Інгела Уодбрынг (Швецыя). Швэдскія медыі: сучасны стан і развіццё
Плян:
1. Уводзіны
2. Газэтны рынак
3. Радыйны рынак
4. ТБ рынак
5. Лічбавыя мэдыя
6. Мэдыя арганізацыі
7. Агульныя тэндэнцыі
8. Рэкамэндаваная літаратура
1. Уводзіны
Разьвіцьцё мэдыя ў розных краінах сьвету, часткова з прычыны непадобных палітычных умоваў, выяўляе розныя тэндэнцыі. Скандынаўскія краіны — такія як Швэцыя, Нарвэгія, Данія, Фінляндыя і Ісляндыя — маюць прыкладна аднолькавыя сыстэмы мэдыя, для якіх характэрныя моцная прэса, незалежная прафэсыйная пазыцыя журналістаў ды згода на тое, што дзяржава можа ўмешвацца ў працэсы разьвіцьця мэдыя, але зусім ня ў іхны кантэнт. Да пачатку 1990-х гадоў Швэцыя мела няшмат мэдыя, аднак цягам апошняга дзесяцігодзьдзя сытуацыя істотна зьмянілася.
2. Газэтны рынак
Швэдзкі газэтны рынак традыцыйна моцны. Каля 75% дарослага насельніцтва краіны чытае ў сярэднім адну газэту на дзень, і сярэдні час на чытаньне газэты складае прыкладна 30 хвілін. На сёньня ў Швэцыі выдаецца каля 150 газэтаў. Зь іх каля 60-ці выходзяць толькі адзін ці два разы на тыдзень і маюць малыя наклады. Для газэтнага рынку краіны ўласьцівыя наступныя асаблівасьці:
— газэты зьяўляюцца галоўным чынам лякальнымі ці рэгіянальнымі, і толькі два таблёіды, адну штодзённую газэту і адну бізнэсовую газэту можна разглядаць як агульнанацыянальныя выданьні;
— каля 95% традыцыйных газэтаў распаўсюджваюцца праз падпіску і раніцай дастаўляюцца падпісчыкам да хаты;
— амаль усе сацыяльныя групоўкі чытаюць газэты, аднак цягам апошняга дзесяцігодзьдзя заўважнае падзеньне чытацкага попыту сярод “блакітных каўнерыкаў”;
— існуе дзяржаўная сыстэма субсыдыяў для падтрымкі слабых газэтаў на рынку;
— выразная прысутнасьць бясплатных штодзённых газэтаў у галоўных гарадах краіны.
Цягам апошніх трох дзесяцігодзьдзяў швэдзкі газэтны рынак, параўнальна са шмат якімі іншымі, быў адносна стабільны. Аднак з сярэдзіны 1980-х гадоў наклады платных газэтаў пачалі зьніжацца. Агульны наклад платных газэтаў, што выходзілі як мінімум два разы на тыдзень, у 2009 г. быў каля 3,4 мільёнаў асобнікаў. А калі дадаць сюды бясплатныя і нештодзённыя газэты, то агульны наклад складзе каля 4,5 мільёнаў асобнікаў. Пры гэтым менавіта бясплатныя штодзённыя газэты маюць высокія наклады.
Што да рынку рэклямы, дык платныя газэты мелі 25% гэтага рынку ў 2009 г., а бясплатныя — каля 6%. Агулам кажучы, швэдская газэтная індустрыя канца 1990-х гадоў была прыбытковым бізнэсам. Нядаўняя эканамічная крыза 2008-2009 гг. з-за зьмяншэньня аб’ёмаў рэклямы спрычынілася да яго падзеньня. Публікацыя рэклямы ў платных газэтах паступова зьнізілася, аднак усё ж захавалася на дастаткова высокім узроўні, калі сыходзіць з міжнародных стандартаў. Разам з тым газэтная індустрыя захавала ранейшыя аб’ёмы вытворчасьці.
