Вольга ШАТАЛАВА. Карціна свету беларускіх сялян 19-20 стст. Улада і вёска
У ліпені – верасні 1915 года гісторык Вільгельм Фельдман у складзе нямецкай арміі знаходзіўся на беларускіх землях. Па вяртанні дадому ён выдаў дзённік, дзе напісаў: “Аднойчы дывізія спынілася ў адной з пустых вёсак і заняла (…) шэраг добрых драўляных дамоў з садамі і хлявамі (…). Неўзабаве ў веску прыйшлі некалькі тутэйшых жанчын і мужыкоў, каб высветліць, ці можна вяртацца. Убачанае задаволіла сялян, і тыя, хто хаваўся ў лесе, пачалі вяртацца. Канфлікт узнік, калі вяскоўцы пабачылі, што немцы занялі іхнія хаты і не збіраюцца іх вызваляць. Яны паскардзіліся ў штаб (…), сцвярджаючы: “Мы цяпер вашы. Вы павінны дбаць пра нас”. Больш за ўсе Фельдмана здзівіла тое, што гэта гаварылі праваслаўныя беларусы[i]. Сітуацыя, якая здзівіла немца, насамрэч добра ілюструе ўяўленні сялян аб уладзе, а таксама аб механізме дачыненняў з ёй.
Вобраз уладара – князя / цара / імператара фармаваўся пад моцным уплывам хрысціянства. Пачынаючы з Х-ХІ стст., хрысціянскія святары пераконвалі паству ў тым, што цар (князь) – гэта божы спадкаемца на зямлі, таму любое непадпарадкаванне яго волі з’яўляецца бунтам супраць нябёсаў. Такая ўстаноўка – тыповая для ўсіх хрысціян Сярэднявечча – была перагледжана ў Заходняй Еўропе ранняга Новага часу: уладар пачаў мысліцца асобай, якая нясе адказнасць за сітуацыю ў краіне. Насельніцтва Усходняй Еўропы (у тым ліку беларускія сяляне) трымалася старой устаноўкі. Гэта адрозненне выразна праявілася ў галодныя гады XVI ст. Тады французскае і славянскае насельніцтва прадэманстравалі два адрозных сцэнары паводзін: першыя масава пратэставалі супраць непрадуманай цэнавай палітыкі караля і патрабавалі зніжэння коштаў на хлеб, а другія ўспрынялі голад як пасланае Богам выпрабаванне і пакорліва чакалі на яго завяршэнне[ii].
Абагаўленне цара ў беларускай вёсцы захавалася да пачатку ХХ ст. Яно падмацоўвалася верай сялян у спрадвечны і ўзаемакарысны падзел сацыяльных роляў: цар, як гаспадар дзяржавы, быў народжаны, каб дзяліць рэсурсы паміж падданымі і дбаць аб дабрабыце народа; земляроб – каб карміць краіну і пакорліва прымаць загады манарха (плаціць падаткі, служыць у войску). Боская абранасць уладара праяўлялася ў яго здольнасці напаўняць зместам і сэнсам час свайго валадарання. Канец кіравання (напрыклад, смерць манарха ці страта ім трона) разглядаўся як канец часу і пачатак хаосу[iii]. Таму сяляне панічна баяліся змены кіраўніка і былі гатовы падпарадкоўвацца кожнаму, хто б гарантаваў стабільнасць і мог сілай пацвердзіць сваё права на пасад. Ад моманту, калі манарх страчваў уладу, ён лічыўся нелегітымным. Менавіта таму ў 1812 г. беларускія сяляне Смаленскай губерні, убачыўшы, што рускае войска ўцякае, выйшлі насустрач французам і заспявалі:
Апрыч Бога
Няма нікога.
Толькі ён – Напаліён –
Ды матка яго Летучэя[iv].
Яны зрабілі гэта, мяркуючы, што кіраванне рускага цара скончылася і пачалося панаванне новага, французскага імператара.
