Ірына Дубянецкая. Веда, сяброўства, дабрыня – размова для “Паміж”

Ірына Дубянецкая

 

Тэкст апублікаваны ў часопісе “Паміж”, №11, 2018

Рэдакцыя: Цяперашні свет на сто адсоткаў рацыянальны і лагічны, матэматызаваны і тэхналагізаваны. Але ж у нас засталася жыццёвая патрэба ўзаемадзейнічаць з містычным і сакральным. Дзе ў сённяшнім свеце шукаць крыніцы містычнага, сакральныя цэнтры?

Ірына Дубянецкая: Сапраўды свет цяпер мяняецца нашмат больш радыкальна і драматычна, чым калі-небудзь раней. Нічога з таго, што адбываецца цяпер, няма ў нашай цывілізацыйнай памяці. Паводле мяне, скончыліся пяць тысячаў гадоў цывілізацыі. Інаўгурацыя пяцітысячагадовай цывілізацыі была зроблена ў Фінляндыі, калі яны аб’явілі, што больш не будуць вучыць дзяцей пісаць ад рукі.

Мы слаба ведаем, што з было намі глыбей за пяць тысячаў гадоў таму. Тое, што мы ведаем, – патрыярхальная, іерархічная цывілізацыя з пэўнымі ўяўленнямі пра сям’ю, месца чалавека і Бога ў свеце. Гэта цывілізацыя пісьмовая, таму што сацыяльныя ўклады знаходзяцца разам у адной мярэжы з метадамі працы з ведаю. Калі мяняецца мадэль накаплення, засваення, трансляцыі ведаў – усё мяняецца: сацыяльныя адносіны, гендэрныя ролі, існаванне сям’і.


Раней мы працавалі з ведай, а цяпер перадаем інфармацыю, і перабольшыць значнасць змены паняцця “веда” на паняцце “інфармацыя” немагчыма, гэта абсалютна радыкальная рэч. Тэхнакратычнасць, па вялікім рахунку, найперш звязана з новым разуменнем інфармацыі. Да інфармацыі належыць усё, што можа быць нейкім чынам транслявана, у тым ліку тое, што ўжо ніяк не датычыцца гуманітарных адносін – мы гаворым пра інфармацыю на квантавым узроўні. Уся веда нашай пяцітысячагадовай цывілазацыі робіцца адным бітам інфармацыі новага часу, у які мы ўступаем.

Патрэба ў сакральным убудавана ў чалавека па простай прычыне: мы ўсведамляем, што мы не можам усвядоміць свет цалкам. Свет заўсёды будзе на крок наперадзе нас і таму паміж магчымасцю зведаць і невядомым застаецца “зазор”. А гэта якраз месца для сакральнага. У цяперашнім часе шалёных інфармацыйных патокаў зазор толькі пашыраецца, і адпаведна будзе расці патрэба ў сакральным.
На гэты конт у мяне ёсць такая думка.

Абсалютная большасць рэчаў, якія працавалі раней, былі арыентаваныя на правільнасць, праўду: ёсць нормы, якім трэба адпавядаць, stiff up a lip – быць цвёрдым. Гэта больш не працуе; праўда сама па сабе, як каардыната быцця, як арыентыр, апора для выбару, належыць да прамінулых пяці тысячаў гадоў. Праўдаў стала многа. Калі любая абсалютная праўда імгненна робіцца рэлятыўнай у дачыненні з іншымі абсалютнымі праўдамі, немагчыма казаць пра абсалютную праўду. Паўстае пытанне, якой можа быць каардыната, на які храбетнік можна абаперціся? Які крытэрый адэкватнасці і неадэкватнасці рашэнняў, выбараў, адносінаў, сітуацый можа быць замест праўды? Тут не можа быць сіметрыі, тут сапраўды штосьці іншае.

Мая прапанова, што – дабрыня. Дабрыня ўласціва чалавеку, чалавецтву і ўвогуле ўсяму жывому. Яна ўсё паставіць на месцы ў гэтым свеце.