Мясцовыя газэты ўжывалі дзеля гэтага розныя стратэгіі. Важнай мерай супраць падзеньня накладаў было разьвіцьцё зьместу выданьняў, асабліва таго, што можна назваць “інструмэнтальным кантэнтам”, напрыклад, старонкі для спажыўцоў. Таксама газэты пачалі падаваць больш навінаў пра забаўляльныя імпрэзы, пра музыку. Да таго ж, усе яны займелі інтэрнэт-вэрсіі, надаючы асаблівую ўвагу разьвіцьцю кантэнту, што прадукавалі самі чытачы. Другая мера палягала ў зьмене фармату газэты ад шырокапалоснага выданьня да таблёіда. У кірунку гэтага фармату паступова мянялася мясцовая прэса, але ў 2004 г. тое сталася асабліва відавочным, калі ўсе галоўныя газэты буйных гарадоў ператварыліся ў таблёіды. Нарэшце, найбольш важнай з эканамічнага пункту гледжаньня мерай сталася зьліцьцё мясцовых газэтных кампаніяў і ўзбуйненьне газэтных канглямэратаў праз набыцьцё газэтаў і ўлучэньне іх у свой склад.
Структура газэтнай уласнасьці ў Швэцыі цягам апошняга дзесяцігодзьдзя істотна зьмянілася. Сёньня на месцы малых сямейных кампаніяў на мэдыя рынку дамінуе некалькі актараў, такіх як “Боніер Груп” (Bonnier Group), “Стампэн Груп” (Stampen Group), і нарвэжская “Шыбстэд Груп” (Schibsted Group).
3. Радыйны рынак
Радыё ў Швэцыі зьявілася ў 1925 г. Праз моцны публічны кантроль яно было фактычна манапалізавана грамадзтвам. Ад самага пачатку на радыё была забароненая рэкляма. У 1978 г. няўрадавым арганізацыям было дэлегавана права разьвіваць (па-за сыстэмай грамадзкага радыё) так званае “суседзкае” радыё (пазьней з гэтага паўстала радыё мясцовых супольнасьцяў). І толькі ў 1993 г. гэтае радыё было пераведзена на камэрцыйную аснову. Экспэрымэнты з лічбавым радыё пачалі праводзіцца з канца 1990-х гадоў, аднак ніякіх далейшых захадаў не было зроблена.
У 2009 г. штодзённа радыё слухала 73% швэдаў. А сярэдні час на слуханьне складаў каля 115 хвілінаў на дзень, аднак у апошнія гады час, прысьвечаны радыё, паступова скарачаецца.
На радыйным рынку дамінуе кампанія “Швэдзкае радыё”, якое мае статус грамадзкай радыйнай службы. Гэта кампанія мае тры нацыянальныя каналы, P1 (навіны, культура і грамадзкае жыцьцё), P2 (клясычная музыка), P3 (для моладзі) і адзін рэгіянальны канал, P4, які падае навіны ды паведамляе пра бягучыя справы з 25 рэгіёнаў краіны. У зьмесьце праграмаў канала P4 прысутнічае таксама і агульнанацыянальная інфармацыя ўлучна з навінамі і спортам. Канал разьлічаны на ўзроставую групу ад 40 і вышэй і зьяўляецца каналам з найвышэйшым рэйтынгам.
Фармальна прыватнае радыё — гэта мясцовыя станцыі, якіх агулам каля 90. На самым пачатку частоты для прыватнага радыё прадаваліся на аўкцыёне і каштавалі дастаткова дорага, аднак інструкцыя ад 2001 г. ужо прадугледжвае працэс перамоваў. І ад таго часу, як паўстала камэрцыйнае радыё, атрымалі разьвіцьцё чатыры радыёсеткі, якія выразна прэтэндавалі на ахоп усёй тэрыторыі краіны. Але пазьней яны зьліліся ў дзьве, а менавіта — гэта сетка радыё MTG і сетка радыё SBS. Радыё MTG мае 46 станцыяў, а SBS — 40. Гэтыя дзьве сеткі перадаюць агульнанацыянальную інфармацыю праз мясцовыя радыёстанцыі. Ад самага пачатку прыватны радыёрынак знаходзіўся пад эканамічным уціскам. Станцыі, як тое чакалася, ня здолелі стварыць вялікую аўдыторыю, і таму іхны прыбытак ад рэклямы быў вельмі нізкі, на палову меншы за сярэднеэўрапейскі. Большасьць станцыяў неслі страты, за выключэньнем тых, што былі моцна арыентаваныя на мясцовыя патрэбы.
