Таццяна РОШЧЫНА. Перамешчаныя культурныя каштоўнасці
ЛЕКЦЫЯ 1. РЭСТЫТУЦЫЯ КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЯЎ
(юрыдычныя, маральныя і навуковыя аспекты)
План:
1. Тэрміналагічныя ўводзіны ў праблему
2. Практыка і міжнародная законадаўчая база рэстытуцыі
3. Маральныя забавязанні і ўмовы вяртання перамешчаных каштоўнасцяў
4. Няўдалыя спробы выпрацоўкі прававых асноў рэстытуцыі ў СНД
5. Беларускія нацыянальныя каштоўнасці ў Расіі, Польшчы і іншых краінах
1. Тэрміналагічныя ўводзіны ў праблему
Беларусь знаходзіцца на скрыжаванні геаграфічных і гістарычных шляхоў і таму не раз была арэнай апусташальных войнаў і нашэсцяў з захаду і ўсходу, поўначы і поўдня. Татарска-мангольскія заваёўнікі і крыжакі, войскі Івана Грознага і Карла XII, Напалеона і Кайзера, легіянеры і гітлераўцы… Гінулі людзі, разбураліся гарады і сёлы, нішчылася культура, рабаваліся духоўныя і матэрыяльныя скарбы.
Для нашай краіны праблема пошуку і вяртання страчаных нацыянальных каштоўнасцяў надзвычай актуальная. Патрэбна шматгадовая карпатлівая і сістэматычная праца ў распрацоўцы прававых нормаў, вырашэнні навуковых і практычных пытанняў.
Для вывучэння гэтай тэмы ў першую чаргу неабходна дакладнае веданне спецыфічнай тэрміналогіі:
— тэрмінам культурныя каштоўнасці азначаюцца маёмасныя каштоўнасці рэлігійнага або свецкага характару, якія маюць вялікае значэнне для культуры пэўнага народу: творы мастацтва, рукапісы, старадрукі і рэдкія кнігі, архіўныя дакументы, іншыя рэчы мастацкай, гістарычнай, прыродазнаўчай або археалагічнай значнасці;
— тэрмін перамешчаныя культурныя каштоўнасці абазначае культурныя каштоўнасці, што былі перамешчаныя ў СССР з Германіі, Аўстрыі і саюзных з Германіяй дзяржаў у выніку Другой сусветнай вайны;
— тэрміны рэпарацыя і рэстытуцыя азначаюць віды матэрыяльнай адказнасці дзяржавы, якая вінаватая ў здзяйсненні міжнароднай агрэсіі. Адказнасць у выглядзе рэпарацыі заключаецца ў кампенсаванні вінаватай дзяржавай у грашовай або натуральнай форме (пастаўкі абсталявання ці іншых матэрыяльных каштоўнасцяў) страты, якую яна прычыніла другой дзяржаве ў выніку сваіх супрацьпраўных дзеянняў. Адказнасць у выглядзе рэстытуцыі заключаеццаў зліквідаванні ці памяншэнні вінаватай дзяржавай страты, якую яна прычыніла іншай дзяржаве шляхам аднаўлення ранейшага стану, у прыватнасці ў форме вяртання маёмасці, якая была нарабаваная на акупаванай яе войскамі тэрыторыі.
На міжнародным узроўне ахова культурных каштоўнасцяў ажыццяўляецца сёння на аснове агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права. У гэтай галіне права асаблівае месца займае інстытут вяртання і рэстытуцыі культурных каштоўнасцяў краінам, з якіх яны паходзяць. Гаворка ідзе тут аб вяртанні страчаных і незаконна вывезеных культурных каштоўнасцяў (падчас каланіялізма, войнаў, кантрабандным шляхам) краінам, якія з’яўляюцца іх законнымі ўладальніцамі.
2. Практыка і міжнародная законадаўчая база рэстытуцыі
У гісторыі міжнародных дачыненняў выпадкі вяртання культурных каштоўнасцяў у краіны, адкуль яны былі вывезеныя падчас ваенных дзеянняў, вядомыя яшчэ да Першай сусветнай вайны. Ужо ў той час склалася норма звычайнага міжнароднага права аб рэстытуцыі маёмасці, якая была незаконна адабраная і вывезеная адной дзяржавай з тэрыторыі другой.
Права рэстытуцыі было адлюстраванае ў сістэме мірных дагавароў, што былі заключаныя пасля Першай сусветнай вайны. Далейшае развіццё міжнародна-прававое рэгуляванне вяртання культурных каштоўнасцяў атрымала ў сувязі з падзеямі Другой сусветнай вайны. У Дэкларацыі ад 5 студзеня 1943 г. урады СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і яшчэ пятнаццаці краін з антыгітлераўскай кааліцыі абвясціліі, што яны пакідаюць за сабой права абвяшчаць несапраўднай любую перадачу ці любое пагадненне ў дачыненні нарабаванай маёмасці.
Праблема рэстытуцыі мае і яшчэ адзін аспект, які тычыцца тых культурных каштоўнасцяў, што былі перададзеныя на захаванне ў іншую краіну падчас узброеных канфліктаў ці вывезеныя ў іншыя часткі краіны, якія пазней маглі стацца незалежнымі дзяржавамі. Так, знікненне СССР і з’яўленне новых незалежных дзяржаў, тэрыторыі якіх раней уваходзілі ў яго склад, прывялі да таго, што культурныя каштоўнасці, эвакуяваныя падчас Другой сусветнай вайны з захопленых тэрыторый, апынуліся ў іншых краінах, якія ім ніколі раней не належалі.
Міжнародныя арганізацыі (ААН, ЮНЕСКО, Савет Еўропы) цягам пасляваенных гадоў прынялі шэраг важных канвенцый, пактаў, рэзалюцый, дэкларацый датычна праблемы рэстытуцыі. Сярод іх каля дваццаці рэзалюцый ААН “Аб рэстытуцыі культурных каштоўнасцяў краінам іх паходжання”, Канвенцыі “Аб абароне культурных каштоўнасцяў у выпадку ўзброенага канфлікту” (Гаага, 1954 г.), “Аб мерах, накіраваных на забарону і папярэджанне незаконнага ўвозу, вывазу і перадачы права ўласнасці на культурныя каштоўнасці” (1970 г.), Канвенцыя ЮНІДРУА “Аб выкрадзеных альбо незаконна вывезеных культурных каштоўнасцях” (1995 г.) і інш. Істотнае значэнне ў развіцці міжнародна-прававых нормаў захавання культурных аб’ектаў мае і Канвенцыя ЮНЕСКО “Аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны” (1972 г.). Аднак і яна не вырашыла ўсіх праблем, што тычацца рэстытуцыі. У прыватнасці, не вырашаныя праблемы вяртання культурных каштоўнасцяў краінам іх паходжання, якія атрымалі незалежнасць. Не адпрацаваны інстытут адказнасці дзяржаў за страту, што была прычынена культурнай спадчыне іншых народаў і г.д. Прайшоў час, прынятыя дакументы патрабуць адпаведнай карэкцыі і ўдасканалення. Да таго ж гэтыя дакументы не ўяўляюць сабой завершанай міжнароднай нарматыўна-прававой сістэмы, хаця і складаюць фундамент для супрацоўніцтва дзяржаў у галіне аховы, захавання, вяртання і рэстытуцыі культурных каштоўнасцяў.
На жаль, міжнародныя прававыя нормы, якія датычаць рэстытуцыі, не вызначаюцца ні канкрэтнасцю, ні дасканаласцю. Міжнародная практыка ў гэтай сферы характарызуецца рознымі падыходамі дзяржаў, і, па сутнасці, з’яўляецца кансерватыўнай, адстае ад палітычных зменаў. Адпаведныя міждзяржаўныя і нацыянальныя механізмы ўжывання і забеспячэння дзейнасці прававых нормаў практычна адсутнічаюць. На самай справе, наўрад ці да якой-небудзь краіны, што адмовіцца вярнуць незаконна перамешчаную на яе тэрыторыю каштоўнасць, будуць ужытыя нейкія санкцыі. Заключэнне і выкананне больш дзейсных двухбаковых міжурадавых і міждзяржаўных пагадненняў на прадмет вяртання каштоўнасцяў можа мець месца толькі са згоды абодвух бакоў. Таму, бадай што, усякая рэальная рэстытуцыя — гэта працэс непрымусовы, кожны выпадак вяртання каштоўнасці, па сутнасці, акт добрай волі.
3. Маральныя забавязанні і ўмовы вяртання перамешчаных каштоўнасцяў
Стымулам непрымусовага вяртання каштоўнасцяў могуць і павінны быць маральныя фактары. Прытрымлівацца маральна-этычных нормаў пры рэалізацыі міжнароднага права ў гэтай сферы ды ўвесь час нагадваць пра маральныя забавязанні надзвычай важна. Бясспрэчна, маральных магчымасцяў недастаткова, каб разблытаць гордзіеў вузел супярэчнасцяў, звязаных з лёсам каштоўнасцяў нашага народу, раскіданых па свеце ў выніку глабальных і лакальных палітычных падзей, уласнай недасведчанасці і іншых прычын. Але на першым этапе будзе дастаткова вярнуць гэтыя каштоўнасці ў навуковы і культурны ўжытак, прадугледзіць розныя формы іх сумеснага выкарыстання. Супрацьстаянне ж у вырашэнні гэтай праблемы можа прывесці да самых негатыўных наступстваў — да ўтойвання каштоўнасцяў, гэта значыць, да выключэння іх з культурнага і навуковага ўжытку. У такім выпадку перамешчаныя каштоўнасці робяцца недаступнымі не толькі для прадстаўнікоў народаў — іх стваральнікаў, але і для грамадзкасці той краіны, дзе яны схаваныя. Асаблівасці праблемы пошуку і вяртання страчаных культурных каштоўнасцяў заключаюцца ў тым, што яна не можа быць вырашаная воляй адной дзяржавы. Абапіраючыся на міжнародна-прававыя нормы і прынцыпы, яна прадугледжвае шырокае супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі.
На працэс міжнароднай міграцыі культурных каштоўнасцяў уздзейнічаюць розныя фактары: эканамічныя, палітычныя, прававыя. Вынікам уздзеяння эканамічных фактараў з’яўляецца канцэнтрацыя каштоўнасцяў у эканамічна развітых краінах за кошт рабавання дзяржаў, эканоміка якіх слабая або перажывае пэўныя цяжкасці. Палітычныя фактары стрымліваюць негатыўныя ўздзеянні эканамічных фактараў, але амаль не здольныя ліквідаваць іх наступствы. Яны не могуць спыніць непажаданыя перамяшчэнні каштоўнасцяў праз дзяржаўныя межы. Прававыя магчымасці, у сваю чаргу, таксама далёка не заўсёды здольныя вырашыць праблемы, звязаныя з вяртаннем перамешчаных каштоўнасцяў. На гэта яскрава паказвае досвед Беларусі, набыты з таго моманту, калі яна пачала самастойна займацца праблемамі рэстытуцыі.
4. Няўдалыя спробы выпрацоўкі прававых асноў рэстытуцыі ў СНД
У першыя месяцы пасля дэнансацыі саюзнага дагавора і ўтварэння СНД быў распрацаваны праект пагаднення кіраўнікоў урадаў СНД аб стварэнні міждзяржаўнай часовай камісіі па вырашэнні праблем уласнасці на гісторыка-культурныя каштоўнасці, што сабраныя ў музеях, архівах, бібліятэках былога Саюза ССР. 14.02.1992 г. гэты праект быў перададзены Міністэрствам культуры на разгляд адпаведнай камісіі беларускага парламента. У гэты ж дзень у Мінску было падпісана Пагадненне кіраўнікоў дзяржаў СНД аб вяртанні культурных і гістарычных каштоўнасцяў дзяржавам іх паходжання, якое выклікала сапраўдную буру негатыўных эмоцый у расійскіх сродках масавай інфармацыі. У выніку дзейнасць падпісанага пагаднення была прыпыненая Вярхоўным Саветам РФ.
Новае, ташкентскае пагадненне 1997 г. прадугледжвала ўжо толькі стварэнне міждзяржаўнай экспертнай камісіі па рэстытуцыі, але яна збіралася толькі адзін раз; прычым прадстаўнік Расіі для ўдзелу ў яе рабоце свядома не быў накіраваны (нягледзячы на тое, што менавіта РФ належала ініцыятыва стварэння гэтай камісіі ды і тэкст пагаднення быў распрацаваны расійскім бокам). На жаль, і ў далейшым нішто не паўплывала на стаўленне Расійскай Федэрацыі да праблем рэстытуцыі каштоўнасцяў.
Сумнеўную славу мае і закон, які пазней прыняла Дзяржаўная дума РФ. У адпаведнасці з ім усе культурныя каштоўнасці, перамешчаныя нацыстамі і якія пасля перамогі над фашызмам былі вывезеныя ў Расію (сярод іх і культурныя каштоўнасці з Беларусі, Украіны, Прыбалтыкі), былі абарочаныя ў маёмасць Расіі. І вяртанне іх у краіны паходжання можна ажыццявіць толькі ў выключных выпадках.
Лепш развіваюцца ўзаемадачыненні ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны з Польшчай: распрацаваны асобны артыкул у міжурадавым пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне навукі, культуры і асветы, створаная і плённа працуе сумесная кансультацыйная камісія па праблемах спадчыны, падпісанае і ратыфікаванае абодвума бакамі міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны.
Як вядома, праца па выяўленні айчынных архіўных, музейных і бібліятэчных збораў, што знаходзяцца па-за межамі Беларусі, пачала ўпершыню весціся ў другой палове 1920-х гг. Навуковай установай, якая патрабавала ад улад вяртання ў межы беларускай дзяржавы вывезеных беларускіх музейных, архіўных бібліятэчных скарбаў, быў Інстытут беларускай культуры. Ініцыятыва ў справе вяртання скарбаў належала Гісторыка-археалагічнай камісіі. Пазіцыя беларусістаў Інбелкульта наконт спрэчных пытанняў культурных каштоўнасцяў была адназначная: гісторыка-культурныя каштоўнасці, што створаныя ў Беларусі і належаць беларускаму народу, павінны быць неадкладна вернутыя ў межы беларускай дзяржавы. На іх думку, такія каштоўнасці ўяўлялі сабой не толькі доказ самабытнасці беларускай культуры, але і дакументальна пацвярджалі існаванне ў мінулым дзяржаўнаці, дзяржаўнай мовы і беларускага заканадаўства. А праблемы рэстытуцыі культурных каштоўнасцяў ці не ўпершыню ў беларускай гісторыі былі агучаныя на 1-й Усебеларускай канферэнцыі архіўных работнікаў 12—14 мая 1924 г. і на 1-м З’ездзе даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі 17—18 студзеня 1926 г. І калі на канферэнцыі гаворка ішла аб неабходнасці вяртання ў Беларусь толькі архіўных збораў, што былі вывезеныя ў XIX — пач. XX стст. у Расію, то з’езд прыняў рэзалюцыю аб рэстытуцыі беларускіх архіўных, музейных і кніжных каштоўнасцяў. На жаль, толькі частка гэтых рэзалюцый была рэалізаваная: па-ранейшаму архіў вялікакняскай канцылярыі — “Літоўская метрыка”, — што захоўвалася пераважна ў Нясвіжы, знаходзіцца ў Расіі і наўрад ці калі-небудзь будзе перададзены ў Беларусь (ці Літву, на чым настойваюць літоўскія архівісты); па-ранейшаму ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве захоўваецца частка унікальнай бібліятэкі І.Х.Каладзеева з Нова-Барысава па гісторыі Айчыннай вайны 1812 г., у Кіеве — бібліятэка Храптовічаў са Шчорсаў і г.д.
Пасьля даволі кароткага перыяду прафесійнага зацікаўлення вывезенымі беларускімі каштоўнасцямі надышоў іншы час, калі ў Беларусі не было хоць якога дзяржаўнага ці грамадскага органа, які займаўся б пытаннямі рэстытуцыі. І толькі ў кастрычніку 1987 г. пры Беларускім фондзе культуры з мэтай арганізацыі працы па вяртанні ў краіну гісторыка-культурных каштоўнасцяў была створаная камісія “Вяртанне”. Нязменным старшынёй камісіі да гэтага часу з’яўляецца Адам Мальдзіс. На пасяджэннях камісіі абмяркоўваліся перспектыўныя і надзённыя пытанні вызначэння канкрэтных аб’ектаў, формаў і метадаў работы па вяртанні каштоўнасцяў, стварэнні зводнай базы звестак (БЗ) пра гэтыя каштоўнасці, узаемадзеянні з асобамі і арганізацыямі ў краіне і за мяжой, якія зацікаўленыя ў выяўленні і вяртанні ў Беларусь страчанай спадчыны. У складзе камісі — навукоўцы, супрацоўнікі архіваў, музеяў, бібліятэк, арганізацый культуры, дзяржаўных устаноў. За гэтыя гады былі сабраныя шматлікія звесткі аб страчаных каштоўнасцях, выдадзеныя ў свет шэсць зборнікаў “Вяртанне”, у якіх пададзены вялікі і каштоўны матэрыял, праведзеныя міжнародныя канферэнцыі. Ёсць і канкрэтныя вынікі. Але гэта была праца толькі грамадскай камісіі.
