Пятро ВАСЮЧЭНКА. Беларуская экалітаратура: ад старажытнасці да першай паловы XX стагоддзя
Лекцыя 1. Станаўленне экалагічнага мыслення ў беларускай літаратуры старажытнага і новага часу
План:
1. Паняцце экалагічнага імператыву як асноўнага чынніка экалагічнага мыслення
2. Праявы экалагічнага мыслення ў міфалогіі, фальклоры і старажытнай літаратуры
3. Экалагічны імператыў і новая беларуская літаратура
1. Паняцце экалагічнага імператыву як асноўнага чынніка экалагічнага мыслення
У постіндустрыяльную эпоху вырашэнне праблем захавання навакольнага асяроддзя трансфармавалася ў пытанне пра захаванне асяроддзя чалавечага існавання. Чалавецтву дадзена адзіная магчымасць дла пераарганізацыі стратэгіяў і формаў уласнага існавання, альтэрнатывы якой няма. Паняцце экалагічнага імператыву азначае разумныя суадносіны чалавецтвам сваіх патрэбаў з неабходнасцю аздараўлення біясферы, прыроднага асяроддзя. Паколькі чаканы выбар мае маральны характар, настолькі катэгарычны імператыў разумеецца намі ў пашыраным значэнні, якое прадугледжвае не толькі дасягненне гармоніі чалавека з прыродай, але і ў пэўнай ступені гармонію чалавека з самім сабой, захаванне і памнажэнне духоўных каштоўнасцяў, вяртанне да забытых рэліквіяў, святыняў, ідэалаў, нормаў гарманічнага быцця.
Паняцце катэгарычнага імператыву, якое сінтэзуе ў сабе ўласна прыродаахоўчыя і маральныя максімы, можа быць прыдатным для вывучэння як класічнай, так і сучаснай беларускай літаратуры, прысвечанай праблеме “чалавек і прырода”.
Беларуская літаратура звярталася да максімаў, прадыктаваных экалагічным імператывам, яшчэ задоўга да таго, як за гэтай з’явай быў замацаваны адпаведны навуковы тэрмін. Праявы экалагічнага мыслення можна знайсці ў творах класікаў ? паэме “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага, кнізе “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” Яна Баршчэўскага, паэме “Новая зямля” Якуба Коласа, паэме “Яна і я” Янкі Купалы, раманным цыкле “Палеская хроніка” Івана Мележа ды іншых узорах айчыннай класікі.
Развіццё новай беларускай літаратуры і фарміраванне ў яе межах экалагічнага мыслення было працэсам сінхранізаваным і ўзаемаабумоўленым, які прывёў у 2-й палове ХХ стагоддзя да вылучэння экалагічнай мастацкай літаратуры як жанравага кірунку.
У другой палове ХХ стагоддзя ў беларускай літаратуры сфарміраваўся кірунак, як можна вызначыць як экалагічны. Яго актывізацыя звязана з такой трагічнай падзеяй у беларускай гісторыі, як чарнобыльская катастрофа. Чарнобыльскай тэме прысвячалі свае творы многія прызнаныя майстры беларускай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя, такія, як Алесь Адамовіч, Святлана Алексіевіч, Васіль Быкаў, Аляксей Дудараў, Сяргей Законнікаў, Віктар Казько, Віктар Карамазаў, Мікола Мятліцкі, Уладзімір Някляеў, Алесь Петрашкевіч, Іван Пташнікаў, Андрэй Федарэнка, Іван Шамякін ды іншыя. Масіў постчарнобыльскай літаратуры толькі сёння пачынае рабіцца аб’ектам літаратуразнаўчых даследаванняў.
Беларуская літаратура, што раздумвае над праблемай “чалавек і прырода”, мае значны эстэтычны і аксіялагічны патэнцыял, дастатковы для таго, каб быць шырока рэпрэзентаванай у сусветным літаратурным кантэксце і вызначаць пэўныя кірункі яго руху.
На сённяшні дзень надзвычай актуальныя ацэнка ўнёску беларускіх пісьменнікаў у сусветны досвед экалагічнай літаратуры, вызначэнне спецыфікі творчасці пісьменнікаў, што разважалі над праблемай “чалавек і прырода”.
У сусветным навуковым досведзе выкрышталізавалася такая сфера ведаў, як экакрытыка, якая вывучае сувязі паміж літаратурай і навакольным асяроддзем, і шырэй ? паміж культурай, прыродай і чалавекам.
Экалогія трактуецца прадстаўнікамі гэтай крытыкі і як аксіялогія, і як “экалогія душы”. Натуральным атачэннем чалавека прызнаюцца як прыродныя, так і культурныя рэаліі, якія разам ствараюць для яго аўтэнтычную прастору існавання.
Да шэрагу экакрытычных набліжаюцца і даследаванні беларускіх навукоўцаў, такіх, як А.Адамовіч, Р.Бярозкін, В.Каваленка, М.Мушынскі ды іншых, прысвечаныя нацыянальнай літаратурнай класіцы. У некаторых іх працах рэканструкцыя мастацкага свету таго або іншага класіка нязменна выводзіла даследчыка да праблемы “чалавек і прырода”. У гэтым плане, як адзначалася вышэй, беларуская літаратурная класіка надзвычай прадуктыўная.
У апошнія гады некаторымі навукоўцамі даследавалася ўласна экалітаратура (А.Бельскі, І.Бурдзялёва, Д.Дудзінская, А.Казейка, В.Козіч, Н.Навагродская, Л.Пярвушына, М.Рагачэўская, Т.Сыраежка, аўтар гэтых радкоў).
Аўтар гэтага курсу лекцый змалку меў сантымент да братоў нашых меншых, да ўсяго, што варушыцца, корпаецца ў зямлі, поўзае, плавае, бегае, лётае ў паветры. У кожнай калюжыне бачыўся мне цэлы свет: адзін ножкамі перабірае, другі робіць раскопкі ў глеі, трэці слізгае па паверхні вады, бы заўзяты фігурыст. І, на жаль, нехта некага заўсёды жмакае; так ужо гэты свет уладкаваны.
Маім літаратурным кумірам таго часу быў Джэральд Дарэл, вялікі сябра ўсяго жывога. Я разглядаў свет жывога праз акуляры, лупу і мікраскоп, вёў заалагічныя дзённікі, мерыўся паступаць на біяфак. І хаця гэты праект не спраўдзіўся, цікавасць да ўсяго жывога засталася ўва мне назаўсёды. Цягам часу, роздумаў, яна перарасла ў пытанне: дзеля чаго ўсё гэта створана?
Я глыбока перакананы ў тым, што ўсё гэта было недарэмна, і што кожная кузурка, кожны чарвячок, кожная жывая істота, на якую часам зірнуць брыдка, ? усе яны недарэмна займаюць сваё месца пад сонцам.
Не я першы пра гэта раздумваў, бо пісьменнікі былых часоў не раз прысвячалі свае творы братам нашым меншым. Найлепш гэта зрабіў, на маю думку, французскі паэт Гіём Апалінэр (беларус па паходжанні). Ён напісаў сусветна вядомы “Бестыярый, або Картэж Арфея”.
Ствараючы свой бестыярый “Піраміда Лінэя” (Мн., 2008), экалагічную казку “Каляровая затока” (Мн., 2008), я кіраваўся не толькі сістэмай Карла Ліннея, але і ўласным перакананнем пра тое, што ў ХХІ стагоддзі ў сумоўі чалавека і братоў ягоных меншых павінен дзейнічаць маральны імператыў: “Не растапчы”. І калі ў некага спыніцца нага, перш чым раздушыць свайго меншага брата ці сястру, буду лічыць, што мае навуковыя працы, мая белетрыстыка і дыдактыка створаны недарэмна.
2. Праявы экалагічнага мыслення ў міфалогіі, фальклоры і старажытнай літаратуры
Экалагічнае пачуццё дагістарычнага чалавека абумоўлена нявылучанасцю яго “я” з сферы прыроднага наваколля, уласцівым яго свядомасці адухаўленнем прыроды, анімізмам. У тыя касмічна далёкія часы, калі фармаваўся жывёльны казачны эпас, звяры і людзі жылі ў іншых, больш панібрацкіх стасунках, чым сёння.
Зберагаць жывое вакол сябе азначала зберагаць самога сябе. Дзеля захавання сваёй папуляцыі продак прыносіў ахвяры звярам. Задобрыванне жывёлін праз ахвяры мела хутчэй чалавекаахоўчую, чым прыродаахоўчую функцыю. Экалагічны імператыў быў прапісаны ў чалавечай істоце на ўзроўні калектыўнага несвядомага.
Воўк, які ўмее добра спяваць, атрымлівае ад дзеда ў якасці ганарару сем авечак, бычка, сучку, унучку і бабку (казка “Дзед ды баба і воўк”).
Жывёльная радзіна не была чалавеку чужой і ахвотна прымала да сябе чалавека. Стары жыў разам з козамі на небе, у дамку, злепленым з сыру і масла, ? пра гэта распавядае казка (“Як дзед на неба трапіў”).
У нашым казачным эпасе ёсць і гісторыя беларускага Маўглі ? хлопчыка, які патрапіў у воўчую зграю і пачаў жыць паводле яе законаў (“Хлапчаня ў воўчым ломе”).
Гармонія чалавека і жывой прыроды ўсведамлялася як справа сямейная, лучнасць братоў па крыві.
Жывёлы жылі паводле чалавечых звычаяў, дакладней, мелі агульныя з людзьмі звычаі. Птушкі жанілі вераб’я з сарокаю і ладзілі грандыёзнае йгрышча ў стылі барока з гэтае нагоды (“Шлюб вераб’я”). Муха-хахаўка, авантурніца архаічнае эпохі, запрагала ў кош шэсць камароў і выпраўлялася шукаць прыгодаў (“Муха-хахаўка”).
Казачнае суладдзе, у якім знаходзіліся чалавек і жывая прырода, утваралі архаічны зямны Праэдэм, у якім усе былі сямейнікамі, усе былі роўныя, ад чалавека да мухі-хахаўкі. Звяры маглі ўспрымацца як багі, але і гэтых “багоў” забівалі, просячы ў іх прабачэння.
Слядамі сямейнага Праэдэма з’яўляюцца татэмічныя прозвішчы Воўчык, Заенцы, Пятух, Казёл, якіх іхнія носьбіты часам неабачліва выракаюцца, што ў свой час выклікала праведны гнеў Уладзіміра Караткевіча (“Бог важдаецца з беларускімі прозвішчамі”).
Цывілізаваны чалавек разглядае свет дзікай, неачалавечанай прыроды як інакшасць, і ў адпаведнасці з гэтым пачуццём выяўляецца адзін з базавых інстынктаў чалавека цывілізаванага ? боязь Лесу.
Яна праглядаецца ўжо ў першым у свеце літаратурным творы ? “Эпас пра Гільгамеша”. Гільгамеш баіцца ўваходзіць у кедравы лес, дзе жыве таямнічы і страшны дэман Хумбаба: “І хто ўваходзіць у той лес, той калоціцца ад жаху”.
Падзел істотаў на братоў большых і меншых прыйшоў разам з умацаваннем монатэізму.
Абрысы раю зямнога змяніліся. Чалавек, створаны па падабенстве з Богам-дэміургам, ставіўся над прыродай і жывёламі, даваў імёны тварынам, прызначаўся іх апекуном.
“І быў вечар, і была раніца; дзень чацвёрты”, ? нагадвае Кніга Быцця пра той пункт адліку, ад якога на Зямлі заварушылася ўсё жывое. Ад гэтага моманту мора напоўнілася рыбамі ды іншымі істотамі, птушкі паляцелі над зямлёй, сушу запоўнілі жамяра, паўзуны, звяры, і Бог казаў, што гэта добра, бласлаўляў кожную існую душу на жыццё і множанне, а на пяты дзень ужо і чалавек быў створаны…
Пасля першароднага граху, выгнання з Эдэма і ўмацавання цывілізацыі паміж чалавекам і прыродай з’явіліся стасункі антаганізму.
