Ігар ВУГЛІК. Этнічныя параметры беларускай культуры ў гістарычным аспекце

ЛЕКЦЫЯ 1. ЭТНАКУЛЬТУРНЫЯ ПАРАМЕТРЫ

План:

1. Паняцце і віды этнічнасці і этнакультурнай спецыфікі

2. Асноўныя фактары этнакультурнай спецыфікі

 

1. Паняцце і віды этнічнасці і этнакультурнай спецыфікі

Праблема этнаспецыфічных кампанентаў культуры — адна з найбольш складаных у этналогіі. Гэта тлумачыцца тым, што яна тычыцца фундаментальных аспектаў функцыянавання этнасу — найперш тых, што звязаны з ягонай самаідэнтыфікацыяй. У мадэрнізацыйныя эпохі еўрапейскага грамадства гэтая тэматыка дасягнула свайго апагею, культуралагічна ўвасобіўшыся ў стылях рамантызму і мадэрнізму. Гэты час сінтэзу нацыі і дзяржаўнасці надаў праблеме нацыянальнай спецыфікі асаблівую актуальнасць, якая, крыху знізіўшыся ў постмадэрнавую эпоху мультыкультуралізму і глабалізацыі, тым не менш, захоўвае сваё значэнне для этнасаў, што яшчэ знаходзяцца ў пошуку вытокаў і канцэптаў сваёй нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.

Відаць, гэта тычыцца і беларускага этнасу, для якога застаюцца ў пэўнай ступені актуальнымі праблемы беларускай ідэі, беларускага шляху ці, прынамсі, нацыянальных інтарэсаў — г.зн. праблемы, невырашальнай без аналізу спецыфікі беларускага этнасу ў гістарычнай дынаміцы. Гэта тым больш актуальна, што ў беларускай навуцы пакуль няма комплекснага, сістэмнага даследавання этнічнай спецыфікі беларускай культуры. Маюцца істотныя напрацоўкі ў дачыненні да этнічнай спецыфікі традыцыйнай культуры беларусаў, беларускага мастацтва, але дзеля сапраўднага аналізу спецыфікі этнасу патрэбен менавіта комплексны, сістэмны аналіз этнічнасці — з тым, каб акумуляваць ейныя рысы ў дачыненні да ўсяго этнасу і разнастайных відаў ягонае культуры.

Культура этнасу складаецца з шэрагу пластоў, якія ў рознай ступені насычаны этнічным зместам і, адпаведна, выконваюць адрозныя этнакультурныя функцыі. Гэтыя культурныя страты ўзаемадзейнічаюць адна з адной, уступаюць у сінтэз, утвараюць міксацыйныя комплексы з рознымі прасторавымі і часавымі параметрамі; у розныя перыяды на першы план у этнакультурнай палітры выходзяць розныя кампаненты культуры, якія і абумоўліваюць актуальную этнічную спецыфіку.

Перадусім можна вылучыць паняцце этнічнай культуры. Пад ім разумеюцца ўласна этнаспецыфічныя, характэрныя для гэтай культуры кампаненты, што складаюць этнакультурную адметнасць этнасу. Гэты слой культуры з’яўляецца рэферэнтным пры фармаванні этнічнай самаідэнтыфікацыі. Ахоплівае ён даволі шырокае кола этнічных індыкатараў — ад з’яў побыту і матэрыяльнай культуры — да псіхалогіі і менталітэту. Трэба, аднак, адзначыць, што культурных элементаў, уласцівых толькі аднаму этнасу, надзвычай мала, і цяпер, з развіццём міжэтнічнай інтэграцыі, глабалізацыі, робіцца ўсё меней. Тым не менш, найперш трэба назваць тут асноўны кампанент этнакультурнай спецыфікі этнасу — мову. Што да помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры, дык яны ў значнай ступені маюць міжэтнічны, метакультурны характар распаўсюджання, і можна казаць толькі пра перавагу таго ці іншага кампаненту ў культуры этнасу.

Асноўная функцыя этнічнай культуры — захаванне дыяхроннай пераемнасці, што забяспечвае кантынуальнае існаванне этнасу і ягоных адметных кампанентаў у розныя эпохі. У паасобку, з цягам часу пэўныя этнаспецыфічныя рысы знікаюць, трансфармуюцца, пераходзяць у стан поліэтнічных. Паралельна ідзе працэс утварэння новых этнаспецыфічных рыс, і адбываецца стабілізацыя іх у часе і прасторы.

Дынаміка этнаспецыфічных кампанентаў у беларускай культуры выразна карэлюе з адпаведнымі эпохамі (зменамі) у культурным, эканамічным, палітычным жыцці Еўропы, Усходу, а таксама з этапамі ўласнай этнічнай гісторыі і этнагенезу беларусаў. У перыяд этнагенезу на складванне этнічнай спецыфікі беларусаў паўплываў балцкі субстрат — прысутнасць з бронзавага веку на нашых землях балцкіх плямёнаў, якія пазнейшым часам сталі вядомыя пад назвамі літва, яцвягі. Такія з’явы, як даўгія курганы, дамы слупавой канструкцыі, культ змей, гідраніміка, інш., звязаны — лічаць даследчыкі — з балцкім уплывам.

Надалей на складванне ядра этнакультурнай спецыфікі беларусаў паўплывалі асаблівасці мовы і культуры крывічоў, а таксама, у меншай ступені, дрыгавічоў і радзімічаў.

З утварэннем Вялікага княства Літоўскага, калі беларускія землі ўвайшлі ў поле еўрапейскіх культурных уплываў, на спецыфіку складання беларускага этнасу ў 13—15 стст. (ці 16 ст.) паўплывалі еўрапейскія палітычныя, эканамічныя, рэлігійныя, мастацкія з’явы і працэсы, уступілыя ў міксацыйнае ўзаемадзеянне з мясцовай, а таксама усходняй, праваслаўна-візантыйскай, традыцыяй. Склалася характэрная сістэма дзяржаўнага ўладкавання, адлюстраваная ў Статутах, сфармаваўся спецыфічны менталітэт, заснаваны на верацярпімасці, талерантнасці, узнікла старабеларуская літаратурная, спраўная мова, паўстала уніяцтва, развіваліся архітэктура беларускай готыкі, барока, партрэтны жывапіс, беларуская іканапісная школа, характэрнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, беларускае ракако, інш.

З улучэннем беларускіх зямель у склад Расеі і пад уплывам падзей другой паловы 19 ст., звязаных са стварэннем новай беларускай культурнай рэчаіснасці, вялікую вагу ў фармаванні беларускай этнічнасці пачалі набываць традыцыйна-пабытовая культура, а таксама “народная” мова, на грунце якое склалася сучасная беларуская мова. Ува ўмовах каланіяльнай палітыкі Расеі ў дачыненні да беларускіх зямель найперш фальклор і этнаграфічныя адметнасці сталі адыгрываць этнакансалідавальную і этнацэнтрычную ролю ў дынаміцы беларускага этнасу. Тым самым часам у беларускай культуры 20 ст. адбываліся мадэрнавыя працэсы: у жывапісе выявіліся беларускія сюррэалізм, абстракцыянізм, экспрэсіянізм, неаімпрэсіянізм, неарэалізм, беларускі канструктывізм.

Побач з этнаспецыфічнай культурай у сістэме этнасу існуе значны ў памерах пласт, які называецца поліэтнічнай культурай. Ён улучае шырокае кола з’яў, распаўсюд якіх выходзіць за межы існавання культуры аднаго этнасу, і лучыць гэты этнас з іншымі этнакультурнымі ўтварэннямі. Гэтая культурная страта з пераходам этнасаў у фазу індустрыяльнага грамадства робіцца ўсё больш значнай, а ў эпоху постмадэрнавага глабалізму з’яўляецца дамінантнай.

Поліэтнічны слой культуры ў сэнсе рэпрэзентацыі аўтахтоннай этнічнасці паўстае другасным. Але ягоная якасная насычанасць сведчыць пра ступеню інтэграванасці культуры этнасу ў абшар культурных, цывілізацыйных дасягненняў свайго часу. Для эпохі цывілізацый менавіта прысутнасць поліэтнічнага слою культуры, ягоных тэхналагічных, навуковых кампанентаў ёсць перадумовай развіцця якаснага ці творчага патэнцыялу этнасу. Паміж іншага, дасягненні цывілізацыі досыць часта абарочваюцца ў сродак нівеліроўкі этнічнай спецыфікі, нават знікнення этнасаў, як тое, напрыклад, адбылося за часамі раманізацыі кельтаў і германцаў у Еўропе. Тым не менш, сістэматычнае паджыўленне поліэтнічнага культурнага слою падаецца неад’емнай часткай якаснага развіцця этнасу.

Праблема поліэтнічнай культуры набыла асаблівую актуальнасць у сувязі з тэорыяй дыфузіянізму, згодна з якой культурныя дасягненні распаўсюджваюцца ў свеце з некалькіх асноўных цэнтраў. Падаецца, гэта тэорыя досыць актуальная для краін, уваходзілых у еўрапейскую культурную супольнасць: культурныя і цывілізацыйныя дасягненнні, як вядома, з некаторых еўрапейскіх краін-эпіцэнтраў пашыраліся па іншых краінах Еўропы і за ейныя межы.

У сувязі з гэтым можна адзначыць пэўныя фазы пранікнення метакультурных поліэтнічных уплываў на беларускія землі. Першая фаза звязана з распаўсюдам візантыйскага праваслаў’я, хрышчэннем Русі. Разам з гэтай падзеяй да нас прыйшлі такія цывілізавальныя з’явы, як пісьменнасць, адукацыя, каменнае дойлідства, літаратура, мастацтва, — усё тое, што ўвяло наш край у сістэму еўрапейскіх культурных каардынат. У гэты ж час на нашы землі пачалі пранікаць заходне-еўрапейскія культурныя плыні. А ў эпохі готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму, Асветніцтва, рамантызму заходне-еўрапейскі ўплыў быў ужо вызначальным.

Еўропа паступова пераўтварылася ў суцэльную тэрыторыю прадукавання культурных дасягненняў: месца асноўных краін-данатараў (Англіі, Францыі, Германіі, Іспаніі) недзе з эпохі барока — часу, калі наша краіна актыўна інтэгравалася ў Еўропу, а еўрапейская супольнасць заняла месца поліэтнічнага і метакультурнага дыфузіянісцкага цэнтра, дзе данатарамі выступалі ўжо і адносна невялікія краіны: Галандыя (палітычныя, тэхналагічныя дасягненні, выяўленчае мастацтва), Чэхія (чэскае барока).

У наступны гістарычны перыяд вызначальным для Беларусі зрабіўся ўсходні, расейскі ўплыў, які з канца 20 ст. пачаў суседзіць з еўрапейскім.

Поліэтнічная культура вызначаецца таксанамічнай ды ерархічнай структурай, у ёй вылучаюцца розныя па якаснай, прасторавай насычанасці і лакалізацыі страты. Так, культура Беларусі ў розныя часы ўваходзіла ва ўсходнееўрапейскі, ўсходнерасейскі культурныя арэалы, а таксама ў больш значныя па аб’ёме еўрапейскі і азіяцкі (ці ўсходні — за часам СССР) метакультурныя арэалы. Такім чынам, атрымліваецца досыць шматслойная сістэма розных культурных напластаванняў, дзе ў гарызантальным і вертыкальным зрэзах сумяшчаюцца розныя па таксанаміі і этнічнай значнасці культурныя кампаненты.

Як вядома, Беларусь традыцыйна з’яўляецца ўнітарнай краінай: яна не зазнала канфедэрацыйнага падзелу, тым больш,— падзелу паводле этнічных прыкметаў. Аднак гэта не адмаўляе наяўнасці на нашых землях лакальна своеасаблівых рэгіёнаў, нават такіх, што маюць субэтнічную спецыфіку.

Ад старажытных часоў на тэрыторыі Беларусі існавалі лакальна-субэтнічныя ўтварэнні, найперш — племянныя. З часоў жалезнага веку мы можам казаць пра магчымыя саманазвы носьбітаў археалагічных культур, вядомых нам з вопісу 5 ст. да н.э., зробленага Герадотам у ягонай “Гісторыі”. Хутчэй за ўсё, да нашых зямель належалі плямёны, называныя ім неўрамі (раз на год ягоныя прадстаўнікі пераўтвараліся ў ваўка), будзіны, меланхлены, андрафагі. За пазнейшым часам славянскай каланізацыі, распачатай з 6 ст. н.э., на нашых землях лакалізаваліся плямёны ці, хутчэй, саюзы плямёнаў — крывічы, дрыгавічы, радзімічы, а таксама існавалі, напэўна, аўтахтонныя: літва, яцвягі. Пасля ўтварэння беларускага этнасу ў 13—15 стст. беларуская тэрыторыя была падзелена на рэгіёны, жыхары якіх мелі пэўныя эттнаграфічныя і субэтнічныя адрозненні. Перш-наперш гэта Палессе, якое на мапах 17 ст. вызначалася асобна і падзялялася ўжо тады на заходняе і ўсходняе. За паўночна-ўсходнімі землямі замацавалася назва Белая Русь, і насельніцтва іх з 16 ст. называла сябе беларусцамі (беларусамі). Радзей ужывалася поліэтнічная, канфесійная беларуска-ўкраінская назва — русіны. Цэнтральныя і заходнія землі называліся Літвой, а насельнікі іх менавалі сябе пераважна ліцьвінамі. Асобна вылучаліся вобласць Гарадзеншчыны і часткова Наваградчыны, называныя з 13 ст. Чорнаю Руссю, але саманазвы, утворанай ад гэтага вызначэння, не зафіксавана. За гэтымі праявамі лакальна-этнаграфічнай, субэтнічнай самасвядомасці стаялі пэўныя асаблівасці матэрыяльнай (тып жытла, вопраткі, гаспадарчых тэхналогій) і духоўнай (звычаі, абрады, фальклор, веравызнанне) культур. Канечне, гэта не былі, за выключэннем, магчыма, Палесся, субэтнасы — у класічным сэнсе слова. Хутчэй за ўсё, гэта былі этнаграфічныя рэгіёны са складанай сістэмай самасвядомасці, якая ўлучала агульнадзяржаўны палітонім і гісторыка-культурныя вызначэнні (Літва, Белая Русь, Русь), урбанонімы.

Такім чынам, са старажытных часоў лакальна-культурны элемент займаў істотнае месца ў этнакультурнай палітры Беларусі. Надалей, пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і з нарастаннем інтэграцыйных працэсаў, субэтнічны кампанент, за выключэннем Палесся, знікае. Разам з тым, адбываліся лакальна-культурныя падзелы — як макрамаштабныя (падзел на Заходнюю і Ўсходняю Беларусь), так і ніжэйшага ўзроўню (падзел Беларусі на лакальна-этнаграфічныя рэгіёны). Згодна з даследаваннямі этнографаў, іх налічваюць шэсць.

