Таталітарызм. Курс лекцыяў (Лекцыі 7-9)
Лекцыі № 4-6 можна прачытаць тут.
Анатоль ВЯЛІКІ.
Лекцыя 7. ПАРТЫЙНАЯ НАМЭНКЛЯТУРА
Плян:
1. Сыстэма партыйнай намэнклятуры
2. Зьмена нацыянальнага складу намэнклятуры
Сыстэма партыйнай намэнклятуры
Каму належала рэальная ўлада ў СССР, а разам з тым і ў БССР — пытаньне рытарычнае. Іншая рэч, як гэтая ўлада фармавалася й ажыцьцяўлялася. Дзеля высьвятленьня гэтага пытаньня істотнае значэньне мае аналіз сыстэмы партыйнай намэнклятуры, яе гісторыі й рэальнага функцыянаваньня.
На думку вядомага саветоляга Л.Шапіры, пачатак намэнклятурнай сыстэмы трэба аднесьці да часоў правядзеньня палітыкі “ваеннага камунізму”, якая заклала “падмурак дыктатуры камуністычнай бюракратыі”. Да разгляду гэтай праблемы зьвяртаўся й вядомы расейскі вучоны, праваабаронца А.Сахараў, які адзначаў: “Хаця адпаведныя сацыялягічныя дасьледаваньні ў краіне альбо не праводзіліся, альбо былі засакрэчаны, аднак можна сьцьвярджаць, што ўжо ў 20-я—30-я гады й канчаткова ў пасьляваенныя гады ў нашай краіне сфармавалася й вылучылася асобная партыйна-бюракратычная праслойка — “намэнклятура” — як яны сябе называлі, “новая кляса” — як называў іх Джылас”.
Сутнасна намэнклятура паўстае з сыстэмы кадравай працы, якая ўжо ў 20-я гады была найважнай у дзейнасьці вышэйшага партыйнага кіраўніцтва — і, у першую чаргу, Палітбюро (ПБ) і Сакратарыяту ЦК ВКП(б). У партыйнай лексыцы гэтая праца называлася падборам, выхаван ь нем і расстаноўкай кадраў. Фармальна намэнклятура складаецца з шэрагу “найбольш важных пасадаў, кандыдатуры на якія папярэдне разглядаюцца, рэкамендуюцца, зацвярджаюцца дадзеным партыйным камітэтам (райкомам, гаркомам абкомам партыі і г.д.)”.
Аднак калі напачатку намэнклятурны прынцып падбору, выхаваньня й расстаноўкі кадраў распаўсюджваўся толькі на партыйных работнікаў, то ўжо на 12 партыйнам зьезьдзе ВКПБ (красавік 1923 г.) у рэзалюцыі “Па арганізацыйнаму пытанню” падкрэсьлівалася, што разам з падборам партыйных кадраў зьезд прызнае чарговай задачай партыі падбор і “кіраўнікоў савецкіх, у прыватнасці, гаспадарчых і іншых органаў…”
На гэтым жа зьезьдзе І.Сталін вызначыў і якасьці, якімі мусяць валодаць намэнклятурныя работнікі. Гэта мусяць быць людзі, “здольныя разумець дырэктывы, здольныя прыняць гэтыя дырэктывы як свае ўласныя і здольныя праводзіць іх у жыццё. У іншым выпадку палітыка губляе сэнс і ператвараецца ў маханне рукамі”.
У 1925 г. Оргбюро ЦК ВКП(б) прымае палажэньне “Аб парадку падбора і прызначэння работнікаў”, на падставе якога пачалі складацца сьпісы, што ўтрымлівалі пералік пэўнай колькасьці намэнклятурных пасад. З 1932 г. гэтыя сьпісы робяцца звышсакрэтнымі. Практыка складаньня іх і зацьверджаньня праіснавала да 90-х гадоў.
Пачатак 1920-х гадоў — час, калі ў ЦК РКП(б), губкамах і ЦК нацкампартыяў рэспублік ствараюцца ўлікова-разьмеркавальныя аддзелы, якія спэцыяльна й займаліся падборам, падрыхтоўкай і перамяшчэньнем адказных партыйных работнікаў. Заўважым, што надзвычай важную ролю працы гэтых органаў надаваў І.Сталін, пра што сьведчыць ягонае выказваньне на 12 зьезьдзе РКП(б): “Да цяперашняга часу справа вялася такім чынам, што работа ўлікова-размеркавальнага аддзела абмяжоўвалася толькі ўлікам і размеркаваннем таварышаў па укомах і губкомах. Зараз улікразмеркаддзел не можа замыкацца ў межах укомаў і губкомаў партыі. Неабходна ахапіць ўсе без выключэння галіны кіравання”.
Ад гэтага часу партыйнае кіраўніцтва, дэкляруючы сваю прыхільнасьць да прынцыпу выбарнасьці партыйнага апарату, насамрэч пачынае прытрымлівацца зусім іншага прынцыпу, які забясьпечвае яму магчымасьць ажыцьцяўляць уладу цалкам бескантрольна.
Факт падзяленьня партыі на “нізы” й “вярхі” й тое, што партыяй пачаў кіраваць апарат, заўважылі й шэраговыя партыйцы. Напрыклад, рабочы Вайман, выступаючы на агульна-гарадзкой канфэрэнцыі Барысаўскай партарганізацыі (1920 г.), адзначыў: “У нашых умовах прызначэнства квітнела. На папярэдняй канферэнцыі т.Нодель (Вульф Нодель — член Цэнтральнага бюро ЦК, рэдактар “Звязды”) прыехаў з тав.Гутніным і прапанаваў абраць яго першым сакратаром укома, таксама ж і т.Бенек прызначаны ЦБ. Але гэта ж не выбары!”. У тым жа годзе шэраговы камуніст Талапыла, выступаючы на сходзе Ляхавіцкай партыйнай арганізацыі, заявіў: “Партыя падзялілася на вярхі і нізы. Вярхі ў выніку аб’ектыўных прычын адышлі ад масы. Савецкі і партыйны апарат бюракратызаваны. На ячэйках абмяркоўваюцца папярэдне прапанаваныя райкомам партыі пытанні”.
Варта азначыць, што на пачатку 1920-х гадоў унутрыпартыйная дэмакратыя, калі наагул тэрмін “дэмакратыя” тут да месца, усё ж яшчэ дазваляла выступаць на сходах з такімі заявамі й нават прымаць адпаведныя рэзалюцыі. Аднак спробы абмежаваць панаваньне партыйнага апарату, якое ўсё ўзмацнялася, ужо ня мелі аніякага выніку. Шэраговых партыйцаў у хуткім часе папросту “адлучылі” ад працэдуры абраньня партыйных сакратароў на ўсіх узроўнях.
Вызначальным у фармаваньні намэнклятурнай сыстэмы ў рэспубліцы зьяўляецца 1926 г. У жніўні гэтага году ЦК КП(б)Б, разгледзеўшы працу ўлікразьмеркаддзелу, прыняў Пастанову “Аб арганізацыі ўлікова-размеркавальнай працы”, якая загадвала “дэталёвае вывучэнне і падбор людзей на наменклатурныя пасады; падрыхтоўку рэзерва па асобным галінам; сістэматычнае вывучэнне працэса вылучэння… партыйнай праслойкі…, рэгулярнае кіраўніцтва ўлікразмеркпрацай ведамстваў і мясцовых парткомаў”. Па сутнасьці, Пастанова сьведчыла пра тое, што ў краіне адбылася яшчэ адна, на гэты раз — “бюракратычная рэвалюцыя”.
Як жа выглядала партыйная намэнклятура?
З моманту стварэньня (пачатак 20-х гадоў) партыйная намэнклятура — гэтая своеасаблівая камуністычная “табель о рангах” — падзялялася на разьмеркавальную, ці № 1, і ўлікова-рэзэрвовую, ці № 2. Крыху пазьней да гэтых намэнклятураў далучылася яшчэ ведамасная, ці намэнклятура № 3.
Разьмеркавальная ўяўляла зь сябе пералік адказных пасад, прызначэньне работнікаў на якія праводзілася выключна з Пастановы Бюро, альбо Сакратарыяту ЦК КП(б)Б і ЦК ВКП(б). Улікова-рэзэрвовая мела на мэце выяўленьне кадраў і стварэньне рэзэрву для разьмеркавальнай намэнклятуры. Ведамасная намэнклятура вызначала кола кандыдатаў на кіроўныя пасады ведамстваў, міністэрстваў, установаў і г.д.
Намэнклятура № 1 разьбівалася на 14 груп. Напрыклад, у групу “Партыйныя кадры” ўваходзілі пасады ўсіх найбольш адказных партыйных чыноўнікаў: сакратароў ЦК, загадчыкаў аддзелаў, сэктараў і г.д. У групу “Савецкія кадры” ўлучалася 13 адказных пасад чыноўнікаў дзяржаўнага апарату: Старшыні ЦВК, Старшыні СНК і ягоных намесьнікаў, наркама ўнутраных справаў і ягоных намесьнікаў, старшыняў акрвыканкамаў, прадстаўніка БССР пры ўрадзе СССР, кіраўніка справаў СНК і г.д.
Да намэнклятуры № 2 адносіліся пасады, прызначэньні на якія адбываліся толькі пасьля папярэдняга ўзгадненьня з улікразьмеркаддзелам ЦК КП(б)Б. Усяго намэнклятура № 2 улучала 42 пасады.
Аналягічныя намэнклятуры ўводзіліся ў акркамах, райкамах і гаркамах партыі. Структура намэнклятуры райкаму, гаркаму будавалася на ўзор пяпярэдніх намэнклятур, але колькасьць групаў, на якія яна падзялялася, а таксама пасадаў была меншай.
Цалкам сыстэма намэнклятуры будавалася як ярархічная вэртыкаль з жорсткім падпарадкаваньнем “зьверху-ўніз”. Усе сакратары райкамаў, напрыклад, зацьвярджаліся на пасадах ня толькі ў райкаме, але й у абкаме й ЦК КП(б)Б. З таго прынцыпу адбывалася зацьверджаньне кандыдатаў і на больш высокія пасады ў партыйнай ярархіі.
Такім чынам, магчыма канстатаваць, што напрыканцы 1920-х—пачатку 1930-х гадоў партыя ператварыляся ў закрытую “бюракратычную сістэму” вайсковага тыпу з усімі ўласьцівымі такой сыстэме элемэнтамі (жорсткай ярархіяй уладных функцыяў, субардынацыяй дзейнасьці, схемай каманд па лініі “зьверху-ўніз” і г.д.). Абапіраючыся на сыстэму падбору й расстаноўкі кадраў, партыйная ўлада кантралявала фактычна ўсе сфэры дзяржаўнага й грамадзкага жыцьця. Яна падпарадкоўвала сабе ўрад, прафсаюзы, моладзёвыя арганізацыі, адукацыйныя й культурныя ўстановы. У выніку — усе дзяржаўныя ўстановы сталіся выканаўчымі органамі партыі.
На вяршыні піраміды гэтай улады знаходзілася Бюро ЦК. Менавіта яно прызначала ўсіх сакратароў і загадчыкаў аддзелаў ЦК, сакратароў і загадчыкаў аддзелаў акружкамаў, наркамаў і г.д. На “долю” ж Сакратарыяту прыпадала зацьверджаньне намесьнікаў загадчыкаў аддзелаў, інструктараў і лектараў ды іншае партыйнае “чэлядзі”.
У сваю чаргу, рэспубліканская партыйная структура знаходзілася пад пільным намэнклятурным кантролем, які ажыцьцяўляўся з Масквы. Прызначаючы на пасады “сваіх людзей”, Масква пільна сачыла за іхнаю “недатыкальнасцю” й жорстка кантралявала, каб бязь ейнага веданьня аніякі рэспубліканскі орган ня мог перамясьціць партработніка, ёю зацьверджанага. Пра гэта сьведчыць Пастанова ПБ ЦК ВКП(б) “Аб пасылцы выпісак з пастаноў крайкомаў, абкомаў ВКП(б) і ЦК нацкампартый” ад 5 мая 1935 г. Перадусім, Пастанова загадвала інфармаваць Маскву пра ўсе перастаноўкі намэнклятурных работнікаў у нацыянальных рэспубліках.
З мэтай узмацненьня кантролю за дзейнасьцю рэспубліканскіх партарганізацыяў на 17 зьезьдзе ВКП(б) (1934 г.). ствараецца інстытут упаўнаважаных. Прадстаўнікі гэтага інстытуту працавалі ў абкамах, крайкамах і пры ЦК нацкампартыяў саюзных рэспублік. Галоўнай задачай упаўнаважанага быў кантроль за выкананьнем дырэктываў Масквы.
Заўважым, што чым больш партыя ўзурпавала ўладу, тым больш пасад улучалася ў намэнклятуру. Так, калі ў 1923 г. у намэнклятуру ЦК КП(б)Б уваходзіла 963 адказныя пасады, то напрыканцы 1925 г. на ўліку ў разьмеркаддзеле ЦК знаходзілася ўжо 1.447 адказных работнікаў, у 1931 г. — 5.527, у 1935 г. — 5.119. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны гэта лічба ўзрасла да 17 тыс. чалавек. Нагадаем, што напярэдадні вайны колькасьць сябраў КП(б)Б склала звыш 72 тыс. чалавек. Гэта люструе становішча, пры якім амаль кожны пяты сябра партыі зацьвярджаўся на пасаду тым ці іншым вышэйшым партыйным органам — а значыць знаходзіўся пад ягоным непасрэдным і пільным кантролем.
Як вынікае з пададзеных лічбаў, агульная тэндэнцыя разьвіцьця партыйнай намэнклятуры ў пэрыяд з 1920 да 1941 году — ейны імклівы рост. Зусім не выпадкова імклівы рост намэнклятуры ў гэтыя часы супадае з масавымі рэпрэсіямі, стварэньнем ГУЛАГу, прымусовай калектывізацыяй і індустрыялізацыяй, на зьдзяйсьненьне якіх спатрэбіліся жыцьці мільёнаў людзей.
Падбор і расстаноўка партыйных кадраў вяліся паводле дакладна вызначаных крытэраў і мэтаў. Што гэта за крытэры, калі для ўсталяваньня сваёй улады й набліжэньня “светлай будучыні” намэнклятуры спатрэбілася аддаць у ахвяру мільёны чалавечых жыцьцяў,— здагадацца ня цяжка.
Першыя пасьляваенныя гады не прынесьлі кардынальных зьменаў у намэнклятурную сыстэму. Разам з тым, пасьляваенная гісторыя партыйнай намэнклятуры — гэта пэрыяд, калі ўнутры намэнклятуры адбываліся заўважныя працэсы. Сярод істотных падзеяў, што паўплывалі на гэтыя працэсы,— вайна й перамога ў вайне, сьмерць Сталіна, асуджэньне “культу асобы”, хрушчоўская адліга й брэжнеўская “стабілізацыя”.
1945—канец 50-х гадоў і сярэдзіна 60-х—канец 80-х гадоў — два розныя пэрыяды пэўнай эвалюцыі партыйнай намэнклятуры. Характэрнымі рысамі першага пэрыяду зьяўляліся рэзкае скарачэньне намэнклятурных пасад; частыя перамяшчэньні намэнклятурных работнікаў; істотныя зьмены нацыянальнага складу ў сярэднім і вышэйшым рэспубліканскім партыйным і дзяржаўным кіраўніцтве.
Скарачэньне намэнклятурных пасад у першае пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе часткова тлумачыцца тым, што разрослы да вялізных памераў партыйны бюракратычны апарат проста не спраўляўся з разглядам і зацьверджаньнем вялікай колькасьці намэнклятурных работнікаў. Так, аддзел кадраў ЦК КП(б)Б адразу ж пасьля вайны ў даведцы “Аб наменклатуры ЦК КП(б)Б” адзначаў, што “Аддзел кадраў мае на ўвазе ўсталяваць пэўную колькасць пасад, работнікі якіх будуць зацвярждацца з вызавам на Бюро ЦК, а ўсе астатнія без вызаву, аднак з папярэдняй размовай у аддзеле кадраў ЦК”. І далей: “Гэта выклікаецца тым, што 7.780 наменклатурных работнікаў фізічна не могуць быць зацверджаны з вызавам на Бюро ЦК нават на працягу года”.