Радыёстанцыі мясцовых супольнасьцяў (камунальнае радыё) звычайна працуюць у радыюсе 10 кілямэтраў. Права на вяшчаньне ў гэтым фармаце маюць толькі непрыбытковыя арганізацыі, і плата за выкарыстаньне частаты для іх нізкая. Але на пачатку 21 ст. ім таксама дазволілі выкарыстоўваць этэр для рэклямы. У 2009 г. каля 900 арганізацыяў мелі права вяшчаць праз камунальнае радыё, што заўважна менш, чым дзесяць гадоў таму. Паміж камунальнымі радыёстанцыямі існуюць даволі вялікія адрозьненьні. Некаторыя зь іх, гэтак жа сама, як і прыватныя мясцовыя радыёстанцыі, зьяўляюцца камэрцыйнымі, іншыя ж больш ідэалістычныя, як, напрыклад, імігранцкія радыёстанцыі, што працуюць на мове той ці іншай нацыянальнай супольнасьці.
4. ТБ рынак
Ад пачатку свайго ўзьнікненьня швэдзкае тэлебачаньне разьвівалася як выключна грамадзкае і мела толькі адзін канал. Але ў 1969 г. зьявіўся другі канал. У другой палове 1980-х гадоў паўсталі прыватныя тэлевізыйныя каналы, якія фінансаваліся за кошт рэклямы. Паколькі ў краіне добра разьвіта кабельнае тэлебачаньне, то з узьнікненьнем сатэлітовых каналаў яно сталася асновай рынкавай канкурэнцыі паміж імі. У 1987 г. пачаў сваё вяшчаньне канал TV3, колькі гадоў пазьней — Паўночны канал (Nordic Channel), а яшчэ пазьней — Канал 5 (Kanal 5). Абодва апошнія каналы трансляваліся з-за мяжы. Пасьля праведзенага тэндэру на падставе рашэньня 1991 г. канал TV4 атрымаў ліцэнзыю і перайшоў з сатэліта ў наземны фармат. У 2007 г. быў цалкам завершаны пераход на лічбавае тэлебачаньне, што зрабіла Швэцыю адным з піянэраў выкарыстаньня новай тэхналёгіі.
З разьвіцьцём камэрцыйнага тэлебачаньня на пачатку 1990-х гадоў разьвіваўся і рынак рэклямы. У 2009 г. на тэлебачаньне прыпадала 15% рынку рэклямы. Эканамічная рэцэсыя зьменшыла прыбыткі тэлевізыйных каналаў ад рэклямы, аднак у меншым аб’ёме, як тое чакалася.
Штодзённа прыкладна 85% швэдаў глядзяць ТБ. І час на прагляд складае ў сярэднім 110 хвілін на чалавека. Параўнальна з іншымі эўрапейскімі краінамі швэды глядзяць ТБ меней. Гэтыя лічбы застаюцца адносна стабільнымі, аднак зьмест каналаў цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў істотна зьмяніўся.
Грамадзкае тэлебачаньне, параўнальна зь іншымі каналамі, традыцыйна адыгрывае галоўную ролю. Самы папулярны канал SVT1, і скіраваны ён на самыя шырокія інтарэсы, у той час як канал SVT2 крыху больш спэцыялізаваны. Да таго ж, SVT24 — канал, што 24 гадзіны на суткі падае навіны і распавядае пра бягучыя справы. SVT мае таксама дзіцячы канал, і яшчэ адзін канал, які паказвае адукацыйныя праграмы і дакумэнтальныя фільмы.
Галоўным камэрцыйным вяшчальнікам на сёньня зьяўляецца TV4. Гэтая кампанія мае ліцэнзыю наземнага камэрцыйнага вяшчаньня да 2014 г. З уласнай інфармацыі кампанія прадукуе выпускі навінаў і бягучых справаў. Пашыралася кампанія за кошт каналаў, што паказваюць мастацкія фільмы, спорт і перадачы, прысьвечаныя модзе. Кампаніяй валодае швэдзкі мэдыйны канглямэрат Bonnier AB. Яшчэ двума буйнымі каналамі зьяўляюцца TV3 і Kanal 5, абодва паказваюць галоўным чынам амэрыканскія забаўляльныя праграмы. Канечне ж, швэды могуць глядзець замежныя сатэлітовыя каналы. Зь ліку замежных каналаў толькі зусім малая колькасьць мае болей за 1% тэлерынку.
5. Лічбавыя мэдыя
У 2009 г. больш за 80% швэдзкага насельніцтва ва ўзросьце ад 15 да 85 год мела дома доступ да інтэрнэту. Дзьве траціны швэдаў рэгулярна карыстаюцца інтэрнэтам. І колькасьць карыстальнікаў павялічваецца. Аднак у залежнасьці ад узроставых групаў існуюць адрозьненьні: сярод маладых людзей прыкладна 90% карыстаюцца інтэрнэтам, сярод людзей ва ўзросьце пасьля 65 год гэта лічба складае 35% (2009 г.). Інтэрнэт выкарыстоўваецца галоўным чынам як пошта, для пошуку інфармацыі і навінаў. Разам з тым у інтэрнэце апошнім часам хутка павялічваецца рэкляма. Але прыбытак ад рэклямы ў інтэрнэце маюць нетрадыцыйныя мэдыя кампаніі. У 2009 г. інтэрнэт меў 18% рынку рэклямы ў краіне.
