Валянцін АКУДОВІЧ. Сучасная беларуская філасофія: праблемы і героі

План:

1. Прэамбула

2. З гісторыі праблемы

3. Эпоха “буры і націску”

4. Праекты “эпохі”

5. Постаці

6. Тэкст як месца сустрэчы вобраза з сілагізмам

7. Крызіс у праекцыі перспектывы

1. Прэамбула

Як з майго гледзішча, то з’яўленне ўласнабеларускага філасофскага дыскурсу, які пачаў фармавацца ўсяго толькі напрыканцы васьмідзесятых гадоў ХХ ст., ёсць адной з самых буйных падзеяў у культуры сучаснай Беларусі, бо нягледзячы на ўсё яе багацце і разнастайнасць, без наяўнасці рэфлексіі і самарэфлексіі (як з прычыны быцця, так і з падставы саміх сябе), сапраўдная карціна ўласнай сутвы заставалася як бы недапраяўленай і для нас саміх, і для астатняга свету. (Дарэчы, з сітуацыі непрааналізаванасці і неадрэфлексаванасці Беларусі як аб’екта быцця і суб’ектна бытнага мы нядаўна атрымалі шэраг сур’ёзных сацыяльна-палітычных праблемаў, паколькі пасля развалу Савецкага Саюза ў сваіх стратэгіях ды тактыках рэфармавання грамадства зыходзілі не з саміх сябе, якія мы ёсць, а толькі з уяўлення пра сябе на падставе таго, якімі ёсць іншыя… )

Зыходзячы з істотнасці таго, што адбылося, я і паспрабую тут распавесці, як адбывалася і адбылося тое, аб чым сёння мы ўжо адважваемся казаць: “сучасная беларуская філасофія”. Але пры гэтым я хацеў бы выдзеліць і падкрэсліць, што нашая гаворка будзе менавіта пра беларускую філасофію, а не пра філасафаванне на Беларусі ўвогуле, якое, акрамя як у беларускім, адбываецца і ў расейскім моўна-ментальным модусе. І сваім аб’ёмам апошні відавочна пераважвае ўласнабеларускі, прынамсі, калі звяртаць увагу на фармальны вымер — бальшыня беларускіх кандыдатаў і дактароў філасофскіх навук (як і інстытуцыяў, якія яны прадстаўляюць), працуюць у расейскай мове і ў полі праблематык, зарыентаваных на прыярытэты расейскага інтэлектуалізму. Разам з тым, я, бадай, не шмат перабольшу, калі скажу, што пры ўсёй сваёй колькаснай перавазе іх праца, з прычыны яе глыбокай нутраной перыферыйнасці, застаецца, па вялікім рахунку, аднолькава незапатрабаванай як расейскім, так і беларускім мысленнем.

І апошняе, на што, здаецца, не лішне звярнуць увагу перад тым, як перайсці непасрэдна да заяўленай тэмы…

Карэл Чапэк неяк сказаў: “Кітаец, які зажадаў бы стварыць кітайскую філасофію, быў бы, напэўна, добрым кітайцам, але дрэнным філосафам”. Гэтую заўвагу Карэла Чапэка я згадваю ў кожным выпадку, калі адчуваю патрэбу падкрэсліць, што мы добра ўсведамляем усю ўмоўнасць такога словазлучэння, як “беларуская філасофія”, і калі кажам пра стварэнне нацыянальнага філасофскага дыскурсу, то акцэнтуем не яго нацыянальную адметнасць, а адметнасць факта яго з’яўлення ў шматвымернай прасторы нацыянальнай культуры.

2. З гісторыі праблемы

Не станем сягаць у даўнiя стагоддзi, калi мысленне на прасторы, цяпер пазначанай дзяржаўнымi межамi Рэспублiкi Беларусь, разгортвалася адпаведна з агульнаеўрапейскiмi тэндэнцыямi. Ужо хаця б таму, што метадалагiчна яго, бадай, заўсёды будзе досыць няпроста залiчваць да ўласна беларускага: цi то з прычыныiншамоўнасцi, цi то з прычыны адслоненасцi ад Беларусi як яшчэ не выяўленага суб’екта еўрапейскай гiсторыi… Безумоўна, фармуючы традыцыю беларускага мыслення, мы не пакiдаем тыя ранейшыя здабыткi па-за нашай увагай, бо і ў Вялікім княстве Літоўскім, і ў Рэчы Паспалітай, гэтаксама як і ў тадышняй Цэнтральнай Еўропе, філасофія дамінавала не толькі ў сістэме адукацыі, але арганізоўвала і рэгламентавала ўсю мыследзейнасць грамадства. Таму зусім натуральна, што ў рэканструкцыі гісторыі філасофіі мы не прамінаем увагай спадчыну Кірылы Тураўскага, Францішка Скарыны, Казіміра Лышчынскага, Андрэя Волана, наробак Полацкай езуіцкай Акадэміі і Віленскай філасофскай школы (пра апошняе сведчыць і кніга Ігара Бабкова “Філасофія Яна Снядэцкага”). Але рэальна зачын ужо ўласна беларускага мыслення нам даводзiцца звязваць з “нашанiўскiм” перыядам беларускай гiсторыi пачатку ХХ стагоддзя, з тагачаснай лiтаратурай, публiцыстыкай, гiстарыяграфiяй, светапогляднымi рэфлексiямi. Найвялiкшым дасягненнем айчыннага мыслярства той пары мы небеспадстаўна лiчым эсэ Ігната Абдзiраловiча (Канчэўскага) “Адвечным шляхам” (1921 г.) i эсэ Уладзіміра Сулiмы (Самойлы) “Гэтым пераможаш!..” (1924 г.).

