Максім ЖБАНКОЎ. Культурніцкая аналітыка ў СМІ
Лекцыя 1
Плян:
1. Чым ёсьць культур-аналітыка і яе складнікі?
2. Аналітыка і кшталты мастацтва. Характэрныя прыёмы, асноўныя памылкі
3. Спэцыфіка аналізу: тэатар, кіно, музыка, літаратура
Сама фармулёўка тэмы вымагае сьведамленьня перадусім двух базавых момантаў. Па-першае, што мы будзем разумець пад культурніцкай аналітыкай. І, па-другое, якое месца яна займае ў актуальнай сыстэме СМІ.
Па аналёгіі з “Поп-мэханікай” Сяргея Курохіна аналітыку культурных падзей і твораў можна ўмоўна вызначыць як “поп-філязофію” культуры. Дзе дадатак “поп-” азначае не павярхоўнасьць і неабавязковасьць, а, хутчэй, “гітовасьць”: празрыстасьць канструкцыі, выразнасьць мовы, уцямнасьць сэнсу і агульную здольнасьць “чапляць” чытача або слухача. Між тым, тэрмін “філязофія” варта разумець тут не ў шкалярска-акадэмічным сэнсе (як масіў не/выразнай мудрасьці даўно сканалых настаўнікаў), а як спосаб мысьленьня “тут і сёння”, т.б. — здольнасьць чытаць рэальнасьць і прапаноўваць мэдыя-спажыўцу пэўныя мадэлі яе вытлумачэньня.
Гэткім чынам, культурніцкая аналітыка — гэта нестандартны інтэлектуальны прадукт і нетыповая журналісцкая праца. Адрозна ад стандартнага акадэмічнага фармату, ёй уласьцівы мінімальная колькасьць адмысловай тэрміналёгіі, высокая эмацыйнасьць і прынцыповая суб’ектыўнасьць пісаньня, схільнасьць да актыўнага выкарыстаньня мэтафар. Што, зрэшты, не адмяняе патрэбы лягічнай выбудовы, аргумэнтаваньня ды інфармацыйнай насычанасьці тэксту. Да таго ж, параўнальна з тыповай журналісцкай працай культурніцкая аналітыка вылучаецца меншай прыхільнасьцю да інфармацыйных нагод, большай свабодай выбару — што да фармату выказваньня, далучэньнем шырокага “дадатковага” культурнага матэрыялу, сьвядомай гульнёй з мовай. Іншымі словамі, культур-аналітыка — гэта даклад бяз гальштука, інтэлект на волі, вольнае выказваньне прафэсіянала на абраную тэму. Аднак гэта абсалютна ня ёсьць аўтаматычным пераходам у стыхійны рэжым блёгу. З тае прычыны, што тут “працуюць” нарматывы, якія дазваляюць падтрымліваць пэўны стандарт якасьці.
Галоўныя “акадэмічныя” патрабаваньні, якія дазваляюць адрозьніць рэальную аналітыку ад дылетанцкай газэтнай/часопіснай балбатні, выглядаюць досыць проста:
а) высокі культурны background (т.б. агульны культурны ўзровень), што вымагае грунтоўнага знаёмства з культурніцкімі тэкстамі рознай ступені складанасьці — ад “папсовых” да экспэрымэнтальных. Памылка №1: аналітыку, нібыта, можна пісаць, не выходзячы па-за межы банальнага сьпісу бэстсэлераў сэзону і бягучага FM-фармату. Памылка №2: аналітыку, нібыта, можна пісаць, базуючыся выключна на Борхесе, Бэгбэдэры і Ўэльбэку. Ідэальны варыянт: разьвіты асабісты густ + добрае веданьне актуальнага поп-ляндшафту.
Зазвычай аналітык займаецца вытлумачэньнем падзей і зьяў шляхам улучэньня іх у наяўны культурны кантэкст. Ён выбудоўвае ланцужок супастаўленьняў і асацыяцый. Калі кантэкст незнаёмы або незразумелы — “прапіскі” аб’екту апісаньня не атрымаецца, і аўтар адно прадэманструе свае эмоцыі з пэўнай нагоды. Таму аналітык мусіць пастаянна сканаваць культурны асяродак — нават калі ў дадзены момант не рыхтуе чарговага матэрыялу.
Важна таксама заўважыць: асабісты густ тут — ня лепшы дарадца. Бо найчасьцей аналітык у СМІ працуе ня з тым, што яму даспадобы, а з тым, што трапляе ў поле грамадзкай увагі. І чытае-глядзіць-слухае менавіта гэта, раз яно папросту паўстае ягонай працай. Аднак такая непазьбежная зададзенасьць працы ня мусіць пазбаўляць адмыслоўцу прафэсійнага кайфу: разабраць культурны фэномэн на часткі і напісаць пра яго эфэктны тэкст.
б) асабовы падыход да рэчаў
Пазнавальны почырк прэзэнтуе індывідуальнасьць аўтара на двух узроўнях: мысьленьня і мовы. У адваротным выпадку замест аналітыкі мы атрымаем бляклую кампіляцыю чужых ідэй, выкананую ў банальным канцылярска-гутарковым стылі безнадзейнага троечніка. Культурніцкая аналітыка цікавая чытачу найперш нетрывіяльнымі рухамі думкі, запакаванымі ў выразны набор слоў. Таму ўсялякі аналітычны тэкст прыкметны і значны, калі ў ім акрэсьлена асабістая пазыцыя аўтара і заўважны арыгінальны лексыкон.
Спакойнае стаўленьне да аўтарытэтаў. Ваш пункт погляду на праблему/зьяву адрозьніваецца ад агучанага вашым любімым калюмністам? Гэта нармалёва! І гэта зусім не азначае, што вы нічога не зразумелі (хоць і так можа здарыцца). Найлепшы варыянт: намагчыся і максымальна пераканаўча ды абгрунтавана прэзэнтаваць уласны погляд на рэчы. Плюралізм меркаваньняў — наўпростае наступства суб’ектыўнасьці. І гэта значна цікавей за павальнае аднадумства.
в) наяўнасьць ключавога канцэпту, які мусіць патлумачыць чытачу: што, уласна, здарылася і чаму гэта важна. Якраз гэтым розьніцца культурная аналітыка ад традыцыйных журналісцкіх нарысаў, рэпартажаў ды інтэрвію, якія пэўным чынам прэзэнтуюць рэальнасьць, але не тлумачаць яе. Недаўменнае пытаньне “А чаму я мушу гэта чытаць?” у выпадку з аналітыкай мае дакладны адказ: “Каб зразумець, што адбываецца!” Аналітычны тэкст — штуршок да разважаньняў. Аналітык дае публіцы “ключы ад рэальнасьці” — не бясспрэчныя, але й не выпадковыя. І правакуе аўдыторыю да супастаўленьняў/згоды/нязгоды.
Ідэя бяз уцямнага вытлумачэньня — шыфроўка з Цэнтру са згубленым кодам. Стыль без ключавой ідэі — вышыванка на старой і гнілой тканіне. І першае, і другое ўскладняе камунікацыю і вядзе ўрэшце да страты аўдыторыі.
Такім чынам, культур-аналітыка ў СМІ ёсьць тэрыторыяй прафэсійнага разбору зьяў, пэрсанажаў і трэндаў — збудовай аўтарскіх схем інтэрпрэтацыі культурных тэндэнцый.
Прапіска ў мэдыя-полі ўскладняе задачу. У зьвязку з тым, што вынікі аналітычнай працы мусяць прэзэнтавацца ў форме, сумяшчальнай з інфармацыйным і ідэалягічным кантэкстам. Кантэкст вызначаецца пэўным СМІ (працадаўцам) альбо кшталтам мэдыя-сродку (напрыклад, глянцавы штотыднёвік, сеткавы інфармацыйны партал). Аналітык змушаны прыстасоўвацца да наяўнага інфармацыйнага фармату, шукаючы кампрамісу між зьмястоўнасьцю і таварным выглядам.
Айчынная культурная аналітыка — зьява маргінальная. Бо сьв е дамую патрэбу аналітычных матэрыялаў дэманструе мінімальная колькасьць беларускіх СМІ, аддаючы перавагу пазытыўным інтэрвію з “зоркамі” і невялічкім рэцэнзіям на новыя фільмы і дыскі. Гэта зьвязана з агульнай неразьвітасьцю мэдыя-рынку (які стабільна аддае перавагу скандальна-рэклямным культурным тэкстам), адсутнасьцю рэальнай рынкавай канкурэнцыі (што забівае стымулы да якаснага росту) і прарасейскай інфармацыйнай арыентацыяй мэтавага спажыўца — сярэдняй клясы, які чытае (а ў ролі выдаўца — капіюе) расейскі прадукт.
Беларуская культур-аналітыка — праца на будучынь. Таму што наша культурная анамалія выдае на ўнікальную і дагэтуль аналітычна не асэнсавана. Варта вучыцца яе чытаць. І рабіць з гэтага тэксты, спалучаючы аналітычны кантэнт, дэмакратычны мэдыя-лексыкон і айчынны культурны ляндшафт.
2. Аналітыка і кшталты мастацтва. Характэрныя прыёмы, асноўныя памылкі.