Антыманаршы бунт доўгі час табуіраваўся ўнутры вёскі. Сітуацыя пачала мяняцца пасля з’яўлення “Маніфеста аб адмене прыгоннага права” ў 1861 г. Прыняты законапраект не толькі не вырашыў зямельную праблему, але зрабіў сялян залежнымі ад дзяржавы і яе грошай. Адказам на “Маніфест” стаў адкрыты пратэст вяскоўцаў. У 1861 г. у беларускіх губернях было зафіксавана 379 сялянскіх выступаў (для падаўлення 125 з іх былі ўжыты войскі і паліцыя)[v]; у 1862 г. – 388[vi]. А ў 1863-64 гг. частка сялян за абяцанне зямлі без выкупа і плацяжоў падтрымала антырасійскае (у сваёй масе шляхецкае) паўстанне. Для многіх вяскоўцаў яго наступствы былі фатальнымі: за падазрэнне ў сувязі з паўстанцамі паліліся вёскі, а іх жыхары адпраўляліся ў Сібір.
Другой формай антыманаршага бунту стала падтрымка сялянамі палітычных арганізацый і рухаў. Першымі ў беларускіх вёсках з’явіліся прадстаўнікі эсэраўскай партыі. Іх прапанова аб сацыялізацыі зямлі, ператварэнні яе ў агульнанацыянальную ўласнасць з далейшым пераразмеркаваннем паміж сялянамі была шырока падтрымана ў вёсцы. Вядомы выпадак, калі ў в. Рацьковічы (Гайна-Слабадскі павет Мінскай губерні) у кастрычніку 1906 г. у адказ на абяцанне эсэраў “пабіць усіх паноў і падзяліць зямлю паміж земляробамі” кожны жыхар здаў 5 капеек на партыйныя патрэбы[vii]. У 1902 г. была заснавана першая беларуская партыя – Беларуская Сацыялістычная Грамада (БСГ). Яе мэтай стала знішчэнне самадзяржаўя і ўсталяванне аўтаноміі беларускага краю. У поглядах на аграрную праблему яна паўтарала праграму эсэраў. Пад уплывам БСГ летам 1905 г. адбыліся масавыя сялянскія бунты, сярод якіх найбольшую вядомасць набыло выступленне сялян пад кіраўніцтвам Алеся Бурбіса (маёнтак Шчорсы, Наваградскі павет Гродзенскай губерні)[viii].
Радыкалізацыя палітычных поглядаў вяскоўцаў была выклікана крызісам патэрналістычнага вобразу ўлады. Адмена прыгону стала першым актам у адносінах “вёска” – “памешчык”, калі манарх не падтрымаў бок сялян. У выніку традыцыйнае ўяўленне аб “цары-гаспадары” пачало мяняцца на ўяўленне аб “цары-здрадніку народных інтарэсаў”. У розных рэгіёнах Расійскай імперыі знішчаліся манархічныя сімвалы: кірмашовым выявам царскай сям’і выкалвалі вочы, руйнаваліся помнікі Аляксандра ІІ. Такія паводзіны паўтаралі архаічны рытуал пакарання вышэйшых сіл за “здраду” народнаму ідэалу[ix]. Аднак для таго, каб незадаволенасць уладаром перарасла ў адкрыты сялянскі бунт, павінны былі выспець пэўныя ўмовы: трэба было, каб незадаволенасць уладай дасягнула крытычнай кропкі, каб пратэстам кіравала аўтарытэтная асоба (пажадана – неселянін) і каб заклікі арганізатараў пратэсту супадалі з памкненнямі вяскоўцаў.
Праведзеная ў 1906 г. сталыпінская аграрная рэформа зменшыла напружанасць у вёсцы. У 1907 г. былі адменены сялянскія выплаты памешчыкам. У 1909-1910 і 1912-1913 гг. на беларускіх землях быў сабраны вялікі ўраджай. Усё разам гэта ўлагодзіла вёску. Аднак сялянскае стаўленне да цара ўжо набыло негатыўны адбітак. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г. і растрэл царскай сям’і дэсакралізавалі ўладара краіны, больш за тое, з’явіліся чуткі, што новым кіраўніком дзяржавы стаў сам Антыхрыст. Гэтае перакананне толькі падцверджвалася масавымі харчразвёрсткамі, якія праводзіліся бальшавікамі ў вёсцы. Зразумела, што сялян ахапіла новая хваля пратэстаў. Вясковыя партызаны ў 1918-1919 гг. пускалі пад адхон цягнікі (Моніч каля станцыі Прыямі, Грамабой каля станцыі Заходняя і г.д.), тапілі параходы (Воранаў на рацэ Усвяч, Чырвонец на рацэ Сож і г.д.), у многіх паветах (Вілейскім, Барысаўскім, Мсціслаўскім, Ігуменскім і г.д.) савецкая ўлада ніколі не выходзіла за межы гарадоў. 10 лістапада 1918 г. у Вілейскім павеце Віленскай губерні адбыўся самы вялікі (50.000 удзельнікаў) бунт сялян супраць мабілізацыі ў Чырвоную Армію.