2. Асноўныя фактары этнакультурных працэсаў

Фактары, што ўплываюць на характар этнакультурных працэсаў, маюць сутнасна аднолькавы характар: прыродны — уплыў характэрных прыродных умоў на складванне культурных, псіхалагічных асаблівасцяў этнасу; палітычны ці геапалітычны, звязаны з метапалітычнай лакалізацыяй этнасу і краіны. Яшчэ адзін фактар — метакультурны — звязаны з характарам этнакультурных маркераў дадзенай культуры, ейным тыпам — усходнім, традыцыйным, ці заходнім, адкрытым. Кожны з гэтых фактараў рэалізуецца па-свойму, і дзеянне кожнага з іх неаднолькавае. Для беларускага этнасу найбольш вызначальнымі ёсць прыродны, геапалітычны, рэлігійны і цывілізацыйны фактары.

Традыцыйна сярод галоўных фактараў фармавання этнакультурнай спецыфікі называецца прыродны. Для беларускага этнасу прыродны фактар — адзін з самых вызначальных. Адметныя рысы беларускага прыроднага асяроддзя — вярхоўі басейнаў вялікіх рэк і наяўнасць трох асноўных (паводле вядомага беларускага географа А.Смоліча) тыпаў беларускіх краявідаў — лесастэпу, марэннага краю і палесся. Тое, што праз Беларусь праходзяць шматлікія рэкі — найперш Днепар і Дзвіна — адыграла вялікую ролю ў этнакультурнай гісторыі Беларусі: праз першую здаўна праходзіў вялікі шлях з Візантыі ў Паўночную Еўропу, праз другую — ажыццяўляўся кантакт паміж усходам і захадам. У часы бронзавага веку менавіта па Дняпры прыйшлі на землі Беларусі індаеўрапейцы; на рэках былі заснаваны старадаўнія беларускія гарады. Рачны транзіт праз беларускія землі садзейнічаў улучэнню нашых зямель у сістэму шырокага гандлёвага абмену, а значыць — у сістэму культур і цывілізацый усходу і захаду. Паказальна, што першыя асаблівасці старабеларускай мовы выяўляюцца ў тэкстах гандлёвых пагадненняў Полацку з Рыгай.

Асноўную частку беларускіх зямель займае лес, і гэта абумовіла пэўную замкнёнасць, стрыманасць, адсутнасць відочнай экспрэсіі ў беларускай ментальнасці.

Беларускія палі небагатыя на пладародную чарназёмную глебу, у іх шмат пяску, і дзеля добрага ўраджаю яны патрабуюць сістэматычнай апрацоўкі, угнаення. Гэта патрабавала ўпартасці, працавітасці, што і ўласціва беларускаму селяніну.

Геаграфічнаму, паводле свёй значнасці, не саступае і геапалітычны фактар — размешчанасць Беларусі паміж двума вялікімі метакультурнымі ўтварэннямі — усходам (Расеяй) і захадам (Еўропай). Гэта становішча акрэслілася прыкладна з 13 ст., калі на заходніх межах Беларусі пачала ўсталёўвацца заходняя цывілізацыя, прынесеная нямецкімі рыцарамі і засвоеная народамі Прыбалтыкі, а таксама палякамі. Фармальна гэта праявілася ў распаўсюджанні каталіцызму, усталяванні феадальных сеньярыяльных, прыватнаўласніцкіх грамадскіх адносін, пранікненні раманскага і гатычнага стыляў. Метакультурная спецыфіка Беларусі фармавалася з падставы таго, што ў розныя перыяды свайго існавання краіна знаходзілася пад уплывам пераважна аднаго з гэтых вялікіх цывілізацыйных утварэнняў.

Рэлігійны фактар, што накладаецца на культурны, сацыяльны, таксама мае істотная значэнне. За часам феадальнага грамадства, калі мела месца значная сацыяльная стратыфікацыя, і этнічнасць ідэнтыфікавалася з канфесійнай прыналежнасцю, ці, нават замяняла яе, культурны, рэлігійны і сацыяльны параметры наслойваліся адзін на адзін, узмацняючы сепарацыю этнічнага арганізму і ўскладняючы працэс ягонае кансалідацыі.

Так ці інакш, гэтыя працэсы адбываліся ва ўсіх народаў Еўропы — асабліва ж з прышэсцем хрысціянства. Дастаткова згадаць Францыю, дзе ў пэўныя гістарычныя перыяды рэлігійнае сумяшчалася з сацыяльным, палітычным, субэтнічным. Так было падчас стогадовай вайны, калі бургунцы ўзялі хаўрус з англічанамі, падпарадкавалі Нідэрланды і фактычна супрацьпаставілі сябе маладому францускаму этнасу. Рэлігійныя войны 16—17 стст. паміж каталікамі і пратэстантамі (гугенотамі) у значнай ступені былі выкліканы палітычным фактарам — нездаваленнем часткі дваранства жорсткай цэнтралізацыйнай палітыкай каралеўскага двара, імкненнем да захавання рэгіянальнага самакіравання. Па сутнасці, прастэнтантызм з ягонай апалогіяй актыўнай жыццядзейнасці, жыццёвага поспеху быў ідэйнай асновай незалежніцкіх, сепаратысцкіх памкненняў дваранства і буржуазіі. Рэлігійнае можа сумяшчацца з сацыяльным — у якасці прыкладу можна падаць гусіцкі рух, асноўнай базай якога былі прадстаўнікі ніжніх слаёў тагачаснай грамадскай ярархіі. Наагул, у феадальным грамадстве, калі мець на ўвазе хрысціянскія дзяржавы, назіралася сацыяльна-рэлігійная сепарацыя: існавалі рэлігія “народу” і рэлігія дваранства. Першая ўлучала істотны слой языцкай абрадавасці, другая вылучалася рытуальнай кананічнасцю. Канечне, у вышэйшых класах таксама былі распаўсюджаны магія, шматлікія паганскія рытуалы, аднак яны асэнсоўваліся як ценявы бок светаўспрымання і дакладна адасабляліся ад рэлігійнага канону.

Не абышлі гэтыя працэсы і Беларусі. Дыферэнцыяцыя этнасу па комплексе сацыяльных, канфесійных, культурных і моўных маркераў трагічна дэзінтэгравала беларускую культуру цягам 17—18 стст. Калі шляхта і часткова гараджане вызнавалі пераважна каталіцызм, размаўлялі па-польску ці, пазней, па-руску, арыетнаваліся на еўрапейскую культуру, то сялянства хілілася да ўніяцтва ці, пазней, да праваслаў’я, размаўляла на тутэйшай, беларускай, мове і ў культурным сэнсе было кансерватыўным. Хаця, калі прааналізаваць вытокі такой сітуацыі, мы не знойдзем у глыбокай старажытнасці нейкіх спецыфічных асаблівасцяў, якія генетычна абумовілі б такі падзел. Характар асіміляцыі на нашых землях меў пераважна мірны, арганічны характар і не прыводзіў да рэлігійнай, этна-сацыяльнай (з прынцыпу — этнас кіроўны і падпарадкаваны) сепарацыі. Языцкая рэлігія, з індаеўрапейскім з паходжання пантэонам, недыхатамічная культура рэгіёнаў крывічоў, радзімічаў, дрыгавічоў — усё гэта не давала падставы для з’яўлення рэлігійна-культурнай апазіцыйнасці. Прысутнасць на нашых землях плямёнаў, што захавалі субстратныя характарыстыкі,— літвы, яцвягаў — не ўспрымалася культурна варожа. Жорсткае вынішчэнне яцвягаў гэтаксама было барацьбой перш-наперш за уладу, тэрыторыю. Цікава ў гэтай сувязі адзначыць, што галоўнымі ворагамі Ўсяслава былі кіеўскія князі, а не суседнія язычнікі-балты.

Прыняццё хрысціянства візантыйскага ўзору не дыферыенцыявала тутэйшых людзей з рэлігійнай прыкметы. Гараджане пад кіраўніцтвам кліра паступова далучаліся да новай веры, большасць вяскоўцаў, прымаючы новую рытуалістыку, працягвалі захоўваць языцкую сутнасць веры. Гэта істотна адрознівала Беларусь ад каталіцкай Еўропы, дзе супраць паганцаў — суседзяў-балтаў — нямецкімі крыжакамі вяліся войны на вынішчэнне. Адсутнасць рэлігійнай варажнечы тлумачыцца спецыфікай праваслаўнай хрысціянізацыі — ейным марудным і асістэмным характарам. Працяглы час хрысціянізацыю праводзіла нязначная колькасць афонскіх манахаў, якія так і не стварылі моцных рэлігійна-асветніцкіх устаноў (Кіева-Магілянская акадэмія ўтварылася праз шмат стагоддзяў), моцнага мясцовага прапаведніцкага кліру.

Адсюль неканфліктны характар стасункаў хрысціянскага і паганскага верванняў, тэндэнцыя да іх паступовага сінтэзу (дастаткова падаць у якасці прыкладу казанні Кірылы Тураўскага, насычаныя языцкімі вобразамі).

Такім чынам, этнічнасць беларусаў складалася як у выніку агульнаэтнічных фактараў і працэсаў, атрымалых на нашых землях спецыфічную інтэрпрэтацыю, так і ў выніку характэрных мадыфікацый разнастайных культурных фактараў.

Літаратура

1 . Бромлей Ю.В. Очерки теории этноса. —М.,1985.

2. Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. —Мн., 1984.

3. Конон В.М. От ренессанса к классицицзму. —Мн., 1982.

4. Этнаграфія беларусаў. Гістарыяграфія, этнагенез, этнічная гісторыя. —Мн., 1986.

ЛЕКЦЫЯ 2. СПЕЦЫФІЧНЫЯ РЫСЫ ТРАДЫЦЫЙНА-ПОБЫТАВАЙ

КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСАЎ. ЖЫТЛО

План:

1. Генезіс характэрных рыс традыцыйнага жытла

2. Спецыфічныя рысы паселішчаў і сядзіб

3. Спецыфічныя рысы хаты

 

Традыцыйна-побытавая культура беларусаў — адзін з найбольш устойлівых кампанентаў этнічнай культуры. Гэта тлумачыцца пераважна вясковым ладам жыцця большасці жыхароў Беларусі (аж да апошняга часу), адносна слабой дынамікай мадэрнізацыйных працэсаў і, як паследак, кансервацыяй традыцыйных форм вясковай культуры.

Прамысловыя вырабы пачалі адносна шырока прыходзіць на беларускую вёску напрыканцы ХІХ ст. З улікам таго, што насельніцтва на беларускіх землях не зазнала істотных міграцыйных працэсаў з часоў рассялення славян і асіміляцыі балтаў, можна казаць пра дыяхронную пераемнасць традыцыйнай культуры беларусаў. Тым болей гэта тычыцца матэрыяльнай культуры, якая не цярпела ад рэпрэсіўнага ціску, як гэта чынілася з традыцыйнымі паганскімі звычаямі і абрадамі на Захадзе, дзе яны вынішчаліся хрысціянствам. Сярод відаў матэрыяльнай культуры, што вызначаюцца свайё архаічнасцю, можна адзначыць жытло і ежу, якія нават у сучаснай вёсцы захавалі рысы традыцыйнасці.

Пад традыцыйнай культурай у беларускай навуцы маецца на ўвазе пераважна культура другой паловы ХІХ—пачатку ХХ стст. — часу, які найбольш дасканала вывучаны этнографамі і фалькларыстамі. Разам з тым, традыцыйная матэрыяльная культура, зразумела, не абмяжоўваецца ў сваім гістарычным існаваннні дадзеным перыядам, які, па сутнасці, быў апошнім у развіцці традыцыйнай культуры, у класічным разуменні гэтага паняцця, але ахоплівае больш храналагічна глыбінныя пласты.

1. Генезіс характэрных рыс традыцыйнага жытла

Жытло, поруч з прыладамі працы,— найбольш старажытныя з помнікаў матэрыяльнай культуры Беларусі. Першыя парэшткі іх былі знойдзены на верхнепалеалетычных стаянках Бердыж і Юравічы на ўсходнім Палессі. Далей, за часам бронзавага і жалезнага вякоў, на Беларусі існавалі розныя тыпы жытла — пераважна балцкія доўгія шматкамерныя простакутныя і, радзей, квадратныя дамы слупавой і змешанай канструкцыі, а таксама невялікія круглыя ці блізкія да квадрату напаўзямляначныя хаты мілаградскай культуры, наземныя слупавыя і зрубныя збудовы (аднакамерныя зрубы) зарубінецкай ды іншых культур Паўднёвай Беларусі.

Этнаспецыфічная асаблівасць старажытнага жытла на нашых землях — ягоная пераважна слупавая канструкцыя, г.зн., што сцены хаты складаліся з вертыкальных бярвенняў-слупоў ці паміж імі гарызантальна закладаліся бярвёны сцяны. Гэтая канструкцыйная асаблівасць звязваецца даследчыкамі з балцкім этнасам, які займаў большую частку беларускіх зямель у тыя часы. Славяне, што пачалі масавую каланізацыю Беларусі з другой паловы І тыс. да н.э., прынеслі іншы тып жытла — паўзямляначную ці зямляначную збудову з глінянаю ці каменнаю печкаю ў куце, дзе больш значнае месца займалі зрубныя канструкцыі, хаця слупы па кутах і заставаліся.

З часоў славянскай каланізацыі на нашых землях паступова распаўсюдзіўся вядомы з раскопак тып старабеларускай вясковай пабудовы — невялікі зруб з каменнямі пад ніжнімі вянцамі, з пераважна землянымі або глінабітнымі ці, радзей, зробленымі з дошак падлогамі, а таксама, як можна меркаваць, з двухскатнымі стрэхамі, глінабітнымі печкамі на драўляных каркасах ці на гліняна-каменнай аснове. Паступова жытло зрабілася цалкам наземным, хаця існавалі і зямляначныя і паўзямляначныя хаты (хутчэй,— як праява славянскай этнічнай спецыфікі), якія з часам саступілі месца больш функцыянальна дасканаламу жытлу.

Старажытныя сельскагаспадарчыя збудовы не вылучаліся разнастайнасцю і размяшчаліся каля хаты. Гэта — невялікія драўляныя будыніны, што прымыкалі да жытла, а таксама асобныя будынкі на падмурках з печкамі-каменкамі, ямы-склепы.

Славяне прынеслі і новы тып пасялення — неўмацаванае, адчыненае селішча, што зазвычай знаходзілася на беразе вадаёму. Побач з ім ці ўсярэдзіне магло размяшчацца невялікае добра ўмацавае гарадзішча, адкуль жыхары бараніліся падчас ваеннай пагрозы. Планіроўку селішча прасачыць досыць складана. Фрагментарныя матэрыялы сведчаць, што яна была двухраднай — г.зн. хаты размяшчаліся двума паралельнымі радамі, ці аднараднай, а таксама кучавой альбо бессістэмнай. Характэрна, што пасяленні ХІХ—пачатку ХХ стст. захавалі старажытную спецыфіку, маючы вулічную ці бессістэмную планіроўку.

