Уладзімер ЛЯХОЎСКІ. Беларусь падчас польска-савецкае вайны (1919—1921 гг.)

Лекцыя 1.

Плян:

1. “Усходняе пытаньне”

2. Пачатак вайсковых дзеяньняў

3. Актывізацыя беларускага нацыянальнага руху

4. Вялікапольская палітыка на акупаваных землях

 

1. “Усходняе пытаньне”

Пасьля аднаўленьня незалежнасьці Польшчы ў 1918 г. геапалітычныя інтарэсы кіраўніцтва беларускай заходняй суседкі сягалі далёка за межы польскай этнаграфічнай прасторы. Гэтыя інтарэсы фармаваліся пад уплывам культурна-гістарычнага, эканамічнага і геапалітычнага фактараў. Адноўленая Польшча лічыла сябе правапераемніцай былой Рэчы Паспалітай і разглядала колішнія землі Вялікага Княства Літоўскага як складовую частку польскай дзяржавы. Задача, паўсталая перад польскім кіраўніцтвам на “крэсах усходніх”, — давесьці ўсясьветнай супольнасьці, што Беларусь ёсьць неад’емнай часткай Польшчы і што мясцоввыя людзі жадаюць жыць у складзе “польскай Рэчы Паспалітай”. Але ў гэтым пытаньні сярод польскіх палітыкаў не было аднадумства. Прынамсі, існавалі два пункты гледжаньня на шляхі далучэньня беларускіх, летувіскіх і ўкраінскіх зямель да Польшчы — праз інкарпарацыю ці фэдэрацыю.

Інкарпарацыя — гэта стварэньне ўнітарнай дзяржавы, у якой паноўнае становішча належала б польскай нацыі, у той час як фэдэрацыя — дзяржава, у якой абвяшчаліся шырокія правы захаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці і гарантыі шырокага самакіраваньня для беларусаў, летувісаў, украінцаў, габрэяў ды прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў.

Кансэрватыўнае крыло польскае палітычнае эліты на чале з Раманам Дмоўскім выступала за адарваньне ад Беларусі заходняй часткі і далучэньне яе да ўнітарнай Польшчы ў якасьці паўночна-ўсходняга рэгіёну. Польскія ж сацыялісты, лідэрам якіх быў Юзаф Пілсудскі, дамагаліся адсунуць мяжу Польшчы ад Расеі як мага далей на ўсход шляхам стварэньня беларуска-летувіска-ўкраінскага буфэру. 16 сакавіка 1919 г. у “Gazeta Polska” была надрукавана праграма фэдэралістаў пад назвай “Палітычная праграма польскай дэмакратыі”, у якой дэкляравалася ідэя стварэньня фэдэрацыі этнаграфічнай Беларусі і Летувы з Польшчай. У газэце азначалася: “Калі б удалося аб’яднаць каталіцкую і праваслаўную Беларусь, то такое аб’яднаньне, магчыма, і магло існаваць самастойна”.

На пачатку польска-савецкай вайны ў Варшаве ўсё ж канчаткова ня вызначаліся з “усходнім пытаньнем”. Ю.Пілсудскі, стаўшы ў лістападзе 1918 г. Начальнікам Польскай дзяржавы і адначасова галоўнакамандуючым яе Збройных Сіл, намерваўся ажыцьцявіць сваю фэдэралісцкую дактрыну. Але зацемім, што гэтая канцэпцыя ня ставіла за мэту стварэньне раўнапраўнай фэдэрацыі між Польшчай, Беларусяй, Летувой і Ўкраінай. Задума польскага лідэра была больш празаічнаю. У інтарэсах польскае дзяржавы Пілсудскі марыў стварыць міждзяржаўны буфэр зь ляяльных да палякаў сатэлітаў, каб пазьбегнуць небясьпечнага суседзтва з Савецкаю Расеяй. Гэткае бачаньне “фэдэрацыі” ён выказаў свайму паплечніку Л.Васілеўскаму 8   красавіка 1919 г.: “Не хачу быць ні імпэрыялістам, ні фэдэралістам, пакуль няма мажлівасьці казаць пра гэтыя справы больш-менш сур’ёзна… Дзеля таго, што на Божым сьвеце пачынае, здаецца, перамагаць балбатня пра братэрства людзей і народаў і амэрыканскія дактрынкі, ахвотна схіляюся на бок фэдэралістаў”. У беларускім пытаньні польскі лідэр быў не дабрадзеем, а прагматыкам. Беларускі гісторык Алег Латышонак справядліва падкрэсьлівае: “Беларускасьць Пілсудскага была ўсё-такі неразьдзельнай з пачуцьцём прыналежнасьці да шырэйшай супольнасьці — літоўскай — і яшчэ шырэйшай — польскай. Таму ніколі не пагадзіўся ён зь беларускім рухам, які сваёй мэтай лічыў Беларусь бяз Польшчы”.

2. Пачатак вайсковых дзеяньняў

Падтрыманыя Францыяй і Вялікабрытаніяй, польскія войскі складам з 11 дывізій у лютым 1919 г. распачалі шырокі наступ на беларускім кірунку фронту. Удары палякаў былі скіраваны па лініі Горадня — Вільня — Ліда — Маладэчна — Барысаў — Менск і Ваўкавыск — Слонім — Баранавічы — Нясьвіж — Слуцак — Бабруйск. У сярэдзіне сакавіка польскія легіянэры авалодалі Заходнім Палесьсем, Гарадзеншчынай і Віленшчынай. Аднавіўшы наступ у красавіку, да восені 1919 г. яны выйшлі на лінію Дзьвінск — Полацак — Бабруйск — Камянецк-Падольскі.

Абяцаньні падтрымаць імкненьне беларускіх незалежнікаў да палітычнай самастойнасьці сваёй краіны былі выказаны ў вядомай адозве “Да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага” ад 22 красавіка 1919 г., адразу пасьля заняцьця польскімі войскамі былой сталіцы ВКЛ Вільні. У адозве заяўлялася, што польскія легіянэры прыйшлі на гэтыя землі не як акупанты, а як вызвольнікі ад бальшавізму. Праграма Пілсудскага ўтрымлівала тры асноўныя пастуляты: 1) права тутэйшага жыхарства на сваё нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэньне; 2) пасільная сацыяльна-эканамічная дапамога мясцоваму насельніцтву з боку Польшчы; 3) стабілізацыя грамадзка-палітычнай сытуацыі ў рэгіёне.

Зварот Ю.Пілсудскага да жыхароў былога ВКЛ меў вялікі рэзананс у Беларусі. Шмат хто з насельнікаў Беларусі, вядомыя беларускія палітыкі паверылі ў шчырасьць заяў польскага нацыянальнага лідэра. На кароткі час лёзунг “За Нашу і Вашу Свабоду” стаў вельмі папулярным сярод беларускай палітычнай эліты. Многія беларусы сталі актыўна запісвацца ў польскае войска, каб узяць чынны ўдзел у вызваленьні сваёй бацькаўшчыны.

За вельмі сьціслы час, у канцы 1918 г. — пачатку 1919 г., у раёне Замбрава з добраахвотнікаў — ураджэнцаў Беларусі — была сфармавана 1-я Літоўска-Беларуская дывізія. Аснову яе склалі сябры таемнай Польскай арганізацыі вайсковай, суполкі якой дзейнічалі на тэрыторыі “крэсаў усходніх” з восені 1918 г. У траўні 1919 г. памянёная дывізія складалася з шасьці стралецкіх палкоў і штурмавога батальёну. Вэрбоўка ў польскае войска на тэрыторыі Беларусі вялася тады на аснове добраахвотнасьці. Спачатку яе праводзілі вэрбунковыя бюро Камітэту абароны крэсаў, пазьней — адмысловыя аддзелы Беларуска-Літоўскага фронту польскага войска. Летам 1919 г. дзейнічалі ўжо дзьве — 1-я і 2-я Літоўска-Беларускія — дывізіі добраахвотнікаў. Х утка колькасьць стральцоў у гэтых фармаваньнях перасягнула 10.000 чалавек А сярод афіцэраў і жаўнераў былі ня толькі каталікі, але й шмат праваслаўных. Палкі складаліся пераважна з асоб, што паходзілі з адной мясцовасьці.