На вялікі жаль, неўзабаве аўтэнтычная хада беларускага мыслярства была на дзесяцігоддзі і дзесяцігоддзі перапыненая бальшавіцкім гвалтам. Між іншым, нейкім дзіўным чынам гэты гвалт прычыніўся і да інтэлектуальнага заняпаду вольнай ад бальшавікоў Заходняй Беларусі. Прынамсі, нічога роўнавялікага тэкстам Абдзіраловіча ды Сулімы там, як пазней і на эміграцыі, не было створана.

Ёсць досыць распаўсюджанае меркаванне, што чалавеку можна забаранiць усё, нават дыхаць, але нельга забаранiць мыслiць… Магчыма, аднаму асобнаму чалавеку i нельга забаранiць мыслiць сам-насам, але грамадству — можна. Цяпер мы гэта добра ведаем. За камунiстамi беларусам было дазволена пiсаць апавяданнi i раманы, маляваць карцiны i ствараць скульптуры, ставiць спектаклi i спяваць песнi, але нельга было мыслiць…

Беларусам было забаронена мыслiць. Тут карцiць дадаць — самастойна, толькі iнакшага мыслення, акрамя самастойнага, не бывае.

Не станем шмат казаць пра дыялектычны матэрыялiзм — адзiную дазволеную нам форму мыслення, бо рэч не ў тым, добрая цi благая была гэтая форма, а ў тым, што мысленне ў нейкай адной форме ўжо не ёсць iм. I адсюль яго кардынальная адрознасць ад мастацтва i лiтаратуры, якiя могуць быць зацiснутыя звонку — цi самi сябе зацiснуць у катух нейкага аднаго метаду (класiцызм, барока, рамантызм, рэалiзм, мадэрнізм, сацрэалiзм…) i пры гэтым заставацца творнымi, бо эстэтычнаму, каб выявiцца, усё роўна патрэбны нейкi канон, не той дык iншы.

Дзеля прыкладу тэзы пра “забарону” згадаю ўсяго адзін факт. За семдзесят год камуністычнага панавання на Беларусіпа-беларуску не было выдадзена ніводнай кніжкі з класікі сусветнага і еўрапейскага мыслення. І гэта пры тым, што ва ўсю тую пару існавалі магутныя выдавецтвы, якія друкавалі даволі замежнай літаратуры самага рознага кшталту. Тое самае адбывалася і ў прасторы шматлікіх часопісаў, альманахаў, газетаў… — татальнае табу на хоць якія праявы мыслення, як айчыннага, гэтак і замежнага мыслярства.

3. Эпоха “буры і націску”

Адным словам, у ХХ ст. намбыло забаронена мыслiць… ад пачатку дваццатых аж да канца васьмідзесятых, да “перабудовы”, калi ўсе забароны неўпрыкмет спарахнелi, а дазволу, каб нават па звычцы закарцела, не было ў каго запытацца.

У гэтым бязладдзi i пачалося сучаснае беларускае мысленне — натуральна, бязладна, але iнтэнсiўна. Невыразныя спробы неяк яго згарманiзаваць, намацаць яму грунт пад пачатак стаяння i адтуль накрэслiць вектар руху наперад нiякага плёну не мелi. Адноўленыя для ўжытку тэксты Абдзiраловiча, Сулiмы, Цвiкевiча ды iншых пацешылi сэрцы адэптаў нацыянальнага адраджэння, але па сутнасцi засталiся незапатрабаванымi iнтэлектуальным рухам…

Тут нам давядзецца зрабiць невялiчкае адступленне, i вось з якой нагоды. Калi мы кажам, што традыцыя беларускага мыслення была перапыненая бальшавiкамi, што бальшавiкi на дзесяцiгоддзi i дзесяцiгоддзi забаранiлi беларусам мыслiць, i гэтая забарона трымалася аж да канца васьмiдзесятых, то трэба не забывацца i на выключэннi, на тых, хто спрабаваў хоць на крок-другi перарушыць мяжу забароны. Да такiх выключэнняў мы ўжо, напэўна, можам залiчыць патрыярхаў беларускай фiласофii Уладзiмiра Конана i Мiкалая Крукоўскага… Дык вось, якраз яны, дактары філасофскіх навук Уладзiмiр Конан i Мiкалай Крукоўскi былi тымi, хто сваёй творчасцю рэальна звязваў мiж сабой беларускае мысленне першай i апошняй чвэрцяў ХХ стагоддзя. Але цi гэты звяз быў не вельмi трывалым, цi надта ўжо рознiлiся iнтэлектуальныя сiтуацыi пачатку i канца стагоддзя, толькi новае беларускае мысленне ў сваiх спробах намацаць самое сябе абапiралася не на “штрыхавую” традыцыю Абдзiраловiч — Сулiма — Конан — Крукоўскi, а на ўсё што заўгодна iншае: на дзэн-будызм i Рэрыха, Барта i Данiлеўскага, Фрэйда i Дэрыда, Нiцшэ i Бярдзяева, Хайдэгера i Бахцiна, Дэкарта i…

Аднак досыць хутка ў гэтай мяшанцы-боўтанцы пачалi вырознiвацца прыярытэты. Першым сцёк з сыроваткай расiйскi месiянiзм — ці не адзiная аўтэнтычная i жывая фiласафема расейскага мыслення. З прычыны яго абсалютнай непрыдатнасцi рацыянальнай беларускай ментальнасцi, разам з месiянiзмам апынулася ў незапатрабаванасцi i ўся астатняя расейская фiласофiя. Не змаглi замацавацца на Беларусi (натуральна, я маю на ўвазе нацыянальны дыскурс) i шматлiкiя фiласафемы Усходу, хаця iх уплыў выявiўся нават больш выразна, чым уплыў расейскай гiстарыясофii i расейскага мiстыцызму. Падобна, што асаблiва не завабiў беларускiх iнтэлектуалаў паўночнаамерыканскi прагматызм i брытанскi (астраўны) пазiтывiзм (праўда, уплыў апошняга выявiўся ў метадалагiчных спрэчках нашых “новых” гiсторыкаў)…