У культурнай прасторы — як і ў нашым культурным досьведзе — няма і ня можа быць жорсткіх і адназначных разьмежаваньняў. Культуру рухае наперад дыялёг стыляў, канфлікт традыцый, узаемнае узбагачэньне кшталтаў і форм культур-творчасьці. Адпаведна, культур-аналітыка, папраўдзе, ня патрабуе жорсткай спэцыялізацыі. Гэта абумоўлена як суб’ектыўнымі (шырыня асабістых прыхільнасьцяў аўтара), так і аб’ектыўнымі чыньнікамі. Бальшыня выданьняў ды інфармацыйных парталаў ня мае магчымасьці (ці ня бачыць сэнсу) утрымліваць паўнавартасны аддзел культуры, дзе знайшлося б месца штатнаму кінааналітыку, музычнаму аглядальніку, тэатральнаму ды літаратурнаму крытыкам. Як правіла, мае месца кампрамісны варыянт: штатны супрацоўнік, які піша “пра ўсё”, + артыкулы, замаўляныя пазаштатным аўтарам пра адметныя падзеі (варыянт — рэгулярная аўтарская калёнка запрошанай “зоркі”).
Зразумела, што аднолькава добра пісаць пра кіно, музыку, тэатар ды інш. здольны толькі шырока адукаваны чалавек і бліскучы стыліст. Такіх аўтараў, зь відочных прычын, няшмат. Таму найчасьцей у асобе “унівэрсальнага культур-аналітыка” мы маем пасьпешлівага кампілятара або павярхоўнага назіральніка, які галоўным інфармацыйным рэсурсам лічыць рэклямныя рэлізы ды прэс-канфэрэнцыі. І ахвотна напіша пра ўсё. Напіша аднолькава дрэнна. Прыкмецім: бальшыня беларускіх друкаваных выданьняў рэалізуе менавіта такі дылетанцкі падыход.
Аднак жа што значыць у рэчышчы нашай тэмы пісаць дрэнна? І як пісаць добра? Паспрабуем патлумачыць гэта “з адваротнага” — пазначыўшы найбольш характэрныя памылкі мэдыйнай культур-аналітыкі. І адцемім, што ўсе яны зьвязаны з парушэньнем балянсу інфарматыўнага і суб’ектыўнага складнікаў.
1. Выбух суб’ектыўнасьці : разбор тэксту падмяняецца самарэклямай аўтара. У гэтым выпадку прадмет аналізу (фільм, дыск, спэктакаль і да т.п.) робіцца адно нагодай для дэманстрацыі шырыні душы і жвавасьці пяра. З тэксту такога кшталту цяжка штосьці пазнаць пра якасьці пэўнага культурнага аб’екту. Затое аж залішне інфармацыі пра складаныя ўзаеміны аўтара з суседзямі па залі, гопнікамі і багемай, амэрыканскай кінаакадэміяй, а таксама сучаснай культурай увогуле. Мы маем справу з агульным ” расфакусаваньнем ” аўтарскага пісаньня і відочнай падменай жанру: аналітыка ператвараецца ў зласьлівы фэльетон або захопленае баўбатаньне, не абцяжараныя аргумэнтамі і фактамі.
Лекі. Здаровая самагіронія і выразнае ўяўленьне: твая місія — быць дасьведчаным пасярэднікам між чытачом і аб’ектам. А зусім не галоўнай зоркай гэтага шоў.
2. Прэсынг аб’ектывізму, “асьцярожнае” пісаньне. Першая памылка характэрная для людзей з завышанай самаазнакай. Другая ж наадварот — для няўпэўненых у сабе або пачаткоўцаў мэдыяфронту. Такі аўтар пазьбягае суб’ектыўнай азнакі аб’екту, падмяняючы яе спасылкамі і цытатамі, пераказваньнем сюжэту і багацьцем фактуры па тэме. У інфарматыўным пляне гэта можа быць цікавым. Што ж датычыць якасьці тэксту — яўны правал. Аналітыку чытаюць як экспэртызу культурных працэсаў. Адсутнасьць “ключоў да рэальнасьці” робіць яе бессэнсоўнай і бескарыснай.
Лекі. Пачынаць працу над тэкстам, сфармуляваўшы для сябе выразнае асабістае стаўленьне да аб’екту аналізаваньня: што гэта і чаму зроблена менавіта так?
3. Лішкі эрудыцыі: выдатна, але не да тэмы. У гэткім разе зыходны тэкст спрэс губляецца пад масівам разнастайных аўтарскіх алюзій і асацыяцый. Асаблівасьці стылю і сэнсу “размываюцца” бясконцымі параўнаньнямі і спасылкамі. Замест разбору пэўнага тэксту мы атрымліваем мініманаграфію пра рэжысэра, выканаўцу галоўнай ролі або лідэра групы, іх папярэднікаў і пасьлядоўнікаў, а таксама пра іх месца ў актуальным культурным працэсе.
Лекі. У рэшце рэшт пакінуць найбольш істотныя зьвязкі і факты. Задаваць неабходны кантэкст некалькімі дакладна сфармуляванымі фразамі — ня больш. Стала мець на ўвазе: мы пішам з пэўнае нагоды.
4. Шумы мовы: агульная неахайнасьць і няўцямнасьць пісаньня. Усе вартасьці вашага тэксту можна безнадзейна сапсаваць шэрым, банальным лексыконам і шматслоў’ем. Калі чытач не атрымлівае задаваленьня ад чытаньня — вы не адчувалі яго ад пісаньня. Цікавае пісаньне — не адвольная плынь пачуцьцяў, а вынік скіраваных высілкаў. Яно выразнае, энэргічнае і сыстэмнае. Толькі ў гэтым выпадку вас дачытаюць да канца — і будуць чакаць новага тэксту.
Лекі. Вітаюцца кароткія сказы, трапныя і яркія эпітэты, эфэктныя мэтафары (у межах разумнага — дзьве-тры на тэкст). Напішыце ўсё, што вы лічыце патрэбным. Паглядзіце: ці не палепшае тэкст, калі замяніць некаторыя абзацы месцамі (нярэдка ўдарная канцоўка пішацца першай). Паспрабуйце прачытаць гэта ўслых. А потым выкрэсьліце ўсе лішнія словы.
І ўсё ж можна пазьбегнуць агульных памылак, але зрабіць дробныя. Зазвычай гэта звязана зь недастатковым разуменьнем спэцыфікі пэўнай сфэры мастацтва. Прыгадаем: задача культур-аналітыкі — дапамагчы адрасату зарыентавацца ў наяўным культурным полі, прапанаваўшы яму выразную і зьмястоўную карцінку нечага адбыванага. Зьдзейсьніць гэта немагчыма без уліку асаблівасьцяў аб’екту нашай увагі.
3. Спэцыфіка аналізу: тэатар, кіно, музыка, літаратура
Тэатар. Пісьменны матэрыял пра тэатральны спэктакаль ацэньвае зазвычай асноўныя складнікі сцэнічнага дзеяньня: драматургічны матэрыял, рэжысэрскую працу (пастановачнае рашэньне), арганізацыю сцэнічнай прасторы (праца мастака) і выканальніцкае майстэрства актораў. Якасьць спэктаклю вызначаецца ступеняю суадноснасьці ўсіх названых кампанэнтаў (плюс — пажадана, але не абавязкова — рэакцыя публікі і яе бліц-партрэт). Акрамя гэтага, натуральны элемэнт тэатральнай рэцэнзіі — суаднесенасьць спэктаклю з актуальнымі тэндэнцыямі ўсясьветнага тэатру і айчынным культурным кантэкстам. Патрэбен і пэўны “ілюстратыўны матэрыял” — апісаньне найбольш яркіх мізансцэн, цытаты ўдарных рэплік. Канчатковая мэта — стварыць для чытача своеасаблівы “эфэкт прысутнасьці”: растлумачыць, што адбывалася на сцэне і як гэта можна ацаніць.
Кіно. Адрозна ад “адкрытага” (кожны вечар іншага) фэномэну тэатру, кінафільм — “замкнёны” тэкст, зборка якога ўжо скончана. Спэктакаль мае права на тэхнічную “даводку” часам далейшай працы, фільм жа гатовы апрыёры і пад “паляпшэньне” не падлягае. Таму ў разборы кінатэксту вырашальнымі аргумэнтамі аказваюцца яго гарманічнасьць і цэльнасьць (суадносіны сэнсавага і візуальнага складнікаў), мастацкая пераканаўчасьць, прычыны зьяўленьня “тут і цяпер” (прафэсійны і сацыяльны кантэкст), а таксама адпаведнасьць з чаканьнямі мэтавай аўдыторыі. Кіно — комплексны аўдыёвізуальны тэкст. Таму ацэньваецца па наступных парамэтрах: выява (апэратарскае і колеравае вырашэньне), сюжэт і дыялёгі, праца актораў, тэмпарытм (рэжым апавяданьня — дынамічны, млявы, няроўны і да т.п.), музыка (калі яе роля ў фільме асабліва адметная) і, нарэшце, базавая ідэя. Тры асноўных пытаньні: “што гэта?” (жанр, стыль, фармат), “як зроблена?” (якасьць зборкі кінатэксту зь пералічаных вышэй складнікаў), “у чым сэнс?” (аўтарскі message).