Масква, таксама разумеючы немагчымасьць татальнага кантролю ўсіх бакоў жыцьця рэспублікі, рэзка скарачае колькасьць другарадных пасад, якія яна трымала пад сваім кантролем, і перадае іх у кампэтэнцыю ЦК КПБ. Сярод іншых прычын частковага аслабленьня намэнклятурнага прэсу можна адзначыць таксама й некаторыя зьмены, што адбыліся ў пасьлеваенны пэрыяд ува ўнутрыпалітычнай і зьнешнепалітычнай сытуацыі. Партыя пачувалася пераможцам у вайне. І гэта стварала эфэкт непарушнасьці камуністычнай улады.
Паступова месца барацьбы супраць “унутранага ворага” пачала займаць ідэалягічная барацьба з “ворагам знешнім”. Пасьляваенныя гады — час камуністычнай экспансіі й адначасова халоднай вайны. Ідэалягічныя рэсурсы партыі й намэнклятуры часткова пераразьмяркоўваліся й скіроўваліся на стварэньне камуністычнага блёку ў Цэнтральнай Эўропе, на супрацьстаяньне “імперыялістычнай пагрозе”, забесьпячэньне ваеннай і ідэалягічнай магутнасьці СССР у сьвеце. Сьмерць Сталіна хоць і не прывяла да дэмантажу таталітарнай сыстэмы, але, прытым, сталася даволі сымбалічнай падзеяй. Яна ў значнай ступені дэпэрсаніфікавала сыстэму намэнклятурнай улады. Сыстэма згубіла сваю “культавую асобу”.
Зьмена нацыянальнага складу намэнклятуры
Гэта быў даволі істотны ідэалягічны працэс. Парадаксальна, але менавіта вайна й перамога ў вайне спрычыніліся да яго высьпяваньня. Інтэрнацыянальнае па сваім складзе вышэйшае крамлёўскае кіраўніцтва, мабілізуючы “савецкі народ” на перамогу ў вайне, адрэанімавала шэраг вялікадзяржаўных комплексаў, традыцыйных стэрэатыпаў пра непераможнасьць “рускага салдата”, ягоную выключную трываласьць і былую вайсковую славу Расейскай імпэрыі.
Пасьля Другой усясьветнай вайны гэтыя ўяўленьні паспрыялі пэўнай трансфармацыі панятку “савецкі народ”. Аснову яго цяпер складаў вялікі рускі народ — першы сярод роўных народаў былога СССР. Далейшая эвалюцыя гэтай канцэпцыі адбывалася ў накірунку негалоснага падзяленьня астатніх народаў СССР на добранадзейныя й не зусім надзейныя. З пэўнай доляй умоўнасьці можна сьцьвердзіць, што ў пасьляваенныя гады як бы склалася намэнклятурная ярархія савецкіх народаў.
Адразу ж пасьля вайны Беларусь зазнала даволі істотны працэс расейскай міграцыі — намэнклятурнага чынавенства, рабочых, прадстаўнікоў тэхнічнай і гуманітарнай інтэлігэнцыі. У падручніках па гісторыі КПСС гэты працэс атрымаў назоў “братэрскай дапамогі вялікага рускага народа разбуранай вайной беларускай гаспадарцы”.
Пра моцны прыток расейцаў на вышэйшыя партыйныя пасады сьведчаць наступныя дадзеныя. Так, першымі сакратарамі ЦК КПБ зьяўляліся расейцы: з 1944 да 1947 гг. — П.Панамарэнка; з сакавіка 1947 г. да мая 1950 г. — Н.Гусараў; зь ліпеня 1950 г. да ліпеня 1956 г. — М.Патолічаў. У 1946 г. у апараце ЦК КП(б)Б сярод загадчыкаў аддзелаў 44,4% было беларусаў і роўна столькі ж — 44,4% — расейцаў. Дарэчы, на працягу 1944—1988 гг. колькасьць расейцаў сярод загадчыкаў аддзелаў не “апускалася” ніжэй за 35,7%, за выняткам 1971 г. калі лік іх упаў да 25,0%.
Сярод намесьнікаў загадчыкаў аддзелаў расейцы склалі 35,0%, беларусы — 45,0%. Ня меншым было прадстаўніцтва расейцаў і сярод сакратароў АК КПБ. Так, па стане на 1.01.1946 г. 40% работнікаў гэтага ўзроўню былі расейцамі, 53,3% — беларусамі. Уражвае й склад вышэйшага дзяржаўнага апарату: у 1951 г. урад Беларусі зь ліку 33 асоб меў 22 расейцы, 1 габрэя, 1 грузіна, 9 беларусаў.
Пад замену падлягалі прадстаўнікі нядобранадзейных народаў, у першую чаргу — гэбраі й часткова беларусы. (Нядобранадзейнасьць беларусаў збольшага патлумачвалася фактам іхнага перабываньня пад час вайны на акупаванй тэрыторыі.) Трэба адзначыць, што да вайны гэбраі займалі даволі значныя пасады ў партыйных структурах. Агульныя лічбы нацыянальнага складу сакратароў райкамаў і гаркамаў партыі ў 1939 ёсьць наступнымі: 196 былі беларусамі, 47 — гэбраямі, 36 — рускімі. Як бачна з пададзеных лічбаў, гэбраі займалі другое месца сярод сакратароў райкамаў і гаркамаў партыі.
Сытуацыя карэнным чынам зьмянілася напрыканцы 1945 г.—пачатку 1946 г. Так, пасьля выбараў партыйных органаў 1946—1947 гг. сярод першых сакратароў РК і ГК засталося ўсяго 2 гэбраі, ці 1,1%, другіх сакратароў — 8, альбо 4,2%. Далей справа замены гэбраяў пашыралася. З вынікаў выбараў у раённыя й гарадзкія партыйныя арганізацыі 1955 г., сярод сакратароў не аказалася ніводнага гэбрая. Гэтая практыка распаўсюдзілася й на наступныя гады. Так, у графе “нацыянальнасьць” даведніка для службовага карыстаньня “Данные о составе партийных кадров” амаль да забароны дзейнасьці структур КПБ—КПСС на тэрыторыі Беларусі сярод сакратароў гаркамаў і райкамаў партыі няма ніводнага гэбрая.
Якімі ж былі прычыны “выцясьненьня” гэбраяў-партыйцаў? У дадатак да таго, што казалася вышэй пра зьмены ў канцэпцыі “савецкага народа”, меліся й больш канкрэтныя прычыны.
Па-першае, адразу ж пасьля вайны з ініцыятывы І.Сталіна распачалася кампанія барацьбы зь “бязроднымі — касмапалітамі”, і, безумоўна, галоўнае гастрыё гэтай кампаніі было скіравана ня толькі супраць прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, але й супраць партыйных работнікаў-гэбраяў.
Гэбраі-камуністы, бясспрэчна, адчувалі такое стаўленьне да сябе — ігнараванне з нацыянальнай прыкметы. Некаторыя нават зьвярталіся ў вышэйшыя партыйныя інстанцыі з тым, каб прыцягнуць увагу да такога становішча й нейкім чынам выправіць сытуацыю. Характэрным прыкладам зьяўляецца ліст у ЦК КПСС і, зразумела, у ЦК КПБ, накіраваны ў студзені 1954 г. старшым інжынэрам Дзяржпляну БССР Б.Іофэ.
Ён, у прыватнасьці, азначаў: “зусім не вяжацца з ленінскім прынцыпам ажыццяўлення нацыянальнай палітыкі і з надзённымі задачамі дзяржавы тое становішча, што з ліку людзей, якім можна давяраць і даручаць займацца справамі партыі і дзяржавы, у цяперашні час абыдзена значная група членаў партыі гэбрайскага паходжання. Прыкладам такога становішча можа быць наступны факт: у беларускай партыйнай арганізацыі, у якой прыкладна 10% складаюць члены партыі-гэбраі, не знайшлося аніводнага, хто мог бы пачэсна выконваць абавязкі члена ЦК КПБ”. Але сытуацыя ў першай палове 50-х гадоў у адносінах да гэбрайства ўжо сфармавалася, і яе ніхто ня мог і не зьбіраўся мяняць.
Па-другое, да ўлады ў рэспубліканскія партыйныя структуры розных узроўняў прыйшла значная група расейцаў, пра што ўжо вялася гаворка вышэй. Некаторыя зь іх трымалі ў сабе рэанімаваныя комплексы традыцыяналісцкага вялікадзяржаўнага шавінізму — з адпаведным стаўленьнем да “іншародцаў”.
Па-трэцяе, пад час вайны вылучылася група ўплывовых, амбітных работнікаў-беларусаў, што дзейнічалі на акупаванай частцы тэрыторыі ў складзе савецкай “партызанкі”: камандзіры, камісары партызанскіх атрадаў, злучэньняў, партызанскіх брыгад, якія справядліва лічылі, што, правёўшы ўсю вайну на акупаванай тэрыторыі, атрымаўшы высокія ўрадавыя ўзнагароды, яны маюць права й надалей вызначаць лёс рэспублікі.
“Партызаны” — гэтак умоўна можна назваць памянёную групоўку — занялі пасады практычна ва ўсіх партыйных структурах — ад гаркаму, райкаму партыі да ЦК КП(б)Б. Дастаткова згадаць пэўныя прозвішчы, каб зразумець, хто прыйшоў да ўлады: У.Лабанок — Герой Савецкага Саюзу (1943 г.), са жніўня 1941 да чэрвеня 1944 гг. першы сакратар Лепельскага падпольнага райкаму партыі, зь ліпеня 1944 г. камандзір Лепельскай партызанскай брыгады, з 1944 г. пасьлядоўна ў апараце ЦК КП(б)Б, старшыня Полацкага, Гомельскага аблвыканкамаў, першы сакратар Віцебскага, Палескага абкамаў партыі, з 1962 г. першы намесьнік Старшыні, з 1974 — намесьнік Старшыні Прэзыдыюму ВС БССР; І. Клімаў — з мая 1943 да ліпеня 1944 г. першы сакратар Вілейскага падпольнага АК, у 1944—1953 гг. першы сакратар Вілейскага, Баранавіцкага, Маладэчанскага АК, з 1953 г. першы намесьнік, з 1962 — намесьнік Старшыні СМ БССР, у 1968—1974 гг. — намесьнік Старшыні Прэзыдыюму ВС БССР; В.Казлоў — з сакавіка 1941 г. сакратар Менскага АК, а зь ліпеня 1941 г. першы сакратар Менскага падпольнага АК, з сакавіка 1943 г. камандзір Менскага партызанскага злучэньня, у 1948—1967 гг. першы сакратар Менскага АК і ГК, у 1948—1967 гг. — Старшыня Прэзыдыюму ВС Беларусі; Р.Мачульскі — Герой Савецкага Саюзу (1944), у часе “партызанкі” ўпаўнаважаны ЦК КП(б)Б па Менскай і Палескай абласьцёх, сакратар Менскага падпольнага АК, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў злучэньня партызанскіх атрадаў Менскай і Палескай вобласьцяў, камандзір партызанскага злучэньня Барысаўска-Бягомльскай зоны, у 1947—1951 гг. намесьнік Старшыні Прэзыдыюму ВС.
Сьпіс можна доўжыць, але й па гэтых постацях бачна, што “партызаны” цьвёрда займалі вышэйшыя партыйныя й дзяржаўныя пасады. Праўда, адрозна ад Менску, пазыцыі беларусаў былі намнога слабейшымі. Да прыкладу, у заходніх абласьцёх Беларусі з 1.117 партыйных работнікаў мясцовымі зьяўляліся толькі 121, астатнія ж былі ці расейцамі, ці больш надзейнымі — усходнікамі.
Відавочна, што “партызаны” не прэтэндавалі на якую-кольвек партыйную незалежнасьць ад Масквы. Аднак “партызанская” карпартыўнасьць часам спрацоўвала. На чэрвеньскім (1953 г.) Пленуме ЦК КПБ менская партызанская намэнклятура праявіла характар і не згадзілася з пазыцыяй Масквы, якая спрабавала замяніць М.Патолічава на крэатуру Масквы — М.Зімяніна.
Наколькі моцна гучалі карпаратыўныя “галасы” сакратароў абкамаў партыі, сярод якіх было шмат “партызанаў”, сьведчыць той факт, што яны фактычна вызначылі лёс П.Машэрава. Прыехаўшы ў Менск праводзіць арганізацыйны Пленум, К.Мазураў меў “рэкамэндацыі” Крамлю на выбраньне першым сакратаром ЦК КПБ Ц.Кісялёва. Аднак напярэдадні Пленуму ён сустрэўся зь першымі сакратарамі абкамаў партыі, каб “параіцца й абмеркаваць” гэтае пытаньне. Пры “абмеркаваньні” ўсе сакратары абкамаў партыі аднагалосна выказаліся за кандыдатуру П.Машэрава, які й стаў першым сакратаром ЦК КПБ.
Неабходна заўважыць, што П.Машэраў як “наменклатуршчык № 1” рэспублікі поўнасьцю падпарадкоўваўся той сыстэме, якой ён гэтак апантана служыў, зьяўляючыся шматгадовым кандыдатам у члены Палітбюро ЦК КПСС. Пра ягоную адданасьць гэтай сыстэме сьведчыць і той факт, што камуністычныя ідэі й інтарэсы ён ставіў вышэй за нацыянальныя. Спамінаючы асобу П.Машэрава, народны пісьменьнік Беларусі І.Шамякін пісаў: “Прыгадаў Пятра Міронавіча… У самым галоўным — Камуніста. Многа добрага зрабіў гэты чалавек для эканомікі, для культуры. Але… Знікала ж мова народа — аснова нацыянальнай культуры. Гэтыя пытанні мы задавалі і тады, гэты боль пёк, і мы крычалі. Казалі і Машэраву, і ён згаджаўся. Але русіфікацыя не спынялася. Яна ішла гэтак жа інтэнсіўна, як пры Гусараве (дык гэта ж рускі), пры Мазураве; нават русак Панамарэнка не дазваляў такіх паваротаў, калі газеты заходніх абласцей, раёнаў, “Сельская газета” пераводзіліся на рускую мову. Працэс гэты не быў стыхійным. Ён заахвочваўся пры сарамлівым замоўчванні многіх. Машэраў ніводнага разу ні на адным пленуме, нарадзе, з’ездзе, сесіі, урачыстым пасяджэнні — не выступіў па-беларуску”.
Дадамо: калі ў гістарычнай літаратуры, мэмуарах, успамінах і г.д. вядзецца гаворка пра П.Машэрава як “славутага сына беларускага народа”, то больш дакладна, на наш погляд, гаварыць пра гэтага чалавека як “славутага сына камуністычнай партыі”, а не народу, бо атаясамляць паняткі “партыя” й “народ” ніяк нельга. Прыклад дзейнасьці П.Машэрава як першага сакратара ЦК КПБ і першага “наменклатуршчыка” ў рэспубліцы па практычным ажыцьцяўленьні міту пра стварэньне новай супольнасьці “савецкі народ” й правядзеньні татальнай русіфікацыі паказвае дзейснасьць як сыстэмы намэнклятуры, так і рознасьці паняткаў “інтарэсы партыі” й “інтарэсы народу”.
Другі пэрыяд, сярэдзіна 60-х—канец 80-х гадоў (да 1982 г.) — можна а характарызаваць як брэжнеўскі. Ён вызначаўся стабільнасьцю, значна меншымі зьменамі й колькасна меншым пераразьмеркаваньнем намэнклятурных пасад у межах той ці іншай намэнклятурнай групы. Напрыклад, калі з 1943 да 1964 г. першымі сакратарамі Менскага АК КПБ працавалі 9 чалавек, і больш за 3—4 гады не затрымліваліся на гэтай пасадзе, то, пачынаючы з 1964 г., тэрмін “сядзення” на пасадзе першых сакратароў абкамаў партыі рэзка ўзрастае.