У 1992 г. была зробленая спроба стварыць Дзяржаўную камісію па рэстытуцыі пры Міністэрстве культуры, але яна таксама працавала на грамадскіх пачатках і таму была недастаткова дзейная. Адначасова пры Цэнтры імя Ф.Скарыны была створаная адпаведная даследчыцкая група, якую фінансавала Міністэрства культуры. Але праз некалькі гадоў камісія прыпыніла сваю дзейнасць (а потым і наогул перастала існаваць), а даследчыцкая група перастала фінансавацца.
Першачарговай задачай сучасных беларускіх вучоных, спецыялістаў, супрацоўнікаў архіваў, бібліятэк і музеяў, становіцца фармаванне ў адпаведнасці з арт. 25 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны” (1992 г.) і інш. базы звестак аб наяўнасці па-за межамі краіны дакументальных, музейных, бібліятэчных збораў, як беларускага паходжання, так і пра Беларусь (так званая “замежная беларусіка”). База звестак павінна ўключаць у сабе заканадаўчыя, нарматыўныя, метадычныя дакументы, рэгламентуючыя парадак, методыку выяўлення, уліку і выкарыстання “замежнай беларусікі”. У БЗ павінна збірацца таксама інфармацыя пра месцазнаходжанне страчаных каштоўнасцяў.
Шмат звестак дае прагляд друкаваных крыніц — апублікаванага навукова-даведачнага аппарата: даведнікаў, каталогаў калекцый і інш. — архіваў, музеяў, бібліятэк тых замежных краін (Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны, Германіі і інш), дзе могут знаходзіцца нашыя гісторыка-культурныя каштоўнасці, публікацый па гэтай тэматыцы ў перыядычным друку. Інфармацыю можна атрымліваць і традыцыйным шляхам — праз знаёмства de visu з архіўнымі, бібліятэчнымі, музейнымі зборамі, праз вывучэнне ўнутранага навукова-даведачнага апарату гэтых фондаў. А сёння з гэтымі мэтамі магчыма выкарыстоўваць і Інтэрнет. Для фармавання БЗ вялікую значнасць набывае праблема адэкватнай ідэнтыфікацыі замежнай беларусікі, што было абумоўлена пэўнымі гістарычнымі варункамі. Важнай умовай пры стварэнні БЗ павінна стаць выкарыстанне адзінай методыкі апісання гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
База, натуральна, мусіць адпавядаць міжнародным стандартам і быць сумяшчальнай з аналагічнымі БЗ іншых краін. У далейшым верагодна стварэнне зводных (з удзелам Расіі, Літвы, Польшчы, Украіны, іншых краін) БЗ і сумеснае іх выкарыстанне.
5. Беларускія нацыянальныя каштоўнасці ў Расіі, Польшчы і іншых краінах
Вялікая колькасць беларускіх гісторыка-культурных помнікаў знаходзіцца ў музеях, бібліятэках і архівах Масквы, Санкт-Пецярбурга і іншых гарадоў Расіі — калі не больш, чым у самой Беларусі. Помнікі траплялі ў Расію, найперш у яе сталіцы, пераважна ў выніку ваенных дзеянняў. Пачалі гэтую справу войскі Івана Грознага (полацкія зборы) і Аляксея Міхайлавіча (куцейнская друкарня). Сабраныя на працягу стагоддзяў каштоўнасці ў маёнтках старажытных шляхецкіх родаў Беларусі рабаваліся на працягу XVIII—XIX стст. Перыядычна канфіскоўвалася маёмасць польскай і беларускай шляхты, якая ўдзельнічала ў нацыянальна-вызваленчым руху (1795, 1830—1932 і 1863—1964 гг.). Шмат каштоўнасцяў вывозіла і сама беларуская шляхта, сасланая ў Сібір.
А ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. (артыкул XI і Дадатак да яго №3) была падзеленая паміж Расіяй (РСФСР) і Польшчай не толькі этнічная беларуская тэрыторыя, але і нашая культурная спадчына. На перамовы не былі нават запрошаныя прадстаўнікі законнага ўрада маладой БССР, якая была абвешчаная 01.01.1919 г. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 г. каштоўнасці перадаваліся Польшчы на працягу некалькіх гадоў, пераважна пасля 1922 г., ужо ўрадам СССР.
Шмат каштоўнасцяў было эвакуявана на ўсход на пачатку Першай і Другой сусветных войнаў. У Расіі засталася таксама істотная частка з таго, што было спачатку вывезена з Беларусі ў Германію, а потым пайшло ў агульным патоку на ўсход. Урэшце, у абедзвюх сталіцах Расійская імперыі канцэнтравалася ўсё тое, што знаходзілі на нашай зямлі шматлікія навуковыя экспедыцыі. Без згоды беларусаў, а потым без згоды ўрада БССР яны забіралі з сабою рукапісы, кнігі, археалагічныя калекцыі, вырабы народных майстроў.
На працягу XVIII і XIX стст. рэквізаваныя і канфіскаваныя беларускія каштоўнасці вывозіліся пераважна ў Пецярбург. Так, у Эрмітаж і іншыя сховішчы Мікалай I загадаў перадаць творы мастацтва, кнігі і рукапісы, дастаўленыя ў сталіцу з палаца Сапегаў на Гродзеншчыне пасля падаўлення паўстання 1831—1932 гг. У Эрмітажы таксама знаходзяцца вырабы Налібоцкай і Гродзенскай шкляных мануфактур XVIII ст., бронзавыя ўпрыгожанні з эмалямі, знойдзеныя на нашай тэрыторыі. Вываз гэтых знаходак адпаведным чынам не афармляўся, як і вываз беларускіх народных касцюмаў, сабраных экспедыцыямі Пецярбургскага этнаграфічнага музея. Сярод маскоўскіх сховішчаў найбольш беларускіх каштоўнасцяў мае Дзяржаўны гістарычны музей. Паводле наўпроставых і ўскосных звестках у яго фондах (пераважна ў запасніках) знаходзяцца калекцыя слуцкіх, нясвіжскіх і гродзенскіх паясоў, вывезеных у розны час з Беларусі (агульным лікам каля трохсот), кубкі і келіхі, вырабленыя ў XVIII ст. на шкляной мануфактуры ў Налібоках, абразы з Гродна, Магілёва і іншых гарадоў, беларускія археалагічныя калекцыі А.Кіркора, Е.Раманава, К.Тышкевіча і інш., зброя наваградскай і ружанскай калекцый, 84 экз. выданняў Ф.Скарыны (сярод іх шмат дублетаў), кнігі іншых беларускіх асветнікаў, пісьмовыя крыніцы па гісторыі Беларусі і шмат чаго іншага. У ДГМ і іншыя сховішчы Масквы як сталіцы СССР трапілі таксама шматлікія скарбы, знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі ў даваенны і асабліва пасляваенны час. У ЦДАСА захоўваецца Літоўская метрыка — збор дзяржаўных актаў на старабеларускай мове, у Музеі архітэктуры імя Шчусева — самы вялікі збор беларускіх паштовак дасавецкага часу. У Маскве трэба шукаць сляды прыватных збораў, вывезеных туды ў час Першай сусветнай вайны з Беларусі іх уладальнікамі: Цеханавецкімі, Гутэн-Чапскімі, Храптовічамі-Буцяневымі.
Асобная гаворка патрабуецца пра беларускія духоўныя і матэрыяльныя скарбы, якія знаходзяцца ў нашых суседзяў на захадзе і поўдні. Гістарычныя лёсы Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны так узаемазвязаныя, што часта цяжка, а то і зусім не магчыма дакладна вызначыць, каму належыць тая ці іншая каштоўнасць. Сярод іх ёсць нямала такіх, што ўваходзяць у агульную спадчыну двух або і трох народаў. У такіх выпадках трэба ставіць пытанне не столькі пра вяртанне, колкі пра супольнае выкарыстанне — шляхам даследавання, экспанавання на выставах і г.д.
“Дзевятым валам” для культурных каштоўнасцяў Беларусі стала Другая сусветная вайна. Яна стварыла вялізарныя прагалы ў архіўных, музейных і бібліятэчных зборах краіны, якія да гэтага часу застаюцца незапоўненымі, нягледзячы на значныя намаганні беларускіх архівістаў, бібліятэчных і музейных работнікаў. Гэтая рана яшчэ баліць, таму ў апошні час усё часцей спецыялістамі і грамадзкасцю ўзнімаюцца пытанні пра лёс каштоўнасцяў, якія былі вывезеныя ў час Другой сусветнай вайны. З’явілася мноства публікацый, якія прысвечаныя праблемам вяртання гэтых скарбаў іх сапраўдным уладальнікам; збіраюцца прэс-канферэнцыі, нарады, круглыя сталы. І гэта зразумела: змяніўся час, рэспублікі былога Саюза выходзяць на новы, цывілізаваны ўзровень узаемадачыненняў.
Асноўныя пытанні, якія ставяцца пры гэтым: што вяртаць? каму вяртаць? і як кампенсаваць страты? — застаюцца актуальнымі і праз шэсцьдзесят гадоў пасля сканчэння вайны. Каб разабрацца ў прычынах і вытоках сітуацыі, якая склалася, карысна будзе звярнуцца да гісторыі. Трэба ўспомніць і пра тую каласальную шкоду, якая была нанесеная Беларусі, іншым краінам у апошняй вайне. Асноўная праблема тут — фармаванне банка звестак страт культурных каштоўнасцяў. Падчас вайны акупанты вывозілі ці знішчалі інвентарныя кнігі, каталогі, уліковую і іншую дакументацыю. Устанавіць сапраўдную карціну страчанага можна толькі ў выніку руціннай работы ў архівах, сумеснымі намаганнямі краін, што панеслі страты.
Як бачна з матэрыялаў Беларускай рэспубліканскай камісіі спрыяння рабоце Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, якая выяўляла памеры стратаў былога СССР у час Другой сусветнай вайны, з 1941-га па 1944 г. у Беларусі было знішчана дзесяць музеяў. Аднак гэтыя лічбы далёка ня поўныя: не была ўлічаная шкода, нанесеная яшчэ васьмі, у тым ліку, што надзвычайна важна і дзіўна, Магілёўскаму, які паводле афіцыйнай версіі, што распаўсюджвалася многія гады, быў разрабаваны фашыстамі. Менавіта гэты музей панёс асабліва балючыя для Беларусі страты. З яго ў чэрвені 1941 г. знік славуты крыж святой Ефрасінні Полацкай, створаны ў 1161 г. полацкім ювелірам Лазарам Богшам. Крыж быў вядомы не столькі сваімі залатымі і срэбнымі пласцінамі з эмалевымі выявамі святых і арнаментам, не столькі каштоўнымі камянямі і жэмчугам, колькі змешчанымі ў ім мошчамі святых. З гэтага ж музея зніклі і шмат якія іншыя гістарычныя і мастацкія помнікі: прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, калекцыя жывапісу, археалагічная, этнаграфічная і іншыя калекцыі. Вялізарныя страты панеслі мінскія музеі, асабліва Карцінная галерэя БССР і Гістарычны музей БССР. Асобна трэба вылучыць страты Баранавіцкага абласнога музея, куды ў 1940 г. былі звезеныя каштоўнасці з навакольных палацаў і маёнткаў. Непапраўная шкода ў час акупацыі была нанесеная больш як двумстам бібліятэкам Беларусі, асабліва Дзяржаўнай.
Галоўную адказнасць за зборы каштоўнасцяў у розных культурных установах на акупаваных тэрыторыях нёс Einsatzstab Reichsleiter Rosenberg (ERR). Ён бачыў сваю задачу ў стварэнні “новага культурнага парадку” на месцы. І толькі летам 1943 г. пачалася падрыхтоўка да масавага вывазу культурных каштоўнасцяў у Германію. Гэты вываз праводзіўся этапамі, адначасова з адступленнямі нямецкіх войскаў. Два самыя важныя транзітныя пункты назапашвання культурных каштоўнасцяў Усходу знаходзіліся ў гарадах Верхняй Сілезіі. Галоўным чынам тут знаходзіліся дакументы і кнігі з бібліятэк і архіваў Беларусі і Украіны. Іншыя часовыя склады знаходзіліся ў Кракаве, Вільне, Рызе і Кёнігсбергу. Гэтыя гарады былі вызваленыя, але большая частка вывезеных сюды матэрыялаў засталася на месцы.
Неабходна таксама ўлічыць, што частка беларускіх каштоўнасцяў пасля заканчэння вайны была вернутая з Германіі не ў Беларусь, а ў Расію: у Маскву, Ноўгарад, Ленінград і іншыя гарады.
У час Другой сусветнай вайны беларускія зборы вывозіліся не толькі ў заходнім, але і ва ўсходнім кірунку. У 1939—1940 гг. у Заходняй Беларусі, з’яднанай з усходняй, пабывалі маскоўскія экспедыцыі, якія з палацаў і маёнткаў, пакінутых гаспадарамі, а таксама з навучальных устаноў вывезлі значныя каштоўнасці. Так, у Цэнтральны антырэлігійны музей (Масква) трапіла каля 30 тыс. (два вагоны) рэдкіх кніг і рукапісаў з Пінскай каталіцкай семінарыі. Далейшы іх лёс невядомы. Экспедыцыя Дзяржаўнага гістарычнага музея СССР узяла з сабой некалькі карцін і абразоў са збораў Магілёўскага і Мінскага музеяў.
У чэрвені-ліпені 1941 г. у Расію былі эвакуяваныя, натуральна, часова, экспанаты Віцебскага і Гомельскага абласных музеяў. Першыя трапілі ў Саратаў, другія — ва Урупінск, а затым у Сталінград. Пасляваенныя намаганні вярнуць іх поспеху не мелі. Па апошніх звестках, параход з каштоўнасцямі быў нібыта патоплены каля Саратава.
Вываз каштоўнасцяў працягваўся і ў першыя пасляваенныя гады, асабліва ў сувязі з рэпатрыяцыяй з Беларусі польскага насельніцтва. Так, наваградскі святар Аляксандр Зянкевіч узяў з сабой метрычную кнігу, дзе быў зроблены запіс пра нараджэнне Адама Міцкевіча (цяпер яна знаходзіцца ў Чанстахове). Найвялікшай стратай з’явілася рэпрэсіўнае расфармаванне Віленскага беларускага музея, які амаль без шкоды перанёс акупацыю, але ў першы ж пасляваенны год не ўстаяў перад сталінскім таталітарызмам і невуцтвам.
Здавалася б, пры такіх велізарных стратах нашых нацыянальных каштоўнасцяў на іх выяўленне трэба было б кінуць значныя навукова-пошукавыя сілы, дзяржаўныя сродкі. Але гэтага не адбылося — пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ўлады былога СССР не рабілі аніякіх сур’ёзных намаганняў у гэтым напрамку. У 1945—1946 гг., калі працавала Надзвычайная камісія, былі праведзеныя толькі прыблізныя, у адных выпадках завышаныя, у іншых — заніжаныя падлікі. Пытанне рэстытуцыі ні тады, ні пазней не ставілася, фактычная, навуковая база для яе не стваралася. У выніку, як сцвярджаюць спецыялісты, страты асноўных беларускіх музеяў у гады вайны вывучаныя толькі на шэсць працэнтаў. З больш за 11 тысяч экспанатаў, пра якія паведамлялася ў дакументах Надзвычайнай камісіі, канкрэтныя звесткі ёсць толькі пра 992 экспанаты. Астатнія характарызуюцца сумарна.
Гэтыя пытанні цягнуць за сабой мноства іншых, у тым ліку і тое, якое, здаецца, засталося амаль па-за ўвагай беларускай прэсы, але досыць даўно і актыўна абмяркоўваецца ў расійскай. Гэта пытанне аб так званых “трафейных” каштоўнасцях.
Калі напрыканцы вайны Савецкая армія ўступіла на тэрыторыю Германіі, у якасці трафеяў пачалі вывозіцца адтуль самыя розныя рэчы: ад абсталявання заводаў да помнікаў культуры, што далёка не ў поўнай меры (з матэрыяльнага пункту гледжання) кампенсавала нашыя страты. Пры гэтым пытання аб тым, што кампенсаваць культурныя страты адной нацыі, рабуючы культурныя набыткі другой, немагчыма, нават і не ўзнікала. Усё, што адбывалася, лічылася натуральным і законным. Маральным апраўданнем было тое, што мы заплацілі самую высокую цану за перамогу ў гэтай вайне.