Музыка. Датычна музычнага дыску істотнымі аказваюцца тры моманты: якасьць матэрыялу (зьместавы аспэкт), якасьць запісу і яго ўдзельнікі, улучаючы запрошаных музыкаў (тэхнічны аспэкт), афармленьне рэлізу (візуальны або “дызайнэрскі” аспэкт). Чытачу важна зразумець ня толькі ХТО грае, але й ШТО гучыць на дыску. Ідэальны варыянт — выбраныя факты пра запіс праекту дапоўнены: а) агульнай азнакай месца дыску ў творчасьці музыкаў і ўсясьветных трэндах, б) вылучэньнем найбольш удалых трэкаў і — што асабліва важна — в) “эмацыйна- настраёвай ” маркіроўкай новага рэлізу. Фактычна ваш тэкст чытаюць менавіта дзеля гэтага. Якраз тут дарэчы будуць высокі градус суб’ектыўнасьці, яркія мэтафары і вольныя асацыяцыі. Калі матэрыял сьпеўны — варта падаць пару характэрных цытат. Важна прапанаваць не банальную падказку “купляць-не купляць”, а патлумачыць чытачу — што за музыка жыве пад гэтай вокладкай. І каму яна, на ваш погляд, можа быць цікавай.
Літаратура. Усялякі прадукт кніжнай “імпэрыі слоў” ацэньваецца з гледзішча жанравай прыналежнасьці, асаблівасьцяў сюжэту, аўтарскага стылю і кампазыцыі тэксту. Розныя паверхі літаратурнага сьвету жывуць паводле сваіх правіл. “Высокая” бэлетрыстыка — аўтарскі прадукт з надзвычайнай увагай да моўных гульняў, самураі стылю. Поп-літ — лёгкія журналісцкія тэксты ў стылі наўпростага рэпартажу з суседняга дыска-клюбу або сусі-бару. Масавая літаратура — ” сюжэтнікі ” зь вельмі нядбайным стаўленьнем да мовы. Адмысловая сфэра — інтэлектуальная эсэістыка, неабязковыя думкі разумных людзей. Кожны тэкст “люструе” свой час. І азнака наўпрост залежыць ад яго прызначэньня. Таму правільны разбор літаратурнага тэксту прадугледжвае перадусім азнаку ягоных а) фармальных, б) зьместавых, в) сацыя-культурных аспэктаў. Іначай кажучы, значэньне тэксту абумоўлена балянсам аўтарскай задумы, яе ўвасабленьня ў творы і сумяшчальнасьці з рэальным літаратурным працэсам і/або наяўнай спэцыфікай мысьленьня.
Варта падкрэсьліць: вышэйсказанае ня значыць, што ваш тэкст мусіць абавязкова месьціць разбор усіх згаданых аспэктаў кіно, музыкі і г.д. Зважыць няблага на кожны. Але расьпісаць — толькі тое, што вам падаецца найбольш важкім для асэнсаваньня памянёнага культурнага прадукту. Тут ужо вагу набывае выбар аўтара.
Такім чынам, якасная культур-аналітыка прадугледжвае поўнасьць аўтарскага тэксту — адсутнасьць сэнсавых і фармальных “прабелаў”. У кожным асобным выпадку гэта патрабуе адмысловай увагі да фактуры “зыходніка” — непасрэднага аб’екту вашай прафэсійнай цікавасьці.
Лекцыя 2
Плян:
1. Што і як аналізуем?
2. Асноўныя жанры культур-аналітыкі: рэцэнзія, аўтарская калёнка, эсэй
Што ёсьць культур-аналітыкай? Нагадаю: 1) форма неакадэмічнай камунікацыі “дасьведчанай” меншасьці і “прафаннай” бальшыні (вертыкальнае вымярэньне, праца ў рэжыме аўтарытэтнай экспэртызы), 2) сродак нефармальных зносін прафэсіяналаў (гарызантальнае вымярэньне, праца ў рэжыме дыскусійнага клюбу), 3) інструмэнт інтэрпрэтацыі наяўнага асартымэнту культурнага рынку (як вертыкальнае, так і гарызантальнае вымярэньне, прадукаваньне сэнсаў, якія прадугледжваюць эмацыйны “прафанны” альбо рацыянальны “дасьведчаны” водгук). Адпаведна, каштоўнасьць культур-аналітыкі — у эфэктнай маркіроўцы актуальнага культурнага поля. Мы не даем “чыстае” веды. У нашых тэкстах мы ўвасабляем розныя спосабы неабыякавага стаўленьня да рэчаіснасьці.
У гэтым сэнсе аналітыка культуры ёсьць мастацтвам рафінаванай суб’ектыўнасьці. Апошняе словазлучэньне асабліва істотнае: абодва яго кампанэнты — умова посьпеху аўтара. Бо без валоданьня тэхнікамі пісаньня любы разбор выглядае недарэчным і невыразным. А з адсутнасьцю суб’ектыўнага падыходу — банальным і нецікавым. Што найчасьцей “чапляе” чытача/гледача/слухача? Інфармацыйная нагода і яркія скокі вакол яе. Культур-аналітыка — такі ж атракцыён, як і ўсе іншыя мэдыя-прадукты.
Тым ня менш, тут ёсьць свая сыстэма. Параўнальна з вулічным блазнаваньнем жоўтай прэсы аналітычныя тэксты вылучае наяўнасьць дыстанцыі між аўтарам і чытачом. Аўтар старэйшы за чытача на сустрэчу з фільмам/кнігай/кружэлкай/пэрсанажам. Плюс час, выдаткаваны на рэфлексію з нагоды культур-прадукту і, уласна, само напісаньне тэксту. Чытач трапляе на апошні акт спэктаклю, які ўжо адбыўся ў сьвядомасьці аўтара: наш тэкст — гэта “канчатковы” вэрдыкт. Сам працэс прайшоў за зачыненымі дзьвярыма.
Аўтар, выконваючы ролю “свайго хлопца”, імітуючы жвавае наіўнае пісаньне (ці папросту ня ўмее выказвацца інакш), робіць сур’ёзную памылку: ён добраахвотна адмаўляецца ад ролі экспэрта. І губляе прывабнасьць для публікі, прыніжаючы свой статус да шэраговага ўдзельніка тусоўкі. Маўляў, раз ты нічым ня лепшы за мяне — навошта на цябе марнаваць час?
Іншы варыянт памылковага пазыцыянаваньня — імітацыя кампэтэнтнасьці. Аўтар, які слаба інфармаваны ў пэўнай сфэры, але валодае пярэстым background’ам, самасьцьвярджаецца за кошт катэгарычных меркаваньняў і агульнай узбуджанасьці тону. Такі нумар спрацоўвае толькі напачатку, а потым… для любога ўважлівага чытача ператвараецца ў сьмехавы атракцыён. Альбо проста выпадае з поля яго ўвагі.
Але тут узьнікае цікавая акалічнасьць. Мы з вамі, вядома ж, шырока адукаваныя людзі і валодаем бездакорным густам. Аднак вы ўпэўнены, што бальшыня публікі думае гэткім самым чынам? Правільны адказ: не. Чытачу дазволена ня ведаць пяці лепшых фільмаў Джэка Нікалсана, гістарычнай місіі Фрэдэрыка Бэгбэдэра ці стылю, у якім грае інды-гурт Dandy Warhols. Скажам больш: ён менавіта таму й ёсьць нашым чытачом.
З гэтага вынікае, што часам падрыхтоўкі тэксту заўсёды варта мець на ўвазе недастатковую дасьведчанасьць публікі. Іншымі словамі — патлумачваць разьвіцьцё аўтарскай высновы. Задаваць кантэкст, выбудоўваць сэнсавыя зьвязкі. І падкідаць бліц-характарыстыкі кшталту “гуру всея Русі Барыс Барысыч Грабеньшчыкоў”, “чалавек- энэрджайзэр Джым Кэрры”, “маскоўскі дэндзі Мікіта Міхалкоў”. Пры тым, усё-ткі добра чуць меру. Каб ваш тэкст не ператварыўся ў набор спасылак і нататак, варта а) не тлумачыць таго, што сёньня й так вядома, б) тлумачыць адно тое, што важна для раскрыцьця тэмы.
Наш тэкст ня мусіць быць вычарпальным і ўсебаковым — найчасьцей такая ў ніклівасьць палохае чытача і выдае на досыць сумную. Аднак жа мы маем у кожным выпадку а) пазначыць галоўныя — на наш погляд — асаблівасьці прадмета экспэртызы, б) скласьці з дапамогай іх уцямную выніковую карціну.
Увага! Словы-паразыты “культавы”, “геніяльны”, “сэнсацыйны”, “модны”, “адстойны”, “скандальны”, “доўгачаканы”, “усясьветная сэнсацыя”, “галоўны фільм году” і да т.п. ёсьць вэрбальным спамам рэклямнага кшталту, які нічога агульнага з аналітыкай ня мае. |
Чаму? Зь вельмі простай прычыны: зьместавы складнік тут практычна роўны нулю. Асабіста я забараніў бы культур-аналітыкам-пачаткоўцам карыстацца такога кшталу лексыкай (з пагрозай адлучэньня ад прафэсіі!). Ці параіў бы адразу наймацца ў PR-агенцыю.