8 жніўня 1919 г. польскія легіянэры ўвайшлі ў Менск, а ўжо 19 верасьня ў горад прыбыў Начальнік Польскае дзяржавы Юзаф Пілсудскі, каб сустрэцца з польскімі вайскоўцамі і менчукамі. Падчас урачыстай сустрэчы Пілсудскага з прадстаўнікамі менскай грамадзкасьці, з нагоды вызваленьня гораду ад бальшавікоў, менчукі падаравалі камандзірам 6-га Менскага стралецкага палку 1-е Літоўска-Беларускае дывізіі вайсковы штандар, вышыты тутэйшымі кабетамі. Адзін бок штандару быў выкананы з залацістага нефарбаванага ільну, меў надпісы па-польску і па-беларуску (лацінай): “Места Менск стральцам 6-га Менскага палку”. Герб Менску — Найсьвяцейшая Пані Марыя з анёламі — у цэнтры сьцягу быў выкананы ў каталіцкай традыцыі (Маці Божая ў белай апранцы). На акружнай стужцы вакол гербу пададзена дата ўтварэньня Менскага ваяводзтва, а таксама — год вызваленьня Менску — 1919. На адваротным баку штандару, у чырвоным полі, майстрыхі вышылі старадаўні беларуска-літоўскі герб “Пагоня” і польскага Арла, абрамлёных барочнымі шчытамі. Шчыты гербаў злучаліся між сабой, як тое было прынята ў Рэчы Паспалітай. Гэта сымбалізавала ідэю яднаньня народаў былой Рэчы Паспалітай. Разам з прадстаўнікамі польскай мясцовай грамадзкасьці на ўрачыстым уручэньні сьцягу прысутнічалі й беларускія нацыянальныя дзеячы: паэт Алесь Гарун (А.Прушынскі), літаратар Язэп Лёсік, рэдактарка менскай газэты “Звон” Ядзьвіга Луцэвіч-Іваноўская ды некаторыя іншыя асобы.

3. Актывізацыя беларускага нацыянальнага руху

Абяцаньні Пілсудскага, дадзеныя ў Віленскай адозве, моцна абнадзеілі прадстаўнікоў беларускага руху ў справе будаваньня свайго нацыянальнага сувэрэннага Дому. Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Аляксандар Уласаў, Аркадзь Смоліч ды іншыя паверылі ў шчырасьць Пілсудскага. Яны спадзяваліся, што польскія жаўнеры прынясуць Беларусі вызваленьне і свабоду Бо Ю.Пілсудскі нават дазволіў беларускім нацыянальным дзеячам пачаць фармаваньне ўласных нацыянальных вайсковых адзінак, падпісаўшы 22 кастрычніка 1919 г. дэкрэт аб утварэньні Беларускай вайсковай камісіі і пачатку стварэньня асобнага беларускага батальёну. Да таго ж, ім былі абяцаны фінансавая і арганізацыйная падтрымка ў разгортваньні беларускай школьнай, культурніцкай і гаспадарчай спраў. Але за гэтую падтрымку польская “сувэрэнная” дэмакратыя вымагала ад беларускіх дзеячоў праяў палітычнай ляяльнасьці дачынна Польшчы.

На пачатку ліпеня 1919 г. у вызваленай ад бальшавікоў Вільні адбыўся Беларускі зьезд Віленшчыны і Гарадзеншчыны. На форуме была абрана Цэнтральная Рада Віленшчыны і Гарадзеншчыны (ЦБРВіГ), якую ачоліў Браніслаў Тарашкевіч. Ува ўмовах бязьдзейнасьці Рады Беларускае Народнае Рэспублікі гэтая палітычная структура прэтэндавала на лідэрства ў беларускім руху. Насуперак спадзяваньням палякаў дэлегаты зьезду і кіраўніцтва ЦБРВіГ выступіла за стварэньне беларуска-летувіскай міждзяржаўнай вуніі. Пра ролю Польшчы ў названых рэзалюцыях нічога не было сказана. Левыя элемэнты, займеўшы абсалютную большасьць у кіроўных органах ЦБРВіГ, ня надта верылі ў “абяцанкі” Пілсудскага. Выразна антыпольскі кірунак дзейнасьці арганізацыі прывёў да адкрытага канфлікту з польскімі акупацыйнымі ўладамі. А таму дзейнасьць ЦБРВіГ была спаралізавана, а многія лідэры беларускага руху ў заходняй частцы Беларусі падпалі пад арышты польскай палітычнай паліцыяй (Тамаш Грыб, Аляксандар Карабач, Рыгор Злоцкі ды інш.). І пры канцы 1919 г. праца ЦБРВіГ была фактычна згорнута.

Больш абачліва павяло сябе кіраўніцтва Часовага Беларускага нацыянальнага камітэту (ЧБНК) у Менску, утворанага 10 жніўня 1919 г. на агульным сходзе нацыянальнага актыву гораду, адразу пасьля прыходу палякаў. Першым старшынём камітэту стаў Алесь Гарун, але ўжо 17 верасьня на гэтай пасадзе яго замяніў больш памяркоўны і прагматычны дзеяч — былы міністар унутраных спраў БНР Кузьма Цярэшчанка. Дзякуючы яго кіраўніцтву, ЧБНК пераўтварыўся ў сапраўдны каардынацыйны цэнтар беларускага нацыянальнага руху падчас польска-савецкае вайны 1919—1920 гг. Паводле свайго статуту, гэтая грамадзка-палітычная структура ставіла за мэту згуртаваньне і каардынацыю чыннасьці ўсіх тагачасных беларускіх арганізацый па ўсёй Беларусі дзеля “падняцьця нацыянальнага самапачуцьця, духоўнай і матэр’яльнай культуры беларускага народу, а таксама абароны нацыянальных, культурных і рэлігійных яго інтэрэсаў”. У склад ЧБНК увайшлі прадстаўнікі беларускіх палітычных партый (беларускія эсэры, сацыял–дэмакраты, сацыял–фэдэралісты і Беларуская хрысьціянска–дэмакратычная злучнасьць), а таксама прадстаўнікі Беларускай вайсковай камісіі, Беларускага праваслаўнага брацтва імя сьвятых Кірыла і Лаўрэнція Тураўскіх, розных культурна-асьветных арганізацый, навучальных устаноў і каапэратываў. Ганаровым сябрам Камітэту быў абраны народны паэт Янка Купала. ЧБНК намагаўся праводзіць актыўную дзейнасьць па аргагнізацыі беларускага школьніцтва, кнігадруку, шырокай сеткі нацыянальных культурніцкіх устаноў і моладзевых гурткоў.

Шмат намаганьняў актывісты Камітэту аддавалі беларусізацыі навучальных устаноў, увядзеньню беларускай мовы ў царкоўныя і касьцёльныя казані, пашырэньню беларускамоўнае прэсы. Фінансавыя сродкі ЧБНК складаліся з грашовых унёсак рэгіянальных беларускіх арганізацый, добраахвотных калектыўных і прыватных ахвяраваньняў. Зь недахопу фінансаў асаблівая ўвага надавалася арганізацыі беларускіх гаспадарчых каапэратыўных і прадпрымальніцкіх структур, якія мусілі стаць асноўным эканамічным фундамэнтам будучай беларускай дзяржавы. Кіраўніцтва Камітэту дамагалася ад польскіх улад выдаткаваньня фінансавых сродкаў на беларускую нацыянальную працу з агульнай сумы падаткаў, што браліся акупацыйнай адміністрацыяй зь беларускага жыхарства.

У тагачасных умовах, калі ўрад БНР знаходзіўся ў эміграцыі, а дзейнасьць Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны з прычыны рэпрэсій і адміністратыўнага ціску акупацыйнай улады Польшчы была спаралізавана, ЧБНК фактычна стаў галоўным каардынацыйным цэнтрам беларускага нацыянальнага руху на тэрыторыі Беларусі, акупаванай палякамі. Пры Камітэце былі створаны школьная сэкцыя на чале з Сымонам Рак–Міхайлоўскім (з 30 жніўня 1919 г. рэарганізавана ў Мінскую беларускую школьную раду), сельскагаспадарчы аддзел (са студзеня 1920 г. — Беларускі цэнтральны саюз сельскай гаспадаркі), арганізацыйна–інструктарскі аддзел (кіраўнік Яўхім Трахімаў), выдавецкі аддзел (кіраўнік Сьцяпан Некрашэвіч), аддзел помачы бедным дзецям (кіраўнік Луцэвіч–Іваноўская). З мэтаю арганізацыі Беларускга нацыянальнага тэатру была ўтворана Тэатральная камісія (старшыня Чэслаў Родзевіч).

