курс:
Мова. Культура. Цывілізацыя
Сэмінар пра мову — беларускую і ня толькі. Мэталінгвістыка ў абодвух значэньнях: беларуская мова як сыстэма, як практыка, як сьвет; беларуская мова як інструмэнт спазнаньня нас самых. Задача — ня проста вывучаць мову як аб’ект, а ўспрыняць яе як месца, дзе мы ёсьць, як спосаб спасьціжэньня навакольнага сьвету і ўрэшце як жывы арганізм, які зьмяняецца разам з намі. „Межы маёй мовы ёсьць межамі майго сьвету“, — сфармуляваў Людвіг Вітгенштайн. Але гэта чытаецца таксама ў адваротны бок: зьмяняючы мову, мы зьмяняем тым самым сьвет, а г. зн. самых сябе.
Сэмінар зь дзьвюх частак. У адной мы спрабуем убачыць жывую і патэнцыйную моўную сыстэму: фанэтыка і пісьмо, словазьмена і сынтакс, прасторы стыляў — ад паэтычнага да моладзевага арго. У другой абрынемся ў моўную рэальнасьць: норма і узус, старабеларуская і новая беларуская (ці ёсьць мяжа?), гаворкі і трасянка, гарадзкі „салён“ і афіцыйныя шчамлёткі, моўная палітыка і палітыка памяці. Для тых, хто хоча ня толькі ўмець, але і разумець, і ствараць.
Вінцук Вячорка — філолаг, выкладчык, журналіст. Старшыня партыі БНФ (1999—2007). Палітвязень Беларусі.
Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з “Майстроўні” і “Талакі” 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.
Узнагароджаны медалём да 100-годдзя БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Больш пра выкладчыка можна прачытаць тут.