Ігар Бабкоў. Загадка Стральцова
Каб патрапіць у месца, якое мы называем Міхась Стральцоў, трэба настройваць сваё сэрца, як музычны інструмент.
Дзеля яго аднаго варта было б прыдумаць іншы канон беларускай літаратуры, а можа і асобную літаратуру.
Калі Алесь Адамовіч, у прадмове да Выбранага, спрабуе яго палічыць, і, з сімпатыяй і разуменнем — адпраўляе ў другі шэраг, да аўтараў дабротных, канешне ён памыляецца.
І не ў тым сэнсе, што Стральцоў патрапіў такі ў першы, а яны, тыя, хто так ірваліся ў вялікасць, калькулюючы водгукі і кантэксты з далёкае будучыні, засталіся ззаду.
Як і тыя, хто проста збіраў даніну з палёў эпохі, пагаджаючыся на ўсе званні і прэзідыўмы.
Не ў тым рэч.
Стральцоў па-за шэрагамі, ён належыць да рэдкіх і важных творцаў, што не імнуцца заняць мейсца сярод сучаснікаў, таму што самі ёсць месцам.
І ў яго не так проста патрапіць.
***
Месцы ў літаратуры: некаторыя адважваюцца на вівісекцыю чалавечай душы, ідуць у свет цэлы і выйграюць славу (як Быкаў), іншыя шукаюць Радзіму, а знаходзяць любоў (і гэта Караткевіч), адныя патанаюць у глыбіню, сустракаюць там саміх сябе, адкрываючы сябе як мікракосм (Разанаў), іншыя ж наадварот, маючы ў сабе традыцыю, губляюць і размантачваюць усё, аж да апошняга каліўца (як Сыс).
Што знайшоў Стральцоў? Ён стаіць – у нашым літаратурным каноне – самотны, прыгожы і шчаслівы, з вечна запаленай цыгарэтай.
Арыстакрат па форме душы, патрыцый на выгнанні, як назваў яго калісці Дранько-Майсюк.
Загадка Стральцова: адкуль ён? Дзе яго сапраўдная радзіма? Адкуль у яго гэты ўнутраны арыстакратызм?
Гэтая самадастатковасць, няспешнасць.
Адкуль гэтае ўважлівае – і ўпэўненае чытанне ў чалавечым сэрцы?
***
Можна было б сказаць, што яго ўласна і цікавіць чалавечае сэрца, і толькі яно: ўсё астатняе ў ягоных тэкстах адно дэкарацыя.
Ад самай першай кнігі Блакітны вецер, яшчэ нібыта традыцыйнай, удавана-вясковай, ён заўсёды разам са сваімі героямі, уважлівы да малых рэчаў, нематываваных учынкаў, да тонкіх сардэчных рухаў. Праходзіць з імі не толькі пустэлі і вусцішы, але таксама прыпынкі і прытулкі жыцця.
Расказвае гісторыі, увесь час перапыняючыся, гледзячы кудысьці далёка, як быццам бы хоча зверыць – з тым, далёкім – свой унутраны гадзіннік, каб не схібіць, не памыліцца, быць верным гэтай далёкай праўдзе.
А яшчэ як усё гэта спалучаецца: музыка на кожнай старонцы: Армстронг, і Паркер, і Дзізі Гілеспі.
Стральцоў стварае беларускія шасцідзесятыя як тэрыторыю маладосці, свабоды і надзеі, задае ім рытм, інтанацыю..
Можна было б сказаць, што ён нараджаецца і памірае там, у тую эпоху.
***
Але час няўмольны, і на мейсца ўтопіі Паркера і Гэмінгуэя прыходзіць ціхае балотца застою.
Ён ліхаманкава шукае выйсця. Звяртаецца да традыцыі. Перачытвае: Багушэвіча, Купалу, Гарэцкага. Спрабуе – і ўдала, перапісаць культурны канон, дадаючы трэцюю лінію – лінію Багдановіча.
Лінію гульні з формай, літаратуры еўрапейскай, а значыць свабоднай.
Пакуль не патрапляе на самы скрай магчымага.
Гэта Смаленне вепрука.