У сярэдзіне 90-х гадоў ці крыху пасьля шмат якія газэты займелі інтэрнэт-вэрсыі. І напачатку 21 ст. амаль усе швэдзкія газэты мелі электронныя вэрсыі, пры гэтым яны імкнуліся знайсьці такі фармат падачы інфармацыі, які дапаўняў бы папяровую вэрсыю, напрыклад, абнаўленьне навінаў ці спэцыяльныя паслугі. Найбольш папулярная да сёньняшняга дня інтэрнэт-крыніца — Aftonbladet.se, створаная газэтай з той жа назвай у 1995 г . (гэта таблёід, што прадаецца ў раздроб). З пункту гледжаньня чытацкай канкурэнтаздольнасьці відавочна, што прадаваныя ў раздроб таблёіды былі паступова заменены інтэрнэт-вэрсыямі. Што да падпісных ранішніх газэтаў, то сытуацыя тут адрозная. Друкаваныя вэрсыі цалкам дамінуюць, і ў той жа час паступова расьце цікавасьць да электроннай вэрсыі, праўда, гэты рост (ён большы) несувымерны падзеньню падпіскі. Разам з тым падпісныя выданьні стварылі паслугу, калі праз мабільны тэлефон можна атрымаць навіны, аднак падпіска на навіны праз мабільнік дагэтуль нізкая.
Што да двух галоўных сайтаў тэлевізыйных кампаніяў SVT.se і TV4.se, то іх наведвальнасьць значна меншая за наведвальнасьць электронных вэрсыяў нацыянальных газэтаў. Галоўнай інфармацыйнай крыніцай тэлебачаньня па-ранейшаму зьяўляецца Youtube. У сацыяльных мэдыя (сацыяльных сетках) дамінуюць амэрыканскія сайты, напрыклад, Facebook. І гэта пры тым, што існуе шэраг швэдзкіх сайтаў, якія належаць газэтам. У 2005 г. швэдзкае радыё стварыла падкастынгі. І на сёньня налічваецца амаль 1000 каналаў. Да гэтага часу падкастынгавымі каналамі карыстаецца адносна няшмат людзей, але іх колькасьць расьце.
Адначасова паўсталі ініцыятывы стварыць онлайн-мэдыя, якія ня маюць аналягаў у выглядзе друкаванай ці радыйнай вэрсыі. Аднак да гэтага часу гэтыя спробы аказаліся непасьпяховымі. Адна з відавочных прычынаў — праблема з прыцягненьнем рэклямы. Гэта фактычна азначае, што бальшыня газэтаў па-ранейшаму губляе грошы на падтрымцы сваіх электронных вэрсыяў. Разам з тым онлайнавыя паслугі разглядаюцца як важны дадатак да традыцыйных вэрсыяў газэты, радыё і ТБ, а таксама — як інвэстыцыя ў будучыню.
Ад 1990-х гадоў у Швэцыі існаваў моцны інтарэс да лічбавых мэдыя. Гэта вынікала з таго, што ў краіне тады была дастаткова вялікая колькасьць інтэрнэт-карыстальнікаў, а таксама з таго, што на ранніх стадыях прыватныя гаспадаркі інвэставалі ў разьвіцьцё сетак шырокапалоснай камунікацыі. Лічбавыя мэдыя сталіся таксама і той галіной, у якой свае ініцыятывы зрэалізоўвалі маладыя прадпрымальнікі, крытычна настроеныя супраць традыцыйных мэдыя. Таму ня дзіўна, што швэды мелі дачыненьне да альтэрнатыўнай тэлефону сыстэмы Skype (2003), а таксама сыстэмы “Пірацкая затока” (2003). Разам з тым міжнародна прызнаныя сайты, зь якіх легальна можна спампаваць музыку (Spotify, 2006) і фільмы (Voddler, 2009) швэдзкага паходжаньня. Свабода камунікацыі ў інтэрнэце выклікала палкія дэбаты адносна парушэньня аўтарскага права не ў апошнюю чаргу ў зьвязку і з “Пірацкай затокай”. У жніўні 2010 г. пачалі нават казаць, што Швэдзкая пірацкая партыя, якая цесна зьвязаная з “Пірацкай затокай”, дасьць хостынг і будзе аказваць мэнэджэрскія паслугі сэрверам WikiLeaks.