Адступленне ад норм існавання, агульных як для чалавека, так і для ўсяго жывога свету, жорстка караецца біблейскім Богам. Спачатку знішчаюцца Садом і Гамора, а пасля ўсё чалавецтва.
Але менавіта чалавеку (Ною) даручаецца місія выратаваць жывёльны свет падчас сусветнае паводкі. Зберагаецца ўвесь жывёльны генафонд (“ад кожнае твары па пары”).
У хрысціянскай літаратуры чалавек і прырода дыстанцыянаваныя, падтрымліваецца біблейская іерархія, захоўваецца пафас захаплення веліччу і хараством створанага Богам свету.
Гэтак Кірыла Тураўскі падае ў “Казанні на Антыпасху” разгорнуты вобраз надыходу вясны, паказвае, як жывёлы, расліны і прыродныя сілы абуджаюцца з надыходам вясны, а пасля перакладае яго на мову сімвалаў і звязвае з Уваскрэсеннем Хрыстовым. Па сутнасці, гэта першы літаратурны краявід, першы анімалістычны твор і першая разгорнутая метафара ў гісторыі нацыянальнай літаратуры.
Гісторыю тэхнагеннай цывілізацыі можна ўявіць як хроніку падпарадкавання чалавекам прыроды і бясконцага супраціву апошняй.
Прырода пачала ўяўляцца неабазнаным, небяспечным, але цікавым, вартым асэнсавання асяроддзем. Даследчыцкі, аналітычны імпульс свядомасці сярэднявечнага чалавека выявіўся пры стварэнні зборніка (фактычна, энцыклапедыі) “Фізіялог”, дзе былі пададзены звесткі пра многіх жывых істотаў, рэальных і фантастычных, у тым ліку льва, арла, пелікана, слана, кентаўра, цыклопа, цмока, сірэн. “Фізіялог” як твор перакладной літаратуры меў значнае пашырэнне ў Беларусі за часамі Полацкага княства. У адпаведнасці з нормамі гістарызму (даверу да літаратурнага тэксту) нашы продкі верылі ў існаванне ўсіх істотаў, апісаных у “Фізіялогу”.
Аналогію першароднаму граху, звязанаму з аддзяленнем чалавека ад зямнога раю, варта шукаць у эпоху Рэнесансу, калі цывілізацыя канчаткова абрала тэхнагенны шлях развіцця.
Вынікам наступу чалавека на прыроду сталася татальнае вынішчэнне еўрапейскіх лясоў, ператвораных у пашы і палеткі.
У беларускіх лясах цалкам вынішчаны звер, на якога паляваў у свой час вялікі князь Гедымін, ? тур.
Але ў эпоху Рэнесансу выпрацоўваецца і іншы погляд на стасункі чалавека і прыроды. Адным з яго выказнікаў стаў беларускі паэт-лацініст Мікола Гусоўскі, які ў “Песні пра зубра” пратэставаў супраць знішчэння безабаронных жывёлаў на рымскай арэне, паэтызаваў прыроду Беларусі, звера, які яшчэ працягваў жыць у беларускіх пушчах ? зубра. Мікола Гусоўскі выказваўся за парытэтнасць у стасунках паміж чалавекам і прыродай, паляванне на звера разглядаў як спаборніцтва роўных. У фінальнай частцы паэмы гучыць матыў шкадавання да забітага звера. Жыццё чалавечай грамады і зубрынага статку паэт бачыць як тоеснае, заўважае ў іх шмат яркіх, уражлівых паралеляў. Жыццё, падараванае маладому зубру ў фінале палявання, дае падставу паэту выгукнуць ключавую рэпліку твора: “Спынім забойствы!”
Паэт уводзіць у беларускую экалітаратуру архетып Лесу як нацыянальны атрыбут. Ахова Лесу бачыцца аўтарам як клопат пра натуральнае жыццёвае асяроддзе, а разбурэнне Лесу ? як замах на само Жыццё. Мікола Гусоўскі абураецца безгаспадарчымі адносінамі чалавека да прыроды:
Дзе недагляд, там сады перародзяцца ў дзічку,
Поле радзіць перастане, бур’янам заглухне.
Але і хіжыя, спажывецкія адносіны чалавека да прыроды ўспрымаюцца аўтарам як вандалізм.
Упершыню ў беларускай экалітаратуры чалавек паказваецца не як Уладар, а як Гаспадар жывой прыроды.
Экалагічны імператыў пранікаў у грамадскую свядомасць, успрымаўся і як частка дзяржаўнай палітыкі. Белавежская пушча была абвешчана запаветнай яшчэ паводле ўказу Ягайлы і Вітаўта, пра што згадваў храніст Ян Длугаш. У Вісліцкім Статуце 1347 года і ў Статуце Уладыслава 1420?1423 гадоў прадугледжвалася пакаранне за забойства дзічыны і высечку лясоў. У 1457 годзе вялікі князь Казімір зацвердзіў граматай, на якую спасылаецца ў паэме і Мікола Гусоўскі, “службу звярыную”. Першы закон аб ахове звяроў і лясоў з’явіўся ў Вялікім Княстве Літоўскім у 1538 годзе. У Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1588 года вызначалася “цана звярам дзікім, якія б цераз каго былі забітыя ў чужой пушчы”, у тым ліку за зубра, 12 грошаў (раздзел 10, артыкул 2). Адзначым, што прырода ахоўвалася перадусім як прыватная ўласнасць, а не як універсальная каштоўнасць.
Францыск Скарына, які разгортвае сваю маральна-этычную дактрыну ў адпаведнасці з прынцыпамі хрысціянскага гуманізму, не абмінае ўвагай і стасункі чалавека з жывой прыродай. Усім вядомая максіма Скарыны, дэклараваная ў прадмове да “Кнігі Юдзіфі-ўдавіцы”. Кажучы пра любоў чалавека да сваёй радзімы, Скарына нагадвае пра адданасць жывых істотаў уласным норам, вірам, гнёздам, вуллям. У выказванні акрэсліўся адзін з цэнтральных архетыпаў беларускай экалітаратуры: радзіма як Дом. Дом, які належыць даглядаць.
Эвалюцыя экалагічнага мыслення праявілася ў абнаўленні поглядаў на відавую разнастайнасць жывёльнага свету. Яно адбывалася на фоне біблейскіх уяўленняў пра жывёлаў чыстых і нячыстых, народных забабонаў пра істотаў, якія слугуюць нячысціку (вужакі, жабы, кажаны, чорныя каты, сабакі). Парадаксальным чынам адным з выказнікаў новых поглядаў стаў паэт і манах, дзеяч беларускага барока Сімяон Полацкі.
Ён імкнуўся зарыфмаваць усё існае ? ад зорак, планетаў, мінералаў да чалавека, Бога, Тройцы. Не выключэннем тут і жывёлы, да якіх Сімяон Полацкі меў відавочны сантымент. Ягоным паэтычным credo было спалучэнне карыснага і прыемнага. Вось жа, ён напісаў шмат займальных вершаваных гісторыяў, прысвечаных жывёлам, стварыўшы адметны барочны бестыярый.
Ён спачувае аслу, на якога ўселі дзядуля і ўнук (вершаваны анекдот “Цяжка ўсім дагадзіць”).
Бабам, якія любяць балбатаць у царкве падчас святое імшы, ён ставіць у прыклад балотных жабак (верш “Жабы паслушлівыя”). Амфібіі перасталі крактаць падчас імшы, як толькі іменем Хрыстовым пра тое папрасіў іх царкоўны служка. Паэт ушчувае балбатлівых баб наступным чынам:
Наипаче сокочут язычныя бабы,
Досаждающе паче, неже оны жабы.
Тщитеся убо, бабы, жабы подражати,
Во время Жертв духовных глас свой удержати!
Першы ў беларускім пісьменстве паліндром (“Cancer”), напісаны Сімяонам Полацкім па-польску, прысвячаецца раку.
Ён услаўляе нават такую занядбаную, пагарджаную, скампраметаваную ў Кнізе Быцця істоту, як змей. Цмок (ці то бок змей) вучыць чалавека пакоры (калі поўзае на брусе), посту (калі галадае), амаладжэнню (калі скідвае старую скуру) і мудрасці (калі скручваецца ў кола ? сімвал бясконцасці быцця).
Паэт падагульняе:
Нам трэба ў змея мудрасці набрацца:
Можа і бязногі сам перамяшчацца.
Суровы, рыгарыстычны ў дачыненні да людзей, Сімяон Полацкі кранальна тклівы ў дачыненні да жывёлаў, дзеля іх бездапаможнасці.
Ён адным з першых перапыніў заганную практыку падзелу жывёлаў на карысных і шкодных.
Таму спрыяла ідэя створанасці жывёлаў і раслінаў Богам-дэміургам, і яна натхняла ў ХVІІІ стагоддзі шведскага прыродазнаўцу Карла Лінэя, які здолеў класіфікаваць усё жывое паводле тыпаў, класаў, атрадаў, сямействаў, родаў і відаў (“рангаў і клясаў”, як выказаўся бы з гэтай нагоды наш літаратурны герой калежскі рэгістратар Мікіта Зносак).
Педантычны шведскі акадэмік спавядаў крэацыянізм ? веру ў створанасць свету Богам з нічога ? і быў далёкі ад перакананняў Чарльза Дарвіна. Будуючы сваю іерархію, ён памясціў чалавека на вяршыні піраміды быцця. Але памятаў пра словы Бога-творцы: усё добра. Гэта значыць, кожная малая кузурка ў гэтай іерархіі мае свой голас, сваю каштоўнасць, сваё Богам дадзенае прызначэнне.
3. Экалагічны імператыў і новая беларуская літаратура
Новая фаза ў фарміраванні экалагічнага мыслення звязана з пашырэннем у беларускай літаратуры новых стыляў ? сентыменталісцкага, рамантычнага. Адрозныя паводле сваёй скіраванасці і падыходаў да ўзаемадзеяння з жыццём, новыя творчыя дактрыны выразна пазіцыянаваліся ў дачыненні да прыроды як да ўніверсальнай каштоўнасці, неаспрэчнага пазітыву.
Сентыменталісты, для якіх самамэтай было выхаванне пачуццяў, успрымалі прыроду як частку ідэальнага асяроддзя, у якім сталенне чалавечае душы адбываецца натуральным, гарманічным шляхам. Краявід у сентыменталістаў адухаўляецца, набывае настраёвасць, удзельнічае ў драме пачуццяў.
Рамантыкі рабілі прыроду часткаю створанай імі альтэрнатыўнай рэчаіснасці, надзялялі яе таямнічасцю, містыфікавалі. Рамантычны краявід у іх таксама ачалавечаны, справакаваны ракавымі жарсцямі і душэўнымі зрухамі. Вельмі часта рамантычны персанаж спаборнічае з прыродай, як і з усім астатнім светам, але ён неаддзельны ад яе, як гэта адбываецца, прыкладам, з Наці Бампа, героем раманнай серыі Фенімора Купера.
Прырода займае значнае месца ў мастацкім свеце, створаным рамантыкам Адамам Міцкевічам. Большасць авантураў шляхты, апісаных у паэме “Пан Тадэвуш”, адбываецца на яе ўлонні. Шляхцічы і шляхцянкі палююць, збіраюць грыбы, корпаюцца ў гародзе, гуляюць у садзе, кахаюцца, нарэшце дужаюцца ? і ўсё гэта адбываецца ў апошні раз, бо наперадзе вялікія перамены. Апошні момант адчування гармоніі чалавека і прыроды… Міцкевіч апісвае восень шляхецкага быцця, прадказвае будучы заняпад сядзібнай ідыліі, і гэты настрой адыгрывае значную ролю ў рамантызацыі прыроды.
Гэткі ж настрой прысутнічае і ў паэме Яна Чачота “Калдычэўскі шчупак”, дзе адлюстравана яшчэ адна шляхецкая забаўка ? рыбалка.
Найбольш выразна выявіўся экалагічны імператыў у творчасці Яна Баршчэўскага (1794??1851), пісьменніка, у чыім стылі спалучаюцца элементы сентыменталізму і дыдактызму. У галоўнай ягонай кнізе “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” прырода, як і чалавечае жыццё, паўстае ў шматлікіх іпастасях, выяўляе сваю загадкавасць, фантастычнасць, а яе праявы даюць падставу для дыдактычных сентэнцыяў.