2. Спецыфічныя рысы паселішчаў і сядзіб

На Беларусі склаўся пэўны характэрны комплекс сельскіх паселішчаў. Асноўныя назвы іх — вёска, сяло, слабада, ваколіца, засценак, мястэчка. Вёска (слова ўзнікла ад старажытнаславянскага “весь”) — асноўны тып вясковага паселішча — гэтак называлася, незалежна ад памераў, кампактнае пасяленне сялян. Зазвычай вёска не мела вялікіх сакральных, адміністрацыйных пабудоў; акрамя сялянскіх сядзіб, у ёй магла размяшчацца, хіба, карчма. Сяло да пачатку ХІХ ст. было досыць пашыранай назвай сельскага паселішча. Ад вёскі яно адрознівалася больш буйнымі памерамі, а таксама наяўнасцю адміністрацыйных устаноў, храмаў, адносна буйных кірмашоў. Пасля правядзення ў ХVІ ст. валочнай рэформы колькасць селішчаў з назвай сяло (хаця там магло не быць адміністрацыйна-культавых устаноў) значна павялічылася — рэформа была зарыентавана на ўтварэнне вялікіх планава дасканалых вулічных пасяленняў. У ХVІІІ ст., у сувязі з неабходнасцю засялення новых зямель пасля спусташальных войнаў ХVІІ і пачатаку ХVІІІ стст., колькасць новазаснаваных селішчаў з такой назвай рэзка вырасла. Разам з тым, пасля далучэння да Расеі сёлы паступова страчвалі свае старажытныя тыпалагічныя прыкметы, і на нашых землях пачала дамінаваць назва вёска. Слабодамі называліся пасяленні, жыхары якіх у ХVІІ—ХVІІІ стст. вызваляліся на пэўны час ад выплаты падаткаў, мелі льготы ў выкананні павіннасцяў з прычыны дрэннай якасці глебы (адсюль, магчыма, этымалогія слова слабада — паслабленні). Пазней слабодамі сталі называцца пасяленні рамеснікаў каля гарадоў, якія адсланіліся ад сельскай гаспадаркі, але не зрабіліся гараджанамі.

Характэранай асаблівацю беларускіх сельскіх паселішчаў з’яўляюцца ваколіцы — невялікія пасяленні дробнай шляхты, зазвычай агароджаныя плотам (там маглі жыць і зямяне, баяры — пераходныя групы паміж шляхтай і сялянамі). Тыпалагічна да ваколіцы быў падобен засценак — пасяленне, узніклае ў выніку “Уставы на валокі” за межамі (“сценамі”) зямлі, адмыслова падзеленай між сялян. Такія дзялкі зазвычай аддаваліся ў арэнду дробнай шляхце. Ваколіцы і засценкі з цягам часу пераўтварыліся ў вёскі ці зніклі. Памежнае становішча ад гораду да вёскі займала мястэчка — адносна буйное селішча, вядомае на нашых землях з ХV ст. Заснаванае па каралеўскім прывілеі (ці самазвана), мястэчка абавязкова наладжвала таргі, а таксама кірмашы. Почасту яно мела й адміністрацыйныя ды культавыя ўстановы, сядзібу феадала. Насельніцтва мястэчка складалі гандляры, рамеснікі, сяляне.

Колькасць мястэчак у старажытнай Беларусі была даволі значнай: у канцы ХVІІІ ст. іх налічвалася блізу 300 (287), аьле маюцца і іншыя лічбы. У ХІХ ст. мястэчкі былі пераведзены ў статус гарадоў, ці вёсак. Адзначым, што сярод традыцыйных беларускіх паселішчаў да канца ХІХ ст. не было хутароў, якія мелі шырокі распаўсюд у суседзяў — напрыклад, ува ўкраінцаў ў ХІХ ст.

Што да памераў паселішчаў, то ім былі ўласцівы рэгіянальныя адрозненні. Там, дзе была праведзена валочная рэформа, — г.зн. у заходніх і цэнтральных частках беларускіх зямель, вёскі вызначаліся адносна буйнымі памерамі — параўнальна з вёскамі паўночнага ўсходу, дзе рэформа цалкам не была праведзена.

Істотныя рэгіянальныя адрозненні бачны і ў планіроўцы пасяленняў. Заўважны ўплыў на характар планіроўкі зрабіла валочная рэформа, дзякуючы якой на паўднёвым захадзе і часткова на паўночным захадзе ды ў цэнтральнай Беларусі павялічылася колькасць вёсак з вулічнай планіроўкай, дзе сядзібы ішлі ўздоўж адной вялікай вуліцы, а насупраць ставіліся гаспадарчыя збудовы (так было, калі валоку трымаў адзін гаспадар), ці хаты — уздоўж вуліцы насупраць адна адной. На паўночным усходзе і ўсходзе вёскі былі параўнальна невялікімі, а планіроўка — аднарадная — уздоўж берагоў шматлікіх рэк і азёр, а таксама — бессістэмная. Разам з тым, меліся і вёскі з вулічнай планіроўкай.

Планіроўка сядзібы таксама мела істотныя рэгіянальныя адрозненні, звязаныя з папярэднімі асаблівасцямі. Увогуле на Беларусі вылучаюцца наступныя тыпы планіровак: пагон — калі ўсе будынкі ставяцца ў адзін рад (пагон бывае аднарадны, двухрадны, трохрадны), вяночны (двор утварае замкнёны абшар), Г-падобны, свабодны, з нязвязанымі пабудовамі. У Цэнтральнай Беларусі, Панямонні, Палессі — там, дзе была праведзена валочная рэформа,— бытаваў пагон, які й рэкамендаваўся палажэннем рэформы, калі сядзіба мусіла размяшчацца побач з замацаванай валочнай зямлёй. Даўжэзныя пагоны, што мясціліся ў шэраг адзін за адным уздоўж наўпростай доўгай вуліцы, складалі асаблівасць традыцыйнай сельскай забудовы адзначаных беларускіх рэгіёнаў. Двухрадны пагон, калі будынкі сядзібы ішлі двума паралельнымі радамі, быў у большай ступені распаўсюджаны ў паўночна-ўсходніх раёнах Беларусі. На паўночным усходзе панаваў вяночны тып забудовы, адзначаны даследчыкамі ў канцы ХVІІІ ст. у Полацкім намесніцтве і Крычаўскім графстве.

Наяўнасць на досыць вялікіх абшарах — цэнтральных і заходніх землях Беларусі — кампактнага кангламерату адносна вялікіх вёсак з вулічнай планіроўкай і пагонным планіровачным тыпам сядзібы істотна адрознівала гэты рэгіён ад зямель этнічных суседзяў — найперш украінцаў, у якіх у ХVІІІ ст. паноўным быў хутарскі тып сельскіх пасяленняў.

Тыповы набор гаспадарчых пабудоў таксама вылучаўся рэгіянальнымі і этнаспецыфічнымі характарыстыкамі. У яго ўваходзілі хата, да якой прымыкалі камора ці варыўня, клець (на захадзе называлася свіран), хлявы (хлеў для коней — стайня), павець, адрына ці пуня — збудова для захавання сена, пограб (склеп), гумно з сушылкай (ёўняй, асеццю) ці без яе, лазня, калодзеж (студня); двор быў абгароджаны плотам, замётам. У ХVІІ—ХVІІІ стст. меліся і спецыяльныя ямы-сховішчы, у якіх наводдаль ад вёскі, у глухіх месцах, хавалі ежу і прадметы хатняга ўжытку — асабліва падчас ваенных дзеянняў.

За межы сядзібы выносіліся гумно (яно часта стаяла праз вуліцу, насупраць хаты), пуня, калодзеж (мог размяшчацца побач з пуняй). Пры гумне — сушыльні. Адмысловыя прыстасаванні для сушкі зерня — азяроды (канструкцыя з гарызантальных слупоў, змацаваных гарызантальнымі жэрдкамі, між якіх замацоўваліся снапы) былі пашыраны ў Цэнтральнай Беларусі, на Ўсходнім Палессі.

Лазні былі найбольш вядомы на ўсходзе і ўсходняй поўначы Беларусі. У заходніх раёнах мыліся ў хатніх печах, вялікіх карытах, улетку — у вадаёмах. Для мыцця маглі выкарыстоўваць і ёўню — там была печ для сушкі збожжа. Адсутнасць лазні ў гэтым рэгіёне этнакультурна набліжала яго да зямель памежнай Украіны.

3. Спецыфічныя рысы хаты

Цэнтральнае месца у сядзібе займала хата (ізба, дом — добрая хата, халупа — дрэнная). Найбольш старадаўняя хата — аднакамерны будынак, да якога потым дадалі сенцы — так утварыўся двухкамерны будынак. Далейшая эвалюцыя хаты адбывалася праз ускладненне планіроўкі. Хутчэй за ўсё, першым трохкамерным будынкам быў у старажытнасці гэткі, што меў планіроўку хата+сенцы+клець. Потым, за выключэннем рэгіёнаў Цэнтральнай Беларусі, клець адасобілася, а хата зрабілася двухкамернай: хата+сенцы — прычым, у пэўных рэгіёнах у сенцах маглі спаць.

Далейшая эвалюцыя планіроўкі жытла звязана з пераходам да трохкамернай планіроўкі хата+сенцы+камора. Трохкамерная планіроўка почасту ўзнікала ў выніку будаўніцтва пераходу з хаты ў клець, як гэта было ў старажытнасці, за конт прыбудовы да сенцаў яшчэ аднаго памяшкання, ці з патрэбы ўтварэння ў сенцах закутка, які рабіўся з цягам часу асобным памяшканнем — каморай, дзе захоўвалі збожжа, харч, каштоўныя рэчы, жорны; а на зімовую пару пераводзілі й жывёлу. Прыбудаванае памяшканне магло мець куды меншыя за хату памеры і ўласны дах. У адносна заможных сялян камора існавала асобна — у выглядзе клеці, свірана. У паўночных раёнах камору замяняла варыўня. Пераход да трохкамернага жытла, верагодна, адбываўся на працягу ХVІІ—ХVІІІ ст. І ўжо ў канцы ХVІІІ ст. на тэрыторыі Полацкага намесніцтва бытавалі трохкамерныя хаты з “каморкай”. Разам з тым, як адзначаў А.Мейер пры апісанні Крычаўскага графства ў канцы ХVІІІ ст., большая частка хат была без сенцаў. Ускосна пра характар планіроўкі можа сведчыць наяўнасць ці адсутнасць у дварах клецяў (свірнаў) — калі яны ўзгадваюцца, дык, хутчэй за ўсё, камор у гэтым выпадку не было, і, наадварот,— калі свірны не згадваюцца як асобныя будынкі, дык яны, магчыма, складалі адзінасць з хатай. Так, згодна з вопісам 1786 г. уладання Радзівілімонты (цяпер — Клецкі раён, Міншчына) з 186 сядзіб свіран адсутнічаў у 116 дварах (62,4%).

Саму хату будавалі выключна з дрэва (цвікі таксама былі драўлянымі) — яліны, хвоі. На ніжнія вянцы выкарыстоўвалі дуб. Пад вуглы, а таксама, радзей, пад сярэдзіну будынку падкладалі дубовыя “штандары”, прастора між якімі запаўнялася не надта тоўстымі бярвеннямі ці гарбылямі, а таксама вертыкальнымі чурбакамі. Замест штандараў маглі выкарыстоўваць камяні-валуны, паміж якіх насыпалася дробнае каменне; іншым разам хату ставілі непасрэдна на зямлю.

Найбольш старажытныя (пачатак ХІХ ст.) звесткі пра памер тагачаснага жытла належаць англічаніну Р.Джонстану. Каля Барысава ён вызначыў сярэднія памеры бачаных ім каля сотні хат: даўжыня — 20, шырыня 14 і вышыня 7 футаў. Плошча іх, паводле Джонстана, складала каля 12 футаў, і зроблены яны былі з неабчасанага дрэва.

Жытло было зрубнай канструкцыі і складалася з гарызантальна ўкладзеных бярвенняў; сцены маглі рабіць і з распілаваных напалам бярвенняў — дыляў, якія часта ўзгадваюцца ў дакументах ХVІІ—ХVІІІ стст., а таксама, зрэдку,— з брусоў. Паміж бярвеннямі дзеля ўцяплення затыкалі мох. Ніжнюю частку сцяны ўсярэдзіне хаты пакрывалі глінай. Адзін з найбольш старажытных спосабаў e мацавання бярвенняў — “у шулы” — калі канцы гарызантальных бярвенняў устаўляліся ў пазы вертыкальна пастаўленых слупоў, якія на пэўнай дыстанцыі адзін ад аднаго нібыта абкружвалі хату.

У вуглах бярвенні злучаліся, як можна меркаваць, разнастайнымі спосабамі, найчасцей — з астаткам, калі канцы бярвенняў выступаюць за сцены. Яны па-рознаму звязваліся адзін з адным: “у чашку” — праз высечаныя ў саміх бярвеннях паўавальныя гнёзды, “у замок” — праз гнёзды простакутныя, “у каню” — калі выступы бярвенняў, што заходзяць у пазы, пашыраюцца на канцы. Найбольш старажытныя — у чашку” і “ў замок”. Ад прадаўніх часоў вядомы на Беларусі і спосаб зрубу вугла без выступальных канцоў — “чысты”, “нямецкі” вугал. Але, зь некаторых меркаваньняў, шырока ён пачаў выкарыстоўвацца з ХІХ ст. Страха была пераважна двухскатнаю. Столь, якая ў традыцыйным беларускім жытле рабілася пераважна над жылой хатай, у сваім найбольш старажытным варыянце была скляпяністай, з бярвенняў, пазней — з дошак..

Вокан (невялікіх, без рам, зачыняных засаўкамі, нярэдка — зацягнутых бычыным пузыром) зазвычай было тры ці чатыры. Два параўнальна вялікіх вакны абавязкова сыходзіліся там, дзе ў хаце ўтвараўся кут (кутнія вокны). Над дзвярыма размяшчалася вакенца для выхаду дыму, бо хаты былі без дымаходаў.

Падлога — добра утаптаная земляная ці глінабітная. Характэрнай рысай беларускай хаты была наяўнасць заваліны, “прызбы”, якою хата абносілася з трох бакоў: невялікую прастору каля ніжніх вянцоў адгароджвалі невялікімі бярвеннямі і засыпалі зямлёй. Упрыгожанне хаты было адносна сціплым — да другой паловы ХІХ ст. яна аздаблялася арнаментам на лабавых дошках і разьбаванымі канькамі на страсе.

Хаты зазвычай ставілі бокам да вуліцы (за выключэннем вёсак з вулічнай планіроўкай, вядомай пасля валочнай рэформы).

Канструкцыйныя асаблівасці хаты маюць як поліэтнічныя, так і этнаспецыфічныя рысы. Да першых адносіцца зрубны характар будоўлі, уласцівы таксама суседзям — рускім, украінцам.

