведамляючы яе архітэктуру і вонкавыя межы. Не так важна, на якой мове былі выказаныя тыя думкі, з якіх паўстаў наш Беларускі Дом. Важна тое, ці спрыялі яны яго паўстанню, ці тлумачылі на свойскі лад жыцьцё і свет белы” – падкрэсліў Міхал Анемпадыстаў.

Штотыдзень працэс калектыўнага складання актуальнай анталогіі айчыннай думкі будуць каментаваць выбітныя асобы беларускай культурнай прасторы. Такім чынам да супольнай працы далучацца не толькі чытачы культурных тэкстаў, але і іх ставаральнікі.

Падставовай пляцоўкай “Цытуй сваё!” абраны сайт кампаніі “Будзьма беларусамі!”, дзе месціцца старонка праекта.

Праект разлічаны на два месяцы. Да ўдзелу ў ім запрашаюцца ўсе жадаючыя. Каб трапіць у годны фан-клюб айчыннага мыслення, трэба проста даслаць ўлюбёныя цытаты беларускіх аўтараў на адрас cytuj.svajo@gmail.com.

Слухай думкі папярэднікаў! Пагаджайся альбо спрачайся з імі! Цытуй сваё!

У склад аргкамітэту праекта ўвайшлі:

– Міхал Анемпадыстаў (Беларускі саюз дызайнераў),

– Таццяна Вадалажская (Лятучы ўніверсітэт),

– Улад Вялічка (Міжнародны кансорцыюм “ЕўраБеларусь”),

– Максім Жбанкоў (Беларускі Калегіюм),

– Глеб Лабадзенка (“Мова Нанова”),

– Лізавета Неўмяржыцкая (грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!”).

cytuj_arh_01

You may also like...