Уражанні, якія атрымаў Янка, студэнт Полацкага езуіцкага калегіуму, калі на калядныя вакацыі гасцяваў у свайго дзядзькі ў фальварку Мурагі, пераплавіліся ў крыўскую Адысею.
У той час, калі шляхціц Завальня слухаў байкі сялян ды рыбакоў, у Расеі дваранства млела ад гатычных раманаў Радкліф. Толькі чыталі іх па-французску ў перакладзе з ангельскай. Шляхціц Завальня, як і ягоны стваральнік, быў прыхільнікам нацыянальнае аўтэнтыкі.
Ян Баршчэўскі быў бясконца закаханы ў сціплы, суровы крыўскі краявід, ўзгадваў яго і ў Санкт-Пецярбургу, куды яго закінуў лёс. Меланхалічна сузіраючы Фінскую затоку, аўтар кажа: “Дзень быў нейкі хмарны. Хвалі біліся аб бераг…” Фінская затока мроілася яму падабенствам аграмаднага возера Нешчарда, на берагах якога прайшло дзяцінства.
Нешчарда ? адно з самых вялікіх азёраў у Беларусі, дзесьці як Нарач, Дрысвяты, Асвея, Снуды. І адно з самых халодных, няветлых, адкуль мо й паходжанне назвы ? ад “няшчодра”. Калі ў непагадзь яно пахмурнее, збіраецца ў маршчакі, дык сапраўды выглядае рыхтык мора. Але яно спагадлівае і пяшчотнае да шчырых і чыстых людзей, такіх, як шляхціц Завальня ? па сутнасці, гаспадар возера.
Мне давялося некалькі разоў быць на яго берагах, бачыць апісаныя Баршчэўскім прыбярэжныя пясчаныя горы, лазняк, паплавы, белых крачак над хвалямі. У рачулцы, што выцякае з Нешчарды, я ўлавіў двух печкуроў. Але не паказаліся мне цмокі, апісаныя Баршчэўскім, не выставіў над вадой свае рогі шатан. Але я памятаю і іншую Нешчарду ? у раз’ятраны, гарачы жнівень 1994 года, калі возера нагрэлася, як саган з юшкай, і праз усю рабінавую ноч у ім нешта булькацела, пялёскалася, уздыхала ды цмокала. А ўранні на хвалях пакалыхвалася пустая змяіная скура ? ці то рэшткі ад здохлага цмока, ці то скінутая вопратка маладой вужачкі…
Падобнымі някідкімі фарбамі малюецца краявід Паўночнай Беларусі, назва якой, адноўленая Вацлавам Ластоўскім, чытаецца яшчэ як Крыўя або Крывія. Пісьменнік знаходзіць сувязь паміж прыродай гэтага краю і менталітэтам яго насельнікаў.
Ян Баршчэўскі памяшчае апісаны ім край у трохкутнік паміж Полацкам, Себежам і Невелем, у басейнах Палаты, Дрысы і рачулкі з песеннай назваю Лаваць. “Неўраджайная і ўбогая краіна”, ? раз-пораз прамільгне ў апісанні Крыўі Баршчэўскім, і гэта ўспрымаецца як традыцыйнае беларускае прыбядненне. “Невясёлая старонка / Наша Беларусь./ Людзі ? Янка ды Сымонка, / Птушкі ? дрозд ды гусь”, ? абзавецца ў тон яму Янка Купала. Наўмыснае прыбядненне спрадвек ратавала беларусаў ад назойлівай цікавасці чужынцаў. Прырода Крыўі, напраўду не надта шчодрая, абумовіла ментальнасць крывічоў.
Крывічы ? насельнікі Крыўі, якіх Баршчэўскі найчасцей называе Людам, Людам Беларускім. Аўтар падкрэслівае адбітак, што накладае на народны характар тутэйшая прырода, суворы клімат. “У бедных вёсках у святочныя і будзённыя дні заўсёды пануе нейкая панурая цішыня; рэдка адгукнецца песня жняца або ратая, і па гэтым спеве можна лёгка зразумець яго заклапочаныя думкі, бо няўрод часта ашуквае тут надзеі працавітага земляроба…” Аўтар адзначае меланхолію як дамінанту тутэйшага песеннага фальклору: “Нават вясельныя песні, дзе маладым зычаць шчаслівага супольнага жыцця, маюць у сабе нейкае пачуццё смутку, як быццам яны не давяраюць будучаму лёсу ў гэтай юдолі плачу…” Някідкі й антрапалагічны партрэт крывіча, што праглядаецца праз аблічча рыбака Родзькі: “Росту ён быў малога, твар бледны і сухі, жарыя вільготныя валасы неахайна падалі на плечы…” Адчуваецца той жа прыём ? прыбядненне ? з якім беларускія аўтары распавядаюць пра тутэйшае. Разам з тым з прытоеным гонарам Баршчэўскі апісвае вясельны абрад выкупу нявесты, які параўноўвае з рыцарскім. Ягоныя просталюдзіны без выключэння надзелены годнасцю і самавітасцю, хаця негаваркія ды сціплыя.
Рысы крыўскага менталітэту яскрава выяўлены і ў абліччы цэнтральнага персанажа твора. Шляхціч Завальня ? так зваўся гэты спагадлівы пан, які выстаўляў у зімовую ноч, калі завіруха і кудаса, свечку на падваконне ў сваёй хаце. Выспа пасярод Нешчарды, дзе месціўся дамок пана Завальні, ёсць і дасюль, а самога дамка няма. Гадоў дваццаць пяць таму, калі ўпершыню я наведаў берагі Нешчарды, тутэйшыя жыхары ані не ведалі ні пра Завальню, ні пра Баршчэўскага. Але ўжо ў 1990-я яны прызвычаіліся да набегаў філолагаў, этнографаў, гісторыкаў і сустракаюць іх пытаннем: “То мо зноў ад Баршчэўскага будзеце распытваць?” Новае, забранзавелае быццё Баршчэўскага, што пачалося пасля ўзвядзення яму помніка, дало пачатак і новай міфатворчасці. Якая-небудзь дзевяностагадовая бабулька, цягнучы вас за крысо пінжака, будзе пытацца: “А ці ведаеце, чаму таго дзядзьку клікалі Завальнем? Таму, што ён адно ляжаў на печы, анічога не рабіў, толькі казкі слухаў. То пра яго і казалі: ляжыць, як завала”. У гэтай міфалагеме ? усе адносіны нашага народу да дзеячаў тыпу Абломава. Вядома, літаратурны Завальня ? не абібок і не марны летуценнік, а гаспадар з жывым практычным розумам, разважлівы, пабожны, жывы, так бы мовіць, рэзанёр, але са сваім “прыбабахам” ? наконт жахлівых гісторыяў. Ды хто іх не любіць? Ліса ў вядомай беларускай казцы прымушала дразда спачатку яе накарміць, напаіць, насмяшыць, а потым ? напалохаць. Ян Баршчэўскі выдатна адчуў гэтае патаемнае жаданне кожнай істоты і здаволіў яго.
Фантастычныя і напаўфантастычныя істоты, апісаныя Баршчэўскім, скрозь прыроднага паходжання. Гэта могуць быць дэманы зямлі, вады, паветра і агню ? русалкі, лесуны, вадзянікі і да іх падобныя. Іншыя прыходзяць у твор з беларускага фальклору і ўспрымаюцца як фантастычныя, але шматлікія літаратурныя, гістарычныя крыніцы даводзяць іх рэальнае існаванне. Гэта ваўкалакі і цмокі.
Ваўкалакі, паводле Баршчэўскага, вяліся не толькі ў Трансільваніі, але і ў Беларусі. У былічках, нават дакументальных крыніцах апісваюцца шматлікія выпадкі, звязаныя з ваўкалакамі. Адзін з такіх выпадкаў узноўлены і ў Баршчэўскага. Існавалі рэцэпты ператварэння чалавека ў ваўкалака і наадварот. Сцвярджаецца, што гэтай ведаю валодаў і славуты крывіч Усяслаў Чарадзей. У нашыя дні здарэнняў з ваўкалакамі паменшала, але яны працягваюць фіксавацца. Некалькі год таму ваўкалак блукаў па вуліцах Санкт-Пецярбурга. На ўсялякі выпадак, вось адзін рэцэпт адчаравання ваўкалака, апісаны В. Нікіфароўскім: “Трэба перакінуць цераз Ваўкалака суконны пояс, часам граблі, часам вілы так, каб кінуты прадмет закрануў яго толькі заднім канцом і пераляцеў ад галавы да хваста”.
Цмокі жылі ў азёрах, рэках і багнах Беларусі. У.Караткевіч апісаў лепельскіх цмокаў як найбольш крыважэрны і небяспечны для чалавека від. Лепельскія цмокі перакульвалі чаўны з “грамадзянамі Вялікага Княства Літоўскага”, як піша У. Арлоў, і жывіліся названымі. Апісаныя Баршчэўскім цмокі з возера Нешчарда адрозніваліся меншымі памерамі, не раз набіваліся ў рыбацкія невады і палохалі тутэйшых рыбакоў. Цмок, які вылупіўся з яйка, знесенага чорным пеўнем, верагодна, належыць да найстаражытнейшай пароды, нашчадак тых вогнедышных пачвараў, перамогамі над якімі ганарыліся сярэднявечныя рыцары. Выгляд беларускіх цмокаў можна ідэнтыфікаваць паводле абразоў, выпісаных веткаўскімі іканапісцамі, на сюжэт змагання св. Юр’я з пачварай. Агідныя і даволі мізэрныя істоты нагадваюць крылатых жабаў або вужакаў. Апошняга жывога цмока вылавілі, як кажуць, у Свіслачы на пачатку гэтага стагоддзя і нараклі “балотным яшчарам”. Ёсць меркаванне, што ў пінскіх балотах або глухіх азёрах Крывіі цмокі працягваюць жыць да цяперашняга часу, як і ў знакамітым шатландскім возеры Лох-Нэс.
Баршчэўскі схіляецца да негатыўнай канатацыі ў ацэнцы існавання цмока і лічыць чалавечы сімбіёз з ім згубным для духоўнага здароўя.
Фантазія мастака дэманізуе і звычайных жывёлаў, такіх, як сарока або кот.
Белая Сарока ? дэманічная істота, жанчына-птушка, якая прыносіць з сабой бязладдзе і заняпад. Разам з асташамі, Чарнакніжнікамуваходзіць у дэманічны пантэон ворагаў Крыўі. М.Хаўстовіч бачыць у вобразе гаспадыні Паўночнае краіны “выдатны алегарычны вобраз Кацярыны II”. Пэўна, нейкія палітычныя алюзіі гэты вобраз у сабе змяшчае. Але ён у абагульненай форме персаніфікуе ў сабе і метафізічнае ліха, скіраванае супраць Люду беларускага. Белай Сароцы проціпастаўлены вобраз Плачкі, надзелены пазітыўнай канатацыяй.
Варгін ? дэманічны чорны кот, які сваім ваблівым варкатаннем плодзіць у чалавечых галовах вос, матылёў ды іншую жамяру. Аўтэнтычная свядомасць здаўна не давярала катам, падазраючы іх у зносінах з нячыстай сілай. Пісьменнікі-фантасты і сёння сцвярджаюць, што каты і сабакі маюць доступ да шостага ці сёмага вымярэння, у якім засталіся нашыя колішнія спадарожнікі ? дамавікі, лесуны, русалкі. Але на чорных катоў, як гэта водзіцца, намаўляюць і шмат дарэмшчыны. Прынамсі, ахвяры ката Варгіна мусяць вінаваціць у сваіх нягодах перадусім сябе. Кацінае варкатанне вызваляе ў іх істотах несвядомыя сублімаваныя жаданні, прыхаваныя ў глыбокіх сховах душы. Гэтыя комплексы матэрыялізуюцца ў абліччы жамяры. У галаве ў звяглівай Антосі заводзяцца восы, у раздуранай і легкадумнай паненкі Зосі ? рознакаляровыя матылі. А з галавы пыхлівага і зайздрослівага пана суддзі Дадзмухі “павыляталі пухіры накшталт мыльных бурбалак і, лопаючыся пад столлю, перамяніліся ў жахлівых пачвараў ? тут і крылатыя гадзюкі, і цмокі, і іншая брыдота, падобная да спарахнелых шкілетаў”.