Камітэт фундаваў выданьне менскіх беларускіх газэт “Звон” і “Беларусь”, часопісу слуцкага гуртку “Папараць-кветка” — “Наша Каляіна. Пры ЧБНК быў утвораны інстытут павятовых інструктараў па нацыянальна–культурных і каапэратыўных справах (налічваў больш за 30 чалавек). За конт дзейнасьці інструктараў былі ўтворнаы беларускія нацыянальныя камітэты ў Бабруйску, Ігумене, Слуцку, Беларуская рада ў Баранавічах і іншых мясьцінах, дзясяткі беларускіх школ, сельскагаспадарчыя і спажывецкія таварыствы, культурна-асьветныя арганізацыі. ЧБНК працаваў у кантакце зь беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі Віленшчыны і Гарадзеншчыны, Летувы і Латвіі, культурна-асьветнымі і моладзевымі арганізацыямі краю, выступаў на абарону арыштаваных беларускіх нацыянальных дзеячоў, супраць закрыцьця беларускіх навучальных устаноў. Камітэт узяў пад свой патранаж былую Мінскую земскую друкарнню, намагаўся празь перавыбары кіраўніцтва ўзьдзейнічаць на Беларускі цэнтральны саюз спажывецкіх таварыстваў, што знаходзіўся пад уплывам расейскіх эсэраў, стварыць спартовы аддзел, Беларускі народны банк.

Пасьля перавыбараў (10.3.1920) у новы склад прэзыдыюму ЧБНК, акрамя старшыні Цярэшчанкі, увайшлі Аркадзь Смоліч (нам. старшыні), Антон Крэпскі, Міхась Кудзелька (Чарот), Аўдзей Шатэрнік і Антон Трэпка. Варта азначыць, што ўся дзейнасьць вялася пад моцным уплывам беларускіх эсэраў і сябраў БКА, якія актыўна выкарыстоўвалі легальны статус арганізацыі дзеля антыпольскай прапаганды і падпольнай работы. Пасьля расколу Рады БНР у сьнежні 1919 г. большасьць сябраў ЧБНК падтрымала ўрад Ластоўскага і нэгатыўна паставілася да Найвышэйшай рады БНР. Абсалютная большасьць інструктараў Камітэту ў паветах складалі па-антыпольску настроеныя дзеячы, якія сярод сялянства актыўна праводзілі ня толькі агітацыю супраць палякаў, але й зьяўляліся сувязнымі з прыфрантавымі часткамі чырвонай арміі, арганізоўвалі партызанскія атрады. ЧБНК некалькі разоў дамагаўся ад кіраўніцтва Генэральнага ўпраўленьня зямель усходніх (Zarzad Cywilny Ziem Wschodnich) правядзеньня выбараў для стварэньня беларускіх прадстаўнічых краёвых і рэгіянальных органаў улады. Ідэя скліканьня ўвосень 1919 г. агульнага зьезду Меншчыны з мэтай утварэньня Рады Меншчыны, якой падпарадкоўвалася б цывільная ўлада ў Бабруйскім, Барысаўскім, Ігуменскім, Мазырскім, Менскім, Пінскім і Рэчыцкім паветах, была адхілена польскай адміністрацыяй. І ўсё ж у лютым 1920 г. ЧБНК дамагаўся ад Генэральнага камісара Зямель Усходніх Е.Асмалоўскага скліканьня ў Менску (15 траўня 1920 г.) 2–га Ўсебеларускага зьезду (на гэты ж дзень плянавалася склікаць усебеларускія зьезды настаўнікаў, спажывецкіх і сельскагаспадарчых таварыстваў). Але гэтая ініцыятыва не была падтрымана ані польскай адміністрацыяй, ані прадстаўнікамі БПС–Р і БКА. Беларускі бок, між тым, асьцерагаўся, што з адсутнасьцю сталых нацыянальных арганізацыйных структур у правінцыі зьезд скарыстаюць польскія крэсавыя праўрадавыя арганізацыі (Таварыства страж крэсовых ды інш.) дзеля заканадаўчага замацаваньня за Польшчай захопленых беларускіх тэрыторый.

Ня маючы моцнай падтрымкі сярод жыхарства Менску, дзе большасьць складалі небеларусы, кіраўніцтва ЧБНК і прадстаўнікі беларускіх партый адхілілася ад удзелу ўвесну 1920 г. у выбарах у мясцовую гарадзкую раду. З пачаткам перамоў між Польшчай і Савецкай Расеяй аб міры ў сакавіку 1920 г. ЧБНК прыняў рэзалюцыю, у якой канстатаваў незаконнасьць прыняцьця супраціўнымі бакамі дэскрымінацыйных рашэньняў, якія закранаюць інтарэсы беларускага народу і пагражаюць цэльнасьці Беларусі. У гэтым жа дакумэнце пацьвярджалася адданасьць артыкулам Трэцяй устаўной граматы БНР пра незалежнасьць рэспублікі. З прыходам у Менск чырвонай арміі ЧБНК змушаны быў спыніць сваю дзейнасьць (ліпень 1920 г.).

4. Вялікапольская палітыка на акупаваных землях

Тым жа часам палітычныя настроі беларускага грамадзтва дачынна Польшчы рэзка памяняліся. На акупаванай тэрыторыі Беларусі польскія ўлады імкнуліся ўмацаваць сваю палітычную, эканамічную і культурную прысутнасьць, каб трывала прывязаць беларускія тэрыторыі да Польшчы. Разам з акупацыйнай адміністрацыяй дзеля вырашэньня гэтае мэты былі задзейнічаны й напаўграмадзкія арганізацыі, якія, дзякуючы шчодрай фінансавай падтрымцы Варшаўскага ўраду, праводзілі актыўную ідэалягічную апрацоўку тутэйшага жыхарства. Найбольшай актыўнасьцю тут вызначалася Таварыства стражаў крэсовых (ТСК), галоўнаю мэтай якога стала “абарона зямель на крэсах усходніх, што па праву належаць Польшчы”, адраджэньне тут польскага грамадзкага, палітычнага, гаспадарчага і культурнага жыцьця. Вянцом чыннасьці ТСК на беларускіх землях стала арганізацыя краёвага плебісцыту ў пачатку 1920 г., на якім насельніцтва павінна было падтрымаць далучэньне беларускіх тэрыторый да польскай Рэчы Паспалітай.

Палітычны гвалт, масавая рэквізіцыя хатняй жывёлы і харчаваньня, прымусовыя работы на карысьць мясцовай польскай адміністрацыі, вяртаньне маёмасьці былым абшарнікам, палітычныя рэпрэсіі супраць апанэнтаў, чыненыя польскімі вайскоўцамі і чынавенствам, павярнулі настроі беларусаў супраць Польшчы. Многія зь іх сталі на бок супраціўнікаў Польшчы. Гэтым тлумачыцца правал вэрбоўкі добраахвотнікаў у склад беларускага батальёну, што фармаваўся пад апекаваньнем Беларускай вайсковай камісіі. На момант эвакуацыі БВК зь Менску ў ліпені 1920 г. у яе складзе налічвалася толькі 25 афіцэраў і 50 жаўнераў.

Але, нягледзячы на пэўныя посьпехі, беларускі рух не стварыў тады вялікага “поля ўплыву” на тутэйшае сялянства. Чыннасьць мясцовых беларускіх гурткоў, якія складаліся пераважна з тутэйшай моладзі, рэдка выходзіла за сьцены гэтых арганізацый. Па першым часе ўсё абмяжоўвалася правядзеньнем культурна-асьветных акцый. Большая частка тутэйшае інтэлектуальнае эліты заставалася пад уплывам “заходнерусізму” і варожа ставілася да думкі пра самастойнасьць Беларусі. Нацыянальна сьвядомая частка інтэлігенцыі яшчэ не настолькі паверыла ў сваё прызначэньне, каб узяць у рукі справу мясцовага самакіраваньня і вывесьці тутэйшага селяніна з-пад чужога ідэалягічнага ўплыву. Перашкаджаў гэтаму й моцны адміністратыўны нахіл у бок “агульнарасейскага патрыятызму” кіраўніцтва павятовага земства, якое трымала важныя рычагі эканамічнага і культурнага жыцьця вёскі. Тое, што ў Менску, увесну 1918 г., была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, мабыць, і ведалі на Случчыне, але ж вялікага рэзанансу гэтая падзея тады ня мела.