Так, ачоліўшы ў сьнежні 1964 г. Менскі АК, І.Палякоў працаваў у якасьці першага сакратара да студзеня 1977 г. Замяніўшы яго, У.Мікуліч кіраваў сталічнай вобласьцю з сакавіка 1977 г. да студзеня 1985 г., а з сакавіка 1985 г. і да абраньня першым сакратаром рэспубліканскага ЦК (1990 г.) сталічную партарганізацыю ўзначальваў А.Малафееў. Такая стабільнасьць і “давер” да кадраў характэрныя й для іншых вобласьцяў Беларусі.
Аналізуючы сыстэму намэнклятуры й уплыў на яе фармаваньне Масквы, трэба коратка спыніцца й на кланавых групоўках унутры рэспублікі ў пасьляваенны час. Ужо згадвалася пра моц і уплыў “партызанскай групоўкі”, якая асацыявалася зь менскім “кланам”. Так, з 16 работнікаў, вылучаных на элітныя пасады, 10 зьяўляліся прадстаўнікамі менавіта Менскай вобласьці — прычым, 8 зь іх былі ў мінулым кіраўнікамі партызанскіх фармаваньняў.
Аднак трагічная сьмерць П.Машэрава ў 1980 г., прызнанага лідэра “партызан”, значна падарвала пазыцыі апошніх. Фактычна з пагібельлю П.Машэрава клан “партызан” страціў усе свае пазыцыі ва ўладных структурах рэспублікі. Тым ня менш, негледзячы на паступовы зыход “партызан” з палітычнай арэны, менская групоўка заставалася па-ранейшаму самай уплывовай у рэспубліцы. Так, у 1976—напрыканцы 80-х гг. “мінскі клан” наагул займае трывалае месца ў рэспубліцы па вылучэньні на вышэйшыя пасады сваіх прадстаўнікоў: за адзначаны час ён даў 7 з 14 вылучэнцаў у рэспубліканскую эліту. “Мінскі клан” зьвязаны, перш за ўсё, з імёнамі М.Слюнькова, В.Ляпёшкіна, А.Рэута, якія перайшлі з партыйных пасад у Менску на працу ў Маскву й вярнуліся ў 1983 г. на кіроўныя пасады ў Беларусь.
Пэўны ўплыў у рэспубліцы меў “віцебскі клан”, які атаясамляўся з імёнамі А.Аксёнава й У.Бровікава. Лідэры гэтай фракцыі набылі за час працы ў Маскве цесныя сувязі з цэнтральнай палітычнай элітай у СССР. Іх імклівы палітычны рост шмат у чым тлумачыцца жаданьнем “крамлёўскіх палітыкаў” стварыць пэўную процівагу ўплыву П.Машэрава й “партызан” у рэспубліцы. Найбольш уплывовай палітычнай асобай зь Віцебскай вобласьці зьяўляўся А.Аксёнаў. Сувязі, набытыя ў Маскве за тым часам, калі працаваў сакратаром ЦК ВЛКСМ, дазвалялі яму хутка рухацца па кар’ернай лесьвіцы. З 1966 да 1971 гг. А.Аксёнаў працаваў першым сакратаром Віцебскага абкаму партыі. Зь ягонай дапамогай на пасаду сакратара абкаму быў вылучаны У.Бровікаў. Адпаведна з тым, як А.Аксёнаў займаў вышэйшыя намэнклятурныя пасады, рухаўся й У.Бровікаў. Так, ён замяшчае А.Аксёнава на пасадзе другога сакратара ЦК КПБ у 1978 г., калі апошні стаў Старшынём СМ БССР .
Аналізуючы гісторыю БССР савецкага пэрыяду, адносіны Цэнтру й нацыянальнай рэспублікі, істотна, перш за ўсё, улічваць той факт, што важнейшым элемэнтам гэтых узаемаадносінаў зьяўлялася сыстэма намэнклятуры — “зачыненай, карпаратыўнай сістэмы ўлады з жорсткай іерархічнай падпарадкаванасцю, што выключала якую-небудзь праяву самастойнасці і ініцыятывы, сыстэмы, кіруемай па прынцыпу “зверху-ўніз”.
Прынцыпы збудовы партыйнай намэнклятуры рэспублікі й Цэнтру мала чым розьніліся. Нацыянальныя асаблівасьці беларускай намэнклятуры — невыразныя. Ёйныя “нацыянальныя інтарэсы” выявіліся, бадай што, у адным — даволі пасьпяховым працэсе савецкай мадэрнізацыі беларускай эканомікі. Гэтыя інтарэсы, аднак жа, ніяк не супярэчылі інтарэсам Масквы. Паводле савецкай дактрыны, БССР — фарпост савецкай сыстэмы — і, адпаведна, Беларусь мусіла дэманстраваць усе “перавагі” сацыялістычнага ладу жыцьця й сацыялістычнай эканомікі.
Цягам усяго свайго існаваньня намэнклятура КПСС—КПБ не знаходзілася ў статычным стане. Яна “эвалюцыянавала”, пазбаўляючыся ад другарадных, не прынцыповых, пасадаў ці, наадварот , уводзячы шэраг новых. Адно заставалася непарушным: Масква, дэкляруючы прыхільнасьць да “свабоднага развіцця” Беларусі, тым ня менш, ніколі ёй не давярала. Не давярала хаця б таму, што ўсе, без вынятку, прызначэньні на вышэйшыя рэспубліканскія партыйныя, дзяржаўныя, прафсаюзныя, камсамольскія ды іншыя пасады ажыцьцяўляліся выключна Масквой,— і праз гэтыя прызначэньні яна фактычна кантралявала ўсе кірункі жыцьця беларускага грамадзтва, што азначала адсутнасьць рэальнага сувэрэнітэту рэспублікі — як ува ўнутраных, так і ў міжнародных справах.
Характэрнай асаблівасьцю намэнклятуры — як агульнасаюзнай, так і рэспубліканскай — зьяўлялася ейная першапачатковая нелегітымнасьць. Ні ў адным заканадаўчым дакумэнце ці нарматыўным акце не было й згадкі пра тое, што работнік, які ўваходзіць ў намэнклятуру, прызначаецца на пасаду толькі пасьля дазволу партыйнага органу праўнай партыі. З гэтага вынікае, што прынцып карпаратыўнага прызначэнства на дзяржаўныя пасады — роўна, як і на прафсаюзныя, камсамольскія ды іншыя — супярэчыў канстытуцыйным нормам СССР і БССР аб выбарнасьці ўлады.
Распад намэнклятуры адбываўся ў некалькі этапаў: у 1989 г. Камісія ЦК КПСС у пытаньнях партыйнага будаўніцтва й кадравай палітыкі прыняла рашэньне аб скасаваньні “ўлікова-кантрольнай наменклатуры”, і у жніўні 1990 г. Сакратарыят ЦК КПСС вырашыў “скасаваць наменклатуру пасад ЦК КПСС”, а пасьля, яшчэ праз год,— вышэйшая партакратыя рэспублікі назаўсёды пазбавілася ўлады.
Літаратура
1. Арендт Х. Истоки тоталитаризма. М., 1996.
2. Бердяев Н. Истоки и смысл русского коммунизма. М., 1990.
3. Джилас М. Лицо тоталитаризма. М., 1992.
4. Восленский М. Номенклатура. Господствующий класс Советского Союза. М., 1991.
5. Тоталитаризм в Европе в 20 вв.: Из истории идеологий, движений, режимов. М., 1996.
6. Тоталитаризм и посттоталитаризм. М., 1994. Кн. 1—2.
7. Тоталитаризм: исторический опыт Восточной Европы. М., 1995.
8. Звезда и свастика: большевизм и русский фашизм. М., 1994.
9. Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. М., 2000.
10. Платонаў Р. Палітыкі. Ідэі. Лёсы. Грамадзянскія пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэолага-палітычнага дыктату ў Беларусі 20-х—30-х гг. Мн., 1996.
11. Платонаў Р. Лёсы. Гісторыка-дакументальныя нарысы аб людзях і малавядомых падзеях духоўнага жыцця ў Беларусі 20-х—30-х гг. Мн., 1998.
12. На крутым павароце. Ідэолага-палітычная барацьба на Беларусі ў 1929—1931 гг. Дакументы, матэрыялы, аналіз. Мн., 1999.
13. Коммунистическая партия Белоруссии в цифрах. 1918—1919. Мн., 1978.
14. Данные о составе партийных кадров. Справочник для служебного пользования. Мн., 1989.
15. Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў 20 ст. // Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі. Мінск, 27—28 лютага 1998 г.
Анатоль ВЯЛІКІ.
Лекцыя 8. НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПЫТАННЕ, АЛЬБО РЭПРЭСАВАННЕ КУЛЬТУРНАЙ І НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭНТЫЧНАСЦІ
Плян:
1. Беларусізацыя
2. “Праца” з нацыянальнымі меншасьцямі
Беларусізацыя
Вядома, што адно з цэнтральных месцаў ў грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі 20-х гадоў займала палітыка беларусізацыі. За апошняе дзесяцігодзьдзе айчынныя гісторыкі зрабілі шмат дзеля высьвятленьня гэтай праблемы. Разглядаючы яе, большасьць аўтараў абмяжоўваецца, аднак, аналізам рашэньняў студзеньскага й кастрычніцкага Пленумаў ЦК КП(б)Б (1925 г.), кастрычніцкага Пленуму (1926 г.), якія вызначылі стаўленьне й адносіны КП(б)Б да беларусізацыі.
Такі падыход, відавочна, недастатковы, бо тое, што афіцыйна дэкляравалася й абмяркоўвалася на шматлікіх партсходах, зусім адрозьнівалася ад таго, што таксама абмяркоўвалася, але ніколі не рабілася здабыткам галоснасьці, заставалася невядомым нават пэўнай колькасьці сябраў партыі й захоўвалася пад грыфам “сакрэтна” ці “зусім сакрэтна”.
Разам з тым, патрабуе карэктыроўкі й пераасэнсаваньня тэзіс пра тое, што “палітыка беларусізацыі з’яўлялася ні чым іншым, як канкрэтным выяўленнем нацыянальнай палітыкі Кампартыі Беларусі” й што ейныя вытокі — “у ленінскай бальшавіцкай нацыянальнай праграме”.
Бліжэй да ісьціны — і гэта пацьвярджаецца архіўнымі дакумэнтамі — меркаваньне акадэміка М.Касьцюка: “Каб не дапусціць рэалізацыі ідэі нацыянальнай незалежнасці і крыху задаволіць імкненні мясцовых нацыянальных дзеячоў у гэтым пытанні, кіраўнікі партыі і дзяржавы вымушаны былі пайсці на ажыццяўленне палітыкі беларусізацыі”. Так, менавіта “вымушаны былі пайсці”, спрабуючы цалкам кантраляваць якія б там ні было праявы нацыянальных памкненьняў беларусаў. Думка М.Касьцюка пацьвярджае й той факт, што амаль да 1924 г. партыя не надавала аніякай значнай увагі нацыянальнаму пытаньню.
Пра гэта сьведчаць выказваньні ейнага колішняга лідэра, першага сакратара ЦК КП(б)Б А.Крыніцкага. У дакладзе “Аб палітычнай справаздачы ЦК КП(б)Б і матэрыялах па чарговых пытаннях нацыянальнай палітыкі” ён заявіў: “У 1921 г. ва ўвесь рост паўстала пытанне аб тым, што ўся партыя павінна ўзяцца за правядзенне нацыянальнай палітыкі. Аднак тут мы бачым такую з’яву, што яшчэ ў 1921 і нават у 1923 гг. палітычная справаздача ЦК, ЦБ амаль не закранала нацыянальнай палітыкі і, напрыклад, адзін з дакладчыкаў у 1923 г. у заключнам слове кажа, што гэтае пытанне, магчыма, мала абмяркоўвалася на пасяджэннях ЦБ”.
Яшчэ адным сьведчаньнем таго, што нацыянальная праблема менш за ўсе турбавала вышэйшае партыйнае кіраўніцтва Беларусі ў 1921—1923 гг., ёсьць пералік пытаньняў, якія абмяркоўваліся на паседжаньнях Цэнтральнага Бюро (ЦБ). Напрыклад, у першым квартале 1921 г. пытаньні нацпалітыкі разглядаліся 1 раз, у другім — 2, у трэцім — 3, у чацьвёртым — 3. Для параўнаньня: за аналягічны пэрыяд пытаньні партыйнага будаўніцтва абмяркоўваліся адпаведна 16, 46, 32, 26 разоў; савецкага — 4, 28, 11, 21; культурнага — 7, 5, 8, 16.
У дакладзе А.Крыніцкага зьвяртае на сябе ўвагу й яшчэ адзін важны момант, які характарызуе формы й мэтады партыйнага кіраўніцтва нацыянальным працэсам. А.Крыніцкі адзначыў: “Мы праводзім беларусізацыю як цвёрдую лінію, калі хочаце, з элементамі прымусовай беларусізацыі ў адносінах да дзяржаўнага, кааператыўнага апарату, партыйнага, камсамольскага актыву… аднак у адносінах да рабочых і сялян не праводзім аніякай прымусовай беларусізацыі”.
А.Крыніцкі меў рацыю, калі казаў аб “прымусовай беларусізацыі” партыйнага й дзяржаўнага апаратаў, бо і той, і другі ў гэты час ужо стаялі на пазыцыі яе ціхага байкатаваньня. Уяўленьне пра тое, як на месцах пачалі байкатаваць выкананьне рашэньняў вышэйшых партыйных органаў, дае справаздача Віцебскага акружкаму КП(б)Б за 1926—1927 гг. Адметнасьць яе ў тым, што пэрыяд з 1925 да 1927 гг., паводле меркаваньняў беларускіх гісторыкаў,— “час найбольш актыўнага правядзеньня беларусізацыі”.
Дык вось, пад час “найбольш актыўнага правядзення беларусізацыі” Віцебскі акружкам адзначаў, што “пры пэўным пераломе ў ажыццяўленьні беларусізацыі арганізацыя не змагла яшчэ вывучыць ні беларускай мовы, ні беларускай культуры. Бюро акружкома ў лістападзе мінулага года (1926 г.) дало заданне адказным таварышам вывучыць беларускую мову да 1 студзеня 1927 г. Пры праверцы вызначылася, што большасць з іх зусім не чытаюць беларускай літаратуры, зусім не чытаюць беларускіх газет…”
Праверка паказала, што работнікі АК КП(б)Б ведаюць беларускую мову наступным чынам: добра — 9%, сярэдне — 35%, слаба — 40%, ня ведаюць — 16%. Яшчэ горшымі былі вынікі праверкі Віцебскай гарадзкой партарганізацыі, якая налічвала ў той час 3.752 камуністы. Зь іх толькі 208, ці 5,5%, добра ведалі беларускую мову, 532, ці 14,2% — сярэдне, 899, ці 23,9% — слаба, 2.133, ці 56,4% — зусім ня ведалі. У Віцебску вынікі аказаліся яшчэ горшымі: добра ведалі мову 4,3%, здавальняльна — 6,5%, слаба — 21,2%, наагул ня ведалі — 69% партыйцаў.
Апанэнты могуць запярэчыць, што прыклад Віцебскай акругі не характэрны, бо яна была найбольш зрусіфікаваная. Гэта так, але партыйныя рашэньні зьяўляліся абавязковымі для ўсіх — у тым ліку, і для камуністаў Віцебшчыны. З фармальнага пункту гледжаньня гэта азначала, што амаль уся партыйная акруговая арганізацыя ня выканала рашэньняў ЦК. Дзіўная сытуацыя. Бо партыйная дысцыпліна на той час ужо была настолькі моцнаю, што ня выканаць даручэньня вышэйшага партыйнага органу азначала страціць практычна ўсё.
