Ігар БАБКОЎ. Фэномэн паўставаньня нацыі: культурная традыцыя й мадэрнасьць
Плян:
1. Фэномэн нацыі: генэалёгія панятку.
2. Тэорыі нацыі ў сучаснай навуцы.
3. Нацыягенэз і “шляхі праз мадэрнасьць”.
Праблема нацыi зьяўляецца адной з самых складаных, заблытаных i iдэалягiчна нагружаных праблем сучаснай навукi. Нацыя — гэта фэномэн, які вывучаецца рознымi навукамi, i ў той жа час гэта жывы арганiзм, што разьвiваецца, набывае новыя рысы й новыя ўласьцiвасьцi. Зрэшты, працэс нацыягенэзу яшчэ ня скончаны — дасюль паўстаюць новыя нацыi, дый старыя адаптуюцца да новых гiстарычных, эканамiчных i сацыяльных абставiн.
“Нацыя ёсьць прозай спадара Журдэна й загадкай Сфiнкса” — гэтыя словы адбiваюць усю парадаксальнасьць сытуацыi. З аднаго боку, нацыi ёсьць унiвэрсальнай формай арганiзацыi сучаснага сьвету. Усясьветная супольнасьць складаецца з нацый, на ўзроўнi мiждзяржаўных узаемадачыненьняў нацыi й нацыянальныя дзяржавы ёсьць адзiнымi легiтымнымi суб’ектамi. У той жа час як нiколi праблематычным ёсьць iнтэлектуальная й культурная легiтымацыя нацый i нацыянальных культур. Нацыi й нацыяналiзм абвяшчаюцца галоўнымi адказчыкамi ў ваенных і сацыяльных катастрофах дваццатага стагодзьдзя, ворагамi свабоды й самастойнай адказнасьцi асобы, глебай таталiтарных і аўтарытарных рэжымаў.
Нават тэорыi нацыi маюць на сабе адбiтак гэтых iдэалягем сучаснага сьвету. Як пiша Энтанi Сьмiт у сваёй кнiзе “Этнiчныя каранi нацыi”: “У сьвеце спаборных дзяржаваў i магчымых нацый гэта ня ёсьць чыста акадэмiчным пытаньнем. Вялiкая колькасьць людзей цалкам гатова ахвяраваць сваiм жыцьцём дзеля прызнаньня iхнае нацыянальнае iдэнтычнасьцi й вяртаньня iхных “гiстарычных” зямель… Для заходнiх аналiтыкаў, цалкам упэўненых у сваёй уласнай нацыянальнай iдэнтычнасьцi (почасту паўсталай некалькi стагодзьдзяў таму сярод бруду й крывi), ёсьць дастаткова модным скептычна ставiцца да рытарычных перабольшаньняў і квазi-навуковых досьледаў нацыянал-iнтэлектуалаў Эўропы дзевятнаццатага стагодзьдзя й Афрыкi ды Азіi дваццатага стагодзьдзя. Тыя, чые iдэнтычнасьцi рэдка ставяцца пад сумнеў i хто анi колi не спазнаваў выгнаньня альбо чужаземнай акупацыі, наўрад цi маюць патрэбу пошуку сваiх каранёў, каб вытварыць апрычоную й прызнаную iдэнтычнасьць… Самаяўны грунт ангельскай альбо францускай нацыянальных iдэнтычнасьцяў складаецца з гэткiх жа мiтаў i паданьняў — зь iмi ангельцы й французы ёсьць “нацыямi”, бязь iх — папросту шматлiкае насельнiцтва, замкнёнае ў палiтычныя межы”.
Акрамя таго, што “дыскурс нацыянальнага” заўсёды нёс i нясе вялiкую колькасьць палiтычных, iдэалягiчных і нават сытуацыйных канатацый, мадэлi й тэорыi нацыi ў эўрапейскай iнтэлектуальнай гiсторыi заўсёды мелi ня столькi рэфлектыўна-аналiтычны, колькi нарматыўны й ацэначны зьмест. Зазвычай азначаюць дзьве iдэi нацыi, якiя паўсталi й сфармавалiся ў эўрапейскай традыцыі: гэта Kulturnation й Staatnation. Аўтар першай — Гердэр, другой — Вальтэр. Гэта дае падставы называць iх нямецкай i францускай мадэлямі. У нямецкай мадэлi галоўны акцэнт ставiцца на супольную культуру й самасьвядомасьць, вынiкам якiх мусiць быць дзяржава; француская падкрэсьлiвае супольнае грамадзянства й грамадзянскiя правы, гарантам якiх зьяўляецца дзяржава й якiя твораць нацыю.
Гэтыя дзьве iдэi нацыi шмат чым вызначалi й дасюль вызначаюць бачаньне праблематыкi “нацыянальнага” ў сучаснай навуцы. Так, Hans Kohn, гiсторык і тэарэтык нацыяналiзму ў пасьляваеннай англа-саксонскай традыцыi, надаў гэтым дзьвюм мадэлям выразны ацэначны характар. Кон разрозьнiваў “грамадзянскi нацыяналiзм”, альбо нацыi, паўсталыя ў якасьцi гiстарычна вытвараных “грамадзянскiх супольнасьцяў”, i “моўна-этнiчны” нацыяналiзм, iдэя якога, зь ягонага меркаваньня, вядзе сваю генэалёгiю ад нямецкага Kulturnation i якая далей распаўсюджваецца на ўсю Сярэдня-Ўсходнюю Эўропу.
Кон даводзiў, што толькi грамадзянскi нацыяналiзм можа быць крынiцай сувэрэннасьцi народу-нацыi й ёсьць прыймальнай зьявай, якая гарантуе дэмакратычнае разьвiцьцё; тым часам этнiчна-моўны нацыяналiзм ёсьць небясьпечным скрыўленьнем, прадуктам комплексу нiжэйшасьцi й адсутнасьцi дэмакратычных традыцый.