Зрэшты, няма нiчога дзiўнага, што ў значэннi прыярытэтаў для новага беларускага мыслення засталася еўрапейская кантынентальная фiласофiя, бо i прасторава, i ментальна мы ўлучаныя ў еўрапейскую iнтэлектуальную iмперыю. Але паколькi гэтая iмперыя надзвычай разнастайная i практычна неабсяжная, то нашы першыя iнтэлектуальныя iнiцыятывы, разбэрсаныя гэтай разнастайнасцю па неабсяжнасцi, верагодна, на доўгi час згубiлiся б не толькi ад iншых, але i ад нас самiх. Згубiлiся б, каб… Каб у нас не было Беларусi як інтэлектуальнай праблемы, ад рэфлексіяў над якой не змаглi ўхiлiцца нi “метафiзiкi”, нi “экзiстэнцыялiсты”, нi “антраполагi”, нi “структуралiсты”, нi “герменеўтыкi”, нi “фундаменталісты”… Незалежна ад сваiх прыхiльнасцяў да тых цi iншых канцэптаў еўрапейскага мыслення, усе тагачасныя беларускiя iнтэлектуалы былi заангажаваны праблемай асэнсавання Беларусi як суб’екта гiсторыi, геапалiтыкi, метафізікі. I гэта зразумела, бо, не акрэслiўшы поле сваёй прысутнасцi ў быццi, немагчыма выходзiць на асэнсаванне самога быцця.

Беларусь як iнтэлектуальная праблема не толькi аб’яднала ўсiх, хто меў схiльнасць да крытычнай аналітыкі і адцягненага рэфлексавання ў іх сучасных параметрах, яна яшчэ i ўзяла на сябе ролю лабараторыi, эксперыментальнага цэха, палiгона, дзе беларускае мысленне, у значэннi ўжо ўласна беларускага, напрацоўвала прыдатныя для сваiх патрэбаў тэрмiналагiчныя сiстэмы, выпрацоўвала лагiчныя канструкты, намацвала актуальныя для сябе універсальныя iдэi, — адным словам, асэнсоўваючы Беларусь у якасцi суб’екта еўрапейскай гiсторыi і ўласнай метафізікі бытнага, беларускае мысленне гадавала i нарошчвала свае iнтэлектуальныя цяглiцы.

Працэс асэнсавання Беларусі як інтэлектуальнай праблемы не перапыніўся да сёння. Але цяпер гэта ўжо не надта добра. Бо жыццядайны на пачатку, ён, з прычыны сваёй татальнасці, пакрысе пачаў ператварацца ў пастку для беларускага мыслення, якое пакуль не здольнае вырвацца з ягонай усё яшчэ актуальнасці ў іншыя рэфлексійна-інтэлектуальныя абсягі. На гэтым і палягае першы крызіс у сучаснай беларускай філасофіі, удзельнікамі ды сведкамі якога мы з вамі з’яўляемся… Але падрабязней пра крызіс трохі пазней.

4. Праекты “эпохі”

Гэты раздзел мае назву “Праекты эпохі”, аднак пры жаданні пагуляцца ў словы, яго можна был б назваць і “Эпахальныя праекты”, хаця на старонні погляд нічога не выдае на манументальнасць у тых інстытуцыях, суполках, часопісах, публікацыях, пра якія далей будзе весціся гаворка. Што і натуральна, бо на пачатку кожнай істотнай і перспектыўнай справы звычайна палягаюць не вельмі кідкія ўчынкі ды падзеі, але менавіта яны стаюцца прычынай таго, што некалі потым зможа выразніцца ва ўсёй сваёй значнасці. І з гэтага іхнюю ролю будзе справядліва ацэньваць паўставаннем усёй з’явы як цэлага.

Адным з першых праектаў у нашым пераліку мусіць быць названы Скарынаўскі цэнтр, які выдзеліўся з амаль цалкам зрусіфікаванай Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, каб сабраць і задзіночыць раскіданых паасобку нацыянальна заангажаваных інтэлектуалаў дзеля супольнай працы. Менавіта ў дзейнасці Скарынаўскага цэнтра на пачатку дзевяностых гадоў акрэсліўся “базавы корпус” персаналіяў (Уладзімір Конан, Алесь Анціпенка, Ігар Бабкоў, Алег Бембель, Мікола Матрунчык, Віталь Зайка, Захар Шыбека, Алесь Жлутка, іншыя), з якімі я схільны звязваць тое, што можна было б назваць першай хваляй новага беларускага інтэлектуалізму, што выявілася ў формах філасофіі і культуралогіі. Гэты знешне як быццам фармальны крок стаўся надзвычай істотным у сваёй сутнасці, бо сабраны пад адным дахам ладны хаўрус таленавітых асобаў увідавочніў і для іх саміх, і для ўсяго грамадства сапраўдны патэнцыял беларускага мыслярства.

Вызваленае ад забароны быць, беларускае мысленне шукала сабе падставы абазнацца ўсюды, дзе для гэтага ўяўлялася хоць якая магчымасць. Зразумела, тут няма як спыняцца на ўсіх разнастайных і шматаблічных праявах гэтага працэсу. Таму далей я выдзелю адно тое, што на мой, падкрэслю, суб’ектыўны погляд, адыграла найбольш значную ролю ў паўставанні сучаснага інтэлектуальнага руху ці то з прычыны сваёй эўрыстычнай важкасці, ці то з прычыны сваёй інавацыйнай адметнасці.