Калі прыклад Віцебскай партарганізацыі ўсё ж разглядаць як “выключэнне”, то паўстае пытаньне: а чаму тады становішча ў сталічнай арганізацыі ня надта адрозьнівалася ад становішча ў віцебскай. Тут, хоць акружная партарганізацыя й высунула лёзунг “Да 1 студзеня 1927 г. актыў партарганізацыі павінен гаварыць на беларускай мове”, справа, аднак, далей за словы ня рухалася. Так, у Пастанове, зацьверджанай Бюро Менскага АК КП(б)Б (13.06.1927 г.), па выніках разгляду пытаньня “Аб правядзенні беларусізацыі ў Мінскай арганізацыі КП(б)Б” казалася аб “Некаторым зруху ў партыйнай арганізацыі ў адносінах да пытання беларусізацыі, які праяўляецца ў разуменні яе палітычнага значэння”.
Трэба толькі ўдумацца ў сэнс гэтага сказу. Нагадаем, што з 1 студзеня 1927 г. партыя павінна была загаварыць па-беларуску, а тут толькі праяўляюцца “некаторы зрух і разуменне”. Зважым і на тое, што сталічная партыйная арганізацыя, як абвесьціла ейнае кіраўніцтва, мусіла быць “у гэтым пытанні ўзорам для іншых арганізацый КП(б)Б”.
Ня надта зьмянілася становішча й у наступным, 1928, годзе. Так, праверка Гомельскай партарганізацыі, праведзеная ЦК КП(б)Б у красавіку—маі 1928 г., паказала, што “У некаторых выпадках сустракаецца варожае стаўленне да беларусізацыі, а таксама нежаданне праводзіць дырэктывы ЦК па гэтаму пытанню. Напрыклад, сакратар партыйнай ячэйкі фабрыкі “Везувій” заявіў, што ён “Звязду” не чытаў, не чытае і не будзе чытаць”. Нагадаем: з 1927 г. “Звязда” — друкаваны орган ЦК КП(б)Б — выходзіла на беларускай мове, і зразумела, што такое стаўленьне да беларускамоўнай газэты не шэраговага партыйца, а сакратара партячэйкі гаварыла й пра ягонае стаўленьне да беларусізацыі.
Ніяк сытуацыя не зьмянілася й у наступным 1929 г. На акружным, гарадзкім ды раённым узроўнях толькі канстатавалася аб невыкананьні рашэньняў адносна беларусізацыі — дый годзе. Напрыклад, у справаздачы Магілеўскага АК КП(б)Б (сакавік 1929 г.) адзначалася, што “Выкананню гэтай дырэктывы АК амаль што не надаў аніякай увагі. АК ні разу не абгаварыў гэтага пытання, ніякіх практычных мерапрыемстваў па выкананню гэтай дырэктывы не прадпрымаў, і абмяжоўваўся толькі тым, што па дакладах асобных ячэек даваў агульныя дырэктывы “аб рашучым правядзенні беларусізацыі”.
Такім чынам, тэндэнцыя ў дзеяньнях партапарату й партыі адносна беларусізацыі ўжо яскрава вызначылася. Прымаліся шматлікія пастановы агульнага зьместу, якія нікога ні да чога не абавязвалі, канстатаваўся факт невыкананьня іх — і на гэтым ўсё скончвалася. Маўклівая апаратная бюракратычная машына працавала бяз збояў. Партыя, ня маючы моцы адмяніць беларусізацыю пастановай, альбо іншым дырэктыўным рашэньнем, “адмяніла” яе бюракратычным шляхам.
Натуральна, нішто не зьмянілася, дый не магло зьмяніцца, і напачатку 30-х гадоў. Справа беларусізацыі пайшла па “добра” адпрацаванай партыйна-бюракратычнай каляіне: прымаліся рашэньні пра “больш рашучыя захады”, “узмацненне тэмпаў беларусізацыі”, потым канстатавалася адступленьне ад іх — і… усё паўтаралася наноў. І што цікава: нікога не здымалі з працы, ніхто не атрымоўваў партыйных спагнаньняў. Ніводнаму зь першых сакратароў РК, ГК КП(б)Б не абвесьцілі вымовы, нікога не пазбавілі пасады, не склікаліся нарады з факту невыкананьня пастановы вышэйшага партыйнага органу.
Гэта тым больш дзіўна, што партыя ўжо ўяўляла зь сябе строга цэнтралізаваную, зачыненую карпаратыўна-бюракратычную сыстэму з жорсткай ярархічнай падпарадкаванасьцю й абавязковым выкананьнем рашэньняў вышэйшых партыйных органаў — ніжэйшымі. Адказ на пытаньне, чаму такое адбывалася, можна знайсьці, у прыватнасьці, у словах сябра партыі з Талачынскага раёну, які заявіў: “Калі не буду ведаць беларускай мовы, то мяне ў турму не пасадзяць, а калі не дам своечасовых звестак (аб сельскагаспадарчых нарыхтоўках, выкананні розных планаў і г.д. — аўт.), дык пасадзяць”. У гэтых словах, безумоўна, была значная доля праўды. Сурова каралі не за няведаньне мовы, а за незьдзяйсьненьне рознага кшталту гаспадарчых кампаніяў.
Той факт, што напачатку 30-х гадоў беларусізацыя ператвараецца ў фармальна-бюракратычны працэс, у якім ніхто ні за што не адказваў, па сутнасьці сьведчыць: адразу рэальнай праблемай для партыі была не праблема беларусізацыі, а праблема так званага “нацыянальнага пытання”, якое ў СССР мусіла быць зьліквідаванае наагул.
Разглядаючы адносіны праўнай партыі да беларусізацыі, неабходна ўзяць пад увагу нацыянальны склад КП(б)Б, а таксама й задачы, што ставіліся перад партыйнымі арганізацыямі ў так званых “нацыянальных рэспубліках”.
Агульнае ўяўленьне пра нацыянальны склад КП(б)Б на розных узроўнях дае наступная табліца.
Ответственные работники окружнога масштаба
Период |
Количество |
Национальный состав в % |
||||
Бел. |
Рус. |
Евреи |
Поляки |
Проч. |
||
01.02.1924 |
123 |
16,3 |
22,0 |
40,6 |
4,9 |
16,2 |
01.09.1925 |
163 |
27,0 |
21,4 |
33,1 |
3,7 |
14,8 |
01.03.1927 |
262 |
41,2 |
13,6 |
30,5 |
3,8 |
10,9 |
Ответственные работники уездного масштаба
Периоды |
Количество |
Национальный состав в % |
||||
Бел. |
Рус. |
Евреи |
Поляки |
Проч. |
||
01.02.1924 |
817 |
23,6 |
26,0 |
36,9 |
5,8 |
7,7 |
01.09.1925 |
840 |
33,7 |
20,2 |
31,9 |
5,5 |
8,7 |
01.03.1927 |
728 |
50,8 |
14,2 |
23,7 |
3,1 |
8,2 |
Национальный состав секретарей сельрайкомов и горрайкомов
Нацсостав в % |
||||||
Общ.кол |
Белор. |
Рус. |
Евреев |
Поляков |
Прочих |
|
Сельрайкомы: | ||||||
Январь 1925 г. |
100 |
57,0 |
18,0 |
10,0 |
5,0 |
7,0 |
Апрель 1925 г. |
100 |
45,0 |
21,0 |
18,0 |
4,0 |
6,0 |
Ноябрь 1925 г. |
100 |
60,0 |
13,0 |
11,0 |
2,0 |
8,0 |
Гор. РК: | ||||||
Ноябрь 1926 г. |
12 |
33,5 |
8,4 |
50,0 |
— |
8,3 |
Хоць табліца й паказвае на значную прысутнасьць беларусаў у партыйных органах, аднак іхнае становішча ў вышэйшых партыйных структурах не было вызначальным. Да таго ж, трэба мець на ўвазе, што галоўнай ідэалягемай партыі быў так званы “інтэрнацыяналізм”. Большасьць прадстаўнікоў партыйнага апарату, выхаваная на “інтэрнацыяналісцкіх поглядах”, калі не варожа, то, у лепшым разе, абыякава ставілася да беларусізацыі. Усур’ёз ейныя задачы й мэты ўспрымала толькі невялікая частка так званых нацыянал-камуністаў. Трапную характарыстыку пераважнае часткі партыйнага апарату даў вядомы беларускі гісторык Р.Платонаў, адзначыўшы, што да ўлады прыйшлі “дэнацыяналізаваныя элементы, выхаваныя ў духу касмапалітычнага інтэрнацыяналізму”.
У папярэдніх лекцыях мы ўжо адзначалі: “беларускія камуністы” на 3 зьезьдзе КП(б)Б (22—26 лістапада 1920 г.) прымаюць рашэньне аб тым, што “КП(б)Б — абласная арганізацыя РКП”. Словазлучэньне “беларускія камуністы” нездарма тут узята ў двухкосьсе: на той час у кіраўніцтве КП(б)Б не было беларусаў. Характарыстыка тым, хто прыйшоў да ўлады й прымаў такога кшталту рашэньні, была дадзена ў “Заяве 32-х” (студзень 1920 г.), у якой падкрэсьлівалася, што “ В Белоруссии не оказалось на месте необходимых кандидатур на ответственные посты и, естественно, у власти очутились те же почти коммунисты, как их называют, бедовский люд, что и раньше”.
Гэты “бедовский люд” і сфармаваў беларускую партарганізацыю, якая фактычна існавала на правох любой расейскай абласной партарганізацыі. Атрымоўвалася структура кшталту партыйнага Паўночна-Заходняга краю — толькі ва ўмовах камуністычнага Савецкага Саюзу, а не імпэратарскай Расеі.
Што ж датычыць стратэгічнага бачаньня нацыянальнага пытаньня, то ў ім ужо ў першай палове 1920-х гадоў сталі пераважаць сталінскія падыходы. На нарадзе па нацыянальным пытаньні, якая адбылася ў Маскве ў 1923 г., І.Сталін заявіў: “Неабходна памятаць, што нашыя камуністычныя арганізацыі на акраінах, у рэспубліках і абласцях могуць развівацца і стаць на ногі, зрабіцца сапраўдным інтэрнацыяналістычным, марксісцкім кадрам толькі ў тым выпадку, калі пераадолеюць нацыяналізм. Нацыяналізм — асноўная ідэйная перашкода на шляху вырошчвання марксісцкіх кадраў, марксісцкага авангарду на акраінах”.
Пра тое, што Крэмль уважліва сачыў за ажыцьцяўленьнем нацыянальнай палітыкі ў Беларусі, сьведчаць штогадовыя справаздачы ЦК КП(б)Б у ЦК ВКП(б)Б. Напрыклад, у лістападзе 1926 г., заслухаўшы й абмеркаваўшы справаздачу “абласной партыйнай арганізацыі” ЦК ВКП(б), адзначыўшы “правільнасць лініі КП(б)Б у нацыянальным пытанні”, ЦК падкрэсьліў неабходнасьць “тлумачэння нацыянальнай палітыкі ВКП(б) і небяспекі нацыяналістычных ухілаў — як беларускага, гэтак і расейскага,— і выпраўлення наяўных нацыяналістычных скажэнняў”.
Вышэйшае партыйнае кіраўніцтва КП(б)Б добра й “правільна” зразумела рэкамэндацыі Крамлю аб барацьбе з “нацыяналістычнымі ўхіламі”. Калі на 10 зьезьдзе КП(б)Б (3—10 студзеня 1927 г.) прыхільнікі гэтак званай нацыянал-дэмакратычнай плыні выказваліся за захаваньне беларускага культурнага вобліку рэспублікі, дык іх назвалі шавіністамі й контррэвалюцыянэрамі, што, паводле бальшавіцкай тэрміналёгіі, азначала зьвінавачаньне за самае вялікае злачынства супраць савецкай улады.
Такім чынам, можна сьцьвярджаць, што лёс беларусізацыі быў прадвызначаны з таго моманту, як толькі партыя ўзяла яе пад свой кантроль. Ці магло дазволіць сталінскае кіраўніцтва ВКП(б), каб у адным зь ейных “атрадаў” разгортвалася нацыянальная праца? Пытаньне рытарычнае.
Менавіта ў партыі й выявіўся моцны супраціў беларусізацыі, які празь ейныя структуры распаўсюджваўся на ўсе сфэры грамадзтва. Менавіта партыя, распачаўшы барацьбу з “нацдэмаўшчынай”, давяла яе да лягічнага канца — поўнага разгрому нацыянальнага руху й усяго таго, што было зьвязана зь беларусізацыяй.
Ня меншая ўвага партыйных і савецкіх органаў у другой палове 20-х гадоў надавалася й працы сярод нацыянальных меншасьцяў, і, у прыватнасьці,— сярод гэбраяў і палякаў.
“Праца” з нацыянальнымі меншасьцямі
З заканчэньнем савецка-польскай вайны й другім абвешчаньнем БССР сталася магчымым падступіцца да мірнага будаўніцтва. Таму адразу ж, у жніўні 1920 г., пры ЦК КП(б)Б былі арганізаваныя гэбрайская й польская нацыянальныя сэкцыі, якія мусілі займацца ўсімі справамі нацыянальнага жыцьця гэбраяў ды палякаў.
Патрэба хуткага стварэньня ў структуры КП(б)Б Яўсэкцыі тлумачылася наяўнасьцю значнай колькасьці гэбрайскага насельніцтва ў рэспубліцы. Так, напрыканцы грамадзянскай вайны колькасьць яго ў рэспубліцы, у ейных колішніх межах, складала прыкладна 444 тыс. чалавек, альбо 8,2%, якое збольшага пражывала ў гарадох і мястэчках.
Яўсэкцыі былі створаны ва ўсіх акружных, раённых і гарадзкіх партыйных арганізацыях, аднак галоўнае кіраўніцтва працай зь яўрэямі усіх створаных партструктур належала Цэнтральнаму гэбрайскаму бюро (Яўбюро) пры ЦК КП(б)Б, заснаванае 8 жніўня 1920 г. У лісьце “Да ўсіх камітэтаў партыі Літвы і Беларусі” абвяшчалася: “Пры ЦБ Беларусі створана і ўжо прыступіла да працы Галоўнае бюро гэбрайскіх камуністычных секцый…” У ім жа вызначаліся й задачы дзейнасьці Яўбюро: “1. Вядзенне агітацыі і прапаганды як вусна, гэтак і пісьмова сярод гэбрайскіх рабочых і беднаты; 2. Партыйнае выхаванне сябраў партыі, якія размаўляюць на гэбрайскай мове; 3. Барацьба супраць уплыву гэбрайскіх буржуазных і мелкабуржуазных партый…; 4. Арганізацыя гэбрайскага пралетарыяту ў шэрагах адзінай камуністычнай партыі”.
Асноўную ролю ў беларускай Яўсэкцыі адыгрывалі былыя актыўныя дзеячы гэбрайскіх партыяў — у асноўным выхадцы з Бунду, якія перайшлі на бок бальшавікоў і якія варожа ставіліся як да сіяністаў, так і да артадаксальнай гэбрайскай культуры й наагул да гэбрайскага жыцьця, заснаванага на традыцыях юдаізму. Таму зь першых дзён існаваньня дзейнасьць Яўбюро разгортвалася пераважна ў трох накірунках — барацьбы з рэшткамі бундаўскіх традыцыяў і з праявамі сіянізму; вынішчэньня артадаксальнай гэбрайскай рэлігіі, традыцыяў і мовы.