Лёс савецкіх культурных каштоўнасцяў, якія ў час нямецкай акупацыі былі вывезеныя ці загінулі, даследуецца цяпер у Брэмене. Рабочая група пры Даследчым цэнтры Усходняй Еўропы Брэменскага універсітэта працуе над выяўленнем савецкіх стратаў культурных каштоўнасцяў, вызначае шляхі іх вывазу і далейшы лёс. Філіалы Рабочага центра створаны ў Вашынгтоне, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве. Іх супрацоўнікі на месцах апрацоўваюць адпаведныя фонды архіваў, бібліятэк, музеяў. Некалькі гадоў назад ставілася пытанне аб правядзенні аналагічнай работы ў Беларусі, аднак далей перамоў справа пакуль што не пайшла.
Для эфектыўнай работы ў гэтым напрамку неабходна стварэнне аўтарытэтнай дзяржаўнай структуры, якая паўсядзённа і на адпаведным заканадаўчым узроўні займалася б мэтанакіраваным пошукам і вяртаннем (у розных формах) гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашага народу. У яе падпарадкаванні трэба мець даследчыцкую групу, якая займалася б выяўленнем архіўных дакументаў, даваенныў музейных вопісаў і каталогаў, што далі б права ставіць пытанне аб вяртанні страчаных каштоўнасцяў. Многія з такіх вопісаў захоўваюцца ў Маскве, аднак доступ туды для беларускіх даследчыкаў практычна закрыты. На жаль, няма магчымасцяў папрацаваць у фондзе Розэнберга, што знаходзіцца ў Федэральным архіве Германіі (Кобленц).
У апошнiя гады праблемы вяртання нацыянальных каштоўнасцяў на радзiму, у Беларусь, даволi часта асвятляюцца ў перыядычным друку, iм прысвечаныя выпускі зборнiка камiсii “Вяртанне” пры Беларускiм фондзе культуры пад той жа назвай. Сабрана шмат звестак, дзе зберагаюцца беларускiя гiстарычныя помнiкi (хаця знойдзенае далёка не ўсё). Але з цягам часу прыходзiць разуменне, што праблема фiзiчнага вяртання каштоўнасцяў застаецца нявырашанай і дагэтуль. Таму па-ранейшаму мы мусім надаваць вельмі сур’ёзную ўвагу праблеме вяртання нашых каштоўнасцяў, хай сабе пакуль што і праз увядзенне культурна-гістарычных помнiкаў у навуковы ўжытак ды iнфармаванне пра унікальныя беларускія каштоўнасці шырокай грамдскасці.
ЛЕКЦЫЯ 2. ПЕРАМЕШЧАНЫЯ БЕЛАРУСКІЯ КНІГІ І ГІСТАРЫЧНЫЯ КНІЖНЫЯ КАЛЕКЦЫІ
План:
1. Агульная ацэнка стану захаванасці кніжнай спадчыны
2. Старадрукі
3. Гістарычныя кнігазборы і іх лёс
4. Страты, панесеныя ў ХХ ст.
5. Пошук і вяртанне страчаных кніг
1. Агульная ацэнка стану захаванасці кніжнай спадчыны
Беларусь, як, напэўна, нiводная iншая нацыя, страціла большую частку сваёй спадчыны. I больш за ўсе пацярпела самая безабаронная яе частка — дакументальныя помнiкi. Дакументы, рукапiсныя i друкаваныя кнiгi гiнулi ў стыхiйных бедствах, знiшчалiся і вывозiлiся за межы краiны. Загінулі унікальныя прыватныя калекцыі, манастырскія і грамадскія бібліятэкі. Некаторыя зборы цалкам апынуліся за межамі краіны. Большая частка таго, што захавалася, раскіданая ў шматлікіх кнігасховішчах краіны і свету.
А ў выніку бібліятэкі і кнігасховішчы Беларусі, якая мае глыбокія традыцыі рукапіснай і друкаванай кнігі, сёння значна бяднейшыя на сваю нацыянальную кнігу за бібліятэкі Масквы, Санкт-Пецярбурга, Віленса, Кіева, гарадоў Польшчы. Нягледзячы на тое, што рукапiсныя кнiгi на Беларусi былi вядомыя яшчэ ў XI ст., на сёння ў краiне няма нiводнага старабеларускага рукапiса, якi быў створаны раней XVI ст. Беларусь, якая дала свету Францыска Скарыну i пачала друкаваць кнiгi на роднай мове амаль на пяцьдзесят гадоў раней за Iвана Фёдарава, сёння не мае поўнай калекцыi выданняў свайго першадрукара. Беларусь, дзе працавалi Сымон Будны i Васiль Цяпiнскi, не захавала нiводнага асобнiка iх кнiг. Гэткім чынам, паводле ацэнак спецыялістаў, у сховiшчах рэспублiкi маецца на гэты час менш за палову нацыянальнага рэпертуару друкаваных выданняў XVI—XVIII стст.
Шматлікія кніжныя помнікі, якія паводле месца стварэння ці прыналежнасці маюць дачыненне да Беларусі, захоўваюцца сёння ў нашых бліжэйшых суседзяў: архівах, бібліятэках, музеях Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны. Пра значную іх частку вядома, але далёка не пра ўсё. Звычайна ў працах, прысвечаных перамешчаным калекцыям, даследаваліся лёсы асобных кнігазбораў у цэлым: гісторыя іх стварэння, кароткі агляд складу з паказаннем асобных, найбольш вядомых выданняў, месцазнаходжанне і да т.п. Але якія канкрэтна помнікі захаваліся ў найбуйнейшыў вядомых нам кнігазборах, якія яшчэ каштоўныя канкрэтныя выданні і дакументы дажылілі да нашага часу?
І калі пра знаходжанне найбольш рэдкіх беларускіх кірылічных выданняў XVI—XVIII стст. па-за межамі краіны больш-менш вядома (яны ўлічаныя ў зводным каталозе “Кніга Беларусі”), то выданні гэтага перыяду лацінскім шрыфтам, як беларускія, так і заходнееўрапейскія (асабліва XV ст.) паходжаннем з беларускіх кнігазбораў, пакуль што амаль не выяўленыя.
Выяўленне месца іх захавання, а гэта значыць магчымасці доступу, дасць даследчыкам шмат найкаштоўнейшага матэрыялу для вывучэння кола чытання і чытача. Аналіз распаўсюджвання заходнееўрапейскіх старадрукаў дапамагае прасачыць раннія культурныя ўзаемасувязі народаў, убачыць узровень іх адукаванасці, раскрыць іх уплыў на развіццё арыгінальнай літаратуры. Даследаванне правененцыйных прыкмет: экслібрысаў, суперэкслібрысаў, пячатак, уладальніцкіх запісаў, аўтографаў, уладальніцкіх пераплётаў, якія адлюстроўваюць і гісторыю самога паасобніка, і гісторыю калекцыі, з якой ён паходзіць, дае ў выніку багацейшы матэрыял для гісторыі культуры, дазваляе ўдакладніць ці аднавіць эпізоды біяграфіі ўладальнікаў, кола асоб, культурныя асяродкі і г.д.
2. Старадрукі
Найбольш рэдкімі і каштоўнымі са старадрукаў з’яўляюцца інкунабулы — выданні XV ст. Заходнееўрапейскія інкунабулы адыгралі значную ролю ў станаўленні матэрыяльнай і духоўнай культуры XVI ст. Яны былі даволі шырока распаўсюджаныя і на беларускіх землях. Беларусы яшчэ задоўга да з’яўлення скарынаўскіх выданняў былі знаёмыя з кнігамі на розных мовах: на царкоўнаславянскай, выдадзенні Швайпольта Фіёля 1491 г., Кракаў, з лацінамоўнай літаратурай краін Заходняй Еўропы. Кніжны тавар для патрэбы чытацкіх колаў ВКЛ дастаўлялі купцы, падарожнікі-арыстакраты, вандроўныя рамеснікі. У распаўсюджванні друкаванай прадукцыі былі зацікаўленыя адукаваныя людзі і асветнікі з розных местаў Беларусі.
У Беларусі інкунабулы пачалі з’яўляцца яшчэ ў 2-й пал. XV ст. Асабліва вялікая частка была завезеная ў пач. XVI ст., калі сувязі Вялікага Княства Літоўскага з Заходней Еўропай набылі інтэнсіўны характар. Таму зусім не выпадкова, што заходнееўрапейскія старадрукі — неад’емная частка бібліятэк Беларусі XVI—XVIII стст. Аналіз складу кнігазбораў (колькасць друкаванай лацінскай літаратуры ў агульным аб’ёме бібліятэчных фондаў у той час пераважала) сведчыць пра высокі ўзровень культуры Беларусі, вялікую колькасць адукаваных людзей, што добра ведалі лацінскую мову ды добра арыентаваліся ў тагачасным еўрапейскім інтэлектуальным і культурным жыцці.
Паводле падлікаў В.Дарашкевіча [Дарашкевіч В. І. Лацінскія кнігі ў прыватных бібліятэках на Беларусі і ў Літве (першая палова XVI ст.) // Из истории книги в Белоруссии: Сб. статей. Минск, 1976. С. 58—73], заснаваных на гістарычных крыніцах, выўляецца каля трохсот інкунабулаў, якія знаходзіліся ў прыватных бібліятэках ці належалі навучальным установам. З таго далёкага часу дайшло да нас не так ужо і шмат кніг. Сёння ў дзяржаўных беларускіх сховішчах маецца 52 асобніка гэтых унікумаў: 44 — у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, пяць — у ЦНБ НАН РБ і тры — у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі (апошнія дадаліся зусім нядаўна, былі атрыбутаваныя пры навуковай апрацоўцы). Гэта вельмі сціплая лічба, асабліва ў параўнанні з іншымі нацыянальнымі бібліятэкамі (напрыклад, у бібліятэках Літвы захоўваецца 453 адзінкі).
Разам з тым уважлівы прагляд друкаваных каталогаў некаторых асобных калекцый буйных бібліятэк розных краін, у якіх падаюцца і правененцыйныя прыкметы, даў магчымасць выявіць звесткі пра шэсцьдзесят асобнікаў інкунабулаў паходжаннем з беларускіх зямель. Каталогі калекцый даюць нам інфармацыю і пра іншыя унікальныя выданні XVI—XVIII стст. з беларускіх кнігазбораў — палеатыпы (выданні 1-й пал. XVI ст., да якіх адносяцца і скарынаўскія кнігі), выданні 2-й пал. XVI і XVII стст. са знакамітых друкарскіх дамоў Еўропы, напрыклад, Эльзевіраў і інш.
Самая вялікая (вядомая нам) колькасць інкунабулаў з правененцыямі ўладальнікаў з Беларусі — сорак — сёння захоўваецца ў Літве (што зразумела). І гэта асобнікі з кнігазбораў толькі з тэрыторыі сучаснай Беларусі, не ўлічваючы выданняў, што былі калісьці ў Вільні: трыццаць асобнікаў у бібліятэцы Віленскага універсітэту, пяць — у Кніжнай палаце (цяпер яна ўваходзіць у склад Нацыянальнай бібліятэкі Літвы), чатыры — у бібліятэцы Акадэміі навук, адзін — у Нацыянальнай бібліятэцы Літвы імя М.Мажвідаса. Можна прасачыць лёсы і асобных кнігазбораў: 21 кніга, што раней знаходзілася ў Гродна (Conventus Grodnensis Ordinis Praedicatorum), апынулася ў бібліятэцы Віленскага універсітэта; там жа можна знайсці выданні са Слоніма, Пінска, Брэста і інш. Чатыры асобнікі з Жыровіцкага манастыра, у тым ліку два выключна рэдкіх кірылічных кракаўскіх інкунабулы, выдадзеныя Швайпольтам Фіёлем, захоўваюцца сёння ў бібліятэцы АН Літвы. Пяць кніг з фондаў Кніжнай палаты маюць уладальніцкія запісы нясвіжскіх езуітаў. У фондах Нацыянальнай бібліятэкі Літвы знаходзіцца выданне з вядомага кнігазбору слуцкага пастара Юльяна Бергеля. У бібліятэцы Віленскага універсітэта захоўваецца таксама вялікая — 411 экз. — калекцыя выданняў знакамітых галандскіх кніжнікаў — выдаўцоў і друкароў Эльзевіраў. Сярод іх — больш за дваццаць асобнікаў з гродзенскіх кнігазбораў, а таксама з бібліятэк аршанскіх, віцебскіх і магілёўскіх езуітаў, слуцкіх бернардзінаў і піяраў, кнігі з Пінска, Маладзечна, Шчучына, Слоніма, Супрасля, адна з іх належала І.Храптовічу, — усяго пяцьдзесят адзінак захавання.
Інкунабулы з беларускімі правененцыямі выяўленыя ў сховішчах Расіі, Украіны, Эстоніі. Толькі ў фондах бібліятэкі РАН зафіксавана 11 інкунабулаў паходжаннем з Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў (усе паступленні 1772 г.): шэсць асобных кніг і два канвалюты (у адным пераплеце два, у другім тры выданні). Сярод іх — два выданні Бібліі, знакамітая “Сусветная хроніка” Х.Шэдэля, выдадзеная А.Кобергерам у 1493 г. (у ёй каля 1800 дрэварытаў), “Гісторыя Аляксандра Вялікага”, творы Вяргілія, Цыцэрона і інш. Самае старое выданне — страсбургскае 1473 г. Тут можна знайсці і кнігу, якая раней належала Адаму Храптовічу.
У 1830 г. у бібліятэку Санкт-Пецярбургскага універсітэта былі перададзеныя 4.262 тамы з бібліятэкі Полацкай езуіцкай калегіі, сярод іх — адзін інкунабул, 17 палеатыпаў.
Самай старой кнігай у зборах Навуковай бібліятэкі Іркутскага універсітэта з’яўляецца міланскае выданне “Лексікона” Свідаса 1499 г. Галоўная яе адметнасць — уладальніцкі надпіс і шматлікія маргіналіі Лаўрэнція Зізанія (Тустаноўскага).
У Навуковай бібліятэцы Томскага універсітэта захоўваецца венецыянскае выданне 1500 г. з уладальніцкім запісам Яна Фрыдэрыка Сапегі.
Тры інкунабулы і 33 палеатыпы са знакамітай бібліятэкі Храптовічаў у Шчорсах у складзе пазасталай частцы кнігазбору знаходзяцца ў бібліятэцы АН Украіны ў Кіеве, куды яны трапілі яшчэ напачатку XX ст. У фондах аддзела рэдкай кнігі захоўваецца таксама адзін інкунабул і шэсць палеатыпаў, што належалі раней Гродзенскім езуітам. У гэтай жа бібліятэцы — 25 выданняў 1-й пал. XVI ст. з кнігазбору Полацкай духоўнай семінарыіі і інш.
У каталозе інкунабулаў універсітэцкай бібліятэкі ў Тарту падаецца страсбургскае выданне 1496 г. з экслібрысам Нясвіжскай бібліятэкі і пячаткай “Biblioth.Imper.Acad.Scien.” — гэта значыць, што яно ўваходзіла ў склад першай радзівілаўскай бібліятэкі і трапіла ў Тарту ўжо з Санкт-Пецярбурга.
Старадрукі, што калісьці перахоўваліся ў беларускіх бібліятэках, ілюструюць усе жанры рэлігійнай і свецкай літаратуры на лацінскай і іншых мовах, што выдаваліся ў XV—XVIII стст. у Еўропе. Пераважае тэалагічная літаратура, але дастаткова і свецкай, частка якой уваходзіла ў папскі “Index librorum prohibitorum”.
Зразумела, старадрукаў захавалася нашмат больш, чым мы сёння ведаем, бо засталіся непазначанымі тыя, што не трапілі ў даведнікі. У друкаваных каталогах, на жаль, адлюстраваная вельмі нязначная частка існых калекцый — гэта датычыцца, у першую чаргу, буйнейшых збораў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі і Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі. Так, напрыклад, у фондзе аддзела рэдкіх кніг Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі захоўваюцца кнігі з манастырскіх бібліятэк Вільны, з бібліятэкі аднаго з арганізатараў друкарні ў Слуцку Казіміра Клакоцкага, віленскага архідыякана І.Ясенскага, асобнікі з экслібрысамі Яна Фрыдэрыка Сапегі і шмат яшчэ чаго.
Асобная гаворка пра польскія сховішчы. Што тычыцца інкунабулаў у Польшчы, то звестак пра іх пакуль няма. Багаты матэрыял дае прагляд друкаваных каталогаў калекцый выданняў XVI—XVII стст. Польскія бібліёграфы тут добра дапамагаюць нам: шырокае разуменне імі тэрміна “палоніка” дае магчымасць выкарыстаць шматлікія каталогі старадрукаў па зборах асобных бібліятэк, дзе ўлічаныя выданні ўсёй Рэчы Паспалітай, г.зн. і ВКЛ (яны ў гэтай працы далека наперадзе).
Цэльных гістарычных кнігазбораў: кляштарных, вучэбных, грамадзкіх, нават прыватных — да сённяшняга часу ў Беларусі не захавалася, можна знайсці толькі большыя ці меньшыя іх рэшткі. Гэта зразумела, таму што гісторыя стварэння ўсіх буйнейшых сучасных бібліятэчных, архіўных і музейных дзяржаўных калекцый Беларусі пачалася пасля 1917 г., гэта адначасова і гісторыя разбурэння і знікнення існых у той час шматлікіх збораў.