Цывілізацыйная якасць сучаснага грамадства вымяраецца па сутнасці невымяральнай дабрынёй – адносінамі да слабейшых, да тых, у каго менш магчымасцяў. Пачынаючы ад старых і сканчваючы жывёламі. Еўрапейскія дзеці не хочуць карыстацца касметыкай, якая тэставана на жывёлах. Пятнаццаць гадоў таму такое б і ў галаву не прыйшло: “падумаеш – тэставана на жывёлах! гэта ўсё для вялікай справы, дзеля дабра людзей!” А цяпер людзі не хочуць для сябе дабра, якое ідзе за кошт недабрыні да кагосьці іншага. Гарады адаптоўваюцца да людзей, якім цяжка перамяшчацца, для старых, хворых, слабых, для аўтсайдэраў.
Пры тым што мы яшчэ дзеці тых пяці тысяч гадоў – хочам мы таго ці не, у нас закладзеная парадыгма “мы і яны”: “вы альбо станеце намі, і тады ўсё ў парадку, альбо мы вас выкінем і забудзем”. Цяпер усё адрознае – галасы меншасцяў, выкрытыя раны – мусіць быць пачутае, інтэграванае. Такія адносіны можна акрэсліць паняццем дабрыня, і мне гэта падабаецца, бо ўпершыню за нашую аглядальную гісторыю адбываецца сапраўды свядомы, не стыхійны, не інстынктыўны, выбар цывілізацыі.

Інтэлектуальнае развіццё цывілізацыі пайшло нашмат хутчэй, чым чалавечыя масы могуць адаптавацца. Людзі не адаптоўваюцца так хутка; трэба хаця б паўстагоддзя. Таму пратэсты такія моцныя, таму адбываюцца адкаты. Як яны супраціўляюцца інтэграванню іншасці, як не хочуць “лібералізму гнілога”! Іншая рэч, што час цяпер ідзе з паскарэннем, якога мы нават уявіць сабе не маглі. Сёння мы не можам дазволіць сабе часу на адаптацыю і мусім адаптавацца да адзінай рэчы – да зменаў, якія будуць пашыраць наш свет, прымушаць нас быць яшчэ больш адкрытымі і, так бы мовіць, “усепрымальнымі”.

Рэдакцыя: Дабрыня становіцца універсальным крытэрам толькі разам з развіццём цывілізацыі інфармацыі? Ці можна адшукаць дабрыню ў пісьмовай цывілізацыі?

І. Д.: Дабрыня была заўсёды; ясна, што гэта ўніверсальная, усім уласцівая рэч. Проста цяпер выглядае, што толькі дабрыня можа быць крытэрам для вымярэння месца любой з’явы ці падзеі ў свеце. Яна нашмат больш канструктыўная для цяперашняга свету. Усяму сваё месца: скажам, у XIX стагоддзі дабрыня не была б канструктыўнай, там трэба была праўда.

Напрыклад, вы глядзіце сваю стужку фэйсбуку. Там побач абсалютна несувымерныя па велічыні і значнасці, рознапарадкавыя рэчы: тэст на то, кім бы вы былі ў XII стагоддзі, палітычная дыскусія, рэцэпт як згатаваць добры торт, навіны вашых сяброў. Калі ў вас няма фільтраў, крытэраў сартыроўкі, вы тонеце ў гэтай інфармацыі, таму што ўся яна вам усё роўна не патрэбна, а калі патрэбная, то ў вельмі рознай ступені: штосьці будзе значным для жыцця, штосьці будзе проста прынята да ведама, а штосьці хай бы яно лепш і на вочы не трапляла.