Характэрныя планіровачныя асаблівасці беларускага жытла: замкнёны двор, аднарадная, лінейная забудова набліжае яго да польскага, чэскага, славацкага. Тое ж тычыцца канструкцыйных асаблівасцяў: шырокае ўжыванне зрубнай і слупавой канструкцый для збудавання сцен, умацаванне столі на адной бэльцы, адсутнасць суцэльнага падмурку, інш. Поліэтнічны характар таксама мае звычай падкладання каменя пад падмурак (тое ж у Літве, Латвіі, на Пскоўшчыне).

Што да этнаспецыфічных рыс, дык трэба адзначыць вонкавае адрозненне беларускай хаты ад пабеленай украінскай, а таксама рускай, якая досыць часта размяшчалася на падклецці. Вялікія пагонныя двары таксама характэрна вылучаюць беларускае традыцыйнае жытло ад украінскага і рускага. Такія тыповыя рысы, як колькасць і размяшчэнне вокан (тут назіраюцца аналогіі з украінцамі), наяўнасць прызбы утвараюць характарыстычныя элементы беларускага жытла.

Адметнымі рысамі вызначаўся і інтэр’ер хаты. Як пазначалася вышэй, да другой паловы ХІХ ст. яна была пераважна курнай, і працэс усталявання комінаў ішоў досыць марудна. Як сведчыў у канцы 20-х гг. ХІХ ст. К.Кантрым, у хатах без коміну ў той час на Палессі жыла нават дробная шляхта. Адтуліна для дыму рабілася над дзвярыма, дым выходзіў таксама праз адтуліну ў столі пасярэдзіне хаты, што закрывалася зверху, і, зразумела,— праз вокны.

Перад хатай была прыступка — калода ці камень. У хату ўваходзілі праз нізкія дзверы, пераступаючы праз парог.

Глінабітная печ, што з’явілася ў хаце пазней, размяшчалася адразу ля уваходу, справа ці злева ад яго. У куту каля печы быў качарыжнік — месца, дзе стаялі качарга, ухват, венік, іншыя прылады. З другога боку ад уваходу размяшчаўся “бабін кут”: стаялі вёдры, была падвешана палічка з посудам. За павернутым у хату вуглом печы станавіўся прыпечны слуп. Наяўнасць гэтага слупа ў старажытнасці досыць верагодная, бо менавіта вакол яго разгортваўся рытуал найбольш даўняга вясельнага абраду — слупавога. Ад печы да бакавой сцяны ішлі спальныя памосты: ніжні — пол, і той, што быў меншым у памеры,— палаці. Побач з імі была падвешана люлька (гэта характэрная асаблівасць хаты старажытных ліцьвінаў — у палякаў, да прыкладу, калыска стаяла на подлозе). Ад пачывальных месцаў да куту ўздоўж сцяны стаяла шырокая, нязрушная лава (дубовая ці хваёвая), а да яе, уздоўж бакавой сцяны, падыходзіла яшчэ адна, гэткая ж. На покуці традыцыйна віселі абразы, агорнутыя ручнікамі, і стаяла дзяжа. Бліжэй да куту ставілі стол з невялікай перанасной лаўкай — услонам.

Хата асвятлялася лучынамі, замацоўванымі ў лучніках ці папросту паўтыканымі ў сцяну.

Параўнальна невялікую плошчу хаты, дзе жылі 5—6 чалавек, займалі таксама досыць буйныя працоўныя прыстасаванні — у зімовы час там стаялі кросны, увосень (альбо і ўвесь час) — жорны. Там жа трымалі хатнюю птушку, узімку цялят, дробных жывёлін.

Літаратура

1. Молчанова Л.А. Материальная культура белорусов. —Мн.,1968.

2. Молчанова Л.А. Очерки материальной культуры белорусов ХVІ—ХVІІІ вв. —Мн.,1981.

3. Цітоў В.С. Народная спадчына. Гістарычны шлях і этнакультурныя стасункі. —Мн.,1994.

4. Беларускае народнае жыллё. —Мн., 1984.

ЛЕКЦЫЯ 3. АДЗЕННЕ.

СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧАЯ ТЭХНІКА

План:

1. Этнакультурныя аспекты традыцыйнага адзення

2. Этнакультурныя аспекты традыцыйнай сельскагаспадарчай тэхнікі

 

1. Этнакультурныя аспекты традыцыйнага адзення

Традыцыйнае беларускае адзенне, асабліва жаночы строй, багатае этнакультурным зместам. Адзенне, якое сумяшчае утылітарны, мастацкі, знакава-сімвалічны элементы, у найбольшай ступені, параўнальна з іншымі відамі матэрыяльнай культуры, сінтэзуе розныя бакі культуры этнасу.

Традыцыйнае адзенне амаль цалкам саматужна выраблялася з сваёй сыравіны і, пераважна,— жанчынамі. Адзенне рабілася з ільну, валокан канапель, жывёльнай скуры, воўны. Шлях да гатовага вырабу быў досыць працяглы і ўлучаў шэраг паслядоўных аперацый. Так, сцябліны льну ці канаплі спачатку мачылі, потым мялі на спецыяльнай мялцы, трапалі, часалі грэбнямі і шчоткамі, а толькі потым сталі прасці — на адмысловай дошцы ці на калаўроце з колам. Пражу намотвалі на матавіла, сушылі, почасту — бялілі, снавалі і нарэшце пачыналі ткаць.

Фарбавалі самі. Варта адзначыць, што да з’яўлення фабрычных тэхналогій у летнім адзенні беларусаў пераважалі натуральныя белыя колеры; тое ж тычылася і зімовай вопраткі. Воўнавую тканіну на андаракі, нагавіцы, камізэлькі традыцыйна фарбавалі. Да рамеснікаў звярталіся, калі трэба было вырабляць верхняе адзенне, якасныя віды абутку, пэўнае формы галаўныя уборы.

Традыцыйная апранка падзяляецца на мужчынскую і жаночую (праблемным падаецца дзіцячы камплект), сезоннную, будзённую і святочную (тут можна вылучыць абрадавае адзенне — напрыклад, маладое, свахі, свата). Дарослы чалец сям’і меў некалькі камплектаў вопраткі: святочную, а таксама будзённую для кожнай пары году. Гэта тычылася і такіх складаных для вырабу рэчаў, як кажух і світка, якія таксама прызначаліся для працы і свят.

Найбольш ярка характарыстычныя рысы традыцыйнага беларускага адзення праявіліся ў жаночым строі. Аснову традыцыйнага адзення склала апранка нацельная, сподняя, найперш — і ў жанчын, і ў мужчын — кашуля. У жанчын летні строй дапаўняўся спадніцай, хвартухом, кароткай камізэлькай (ці апранкай з рукавамі), галаўным уборам і абуткам. Гэты комплекс мае поліэтнічны, усходнеславянскі характар; этнічныя ягоныя асаблівасці вызначаюцца, перадусім, кроем. Адзін з найбольш істотных элементаў традыцыйнага строю — кашуля. (сарочка, рубаха). Найбольш старажытным відам крою лічыцца тунікападобны — калі палатно складалі напалам, пасярэдзіне рабілі выраз для галавы, паніжаючы яго спераду бліжэй да грудзей, і пакідалі адтуліны для рук. Гэты крой шырока вядомы ў старажытнасці народам Еўропы, у тым ліку, і памежным балтам. Аснову традыцыйнай, з’яўленай у пазнейшы час кашулі, складала “станіна” — адмыслова злучанае на плячах палатно. У будзённых кашулях верх шылі з больш вытанчанага палатна, ніз — з грубага. Найбольш традыцыйным, а значыць і старажытным, спосабам злучэння было ўшыванне прастакутніх уставак на плячах. Гэты тып сарочкі таксама ўласцівы рускім, украінцам. Каўнярамі на кашулях былі пераважна невысокія стойкі, хаця рабіліся таксама й адкладныя. Як лічаць даследчыкі, шырокі адкладны каўнер (часцей — у кашулях) атрымаў папулярнасць у літоўцаў, беларусаў, украінцаў, а таксама, часткова, у рускіх, з польскім уплывам. Можна меркаваць, што пачатак гэтага працэсу адносіцца да часоў Рэчы Паспалітай. Рукавы рабіліся, як магчыма меркаваць, найчасцей з манжэтамі, акрамя, хіба, рабочых кашуль. Традыцыйная беларуская кашуля даўжыню мела зазвычай ніжэйшую за калена. Упрыгожвалі яе досыць сціпла: арнамент размяшчалі ў верхняй частцы рукава, на паліках, каўняры, грудзях, манжэтах, але суцэльны ўзор скарыстоўвалі дастаткова рэдка — прынамсі, мяркуючы з таго, што было характэрна ў больш позні час у рэгіёнах, памежных з Украінай. Упрыгожванне мела манахромны характар — пераважна арнамент чырвонага колеру, а больш старажытныя кашулі маглі быць наагул без аздобы.

Асноўная паясная вопратка жаночага строю — спадніца. Яна шылася з даматканага палатна, сукна ці паўсукна. Спадніца рабілася з некалькіх (да шасці) полак (падоўжаных кавалкаў палатна), сшытых і прызбораных ля поясу. Зрэдку спадніцу шылі з папярэчнага кавалку тканіны — папярэчкі. Спадніца завязвалася спераду ці крыху збоку тасёмкамі ці паяском. Вылучаюцца спадніцы, якія шыліся з ваўнянай ці паўваўнянай тканіны — андаракі (слова паходзіць з нямецкай мовы). У старажытнасці андаракі ў якасці верхняй спадніцы насілі прадстаўніцы паноўных класаў. Андарак багата ўпрыгожвалі, і асаблівасцю ягонай ёсць клеткавы арнамент. Спадніца з пакупной ці даматканай, пераважна — ваўнянай, тканіны, найчасцей аднатонна пафарбаванай — называлася саянам. У старажытнасці такія ўборы насіла шляхта. Саянам называлі таксама й апранку, утвораную шляхам сшывання ліфу і спадніцы.

Да старажытнага віду паяснога адзення належыць панёва — нясшытая ці, радзей, сшытая спадніца кшталту андараку. Магчыма, на нашых землях расхінная панёва папярэднічала андараку. Паверх спадніцы заззвычай павязваўся хвартух (пярэднік), які прымацоўваўся на стане паўразамі. Рабілі яго з адной, дзвюх, зрэдку — трох, полак, і даўжыня ягоная ў беларусак амаль супадала з даўжынёю спадніц. Такія даўгія — роўныя са спадніцамі хвартухі апрануты на пакаёўках на абразе “Нараджэнне Маці Боскай” Маларыцкага майстра (1648—1650 гг.). Паказальна, што на згаданай выяве хвартухі не арнаментаваны — адзін натуральна белага колеру, другі, хутчэй за ўсё, пафарбаваны, хаця ў пазнейшы час іх зазвычай аздаблялі, найчасцей — гарызантальнай арнаментыкай — па ніжнім краі, альбо й троху вышэй. У верхняй частцы хвартух дробна прызборваўся, што бачна на іканапіснай выяве. Беларускія хвартухі тыпалагічна блізкія да пярэднікаў прыбалтаў, палякаў, што робіць гэты від адзення часткай поліэтнічнай культуры.

Яшчэ адзін від адзення, уласцівы беларусам, а таксама заходнім суседзям,— безрукаўка. Гэта было досыць каштоўнае адзенне, і, зыходна з пазнейшых этнаграфічных дадзеных, магло перадавацца ў спадчыну. На Беларусі яно мела назву “кабат”, “шнуроўка”, “гарсэт”, “безрукаўка”, інш. Безрукаўкі часцей шылі з пакупнога сукна яркай расфарбоўкі. Найбольш просты і, магчыма, старажытны іх крой — з простай спінкай, калі задняя частка рабілася з суцэльнага кавалку матэрыялу. Безрукаўкі на Беларусі мелі даўжыню да стану і ніжэй — заходзілі за верхнюю частку спадніцы. Доўгія безрукаўкі знізу разрэзваліся і абшываліся. Зазвычай суцэльны разрэз рабілі спераду, і ён зашнуроўваўся ці зашпіляўся на самаробныя гузікі, на грудзях утваралі выраз — круглы ці геаметрычна-вуглавой формы. Безрукаўка ўпрыгожвалася вышыўкамі, нашыўкамі з найлепшых нітак.

Наагул традыцыйнае беларускае жаночае адзенне характарызавалася арнаментальнай стрыманасцю, натуральным колерам; беларускі жаночы строй пазнавальна адрозніваецца ад рускага, з сарафанам і какошнікам, а таксама ад украінскага, з кароткімі спадніцамі і багатыга на ўпрыгожанні — пацёркі ды істужкі.

Верхняе адзенне вясковай жанчыны не надта каб вылучалася своеасаблівасцю: як і ў мужчын, гэта былі сярмяга і кажух, якія ўзгадваюцца ў актах ХVІІ—ХVІІІ стст. і якія рабіліся з хатніх матэрыялаў — сукна, палатна, аўчыны, адмыслова апрацаваных і пашытых краўцамі. Гэтая вопратка не мела падкладкі, магла зашпіляцца на драўляныя гузікі, гаплікі, альбо проста падпаясвацца. Найбольш пашыраным відам адзення была світа (сярмяга) — зробленаяе зазвычай з сукна доўгае расхінастае адзенне з рукавамі, разрэзам спераду і адкладным каўняром. Найбольш былі пашыраны світы простага халатападобнага крою, хаця, як магчыма выснаваць з дадзеных другой паловы ХІХ ст., існавалі і іншыя: прыстаненая з бакавымі клінамі — “вусамі”, у зборкі, з фалдамі. Гэткага ж кшталту світы вядомы таксама ўкраінцам, рускім, літоўцам, палякам. Світа мела белы ці шэры, зрэдзь часу — чорны колер (больш уласцівы для шляхты), упрыгожвалі яе сціпла.

Іншае верхняе адзенне — кажух, прыкладам,— рабілася ў старажытнасці з нядубленых белых аўчын. Найбольш пашыраны быў на Беларусі кажух простага крою, мадыфікацыі яго адпавядалі крою світкі; адрозна ад пазнейшых часоў, старажытны кажух быў даўгім. Менш распаўсюджана было верхняе палатнянае адзенне — насоў, балахон, якое апраналі на кашулю ўлетку ці ўвосень.

Істотнае месца ў традыцыйным строі займалі галаўныя ўборы. Яны таксама падзяляліся на сезонныя, святочныя і будзённыя і адрозніваліся залежна ад полу, сямейнага становішча ды ўзросту. Тыпалагічна вызначальным для ўбору было сямейнае становішча: на непакрытых валасах, косах — вянок (на цвёрдай драўлянай аснове, абшытай палатном; улетку — кветкавы), а таксама галаўная павязка, зазвычай завязаная вузлом на патыліцы, былі адзнакамі дзяўчыны. На святы ў косы ўпляталі болей рознакаляровых істужак, а вянкі лепей аздаблялі. Тут асобна трэба вылучыць вясельны вянок, які — з азначэння ў другой палове ХVІІІ ст. Е.Кітовіча — да пачатку гэтага стагоддзя быў часткай рытуалу і для прадстаўнікоў заможнага саслоўя. Пасля шлюбу галаўны ўбор і ўчасанне жанчына змяняла: косы распляталі, валасы закручвалі над вушамі ці на абшытыя палатном кудзелю, альбо галінкі дрэў і ўкладалі вакол галавы.