Ужо ж, напэўна, будзе справядліва паперадзе ўсяго згадаць газету “Наша Ніва”.

Легендарны для беларускай культуры праект, які на самым пачатку ўжо прамінулага стагоддзя адыграў надзвычай істотную ролю ў фармаванні нацыі, быў адноўлены Сяргеем Дубаўцом у 1991 г. Трэба прызнаць, што адноўленая “Наша Ніва” не выяўляла асаблівай цікавасці да ўласна філасофіі, але культуралагічна яна цалкам ладзілася ў фармаце сучаснага еўрапейскага мыслення і таму яе роля ў яго разгортванні на беларускіх абсягах — выключная.

Для той першапачатковай пары вельмі карыснай і заўважнай была дзейнасць штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, асабліва з узгляду на яго колькігадовую рубрыку “Ідэальная Беларусь”. Шэраг артыкулаў і гутарак, якія ў межах гэтай рубрыкі арганізоўваў і ствараў Юрась Залоска, шмат чаго дадалі да асэнсавання Беларусі як да культуралагічнай, так і да філасофскай праблемы.

Адметнай падзеяй у працэсе разгортвання інтэлектуальнага дыскурсу сталася з’яўленне суполкі “Крыўе” і выпуск“крывамі” некалькіх альманахаў (“Vieda”, “Крыўе”). Інтэлектуальным лідэрам “крываў” быў (і застаецца) Сяргей Санька, філосаф са строгім і дакладным ладам мыслення, што адбівалася і на падборы тэкстаў для альманахаў, і на выбары тэмаў канферэнцыяў, якія ладзіліся гэтай суполкай.

Бадай, будзе зусім не лішнім уключыць у заяўлены кантэкст цяпер ужо не існуючы часопіс “Унія”. Рэлігійны па змесце, гэты першы незалежны беларускі часопіс перадусім выяўляў прагу актуалізацыі сучаснага беларускага мыслення. (Дарэчы, у стваральнікаў гэтага праекта досыць цікавыя лёсы. Яго галоўны ініцыятар — Ірына Дубянецкая, і яе найбліжэйшая хаўрусніца Караліна Мацкевіч у наступным годзе абараняюць доктарскія дысертацыі па тэалогіі: першая ў Лёване (Бельгія), другая — у Парыжы. А яшчэ адзін чалец гэтага хаўрусу, вядомы паэт і культуролаг Алег Бембель, стаў манахам славутага на Беларусі Жыровіцкага манастыра).

Мне досыць складана ацэньваць у акрэсленай тут рэтраспектыве ролю штотыднёвіка “Культура” (год стварэння, як і ў “Нашай Нівы” — 1991), дзе сiстэматычна друкавалiся тэксты замежных i айчынных мысляроў, як i пазней узнiклы ў якасцi дадатка да штотыднёвіка лiтаратурна-фiласофскi сшытак “ЗНО”, бо я сам быў непасрэдным чынам заангажаваны ў гэты праект, але, мяркуючы па “індэксу цытавання”, унёсак тагачаснай “Культуры” ў цэлым i “ЗНО” ў прыватнасцi быў досыць iстотным. Звернем увагу і на тое, што “ЗНО” было першымперыядычным выданнем на Беларусi, якое публічна дэкларавала сябе як уласна фiласофскае.

Значную ролю ў разгортванні інтэлектуальнага дыскурсу адыграў часопіс “Крыніца” (галоўны рэдактар Уладзімір Някляеў), які ў 1994 г. быў перарэфармаваны з літаратурнага ў культуралагічны. Перастварэнне часопiса “Крынiца” засведчыла, што першапачатковы этап назапашвання культуралагiчных iнiцыятываў збольшага завяршыўся i нашае мысленне ўжо абапiраецца не на абы-які інтэлектуальны грунт.

Вельмі буйной структурнай падзеяй, якая кардынальна перамянiла культуралагiчны ландшафт Беларусi, было выданне кнiг серыi “Адкрытае грамадства”. Каардынатар гэтага праекта, філосаф Алесь Анцiпенка змог за вельмi кароткi час наладзiць эфектыўную перакладчыцкую i выдавецкую дзейнасць, у вынiку чаго мы досыць хутка займелі ладны стос капiтальных выданняў на беларускай мове па фiласофii, культуралогii, гiсторыi, палiталогii, сацыялогii, псiхалогii і т.п.

Ніяк не выпадае абмінуць яшчэ адну персанальную ініцыятыву, завадатарам якой стаўсяЮры Гарбінскі. У яго атрымалася праз Польскую Акадэмію навук выдаць унікальную анталогію: “Беларуская думка ХХ стагоддзя” (Варшава, 1998 г.), дзе сабраныя найбольш адметныя беларускія тэксты гэтага перыяду, сабраныя з абсягаў філасофіі, рэлігіі ды культуры. У пэўным сэнсе працягам праекта Юрыя Гарбінскага можна лічыць капітальную “Анталёгію сучаснага беларускага мысьленьня”, якая падрыхтаваная да друку з ініцыятывы Беларускага Калегіума. У ёй сабраныя лепшыя філасофскія і культуралагічныя тэксты перыяду фармавання сучаснага беларускага мыслення. Гэта вельмі чаканая падзея, якая, спадзяюся, шмат што зменіць у стаўленні да свайго інтэлектуальнага патэнцыяла як саміх беларусаў, так і тых, хто ацэньвае іх з відалі.