Што наагул патрэбна аўтару? Ня толькі ж грошы, але творчая самарэалізацыя. Чаго жадае чытач? Ня проста парады “купіць-не купіць”, але арыентыроўкі на мясцовасьці. Здараецца, што інтарэсы не супадаюць: аўтар лічыць важным чарговы маргінальны праект, а чытач — галівудзкую прэм’еру. У такім разе ўсё залежыць ад характару вашага мэдыя-рэсурсу: у “народным” фармаце акцэнт, натуральна, робіцца на поп-матэрыял, у інтэлектуальным або “прасунутым” — наадварот, на складаныя тэксты. Што, зрэшты, абсалютна не перашкаджае вам час ад часу напісаць лёгка пра маргіналаў або грунтоўна разабраць чарговы поп-трэнд.
Ідэальны варыянт — калі чаканьні супадаюць: аўтар жадае і можа разьбіраць і тлумачыць, чытач жадае і можа зразумець накіраванае яму паведамленьне. Іначай мы здабываем праблемы камунікацыі: аўтар самаўлюбёна мармыча нешта сабе пад нос, а чытач, цяжка адолеўшы “палосьнік”, зьдзіўляецца: “І навошта ўсё гэта было?”
Аналітыка — гэта довады, аргумэнты і азнакі. І гэта прынцыпова: мы ня проста накідаем на чытача сваё меркаваньне, а робім яго сьведкам траекторыі руху думкі. Аўдыторыя ня проста атрымлівае “інфармацыйны пакет”. Фактычна мы дэманструем тэхнікі разбору, даем ёй урок уважлівага чытаньня культуры. Зразумела, толькі тады, калі якасна робім сваю справу. Таму кепская аналітыка — ня так сабе інфармацыйнае сьмецьце. Яна, да таго ж, правакуе ў адрасата няздольнасьць і нежаданьне думаць.
А цяпер зьвернемся да асноўных жанраў.
2. Асноўныя жанры культур-аналітыкі: рэцэнзія, аўтарская калёнка, эсэй
Рэцэнзія — адносна кароткі (3—4 тыс. знакаў з прабеламі, але, згодна з фарматам выданьня, можа быць і больш) матэрыял, створаны дзеля разбору пэўнага культурнага тэксту (фільму, кружэлкі, спэктаклю, кнігі і г.д.). Галоўныя пытаньні, на якія варта адказаць: “хто?”, “што?”, “як?” і “для каго?”
“Хто?” — бліц-партрэт аўтара (прыкладна 10—15% тэксту). Трохі біяграфічнай фактуры: адкуль родам, як доўга піша/грае/здымае, ранейшыя заслугі, наколькі цяпер пасьпяховы і публічна вядомы. Вось тут дарэчныя цэтлікі як форма апэратыўнай маркіроўкі: калі сапраўдны клясык — так і пішам, калі прызнаная легенда — так і азначаем. Увага: вашае асабістае стаўленьне не павінна быць адзіным крытэрам!
“Што?” — бліц-характарыстыка прадукту (тыя ж 10-15% тэксту). Жанравая і фарматная прывязка, першапачатковая арыентыроўка чытача: што, уласна, за рэч нам прапаноўвае прапісаны ў першым пункце аўтар… Варыянты: “тыповы жаночы раман”, “глыбокадумны трып у бездань падсьвядомасьці”, “старамодны канцэптуальны альбом”, ” глямурны інтымны дзёньнік”, “блёкбастар мясцовага разьліву” і да т.п.
“Як?” — уласна, разбор тэксту (да 70% тэксту). Фактычна — адказ на пытаньне “Наколькі пераканаўча атрымалася ўвасобіць аўтарскую задуму?” (праблема адпаведнасьці аўтарскіх амбіцый з рэальным узроўнем тэксту). Тут ацэньваецца якасьць выкананьня — фармальнае і зьместавае разгортваньне зыходнай ідэі. Азначаюцца асноўныя вартасьці і недахопы прадукту. І тое заканамерна вядзе да заключнай часткі рэцэнзіі.
“Для каго?” — пара фінальных фраз. Тое, што насамрэч мае замацавацца ў сьвядомасьці чытача як выніковая азнака. Гэта якраз і дазваляе чытачу суаднесьці меркаваньне крытыка з асабістымі перавагамі і вырашыць, цікава яму гэта ці не.
Зазвычай рэцэнзіі пішуць суцэльным тэкстам, часам разьбітым на абзацы. Але аптымальным — і найбольш камфортным для чытача — падаецца варыянт тэксту, разьбітага на некалькі зьмястоўных блёкаў-рубрык. Да прыкладу: “На першы погляд” (першасная бліц-маркіроўка), “Хто і што” (прэзэнтацыя аўтара і прадукту), “Пазытыў”, “Нэгатыў”, “Для каго”.
Нярэдка для дадатковай арыентыроўкі чытача ў канцы рэцэнзіі выстаўляецца азнака прадукту па пяці- ці дзесяцібальнай шкале. У гэтым выпадку шкала азнакі ня мусіць мяняцца зь цягам часу, каб не дэзарыентаваць чытача. Акрамя таго, калі мэдыя-рэсурс мае некалькі блёкаў рэцэнзій (кіно, тэатар, кнігі, CD), аўтарам варта абумовіць агульную шкалу азнак.
“Дрэнная” (паводле якасьці аналізаванага фэномэну) рэцэнзія павінна растлумачыць: чаму прадукт дрэнны. А ніяк ня стацца спосабам выкіду крытыкам нэгатыўных эмоцый. Дарэчныя ў блёгу варыянты “Усе казлы!” альбо “Афтар выпі йаду” тут не праходзяць — ня той жанр. Маецца патрэба доказных аргумэнтаў: што і чаму не спрацавала. Тое ж і з “добрай” рэцэнзіяй — ня проста “дзіцячы віскат на лажку” (“Ім аплядавалі Каны!”, “Ах, ох — гэта шэдэўр”), а сыстэмнае выснаваньне: што і чаму спадабалася рэцэнзэнту.
Зразумела, пададзеныя адсоткі (як і рубрыкацыя) — умоўныя і прапанаваны дзеля папярэдняй арыентацыі.
Рэцэнзія — адна з малых форм. Але тое не азначае, што яна патрабуе меншай працы. Гэта канцэнтраванае ўвасабленьне вашага культурнага і прафэсійнага досьведу.
Аўтарская калёнка — рэгулярная публікацыя тэкстаў вольнай формы. Пэўнага аўтара і зазвычай на пэўным месцы. Памеры аўтарскай калёнкі традыцыйна не перавышаюць 4 тыс. знакаў. Калюмніст — аўтарытэтны і/або папулярны пэрсанаж, што дазваляе сабе паразважаць з розных нагод (і гэта почасту перасягае межы яго наўпроставых прафэсійных інтарэсаў). Падбор калюмністаў — своеасаблівае “паляваньне на галовы”, пошук яркіх асоб, цікавых неардынарным разуменьнем рэчаў і зьяў. Зазвычай калюмністаў, якія працуюць самастойна, а не з распарады шэфа, запрашаюць выданьні з прэтэнзіяй на грамадзкую значнасьць і памкненьнем да нейкага акрэсьленага прафэсійнага роўню: “жоўтая” прэса мае іншыя спосабы завабіць чытача. Калюмністы — гэта дэлікатэс. Яны зьяўляюцца кідкай вітрынай выданьня. Аднак зацемім: само па сабе павелічэньне ліку калёнак дадатковай якасьці не дае. Калі калюмніст пазбаўлены індывідуальнасьці — калёнка мёртвая. І працуе як антырэкляма.
Посьпех калёнкі нярэдка абумоўлены папярэднімі сягненьнямі калюмніста (Паўла Каэльё і Чулпан Хаматава ў “Известиях”, экс-рэдактар “ОМ” Андрэй Бухарын, філёзаф Аляксандр Дугін і фронтмэн групы “Ленинград” Сяргей Шнураў у Rolling Stones). Аднак магчымы і адваротны варыянт: адмыслова для калёнкі прыдумляецца пэрсанаж-маска, вакол якога выбудоўваецца лякальная міталёгія (калёнкі экстрэмалкі — эратаманкі Паты Дыфуса, якія пісаў для гішпанскага часопісу La Luna кінарэжысэр Пэдра Альмадавар).
Найчасьцей жа аўтарская калёнка працуе ў рэжыме актуальнага камэнтару, у зьвязку з пэўнымі фактамі ды акалічнасьцямі: Канскі кінафэст, дзень нараджэньня Тома Уэйтса, людзі, якія чытаюць у мэтро, чарговае сьвята ўраджаю або ініцыятыва ўладаў, прэм’ера спэктаклю і да т.п. Чым абмежавана тэматычнае поле калюмніста? Толькі тэматычнымі палямі іншых калюмністаў пэўнага мэдыя-рэсурсу.
