Іван Новік. Абдзіраловіч і яго эпоха. Інтэлектуальная культура Беларусі 20-30 гадоў XX стагоддзя

 Тады – у Сярэдняй Літве дваццатых Канчэўскага, таксама было шмат палітычных праграмаў і ідэалогіяў. Ён азіраўся навокал і бачыў аднолькава аблудныя шляхі, – варажнечы, вайны да апошняга знішчанага апаненту і механічнага кампрамісу, адкладзенай на заўтра бойкі, – і не згаджаўся абіраць ніводны. 

Але бачыў ён і іншае: як сацыялісты і камуністы, рэвалюцыянеры і лібералы, беларусы, габрэі, палякі, немцы, літоўцы і рускія Віленшчыны ядналіся ў кааператывах і пасольскіх Клубах, каб вырашыць бягучыя і надзённыя патрэбы Краю і сваіх народаў. Знаходзілі формы еднасці і салідарнасці, нягледзячы на розныя ідэалы і палітычныя праграмы, без здрады ім, але і без бясплённага рэзанёрства. Акурат такую салідарнасць і назваў “ліючайся формай“”.

За апошняе дзесяцігоддзе 20-30 гады мінулага стагоддзя сталі для беларускага грамадзтва сапраўдным адкрыццём. БНР і Сярэдняя Літва, Маладняк і растраляныя паэты, Мойшэ Кульбак і Оскар Мілаш, – вярнуліся да нас кнігамі, фільмамі, перакладамі, даследаваннямі.

Курс лекцый Івана Новіка “Абдзіраловіч і яго эпоха. Інтэлектуальная культура Беларусі 20-30 гадоў XX стагоддзя” працягвае і паглыбляе гэты трэнд. Ён звяртаецца да двух важных персанажаў эпохі: Ігната Канчэўскага і Віктара Вальтара, але выводзіць іх за межы нацыянальнага наратыва, сутыкаючы з су-часнікамі: Анры Бергсонам і Вальтэрам Беньямінам, Эдвардам Абрамоўскім і Уладзмірам Самойлам, Тамашам Грыбам і Георгам Зімелем. У гэтым падарожжы праз эпоху і яе ідэі “Адвечным шляхам” Канчэўскага-Абдзіраловіча застаецца пуцяводнай зоркай.

Курс адбыўся. Відэа лекцый можна паглядзець на youtube-канале Беларускага калегіюма.