Звыкла чакаем этнаграфію, а знаходзім восеньскую тугу, нават роспач.
Далей мёртвае.
Там, на скраі, для яго сканчаецца проза і пачынаецца паэзія.
***
Ён падарыў свайму часу некалькі важных метафар.
Сена на асфальце: пакаленне вяскоўцаў, што няўтульна адчувае сябе ў горадзе, сярод культуры. У пошуках апірышча альбо проста гарадзскога лоску некаторыя ідуць у ЦК партыі, іншыя да Кіма. Ціхія, няўпэўненыя, але поўныя жадання скарыць гэтую варожую цывілізацыю.
Загадка Багдановіча: напісаны ў 30 шэдэўр, які абазначае адваротную метафару: вяртанне дадому з гэтага пераможнага паходу. Ад універсальнай (як здаецца), але чужой, і галоўнае халоднай прасторы.
У Загадцы Багдановіча ён упершыню знайшоў і абазначыў утоены цэнтар беларускай культуры, які выяўляецца і знаходзіць сабе адпаведнае мейсца толькі ў паэзіі, у паэтычным гэсце.
Яе паэтацэнтрычнасць.
І далей ён гаварыў толькі адтуль, з гэтага цэнтра.
Ягоныя кнігі дасюль свецяць, як ліхтары, асвятляючы яго эпоху.
***
Вершы на асфальце: калі да традыцыйнай беспрытульнасці паэта дадаецца і сутнасная бяздомнасць паэзіі ў нашую эпоху.
У свеце, дзе больш няма аніякіх асобных месцаў, у якім ніхто нікому не цікавы. Які даўно ўжо пераўтварыўся ў адну вялікую яму для адкідаў.
У такі час літаратура губляе не толькі свае нябёсныя арыентыры і зямныя гарантыі, але і сваю адмысловую задачу быць эксперыментальным палігонам чалавечага жыцця, даследаваць, ствараць, разыгрываць ягоныя сэнсы, вышыні, вусцішы і прадонні.
І пытанне даўно не ў тым, што нешта недзе схавана, а штосьці даступна, некаторыя рэчы высокія і недасяжныя, а іншыя пад нагамі.
Усё скінута ў адну купу і барахтаецца разам, высокае і нізкае, рэдкае і агульнае. У брудзе і аблоках.
Усе знаходзяць сябе разам з усімі:
Шоўмены і публічныя асобы, што рыхтуюцца канвертаваць публічную вядомасць у культурны капітал. Эстэты і містыкі, што перакладаюць Вергілія, Катула і Бхагаватгіту і пішуць для выбраных. Журналісты, для якіх не праблема накатаць трэш-раманчык за пару месяцаў і прадаць гэта як актуальнае мастацтва.
Усе мы знаходзім сябе ў адным аўтазаку эпохі, прыкутыя кайданкамі да часу і мейсца, і да нашых су-часнікаў.
Пакуль мы яшчэ не прызвычаіліся быць побач, так блізка.
Самыя адважныя крычаць гэта мы, мы, не блытайце нас з іншымі. Некаторыя глядзяць у вакно і мараць пра далёкія краявіды. Частка шукае сабе асобнае мейсца, бліжэй да канваіраў.
Хтосьці шапоча вершаваныя радкі і ўглядаецца ў сваё сэрца.
***
Ноччу, тым часам, як спаў
Зорка свяціла ў акно.
Ціха самотны павук
Ткаў для той зоркі мярэжы
Потым ляцеў самалёт
Гул яго біўся аб шыбы.
Кінуў мярэжы павук,
На падваконні стаіўся.
Тою хвілінаю я
Вочы расплюшчыў, прачнуўся.
Плакала зорка ў акне –
Ну а чаго, яшчэ ў сне
Я здагадаўся.
(Міхась Стральцоў)
***
У такія часы сцяг трымаюць не толькі жывыя, але і мёртвыя.
Зусім па новаму адкрываецца традыцыя, як выклік, і як прытулак.
І я неверагодна шчаслівы, што разам з намі ў нашым аўтазаку эпохі ёсць і Міхась Стральцоў.