Ну i, бадай, пра найбольш адметны праект у гэтым залiшне сцiплым — як па значнасцi ўсёй падзеi ў цэлым — пералiку, а менавiта пра філасофскі часопiс “Фрагмэнты” (галоўны рэдактар Iгар Бабкоў). Гэтае выданне прадстаўляе сабой вяршыню той фiласофска-культуралагiчнай хай яшчэ не пiрамiды, а толькi “пiрамiдкi”, што ад пачатку дзевяностых спакваля складвалася цягам дзесяцi з лішкам гадоў i ўрэшце склалася ў нешта першапачаткова завершанае, цэлае.

Аглядным вынікам гэтага “цэлага” сталася ёмістая “Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня” (укладальнікі Алесь Анціпенка і Валянцін Акудовіч), падрыхтаваная “пад дахам” Беларускага Калегіума і выдадзеная ў 2003 г.

А далей яшчэ колькі словаў пра ініцыятывы апошняга часу, дзе значную ролю адыгрывае ўжо наступная генерацыя беларускіх інтэлектуалаў, якая, у пэўным сэнсе, сама з сябе дэманструе плён стваральнайпрацы сваіх папярэднікаў. Найперш тут згадваюцца часопісы “Nihil”, “Архэ”, “Скарына”, “pArtisan”, “Зямля N”, “Паміж”… І хаця ніводзін з іх не з’яўляецца ўласна філасофскім, але кожны ў асобных тэкстах дэманструе сваё памкненне да тых ці іншых фрагментаў філасофскай веды. Асабліва гэта датычыцца часопіса “Паміж”, які робіцца студэнтамі і выкладчыкамі аддзялення філасофіі і літаратуры Беларускага Калегіума.

З усяго папярэдне сказанага відавочніцца, што сучаснае беларускае мысленне паўставала і разгортвалася на старонках розных літаратурна-мастацкіх альбо культурніцкіх выданняў, у прасторы супольных хаўрусаў ці прыватных ініцыятываў — дзе заўгодна, але толькі не на тэрыторыі легітымна вызначаных для гэткага роду дзейнасці прафесійных інстытуцыяў (пад апошнімі разумеюцца Інстытут філасофіі Акадэміі навук, філасофскі факультэт БДУ, кафедры і аддзяленні культуралогіі і гуманістыкі ўвогуле шматлікіх беларускіх ВНУ). Што і казаць, сітуацыя цалкам ненатуральная. Таму напрыканцы гэтага раздзела я і хацеў бы звярнуць вашую ўвагу на падзею амаль зусім не адметную, але якая, хацелася б верыць, сведчыць пра магчымасць пералома гэтай цалкам ненатуральнай сітуацыі. А менавіта пра семінар Уладзіміра Абушэнкі ды Ігара Бабкова (“Беларускае мысленне: генеалогія, кантэкст, перспектыва”), які ўжо другі год запар ладзіцца ў Інстытуце філасофіі Акадэміі навук з удзелам, як цяпер кажуць, найбольш “прасунутых”, прафесійных філосафаў з дзяржаўных інстытуцыяў…

5. Постаці

Нават пры самым вялікім жаданні, мы ўсё яшчэ не можам казаць пра існаванне на Беларусі хоць нейкага падабенства да “уласнай філасофскай школы”. Больш за тое, пакуль паасобныя “героі” беларускай інтэлектуальнай прасторы не злучаныя ні агульным філасофскім стылем ні, хаця б, нейкімі канвенцыйнымі пазіцыямі як у сітуацыі самастаяння, так і ў сітуацыі руху з узгляду на арыенціры, легімітызаваныя Вялікім Еўрапейскім Наратывам. Да гэтай пары мы застаемся задзіночанымі выключна праз заангажаванасць агульным інтэлектуальным топасам, а менавіта — Беларуссю як філасофскай, метадалагічнай і культуралагічнай праблемай.

Разам з тым, мы сёння маем ладную, хаця эўрыстычна і разасобленую, сціжму адметных мысліўцаў. Праўда, большая частка з іх можа быць залічанай да так званага “Менскага філасофскага кола”, але гэты, нічым не фармалізаваны хаўрус, трымаецца толькі супольнымі праектамі і звычайнай сяброўскай сімпатыяй, а не тоеснасцю ці хаця б падабенствам інтэлектуальных пазіцыяў. Таму далей я хацеў бы сказаць паасобку па некалькі словаў пра галоўных “герояў” сучаснага беларускага мыслення. Натуральна, мой выбар будзе і скрайне абмежаваным (фармат лекцыі на большае не разлічаны) і скрайне суб’ектыўным. Зрэшты, сёння ў нас наўрад ці магчымы яшчэ нейкі ацэначны падыход, акрамя суб’ектыўнага.

Напэўна, будзе цалкам правамоцна распачынаць гэты шэраг персаналіяў са згадкі пра Ігара Бабкова. Прафесійны філосаф, паэт, празаік, галоўны рэдактар філасофскага часопіса “Фрагмэнты”, ініцыятар і арганізатар шматлікіх праектаў, ён і праз сваю публічную дзейнасць, і праз свае тэксты шмат зрабіў для абнаяўлення сучаснага філасофскага дыскурса.

Сутву філасафавання Ігара Бабкова сфармуляваць не проста, бо ягоныя інтэлектуальныя ініцыятывы разгортваліся ў самых розных накірунках, хаця, бадай, сярод іншых пераважалі аналітыкі топасу.Звярну ўвагу толькі на дзве з іх, якія паспрабуем заманіфеставаць наступным чынам: Беларусь як прастора транскультурных нармальнасцяў, скажэнняў ды трансмутацыяў і Беларусь як феномен этыкі памежжа.