3. Гістарычныя кнігазборы і іх лёс
Сярод найбольш вядомых гiстарычных беларускiх кнiгазбораў на першым месцы стаiць бiблiятэка Радзiвiлаў у Нясвiжы. Кнiгазборы iснавалi i ў iншых маёнтках i палацах роду, але Нясвiжская бiблiятэка (пасля 1586 г. — Ардынацкая) заўсёды заставалася галоўнай.
Буйнейшая бiблiятэка Рэчы Паспалiтай, яна была вядомая ўжо ў XVI ст. Разам з бiблiятэкай збiраўся i архiў (яго гiсторыя патрабуе асобнай гаворкi). Бiблiятэка камплектавалася рукапiсамi i выданнямi, прывезенымi з Еўропы, кнiгамi з друкарняў Вялiкага Княства Лiтоўскага, у тым лiку брэсцкай i нясвiжскай. Асобным аддзелам захоўваўся вялiкi збор з Бялай Падляскі — “Бiблiятэка Бяльска”, — якi жонка Караля Станiслава Радзiвiла (1669—1719), Анна Кацярына з Сангушкаў (1676—1719) прынесла ў пасаг. Таксама асобным зборам захоўвалася т.зв. “Бiблiятэка Флемiнгоўска”, якая была набытая Радзiвiламi пасля смерцi яе ўладальнiка маршалка польнага графа Якуба Генрыха Флемiнга (1667—1728). У 1749 г. для бiблiятэкi быў пабудаваны спецыяльны будынак.
З самага пачатку iснавання бiблiятэка не толькi папаўнялася, але і несла страты. Яшчэ Юры Радзiвiл (1556—1600) шмат кнiг ахвяраваў вiленскiм езуiтам. Але да 1770 г., паводле звестак Ф.Радзiшэўскага i Е.Хвалевiка, нясвiжскi кнiгазбор налiчваў каля 20.000 тамоў. Бібліятэка складалася большай часткай з французскiх выданняў; меньш было лацiнскiх i зусiм ня шмат — польскiх. Але Радзiшэўскi памыляецца, калi пiша, што выданняў да 1650 г. у яе складзе не было. Па-першае, сёння толькi ў фондах бiблiятэкi РАН зафiксавана 11 iнкунабулаў — эаходнееўрапейскiх выданняў XV ст. — паходжаннем з Нясвiжскай бiблiятэкi Радзiвiлаў (усе паступленнi 1772 г.), з экслiбрысам “Ex Bibliotheca ducali Radivilliana Nesvisiensi”. Па-другое, спiс з Хельсiнкi паказвае даволi шмат выданняў XVI ст., у тым лiку i палеатыпаў (выданняў 1-й пал. XVI ст.).
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалiтай у 1772 г. радзiвiлаўская бiблiятэка на загад Кацярыны II была дастаўленая А.I.Бiбiкавым у Санкт-Пецярбург i перададзеная ў веданне Акадэмii навук. Яна як асобны кнiгазбор паступiла ў бiблiятэку Акадэмii навук (БАН) у жнiўнi 1772 г. Пра яе паведамлялі ў папулярнай у Еўропе “Гiсторыi Кацярыны II” Ж.-А.Кастэра, у “Лiтаратурным, палiтычным i фiласафiчным падарожжы ў Расiю” П.-Н.Шантро, у кнiзе Фортыя дэ Пiля i iнш. Яна налiчвала 14.892 кнiгi, якiя займалi 96 скрыняў (без улiку гравюр, планаў i нот) i былi размешчаныя ў цэнтральнай частцы Кунсткамеры пад башняй, у памяшканнi, дзе некалi быў анатамiчны тэатр, у спецыяльна заказаных 34 шафах. Тут бiблiятэка Радзiвiлаў захоўвалася на працягу ўсяго XVIII ст. як асобная калекцыя.
Лёс радзiвiлаўскай бiблiятэкi на працягу больш за два стагоддзі ў складзе фондаў БАН быў складаны. З розных прычынаў яна страчвала большыя цi меньшыя свае часткi. На жаль, у БАН не была забяспечаная захаванасць фонду. Ужо ў пачатку XIX ст. паведамлялася, што Нясвiжская бiблiятэка, якая размяшчалася на адкрытых палiцах i ў праходзе, была ў значнай частцы раскрадзеная. Паводле некаторых звестак, у 1800 г. было пастаўленае пытанне аб перадачы яе з Акадэмii, але невядома, цi адбылася тады гэтая перадача i куды менавіта.
Уключэнне ў фонд БАН асобных кнiгазбораў мела вынiкам назапашванне ў ёй дублетаў. У 1813 г. бiблiятэкар акадэмiк Ф.I.Шуберт зверыў каталог БАН з каталогам Нясвiжскай бiблiятэкi i знайшоў 1.697 назваў дублетаў у 2.545 тамах. У сакавiку 1814 г. гэтыя кнiгi былi адпраўленыя ў Маскоўскi унiверсiтэт дзеля аднаўлення бiблiятэкi, якая была знiшчаная ў 1812 г.
У вераснi 1827 г. у вынiку пажару загінуў кнiжны фонд унiверсiтэта ў фiнскiм горадзе Або (Турку). Паводле пастановы канферэнцыi Расiйскай Акадэмii навук 7 лiстапада 1827 г. вырашана было перадаць у створаны унiверсiтэт у Хельсiнкi (у той час — Гельсiнгфорс) дублеты з фондаў бiблiятэкi АН па дзвюх дысцыплiнах: тэалогii i юрыспрудэнцыi. Падбор кнiг i афармленне iх перадачы было даручанае акадэмiкам гiсторыку Ф.I.Кругу, усходазнаўцу Х.Д.Фрэну i фiлолагу Ф.Б.Грэфе. На кнiгах, каб пазбегнуць злоўжыванняў, павiнны былі быць зробленыя налепкі тыпу экслiбрысаў з надпiсам на лацiнскай мове: “Ex duplicibus Bibl.I. Akad.Scient.Petrop”.
У 1828 г. бiблiятэкар замежнага аддзяла В.А.Эртэль падаў каталог дублетаў, якiя было вырашана адправiць у Гельсiнгфорскi унiверсiтэт. Адпаведна са справаздачай Эртэля, туды было адасланае 566 тамоў дублетаў i 3.476 тамоў недублетнай лiтаратуры тэалагiчнага i юрыдычнага зместу, як з фондаў уласна БАН, так i Нясвiжскай бiблiятэкi (няпоўны спiс высланых кнiг захаваўся ў архiве). Пазней, у 1850 г., акадэмiк К.М.Бэр адзначаў, што ў Гельсiнгфорскi унiверсiтэт былi адпраўлены кнiгi па тых навуках, “якія ў Акадэміі ня маюць прадстаўнікоў” (тэалогiя была няпрофiльнай для Акадэмii навук).
У канцы 70-х гг. XX ст. супрацоўнiкi БАН СССР працавалi ў фондах унiверсiтэтскай бiблiятэкi ў Хельсiнкi з мэтай выяўлення рэдкiх кнiг з прыватных бiблiятэк i бiблiятэкi АН. Было знойдзена больш за 1.500 адзiнак, якiя мелi штампы БАН XVIII ст. цi нейкiя iншыя пазнакі. Самы вялiкi камплект кнiг, выяўлены ў Хельсiнкi (з тых, што раней былi ў БАНе), паходзiць з радзiвiлаўскага збору. Паводле розных характэрных пазнак была зафiксаваная 421 кнiга. Даследчыца гiсторыi бiблiятэчнай справы М. В. Кукушкiна, якая працавала на выяўленні кнiг у Хельсiнкi, нават лiчыць, што “… [нясвіжская] калекцяя цалкам у кан. 20-х — пач. 30-х гг. XIX ст. была перададзеная ў бібіліятэку Хельсінскага універсітэта”. Але гэтае меркаванне не стасуецца са звесткамi адносна той часткi радзiвiлаўскага кнiгазбору, што засталася ў БАНе.
У 1996 г. А.Разанаў прывез з Хельсiнкi ў Скарынiнскi цэнтр камп’ютэрную раздрукоўку апiсання выданняў з радзiвiлаўскай бiблiятэкi, што цяпер захоўваюцца ў бiблiятэцы унiверсiтэта. Гэты спiс быў перададзены ў Нацыянальную бiблiятэку Беларусi, дзе цяпер вядзецца праца па бiблiяграфiчнай рэканструкцыi калекцыi (у камп’ютэрным рэжыме).
У спiсе, што дасланы з Хельсiнкi, улiчана 820 выданняў. Без даследавання самiх фондаў цяжка дакладна вызначыць разыходжаннi ў лiчбах. Магчыма, за дваццаць гадоў былi адшуканыя новыя знаходкi; колькасць выданняў магла значна павялiчыцца коштам распiсаных канвалютаў (некаторыя з iх змяшчаюць па некалькi алiгатаў). Калекцыя мае шыфр “Ra”, але з апiсання кнiг, што ўключаныя ў спiс, часам не бачныя правененцыi, якiя б сведчылi аб прыналежнасці выдання менавiта да гэтага кнiгазбору.
Паводле зместу кнiгi адпавядаюць той тэматыцы, што была вызначаная для перадачы кнiг: абсалютная большасць з iх — кнiгi па тэалогii i юрыспрудэнцыi. Шырока пададзеныя фiласофскiя i рэлiгiйныя выданнi: каталiцкiя i пратэстанцкiя. У спiсе — царкоўна-рэлiгiйныя i лiтургiчныя каталiцкiя i пратэстанцкiя выданнi. Значна менш юрыдычнай лiтаратуры. Часам трапляюцца адзiнкавыя экземпляры кнiг па гiсторыi, геаграфii i нават белетрыстыка. Сярод нешматлiкiх польскiх выданняў — іх налiчана толькi 49 — можна вылучыць “Sylvae Quator” 1590 г. польскага мыслiцеля-гуманiста Анджэя Маджэўскага-Фрыча да “Monumenta Sarmatarum” Шымана Старавольскага. Але ва ўсiм спiсе няма нiводнага выдання на польскай мове, хаця асноўныя заходнееўрапейскiя мовы: латынь, французская, нямецкая, iтальянская, англiйская, нават шведская — у гэтай частцы кнiгазбору рэпрэзентаваныя. Чатыры выданні са спiсу маюць аўтарства Радзiвiлаў: канвалют з двух варшаўскiх 1655 г. i аднаго кракаўскага Альбрыхта Станiслава Радзiвiла i знакамiтая “Перэгрынацыя…” Мiкалая Кшыштафа, выдадзеная ў Брунсбергу ў 1601 г.
Паводле часу выдання, асноўны масiў — кнігі XVII ст. Нямала кнiг XVI ст., асаблiва сярод iтальянскiх. Ёсць нават некалькi палеатыпаў (выданняў 1-й пал. XVI ст.), якiя сёння з’яўляюцца вялiкай рэдкасцю. Няшмат кніг XVIІІ ст. Паводле месца выдання гэта, у асноўным, Францыя i Германiя. Ёсць выданнi Бельгii, Швейцарыi, Iталii, Англii, Галандыi, Чэхii. Тут рэпрэзентаваныя найбольш значныя друкарскiя дамы Еўропы, сярод iх такiя сусветнавядомыя i знакамiтыя, як венецыянцы Альды ды галандцы Эльзевiры. Паводле спiсу выяўлена толькi шэсць выданняў з друкарняў Вялiкага Княства Лiтоўскага. Гэта вiленскiя выданнi тэалагiчнага зместу, тры з XVI ст. i тры — з XVIІІ ст. Пяць з iх — Вiленскай акадэмii, адно — з друкарнi Я.Карцана.
Асноўны масiў мае правененцыйныя прыкметы: экслiбрысы, паметы, уладальнiцкiя надпiсы, пячаткi; большасць з iх мае дачыненне да Радзiвiлаў i Нясвiжа. Гэта манаграма CSNR — Carl Stanislaw Radziwill, манаграма AKR — Anna Katarzyna Radziwill, надпiсы: “Adscriptus cathalogo Bibliothecae arcis Neswisiensis” (сустракаецца варыянт “…Librorum…”), “Adscriptus Bibliothecae arcis Biatensis”, “Set livre niapartient Ursule Francesce de Radziwill Duchesse de Nieswisz et Olyka…” і г.д. Акрамя радзiвiлаўскiх, шмат iншых уладальнiцкiх адзнак (напрыклад, частка кнiг мае пячатку: “I.A.Zaluski”), якiя даюць важны матэрыял спецыялiстам для вывучэння гiсторыi iншых збораў, якiя сталi крынiцай камплектавання нясвiжскага i патрабуюць асобнага даследавання. Часта сустракаюцца штампы i паметы БАН; частка кнiг Нясвiжскай бiблiятэкi мае пячаткi бiблiятэкi Маскоўскага унiверсiтэта (што наогул малазразумела — дублеты з радзiвiлаўскай бiблiятэкi былi перададзеныя ў Маскоўскi унiверсiтэт яшчэ ў 1814 г.). Нават гэтая невялiчкая захаваная частка знакамiтага кнiгазбору ўражвае сваiм падборам выданняў, узроўнем адукацыi i культуры людзей, што яго збiралi i iм карысталiся.
Свая, не вельмi шчаслiвая гiсторыя ў той частцы Нясвiжскай бiблiятэкi, што засталася ў БАН. У 1882 г. у складзе БАН было арганiзаванае славянскае аддзяленне, у якiм захоўвалася частка радзiвiлаўскiх кнiг. У 20-я гг. мінулага стагоддзя Нясвiжская бiблiятэка перастала iснаваць як асобная калекцыя — яе фонд быў уведзены ў асноўныя фонды бiблiятэкi РАН у Петраградзе згодна з так званай “бэраўскай” сiстэмай класiфiкацыi.
На жаль, пакуль дакладна не вядома, у якой ступенi адбiўся на лёсе радзiвiлаўскай калекцыi пажар у бiблiятэцы Расiйскай акадэмii навук (тады — бiблiятэцы Акадэмii навук СССР) 14—15 лютага 1988 г. Звесткi ў прэсе былi супярэчлiвыя i недакладныя. Бiблiятэка панесла велiзарныя страты: агнём было знiшчана каля 400.000 паасобнiкаў, сярод iх — 188.000 замежных выданняў да 1930 г., што былi размешчаныя ў сховiшчы паводле сiстэмы класiфiкацыi акадэмiка К.М.Бэра (так званы “Бэраўскi фонд”); каля 160.000 паасобнiкаў з яго было пашкоджана вадой. Менавiта ў гэтым фондзе захоўваўся так званы першапачатковы збор БАН, якi ўключаў у сябе выданнi з кнiгазбораў Я.Бруса, Р.Арэскiна, А.Вiнiуса, Радзiвiлаў i iнш.
Трэба адзначыць, што ў 20—30-я гг. мінулага стагоддзя з “фонда Бэра” былi вылучаныя рукапiсы, замежныя першадрукi XV ст., якiя былi перададзеныя ў рукапiсны аддзел БАН, картаграфiчныя матэрыялы. Пры iнвентарызацыi ў 1953—1956 гг. за кошт кнiг, што былi выяўленыя ў асноўным фондзе, папоўнiўся фонд рэдкай кнiгi. Гэтая праца вялася i далей. У другой палове 1980-х гг. у аддзел рукапiснай i рэдкай кнiгi было перададзена каля 6 500 паасобнiкаў, сярод iх — кнiгi з бiблiятэкi Радзiвiлаў. Такiм чынам, найбольш каштоўныя выданнi выратавалiся. Але невядома, якая частка кнiг XVII—XVIII стст. загiнула; тыя, што былi пашкоджаныя, прайшлi рэстаўрацыю (пры складаннi пашпарта рэстаўрацыi адзначалiся звесткi аб прыналежнасцi кнiгi: у выпадку радзiвiлаўскай бiблiятэкi — экслiбрыс, пры яго адсутнасцi — памета “R” цi “Radz” пры шыфры, аўтограф на тытульным аркушы i характэрныя паметы на нiжнiм форзацы кнiг).
Вось як ацэньвалi сiтуацыю самi спецыялiсты бiблiятэкi РАН: “…катэгарычна сцвярджаць, што цалкам згарэлі найкаштоўнейшыя кніжныя калекцыі Аптэкарскага загаду, Курляндскіх герцагаў і прыватнай бібліятэкі Радзівілаў нельга. За мінулыя стагоддзі ў БАН склалася няпростая сітуацыя з захоўваннем гэтых збораў — большая іх частка ўваходзіць у склад фондаў аддзела рукапісаў і рэдкай кнігі… На жаль, у БАН ад пачатку не было арганізаванае захоўванне гэтых кніг як цэльных калекцый і не вялася мэтанакіраваная работа ў выяўленні гэтых выданняў у фондах і дасюль не складзеныя на іх каталогі. Таму на сёння нельга дакладна вызначыць, колькі калекцый і якія кнігі з іх сапраўды знішчаныя агнём”. Гэтыя радкi пiсалiся ў 1989 г.