Гэтае ацэначнае разрозьненьне доўгi час амаль не рэфлексавалася ў заходняй навуцы, спараджаючы пачуцьцё другаснасьцi й непаўнавартасьцi нацый Усходу Эўропы. Але апошнiм часам усходнеэўрапейскiя дасьледнікi актыўна крытыкуюць гэты падзел, заўважаючы ў ім апрыёрна-кампрамэнтацыйныя моманты.
Асаблiва абвострана праблемы нацыi паўсталi ў канцы сямiдзясятых — пачатку васьмiдзясятых гадоў ХХ стагодзьдзя. Гэта было зьвязана з канкрэтнымi сацыя-культурнымi праблемамi, што раптам паўсталі перад эўрапейскім грамадзтвам. Абсалютна нечаканым і невытлумачальным было этнiчнае адраджэньне на Захадзе эўрапейскага кантынэнту й адраджэньне нацыяналiзму як рэакцыі на праблему эмiгрантаў і мультыкультурнага грамадзтва. “Новы эўрапейскi нацыяналiзм” змусiў эўрапейскiх iнтэлектуалаў зноў узьняць праблему самапаўставаньня й самалегiтымацыi сучасных нацый.
Але тое вяртаньне да этнiчнага й нацыянальнага, што мы вiдочна назiраем сёньня на Захадзе, ня ёсьць вынiкам перамогi калектывiзму, масавага грамадзтва над лiбэральнай утопiяй вольнага й самадастатковага iндывiду. Яно ў большай ступенi ёсьць зьняцьцём гэтай апазыцыi й спробай iнтэлектуальнай легiтымацыi плюралiзму iдэнтычнасьцяў: узроставай, палавой, групавой, сацыякультурнай, рэгiянальнай, нацыянальнай і г.д. У такой сытуацыi iстотным ёсьць не самараспушчаньне асобнага iндывiду сярод групавых iдэнтычнасьцяў, а кшталтаваньне гэтага iндывiду праз зварот да iх.
1. Этымалёгiя слова й генэалёгiя тэрмiну “нацыя”.
Нацыi ў Антычнасьцi й сярэднявеччы. Новаэўрапейскае разуменьне нацыi
Праблема этымалёгii слова й генэалёгii тэрмiну “нацыя” мусiць быць пастаўлена таму, што тут у апасродкаванай форме адбiваюцца рэальныя працэсы гiсторыi й генэалёгii эўрапейскай цывiлiзацыi, працэсы, што ў новаэўрапейскiя часы й прывялi да паўставаньня сучасных нацый.
Этымалёгiя слова “нацыя” паходзiць ад лацiнскага natio — нараджэньне, паходжаньне, племя, народнасьць, кляс, слой, сэкта, школа. Гэтыя значэньні, у паасобку, зьвязаны з nasci — нараджацца. У рэальным словаўжываньнi natio было сынонiмам gentes, і iм карысталiся дзеля пазначэньня нярымскiх плямён ды народаў. Дзеля ж самаазначэньня рымляне ўжывалi словазлучэньне populus romanus.
Ужо далей у гісторыі, пачынаючы з раньняга сярэднявечча, панятак gentes замацоўваеццаа за нехрысьцiянскiмi народамi, natio — за хрысьцiянскiмi. Акрэсьлім, што раньнесярэднявечнымi нацыямi лiчылiся нарманцы, бунгурцы, лятарынгцы, брэтонцы, бавары, саксы, швабы й г.д.
У позьнiм сярэднявеччы тэрмiн набыў больш адцягненую сэмантыку й стаў называць любую групу людзей, сацыяльная альбо этна-культурная асобнасьць якіх была замацавана ў пэўных прававых нормах.
Да прыкладу, на nationes дзялiлiся як Унiвэрсытэты, дзе гэтае слова значыла зямляцкiя карпарацыi, так i царкоўныя Саборы, калі гэта былi папросту дэлегацыi.
Нямецкi сацыёляг Цыглер пiша: “Natio — гэта мэтавая злучнасьць, мясцовая, адмiнiстратыўна-вызначаная падгрупа, падобная да фракцыi… Гэтае слова анiякiм чынам ня мае ўсёй поўнiцы значэньня ў якасьцi прадстаўнiчае палiтычнае адзiнкi. Яно не азначае якой-небудзь зададзенай формы супольнасьцi, ня мае паказаньняў на грунтоўную лiнiю сацыяльнае сувязi альбо сацыяльнага падзелу”.
Але ў позьнiм сярэднявеччы тэрмiн пачаў здабываць новы сэнс. Так, Марцiн Лютар у сваiх зваротах да нямецкай нацыi стасаваў гэтае слова адно да вышніх слаёў грамадзтва й супрацьстаўляў нямецкую нацыю намецкаму народу, якiм нацыя мусiла апекавацца й якога нацыя мусiла весьцi й кiраваць.
Гэта было пачаткам палiтычнага вызначэньня нацыi, згодна зь якiм да нацыi належыць акрэсьленая група людзей, што карыстаецца палiтычнымi правамi й прывiлеямi ў межах нацыянальнае дзяржавы. Этнiчнае паходжаньне тут не бярэцца ў разьлiк, таксама, як і прыналежнасьць да пэўнае культуры, мовы й канфэсіi.