Поплеч з Ігарам Бабковым, згодна маёй суб’ектыўнай іерархіі, стаіць Сяргей Санька. У адрозненне ад першага, Сяргей Санька — фігура публічна менш заўважная, але ніяк не менш істотная для станаўлення сучаснай беларускай філасофіі, нягледзячы на тое, што пакуль ён аўтар усяго толькі адной кнігі: “Штудыі з кагнітыўнай і кантрастыўнай культуралогіі”. Праз усё сваё творчае жыццё Сяргей Санька разгортвае ў метафізічным ракурсе адну інтэлектуальную ідэю, а менавіта ідэю крыўскага (крэўскага) логасу, спрабуючы асэнсаваць цывілізацыю крываў (протаэтнас беларусаў) праз найноўшыя рэфлексіўныя тэхналогіі. (Між іншым, паслядоўнікі Сяргея Санькі актыўна спрабуюць дапасоўваць яго тэарэтычны наробак да рытуальнай паганскай практыкі ва ўмовах тэхнакратычнага ладу жыцця).

У пару паўставання беларускага філасофскага дыскурсу Алесь Анціпенка актыўна рэфлексаваў над феноменамі этнагенезу і самідэнтыфікацыі, але пазней свядома заахвяраваў прадукаваннем тэкстаў на карысць арганізацыі канцэптуальных праектаў, якія б разгортвалі і перманентна актуалізоўвалі гэты дыскурс. Таму ў гісторыі інстытуалізацыі і фармалізацыі сучаснага беларускага мыслення яго роля выключная. Праўда, апошнім часам Алесь Анціпенка, не пакідаючы арганізацыйна-метадалагічнай дзейнасці (ён кіраўнік Беларускага Калегіума, дзе, між іншым, філасофіі надаецца прыярытэтная ўвага), пачаў пакрысе вяртацца да інтэлектуальнай аналітыкі — гэтым разам у сферы тэорыі медыяў і камунікацыяў.

Юрась Барысевіч, так бы мовіць, чысты культуролаг з абсалютна аўтэнтычным стылем і мыслення, і пісьма. З майго гледзішча, творчасць Юрася не мае адпаведнікаў ні на Захадзе, ні на Усходзе, прынамсі, калі зважаць не на фармальную і тэматычную, а на сутнасную тканку ягоных тэкстаў.

Як і ў выпадку з Бабковым, творчыя ініцыятывы Юрася Барысевіча амаль немагчыма зынтэграваць, каб не пазбегнуць баналізацыі, кшталту таго, што для аўтара чалавек існуе не столькі знутры самога сябе, колькі ў знадворкавых трансфармацыях як рэальнага, гэтак і ірэальнага светаў. Зрэшты, аматары кампаратывістыкі змогуць знайсці ў кнігах Юрася Барысевіча “Цела і тэкст” ды “Alter Nemo” аддаленыя падабенствы з кібер-панкам, калі на апошні зважаць у яго інтэлектуальна-філасофскім вымеры.

У акрэсленым тут полі Уладзімір Абушэнка (намеснік дырэктара Істытута сацыялогіі Акадэміі навук РБ) аб’явіўся ўсяго некалькі год таму, але ягоныя рэфлексіі над лаціна-амерыканскай “філасофіяй вызвалення” у кантэксце беларускай інтэлектуальнай і сацыяльна-палітычнай сітуацыі адразу выявілі сваю актуальнасць і спарадзілі немалы эўрыстычны эфект.

На пачатку інтэлектуальнага рушэння не было сярод нас і Уладзіміра Мацкевіча, сёння аднаго з самых яркіх лідэраў “Менскага філасофскага кола”. Уладзімір Мацкевіч, гадаванец знанай маскоўскай метадалагічнай школы, у сваіх філасофскіх працах ужо даўно апазіцыянуе да сваіх ранейшых прыхільнасцяў (чаго вартая назва хаця б адной з іх — “Разбурыць Маскву”). Сутву свайго філасафавання ён фармулюе лаканічна: “Думаць Беларусь”. Слушнасць гэтай самахарактарыстыкі пацверджвае і яго апошняя капітальная праца “Беларусь як філасофская і метадалагічная праблема”.

Гэткім кароценькім пералікам я тут і абмяжуюся, пакінуўшы згадкі пра шматлікіх іншых для тых, хто наўпрост зацікавіцца названай праблематыкай. Бадай, адно назаву некалькі самых заўважных прозвішчаў тых, хто прыйшоў у беларускае мысленне параўнальна нядаўна: гэта паэт і філосаф Міхась Баярын, аўтар энцыклапедычнага выдання “100 найбуйнейшых мысляроў ХХ стагоддзя”, герменеўтык Павел Баркоўскі — ён цяпер стажыруецца ў Нямеччыне, гадаванец Люблінскага каталіцкага універсітэта Дзмітрый Серабракоў і жыхар Прагі Максім Шчур, які літаральна “на днях” уварваўся ў беларускую інтэлектуальную прастору і адразу стаў адным з асноўных прэтэндэнтаў на першую айчынную прэмію ў галіне філасофіі — “Драўлянага Сакрата” (пакуль гэты праект усё яшчэ застаецца не рэалізаваным). І ўжо зусім без аніякіх характарыстык дадам яшчэ колькі імёнаў: Сяргей Шыдлоўскі, Мікола Кацук, Андрэй Казакевіч, Ліля Іллюшына, Таццяна Чыжова…