Тая частка радзiвiлаўскага кнiгазбору, што выратавалася ад пажару, даследуецца на месцы, у самой бiблiятэцы РАН — ужо выдадзены першы том каталога радзівілаўскай калекцыі. Неабходна таксама вывучэнне лёсу тых частак, што былi перададзеныя бiблiятэцы Санкт-Пецярбургскай духоўнай семiнарыi, бiблiятэцы Маскоўскага унiверсiтэта i, паводле некаторых звестках, бiблiятэцы Генеральнага штаба ў Санкт-Пецярбургу.
4. Страты, панесеныя ў ХХ ст.
Беларускія кнігазборы цярпелі вялізарныя страты і ў XX стагоддзі. Самыя вялікія — у час Другой сусветный вайны. Вось толькі некаторыя лічбы.
Да пачатку 1941 г. кнiжны фонд Дзяржаўнай бiблiятэкi Беларусi дасягнуў 2 млн. тамоў. Большая частка фонда — 83% — была разрабаваная цi знiшчаная ў час акупацыi. Аб’ём знойдзенай ацалелай часткi — каля 321.000 тамоў.
У адпаведнасцi з актам ад 12 сакавiка 1945 г., якi быў складзены супрацоўнiкамi бiблiятэкi пасля заканчэння работ па ўпарадкаванні i расстаноўцы кнiг, што захавалiся пасля акупацыi, можна падаць наступныя лiчбы:
— агульны фонд на пачатак вайны — 1.998.000;
— засталося — 320.000;
— страты — 1.678.000.
Аддзел беларускай лiтаратуры:
— агульны фонд — 40.000;
— засталося — 7.000;
— страты — 33.000.
Аддзел рукапiсаў i рэдкiх выданняў:
— агульны фонд — 15.000;
— засталося — 0;
— страты — 15.000.
Цалкам быў знiшчаны таксама газетны фонд, Архiў друку БССР (23 000 тамоў), яўрэйскi фонд (50.000 тамоў.). Акрамя таго што асобныя фонды былi вывезеныя цалкам, праводзiлася сiстэматычны адбор кнiг паводле спецыяльных спiсаў, раскраданне найбольш каштоўных iлюстраваных выданняў, даведнiкаў, энцыклапедый, слоўнiкаў. Сярод страчаных помнiкаў — больш за трыццаць славянскiх рукапiсаў XVI—XVIII стст., унiкальныя старадрукi: 1-е выданне 3-га СтатутуВКЛ (Вiльня: Мамонiчы, 1588), “Апакрысiс” Фiлалета Хрыстафора (Астрог, 1598) з аўтографам Пятра Магiлы, беларускiя выданнi XVI—XVIII стст. лацінскім шрыфтам, знакамiтае выданне “Вiзантыйскiяэмалi” i iнш. На жаль, не захавалася даваенная ўлiковая дакументацыя: iнвентарныя кнiгi, — цалкам быў знiшчаны бiблiяграфiчны апарат.
Пасля вайны на тэрыторыi Польшчы (Пшына, Рацыбуж), Германii (Глiвiц на Одэры, Берлiн, Кёнiгсберг), Чэхаславакii (Прага) былi знойдзеныя i вернутыя ў Мiнск каля 600.000 тамоў. На сёння засталіся нязнойдзеныя каля 1 млн. тамоў, у тым лiку рукапiсы, старадрукi, рэдкiя выданнi.
Былi разрабаваныя таксама буйнейшыя навуковыя бiблiятэкi краiны: бiблiятэка АН БССР, навуковая медыцынская бiблiятэка; бiблiятэкi навучальных устаноў: Белдзяржунiверсiтэта, Палiтэхнiчнага iнстытута, БСГА (Горкi), знiшчаныя фонды шматлiкiх масавых бiблiятэк: гарадскiх, раённых і г.д. У сувязi з гэтым паўстаюць некалькi ўзаемазвязаных праблем:
— вызначэнне масштабу бiблiятэчных стратаў Беларусi за час акупацыi: пакуль мы не ведаем, што i колькi мы страцiлi, немагчыма займацца пошукамi;
— стварэнне рэестру (спiсу) страчаных бiблiятэчных каштоўнасцяў;
— стварэнне i выданне каталогаў, спiсаў, вопiсаў згубленага;
— вывучэнне апублiкаваных i архiўных дакументаў, матэрыялаў Надзвычайнай дзяржаўнай камiсii, дакументаў з фонду штаба Розенберга i г.д. для высвятлення месцазнаходжання вывезеных каштоўнасцяў.
Дзеля вырашэння гэтых праблем неабходна:
— наладзіць супрацоўнiцтва з нацыянальнымi камiсiямi iншых краiн, з Дакументацыйным бюро па загубленых каштоўнасцях у Берлiне, з Рабочым цэнтрам “Лёс вывезеных савецкiх культурных каштоўнасцяў падчас i пасля Другой сусветнай вайны” у Брэмене i г.д.
— вывучыць сiтуацыi з трафейнымi фондамi: трэба ведаць, што мы маем, тады з’явiцца рэальная база для кампрамiснага вырашэнне асобных пытанняў шляхам узаемавыгаднага i раўнацэннага абмену.
У апошнiя гады сталi шырока вядомымi факты продажу савецкiмi ўладамi ў 20—30-я гг. шматлiкiх твораў з музеяў за мяжу. Культурны нiгiлiзм гэтага часу быў неад’емнай часткай сiстэмы, якая iгнаравала нацыянальную культуру, гiсторыю, народныя традыцыi.
Савецкiя знешнегандлевыя ўстановы ў той час прадавалi ўсе, што куплялася: прадметы царкоўнага мастацтва, рэчы, канфiскаваныя з маёнткаў i асабнякоў, музейныя каштоўнасцi. Продаж мастацкiх каштоўнасцяў ператварыўся ў трывалую крынiцу папаўнення казны. Менш вядома, што такiм жа чынам рабавалiся i бiблiятэчныя фонды. Распродаж кнiг вяло створанае спецыяльна для гэтай мэты Ўсесаюзнае знешнегандлёвае аб’яднанне “Міжнародная кнiга” (далей МК). Першыя камерцыйныя мiжнародныя сувязi савецкага букiнiстычнага гандлю датычацца 1921 г., калi ў Германii было заснаванае гандлёвае таварыства “Кніга”. На яго базе ў Маскве ў 1923 г. было створанае акцыянернае таварыства “Міжнародная кнiга” як орган Камiсарыята па знешняму гандлю i ВСНГ для вядзення манапольнага гандлю новай i антыкварнай замежнай кнiгай, як у СССР, так i за мяжой. Адначасова на МК быў ускладзены гандаль антыкварнай рускай кнiгай. У 1930 г. акцыянернае таварыства было рэарганiзаванае ва Ўсесаюзнае аб’яднанне пад той жа назвай. Адзяленнi МК iснавалi ў Маскве, Ленiнградзе, саюзных рэспублiках, у тым лiку i ў Беларусi (яго дзейнасць у нашай краiне патрабуе асобнага даследавання).
Аб’яднанне вяло буйныя экспартна-iмпартныя аперацыi, гандаль на ўнутраным рынку. Набывалiся (цалкам цi часткова) вялiкiя прыватныя кнiгазборы вядомых бiблiяфiлаў, у складзе якiх былi рукапiсы, старадрукi, выключна рэдкiя выданнi больш позняга часу, графiчныя матэрыялы i г.д. МК мела дзве буйныя антыкварныя крамы ў Маскве i Ленiнградзе. З самага пачатку iх дзеяння для лепшага распаўсюджвання лiтаратуры “МК” выдавала шмат антыкварных каталогаў, бюлетэняў, праспектаў i iншых рэкламных матэрыялаў, якiя рассылалiся за мяжу. З 1923 па 1936 гг. выйшла 276 нумароў бюлетэняў маскоўскай крамы i 38 ленiнградскай, 78 каталогаў. Яны i сёння цiкавыя для спецыялiстаў i бiблiяфiлаў, i ў той жа час самi з’яўляюцца бiблiяграфiчнай рэдкасцю: мiзэрныя тыражы i час зрабiлi сваю справу.
У Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi захоўваецца нешматлiкая калекцыя гэтых выданняў. Прагляд нават гэтай невялiкай частцы (29 вып.: 18 ленiнградскiх i 11 маскоўскiх) дае вельмi цiкавую карцiну рэпертуару i кан’юнктуры кнiжнага рынку менавiта беларускай i беларусазнаўчай антыкварнай кнiгi. Карцiну, дарэчы, прыкрую i горкую, таму што сёння, нягледзячы на спробы дакамплектавання страчанага цягам шасцідзесяці пасляваенных гадоў, частку з гэтых выданняў немагчыма знайсцi i ў буйнейшых бiблiятэках краiны – НББ i ЦНБ АН РБ, а некаторыя з iх невядомыя нават з бiблiяграфiй.
У прагледжаных каталогах i бюлетэнях выяўлена 202 асобнiкі кнiг, якiя маюць дачыненне да Беларусi. Асобна стаiць антыкварны каталог №26 пад назвай “Польша. Латвія. Эстонія. Літва. Фінляндыя”, дзе з 457 пазiцый такiх выданняў 104. У асноўным гэта беларусазнаўчая рускамоўная кнiга, выдадзеная ў Маскве i Санкт-Пецярбурзе ў XIX — пач. XX стст. (адзiнкi — XVIII ст.). Ёсць кнiгi з друкарняў Мiнска, Магiлёва, Гродна i iншых беларускiх гарадоў; шмат таксама вiленскiх выданняў. На беларускай мове ўключаная толькi адна кнiга: Фурман I. Вiцебск у гравюрах Юдовiна. Вiцебск, 1926. Паводле зместу, пераважае гiстарычная лiтаратура, перадусiм крынiцазнаўчая: поўныя камплекты i асобныя тамы актаў i заканадаўчых матэрыялаў, археаграфiчныя зборнiкі, публiкацыi асобных гiстарычных дакументаў, статыстычныя звесткі. На старонках каталогаў можна знайсцi прозвiшчы амаль усiх вядомых навукоўцаў, хто ў свой час займаўся гiсторыяй ВКЛ, Паўночна-Заходняга краю — Беларусi. Гэта працы i даследаваннi П.Бацюшкава, М.Без-Карнiловiча, А.Грушэўскага, П.Жуковiча, Я.Карскага, М.Каяловiча, I.Лапо, М.Любаўскага, В.Пiчэты, Я.Раманава, А.Сапунова i iнш. На продаж прапаноўвалiся календары i Памятныя кнiгi, агляды губерняў Паўночна-Заходняга краю, працы з гiсторыi лiтаратуры i культуры Беларусi, слоўнiкi I.Насовiча i Н.Гарбачэўскага, вопiсы дакументаў i каталогi бiблiятэк, часам рэлiгiйная лiтаратура. Некаторыя назвы сустракаюцца неаднойчы, але цяжка сказаць, цi то кнiга не была адразу прададзеная, цi то гэта нейкi iншы асобнiк таго ж самага выдання: iх асаблiвасцi пазначалiся рэдка i пазнакі былi вельмi сцiплымi (аб гэтым можна толькi пашкадаваць, таму што менавiта асаблiвасцi далi б магчымасць iдэнтыфiкацыi асобнiкаў). Часам пазначалася наяўнасць бiблiятэчнага штампа (грамадскага цi прыватнага кнiгазбору — невядома) цi аўтографа, часам — асаблiвасцi пераплету (напрыклад, “полный шагреневый переплет” цi “подносный экз. с экслибрисом бывшего владельца”). Часам — адна, але важкая для дасведчанага чалавека заўвага: “редка”. Так у каталогах пазначаныя, напрыклад, выданнi: Брянцев П. История Литовского государства с древнейших времен. Вильна, 1889; Статут Великого княжества Литовского. Ч. 1—2. СПб., 1811; Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии. Мн., 1848 i iнш.
Найбольш цiкавыя асобнiкi ўдастойвалiся крыху больш падрабязнай характарыстыкi. Да кнiгi: Коялович М. Литовская церковная уния. СПб., 1859—1961. Т. 1—2, пададзеная заўвага: “книга редкая, с автографом”. Выданне: Стройновский В. Г. О условиях помещиков с крестьянами. Вильно, 1809, апiсанае як “редкая книга, подвергавшаяся преследованию”. Вядомае выданне: Карцов Г. И. Беловежская пуща. СПб., 1903, падазенае як выдатны асобнiк са шматлiкiмi iлюстрацыямi мастакоў М.Зiчы, К.Крынiцкага, Н.Самакiша, з пералiкам колькасцi i вiдаў iлюстрацый. Цiкавасць уяўляе сабой канвалют з двух выданняў: Шейн П. Белорусские народные песни. СПб., 1874, i Бессонов П. Белорусские песни… М., 1871. Ён ахарактарызаваны як “рабочий экземпляр с многочисленными карандашными пометками” (чый, на жаль, невядома).
Сярод кнiг, прапанаваных на продаж за мяжу (i, верагодна, прададзеных) сустракаюцца выданнi, якiя на сённяшнi дзень адсутнiчаюць у нашых буйнейшых кнiгазборах (мяркуючы паводле зводнага каталога “Кнiга Беларусi”). Вось некаторыя з iх — desiderata” нашых бiблiятэк: Данилевич В. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV ст. Киев, 1896; Довгялло Д. Марковские гайдамаки. Витебск, 1896 (ёсць у бiблiятэцы Вiленскага унiверсiтэта); Милютин Д. Гродно в 1794, 1795 и 1796 гг. Гродно, 1905 (адзначаная наяўнасць толькi ў Брэсцкай абласной бiблiятэцы); Розанов С. Хронограф западно-русской редакции. СПб., 1913; Русская армия в 1812 г.: Каталог рус. кн. по истории Отеч. войны б-ки И.Х.Колодеева. Мн., 1912 (ёсць у РДБ у Маскве); Сапунов А. Губернский дворец в Витебске. Витебск, 1901; Смородский А. Девятый археологический съезд в Вильне. Мн., 1893; Сокальский П. Малороссийские и белорусские песни. СПб., 1903; Топографические примечания на знатнейшие места путешествия ее Имп. Величества в белорусские наместничества. СПб., 1780.
Найбольшую цiкавасць выклiкаюць звесткi пра выданнi, якiх не ўдалося знайсцi нават у фундаментальных бiблiяграфiчных паказальнiках. У каталозе № 49 “Генеалогія і геральдыка”пад №256 занатаванае выданне: Список фамилиям, внесенным в дворянскую родословную книгу Витебской губернии. Витебск, 1888 (аб’ём не пазначаны). Побач звесткі, што асобнiк моцна пашкоджаны, быў выдадзены тыражом 20 экз. Нi ў зводным каталозе “Кнiга Беларусi”, нi ў бiблiяграфii А.Сакольчыка “Дакастрычніцкая кнiга на рускай мове пра Беларусь” звестак пра падобнае выданне няма, не вядомае яно i даследчыкам. У каталозе № 26 (6) пад № 277 прапанавалася на продаж кнiга: Кейстут-Гедимин С. И. Поверочно-люстрационный инвентарь казенного имения Кель Мин. губ., Слуцкого уезда, Телядовижского сельск. о-ва. С 7 планами в красках. Мн., 1861. В лист. 27 с. Выданне ў скураным пераплеце было ацененае ў $0,75. Найбольш верагодна, што гэта рукапiс: толькi гэтым тлумачыцца адсутнасць звестак аб iм у бiблiяграфiях. І гэта толькі нязначная частка прапанаванага, і, хутчэй за ўсё, прададзенага.
Вяртанне — гэта і пошук таго, што захавалася, у самой краіне. Працы па збіранні кніжных помнікаў вядуць у Беларусі бібліятэкі, музеі, архівы, прыватныя калекцыянеры. Але, на жаль, у збіральніцкай працы яшчэ не выкарыстоўваюцца ўсе існыя магчымасці. Так, створаная некалькі гадоў таму археаграфічная камісія каардынуе і накіроўвае публікацыю гістарычных дакументаў, але зусім не займаецца палявой археаграфіяй. Не выключана, што нейкая частка кніжных помнікаў (у якасці рэчавых доказаў) захаваная ў архівах КДБ. Вядома, што зніклі канфіскаваныя ў 30-х гг. пры арыштах уладальнікаў прыватныя зборы рукапісаў і старадрукаў беларускіх вучоных В.Ластоўскага, А.Шлюбскага, М.Піятуховіча.
5. Пошук і вяртанне страчаных кніг
Самая цяжкая праблема — вяртанне кніжнага багацця з-за межаў Беларусі. Вырашаць яе трэба на агульнадзяржаўным узроўнi: неабходна стварэнне дзяржаўнай пошукавай структуры, якiя ўжо ёсць у Расii, ва Украiне, iншых еўрапейскiх дзяржавах, якая б каардынавала ўсю пошукавую працу i централiзавана збiрала звесткі, датычныя страчаных каштоўнасцяў, прыцягвала б да працы экспертаў. Але на сёння ў гэтым кірунку працуюць толькі грамадская камісія “Вяртанне” пры Беларускім фондзе культуры, створаная ў 1988 г., ды самі ўстановы-фондатрымальнікі: бібліятэкі, музеі, архівы — у межах сваіх асабістых сувязяў і магчымасцяў.