Iндыкатары нацыi ў такім разе — наяўнасьць сваёй дзяржавы й палiтычна-прававое замацаваньне асаблiвага статусу пэўнае сацыяльнае страты ў гэтай дзяржаве. Адсутнасьць хаця б аднаго з гэтых крытэраў не дазваляе казаць пра складзеную нацыю. Часам нацыю ў позьнесярэднявечным сэнсе называюць яшчэ “палiтычным народам”. Клясычным прыкладам нацыi ў сярэднявечным сэнсе ёсьць шляхта ў Рэчы Паспалiтай — зыходна зь ейнага тагачаснага становішча. Нягледзячы на вiдочныя адрозьненьнi “лiцьвiнаў” і “каронных палякаў”, найбольш карэктнай дачынна гэтае нацыi ёсьць азнака “шляхецкая”, бо ў дадзеным выпадку мова, культура й этнiчнае паходжаньне ня маюць асаблiвага значэньня. Характэрна таксама, што ў межах Маскоўскае дзяржавы нацыя, у сярэднявечным разуменьні, так i ня склалася, бо анiводзiн са слаёў альбо страт грамадзтва так i ня здолеў замацаваць свой палiтычны статус у прызнаных прававых нормах.
Поўнае iгнараваньне этнакультурных ды крэўных пачаткаў у гэтым вызначэньнi нацыi дазволiла Норбэрту Элiасу зрабiць выснову пра агульнаэўрапейскае куртуазнае грамадзтва й, у пэўным сэнсе, куртуазную нацыю. Як азначае ён у сваiм досьледзе “Аб працэсе цывiлiзаваньня”: “Людзi, што належалi да гэтага шматформавага грамадзтва, мелi адзiную мову на абшарах усяе Эўропы — спачатку iтальянскую, потым францускую. Яны чыталi аднолькавыя кнiгi, мелi аднолькавыя густы, аднолькавыя манеры, i , залежна ад свайго статусу,— аднолькавы стыль жыцьця”.
Другое вызначэньне нацыi — сацыякультурнае — бярэ свой пачатак у васямнаццатым стагодзьдзi ў асяродку сярэдняга клясу. Гэта вызначэньне нацыi як народу. Увесь патас гэтага новага разуменьня ў падкрэсьлiваньнi натуральных, крэўных сувязяў насельнiцтва, што жыве на адной тэрыторыi, у межах аднае дзяржавы — незалежна ад палiтычнага й сацыяльнага статусу. Кажучы больш дакладна, гэтае новае азначэньне нацыi мае ня столькi этнiчны, колькi сацыяльны сэнс ды трымае ў сабе моцныя эгалiтарысцкiя стратэгii (стратэгii сацыяльнага ўроўнiваньня). Гэткае разуменьне нацыi адпавядала сацыяльным стратэгiям самой буржуазіi, якая была зацiкаўлена ў злучэньнi грамадзтва эканамiчнымi, палiтычнымi й культурнымi повязямi й, самае галоўнае,— у большай ягонай сацыяльнай мабiльнасьцi. Сярэдні кляс быў зацiкаўлены ў руйнаваньнi палiтычнае, культурнае й сацыяльнае манаполii куртуазнага, арыстакратычнага грамадзтва й у паўставаньнi такой нацыянальнай дзяржавы ды нацыянальнай культуры, якiя ахоплівалі б усю сацыяльную прастору нацыi-народу, якiя гарантавалi б як нутраную сацыяльную мабiльнасьць, так i вонкавую еднасьць, цэласьць нацыi. Гэткае разуменьне нацыi-народу прысутнiчае сёньня ў iдэі грамадзянства.
Напрыклад, Абат Сiейтс (Sieyes) такiм чынам адказвае на пытаньне “Чым ёсьць нацыя?”: “Сукупнасьць аб’яднаных iндывiдаў, што жывуць пад агульным законам і прадстаўлены аднымi й тымiж заканадаўчымi установамi” (un corps d associes vivant sous une loi commune et represente par la meme legislature).
Клясычнае падсумаваньне новаэўрапейскай iдэi нацыi належыць Эрнэсту Рэнану. У сваёй працы “Чым ёсьць нацыя” ён настойвае, што анi раса, анi мова, анi рэлiгiя, анi супольная тэрыторыя — з усёй iстотнасьцю гэтых чыньнiкаў — ня ёсьць вызначальнымi момантамi ў акрэсьленьнi сучаснай нацыi. Нацыя, па Рэнану, у большай ступенi ёсьць мэтаю й духоўным прынцыпам, “вялiкаю салiдарнасьцю”, чым генэтычна альбо геаграфiчна дэтэрмiнаванай супольнасьцю. Само iснаваньне нацыi вызначаецца й пацьвярджаецца ня столькi нейкiмi аб’ектыўнымi чыньнiкамi, колькi “штодзённым плебiсцытам” — г.зн. штодзённым дэкляраваньнем сваёй прыналежнасьцi да пэўнай культурна-гiстарычнай супольнасьцi, што мае агульную гiстарычную памяць, палiтычную волю ды культурную спадчыну.
З усёй сваёй быццам дэмакратычнасьцю й адкрытасьцю рэнанаўскае вызначэньне нацыi, па сутнасьцi, адбiвала й апраўдвала рэальны геапалiтычны ды геакультурны падзел сьвету памiж Вялiкiмi дзяржавамi. Было дастаткова лёгка вызначаць “сапраўдныя” й “несапраўдныя” нацыi, прызнаваць альбо не прызнаваць за этнiчнымi супольнасьцямi правы на гiстарычнае мiнулае й культурную спадчыну й, уціскаючы палiтычную волю, шкадаваць пра яе адсутнасьць.
Такiм чынам, клясычная новаэўрапейская iдэя нацыi была ня так унiвэрсальным мэханiзмам паўставаньня нацый, як адбiвала й iмкнулася ўнiвэрсалiзаваць дастаткова акрэсьленыя й унiкальныя гiстарычныя шляхі фармаваньня нацыягенэзы, характэрныя заходнеэўрапейскай сытуацыi. Адначасна гэтая iлюзія ўнiвэрсальнасьцi спараджала комплекс вышэйшасьцi ды недаацэнку iншых варыянтаў.