Свет Баршчэўскага споўнены бінарнымі апазіцыямі, і аўтар не пазбаўлены некаторых забабонаў успрыняцця “нячыстых” жывёлінаў. Аўтар (ці апавядальнік) іх гідзіцца. У той жа час гісторыі пра ката Варгіна нададзена абсалютна празрыстая мараль: калі ў цябе чыстае сумленне і няма за душой патаемных заганаў, можаш гладзіць чорнага ката колькі табе заўгодна.
Герой-традыцыяналіст кнігі Баршчэўскага падтрымлівае свой унутраны свет пачуццём гаспадара, які не церпіць ні пустадомства, ні хіжасці ў дачыненні да жывой прыроды. І ў гэтым ён салідарызуецца з Міколам Гусоўскім, які абураўся драпежніцкімі адносінамі да прыродных дабротаў.
Адназначна заяўлены экалагічны імператыў Яна Баршчэўскага ў раздзеле, дзе апісваюцца асташы.
Асташы ? загадкавае племя людзей прышлых, ліхіх, звязаных з чарнакніжніцтвамды чарадзействам. Ян Баршчэўскі асташоў атаясамлівае з рыбакамі з расейскага горада Асташкава, але ў фантасмагарычнай атмасферы твора асташы ўтвараюць вобраз зборны, абагульнены, увасабленне марнатраўства і гвалту. Асташы “пасылаюць пад лёд злога духа і той заганяе рыбу ў нерат; дык яны спустошылі ў нас усе азёры, навучылі нашу моладзь бязбожным учынкам, чарам, бессаромным песням”. Т.ч., асташы яшчэ ? экалагічныя злачынцы. Намаляваны антрапалагічны партрэт асташа: “Барада шырокая, твар круглы, вялікі скураны фартух”. Як і Белая Сарока, Чарнакніжнікуяўляюцца вялікай небяспекай для Крывіі: “Даўней і пра тых асташоў нікому і не снілася, а цяпер хутка забяруць у нас зямлю і ваду, так што і нам трэба будзе ўжо ўцякаць куды далей”.
Баршчэўскі дабіраецца да сутнасці канфлікту чалавека і прыроды: яна ? у супярэчнасцях тэхнагеннай цывілізацыі. Свету людзей добрых проціпастаўлены Чарнакніжнік ? носьбіт забароненай веды. Дзе толькі ні з’явіцца Чарнакніжнік, там распачынаюцца палтэргейст і энтрапія. Сам шляхціч Завальня на ўсялякі выпадак не чытае іншых кніг, апроч Бібліі, ды календара, бо, крый Божа, патрапіцца якая чорная!
Чарнакніжнік ? гэтая злавесная постаць з’явіцца на першых старонках кнігі, адступіць у цень, але будзе вяртацца ў аповедах пра Чорнага госця, ката Варгіна, валасы, што спяваюць на чалавечай галаве. Чарнакніжніцтва ? праява цывілізацыйная, а не міфалагічная. Чарнакніжнік знаходзіцца ў свеце людзей, а не дэманаў, такіх, як шатан, цмокі або лесуны, хаця ён і карыстаецца паслугамі духаў.
Гэткую ж паставу займае ў кнізе і пан Твардоўскі ? жыццялюбца і геданіст, беларускі Фаўст, які хаўрусаваўся з Мефістофелем не за “Імгненне, спыніся!”, а дзеля зямных уцехаў. Затое ў хвіліну страшнай расплаты ён не шукаў жаночага заступніцтва, а ратаваўся, як мог, праз сваю кемлівасць і дасціпнасць. Герой балады Адама Міцкевіча, рамана Юзафа Крашэўскага. У кнізе Яна Баршчэўскага з’яўляецца ва ўстаўной навеле “Твардоўскі і вучань”.
Чарнакніжніцтва таксама ? спараджэнне схаластыкі, алхіміі, скрайняга рацыяналізму. Баршчэўскі са скрухаю зазначае, што шляхта стакнулася з чарнакніжнікамі, а веру і звычаі люду беларускагатрымае за цемрашальства і забабоны. Дарэчы, у гэтую ерась упаў і бацька нацыянальнага генія, Адам Багдановіч, калі традыцыі і завядзёнкі беларусаў трымаў за шкодныя “пережитки”. Самаўпэўненая шляхта са смехам выслухоўвае “байкі” пра жывыя валасы, пра ката Варгіна, а пасля мусіць расплочвацца за свой недавер. У выніку перамагаюць пракламаваныя Баршчэўскім аўтэнтызм, пракаветнасць, старасвецкасць, інакш кажучы ? беларускі фундаменталізм.
Ян Баршчэўскі, такім чынам, ? не “беларускі Гогаль”, не “беларускі Гофман” і не “беларускі Стывен Кінг”, ён адметны і першасны як у апісаннях крыўскага палтэргейсту, так і ў змрочных прадказаннях, якія датычацца лёсу цывілізацыі. Ягонае экамысленне прароцкае. Ён папярэджваў, калі апісваў чарнакніжніцтва, каб не торкалі носа за заслону, апушчаную Панам Богам, але дзе ж хто паслухаецца? Вось і маем усе прыемнасці XXI стагоддзя.
Беларуская літаратура другой паловы ХІХ стагоддзя была значна сквапнейшая на экалагічныя матывы. Дух эпохі і электрычнасці, які запанаваў і ў Беларусі, меркаваў падпарадкаваць сабе прыроду без усялякіх узаемных дамоваў. Сантымент аб закінутых шляхецкіх гнёздах выявіўся ў творах Элізы Ажэшкі. У творах пісьменнікаў-адраджэнцаў прыродныя вобразы, асабліва прыродна-стыхійнага характару (вясна, вецер, бор, мора) ужываліся як алегорыі, адменнікі народнага настрою.
Носьбітам літаратуры рабіўся разначынец, часта прадстаўнік тэхнічнай інтэлігенцыі. Да гэтай сацыяльнай групы належаў Янка Лучына (Іван Люцыянавіч Неслухоўскі, 1851?1897), прадстаўнік тэхнічнай інтэлігенцыі, інжынер-чыгуначнік па прафесіі. Гарадскі чалавек, ён не стаў аднак паэтам-урбаністам, а звярнуўся да вясковай тэматыкі. Экалагічнае мысленне найбольш выяўляецца ў ягонай польскамоўнай паэме “Паляўнічыя акварэлькі”, дзе ёсць беларускамоўны раздзел “Стары ляснік”.
Паляванне Янка Лучына разглядае ў духу Міколы Гусоўскага, які бачыў гэтую праяву як раўнапраўнае спаборніцтва чалавека і звера. Стары, нямоглы ляснік Грышка просіць у пана пораху, каб пакараць мядзведзя, што загрыз ягонага жарэбчыка. Ляснік прагне помсты, як бы мядзведзь быў чалавекападобнай істотаю і разбіраўся б у пытаннях дабра і зла. Пан адмаўляе, бо баіцца за жыццё старога, які наўрад ці здолее нават падняць тую стрэльбу, але ўрэшце выконвае ягоную просьбу. Насуперак кепскім прагнозам
Назаўтра яшчэ з лесу не ўзглянула сонца,
Пан праснуўся, падняўся, паглядзеў у аконца;
Глядзь! ? а Грышка са стрэльбай сядзіць ўжо на ганку
? Па мядзведзя да лесу пашлі, пан, хурманку.
Перамогу старога лесніка можна параўнаць з паводзінамі ўзгаданага вышэй Наці Бумпа, які і на дзявятым дзясятку жыцця заставаўся сынам прыроды, з яе рэсурсаў здабываў сабе сродкі да існавання, перамагаў у цяжкім спаборніцтве з ёю.
Падсумоўваючы досвед экалітаратуры ХІХ стагоддзя, адзначу крышталізацыю ў ёй трох ключавых архетыпаў: Дому (асяродку чалавека), Саду (акультуранай прыроды) і Лесу (асяродку дзікай прыроды).
Лекцыя 2. Развіццё беларускай экалітаратуры ў першай палове ХХ стагоддзя
План:
1. Феномен “нашаніўства” і экалагічны імператыў
2. Экамысленне ў творчасці Максіма Багдановіча
3. Архетып зямнога раю ў паэзіі Янкі Купалы
4. Экалагічны імператыў як складнік зямной філасофіі Якуба Коласа
1. Феномен “нашаніўства” і экалагічны імператыў
“Нашаніўства” ? самая значная гісторыка-культурная з’ява нацыянальнага жыцця Беларусі XX стагоддзя ? склалася як працяг і вынік традыцыі, што фармавалася цягам многіх стагоддзяў. Усплёскі нацыянальна-культурнай актыўнасці беларусаў, іх перыядычнасць абумоўленыя складаным працэсам выспявання інтэлектуальнай эліты, зменай генерацый дзеячаў-пасіянарыяў.
Неадменны элемент кожнага этапу беларускіх адраджэнняў ? асветніцтва. Культурныя дзеячы Сярэднявечча, Рэнесансу, Рэфармацыі, Контррэфармацыі, новага часу ў сваёй чыннасці аддавалі перавагу практычнаму аспекту ведаў. Таму беларуская анталагічная, філасофская школа напачатку фармавалася ў кантэксце асветніцтва, мастацкай літаратуры, публіцыстыкі. Экалагічнае выхаванне, ідэя ўслаўлення роднай прыроды, што так пафасна выказалася ў артыкуле Юркі Верашчакі “Сплачвайце доўг”, сталася часткаю грамадска-палітычнай і эстэтычнай праграмы “нашаніўцаў”.
Са зменаю пакаленняў мянялася аблічча носьбіта нацыянальнай ідэі: манах-кніжнік і казнадзей у Сярэднявеччы, вучоны-энцыклапедыст у эпоху Рэнесансу, адукаваны шляхціч у XIX стагоддзі, пісьменнік-“нашанівец” на пачатку XX-га. Апошні, як правіла, дэбютаваў у якасці карэспандэнта “Нашай нівы”.
“Нашаніўства” захавала пазітыўны досвед ранейшых адраджэнняў у яго акрэсленых формах: спробы прымірыць веды і веру, чалавека і прыроду, папулярызаваць веды, калі асветнікі старых і новых часоў імкнуліся ўздзейнічаць на свядомасць “люду паспалітага”, “мілых мужычкоў”, “дзецюкоў”, “грамады”. Ідэалагема Беларускага Шляху, сфармуляваная ў завершанай форме Ігнатам Абдзіраловічам, была сумай папярэдніх інтэлектуальных шуканняў, звязаных з канцэптамі Кнігі, Долі, Дому, Волі, Саду, Лесу.
Творчая эвалюцыя “нашаніўства” паўстае як пераход ад практычных, звязаных з грамадскімі і нацыянальнымі інтарэсамі дзеянняў да анталагічнага, экзістэнцыйнага пошуку, у выніку якога “нашаніўцы” (Купала, Колас, Багдановіч, Гарун, Гарэцкі, Бядуля, Ластоўскі) уявілі Сусвет у яго канфліктным, дысгарманічным стане і паспрабавалі проціпаставіць глабальнаму разладу ідэалагемы ўпарадкаванага быцця, абапёртага на артэфакты Дому, Долі, Зямлі. Парадак і лад, паводле дактрыны “нашаніўцаў”, павінен запанаваць ва ўсіх сферах жыцця беларусаў, у тым ліку і ў стасунках з жывой прыродай.
Экалагічнае мысленне “нашаніўцаў” мела сінтэтычны характар і выходзіла далёка па-за межы стасункаў чалавека і прыроды; гэта была экалогія беларускай душы, мовы, нацыянальных каштоўнасцяў, вартых захавання і развіцця.