Адзін са шляхоў вяртання — гэта абмен. Магчыма, нейкую частку беларускіх кніг і рукапісаў можна вярнуць у абмен на частку так званых “трафейных фондаў”, якія былі атрыманыя пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ў якасці рэпарацый за панесеныя страты, да ўзаемнай карысці бакоў. На жаль, амаль што страчаная надзея, што частку старадрукаў, якіх няма ў Беларусі, у першую чаргу, выданні Ф.Скарыны, можна будзе вярнуць з буйнейшых кнігасховішчаў Расіі і Украіны.
Але вяртанне дакументальных помнікаў — гэта не толькі фізічнае вяртанне ў звычайным сэнсе, бо многія кнігі і рукапісы вярнуць немагчыма. Так, мы шмат страцiлi, але горш за ўсё, што мы не заўсёды ведаем, што i дзе захавалася ў самой Беларусi. У яе сховiшчах — бiблiятэках, музеях, архiвах — захоўваюцца вялiкiя, большай часткай яшчэ не апрацаваныя i нiкому не вядомыя багаццi. Таму цяжка пагадзiцца з распаўсюджанай думкай аб тым, што ў Беларусi амаль нiчога няма. Каштоўнасцi ёсць, i iх нямала, але пра iх таксама можна сказаць, што яны страчаныя, таму што яны невядомыя. I ў гэтым не вiна, а бяда прафесiяналаў: бiблiятэкараў, архiвiстаў, музейшчыкаў. Гэта вынiк шматгадовага рэшткавага прынцыпу фiнансавання культуры i яе сённяшняга жабрацкага стану, вынiк непрадбачлiвай палiтыкi падрыхтоўкi (дакладней, непадрыхтоўкi) кадраў. Не хапае iнфармацыi i цiкавасцi менавiта да ўласных збораў. Гэтыя фонды трэба зрабiць даступнымi, высветлiць iх навуковы патэнцыял, увесцi ў навуковы ўжытак, звярнуць увагу на iх даследчыкаў, шырокай публікі.
Гэтую задачу можна выканаць з дапамогай бiблiяграфii, якая выступае захавальнiцай нацыянальнай спадчыны, нацыянальнай памяцi. У бiблiяграфiчным улiку дакументальных помнiкаў у Беларусi можна вылучыць два асноўныя напрамкi:
— улiк нацыянальнай дакументальнай спадчыны, рукапiснай i друкаванай, незалежна ад месца захоўвання;
— бiблiяграфiчны ўлiк i ўвядзенне ў навуковы ўжытак кнiжных каштоўнасцяў, што захоўваюцца ў Беларусi, незалежна ад месца іх стварэння.
Пры бiблiяграфаваннi нацыянальнай дакументальнай спадчыны перад спецыялiстамi паўстаюць шматлiкiя праблемы, як тэарэтычныя, навуковыя, так i арганiзацыйныя. Адна з галоўных — дакладнае вызначэнне паняцця “нацыянальная кнiга” i “нацыянальны дакумент”, што ў сваю чаргу абумоўлiвае крытэрыi адбору матэрыялу. Для Беларусi гэта пытанне вельмi складанае, таму што даводзiцца ўлiчваць асаблiвасцi яе гiстарычнага развiцця: рукапiсная i друкаваная кнiга iснавала ў Беларусi не толькi на славянскiх, але i на лацiнскай, яўрэйскай i iншых мовах, рознымі графічнымі сістэмамі, што было абумоўлена рознымi веравызнаннямi i шматэтнiчнасцю насельнiцтва; на працягу стагоддзяў значна мянялася яе тэрыторыя etc. Шмат нявырашаных пытанняў i ў гiсторыi беларускай кнiгi.
Арганiзацыйныя цяжкасцi звязаныя, у першую чаргу, з тым, што абсалютная большасць беларускiх рукапiсаў i старадрукаў знаходзiцца за межамi краiны; значная iх частка яшчэ патрабуе свайго выяўлення.
Улiк пiсьмовай спадчыны на нацыянальным узроўнi ўскладняецца традыцыйна дэцэнтралiзаваным захоўваннем рэдкiх фондаў у самой краiне; часам гэта невялiкiя выпадковыя зборы альбо наогул адзiнкавыя паасобнiкi ў шматлiкiх бiблiятэчных, архiўных i музейных сховiшчах. Нават самыя буйныя бiблiятэкi краiны: Нацыянальная бiблiятэка Беларусi, ЦНБ НАН РБ — валодаюць надзвычай няпоўнымi фондамi. Часам невялiкiя зборы выпадкова падабраных паасобнiкаў аказваюцца адзiнымi ў сваiм родзе. Рассейванне беларускiх кнiжных помнiкаў ва ўсім свеце з’яўляецца (асаблiва ў сучасных умовах) вялiкай перашкодай для iх улiку.
Самае цяжкая i пакуль што нявырашаная задача — сабраць разам звесткi пра рукапiсныя кнiгi, што маюць дачыненне да Беларусi. Цяпер звесткi пра беларускiя рукапiсы раскiданыя ў дзясятках i сотнях бiблiяграфiчных паказальнiкаў i навуковых выданняў. Для стварэння крынiцазнаўчай базы неабходна складанне зводнага каталога рукапiсных кнiг, якiя былi створаныя i знаходзіліся на тэрыторыi Беларусi. Гэтую працу можна рабіць толькi сумеснымi намаганнямi бiблiятэк, музеяў, архiваў: выяўленне i апiсанне рукапiсаў вельмi спецыфiчнае, патрабуе спецыяльнай прафесiйнай падрыхтоўкi.
У адрозненне ад многiх iншых краiн, Беларусь дагэтуль не мае поўнай нацыянальнай бiблiяграфii. Таму ў межах сiстэмы нацыянальнай рэтраспектыўнай бiблiяграфii першачарговай задачай ёсць далейшая праца па складанні поўнага рэпертуару беларускай друкаванай кнiгi. На мой погляд, зводныя каталогi з’яўляюцца лепшым сродкам стварэння нацыянальнага бiблiяграфiчнага рэпертуару. У працяг зводнага каталога “Кнiга Беларусi” рыхтуецца наступная яе частка — “Беларускія выданнi XVI—XVIII стст. лацінскім шрыфтам”. Ужо створаная камп’ютэрная база з першапачатковым апiсаннем i адзнакай аб наяўнасцi выданняў у тым цi iншым зборы. Наперадзе — вялiкая шматгадовая праца, таму што гэтыя выданнi захавалiся горш за ўсё. На жаль, з-за адсутнасцi магчымасцяў нават не плануецца праца па ўлiку аналагiчных выданняў XIX — пач. XX стст.
Паралельна са стварэннем нацыянальнай рэтраспектыўнай бiблiяграфii вядзецца праца па адлюстраваннi фондаў кнiжных помнiкаў, што захоўваюцца ў Беларусi (незалежна ад месца iх стварэння), у базах звестак, друкаваных зводных каталогах, каталогах i апiсаннях асобных калекцый. Складанне сiстэмы такiх каталогаў — яшчэ адна задача, якая стаiць перад Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі (НББ) як нацыянальным мiжведамасным цэнтрам. Распрацаваная бiблiяграфiчная праграма “Скарбы беларускiх сховiшчаў”, якая ўключае ў сябе серыю бiблiяграфiчных паказальнiкаў — зводных каталогаў i апiсанняў асобных калекцый. Цяпер Нацыянальнай бiблiятэкай у межах гэтай праграмы вядзецца падрыхтоўчая праца па складаннi зводных каталогаў кiрылiцы, рускага грамадзянскага друку XVIII ст., iнкунабулаў, заходнееўрапейскiх выданняў XVI ст. У планах — выданне каталога калекцыi рускай эмiгранцкай лiтаратуры перыяду 1917—1941 гг. (паводле фондаў НББ).
Адзiн з магчымых напрамкаў работы па бiблiяграфiчнаму ўлiку помнiкаў кнiжнай культуры — рэканструкцыя страчаных (альбо апiсанне тых, што захаваліся) гiстарычных кнiжных калекцый, якiя iснавалi ў Беларусi: Радзiвiлаў, Сапегаў, Храптовiчаў i iнш. У гэтым выпадку друкаваныя каталогi калекцый — найбольш верагодны шлях вяртання iх на Бацькаўшчыну, асаблiва калi фiзiчнае вяртанне стаiць пад пытаннем. Праграма бiблiяграфiчнай рэканструкцыi магла б уключаць у сябе шэраг тамоў: рэпрынтныя выданнi вопiсаў (цi iх фрагментаў), iлюстраваны каталог часткi кнiгазбору, што захавалася, манаграфiю па гiсторыi бiблiятэкi. Гэта ў першую чаргу магло б датычыцца бiблiятэкi Храптовiчаў, да вяртання якой БФК прыкладае немалыя намаганнi. Праца магла б весцiся сумесна з украiнскiм бокам. Што да найбольш вядомага беларускага кнiгазбору — бiблiятэкі Радзiвiлаў, такая праца ўжо пачатая. Ствараецца БЗ “Radziviliana”, вядуцца даследаваннi па гiсторыi збору, плануецца выданне каталога.
Шырокiя магчымасцi ў бiблiяграфаваннi кнiжных помнiкаў дае аўтаматызацыя. У Беларусi распрацаваная агульнанацыянальная праграма аўтаматызацыi сферы культуры. Складовай яе часткай ёсць праграма аўтаматызаванай iнфармацыйнай бiблiятэчнай сiстэмы (АIБС) Мiнiстэрства культуры. У яе рамках вядзецца праца па фармаваннi базы звестак “Рэдкая кнiга” (спачатку толькi паводле фондаў НББ). У рамках праграмы “Памяць Беларусi” плануецца стварэнне нацыянальнага банка звестак дакументальных помнiкаў паводле фондаў бiблiятэк i музеяў краiны i замежжа. Каталогi з апiсаннем сваiх калекцый (паводле любога прынцыпу) маглi б рыхтаваць i iншыя бiблiятэкi, музеi, архiвы, дзе захоўваюцца кнiжныя помнiкi.
Так, мы многае страцiлi. Таму сёння адна з найважнейшых задач, якiя стаяць перад беларускай культурай, — збiранне, захаванне i выкарыстанне рукапiсных i друкаваных помнiкаў Беларусi, дзе б яны ні знаходзіліся (гэта тычыцца i беларускiх рарытэтаў за межамi краiны).
У мэтах захавання бiблiятэчных i архiўных каштоўнасцяў, якiя знаходзяцца пад пагрозай знікнення ў вынiку магчымых стыхiйных бедстваў цi катаклiзмаў, ЮНЕСКО ў 1992 г. прыступiў да рэалiзацыi праекта “Памяць свету”. Галоўная задача гэтага праекта — выратаванне рукапiсных i друкаваных збораў з дапамогай капiявання іх на розных носьбiтах. Такая праца паводле спецыяльных праграм ажыццяўляецца сёння ў шэрагу краiн свету. Бiблiятэка Кангрэса ЗША ў 1990 г. прыступiла да рэалiзацыi федэральнага праекта “Памяць Амерыкi”. Ён фiнансуецца як з федэральнага бюджэту, так i недзяржаўнымi фондамi, кампанiямi. У адпаведнасцi з iм шэраг найбольш каштоўных калекцый пераносiцца на аптычныя дыскi, якiя потым прапануюцца iншым бiблiятэкам для карыстання. Падобная праца вядзецца ў Японii. У адпаведнасцi з аўстралiйскiм праектам адшукваюцца, мiкрафiльмуюцца i збiраюцца разам усе дакументы, якiя звязаныя з гiсторыяй Аўстралii i Акеанii. Расiйская дзяржаўная бiблiятэка распрацавала канцэпцыю праекта “Памяць Расii” i г.д. Галоўны напрамак усiх згаданых праектаў — захаванне сваёй нацыянальнай памяцi. А як захоўваем яе мы?
Яшчэ ў 1989 г. Нацыянальная бiблiятэка Беларусi, Цэнтральная навуковая бiблiятэка АН, Камiтэт па архiвах распрацавалi асноўныя палажэннi Нацыянальнай праграмы па захаванні дакументальных помнiкаў, якая ўвайшла самастойным раздзелам у праект доўгатэрмiновай рэспублiканскай праграмы БФК “Спадчына” па даследаваннi, захаваннi i прапагандзе культурнай спадчыны беларускага народу. На жаль, гэтая праграма так i засталася праектам. Але асноўныя палажэннi работы з дакументальнымi помнiкамi можна выкарыстаць як аснову для распрацоўкi асобнай праграмы “Памяць Беларусi”. Мяркуецца, што рэалiзацыя праграмы будзе весцiся ў наступных напрамках:
— фармаванне фондаў рукапiсных i друкаваных помнiкаў, выяўленне i збiранне нацыянальнай кнiжнасцi, забеспячэнне паўнаты нацыянальнага друкаванага рэпертуару як культурнай спадчыны;
— захаванне i ахова;
— улiк i навуковае апiсанне;
— выкарыстанне i прапаганда дакументальных помнiкаў у навуковых i асветнiцкiх мэтах.
Фармаванне фондаў залежыць шмат ад якiх прычын. Вялiкае значэнне мае прафесiяналiзм i кругагляд спецыялiстаў. Але вялiкую ролю адыгрываюць i… грошы. Сёння людзi прадаюць кнiгi, якiя захоўвалiся ў сем’ях дзесяцiгоддзямi як памяць, як сямейная рэлiквiя. Нават калекцыянеры развітваюцца з часткамi сваiх кнiгазбораў. Дзяржаўным установым прапануюцца часам вельмi цiкавыя i рэдкiя выданнi. Але бiблiятэкi i музеi як былi жабракамi, так iмi i засталiся. I бывае, выдатны рукапiс цi старадрук, якi каштуе не даражэй за скураную куртку, iдзе, у лепшым выпадку, у прыватныя рукi ў Беларусi, у горшым — за яе межы. Вось вам i вяртанне. Нават Нацыянальная бiблiятэка вымушаная набываць кнiжныя помнiкi за грошы, што даюцца на агульнае камплектаванне, хаця кошт iх не сувымерны з коштам сучасных кнiг. Увесь час бiблiятэка стаiць перад выбарам, што набыць, каб не страцiць большага. Другi бок праблемы — большую частку беларускiх старадрукаў, што адсутнiчаюць у Беларусi, знайсцi ў арыгiнале немагчыма (не кажучы ўжо пра старажытныя рукапiсныя кнiгi). Шлях тут толькi адзiн — выкарыстанне сучасных тэхналогiй, у першую чаргу камп’ютэрных, якiя зробяць даступнымі дакументы для ўсiх, хто жадае. CD-ROM’ы даюць магчымасць пераносiць кнiгi i рукапiсы на электронныя носьбіты. Стварэнне i тыражыраванне CD-копiй найбольш каштоўных помнiкаў беларускага пiсьменства (асаблiва тых, што адсутнiчаюць у беларускiх сховiшчах) будзе вырашаць не толькi навуковыя, але i асветнiцкiя задачы, напрыклад, CD з “Тураўскiм евангеллем” будуць даступныя нават школьнiкам.
Праблема вяртання нацыянальных каштоўнасцяў мае некалькi аспектаў, i ўсё вышэй згаданае зусiм не адмаўляе працы па iх фізічным вяртанні. Яна патрабуе шмат намаганняў i часу. I дзяржаўнай увагi i фiнансавання — на грамадскiх пачатках яна малаэфектыўная.
ЛЕКЦЫЯ 3. АРХІЎНАЯ БЕЛАРУСІКА: СТРАТЫ І ЗНАХОДКІ
План:
1. Беларускія архівы праз стагоддзі
2. Методыка выяўлення і крыніцы пошуку архіўных дакументаў. Шляхі вяртання
3. Дакументальная спадчына Беларусі ў сучаснай інфармацыйнай прасторы.
Архіўная беларусіка па-за межамі краіны: Літва, Польшча, Расія, Украіна, іншыя краіны
1. Беларускія архівы праз стагоддзі
Ад часоў сівой даўніны на тэрыторыі нашай краіны назапашваліся шматлікія архіўныя багацці. Але ўсведамленне іх існавання прыходзіла часам разам з іх стратамі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай на той частцы тэрыторыі Беларусі, якая ўвайшла ў склад Расійскай імперыі (“Северо-Западный край”), апынуліся архівы больш за дзвюхсот судовых устаноў розных кампетэнцый, гарадзкіх ратуш, манастыроў і цэркваў: праваслаўных, уніяцкіх, рымска-каталіцкіх, — значныя прыватныя зборы. Існаванне мноства самых розных архіваў тлумачылася тым, што ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай заўсёды звярталася пільная ўвага на стараннае захаванне юрыдычных і іншых актаў. Літоўскі статут, Volumina Legum, сеймавыя пастановы вызначалі дакладныя правілы захавання і выкарыстання актавых кніг, іншых дакументаў маёмаснага, публічна-прававога, прыватна-прававога, дыпламатычнага, ваеннага і іншага характару.