Адзін з найбольш старажытных жаночых галаўных убораў беларусак, а таксама рускіх, украінак, прыбалтак — намітка: ручніковы галаўны ўбор з тонкага палатна значнай даўжыні (2—3 метры), што павязваўся на чапец (яшчэ таксама — на цвёрдую аснову) так, каб адзін альбо абодва ягоныя даўгія канцы спускаліся на спіну. Адны з найбольш старажытных узораў галаўных убораў, што нагадваюць наміткі, заўважны на вядомай іконе Пятра Яўсяевіча “Нараджэнне Маці Боскай” (1649 г.): у намітках — св.Ганна і служанкі. Прыкметныя й папярэчныя чырвоныя і цёмныя палосы на гэтых намітках. У служанкі, што стаіць па цэнтры на пярэднім плане іконы, намітка павязана на авальную абручападобную аснову — хутчэй за ўсё, галаўны ўбор — тып чапца з авальным верхам, вузкім аколышкам і завязкамі ззаду. Падобныя ўборы, што нагадваюць намітку, сустракаюцца і на пазнейшых абразах — напрыклад, у творы з Магілёўшчыны канца 1700 г., на якім відзён галаўны ўбор без упрыгожання.

Акрамя намітак, беларускія жанчыны насілі ў старажытнасці чапцы — згаданыя вышэй з круглым верхам, аколышкам і завязкамі ззаду, і глыбокія, з завязкай пад падбародак (“каптур”). Існавалі і арыгінальныя, рагатыя, галаўныя ўборы, зробленыя на цвёрдай аснове і абвязаныя палатном (старажытны тып — “пушанка”).

Падобным да мужчынскага быў і жаночы абутак. Асноўным відам яго былі плецёныя з лыка ліпы, лазы, бяросты, пянькі ці скураныя лапці. Існуе меркаванне, што найбольш старажытнымі былі лапці простага пляцення. Лапці абуваліся на анучы — летнія ці зімовыя, мацаваліся вяроўкамі-аборамі. Найбольш просты тып лапцей — без галовак і запятак, дзе іх замянялі лыкавыя петлі і прыстасаванні для мацавання абораў. Вядомы і скураныя лапці (пасталы), але шырокага распаўсюду яны не набылі. Акрамя лапцей, насілі скураныя паўбоцікі на абцасах (чаравікі), але гэта быў дарагі абутак. Таксама заможныя сяляне маглі здабыць валёнкі. Як досыць рэдкі від абутку можна вылучыць драўляны — цалкам з дрэва ці са скураным верхам.

Традыцыйнае мужчынскае адзенне беларусаў вызначалася меншай разнастайнасцю, чым жаночае. Параўнальна з жаночай, мужчынскія кашулі ўпрыгожваліся сціпла.

Мужчынскія порткі (нагавіцы, ганавіцы) рабіліся з палатна (на лета), сукна (каб насіць узімку) не надта добрага гатунку. Беларускія нагавіцы былі параўнальна не шырокімі, іх адрознівала рамбавідная форма ўстаўкі паміж штанінамі, хаця мелі месца і ўстаўкі іншай формы — трохвугольнай, круглай, трапецыявіднай, і трымаліся на шнурку, ўсоўваўным праз абшыўку ў верхняй частцы. Суконныя нагавіцы маглі зашпіляцца на адзін ці два гузікі з косці, скуры, кавалачка дрэва і не мелі кішэняў.

Абавязковай прыналежнасцю мужчынскага строю быў пояс — старажытны плецены ці тканы. На поясе вісела невялічкая торбачка — каліта, у якой захоўваліся грошы, тытунь, люлька, крэсіва, нож (мог вісець і асобна). Сяляне таксама насілі скураныя рамяні, якімі падпаясвалі світкі (здаўна згадваюцца ў актах ХVІ—ХVІІ стст.). Беларускія мужчыны насілі безрукаўкі (камізэлькі, жупіцы).

Мужчынскія світа і кажух па сваіх відавых асаблівасцях мала адрозніваліся ад жаночых. Гэтага нельга сказаць пра галаўныя уборы — з воўны, футра, сукна, саломы. Традыцыйны летні галаўны ўбор — плецены з саломы (радзей — з лазы, чароту) шырокапольны капялюш з тулляй (брыль). Са старажытных актаў вядомы магеркі — валяныя шапкі з палямі, што прылягалі да туллі, а таксама валяныя брылі ды інш. Старадаўнія зімовыя шапкі шыліся з футра вавёркі, лісы, зайца, а таксама з аўчыны футрам навонкі. Найбольш старажытныя, з аўчыны, былі высокімі, цыліндрычнай, конусападобнай формы — кучмы. Зімовая шапка падкрэслена вялікіх памераў называлася капузай. Скарыстоўвалася і футравая шапка, абшытая зверху сукном, з вушамі — малахай. Досыць старадаўняю ёсць пашытая, зазвычай — з аўчыны, аблавуха — шапка з вушамі па баках спераду і ззаду (яны падвязваліся зверху).

Мужчынскі абутак складалі лапці (такія ж, як і ў жанчын), боты (рэдкі, пераважна мужчынскі абутак), валёнкі.

2. Этнакультурныя аспекты сельскагаспадарчай тэхнікі

Значнае месца ў жыцці вяскоўца займала земляробства. Земляробчы сезон доўжыўся на Беларусі прыблізна з сярэдзіны красавіка да сярэдзіны кастрычніка і ахопліваў крыху больш за палову каляндарнага году. Гэта быў перыяд надзвычай актыўнай працы.

Для вясковай культуры характэрная замкнёная нерухомасць асноўных тэхналагічных прынцыпаў і прыёмаў. Галоўны імпульс да змен у гэтай сферы прыходзіў зазвычай звонку і быў звязаны з прамысловым удасканаленнем метадаў і прылад працы. Такі ўплыў на беларускую сельскую гаспадарку пачаў назірацца з другой паловы ХІХ ст., дзелячы, такім чынам, традыцыйную сельскагаспадарчую тэхніку беларусаў апошніх стагоддзяў на два этапы: позняга феадалізму і ранняга капіталізму.

Земляробства, поруч з жывёлагадоўляй,— асноўныя заняткі насельнікаў Беларусі ад бронзавага веку. Традыцыйна на Беларусі вырошчвалі жыта, пшаніцу, авёс, ячмень, грэчку (з’явілася дастаткова позна), проса, чачавіцу, канаплю. На гародах садзілі рэпу, буракі, моркву, капусту, цыбулю, часнык, а таксама садовыя дрэвы — яблыкі, ігрушы, слівы, вішні, ягады — ды кустарнікі — парэчку, агрэст, інш. Ад канца ХVІІІ ст. пачала шырока распаўсюджвацца бульба, якая з другой паловы ХІХ ст. заняла істотнае месца ў рацыёне сялян, фактычна замяняючы хлеб.

Сярод тэхнічных культур добрую долю займалі лён, канапля. Здаўна на нашых землях склалася некалькі сістэм земляробства, сярод якіх найбольш старажытнай была падсечная (лядная), што дажыла да ХІХ ст. У ХVІІ—ХVІІІ стст. выкарыстоўвалася трохполле, а таксама двухполле. Ведалі продкі і старажытны пералог, калі частка зямлі не апрацоўвалася, пакуль не адновіць сваёй кандыцыі. Прыкметную ролю ў распаўсюджанні трохполля і арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўвогуле адыграла валочная рэформа 1557 г.

Сельскагаспадарчыя прылады беларусаў вылучаліся функцыянальным і відавым кансерватызмам. Галоўная прылада зеляробства — саха, якая, за выключэннем жалезных сашнікоў, была хатняй вырабкі. Старажытная саха рабілася з выкапанага з коранем камля дрэва — рагач, да якога далучалася рабочая частка — расоха, плаха, што прымацоўвалася да рагача пад вуглом і мела падвоены канец, на які й надзяваліся жалезныя сашнікі (нарогі). Да двух канцоў расохі мацаваліся нерухомыя паліцы — дошкі розных памераў, якія рэгулявалі пераварот ворыўнага пласта. Такая саха была прыстасавана для двух валоў і атрымала назву літоўскай, палескай, ці падляскай. Саха гэткага кшталту была распаўсюджана, акрамя Беларусі, на суседніх польскіх, украінскіх, літоўскіх землях. На паўночных землях Беларусі пазней атрымалі распаўсюджанне сохі на конскай цязе — віцебскага тыпу, з перакладной (рухомай) паліцай для аднаконнай цягі, а таксама іншыя мадыфікацыі.

Для апрацоўкі дзярновай зямлі, лугу выкарыстоўваўся разак — прылада з вострым наканечнікам ці даўгім нажом на канцы. Для акучвання бульбы мелася сошка— невялікая саха з аднім лемехам.

Пасля апрацоўкі зямлі сахой рыхленне яе ажыццяўлялася бараной. Найбольш старажытныя віды барон — зробленая з верхавіны яліны сукаватка, а таксама смык са звязаных яловых плашак. Досыць пашырана была пляцёная барана на дугападобнай аснове.

Акрамя цяглавых, скарыстоўваліся ручныя прылады апрацоўкі глебы, сярод якіх досыць папулярнымі былі матыкі (цяпкі, сапкі), і найбольш старажытныя з іх рабіліся цалкам з дрэва. Драўлянымі даўней былі таксама лапаты (рыдлёўкі), крукі і вілы для гною.

Збожжа збіралі сярпамі, грачыху, авёс, гарох маглі касіць косамі, імі ж скошвалі і траву. Самыя старажытныя косы без ручкі, з кароткім кассём.

Зжатае збожжа звязвалі ў снапы і састаўлялі ў бабкі. Снапы сушылі ці на азяродах (Віцебшчына, Міншчына) — драўляных слупах з перакладзінамі, ці ў асецях (ёўнях) — сушыльнях на гумнах. Снапы звозілі ў гумно — вялікае памяшканне з токам, дзе збожжа малацілі цапамі, пранікамі, веялі лапаткамі-веялкамі ці праз сіта. Дзеля працы са снапамі, саломай выкарыстоўвалі драўляныя граблі, вілы. Потым зерне складалі ў клеці, адмысловыя ямы, дзе яно чакала перапрацоўкі на муку і крупу. Гэтак рабілася на ветраных і вадзяных млынах, але часта вяскоўцы таўклі для атрымання крупы зерне ў драўляных ручных (ці, зрэдку,— нажных) ступах таўкачамі. Муку малолі на хатніх жорнах, камяні якіх абапіраліся на чатырохвугольную аснову.

Вялікае месца ў гаспадарчай дзейнасці беларусаў займала жывёлагадоўля. Кожная гаспадарка трымала працоўную жывёлу, прычым, на паўднёвым захадзе ў ХVІІ—ХVІІІ стст. пераважалі валы, на іншых землях — коні. У першай палове ХІХ ст. буйной рагатай жывёлы мелася у сярэднім 3—4 галавы ў двары. Апрача гэтага, абавязкова гадавалі авец, свіней, радзей — коз, хатнюю птушку: гусей, кур, качак.

У мясцінах бліз рэк, азёр сяляне займаліся рыбальствам. Сярод прылад для лоўлі рыбы традыцыйнымі былі аднасценныя ці трохсценныя сеткі, невад (вялікі і малы), брэдзень — невад для лоўлі рыбы ўброд, крыгі. Шырока скарыстоўваліся і стаўныя лавушкі: паплаў, буч, кацец, нерат, венцер, каробка, скрыпка, ват, а таксама лавушкі рухомыя — таптуха, кломля, хапун, волак, брадан, настаўка. Выкарыстоўваліся вуды, перамёт, старажня. Працягвалі ўжываць дзеля гэтых мэт і астрогу (восці).

Яшчэ адным промыслам сталася бортніцтва — у старажытным выглядзе як развядзенне, утрыманне пчол у борцях — выдзеўбаных у дрэвах дуплах. Далейшае развіццё бортніцтва — калодачная форма, калі вулей рабіўся ў пастаўленай альбо пакладзенай калодзе. Мелі пашыранасць таксама саламяныя вуллі.

Літаратура

1. Помнікі этнаграфіі. —Мн.,1981.

2. Беларускае народнае адзенне. —Мн.,1975.

3. Беларускае народнае адзенне. Альбом. Складальнік М.Раманюк —Мн.,1990.

4. Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў. —Мн.,1974.

ЛЕКЦЫЯ 4. ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЯ СТЫЛІСТЫКА І

ДЫНАМІКА ЭТНІЧНЫХ ПАРАМЕТРАЎ

План:

1. Гісторыка-культурная стылістыка ў часы да ўзнікнення беларускага этнасу

2. Гісторыка-культурная стылістыка часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай

3. Гісторыка-культурная стылістыка і этнакультурныя працэсы на Беларусі ў ХІХ—ХХ стст.

 

Як ужо адзначалася вышэй, гісторыка-культурная стылістыка Еўропы зрабіла значны ўплыў на фармаванне этнакультуры беларусаў. Прычым, у нас прысутнічалі ўсе стылі еўрапейскай культуры, за выключэннем, хіба, антычнага.

Істотнае значэнне для фармавання этнакультурнай спецыфікі Беларусі меў і цывілізацыйны фактар — уплыў еўрапейскіх дзяржаўных, прававых, эканамічных і адукацыйных інстытутаў. Цывілізацыйны ўплыў быў значным ужо ў ХV ст. і, безумоўна, спрычыніўся да спецыфікі палітычных, эканамічных мадыфікацый, да фармавання беларускага менталітэту.

1. Гісторыка-культурная стылістыка ў часы да ўтварэння беларускага этнасу

Перыяд Х—ХІІ стст., з якога мы пачнем адлік, вызначаецца відавочнай актыўнасцю цывілізацыйна-культурных працэсаў: фармаванне гарадоў, дзяржаўнасці (княжанняў, якія маглі існаваць і троху раней), а таксама хрысціянізацыя. Да гэтага культура беларускіх зямель знаходзілася па-за межамі актыўнага еўрапейскага антычнага (грэцкага, рымскага) уплываў, раманізацыя яе не закранула, а сувязі абмяжоўваліся нязначнымі перамяшчэннямі тавару і грошай.

