Культурныя коды цывілізацыі Захаду. Семінар Ірыны Дубянецкай

СЕМІНАР:​

КУЛЬТУРНЫЯ КОДЫ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ ЗАХАДУ. СЕМІНАР ІРЫНЫ ДУБЯНЕЦКАЙ

Сэмінар ахоплівае пяць тысяч гадоў нашага цывілізацыйнага абсягу. У ім мы працуем з культурнымі кодамі – тымі прасеянымі праз сіта часу сымбалямі, вобразамі і паняткамі, якія так ці інакш значныя для ўсіх носьбітаў пэўнай традыцыі, веданьне якіх пазначае прыналежнасьць да традыцыі і якія ёсьць ключамі да самое традыцыі.

Мы адкрываем грандыёзны мацярык заходняй інтэлектуальнай традыцыі, якая пачалася раней за Грэцыю – з пачаткам пісьменнай цывілізацыі старажытнага Блізкага Ўсходу, пяць тысяч гадоў таму, у Эгіпце і Мэсапатаміі. Там зарадзіліся касмаганічныя ўяўленьні і навуковыя парадыгмы, складаныя рэлігійныя сыстэмы і літаратурныя традыцыі, адукацыйныя і палітычныя канцэпты ды этычныя і прававыя нормы, якія разьвіваліся й мянялі формы, пераходзячы з эпохі ў эпоху, і з некаторымі з якіх мы жывем дагэтуль. Мы прасочваем шляхі канцэптуальнай думкі, якая кшталтавалася ў сумэрскіх, акадзкіх, эгіпецкіх, угарыцкіх, хітыцкіх, іранскіх ды ізраільскіх тэкстах, у транскультурных ідэях гнастыцызму і яго наступніках, у высокаразьвітых гэнатэістычных і монатэістычных рэлігіях, у фармаваньні двох інтэлектуальных слупоў эўрапейскай цывілізацыі – грэка-рымскай культуры ды Хрысьціянства, у ключавых падзеях, што мянялі сьвет і паскаралі мысьленьне, у асобах і школах, што стваралі вядомую нам карціну сьвету – што стварылі асновы нашага цяперашняга сьветамысьленьня. І вось – неспадзеўна мы знаходзім сябе ў 2021 годзе, у Беларусі, якую ніхто ня мог прадбачыць і прадказаць, але мы ўжо разумеем, што іначай і быць не магло, што, гаворачы словамі Караткевіча, “быццам тысячы тысяч забытых людзкіх пакаленьняў усе жылі для таго, каб цябе нарадзіць і мяне”.

ПАДАЦЬ ЗАЯЎКУ НА НАВУЧАННЕ

Ірына Дубянецкая  бібліістка, багаслоўка і філосафка, доктарка сакральнай тэалогіі (Sacrae Theologiae Doctor) і доктарка філасофіі (PhD).

Нарадзілася ў сям’і беларускага перакладчыка Міхаіла Дубянецкага. Скончыла філалагічны факультэт БДУ. Працавала ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры, выкладала на філалагічным факультэце БДУ, у Інстытуце замежных моў, Акадэміі мастацтваў. У канцы 1980-х з’яўляўся ўдзельніцай таварыства “Талака”, якое займалася адраджэннем беларускай культуры. Адна з ініцыятараў пачатага ў 1989 годзе руху за адраджэнне Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Разам з сябрамі ў 1990 годзе заснавала часопіс “Унія”, была яго галоўным рэдактарам.

Валодае іўрытам, грэчаскай, арамейскай, угарыцкай, фінікійскай і іншымі мовамі старажытнага Блізкага Усходу. Піша вершы на беларускай і ангельскай мовах. Друкавалася ў зборніку амерыканскага міжнароднага паэтычнага фонду. Вядзе школу Бібліі для дарослых. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Больш пра выкладчыцу можна прачытаць тут