У вас можа быць індывідуальны, асабісты крытэр слушнасці свайго шляху – гэта радасць, абсалютна трансцэдзентнае чыстае пачуццё малых дзяцей. Вы адчуваеце, што нешта прыносіць радасць; калі ёсць чыстая, незамутненая радасць, якую іншым словам не назавеш, значыць усё адбываецца слушна. Але ж радасць не можа быць крытэрам адэкватнасці ці неадэкватнасці супольнага жыцця. Маёй радасцю можна толькі падзяліцца, сказаць, што мне радасна, але нікому не стане радасна ад гэтага. Калі вы дзеліцеся дабрынею, вы меняеце адносіны. З радасці вы таго самага ката з прытулку не забярыцё. Радасць мае абсалютна індывідуальны характар;таксама, як цяпер відаць, і праўда: праўда – гэта мая праўда, радасць – гэта мая радасць. А дабрыня – гэта сувымернаць усяго, што адбываецца ў свеце: падзеяў, адносінаў, ідэяў.

Рэдакцыя: Раней, у эпоху праўды, было зразумела, навошта філасофія: яна шукае праўду. А на якія пытанні можа адказваць філасофія у эпоху інфармацыі і дабрыні, і ці патрэбна яна увогуле?

І. Д.: Відаць, філасофія мусіць быць і будзе пераасэнсаваная. Перш-наперш, сама па сабе філасофія – гэта нейкі тып інтэлектуальнай дзейнасці. Як і было, яна будзе скіраваная на засваенне свету — наканаванне філасофіі асэнсоўваць інфармацыю пра свет, якую мы маем, і фармаваць бачанне таго, куды мы рухаемся далей. Самае важнае, што філасофія мела б выхад на іншае грамадства. Адзінае, ці будзе сэнс называць гэта філасофіяй… не ведаю. У Беларусі мы б не казалі “філасофія”, а казалі “мыслярства”.

Рэдакцыя: А што можна чакаць ад беларускага мыслярства?

І. Д.: Самае першае і важнае для Беларусі – зрабіць тую працу, якую мы не зрабілі: засвоіць сваю ўласную спадчыну, асэнсаваць, хто мы ёсць пачынаючы ад філасофіі, мыслярства, і навукаў і сканчваючы нават традыцыйным уяўленнем пра свет і сакральнымі пытаннямі. Ніхто не хоча рабіць гэту працу, таму што хочацца імчацца за зменлівым светам і за новай інфармацыяй. Якім чынам упісаць адно ў другое, я не ведаю, пра гэта трэба падумаць, як можа адбывацца засваенне спадчыны метадамі XXI стагоддзя, а не мінулых стагоддзяў.

Але для Беларусі самае галоўнае – адчуць, намацаць свой вялізарны інтэлектуальны патэнцыял.
Анціпенка казаў, што беларусы як усурыйскія тыгры скокнуць на Эўропу – і яна апынецца ў такой сітуацыі інтэлектуальнай канкурэнцыі, у якой ніколі не была. Але ж так і не скокнулі. Хаця калі ён гэта казаў – у васьмідзесатых – то гэта была праўда. Нашы фантастычныя чалавечыя рэсурсы могуць быць мацнейшымі за іншых менавіта праз тое, што былі невыкарастаны доўгі час. У нас накопленая сіла ляжыць, там дзе ляжыць, і ёй там добра.

Рэдакцыя: Ужо не скокнем, ці яшчэ скокнем?

І. Д.: Можам скокнуць. Цяпер нам трэба паўтарыць з’яднанне пакаленняў, што ў свой час было ў філаматаў, у Нашай Нівы, у майстроўні “Талака”. Калі гэта адбудзецца ў цяперашнім часе – інфармацыйным, а не ведавым, – могуць быць магутныя зрухі. Мне таксама здаецца, што у гэтым сэнсе важны Калегіюм: мы даем магчымасць. Я не ўпэўненая, што гэта працуе, але прынамсі гэтая ідэя павінна быць.

Мы гэта яшчэ будзем спрабаваць асэнсоўваць. Адзіны праўдзівы адказ на ўсё пытанні, якія вы мне задавалі: мы не ведаем.

Рэдакцыя: Сёлета Беларускаму Калегіюму адбываецца дваццаць гадоў. Здаецца, гісторый усяго чатыры: аблога горада, пошукі скарба, вяртанне дамоў, самазабойства Бога. Якой ці якім з іх адпавядае нашая дваццацігадовая гісторыя?