Прыняццё ў канцы Х ст. хрысціянства візантыйскага, праваслаўнага, узору ўвяло Беларусь, як і вялікія абшары ўсходнеславянскіх зямель, у свет хрысціянскай цывілізацыі, вялікую ролю ў якой адыгрывала культура Візантыйскай імперыі — спадкаемніцы Рыму, ягонай былой усходняй часткі, што склалася пад моцным уплывам грэцкай культуры. Характар, вынікі ўздзеяння культуры візантыйскага праваслаў’я на культуру Кіеўскай Русі з’яўляюцца да гэтых часоў прадметам актыўнай навуковай палемікі. Прыхільнікі еўрапейскай арыентацыі лічаць, што праз візантыйскае хрысціянства, візантыйскую культуру ўсходнія славяне далучыліся да каштоўнасцяў антычнай еўрапейскай цывілізацыі. Сапраўды, праваслаў’е мае шэраг запазычанняў з грэцкай антычнасці. Дастаткова згадаць неаплатанізм грэцкага філосафа ІІІ ст. Плоціна, значна паўплывалы на праваслаўную тэалогію — у паасобку, на складванне папулярнага на Маскоўскай Русі культу Троіцы, а таксама ісіхазму — своеасаблівага містыцызму, шырока распаўсюджанага ў праваслаўных манастырах і, з пераканання даследчыкаў, дастаткова заўважнага для творчасці Андрэя Рублёва, Феафана Грэка. Разам з тым, візантыйскае праваслаўе было досыць далёкім ад рацыяналізму грэцкіх філосафаў, ставілася да іх як да паганцаў; адрозна ад еўрапейскага каталіцызму, які імкнуўся спалучыць веру і розум, інтэлект, а таму з ХІІІ ст. арыстоцелеўскі рацыяналізм быў афіцыйна ўведзены у тэалогію — найперш праз творы класікаў каталіцкай тэалогіі Фамы Аквінскага і Альберта Вялікага.

Апроч таго, дэталёва распрацаваны рытуал візантыйскага праваслаў’я, наагул татальная рытуалізацыя гэтай рэлігіі, шматлікія ейныя культавыя атрыбуты, а таксама досыць шчыльныя стасункі (а фактычна — зліццё) з дзяржавай і падпарадкаванне ёй маюць вытокі ў культуры сярэднявечнай Візантыйскай імперыі, якая далёка адышлася ад еўрапейскіх рымскіх узораў і насамрэч была цывілізацыяй усходняга кшталту. Таму ёсць падставы сцвярджаць, што візантыйскае праваслаў’е і ягоны ўплыў — пераважна ўсходняга характару, з істотным кампанентам нееўрапейскасці, як гэтую культуру, дарэчы, і ўспрымалі крыжакі — удзельнікі крыжовых паходаў, папросту яе не разумеючы. Таму мы можам аднесці гэты перыяд гісторыі культуры Беларусі да часу дамінацыі культуры ўсходняга і ўсходнееўрапейскага тыпаў.

Разам з праваслаўем на Беларусь прыйшлі пісьменніцтва, рэлігійная, свецкая літаратура, храмавае мураванае дойлідства крыжова-купальнай у аснове канструкцыі, іканапіс, фрэска, хрысціянскае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У культуры Беларусі гэтага часу меліся, аднак, і заходнееўрапейскія элементы, звязаныя з уплывам распаўсюджанага ў Еўропе раманскага стылю. Гэта базілікальныя — раманска-заходнія — простакутнія у плане аб’ёмы і элементы першых мураваных праваслаўных храмаў — Полацкай Сафіі і Спаскай царквы ў Полацку, Каложскай і Ніжняй у Гродне, Дабравешчанскай у Віцебску, раманскія рысы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, досыць вольная — тая, што парушае каноны, кампазіцыя фрэсак.

Мясцовыя прадстаўнікі кліру ведалі старажытнагрэцкіх аўтараў — так, Клімент Смаляціч быў знаёмы з творамі Арыстоцеля, Платона. Такім чынам, з перавагай усходняга ўплыву, у тагачаснай Беларусі ўжо назіралася суіснаванне, утвараўся сінтэз заходнееўрапейскай і ўсходняй культур, а таксама старадаўніх мясцовых традыцый.

Наступны гістарычны перыяд — ХІІІ—ХV стст. — характарызуецца як першая фаза выяўленага пранікнення на беларускія землі заходніх еўрапейскіх уплываў з актыўнай іх перапрацоўкай.

У ХІІІ ст. утварылася Вялікае княства Літоўскае. З цягам часу ягоная палітычная сістэма набыла рысы дэмакратызму, балансу ўлад. Гэтаму спрыялі выбарнасць князя, а таксама наяўнасць “паноў-рады” — дарадчага органу, які у канцы ХV ст. пераўтварыўся ў галоўны орган дзяржаўнага кіравання, што істотна абмяжоўваў уладу князя. Не выключана, што абмежаванне княжай улады, а таксама параўнальна хуткае станаўленне запазычанай у Польшы сістэмы соймаў маюць вытокі ў мясцовых традыцыях старажытнага веча, якое існавала ў Полацку і Віцебску, а таксама, магчыма, і ў іншых гарадах Беларусі. У канцы ХV—пачатку ХVІ стст. аформіўся саслоўна-прадстаўнічы орган княства — сойм; у наступны перыяд аформілася ерархічная сістэма прадстаўнічый улады — паслядоўнае дэлегаванне выбарных дэпутатаў на соймы больш высокай ярархіі.

Хуткаю хадою рухаўся канстытуцыйны працэс — праз прывілеі і судзебнік кадыфікаваліся асновы прававой сістэмы, увасобленыя ў Статутах ХVІ ст., у якіх ужо робяцца відочнымі элементы, скіраваныя на абарону правоў асобы. З канца ХІV ст. у беларускія гарады прыйшло магдэбурскае права — сістэма гарадскога самакіравання, панавалая ў Еўропе. У гэты час пачалося больш інтэнсіўнае пранікненне каталіцызму на беларускія землі, і стаў рухацца складаны працэс усталявання прававога суіснавання яго з праваслаўем.

Значным для складання этнаспецыфічнай сферы беларускай культуры было распаўсюджанне на Беларусі гатычнай культуры — найперш архітэктуры, якая ў канцы ХV—пачатку ХVІ стст. мела своеасаблівыя мадыфікацыі — культавую праваслаўную готыку абарончага тыпу (храмы ў Маламажэйкаве, Сынковічах), інш. Фактычна мы можам казаць пра першую этнічна вызначаную стылёвую навацыю на аснове буйнога еўрапейскага стылю — беларускую готыку. Таксама ў гэты час на Беларусь прыйшоў яшчэ адзін культуравызначальны для еўрапейскай цывілізацыі тып будынку — замак (у Гродне, Наваградку, Лідзе (“кастэль” з прыкметнымі рысамі раманскага стылю), распаўсюдзіліся раманскія “данжоны” — абарончыя вежы. Забудаванне замкаў як сімвалаў асабістай незалежнасці феадалаў, а таксама культавых будынкаў каталіцкай, пратэстанцкай, уніяцкай канфесій акрэслівае мяжу ўласна еўрапейскай культуры ў ейным класічным заходнім варыянце.

Наступнае, ХVІ ст., лічыцца адным з найбольш плённых часоў беларускай гісторыі і культуры, што ў значнай ступені абумоўлена арганічным сінтэзам станоўчых еўрапейскіх уплываў і мясцовых культурных традыцый.

Нарэшце канчаткова аформіліся ў Статуце 1588 г. кіроўная, заканадаўчая, прававая сістэмы дзяржавы, у падмурку якіх ляжалі прынцыпы выбарнасці, трымання законаў, за чым назіралі даволі шматлікія судовыя органы. Адзначым, што, мяркуючы з вялізнай колькасці судовых актаў часоў Вялікага княства Літоўскага, суд быў асноўным месцам вырашэння самых разнастайных канфліктаў, што паўстае адметнай трансгістарычнай рысай еўрапейскай цывілізацыі.

З пэўным польскім культурным уплывам аформілася і паноўнае саслоўе — шляхта, якая складала 10—12% насельніцтва. Гэта, з улікам выбарнага самакіравання гарадоў, самастойнасці кліру, робіць колькасць людзей, якія непасрэдна прымалі ўдзел у кіраванні дзяржавай, ейнымі інстытутамі, параўнальнай з той, што склалася ў іншых краінах Еўропы.

У галіне эканомікі таксама адбыліся вялізныя перамены, якія наблізілі становішча сялянства да еўрапейскага — валочная рэформа 1557 году, надзялялая сялянскія гаспадаркі зямельнымі дзялкамі — валокамі, што замацоўваліся за імі ў якасці падатнай адзінкі. Рэформа падарвала эканамічны падмурак сялянскай абшчыны (грамады), спрыяла развіццю прыватнаўласніцкіх настрояў і, фактычна, зрабіла тое, што і рэформа Сталыпіна ў Расеі праз амаль трыста з паловай гадоў.

Істотныя змены адбыліся і ў рэлігійнай сітуацыі: у краіну з паўночнай Еўропы прыйшоў пратэстантызм, які сваімі накірункамі (кальвінізм, сацыніянства) ахапіў паноўныя слаі грамадства. У значнай ступені дзякуючы верацярпімасці пратэстантаў, у краіне ўмацаваліся прынцыпы рэлігійнай талерантнасці, ідэйнага плюралізму: у княстве знайшлі прытулак шматлікія людзі, пераследаваныя за ідэйныя перакананні.

У гэты ж час канчаткова ўсталяваўся звычай атрымліваць адукацыю за мяжой — прадстаўнікамі рознай па заможнасці і сацыяльным статусе моладзі. Навучаліся найперш ува ўніверсітэтах Чэхіі, Польшчы, Італіі, Германіі, Францыі. Увогуле, прадстаўнікі найзнатных родаў дзяржавы — Радзівілы, Сапегі, Тышкевічы, Храптовічы, іншыя — былі па-еўрапейску адукаванымі і на еўрапейскія ўзоры арыентаванымі людзьмі.

Культурнае жыццё Беларусі ХVІ ст. праходзіла з істотным уплывам культуры еўрапейскага рэнесансу, ягонага паўночнага, звязанага з царкоўнай рэфармацыяй, накірунку. Разам з тым, культура ВКЛ зазнала моцны італьянскі ўплыў, распаўсюджваны дзякуючы магутнай хвалі мігрантаў і пашырэнню адукацыі. На Беларусі сталі шырока вядомыя ідэі гуманізму, свабодамыслення, крытычнага стаўлення да Бібліі. Выданне Ф.Скарынам у 1517 г. першай старабеларускай кнігі ў Празе і ягоная далейшая выдавецкая дзейнасць у гэтым горадзе і ў Вільні, актыўная праца на стварэнне кніг С. Буднага, братоў Мамонічаў сведчаць аб падрыхтаванай глебе для засваення дасягненняў І.Гутэнберга. Пераклад і выданне Ф.Скарынам 22 кніг Бібліі на зразумелай народу мове знаходзіцца ў кантэксце аналагічных працэсаў у Чэхіі, Германіі, іншых еўрапейскіх краінах, адбываных з уплыву пратэстанцкай тэалогіі.

Таксама з уплыву мастацтва рэнесансу на Беларусі з’явіўся жанр партрэту, які паступова пачаў набываць мясцовую, сармацкую спецыфіку, сталі развівацца рэнесансная пластыка, архітэктура (стары замак у Гродне, кальвінісцкія храмы). Еўрапейскі рэалізм, італа-крыцкі арнаментальны фон, паўднёва-еўрапейскія, сербскія ўплывы, а таксама традыцыі візантыйскага іканапісу злучыліся ў творах беларускай іканапіснай школы, яркія ўзоры якой маюць вытокам ХVІ ст.

Тыпалагічна культурная спецыфіка беларускага рэнесансу ўпісваецца ў метакультурную спецыфіку паўночнаеўрапейскага Адраджэння, часткамі якога былі культуры Германіі, Нідэрландаў і якое вызначалася цеснай сувяззю з рэлігіяй.

Працягваў развівацца гэтым часам і папярэдні стыль — готыка. Аформілася канструкцыйнае аблічча славутага помніка беларускай готыкі — Мірскага замку. У Вільні быў збудаваны выдатны помнік пламеннай готыкі — касцёл св.Ганны. У канцы ХVІ ст. на Беларусь, амаль не спазніўшыся, параўнальна з краінамі Еўропы, прыйшло барока: у Нясвіжы збудавалі адзін з найбольш ранніх помнікаў гэтага стылю на ўсходнееўрапейскіх землях — езуіцкі касцёл. Такім чынам, з ХV ст. пачаўся актыўны працэс пранікнення на нашы землі заходнееўрапейскіх гісторыка-культурных стыляў, цывілізацыйных плыняў, якія ўступілі ў плённае ўзаемадзеянне з мясцовай культурай, спарадзілай шэраг арыгінальных міксацыйных артэфактаў.

2. Гісторыка-культурная стылістыка часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай

Перыяд ХVІІ—ХVІІІ ст.ст. вызначаўся далейшай інтэграцыяй, развіццём еўрапейскіх цывілізацыйных, стылёва-культурных дамінант, якасным насычэннем іх — найбольшым за ўсю культурную гісторыю Беларусі. Фактычна ён разбіваецца на два перыяды — ХVІІ стагоддзе, з’яднанае з ХVІ стагоддзем, калі Вялікае Княства Літоўскае было адным з усходніх фарпастоў (паводле А.Тойнбі) Еўропы, і ХVІІІ стагоддзе, калі пасля пятроўскіх рэформ Расея далучылася да еўрапейскасці і еўрапейскі культурны ўплыў распаўсюдзіўся далей на ўсход за межы княства. Між тым, гэты час, асабліва апошняя фаза ягоная, з канца ХVІІІ—пачатку ХІХ стст., быў і перыядам развітання старабеларускай культуры з еўрапейскім культурным светам, пачаткам знікнення старабеларускай культуры наагул. Зрэшты, уплыў гісторыка-культурных стыляў, іх сінтэз, хаця замаруджана, але працягваўся.

Вызначальныя цывілізацыйныя параметры старабеларускай культуры гэтага часу — адносна высокі ўзровень урбанізацыі, асабліва з улікам наяўнасці мястэчак, многія з якіх займелі магдэбурскае права. Так, у сярэдзіне ХVІІ і ў канцы ХVІІІ стст. на Беларусі налічвалася 39 гарадоў і прыблізна 350 мястэчак, дзе жыло прыблізна 250 тыс. чалавек — каля 11% усяго насельніцтва. З дадзеных 1786 г., 38% гараджан жылі ў населеных пунктах з колькасцю жыхароў да 2000 чалавек (такіх гарадоў — 31). Найбольш буйныя беларускія гарады — Віцебск (звыш 10 тыс.), Магілёў (звыш 6 тыс.), Полацак, Гародня, Слуцак, Пінск, іншыя. Канечне, працэнтная колькасць гарадскога насельніцтва, шчыльнасць яго саступалі еўрапейскім стандартам, у тым ліку,— польскім. Тым не менш, Беларусь мела адметную, тыпалагічна вызначаную гарадскую культуру, саслоўе гараджан, моцнае купецтва, якія былі эканамічнымі, культурнымі рухавікамі краю. Характэрнай рысай старабеларускай культуры было існаванне адносна невялікіх памерамі гарадоў з моцным культурным патэнцыялам — такіх, як Нясвіж, Слуцак, нават мястэчак — Ружан, Налібок. Адсутнасць манапалізацыі культуры вялікімі гарадамі стварала стракатую, пладаносную культурную палітру, садзейнічала раўнамернаму развіццю культуры. Урбаністычная сістэма Беларусі была еўрапейскай — г.зн. культурна поліцэнтрычнай, з мноствам арыгінальных праяў гарадскога, местачковага жыцця. Беларусь пазбегла, пакуль што, татальнай урбанізацыі і вынішчэння монстрамі-гарадамі культуры правінцыі — працэсу, пра які пісаў О.Шпенглер.