 

Лекцыя 2. Беларускія вайсковыя фармаваньні

Плян:

1. Партызанка супраць бальшавікоў

2. “Вызваленчая” місія Пілсудскага

3. Палескі паход Станіслава Булак-Балаховіча

4. Асоба генэрала Булак-Балаховіча

5. Слуцкі збройны чын

 

1. Партызанка супраць бальшавікоў

Палкоўнік Езавітаў, які нейкі час камандаваў беларускім палком у Горадні, быў прызначаны шэфам Беларускай вайскова-дыпляматычнай місіі ў Латвіі і Эстоніі. У лістападзе ён усталяваў кантакт са Станіславам Булак-Балаховічам. Сустрэча адбылася на канфэрэнцыі балтыйскіх краін, Украіны і Беларусі ў Тарту. Балаховіч заявіў, што ён беларус і што ідэя барацьбы за незалежную Беларусь яму больш блізкая, чым авантуры белых генэралаў. 14 лістапада Балаховіч склаў дэклярацыю беларускага грамадзянства з просьбай прыняць яго на беларускую службу. Пераход у беларускае войска балахоўцы сустрэлі выбухам энтузіязму. Беларусы складалі палову афіцэраў і тры чвэрці жаўнераў палку, названага цяпер Асобным атрадам БНР. Жаўнеры зрывалі з шапак юдзенічаўскія значкі і замянялі іх на “Пагоні”, а бела-сіне-чырвоныя расейскія сьцягі — на бел-чырвона-белыя. Час быў вяртацца дадому. Але куды рушыць?

Спачатку Балаховіч і Езавітаў плянавалі прабівацца на Полацак, каб адваяваць у бальшавікоў нейкую тэрыторыю, якая не была пад палякамі. Хутка выявілася, што гэта немагчыма, бо Эстонія і Латвія перайшлі да мірных перамоў з Савецкай Расеяй. Зрэшты, і атака 2-тысячнага атраду супраць Чырвонай Арміі была б самагубствам. Заставалася адно далучыцца да беларускага войска, якое стваралася з дазволу палякаў. Езавітаў зьвярнуўся да польскага галоўнага камандаваньня з просьбай адвесьці Асобнаму атраду БНР участак польска-бальшавіцкага фронту на поўначы. На пачатку сакавіка атрад Балаховіча зьявіўся ў акупаваным палякамі Дзьвінску, адкуль быў накіраваны ў Берасьцейскую крэпасьць дзеля перафармаваньня. Цэлую вясну Балаховіч прасіўся на фронт, але дазволу не атрымоўваў. Атрад ня быў таксама ўлучаны ў беларускае войска ўраду Луцкевіча.

Сваю ролю Балаховіч адыграў падчас партызанскай вайны з бальшавікамі на Палесьсі, у якой ён паказаў сябе дзёрзкім і прадпрымальным камандзірам. Балаховіч карыстаўся падтрымкай сялян, якія інфармавалі яго пра рухі бальшавіцкіх атрадаў і папаўнялі рады балахоўцаў. Вялікай дапамогай атаману сталася супрацоўніцтва зь беларускай падпольнай арганізацыяй “Зялёны Дуб”, якая мела свае ячэйкі па ўсім Палесьсі, нават у Камені-Кашырскім, на ўкраінскім баку.

Бальшавікі, са свайго боку, карысталіся дапамогай часткі мясцовага габрэйскага насельніцтва, перадусім — моладзі. Прыводзіла гэта да непазьбежных сутыкненьняў. Пазьней на Балаховіча накінулі ярлык “пагромшчыка”. Пагромы сапраўды мелі месца. Да прыкладу, у Камені-Кашырскім. Пасьля ўпартай абароны мястэчка ўзяў і спаліў палкоўнік Паўлоўскі. Габрэйская моладзь, што абараняла мястэчка, адышла ў лес. А хлебам-сольлю вітаць Балаховіча была змушана старэйшая частка габрэйскага насельніцтва.

Зусім нечаканая сустрэча адбылася ў Кажан-Гарадку. Мясцовы рэўкам палічыў балахоўцаў за чырвоных казакоў і вітаў іх у чырвоных кашулях, дакладаючы, колькі зьнішчана “ворагаў народу”. Атаман і ягоныя вершнікі, не сказаўшы ні слова, выцягнулі шаблі, і ўвесь рэўкам быў выразаны. Інцыдэнт таксама прылічылі да “пагромаў”. Разумеючы небясьпеку такіх зьвінавачаньняў і каб пазьбегнуць сапраўдных пагромаў, Балаховіч пачаў арганізоўваць габрэйскі атрад пад камандаваньнем лейтэнанта Цэйтліна. Удалося, аднак, набраць толькі некалькі дзясяткаў добраахвотнікаў.

Складанымі былі таксама адносіны і ў самім балаховічавым войску, найперш між беларусамі і расейцамі. Беларускія афіцэры мелі пэўнасьць, што займаюць свае землі, і стваралі беларускую адміністрацыю, расейцы ж лічылі гэтую тэрыторыю часткай “адзінай і непадзельнай”. Каб палагодзіць спрэчкі, а то й бойкі між беларусамі і расейцамі, часам даводзілася накіроўваць спэцыяльны атрад польскай жандармерыі. І ўсё ж варажнеча паступова нарастала, і ў самы крытычны момант змаганьня — у час паходу на Менск — вылілася ў адкрыты канфлікт.

Справа палягала ў тым, што польскія нацыяналісты, што пераважалі ў Сойме і ва ўрадзе, вырашылі абмежавацца акупацыяй толькі часткі беларускіх зямель, якія магчыма было палянізаваць. Падчас мірных перамоў у Рызе польская дэлегацыя наадрэз адмовілася ад савецкай прапановы забраць пад Польшчу ўсе землі адпаведна зь мяжой 1772 г., перад першым падзелам Рэчы Паспалітай. Гэтак жа сама паставіліся яны й да Віленшчыны. Вільня, і Менск былі для іх нічога ня вартымі “жыдоўскімі” мястэчкамі, разьмешчанымі далёка на ўсходзе.

Зусім інакш глядзеў на гэтыя гарады Юзаф Пілсудскі. Для яго Вільня і Менск былі самымі важнымі гарадамі ўлюбёнага Вялікага Княства Літоўскага. Далейшых падзей у змаганьні за Беларусь мы не зразумеем безь сьведамленьня таго, што начальнік польскай дзяржавы ня быў палякам, ці, прынамсі, быў не такім палякам, як паслы Грабскі і Домбскі, якія лёгка дзяліліся Беларусьсю з Савецкай Расеяй.

Пілсудскі быў палякам, улучна з тым і “грамадзянінам Рэчы Паспалітай абедзьвюх нацый”. Быў ён таксама і “ліцьвінам”. І хаця ля пачаткаў роду стаіць жмудзін Гінэт, Пілсудскі лічыў сябе таксама й беларусам. Магчыма, таму, што падвіленскае Зулава, дзе Пілсудскія мелі фальварак, знаходзілася на этнічна беларускіх землях. Малы Зюк (скарочаная форма беларускага імя Юзюк) ведаў беларускую мову, якая, верагодна, як і ў іншых вялікіх родах на Беларусі, была мовай ягонай сям’і. Пішучы па-польску, малады Пілсудскі ніколі не называе свайго бацьку “ojciec”, а толькі па-беларуску — “бацька”. Добра таксама вядома, што Пілсудскі сваім часам асабіста кіраваў кантрабанднай дастаўкай “Дудкі беларускай” Багушэвіча з Кракава ў Беларусь і што ягоная партыя яшчэ з часоў Ліманоўскага прызнавала існаваньне беларускай нацыі, хаця беларускага палітычнага руху тады яшчэ не было. Цяпер стала вядома таксама, што малады Пілсудскі падчас свайго першага арыштту заявіў: маўляў, паводле нацыянальнасьці ён — беларус. Тады якраз ён і назваўся Восіпам, а ня Юзафам.

Калі да Пілсудскага дайшлі чуткі, што Грабскі і Домбскі гандлююць Беларусьсю з бальшавікамі, ён паслаў князя Сапегу, каб той разагнаў гэтую кампанію. Даведаўшыся пра місію князя, польская дэлегацыя ўначы падпісала замірэньне з Савецкай Расеяй. “Wycialem minski wrzod”, — выхваляўся потым Грабскі.