Дваццатае стагодзьдзе — і ў сваёй рэальнай гiсторыi, i ў тэарэтычнай рэфлексіi — iстотна зьмянiла клясычную парадыгму. Па-пэршае, Цэнтральная ды Ўсходняя Эўропа значна падкарэктавалі ўяўленьнi пра натуральнасьць сапраўдных (старых, гiстарычных) нацый. Новыя, маладыя нацыi выходзiлi на гiстарычную арэну й праз пэўны час ставалiся гэткiмi ж натуральнымi й сапраўднымi, як i старыя. Было бачна, што гiстарычная памяць, палiтычная воля ды культурная спадчына ёсьць у большай ступенi штучнымi вытворнымi прадуктамi нацыянальнае чыннасьцi, чым нейкiмi натуральнымi iндыкатарамi, паказьнікамi вартасьцi. Па-другое, побач з тэрытарыяльнымi нацыямi (заходнеэўрапейскi варыянт) зьявiлiся этнiчныя нацыi й нават трыбалiскiя (пляменна-клянавыя) нацыi, ужо ня кажучы пра зусiм неверагодны для клясычнае парадыгмы варыянт — сучасную габрэйскую нацыю дзяржавы Iзраiль, якую можна было б назваць нацыяй Кнiгi.
Усё гэта вымагала дакладнага эмпiрычнага вывучэньня кожнага асобнага варыянту нацыягенэзу й выпрацоўкi такой мадэлi паўставаньня нацыi (нацый), якая не супярэчыла б кожнаму эмпiрычнаму варыянту. Гэтая новая мадэль мусiла быць постклясычнай: і тое значыць, што яна мусiла складацца, у паасобку, з пэўнае колькасьцi мадэляў — эканамiчных, сацыялягiчных, палiталягiчных, сэмiятычных і г.д. Накладаючыся на канкрэтную гiстарычную сытуацыю, гэтыя мадэлi дазвалялi б убачыць гiстарычныя працэсы адразу на некалькiх экранах, у iхнай шматграннасьцi й полiцэнтраванасьцi. Пры гэтым эпiстэмалягiчны статус згаданых мадэляў далёка адступае ад статусу аб’ектыўных законаў гiсторыi — яны ў большай ступенi ёсьць iнтэлектуальнымi iнструмэнтамi, што працуюць на разуменьне й вытлумачэньне канкрэтнай сытуацыi.
Насёньня мы ўжо можам казаць пра складзеныя мадэлi эканамiчнага, сацыялягiчнага, мэтафiзычнага й канкрэтна-гiстарычнага характару. Фармулюючы больш дакладна, працэсы нараджэньня й усталяваньня сучасных нацый карэлююць (супадаюць) з працэсамi паўставаньня буржуазнае/капiталiстычнае эканомiкi, урбанiстычна-iндустрыйнага грамадзтва, новаэўрапейскага рацыяналiзму. Але, тым ня менш, галоўным ды вызначальным для паўставаньня нацыi ёсьць зьяўленьне нацыянальнае культуры (вядома, у антрапалягiчным сэнсе — культуры як сыстэмы, з пэўнымi, адрознымi мэханiзмамi трансьляцыi ды самаўзнаўленьня).
Дарэчы, некаторыя сацыёлягi, у паасобку, Эрнэст Гельнэр, наагул разглядаюць нацыi ў якасьцi эпiфэномэнаў, што паўстаюць на скрыжаваньнi Ўлады й Культуры. Паўставаньне нацыянальнай культуры (і нацыянальнай сьвядомасьцi, нацыянальнай iдэнтычнасьцi) ёсьць, па сутнасьцi, асобным сюжэтам, адносна незалежным ні ад эканамiчных, нi ад сацыяпалiтычных працэсаў,— сюжэтам, iстотнасьць якога ў агульнай карцiне паўставаньня нацыi недаацанiць немагчыма.
Таму далей у агульнай — складанай i шматформавай — карцiне паўставаньня сучасных нацый мы вылучаем асобную праблему новаэўрапейскага культурагенэзу, гэта значыць складваньня нацыянальнае культуры й iдэнтычнасьцi як няўхiльнага й пасьлядоўнага працэсу трансфармаваньня топiкi культуры, у вынiку якога адбываецца пераход да такога тыпу культуры, якi мы завем нацыянальным.
Агульны накiрунак гэтых трансфармацый — пераход ад сытуацыi полiкультурнага грамадзтва сярэднявечча, калi кожная сацыяльная пазыцыя мела ў сабе магчымасьць свайго сацыя- й iдэялекту, лякальнага, альбо агульнага для пэўнага рэгiёну Эўропы (зноў прыгадаем “куртуазнае грамадзтва” Норбэрта Элiаса) — да грамадзтва монакультурнага, альбо нацыянальнага, у якiм усе сацыя- й iдэялекты, усе мiкракультуры, што пасьпелi скласьцiся ў межах пэўнае культурнае традыцыi, перасаджваюцца ў нацыянальную культурную прастору й зьвязваюцца мiж сабой у межах гэтай традыцыi. Калi ў сярэднявеччы чалавек быў, па сутнасьцi, замкнёны ў сваiм сацыяльным ды культурным статусе, то ў новаэўрапейскiх нацыянальных культурах сытуацыя прынцыпова iншая: чалавек атаясамлiвае сябе з усёй культурнай прасторай, i дынамiка культурных пазыцый шмат чым вызначае дынамiку пазыцый сацыяльных.
2. Паўставаньне нацыі
Калi рабiць кароткi агляд стану сучаснага вывучэньня нацыi, то перадусім належыць азначыць плюралiзм тэорый i мадэляў, сярод якiх няма адзiнай, цэнтральнай, стрыжнявой, якую бальшыня дасьледнiкаў прызнала б за ўнiвэрсальнае тлумачэньне.
Падвалiны сучасных тэорый нацыi былi закладзены iдэямi й мадэлямi Карла Дойча, якi праiнтэрпрэтаваў нацыю ў якасьцi прасторы асаблiва iнтэнсіўнай сацыяльнай камунiкацыi, Ханса Кона, а таксама цэлым шэрагам сацыялягiчна зарыентаваных гiсторыкаў, такiх, як Кар, Сэтан-Ватсан, Хобсбоўм ды iнш.
