Юры Пацюпа. Беларуская мова: культура маўлення – моўная інжынерыя – метаграматыка

курс:

Беларуская мова: культура маўлення – моўная інжынерыя – метаграматыка

Беларуская мова як вяртанне да сябе праз адмаўленне сябе

Адмовіцца ад сябе цяжэй за ўсё. Дый навошта? Спрэс усе вучаць любіць сябе, каб любіць іншых ці проста любіць, каб дабіцца поспеху. А тут нехта прыйшоў і прапануе адмаўляцца. Але мова – парадаксальная з’ява, нават камуністыя, хоця-няхоця, мусілі прызнаць яе надкласавасць. І парадаксальнасць яе ў тым, што мы, адмаўляючыся ад часткі свайго “я” дзеля мовы, набываем новае, больш адметнае, запатэнтаванае як наша і толькі наша “я” – падарунак, бонус ад мовы. Так, заглыбляючыся ў мову, мы ідзем да пазнання яе існасці, а з нас спадае тое шаблоннае, што рабіла нас трывіяльным, статыстычным злепкам з грамадства, усяго толькі нейкаю сумаю грамадскіх стыхіяў. І, зрэшты, мова – гэта і есць любасць, да сябе, да свайго, да іншага, да неспазнанага. Яе пазнанне – гэта рэфлексія. У звычайным жыцці людзі не задумваюцца над тым, як гавораць, таму адразу насцярожваюцца, калі нехта зверне ўвагу на форму (не на змест) іх гаварэння. Таму «пазнай сябе» – гэта і пазнай сваю мову ў тым ліку.


Курс адбыўся. Запіс лекцый можна паглядзець на youtube-канале Беларускага калегіюма.

Лекцыя 1. Слова было легендай-пагудкай…: Моўная разнастайнасць і моўная апрычонасць, актары і антыактары беларускай мовы

У сітуацыі глабалізацыі, калі эгалітарны працэс ахапляе ўсе бакі жыцця, захаванне шматстайнасці культуры становіцца асабліва актуальным. Моўная разнастайнасць – адзін з найважнейшых аспектаў мультыкультуралізму, а моўная апрычонасць – кропля, у якой адбіваецца цэлае. Калі мы кажам, што кожная мова – каштоўнасць, прызма, якая дазваляе па-свойму глядзець на свет, то чым адметнейшую карціну прапануе мова, тым большую каштоўнасць яна становіць у агульнай мазаіцы свету. Беларуская мова, нягледзячы на неспрыяльныя варункі, захавала і захоўвае сваю адметнасць, сваю ўнікальнасць, і ў гэтым немалая заслуга яе актараў – пісьменнікаў і мовазнаўцаў.

Лекцыя 2. У языковых законаў выняткаў нямашака…: Найважнейшыя аспекты беларускай граматыкі, балтыйска-чарнаморскі моўны хаўрус

Ніводная граматыка, ніводзін слоўнік не могуць абняць усіх нюансаў мовы, і часта тое, што ляжыць на паверхні нават не заўважаецца, пакуль не адбываюцца парушэнні ў відавочным. Слоўнікі – гэта толькі склад будаўнічых матэрыялаў, граматыка – каркас канструкцыі, а як функцыянуе цэлае, сістэма – залежыць ад таго, наколькі мы валодаем алгарытмамі моўных паводзін. Я нават не кажу – граматыкі. А калі ўжо гаворым пра граматыку, то трэба адрозніваць граматыку рэальную, «разлітую» ў мове, ад граматыкі напісанай, якая можа быць спісаная з іншай мовы і не адпавядаць рэальнай граматыцы. У сітуацыі экспансіі іншай мовы найважней засвоіць тыя аспекты, якія адрозніваюць мову-абаронніцу ад мовы-агрэсара. Наагул, для разумення граматыкі важна зразумець той шлях, які прайшла мова ў сваім станаўленні, бо сістэма мовы – гэта яе гісторыя ў знятым выглядзе.

Лекцыя 3. Дурная справа няхітрая: Аблудныя арыенціры стыхійнага пурызму, адна мова з двума тэрмінамі

Мова, суіснуючы з іншымі мовамі, акрэслівае г. зв. Гумбальтавы кругі, інакш кажучы, абірае такія сродкі, якія адрозніваюць яе ад мовы суседзяў, асабліва тады, калі ёсць пагроза асіміляцыі. Але адштурхоўванне ад мовы-агрэсара даволі часта прыводзіць да адваротнага эфекту: разбурае ўласныя коды, стварае самыя розныя «бастарды», грубыя і прымітыўныя калькі ды ірацыянальныя дэрываты. Часцей за ўсё гэта адбываецца праз няведанне ўласнай лексікі, сінтаксісу, словаўтварэння. І чым больш забываюцца ўласныя моўныя сродкі, тым большая прадукцыйнасць стыхійнага, дзікага пурызму, які аксіялогію мовы зводзіць да абсурду. Апошняя стадыя гэтага асіміляцыйнага працэсу – «адна мова з двума тэрмінамі», калі адна мова ператвараецца ў фантасмагарычны цень іншай мовы. Таму важна загадзя выяўляць і запабягаць тыя «вірусы» і «метастазы».

Лекцыя 4. Не я пяю, народ Божы…: Выклічнікі і загадка народнага вершавання

Выклічнікі – Ах! Ай! Ох! Ой, Ат! І! Цц! – выглядаюць такімі элементарнымі, што здаецца, пра іх і сказаць няма чаго, апрача таго, што яны ёсць. Некаторыя мовазнаўцы нават не лічылі выклічнікі словамі. Але насамрэч у выклічнікаў ёсць свая фанетыка, свая рытміка і свая семантыка, зразумець якую не проста. Выклічнікі і гукаперайманні нам адчыняюць тыя дзверы ў мінулае мовы, якія ў іншых раздзелах даўно пазачыняныя. І адна з такіх дзверцаў вядзе ў таямніцы верша. Чаму людзі пішуць і пяюць вершам? Чаму народныя песні амаль заўсёды ўкладаюцца харэем, здаецца ж, вясковых бабулек ніхто не вучыў правілаў вершавання? Зрэшты, правілаў граматыкі іх таксама ніхто не вучыў, але наўрад ці хто стане адмаўляць граматыку ў дыялектнай мове.

Юры Пацюпа – лінгвіст, вершазнавец, паэт. Нарадзіўся ў 1965 г. у г. Полацку, маленства прайшло ў в. Дамэйкі на Лідчыне, скончыў Азёрскую сярэднюю школу, філалагічны факультэт і аспірантуру ў ГрДУ імя Янкі Купалы, працаваў у музеі-скансэне ў Мінску, выкладнікам кафедры беларускай культуры ў ГрДУ, рэдактарам у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, супрацоўнік аддзела фалькларыстыкі НАН Беларусі. Кола навуковых інтарэсаў: вершазнаўства, фалькларыстыка, эстэтыка, паэтыка, культуры мовы і граматыка. Аўтар кніг вершаў “Ноч” (1991), “Сабака” (2009), зборніка артыкулаў “Анонс: Квадрат тэкстаў” (2013). Друкаваўся ў часопісах “Крыніца”, “Arche”, “Дзеяслоў”, “Роднае слова”, “Маладосць”, штогадовіку “Беларускі фальклор”.

Больш пра выкладчыка можна прачытаць тут