2. “Вызваленчая” місія Пілсудскага

Пілсудзкі застаўся самотным: усе намаганьні ягонага жыцьця былі змарнаваны, І тады ён вырашыў даць апошні бой. Хаця ён і быў начальнікам польскай дзяржавы, аднак ня быў яе самаўладным дыктатарам, а таму ня мог узьняць супраць волі Сойму і ўраду польскую армію. Заставаліся толькі “свае хлопцы”: камандзір гэтак званай Літоўска-Беларускай дывізіі генэрал Лук’ян Жалігоўскі і камандзір Беларускай народнай арміі генэрал Станіслаў Булак-Балаховіч. Жалігоўскі быў “таксама беларусам”, свабодна гаварыў па-беларуску. У ягонай Літоўска-Беларускай дывізіі не было, бадай, ніводнага літоўца, але беларусаў — процьма. 90 % добраахвотнікаў, якія ўвесну 1920 г. прыйшлі ў гэтую дывізію, былі беларусамі. Якраз Літоўска-Беларуская дывізія 15 жніўня спыніла на палях пад Радзымінам войскі Тухачэўскага, што кіраваў на Варшаву (і дасюль гэты дзень адзначаецца як сьвята Войска Польскага). Цяпер гэта дывізія мела вызваліць Вільню ад “жмудзінскага гнёту”. Рыхтуючы так званы “бунт Жалігоўскага”, Пілсудскі прасіў беларускіх дзеячоў, каб яны ўвайшлі ва ўрад Сярэдняй Летувы, заявіўшы пры гэтым, што ён беларус і Беларусі крыўдзіць ня дасьць. Але амаль ніхто яму ўжо больш ня верыў (апрача Іваноўскага і Тарашкевіча).

Балаховічу даручалася ня менш складанае заданьне. Ягоная Беларуская народная армія мелася вызваліць усю Беларусь. А калі б гэта не ўдалося, дык, прынамсі, Меншчыну (з часткай украінскага цяпер Палесься з Оўручам і Чарнобылем). Прадугледжвалася фэдэрацыя адваяванай Балаховічам часткі Беларусі і Сярэдняй Літвы (да якой мела далучыцца Гарадзеншчына) Жалігоўскага. Паводле Жалігоўскага, гэта мелася быць Беларуская Літва. І гэтак, раз заходнія саюзьнікі Польшчы не прызнавалі існаваньня Беларусі, Балаховіч, з загаду Пілсудскага, вонкава прызнаў палітычнае вяршэнства Расейскага палітычнага камітэту Барыса Савінкава. Дзякуючы гэтаму, ён меў ад Антанты грошы і зброю для сваёй арміі.

9 кастрычніка Жалігоўскі захапіў Вільню.

12 кастрычніка Балаховіч заключыў дамову зь Беларускім палітычным камітэтам (палітычным прадстаўніцтвам арганізацыі “Зялёны Дуб”), паводле якой БПК меў дапамагчы ў арганізацыі беларускай арміі, а тая ўзамен — аддаць Камітэту палітычную ўладу на вызваленай тэрыторыі.

3. Палескі паход Станіслава Булак-Балаховіча

Беларускі і Расейскі палітычныя камітэты пачалі ствараць супольную Саюзьніцкую народную армію. Расейскія часткі папаўняліся чырвонаармейцамі, завэрбаванымі ў лягерах для палонных; беларускія — фармаваліся з партызанскіх атрадаў “Зялёнага Дубу” і рэштак беларускіх батальёнаў ураду Луцкевіча. Калі ў лягер Балаховіча пад Туравам сьцягваліся палескія, беларускія і ўкраінскія партызаны, у нэўтральнай зоне між польскімі і савецкімі войскамі на Случчыне рыхтаваўся падсобны Слуцкі фронт. Плян наступу быў просты: Балаховіч меўся ўзяць спачатку чыгуначныя вузлы Мазыр і Калінкавічы ды павярнуць на Менск. Тым часам на Случчыне мерыліся правесьці маланкавую мабілізацыю ў Слуцкую брыгаду, якая адразу ж накіравалася б таксама на Менск.

6 лістапада 1920 г. Саюзьніцкая народная армія — дзьве дывізіі пяхоты (1-я “Дывізія сьмерці”, у якой над балахоўцамі, што прыйшлі з Эстоніі, колькасна пераважалі расейцы, і 2-я Менская дывізія, чыста беларуская, з партызан), украінская партызанская брыгада атамана Іскры і кавалерыйская група Балаховіча — пачалі наступ з абодвух бакоў Прыпяці. А 7 лістапада атрады Балаховіча ўзялі Петрыкаў, 10 — Мазыр, на дзень пазьней — Калінкавічы.

Камандаваньне савецкай 15 арміі накіравала ў раён дзеяньняў яшчэ тры стралковыя дывізіі і дывізію кавалерыі. 14 лістапада бальшавікі адбілі Калінкавічы, але Балаховіч раніцай наступнага дня зноў узяў горад. 2-я Менская дывізія пачала рухацца на Менск, наступаючы на Жлобін. Украінцы Іскры накіраваліся тым часам на Оўруч і Чарнобыль.

У гэты момант Балаховіч зрабіў памылку, якая вырашыла лёс кампаніі. Даведаўшыся, што ў Гомелі знаходзіцца 10 тысяч дэмабілізаваных чырвонаармейцаў і аграмадная колькасьць зброі і амуніцыі, ён кінуў 1-ю “Дывізію сьмерці” і кавалерыю свайго брата далей на ўсход. Ён меркаваўся папоўніць сваю армію дэмабілізаванымі салдатамі і зброяй, і толькі тады павярнуць на Менск. Пад канец дня 16 лістапада атрады Балаховіча падышлі з трох бакоў пад Рэчыцу, на прадмесьці якой пачаліся вулічныя баі, што доўжыліся потым увесь наступны дзень.

Ня менш цікавыя падзеі адбываліся ў палітыцы. 14 лістапада польскі ўрад загадаў свайму камандаваньню ўстрымацца ад хоць якой дапамогі Балаховічу (былі інтэрнаваны нават атрады, што не пасьпелі распачаць дзеяньняў. Сярод іншых і полк цяжкой артылерыі). Пакінуты сам-насам Балаховіч пачынае весьці адчайную гульню. 16 лістапада ён абвясьціў сябе начальнікам беларускай дзяржавы і стварыў у Мазыры ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі зь сябраў Беларускага палітычнага камітэту. Але тут пачаў бунтаваць Савінкаў, а за ім і расейскія часткі, адмаўляючыся змагацца за нейкую Беларусь. Балаховіч змушаны быў вылучыць беларускія часткі ў асобную беларускую армію пад камандаваньнем свайго брата.

Як ні дзіўна, у гэтую армію хлынуў натоўп добраахвотнікаў, нягледзячы на вельмі цяжкія абставіны на фронце (тут прыгадваецца добраахвотная мабілізацыя ў Беларускую краёвую абарону за часам II усясьветнай вайны — з падобнымі акалічнасьцямі). Пераважная сіла бальшавікоў — 10-я, 48-я, 4-я і 17-я стралковыя дывізіі ды 33-я Кубанская дывізія кавалерыі — спрабавалі акружыць Балаховіча. Атакай ад Жлобіна яны занялі 17 лістапада Калінкавічы. Праз два дні пачалося паўсюднае адступленьне войскаў Балаховіча. 2-я Менская дывізія ўпарта абараняла Мазыр, але 20 лістапада бальшавікі выціснулі яе з гораду. 1-я “Дывізія сьмерці” адыходзіла ад Рэчыцы ляснымі дарогамі, абмінаючы Мазыр. На поўдзень ад Прыпяці адступала група малодшага Балаховіча. Урэшце ядро сілы Балаховіча было акружана. Сам ён быў паранены ў нагу. Уратаваў Бацьку палкоўнік Жгун, пераправіўшы яго праз Прыпяць.

22 лістапада Балаховіч прарваўся праз пазыцыі 33-й Кубанскай дывізіі кавалерыі і пад канец лістапада выйшаў на польскі бок фронту. Частка 2-й Менскай дывізіі прарвалася на Случчыну, узмацняючы Слуцкую брыгаду, якая абаранялася ад Чырвонай Арміі да канца сьнежня 1920 г. Так скончыўся паход Булак-Балаховіча.

Няўдачу Балаховіча належыць разглядаць зь некалькіх пазыцый. Па-першае, гэта вынік асабістай яго памылкі — атакі на Гомель. Дух партызаншчыны перамог тут над духам дзяржаўнасьці. Безумоўна, Балаховіч, што б там ні было, павінен быў наступаць з усяею сілаю на Менск. Тады ўзьніклі б падставы для сапраўдных перамоў адносна лёсу БНР у кантэксьце рэальнай міжнароднай палітыкі. Сюды ж “кладзецца” і дывэрсія, учыненая прэм’ер-міністрам ковенскай БНР Ластоўскім, які падпісаў дамову з бальшавікамі аб супрацоўніцтве і з усяе сілы шкодзіў палякам, а найперш — Балаховічу. У выніку ягоных інтрыг зьезд Случчыны замест рашэньня кінуць усю сілу на Менск пачаў дыскутаваць: ці варта наагул ісьці з Балаховічам.