Яшчэ адна прыкмета еўрапейскасці беларускага гораду — наяўнасць магдэбурскага права, самакіравання. Магдэбурскае права ў прыватніцкіх гарадах было крыху абмежавана прысутнасцю прадстаўніка-ўласніка ў кіраўніцтве — войта, а таксама паступовым наступленнем магнатаў на зямельную, маёмасную ўласнасць гараджан. Тым не менш, да канца існавання Рэчы Паспалітай беларускія гарады захоўвалі сваю самастойнасць і эвалюцыянавалі ў бок еўрапейскасці (як з гледзішча форм гарадскога жыцця, так і гарадской архітэктуры), нязважна на войны ХVІІ—пачатку ХVІІІ стcт. Асабліва гэта тычылася Вільні, Гародні, Нясвіжу, куды з другой паловы ХVІІІ ст. хутка праніклі францускія формы гарадскога побыту — балі, канцэрты, рэдуты, салоны. Увогуле на працягу ХVІІ—ХVІІІ стст. гарады былі самастойнымі суб’ектамі вялікай палітыкі, праводзілі самастойныя ваенна-палітычныя дзеянні (Стары Быхаў, Магілёў, Нясвіж, Віцебск).

У Гародні павінен быў праводзіцца кожны трэці вальны сойм Рэчы Паспалітай, якраз там адбыліся падзеі знакамітага маўклівага сойму, гэты горад шанавалі Стэфан Баторы, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Яшчэ адна рыса цывілізацыі — развіццё тэхналогій. Тут старабеларуская культура можа ганарыцца як развіццём вытворчых тэхналогій — будаўніцтвам буйных мануфактур у другой палове ХVІІІ ст., так і дасягненнямі ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, што зрабілі ўплыў на культуру Расеі: выраб поліхромнай кафлі, аб’ёмная разьба. Асобна адзначым уплыў беларускага кнігадрукавання. Тэхналагічна і эстэтычна якасны беларускі посуд з Налібок і Ўрэчча, слуцкія паясы — усё гэта адпавядала густу і ўзроўню развітасці Еўропы.

У другой палове ХVІІІ ст. былі зроблены захады да адмены прыгонніцтва і, значыцца, да перспектыўнага павышэння вытворчасці працы, і логіка гэтага працэсу прывяла б да тых самых вынікаў, як і ў суседняй Польшчы.

Прынцыпам заходняй цывілізацыі адпавядала і палітычная сістэма тагачаснай Беларусі. Зразумела, у шляхецкай краіне казаць пра дэмакратыю ў сучасным сэнсе слова немагчыма — выбіралі і былі абранцамі шляхцічы. Да кіраўніцтва дапускалася таксама вышэйшае, пераважна каталіцкае духавенства. Парламентарызм мы можам назваць вызначальнай канстантай тагачаснай Беларусі таму, што шляхта, гараджане, з іхным магдэбурскім правам, у палітыцы адстойвалі менавіта сваю аўтаномію, незалежнасць — ад караля ці гарадскіх феадальных юрысдыкцый. Ідэя палітычнай, грамадзянскай свабоды, культурнага плюралізму — асноўны матыў грамадскай думкі таго часу.

Заўважнай адметнасцю еўрапейскасці была і наяўнасць добра выяўленай прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці. Для заходняга тыпу цывілізацыі ўласцівы прымат прыватнай уласнасці над агульна-дзяржаўнай маёмасцю — адрозна ад уласнасці ўсходняга тыпу, калі ў першую чаргу зямля належыць цару, увасабляламу дзяржаву, які раздае зямлю ды іншыя сродкі вытворчасці ў асабістае ўладанне, пакідаючы за сабой права, пры нагодзе ці жаданні, забраць усё назад. У гэтым сэнсе прававая маёмасная сістэма Старажытнай Беларусі адпавядала еўрапейскім стандартам. Ужо Статут 1588 г. ахоўваў прыватную маёмасць, забараняючы адбіраць яе з любых прычын, акрамя здрады радзіме. Што да колькаснага складу прыватнаўласніцкіх зямель, маёмасцяў, дык іхная вага адпавядала становішчу нашых зямель на памежжы заходняй цывілізацыі. Прыватнаўласніцкіх гарадоў у другой палове ХVІІ—ХVІІІ стст., паводле дадзеных А.П.Грыцкевіча, было 25 — 49% ад агульнай колькасці (51 горад). Што да пазямельных уладанняў, дык, з дадзеных розных аўтараў, колькасць іх вагалася ў межах 50% ад агульнага зямельнага фонду. Такім чынам, дзяржаўная, каралеўская маёмасць не пераважала на старабеларускіх землях, не была дамінантнай, а значыць,— не дыктавала эканамічных, палітычных умоваў ліцьвінскаму грамадству.

Ад канкрэтна-матэрыяльных пяройдзем да духоўных, ментальных рэчаў. Ментальным характарыстыкам заходняй цывілізацыі ўласцівы такія параметры, як плюралізм думак, індывідуалізм, рацыяналізм, прагматызм, скіраванасць светапогляднай сістэмы на з’явы навакольнай рэчаіснасці, гуманізм, свабодамысленне, а таксама этычная сістэма, што, паводле М.Вебера, упісваецца ў паняцце пратэстанцкай этыкі. Аглядаючы з гэтых пазіцый старажытную ліцьвінскую культуру, можна прыйсці да высновы, што на нашых землях пераважаў менавіта заходні ментальны комплекс.

Што пра такое сведчыць? Па-першае, канфесійная прыналежнасць. У старадаўнія часы, пра якія вядзецца гаворка, веравызнанне, рэлігійная прыналежнасць займалі ў свядомасці людзей месца, якое цяпер займае прыналежнасць этнічная, культурная. Так склалася, што хрысціянская рэлігія, лозунгам якой была канстатаваная св. Паўлам сусветнасць, наклаўшыся на субстратныя этнакультурныя асаблівасці, зрабілася для розных этнакультурных і метакультурных рэгіёнаў сродкам культурнага самавызначэння і, значыць, сродкам этнакультурнага падзелу, дыферэнцыяцыі. Больш за тое, яна зрабілася лакмусавай паперай гэтага адрознення, як было і на беларускіх землях, дзе рэлігійныя справы адыгрывалі ролю ўнутрыэтнічнага падзяляльніка, абцяжарваючы і так складаную карціну этнасацыяльнага падзелу этнасу. Тым не менш, у даследаваны час мы можам казаць аб рэлігійнай, а значыцца, і духоўнай, ментальнай, тыпалагічнай еднасці, аднароднасці беларускай ліцьвінскай культуры. Дзве асноўныя тыпалагічна падобныя канфесіі з’яўляліся дамінантнымі ў дадзены перыяд — каталіцтва і ўніяцтва (у колькасных адносінах); на перыферыі засталіся пратэстантызм і праваслаўе.

Канфесіяй дамінантнай сацыяльна-класавай страты — шляхты — быў каталіцызм. Менавіта ягоная ментальнасць вызначыла асноўныя накірункі дынамікі светапогляднай сістэмы ліцьвінскай культуры таго часу. Каталіцызм згуртаваў сваёй тэалогіяй, рытуалам шматлікія колы грамадства, зрабіўшыся істотным фактарам інтэграцыйных працэсаў як у межах Рэчы Паспалітай, так і Вялікага княства Літоўскага. Разам з тым, беларускай спецыфікай існавання касцёлу быў ягоны элітарны, саслоўны характар. Важна, што, нягледзячы на колькасную перавагу ўніяцкіх кляштараў і плябаній, у гарадах — эпіцэнтрах цывілізацыі — пераважалі каталіцкія кляштары. З паказнікаў за 1790 г., пададзеных Я.Марашам, у гарадах было 345 каталіцкіх плябаній (уніяцкіх — 201). На беларускіх землях, як і ў Еўропе наагул, істотнай асаблівасцю каталіцкай канфесіі было тое, што яна амаль не змешвалася з паганскімі светаўяўленнямі, выцясняючы іх на перыферыю ці дашчэнту знішчаючы, і вялікую ролю ў гэтым адыграў ордэн езуітаў. Там, дзе быў касцёл, ужо не заставалася месца народным паганскім звычаям, традыцыям. І ў гэтым сэнсе каталіцызм рэзка адрозніваўся ад характару функцыянавання праваслаўя і ўніяцтва. Гэтыя канфесіі, асабліва апошняя, былі шырока распаўсюджаны сярод сельскага насельніцтва, уступіўшы ў сінтэз з традыцыйным паганствам. Гэта тлумачыцца найперш арганізацыйнай саслабласцю праваслаўя і паўсталага з яго, у сваіх асноўных абрадах, уніяцтва.

Такім чынам, каталіцызм, па сутнасці, правёў мяжу ў грамадстве, якая раз’яднала яго не толькі тэалагічна, але і культурна, падзяліўшы — з перавагай — на хрысціянскую (каталіцкую) частку і спажыўцоў сінкрэтычнай хрысціянска-паганскай тэакультуры. Заслугоўвае ўвагі той факт, што гэты падзел меў ізноў-такі сацыяльны характар: каталікамі былі збольшага шляхцічы, уніятамі — сяляне. І гэтак, на Беларусі фактычна ўсталяваўся саслоўна-канфесійны плюралізм, які сумяшчаў хрысціянскія і паганскія светапоглядныя сістэмы. Суіснавалі чатыры хрысціянскія канфесіі, а таксама іслам, юдаізм. Феномен рэлігійных войнаў, гугенотаў і Ла-Рашэлі, пераследы старавераў у Расеі — на Беларусі такое было немагчыма. Рэлігійная афарбоўка войн ХVІІ ст. была прынесена звонку — украінскімі казакамі і Масковіяй, а таксама польскім урадам. Канфлікты на рэлігійнай глебе тычыліся ў асноўным кліру і не закраналі шырокіх колаў насельніцтва.

З каталіцызмам на Беларусь прыйшла тыповая еўрапейская, раманская набожнасць, з ейнай апанаванасцю, экзальтаванасцю, містыцызмам. Сучаснікі адзначалі нават крыху гіпертрафаваную набожнасць тагачасных шляхцічаў, якая праяўлялася часам у досыць экзатычных рытуалах (самазанішчэнне). Разам з каталіцызмам прыйшла і повязь рэлігіі з грамадскім жыццём, актыўная роля царквы ў тагачасным грамадскім побыце, што дасягалася праз актыўную прапаведніцкую дзейнасць, кнігавыданне, адукацыю, якая практычна была ў руках езуітаў, піяраў, а таксама праз дзейнасць вышэйшых касцёльных ярархаў у органах дзяржаўнага кіравання. У выніку ўсталявалася еўрапейская мадэль суадносін дзяржавы і царквы, калі царква, быўшы фармальна незалежнай, актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці, праводзячы сваю ідэалогію і палітыку. Адзначым асобна, што на Беларусі не змагла скласціся візантыйская, расейская мадэль узаемаадносін між царквой і дзяржавай, калі першая выяўляецца функцыяй апошняй, што, перадусім, тлумачылася эканамічнай незалежнасцю касцёлу, істотнай крыніцай прыбытку якога былі прыватныя фундацыі.

Ідэалогіяй і асабістым прыкладам святароў, манахаў каталіцызм выхоўваў адпаведны светапогляд, зарыентаваны на дзейны, актыўны пачатак, на дзейнасць у імя Бога і для чалавека. Актыўны, дзейны тып шляхціча, грамадзяніна той эпохі шмат чым абавязаны сваім існаваннем каталіцкім місіянерам, касцёлу наагул.

Яркая рыса еўрапейскага менталітэту — рацыяналізм, прагматызм. З улікам вялікай колькасці разнастайных прымхаў і забабонаў у мысленні тагачаснага шляхціча ці гараджаніна (вера ў чарадзейства, шкодніцтва д’ябла), можна сцвярджаць, што мысленне чалавека той эпохі было пераважна рацыяналістычным, а ўчынкі абумоўліваліся прагматычнай светаўстаноўкай. З канца ХVІ ст. у княства прыйшла касмапалітычная, пашыраная ў раманскіх краінах Еўропы езуіцкая адукацыйная сістэма, заснаваная на веданні лацінскай, а таксама грэцкай моў, сямі свабодных мастацтваў, у падмурку якое ляжала еўрапейская “гуманітарнасць” і фарпастамі якое былі Віленская езуіцкая акадэмія ды калегіюмы. Гэта азначае, што выкладанне вялося, зыходзячы з ерархічнай логікі, калі абіраліся некалькі асноўных паняццяў, ланцуг ад якіх цягнуўся да менш агульных, і ў выніку атрымлівалася сістэма паняційнай ярархіі, здольная дакладна сістэматызаваць бачанне навакольнага свету ў галаве маладога чалавека. Акрамя гэтага, у падмурку выкладання гуманітарных дысцыплін ляжала арыстоцелеўская логіка, дапоўненая Дэкартам. У навучальных установах Беларусі досыць хутка бралі на ўзбраенне апошнія дасягненні еўрапейскай навукі: працы Дэкарта, Бэкана, Канта, Гегеля, Русо, Вальтэра, а таму адукацыйная ментальная сістэма старажытнага ліцьвіна была часткай еўрапейскай духоўнасці гэтак жа, як і ейны асноўны інструментар — бібліятэкі, адмыслова аздобленыя навучальныя кабінеты, абсерваторыя, батанічны сад, газеты і г.д. Ніколі больш цягам беларускай гісторыі адукацыя не была так максімальна набліжана да еўрапейскіх стандартаў, як у ХVІІ—ХVІІІ стст.

Практыцызм старажытных ліцьвінаў мае складаны лёс: заміналі яму традыцыя шляхетнай шыкавальна-рамантычнай ментальнасці, далёкай ад меркантылізму, забарона займацца рамяством і гандлем. Тым не менш, менавіта ў шляхецкіх маёнтках былі адчынены ў другой палове ХVІІІ ст. першыя мануфактуры (Урэчча, Налібокі, Слуцак), менавіта шляхта складала аснову асветніцкаай эліты.