Што да сёньняшняга стану, дык тут вiдочна вылучаецца сучасная клясыка: працы Энтанi Сьмiта й Эрнэста Гельнэра, якiя выступаюць ад брытанскае школы (з усёй адрознасьцю гэтых дасьледнікаў) у двох разгалiнаваньнях — генэалягiчным i мадэрнісцкiм.
Генэалягiчная школа абапiраецца на працы Эдварда Шыла, якi сьцьвердзiў iстотнасьць “базавых сувязяў” памiж iндывiдамi, што ўгрунтаваны ў мове, рэлiгii, расе, этнiчнасьцi й тэрыторыi. Сацыябiялягiчная версія генэалягiчнае школы сьведчыць, што этнiчнасьць зьяўляецца натуральным працягам адносiн крэўнасьцi (kinship) i ёсьць натуральным сродкам у барацьбе групы за выжываньне (у ёй фармулююцца супольныя групавыя мэты й выпрацоўваюцца групавыя стратэгii).
Сацыялягiчныя версіi падкрэсьлiваюць, што мова, рэлiгiя, раса, этнас i тэрыторыя становяцца базавымi арганiзацыйнымi й межаўтваральнымi прынцыпамi людзкіх супольнасьцяў праз усю гiсторыю чалавецтва.
Не аспрэчваючы тэзы пра радыкальныя трансфармацыi грамадзтва й нават разрыў, у якiм паўстаюць сучасныя нацыi, генэалягiчная школа заклiкае не перабольшваць навiзны падзеі й дасьледуе сувязь этнасаў і паўсталых на iх тле нацый, а таксама ролю, адыграваную традыцыйна этнiчнымі фактарамі ў паўставаньнi нацыi.
Генэалягiсты зазвычай зьяўляюцца гiсторыкамi з пэўнай сацыялягiчнай арыентацыяй, тым жа часам мадэрнiсцкiя тэорыi адстойваюць прафэсійныя сацыёлягi й філёзафы.
Мадэрнiсцкiя тэарэтыкi настойваюць найперш на радыкальным разрыве, у якiм зьяўляюцца сучасныя нацыi. Для iх нацыя — гэта выключна новаэўрапейскi фэномэн. Этнiчная мiнуласьць і этнiчнасьць наагул выконваюць у гэтым паўставаньнi чыста iнструмэнтальную ролю. Гэта азначае, што этнiчнае выкарыстоўваецца падчас збудаваньня нацыi, але выкарыстоўваецца ў якасьцi аднаго са шматлiкiх чыньнiкаў. Зазвычай мадэрнiсты прамiнаюць этнiчныя каранi, абапiраючыся пры гэтам на заходнеэўрапейскi варыянт “грамадзянскае нацыi”, у выбудове якой этнiчная культура сапраўды ня мела сур’ёзнае ролі.
Другая распаўсюджаная тэза мадэрністаў — гэта штучнасьць, ненатуральнасьць i, у пэўным сэнсе, “уяўнасьць” фэномэну нацыi. Нацыя iснуе не таму, што яна аб’ектыўна дадзена, а таму, што пэўная колькасьць людзей пагаджаецца лiчыць сябе “нацыяй”.
Клясычнае й паказальнае азначэньне нацыi дае Гельнэр у працы “Нацыi й нацыяналiзм”:
“1. Дзьве асобы належаць да аднае нацыi тады й толькi тады, калi яны падзяляюць адну культуру, і культура ў гэткім разе ёсьць сыстэмай iдэй, знакаў, асацыяцый, ладу жыцьця й камунiкацыi.
2. Дзьве асобы належаць да аднае нацыi тады й толькi тады, калi яны прызнаюць адна адну належнымi да гэтай нацыi. Iншымi словамi, нацыi творацца чалавекам, нацыi ёсьць артэфактамi чалавечых перакананьняў, ляяльнасьцi й салiдарнасьцi”.
Бэнэдыкт Андэрсан у вядомым досьледзе вытварыла нават Тэрмiн — “уяўныя супольнасьцi”.
Паспрабуем разгледзець мадэль паўставаньня нацыi, прапанаваную Эрнэстам Гельнэрам, якую можна было б назваць сацыякультурнай. Вядома, гельнэраўская мадэль не зьяўляецца адзiнай тэорыяй нацыi, але яна выгодна адрозьнiваецца ад астатнiх тым, што спрабуе апiсаць i вытлумачыць канкрэтныя працэсы нацыягенэзу на некалькiх узроўнях: агульнасацыялягiчным, тыпалягiчным i канкрэтна-гiстарычным.
Агульнасацыялягiчная мадэль
Першая тэза, на якой настойвае Гельнэр: нацыя ёсьць цалкам новаэўрапейскiм фэномэнам, і ейнае паўставаньне зьвязана з агульным пераходам ад агра-пiсьмовага грамадзтва да сучаснага iндустрыйнага й постiндустрыйнага грамадзтва.
Гельнэр пiша: “У жыцьцi чалавецтва адбылася iстотная й выразная зьмена. Новы сьвет, у якiм НАЦЫЯНАЛIЗМ — г.зн. злучэньне дзяржавы й нацыянальнай культуры — стаў агульнапрынятай нормай, грунтоўна адрозьнiваецца ад старога, дзе гэта было зьявай рэдкай i нетыповай. Iснуе вялiкае адрозьненьне памiж сьветам складаных, пераплеценых памiжсобку кшталтаў культуры й улады, межы якiх размыты, i сьветам, што складаецца з адзiнак, пэўна адмежаваных адна ад адной, вылучаных з культурных прыкмет, якiя ганарацца сваёй апрычонай своеасаблiвасьцю й якiя iмкнуцца да культурнай аднароднасьцi. Такiя адзiнкi, у якiх iдэя незалежнасьцi зьвязана з iдэяй культуры, завуцца “нацыянальнымi дзяржавамi”. Цягам двох стагодзьдзяў, што пасьледавалi за Францускай рэвалюцыяй, нацыянальныя дзяржавы сталi нормай палiтычнага жыцьця”.