Варта звярнуць увагу і на актывізацыю прыроднай вобразнасці як крыніцу стварэння “нашаніўскай” сімволікі. Літаратары новай генерацыі стварылі ўласную паэтыку і ўласную метамову, у лексіконе якой значнае месца належала архетыпам прыроднага паходжання. Адным з найбольш актывізаваных і запатрабаваных, агульных для “нашаніўскай” паэтыкі, стаўся архетып Вясны.
Вобразы сезонаў у старажытных беларусаў персаніфікаваліся і ўводзіліся ў архаічны пантэон. У ім восень прадстаўляў Жыцень, зіму Зюзя, лета Цёця, вясну Ляля.
Стабільнасць нябесных ходаў, у выніку якой да чалавецтва вярталіся такія прадуктыўныя сезоны, як вясна і лета, успрымалася міфалагічнай свядомасцю як абсалютная і неаспрэчная каштоўнасць. Боязь страты гэтай каштоўнасці стымулявала дзеянні першабытных магаў, якія, мяркуючы па абрадах калядоўнікаў, імкнуліся “павярнуць” на вясну або на лета памерлае сонца і такім чынам забяспечыць пераемнасць гадавых сезонаў. Высілкі магаў былі скіраваныя на ўмацаванне гадавога кола, а памкненні іх скіраваныя былі да вясны, якая ўяўлялася не толькі анталагічнай, але і аксіялагічнай субстанцыяй.
Перыядычнасць і драматычны лёс гістарычных адраджэнняў беларускага народу натхняў многіх пісьменнікаў на стварэнне звязаных з ім сезонных вобразаў-сімвалаў. Восень сімвалізавала, з аднаго боку, падрыхтоўку гістарычнага прарыву (“збору ўраджаю”), а з іншага ? грамадскі заняпад і расчараванне. Зіма атаясамлівалася з грамадскай апатыяй (летаргіяй). Вясна звязвалася з часам новых спадзяванняў, трывожнага чакання перамен.
У беларускай паэзіі створаны цэлы шэраг вершаў-“гуканняў”, аўтары якіх клічуць да пераадолення грамадскай, нацыянальнай апатыі, сімвалічнымі аналагамі якіх былі вобразы “сну-летаргі” або зацяжной зімы. Пачатак гэтай жанрава-тэматычнай групе вершаў даў польска-беларускі паэт Уладзіслаў Сыракомля, аўтар верша “Добрыя весці” (1848), што з’явіўся алегарычным водгукам на “Вясну народаў”, якая ахапіла многія краіны Еўропы, дайшла да Варшавы і нерашуча спынілася каля Беларусі.
Ужо птушкі пяюць усюды,
Ужо кветкі зацвялі…
“Вясна прыйдзе”, ? кажуць людзі…
Ды скуль прыйдзе і калі?
І нашто ж вясна нам, Божа?
Мы адвыклі ад вясны…
Елкі ў лесе, мох на стрэсе
Зелянеюць заўсягды…
Традыцыя “веснавых гуканняў” пашырылася ў асяроддзі паэтаў-“нашаніўцаў” (Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, А.Гарун ды іншыя). Персаніфікаваны вобраз Вясны служыў у творах-закліках адменнікам нацыянальна-адраджэнцкага абуджэння, пасіянарнага ўсплёску.
Аптымістычным настроям, звязаным з вясной, процістаіць у “нашаніўскай” літаратуры вобраз зімы, якая кладзе канец нацыянальна-вызваленчым ілюзіям. Паэма Я.Купалы “На Куццю” (1911), дзе, як і ў “Дзядах” А.Міцкевіча, “Вяселлі” С.Выспянскага, паўстаюць з мёртвых Князь, Княжна і княская дружына, каб абудзіць наступніікаў ад векавечнага “сну-летаргі”, але завяршаецца твор трыумфам царства ночы і холаду.
Песімізм беларускіх паэтаў-пасіянарыяў тлумачыўся не толькі няўдачамі на ніве нацыянальнага Адраджэння. Яму спрыяў і сусветны мастацкі вопыт творцаў новай генерацыі, прадстаўнікоў дэкадансу і мадэрнізму. Згодна з меркаваннямі многіх з іх, замкнёнасць чалавечага існавання была з’явай, перадвызначанай у недаступнай для спасціжэння трансцэндэнтальнай сферы сіламі, скіраванымі супраць чалавека.
Такім светаадчуваннем прасякнутая драматычная паэма (містэрыя) Я.Купалы “Адвечная песня” (1908). Герой твора Мужык адразу па нараджэнні трапляе ў пастку, якую стварылі для яго персаніфікаваныя Жыццё, Доля, Бяда, Голад, Холад, Вясна, Лета, Восень, Зіма. Кожная пара года звязваецца з этапам існавання Мужыка ? маладосцю, сталасцю, старасцю і смерцю. Мужык ? цар і раб прыроды ? трапляе, такім чынам, у падвойнае кола, аснову якога складае пакутлівая і няўдзячная праца на зямлі.
Персаніфікаваны вобраз вясны складае неадменную частку гадавога кола, прычым не такую ўжо і шчодрую. Вясна прыходзіць да селяніна як патрабавальная, неспакойная, капрызлівая госця. Яна не толькі абуджае Мужыка ад апатыі і ляноты, але сваімі папрокамі і парадамі дае яму зразумець, што выйсця з замкнёнага кола існавання няма. Застаецца адно ? пакорлівае падпарадкаванне касмічным сілам і стыхіям.
Змаганне, спрэчка вакол “сезоннай” мадэлі чалавечага быцця складае важную з’яву літаратурнага працэсу ў XX i XXI стагоддзях. Дэкадэнты і мадэрністы пасеялі недавер да цыклічнасці чалавечага існавання, скарыстоўвалі сезонную сімволіку для ўзмацнення гэтага скепсісу. Разам з тым назіраем і вяртанне да цыклічнай, звязанай з гадавымі пераменамі кампазіцыі, да асэнсавання гісторыі ў звыклых, стагоддзямі заведзеных рытмах ? у новарэалістычных творах, такіх, як “Камароўская хроніка” (1930?1937) М.Гарэцкага, “Палеская хроніка” (1961?1976) І.Мележа і г.д.
2. Экамысленне ў творчасці Максіма Багдановіча
Адносіны да жывога ў творчасці М. Багдановіча шчыльна пераплятаюцца з адносінамі да жыцця.
Прызнаючыся ва ўласнай нямогласці, лірычны герой Багдановіч абвяшчае пра сваю любоў да ўсяго жывога. Прыродная вобразнасць была на пачатку стварэння Багдановічам яго мастацкага свету ? мройнага, вечаровага, споўненага прыкметамі сімвалізму ды імпрэсіянізму.
Паэт ведаў кошт класічнага мастацкага краявіду і ўмеў маляваць яго, пра што сведчыць кароткая паэма “Вераніка”. Але найчасцей ён выкарыстоўваў прыродную вобразнасць пры стварэнні іншаказальнай мастацкай рэчаіснасці.
Кароткі век, што дастаўся паэту, карэляваў у яго паэзіі з уяўленнем пра эфемернасць, крохкасць жыцця ўвогуле. Паводле гэтых дый іншых параметраў Багдановіч бачыцца як аднадумца Поля Верлена (1844?1896). Нягледзячы на іх прыналежнасць да розных стагоддзяў і літаратур, лучаць сіметрыя жыццёвых і творчых лёсаў, прыхільнасць да эстэтыкі сімвалізму, нарэшце, факт перакладу Багдановічам на беларускую мову дваццаці двух вершаў французскага паэта.
Адна з вызначальных біяграфічных рыс ? ранняя страта бацькоў. У Верлена рана памірае бацька, у Багдановіча ? маці. Смутак па маці, настальгічны зварот да Жанчыны ўвогуле ? адзін з самых устойлівых матываў лірыкі Багдановіча. Персаніфікацыя жаночага пачатку назіраецца нават у фалькларызаваных вершах беларускага паэта, дзе згадваюцца істоты жывёльнага свету (вобразы зязюлі, ластаўкі і г.д.).
Творчыя праграмы Верлена і Багдановіча сугучныя ? яны грунтуюцца на прынцыпе музычнасці. Паэзія, паводле Верлена, нараджаецца ў патаемных нетрах чалавечае душы і гучыць найперш не як слоўная, а як музычная плынь. Пасля мелодыя апладняецца словам. “De la musique avant toute la chose!” ? заклікае французскі паэт. “Музыкі перш за ўсё!” ? паўтарае за ім Максім Багдановіч у эпіграфе да сваёй “Маёвай песні”.
Гэтаксама, як і Поль Верлен, Багдановіч мроіў быццё паэзіі як лёгкі, трапяткі, капрызлівы палёт. І прырода падказвае яму прыдатны для таго вобраз ? матылька:
Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б’ецца, ўецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк.
(“Маёвая песня”)
Стан трапяткой паэтавай душы пераносіцца на наваколле, і палёт матылька атаясамліваецца з эфемернасцю, нясталасцю і зменлівасцю жыцця. Гэта ў традыцыі сімвалістаў, якія апявалі не паўнату існавання, а яго крохкасць. Гэта і ў традыцыі Багдановіча, у чыёй паэзіі столькі напамінкаў пра жыццёвы тлен.
Эстэтызацыя хваробы, нямогласці, фізічных паталогій ? рэч, уласцівая творчасці бадай усіх “праклятых” паэтаў, ад Шарля Бадлера да Стафана Малармэ. Лірычны герой Багдановіча штораз скардзіцца на сваё нездароўе: “Я бальны, бесскрыдлаты паэт…”, “Даўно ўжо целам я хварэю/ І хвор душой…”, “Грудзі хворыя мае…”, “Даўно ўжо целам я хварэю…”, “Ў краіне светлай, дзе я ўміраю…”.
Узвялічваць хараство маладосці і фізічнага росквіту сусветная паэзія вучылася змалку, яшчэ ад часоў антычнасці. Нашмат цяжэйшая мастацкая задача ? знайсці хараство старасці, памірання. Багдановіч напісаў, на маю думку, найпрыгажэйшы ў сусветным пісьменстве верш пра старасць:
Так цёпла цэлы дзень было,
Што дзед ? і той сцягнуўся з печы,
Ля рэчкі сеў, дзе больш пякло,
І грэў пад старай світкай плечы.
Сінеўся бор, цякла вада,
Скрозь пахла мёдам і травою…
А дзеду нат і не шкада,
Што хутка будзе ён зямлёю.
(“Дзед”)
Зліццё з прыродай ? вось просты спосаб эстэтызаваць такія непрыемныя з’явы, як хвароба і смерць.
Кволасць, чаўрэнне, паміранне ? адзін са станаў мастацкага свету Багдановіча, дзе тлену падлеглыя не толькі людзі, але і расліны, прыродныя з’явы. “Блёклы, высахшы лісток”, знойдзены паміж старонак “старых, пажоўклых кніг”, стаецца паэтычным ключом да зборніка “Вянок”, у якім, як прызнаецца лірычны “я-герой”,
Засушыў я на паперы
Краскі, свежыя калісьці,
Думак шчырых і чуцця.
(“Вы, хто любіце натрапіць…”)
Васілёк ? ключавы вобраз-сімвал двух праграмных твораў Багдановіча; у прозе ? “Апокрыф”, у паэзіі ? “Слуцкія ткачыхі”.
Паміранне дня, шарая гадзіна нараджаюць асаблівы настрой, супольны з адзінотаю, смуткам і натхненнем. Багдановіч ? паэт, зачараваны вечарам, яго пакрыёмнасцю. Самотны паэт знаходзіць у вечаровай і прыціхлай Вільні адзінага спадарожніка, які можа падзяліць гэтае пачуццё, істоту загадкавую, а паводле народных уяўленняў ? чарадзейна-містычную:
Успамяні, маё сэрца, даўнейшыя дні!
Па загаду бурмістра усе, як належа,
Зачынілі ўжо вокны; загасілі агні…
Варта вулкай прайшла… І не спім мы адны ?
Я ды чорны кажан, што шнуруе ля вежы.
(“Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!..”)