Па-другое, плян апэрацыі абапіраўся на тое, што Врангель пераможа бальшавікоў ці, прынамсі, скуе іхную сілу (так меркаваў польскі Генштаб). Але тым часам як Балаховіч пачынаў рэалізоўваць свой плян, паход Врангеля канчаткова праваліўся.

Па-трэцяе, армія Балаховіча не магла ваяваць без падтрымкі палякаў. Між тым, Сойм і ўрад Польшчы выказаліся за своечасовасьць замірэньня з Расеяй, няхай сабе й з савецкай.

4. Асоба генэрала Булак-Балаховіча

Адносна асобы Станіслава Булак-Балаховіча й дагэтуль не сьціхаюць спрэчкі. Адны лічаць яго героем і патрыётам Беларусі, іншыя — злачынцам і бандытам. Постаць генэрала сапраўды вельмі супярэчлівая ў найноўшай гісторыі Беларусі і заслугоўвае больш грунтоўнага вывучэньня. Гэтага змагара ня трэба занадта рамантызоўваць, але й ня варта выпэцкваць ягонае імя ў бруд.

Паміж іншага, адданасьць яго беларускай нацыянальнай ідэі й сёньня выклікае ў многіх дасьледнікаў сумневы і нават саркастычнае пасьміханьне. Лявон Дубейкаўскі, які добра ведаў генэрала па Варшаве, тым ня менш сьцьвярджаў, што “Балаховіч шчыры беларус, хоць і генэрал, віхор, вядома як ваенны”, а многія ягоныя заявы — усяго толькі тактычныя манеўры, каб выбіць у расейцаў, палякаў і французаў патрэбныя для забесьпячэньня сваёй вайсковай акцыі грошы і зброю. Нэгатыўнае ўспрыняцьцё асобы Балаховіча тлумачыцца — ці не найперш? — адмоўнымі рысамі характару гэтага чалавека. Паводле спамінаў ягоных сучасьнікаў, генэрал вызначаўся псыхалягічнай нераўнаважнасьцю, нястрыманасьцю характарыстык і празьмернаю амбітнасьцю.

Яшчэ ўвосень 1919 г. лідэры беларускага руху зьвязвалі з генэралам вялікія надзеі. Бліскучы баявы камандзір левых палітычных поглядаў, які тым жа часам выдатна праявіў сябе ў баях супраць бальшавікоў у складзе белае арміі ген. Юдзеніча, даў папярэднюю згоду перайсьці пад распараду Беларускай ваенна-дыпляматычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. Лідэры БНР, седзячы ў Варшаве і акупаваным палякамі Менску, спадзяваліся, што збройныя фармаваньні беларускага генэрала складуць аснову беларускага войска. Але ў бэнээраўцаў ня было ні рэальнай улады ў самой краіне, ні міжнародавай падтрымкі з боку ўплывовых эўрапейскіх краін, ні патрэбных фінансавых сродкаў дзеля таго, каб зьдзейсьніць перадысьлякацыю балаховічавых вайсковых частак у Беларусь і забясьпечыць іх усім патрэбным. Да таго ж, справу ўскладніў раскол Рады БНР у сьнежні 1919 г.

Сутнасьць палітычных рэалій Булак-Балаховіч хутка зразумеў і без усякіх пасярэднікаў сам дамовіўся з палякамі ў лютым 1920 г. аб пераводзе свайго палку ў раён Берасьця, дзе распачаў актыўную вэрбоўку тутэйшых добраахвотнікаў, праводзіў партызанскія акцыі, нападаючы на вайсковыя штабы і рабуючы абозы чырвонаармейцаў. У кастрычніку 1920 г. уласныя фармаваньні генэрала уяўлялі ўжо сур’ёзную ваенную сілу: 7.500   стральцоў, 2.500 вершнікаў, 150 кулямётаў і 36 гармат. Наконадні палескага паходу да балахоўскіх аддзелаў далучыліся расейскія і ўкраінскія фармаваньні, і агульны склад гэтае арміі сягнуў да 20 тыс. чал.

Адносна аказанай падтрымкі Балаховічу Пілсудскім маюцца розныя меркаваньні. Адны трымаюцца думкі, што тое было апошняй спробай начальніка Польскае дзяржавы ажыцьцявіць сваю “фэдэралісцкую канцэпцыю”. Іншыя дасьледнікі тлумачаць гэта больш празаічнымі мэтамі — намерам польскага ўраду дэстабілізаваць унутрапалітычнае становішча ў Савецкай Расеі і дамагчыся ад апошняй большых саступак на будучых мірных перамовах. Ёсьць таксама вэрсія, што гэта акцыя была прымеркавана да віленскага паходу Беларуска-літоўскае дывізіі генэрала Жалігоўскага дзеля прыцягненьня значнай сілы чырвонай арміі на ліквідацыю балаховічавага наступленьня на Палескім участку фронту, каб ня даць магчымасьці савецкаму кіраўніцтву ўмяшацца ў польска-літоўскую тэрытарыяльную спрэчку за Віленшчыну.

Палітычная праграма генэрала была збольшага запазычана ў Барыса Савінкава, зь якім генэрал заключыў палітычны хаўрус. Стаўка ў збройным змаганьні супраць бальшавікоў рабілася на сялянства. “Закон, парадак, зямля народу” — галоўны палітычны тэзіс, які пацьвярджаў асноўныя сацыяльныя заваёвы працоўных мас падчас рэвалюцыі 1917 г. Набыцьцё сялянамі зямлі “рэвалюцыйным шляхам” абвяшчалася “справядлівым і гістарычна непазьбежным”. Прызнаваліся прынцып нацыянальнага самавызначэньня і права ўсіх народаў на “самастойнае палітычнае пабытаваньне”; тэрытарыяльныя спрэчкі між Вялікарасеяй і нацыянальнымі ўскраінамі былой царскай імпэрыі мусілі вырашацца мірным шляхам. Сацыяльныя пункты дэклярацыі Савінкава–Балаховіча, як бачым, былі высунуты на першае месца — з мэтай прыцягнуць на свой бок вёску, якая цярпела ад бальшавіцкіх “продразверсток”. Але не ўлічвалася тое, што гэтая праграма не даходзіла да большасьці вясковага жыхарства. Затое аж залішне было бальшавіцкае прапагандысцкае літаратуры, у якой балахоўцаў і савінкаўцаў паказвалі ворагамі сялян, што жадаюць рэанімацыі старога палітычнага ладу і аднаўленьня “паншчыны”. Такім чынам, яшчэ не пачаўшы свайго паходу, Балаховіч адпачатку прайграў бальшавікам інфармацыйную вайну.

У тандэме з Савінкавым генэрал не зьбіраўся заставацца на другіх ролях. Ён марыў стаць “начальнікам беларускай дзяржавы”. А дзеля гэтага трэба было заручыцца таксама падтрымкай з боку беларускіх нацыянальных арганізацый.

Шчыльнае супрацоўніцтва Балаховіча з Савінкавым і польскімі спэцслужбамі прывяло да канчатковага разрыву генэрала з Найвышэйшай радай БНР, кіраўніцтва якой тады знаходзілася ў Варшаве. Адзін з кіраўнікоў Рады Кузьма Цярэшчанка на той момант заявіў: “Для беларусаў Балаховіч зьяўляўся прэдстаўніком чорнай расейскай рэакцыі ў Ядынай, Недзялімай”. У гэтай сытуацыі генэрал робіць стаўку на палёнафільскую групу Паўла Алексюка і Вячаслава Адамовіча-старэйшага. Створаны апошнімі Беларускі палітычны камітэт становіцца “цывільным урадам” Булак-Балаховіча часам палескага паходу 1920 г. Але армія Балаховіча ўжо з свайго складу была далёкай ад таго, каб называцца беларускай народна-вызваленчай. Большую частку яе складалі ўкраінскія і расейскія (“белыя”) аддзелы, добра-такі засьмечаныя рознымі авантурыстамі і маргіналамі. І “найлепей” апошнія выявіліся ў рабаваньні мясцовага насельніцтва ды габрэйскіх пагромах. Рэквізіцыя ж харчовага правіянту і фуражу ва ўмовах “самазабесьпячэньня” таксама правакавала непазьбежныя канфлікты з тутэйшымі сялянамі. У самы адказны момант лягер Балаховіча пакінуў генэрал Перамыкін са сваімі аддзеламі. Усё гэта істотна паўплывала на баяздольнасьць балаховічавай арміі і прадвызначыла яе паразу…