Сітуацыя ў заходнебеларускай вёсцы таксама набыла трагізм. Перыяд з 1921 па 1939 гг. стаў часам моцнай культурнай і сацыяльнай дыскрымінацыі беларусаў. У 1925 г. двухмільённая меншасць мела ўсяго тры школы з беларускай мовай навучання, разлічаных на 425 дзяцей, і 19 школ з двюма мовамі навучання, разлічаных на 1.683 навучэнцаў. У той час, як колькасць усіх беларускамоўных дзяцей у дзяржаве сягала звыш 150.000 чалавек[x]. Не меншай праблемай для беларусаў было ўладкаванне на працу па-за межамі вёскі: яны лічыліся небяспечным элементам, а таму не маглі прэтэндаваць на працу на чыгунцы альбо ў горадзе (напрыклад, у Беластоцкім ваяводстве ў горадзе працавала адно каля 13 % усіх беларусаў, у іншых раёнах гэтая лічба была яшчэ меншай – каля 7 %). Зразумела, што ў такіх умовах заходнебеларускі селянін разглядаў польскі ўрад як варожую сілу, якая не адпавядала народнаму разуменню “легальнай” (пастаўленай Богам для клопату аб людзях) улады.
Рэакцыяй на сітуацыю стала далучэнне сялян да няпольскіх палітычных партый. Дзеля абароны нацыянальных інтарэсаў паўстала Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада (БСРГ) – найвялікшая за беларускую гісторыю арганізацыя і адзіная еўрапейская партыя, чыя колькасць меней чым за паўгады шматкроць павялічалася. Створаная ў чэрвені 1925 г., яна налічвала 569 чальцоў, у лістападзе іх лічба вырасла да 62.000, а ў снежні – да 100.000 / 150.000. Надзвычайная папулярнасць БСРГ стала пагрозай для польскіх уладаў, таму ў ноч з 14 на 15 студзеня 1927 г. многія грамадоўцы былі арыштаваны, а партыя забаронена. Пасля знішчэння БСРГ частка сялян далучылася да Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). Мала хто з вяскоўцаў разумеў ідэалогію і праграму КПЗБ, людзей вабіў намер камуністаў змагацца з польскай дзяржавай. Да таго ж, сяляне бачылі ў бальшавіках прадстаўнікоў Расіі (СССР разглядаўся як новая форма расійскай дзяржаўнасці), якая псіхалагічна, культурна і рэлігійна была ім больш блізкай за Польшчу. Аб тым, што насамрэч адбываецца ў бальшавісцкім краі, амаль ніхто не ведаў.
Рэальнае знаёмства заходнебеларусаў з савецкай сістэмай адбылося ў верасні 1939 г. Пасля масавага рабавання маёмасці чырвонаармейцамі, рэзкага пагаршэння эканамічнага становішча ў вёсцы (увядзення рэестру забароненых для продажу тавараў, павелічэння сельскагаспадарчых падаткаў і г.д.) і рэпрэсій супраць мясцовых актывістаў стаўленне да савецкай улады стала кепскім. Сяляне зразумелі, што савецкі ўрад не лепшы за польскі. У паказаннях Ю. Ушакевіча ўзгаданы выпадак, калі ў Баранавіцкім павеце на адным са сходаў стары вясковец (праваслаўны беларус) сказаў: “Палякі на працягу 20 гадоў не здолелі нас спаланізаваць, а бальшавікі спаланізавалі цягам 2 месяцаў”, і на наступны дзень ён быў арыштаваны за антысавецкую прапаганду[xi].