Пахам кволасці і смерці ледзь чутна патыхае і ўдзень на гулкіх вулках Вільні, горада-прывіду (гэткім для Андрэя Белага стаўся ягоны Пецярбург), па якім нясецца здань трамвая, якога ў рэальнай Вільні ніколі не было, няма і, пэўна, не будзе, па якім блукае самотны багдановічаў “я-герой”. Смерць мае пах мігдалу, спаленай паперы і… той друкарскай фарбы, якой надрукавана ў газеце вестка пра самагубства грамадзянкі І.Івановай з Мяшчанскай, 17, якая па невядомых прычынах “атруцілася сінільным квасам”:
Ты, грозны жэрабій, учора ўзяты зноў;
На строга сціснутых губах
Не мгліцца люстры гладзь; застыгла ў жылах кроў;
Скрозь вее цяжкі дым ад спаленых лістоў
І… мігдаловы горкі пах.
(“Дзве смерці”)
Гранню паміж быццём і небыццём у творы стаецца люстэрка, у якім адбіваецца смерць. Што за люстэркам? Таямнічы іншасвет, куды вандравала Аліса з казкі Льюіса Кэрала? “Адчужанае”, ірацыянальнае жыццё, адбітае ў “Люстры” Андрэя Таркоўскага?
Згадайма вобраз-сімвал люстэрка з цыклу “У зачарованым царстве”:
Стаяў калісь тут бор стары,
І жыў лясун у тым бары.
Зрубілі бор ? лясун загінуў,
Во след яго ад той пары:
Сваё люстэрка ён пакінуў.
Як у нязнаны свет акно,
Ляжыць, халоднае, яно,
Жыццё сабою адбівае
І ўсё, што згінула даўно,
У цёмнай глыбіні хавае.
(“Возера”)
Лесунова люстэрка мае дзве паверхні. З аднаго боку ў ім адлюстраваныя асока і высокі бор. З іншага ў яго глядзіцца лесуноў брат Вадзянік, які жыве ў перакуленым свеце, “свеце наадварот”; там “сівавусы, згорблены”, ён “залёг між цінай”. Багдановіч бачыць свет у адзінстве адлюстраванняў. Праз Лесунова люстэрка ён сузірае Беларусь ? “зачарованае царства”, якое не памерла, а застыла ў часе. Краіна не памерла, яна ? у забыцці; апошняе слова расчытваецца як “за-быццё”, тая самая трансцэндэнтальная рэчаіснасць, якую гэтак апантана шукалі сімвалісты.
Застылі, спыніліся ў самнамбулічным быцці Вадзянік, Русалка, Лясун і Змяіны Цар, выжытыя з рухомага часу новымі жыхарамі.
Багдановіч стварае мастацкую экасістэму, у якой прыродныя стыхіі, раслінны свет, духі жывуць у стане зачараванасці, і семантыка гэтага свету, у якім час спыніўся, апелюе да слова Неруш, так папулярнага ў экалітаратуры другой паловы ХХ стагоддзя.
У адрозненне ад свайго бацькі, Багдановіч-меншы бачыць хараство і самакаштоўнасць гэтага спыненага свету.
У наступных цыклах “Вянка” краіна-самнамбула “адчароўваецца”. Застылы час кранаецца з месца ? і міфалагічная прастора запаўняецца культурнай гісторыяй краіны, з яе дбайнымі перапісчыкамі, летапісцамі і слуцкімі ткачыхамі (што насамрэч былі ткачамі). Гісторыя Беларусі, бы рака, уліваецца ў людское мора, з яго віраваннем і зыкамі, імя якому ? Вільня (цыкл “Места”). Дый гэта не мяжа руху ? думкі лірычнага героя сягаюць космасу, зоркі Венеры (што насамрэч планета), сузор’яў Геркулеса, Кароны, галактыкі Млечны Шлях. Адным з першых у нацыянальнай літаратуры Багдановіч сумяшчае мікракосм і макракосм, задумваецца аб крохкасці чалавечай цывілізацыі і заклікае да глабальнай згоды дзеля выканання внайвышэйшай місіі ў Космасе (“Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…”).
Але і ў гэтым шумлівым і рухомым Сусвеце, куды кінуты лірычны герой, яго раз-пораз возьме і апануе вусціш быцця, як быццам ён ізноў сузірае ўсё з іншабыцця, праз Лесунова люстэрка. Гэты настрой можа прыйсці разам з дажджом, які закалыша свядомасць, і сон розуму народзіць пачвараў ? хмарных павукоў, якія здолелі б натхніць на стварэнне чарговага кінакашмара самога Альфрэда Хічкока:
Дзесь у хмарах жывуць павукі,
Што снуюць павучыну дажджа.
Кожны тлусты і мяккі такі,
Скура слізкая, як у вужа;
Ў целе стыгне халодная кроў,
Злосць бясцэльная ў мутных вачах…
Чуеш! Во шорах ног павукоў,
Аплятаючых сцены і дах.
(“Дзесь у хмарах жывуць павукі,…”)
Вусціш жыцця ? гэтае адчуванне хоць раз на сваім вяку перажыве і той, хто не паэт ды не філосаф. Перажыць яго ? усё адно што зазірнуць у люстэрка Лесуна.
Адзін толькі погляд, сустрэча з вачыма, якія глядзяць на цябе з дрымучай, згубленай даўніны, ? і чалавечая мітрэнга, мітусня, рух, нават мэтанакіраваны і імклівы, бачацца як паміранне:
Шмат у нашым жыцці ёсць дарог,
А вядуць яны ўсе да магілы.
І без ясных надзей, без трывог,
Загубіўшы апошнія сілы.
Мы сайдзёмся, спаткаемся там
І спытаем сябе: для чаго мы
Па далёкіх і розных пуцях
Адзінока йшлі ў край невядомы?
І чаму паспяшаліся так,
Напружаючы ўсе свае сілы,
Калі ціха паўзушчы чарвяк
Ўсё ж дагнаў нас ля самай магілы?
(“Шмат у нашым жыцці ёсць дарог…”)
Знаўцы Багдановіча шмат казалі пра жыццёвасць ягонай сімволікі, пра адсутнасць у ёй дэкадансу. Калі паказ хваробы, заняпаду і смерці і ёсць дэкаданс, дык ён у паэзіі Максіма Багдановіча прысутнічае. І гэта не прымітыўныя некрафільскія апісанні, а менавіта творы. Ёсць у яго і містыка, і вобразная трансцэндэнцыя, і пранікненне ў іншасвет, пра якія дбалі сімвалісты. Як ёсць і вершы жыццярадасныя, геданістычныя, віталісцкія, адраджэнцкія, сацыяльна-крытычныя і… дзіцячыя.
М. Багдановіч з’явіўся адным з пачынальнікаў жанру ў беларускай літаратуры, стварыўшы вершаваную казку “Мушка-зелянушка і камарык ? насаты тварык” (1914), якая мае падзагаловак “Вельмі жаласная гісторыя, выкладзеная згодна з праўдай беларускім вершам”. Фальклорнай асновай твора з’явіліся запісы беларускіх народных песень Я.Чачота, Е.Раманава, П.Шэйна, у якіх абыгрываецца матыў няўдалай жаніцьбы камара. Інакш кажучы, паэт вяртаецца да тых пракаветных часоў, калі людзі і астатнія жывыя істоты жылі паводле агульных законаў і звычаяў. Захаваўшы ўласцівыя народнай паэзіі стыль, абрадавыя сцэны (заляцанне, сватанне, вяселле, пахаванне), устаўныя жанравыя кампаненты (заплачка нявесты, вясельная песня, галашэнне), Багдановіч “ачалавечыў” сюжэт, надаўшы яму прыкметы жыццёвай драмы.
У пазнавальных рысах малюецца одум камара пасля вяселля:
Як пачаў ён параю
З мушкай жыць,
Давялося беднаму
Патужыць.
Не умее мушачка
Працаваць,
Толькі ўмее з хлопцамі
Жартаваць…
Багдановіч ? Максім Кніжнік, Страцім-лебедзь, “горды, моцны птах” ? з ліку тых, што спрабаваў зазірнуць у недасяжнае. Убачанае ім у Лесуновым люстэрку ? яшчэ адна загадка Багдановіча, якая толькі пачынае вырашацца.
3. Архетып зямнога раю ў паэзіі Янкі Купалы
Архетып раю належыць да найстаражытнейшых у калектыўнай свядомасці цывілізацыі, пра што сведчыць яго неадменная прысутнасць у міфалогіях народаў свету, дзе ён атаясамліваецца з матывамі гармоніі, шчасця, светлай будучыні.
У біблейскай традыцыі вобраз раю разгортваецца паводле дзвюх мадэляў. У адпаведнасці з першай, пададзенай у Кнізе Быцця, рай ? Эдэм, інакш сад, размешчаны на прасторы паміж Тыграм і Еўфратам, населены Адамам і Евай да моманту іх грэхападзення: гэта рай зямны. Паводле другой мадэлі, звязанай з Апакаліпсісам, рай уяўляе сабой пераўвасобленую сферу Космасу, дзе знаходзяць гармонію і шчасце ў блізкасці да Бога праведнікі і ўсё выратаванае чалавецтва.
У беларускай міфалогіі вылучаецца і субстанцыя выраю, які размяшчаецца ў космасе і да якога вядзе Птушыны (Млечны) Шлях; паводле язычніцкіх вераванняў, у вырай перамяшчаліся людзі пасля смерці, а ў пазнейшы час дарогу да яго запомнілі адно птушкі.
Сярод шматлікіх літаратурных інтэрпрэтацый архетыпу раю можна вылучыць творы, якія апелююць да яго нябеснай мадэлі (“Боская Камедыя” Дантэ) і зямной (“Згублены рай” Д.Мільтана). Але ў шэрагу твораў аўтары выкарыстоўваюць матывы зямнога раю, звязаныя з адчуваннямі шчасця і асалоды, калі спрабуюць давесці магчымасць усеагульнай гармоніі паралельна з біблейскай парадыгмай, у пераствораных умовах. Да такіх належаць, прыкладам, “Фаўст” І.В.Гётэ і “Сон смешнага чалавека” Ф.Дастаеўскага.
Мастакі, надзеленыя трагічным светаўспрыманнем, якія ўвасаблялі ў сваіх творах перадусім разлад і хаос быцця, тым не менш перажывалі і настальгію аб зямной дасканаласці і надзялялі гармоніяй і шчасцем створаныя іх уяўленнем аазісы, памятаючы і пра эфемернасць, крохкасць такога кшталту літаратурных лятункаў.
Творцам, надзвычай чуйным да сусветнай энтрапіі, быў Янка Купала. Але трагічная дамінанта, што панавала ў яго мастакоўскім светаўспрыманні, не перашкаджала паэту марыць аб гармоніі, якая не ўяўлялася ім адасобленай ад лёсу Радзімы. “Выраем” Купалу-лірыку ўяўлялася будучая абноўленая Беларусь, якая дасягнула свайго гістарычнуга трыумфу, атрымаўшы волю і роўны пасад паміж народамі свету. Прыродны складнік арганічным чынам уваходзіў ва ўяўленне Купалы пра вырай як ідэальную будучыню краіны-браначкі.
У смутны час, калі ў абставінах войнаў і рэвалюцыяў вырашаўся лёс Беларусі, Купала адразу двум сваім вершам надаў аднолькавыя назвы: “У вырай”. У першым, напісаным у кастрычніку 1918 года, лірычны герой сузірае чараду гусей, што кіруюцца ў краіну шчасця, прадбачыць іх вяртанне і наракае на людзей, якія, у адрозненне ад птушак, забыліся на Бацькаўшчыну:
Знаю, зложыце тут косці,
Толькі злётаеце ў госці,
Асвяжыце грудзі:
Вы не ўмееце йшчэ, гусі,
Выракацца Беларусі,
Як умеюць людзі.
Другі верш “У вырай”, датаваны 1920 годам, мажорны, поклічны і споўнены верай у крылатасць людскіх памкненняў. Купалаўскі лірычны герой кліча “вольных птахаў”, “саколіх дзяцей”, “патомкаў крывічоў” да сонца, зорнага неба і волі:
Гэй, вольныя птахі, ўладарнікі песні!