Гэты разрыў, натуральна, ня можа быць вытлумачаны чыста гiстарычнай кан’юнктурай: ён належыць ня столькi да падзейнай гiсторыi, колькi да пэўных тыпалягiчных працэсаў. Грунтам гэтага пералому, па Гельнэру, ёсьць разрыў, пераход ад аднаго ТЫПУ ГРАМАДЗТВА да iншага.
Агра-пiсьмовае грамадзтва, якое дамiнавала ў чалавечай гiсторыi да новаэўрапейскай рэвалюцыi, як лiчыць Гельнэр, было заснавана на сельскагаспадарчай вытворчасьцi й пераразьмеркаваньнi вынiкаў гэтай вытворчасьцi. Адпаведна, сацыяльная структура гэтага грамадзтва патрабавала вызначанай i дакладнай ярархii сацыяльных пазыцый, i зьмена ў гэтых пазыцыях (зьмена ў сацыяльным статусе асобы) цягам чалавечага жыцьця была рэччу выключнай. У згоднасьці з сацыяльнай ярархiяй разьмяркоўвалiся й культурныя ролi ў грамадзтве. Кожная сацыяльная страта мела свой тып культуры, а культура ўсяго грамадзтва зьяўлялася складанай сукупнасьцю мiкракультур, якiя маглi адрозьнiвацца нават мовай. Але ўсё гэта не замiнала розным стратам адчуваць сваю злучанасьць i ўзаемадапаўняльнасьць.
Гэтая сыстэма афармлялася й легiтымавалася рознымi квазi-сацыяльнымi iдэалёгiямi патранату (апекаваньня) з боку вышніх клясаў. У гэткай сыстэме адукацыя й наагул высокая культура зьяўлялася прывiлеем вышняга клясу грамадзтва, адрозьнiвалася пэўнаю ўнiфiкаванасьцю й сакралiзаванасьцю. Яна супрацьстаяла (сымбалiчна, вядома) культуры вёскi, якая, наадварот, была надзвычай дыфэрэнцыяванай, гнуткай i дынамiчнай. Тым часам, калі культурна-палiтычная мапа Эўропы на зьверхнiх прыступках заставалася адносна стабiльнай цягам стагодзьдзяў, унiзе кшталтавалася новая Эўропа.
Прымаючы пад увагу гэткую мадэль аграрных грамадзтваў, можна запытацца: якiмi мусяць быць тут узаемаадносiны памiж культурай, з аднаго боку, і палiтычнаю легiтымнасьцю й межамi дзяржаваў — з другога? Адказ адназначны: памiж гэтымi дзьвюма сфэрамi ня будзе амаль анiякае сувязi.
Цалкам iншым тыпам грамадзтва ёсьць сучаснае iндустрыйнае грамадзтва. (Тут мы ня будзем акцэнтаваць увагу на канкрэтных гiстарычных працэсах, у вынiку якiх адбыўся сам пераход, і пазначым толькi адрозьненьнi.) Гэтае грамадзтва (iндустрыйнае) грунтуецца не на сельскагаспадарчай вытворчасьцi, а на iмклiва пашыраным фэномэне тэхнiкi й тэхналёгiй; гэта грамадзтва кумулятыўнага, i навацыйнага росту, якi перавышае тэмпы росту дэмаграфiчнага.
Сам працэс пераходу акрэсьлiваецца тэрмiнам МАДЭРНIЗАЦЫЯ й мае за вынiк iстотнае пераразьмеркаваньне сацыяльных i культурных пазыцый. У гэткiм грамадзтве сытуацыя, калi чалавек на працягу свайго жыцьця мяняе некалькi сацыяльных пазыцый, зьяўляецца не выключэньнем, а нормай. Адпаведна, са зьменай сацыяльных пазыцый мяняецца й культурны статус, якi страчвае свой сакралiзаваны сэнс. У вынiку ўзьнікае патрэба ў высокай, стандартнай i ўнiфiкаванай культуры, якая аб’ядноўвала б, з аднаго боку, усё насельнiцтва, а з iншага,— гэтая культура мусiла б быць нэўтральнай адносна сацыяльнага стану iндывiду. Як азначае Гельнэр: “Чалавечая праца стала па сваім характары сэмантычнай. Ейнай неад’емнай часткай ёсьць безасабовая, вольная ад кантэксту масавая камунiкацыя. Гэта магчыма адно ў выпадку, калi ўсе людзi, улучаныя ў гэты масавы працэс, насьледуюць адным i тым жа правiлам фармуляваньня й дэкадаваньня паведамленьняў.
Iншымi словамi, яны мусяць належаць да адной культуры. З гэтага вынiкае, што грамадзтва, калi яно наагул імкнецца функцыянаваць, мусiць быць працята адзiнай стандартызаванай высокай культурай”.
Дзеля распаўсюджаньня гэтай сыстэмы на прастору ўсяго грамадзтва ствараецца адмысловы iнстытут новаэўрапейскай адукацыi, што мусiць перапрацоўваць увесь чалавечы “матэрыял” і тым самым забясьпечваць нацыянальную iдэнтычнасьць грамадзтва. Такiм чынам, сацыякультурная прастора гомагенiзуецца, стаецца аднароднай і пранiкальнай.
Тыпалягічная мадэль
Абагульняючы канкрэтныя варыянты паўставаньня нацый, Гельнэр вылучае чатыры “пасы” на Эўрапейскiм кантынэнце, у якiх нацыягенэз адбываўся ў розныя часы й у рознай форме. Сам эмпiрычны матэрыял, якiм апэруе Гельнэр, збольшага вядомы, сыстэматызаваны, таму iстотнай ёсьць iнтэрпрэтацыя гэтага матэрыялу.