Атрымаўшы своеасаблівы “карт-бланш” ад ЦБ на працу з гэбрайскім насельніцтвам і адчуваючы падтрымку партыйнага апарату, Яўбюро заняло вельмі жорсткую пазыцыю дачынна сваіх апанэнтаў — гэбрайскіх палітычных партыяў, грамадзкіх і дабрачынных арганізацыяў, традыцыйных гэбрайскіх культурных і адукацыйных інстытутаў — хедараў і іешыў. Галоўнай задачай зьяўлялася дыскрэдытацыя іхнае дзейнасьці, а потым — і палітычнае знішчэньне апанэнтаў.
У першую чаргу, Яўбюро распачало бескампраміснае змаганьне з Бундам. Пра адносіны да яго сьведчаць тэзысы Яўбюро. У іх адзначалася, што “1. Бунд, нягледзячы на сваё прызнанне камунізму, праграмы і тактыкі РКП(б), па сутнасці з’яўляецца мелкабуржуазнай партыяй; 2. Дзякуючы факту свайго існавання, Бунд становіцца цэнтрам прыцягвання для нацыяналістычных элементаў гэбрайскай мелкабуржуазнай, так званай сацыялістычнай інтэлігенцыі, якая пранікае ў шэрагі рабочага руху…; 3. Рашучая барацьба з Бундам патрабуе адхілення Бунду з усіх кіруючых органаў савецкай улады”.
Яшчэ больш жорсткую пазыцыю яўсэкі занялі адносна гэбрайскіх грамадзкіх і дабрачынных арганізацыяў. Ува ўжо згаданых тэзысах адзначалася “неабходнасць поўнай ліквідацыі гэбрайскіх грамадскіх арганізацый”.
Адной з асноўных задач Яўсэкцыя лічыла правядзеньне палітыкі партыі й прапаганду ейных ідэяў толькі на мове ідыш: у адпаведнасьці з Дэкрэтам ураду ад 1 жніўня 1920 г., яна, разам зь беларускай, рускай і польскай, абвяшчалася дзяржаўнай мовай. Рэзка адмоўнае стаўленьне яўсэкаў да іўрыту робіцца зразумелым, калі ўзяць пад увагу той факт, што іўрыт для іх азначала — “клерыкалізм”, “нацыяналістычны сіанізм” і г.д.
Найбольш яскрава праявіліся адносіны Яўсэкцыі да нацыянальнай культуры гэбраяў у пытаньні існаваньня хедараў і іешыў. На працягу вякоў гэтыя інстытуты традыцыйнай гэбрайскай адукацыі лічыліся ў беларускіх гэбраяў асновай выхаваньня дзяцей, гэбрайскай самасьвядомасьці. Аднак на пачатку 1920-х гадоў яўсэкі прымаюць рашучыя захады да зьнішчэньня іх. Так, у студзені 1922 г. на нарадзе прадстаўнікоў яўсэкцыяў абмяркоўвалася пытаньне “Аб нашай тактыцы ў барацьбе з хедарамі”. У выніку хедары аказаліся па-за законам — іх закрывалі, сканфіскоўвалі маёмасьць, арыштоўвалі мэламэдаў.
Адначасна зь ліквідацыяй хедараў і іешыў пачаўся наступ на равінаў і сынагогі. З падаваньня Яўсэкцыі, улады пачынаюць зачыняць сынагогі й рабаваць каштоўнасьці, якія там знаходзіліся. Напрыклад, з цэнтральнай сынагогі Менску ў 1922 г. было сканфіскавана звыш двух пудоў срэбра.
З умацаваньнем рэжыму І.Сталіна ў Беларусі колькасьць равінаў, мэламэдаў значна паменшала: іх арыштоўвалі, высылалі, ім забаранялася займацца рэлігійнай дзейнасьцю.
Нягледзячы на задаволенасьць дзейнасьцю Яўбюро, ЦК КП(б)Б, аднак, ніколі не давярала яўсэкам і заўсёды трымала іх пад кантролем. “Нагляд” за дзейнасьцю Яўбюро ажыцьцяўляў агітацыйна-прапагандысцкі аддзел ЦК. Так, усе пратаколы Яўбюро праглядаліся й візаваліся загадчыкам агітпрападдзелу, пра што пісьмова паведамлялася сакратару Яўбюро. Напрыклад, 6 сакавіка 1924 г. адбылося паседжаньне Яўбюро, а 27 сакавіка загадчык агітпрападдзелу паведамляў, што пратакол Яўбюро ад 6 красавіка зацьверджаны. Калі загадчык агітпрапу не пагаджаўся з прынятымі рашэньнямі Яўбюро, то меў права адмяніць іх.
К канцу 1920-х гадоў камуністычны рэжым ужо даволі трывала ўсталяваўся ў краіне, і саступкі, на якія партыя ішла ў адносінах да нацыянальных меншасьцяў, сталі паступова зьліквідоўвацца. Стала зразумелым, што да Яўсэкцыі, як, дарэчы, і да астатніх нацыянальных сэкцыяў, беларуская кампартыя ставілася як да часовых інструмэнтаў дасягненьня сваіх мэтаў. Рашэньне пытаньняў гэбрайскага жыцьця ўсё больш пераходзіць непасрэдна да прапагандысцка-агітацыйнага аддзелу ЦК — Яўсэкцыі месца ў гэтым працэсе ўжо не знаходзілася.
Таму 30 студзеня 1930 г. Яўсэкцыя ЦК КП(б) была зьліквідаваная. Ліквідацыя яе, як і іншых нацыянальных сэкцыяў пры ЦК КП(б)Б, азначала паварот праўнае партыі ад ляяльнага стаўленьня й разуменьня нацыянальнага пытаньня да жорсткіх мэтадаў змаганьня зь любымі праявамі нацыянальных памкненьняў.
Пасьля вайны адносіны партыі да гэбраяў рэзка зьмяняюцца. Мы ўжо распавядалі пра “вычышчэнне” гэбраяў з парторганаў усіх узроўняў. Другой ганебнай старонкай гісторыі кампартыі сталася так званая кампанія барацьбы зь “бязроднымі касмапалітамі”, распачатая ў Маскве. Асабліва яскрава гэта праявілася на прыкладзе гэтак званай справы “лекараў-шкоднікаў”. Кампанія супраць “лекараў-шкоднікаў” распачалася ў Менску адразу ж пасьля таго, як ТАСС 13 студзеня 1953 г. паведаміла пра арышт дактароў.
Пра тое, што партыйныя ўлады загадзя рыхтаваліся да гэтай акцыі, сьведчаць наступныя факты. Ужо 14 студзеня ў Гомелі — г.зн. на другі дзень пасьля паведамленьня ТАСС — было праведзена 350 мітынгаў, на якіх прысутнічала звыш 40 тыс. чалавек і выступіла каля 800 чалавек. Акрамя таго, у аддзелы партыйных, прафсаюзных і камсамольскіх органаў ЦК КПБ пайшла інфармацыя з парторганаў аб правядзеньні мітынгаў і сходаў працоўных, якія ўхвалялі дзейнасьць органаў МДБ, што арыштавала дактароў.
Заўважым, што агітпрап добра кіраваў “нянавісьцю” народу, пераносячы яе ня толькі на пэўную катэгорыю спэцыялістаў, але на ўсіх гэбраяў. Зьмест рэзалюцыяў, што прымаліся на сходах і мітынгах працоўных, можна зьвесьці да наступнага: высяліць ўсіх гэбраяў у аддаленыя раёны Сібіры й Далёкага Ўсходу; забараніць ім здабываць вышэйшую адукацыю, камандаваць рускімі людзьмі; змусіць іх працаваць на фабрыках, заводах, на цяжкіх фізычных працах і г.д.
Варта зважыць на яшчэ адну асаблівасьць гэтага ганебнага “спэктаклю”. Партыйныя органы ўсіх узроўняў зарганізоўвалі мітынгі сярод найменш адукаванай часткі насельніцтва, апэлюючы, галоўным чынам, не да розуму, а да эмоцыяў. Большасьць мітынгаў была зарганізавана на заводах, фабрыках, у калгасах. Там, сярод найменей адукаванай часткі насельніцтва, гучалі найбольш радыкальныя заклікі да расправы з гэбраямі. Інтэлігенцыя больш стрымана ўспрымала гэтую чарговую палітычную кампанію.
Настроі й паводзіны гэбраяў вызначаліся пачуваньнем жаху, прыгнечанасьці, чаканьнем горшага. Напрыклад, прафэсар Меражынскі — загадчык катэдры Менскага мэдінстытуту выказаўся, што пасьля маскоўскіх падзеяў, арыштаў сярод гэбрайскага насельніцтва такое ж адбудзецца й у Беларусі. Аб тым, які настрой быў сярод гэбраяў, сьведчаць выказваньні піянэрважатай адной зь менскіх школ, якая ў размове з дырэктарам адзначыла, што яна баіцца хадзіць у школу, бо ў яе такое пачуцьцё, быццам вось-вось паб’юць. Палітычная кампанія павінна была знайсьці сваё лягічнае выйсьце. І яно знайшлося — у выглядзе масавых звальненьняў лекараў-гэбраяў з больніц.
Праўда, гэтая палітычная кампанія хутка скончылася. Зьвязана тое было са сьмерцю І.Сталіна. Тым ня менш, стаўленьне да гэбрайскага насельніцтва не зьмянілася — дый не магло зьмяніцца ў наступныя гады. Палітыка КПСС-КПБ у так званым “гэбрайскім пытанні” вызначылася на многія дзесяцігодзьдзі й не пераглядалася да забароны структур КПСС-КПБ у рэспубліцы.
Другой нацыянальнай меншасьцю, працы зь якой надавалася вялікая ўвага, зьяўляліся палякі. У адносінах да іх у 20-я—30-я гады выразна бачацца два падыходы: ад прыхільнага стаўленьня напачатку 20-х і да сярэдзіны 30-х гадоў і да нічым не прыхаванай варожасьці, пачынаючы зь сярэдзіны 30-х гадоў. Гэтыя падыходы добра праглядаюцца на прыкладзе “польскага эксперымента”, які меў месца ў 1932—1937 гг. і які зьвязаны са стварэньнем адзінага на Беларусі польскага нацыянальнага раёну.
У кастрычніку 1925 г. у складзе Койданаўскага райкаму ствараецца Польбюро, якое павінна было займацца ўсімі пытаньнямі нацыянальнай працы сярод польскага насельніцтва раёну. Падставай для арганізацыі такой працы сталася тое, што значную колькасьць насельніцтва шэрагу сельсаветаў складалі грамадзяне, якія лічылі сябе палякамі. Напрыклад, у Негарэльскім с/с, з падлікаў раённых уладаў, пражывала каля 35% палякаў. Прыкладна такімі ж лічбамі характарызаваўся склад насельніцтва й яшчэ некалькіх сельсаветаў, а таму на працягу 1927—1931 гг. пры актыўным удзеле Польбюро райкаму было створана яшчэ 3 нацыянальныя польскія саветы.
Адначасова адчыняюцца польскія школы, а беларускія пераводзяцца на польскую мову навучаньня. Калі ў 1925 г. у раёне існавала ўсяго 5 польскамоўных школ, у 1930 г. — 7, то ў 1931 г. лік іх узрос да 32, а ў 1932 г. — да 40.
У лютым 1932 г. Бюро ЦК КП(б)Б прымае рашэньне пра пераўтварэньне Койданаўскага раёну ў нацыянальна-польскі раён і зьвяртаецца ў ЦК ВКП(б) з прапановай, каб саюзныя ўлады далі дазвол на правядзеньне ўсіх мерапрыемстваў, зьвязаных з гэтым пераўтварэньнем. Чым жа рэспубліканскае партыйнае кіраўніцтва абгрунтоўвала мэтазгоднасьць стварэньня польраёну? Галоўным чынам, палітычнымі матывамі. Пацьверджаньнем зьяўляецца дакладная запіска ЦК КП(б)Б, накіраваная ў ЦК ВКП(б) у лютым 1932 г. У ёй падкрэсьлівалася: “Выдзяленне ў БССР польскага раёна будзе мець вялікае палітычнае значэнне як па-за межамі, так і ўнутры БССР і выб’е з рук класавага ворага вельмі часта ўжываемую ім зброю аб уціску польскага насельніцтва ў БССР”.
Стварэньне польраёну ў Беларусі належна разглядаць у больш шырокім кантэксьце. З пункту гледжаньня Масквы, Беларусь зьяўлялася ідэальным пляцдармам для экспарту й распаўсюджаньня рэвалюцыі на Захад і, у прыватнасьці, у Польшчу. Пацьверджаньнем гэтай тэзы ёсьць сакрэтная нарада польработнікаў-камуністаў, якая адбылася ў ЦК КП(б)Б у маі 1931 г. Выступаючы на ёй, галоўны рэдактар “Звязды” Будзінскі, адзначыўшы важнасьць працы сярод польскага насельніцтва Беларусі, заявіў: “Усе гэтыя высокія матэрыі (праца сярод палякаў — А.В.) на пэўны час пакінем. Варшаўская рэвалюцыя цудоўна з гэтым справіцца. Я мяркую адно: калі вы канцэнтруеце ўвагу на пытаннях пралетарскай культурнай працы тут, то адсоўваеце польскую рэвалюцыю там”.
Наступны выступоўца быў яшчэ больш катэгарычным: “Для мяне асабіста польская праца не з’яўляецца пытаннем працы сярод польскага насельніцтва ні ў БССР, ні ў СССР. Яно надзвычайна глыбока звязана з пытаннем рэвалюцыі ў Польшчы, і калі мы тут вядзем гаворку аб кадрах польработнікаў, то павінны разумець гэтае пытанне дваіста: і для польскага насельніцтва тут, і для чакаючых нас гістарычных задач у сувязі з рэвалюцыяй у Польшчы”.
Аднак, не пасьпеўшы як сьлед разгарнуцца, праца ў польраёне пачала павольна спыняцца, а з 1934 г. набірае моц адваротны працэс — ціхае згортваньне ўсёй раней распачатай працы. Перш за ўсё, пачынаецца скарачэньне й перавод польскіх школ у беларускія. Каб надаць гэтаму працэсу законны характар, партыйныя ўлады раёну інсьпіруюць масавыя заявы вучняў і бацькоў пра немагчымасьць і шкоднасьць навучаньня дзяцей на польскай мове й жаданьне іх вучыцца па-беларуску. У 1935 г. працэс вынішчэньня ўсяго польскага ідзе больш шпаркімі тэмпамі й закранае ня толькі школы. Бюро Дзяржынскага райкаму партыі разглядае пытаньне аб існаваньні польскай газэты “Штурмавец Дзяржыншчыны” й польскага рабфаку ў Дзяржынску й прымае рашэньне пра нямэтазгоднасьць існаваньня як газэты, гэтак і рабфаку.
Самымі трагічнымі старонкамі ў гісторыі “польскага раёну” сталіся падзеі 1937—1938 гг. 2 жніўня 1937 г. Бюро ЦК КП(б)Б прымае Пастанову, у якой адзначалася: “Зліквідаваць Дзяржынскі раён, польскія сельсаветы перавесці на беларускае справаводства ў двухтыднёвы тэрмін, даручыць Наркампросу перабудаваць сетку польскіх школ”. Чым было выклікана такое рашэньне? Адказ на гэтае пытаньне знаходзіцца ў Пастанове Бюро ЦК КП(б)Б ад 28 ліпеня 1937 г. “Аб ліквідацыі палітыкі паланізацыі, праводжанай нацыянал-фашыстамі (Галадзед, Шаранговіч, Чарвякоў і іншыя)”. Тон абмеркаваньню задалі наежджыя з Масквы “спецыялісты па польскаму пытанню” — загадчык аддзелу кіроўных партыйных органаў Г.Малянкоў і загадчык сельскагаспадарчага аддзелу ЦК ВКП(б)Б Я.Якаўлеў, якія ачолілі камісію па праверцы рэспубліканскай партыйнай арганізацыі.