Асаблівых правіл працы калюмніста (акрамя актуальнай тэмы і своечасовага выкананьня працы) не існуе. Здабыць хоць які досьвед у такіх варунках магчыма толькі назіраючы і пазнаючы, як гэта робяць іншыя. І адшукаць затым сваю непаўторную інтанацыю. У фармаце аўтарскай калёнкі мы заўсёды гаворым ад першай асобы — зусім не ад імя выданьня, партыі або якіх іншых фармаваньняў. Калюмніст выбудоўвае вакол пэўнай інфармацыйнай нагоды колцы суб’ектыўных разваг і асацыяцый. Ён стварае асабовы сэнсавы кантэкст адбываных падзей. Бо менавіта дзеля гэтага яго й клічуць у калюмністы: не высьвятляць глябальных сэнсаў рэчаісных зьяў, але агучваць сваё меркаваньне зь нейкай нагоды. І адрозна ад вузка прафэсійнай экспэртызы, меркаваньне гэтае можа мець куды больш вольную форму. Што, вядома ж, не адмяняе патрабаваньняў цэл(ьн)асьці і празрыстасьці пісаньня, акрэсьленых намі мінулым разам. Як і ўсялякі мэдыя-прадукт, аўтарская калёнка не бывае выпадковай. Яна таксама падлягае пад структураваньне і зборку.
І гэта пры тым, што калюмніст жыве дастаткова свабодна: у сыстэме мэдыя-рэсурсу ён мае асобны прыватны блёк. Які, дарэчы, няпроста атрымаць, але вельмі лёгка страціць.
Эсэй — яшчэ адзін крок у бок аўтарскай волі. Рэцэнзія, папраўдзе, ёсьць рэгулярным пісаньнем. Калёнка — тэмай з варыяцыямі. Эсэй жа — увасобленая суб’ектыўнасьць, палёт думкі, максымальна набліжаны да літаратурнай працы і мінімальна — да традыцыйнай журналістыкі. Гэта вольнае мысьленьне на неабавязковыя (варыянт — вечныя) тэмы. Аўтар разважае ўслых з прысутнасьцю чытача. Яму ўжо не схавацца за інфармацыйнай нагодай альбо рэдакцыйным заданьнем: эсэй — гэта праца ў рэжыме аўтапрэзэнтацыі , індыкатар роўню аўтарскага мысьленьня.
Можна імітаваць эрудыцыю. Але кляс эсэіста імітаваць немагчыма. Альбо ён ёсьць, альбо яго няма. Вартасьці эсэю суадносныя з маштабам асобы аўтара. Таму сьвядома “выгадаваць” у сабе эсэіста — і проста, і складана. Трэба разьвіваць сваю індывідуальнасьць — таксама і ў працы з мовай і пісаньнем. Эсэй — гэта ціхі парад вашага “асобнага” стылю мысленьня і пісаньня.
Эсэй — арганічны жанр для літаратурнга альманаху, глянцавага штотыднёвіка альбо тоўстага часопісу кшталту Esquire ці GQ. Але ў штодзённай газэце выглядае недарэчна — там усё надта пасьпешна, а эсэй патрабуе павольнай дэгустацыі.
Крытэры, па якіх адрозьніш удалы эсэй ад няўдалага, маюць не фармальны, а, хутчэй, эмацыйна-эстэтычны характар. Памеры — не вызначальнік, тэма — гэтаксама. Тут мы выходзім па-за межы тэхнічных парамэтраў. Добры эсэй пакідае ў чытача памянёнае “задаваленьне ад чытаньня” — пазытыўны шлейф, перажываньне стану сьведкі яркіх інтэлектуальных знаходак і адкрыцьцяў. Гэткія вострыя адчуваньні ўлучнасьці ў плыню аўтарскага думаньня можа спарадзіць адно цэльны, сумленны, багаты тэкст. Інакш мы натыкнемся на манерны “гон” самаўлюбёнай пустэлькі.
Лекцыя 3
Плян:
1. Асноўныя жанры культур-аналітыкі: дыялёг, аналітычны артыкул
2. Збудова канцэптаў: спэцыфіка і праблемы
Працягваючы разбор асноўных жанраў культур-аналітыкі, мы пераходзім ад простага да складанага — ад апэратыўнага водгуку на лякальны сыгнал да мэтанакіраванага канструяваньня канцэптаў. Самае значнае і каштоўнае ў нашай справе адбываецца менавіта тут, на верхніх паверхах. Колькі жывуць рэцэнзіі? Дзень-два. Аўтарская калёнка (калі вы ня Віктар Пялевін) — не на шмат даўжэй. А вось разгорнуты разбор наяўнага status quo (пэўнага артыста, стылю або накірункаў, індустрыі ўвогуле) “чапляе” чытача значна мацней і можа выклікаць важкі мэдыя-рэзананс у выглядзе палемікі, спасылак і актыўнага цытаваньня. Рэцэнзіямі і камэнтарамі аналітык зарабляе на штодзённы хлеб з маслам; канструяваньнем канцэптаў зладоўвае сур’ёзную рэпутацыю. Зразумела, толькі ў тым выпадку, калі яму цесна ў разьдзеле рэцэнзій.
Што гэта значыць — “будаваць канцэпт”? Скажам адразу: абсалютная бальшыня тых, хто прафэсійна заняты культур-аналітыкай, не падазраюць, што іх занятак завецца менавіта так. Калі мы маркіруем шэраг культурных працэсаў і зьяў з дапамогай агульнага ярлыка — і даказваем яго абгрунтаванасць — мы, уласна, і будуем канцэпт. Калі супастаўляем факты і робім высновы — будуем канцэпт. Калі параўноўваем розныя этапы кар’еры артыста і выводзім дыяграму яго творчага руху — таксама будуем канцэпт. Іншымі словамі, дзе ёсьць аўтарская праца сыстэматызацыі і крытычнага асэнсаваньня культурнага матэрыялу, што мае вынікам пэўныя схемы разуменьня рэальнасьці, — там ёсць канцэпт.
Навошта і каму ён патрэбен? Аналітыку. Каб разабрацца ў адбываным. Чытачу — каб далучыцца да разуменьня аналітыка. Канцэпт — гэта адначасова аўтапартрэт, дыягназ культурнай сытуацыі і сродак камунікацыі. З дапамогай канцэптаў аналітык арганізуе навакольны “шум культуры” ў сыстэму падзей, фактаў і пэрсанажаў, невыпадкова (зь ягонага меркаваньня) зьвязаных між сабой. Да ўзьнікненьня такіх важных і эфэктыўных канцэптаў, як “французкая “новая хваля” і “фільм нуар” у кіно, імпрэсіянізм, абстракцыянізм і поп-арт у жывапісе, new wave у рок-музыцы, “новыя філёзафы” і “постмадэрнізм” спрычыніліся мэдыя-аналітыкі (выклікаючы абавязковую нязгоду шэрагу аўтараў, прылічаных да памянёных плыняў). Аналітык суб’ектыўна арганізуе наяўны матэрыял, зьбірае “пазл”, фінальная выява якога вядома толькі яму. Чым кампэтэнтны аналітык адрозьніваецца ад балбатуна-дылетанта? Пісьменным адборам матэрыялу, звычкай аргумэнтаваць і выразнасьцю фармулёвак.
Дыялёг — адна зь нячаста ўжываных (і тым жа часам найбольш выйгрышных) форм культур-аналітыкі. Прычына палягае ў складанасьці зрабіць якасны прадукт. Няпроста знайсьці двух экспэртаў “аднолькавай вагавай катэгорыі”, якія а) маюць арыгінальныя погляды на прадмет размовы, б) здольны выразна артыкуляваць сваю пазыцыю ў фармаце вольнай гутаркі. У выпадку з дыялёгам ёсьць небясьпека парушыць балянс і ператварыць “парнае коўзаньне” ў сольны нумар найбольш актыўнага і голаснага з суразмоўцаў. Важны момант: аб’ём тэксту кожнага з суразмоўцаў мусіць у канчатковай рэдакцыі быць прыкладна роўным.
Калі адзін з суразмоўцаў ня “ў форме” (з розных нагод), гутарка можа элемэнтарна ня скласьціся. У гэтым разе варта зрабіць паўзу, сабрацца з думкамі або папросту перанесьці запіс. Да таго ж, падчас расшыфроўкі запісу гутаркі істотна зважыць на захаваньне асаблівасьцяў маўленьня кожнага з удзельнікаў.
Галоўны “матор” дыялёгу – канфлікт пазыцый. Калі ўдзельнікі першапачаткова знаходзяцца на агульных пазыцыях і толькі падтрымліваюць выказваньні сумоўцы, дыялёг ня мае сэнсу. Аптымальны яго фармат — дыскусія, сутыкненьне меркаваньняў.
Калі дыялёг ладзіце вы самі, у якасьці суразмоўцы лепш абраць чалавека, зь якім вы досыць даўно і добра знаёмы. Гэта забясьпечыць пазытыўны эмацыйны фон гутаркі і патрэбную ступень раскутасьці. Калі ж суразмоўца — чалавек для вас новы, мае сэнс сустрэцца зь ім папярэдне — абмеркаваць у агульных рысах тэму і лепш пазнаёміцца. Сур’ёзная памылка — выклікаць суразмоўцу на разгорнутае выказваньне да запісу. У яго датэрмінова “сядуць батарэйкі” і запіс атрымаецца бляклы: галоўнае ж прагучала ўжо раней.
