Валянцін Акудовіч: «Дзіўна, што яшчэ даволі шмат маладых людзей абіраюць сабе за прафесію гуманістыку»

Беларускі Калегіюм, які сёлета адзначае дваццацігоддзе, быў створаны як альтэрнатыва мясцовай універсітэцкай сістэме навучання. Але сёння нефармальная адукацыя і самаадукацыя даволі запатрабаваныя. У прагнага да ведаў чалавека шмат варыянтаў, дзе іх атрымаць: анлайн-курсы, адкрытыя лекцыі, воркшопы. Якое месца Беларускі Калегіюм займае сёння ў сістэме актуальных адукацыйных ініцыятыў?

Пра гэта размова з адным з яго заснавальнікаў і куратарам аддзялення філасофіі і літаратуры Валянцінам Акудовічам.

Akudovich

— Раўнуючы з іншымі нефармальнымі інстытуцыямі, нашае доўгалецце нават нас саміх уражвае. Дарэчы, стваральнікам Калегіюма і яго першым кіраўніком шаснаццаць год быў кандыдат філасофскіх навук Алесь Анціпенка. Нельга не згадаць і Ігара Бабкова, роля якога на пачатку фамавання нашай установы таксама была вельмі значная.

Шмат каго тады ўжо не задавальняла ўніверсітэцкая адукацыя. Але ў першыя гады незалежнасці думалася, што пакрысе яна трансфармуецца адпаведна сучасным цывілізацыйным стандртам. Толькі з прыходам новай ўлады вельмі хутка стала зразумела, што нас чакае не аптымістычная трансфармацыя, а татальная кансервацыя савецкага адукацыйнага наратыву. Тады да іннавацыйнай задачы Калегіюма была далучаная яшчэ адна важная справа —  фармаваць і захоўваць маладую нацыянальную эліту да той пары, калі сітуацыя пераменіцца на лепшае…

Добра, што ў тыя першыя гады мы не ведалі, колькі нам трэба будзе чакаць гэтых зменаў…

Яшчэ звярну ўвагу на адзін момант. Калі іншыя нефармальныя інстытуцыі вучаць нейкім пэўным навукам, дык мы перадусім спрабуем фармаваць веду Беларусі пра самую сябе і ўвесь сусвет.

—  Матывацыя студэнтаў, якія навучаюцца ў Калегіюме, зразумелая: у складзе выкладчыкаў багата вядомых прозвішчаў. Але якая цікавасць менавіта ў выкладчыкаў? Што могуць атрымаць вядомыя літаратары, мастакі і навукоўцы ад камунікацыі з моладдзю?

 —  За ўсе гады толькі адзін чалавек адмовіўся ад прапановы, калі я яго запрасіў прачытаць курс на аддзяленні філасофіі і літаратуры. І зусім не з абыякавасці да Калегіюма —  ён займаў высокую пасаду ў акадэмічнай інстытуцыі і тады не быў гатовы да верагодных рэпрэсіяў улады.

Да месца заўважу, што за гады ніхто дабрахоць не сыйшоў з Калегіюма, калі не лічыць некалькіх канфліктных сітуацый, які не былі звязаныя з ім, як з інстытуцыяй. Разам з тым я не магу сфармуляваць універсальны адказ, бо нават стасоўна сябе не здольны тое зрабіць: чаму я тут ужо дваццаць год? Відаць, нам проста сэнсоўна і ўтульна ў такім неверагодна таленавітым хаўрусе рабіць агульную справу. Зрэшты, выкладаць у Калегіюме —  гэта, як з гадамі высветлілася, досыць прэстыжна. І шмат хто яшчэ з разумных і таленавітых хацеў бы да нас далучыцца, толькі нашыя магчымасці вельмі абмежаваныя. Аб чым я ўвесь час моцна шкадую.

—  Некоторыя з выкладчыкаў таксама вядуць заняткі на іншых нефармальных адукацыйных платформах: Лятучы ўніверсітэт, каледж ECLAB. Чым адрозніваюцца праграмы ці канцэпцыя ў Беларускім Калегіюме?

—  Пра канцэптуальнае разрозненне я ўжо казаў вышэй. Хіба яшчэ заакцэнтую: мы прынцыпова беларускацэнтрычныя. І хаця ў нас і знаку няма нейкай моўнай сегрыгацыі, але беларуская мова ў Калегіюме дамінуе. Што зусім не замінае чытаць лекцыі і ладзіць семінары рускамоўным выкладчыкам. Як і рускамоўным студэнтам атрымліваць нашы сертыфікаты.

—  Якія аддзяленні Калегіюма карыстаюцца найбольшым попытам?—  Прабачце, але мне, відаць, было б некарэктна нейкае аддзяленне высоўваць наперад. Тым болей, што ў розныя гады бывала па рознаму. Дарэчы, як і цяпер: леташні набор літаральна ўразіў нейкім шалёным выбухам цікавасці да журналістыкі і еўрапеістыкі (новае аддзяленне). Хаця ў кожным разе вырашае не колькасць тых, хто паступіў, а колькасць тых, хто скончыў Калегіюм. Зрэшты, і гэта не галоўны крэтэр, бо і адзін таленавіты студэнт потым можа зрабіць для Беларусі больш, чым цэлы курс. Дзеля прыкладу згадаю хаця б Глеба Лабадзенку.