Яшчэ больш жорсткай была Пастанова Бюро ЦК КП(б)Б, прынятая ў верасьні 1937 г. У адпаведнасьці зь ёй, зьліквідоўваліся: польскія аддзяленьні пэдінстытуту, інстытуту нацыянальных меншасьцяў, рабфаку БДУ; пэдвучэльні; Менскі й Гомельскі дзіцячыя дамы; усе польскія школы, дзіцячыя садкі. Больш за тое, адпаведна з гэтай Пастановай, як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка зьліквідоўваўся сам раён. 12 яго сельсаветаў адыходзілі да Менскага раёну, 3 — да Узьдзенскага й 2 — да Заслаўскага. Адначасна зь ліквідацыяй раёну было рэпрэсавана амаль усё партыйнае, савецкае кіраўніцтва. Пастанова фактычна скасавала ўсё, што ад пачатку 20-х гадоў рабілася ў рэспубліцы ў адносінах да польскай меншасьці. Усе польскае адгэтуль пачало асацыявацца з “варожым, фашысцкім, здрадніцкім, шпіёнскім” і г.д. Шмат палякаў было беспадстаўна зьвінавачана й рэпрэсавана.
Дапушчальна сьцьвярджаць, што рашэньне пра згортваньне нацыянальнай працы ў раёне палітычнае кіраўніцтва рэспублікі прыняло з улікам зьмененай пазыцыі Масквы да пэрспэктываў пашырэньня ўсясьветнай рэвалюцыі. У сярэдзіне 30-х гадоў для І.Сталіна й ягонага атачэньня стала відавочным і зразумелым, што спадзяваньні на хуткае разьвіцьцё рэвалюцыйных падзеяў на Захадзе й у Польшчы ня спраўдзіліся. Польская рэвалюцыя, пра якую марылі й пэрспэктывы якой абмяркоўвалі на менскай нарадзе тутэйшыя бальшавікі, ня зьдзейсьнілася. Таму штучнае й няжыцьцяздольнае стварэньне пад назвай “нацыянальны польскі раён” (Dzierdzynszyczyzna) стала не патрэбным ні Менску, ні, тым больш, Маскве. Беларусь — і асабліва Дзяржынскі раён — сталіся закладнікамі й ахвярамі палітычных гульняў Масквы.
Аднак на гэтым справа ня скончылася. У сярэдзіне жніўня 1937 г. НКВД СССР выдае апэратыўны загад № 0048, разасланы начальнікам мясцовых упраўленьняў НКУС. Загад гэты датычыцца шматгадовае беспакаранае шпіёнска-дывэрсійнае дзейнасьці польскай выведкі на тэрыторыі СССР. Упраўленьням НКУС даручалася правесьці за трохмесячны тэрмін шырокамаштабную акцыю, скіраваную на ліквідацыю “польскіх шпіёнаў і дыверсантаў”. З гэтага часу пачалася так званая “польская аперацыя”, якая мела асабліва трагічныя вынікі для Беларусі й, у прыватнасьці, для Койданаўшчыны, паколькі раён межаваў з Польшчай.
На Койданаўшчыне да таго, што ўжо адбылося, была сфабрыкаваная так званая справа “палка Пілсудскага” — як “контррэвалюцыйнай, шпіёнскай, шкодніцкай арганізацыі”, якая пад час яшчэ расейска-польскай вайны судзейнічала польскай арміі ў барацьбе з войскамі Чырвонай Арміі, дапамагала палякам зброяй, харчаваньнем і г.д. Пасьля ўсяляк сабатавала правядзеньне калектывізацыі ў раёне, займалася шкодніцтвам, шпіёнскай дзейнасьцю на карысьць Польшчы. Па гэтай справе было арыштавана 11 жыхароў раёну — і, у адпаведнасьці з Пастановай наркама ўнутраных справаў і пракурора СССР ад 29 кастрычніка 1937 г., усіх зьвінавачаных расстралялі.
Заканчэньне Другой усясьветнай вайны прывяло да значных тэрытарыяльных зьмен і ўсталяваньня новых межаў у шэрагу краінаў Усходняй Эўропы. Гэтыя зьмяненьні самым непасрэдным чынам закранулі Беларусь, якая межавала з ужо новай Польшчай — пракамуністычнай і прасавецкай, што патрапіла ў сфэру ўплыву Масквы.
Усталяваньне новай савецка-польскай дзяржаўнай мяжы па так званай лініі Керзана прадугледжвала перадачу на карысьць Польшчы часткі тэрыторыі Беларусі — Беластоцкай і трох раёнаў Берасьцейскай вобласьцяў. Вызначэньне дзяржаўнай мяжы запатрабавала прывядзеньня ў адпаведнасьць зь ёй і этнічнай мяжы, што было ажыцьцёўлена шляхам перасяленьня палякаў з заходніх вобласьцяў Беларусі ў Польшчу й беларусаў з Польшчы ў БССР.
Перасяленьне чынілася на падставе беларуска-польскага пагадненьня ад 9 верасьня 1944 г. і доўжылася два гады — да 1947 г. Яно зьявілася значнай палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай падзеяй двухбаковых беларуска-польскіх адносін і паўплывала на лёсы соцень тысяч палякаў, якія жылі ў заходнім рэгіёне Беларусі.
За два гады перасяленьня (1944—1947 гг.) звыш 240 тыс. палякаў выйшлі зь беларускага грамадзянства й назаўсёды пакінулі Беларусь, пераехаўшы ў Польшчу. Прычыны, што змушалі палякаў ад’яжджаць зь Беларусі, былі розныя. Аднак самымі галоўнымі зьяўляліся наступныя: непрыняцьцё савецкай улады й усяго, што рабілася ад яе імя, — прымусовай калектывізацыі, масавых арыштаў і дэпартацый палякаў, прымусовых набораў грамадзян на працу па-за межы Беларусі, рэлігійнага ды нацыянальнага перасьледу, непамерных падаткаў і г.д. Нельга пакідаць па-за ўвагай і сваяцкія адносіны з палякамі з другога боку мяжы ды іншае. Гэтыя прычыны дзейнічалі адначасова — як паасобку, гэтак і сукупна.
З улікам важнасьці гэтых ды і іншых прычын усё ж неабходна адзначыць, што больш за ўсё перасяленцаў хвалявала ня дзе жыць, а як жыць. Трэба прызнаць, што нават прамаскоўская, пракамуністычная Польшча стварыла больш спрыяльныя ўмовы для простага чалавечага жыцьця, чым камуністычная, таталітарная Беларусь. За два гады “шчаслівага жыцця” ў Савецкай Беларусі палякі з жахам убачылі й паспыталі — на сабе, сваіх блізкіх, родных, знаёмых — масавыя дэпартацыі, прымусовую калектывізацыю, працу ў калгасах і саўгасах, у якіх, нібы ў “чорных дзірках”, зьнікала гадамі назапашанае дабро, дзе папросту чыніўся зьдзек з асобы.
У пасьляваеннай Беларусі істотных зьмен у штодзённым жыцьці не адбылося. Працягваліся арышты й дэпартацыі, непамерным цяжарам леглі на аднаасобніка высокія стаўкі падаткаў, штогадовыя пляны здачы дзяржаве сельскагаспадарчай прадукцыі, лесанарыхтоўкі й лезавывазкі, бясконцыя дзяржаўныя займы й пазыкі, прымусовыя аргнаборы на працу на Ўрал, Далёкі Ўсход ды шмат што іншае, ня менш дурное й жахлівае, чаго ня зьведвалі нават за “панскаю Польшчай”.
Зыход палякаў зьявіўся іхным своеасаблівым маўклівым пратэстам супраць таталітарнай дзяржавы. Важна ўсьведамляць, што ў гісторыі камуністычнай Беларусі мірнага часу перасяленьне сталася самай вялікай хваляй беззваротнай міграцыі руплівага, працавітага й гаспадарлівага насельніцтва.
Новыя стасункі з Польшчай, а таксама той факт, што на захадзе Беларусі засталася значная колькасьць палякаў, далёка не прыхільных да камуністычнага рэжыму, рупілі як кіраўніцтву ВКП(б), так і КП(б)Б. Вышэйшае палітычнае кіраўніцтва краіны літаральна празь некалькі месяцаў пасьля вызваленьня Беларусі акрэсьліла свае адносіны да палякаў заходняга рэгіёну рэспублікі на бліжэйшую пэрспэктыву.
20 студзеня 1945 г. ЦК ВКП(б) прымае Пастанову “Аб палітычнай працы партыйных арганізацый КП(б)Б сярод насельніцтва заходніх абласьцей БССР”, якая на доўгія гады вызначыла стратэгію паводзін КП(б)Б у адносінах да палякаў. Сутнасьць яго магчыма зьвесьці да двух тэзысаў — “саветызацыя” й “русіфікацыя” палякаў.
Вельмі важная роля ў “перавыхаванні” польскага насельніцтва адводзілася сярэдняй школе й настаўнікам. Для выкананьня гэтай задачы ЦК ВКП(б) абавязаў адкамандаваць для працы ў школах заходніх вобласьцяў Беларусі ўсіх раней эвакуяваных з БССР настаўнікаў-беларусаў, што працуюць у школах РСФСР. Да таго ж, Дзяржвыдавецтву РСФСР да новага навучальнага году (1946 г.) загадвалася, спэцыяльна для школ заходніх вобласьцяў Беларусі, надрукаваць 1 млн. асобнікаў “надзейных у ідэалагічным плане падручнікаў”.
Ня менш рашучыя захады рабіў і ЦК КП(б)Б, які ў красавіку 1945 г. прыняў Пастанову “Аб мерах дапамогі школам заходніх абласцей БССР”, што прадугледжвала радыкальныя зьмяненьні ў сыстэме падрыхтоўкі пэдагагічных кадраў, забесьпячэньня школ “марксісцкай” вучэбна-мэтадычнай літаратурай, паляпшэньня кіраўніцтва вучэбнай і палітыка-выхаваўчай працы й г.д.
Гэтак, з мэтай рашэньня толькі “кадравага” пытаньня ЦК КП(б)Б абавязаў Наркамасветы, абкамы КП(б)Б і аблвыканкамы ўсходніх вобласьцяў адкамандаваць на працу ў школы заходніх вобласьцяў 400 настаўнікаў; накіраваць у школы 800 настаўнікаў зь ліку выпускнікоў пэдвучэльняў усходніх вобласьцяў і 200 — выпускнікоў пэдВНУ; накіраваць у гэтыя вобласьці зь ліку рээвакуяваных 1 тысячу настаўнікаў і асноўную частку настаўнікаў, дэмабілізаваных з Чырвонай Арміі.
Масаваная ідэалягічная “апрацоўка” палякаў не абмяжоўвалася толькі перавыданьнем падручнікаў, падрыхтоўкай “надзейных і вытрыманых кадраў” і г.д. Партыйнае кіраўніцтва прымае шэраг сакрэтных пастановаў, скіраваных на радыкальнае рашэньне “польскага пытання”. Красамоўным прыкладам гэтага зьяўляецца запіска першага сакратара ЦК КП(б)Б М.Гусарава “Аб стане і мерах па паляпшэнню палітычнай працы сярод апалячанага беларускага насельніцтва і насельніцтва польскай нацыянальнасці ў заходніх абласцях БССР”, дасланая ў ліпені 1947 г. сакратару ЦК ВКП(б) А.Жданаву.
Першы сакратар ЦК КП(б)Б палічыў неабходным: “Далажыць ЦК ВКП(б) аб стане палітычнай працы сярод апалячаных беларусаў, а таксама насельніцтва польскай нацыянальнасці, пражываючага ў заходніх абласцях, і прасіць указанняў па гэтаму пытанню”. М.Гусараў адзначыў, што, негледзячы на праведзеную мясцовымі партыйнымі арганізацыямі значную агітацыйна-прапагандысцкую працу, палітычнае становішча ў гэтых абласьцёх застаецца “складаным”. Як трывожную прыкмету М.Гусараў адзначыў: “За апошнія тры гады значна ўзрасла колькасць людзей, якія называюць сябе палякамі, негледзячы на той факт, што колькасць польскага насельніцтва значна зменшылася ў выніку рэпатрыацыі ў Польшчу”.
З улікам гэтага, ЦК КП(б)Б палічыў патрэбным “Весці лінію на беларусізацыю апалячанага беларускага насельніцтва і на шырокае развіццё беларускай і рускай савецкай культуры ў заходніх абласцях БССР з тым, каб у бліжэйшыя гады далучыць да беларускай і рускай савецкай культуры і апалячаных беларусаў і астаўшаеся ў рэспубліцы польскае насельніцтва”.
Асаблівую заклапочанасьць М.Гусарава выклікаў той факт, што ў заходніх абласьцёх засталося 22 польскія школы. Ён падкрэсьліў: у рэспубліцы няма ні дастатковай колькасьці падручнікаў на польскай мове, ні настаўнікаў, якія маглі б весьці выкладаньне па-польску. Да таго ж, польскія настаўнікі: “Атрымаўшы адукацыю і выхаванне ва ўстановах панскай Польшчы, не жадаюць і не здольныя весці выхаванне вучняў у савецкім духу”.
Першы сакратар ЦК выказаў меркаваньне: “Неабходнасць далейшага існавання польскіх школ у гэтых умовах падаецца нам надта сумніўнай”. Аднак ён азначаў: “Адначасовае іх закрыццё магло б вызваць адмоўную рэакцыю ў польскага насельніцтва і выклікаць непажаданыя водгукі сярод польскай замежнай грамадскасці”.
Тым ня менш, М.Гусараў канстатаваў: “З-за таго, што існаванне польскіх школ магло б быць шкодным Савецкай дзяржаве, неабходна паступова пераўтварыць польскія школы ў беларускія і рускія шляхам замены ненадзейных некваліфікаваных выкладчыкаў-палякаў падрыхтаванымі і надзейнымі выкладчыкамі рускімі і беларусамі”. Як прыклад “правільнай працы” сярод насельніцтва заходніх вобласьцяў М.Гусараў прыводзіў факт, што за тры гады колькасьць польскіх школ скарацілася з 144 (1944 г.) да 22 (1947 г.). Зважым: напрыканцы 40-х праблема “польскамоўных школ” была вырашана — і ў заходніх абласьцёх не засталося ніводнай польскай школы.
Акрамя гэтага, прадугледжвалася значнае пашырэньне вечаровых школ з выкладаньнем на беларускай і рускай мовах; адкрыцьцё ў Горадні ў 1947—1948 гг. палітвучэльні для падрыхтоўкі “надзейных работнікаў” зь мясцовага насельніцтва; стварэньне ў ЦК КП(б)Б штату прапагандыстаў у складзе 10 чалавек з валоданьнем польскай мовай, маючых належную тэарытычную й практычную падрыхтоўку для “працы” з палякамі, і г.д.
Распавядаючы пра адносіны КПБ да палякаў, трэба згадаць і яшчэ аб адным аспэкце, які не заставаўся па-за ўвагай КПБ. Існаваньне агульнай мяжы з Польшчай, наяўнасьць палякаў у заходнім рэгіёне змушала кампартыю Беларусі трымаць пад кантролем іхныя сувязі з Польшчай. Памежныя кантакты ажыцьцяўляліся галоўным чынам па лініі грамадзкіх аб’яднаньняў ды партыйных органаў. Іх пашырэньню й паглыбленьню мусіла спрыяць Беларускае аддзяленьне таварыства савецка-польскага сяброўства, адкрытае ў 1958 г. і меўшае свае філіі ў розных гарадох Беларусі.
Аднак і ягоная дзейнасьць, і пашыраныя двухбаковыя абмены рознымі дэлегацыямі — партыйнымі, прафсаюзнымі, спартовымі, моладзевымі й іншымі — жорстка кантраляваліся партыйнымі структурамі. Так, на Бюро ЦК КПБ заўсёды ўзгадняліся пляны прыёму дэлегацыяў, месцы паездак, сустрэч і г.д. Напрыклад, у 1958 г. Бюро ЦК КПБ 14 разоў разглядала пытаньні выправы беларускіх дэлегацый у Польшчу й прыйманьня польскіх у Беларусі.