Адмоўнае ўражанне на вёску зрабіў і характар правядзення выбараў (1939 і 1940 гг.). Напрыклад, выбаршчыкам Беластоцкай акругі было абяцана, што балатавацца будуць два кандыдаты. Праз нейкі час высветлілася, што застанецца толькі адзін – некалі асуджаны за крадзеж вядомы авантурнік і п’яніца. Тым, хто ставіў пад сумніў сэнс выбараў, адказвалі, што гэта не іх справа. Апроч таго, сам кандыдат падчас прадвыбарнай прадмовы заявіў: “Усе павінны прагаласаваць за мяне. Я тут ведаю кожнага. І з тымі, хто не будзе за мяне галасаваць, я пасля паквітаюся”[xii]. У Аўгустоўскай выбарчай акрузе перад запаўненнем бюлеценю з кожным выбаршчыкам праводзілася размова ў НКУС[xiii]. Для забеспячэння яўкі (у 1939 г. у выбарах удзельнічала 99 % выбаршчыкаў) быў задзейнічаны адміністратыўны рэсурс: на выбарчыя ўчасткі сялян суправаджала міліцыя; той, хто не прыйшоў галасаваць, быў наведаны дома і апытаны аб падставах няяўкі[xiv]. Падчас выбараў у Вярхоўную Раду БССР (1940 г.) усе бюлецені мелі вадзяныя нумары, такім чынам НКУС атрымала магчымасць адсачыць выбар кожнага канкрэтнага грамадзяніна.
Агульнае ўспрыняццё савецкай улады ўзмацнялася альбо нівеліравалася вобразам канкрэтнага кіраўніка – Леніна, Сталіна, Хрушчова, Брэжнева і Гарбачова (Чарненка і Андропаў не засталіся ў памяці вяскоўцаў). Ленін, як найбольш зміфалагізаваная асоба, лічыўся самым “добрым” лідарам, які абыходзіўся без гвалту і дбаў аб дабрабыце краіны: “Калі пачалі ўжо калгасы ствараць, разумееце, калі б Ленін быў, Уладзімір Ілліч, усё было б інакш: высыланняў людзей не было б, як высылалі ў 1938 годзе”[xv]. Такі эфект быў дасягнуты шматгадовай “ленінізацыяй” духоўнага жыцця СССР, з Ул’янава амаль стварылі савецкага “святога” (з 1918 г. у краіне пачалі з’яўляцца яго помнікі, у 1924 г. Петраград ператварыўся ў Ленінград і г.д.). Менавіта таму любы іншы кіраўнік загадзя прайграваў Леніну ў аўтарытэце.
Сталін, які не толькі прыйшоў на змену Леніну, але і быў ініцыятарам калектывізацыі, раскулачвання і фізічнага знішчэння сялян, атрымаў найбольш крытычнае стаўленне вяскоўцаў: “Былі вельмі складаныя часы, судзілі за жменю зерня. Гляджу праграму “Чакай мяне”, так там па 60 гадоў сваякі не бачыліся, толькі зараз знаходзяцца браты. Маці скрала зерне і, нягледзячы на тое, што ў яе было чацвёра дзяцей, яе забралі. І гэтых дзяцей раздалі па сірацінцах, і толькі зараз яны знаходзяцца. Адным словам, так было, што за колас, зерне, бурак бралі, судзілі і не глядзелі, што ёсць дзеці”[xvi]. Аднак і тут пад уздзеяннем мастацкіх фільмаў, сродкаў масавай інфармацыі і г.д. з’явілася адмысловая міфалогія пра “бацьку нацый”. Па-першае, яму прыпісваўся надзвычайны аскетызм і сціпласць: “Ён дорага не апранаўся. Дачка Сталіна разам з усімі наведвала сталоўку, хаця бацька быў міністрам. Ніякіх бранзалетак, ніякіх гадзіннікаў не насіла. Была як усе. Так па тэлевізару казалі”[xvii]. Па-другое – здольнасць, нават з дапамогай сілы, усталёўваць дысцыпліну і парадак: “Сталін быў тыранам. Усе баяліся слова сказаць. За кожнае слова садзілі ў турму. Але нідзе не было аніякіх наркаманаў і маральнага ўпадку: для такіх знаходзілі месца ў тундры”[xviii].