Першы пас — гэта заходнеэўрапейскi варыянт паўставаньня нацый, г.зв. тэрытарыяльны варыянт, і, адпаведна, гаворка вядзецца пра тэрытарыяльныя нацыi. Гэты варыянт характарызуецца наяўнасьцю цэнтралiзаванай дзяржавы з моцным бюракратычным апаратам.
Гельнэр піша: “Моцныя дынастычныя дзяржавы з цэнтрамi ў Лёндане, Парыжы, Мадрыдзе й Лiсабоне iснавалi яшчэ на пачатку Новага часу й лёгка маглi перарасьцi ў аднародныя нацыянальныя дзяржавы… Усталяваньне цэнтралiзаванай культуры зусiм не абапiралася пры гэтым на культуру сялянства, а было скiравана супраць яе. Сялян трэба было ператварыць у сапраўдных грамадзян, але, вызначаючы культуру нацыі, ня мелася на мэце ўлiчваць асаблiвасьцi iхнае культуры. Таму этнагарафiя ў пададзеным выпадку ня мела дачыненьня да фармаваньня нацыi: якi ж сэнс фiксаваць тое, што iмкнесься зруйнаваць… Цiкавасьць да “несьвядомай” культуры сялянства паўстае адно ў тых варунках, калі новая культура нацыi абапiраецца на яе ў працэсе свайго станаўленьня й iнкарпаруе ейныя элемэнты”.
Падобным чынам паўставалі Францыя, Англiя, Гiшпанiя, Партугалiя. Так, француская нацыянальная iдэнтычнасьць фармавалася ў стабiльнай апазыцыi да рэгiянальных этнiчных супольнасьцяў кшталту брэтонцаў, каталёнцаў, эльзасцаў і г.д. Адным зь першых дэкрэтаў францускае рэвалюцыi быў Дэкрэт аб абавязковым выкладаньнi францускае мовы ва ўсiх рэгiянальных школах.
Француская мова абвяшчалася адзiнай афiцыйнай мовай дзяржавы. Француская культура, якая была, па сутнасьцi, арыстакратычнай культурай францускага двара, была накінута як узор усiм стратам насельнiцтва. Рэгiянальныя этнакультурныя супольнасьцi ў Францыi адно ў другой палове дваццатага стагодзьдзя набылi нейкiя гарантыi iснаваньня й захаваньня сваёй традыцыi.
Другi пас, па Гельнэру, ляжыць на ўсход. За прыклады гэтага варыянту ён лiчыць нямецкую й iтальянскую нацыі, у якiх цэнтралiзаваныя дзяржавы склалiся досыць позна. Галоўнай праблемай у гэтым варыянце ёсьць аб’яднаньне ўсяго насельнiцтва ў адзiную цэнтралiзаваную дзяржаву. Адпаведна, высокая культура ня мела выразнай апазыцыi з культурай этнiчнай i, наадварот, была зацiкаўлена ў падтрымцы й iнкарпараваньнi этнiчнай культуры ў агульнанацыянальную.
Трэйцi пас, што ляжыць яшчэ далей на ўсход, дэманструе, па Гельнэру, “найбольш вядомыя ўзоры нацыянальнага будаўнiцтва”. Нацыі, належныя да гэтага тыпу, зазвычай разрозьнiваюць як “гiстарычныя” й “негiстарычныя”. Першыя калiсьцi мелi сваю дзяржаву, але страцiлi, другiя нiколi яе не мелi… Запраўды iстотным тут ёсьць тое, што гэткi варыянт патрабуе зьяўленьня актывiстаў-прапагандыстаў-асьветнiкаў, якія iмкнуцца “абудзiць” нацыю цi то заклiкамi да былой славы, цi то папросту спробамi прыцягнуць увагу да культурнае своеасаблiвасьці…”
Апiсаньне гэтага пасу найменш удалося Гельнэру як з разгляду эмпiрычных фактаў, так i з пазыцыі разуменьня гэтых фактаў. Па-першае, трэйцi пас не зьяўляецца тыпалягiчна аднародным. Так, Польшча вiдочна мела высокую арыстакратычную культуру й да канца васямнаццатага стагодзьдзя вiдочна iшла па першым шляху, але ў вынiку расейска-нямецкай акупацыi й падзелаў згубiла “палiтычны дах” i далучылася да другога пасу.
Беларусь, Украiна, балцкiя краiны, а часткова й цэнтральнаэўрапейскiя паказваюць клясычныя прыклады нацыянальнага будаўнiцтва, калi этнiчная культура палягае ў падвалiны культуры нацыянальнай. Зь гельнэрава апiсаньня гэтае сытуацыi складаецца ўражаньне, што ён адчувае мiстычны жах перад этнiчнай культурай i лiчыць рамантызацыю этнiчнага пачатку ў гэтым рэгiёне ледзьве ня глебай нацысцкіх тэорый ды практык.
Да чацьвёртага пасу Гельнэр стасуе Расейскую iмпэрыю, якая пазьней трансфармавалася ў Савецкi Саюз. У зьвязку з распадам апошняга й тым, што ў ягоны склад уваходзiлi надзвычай розныя рэгiёны — і з цывiлiзацыйных, i з эканамiчных праяваў — паўсталыя на гэтых тэрыторыях могуць утрымліваць розныя “гiбрыдныя” формы, якія спалучаюць некалькi альбо ўсе тыпы нацыянальнага разьвiцьця.
Канкрэтна-гістарычная мадэль
Гельнэр вызначае пяць канкрэтна-гiстарычных стадый, празь якiя праходзiць цалкам альбо часткова нацыягенэз кожнай канкрэтнай нацыi.