Адначасна з двухбаковымі абменамі ў Беларусі рэгулярна праводзіліся дні польскай культуры (у 1958, 1964, 1972, 1976 гадох), якія таксама праходзілі сфармалізавана й па загадзя складзеных і “адпрацаваных” сцэнарах. Так, пад час правядзеньня першых дзён польскай культуры ў Беларусі ў 1958 г.: “Адбыліся сустрэчы польскіх гасцей з беларускімі пісьменнікамі, мастакамі, кампазітарамі, дзеячамі культуры” й г.д. Аднак не адбывалася й не магло адбыцца незаплянаваных сустрэч з палякамі Гарадзеншчыны, Берасьцейшчыны, на якіх абмяркоўваліся б надзённыя пытаньні культурнага, рэлігійнага, навуковага жыцьця палякаў Беларусі. З гэткага ж узору праходзілі й наступныя “дні польскай культуры” ў Беларусі.
Літаратура
1. Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. М., 2000.
2. Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. Мн., 2000.
3. Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996.
4. Платонаў Р. Палітыкі. Ідэі. Лёсы. Грамадзянскія пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэолага-палітычнага дыктату ў Беларусі 20-х—30-х гг. Мн., 1996.
5. Платонаў Р. Лёсы. Гісторыка-дакументальныя нарысы аб людзях і малавядомых падзеях духоўнага жыцця ў Беларусі 20-х—30-х гг. Мн., 1998.
6. На крутым павароце. Ідэолага-палітычная барацьба на Беларусі ў 1929—1931 гг. Дакументы, матэрыялы, аналіз. Мн., 1999.
7. Платонов Р. Перед крутым поворотом. Тенденции в политической и духовной жизни Беларуси (1925—1928) . Мн., 2001.
8. Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч. Ч. 2. // Касцюк М., Ігнаценка І., Вышынскі У. і інш. Мн., 1995.
9. Страницы истории компартии Белоруссии. Суждения, аргументы и факты. Мн., 1990.
Анатоль ВЯЛІКІ.
Лекцыя 9. ІДЭАЛЯГІЧНЫ ЎЦІСК
Плян:
1. Галоўнае ўпраўленьне цэнзуры
2. За “жалезнай заслонай”
Галоўнае ўпраўленьне цэнзуры
Неад’емнаю часткай камуністычнага спосабу панаваньня ёсьць ідэалягічны ўціск і гвалт асобы. Ён існаваў заўсёды, ва ўсіх камуністычных краінах, і меў тэндэнцыю, як лічыць М.Джылас, узмацняцца кожны раз тады, калі слабелі іншыя формы дыскрымінацыі. Аналізуючы гвалтоўны характар камуністычных рэжымаў, М.Джылас піша: “Гісторыя многа даруе камуністам таму, што зразумее: жорсткасьць, праяўленая імі, шмат у чым апраўдвалася абставінамі, неабходнасьцю абараняцца, выжыць. Аднак задушэньне любога альтэрнатыўнага пункту гледжаньня, ідэалягічная нецярпімасьць, манапольнае панаваньне думкі, што лісьліва абслугоўвала іхныя звышэгаістычныя інтарэсы,— вось што будзе трымаць іх прыкутымі да ганебнага слупу гісторыі”.
Асноўным інструмэнтам ідэалягічнага ўціску ў краіне зьяўлялася Галоўнае ўпраўленьне па ахове дзяржаўных таямніцаў у друку — больш вядомае як Галоўліт, адной з галоўных задачаў якога насамрэч было захаваньне “ідэалагічнай чысціні” ў галовах савецкіх людзей.
У БССР Галоўліт быў створаны 3 студзеня 1923 г. Ажыцьцяўляючы цэнзарскія функцыі, гэты орган пераглядаў усе рукапісы, здымкі, малюнкі й выдаваў, ці не выдаваў, дазвол на іх публікацыю, чыніў кантроль над друкарнямі, бібліятэкамі, кнігарнямі, праслухоўваў радыёперадачы. Без Галоўліту немагчыма ўявіць сабе гісторыю навукі, нацыянальнага тэатру, кіно, жывапісу, скульптуры, эстрады й журналістыкі.
Апрача Галоўнага ўпраўленьня, ува ўсіх абласных і раённых цэнтрах дзейнічалі мясцовыя “галоўліты” са сваімі штатамі. “Плённая” й шматгранная дзейнасьць “галоўлітаў” ніколі не перапынялася. Час ад часу ён толькі мяняў месца дысьлякацыі ў структуры савецкіх наглядных органаў.
Пасьля сьмерці І.Сталіна 15 красавіка 1953 г. СМ БССР вывеў Галоўліт са складу Міністэрства асьветы й перадаў яго ў падпарадкаваньне Міністэрства нутраных справаў, якое тады ўлучала й былы НКУС—МДБ. Праз паўгоду, у кастрычніку 1953 г., Галоўліт пакінуў сьцены МУС і набыў самастойны статус і новую назву — Упраўленьне па ахове ваеннай і дзяржаўнай таямніцы ў друку. У 1963 г. Галоўліт далучылі да новастворанага Дзяржаўнага камітэту па друку й паліграфіі, а з 1966 г. і да скону БССР цэнзурнае ведамства існавала як Галоўнае ўпраўленьне па ахове дзяржаўнай таямніцы пры Савеце Міністраў БССР.
Сутнасьць дзейнасьці Галоўліту, аднак, заўсёды заставалася адной і той жа: нагляд, цэнзура й уціск. Варта спыніцца на некаторых момантах гэтай дзейнасьці. Літаральна зь першых дзён свайго існаваньня Галоўліт з бальшавіцкай “энергіяй” узяўся за справу барацьбы з іншадумствам. Прыкладам іншадумства, паводле меркаваньняў Галоўліту, зьяўлялася літаратурная й навуковая дзейнасьць Я.Лёсіка. Напісаную ім кнігу “Аўтаномія Беларусі” — як твор “шавіністычнага характара” — Галоўліт 26 сьнежня 1924 г. забараняе да друку. Публікацыю дазволілі толькі пасьля таго, як з кнігі выкінулі фатаздымак А.Гаруна — “ярага ворага савецкай улады” й зрабілі больш за 60 выкрэсьленьняў. Другое выданьне кнігі сталася магчымым толькі пасьля таго, як у ёй зрабілі ўжо больш за 140 выкрэсьленьняў.
З паступовым пераходам краіны да таталітарызму Галоўліту адводзіцца ўсё больш важная роля. Красамоўным сьведчаньнем гэтага ёсьць Пастанова Сакратарыяту ЦК КП(б)Б, прынятая ў лістападзе 1929 г. Так, ЦК “Прапануе Галоўліту ў сучасны момант абвастрэння класавай барацьбы значна ўзмацніць кантроль за выдавецтвамі шляхам больш рашучага ўжывання метадаў забароны не толькі яўна антысавецкіх, але і ідэалагічна чужых праяў у друку, больш рашучага змагання з усялякімі спробамі рэвізіі генеральнай лініі партыі і скажэнняў класавай лініі”.
Кантроль, натуральна, узмацнілі. Толькі за май—лістапад 1929 г. Галоўліт забараніў 15 падрыхтаваных да друку кнігаў, сярод якіх значыліся раман М.Гарэцкага “Крывічы”, зборнік вершаў “упадніцкага, антыпралетарскага напрамка” Я.Пушчы, вершы К.Крапівы — “сатыру на сучаснае партыйнае жыццё”, “упадніцкія й маральна гнілыя” вершы М.Лужаніна й г.д.
Дзейнасьць Галоўліту распаўсюджвалася на ўсю духоўную сфэру жыцьця. На “ідэалагічную вытрыманасць” Галоўліт аналізаваў пэрыёдыкі й кніжныя выданьні, спэктаклі й карціны, выказваньні дзеячоў культуры й шмат што іншае. Напрыклад, 11 лістапада 1932 г. быў падрыхтаваны агляд беларускіх літаратурна-мастацкіх часопісаў і газэты “Літаратура і мастацтва” за бягучы год. У падрабязным і шматслоўнам дакумэнце выказвалася нямала заўваг — перш за ўсё, палітычнага характару — на адрас розных выданьняў і іхных аўтараў. Пры гэтым ацэнкі станавіліся ўсё больш жорсткімі й бескампраміснымі.
Не зьмянілася асноўная мэтавая ўстаноўка дзейнасьці Галоўліту й пасьля вайны. Да прыкладу, у 1946 г. Старшыня Галоўліту Ф.Дадзіёмава піша ў прапагандысцка-агітацыйны аддзел ЦК КП(б)Б дакладную запіску, у якой тлумачыць, што зьняты з друку раман К.Чорнага “Бацькаўшчына” — шкодная з палітычнага пункту гледжаньня кніга.
Не пашчасьціла К.Чорнаму й у 1947 г., калі ўсё тая ж Н.Дадзіёмава забараніла да друку ягоную аповесьць “Былінкавыя межы”. Каб уявіць сабе, за што здымалі творы пісьменьніка й чым абгрунтоўвалі свае рашэньні цэнзары Галоўліту, варта падаць цытаты з тэкстаў, дасланых у ЦК КП(б)Б. Вось што пісаў К.Чорны ў сваёй аповесьці: “А на двары й вакол усё так, як і дзесяць, і дваццаць год таму назад. Таксама плакалі замурзаныя дзеці, абсыпаў вецер пяском струхлелыя сцены, на пустых гародах панура цягаліся дробныя худыя коні”. А вось што пісала Н.Дадзіёмава ў ЦК КП(б)Б: “В идейно-политическом отношении рассказ является вредным. Автор показывает деревню убогой. Больше того, Великая Октябрьская революция, советская власть ничего не дала деревне”. І выснова: аповесьць нельга друкаваць.
Ня менш пацярпеў ад Галоўліту й драматург А.Макаёнак. Галоўліт імгненна адрэагаваў на ягоную камэдыю “Каб людзі не журыліся”, якую ён аддаў у часопіс “Полымя”. У падрыхтаваным заключэньні адзначалася: “У п’есе маецца шэраг фактаў, якія скажаюць нашу савецкую рэчаіснасць. Дрэнна ў п’есе паказаны райком партыі, так як калгаснікі, якія звяртаюцца за дапамогай у раённыя улады, не атрымоўваюць яе. Аўтар п’есы А.Макаёнак мала цікавіцца тымі зменамі, якія адбыліся ў калгасе за апошнія гады. Жыццё калгаснікаў паказана вельмі цяжкім. Няма дроў, няма хлеба і г.д. Галоўлітам, пасля дакладу ў ЦК, было указана рэдакцыі на ўсе гэтыя недахопы. З нашымі заўвагамі яны згодны. У выніку п’еса была дапрацавана аўтарам і пасля надрукавана”.
Перапрацоўка, аднак, аказалася нездавальняльнай. У чарговай дакладной запісцы ў ЦК адзначалася: “За 1958 г. рэдкалегія часопіса “Полымя” па нашаму патрабаванню перапрацавала камедыю А.Макаёнка “Каб людзі не журыліся”. Намі было зроблена ўмяшальніцтва ў 7 месцаў. Тым не менш, і пасля гэтай перапрацоўкі камедыя мае шэраг дэфектаў”. Наагул, тым, хто пісаў пра вёску, не шанцавала. Так, у траўні 1958 г. у часопісе “Маладосць” была надрукавана аповесьць Аляксея Кулакоўскага “Дабрасельцы”. А ў чэрвені гэтага году адбылося сумеснае паседжаньне Бюро ЦК ЛКСМБ і Прэзыдыюму ўправы СП БССР, дзе аповесьць асудзілі як памылковы твор. А.Кулакоўскага адхілілі ад пасады галоўнага рэдактара “Маладосці”.
Адным з асноўных напрамкаў дзейнасьці Галоўліту зьяўлялася праверка літаратуры, якая знаходзілася ў бібліятэках, кніжных крамах і г.д. Пра маштабы гэтай дзейнасьці красамоўна сьведчаць наступныя лічбы: у 1952 г. супрацоўнікі Галоўліту правялі 21.132 праверкі кніжных фондаў бібліятэк і сканфіскавалі 40.949 кніг. За 1953 г. у 1.241 кніжнай краме праведзена 2.648 праверак і сканфіскавана 380.586 кніг. Маштабы “плённай працы” супрацоўнікаў Галоўліту ўражваюць.
Чаму ж было сканфіскавана столькі кніг? Гаворачы пра палітычную гісторыю савецкага грамадзтва, варта памятаць, што ўнутрыпартыйнае жыцьцё заўсёды характарызавалася барацьбой розных палітычных груповак. Атрымалыя ў гэтай барацьбе паразу прадстаўнікі якой-небудзь канкрэтнай групоўкі імгненна абвяшчаліся ворагамі. Усе іхныя творы адразу ж забаранялі й зьнішчалі. Пасьля сьмерці І.Сталіна чарговы раз разгарнулася жорсткая палітычная барацьба. Адсюль і гэтакая значная колькасьць кніг, падлегалых пад зьнішчэньне.
Аднак толькі бібліятэкамі дзейнасьць Галоўліту не абмяжоўвалася. У траўні 1950 г. выходзіць Пастанова ЦК ВКП(б) “Аб мерах па ліквідацыі фактаў разгалошання дзяржаўнай тайны ў музеях”. У адпаведнасьці з гэтай Пастановай, праводзіцца праверка, якая высьветліла: у музеях БССР знаходзяцца матэрыялы, якія падлягаюць пад тэрміновае зьняцьцё з экспазыцыяў з прычыны ўтрыманьня у іх дзяржаўнае таямніцы.
Што ж гэта была за дзяржаўная таямніца? Напрыклад, у музеі Вялікай Айчыннай вайны тэрмінова запатрабавалі зьняць умоўныя пазнакі народнагаспадарчых аб’ектаў БССР, дадзеныя аб колькасьці коней, атрыманых калгасамі й саўгасамі ў 1947—1949 гг. у выглядзе рэпарацыяў, мапы дысьлякацыі партызанскіх атрадаў і брыгад пад час вайны й г.д. Зьнялі таксама практычна ўсе азнакі, што характарызавалі эканамічнае становішча Менскага трактарнага й аўтамабільнага заводаў. Тое ж адбывалася й у іншых музэях краіны.
Гэта толькі невялічкая частка той, без перабольшаньня, “напружанай працы”, што праводзілі цэнзары, “ахоўваючы” беларускі народ ад таямніцаў, якіх насамрэч не існавала. Таямніцаў, выдуманых партыйнымі ідэолягамі.
Як ужо адзначалася, асноўным ў дзейнасьці Галоўліту зьяўляўся не разгляд мастацкіх вартасьцяў твораў, а кантраляваньне палітычнага й ідэалягічнага зьместу. Вось вытрымка са справаздачы гэтай установы за 1959 г.: “Неад’емнай часткай работы цэнзуры з’яўляецца палітыка-ідэалагічны кантроль… У справаздачным годзе (1959 г.) намі не выпушчана ў свет ні аднаго шкоднага ў палітыка-ідэалагічным сэнсе твора”.
Вось яшчэ адзін яскравы прыклад. У студзені 1959 г. Старшыня Галоўліту А.Садоўскі накіраваў сакратару ЦК КПБ Т.Гарбунову дакладную запіску, у якой паведамляў, што Галоўлітам перагледжана ўся літаратура, аўтары якой ужо рэабілітаваныя. У той жа час А.Садоўскі падкрэсьліў: “Лічым, што гэтую літаратуру, нягледзячы на тое, што аўтары рэабілітаваныя, перадаваць у агульныя фонды нельга: яе неабходна пакінуць у спецсховішчах” . Пра якіх жа аўтараў і якую літаратуру ішла гаворка й чаму так баяліся перадаваць гэтую літаратуру ў адкрытыя фонды?