Прафэсійная дачыннасьць суразмоўцаў да тэмы гутаркі не абавязковая. Больш важна — асабістая зацікаўленасьць прадметам размовы. Ініцыятар дыялёгу зазвычай вызначае тэму, загадзя пралічвае асноўныя “пункты маршруту” (падтэмы) і сочыць, каб размова адпавядала тэме. Прыймальная працягласьць гутаркі — 40—50 хвілін (у аптымальным варыянце — 6—7 тыс.знакаў у выніку).
Чым прывабны і эфэктыўны дыялёг? Перадусім ён руйнуе звыклы рэжым спажываньня мэдыя-прадукту, ператвараючы чытача з аб’екту інфармацыйнага ўзьдзеяньня ў суўдзельніка дыскусіі. Жывы дыялёг непрадказальны, бо працуе ў рэжыме калектыўнай імправізацыі, непасрэднага мысьленьня тут і цяпер. У такім фармаце хатнія нарыхтоўкі немагчымыя альбо мала эфэктыўныя. Гэта стэнаграма інтэлектуальнага спарынгу, калі ў выніку сутыкненьня нараджаюцца новыя сэнсы. Тэма прэпаруецца наўпрост — на вачах чытача. Сюжэт набывае аб’ёмнае стэрэагучаньне, тэкст робіцца адкрытым — нават калі ён лягічна завершаны. Галоўным атракцыёнам для чытача тут ёсьць рух аўтарскай думкі. А тэма… Тэма можа быць якой заўгодна (ад лёсу інтэлектуала да мужчынскіх шкарпэтак) — быў бы імпульс для канцэптуальнага выказваньня!
Ці трэба рэдагаваць вольную гутарку постфактум? Безумоўна, трэба! Ніхто ня гаворыць “па пісаным”. Гутарковая прамова поўная паўтораў, сэнсавых збояў, неабавязковых рэмарак. У жывой размове гэта натуральна, у друкаваным тэксьце — папросту нечытэльна. Гутарка практычна ніколі не бывае “начыста”. Таму зь ёй трэба працаваць: патрабуецца прарэджваньне стэнаграмы і — у некаторых выпадках — перакампаноўка рэплік (бывае, да прыкладу, самая ўдалая фармулёўка праблемы гучыць у фінале, а сэнс падказвае, што зь яе лепш пачаць).
Асобны цікавы момант — аўтарская гульня ў дыялёг. У гэткім разе мы атрымліваем “два ў адным”: аўтар “раздвойваецца”, агучваючы розныя погляды на прадмет. Гэта магчыма як у выпадку неадназначнай пазыцыі самога аўтара, які падзяліў аргумэнты “за” і “супраць” між рознымі пэрсанажамі свайго тэксту, так і для агульнага ажыўленьня карцінкі — практыкаваньня са стылем. Пара дыскутантаў — напрыклад, цынік і рамантык — цалкам можа стаць вашай фірмовай фішкай (і маскай). Але дзеля дасягненьня эфэкту дыялёг мусіць быць жывым і ўцямным.
Натуральна, дыялёг — спэцыфічны прадукт, які лепш не ўжываць кожны дзень. Ён выглядае арганічна ў штотыднёвіку альбо штомесяцовым глянцавым часопісе. І, безумоўна, відочна выйграе на фоне маналёгаў іншых аўтараў. Але толькі ў тым разе, калі кожны з удзельнікаў умее слухаць суразмоўцу і своечасова “даваць пас”. Гэта звычка выпрацоўваецца цягам актыўнай практыкі. Таму для доўгатэрміновага праекту лепшы варыянт — стабільны аўтарскі тандэм, які пасьлядоўна распрацоўвае пэўнае тэматычнае поле.
Аналітычны артыкул — разгорнутая канцэптуальная развага на актуальную тэму. Такі мэдыя-тэкст аб’ектыўна найбліжшы да навуковай працы, таму што ў ім першапачаткова прысутнічае аўтарская гіпотэза (арыгінальная трактоўка аб’екту), а таксама мае мейсца прыкладаньне яе да пярэстага практычнага матэрыялу ды прэзэнтацыя вынікаў. Як і дыялёг, аналітычны артыкул дэманструе пэўны спосаб разуменьня наяўнай сытуацыі. Але гэта ўжо не дуэль на словах — абмен адрывістымі рэплікамі, а суцэльны выступ асобнага экспэрта, з цытатамі і адсылкамі да іншых культурных тэкстаў. Тут можна не сьпяшацца і не адгукацца на імгненную інфармацыйную нагоду. Аналітык глядзіць на рэчы ў доўгатэрміновай пэрспэктыве.
Адрозна ад “плоскага” стоп-кадру рэцэнзіі (прыватнае меркаваньне), аналітычны артыкул — разгортка пэўнага сюжэту (абагульненьне). Эфэкт “аб’ёмнасьці” дасягаецца за кошт вызначэньня месца пэўнага пэрсанажа, прадукту або стылю ў сыстэме вертыкальных (час — сувязь з культурнай традыцыяй і наяўным “духам часу”) і гарызантальных (прастора — прапіска ў сёньняшнім культурным кантэксьце) каардынат культурнай дынамікі. Галоўныя пытаньні аналітычнага разбору: навошта і адкуль гэта зьявілася, куды рухаецца і што можа для нас значыць? Іншымі словамі, прадметам гутаркі мае быць не адасоблены прадукт або адвольная асацыятыўная гульня, а жывое жыцьцё творчых праектаў. Аналітык імкнецца рэканструяваць іх лёгіку і зразумець мэханізмы іх росту. Ён назірае рух ідэй. Ён адначасна рэстаўратар мінуласьці і прарок будучыні.
Аналітычны артыкул — напэўна, самы працаёмкі і няпросты фармат культур-аналітыкі. Бо тут адказы не ляжаць на паверхні. Вядома ж: перш чым растлумачыць нешта публіцы, трэба зразумець гэта самому. І тут не схаваесься за хваляй эмоцый, за чужымі словамі і хорам мэтафар. Чытач, падхоплены чарговай культурнай модай, чакае па тлумачэньняў — і яны мусяць прагучаць. У пазначаным вышэй ракурсе — ад прыватнага да агульнага. У такіх варунках экранны Эраст Фандорын патрапіць у нашчадкі іншага абаронцы Айчыны — журботнага Штырліца, нэрвовы Фрэдэрык Бэгбэдэр увойдзе ў клюб выбітных лузэраў усіх часоў — ад Оскара Уайлда да Джарвіса Кокера, а тэатральна-праваслаўны фэст “Залаты віцязь” акажацца апошнім цьвіком у дамавіне незалежнага фэставага руху Беларусі. Што мы робім? Вы ўжо зразумелі: будуем канцэпты.
Ці можа аналітычны артыкул памыляцца? У частцы высноў — бывае: аўтар таксама чалавек і чытае жыцьцё не бесстароньне. Але — як і іншыя мэдыя-тэксты — аналітыка ня мусіць хлусіць у частцы фактаў і пэўных акалічнасьцяў. Што трэба для стварэньня якаснай аналітыкі? Няшмат: а) дастатковы аб’ем фактуры, б) здольнасьць пралічваць наяўны кантэкст, в) здаровы крытыцызм, г) агульная культура мысьленьня.
Галоўная праблема ўсіх аналітыкаў (і перадусім — схільных думаць глябальна) — у асабістай нязгодзе з рэальнасьцю. Адрозна ад шэраговых спажыўцоў культуры і аўтараў, што працуюць на сваёй малой дзялянцы, любы культур-аналітык дзейнічае на падставе ідэальнага агульнага вобразу культурнасьці, сфармаванай гадамі прафэсійнай практыкі і ўласнага густу. Іншымі словамі, аналітык жыве ў культуры, якую сам аб/пры/думаў. Такая карціна можа быць яркай, выразнай, дакладнай і дасьціпнай. З адзінай папраўкай: рэальнасьць далёка не заўсёды здатная жыць па вызначаных законах. Насамрэч культур-канвэер працуе з улікам масы фонавых акалічнасьцяў, што “псуюць” жыцьцё аналітыку,— камэрцыйных інтарэсаў, ценевых дамоўленасьцяў, фінансавых абавязальніцтваў, асабістых абставін, “тэлефоннага права”, прыхаванай і відочнай цэнзуры і да т.п. Культурная сытуацыя ніколі не ўкладаецца бязь лішку ў пэўны канцэпт. І зусім не сьпяшаецца жыць па нашых аналітычных схемах.
Гэта азначае, што культур-аналітыка вырачана на сталы канфлікт жаданага з наяўным. Мы патлумачваем рэальнасьць, а яна супраціўляецца. Фройдаўская ” незадаволенасьць культурай” — натуральны стан такога аўтара. Ён цалкам можа быць шчасьлівы з прыватных нагод (удалы фільм, яркая кружэлка, сымпатычны дэбют і г.д.). Аднак значна часьцей аналітык прыгнечаны “сьмецьцевай” якасьцю бальшыні тэкстаў, што поўняць навакольны культурны асяродак. У гэтым сэнсе культур-аналітыкі — ахвяры культур-індустрыі. Дасьведчаны спажывец можа выбіраць: ён адмовіцца ад нашумелага, але яўна “нясьвежага” прадукту. А вось аналітыку давядзецца правесьці дэталёвую дэгустацыю . Прафанны попыт робіць касу, а нам выпадае абгрунтоўваць, чаму рэальна дрэнна тое, што вельмі добра прадаецца. І наадварот.