Хрушчоў і Брэжнеў сталі першымі савецкімі кіраўнікамі, чыё знаходжанне ва ўладзе сяляне атаясамілі з паляпшэннем сваёго жыцця, палёгкай у эканамічнай сферы: “Усталявалі, што надзелы будуць па 15 сотак. Было гэта за часамі Хрушчова, напачатку, канешне, працавалі мы за “палачкі”. Пасля вайны – гэта ўжо па-сапраўднаму, калі пачалі патроху ліквідаваць падаткі”[xix]. Пры гэтым брэжнеўскае кіраванне наўпрост прыраўнялася да “залатога часу” савецкага калгасу – перыяду найбольшых кансумпцыйных і сацыяльных магчымасцяў вяскоўца: “А калі былі найлепшыя часы? – Ведаеце, калі былі? Пры Брэжневе. Вось пажылі! Дзеткі мілыя, і вам жадаю так пажыць!”[xx]. На думку сялян, ад пары кіравання Хрушчова савецкі кіраўнік перастаў быць жорсткім, а дзяржава страціла права на фізічны гвалт над насельніцтвам. Гэту перамену добра ілюструе гісторыя, што паходзіць з в. Буева Віцебскай вобласці: “Калі Хрушчоў загадаў, каб замест збожжа паўсюль сеяць кукурузу, пахавалі мы адну кукурузу, паставілі над труной крыжык і напісалі: “Кукуруза. Загінула ў чужым крае”. Потым нас усіх распытваў старшыня калгасу, хто гэта зрабіў, але мы не сказалі”[xxi].
Апошні з савецкіх лідараў – Гарбачоў (альбо як яго зняважліва называюць у народзе “той лысы”, “той з галавой”) – як губка ўвабраў у сябе адмоўныя ацэнкі вяскоўцаў. Яго вобраз – гэта прыклад слабога і няздольнага да захавання дзяржавы кіраўніка: “Гарбачоў дэмакратыю зрабіў. Яго трэба павесіць за вяроўку, да так павесіць, каб людзі глядзелі. Сволач, такую краіну разваліць”[xxii]. Важна разумець, што крытыка ў адрас Гарбачова ўскосна характарызуе сітуацыю ў Беларусі і, як следства, асобу сённяшняга прэзыдэнта краіны Лукашэнка.
Лукашэнка запаўняе сабой амаль усю палітычную і медыяльную прастору рэспублікі, таму яго вобраз (як і вобразы Леніна і Сталіна) прайшоў пэўную ідэалагічную апрацоўку. Напрыклад, Лукашэнка прадстаўлены як “чалавек з народу”, які ведае складанасці жыцця простых людзей і добра іх разумее: “Вось Лукашэнка, яшчэ падлетак, занёс верш да газеты “Ўдарны фронт”, але рэдактар яму адмовіў. Пайшоў 15 км праз снежныя насыпы да дому са сваім вершам. А тое ўзгадаў, што інфляцыя “з’ела” ў яго 2.500 рублёў, якія ён меў на рахунку ў савецкія часы”[xxiii]. Ён паказаны як кіраўнік, які дакладна адчувае патрэбы пенсіянераў і моладзі: “Лукашэнка – гэта найлепшы чалавек: як пенсіянераў любіць, Божа мой, а як маладых і малых дзяцей любіць. Не памыліўся народ у выбары”[xxiv]. У супрацьпастаўленні да Гарбачова Лукашэнка выступае як паспяховы інтэгратар: “Лукашэнка ўсіх аб’яднаў, каб вайны не было. – Каго ён аб’яднаў? – Ну, усе краіны. Раней быў толькі Савецкі Саюз. А зараз і Масква, і іншыя – Літва, Польшча – шмат было далучана, каб жыць спакойна. – А хто далучыў? – Лукашэнка. Лукашэнка стараўся ўвесь час, ездзіў, ездзіў у розныя краіны, да яго ў Мінск прыязджаюць. Лукашэнка. Толькі ён. Да Лукашэнкі нейкі там быў, так Масква была не наша, а зараз ён аб’яднаў шмат краін. І гэта ўсё, каб жыць спакойна, каб не было вайны”[xxv].
Важным момантам, які дэкларатыўна з’ядноўвае народ і прэзыдэнта, з’яўляецца вера сялян у наяўнасць камунікатыўнага каналу, праз якія вясковец можа звярнуцца да кіраўніка па дапамогу: “Лукашэнка напіша, што прыедзе. Старшыня калгасу змусіць, каб памалявалі платы, вуліцы ў Глінішчах пазамяталі. Нашто гэта? Хіба Лукашэнка не ведае, як жывуць у калгасе? Але прыехалі толькі яго намеснікі, я ўжо не ведаю іх. – А чаму Лукашэнка сам не прыедзе? – Ці я ведаю чаму? Чакалі яго, хіба два разы, я таксама хадзіла да Глінішч, думала, што там будзе, каб сваю крыўду яму расказаць. Не было. А яны прыехалі аўтамабілямі, пагасцілі, сабраліся, паехалі ў лес, там сабе паімпрэзавалі”[xxvi].
