9 лютага – прэзентацыя ініцыятывы “Цытуй сваё!”
У студзені выйшаў у свет зборнік цытатаў беларускіх мысляроў “Цытуй сваё!”. Ён нарадзіўся дзякуючы высілкам вялікага кола неабыякавых людзей. За месяц праз платформу Талакошт больш як 80 чалавек ахвяравалі свае грошы на выданне зборніка цытатаў беларускіх мысляроў. Партнёрам выдання стаў “Беларусскі журнал”.
9 лютага пройдзе прэзентацыя ініцыятывы “Цытуй сваё!”, дзе будзе прадстаўлены плён супольнай працы, праз якую беларускае мысленне набліжаецца да сучаснага беларуса, робіцца часткай яго жыцця, ідэнтычнасці, роздумаў пра сябе і свет. Прэзентацыя пройдзе ў новым памяшканні Studio67 (пр-т Машэрава 9, корпус 8, другі паверх, уваход праз прахадную завода “Гарызонт”). Пачатак у 18.00. Уваход вольны.
Цытатнік стаў вынікам грамадскай кампаніі “Цытуй сваё!”, якая стартавала ў траўні 2015 года.Яна была распачатая шэрагам інстытуцый грамадзянскай супольнасці ды адукацыйных устаноў (Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь“, Лятучы ўніверсітэт, Беларускі саюз дызайнераў, грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!“, Беларускі калегіюм, курсы “Мова Нанова“). За гэты час было сабрана больш за 250 цытат розных беларускіх мысляроў, літаратараў, навукоўцаў і гістарычных дзеячаў, якія дасылалі самыя розныя людзі.
Падчас прэзентацыі будуць прадстаўленыя цытатнік і саколкі, а таксама раскрыюцца таямніцы і падрабязнасці працэсу іх стварэння і далейшыя планы на Год беларускага мыслення. У праграме “падзякі і падарункі” для ўсіх, хто дапамагаў у зборы выбітных думак і выданні цытатніка, цікавыя госці і выступоўцы.