На суцеху можна сказаць: “камэрцыйнае” — не сынонім дрэннага. Як, зрэшты, і аўтарскае — не сынонім добрага. Шлях аналітыка — шукаць рэальныя каштоўнасьці (і рэальныя правалы) там, дзе заўважны іх сьлед, рухацца па-над стандартнымі рынкавымі клясыфікацыямі і жанравымі падзеламі, не зважаючы на гучныя тытулы і “лічбы касавых збораў за першы ўікэнд”. Каб, уладкаваўшы культуру для сябе, дзяліцца сваім досьледам зь іншымі — тымі, хто ня мае для гэтага дастатковага часу і/альбо здольнасьцяў.
Лекцыя 4
Плян:
1. Нетрадыцыйныя формы культур-аналітыкі:
— гонза-журналістыка: што, дзе, калі, як?
— блогі: новая журналістыка?
1. Нетрадыцыйныя формы культур-аналітыкі
У апошнім блёку мы разгледзім вельмі распаўсюджаныя, але “нефарматныя”, з традыцыйнага гледзішча, формы аўтарскага пісаньня. Галоўная і найбольш істотная прыкмета маргінальных форм культур-аналітыкі — гэта прынцыповая зьмена оптыкі: цэнтральным аб’ектам выказваньня робіцца (яго) суб’ект. То бок асоба аўтара ва ўсім спэктры яе эмоцый. І наадварот: тое, што ў звычайнай журналістыцы лічыцца асноўным прадметам апісаньня і вызначэньня (тая самая “інфармацыйная нагода”) тут — толькі сыравіна, зыходны матэрыял, фактурны рэсурс для эмацыйнага аўтапартрэту на фоне падзеі.
Такі тэкст аднолькава далёкі як ад сухой навіны, так і ад лірычнай “спавядальнай” бэлетрыстыкі. Формула “фактура плюс асабовы погляд” захоўваецца — зьмяняюцца акцэнты: галоўнай падзеяй тэксту аказваецца сам аўтар, які прапускае празь сябе акалічнасьці нашага агульнага культурнага досьведу.
Папраўдзе, менавіта суб’ектыўнае пісаньне ў рэжыме наўпроставага рэпартажу з уласнай зьмененай сьвядомасьці й сталася ў пачатку 1960-х гадоў асновай такой зьявы, як “новая журналістыка”. Том Вулф, Норман Мэйлер, Кен Кізіі, вядома ж, гонза — мэйстэр Хантэр Томпсан, якія пачыналі ў тыя гады, а цяпер прызнаныя за “акул пяра”, літаральна падарвалі амэрыканскую мэдыя-прастору сваімі рэзкімі саркастычнымі і шчырымі тэкстамі. У апазыцыю “цьвярозай і разважлівай” манеры традыцыйных СМІ — за якой часта стаялі шаблоннасьць мысьленьня і камэрцыйная зацікаўленасьць — “новыя журналісты” абралі для сябе фармат інфармацыйных камікадзэ, вярнуўшы ў мэдыя-працу рок-н-рольны драйв і вольны імправізацыйны стыль. Галоўнай матывацыяй іх працы былі не карпаратыўныя інтарэсы працадаўцы, але асабістая рызыка, незалежнасьць меркаваньняў і неверагодны кайф ад назіраньня падзей адзіна магчымым спосабам: апускаючыся ў іх з галавой. Журналістыка стала “поп”, ад яе (як пісаньня, так і чытаньня) стала мажліва атрымліваць задаваленьне.
Гонза-журналістыка ўдасканаліла гэты стыль. Тэарэтык і практык яе — і, з шматлікіх меркаваньняў, адзіны сапраўдны “гонза” — журналіст і пісьменьнік Хантэр Томпсан вырашыў асабістым прыкладам вучыць унутранай волі “карпаратыўных пацукоў” ад журналістыкі.
Сам тэрмін “гонза” выглядае даволі выпадковым. “Гэта нешта небывалае. Поўнае гонза!” — кажуць, менавіта так адрэагаваў сябар Томпсана Біл Кардоза, калі той у 1970 г. даслаў яму замест замоўленага рэпартажу зь іпадрому пачак лістоў, выдраных з нататніка і запоўненых фрагмэнтарнымі запісамі пад назвай “Дэрбі ў Кентукі ў заняпадзе і загане”. Хтосьці піша, што менавіта так падчас ірляндзкіх п’янак клікалі апошняга, хто застаўся на нагах. Іншыя спасылаюцца на назву старога поп-гіта або гішпанскае gonzagas (дурыць). У любым выпадку гонза-стыль стаў цяпер прызнаным культурным фактам.
Працоўнае азначэньне гонза ў розных крыніцах гучыць па-рознаму: журналістыка па-за законам, альтэрнатыўная журналістыка, экстрэмальная журналістыка, анархісцкая журналістыка, журналісцкі імпрэсіянізм і нават літаратурны кубізм. З усёй іх стракатасьцю гэтыя вызначэньні — хутчэй, дэкаратыўныя, чым зьмястоўныя. Дадамо да іх пару цытат ад галоўнага містэра Гонза. Сэнс гонза — перадаць атмасфэру “асабістай журналісцкай прыгоды” (Томпсан). Гэта палкі раман з рэальнасьцю ў процівагу мляваму абслугоўваньню інтарэсаў замоўцы. Тым, хто практыкуе гонза, патрэбны “талент дасьведчанага журналіста, вострае вока прафэсійнага фатографа і сталёвыя яйкі актора. Бо той, хто піша, мае быць непасрэдным удзельнікам таго, пра што ён піша. Магчыма, самая блізкая аналёгія — кінарэжысэр, які сам піша сцэнар, сам вядзе здымкі і пэрыядычна сам далучаецца да дзеяньня — калі не ў галоўнай, то хоць бы ў другараднай ролі” (Томпсан).
Гонза прынцыпова адмаўляецца ад прэтэнзій на аб’ектыўнасьць, сыстэмнасьць і лягічнасьць. Гонза-стыль у журналістыцы — аналяг літаратурнай тэхнікі “плыні сьвядомасьці”, якую практыкаваў Фолкнэр, і “аўтаматычнага пісаньня” французкіх сюррэалістаў. Гэта пісаньне бяз правіл, але з вызначанымі прынцыпамі. Да якіх зазвычай адносяць:
— схільнасьць да імправізаванага выказваньня, што не прадугледжвае наступнай стылістычнай апрацоўкі і рэдактарскай праўкі. Як прасьпявалася — так прасьпявалася.
— сьвядомае “расфакусаваньне” думкі: у межах аднаго тэксту тэма можа зьмяняцца некалькі разоў, падпарадкоўваючыся плыні аўтарскіх асацыяцый,
— гіранічнае цытаваньне клясычных і поп-культурных тэкстаў у якасьці эпіграфаў для гонза-тэкстаў,
— акцэнт на прыватны фактар. Ключ да посьпеху — пражываць тое, што ты пішаш.
— адсылкі да папулярных асоб: палітыкаў, актораў, музыкаў, мэдыя-пэрсон,
— сарказм і/або гумар на мяжы дапушчальнага,
— абвостраная цікаўнасьць да “сьлізкіх” тэм (сэкс, наркотыкі, спорт, палітыка),
— адмысловая ўвага да характэрных дэталяў,
— захопленасьць гульнёй слоў і абсудысцкай словатворчасьцю.
Карыстаючыся звыклай тэрміналёгіяй, гонза — гэта рэпартажы і эсэі ўважлівага, кампэтэнтнага і дасьціпнага аўтара, напісаныя мэтадам уключанага назіраньня/глыбіннага апусканьня ў сытуацыю, у максымальна раскутай і вельмі суб’ектыўнай манеры.
Няма нічога больш бязглуздага і наіўнага за цьверджаньні, што гонза — стыль безгаловых дылетантаў і амбітных недапекаў. Быць гонза зусім ня так проста, як можа падацца: лёгкасьць пісаньня і структура тэксту, што рассыпаецца на вачах чытача, — не банальная стэнаграма запою або трыпу, а вынік усьвядомленых высілкаў цалкам падкантрольнага сабе (нават у стане зьмененай сьвядомасьці) аўтара. Насамрэч гонза — найвышшы прафэсійны ўзровень новай журналістыкі, яе тактычная зброя. Фактычна гэта новы рэалізм, спроба злавіць жывое дыханьне жыцьця па-над ідэалягічнымі і прафэсійнымі бар’ерамі. Гонза-аўтар ня хлусіць. Ён шчыры — але так, як бывае шчырым таленавіты бэлетрыст: гонза не апрацоўвае рэальнасьці з пэўных пазыцый (як “нармалёвы” журналіст), а дазваляе ёй казаць празь сябе, рэзануючы ў такт вібрацыям культуры.