6. Тэкст як месца сустрэчы вобраза з сiлагiзмам

А далей я хачу заўважыць, што сучасны беларускi iнтэлектуалiзм (найперш фiласофiя i культуралогiя), па вялікім рахунку, ёсць плёнам ні чаго іншага, а ўласна беларускай літаратуры (дакладней, плёнам яе найноўшай мадыфікацыі). Зрэшты, іначай і быць не магло, бо падобная разгортка падзеяў ужо наперад была абумоўленая дзвюма грунтоўнымі падставамі. Адна з iх палягае выключна на унiкальнасці беларускай сiтуацыi. Усё, што ў нас адбываецца ўласна беларускае, адбываецца ў полi лiтаратуры. Нават сама Дзяржава Беларусь — гэта хутчэй толькi дэкларатыўная фiгура, а значыць, усяго адзiн з лiтаратурных (паэтычных) тропаў. Тое самае i iнтэлектуальная лiтаратура — яна ўзнiкла i пачала афармляцца на Беларусi не ва унiверсiтэцкiх колах цi якiх яшчэ iншых месцах, а ў асяродку мастацкай лiтаратуры, у прасторы лiтаратурна-мастацкiх выданняў, i аўтарамi iнтэлектуальных тэкстаў у пераважнай большасцi былi (i ёсць) аўтары таксама i мастацкiх тэкстаў, схiльныя як да вобразна-метафарычнага, так i абстрактна-лагiчнага рэфлексавання, — тамубыло б дзiўна, каб мы не залiчылi ўжо збольшага сфармаваную падзею беларускага iнтэлектуалiзму да канцэптуальных здабыткаў айчыннай лiтаратуры найноўшай пары.

Другая падстава, надварот, унiверсальная, яна паходзiць з агульнай еўрапейскай традыцыi, якая заўсёды залiчвала фiласофiю (а пасля яе распаду на шматлiкiя самастойныя дысцыплiны — культуралогiю, антрапалогiю, псiхалогiю, сацыялогiю i да т.п.) да лiтаратуры. I хаця фiласофiя раз-пораз спрабавала “ўцячы” з лiтаратуры ў “навуку” (згадаем хаця б уцёкi Эдмурда Гусерля), але па сутнасцi ў фiласофii з гэтага нiчога не атрымлiвалася, а што да майго разумення, то i не магло атрымацца, бо i мастацкi вобраз, i абстрактны сiлагiзм аднолькава паклiканы з’яўляцца як водгук на патрэбы эмацыянальна-пачуццёвага ў чалавеку, а значыць, яны a priori маюць суб’ектыўнае паходжанне i таму палягаюць за межамi магчымасцяў навукi.

Адным словам, еўрапейская iнтэлектуальная i мастацкая лiтаратуры заўсёды жылi агульным жыццём. Фiласофскiя рэфлексii натуральна перацякалi ў раманы i вершы, а мастацкiя вобразы i метафары iнiцыявалi i мацавалi мастацкiя тэксты. Так было ў сярэднявеччы (Дантэ), так было ў пару Рэнесанса (Рабле, Мiльтан, Сервантэс), Асветнiцтва (Вальтэр, Дзiдро). Я ўжо не кажу пра дзевятнаццатае стагоддзе (Гётэ, Гёрдэрлiнг, Блэйк), а тым болей — пра дваццатае, дзе на прасторы адной асобы фiлосаф i паэт (празаiк) выступалi татальна i ўся рознiца была хiба ў тым, што ў адных (Сартр, Камю, Элiот, Хакслi, Батай i г.д. i да т.п.) часам iнтэлектуальная i мастацкая творчасць разводзiлася па розных тэкстах, а ў другiх (Рыльке, Томас Ман, Кафка i г.д.) выяўлялася толькi праз мастацкiя тэксты цi наадварот — толькi праз iнтэлектуальныя (Артэга-й-Гасэт, Хайдэгер, Вiтгенштайн i г.д.). Але творчасць i адных, i другiх, i трэцiх апазнавалася i адбывалася ў агульным iнтэлiгiбельным дыскурсе еўрапейскай лiтаратуры.

З усяго гэтага — i з сiтуацыi ўласнабеларускай, i з сiтуацыi агульнаеўрапейскай — вынiкае, што наша мастацкая лiтаратура некалi мусiла стварыць агульнае поле з лiтаратурай iнтэлектуальнай.

Стварэнне агульнага iнтэлектуальна-мастацкага дыскурсу засведчыла карэнную змену сiтуацыi, якая адбылася i ў нашым мастацтве i ў нашым мысленнi, а з гэтага i пра яе нармалiзацыю ў сэнсе агульнаеўрапейскiх стандартаў. I хаця слова “стандарт”не выглядае лiшне вабным адносна творчасцi, але стан падвоенага адбывання (у эстэтычных i iнтэлектуальным вымярэннях) як падзеяў мастацкай лiтаратуры, так i падзеяў iнтэлектуальнага мыслення, напэўна, станоўча адаб’ецца на кожнай з iх паасобку i да таго ж створыць падставы для якасна новай лiтаратуры…

I гэта ўжо зусiм iншая рэч, цi будуць тыя падставы скарыстаны.

7. Крызіс у праекцыі перспектывы

Недзе на пачатку свайго тэксту я мімаходзь быў згадаў пра першы крызіс у сучаснай беларускай філасофіі і абяцаўся пазней вярнуцца да гэтай падзеі, бо яна вартая больш абсяжнай увагі.

Некаму тое, што я зараз скажу, адразу можа падацца дзіўным альбо нават недарэчным, але ў мяне, як кажуць, аж сэрца спявае, калі я згадваю пра гэты самы крызіс — і вось чаму…

Яшчэ гадоў дзесяць-пятнаццаць таму пра беларускую філасофію як такую і гаворкі не было. А калі пра некага казалі: вунь — беларускі філосаф, то нават сімпатыкі гэтага чалавека ад няёмкасці ўгіналі галовы, бо словазлучэнне “беларускі філосаф” тыпалагічна тады прыпадабнялася да аксюмарана (жывы труп, гарачы снег, нерухомы вецер…), гэта значыць да дзвюх падзеяў, здольных быць спалучанымі адно ў прасторы метафары ці парадокса, але ніяк не ў рэальным жыцці. І вось сёння мы, хай сабе трохі яшчэ блефуючы, аднакужо кажам пра беларускую філасофію, і зусім без блефа — пра крызіс у ёй, гэтым самым адзначаючы, што мы яе маем для сябе ў выглядзе нечага жывога цэлага,якое прамінула свой першапачатковы перыяд станаўлення і цяпер сутыкнулася з першым крызісам далейшага росту.