На шляхі, пад сцягі красы і свабоды!..
Час вылецець к славе з пагібельнай плесні
І песняй агністай дзівіці народы.
Купалаўскі лірычны герой быў надзелены ікарыйскімі якасцямі і рваўся ў нябёсы, да птушак, зораў, сонца, пераадольваючы будзённую прыземленую экзістэнцыю. Але трагічны талент Купалы вяртаў летуценніка да зямных згрызотаў, даводзячы да апагею канфлікт паміж рамантычнай мараю і брутальнымі рэаліямі.
Купала спрабуе памясціць мару пра рай нябёсны ў свядомасць Зоські, гераіні драмы “Раскіданае гняздо”. Зоська бачыць сон, у якім яна трапляе ў “нейкую харошую краіну”, шлях у якую пралягае праз страшэннае балота, дзе “гадзіны, вужакі, сліўні так і капашаць, як у гаршку якім”; пасля гераіня рушыць праз краіну птушак, падымаецца па вясёлцы, ідзе “па млечнай пуціне, з зоркі на зорку пераскакваючы”, аж пакуль не трапляе ў райскі сад з дзівоснымі птушкамі і кветкамі. Свядомасць Зоські ўтрымлівае як народныя, фальклорныя, так і хрысціянскія ўяўленні пра рай, які бачыцца адначасна як дзівосны сад і царства Божае: “Ідзём гэтым садам-раем ды ідзём, ажно калі паглядзім!.. Стаіць палац відам не віданы, слыхам не слыханы; увесь зіхаціць, як бы з самага сонца быў зроблены: сцены залатыя-залатыя, а страха бліскучымі маланкамі пакрыта. Увайшлі мы ў гэты палац, азіраемся навокал, і што ж? На самым пачэсным месцы сядзіць святы Спас, а каля яго Матка Боская, святы Юр’я, Мікола і Ілья!” Сон перапыняецца, летуценніцу чакае падобнае да пекла зямная экзістэнцыя, руіны і папялішчы, дзе няма месца салодкім марам і ілюзіям.
І толькі ў адзіным купалаўскім творы момант гармоніі паміж нябёсным і зямным дасягаецца, ? у паэме, якую даследчыкі лічаць самым светлым, бясхмарным купалаўскім творам, ? “Яна і я” (1913).
Паэму гэтую Купала завяршыў улетку 1913 года ў Акопах, а перад яе напісаннем грунтоўна вывучаў беларускую абрадавасць, народную творчасць па шматлікіх фальклорна-этнаграфічных зборніках. Народныя ўяўленні пра шчасце і ўладкаванасць прыдаліся паэту, які стварыў унікальны не толькі паводле свайго настрою, але і паводле мастацкага хранатопа твор.
Героі паэмы, Яна і Ён, жывуць на ўлонні прыроды, занятыя сялянскай працай, што дазваляла даследчыкам разглядаць паэму як “вясковую”, “пастаральную”, “прыродную”.
Але што тая за вёска, у якой жыве закаханая пара? Гэта “вёска”, у якой няма іншых жыхароў, апроч іх. Гэта адмысловая тэрыторыя шчасця, створаная для закаханых. Шчасце, здабытае абоімі, закранула іх атачэнне, рэчы, якія герой зрабіў сваімі рукамі, хату, якая здаецца ім палацам, але яно не ў багацці, а ў непарушнай гармоніі чалавека, прыроды, працы, будзённых спраў і кахання.
Так мілаванне к шчасцю след адчыне,
А мілаванне ? над царамі цар, ?
І будзеш век маёй ты гаспадыняй,
А я твой вечна буду гаспадар.
Няўлоўныя алюзіі, пры дапамлзе якіх Купала набліжае чытача да разумення сутнасці топасу, у які змешчаны закаханыя, змяняюцца больш выразнымі прыкметамі зямнога раю:
Раем на зямлі выглядываў нам сад,
Я ў ім ? Адам, яна ў ім ? Ева;
У раі гэтым вецер быў нам бог і сват,
Вяцьвямі шлюб давала дрэва.
Мастацкі час паэмы пабудаваны ў адпаведнасці з земляробчым календаром. Яна і Ён зацягнутыя ў кола сезонных работ і клопатаў: выганяюць у поле жывёлу, аглядаюць палеткі, занятыя ворывам, сяўбой, нарыхтоўкай сена. Цэлы раздзел прысвечаны кароўцы, якую зваць Аўтарыняй. Гэтыя апісанні давалі нагоду купалазнаўцам параўноўваць твор з паэмай Гесіёда “Турботы і дні”, складзенай паводле аналагічнага прынцыпу.
Але ў Купалы іншы падыход да мастацкай трактоўкі вясковай працы, сутнасць якога ў яе сакралізацыі. Касьба або ворыва не з’яўляюцца ні для Яе, ні для Яго пякельнай пакутаю, якой яны былі, прыкладам, для Мужыка і Жонкі ў паэме Купалы “Адвечная песня”. Дзеянні іх споўненыя светлай радасцю, яны не працуюць, а выконваюць складаны ды прыемны для іх рытуал. Гераіня творыць замову, калі выганяе на пашу кароўку Аўтарыню і спявае “Вяснянку”, калі поле агародніну. Эпізод “На сенажаці” распачынаўся апісаннем звыклай вясковай працы, а завяршыўся сцэнай бурнага кахання, падчас якой героі адчулі сваю знітаванасць з прыродай і космасам:
Ногі падкасіліся і мне, і ёй,
Зліліся вусны з вуснамі самі сабой,
Полымем прыпалі грудзі да грудзей,
Змяшаліся мы з сонцам, з кветкамі, з травой.
Адносіны Яе і Яго ніякім чынам не нагадваюць сентыментальую замілаванасць пастушкоў і пастушак, што дае падставу сцвярджаць не пра пастаральны, а містэрыйны змест твора. Зямны рай (сад), у які змешчаны героі, дабудоўваецца і добраўпарадкуецца імі самімі. Шчасце герояў ? у здабытай імі гармоніі дзеянняў і адносінаў.
Мастацкі час паэмы арганізаваны такім чынам, каб навекі захаваць здабыты героямі момант шчасця. Дзеянне паэмы пачынаецца на зыходзе зімы, калі з’яўляюцца першыя праталіны, а завяршаецца твор напачатку лета, якраз перад Купаллем. У адрозненне ад паэмы “Адвечная песня”, таксама кампазіцыйна падпарадкаванай земляробчаму календару, мастацкі час не ўтварае тут поўны гадавы цыкл, а ўяўляе сабою паўгоддзе. Героі жывуць у пару нарастання жыццёвых і прыродных сіл, але не пераходзяць цераз мяжу іх апагею, пасля якога пачынаецца заміранне прыродных сіл. Сезонная сімволіка, у адпаведнасці з якой вясна атаясамліваецца з маладосцю, а восень з старасцю, была звыклай для Купалы. У паэме “Яна і я” ён пакідае герояў у атмасферы вечнай вясны і маладосці.
Аднак пры ўсёй замкнёнасці і вонкавай ізаляванасці хранатопа паэмы Купала дапускае пранікненне ў яго праяваў іншага, жорсткага і празаічнага свету, што існуе паралельна з рамантычным. Свету, у якім існуе ліха. Ліха прарываецца ў ідылічную рэчаіснасць у раздзеле “Радаўніца”, калі выяўляецца, што кожны з герояў мае мінулае, споўненае стратамі, пакутамі і крыўдай. Агульны досвед пакутаў што болей збліжае іх, робіць амаль што адзінай істотай:
Пусціўшы гэтак сумным думам павады,
Бязмежны жаль паплыў ў душу крыніцай.
І я таксама, як яна тады, шаптаў:
“Адна на свеце ты ў мяне, сястрыца!”
Новы выхад па-за межы ідылічнага свету адбываецца ў фінале паэмы, калі Яна, паводле канцэптуальнай задумы Купалы, выяўляе запаветную сваю іпастась ? Маладой Беларусі:
Я песняй мілаю сваю праслаўлю
Паміж народамі сваіх, чужых зямель,
Каб не загінула, як кветка, у бяспраўі, ?
Жыла й тады, як ляжа ў вечную пасцель.
А воля мне жалезная патрэбна
За крыўды маёй мілай помстай адплаціць,
Што гаравала так яна бясхлебна,
Што ланцугамі мусіла шмат лет званіць.
У прасторы і часе зямнога раю адбылося пераўтварэнне Беларусі-сіраты ў Беларусь-нявесту, якую Купала паказвае паўнавартаснай гаспадыняй свайго дому. Інакш кажучы, спраўджваецца тое, чаму не наканавана было адбыцца ў іншых творах, дзе прысутнічаў вобраз няспраўджанага вяселля Маладой Беларусі (“Паўлінка”, “Раскіданае гняздо”, “Сон на кургане”, “Тутэйшыя”). У сістэме сімвалісцкіх вобразаў Купалы архетып вяселля атаясамліваўся з нацыянальным трыумфам Беларусі, набыццём ёю нацыянальнай незалежнасці.
Гаспадары зямнога раю, прымроенага Купалам, не здзейснілі першароднага граху, як гэта сталася з Адамам і Евай. Грэх здзейснены іншымі ? тымі, хто пазбавіў іх долі, асіраціў. Гатовы да помсты лірычны герой не можа не разумець, што адказ ліхім на ліхое ? таксама свайго кшталту грэх. Шлях да рэальнага вяселля Маладой Беларусі, прадбачыць лірычны герой, пралягае праз выпрабаванні, змаганне, пакуты. Гэта дае падставы аўтару зачыніць заслону, якая хавае свет ідылічны, містэрыяльны і павярнуцца абліччам да рэальных рэчаў.
Такім чынам, хранатоп паэмы “Яна і я” захоўвае сваю аўтаномнасць і ізаляванасць у мастацкім свеце Купалы, увасабляючы недасяжную мару ў кантэксце рэальнага жыцця, але будучы неабвержным як мастацкая рэалія.
Экамысленне Купалы, такім чынам, найбольш беларусацэнтрычнае ў параўнанні з творчасцю іншых “нашаніўцаў”.
4. Экалагічны імператыў як складнік зямной філасофіі Якуба Коласа
Рух коласаўскай вобразна-сімвалічнай сістэмы геацэнтрычны, скіраваны да зямных, хтанічных першаасноваў. Вобраз зямлі разгортваецца, пашыраецца, набывае ўнутраную структуру, і, як мы пабачым далей, выяўляе зямную таямніцу, зямную трансцэндэнцыю.
Трагічная іронія сімвалізму складаецца ў тым, што хісткае выяўляецца ў непахісным, мэта, да якой імкнешся, выказвае сваю недасяжнасць. Героі драмы “Сіняя птушка” Марыса Мэтэрлінка, п’есы “Пер Гюнт” Генрыка Ібсена, драматычнай паэмы “Сон на кургане” Янкі Купалы вядуць трансцэндэнтальны пошук сэнсу існавання, але ён абарочваецца для іх расчараваннямі.
Заземленая вобразнасць Коласа нібыта засцерагае ад расчаравання. Бо, мяркуе носьбіт зямной філасофіі, герой паэмы “Новая зямля” Міхал: “Свая зямля ? вось што аснова!” Галоўная тэза гэтай філасофіі: зямны, прыродны, натуральны пачатак вышэй за сацыяльны; недасканаласць чалавечага існавання кампенсуецца вяртаннем да жыццёвых першавытокаў:
А дзе ж той выхад? дзе збавенне
З няволі цяжкай, з паланення?
Адзін ён ёсць: зямля, зямля,
Свой пэўны кут, свая ралля:
То ? наймацнейшая аснова
І жыцця першая умова.
Зямля не зменіць і не здрадзіць,
Зямля паможа і дарадзіць,
Зямля дасць волі, дасць і сілы,
Зямля паслужыць да магілы,
Зямля дзяцей тваіх не кіне,
Зямля ? аснова ўсёй айчыне.