Далучэнне беларускіх земляў да Расійскай імперыі прывяло да сцягвання ў архівасховішчы Масквы і Санкт-Пецярбурга найважнейшых дзяржаўных і прыватнаўласніцкіх архіваў былога Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Значныя фізічныя страты дакументальная спадчына панесла і ў 1812 г. Вялікая колькасць дакументаў была знішчаная: французскія салдаты і польскія ўланы выкідалі з дзяржаўных устаноў, цэркваў, кляштараў дакументы і палілі іх. Пацярпеў нават старажытнейшы фамільны архіў Радзівілаў у Нясвіжы: значная частка яго была вывезеная ў Небарова, тое, што засталося — раскрадалася і знішчалася. Радзівілаўскі архіў пацярпеў і ад рускіх войскаў у час выгнання французаў за межы Расійскай імперыі. Значныя страты напаткалі і архівы Лепеля, Віцебска, Барысава і іншых гарадоў Беларусі.
Як пазітыўныя, так і негатыўныя вынікі мела археаграфічнае асваенне беларускіх земляў. З аднаго боку, сябры “румянцевского кружка” вядомага дзяржаўнага дзеяча і мецэната графа Н.П.Румянцава з дапамогай віленскай прафесуры, гомельскіх, магілёўскіх аматараў даўніны выявілі, захавалі і часткова ўвяла ў навуковы ўжытак старажытныя дакументальныя помнікі. З другога боку, гэтыя помнікі былі вывезеныя з тэрыторыі Беларусі. Найбольш актыўна старажытныя беларускія помнікі пачалі вывозіцца з 1837 г., калі быў выдадзены спецыяльны ўказ, які загадваў высылаць у Пецярбургскую археаграфічную камісію мясцовыя старажытныя дакументы. Тым не менш, трэба прызнаць, што ўзяўшы на сябе ролю дзяржавы-дэпазітарыя для захоўвання часткі беларускіх архіваў, Расія гэтым вольна ці нявольна спрыяла іх захаванню. Міжканфесійныя разлады, паўстанні, войны, што адбываліся ў кан. XVIII—XIX стст. у Беларусі, нішчылі не толькі чалавечыя жыцці, але і дакументы, што ствараліся шматлікімі пакаленнямі.
Зборы дакументаў і кніг перамяшчаліся з Беларусі і на Захад, найчасцей — у Польшчу. Пачынаючы яшчэ з XVII ст., прадстаўнікі беларускай культуры, якія выязджалі ва універсітэцкія гарады, часта бралі з сабою багацейшыя асабістыя архівы і калекцыі, кнігазборы, якія потым там і заставаліся.
Пра адну даволі сумную прычыну масавага знішчэння беларускіх дакументальных помнікаў пісаў у свой час А.Шлюбскі: “Апроч войнаў і ўнутраных разбурэнняў, чароднай найважнейшай прычынаю вынішчэння крыўскіх помнікаў пісьменнасці было адступленне вышэйшых станаў нашай нацыі ад свайго народу. Пагалоўнае рэнегацтва духавенства, мяшчанства і шляхты ў часы заняпаду сваёй дзяржаўнасці і зліццё іх з пануючымі нацыянальнасцямі, заваёўнікамі радзіла ў іх асяродках зняважлівае адношанне да роднай старасветчыны. Усё больш цэннае з пісаных помнікаў вывозілася імі ў Масковію або Польшчу, ці, урэшце, нішчылася на мейсцы, бо сваё роднае было ім ужо чужым і ненавідным”. Гэтаму ёсць шмат прыкладаў і ў нядаўні час.
Значным узрушэннем для беларускіх архіваў стала Першая сусветная вайна. Улады аказаліся не ў стане забяспечыць захаванне архіваў у заходніх губернях. Шматлікія каштоўныя дакументальныя зборы, якія не паспелі эвакуяваць, загінулі. Значная частка беларускага архіўнага багацця апынулася на Усходзе: у 1914—1915 гг. архівы былі эвакуяваныя ў Маскву, Санкт-Пецярбург, Яраслаўль, Саратаў, Растоў-на Доне і інш. гарады.
Бальшавісцкая рэвалюцыя, а потым нямецкая і польская акупацыя самым негатыўным чынам адбіліся на стане архіўнай справы Беларусі. У 1917 г. паліліся архівы судовых, паліцэйскіх устаноў, жандармскіх органаў, пры гэтым знішчаліся і гістарычныя помнікі, якія ў іх захоўваліся.
У сакавіку 1921 г. быў заключаны Рыжскі дагавор, паводле ўмоваў якога да Польшчы адыходзіла палова тэрыторыі Беларусі. У адпаведнасці з артыкулам IX дагавору Польскай рэспубліцы павінны быць перададзеныя ўсе архівы ўстаноў і арганізацый, якія дзейнічалі на тэрыторыях, што пераходзілі Польшчы, а таксама і іншыя комплексы гістарычных дакументаў, што былі вывезеныя ў свой час у Расію.
У 20-я гг. мінулага стагоддзя праблема рэстытуцыі беларускіх архіваў, што былі ў розны час вывезеныя з тэрыторыі Беларусі, стала адной з прыярытэтных. Упершыню гэтае пытанне было пастаўленае на Першай Усебеларускай канферэнцыі архівістаў, якая праходзіла ў Мінску 12—14 траўня 1924 г. Грунтоўна абмяркоўваліся праблемы, звязаныя з размеркаваннем архіваў паміж Расіяй, з аднаго боку, і Польшчай, Літвой, Латвіяй з другога. У сваім дакладзе У. Пічэта звярнуў увагу на той самы 11-ты артыкул Рыжскага мірнага дагавору: калі яго дакладна выконваць, то многія архівы, якія маюць каштоўнасць для Беларусі, давядзецца аддаць Польшчы, Літве і Латвіі. У першую чаргу гэта тычылася Літоўскай метрыкі — архіва Вялікакняскай канцылярыі, на якую адначасова прэтэндавалі палякі і літоўцы. Канферэнцыяй была прынятая рэзалюцыя: ні пры якіх варунках не перадаваць архівы ВКЛ Польшчы. Была прынятая і спецыяльная рэзалюцыя “Па пытанні пра вяртанне архіваў, што былі вывезеныя з Беларусі”. Абмяркоўвалася таксама пытанне стварэння Цэнтрархіва СССР, паводле якога была прынятая негатыўная рэзалюцыя. У дзейнасці гэтага архіва беларускія гісторыкі бачылі небяспеку сцягвання найбольш важных паводле свайго навуковага і палітычнага значэння дакументальных збораў з рэспублікі ў цэнтр (як тое ўжо было ў XVIII—XIX стст.).
У другі раз праблемы рэстытуцыі беларускіх культурных каштоўнасцяў (у тым ліку і архіваў) абмяркоўваліся на Першым З’ездзе даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, які прайшоў у Мінску ў студзені 1926 г. Старшыня Археаграфічнай камісіі М.В.Доўнар-Запольскі выступіў з дакладам “Старыя беларускія архівы па-за межамі БССР”, сакратар камісіі Д.І.Даўгяла — з дакладам “Літоўская Метрыка і яе каштоўнасць для вывучэння мінулага Беларусі”. Даклады і выступленні, якія прагучалі на з’ездзе, былі хутчэй аглядна-інфармацыйнымі, чым навукова-аналітычнымі. Яны мелі на мэце звярнуць увагу навуковай грамадскасці рэспублікі, органаў улады на наяўнасць у замежных сховішчах архіўных, бібліятэчных і музейных збораў беларускага паходжання, прымусіць адпаведныя структуры прымаць пэўныя крокі ў іх вяртанні ў рэспубліку.
На Другой Канферэнцыі архіўных работнікаў у 1927 г. былі падведзеныя некаторыя вынікі рэстытуцыі беларускіх архіваў з РСФСР. Былі вернутыя архівы з Масквы, Ленінграда, Смаленска, Ульянаўска, Тулы, Разані, Уладзіміра, Растова-на-Доне. Але тым не менш, далека не ўсе рашэнні канферэнцый і з’езда былі рэалізаваныя. Як вядома, Літоўская метрыка была перададзеная толькі ў 90-я гг. XX ст., і то ў выглядзе мікрафільмаў.
Да сярэдзіны 1990-х гг. на нешматлікіх канферэнцыях пытанні, звязаныя з рэстытуцыяй архіўных матэрыялаў, наогул не абмяркоўваліся. І толькі ў 2-й пал. 90-х гг. архівісты, гісторыкі краіны пачалі займацца распрацоўкай пытанняў, звязаных з гістарычнымі і гістарычна-прававымі аспектамі рэстытуцыі архіўных збораў, выяўленнем беларускіх дакументальных фондаў, што знаходзяцца ў замежных архівах. Гэтая праблема падымалася на Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Замежная архіўная беларусіка” (Мінск, 1996 г.). Яна паспрыяла пашырэнню інфармацыі і ўвядзенню ў навуковы ўжытак звестак пра месцы захавання і склад дакументальных матэрыялаў беларускага паходжання і беларусікі.
Пасля распаду СССР, ліквідацыі яго Дзяржаўнага архіўнага фонду, у склад якога ўваходзілі архіўныя зборы саюзных рэспублік, узніклі і існуюць дагэтуль узаемныя прэтэнзіі былых рэспублік, а цяпер незалежных дзяржаў датычна пэўных дакументальных комплексаў.
2. Методыка выяўлення і крыніцы пошуку архіўных дакументаў. Шляхі вяртання
Доступ да гістарычнай інфармацыі, што змяшчаецца ў дакументах па-за межамі краіны, жыццёва неабходны для развіцця беларускай культуры, навукі і беларускай самасвядомасці. Відавочна, што такое становішча — вузкасць даступнай крыніцавай базы (асабліва да пач. XX ст.) — істотна стрымлівала развіццё беларускай гістарычнай навукі. У той жа час фізічнае вяртанне, перамяшчэнне ў Беларусь арыгіналаў усіх гэтых дакументаў уяўляецца невырашальнай задачай. Выхад тут ёсць толькі адзін — інтэнсіўныя пошукі крыніц нашай гісторыі ў замежных архівасховішчах і рукапісных зборах бібліятэк, увядзенне гэтых звестак у навуковы ўжытак. Вырашэнне гэтай праблемы трэба шукаць на шляху новых канцэптуальных падыходаў, сучасных інфармацыйных тэхналогій.
За апошнія дзесяцігоддзі з’явіліся якасна новыя сродкі капіявання, захавання і перадачы інфармацыі: акрамя звычайных мікрафільмавання, мікрафішавання, ксеракапіявання, шырока выкарыстоўваюцца камп’ютэрная тэхніка, сістэмы тэлекамунікацыі. Змянілася і паняцце тэрміна дакумент — яго разумеюць не толькі як матэрыяльны аб’ект, на якім зафіксавана пэўная інфармацыя, але і як інфармацыю, зафіксаваную на нейкім матэрыяльным носьбіце.
Такі падыход да праблемы замежнай архіўнай спадчыны Беларусі азначае, што зыходныя носьбіты інфармацыі (арыгіналы дакументаў у традыцыйным разуменні) могуць захоўвацца ў тых сховішчах, дзе яны апынуліся воляй лёсу. Намаганні павінны быць накіраваныя на вяртанне перш за ўсё інфармацыі, якая змяшчаецца ў іх, шляхам пераносу яе на новыя носьбіты. У сучаснай трактоўцы гэта азначае стварэнне электронных версій (копій) гэтых дакументаў, якія з пункту гледжання інфармацыйнай каштоўнасці эквівалентныя арыгіналам, але адрозніваюцца сваім коштам ці паводле ўмоваў захавання і выкарыстання.
Пры капіяванні непазбежна губляюцца нейкія асаблівасці арыгінала, звязаныя з фактурай носьбіта. Але карыстальнікаў цікавяць перш за усё інфармацыйная функцыя дакумента. Электронныя копіі ў адрозненне ад арыгінала можна захоўваць усюды, дзе ёсць патрэба, іх можна перадаваць праз каналы сувязі, выстаўляць у Інтэрнет, тыражыраваць на CD-ROM.
Застаецца пакуль што праблема працягласці жыцця электроннай інфармацыі. Нават калі носьбіт лічбавай інфармацыі будзе захоўвацца дзесяцігоддзі, усё роўна будуць паўставаць пэўныя праблемы, звязаныя з абсталяваннем і праграмным забеспячэннем, якія імкліва развіваюцца і ўжо сёння непрыдатныя ў шэрагу выпадкаў для чытання інфармацыі на старых носбітах. А рэгулярная міграцыя — перанос інфармацыі з адных носьбітаў і сістэм на іншыя — патрабуе пастаянных матэрыяльных і інтэлектуальных выдаткаў. Таму і сёння выкарыстоўваецца самы просты спосаб захавання інфармацыі — ксеракапiяванне (пры выкананні пэўных умоў), мiкрафiльмаванне. Але гэтая форма, асаблiва калi мець на ўвазе якасць нашых мiкрафiльмаў, усе ж такi абмяжоўвае магчымасцi карыстальнiкаў i iх кола. Больш цывiлiзаваным з’яўляецца другi напрамак — факсiмiльнае цi рэпрынтнае ўзнаўленне арыгiналаў. На жаль, тэхналогiя падрыхтоўкi факсiмiльных выданняў не дае магчымасцi абсалютна дакладна перадаць арыгiнал; факсіміле ў большай ступенi выконваюць інфармацыйную, адукацыйную i асветнiцкую ролю, але не заўсёды задавальняюць патрэбы даследчыкаў. Сёння мы маем шмат прыкладаў такога вяртання і выкарыстання копій дакументаў. Так, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі атрымаў мікрафільмы дакументаў Метрыкі ВКЛ, якія былі зробленыя ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў (праўда, якасць іх, на жаль, не заўсёды адпавядае патрабаванням даследчыкаў). Яшчэ адным прыкладам можа служыць Радзівілаўскі летапіс, арыгінал якога захоўваецца ў бібліятэцы РАН у Санкт-Пецярбургу. Пабачыла свет факсімільнае выданне гэтага летапісу, створана таксама электронная копія на CD.
3. Дакументальная спадчына Беларусі ў сучаснай інфармацыйнай прасторы.
Архіўная беларусіка па-за межамі краіны
ЛІТВА
Адным з самых вядомых фондаў архіўных дакументаў, што захоўваецца ў Літве і датычыцца Беларусі, з’яўляецца архіў былога Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Музей пачынаўся з прыватнай калекцыі Івана Луцкевіча, вядомага беларускага дзеяча і асветніка, які за год да смерці (у 1918-м) завяшчаў сваю багатую калекцыю Беларускаму навуковаму таварыству ў Вільні. З 1921 г. яна захоўвалася ў былым базылянскім кляштары. Работай музея кіраваў савет на чале з дырэктарам Антонам Луцкевічам.
Калекцыя архіўных матэрыялаў уключала ў сябе архівы газет “Наша ніва”, “Гоман”, “Голас беларуса”, часопісаў “Крывіч”, “Маланка” і інш.; архівы беларускіх партый, камітэтаў, саюзаў, таварыстваў; шматлікія асабістыя архівы. У аддзеле рукапісаў і друкаў меліся рукапісы, пачынаючы ад XIV ст. Музей быў ліквідаваны ў 1945 г. Для ўдзелу ў працы ліквідацыйнай камісіі была запрошаная дэлегацыя з Мінска, у склад якой увайшлі, на жаль, недасведчаныя і раўнадушныя людзі. У выніку ў Мінск былі перададзеныя толькі нязначныя фрагменты фонду.
На базе архіўных матэрыялаў былога Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Акадэміі навук Літвы быў сфармаваны рукапісны фонд № 21. Віленскі беларускі фонд, як ён класіфікуецца ў складзе рукапісных фондаў Літвы, уключае 2.309 адзінак захавання. Матэрыялы яго ахопліваюць перыяд ад XV ст. да 1943 г.
Матэрыялы фонду можна падзяліць на дзве часткі: літаратурную і гістарычную. Першая ўключае тэксты літаратурна-мастацкага, публіцыстычнага характару, багатую эпісталярную спадчыну. Храналагічна гэты паздзел распадаецца на два перыяды: часу “Нашай нівы” і заходнебеларускі. Матэрыялы, звязаныя з нашаніўскай парой, пададзеныя фрагментарна, бо частка іх была пасля Другой сусветнай вайны перапраўленая ў Мінск (цяпер захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва). На іх фоне асабліва рэпрэзентатыўна выглядаюць мастацкія тэксты, публіцыстыка заходнебеларускіх аўтараў. Гэта перадусім літаратурная спадчына М.Танка, М.Машары, Н.Арсенневай, Х.Ільяшэвіча і менш вядомых літаратараў. Значную цікавасць уяўляюць некалькі калекцый фальклорных твораў, запісаных Я.Драздовічам, А.Салагубам, У.Паўлюкоўскім і іншымі збіральнікамі памятак традыцыйнай народнай культуры.