І. Д.: Бачыце, беларуская архетыпная гісторыя іншая – пра месца, якое правалілася. Самая пашыраная беларуская легенда, звычайна з рознымі сюжэтамі, але заўсёды з адзіным вынікам, калі штосьці – альбо замак, альбо горад, альбо царква – правалілася. Але не проста правалілася, а так, што было адно – стала другое. Звычайна на тое месца возера стала; бывае, праўда, што і балота.

І вось там, калі на тое месца, дзе праваліўся горад, стала возера, горад пасля будзе адзывацца. Ці то званы чуваць, ці то галасы нейкія. У Караткевіча ёсць абсалютна фантастычная паэтычная балада “Званы ў прадоннях азёр”. Пісьменнік перамаўляецца і спрабуе злучыцца з насельнікамі места недзе на Палессі, якое цалкам сышло пад ваду: вы падземныя, падводныя, і мы, надземныя, надводныя – мы ўсё роўна адзін народ.

Чаму ўся Беларусь расказвае, што штосьці кудысьці правалілася? У гэтых гісторыях ёсць два асноўныя сюжэты. Адзін: праваліліся, таму што нейкае зло рабілі. Другі, як у выпадку Свіцязі з балады Караткевіча: праваліліся, таму што хаваліся ад наступлення ворагаў, сышлі пад ваду ў возера, якога не было. Першы сюжэт – стварэнне альтэрнатывы, другі сюжэт – гэта ратаванне каштоўнага. І на поўначы, і на поўдні, і на захадзе, і на ўсходзе, і ў цэнтры ёсць гэтыя гісторыі, што нешта некуды правалілася. Можна сабе ўявіць, калі вы сапраўды ўсе нашыя гісторыі пра месца, якое правалілася, збярэце разам, вы нікуды не дзенецеся ад таго, што дзесьці пад намі паралельная Беларусь. І яна там жыве сваім жыццём, якім – мы не ведаем.
Так што праваліцца – не ў негатыўным сэнсе. Праваленая прастора – гэта альтэрнатыўнае месца, схаванае штосьці, глыбіннае. Мы маглі б… не паднімаць свае глыбіні (не факт, што яны хочуць быць паднятымі), але мець, прынамсі, нейкую сувязь са сваімі схаванымі, ўтоенымі мудрасцямі і страчанымі традыцыямі.

Не ведаю, ці можна прывязаць Беларускі Калегіюм да такога архетыпу, але БК утварыўся ў той сітуацыі, калі ўжо “надземная адукацыя” была запаволеная, абцяжараная, і нават немагчымая. Адукацыйнай задачай БК было стварыць пляцоўку, дзе можна было б студэнтам пераймаць, уваходзіць у тую жывую, рэальную, а не афіцыйна дазволеную і вялую традыцыю, інтэлектуальную прастору, якая ўжо была, якой яна б не была – вялікай, малай, добрай, слабой.

У 1997 годзе была закладзена вялікая інтэлектуальная інфраструктура на некалькіх ўзроўнях. Былі кансультацыйныя, наглядальныя, навуковыя рады, у якія ўваходзілі выбітныя персанажы кшталту Ежы Гедройца з Парыжа ці Айца Аляксандра Надсана з Лондана. Ва ўтварэнні БК удзельнічалі Польскі інстытут у Менску, іншыя замежныя абмасады, то бок гэта была адразу заяўка на кантакты з шырокім светам, пераважна з Еўропаю. Было ўнутранае беларускае кола людзей, якія таксама браліся апекавацца Калегіюмам; усе самыя яркія беларускія сілы былі адразу злучаныя ў гэту ідэю Калегіюма.

Назву “калегіюм”, па асацыяцыі з Collège de France, прапанаваў Ігар Бабкоў. Мы ўвесь час любім цытаваць Адама Міцкевіча, які кажа пра беларускую мову, як “самую аўтэнтычную сярод славянскіх у гэтым рэгіёне”. Гаварыў ён так менавіта ў Collège de France, дзе выкладаў славянскую літаратуру.