6. Мэдыя арганізацыі
Швэдзкая мэдыясупольнасьць характарызуецца малой колькасьцю моцных арганізацыяў. Асацыяцыя выдаўцоў газэтаў (TU) — гэта аб’яднаньне па інтарэсах, у якое ўваходзяць практычна ўсе швэдзкія газэты, інфармацыйныя агенцыі, друкарні ды падобныя структуры. Асацыяцыя лічыцца галоўнай у краіне і мае амбіцыі быць арганізацыяй для ўсіх мэдыя, а ня толькі для прэсы. Падобнай супольнасьці для індустрыі радыё і тэлебачаньня, аднак, на сёньня не існуе. Моцнай арганізацыяй лічыцца таксама Саюз швэдзкіх журналістаў (SJF). Амаль 100% швэдзкіх журналістаў уваходзяць у Саюз, які зьяўляецца адзінай прафэсыйнай структурай. Саюз адказны таксама за правядзеньне перамоваў з працадаўцамі.
У Швэцыі існуе адна агульнанацыянальная інфармацыйная агенцыя, Tidningarnas Telegrambyra (TT), заснаваная ў 1921 г. Яна паўстала як агенцыя па супрацоўніцтве ў справе апрацоўкі замежных і мясцовых навінаў і належала ў той час швэдзкім газэтам. З прычыны эканамічных праблемаў у 1990-х гадах яна была рэарганізаваная. Быў зьменены статус уладальніка, якім сталіся тры найбуйнейшыя газэтныя аб’яднаньні — Bonniers, Schibsted and Stampen. Цягам апошняга дзесяцігодзьдзя ТТ пашырыла свае паслугі і ўвяла новыя. Праз пасярэдніцтва сваёй дочкавай кампаніі TT-Spectra, якая раней была незалежнай інфармацыйнай агенцыяй для сацыял-дэмакратычнай прэсы, яна прапануе гатовыя газэтныя старонкі, дзе публікуюцца матэрыялы пра падарожжы, здароўе і аўтамабілі. Яна таксама прадукуе навіны для радыё, тэлебачаньня, інтэрнэту і мабільных тэлефонаў. Асноўныя тэле- і фотапаслугі калісьці прапаноўвала Scanpix, а з 2007 г. гэта манаполія ТТ, якой належыць таксама самы вялікі швэдзкі архіў навінаў.
Разьвіцьцё прыватнага тэлебачаньня ў Швэцыі адбывалася праз узьнікненьне шэрагу новых кампаніяў. Ад пачатку іхныя прадукты былі скіраваныя на камэрцыйныя тэлеканалы, але паступова істотным спажыўцом іхнай прадукцыі стала публічнае тэлебачаньне, не без палітычнага рашэньня адносна таго, што доля выпрадукаваных зьнешнімі вытворцамі праграмаў мусіць павялічыцца. Найбуйнейшымі кампаніямі, што выпускаюць тэлепраграмы, зьяўляюцца StrixTelevision, чатка MTG Group, Zodiak і Metronome, што належыць Schibsted Group. Паміж гэтымі вытворцамі існуе пэўная спэцыялізацыя. Напрыклад, Zodiak—вядучая кампанія па выпрацоўцы фарматнай прадукцыі і начных праграм. Яна мае сваіх кліентаў у 60 краінах сьвету. Экспартны фармат тычыцца ў асноўным забаўляльных праграм. Найбольш вядомая швэдзкая фарматная праграма “Экспедыцыя Рабінзон” (Expedition: Robinson).
7. Агульныя тэндэнцыі
У краіне адбываецца праступовая канцэнтрацыя мэдыя, якая можа ўзмацніцца ў выніку нядаўняй эканамічнай крызы. Зьліцьцё шэрагу мясцовых газэтных кампаніяў спарадзіла спарэчкі пра плюралізм. На агульнанацыянальным узроўні вядучая кампанія “Bonnier Group” сутыкнулася ў канкурэнтнай барацьбе са швэдзкім аддзяленьнем нарвэжскай “Schibsted Group”. Што да сэгменту прыватнага радыё, то тут цалкам дамінуюць MTG і SBS. Ад пачатку 1980-х гадоў прапаноўваліся меры, скіраваныя на тое, каб абмежаваць іхнае ўзрослае дамінаваньне. Аднак прапановы былі скрытыкаваныя і не ажыцьцяўляліся. І ніякіх знакаў на тое, што сытуацыя можа зьмяніцца, пакуль што няма.