1. Кропка адлiку. На гэтай стадыi этнiчны пачатак ня зьвязаны зь легiтымацыяй і самалегiтымацыяй улады. Улада не апэлюе да этнiчных сувязяў памiж насельнiцтвам дадзенай тэрыторыi.
2. Стадыя нацыянал-iрэдэнтызму. Захоўваецца палiтычная структура папярэдняе эпохi, але зьяўляецца тое, што можна было б назваць “нацыянальнай iдэяй”. Нацыянальная iдэя пачынае паступова ставацца палiтычным прынцыпам, i ў адпаведнасьцi зь ёй разгортваецца агiтацыя за перагляд старых палiтычных межаў ды стварэньне дзяржаваў згодна з этнiчнай мапай пэўнага рэгiёну.
3. Трэйцяя стадыя: “трыюмф i параза” нацыянал-iрэдэнтызму. На гэтай стадыi адбываецца распад шматнацыянальных iмпэрый, а заадно й зьнiкае дынастычны й рэлiгiйны прынцып апраўданьня ўлады. На вольнае месца прыходзiць нацыянальны прынцып. Iдэя нацыi й практыка нацыянальнага будаўнiцтва прыводзяць да мiжнароднага замацаваньня нацыi як легiтымнага суб’екту права.
4. Чацьвёртую стадыю Гельнэр называе “Nacht und Nebel”. Гэта стадыя крывавых войнаў i этнiчных чыстак, у якой адбываецца канчатковы перадзел i перакрой палiтычнай мапы Эўропы. Гэта час, калi маральныя нормы аказваюцца занiжанымi.
5. Пятая стадыя — саслабласьць запалу нацыянальных праблематык. Гэткае адбываецца у сувязi з павышэньнем агульнага дабрабыту заходняга грамадзтва й пераходам да iнфармацыйнага, постiндустрыйнага грамадзтва. На гэтай стадыi выжываньне этнакультурных супольнасьцяў залежыць ня столькi ад сваёй дзяржавы, колькi ад далучанасьцi да iнфармацыйных сыстэм ды эканамiчнага разьвiцьця пэўнага рэгiёну.
3. Нацыя й нацыянальная сьвядомасьць
Нацыянальная сьвядомасьць/самасьвядомасьць як iстотны чыньнiк паўставаньня й iснаваньня нацыi не аспрэчваецца сёньня нiкiм. У той жа час назiраецца пэўны тэрмiналягiчны разнабой і пэўная неакрэсьленасьць ва ўжываньнi самiх тэрмiнаў. Мы можам вызначыць цэлы шэраг сынонiмаў, што тэрмiналягiчна пазначаюць праблемнае поле “нацыянальнае самасьвядомасьцi”.
Так, у англа-саксонскай навуцы ўжываецца тэрмiн “нацыянальная ідэнтычнасьць”, што пакрывае, па сутнасьцi, усё праблемнае поле. У сэмантыку гэтага панятку ўваходзяць як канатацыi, зьвязаныя з нацыянальнай культурай, так i шматлiкiя алюзіi на нацыянальны характар, дух нацыi, нацыянальную iдэалёгiю й г.д. Нацыянальная iдэнтычнасьць — насамрэч усё тое, што вызначала й вызначае нацыю, цэльны комплекс iндыкатараў палiтычнага, культурнага, сацыяльнага й сэмiятычнага пляну, па якiм нацыя пазнаецца й з падмогай якога адмяжоўваецца, усё тое, што забясьпечвае й падтрымвае цэласьць нацыi й ейнае самаўзнаўленьне.
Такiм чынам, ёсьць сэнс пазычыць гэты тэрмiн і далей казаць пра нацыянальную iдэнтычнасьць, альбо саматоеснасьць нацыi. Гэтае найбольш агульнае азначэньне выяўляе й увасабляе ўсю разгляданую тут праблематыку.
У той жа час мы маглi б спэцыфiкаваць значэньне тэрмiну “нацыянальная самасьвядомасьць”. Першае, што тут магчыма азначыць, дык тое, што нацыянальная самасьвядомасьць прадугледжвае пэўную рэфлексійную актыўнасьць. Нацыянальная самасьвядомасьць ня ёсьць нейкiм пасіўным утварэньнем — яна адбiвае пэўныя працэсы рэгуляцыi й самарэгуляцыi нацыянальных й этнiчных супольнасьцяў. А раз нацыя ёсьць новаэўрапейскiм фэномэнам, г.зн. супольнасьцю, што знаходзiцца ў стане кумулятыўнага росту й самаразьвiцьця, то нацыянальную самасьвядомасьць можна лічыць асноўным індыкатарам паўставаньня нацыi.
Літаратура
1. Theories du Nationalism. Nation, Nationalite, Ethnicite. Editions Kime, Paris, 1991.
2. Smith, Entony. The Ethnic Origins of Nations. Blackwell, 1986.
3. H.O.Ziegler. Die moderne Nation. Ein Beitrag zur poltischen Soziologie.
4. Elias, Norbert. The Civilizing Process. vol. 2. State Formation and Civilization. Oxford, 1982.
5. E.Sieyes. Qu’est ce que le tiers etat? Paris, 1888.
6. Сміт, Энтані. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі. Мінск: Беларускі Фонд Сораса, 1995.
7. Cultural Crossroads in Europe. ed. by Tuuli Forsgren and Martin Peterson. FRN: Stockholm. 1997.
8. Hroch, Miroslav. Social Preconditions of National Revival in Europe. Cambridge, 1985.
9. Gellner, Ernest. Nations and Nationalism. Oxford: Blackwell, 1984.
10. Nationalism, Colonialism and Literature, T.Eagleton, F.Jameson, E.Said, Introduction by Seamus Deane, A Field Day Company Book, University of Minnesota Press, Minneapolis, 1990. (Said Edward W., “Yeats and Decolonisation”, pp. 69—99, in:).
11. Nation and Narration, ed. by Homi K. Bhabha, Routledge, London and New York, 1990.