Некаторыя рэчы былі страчаныя, змененыя, штосьці было перааасэнсаванае, але гэтая базавая ідэя стварэння пляцоўкі для самаарганізацыі інтэлектуальнай супольнасці, для камунікацыі паміж пакаленнямі – засталася, і набыла яшчэ мацнейшае вымярэнне, таму што беларуская афіцыйная адукацыя пайшла на ніз. У варунках пагаршэння сітуацыі з адукацыяй мы пачалі разумець БК разумець яшчэ ў ключы калегіюмаў, якія ў Беларусі па сутнасці фармавалі ўсю вышэйшую адукацыю некалькі стагоддзяў, была сетка манаскіх калегіюмаў абсалютна розных ордэнаў, але менавіта з беларускай адукацыяй. Цяпер мусілі б быць універсітэты, але ўніверсітэты свае функцыі – і адукацыйную, і мыслефармуючую, і нацыятворчую — не выконваюць. Таму час калегіюмаў не прайшоў і таму калегіюм застаўся ў сувязі з беларускай гісторыяй, а не з еўрапейскай.

Дзякаваць Богу, дваццаць гадоў праіснавалі – гэта сапраўды для Беларусі вельмі многа, аж дух займае. І за гэтыя гады, вы самі ведаеце, колькі яркіх асобаў да беларускай культуры далучылі. Не так гісторыкаў, і журналістаў, і філосафаў, як хутчэй творцаў, літаратараў, якія і цяпер самі фармуюць беларускую культурную прастору.

Рэдакцыя: Для юбілейнага выпуску “Паміжа” мы зрабілі пераклад турба-філасофскага тэкста, у якім разглядаецца інтымная сувязь філасофіі і сяброўства. Тэкст пачынаецца тым, што паказвае старажытнагрэцкае слова “сябар”, philou, уваходзіць у саму назву філасофіі. Ці маглі б Вы распавесці пра беларускае слова “сябар”, якое месца яно займае ў беларускай традыцыі?

І. Д.: Суседнія народы называлі беларусаў сябрамі – менавіта праз гэтае слова, якога ні ў кога больш няма. Слова позняе, у ім няма ніякіх балцкіх каранеў. Гэта беларускае слова; адпаведна, утворанае яно дзесьці ў часы Вялікага княства Літоўскага, магчыма, ўжо ў межах Рэчы Пасталітай. Сяброўства ў інтэлектуальнай беларускай традыцыі калі не найвышэйшая каштоўнасць, то адна з тых вельмі нямногіх найвышэйшых каштоўнасцей. Напрыклад, спытайцеся Акудовіча, што для яго самае важнае ў свеце. Ён сябра назаве калі не першым, то другім. Гэта вельмі важны канцэптуальны складнік у беларускай свядомасці.

Калі параўноўваць сяброўства і сям’ю, то такая сям’я, як мы яе ведаем, гэта ўтварэнне таго свету, з якога мы ўсе выйшлі, інстытут сям’і існуе пяць тысяч гадоў; сяброўства ж, як абсалютна гарызантальныя адносіны паміж вельмі малой колькасцю людзей, трансцэдзентнае ў цывілізацыі.

У сяброўстве чалавеку спраўдзіцца нашмат больш рэальна і нашмат больш поўна, чым у якіх іншых адносінах. Сяброўства не мае ніякіх патрабаванняў адно да аднога: “я цябе прымаю не таму, што ты такі харошы, а проста таму, што я цябе прымаю”. Сяброўства ў адрозненні ад кахання, не трансфармуецца з часам. Далёка не ва ўсіх людзей увогуле фармуюцца сяброўскія адносіны, але ж калі фармуюцца, то максімальна спраўджальныя. Таму што сябры – гэта менавіта людзі, з якімі ты гаворыш адной унутранай моваю. І таму гэта сапраўды самая каштоўная рэч у свеце.

Прэзентацыя часопіса “Паміж” №11, прысвечанага 20-цігоддзю БК, адбудзецца 14 снежня (пятніца) у кнігарні “Логвінаў” (пр.Незалежнасці, 37А).

You may also like...