Гаворка вялася пра беларускіх пісьменьнікаў і грамадзкіх дзеячоў, якіх у свой час зьвінавацілі за нацыянал-дэмакратызм, — А.Аляксандровіча, А.Дудара, М.Піятуховіча, М.Галадзеда, А.Чарвякова ды іншых. Пасьмяротна рэабілітаваныя, яны ўсё ж былі небясьпечныя для дзейнага рэжыму. Небясьпечныя сваімі літаратурнымі творамі, сваёй грамадзянскай пазыцыяй, сваім стаўленьнем да беларускасьці, наагул — да беларускага народу, ягонае гісторыі, традыцыяў, мовы, звычаяў.
Заўважым, што ўсе гэта рабілася ўпотай ад грамадзкасьці. Практычна на ўсіх дакладных запісках, накіраваных Галоўлітам у ЦК КПБ, стаіць грыф “Сакрэтна”, альбо “Пільна сакрэтна”.
Паўстае пытаньне: а ці павінна быць ахова дзяржаўных таямніц у краіне? Так. Але ў дэмакратычных краінах гэта менавіта дзяржаўная ахова й менавіта дзяржаўных таямніц, а зусім не палітычны й не ідэалягічны нагляд. Цытаваная вышэй дакладная запіска А.Садоўскага — яскравы прыклад ігнараваньня законаў. ЦК КПБ — недзяржаўны орган, забараняючы карыстацца кнігамі рэабілітаваных грамадзян Беларусі, сьвядома ішоў на парушэньне заканадаўства, бо реабілітацыя рэпрэсаваных адбылася менавіта ў заканадаўчым парадку. І за гэтае яўнае парушэньне Канстытуцыі й заканадаўства ніхто й ніколі ня меў аніякай адказнасьці.
За “жалезнай заслонай”
Разглядаючы формы й спосабы ідэалягічнага ўціску ў Беларусі, зьвернемся й да шырока вядомага факту глушэньня заходняга радыёвяшчаньня, якое ажыцьцяўлялася, зь невялікімі перапынкамі, звыш 40 год і спынілася толькі напрыканцы 80-х. Менавіта глушэньне забясьпечвала рэжыму непадзельнае ідэалягічнае й прапагандысцкае панаваньне ўнутры краіны, пазбаўляючы чалавека права ўспрымаць рэчаіснасьць інакш, чым гэта патрабавалася зыходна з камуністычных догмаў.
Захады да сыстэматычнага глушэньня распачаліся ў Беларусі ў 50-я гады. У 1951 г. Першы сакратар ЦК КПБ М.Патолічаў накіраваў Старшыні Савету Міністраў СССР Г.Малянкову дакладную запіску, у якой адзначаў, што на тэрыторыі БССР назіраецца ўзмацненьне антысавецкага радыёвяшчаньня на расейскай мове, арганізаваннае “амерыканска-англійскім імперыялістычным блокам”, праз кароткахвалевыя станцыі “Голас Амерыкі”, “Бі-бі-сі”, “Свабода” ды іншыя.
Далей ён паведамляў, што ў рэспубліцы маюцца толькі дзьве станцы глушэньня. У сувязі з гэтым, галоўны ахоўнік “ідэалагічнай цнатлівасці” беларускага народу прасіў Г.Малянкова, каб саюзны ўрад выдаткаваў неабходныя сродкі на будаўніцтва спэцыяльных радыёцэнтраў па барацьбе з антысавецкім радыёвяшчаньнем. Пры гэтым асаблівая ўвага надавалася заходнім рэгіёнам рэспублікі, якія трапілі пад бальшавіцкае панаваньне толькі ў 1939 г.,— і, зразумела, іхнае насельніцтва мусіла быць “адсечанае” ад “антысавецкай прапаганды” ў першую чаргу.
Заўважым, што “беларуская” праграма не была выкананая — не хапала ні фінансавых, ні тэхнічных сродкаў. А таму асноўную ролю ў гэтай справе ўзяў на сябе саюзны ўрад. Магутныя станцыі глушэньня ў Маскве, Сьвярдлоўску ды іншых расейскіх гарадох дапамагалі рэспубліканскаму партыйнаму кіраўніцтву затыкаць вушы сваім законапаслухмяным грамадзянам.
Паўстае пытаньне: а ці было глушэньне на тэрыторыі рэспублікі сапраўды цалкам эфэктыўным? Цяпер з пэўнасьцю можна адказаць: не. Сьведчаньнем гэтага ёсьць той факт, што напачатку 60-х гадоў ужо новы лідэр беларускіх камуністаў — П.Машэраў — быў змушаны некалькі разоў займацца гэтай праблемай.
Так, 30 сьнежня 1965 г. на стол П.Машэраву кладзецца дакладная запіска, у якой адзначаецца: “У планах падрыўной антысавецкай дзейнасці імперыялістычных дзяржаў значнае месца адведзена БССР. Штодзённа на беларускай мове вядуць вяшчанне радыёстанцыі — “Свабода” (Мюнхен), “Свабодная Расія”, “Голас Амерыкі”.
Асаблівую заклапочанасьць і трывогу партыйных чыноўнікаў выклікаў той факт, што, за выняткам Менску, якасьць “забіўкі” паўсюдна была нездавальняльнай. Нават у Менску пачалі праслухоўвацца заходнія радыёстанцыі й, у прыватнасьці, радыёстанцыя “Свабода”. Наагул жа, “Свабода” выклікала найбольшую турботу партыйнага кіраўніцтва, бо вяла рэгулярнае вяшчаньне па-беларуску.
Падкрэсьлівалася, што, напрыклад, у Менску ў прамежках часу з 18.00 да 21.00 магчыма было праслухоўваць ад 2 да 8 незаглушальных перадач. У сувязі з гэтым у дакладной запісцы прапаноўвалася тэрмінова распачаць будаўніцтва ў раёне трактарнага заводу яшчэ аднаго цэнтру глушэньня. Праверка праводзілася таксама ў Пінску, Лідзе, Полацку, Віцебску, Гомелі, Магілеве, Мазыры, Маладэчне, Баранавічах. Ува ўсіх гэтых гарадох на працягу сутак было выяўлена ад 5 да 12 адкрытых, ці слаба заглушаных, радыёперадач.
Тую запіску з рэзалюцыяй “Знайсці магчымасць для рашэння гэтага пытання” — гэта значыць для будоўлі ў Менску яшчэ аднаго цэнтру глушэньня — П.Машэраў накіроўвае аднаму з сакратароў ЦК КПБ. Аднак “магчымасць рашэння гэтага пытання” так і не была знойдзеная. Дамагчыся поўнага глушэньня замежнага вяшчаньня не ўдалося. Насамрэч яно было эфэктыўным толькі ў Менску.
Заўважым, аднак: глушэньне радыёперадач зусім не азначала, што намэнклятуршчыкі ня мелі магчымасьці азнаёміцца зь іхным зьместам. Тэксты заглушаных радыёпраграм абавязкова фіксаваліся, раздрукоўваліся й перадаваліся тым супрацоўнікам ідэалягічнага аддзелу ЦК, якія з сваіх функцыянальных абавязкаў мусілі знаёміцца зь імі й рыхтаваць аналітычныя, ці контрпрапагандысцкія, матэрыялы.
ЦК КПБ атрымоўваў гэтыя тэксты з аддзелу радыёперахватаў, створанага ў нетрах Дзяржаўнага камітэту па радыёвяшчаньні й тэлебачаньні БССР паводле Пастановы Прэзыдыюму ЦК КПБ ад 24 верасьня 1965 г. Так, у чэрвені 1966 г. супрацоўнікі ЦК КПБ падрыхтавалі вялікую даведку “Аб метадах і сутнасці падрыўной дзейнасці капіталістычных дзяржаў супраць БССР”, у якой аналізавалася праца радыёстанцыі “Свабода”. У ёй падаваўся вялікі фактычны матэрыял пра самую радыёстанцыю, супрацоўнікаў беларускага аддзелу, прыкладаліся тэксты перадач. Наагул, інфармацыя пра зьмест заходніх радыёперадач, скіраваных на рэспубліку, рыхтавалася для ЦК штотыднёва; раз на квартал рабілася таксама тэматычная падборка.
Разглядаючы факт глушэньня заходніх радыёстанцыяў, можна запытацца: а як ён стасаваўся з падпісаным Савецкім Саюзам Заключным Актам Хэльсынскай нарады па бясьпецы й супрацоўніцтве ў Эўропе, які агалошваў свабодны абмен інфармацыяй. Выкананьне патрабаваньняў гэтага акту, як і шэрагу іншых міжнародных пактаў, падпісаных Савецкім Саюзам, было як бы ўнутранай справай СССР. Тут дзейнічалі іншыя прынцыпы — кшталту “Захад нам не ўказка”.
Свабода перамяшчэньня — адна з найбольш істотных свабодаў чалавека. Так, Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека, прынятая Генэральнай Асамблеяй ААН 10 сьнежня 1948 г., у артыкуле 13 абвяшчае: “Кожны чалавек мае права пакідаць любую краіну, улучна з сваёю ўласнай, і вяртацца ў сваю краіну”. Савецкі Саюз устрымаўся пры галасаваньні падчас прыняцьця гэтай Дэклярацыі. Праўда, пазьней усё-ткі далучыўся да яе.
Затое Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правох ад 16 сьнежня 1966 г., які канстатаваў, што “кожны чалавек мае права пакідаць любую краіну, улучна й сваю ў ласную”, падпісалі ня толькі Саве цкі Саюз, але й дзьве нацыянальныя рэспублікі — Беларусь і Ўкраіна. У 1976 г. Пакт набыў сілу. Аднак ні Савецкі Саюз, ні Беларусь не прынялі аніякага закону, які пацьвярджаў бы гэтае права. Прыняцьцё падобнага закону, што, дарэчы, прадугледжвалася Артыкулам 2 названага Пакту, абмяжоўвала б уладныя магчымасьці намэнклятуры.
У Беларусі для кожнай паездкі за мяжу патрабаваўся асобны дазвол, які простыя грамадзяне называлі “афармленнем”. Самым галоўным у гэтай працэдуры было тое, што пытаньне дазволу на выезд вырашалася ў шэрагу намэнклятурных “інстанцыяў”.
Натуральна, проста жаданьне грамадзяніна выехаць за мяжу не магло быць падставай для афармленьня дакумэнтаў. Патрабаваліся: а) хадайніцтва ўстановы пра дазвол накіраваць грамадзяніна ў замежнае камандаваньне; б) хадайніцтва арганізацыі (прафсаюзу, камсамольскай арганізацыі, грамадзкай арганізацыі аб выдаткаваньні грамадзяніну пуцёўкі для паездкі за мяжу); в) прыватнае запрашэньне сваякоў ці знаёмых.
Дазвол на выезд выдавалі наступныя “кампетэнтныя” органы: у выпадку камандаваньня — Камісія па выездах за мяжу пры ЦК КПБ; у разе турыстычнай паездкі — камісія па выездах за мяжу ў абкаме, альбо ЦК КПБ. У трэцім выпадку — аддзел віз і рэгістрацый (АВІР), які зьяўляецца органам Міністэрства нутраных справаў. Аднак дазвол АВІР быў насамрэч толькі дазваляльным. Без дазволу партыйных органаў (адмысловых камісіяў) выехаць за мяжу было немагчыма.
“Палажэнне аб камісіі па выездах за мяжу пры абкоме, крайкоме партыі, ЦК саюзнай рэспублікі” — даволі цікавы дакумэнт. Падставовым зьяўляўся пункт 4, паводле якога менавіта камісіі належала права выдаць, альбо ня выдаць дазвол.
Ня менш важным зьяўляўся й пункт 7: “Па даручэнні камісіі органы дзяржаўнай бяспекі праводзяць праверку асобаў, што накіроўваюцца за мяжу”. У той жа час, паводле асобнага сьпісу, пад праверку не падпадалі работнікі партыйных, дзяржаўных і грамадзкіх арганізацыяў. Хто ж трапіў у гэты сьпіс, пазначаны грыфам “Пільна сакрэтна”?
Як і належала, адкрываюць яго члены й кандыдаты ў члены ЦК КПСС, члены Цэнтральнай рэвізійнай камісіі; члены й кандыдаты ў члены ЦК Кампартыяў саюзных рэспублік абкамаў і крайкамаў партыі… І гэтак далей — уніз па намэнклятурнай лесьвіцы. Паводле гэтага сьпісу, уся краіна аказалася фактычна падзеленай на “надзейных” і “ненадзейных” грамадзян.
Дарэчы, а што было падставай для прыняцьця адмоўнага рашэньня пра выезд? За прычыны лічыліся: “нізкі маральны ўзровень”; неўпарадкаваныя сямейна-шлюбныя адносіны; “недастаткова высокі ўзровень палітычнай свядомасці”; меркаваньні ахаваньня сакрэтнасьці; наяўнасьць сваякоў за мяжой і папросту — частыя выезды.
Як бачна, “меркаванні сакрэтнасці” стаяць толькі на чацьвёртым месцы. Галоўныя прычыны — зусім іншыя. У красавіку 1967 г. камісія ЦК КПБ адмовіла ў выезьдзе ў Італію заслужанай артыстцы БССР В. з тае прычыны, што “рэкамендаваная парушала элементарныя нормы паводзін пад час папярэдняй паездкі ў Англію: ігнаравала заўвагі кіраўніка групы”. Нават нязважна на тое, што за В. заступілася Ўсесаюзнае тэатральнае таварыства, якое зьвярнулася з хадайніцтвам у ЦК КПБ, апошняе так і не дало дазволу на ейную паездку ў Італію.
Адзначым, што ў 1960—1970 гг. ня так шмат нашых суайчыньнікаў трапляла за мяжу. Вось канкрэтныя лічбы: 1965 г. — разгледжана 1.642 справы, дадзены дазвол выехаць 1.421 спэцыялісту й 221 турысту; 1966 г. — адпаведна 2.237, 2029, 198; 1967 г. — 1.398, 1.131, 267. Калі ўлічыць, што насельніцтва Беларусі складала каля 9 млн. чалавек, то можна ўявіць сабе, які мізэрны адсотак жыхароў рэспублікі змог выехаць па-за ейныя межы. Мяжа насамрэч была на “надзейным замку”, і “ключ” да гэтага замку знаходзіўся ў камісіі па выездах за мяжу ЦК КПБ і абласных камітэтаў партыі.
Ідэалягічны ўціск быў неад’емнай, арганічнай часткай камуністычнай улады. Ягонымі мэтамі зьяўляліся татальны кантроль праяваў іншадумства, задушэньне творчасьці, падпарадкаваньне ўсяго грамадзтва волі партыйнай намэнклятуры, выпрацоўка рабскай псыхалёгіі, разбурэньне чалавечае асобы й ейнае годнасьці. Дзеля дасягненьня гэтых мэтаў траціліся велізарныя фінансавыя сродкі, дзеля гэтага працавалі ня толькі спэцыяльна створаныя камісіі й ўпраўленьні, але й увесь партыйны апарат — ад вышэйшых кіраўнікоў да сакратароў дробных партыйных арганізацыяў. Неабходна прызнаць, што іхнымі памагатымі былі й шматлікія шэраговыя партыйцы.
Літаратура
1. Джилас М. Лицо тоталитаризма. М., 1992.
2. Восленский М. Номенклатура. М., 1991.
3. Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мн., 1999.
4. Тоталитаризм в Европе в 20 в.: Из истории идеологий, движений, режимов. М., 1996.
5. Тоталитаризм и посттоталитаризм. М., 1994. Кн. 1—2.
6. Тоталитаризм: исторический опыт Восточной Европы. М., 1995.
7. Платонаў Р. На крутым павароце. Ідэолага-палітычная барацьба на Беларусі ў 1929—1931 гг. Дакументы, матэрыялы, аналіз. Мн., 1999.
8. Пазацэнзурны перыядычны друк Беларусі. Каталог. 1971/90. Мн., 1998.
9. Дэмакратычная апазыцыя Беларусі 1956—1991. Персанажы і кантэкст. Мн., 1999.
Лекцыі № 10-13 можна прачытаць тут.