Тыдзень Беларускага Мыслення (19-25 верасня)
Беларускае мысленне – гэта самаразуменне нацыі, шляхі асэнсавання яе сутнасці ды прызначэння, пошукі ідэнтычнасці на ростанях культурных уплываў ды традыцый. Кажучы “мысленне” – разумеем не прафесійную ці карпаратыўную прыналежнасць, але здольнасць у любую эпоху выказвацца свабодна, свядома, крытычна ды абгрунтавана. Беларускае мысленне ёсць школай годнасці ды незалежнасці.
Апошні год вызначыўся шэрагам падзеяў, якія публічна і шырока прадстаўлялі беларускае мысленне як частку нашай культуры і ідэнтычнасці. Гэта кампанія “Цытуй сваё”, выданне Анталогіі беларусскага мыслення “Код прысутнасці”, абвяшчэнне конкурсу эсэ “Інтэлектуальная спадчына Беларусі: постаці, ідэі і кантэксты”.
“Тыдзень беларускага мыслення” ставіць на мэту прадстаўленне разнастайных формаў і праяўленняў беларускага мыслення ў сучасным беларускім грамадстве, уключэнне інтэлектуальных здабыткаў у сучасную культуру і ідэнтычнасць, а таксама развіццё стасункаў інтэлектуальнай супольнасці з іншымі актарамі шырокага грамадскага працэса.
Арганізатары прапануюць пазначыць прысутнасць і значнасць мыслення для беларускага грамадства шэрагам мерапрыемстваў для шырокай публікі і сродкаў масавай інфармацыі. Запрашаем грамадскія арганізацыі, даследчыя і культурніцкія суполкі і ініцыятывы, бізнес-арганізацыі, асобных інтэлектуалаў і экспертаў да ўдзелу ў распрацоўцы і правядзенні мерапрыемстваў у межах Тыдня.
Фармат падзеяў у межах тыдня
Мэта тыдня – прадставіць самыя розныя формы існавання і мовы мыслення: маналагічныя развагі на адвечныя ці суперактуальныя тэмы, дыялогі і дыскусіі, майстар-класы, прэзентацыі напрацовак і іншыя крэатыўныя формы.
Тэмы падзеяў у межах тыдня:
- Постаці і асобы беларускага мыслення, сучаснікі і продкі, настаўнікі, вучні і пераемнікі;
- Актуальныя ідэі і праблемы, прадстаўленыя, як мысленне тут і зараз;
- Мысленне ў самых розных галінах і сферах: адукацыя, эканоміка, палітыка, бізнес, культура, тэхніка, экалогія і г.д.;
- Розныя формы і “тэхналогіі” мыслення;
- Гісторыя ідэй і падзей у беларускім мысленні;
- Рэфлексія гісторы і сучаснасці;
- …
Форма ўдзелу ў Тыдні
Мы запрашаем зацікаўленыя арганізацыі, групы і асобных удзельнікаў падаваць заяўкі на правядзенне мерапрыемстваў у межах Тыдня. Праграма будзе сфармаваная па выніках разгляду заявак.
Вітаецца ўдзел максімальна шырокага спектра ініцыятыў, фармальных і нефармальных арганізацый і суполак, асобных інтэлектуалаў і экспертаў. Вітаецца і заахвочваецца правядзенне мерапрыемстваў для шырокай аўдыторыі з розных рэгіёнаў Беларусі. Існуе магчымасць невялікай рэсурснай дапамогі ў арганізацыі асобных мерапрыемстваў Тыдня.
Заяўкі на ўдзел запаўняйце і дасылайце да 1 жніўня 2016 года.
Для атрымання больш дакладнай інфармацыі альбо тлумачэнняў звяртайцеся да арганізатараў cytuj.svajo@gmail.com.
У арганізацыйны камітэт конкурсы ўваходзяць: Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь“, Лятучы ўніверсітэт, грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!”, Беларускі Калегіум, “Мова Нанова”, “Беларусский журнал”, кнігарня “ЛогвінаЎ”, Інстытут палітычных даследаванняў “Палiтычная сфера”.