—  Ці заўважалі вы, як уплывае сітуацыя ў краіне і свеце на цікавасць абітурыентаў да розных аддзяленняў?

—  Натуральна, увесь час на гэта зважаем. Калегіюм пачынаў сваю працу, калі не тое што інтэрнэта, кампутараў лічы не было. Саветызаваная моладзь тады яшчэ пераважна заставалася адлучанай як ад сусветнай веды, так і ад нескажонай веды пра Беларусь. І таму нашай найпершай задачай было злучэнне маладых людзей з гэтымі ведамі. Натуральна, на тую пару самымі папулярнымі былі гістарычныя курсы. Але са з’яўленнем інтэрнэта сітуацыя пачала радыкальна меняцца. Цяпер няма праблемы хоць з якой інфармацый. Уся сусветная спадчына і найноўшае — на адлегласці працягнутай рукі да манітора. Зразумела, якімі б інфармаванымі не былі нашыя выкладчыкі, яны не могуць канкураваць з тым, што прапаноўваемае віртуальная бібліятэка.  З гэтага і паўстала надзвычай вострая праблема: што мы можам даць студэнтам такога, чаго няма ў “кампутары”? Пэўны адказ на гэтае запытанне яшчэ ані не сфармуляваны. Пакуль ясна хіба толькі адно: у “кампутары” няма жывога чалавека, гэта значыць, няма нашых выбітных творцаў, якія наўпрост, сам-насам сумовяцца з студэнтамі на лекцыях, семінарах, калоквіўмах і нават падчас філасофскіх вандровак па Беларусі.

—  Часам падаецца, што ўся дзейная молодзь зараз ідзе ў айцішнікі. Чаму нехта усё роўна імкнецца атрымліваць гуманітарную адукацыю?

—  Татальны крызіс гуманітарнай адукацыі і, калі шырэй, усяго гуманітарнага дысурса —  навідавоку. Пра гэта, здаецца, ніхто нават і не спрачаецца. Дыскутуюцца хіба адно прычыны, якія спачатку выклікалі крызіс, а затым і сфармавалі яго як татальнасць. Тут не месца далучацца да гэтай мега-дыскусіі. Хіба звярну ўвагу на адзін, але, як з майго гледзішча, надзвычай істотны момант: чалавечае ў чалавеку пакрысе перастае бачыцца загалоўным для самога чалавека. Цяпер чалавека ўжо найперш вызначае мера ягонай ўпісанасці ў тэхналагічны дыскурс.

З гэтага нават дзіўна, што яшчэ даволі шмат маладых людзей абіраюць сабе за прафесію гуманістыку. Хаця, відаць, бальшыня з іх проста не ведае, што гэтым самым абірае сабе і ролю аўтсайдэра ў грамадстве. Разам з тым, тыя, хто разумее, што сёння адбываецца ў свеце, але не здраджвае свайму пакліканню, выклікаюць у мяне вялікую павагу. Трэба яшчэ пазмагацца за чалавека як такога. А там час пакажа.

—  Вы кіруеце аддзяленнем філасофіі і літаратуры. Ці цяжка працаваць з творчымі людзьмі?

—  Якраз з таленавітымі людзьмі працаваць лёгка. Хаця больш дакладна будзе сказаць —  радасна. І ці не таму, што толькі праз здольнасць да творчасці чалавек вылучыўся з усяго астатняга свету ў чалавека. Інакш кажучы, дапамагаючы нашаму маладому калегу рэалізаваць свой талент, мы неўпрыкмет вялічым колькасць чалавечага ў чалавеку. І хаця кожны раз ўпаасобку гэта зусім непрыкметнае павелічэнне, але… Вось таму і радасна.

—  Выбачайце за дылетанцкае пытанне. Ці можна наогул навучыць літаратурнаму майстэрству? Як вырасціць паэта ці пісьменніка?

—  Калі я паступіў у Маскоўскі літаратурны інстытут, дык быў літаральна збянтэжаны тым, што ўсе тамтэйшыя выкладчыкі, пачынаючы з рэктара, не стамляліся нагадваць нам: на пісьменніка ніхто нікога не можа вывучыць. А вось што мы напэўна можам, казалі яны, дык гэта навучыць вас чытаць. Хутка я зразумеў, што гэта абсалютна слушна. Нельга навучыць, можна толькі дапамагчы зрабіцца празаікам, паэтам, філосафам, калі ў хлопца ці дзяўчыны ёсць хоць трохі з таго, што звычайна пазначаюць словам талент. Гэтым мы і займаемся на аддзяленні філасофіі і літаратуры. А таго, хто гэтай дзіўнай вярэды у сабе не мае, мы вучым чытаць. Што таксама не пазбаўленае сэнсу. І не абы якога…

Размаўляла Ірына Мамчыц, Беларускі Калегіюм, аддзяленне журналістыкі

You may also like...