Культура еўрапейскага Асветніцтва са сваёй рацыяналістычнай дамінантай, прыйшла на нашы землі з актыўнам удзелам шляхты, хаця больш лагічным было б пашырэнне яе праз гарадскую купецка-буржуазную праслойку. Шляхта — стваральніца буржуазнай па духу Канстытуцыі 3 мая 1791 г., яна ж пачала рэформу адукацыі ў кірунку яе секулярызацыі. Менавіта шляхта ўпершыню пачыла ажыццяўляць праекты вызвалення сялян ад прыгоннай залежнасці, і, калі б не далучэнне да Расеі, прыгонніцтва магло быць скасавана на беларускіх землях значна раней за 1863 г. — блізка да таго, як гэта адбылося ў Польшчы. Паступова шляхта перарабіла свой менталітэт у бок прагматызму, прадпрымальніцтва, узяла ў свае рукі ініцыятыву стварэння буржуазнага ладу жыцця.

Яшчэ адна выяўленая еўрапейская рыса — індывідуалізм, высокая роля ў свядомасці, грамадскай і асабістай, дзейнасці індывідууму. Увогуле культура Вялікага княства Літоўскага, у прававым падмурку якой ляжалі артыкулы Статуту, грунтавалася якраз на прыярытэце правоў асобы, максімальнай абароны ейнае недатыкальнасці — найперш маёмаснай, а таксама свабоды сумлення, перамяшчэння. Пра ліцьвінскую культуру можна казаць і ў тым сэнсе, што мы маем феномен нават гіпертрафаванага індывідуалізму, які, не выключана, і загубіў гэтыя культуру і краіну. Традыцыйны шляхецкі індывідуалізм набыў у ХVІІ—ХVІІІ стст. новае аблічча, зрабіўшыся тым, што мы можам назваць шляхецкім барочным індывідуалізмам, маючы на ўвазе, што барока — стыль вычварны, гіпертрафаваны. Барочны індывідуалізм праявіўся перш-наперш у палітычным жыцці — гэта правіла “ліберум вета” і сістэматычныя зрывы працы сойму, бясконцыя канфедэрацыі, барацьба палітычных партый і магнацкіх груповак (асабліва Радзівілаў з Сапегамі), франдзіраванне каралю, наезды (самастойнае выкананне прыватнымі асобамі судовых распараджэнняў — нападамі на маёнтак).

Наагул жа тагачасная шляхта паказала сваю поўную няздольнасць згрупавацца на нейкай агульнай дзяржаўнай ідэі, што й сталася за прычыну распаду краіны.

Між тым, шляхецкія ідэалы вольнасці і роўнасці, служэння Айчыне і Богу перайшлі ў наступную эпоху, зрабіўшыся сістэмаўтваральнымі фактарамі вызваленчай барацьбы, паўстанняў канца ХVІІІ—ХІХ стст.

У пабытовай сферы індывідуалізм праяўляўся ў развіцці мемуарнай літаратуры, а таксама ў такіх негатыўных з’явах, як выкарыстанне фізічнай сілы для вырашэння спрэчных сітуацый (сістэматычныя бойкі на сойміках і соймах, распаўсюджанне двухбояў).

Што да індывідуалізму ў іншых саслоўях, дык трэба адзначыць нарастанне яго ў сялян, што выяўлялася ў падзелах вялікіх сем’яў. Пачатак гэтага працэсу быў пакладзены рэформай на валокі ў 1577 г., якая была цалкам ажыццёўлена ў заходніх і цэнтральных вобласцях краіны. У выніку ў наступным, ХІХ ст., этнографы пісалі пра беларускага вяскоўца як пра найвялікшага аднаасобніка (У.Шэйн).

Асобна адзначым рост жаночага індывідуалізму. Права жанчыны гарантаваў Статут, становішча ейнае — як у вёсцы, так і ў горадзе — было досыць прыстойным. Вядомы храніст ХVІ ст. М.Літвін нават пісаў пра залішнюю свабоду жанчын у Старажытнай Літве. Новы прарыў у паводзінах шляхцянак і гараджанак пачаўся з другой паловы ХVІІІ ст., калі яны актыўна сталі ўдзельнічаць у грамадскіх увесяленнях, найперш — у балях, рэдутах. Феномены драматургічнай, тэатральнай дзейнасці У.Радзівіл, мемуарыстыкі С.Пільштынавай — сведчанне росту жаночага індывідуалізму.

Мастацкае жыццё, культура Беларусі існавалі ў рэчышчы асноўных еўрапейскіх стыляў таго часу — позняга рэнесансу, барока, ракако, класіцызму, культуры Асветніцтва. Асноўнае месца сярод гэтых стыляў займала барока. Напэўна, не адзін гісторыка-культурны стыль не ахопліваў беларускае культуры так шырока і поўна, як гэты — ад архітэктуры да побыту. Адзначым як станоўчую еўрапейскую з’яву тое, што, як і патрэбна для аптымальнага існавання, культура ліцьвінскага барока была прадстаўлена трыма часткамі — культурай вышэйшага, сярэдняга і нізовага барока, і гэта адпавядала характару ейнага існавання ў Еўропе ды спрыяла плённаму развіццю.

Заўважым, што гэта быў час досыць сінхроннага рэзанавання еўрапейскіх культурных працэсаў на беларускіх землях — так, у Нясвіжы першы на землях Усходняй Еўропы касцёл у стылі барока быў збудаваны Д.М.Бернардоні ў канцы ХVІ ст., а на пачатку ХVІІ ст. паўстаў барочны касцёл францысканскага манастыра ў Гародні. Тагачасная культура на нашых землях развівалася з непасрэдным італьянскім, нямецкім, францускім, англійскім, галанскім — наагул заходнееўрапейскім уплывам, які наўпрост рэпрэзентавала вялікая колькасць заходніх майстроў — аріхтэктараў, мастакоў, музыкаў, балетмайстраў, філосафаў, іншых навукоўцаў, працавалых на беларускіх землях.

У галіне архітэктуры, мастацтва Беларусь не толькі засвоіла лепшыя еўрапейскія ўзоры, але й стварыла арыгінальныя інтэрпрэтацыі, якія й склалі этнічную адметнасць беларускай тагачаснай культуры. У галіне культавай архітэктуры італьянскія каталіцкія барочныя ўзоры перайшлі ва ўніяцкую, праваслаўную архітэктуру — як мураваную, так і драўляную; у другой палове ХVІІІ ст. стварылася адметнае віленскае барока, больш выяўленае, як лічаць польскія даследчыкі, за тагачасную касцёльную архітэктуру Польшчы, якое, поруч з беларускай готыкай, сталася адной з найбольш адметных этнавызначальных з’яў у галіне архітэктуры. Працягвалася плённая перапрацоўка еўрапейскіх уплываў і ў выяўленчым мастацтве: развівалася, разгаліноўваючыся на розныя плыні, беларуская іканапісная школа; з моцным еўрапейскім уплывам эвалюцыянаваў парадны барочны сармацкі партрэт, у якім поруч з польскімі, францускімі, нямецкімі рысамі, выяўляліся мясцовыя — гарадзенская і цэнтральнабеларуская; еўрапейскія традыцыі былі ўласцівы і графіцы. Тое ж можна сказаць і пра скульптуру, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З другой паловы ХVІІІ ст. з уплывамі позняга барока, ракако, класіцызму ў культуру Беларусі шырока ўвайшлі музыка, музычны тэатар, які стаў адным з лепшых у Рэчы Паспалітай.

3. Гісторыка-культурная стылістыка ХІХ—ХХ стст.

Наступны гістарычны перыяд канца ХVІІІ — пачатку ХХ стст. — час пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай і ўваходжання Беларусі ў склад Расейскай імперыі характарызаваўся істотным зніжэннем прысутнасці сістэмаўтваральных еўрапейскіх элементаў на беларускіх землях. Гэта звязана з шэрагам адміністратыўных, ваенных мерапрыемстваў расейскага ўраду канца ХVІІІ — 30-х гг. ХІХ стст., асноўны змест якіх — уніфікацыя мясцовага жыцця, інтэграцыя яго ў палітычную, эканамічную, кульутрную сістэму Расеі. Гэта перш-наперш скасаванне магдэбурскага права ў гарадах, соймаў, Статуту, мясцовай судовай сістэмы, увядзенне цэнзуры, рэкрутчыны, рэпрэсіі супраць асноўнай апазіцыйнай сілы — шляхты: арышты, канфіскацыя маёмасці і перадача яе расейскім дваранам, дэпартацыя шляхецкіх сем’яў у Сібір.

Змянілася і канфесійная сітуацыя: уніяцтва было скасавана, вернікі перайшлі пераважна ў праваслаўе ці парабіліся каталікамі. Закрыццё Віленскага ўніверсітэту, Полацкай езуіцкай акадэміі, калегіюмаў, а таксама забарона атрымання ўніверсітэцкай адукацыі за мяжой істотна знізілі інтэлектуальны патэнцыял краю. Нягледзячы на шматлікія просьбы мясцовай грамадскасці, край застаўся без універсітэцкай адукацыі, што выклікала міграцыю інтэлектуалаў, прадстаўнікоў творчых прафесій.

Далейшым лагічным уніфікайцыйным крокам была забарона старажытных назваў беларускіх зямель — Літва, а таксама Беларусь, забарона друку па-беларуску. Гэтыя ды іншыя каланізацыйныя захады парушалі традыцыйныя прынцыпы талерантнасці, плюралізму.

Аднак, паміж іншага, Расея таго часу знаходзіліся пад істотным еўрапейскім уплывам. Заходнія яе часткі ўтваралі скрайні, усходні, культурны рэгіён Еўропы.

Такім чынам, Беларусь дарэшты не страціла еўрапейскасць сваёй культуры — еўрапейскасць папросту маргіналізаваліся.

Змяніліся і каналы атрымання еўрапейскай культурнай інфармацыі: цяпер яна ішла са сталіцы Расеі, вышэйшых расейскіх навучальных устаноў, куды патраплялі выхадцы з Беларусі, хаця, пры гэтым, у мастакоў засталася магчымасць жыць і працаваць у Еўропе. У беларускім мастацтве, літаратуры ўсё-ткі відзён працяг тагачасных еўрапейскіх стыляў — класіцызму (пераважна — у архітэктуры і жывапісе), рамантызму (жывапіс В.Ваньковіча, багатая літаратурная плыня — А.Міцкевіч, Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, інш.), архітэктурнай эклектыкі (неаготыкі, неарэнесансу, неабарока), рэалізму (мастак Н.Сілівановіч, пейзажы А.Гараўскага, нацюрморты і партрэты І.Хруцкага, творчасць класікаў беларускай літаратуры Я.Купалы, Я.Коласа, інш.), сентыменталізму (творы В.Дуніна-Марцінкевіча). Між тым, беларускае дойлідства дапоўніў візантыйска-рускі стыль.

На пачатку ХХ ст. еўрапейскія ідэі дэмакратыі, нацыянальнага самавызначэння, а таксама рэвалюцыі ў Расеі прывялі да ўтварэння БНР і, крыху пазней, БССР. У Беларусі атрымаў развіццё мадэрнізм, больш за тое,— Віцебск у 1918—1922 гг. быў адным з ягоных эпіцэнтраў еўрапейскага маштабу: тут працавалі М.Шагал (у значнай ступені тут і сфармаваўся ягоны лірычны сюррэалізм), Эль-Лісіцкі — абодва ёсць ураджэнцамі Беларусі), К.Малевіч (напісаў тут свае славутыя праграмныя працы, у тым ліку,— “Супрэматызм”), М.Дабужынскі, Р.Фальк, іншыя мастакі-мадэрністы. У Беларускім выяўленчым мастацтве атрымалі развіццё асноўныя накірункі мадэрнізму — сімвалізм (Ф.Рушчыц), беспрадметнае мастацтва (К.Малевіч, Эль-Лісіцкі, Н.Лежэ), сюррэалізм (М.Шагал, Я.Драздовіч), кубізм (А.Станюта), экспрэсіянізм (М.Філіповіч), вяліся імпрэсіянісцкія і неаімпрэсіянісцкія пошукі (В.Бялыніцкі-Біруля, У.Кудрэвіч, Г.Вейсінгоф).

Развівалася і новая, функцыяналісцка-канструктывісцкая архітэктура (Дом ураду, Дзяржаўная бібліятэка, тэатар оперы і балету, інш.). Яна характарызуецца стрыманасцю, лаканізмам выразных сродкаў, імкненнем да сіметрыі, што набліжае яе да традыцый беларускай готыкі, беларускага дойлідства наагул.

У беларускай літаратуры еўрапейскі мадэрнісцкі ўплыў праявіўся ў сімвалізме М.Багдановіча, элементах плыні свядомасці ў творчасці К.Чорнага, пэўных дэкадэнсцкіх настроях Я.Купалы, футурызме паэтаў суполкі “Ўзвышша”. Этнакультурная спецыфіка выяўлялася ў характары перапрацоўкі еўрапейскай стылістыкі, у накладванні яе на фальклорна-этнаграфічныя, неарамантычныя элементы ў творчасці М.Філіповіча, М.Шагала, Ф.Рушчыца, Я.Купалы, М.Багдановіча.

Яркім прыкладам сюррэалістычнай інтэрпрэтацыі касмічнай тэмы з’яўляецца ў творчасць Я.Драздовіча, якая не мае аналагаў у тагачасным еўрапейскім мастацтве.

З усталяваннем савецкай таталітарнай сістэмы, метаду сацыялістычнага рэалізму БССР як частка СССР пакінула межы еўрапейскага культурнага рэгіёну. Вяртанне да еўрапейскай культурнай стылістыкі адбылося ў часы адлігі 1960—1970-х гг. у творчасці шэрагу мастакоў — М.Селяшчука, А.Марачкіна, А.Ісачова, Л.Шчамялёва, інш., у працах якіх назіраліся яскравыя праявы неарэалізму, неарамантызму, постмадэрнізму.

У літаратуры еўрапейскаму мадэрнізму адпавядае творчасць паэта А.Разанава, у стылістыцы еўрапейскай псіхалагічнай прозы развівалася творчасць В.Быкава.

Беларуская архітэктура 1970-х гг. зноў перайшла да форм сучаснай архітэктуры (забудова праспекту Машэрава, Зялёнага Лугу ў Мінску).

Найбольш адэкватна датычна еўрапейскіх культурных працэсаў развіваецца ў краіне неафіцыйнае мастацтва — жывапіс, перформанс, інсталяцыя, мастацкая фатаграфія.

Такім чынам, беларуская культура ў сваім развіцці абапіралася на еўрапейскую культурную традыцыю. Разам с тым, заходне-еўрапейскія ўплывы чаргаваліся з расейскімі ці расейска-савецкімі.

Літаратура

1. Гісторыя беларускага мастацтва. Т.1-5. —Мн., 1987—1991.

2. Соколов А.Н. Теория стиля. —М., 1968.

3. Высоцкая Н.Ф. Искусство Белоруссии ХІІ—ХVІІІ вв. —М., 1994.

4. І.Абдзіраловіч. Адвечным шляхам. —Мн., 2000.

You may also like...