4. Слуцкі збройны чын

У гістарычнай літаратуры заўважны значныя разыходжаньні ў вызначэньні колькаснага складу Слуцкае беларускае брыгады. У сваіх спамінах удзельнікі збройнага чыну падаюць колькасьць паўстанцаў ад 7 да 10.000 чалавек. Але гэтая лічба тычыцца тых добраахвотнікаў, хто адгукнуўся на заклік Беларускае рады Случчыны ўступаць у беларускае войска і прыйшоў у Семежава. Адсутнасьць зброі і хуткі адыход паўстанцаў з памянёнага мястэчка змусіў многіх зь іх павяртацца ў свае вёскі. Рэальна ж колькасны склад двух палкоў быў значна меншым. У кароткім аглядзе гісторыі беларускага нацыянальнага руху, пададзеным у 1928 г. дэфэнзывай (контрвыведкай) Генэральнага штабу польскага войску, пазначана 4.000 слуцкіх паўстанцаў. Польскія гісторыкі З.Карпус і В.Рэзмэр паводле сваіх падлікаў, узятых з рапартаў выведкі 4-е польскае арміі за сьнежань 1920 г., падаюць значна меншую лічбу — 1.100—1.200 чалавек. У савецкіх ваенных крыніцах колькасны склад паўстанцкага войска — прыкладна 2.000 чалавек. Пры гэтым у зводках 16-й арміі за сьнежань 1920 г. паведамлялася, што больш за палову беларускіх вайскоўцаў ня мела ўзбраеньня. Такім чынам, і польскія і савецкія дадзеныя пра рэальны баявы патэнцыял Слуцкае беларускае брыгады фактычна супадаюць. А значыць іх можна прызнаць за аб’ектыўныя.

Першы бой паўстанцаў з аддзелам 16-й арміі адбыўся 27 лістапада каля в. Васільчыцы. Падчас яго чырвонаармейцы былі выбіты зь вёскі. Цягам больш чым месяца Слуцкая беларуская брыгада ўчыніла больш за дзясятак вайсковых акцый супраць рэгулярных савецкіх войск. Гэта былі пераважна партызанскія дывэрсіі, што падкідалі супраціўніку шмат турбот. Паўстанцы, пасьля праведзеных вайсковых апэрацый зазвычай адыходзіліся ў 30-кілямэтровую нэўтральную зону, якая падзяляла польскія і савецкія часткі. З прыходам да кіраўніцтва Слуцкае брыгады капітана А.Сокал-Кутылоўскага дзеяньні паўстанцаў сталі больш рашучымі. Найбольш значная падзея адбылася 17—19 сьежня 1920 г., калі 1-ы Слуцкі полк павёў адкрыты наступ супраць чырвонаармейцаў уздоўж старога Слуцкага тракту і зноў авалодаў м. Семежава, а праз два дні — м. Вызна.

Цягам амаль цэлых сутак паўстанцы стрымлівалі атакі пераважных сіл савецкіх войск. І толькі ўвечары 19-га сьнежня змушаны былі адступіць, захапіўшы з сабой шмат вайсковай амуніцыі, зброі, а таксама палонных. Савецкае кіраўніцтва сур’ёзна ўспрымала небясьпеку слуцкага супраціву, які мог перакінуцца на іншыя паветы Меншчыны і далей на ўсю Беларусь. На паўстанцаў былі кінуты дзьве сьвежыя “надзейныя” дывізіі з суседняй 3-й арміі дзеля правядзеньня татальнай “зачысткі” нэўтральнае зоны. У апошняй дэкадзе сьнежня аддзелы чырвонаармейцаў актывізавалі карныя апэрацыі супраць случакоў. Адначасна савецкае вайсковае кіраўніцтва дамаглося на гэты час ад польскага камандаваньня выкананьня некаторых пунктаў прэлімінарнага пагадненьня аб спыненьні дзейнасьці ў нэўтральнай зоне “антызаконных” вайсковых фармаваньняў. Пасьля польскага ультыматуму асноўная частка Слуцкае брыгады 30 сьнежня 1920 г. перайшла раку Лань і ў раёне в. Сіняўка была раззброена, а пасьля інтэрнавана. Так завяршылася актыўная фаза Слуцкага антыбальшавіцкага супраціву.

Случчына была тым месцам, дзе беларускі нацыянальны рух зарадзіўся і стаў пашырацца на іншыя рэгіёны Беларусі. Першыя беларускія нацыянальныя гурткі паўсталі тут яшчэ ў канцы ХІХ  c т. Падчас рэвалюцыйных падзей 1905—1906 гг. у Слуцкім павеце ўзьнікаюць суполкі Беларускае сацыялістычнае грамады, але з прыходам палітычнае рэакцыі пасьля 1907 г. беларускае палітычнае жыцьцё тут на доўгі час замірае. Аднаўленьне чыннасьці беларускіх нацыянальных арганізацый на Случчыне адбылося пасьля Лютаўскае рэвалюцыі 1917 г. У гэты час тут паўстаюць беларускія моладзевыя і вучнёўскія гурткі: слуцкая “Папараць-кветка”, грозаўская “Зарніца”, “Кутнёўская навуковая грамада” і інш. Значную ролю ў пашырэньні беларускай справы ў павеце адыграў тым часам Радаслаў Астроўскі, ураджэнец гэтых месцаў, былы выкладчык Менскага настаўніцкага інстытуту, якога Часовы расейскі ўрад прызначыў сваім павятовым камісарам. З намаганьняў апошняга ў жніўні 1917 г. у Слуцку была ўтворана земская гімназія, у навучальную праграму якой было ўведзена выкладаньне беларускае мовы і беларусазнаўства. А яшчэ раней, у сакавіку таго ж году, была арганізавана гарадзкая міліцыя, дзе кіроўныя пасады займалі вядомыя беларускія дзеячы Марк Асьвяцімскі, Апанас Анташэўскі ды інш. Менавіта гэтая паўвайсковая структура, што забясьпечвала грамадзкі парадак у горадзе, стала асновай Слуцкае беларускае брыгады ў лістападзе 1920 г.

Слуцкі Беларускі нацыянальны камітэт (БНК), утвораны яшчэ ў 1918 г., найбольшую актыўнасьць выявіў за часам польскай акупацыі (1919—1920 гг.). Скарыстаўшы легальнае становішча, ён пахіліў сваю чыннасьць на разьвіцьцё ў павеце беларускага школьніцтва і каапэратыўнага руху. Увесну 1920 г. былі зроблены нясьмелыя крокі, каб вырваць з-пад польскага кантролю органы мясцовага самакіраваньня. Але зьдзейсьніць гэта ўдалося толькі напярэдадні Збройнага чыну.

Акупацыйныя ўлады ў павеце мяняліся, а беларускі селянін, насуперак ім, намагаўся жыць сваім жыцьцём. Найперш яго турбавала пытаньне зямлі. Скасаваньне буйнога абшарніцкага землеўласьніцтва, перадача зямлі сялянскім гаспадаркам — тая “нацыянальная ідэя”, якую падтрымлівала абсалютная большасьць тутэйшага сялянства. Рэальная палітычная сіла, што абяцала вырашыць зямельнае пытаньне на карысьць сялян, і станавілася дамінантнай у краіне. Гэту сытуацыю выдатна скарысталі бальшавікі, якія прыйшлі да ўлады на хвалі папулісцкіх абяцаньняў.

Але калі ў разгар вайны з Польшчай савецкая ўлада пачала прымусовую мабілізацыю ў чырвонае войска, а харчовымі вайсковымі аддзеламі праводзілася масавая рэквізіцыя хатняй жывёлы, правіянту і фуражу, сяляне на адказ узяліся за зброю. Яны не жадалі быць “гарматным мясам” у бальшавіцкіх плянах усясьветнае рэвалюцыі. Гэта быў той момант, калі сацыяльная і нацыяльная складовыя антыбальшавіцкага супраціву злучыліся ў адзінае цэлае. Менавіта Слуцкі БНК і іншыя мясцовыя беларускія арганізацыі сталі арганізацыйнымі асяродкамі антысавецкага паўстаньня ў лістападзе–сьнежні 1920 г. Нават слуцкае праваслаўнае сьвятарства на чале з будучым слуцкім эпіскапам, пратаярэем Мікалаем Шамяцілам падтрымала гэты патрыятычны рух.