Апантанасць зямлёю, еднасць зямлі, прыроды і чалавека ? тэмы, якія здаўна распрацоўвае сусветная і беларуская літаратуры. Хтанічная сфера, напэўна, з’яўляецца захавальніцай самых старажытных загадак быцця. Да гэтай таямніцы спрычыніліся такія пісьменнікі-інтэлектуалы XX стагоддзя, як Кнут Гамсун, Уільям Фолкнер, Карлас Кастанеда, а таксама беларускія аўтары Кузьма Чорны, Іван Мележ, Віктар Казько.
Колас з яго творчай інтуіцыяй таксама востра адчуваў наяўнасць зямной таямніцы.
Зямная трансцэндэнцыя звязвае творчасць Коласа з ідэалагемамі Кнута Гамсуна, які гэтаксама ў пошуках “натуральнага чалавека” абапіраўся не на культурны досвед цывілізацыі, не на сацыяльныя інстытуты, а на стваральную працу на зямным улонні (раман “Зямныя сокі”). Не проста супадзеннем выглядае той факт, што адзін з ранніх раманаў Гамсуна таксама меў назву “Новая зямля”.
Празрыстая, здавалася б, паводле сваёй канцэпцыі паэма Коласа “Новая зямля” мае свае загадкі.
Чым можа абярнуцца пошук зямной асновы ў варунках нетрываласці, разладжанасці сусвету?
Што перажывае Міхал, калі зямля, тое, што “не здрадзіць”, раптам пачне выслізгваць з-пад ног, абарочвацца неспадзяванкамі?
Прарыў у сферу трансцэндэнцыі адбываецца ў тых раздзелах паэмы, якія здаўна лічыліся самымі загадкавымі, малапрасветленымі, а таму набывалі ў коласазнаўцаў розныя трактоўкі: “Вечарамі”, “Таемныя гукі”, “Воўк”.
Канцэптуальная прастора “Новай зямлі” прасякнутая пытаннямі, загадкамі і таямніцамі, якія ставіць перад чалавекам Сусвет. Пошук адказу на яго робяцца сюжэтнай і нават інтанацыйнай дамінантай.
“Таемныя гукі” ? своеасаблівая дыскусія паміж дарослымі і дзецьмі. Пытанне, пастаўленае дарослымі, ? аб паходжанні таямнічых гукаў узімку, ? вырашаецца досыць лёгка. Выклікае цяжкасць пытанне, пастаўленае дзецьмі, бо так званыя дзіцячыя пытанні якраз і належаць да тых адвечных таямніц, над якімі пакутуюць філосафы ўсіх часоў.
? А што, скажэце, зорка значыць,
Якой ніхто мо і не бачыць:
Яна маланкай мігатнецца
І згасне. Дзе ж яна дзяецца?
І да зямлі не далятае,
А проста дзесь яна знікае? ?
І змоўклі ўсе адразу ў хаце:
Як адказаць? З чаго пачаці?
“Тайнасць Божжа”, ? адказ Міхала. Антось няўпэўнена прыгадвае, што адказ ведае навука, “што астраноміяй завецца”. Тлумачэнне маці ? пра містычную сувязь зорак з чалавечымі жыццямі, найбольш задавальняе дапытлівых дзяцей:
Для хлопцаў гэта тлумачэнне
Найболей мела здавалення,
І ўсе іх думкі мімаволі
Блукалі здесь у Божым полі;
Іх захапляў свет безгранічны
І ўласны лёс іх таямнічны.
Вусцішныя гісторыі, прымхі, былічкі складаюць змест раздзела “Вечарамі”, сугучнага прозе Яна Баршчэўскага, Мікалая Гогаля паводле сваёй міфалагізаванай асновы. Дзяцей вабяць загадкавыя, містычныя праявы Сусвету, у той час як дарослыя асцерагаюцца ўваходзіць у таямніцы быцця. Самыя складаныя, анталагічныя пытанні быцця называюць дзіцячымі. Бо дарослыя не знаходзяць на іх адказу.
Экамысленне Якуба Коласа сінтэзуе ў сабе дзіцячасць і даросласць, наіўнасць і дасведчанасць. Надта часта інтуітыўны або эмацыйны пачатак у спасціжэнні прыроды прайграе дарослай самаўпэўненасці.
Колас не раз звяртаўся да жанру так званай дзіцячай літаратуры, і ў шэрагу выпадкаў гэтыя звароты абарочваліся сапраўднымі творчымі азарэннямі. Бо, што ні кажы, але дзяцінства бліжэй да прыроды, да жыццёвай аўтэнтыкі, чым даросласць.
Адзін з самых загадкавых у сваёй празрыстасці твораў класіка ? прыпавесць пра Рака-Вусача, апанаванага дэпрэсіяй. Чаму жыццё, прыўкраснае ва ўсіх адносінах, сталася так няміла коласаваму герою?
Лёг на дно ён брусам
І ляжыць дзён тры;
Растапырыў клешні
І не есць яешні,
Жабінай ікры.
Тлумачэнне варта шукаць у коласавым пантэізме, навеяным як загадкавай беларускай прыродай, з якой шукаў гармоніі аўтар, так і чытаннем нямецкіх ды скандынаўскіх аўтараў (Ніцшэ, Гамсун). У Андрэя Лабановіча, літаратурнага двайніка Коласа, быў такі настрой, што ён ужо прыстаўляў рэвальвера да свае скроні…
Вось з’яўляецца Жыта, беларускі правобраз адвечнага Пана, і аповедам пра свае незлічоныя пакуты, смерць і новае нараджэнне вяртае Раку радасць жыцця.
Міхал, як і іншыя дарослыя персанажы Коласа, жадае трываласці ў зменлівым, падступным існаванні. Але надыходзіць момант, калі зямное апірышча выявіць сваю хісткасць, нетрываласць, абернецца бяздоннай, згубнай прорвай. Гэта адбудзецца ў раздзеле “Воўк”.
Сустрэчы Міхала з ваўком на беразе Нёмана папярэднічае згадка пра таямнічыя здарэнні, што адбыліся калісь у гэтай мясціне: гібель Дароты і Яхіма, здань з люлькаю, якую бачылі нібыта каля ракі. Кароткі каментар да пералічаных здарэнняў выяўляе менавіта зямную, хтанічную прыроду таямніцаў:
Таемны вы, зямлі скрыжалі!
Чаго ў сябе вы не ўпісалі!
Разам з тым з зямлёю звязаны вобраз-сімвал зямной кнігі, таямнічага тэксту. Адгортваецца адна са старонак сімвалічнай кнігі. На ёй занатаваны надзвычай трагічны і шматзначны змест.
Агонія ваўка, які гіне ў палонцы, мае адначасова прарочы і сімвалічны сэнс. Зямная трансцэндэнцыя, зямное “яно” (М.Гарэцкі) глядзіць на Міхала поўнымі тугі і нейкага яшчэ невыказнага пачуцця вачыма канаючага ваўка.
Міхал перажывае новае для сябе пачуццё: ён шкадуе дапежніка, што трапіў у палонку. Новае для сябе, але не для аўтара. Бо шкадаванне да ахвяраў палявання ? адзін са скразных матываў паэмы. Шкада тхара, якога ўпаляваў разам з дзецьмі дзядзька Антось. Шкада пчолаў, у якіх людзі адбіраюць плён руплівай працы. Шкада глушца, які стаўся ахвярай панскай пацехі:
Пан Свіда стрэльбу падымае
І доўга цэліцца… страляе.
Бух! ? грукнуў стрэл, лес узбудзіўся!
Дымок раўнюткаю стралою
Жахнуў старую гэту хвою,
З якой глушэц даўно зрадніўся;
І раптам з ёю разлучыўся,
У момант звяў і страціў сілы
І не паспеў разняць ён крылы,
На мяккі дол, на мох зялёны
Упаў, насмерць акрываўлёны;
Ўзнялась галоўка і апала,
Два разы лапка задрыжала,
Навек застыла нерухома.
А Свіда рад быў, рад вядома:
Рублём Міхала ён трактуе,
Цыгарай хвацкаю частуе.
Магчыма, яшчэ і таму марыць пра набыццё сваёй зямлі Коласаў герой, бо зямля ? аснова мірнага суіснавання з прыродай, а лес ? арэна барацьбы, палявання на жывое.
У фінале, у перадсмяротнай мроі Міхала мы назіраем зліццё дзвюх экзістэнцый ? чалавечай і прыроднай. Трагізм і непрадказальнасць зямнога існавання абумоўлівае магчымасць такога зліцця. Колас прасочвае драматычнае раздваенне свядомасці, скарыстоўвае ўлюбёны ў сімвалістаў прыём “люстэрка” (паўтарэння эпізода, сцэны ў новым, містычным значэнні). Міхал мроіць сябе адначасова чалавекам і тым ваўком, што загінуў у палонцы.
Смерць Міхала расчытваецца як “здрада” з боку зямлі, якая, як быццам, абяцала “не здрадзіць” таму, хто сумленна працуе на ёй, якая была “ўсяму аснова”. І зямля ж забірае Міхала да сябе з такой самай няўхільнасцю, з якой вада забрала да сябе ваўка. Пантэізм, які ляжыць у аснове коласава мастацкага мыслення, не робіць розніцы паміж жыццём звера і чалавека.
“І пабачыў я новую зямлю і новае неба”, ? кажа апавядальнік у “Апакаліпсісе”. Каб дасягнуць новай гармоніі, трэба памерці. Але смерць ? гэта тое, супраць чаго паўстае мастакоўская натура Коласа. Бо віталізм якраз і складае сутнасць экамыслення Коласа, героі якога імкнуліся дасягнуць гармоніі з прыродай у гэтым жыцці.
Літаратура
1. Анталогія даўняй беларускай літаратуры: ХІ ? першая палова ХVIII стагоддзя. ?Мн.: Бел. навука, 2003. ?1015 с.
2. Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Мн.: Навука і тэхніка, 1992?1995.
3. Баршчэўскі Ян. Выбраныя творы. ?Мн.: Бел. кнігазбор, 1998. ?480 с.
4. Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: Хрэстаматыя. ?Мн.: Выш. школа, 1998. ?487 с.
5. Беларускія народныя казкі. ?Мн.: Навука і тэхніка, 1981. ?480 с.
6. Бельскі А.І. Краса і смутак. ?Мн.: Маст. літ., 2000. ?237 с.
7. Бурдзялёва І.А. Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры ХІХ ? пачатку ХХ стагоддзяў: майстры, плыні, традыцыі: Курс лекцый. ?Мн.: МДЛУ, 2009. ?167 с.
8. Васючэнка П.В. Ад тэксту да хранатопа: артыкулы, эсэ, пятрогліфы. ?Мн.: Галіяфы, 2009. ?200 с.
9. Васючэнка П.В. Драматургія і час. ?Мн.: Навука і тэхнщка, 1991. ?144 с.
10. Васючэнка Пятро. Піраміда Лінэя: Бестыярый. ?Мн.: Галіяфы, 2008. ?76 с.
11. Васючэнка П.В. Сучасная беларуская драматургія: Дапаможнік для настаўнікаў. ?Мн.: Маст. літ., 2000. ?158 с.
12. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. У 4 т., 5 кн. ?Мн.: Бел. навука, 2001?2003.
13. Гусоўскі Мікола. Песня пра зубра. ?Мн.: Маст. літ., 1980. ?192 с.
14. Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі / Рэд. В.К.Бандарчык. ?Мн.: Навука і тэхніка, 1971. ?496 с. ? (АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Беларус. нар. творчасць).
15. Козіч В.І. Чалавек і прырода ў сучаснай беларускай прозе. ?Мн.: Бел. навука, 1998. ?96 с.
16. Колас Якуб. Збор твораў. У 14 т. ?Мн.: Маст.літ., 1972?1978.
17. Купала Янка. Поўны збор твораў. У 9 т. ?Мн.: Маст. літ., 1995?2003.
18. Симеон Полоцкий. Вирши. ?Мн.: Маст. літ., 1990. ?447 с.: іл.
19. Стеценко Е.А. Экологическое сознание в современной американской литературе. ?М.: ИМЛИ РАН, 2002. ?320 с.