Тым не менш, рэальныя назіранні вяскоўцаў супярэчаць вобразу прэзыдэнта, створанаму ідэалагічнай машынай. У адрозненні ад Брэжнева ён не дае рады з забеспячэннем дабрабыту краіны: “Зараз дэмакратыя, кажы ўсё, што хочаш. Лукашэнка часамі праўду кажа, а часам пачынае вярзці абы-што. А можа ён ашуквае. Сёння што Лукашэнка зрабіў з нашымі грашыма? Зганьбіў ён нашы грошы. Зараз паўсюль даляры. За Брэжневым за рубель можна было сем буханак хлеба набыць, а зараз што купіш?!”[xxvii]. У параўнанні са Сталіным ён не можа забяспечыць “парадак” і “дысцыпліну”: “Дзе ёсць дысцыпліна і парадак, там жывецца лепей. А дзе няма дысцыпліны і парадку ў калгасе – так горш”[xxviii]. Гэта нараджае ў людзях настальгію па мінулых часах, па “моцнай руцэ” сапраўднага кіраўніка: “А што трэба зрабіць, каб жылося лепей? – Як што? Паставіць з таго свету Сталіна, каб быў парадак. Зараз так стала модна казаць. Каб КДБ было людзям”[xxix]. Пры гэтым ніхто з вяскоўцаў не гатовы выступіць супраць улады і нават баіцца гэтага: “Беларусы – гэта вельмі працавіты і спакойны народ. Той, хто стараецца, і ягады збярэ, і грыбы. Беларусы жывуць таму, што прыкладаюць намаганні: не маюць калі хадзіць на дэманстрацыі і крычаць”.
Калі ўлетку 1915 г. Вільгельм Фельдман апісаў сустрэчу з беларускім сялянамі, ён не мог уявіць, што тое, што падалося яму дзіўным, з’яўляецца для іх нормай: яны прымаюць любую ўладу, прыглядаюцца да яе і робяць свае высновы, але ніколі не выступаюць ні супраць яе, ні ў яе падтрымку.
[i] Фрыдман А. Краіна, дзе нельга быць радасным. Падарожжа ў Беларусь 1915 года // ARCHE, № 3, 2005 // http://arche.bymedia.net/2005-3/frydman305.htm.
[ii] Кондратьева Т. Кормить и править. О власти в России XVI-XX вв. – Mосква, 2006. – С. 46-47.
[iii] Гуревич А. “Время вывихнулось”: поругание умершего правителя // Гуревич А. История – нескончаемый спор. Медиевистика и скандинавистика: статьи разных лет. – Москва, 2005. – С. 808-809.
[iv] Добровольский В. Смоленский этнографический сборник // Записки Императорского Этнографического Общества по Отделению Этнографии. Т. XXVII, Ч. 4. – Мoсква, 1903. – С. 624.
[v] Latyszonek O., Mironowicz E. Historia Bialorusi od polowy XVIII do konca XX wieku. – Bialystok, 2002. – С. 90-91.
[vi] Обзор МВД об обнародовании манифеста о крестьянских волнениях с 1-го января 1861 года по 19 февраля 1863 года (Извлечение) // История Беларуси в документах и материалах. Автор-составитель И.Н. Кузнецов, В.Г. Мазец. – Минск, 2000. – С. 195.
[vii] Носевич В. Традиционная белорусская деревня в европейской перспективе. – Минск, 2004. – С. 287.
[viii] Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795-2002). – Мінск, 2003. – С. 138.
[ix] Сухова О. Десять мифов крестьянского сознания. Очерки социальной психологии и менталитета русского крестьянства (конец XIX – начало ХХ в.) по материалам Среднего Поволжья. – Москва, 2008. – С. 459-462.
[x] Мірановіч Я. Уступ // У новай айчыне. Штодзённае жыццё беларусаў Беласточчыны ў міжваенны перыяд. Рэдактар В. Луба. – Беласток, 2000. – С.8.
[xi]Zeznania J. Uszakiewicza, wieznia z Gorzkiego. “Zachowanie sie ludnosci bialoruskiej” // Hoover Institution Archives. Poland. Ministerstwo Spraw Zagranicznych. Box 0068–19. Subject file: 1939. Soviet zone. Byelorussia Minority and Soviet Occupation.