Чаму ж у гэты момант беларускае сялянства стала на бок беларускага нацыянальнага адраджэньня? Досьвед, здабыты часам ваенных і рэвалюцыйных падзей 1914—1920 гадоў, падказваў беларускаму сяляніну, што ніхто звонку не абароніць ягоных сацыяльных і эканамічных правоў. Тут варта зазначыць, што сялянскія гаспадаркі Случчыны не был i так моцна пашкоджаны ды разбураны падчас Першай усясьветнай вайны, як гэта здарылася на Віленшчыне і Гарадзеншчыне. Не закранула моцна гэты рэгіён і ліха масавага бежанства. Дэмаграфічныя страты Слуцкага павету за 1914—1919 гг., паводле польскіх дадзеных, склалі ўсяго 4,6%. У эканамічным пляне за рэвалюцыйныя гады слуцкае сялянства палепшыла сваё становішча. Адбылося гэта найперш за кошт мясцовых абшарнікаў, якія масава, з прычыны рэвалюцыі, за бясцэнак прадавалі сваю зямлю. Нярэдка права на ўласнасьць у той час вырашалася “рэвалюцыйным шляхам”. Добрая глеба (дарэчы, ці не найлепшая ў Беларусі) і рацыянальнае гаспадараньне прыносяць свой плён. Заможнаму слуцкаму сялянству было што губляць у бальшав i цк i х экспрапрыяцыях і было што баран i ць.

Тутэйшы селянін, які падтрымаў паўстаньне, асабліва не заглыбляўся ў палітыку Беларускае рады Случчыны. Яму было дастаткова слова “беларуская”. І аніякія доказы за гэтым часам не маглі пераканаць яго ў памылковасьці ці правільнасьці асабістага “нацыяналізму”. Але гэта быў нацыяналізм павярхоўны.

Барацьба за дзяржаўную незалежнасьць абцяжарвалася палітычным расколам у беларускім руху. Сіла, што рабіла стаўку на супрацоўніцтва з Польшчай, ня мела падтрымкі шырокіх народных мас. Якраз на той момант набірала моц Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў (БПС-Р), якая вызнавала сялянскі сацыялізм і стаяла на антыпольскіх пазыцыях. Гэта была самая масавая беларуская палітычная арганізацыя, да якой належала некалькі тысяч актывістаў. На Случчыне эсэры складалі касьцяк усіх беларускіх арганізацыйных структур, у тым ліку й мясцовага Беларускага нацыянальнага камітэту. Ідэалягічная роднасьць бальшавікоў і эсэраў прывяла іх да часовага хаўрусу супраць Польшчы ў канцы 1919 г. Пасьля заняцьця Слуцкага павету чырвонаю арміяй улетку 1920 г. частка эсэраў на чале з Андрэем Бараноўскім увайшла ў склад павятовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэту ды іншых органаў савецкае ўлады. Антысялянская палітыка “ваеннага камунізму”, а таксама заключэньне польска-савецкага пагадненьня аб падзеле Беларусі паскорыла палітычнае разьмежаваньне ў шэрагах БПС-Р на тых, хто выступаў за збройнае змаганьне супраць бальшавікоў, і тых, хто далей разьлічваў на супрацоўніцтва з новаю ўладай. Гэтая палітычная дваістасьць беларускіх эсэраў, якія ачолілі палітычны цэнтар паўстаньня ў лістападзе 1920 г., нэгатыўна адбілася на ходзе і характары слуцкага антыбальшавіцкага супраціву.

Для беларускіх сацыялістаў савецкая ўлада была ўсё ж “раднейшай” за польскую, хоць галоўны лёзунг паўстанцаў і заклікаў: “Прэч маскоўскага камісара і польскага пана!”. Нездарма ж пасьля ліквідацыі паўстаньня частка беларускіх эсэраў актыўна ўдзельнічала ў арганізацыі антыпольскай партызанкі на Віленшчыне і Гарадзеншчыне, а ўдзельнік слуцкіх падзей Язэп Лагіновіч (Корчык) стаў адным з кіраўнікоў Камуністычнае партыі Заходняе Беларусі. Нежаданьне прыхільнікаў “сялянскага сацыялізму” весьці актыўныя баявыя дзеяньні супраць чырвонае арміі сутыкнулася з рашучымі настроямі большасьці афіцэраў і жаўнераў Слуцкае беларускае брыгады. Апошнiя ня вельмi разьбiралiся ў пэрыпэтыях палiтычнае барацьбы, а таму кiравалiся адно жаданьнем змагацца супраць бальшавікоў. На апошняй фазе паўстаньня на чале збройных сіл случакоў стаў штабс-капітан Антон Сокал-Кутылоўскі, на якога былі ўскладзены дыктатарскія паўнамоцтвы. Менавіта на гэты час прыпадаюць найбольш значныя вайсковыя апэрацыі паўстанцаў.

Галоўнаю прычынай хуткага задушэньня сялянскага супраціву была адсутнасьць сур’ёзнай палітычнай арганізацыі, якая магла б згуртаваць раскіданыя галіны антыбальшавіцкага супраціву пад сьцягам нацыянальнае незалежнасьці. Такой арганізацыяй ня сталі ні партыя беларускіх эсэраў, ні т.зв. сялянская партыя “Зялёны дуб”. Агульная арганізацыя сумесных дзеяньняў сялянскіх паўстанцаў у Беларусі не перасягала межаў аднаго павету. Ідэя беларускае дзяржаўнасьці не зрабілася яшчэ галоўным кансалідантным фактарам у дзейнасьці мясцовай палітычнай эліты, схільнай да розных форм калябарацыі. Не спрыяла справе кансалідацыі й слабая нацыяльная сьвядомасьць грамадзтва: вызваленчаму руху замінаў залішні левы радыкалізм.

Важна памятаць таксама й пра мэтады, скарыстоўваныя бальшавіцкімі ўладамі для задушэньня сялянскіх паўстаньняў, у тым ліку й на Случчыне. Рэпрэсіі чыніліся ня толькі супраць удзельнікаў антысавецкіх збройных фармаваньняў. Карныя апэрацыі т.зв. “чонаў” (частак асаблівага прызначэньня) праводзіліся супраць цэлых вёсак. У Беларусі асаблівай жорсткасьцю вызначаўся карны аддзел камісара Стока. Каб пазбавіць паўстанцаў падтрымкі родных і сваякоў, савецкая ўлада ўжывала практыку гвалтоўных высяленьняў “бандыцкіх” сямей у цэнтральныя рэгіёны Расеі за сотні кілямэтраў ад родных месцаў. За спачуваньне “зялёным” у БССР у 1920—1921 гг. учынялі адмысловае высяленьне ў галоднае Паволжа, дзе выгнаньнікаў чакала пакутная сьмерць. Канфіскаваную маёмасьць “бандыцкіх прысьпешнікаў” разьмяркоўвалі між “чэсных грамадзян”.

У антыбальшавіцкім змаганьні беларуская вёска фактычна засталася без адчувальнай падтрымкі гораду, што найперш зьвязана з асаблівасьцямі нацыянальнага і сацыяльнага складу гарадзкога жыхарства. Габрэйскае абыватальства, якое складала асноўны кантынгент насельнікаў беларускіх гарадоў і мястэчак, у першыя гады савецкае ўлады было захоплена камунізмам. Тым часам калі мясцовыя абшарнікі і прадпрымальнікі за новай уладай гублялі свае капіталы, прадпрыемствы і фальваркі, а сялянства стагнала ад рэквізыцый хлеба і хатняй жывёлы, сацыяльнае, палітычнае і матэрыяльнае становішча дробных гандляроў і рамесьнікаў не пагоршала, а нават трохі палепшала. Бальшавізм вызваляў апошніх ад ранейшага нацыянальнага прыніжэньня, уздымаў іх сацыяльны статус. Спрытнай габрэйскай моладзі, што вырвалася з ранейшага кансэрватыўнага юдэйскага асяродку і атрымала адукацыю ў казённых расейскамоўных школах, за новай уладай адкрываўся шырокі шлях для кар’ернага росту ў савецкім дзяржаўным апараце. Другая частка тутэйшага габрэйства — артадоксы і правыя сыяністы — дачынна беларускага руху па-ранейшаму трымаася “нэўтралітэту”.

Сацыяльна-псыхалягічная стома насельніцтва Беларусі ад наступстваў Першае ўсясьветнае вайны і рэвалюцыйнага закалоту — не апошні фактар, які тлумачыць прычыну хуткага згасаньня антыбальшавіцкага супраціву. Перажыўшы вялікія сацыяльныя катаклізмы, разгул бяспраўя і гвалту розных уладных і ваенных рэжымаў, насельніцтва краю прагла не вайны, а хоць нейкай стабільнасьці. Дык і супраціў збольшага быў пасіўны. Наагул тыповы беларус так і застаўся стаяць з разяўленым ротам — нават ня вымавіўшы ўслых хоць слова пратэсту. Грамадзкая і палітычная чыннасьць насельнікаў гэтага краю пасьля кароткага ўсплеску зноў застыла на мёртвай кропцы замярзаньня.

 

You may also like...