Даволі цікавай тэндэнцыяй апошніх гадоў зьяўляецца тое, што швэдзкія мэдыя кампаніі пашыраюцца ў замежжы; напрыклад, Bonnier амаль палову свайго прыбытку мае ад дзейнасьці ў іншых краінах, галоўным чынам, у галіне газэтнага, часопіснага і кніжнага бізнэсу. MTG — гэта другі найбуйнейшы інвэстар, які пашыраўся ў замежжы галоўным чынам праз штодзённую бясплатную газэту Metro, але таксама і праз укладаньне грошай у радыё, тэлебачаньне і тэлеком. У 1990-х гадах, галоўным чынам з-за таго, што ў швэдзкім заканадаўстве не было адпаведных нормаў, на швэдзкім рынку зьявілася некалькі замежных кампаніяў, аднак швэдзкія кампаніі па-ранейшаму займаюць на рынку краіны дамінантнае становішча.
Галоўная праблема для грамадзкіх радыё і тэлебачаньня палягае ў тым, што яны паступова губляюць моладзевую аўдыторыю, якая пераходзіць на камэрцыйныя каналы. Гэтая тэндэнцыя ўзмацняецца пераходам на лічбавае тэлебачаньне, якое ў выглядзе сатэлітовых каналаў стала даступным больш шырокай аўдыторыі. Разьвіцьцё радыё і тэлевізыйнай аўдыторыі — добрая ілюстрацыя таго, што на пачатку 21 ст. адбываецца фрагмэнтызацыя швэдзкай мэдыйнай сыстэмы. Усе старыя каналы са зьяўленьнем новых губляюць сваю аўдыторыю. Фрагмэнтацыя аўдыторыі азначае, што ў Швэцыі існуе моцная ўзроставая сэгрэгацыя, калі асобы старэйшага ўзросту аддаюць перавагу традыцыйным газэтам і грамадзкім мэдыя, а маладыя людзі — новым камэрцыйным мэдыя ўлучна з бясплатнымі газэтамі. Гэтай тэндэнцыі садзейнічае разьвіцьцё онлайнавых і лічбавых мэдыя. Прадстаўнікі швэдзкай мэдыя індустрыі ўсьведамляюць гэтую сытуацыю, і таму маркетынгавы аналіз — складовая частка мэдыяплянаваньня.
Рэкамэндаваная літаратура:
Carlsson, Ulla (ed.) (2006) Radio, TV and Internet in the Nordic Countries: Meeting the Challenges of New Media Technology. Gothenburg: Nordicom-Sweden
Hallin, Daniel C. & Mancini, Paolo (2004) Comparing Media Systems. Three Models of Media and Politics. Cambridge, New York, Port Melbourne, Madrid, Cape Town: Cambridge University Press
Harrie, Eva (ed.) (2009) The Nordic Media Market 2009. Media Companies and Business Activities. Gothenburg: Nordicom-Sweden
Hulten, Olof; Tjernstrom, Sune & Melesko, Stefan (eds.) (2010) Media Mergers and the Defence of Pluralism. Gothenburg: Nordicom-Sweden
Niiranen, Valtteri (ed.) Europeans Read Newspapers 2007. Brussels: ENPA
Nordicom (statistics, articles and books, a lot in English): http://www.nordicom.gu.se/eng.php?portal=&main
Nordicom Review (current) Gothenburg: Nordicom-Sweden
SOM Institute (statistics, most basic in English): http://www.som.gu.se
Sternvik, Josefine; Wadbring, Ingela & Weibull, Lennart (2008) Newspapers in a Changing Media World. Gothenburg: Dept of Journalism, Media and Communication, University of Gothenburg
Weibull, Lennart & Wadbring, Ingela (2009) ‘The Scandinavian States: Media Systems’, in Donsbach, Wolfgang (ed.) The International Encyklopedia of Communications: Media System, pp 4487-4493
World Internet Institute (statistics and articles, some in English): http://www.wii.se/publicerat/artiklar.html
Кароткія звесткі пра аўтара
Інгела Уодбрынг нарадзілася ў 1964 г. Яна — ад’юнкт-прафэсар, старэйшы лектар факультэта журналістыкі Готэнбургскага ўнівэрсытэту.