[xii] “Wyciag z: Stosunki wewnetrzne w Kraju / Okupacja sowiecka/” // Hoover Institution Archives. Poland. Ministerstwo Informacji i Dokumentacji. Box 104-1. Subject file: History – Occupation, 1939-1944. Soviet Occupation. Eastern Poland, Belorussia, 1939-1940.
[xiii] “Huszcza Pawel (rolnik).” // Hoover Institution Archives. Poland. Ministerstwo Informacji i Dokumentacji. Box 222-1. Subject file: Reports of Polish Deportee.
[xiv] “The Alleged Incorporation of the Polish Eastern Provinces in the Soviet Union. Conditions and Circumstances (London, August-October, 1943).” // Hoover Institution Archives. Poland. Ministerstwo Informacji i Dokumentacji. Box 103.1. Subject file: Poland. History. Occupation, 1939-1945 / Soviet Occupation. The Alleged Incorporation.
[xv] Архіў ОБТА: размова праведзена ў траўні 2003 г. у в. Асавец, Мазырскага р-на Гомельскай вобласці І.Будзько і Марыяй Луцэвіч з мужчынам 1932 г. нар.
[xvi] Архіў ОБТА: размова праведзена ў ліпені 2004 г. у в. Горы, Горацкага р-на Магілёўскай вобласці У. Івановым з жанчынай 1922 г. нар.
[xvii] Архіў ОБТА: размова праведзена ў траўні 2003 г. у в. Юравічы, Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобласці С.Чувак з жанчынай.
[xviii] Архіў групы А. Смалянчука: размова праведзена ў жніўні 2007 г. у в. Гірэйшы Браслаўскага р-на Віцебскай вобласці А. Каваленка, К. Млечка і В. Шаталавай з жанчынай 1940 г. нар.
[xix] Архіў ОБТА: размова праведзена ў траўні 2003 г. у в. Аляксандраўка Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобласці Э. Мазько і Р. Кабачім з жанчынай 1928 г. нар.
[xx] Архіў ОБТА: размова праведзена ў траўні 2003 г. у в. Алексічы Хойніцкага р-на Гомельскай вобласці І. Алюнінай і В. Лінкевіч з жанчынай 1924 г. нар.
[xxi] Архіў групы А. Смалянчука: размова праведзена ў жніўні 2007 г. у в. Буеўшчына Браслаўскага р-на Віцебскай вобласці А. Асадчым, К. Млечка і В. Шаталавай з мужчынам 1956 г. нар.
[xxii] Архіў ОБТА: размова праведзена ў траўні 2003 г. у в. Аляксандраўка Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобласці Э. Мазько і Р. Кабачім з жанчынай 1928 г. нар.
[xxiii] Наумова С. “Сам себе PR” // “Наше мнение” (24 марта 2003). // http://nmnby.eu/news/analytics/257.html.
[xxiv] Архіў ОБТА: размова праведзена ў траўні 2003 г. у в. Алексічы Хойніцкага р-на Гомельскай вобласці І. Гетка і Д. Д’якевич з жанчынай 1927 г. нар.
[xxv] Архіў ОБТА: размова праведзена ў ліпені 2004 г. у в. Стараселле, Горацкага р-на Магілёўскай вобласці В. Гушчавай з жанчынай 1927 г. нар.
[xxvi] Архіў ОБТА: размова праведзена ў траўні 2003 г. у в. Алексічы Хойніцкага р-на Гомельскай вобласці І. Алюнінай і В. Лінкевіч з жанчынай 1924 г. нар.
[xxvii] Архіў ОБТА: размова праведзена ў траўні 2003 г. у в. Раманаўка, Мазырскага р-на Гомельскай вобласці В. Лабачэўскай і А. Вэнцлавэкам з мужчынам 1928 г. нар.
[xxviii] Архіў ОБТА: размова праведзена ў траўні 2003 г. у в. Глінішчы Хойніцкага р-на Гомельскай вобласці Ю. Корыкавым і П. Кошманам з мужчынам 1927 г. нар.
[xxix] Архіў ОБТА: размова праведзена ў траўні 2003 г. у в. Аляксандраўка Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобласці Э. Мазько і Р. Кабачім з жанчынай 1928 г. нар.