Другі раздзел матэрыялаў ВБФ (№ 21) уключае шэраг дакументаў дзейнасці грамадска-палітычных арганізацый і партый, а таксама культурна-грамадскіх і навуковых таварыстваў, якія існавалі ў 1917—1939 гг. Матэрыялы ВБФ гістарычнага зместу ўключаюць мноства дакументаў ХХ стагоддзя, а таксама і такіх, што адносяцца да сярэднявечча. У прыватнасці, многія з іх праліваюць святло на гісторыю асобных вядомых родаў Беларусі, зямельныя стасункі ў мінулым, заключаюць у сабе цікавыя звесткі пра паасобныя двары, манастыры, цэрквы і касцёлы. У 45 справах згрупаваныя акты Вялікага Княства Літоўскага (пачынаючы з 1518 г.), напісаныя на старабеларускай, польскай і лацінскай мовах.
Акрамя фонду № 21, у аддзеле рукапісаў ЦНБ Літоўскай Акадэміі навук сканцэнтравана вялікая колькасць дакументаў, якія сведчаць пра беларускасць культурнай прасторы Вільні. Яны раскіданыя і па фондах-персаналіях вучоных, грамадскіх дзеячаў, мастакоў.
Шмат беларускіх дакументаў сустракаецца ў фондах літоўскага і беларускага кампазітара Канстанціна Галкоўскага і вядомага адваката і грамадскага дзеяча 1-й пал. XX ст. Тадэвуша Урублеўскага. Асабістыя фонды рэдактара часопіса “Kurjer Wilenski” Людвіка Абрамовіча і ідэолага “краёвасці” (культурна-грамадскага і палітычнага сужыцця народаў былога Вялікага Княства Літоўскага), пісьменніка і этнографа, аўтара чатырохтомнай працы “Ашмянскі павет” Часлава Янкоўскага, а таксама архівы літаратуразнаўца Люцыяна Уземблы ўтрымліваюць багата дакументальных сведчанняў аб кантактах з беларускімі палітыкамі, літаратарамі, культурна-грамадскімі дзеячамі, дапамагаюць узнавіць многія старонкі духоўнага жыцця літоўска-беларускага краю кан. XIX — 1-й чвэрці XX ст.
Багатую інфармацыю аб грамадскай думцы 1920—1950-х гг., праблемах культуры заключае ў сабе эпісталярый вядомых беларускіх дзеячаў. Гэта перадусім перапіска Я.Коласа і Р.Шырмы з К.Галкоўскім, А.Луцкевіча, А.Станкевіча, У.Талочкі з Л.Абрамовічам і іншыя лісты з названых фондаў.
У Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы ў Вільні (былы Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Літвы) захоўваецца шмат матэрыялаў пра стан хрысціянскіх канфесій (найперш каталіцызму і уніяцтву). Яны сабраныя ў фондах 604 (каталіцкія), 634 (уніяцкія) і 694 (каталіцкія, часткова уніяцкія). Дакументальныя крыніцы з гэтых фондаў дазваляюць высветліць гісторыю паасобных храмаў, парафій, скасавання уніі і інш. Значная частка дакументаў звязаная з этнічна беларускімі землямі, якія на сёння ўжо знаходзяцца ў складе іншых краінаў. Гэта дакументы на польскай, лацінскай, рускай, царкоўнаславянскай, старабеларускай мовах.
Дакументальныя архіўныя матэрыялы фонду 582 гэтага ж архіва з’яўляюцца грунтоўнай крыніцай для вывучэння гісторыі Беларусі (асабліва БНР), грамадска-палітычных кантактаў беларусаў і літоўцаў у кан. 10-х — пач. 20-х гг. мінулага стагоддзя.
ПОЛЬШЧА
Блізкае суседства, перапляценне гісторыі Беларусі і Польшчы, тэрытарыяльная прыналежнасць Заходняй Беларусі у міжваенны перыяд да II Рэчы Паспалітай, перамяшчэнне насельніцтва — усё гэта спрыяла таму, што ў фондах многіх архіваў Польшчы сабралося багата матэрыялаў па гісторыі Беларусі. Гістарычныя падзеі знайшлі сваё адлюстраванне ў важных дакументах розных ведамстваў і ўстаноў, палітычных, эканамічных і грамадскіх арганізацый, асабістых архівах. Гэтыя матэрыялы з’яўляюцца добрай крыніцазнаўчай базай для гістарычных даследаванняў польскіх навукоўцаў і пакуль недастаткова выкарыстоўваюцца беларускімі гісторыкамі.
Адным з найбольш аўтарытэтных і вядомых у Еўропе лічыцца Галоўны архіў старадаўніх дакументаў (AGAD) у Варшаве. У яго амаль паўмільённым фондзе захоўваюцца дакументы, якія тычацца непасрэдна гісторыі Польшчы, а таксама суседніх краін, з якімі існавалі шчыльныя гістарычныя і культурныя сувязі. Для беларусазнаўцаў найбольш значнымі і цікавымі сярод іншых з’яўляюцца дакументы Літоўскай метрыкі, пергаментныя дакументы са збору Радзівілаў, дакументы сеймаў і сеймікаў, універсалы, выпісы актаў з гродзкіх і земскіх кніг. Даволі значную групу ўяўляюць гістарычныя дакументы XVIII—XIX стст., звязаныя з нацыянальна-вызваленчымі рухамі, напрыклад, матэрыялы, звязаныя з паўстаннем пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, з падзеямі паўстанняў 1830—1831 гг. і 1863—1864 гг. Вельмі багаты на крыніцы з гісторыі Беларусі трэці аддзел AGAD “Акты сем’яў і прыватных асоб…”, дзе ў першую чаргу вылучаецца “Варшаўскі фонд Радзівілаў”. Збор уяўляе сабой фрагменты архіваў розных галін роду Радзівілаў ад яго пачынальнікаў з сярэдзіны XV ст. Гэты архіў Радзівілы ў пачатку XX ст. вывезлі да сваёй рэзідэнцыі ў Варшаве, а потым ён быў перададзены ў AGAD. У яго складзе — арыгінальныя матэрыялы аб грамадскай і палітычнай дзейнасці роду, дзённікі сеймаў, канфедэрацый і розных камісій, эпісталярныя крыніцы і г. д. Значную частку складаюць дакументы эканамічнай і адміністрацыйнай гісторыі маёмасцяў, спісы маёмасці і багаццяў, якія належалі Радзівілам на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Польшчы з XVI па XIX ст. Значныя зборы дакументаў з гісторыі Беларусі захоўваюцца ў складзе прыватных архіваў, напрыклад, Браніцкіх, Патоцкіх, Прозараў і Ельскіх, Тызенгаўзаў і інш. Вялікую цікавасць выклікае аддзел картаграфіі, які налічвае больш за 36.000 аркушаў розных мапаў і планаў. Частка іх тычыцца тэрыторыі ВКЛ.
Значныя масівы архіўнай беларусікі ў Варшаве захоўваюцца таксама ў аддзелах рукапісаў Нацыянальнай і універсітэцкай бібліятэк, у Вроцлаве — у аддзеле рукапісаў бібліятэкі імя Асаліньскіх, у Кракаве — ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі Польскай Акадэміі навук, аддзеле рукапісаў бібліятэкі Ягелонскага універсітэта, у бібліятэцы Чартарыйскіх, у Познані ў бібліятэцы Рачыньскіх, у бібліятэцы ПАН у Курніку і г.д.
У фондах Галоўнага архіва новых дакументаў у Варшаве захоўваюцца матэрыялы, якія непасрэдна тычацца беларускага нацыянальнага руху і палітыкі польскіх уладаў у дачыненні да беларусаў у перыяд да 1939 г.
У Цэнтральным ваенным архіве ў Варшаве зберагаюцца дакументы савецкіх і партыйных органаў Беларусі і Літоўска-Беларускай Савецкай Рэспублікі за 1917—1921 гг., звесткі пра якія не ўключаныя ў архіўны даведнік.
У аддзеле рукапісаў Варшаўскай публічнай бібліятэкі апынулася значная колькасць дакументаў аб дзейнасці Літоўска-Беларускага дэпартамента пры Міністэрстве замежных справаў Польшчы.
Звесткі пра беларусіку ў польскіх рукапісных зборах, што тычацца літаратуры і мастацтва XVIII—XIX стст., у першую чаргу можна знайсці ў шматлікіх працах вядомага вучонага, доктара філалогіі, прафесара Адама Мальдзіса. Адшуканыя ім літаратурныя помнікі былі апісаныя ў манаграфіях “Творчае пабрацімства”, “Таямніцы старажытных сховішчаў”, “На скрыжаванні славянскіх традыцый”, шматлікіх публікацыях у зборніках і перыёдыцы.
На жаль, не захавалася большасць архіваў беларускіх каталіцкіх кляштараў. Таму вельмі каштоўнымі з’яўляюцца крыніцы з гісторыі беларускіх кармяліцкіх кляштараў, што знаходзяцца ў Кракаве ў фондах Архіва кляштара айцоў кармялітаў чаравічковых на Пяску (храналагічны ахоп дакументаў — з XV ст. па 1945 г.).
РАСІЯ
Вялікія масівы архіўных дакументаў сканцэнтраваныя ў архівах, бібліятэках і музеях Расійскай Федэрацыі. Вось толькі некалькі прыкладаў.
Масква
Вялізарнымі, яшчэ не дастаткова даследаванымі беларускімі навукоўцамі культурнымі каштоўнасцямі, вывезенымі з Беларусі, у тым ліку і архіўнымі, валодае Дзяржаўны гістарычны музей.
Рукапісныя зборнікі на старабеларускай мове, створаныя на нашай тэрыторыі, пачынаючы з XV ст., захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі. Тут жа — асабістыя фонды М.С.Ціханравава, В.Ундольскага і іншых вядомых дзеячаў, якія таксама ўтрымліваюць беларускую рукапісную спадчыну.
У Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве — шматлікія гістарычныя дакументы з гісторыі ВКЛ розных перыядаў.
У Расійскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва можна знайсці матэрыялы, што тычацца беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, дзеячаў культуры: А.Александровіча, З.Жылуновіча (Ц.Гартнага), У.Дубоўкі, Я.Коласа і Я.Купалы і інш.
Значная колькасць дакументаў па гісторыі Беларусі зберагаецца ў Расійскім цэнтры захоўвання і вывучэння дакументаў навейшай гісторыі.
Вялікія дакументальныя комплексы з гісторыі Беларусі XX ст. (у асноўным перыяду Першай і Другой сусветных войнаў) захоўваюцца ў т.зв. Рускім замежным гістарычным архіве (РЗГА, другая назва архіва — Пражскі) — аддзеле Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэраціі.
Санкт-Пецярбург
Значная частка крыніц па гісторыі Беларусі сабраная ў Санкт-Пецярбургу ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве. Сярод іншых, найбольш цікавыя для даследчыкаў матэрыялы фондаў Міністэрства асветы, Медыцынскага дэпартамента Міністэрства ўнутраных справаў, Дэпартамента герольдыкі Кіроўнага сената. Гэтыя фонды маюць у сваім складзе вялікую колькасць матэрыялаў аб рэлігійным жыцці, адукацыі, утрымліваюць звесткі пра біяграфіі прадстаўнікоў асобных родаў гістарычных асоб Беларусі і г.д.
Вялікую цікавасць для даследчыкаў уяўляе архіў грэка-каталіцкіх мітрапалітаў, які знаходзіцца ў гэтай жа установе. У свой час архіў быў падзелены на дзве часткі. Адна з іх захоўвалася ў Вільні, другая — ў Радамышлі (цяпер Жытомірская вобл., Украіна). Затым абедзве часткі былі перавезеныя ў Санкт-Пецярбург і перадазеныя ў Грэка-уніяцкую калегію, а пасля яе ліквідацыі ў 1843 г. — у архіў Свяцейшага Сінода Праваслаўнай Царквы, дзе і былі апрацаваныя. На аснове гэтай апрацоўкі і былі выдадзеныя два тамы “Апісання архіва заходнярускіх укніяцкіх мітрапалітаў” [Описания архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1. — СПб., 1897; Т. 2. — СПб, 1907]. У 1950—1952 гг. крыніцы, што не ўвайшлі ў 1—2 тамы , былі навукова апрацаваныя і ўвайшлі ў 3-ці вопіс фонду 823.
У архіве Санкт-Пецярбургскага аддзялення Інстытута гісторыі Расійскай акадэміі навук сярод фондаў і калекцый, звязаных з Беларуссю, захоўваюцца зборы прафесара Жыровіцкай духоўнай семінарыі Паўла Дабрахотава: 2.492 адзінкі захавання на польскай, лацінскай і старабеларускай мовах.
Беларускі збор Інстытута рускай літаратуры (Пушкінскага дома) Расійскай акадэміі навук узнік у 1976 г. у выніку камандзіроўкі на Гомельшчыну, папаўняўся дзякуючы экспедыцыям у Віцебскую вобласць. Сярод беларускіх рукапісаў — частка збору Ф.Шклярава з Веткі, фонд У.Ператца (657 адзінак захавання) і шмат чаго іншага.
Вельмі багаты на беларускія матэрыялы аддзел рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі: гэта асабістыя фонды П.Гільтэбранта, П.Ратча, П.Добраўскага, А.Цітова і інш.
У архіве Эрмітажа (Санкт-Пецярбург) захоўваецца цэлы корпус дакументаў XIX—XX стст., якія звязаныя з паступленнем туды экспанатаў з Нясвіжскага замка, сярод якіх — вопісы скрыняў і куфраў. Тут жа сабраныя выпіскі з судовых справаў, звязаных з разрабаваннем замка: допыты, тлумачальныя запіскі, данясенні эканома замка Бургельскага, даклады аудытарскага дэпартамента, сведчанні Тучкова, пратаколы Следчай камісіі і г.д.
УКРАІНА
Істотна ўзбагачаюць веды па гісторыі і культуры Беларусі матэрыялы, якія захоўваюцца ў багацейшых рукапісныя сховішчах ва Украіне — у Кіеве і Львове. Асаблівую цікавасць выклікаюць рукапісы Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У.І.Вернадскага, якія паходзяць з бібліятэкі, заснаванай І.Храптовічам у Шчорсах (на Наваградчыне), і рукапісы з былога “Асалінэума”, якія пасля 1945 г. былі перавезеныя ў Польшчу, ва Уроцлаў, але часткова засталіся ў Львоўскай навуковай бібліятэца імя В.Стэфаніка НАН Украіны. У львоўскай бібліятэцы найбольш беларускіх матэрыялаў захоўваецца ў фондзе ўкраінскага мовазнаўца, фалькларыста і паэта Якава Галавацкага (1814—1888), які дваццаць апошніх гадоў жыцця быў старшынёй Віленскай археаграфічнай камісіі. У Нацыянальным дзяржаўным гістарычным архіве ў Львове асабліва многа беларускіх крыніц у фондзе 201 — Львоўскай мітрапаліцкай грэка-каталіцкай кансісторыі.
ІНШЫЯ КРАІНЫ
Цікавыя архіўныя крыніцы з гісторыі Беларусі XVI—XVIII стст. былі выяўленыя І.Ляльковым у адным з найбольш значных і цікавых рукапісных збораў у Еўропе — у дэпартаменце манускрыптаў Нацыянальнай бібліятэкі Францыі. Сярод іх — арыгінальныя дакументы і копіі, якія тычацца гісторыі Рэчы Паспалітай і ВКЛ, лісты, мемуары і г.д.
Амаль недаследаваныя архіўныя крыніцы, якія апынуліся ў Швецыі, у бібліятэцы Упсальскага універсітэта. Апошнім часам вялікую працу ў гэтым кірунку робіць беларускі гісторык Андрэй Катлярчук.
Спадзявацца на фізічнае вяртанне ў Беларусь усяго, што ў розны час, законна ці незаконна было вывезенае з яе тэрыторыі, на жаль, няма падстаў. Найбольш рэальны шлях — выяўленне дакументаў і ўвядзенне іх у навуковы ўжытак, інфармаванне даследчыкаў, стварэнне копій, арганізацыя выстаў, публікацыі дакументаў.
Літаратура:
1. Вяртанне: Дакументы i архiўныя матэрыялы па праблемах пошуку i вяртання нацыянальных каштоўнасцей, якiя знаходзяцца за межамi Рэспублiкi Беларусь. — Мінск,1992.
2. Вяртанне-2: Зборнiк артыкулаў i дакументаў. Мінск,1994.
3. Вяртанне-3: Зборнiк артыкулаў i дакументаў. Мінск,1996.
4. Выяўленне, сумеснае выкарыстанне і вяртанне архіўных, бібліятэчных і музейных каштоўнасцяў, якія захоўваюцца ў замежных краінах. Мінск: БФК, 1999. — (Вяртанне-6).
5. Шумейко М. Ф. Собрать рассеянное: О реституции белорусских архивов в прошлом и настоящем / БелНИИДАД; БФК, Комиссия “Вяртанне”. Минск, 1997.