Называючы прычыну крызіса, я казаў, што Беларусь як інтэлектуальная праблема адыграла выключную ролю ў фармаванні сучаснага беларускага мыслення. Але праміналі гады і пакрысе сітуацыя з аптымістычнай пачала перарастаць у трывожную, бо Беларусь як праблема, аднойчы завабіўшы да сябе, ужо нікога нікуды не адпускала. Урэшце, амаль усе нашыя рэфлексіі і аналітыкі таўталагічна замкнуліся на Беларусі.

Дзеля нагляднасці давайце не палянуемся і зробім невялічкі дайджэст з ужо прамоўленага:

— Ігар Бабкоў: “Беларусь як прастора транскультурных нармальнасцяў і мутацыяў”;

— Сяргей Санька: “Метафізічныя праблемы беларускага фундаменталізму”;

— Юрась Барысевіч: “Чалавек як беларус”;

— Уладзімір Абушэнка: “Крэольства і крэолы як падставовыя формы самавызначэння беларуса”;

— Уладзімір Мацкевіч: “Беларусь як філасофская і метадалагічная праблема”.

— Семінар у Інстытуце філасофіі: “Беларускае мысленне: генеалогія, кантэксты, перспектывы”…

І гэтак далей, і да таго падобнае, і так бясконца…

Вы можаце сабе ўявіць, каб, скажам, Бадрыяр рэфлексаваў над Францыяй як над аб’ектам мыслення, а Хабермас — над Германіяй? І да таго ж не аднойчы, з нейкай там сітуацыйнай нагоды, а сістэмна і выключна?

Больш за тое, нават тыя асобныя выпадкі, у якіх беларускае мысленне вызвалялася з путаў беларускасці і сягала ў прастору ўласна мыслення, у рэшце рэшт канцаваліся, так бы мовіць, вяртаннем “блуднага сына”. Адзін з такіх і найбольш заўважны, прынамсі, з майго гледзішча, выпадак звязаны з гэтак званай “метафізікай адсутнасці”, у іншым ракурсе — з “негатыўным мысленнем”, а яшчэ ў іншым — з дэканструкцыяй і разнастайнымі аналітыкамі “пустога знака”. Да гэтай рознавектарнай, але з агульным полем, праблематыкі, былі, у рознай меры, прылучаныя шматлікія беларускія інтэлектуалы, пра што сведчаць назвы кніг, артыкулаў і нават цэлых выданняў ды сайтаў (дзеля аргументацыі трохі пералічу): “Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека” Валянціна Акудовіча, “Altеr Nemo” Юрася Барысевіча, “0” Ільлі Сіна, “Практычны дапаможнік па руйнаванні гарадоў” Альгерда Бахарэвіча, “Безназоўнае” Міхася Баярына, “Разбурыць Маскву” Уладзіміра Мацкевіча, часопісы“Nihil”, “Паміж”, сайт “Terra nihil”… Бадай, і гэтага хопіць.

Дык вось, у свой час я моцна спадзяваўся, што нашае мысленне, напрацаваўшы сабе цягліцы на інтэлектуальным трынажоры пад назвай Беларусь, хутка зможа сягнуць у больш адцягненыя філасофскія абсягі і сярод іншага ў тую ж, як мне здаецца, для нас вельмі перспектыўную прастору “метафізікі адсутнасці”. Але ўсё здарылася зусім наадварот. Тут дазволю сабе спаслацца на ўласны досвед. Пасля кнігі “Мяне няма”, дзе ставілася пад пытанне наяўнасць экзістэнцыйнага “Я”, у мяне за мэту было рухацца ў бок анталагічнай адсутнасці як такой, у бок Вялікага Няма, татальнага Нішто. Але паўз маю волю, я апошнім часам усё больш актыўна нагружаюся зусім супраціўным праектам, а менавіта праектам стварэння гісторыі Беларусі як гісторыі яе адсутнасці. Удакладню, адсутнасці не толькі (і не столькі) у прасторы метафізікі, колькі ў прасторы гісторыі, сацыяльнасці і культуры.

Напэўна, нашая генерацыя, генерацыя стваральнікаў сучаснага філасофскага дыскурса, так і не зможа пераадолець інтэлектуальную вабу Беларусі як персанальную філасофскую праблему. І прычына тут хутчэй не ў слабасці нашых інтэлектуальных цягліцаў, зпутаных магнітным полем трансцэндэнцыі гэтага топасу, а, калі казаць паэтычна, — у комплексе Пігмаліёна. Мы самі, са сваёй галавы, выпесцілі гэты цуд, беларускую Афрадыту з імём Галатэя — і закахаліся ў cваё стварэнне.

Пэўна, нічога больш выбітнага ў нашым інтэлектуальным жыцці ўжо не будзе — і менавіта з прадчування гэтага мы далей нікуды не рухаемся.

Таму пагодзімся: першы крызіс сучаснага беларускага мыслення ў нас саміх. І не мы, а іншыя яго пераадолеюць…

Калі яны будуць — іншыя!

Літаратура

“Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня”. Санкт-Петербург, “Невский простор”, 2003.

You may also like...