У сыстэме культур-аналітыкі гонза (як і любы іншы фармат аўтарскай працы) ня можа прэтэндаваць — ды й не прэтэндуе — на манаполію. Зь некалькіх прычын.
1. Гонза — натуральная форма выказваньня радыкальнага крыла маладых аўтараў, што не жадаюць/ня ўмеюць упісацца ў сыстэму. Крытычна-мысьлярскае культурнае падпольле — натуральная гонза-сфэра.
2. У глябальным пляне гонза — нармалёвая мова крызыснай мэдыя-сытуацыі, калі новы стыль мэдыя часьцінамі прарастае скрозь мёртвую мову эпохі, якая адыходзіць.
3. Нарэшце, гэта эфэктыўны фармат апэратыўнага пісаньня “зь месца падзей”, калі ёсьць патрэба не сухой аналітыкі, а пэўнай стэнаграмы пачуцьцяў, што чапляе чытача эмацыйна. Менавіта ў гэтай якасьці гонза-стыль актыўна выкарыстоўваецца сёньня бальшынёй прасунутых мэдыя (у тым ліку й сеткавых).
Такім чынам, мы пазнаем тры абліччы гонза: радыкал-крытыцызм, мова крызысу, суб’ектыўны дакумэнталізм. У сваіх першых двух кшталтах гонза — нечаканы погляд на рэальнасьць і школа аўтарскага пісаньня. У апошнім — тэхнічны прыём высокапрафэсійнага журналіста, здольнага выходзіць за межы будзённых фарматаў традыцыйнай мэдыя-працы.
Гонза — спосаб зрабіць наш мэдыя-прадукт больш яркім і разнастайным. Прыгадаем яшчэ раз: плюс гонза — у шчырасьці, нязьмірнасьці са штампамі і джазавым/ драйвавым падыходзе да пісаньня. Мінус — у прынцыповай “дэцэнтроўцы” і слабой схільнасьці да складнай разгорткі сюжэту. Калі мэдыя стоадсоткава “гонза” — яно аднастайнае, агрэсіўнае і папросту нецікавае. Як працяглы “гон” выпадковага спадарожніка або раптоўныя пахмельныя шчырасьці ледзь знаёмага чалавека. Але гонза-кавалкі ў агульным інфармацыйным масіве руйнуюць інэрцыю ўспрыманьня і асьвяжаюць культурны пэйзаж.
Нармалёвы адаптаваны сыстэмай гонза-аўтар — гэта ўладальнік аўтарскай калёнкі і/або рэпартэр- нонканфарміст, стваральнік экстрэмальных атракцыёнаў у наяўным камфортным мэдыя-абшары.
Гонза як імправізацыйная журналістыка, што ўвесь час вылузваецца з традыцыйных фарматаў і канвэнцыйных форм пісаньня — сыстэмы сеткавых кантактаў пасродкам блогаў, т.б. асабістых інфармацыйных рэсурсаў. У кантэксьце нашай тэмы блогі можна разглядаць як прасунуты варыянт “сам(сабе) выдату” — сродак публічнай апэратыўнай рэакцыі на бягучыя падзеі, прадукты і працэсы культурнага рынку. Блогі нярэдка вызначаюць як “грамадзянскую журналістыку” — інфармацыйную працу, якую добраахвотна і бескарысна выконваюць усе ахвочыя (незалежна ад здольнасьцяў, адукацыі і спэцыфікі заняткаў).
Дачынна ж працы культур-аналітыка блогі могуць выконваць некалькі функцый:
1. Альтэрнатыўная/”ценявая” аналітыка. У гэтым разе сеткавы аналітык выкладае свае разборы, нататкі і эсэ ў блогу, ствараючы ўласны рэсурс, не залежны ад чужой волі. Для прафэсіянала блог — дадатковы інфармацыйны канал, “маё асабістае мэдыя” (адрозна ад звычайнай заказной працы на “фарматныя” СМІ). А для “дылетанта” — рэальны спосаб агучыць сваё меркаваньне. І кароткі курс маладога мэдыя-байца.
2. Сродак пашырэньня мэдыя-фармату. Шматлікія сеткавыя СМІ (або сеткавыя вэрсіі друкаваных выданьняў — ад “Камсамольскай праўды” да рускай вэрсіі Rolling Stone — адводзяць адмысловае месца для блогаў сваіх папулярных аўтараў (штатных і пазаштатных). Тут блогі працуюць як своеасаблівы дадатак да асноўнага выпуску, дадатковы інфармацыйны атракцыён і, нарэшце, як спосаб атрымаць наўпроставы “доступ да (віртуальнага) цела” пэўнага блогера. Блогі ў СМІ — абяцаньне нефармальнага кантакту з аўтарам.
3. Інфармацыйны асяродак. Блогасфэра здольна падаць інфармацыю наўпрост зь месца падзей — канцэрту, масавай акцыі, спэктаклю або фэсту, а таксама агучыць vox populi (“меркаваньне народу”) з нагоды новага дыску або фільму. Блогі працуюць як рэсурс фактаў і пунктаў погляду, што дапамагае прафэсіяналу стварыць больш зьмястоўны і менш тэндэнцыйны тэкст на пэўную тэму.
4. Шматсэрыйная PR-акцыя ўласнага вырабу. Папулярны блог — гэта яшчэ й добры сродак рэклямнага пасоўваньня і раскруткі пэўнага аўтара. Зрабіўшы сабе імя ў інтэрнэце, аўтар можа лёгка прыцягнуць увагу сваіх прыхільнікаў да больш “фарматных” прадуктаў ад таго ж “брэнду” — напрыклад, да кніжкі абраных артыкулаў, раману або да аўтарскай калёнкі ў друкаваным выданьні.
5. Сродак зваротнай сувязі. Блог — гэта не трыбуна аўтара-манапаліста, але адкрытая палемічная пляцоўка, дзе можна даведацца пра сябе шмат новага і нечаканага.
Такім чынам, блог забясьпечвае любому аўтару а) права самастойна вылучаць тэму і форму выказваньня, б) практычна імгненную публікацыю, в) магчымасьць атрымаць апэратыўную крытыку ад шырокага кола чытачоў, г) шанец удакладніць і дадаткова аргумэнтаваць сваю пазыцыю шляхам новых пастоў, д) выкарыстаць у якасьці аргумэнтаў спасылкі на іншыя рэсурсы.
Галоўная вартасьць (і адначасова галоўны недахоп) блогаў — поўная адсутнасьць якіх-кольвек абмежавальных/ фармавальных фактараў (удакладненьняў і пераправерак інфармацыі, рэдакцыйных заданьняў, стылістычнага і тэматычнага “фармату”, рэдактуры і праўкі). Гэта азначае, што “ўзровень шуму” ў блогасфэры вельмі высокі: звычайныя фільтры, якія забясьпечваюць пэўную якасьць прадукту, тут не працуюць. Аўтар, пасьпяхова ўнікнуўшы долі “карпаратыўнага мэдыя-зомбі”, трапляе ў сытуацыю самотнага самурая ў полі культурных знакаў і мае абавязальніцтвы толькі перад сабой.
Сеткавыя рамантыкі бачаць у блогасфэры альтэрнатыўныя мэдыя або мэдыя будучыні, вольныя ад ідэалягічнага прэсынгу. Аднак больш падстаў бачыць у ёй “каля-мэдыйнае” або “перад-мэдыйнае” сэнсавае поле. Гэта перадусім інтуітыўная журналістыка, “весткі з палёў”, якія не прадугледжваюць сьвядомай працы ў адбудоўваньні канцэпту і аўтарскай манеры пісаньня. Блог не прадумваецца, а “здараецца”. Блогерская актыўнасьць можа падштурхнуць кагосьці да прафэсійнага трэнінгу, але ня здольная яго замяніць.
Зона блогаў не стварае стабільных прадуктаў, а прадукуе рух сэнсаў. Гэта тэксты наўздагон, рэплікі з нагоды — бліц-разборы і спасылкі, даведкі і камэнтары, чарнавікі канцэптаў і палявы дзёньнік культур-партызана ў адным фляконе.
З пункту гледжаньня культур-аналітыкі, эфэкт блога можна пазначыць як сталае стварэньне і падтрыманьне вакол традыцыйных/легітымных мэдыя-тэкстаў жывога праблемнага асяродзьдзя, якое спараджае новыя вобразы і сэнсы. Фактычна гэта азначае, што любое аўтарскае выказваньне, здольнае прыцягнуць пэўнае кола чытачоў-суразмоўцаў, ператвараецца ў віртуальны “раман з працягам”. Які доўжыцца роўна столькі, колькі жыве цікавасьць да азначанай тэмы. І можа скончыцца цалкам нечаканым для аўтара зыходнага тэксту чынам. З “зачыненага” (завершанага) аўтарскага паведамленьня, створанага па вызначаных правілах, тэкст робіцца адкрытым для калектыўнага мысьленьня і дабудовы ўсімі зацікаўленцамі. Аналітык губляе свой адмысловы статус. Але гэта значыць толькі тое, што мы пераходзім на новы ўзровень. Дзе таксама будуць запатрабаваны нашы “ключы да рэальнасьці”. Хаця б як нагода для чарговай сеткавай дыскусіі.